Частка чацвертая
Маленькі скрыпач
Асцерагайцеся кніжнікаў,
якія любяць хадзіць у доўгім адзенні
і любяць вітанні на сходах народных,
сядзець наперадзе ў сінагогах
і ўзляжаць наперадзе ў гасцінах,
Лука ХХ, 46
У Гродне ранняя восень. Чацверты год ад нараджэння прэзідэнта Лукашэнкі, Аляксандра Усіх Беларусаў. На бруку ў цэнтры места, недалёка дома, дзе даўно таму, яшчэ перад паўстаннем 1863 года, жылі браты Віктар і Канстанцін Каліноўскія – адзін памёр да паўстання, а другі ўзыйшоў праз пятлю на Неба, на віленскім пляцы Лукішкі, – грае маленькі скрыпач. Малады чалавек невысокага росту, капялюш на бруку, у капелюшы пара-другая паперак... Падаюць слаба. Грае Брамса, Моцарта – а гэтым на Крэсах не падаюць. Хаця, нават, калі б спяваў савецкія крымінальныя песні, наўрад ці давалі б больш. Крэсам гэта не трэба. Скрыпачка адплача і змоўкне, а людзям жа прыйдзецца жыць далей... І тады маленькі скрыпач грае паланез Агінскага, нетытулаваны гімн Крэсаў – як кракаўскі хэйнал з Вежы Марыяцкай. І... нічога не мяняецца ў вулічным тлуме. Ні беларусаў, ні палякаў – бо лукашэнкі ды лукапшэкі, тутэйшыя і крэсавыя. Хавае вочы скрыпач, хавае слёзы... Ён першы тыдзень на гэтым бруку, раней я яго не бачыў. Але гэта нічога – да зімы ён асвоіцца, навучыцца і на скрыпцы крымінальнай растатурысе, тады падзаробіць крыху, бо потым знікне з бруку, а ўбачу яго зімою перад рэстарацыяй, добра апранутага і ў добра апранутай кампаніі. Сцеражы яго Бог...
Усялякая рыба гніе ад галавы. Не ў тым прапашчае для Беларусі, што тут вярхі не тыя, а нізы яшчэ горшыя. Гэтак званая эліта дэградуецца на вачах. Калі за савецкім часам хабар за права вучыцца ў медычным інстытуце ці універсітэце быў прывілеем асобных прафесій (хірургі, юрысты) і бралі яго асобныя прафесары, то цяпер гэта справа да таго паўсюдная, што яе нават кінулі караць суды і пракуратура, хоць сам Бацька штогод прызначае свой знакаміты кантроль над уступнымі экзаменамі... Калі коратка, то медыкі бяруць з чалавека шэсцьсот даляраў, юрысты пяцьсот, фінансісты пяцьсот, спецыялісты ад замежных моваў пяцьсот, біёлагі, матэматыкі і гісторыкі чатырыста, філолагі трыста пяцьдзесят. Пры сярэднім месячным заробку ад пятнаццаці да пяцідзесяці даляраў у месяц... Але, калі за савецкім часам хабар бралі за тое, каб прыняць у вышэйшую школу невука, каб падтасаваць вынікі экзаменаў, то цяпер бяруць... адступное – бо з усіх пагалоўна, а не з асобных выбранцаў! Бяруць адступное, каб... прыняць экзамены па ўсіх правілах! Цяпер не той паступае вучыцца, хто даў, але зусім не мае ніякіх шанцаў паступіць той, хто не даў... Адзін з сучасных элітарнікаў так мне пад час выпіўкі шчыра і ляпнуў:
– Слухай, а што мы такога робім?! Мы ж не даем дыпломаў дэбілам...
Эх, дарагі мой злодзей, лепш бы вы давалі тыя дэбільныя дыпломы тым дэбілам з грашыма... А так вы ж нармалёвых людзей ламаеце. Часам я чытаю ў музеі лекцыі студэнтам – і вось глядзіш у іх вочы, а там сум смяротны, бо гавораць да цябе тыя вочы:
– Мужык! Ну, што ты тут распінаешся, што два на два будзе чатыры?! А хочаш, я табе дам сто „баксов” (слэнг савецкай шпаны: „бакс” азначае даляр ЗША – А. Ч.), і ў цябе два на два будзе пяць... А даць табе тысячу „баксов”, і два на два будзе ў цябе пяць цэлых і хрэн дзесятых – і ты сам тое дакажаш каму хочаш...
Скажы маладому чалавеку, што я не бяру – тым больш, што гаворым пра гэтак званыя святыя рэчы! – ён шчыра не паверыць. Бо яго ўжо навучылі, што бяруць усе і што купіць можна ўсё... А ён яшчэ і жыць не жыў! Не рабіў аніводнага дня! Нідзе і блізка не сутыкнуўся з тым таталітарным і антынародным... Навучылі яго перад Універсітэтам прафесары таго ж Універсітэта. А што там бяруць усе, то не ёсць замальванне, не ёсць перабольшванне. Слухайце, калі бярэ ўжо адвечна апазіцыйная і антысавецкая беларуская філалогія... Ну, якія яшчэ каму аргументы?!
Грошы ёсць грошы. Адміністрацыя бярэ і будзе браць пры якім хочаш рэжыме; цэлы гандаль, уся палітыка, а так паміж намі, то і добрая частка той дэмакратыі на грашах едзе... Але Універсітэт кругом і паўсюдна быў непадкупны, у тым і сэнс яго існавання, бо ніхто не меў купляць розум, самыя найбагацейшыя багацеі свету не куплялі адукацыі, бо гэтага ж за грошы не купіш... А на Крэсах, вось, купляюць! Таму, што іначай яе – адукацыі – не атрымаеш... Пры гэтым адукацыя застаецца той жа самай, без падману, дыпломы Медычнага Інстытута ў Гродне маюць добрую рэпутацыю ў Еўропе, але ж замест людзей з такіх alma mater выходзяць і не людзі зусім, а нейкія нелюдзі, людзі са зламаным сэрцам, ім толькі інваліднасць выправіць і казённую пенсію атрымваць...
Часам думаеш сабе, добра, мы былі такія-сякія, засавечаныя і абдураныя, з падвойным жыццём і такой жа маральнасцю. І маем тое, што маем... Але ж былі з падвойнай маральнасцю, гэта значыць, жылі мы ў нейкім падполлі, а цяпер хамства палезла адкрыта ў белы дзень, наверх. На Універсітэце...
Пачалося ўсё гэта з таго, што на пачатку 90-х, у час гэтак званай „дэмакратызацыі”, паралельна дзяржаўнай бясплатнай адукацыі паявілася для маючых і жадаючых прыватная платная... Святая справа! Хай вучыцца кожны, хто хоча, а калі ён за гэта будзе яшчэ і плаціць, то і вучыцца ж будзе, як чалавек! А не адбываць шарварку, як за саветамі я сам адбываў яе ў Мінску, у Тэхналагічным Інстытуце – мае калегі там паважна трактавалі толькі тое, без чаго нельга на працы. Шырэйшы кругагляд і ўвогуле веды нас цікавілі куды менш...
І вось у прыватныя платныя вышэйшыя школы перайшлі лепшыя прафесары і спецыялісты. Горшыя засталіся ў казённых. Ім стала крыўдна – і панеслі яны сваю крыўду на цэлы свет. Панеслі не проста так, а за... грошы. Толькі бралі не за навуку (як прыватнікі!), але за сваё права адлучыць ад навукі таго, хто не мае, ці не хоча даць. І дарэмна адміністрацыя Лукашэнкі палезла са сваім кантролем, каб адсеяць зерне ад мякіны... Прафесура родам з вёскі імгненна вылічыла, што браць хабар павінны ўсе пагалоўна! Тых жа „дзівакоў”, хто не разумеў таго, баяўся альбо прыдурваўся высокамаральным чалавекам, часткай справадзілі на пенсію, а часткай зрабілі... хабарнікамі. Паглядзім, як гэта робіцца...
Лета. Экзаменацыйны шал. Падвойны і патройны кантроль. І раптам... нехта паведамляе „кампетэнтным органам”, што нейкі прафесар Х бярэ хабар, маўляў, у такі і такі дзень і гадзіну да яго прыйдзе, быццам бы на кансультацыю, чалавек, які мае перадаць яму грошы... Далей засада. Далей абодвух выводзяць у кайданах і валакуць на следства – праз месяц высвятляецца, што ніякіх грошай не было, а пасля чаго абодвух выпускаюць і перапрашаюцца. А тым часам весь „кантроль”... зняты – бо „злодзеяў” ужо ж забралі! А тым часам ідуць „экзамены” і дзяры-бяры; а тым часам усё асвенчана і ўзаконена пячаткамі, подпісамі.. Дык вось, той ідыёт, з якога часова зрабілі злодзея, на цяперашнім універсітэцкім жаргоне называецца паса-вецку „кидок”. Гэта такі чалавек, якога кінулі, як костку сабакам, каб яны, кантралёры, не ў той бок пабеглі...
Але на тым быў не канец падобным вынаходніцтвам!
За савецкім часам прафесар атрымваў столькі грошай, колькі меў студэнтаў і колькі чытаў лекцый... Ясна, што сістэма недасканалая і па-савецку шэрая – чалавека з сусветным імем раўнялі з заштатным службоўцам. Але цяпер... плоцяць не за гадзіны лекцый, але за інтэрвалы гадзін! Скажам, да чатырохсот гадзін за паўгода адна аплата за гадзіну, а вось ад чатырохсот гадзін да тысячы гадзін ужо ў паўтары разы большая... У выніку прафесар, які летам прымае ўступныя экзамены, чытае за акрэслены час якіх-небудзь чатырыста шэсць гадзін, а свайму асістэнту аддае сваіх жа студэнтаў на... дзевяцьсот дзевяноста восем гадзін! Абое рабое фармальна атрымваюць той жа заробак – пры гэтым прафесар „добры”, бо даў зарабіць асістэнту! Але колькі прафесар „зарабіў” на экзаменах – да якіх асістэнта не дапускаюць і блізка! – не ведае толкам нават ён сам. Бо грошай тады ў яго столькі, што і куры не дзяўбуць... І можна толькі ўявіць, з якім настроем адрабляе тую шарварку асістэнт і якой якасці яго навука! А іх студэнты ўжо цяпер ідуць у адміністрацыю, медыцыну, пракуратуру, гандаль, прамысловасць. А гадоў праз пятнацаць-дваццаць іх пакаленне будзе дамінаваць на Беларусі...
Б-ррр, Божанька, забяры мяне да Сябе!
Прыйдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце,
не застанецца каменя на камені;
усё будзе разбурана.
Лука ХХІ, 6
Бумерангам вяртаецца тая ўсеагульная адукацыя, распачатая з сярэдзіны 50-х. Тая вёска ў гарнітурах і пры гальштуках ды з прафесарскімі і доктарскімі ступенямі, тытуламі. Ізноў усё робіцца па-сямейнаму, па-свойску. Працэс, як кажуць, пайшоў. Следам за Універсітэтам сталі браць паўсюдна. Летась цэны былі за мастацка-рамесніцкае вучылішча сто шэсцьдзесят даляраў, за курсы аўтаслесараў сто даляраў, за вучылішчы з будаўнічымі прафесіямі сто даляраў, як кажуць у інтэлігенцкіх колах Гродна, „с рыла”... Па маіх звестках, не бралі хабар толькі... у музычным вучылішчы. І не з прычыны слыху-голасу! Проста на сто месцаў падало заявы... дзевяноста сем чалавек.
Паступова гэты boom расцякаецца далей на дол – на сярэднія школы, дзе чалавек мае не толькі права, але, паводле Канстытуцыі і законадаўства, абавязак вучыцца! Як гэта робіцца?! А вельмі проста... Звычайная школа „раптам” абвяшчаецца базавай, гэта значыць, мае выпускныя спецкласы – „спецыялізацыя” ў тым, што раз ці два на год там чытае якуюсь лекцыю той жа універсітэцкі прафесар. Або пасылае асістэнта. Але ўсе цудоўна ведаюць, што паступіць вучыцца ў той Універсітэт на дадзеную спецыяльнасць можа толькі вучань спецкласа... Так што бацькі яго плацяць двойчы – спачатку за прыём у спецклас, а потым ва Універсітэт. Калі так пойдзе далей – а яно пойдзе! – то не здзіўлюся, калі заўтра паявяцца спецыяльныя дзіцячыя садкі ўжо перад школай. Сярод дамарослай гродзенскай мафіі Універсітэт ды Медычны Інстытут адкрыта называюцца „мозговой рынок”. Дарэчы, быццам бы між студэнтаў і абсальвентаў тая мафія шукае новых валанцёраў – людзі выхаваныя, адукаваныя, а да таго ж здольныя на ўсё. Дзіва што! Пасля такога „скоцтва” чалавек сам звярэе. „Скот есть скот!”
А як пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся;
бо гэта павінна быць раней;
але не адразу канец.
Лука ХХІ, 9
Ідэйныя плыні – калі іх так можна назваць – распаўсюджаны сярод беларускіх „інтэлектуалаў”, пераважна, гістарычна-філалагічнага гатунку. І тут нічога не памянялася ад часоў пачатку ХХ стагоддзя, бо пануюць у большай частцы... „западноруссизм”, а ў меншай нават не нацыяналізм, а гэтак званае „адраджэнцтва”. „Западноруссисты” перакананыя ў тым, што ўся гэта Рэспубліка Беларусь справа часовая і нават увагі не вартая, таму яны пры ўсім вонкавым лібералізме і еўрапействе трымаюць бок... прэзідэнта Лукашэнкі. „Лібералы” маюць яго за Ваньку-дурачка – маўляў, ты давай інтэгруйся хутчэй, а як потым „здесь будет Россия”, то па табе не застанецца і мокрае месца, мы ж будзем з дапамогай „российской демократии” тут панаваць. „Адраджэнцы” ў сваю чаргу панічна баяцца таго „Союза Беларуси и России”, як канца свету, маюць той ледзь дыхаючы гігант на Усходзе за... імперыю (!), якая занята днём і ноччу толькі тым, як бы праглынуць іх укаханую Бацькаўшчыну. А ўсе беды і клопаты Беларусі бачаць выключна ў адным Лукашэнку, пры гэтым свой адвечны постмужыцкі канфармізм уважаюць за гераічнае падполле, свае рутынныя лекцыі за дзяржаўныя грошы як змаганне і г.д.
Тыя і тыя аднолькава ўпэўненыя, што свет сапраўды выглядае так, як ім звыклася думаць яшчэ за савецкім часам. Іх „ідэйныя” спрэчкі на самай справе ёсць парахункі паміж кафедрамі і факультэтамі за грошы, бо ў саветах была толькі адна лінія ў гісторыі, эканоміцы ды літаратуры, якая фінансавалася дзяржавай – таму кожная палеміка мае мэтай не пошук ісціны, ці проста абмен думкамі, але вядзецца не на жыццё, а на смерць, і ўся мэта яе толькі ў тым, каб знішчыць свайго канкурэнта і захаваць сябе і добрыя сродкі для свайго існавання. Такім чынам, абодва бакі рэпрэзентуюць па сутнасці адну і тую ж „ідэйную” плынь – правінцыялізм. Цікава, што як у асяродку „западноруссов” падвяргаецца астракізму беларуская мова, так паміж нацыянальна заклапочаных „адраджэнцаў” найвялікшым грахом чалавека лічыцца... руская мова. Два чобаты пара... Належаць да той, ці той кампаніі прыемна і лёгка, але... сумна – таму сапраўдны патэнцыял Беларусі (нейкі ж яшчэ павінен застацца) ляжыць цаліной некранутай і паступова дзічэе.
На пачатку антыкамуністычнай рэвалюцыі, гадоў дзесяць назад інтэлектуалы ў большасці спадзяваліся на наступнае пакаленне, маўляў, без панавання камунізма, без апарата кантролю і прыгнечання думкі і чыну, нарэшце праявяцца лепшыя рысы чалавека... Скептычна гледзячых на такую хуткую магчымую перамену ўвогуле мелі яны за баязліўцаў або ідыётаў. Тым часам аказалася – бо цяпер канчаюць Універсітэт маладыя людзі 1977-га, а паступаюць туды 1988-га года нараджэння, калі Брэжнеў памёр! – што вызваленне з-пад адной чалавечай дурнаты азначае ўсяго толькі замену яе другой дурнатой, а таксама, што свабода праяўляе не так лепшыя, але найперш горшыя рысы пакалення. Свабода не дыктатура – яе не падманеш і ў падполле ад свабоды нідзе не схаваешся. Свабода паказвае не тое, што нам хочацца бачыць у люстэрку, але толькі тое, што ёсць – і не больш. І відаць у люстэрку, што ніякага новага пакалення няма, што гэта капіісты, рэпрадукцыі сваіх бацькоў, такія ж нахабныя і перапалоханыя дробныя зладзеі... Столькі тае розніцы, што бацькоў старанна апраналі ў бальшавіцкую бутафорыю – давалі ім сцягі ў рукі, грошы ў кішэню, ордэны і медалі на грудзі, прэміі, падзякі і пашаны! – а гэтыя голыя... Парадаксальна, але гадоў дваццаць назад паміж старымі і маладымі ішлі такія сваркі, як трэба жыць і як не трэба, што аж пыл слупом стаяў, а цяпер ціша... Маладыя адгаворваюцца тым, што яны проста жывуць па-другому,
а бацькоў не чапаюць, бо які сэнс. Але ж кожнае пакаленне мае сваю моду, свой побыт – іншая музыка, іншыя штаны, фрызуры і ўпрыгожанні, іншыя адносіны ў сваім асяроддзі, – і гэта праходзіць і мяняецца кожныя два-тры гады і не пакідае следу. Якое ж тут другое жыццё, калі перамены ў ім запраграмаваныя наперад законадаўцамі моды на патрэбу рынку лёгкай, парфумернай і таму падобнай галіны прамысловасці альбо таго ж шоў-бізнесу?! Спажывецтва абсалютна тое самае, толькі тавар на рынку іншы... А новае пакаленне нават стылю свайго не мае! У іх не толькі тое, што той самы русский мат (правільней называць яго савецкім), у іх слэнг бадай той самы, што быў дваццаць гадоў назад. Таму чаго здзіўляцца, што пісьмовае ды друкаванае слова рэпрэзентуюць два дзесяткі маладых на 10 млн. чалавек, калі вуснага слова цалкам няма?! А ўсе новыя анекдоты і жарты ды слоўныя наватворы наплываюць... з тэлебачання! Гэтага і за саветамі было не так шмат, малпавалі тады менш, чым цяпер... Малады нігілізм – а з гэтага выспявае самастойная думка! – змяніўся, хоць і маладым, але канфармізмам. Зразумела, антынароднаму і таталітарнаму і таго мала, бо кожная ўлада інстынктыўна баіцца моладзі, хоць у дадзеным выпадку баяцца, здаецца, няма чаго. І вось ужо „лукамол” („Белорусский Союз Патриотической Молодежи”, урадавая арганізацыя, аналаг савецкага „комсомола” ці „Коммунистического Союза Молодежи”) вербуе ў свае шэрагі, шляхам розных матэрыяльных абяцанак для не проста лаяльных, як пры саветах, або канфармістаў, але маладых людзей з яскрава відочнымі сервільнымі здольнасцямі... Абслугу вербуе!
Пасля дыктатуры хаос бывае ў гаспадарцы і палітыцы. У душах пасля дыктатуры робіцца пустка. І калі пакаленне называюць страчаным, то маецца на ўвазе хіба пустое пакаленне. Вось вынялі з яго той камунізм і... там больш нічога не знайшлі. Не, я не памыліўся з дваццацігадовымі! Неяк адзін такі малады чалавек з настальгіяй (!) доўга гаварыў мне, як добра было пры Брэжневе (!) – тады ў крамах „всё было”, кожны мог паехаць у Крым ці на Каўказ і г.д. Называў усе цэны ў савецкіх рублях... Я не вытрымаў і спытаў, якія былі наміналы манет і купюраў, а купюры якога былі колеру ды манеты металу... Малады чалавек зразумеў.
– Мне отец рассказывал, – пакрыўдзіўся ён.
Што ж, нарэшце, постмужыцкія бацькі і маткі могуць быць шчаслівыя, бо іх мара ажыццявілася: іх дзеці такія самыя, як яны...
а будзе гэта вам на сведчанне.
Лука ХХІ, 13
Канешне, антыпрэзідэнцкія маніфестацыі ў Мінску гэта амаль выключна моладзь, ды і агрызаецца ўжо моладзь, сама дае ў зубы ОМОНу – але ж гэта лічаныя пару соцень ці пару тысяч, як і дзесяць год назад. Гэта падобна на функцыю заняпаду народа: спачатку рэзкі імклівы абвал, потым нейкае больш плаўнае падзенне і нарэшце функцыя ідзе да нуля – і чым далей, тым вальней, нарэшце робіцца амаль паралельнай каардынаце... Што і назіраем цяпер – час ідзе, але ні канца свету няма, ні пераменаў няма да лепшага. Праблема толькі ў тым, што функцыя заняпаду можа мець два магчымыя працягі: альбо так і будзе бясконца набліжацца да нуля, так і не дасягаючы яго (што сягоння выглядае больш верагодным), альбо... пераходзіць нейкі экстрэмум, нейкі мінімум і пачынае ўздымацца ўверх (што сягоння менш верагодна). Аптыміст сказаў бы, што ў такім выпадку шанцы ёсць і не ўсё яшчэ страчана, і хіба я пры ўсім цынізме і скепсісе ўсё ж такі аптыміст, бо іначай не было сэнсу пісаць гэтую кнігу.
Панаракаўшы як мае быць на маладых і старых, трэба вярнуцца да работы і хоць неяк спрагназаваць далей тую функцыю заняпаду – Рэспублікі Беларусь, беларусаў як нацыі і беларускай культуры.
Паўторым коратка канспект гісторыі беларусаў за апошнія сто гадоў.
Пачатак сучасным беларусам, як нацыі, паклаў усё ж такі Францішак Багушэвіч, у маладосці паўстанец 1863 года, а ў гады літаратурнай творчасці блізкі знаёмы Элізы Ажэшкі. Справа нават не ў тым, што ён аднавіў беларускі друк, які перад тым з пададзеных раней прычынаў практычна знік гадоў так на дзвесце пяцьдзесят (!). Багушэвіч сфармуляваў гэтак званую нацыянальную ідэю – у кожнай нацыі гэта ідэя фармулюецца ў прынцыпе ідэнтычна. Ёсць нацыя, ёсць тэрыторыя – і мае быць дзяржава. Але Багушэвіч падняў агульнапрыняты тады статус беларускай гаворкі, дыялекта, да статуса асобнай мовы. З чаго непазбежна вынікае існаванне асобнай нацыі – і далей пакаленне „Нашай Нівы” на чале з братамі Луцкевічамі і Вацлавам Іваноўскім мела ўжо выбіраць паміж аўтаноміяй альбо суверэнітэтам.
Тое ж пакаленне заклала падмуркі сучаснай беларускай культуры. Практычна адначасова займаюць свае месцы Янка Купала, прарок, Якуб Колас, філосаф і аналітык нацыянальнага менталітэту, і Максім Багдановіч, першы творца і майстар сусветнага ўзроўню.
Да вайны 1914 года Беларуская Сацыялістычная Грамада схілялася, аднак, да аўтаноміі – на суверэнітэт не хапала ні сілаў, ні сродкаў, ні так – паміж намі – разумення неабходнасці яго ў „сялянскім народзе”. Да таго ж, трэба было выбіраць саюзнікаў... паміж Расійскай Імперыяй (сацыялістычнае падполле і бальшавікі) і эвентуальнай будучай Польшчай (сацыялісты і сацыял-дэмакраты). А з усіх саюзнікаў толькі бальшавікі паважна разглядалі нацыянальнае пытанне (у тым жа малых народаў!) і яшчэ да 1914 года ўспаміналі пра беларусаў, як пра асобную нацыю. Расійскіх і польскіх сацыялістаў гэта не цікавіла зусім.
У выніку Першай сусветнай вайны і Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі ўзнік палітычны крызіс, у выніку якога і Часовы Урад, і скінуўшыя яго бальшавікі былі гатовыя браць пад увагу тое ж нацыянальнае пытанне ажно да аўтаномій у складзе федэратыўнай Расійскай Рэспублікі.
Брэсцкі трактат 1918 года, паводле якога ўся Беларусь, да Дзвіны і Дняпра, аддавалася Германіі, быў асноўнай і галоўнай прычынай разрыву беларускіх сацыялістаў з Расіяй і абвяшчэння ў Мінску 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Абвяшчэнне БНР увяло „беларускую карту” ў расійскую і, часткова, еўрапейскую палітыку. І бальшавікі, і палякі ў 1918-21 гадах неаднаразова мяняюць свае адносіны да беларусаў, ад абяцанак да рэпрэсій. БНР не мае практычнай сілы, але мае палітычнае значэнне – пасля міру паміж Польшчай і Савецкай Расій у 1921 годзе ўтвараецца як фармальна незалежная дзяржава, аднамільённая БССР з цэнтрам у Мінску. У 1924-26 гадах яна пашыраецца на ўсходзе да сягонняшніх межаў (ужо ў складзе СССР) і да 1929 года ўладу ў Мінску трымаюць нацыянал-камуністы, прыхільнікі І. Сталіна супраць „сусветнага рэвалюцыянера” Л. Троцкага.
У гэтыя ж гады польскія ўлады канчаткова заганяюць нацыянальны рух на Заходняй Беларусі ў падполле, што выклікае рэзкі паварот настрояў сярод беларусаў у Польшчы, узаемную варожасць на Крэсах палякаў і беларусаў ды імклівы рост „прамаскоўскіх” ці, хутчэй, „антыпольскіх” настрояў у беларускай вёсцы.
На працягу 1929-39 гадоў у савецкай частцы Беларусі ажыццёўлена калектывізацыю, знішчана нацыянальная інтэлігенцыя і пачынаюць ажыццяўляцца планы поўнай саветызацыі БССР. У польскай частцы Беларусі ліквідаваліся ўсе беларускія арганізацыі і які-колечы легальны, нават культурна-асветніцкі, рух.
Увосень 1939 года да БССР далучаны чатыры „беларускія” ваяводствы Польшчы, але гістарычны цэнтр Вільня і прылягаючае наваколле перададзены Летуве.
На працягу вайны 1941-44 гадоў уся Беларусь аказваецца ў савецкай зоне, вынішчэнне гітлераўцамі жыдоў, а бальшавікамі польскай эліты мяняе дэмаграфічную сітуацыю на Крэсах, паваенная дэпартацыя палякаў у Польшчу – да 1958 года – завяршае каласальную этнічную чыстку ХХ стагоддзя. Пасля вайны БССР уключае ў сябе амаль усе этнічныя беларускія землі, прызнаецца суб’ектам міжнароднага права ў якасці заснавальніка ААН, а да ўлады ў Мінску і на месцах упершыню масава даходзяць дзеячы савецкай партызанкі з мясцовых. Адначасова, яшчэ мацней, звужаецца нацыянальная адукацыя, а імгненны і шматлікі наплыў вяскоўцаў да места ў выніку раптоўнай індустрыялізацыі ад канца 50-х да сярэдзіны 70-х гадоў даводзіць да дэградацыі вёску, як адвечную крыніцу беларускай культуры; поўная саветызацыя вясковых выхадцаў у горадзе.
Чым больш Беларусь падыходзіла да незалежнасці ў сэнсе гаспадаркі і палітыкі, тым далей адыходзіла ад незалежнасці ў сэнсе культуры і нацыянальнай адметнасці.
У выніку распаду СССР у 1991 годзе Рэспубліка Беларусь абвясціла дзяржаўны суверэнітэт, прызнаны ў хуткім часе большасцю дзяржаў свету. Пры гэтым яна была змушана вывесці са свае тэрыторыі ядзерную зброю, але, адначасова, прымкнуць да Супольнасці Незалежных Дзяржаў пад ваенна-палітычнай гегемоніяй Расійскай Федэрацыі.
У 1994 годзе, пад час першых свабодных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі перамог А. Лукашэнка і адбылася народная рэвалюцыя, якая зрабіла малаверагодным вяртанне да ўлады артадаксальных камуністаў, „восстановление” СССР, але разам з тым усталявала рэжым асабістай улады прэзідэнта, які, практычна, пагасіў кволы на той час працэс нацыянальнага адраджэння. У 1996 годзе быў заключаны Саюз Беларусі і Расіі, пасля чаго эканамічныя і палітычныя адносіны абедзвюх дзяржаў толькі пагоршыліся. Сягоння Беларусь перажывае палітычны, гаспадарчы і культурны крызіс, які можна параўнаць, бадай, толькі з 1918 годам...
Цярпеннем вашым ратуйце душы вашыя.
Лука ХХІ, 19
Рэспубліка Беларусь дасягнула, нарэшце, рэальнай незалежнасці нечакана для сябе самой. Па-за купкай непапраўных патрыётаў ніхто пра яе нават не сніў і не мроіў, а маючыя ўладу баяліся той незалежнасці – узнікала ж шмат новых і зусім незнаёмых абавязкаў: тыя ж уласныя грошы, армія, замежная палітыка... Але не было ў 1991 годзе ў тых маючых уладу іншага выйсця – прамарудзь яшчэ трохі, і можна было апынуцца на расійскай правінцыі ды ўвогуле згубіць усялякую ўладу, адзіны сродак наменклатурнага існавання.
Далейшыя тры гады прайшлі ў шастанні налева і направа, сутнасць якога коратка можна акрэсліць як жаданне ісці ў расійскім фарватэры і, такім чынам, перасядзець ліхі час за шырокай спіною суседа. Абсалютная непрыстасаванасць да самастойнасці, страх думаць і прымаць рашэнні прывялі „рэжым Кебіча”, тагачаснага прэм’ер-міністра, да становішча, блізкага да паралічу. Савецкія гаспадарка і культура развальваліся натуральным спосабам, а дэмакратычнае грамадства постсавецкая эліта будаваць не ўмела і не хацела.
Парламенцкая апазіцыя Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне” на чале з З. Пазьняком і намінальны галава дзяржавы, старшыня Вярхоўнага Савета С. Шушкевіч, самі паставілі на сабе крыж ужо вясною 1992 года. Практычна ўсім было ясна, што раз паўстала новая дзяржава, дык пачынаць трэба ад новых выбараў – каб новы парламент прыняў новую Канстытуцыю. І гэтак жа, практычна, ніхто з тагачасных палітыкаў не меў смеласці... пакінуць стары Вярхоўны Савет БССР. БНФ ініцыіраваў рэферэндум за роспуск Вярхоўнага Савета і правядзенне новых выбараў, назбіраў блізу паўмільёна подпісаў і... адступіў перад Вярхоўным Саветам! Дэпутаты ад БНФ засталіся ў Вярхоўным Савеце на сваіх месцах, хаця абавязаны былі выйсці адтуль. Шушкевіч... увогуле перайшоў на бок савецкай наменклатуры – як жа ж, у новым парламенце яму не гарантавалі нагрэтае месца спікера! Пасля гэтага акцыі „дэмакратаў” і „нацыяналістаў” пакаціліся, як з горкі... Пайшоў адлік дзён да ўстанаўлення чые-небудзь дыктатуры – дарэчы, на працягу 1992-94 гадоў прыблізна тое ж адбывалася ва ўсіх постсавецкіх дзяржавах. Але асаблівасцю Беларусі была адсутнасць моцнага лідэра сярод старой савецкай эліты, пакаленне Кебіча і Шушкевіча складалася з людзей глыбока сервільнай ментальнасці – ім тая дыктатура сама ішла ў рукі, а яны спалохаліся ўлады, кінуліся шукаць падтрымку ў Маскве, дзе якраз разгараўся чарговы палітычны крызіс...
Не расстраляй прэзідэнт Ельцын танкамі расійскі парламент восенню 1993 года, не было б на Беларусі прэзідэнцкіх выбараў 1994 года!
Страх браць уладу змянілі страхам згубіць нешта большае, жыццё напрыклад... Новая Канстытуцыя давала вельмі шырокія паўнамоцтвы прэзідэнту – яе спісалі з канстытуцыі Расійскай Федэрацыі. На дзесяцімільённай Беларусі гэта фактычна азначала ўстанаўленне дыктатуры канстытуцыйным шляхам – няважна, каго б канкрэтна абралі прэзідэнтам.
Але са сваімі мышынымі піскамі ні прэм’ер Кебіч, ні старшыня Шушкевіч, ні лідэр БНФ Пазьняк – а той называў сябе „лідэрам апазіцыі”, так бы мовячы, Зянонам Усіх Свядомых Беларусаў! – не заўважылі, што за тыя чатыры гады адноснай дэмакратызацыі ў тым жа Вярхоўным Савеце аформілася рэальная апазіцыя. Гэта былі прадстаўнікі ніжэйшага чынавенства, дырэктары прадпрыемстваў, работнікі мясцовай адміністрацыі і таму падобныя саракагадовыя маладыя людзі, перад якімі адчыніўся шанц. На чале апазіцыі стаў дырэктар совхоза на Магілёўшчыне, Аляксандр Лукашэнка.
Калі група Кебіча не здолела правесці праз Вярхоўны Савет папраўку да закона аб прэзідэнцтве, якая датычылася ўзроставага цэнзу (на дзень выбараў Лукашэнку было няпоўных сорак гадоў,
а цэнз прадугледжваў сорак пяць!), уважліваму назіральніку стала ясна, што вынік выбараў практычна вядомы заранёў... На што спадзяваліся Кебіч, Шушкевіч і Пазьняк – ды яшчэ паасобку! – невядома. Нават пры фантастычным варыянце згоды і стаўкі на аднаго з іх, скажам, на Кебіча, шанцы былі мізэрныя. Фальсіфікацыя выбараў (магчыма, на гэта лічыў Кебіч) таксама не мела аніякіх шанцаў – за тыя тры гады назалежнасці адсутнасць хоць якой-небудзь палітыкі да таго абрыдла самому чынавенству, што патаемна Лукашэнку падтрымлівала значная частка мясцовай адміністрацыі,
а таксама афіцэры міністэрства ўнутраных спраў і КГБ. Адно змог зрабіць Кебіч, дацягнуць да другога тура галасавання...
Кім жа быў той Лукашэнка? Што прапаведаваў?
Нічога.
І таму кожны дамысліваў сам, што яму хочацца... А Лукашэнка толькі бажыўся, што ён ведае, што вам трэба. І абяцаў зрабіць тое, што вы хочаце. Унікальнасць Беларусі ў тым, што тут эліта псіхалагічна не адрозніваецца ад „простага народа” – таму тым жа прымітывізмам, што і „просты народ”, можна перацягнуць на свой бок яго эліту. У 1994 годзе гэты механізм спрацаваў базадмоўна. І Бог адзін ведае, які яшчэ ў яго рэсурс – бо гэта не палітыка, гэта вера. У яе ёсць вернікі, у яе назбіраюцца апосталы, у яе будуць мучанікі... У яе ёсць будучае. І калі паміж намі, то рэальная будучыня Рэспублікі Беларусь гэта будучыня веры ў Лукашэнку...
Тое, што апазіцыя ў чарговы раз абвесціць мяне „здраднікам Беларусі”, нічога не мяняе. Бо – якім чынам?!
На свеце позняя восень 1998 года. Грае на гродзенскім бруку маленькі скрыпач, уцякаюць людзі прэч, далей, нават ад паланеза Агінскага... Хіба гэта і ёсць сапраўднае „Развітанне з радзімай”.
Але, ёсць страчанае пакаленне, ёсць і пакаленне змарнаванае. Страчанае пакаленне гэта вынік дзеяння ці бяздзеяння пакаленняў папярэдніх – нямогласць і няздольнасць бацькоў не дае дзецям ніякіх шанцаў на аванс, на гэтак званае „лепшае жыццё”. А змарнаванае пакаленне гэта ўжо справа самога пакалення, будзе яно змарнаванае ці не. У рэшце рэшт, жыць можна і ў падполлі, і вучыцца можна ў падполлі. Ну, трымалі ж палякі за царом і пры Гітлеры падпольныя гімназіі, і нават падпольныя універсітэты, падпольныя тэатры (!) пад акупацыяй – у часы генацыду польскага народа... Што затым не дае беларусам рабіць тое самае ў часы ўсяго толькі бацькі?!
Але новыя беларусы заклапочаныя іншым...
Іх не любіць і не прымае свет – вось у чым вечны-адвечны клопат. Да сябе не маюць нашы маладыя ніякіх прэтэнзій. Co zіego, to nie my... Лянота да навукі апраўдваецца цяжкай гістарычнай спадчынай. Лягчэй дзесяць гадоў хадзіць і плакаць пра Беларусь, чым дзеля свае ўласнай беларушчыны самому прыстойна вывучыць тую забытую мову, разабрацца самому ў той перакручанай гісторыі, каб цябе не цягнулі за сабою быле-куды, па даўно пройдзеным шляху анальфабэтычныя „змагары”... Калі няма Айчыны (у еўрапейскім яе разуменні), то кожны чалавек мае шукаць яе сам. Гэтага за яго ніхто не зробіць. І тут перашкодай не так „антынародны і таталітарны”, як свой уласны страх самастойнасці, баязлівасць вясковага мужыка на сталічным бруку, непераадольнае жаданне падрабіцца быле-пад-каго, але пад гатовае...
Няўцям нашым адукаванцам, што капіісты нікому не цікавыя і не патрэбныя, бо паўсюдна цэніцца арыгінал. З копіямі можна скакаць на сваіх дамарослых фестывалях, быццам бы „народнай” творчасці, альбо яшчэ раз збіраць спісаных спевакоў з усяе постсавецкай прасторы раз на восень у „столице обновленного Союза” Віцебску... Перспектывы новае пакаленне не мае, бо пакуль ёсць сервілізм, то кожнае „новае пакаленне” будзе такім самым, як старое. І прычым гэта ў лепшым выпадку. А трэба думаць, што натуральная дэградацыя возьме сваё, так што на бліжэйшую перспектыву функцыя заняпаду будзе па-ранейшаму падаць да нуля.
Больш далейшая перспектыва ўяўляецца цьмянай...
Што можа вырасці з нічога?!
Пры арганізаванай культурнай экспансіі, абшар ад Буга да Дняпра вельмі хутка парос бы другой культурай, бы бярозкамі, але такой экспансіі няма – Расія не можа ад слабасці, а Польшча не хоча ад страху. І таму гэты абшар зарастае пустазеллем – але ж гэта не культура, гэта заўтрашні гной і паслязаўтрашняя глеба, і больш нічога. Што ж будзе яшчэ пазней на той глебе?
Людзі будуць здыхаць ад страху
і чакання нягодаў,
што пойдуць на свет,
бо сілы нябесныя пахіснуцца.
Лука ХХІ, 26
Побыт чалавека несумненна ўплывае і на яго працу, але ж вынік той працы, яе якасць перш за ўсё залежаць ад спосабу мыслення чалавека, ад яго асабістай свабоды. Слабасць і бесперспектыўнасць сучасных беларускіх інтэлектуалаў вынікаюць з бальшавіцкага атавізму, пошуку нейкай абсалютнай ісціны. Што такое канцэптуалізм, не хочуць нават слухаць ні гіторыкі-камуністы старой школы, ні гісторыкі-нацыяналісты новай школы. Замест гісторыі, фактычна выкладаецца ідэалогія – у адных адна, у другіх другая. З гэтай прычыны прадукцыяй уласна ідэяў, у тым жа непасрэдна вынікаючых з сучаснага становішча Беларусі не займаецца ніхто. Іншыя погляды, апроч агульнапрызнаных – няважна, апазіцыйных ці афіцыйных – не разглядаюцца нават як ерась. Для „лукашэнкаўцаў” ерась толькі тое, што сцвярджаюць „пазьнякоўцы”, а для „пазьнякоўцаў” тое, што сцвярджаюць „лукашэнкаўцы” – у канцы ХХ стагоддзя палеміка пра будучыню абапіраецца на... сваркі пра дзейнасць Беларускай Цэнтральнай Рады часоў гітлераўскай акупацыі ды „рэальнасць” ці „дэкларатыўнасць” Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 года!
На чацвертым годзе свайго праўлення Лукашэнка паспрабаваў, нарэшце, распрацаваць нешта накшталт канцэпцыі існавання Беларусі ў будучым, яе дзяржаўнай ідэалогіі. Адмыслова створаную „рабочую групу” (!) узначаліў... кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта М. Мясніковіч, былы дырэктар Мінскага аўтамабільнага завода. І атрымаўся ў экс-дырэктара... прамыслова-фінансавы план развіцця ўсё таго ж завода! Пашырыць кааперацыю, дабіцца эканоміі матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў і г.д. Асобны раздзел даклада Мясніковіча прысвячаўся... барацьбе з „чужой нам ідэалогіяй” Захаду і „падрыўнымі дзеяннямі” асобных памежных суседзяў... Мясніковіч быў шчыры і хацеў як лепей – ён рабіў так, як вучылі яго на працягу пяцідзесяці гадоў, ад студэнта да дырэктара. Ні ён, ні хто-небудзь іншы дзяржаўным дзеячам так і не стаў – бо ніколі не думаў самастойна, дык яшчэ на так званыя абстрактныя тэмы накшалт геапалітыкі, культуры і немагчымасці спалучыць рынак навокал Беларусі з камандным спосабам гаспадарання ў ёй самой... На прыкладзе „камісіі Мясніковіча” лепш усяго відаць, што шматгадовы вопыт работы ў савецкай сістэме цяпер усяго толькі змарнаваны час, з таго вопыту нічога не прыкладаецца да сучаснага свету і новых правілаў гульні.
На дзесятым годзе свайго існавання апазіцыя Беларускага Народнага Фронту практычна не прасунулася далей агульных дэкларатыўных пастулатаў свае Праграмы ўзору 1989 года, калі яшчэ існаваў Савецкі Саюз, а перспектывы рэальнага суверэнітэта Беларусі выглядалі справай вельмі і вельмі адлеглага часу – скажам, нават праграма „незалежнікаў” з БНФ прадугледжвала... „новый союзный договор”! Такім чынам, „незалежнікі” выступалі па сутнасці за пашырэнне аўтаноміі, пры гэтым увага аддавалася не палітычным і нават не эканамічным рэформам, але перад усім... пашырэнню нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Хаця ў існуючай камуністычнай манаполіі на палітычную ўладу і законатворчасць нават гэта было праблематычным... Пасля ж 1991 года, калі прыйшло разуменне прыярытэта палітычнага ладу і над праблемамі гаспадаркі, і над становішчам адукацыі і культуры, тэорыя і практыка дзеянняў апазіцыі, па-першае, так і былі перавернутыя ў мінулае, па-другое, правінцыйна персаніфікаваліся, зацыкліліся на змаганні з – і без таго губляючым рэальную ўладу – Кебічам, а калі ў 1994 годзе Кебіч згубіў якое-кольвек палітычнае значэнне, гэтаксама пераключылася на Лукашэнку. Адно адрозненне было ў тым, што калі ў 1989-91 гадах палітычная агітацыя, замест дасягнення рэальных вынікаў на выбарах мяшалася з асветніцтвам не найлепшай якасці, а на выбарах 1994 года З. Пазьняк дзейнічаў па рэцэптах... амерыканскіх кансультантаў, то цяпер стаўка робіцца на... арганізацыю ўсеагульнага страйка тыпу польскай „Салідарнасці” 1980 года! Хаця на Беларусі няма нічога падобнага на польскі KOS-KOR, няма татальнай падтрымкі з боку касцёла, а замест расстрэлу ў Гданьску ў 1970 годзе быў... індывідуальны пратэст ста тысяч рабочых у Мінску вясною 1991 года супраць павышэння цэнаў! Індывідуальны – гэта значыць, сто тысяч чалавек ішлі кожны сам па сабе прасіць большы заробак. З гэтага не выйшла ніякага арганізаванага рабочага руху, а ў масавай свядомасці „простага чалавека” ўкаранілася бессэнсоўнасць масавых пратэстаў... Да таго, існуе рэлігійная вера ў Лукашэнку, а ў вясковай ментальнасці мінскага рабочага такое паняцце, як салідарнасць (каб ты выступаў супраць улады не дзеля сябе, а дзеля іншага!) проста не паспела нарадзіцца...
І апазіцыю, і ўладу ў Беларусі ідэйна лучыць нецярплівасць шарачковай шляхты (не забудзем, што менавіта шарачкоўцы спарадзілі бальшавізм!); тым і тым не церпіцца дасягнуць сваіх мэтаў вось цяпер, адразу, зараз, за адзін тыдзень... Самастойнае мысленне робіць у Беларусі першыя крокі – як малое дзіця. Рэальнасць успрымаецца выключна як сваё ўласнае ўяўленне пра рэальнасць.
Наўрад ці тыя, хто і цяпер у ружовых снах пра камунізм (ясная справа, у кожнага свае!), паслухалі б таго, хто б нават
і сказаў ім: што вы спіце?
устаньце і маліцеся, каб не ўпасці ў спакусу,
Лука ХХІІ, 46
Але я не пішу, што гістарычны лёс Беларусі безнадзейны – пішу толькі пра тое, што іншага лёсу быць не магло. У свядомасці вясковага народа, яго Край, нават суверэнны, мог быць і зрабіўся не Айчынай зноў-такі ў еўрапейскім разуменні гэтага слова, але бацькаўшчынай – у вясковым яе разуменні... Там, дзе ў польскага вешча Адама Міцкевіча:
„Litwo! Ojczyzno moja...”
там у беларускага прарока і філосафа Якуба Коласа (чые сапраўднае імя: Канстанцін Міцкевіч!):
„Мой родны кут! Як ты мне мілы...”
Народ на Крэсах еўрапейскі, але не цывілізаваны ў тым сэнсе, што спазняецца за Еўропай гадоў на дзвесце. Кут, клан і сямейства па-ранейшаму вышэй нейкай „абстрактнай” Айчыны.
Цікавіць мяне зусім не гэта – бо гэта відавочна. Цікавіць мяне далейшы лёс, а далейшы лёс адсталага Краю значна больш залежыць ад суседзяў, чым лёс Краю, так бы мовячы, нармальнага
– і таму бесіць мяне не так расійскі прымітывізм, як польская настальгія. Польскі каўтун, як пісаў Іосіф Бродскі. Тое ж мінулае, замест будучага. Якое якраз і падштурхоўвае Крэсы да вяртання назад, дзе сягоння нічога няма. Той тупік, з якога не выйсці без вайны, kіуtni і раздора.
Такое ўражанне, што ў Варшаве будуюць вось не адну Польшчу, а дзве. Адна, нармальна-еўрапейская, мае быць у самой Польшчы. Другая, настальгічна-саплівая, крэсавая і касцельная, там, дзе цяпер Рэспубліка Беларусь. „Старыя добрыя часы” ў ХХІ стагоддзі?..
Так і бачу чарговага ваяжора з мінскай апазіцыі да варшаўскіх кабінетаў, які доўга і нудна гаварыў, што толькі суверэнная і моцная Беларусь – у сапраўдных дзяржаўных інтарэсах суверэннай і моцнай Польшчы... Так і бачу ўсе тыя сустрэчы, канферэнцыі, інтэрв’ю, абяцанкі і pogadanki на пацеху і бясплатнае харчаванне з выпіўкай, зграі розных масцей „дэмакратаў” і „спецыялістаў”, з якіх не вынікае нічога канкрэтнага, бо гэта дым на цэлы свет і пыл у наіўныя вочы. Так і бачу, як той ваяжор едзе назад, як даязджае да абрыдлага лукашэнкаўскага Мінска, да адвечнага сну і соннай тупасці, тупой улады і ўладнай немачы.
І выйшаўшы навонкі, горка заплакаў.
Лука ХХІІ, 62
бо калі з зазелянелым дрэвам
гэта робяць,
дык з сухім што будзе?
Лука ХХІІІ, 31
Які твой лёс, маленькі скрыпач на гродзенскім бруку? Ні рэстаўрацыя таго, што было, ні народная рэвалюцыя, якая ўжо была, ні эміграцыя ці за блізкую мяжу, ці ў свой, быццам бы цнатлівы, творчы свет нічога не вырашаюць. Гэта ўсё ўжо было – і нічога не вырашыла.
Ах, як хочацца быць чыёй-небудзь правінцыяй! Каб нехта выцягнуў цябе да свае сталіцы! Але твая сталіца адгэтуль і ўжо да канца твайго жыцця гэта двухмільённая бетонная вёска, якая называецца Мінск... І гэта там вясковыя местачкоўцы вырашаюць, як табе жыць і не жыць. І за тымі местачкоўцамі дзесяць мільёнаў чалавек. Тут. У геаграфічным цэнтры Еўропы. І адначасова на яе крэсах, на самым ускрайку часу, на скудзелі, на канцы свету... З пункту гледжання матэматыкі цэнтр і ёсць ускраіна, бо цэнтр кола гэта самы аддалены пункт ад кожнага пункта гэтага кола. Самы аддалены...
Як да таго дайшло, што тое ўжо вядома з усяго сказанага раней?А што з гэтага будзе, гэта ўжо твае праблемы, малады чалавек – і сам я, і такія самыя, як я, сваё перажылі. Не хочаш нас слухаць, то слухай іншых – калі такіх знойдзеш. А не знойдзеш – жыві сваім розумам. Калі ён у цябе ёсць.
Бо я асабіста лічу, што ніколі беларусы не мелі такіх шанцаў, як на канцы ХХ стагоддзя. Ну вазьмі ты хоць XVII стагоддзе ці XVIII-е... Таму і шанц цяпер бяспройгрышны – гэта адны старыя стогнуць, што Беларусь гіне: бач ты, не ўсё пры іх жыцці здарылася! Але ж гэта не Беларусь гіне, але мы паміраем натуральнай смерцяю. Тая Беларусь сабе тысячу гадоў гіне – і нідзе не падзелася і не падзенецца. Адно слова, яцвягі, чортава племя, вечныя пярэваратні. Гэтым не будзе канца. Цэлы свет з імі нахлебчацца так, што піць не захоча.
Уся штука ў тым, што час мяняецца.
На пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў беларус быў тое самае, што тутэйшы. Усяго столькі. Не рускі і не паляк. Тады лічылася, так бы мовячы, толькі нацыянальна свядомая папуляцыя. Тады і быў да месца гэтак званы нацыяналізм.
Але ж у канцы ХХ стагоддзя, калі ёсць Рэспубліка Беларусь, то беларус ёсць усяго толькі грамадзянін тае Рэспублікі – і нічога больш. А гэтак званая нацыянальнасць усяго толькі прыватная справа чалавека.
Толькі што з адным грамадзянствам жыць на свеце даволі сумна. Нікога не цікавіць тая твая Рэспубліка Беларусь, ніхто не хоча мець справы з табою як з тым, у каго ўсё ў галаве ўздырдыганена, перакручана. „Да, канечна, я беларус... Но больше люблю русский язык...” – кажа халоп перад панам-барынем. Цябе як такога „тожа беларуса” толькі ў цырк запросяць да той пані Еўропы. Дурылам-клоўнам... Таму нідзе і нікуды ты не падзенешся. І на пачатку ХХІ стагоддзя за беларуса будуць мець паўсюдна ў свеце (у тым жа і ў той Рэспубліцы Беларусь!) носьбіта і абаронцу беларускай часткі агульначалавечай культуры. Просты спартсмен, дыпламат, ці нават камерсант будзе ўжо нецікавы.
Але на адной абароне і прапагандзе ўжо зробленага таксама не заедзеш далей, чым за два-тры дзейсныя пакаленні. Таму на канцы ХХІ стагоддзя беларусам будзе той, хто здолее ствараць свой беларускі кавалак у агальначалавечай культуры. Гэтаксама, як тое рабілі французы, немцы, амерыканцы і дзесяткі быццам бы „малых” народаў, ірляндцы ці швэды, фіны.
І так будзе! Таму, што ўжо, калі сталася так, як сталася, быць па-іншаму проста не можна. Цяперашнія маладыя і нават дзеці цяперашніх маладых мала мяне цікавяць – гэта шлак і гной. Пачатак Беларусі будзе пасля духоўнага і фізічнага канца „тоже-белорусов”, „самоедов”, „советских людей” і таму падобнай постсавецкай дэбільнай сволачы... І я не хачу і не бачу сэнсу рабіць з іх свядомых беларусаў – гэта тое самае, як сеяць асот па бульбе. Асот так і будзе сам па сабе; яго палоць мус, выносіць на мяжу і паліць!
Цярплівасцю ратуйце душы вашыя. Чалавек жыве нашмат даўжэй, чым жыве – іначай ён дом не будаваў бы і дзяцей не рабіў бы. А твае дзеці будуць вырадкі, дык суседскія будуць людзьмі. Так прырода захацела. Меў святую рацыю Максім Багдановіч, які казаў, што чужых дзяцей не бывае. Бо чалавек жыве не з бацькі на сына, а з пакалення на пакаленне.
Хавалі ўжо тую Беларусь колькі разоў... І пад бульдозер, і пад лапату, і на голай зямлі, курганы жменямі насыпаючы і валуны зацягваючы на самы верх... Потым прыйшлі апошнія патрыёты паплакаць пра той прапашчы Край, і толькі яны селі пад тым каменем, толькі выпіўку і закуску паставілі, а тут глянулі, куды адзін з іх з немым крыкам пальцам паказаў... І смерці не знайшлі,
але знайшлі камень адвалены ад магілы.
Лука XXIV, 2
Што ж, жыве сабе Беларусь...
Пакаленне Лукашэнкі ёсць першае незалежнае пакаленне – пры ўсіх іхніх заявах наконт „дружбы с Россией”. Прычыны такіх заяваў ужо разабраныя ў гэтай кнізе. Саракагадовыя начальнікі канца ХХ стагоддзя маюць у задніцы тыя каманды з Масквы, тую „общесоюзную” бяздумную салідарнасць і настальгію. Гэты час адышоў у нябыт. І пакаленню гэтаму таксама засталося гадоў дзесяць-пятнаццаць, і заменіць яго хоць і падобнае, але яшчэ адно пакаленне пасля камунізма...
І гэтак, з пакалення ў пакаленне, будзе расці і мацнець іншае жыццё. Вядома, тэарэтычна можна разглядаць і аднаўленне гэтак званай „великой России”, але на сёння проста не відаць аніводнага здольнага да таго чалавека, не чуваць аніякай новай ідэі паўстання тае Расіі, уздымаюць той самы векавечны пыл, а мы ўжо пераканаліся, што Час ідзе толькі ў адным напрамку і ніколі не вяртаецца назад. Хіба што ў хваравітых мроях.
Найбольш верагодная будучыня беларускай часткі агульначалавечай культуры вынікае ўсё з той жа геапалітыкі яе знаходжання – на Зямлі і ў Часе. Паміж традыцыйным Усходам і дынамічным Захадам. Таму тая будучыня магчымая толькі з улікам рознага вопыту чалавека, розных этычных і філасофскіх канструкцый – з гэтага вынікае не так сінтэз, але супольнае існаванне, талеранцыя і цярпенне, катэгорыі менавіта еўрапейскай, заходняй культуры. Афіцыйная арыентацыя на старыя савецкія догмы, толькі што без камуністычнай сусветнай утопіі, гэта арыентацыя, наадварот, на традыцыяналізм, на нязменны тысячагадовы colchoz.
Канфлікт паміж еўрапейскай рэальнасцю і традыцыяналізмам непазбежны, а злом традыцыяналізма немагчымы шляхам талеранцыі – усякія кампрамісы і, нават, абыякавасць павышаюць градус яго злосці, агрэсіі. Традыцыяналізм зламае масавая культура. Наступіць час размяклай соннай апатыі, усталюецца пакаленне кансументаў, пакаленне гледачоў тэлевізара, індывідуалістаў шэрага колеру, няздольных да аніякай творчасці гэтаксама, як традыцыйнае грамадства. Але ж істотнае адрозненне ў тым, што такія кансументы – у выніку поўнага распаду тлуму на асобныя адзінкі, калі кожны пры сваім блакітным экраніку – наўрад ці будуць здольныя задушыць новых людзей ды новыя ідэі. А на такой здольнасці і трымалася стагоддзі традыцыйнае грамадства. Цяперашнія кансументы і канфармісты не будуць закідваць розныя дзяржаўныя ўстановы калектыўнымі лістамі, патрабуючы ў іх расправы над тым ці іншым літаратарам, мастаком, які чымсьці не дагадзіў „простым людзям” ці „народнаму прэзідэнту”. Час, калі даляр вышэй чалавека, выглядае непрыгожа, агідна і гідка. Але – толькі ў параўнанні з часам, калі ёсць месца кожнаму; прыярытэт мае права меншасці, гэта значыць: свабода асобы. А ў параўнанні з часам colchozum veto, культ даляра – а гэта ён ужо цяпер, непрыкметна, пачынае панаваць у Беларусі! – гэта крок наперад, больш таго, гэта вырашальны крок наперад. Даляр зліквідуе і выкарчуе той самы бальшавізм, які нарадзілі Крэсы, зусім не Расія. Іншай рады на бальшавізм няма – мы не былі акупаваныя бальшавізмам, як краіны Цэнтральнай Еўропы, мы самі сто гадоў назад стварылі той бальшавізм і рэалізавалі яго тэарэтычныя выкладкі ў рэальным жыцці. Паўстанне постбальшавікоў супраць бальшавізма можа толькі вярнуць чысты colchoz – што і адбылося ў 1994 годзе на Беларусі. Даляр ёсць вонкавым уздзеяннем, накшталт скальпеля ці лазера хірурга – сам па сабе ён нічога не створыць, але ён разрэжа нарыў і выпусіць тут адвечны гной. Ясная справа, балець будзе і ганебна смярдзець будзе, і пабочныя эфекты пачнуцца, не заўжды карысныя... Але альтэрнатывай таму ці можа быць нейкае маральнае адраджэнне?! Вось пабеглі цяпер экс-камуністы і матэрыялісты ў царкву і касцёл... І царква з касцёлам паводзяць сябе, як аддзелы ідэалогіі ў партыйных камуністычных камітэтах усіх узроўняў! Цяпер на адной Гродзеншчыне касцёлаў і цэркваў будуецца ў пятнаццаць разоў больш, чым школаў – а ў Гродне дзеці вучацца ў дзве і нават у тры змены, па чарзе з восьмай раніцы да дзесятай вечара! І дзе яна, тая духоўнасць? Няма яе. Бо стары гной не выплыў...
Так, цяперашніх нуварышаў цяжка ўявіць мецэнатамі культуры – з прычыны адсутнасці ў іх савецкіх галовах элементарнага паняцця пра тую культуру. Не будзе тых мецэнатаў і сярод разбэшчаных нуварышавых дзяцей. Але ж, ці на тым канец? Што такое, з пункту гледжання гісторыі, два-тры пакаленні? Імгненне адно!.. Пяць хвілін тысячагадовай гісторыі.
Прагноз будучыні Беларусі сягоння паралізаваны страхам патрыётаў за сваё існаванне, маўляў, жыццё прапала і пайшло на марнацыю. Не тая Беларусь выйшла пад панаваннем Лукашэнкі, якая ім хацелася. Але, ці вы самі крыху не памыліліся з вашым укаханым народам – што ён базгрэшны і неамыльны? Ну, таму бязгрэшны, што цяжка працуе... Але пані Гісторыя бязлітасна сведчыць, што інтарэсы нацыі і той колькасна дамінуючай часткі, якую тут лічаць за просты народ, разыходзяцца менавіта пасля паўстання дзяржавы. Бо выгодаў ніякіх ад той дзяржавы няма, а выдаткі і абавязкі растуць. Так што зыходзячы з логікі шкадавальнікаў простага народа ў апазіцыйных колах Беларусі, сапраўды лепш далучыцца да абы-каго, хто нешта даў бы цяпер – вось у рукі і тую ж хвіліну... На жаль, так улада ў Беларусі глядзіць у рот маскоўскім панам, так і апазіцыя глядзіць у рот панам з левага берага Буга і далей – за Одру, за Рэйн, за Вялікую Салёную...
Дарэмшчыцтва былых мужыцкіх дзяцей, дарэчы, таксама натуральная рэакцыя на той нечаканы суверэнітэт.
Для нармалёвага сярэдняга чалавека – значыць: не жабрака і не багацея – застаецца толькі адно. Ні на што не гледзячы, рабіць сваю работу. І быць сабою. Мне здаецца, што рэформа сама па сабе нічым не адрозніваецца ад рэвалюцыі – бо рэформа, як і рэвалюцыя, гэта злом гатовага, жаданне паправіць тое, што павінна памерці натуральнай смерцю. І ў тым поўна-парожні правал постсавецкіх рэфарматараў. Навошта было чапаць старое замест таго, каб рабіць новае?! Усё, што выжыла за апошнія дзесяць гадоў – і на Беларусі, і на Украіне з Расіяй! – гэта толькі новае: прыватная ўласнасць, незалежны друк і г.д. А хто мне пакажа хоць аднаго паспяхова рэфармаванага дзяржаўнага монстра-манапаліста?! Няма такога.
Хіба альтруіст і наіўняк (у палітычным сэнсе) Васіль Быкаў усё ж такі пару гадоў таму трапіў не ў неба, але ў сутнасць, калі сказаў, што сацыялістычная эканоміка не паддаецца рэформам па тых самых прычынах, што і КПСС. Ад сябе дадам, што гэтаксама не паддаецца рэформам і сацыялістычная літаратура, а таксама мастацтва, палітычны лад, народныя традыцыі, сам побыт чалавека, на „общечеловеческом” свеце. Рэформы сацыялізма і тым болей colchoza гэта марнатраўства. На месцы вясковых бальшавіцкіх латыфундый узнікнуць, рана ці позна, прыватныя латыфундыі – адну такую сам бачыў пад Слуцкам, гадоў пяць назад – а на месцы сацыялістычных фабрыкаў узнікнуць альбо руіны і зломы, альбо прыватныя фабрыкі ўзору... канца ХІХ стагоддзя. Час не падманеш, так не бывае, каб узяць ды скочыць праз дзесяцігоддзі – бо грамадскі арганізм расце па тых самых законах прыроды, як і біялагічны арганізм аднаго чалавека.
„Народны прэзідэнт” Аляксандр Лукашэнка – абраны на хвалі адчаю і страху „простага чалавека”, на хвалі жадання павярнуць Час назад. Учынены ім тоўсты лёд праз пакаленне скончыцца разводдзем, паводкай, якая зменіць дно і знясе берагі. У ХХІ стагоддзі насельнікаў Рэспублікі Беларусь чакае цывілізацыйны шок, поўны абвал ранейшых уяўленняў пра дабро і зло, пра жыццё і смерць, пра чалавека і „людзей” – раптам акажацца, што патрыярхальны клан роўны нулю, а лічыцца і зарабляе грошы менавіта асоба, да таго ж „не такая, як усе”!
З паўстання асобы пачынаецца паўстанне нацыі і дзяржавы. Няма месца для аднаго чалавека, то не будзе месца і для яго народа.
Паўстанне асобы як асновы гэтага свету, для традыцый Беларусі будзе ў пэўным сэнсе азначаць канец яе ўлюбёнай супольнасці – грамады і талакі. Апроч расійскай і польскай шкоды, беларуская ментальнасць мае больш страшнага ворага, – сваю ўласную традыцыю, свой дарагі colchoz і яго colchozum veto, свае сваяцтва і братэрства, свае дробнамяшчанскія падрахункі. Менавіта такі накірунак свойскасці дамінуе сягоння ад сталіцы і да апошняй вёскі, менавіта ён баіцца ўсяго новага і нішчыць гэтае новае. Прадчувае сваю блізкую смерць... Толькі не чуе, што не „нацыяналізм” і „беларушчына” яго сапраўдныя ворагі, але звычайны даляр дабівае яго. А раз не чуе, то і канец яго блізкі, непазбежны. Потым ужо, нажэршыся тых даляраў і скруціўшы на іх шыю, народзіцца пакрысе нешта сваё ў народзе вечных падробшчыкаў, малпаванаў і капіістаў. Даляр паздзекуецца з іх яшчэ мацней і хутчэй, чым савецкі рубель...
Культура не нараджаецца паўстаннем супраць бальшавізму – культура нараджаецца паўстаннем супраць даляра.
Але культура не можа знішчыць бальшавізм! Бо ж культура не нішчыць, а стварае! А бальшавізм і colchozum veto могуць быць толькі знішчаныя – як чума. А зрабіць гэта здольны толькі даляр. І таму няма супярэчнасці на сягонняшняй Беларусі паміж гандляром і творцам – абы толькі яны займаліся кожны сваім, іначай бальшавізм у калгасных гумовых ботах растопча абодвух. Культура мае адступіць у падполле. Калі б не хаваліся ў сваім часе хрысціяне па пячорах і катакомбах, калі б не рабілі яны падполля, а бегалі вольна прапаведаваць перад тагачаснымі халопамі, не было б цяпер цывілізацыі; магчыма, перарваўся б сам род чалавечы, бо антычны космас папалам з рацыяналізмам вычарпалі сябе да дна...
Культура ў кожны момант існавання чалавека можа адступаць у падполле, бо культура менш з ўсіх іншых праяваў чалавека залежыць ад канкрэтнага часу і канкрэтнай тэхналогіі прадукцыі. Да культуры далучаецца той, каму абрыдла жыць так, як усе. Гэта свайго роду грэшнікі, якія пакаяліся, блудныя сыны, якія вярнуліся... Але ж яны ў нас яшчэ і за парог не выходзілі! Чаго ж іх трымаць?! Хай ідуць... Хто выжыве – вернецца. Няма яму іншай дарогі.
Час мяняе чалавека натуральным спосабам – бо той, хто ўчора быў сынам, заўтра зробіцца бацькам, а чыя ўчора была дачкою, заўтра зробіцца маткай. Кожны чалавек пражывае некалькі жыццяў – таму і не можна нікога судзіць ці абгаворваць і славіць раней фізічнай яго смерці. Не ведаю я, ці будзе тая Беларусь... А раз не ведаю, значыць, веру ў тое, што будзе. Тут ужо ўсё было. І ёй вось самы час...
На тым канчаюцца гэтыя запіскі чалавека – які сам з Крэсаў і піша пра Крэсы. Далей зайграе ўжо маленькі скрыпач. І як пісаў усё той жа Максім Багдановіч, будзе ён хадзіць па Зямлі, іграць на скрыпцы, будуць яго людзі хваліць, але не будуць чуць і не будуць разумець... Што ж, свет чалавечы занадта вялікі, каб выслухаць і зразумець кожнага. І тая Беларусь будзе сама сабой, калі, нарэшце, перастане адхінацца ад свету, злаваць на той свет, не падпускаць да сябе свет, нішчыць крамолу свету, вучыць жыць свет, прагінацца перад светам, быць просьбічам перад светам, плакаць і бажыцца перад светам, мроіць свет і ненавідзець свет... І тая Беларусь будзе сама сабой, калі проста будзе сабою. Без халопства і пыхі таго халопства адначасова. Калі ў Беларусі ўсялякім цэнтрам яе будзе чалавек, калі кажнюткая меншасць будзе роўная кажнюткай большасці – і самыя тыя паняцці зробяцца спарахнелай архаікай, слоўнікам Міцкевіча і Купалы. Будучае знаходзіцца ў будучым. А не ў гісторыі. Таму і варта тую гісторыю вучыць і ведаць, каб разумець адну простую штуку – там паратунку няма.
Вось і ўсё, што я хацеў распавесці пра Зямлю Святога Лукі. Пра Крэсы. Пра Рэспубліку Беларусь. Пра тое месца, дзе нарадзіўся і памру. Пра тое, як жыву паміж нараджэннем і смерцю. Пра тое, што ёсць...