|
Эпілог
а вы сведкі гэтага;
Лука XXIV, 48
Сумуючы па той зямлі св. Лукі, то значыць, падсумоўваючы яе лёс за тысячу гадоў, а таксама зважаючы на працы прафесійных постсавецкіх гісторыкаў, дыпламаваных і дактараваных, між волі бачыш адну простую акалічнасць.
Час у іх... як быццам спыніўся дзесьці ў 1918-м годзе.
Потым – як быццам нічога не было. Ні бальшавікоў, ні БССР, ні „санацыі”, ні ІІ сусветнай вайны, ні тых індустрыялізацыі, калектывізацыі, ні культурнай рэвалюцыі... Хоць менавіта эпоха 1919-91 сучасную беларускую нацыю і сфармавала. Так і пішуць „гісторыю” – ад Рагвалода да 1918 года...
У чым прычына? У сораме і страху. Бо – не такая нацыя вырасла, „ненармальная”, „нееўрапейская”... А беларусы маюць жа быць „цывілізаваным еўрапейскім народам”. Не тое, што нейкія там маскалі.
Ну, і каму хлусім?! Альбо, як Мікалай Гогаль пісаў, „над кем смеётесь – над собой смеётесь” (польскі варыянт: „miaіeњ, chamie, zіoty rуg, ostaі ci siк jeno sznur!”). А дзе беларускі варыянт пра тое самае? Хіба што горкі ўздых Багдановіча „Беларусь, твой народ дачакаецца...”. На мой розум, бяда беларусаў і Рэспублікі Беларусь у тым, што сямейная сувязь пераважае ў нас над нацыянальнай. Няма ў нашай „свядомасці” анічога больш па-над той сямейкай, адкуль „выйшлі”. Бо не выйшлі – ні з тае „матчынай хаты”, ні з таго спосабу думання, каб абы сабе, а як не сабе, то нікому.
Канстанцін Тарасаў, адзін з найлепшых аўтараў за ўсе сто гадоў сучаснай беларускай літаратуры, на сваіх сустрэчах з чытачамі – а меў я магчымасць рабіць з ім разам такія сустрэчы два дзесяткі разоў – ніколі не забываў нагадаць анекдот, як прыйшлі да Бога англічанін, француз і беларус. Англічанін папрасіў яхту найноўшай канструкцыі, француз папрасіў найлепшую прыгажуню з мястэчка да сябе ў ложак, а беларус папрасіў так:
– Божанька! У маяго суседа карова два вядры малака дае, а мая ўсяго адно...
– То чаго хочаш? – кажа Пан Бог. – Каб у цябе дзве такія каровы былі, як у суседа?
– А навошта яны мне, Госпадзе! Хачу прасіць, каб суседская карова здохла... А я сваёю абыдуся!
Задумаўся Бог, а потым кажа:
– Ну, а табе якая карысць?
– А мне чужога не трэба! – кажа беларус. Смела так валіць... – Але хай і ён не мае. Бо, калі я так жыву, то і ён пражыве, не здохне...
Анекдот адкапалі ў сваім часе ажно ў дробнашляхецкіх мемуарах XVIII стагоддзя, але як гэта актуальна па сённяшні дзень! Мы жывем стражытным родам – як за Рагвалодам. З беларускай гісторыі і сучаснасці свет можа выцягнуць адну карысць, адну ісціну. Нацыя можа складацца толькі з людзей, кожны з якіх у сваім доме і на сваёй дзялцы, кожны з якіх „сам па сабе”. Такі парадокс, што там, дзе складаецца яе знакаміты клан, там не можа скласціся нацыя. Не можа! Бо нацыю робяць людзі, а клан не пускае чалавека – бачыш, добрай каровы мець нельга, толькі паўздохлую... Хто акажацца выкідышам ды эмігрантам з прычыны вайны ці рэвалюцыі, то ўцячы ад нацыі яшчэ можа. А як уцячы ад клана? Нацыя цябе не душыць, бо там усе худабедна роўныя, то значыць, абыякавыя да чужога гора і шчасця (а, можа, тая пані Свабода і пачынаецца з абыякавасці?!), а клан за табой сочыць, глядзіць, „хвалюецца”, „апякуецца”... Беларусы таму не ходзяць галасаваць на выбары (няважна, „за” альбо „супраць” Лукашэнкі!), бо часу не маюць. Бо бульбу капаюць. Тут не ў бульбе справа. Не ў жабрацкім жыцці. Не ў выжыванні. Тут справа выбару і прынцыпу. Паміж кланам і нацыяй.
Сотні новых дамоў (пры „жабрацтве”!) павырасталі за апошнюю дэкаду на прадмесцях Гродна. А рэдка пры якім пляц запарадкаваны, а тых майстэрняў з варштатамі, якіх ад польскай Саколкі пачынаючы панатыкана ледзь не ў кожным доме, зусім не відаць... Бо не дзеля жытла і варштата дом ставілі, а дзеля пыхі. Сусед мае – я мушу. Беларус – гэта такі чалавек, які вечна даводзіць усім і кожнаму, што ён за кагосьці не горшы. Адгэтуль вечныя пахвалянкі і „мэрсэдэсы”, адгэтуль усе гэтыя міфы пра „гасціннасць”, працавітасць” etc. Гэта зноў-такі нагадвае нейкія часы Рагвалода: або мець за сталом месца і гарачую дзеўку ў ложку, і маеш абавязкова суседу морду набіць... „Лепшым” быць маеш.
Так і жывем. У мардабоі.
Наша гісторыя (як „народа”!) гэта... гісторыя БССР. Менавіта ў часы бальшавіцкага „сацыялізма” (не блытаць са шведскім!) тая „нацыя” сфармавалася. Як аграмадная вёска „сваіх хлопцаў”... Не хочам таго прызнаваць. Не хочам пра тое слухаць. Не хочам жыць без клана. Не верым самі сабе. І што „збудуем”?! У цяперашнім свеце. Каторы ўжо і „нацыю” перарос. У якім нацыянальнасць ёсць прыватная, асабістая справа чалавека. У якім нацыяналізм ХІХХХ стагоддзяў роўны калектывізму (камунізму, фашызму etc.). А мы, беларусы, „з братняю Руссю”, яшчэ і да таго нацыяналізму не дараслі. Дараслі да „дабрабыту”. Які паволі развальваецца і „стаіць” толькі на ілюзіях пра „великую державу” расійскіх Пуціных ды на спрыце Аляксандра Усіх Беларусаў.
Прагнозы на ХХІ стагоддзе мала суцяшаюць. Па-першае, за апошнюю дэкаду першакласнікаў стала менш на траціну (32,5% паводле астатняга перапісу). Гэта значыць, што праз дзесяць-пятнаццаць гадоў будзе на адну траціну менш „новага пакалення”. Канешне, тое беспрацоўе зменшыцца таксама, але ж нехта мае рабіць Хоць бы трымаць тую электрыку, дарогі, каналізацыю etc... А хто гэта будзе рабіць, калі не будзе каму?! Па-другое, на той самы кавалак часу (2010-20 гг.) прыпадае... „выбух пенсіянераў”. Бо – да пенсійнага – і хворага на ўсе хваробы! – узросту дажыве пакаленне, якое нарадзілася ў 1945-50 гадах, калі быў, як пасля кожнай вайны, „дэмаграфічны выбух” – кожная паваенная нацыя, сама на тое не зважаючы, нараджае дзяцей у тры-чатыры разы больш звычайнага. Такім чынам, атрымваем па калькуляцыі, што ўжо за пятнаццаць гадоў беларусаў у РБ будзе не 10 млн. чалавек, а толькі 8-8,5 млн. чалавек. Пры гэтым будзе 5-5,5 млн. пенсіянераў, да таго ж хворых на алкагалізм (мужчыны) ці на маразм (жанчыны). Невядома, што горш... Ну і пра якое „адраджэнне” гаворыць мой „айцец духоўны”, Пазьняк Зянон Станіслававіч?!
Аднак – а пагартаем старонкі пані Гісторыі яшчэ далей наперад. Ну, будзе гадоў за пяцьдзесят тых беларусаў нават не 8 млн. чалавек, а толькі 5 млн. чалавек. Ну і што? Тое балота па меліярацыі ізноў заплыве вадою, а лес па вырубцы зарасце лесам? Ну і што? Людзей паўсюдна зашмат. Чалавек распусіўся, узяў на сябе замнога... Можа, беларусы таму і ў такі заняпад трапляюць, бо да тае распусты яшчэ занадта хутка і спрытна дабеглі, дапалі, як да таго карыта...
А Бог дзеліць няроўна – але справядліва. Зямля мае адпачыць. Чалавек мае памятаць сваё месца. А мы пра тое забыліся, нам усё мала было.
„Адраджэнцы” нашы ў 80-я і 90-я гады былі ледзь не ў шоку – бо як жа той народ на „родную мову” пляваў, а „носьбітаў” яе паліцаямі паліцаіў (і па сённяшні дзень паліцаіць, і будзе паліцаіць!). А што вы хацелі? Хто зямлі свае не любіць, дзе луг, поле, рэчка малая, хто з хаты свае бацькамі выкінуты ў Мінск, „на лёгкі хлеб”, хто навучаны, што за грошы ўсё купіць можна, хто ў паны лезе, каб „загадваць”, хто ўпэўнены, што кнігі для яго толькі, каб іх чытаць і „нічога не рабіць”, хто слова ні ў грош не ставіць – ну, то чаго такі сукін сын кінецца раптам „родную мову” вучыць?! І чым вышэй сядзіць такі сукін сын, чым болей пад ім задніцаў, тым мацней ён тую „родную мову” душыць (не забываючы ліць пры тым кракадзілавыя слёзы!)... І так усё душыць! Камянічкі недабітыя – і тыя разбірае на цэглу. А цэглу вязе сабе катэдж будаваць. Дабротная ж цэгла, можа, польскай, а можа, яшчэ і царскай работы...
Адным словам, аднекуль вылезці – як з ямы! – то трэба спачатку... у тую яму праваліццца і да дня даляцець. Казаў адзін мой знаёмы, што ляцець да таго дна беларусам яшчэ гадоў пяцьдзесят. Толькі тады нехта жывы паспарабуе выбрацца. І, хіба, меў ён рацыю. Бо – ніякі народ у цяперашняй Еўропе не прападзе (праўда, крычаць крыкуны, што ўсе прападуць, „пазліваюцца” ў еўрапейцаў, потым расколюцца на „трайбы” etc. Не прападзе, бо ёсць істытынкт самазахавання. І ён спрацуе. Ён нават у беларусаў спрацуе. Больш таго – гадоў за сто беларусы будуць чымсьці падобныя да... скандынаваў: нарвежцаў, шведаў, ісландцаў. Будуць умець гаварыць па-свойму, па-руску і па-польску (бо нідзе ад Польшчы з Расіяй не падзенешся!), і па-англійску (бо гэта будзе лаціна ХХІ стагоддзя!). Кніжкі будуць мець, апроч камп’ютэраў, а падазраю, нават піць перастануць... І так будзе. Бо па-другому не будзе ніяк. Бо іначай здохнуць. Пагалоўна.
А цяпершнія „саветы” (і „маё” пакаленне) хай сабе здыхаюць. Мы занадта добра жылі пры камуністах. І сваё аджылі. Зямля без нас не прападзе – мы прападзем без зямлі. Бо кожная любоў да радзімы мае быць бескарыснай. А мы карысці адусюль хацелі... Калі мне цяжка, ад хваробы ці ад бяды, то я бачу ў вачах адно і тое ж: стокі Нёмана ды Гаўі, бясконцы, выпалены сонцам, луг, старыцы, хмызнякі, чырвоны дыск сядае за блізкай шашою... Не ведаю, чаму так. Але ад такой памяці мне лягчэй. Таму і жыву. Не можа чалавек жыць без памяці. Не чалавек гэта ўжо, а нелюдзь.
Тое, што цяперашнія савецкія беларусы маюць за „лішняе” – гэта зусім не лішняе. Гэта тое, што называецца душа. А без душы гніе цела. Пры любым „дабрабыце”. Не можа чалавек без душы. Не бывае нацыі без чалавека. Гісторыя ж гэта ўсяго толькі спіс чалавечай дурноты. Таму гісторыя патрэбна. Бо гэта тое самае, што для лекара гісторыя хваробы яго пацыента. Таму і не шкадую, што кавалак свайго жыцця паклаў на „Зямлю святога Лукі”. Жыццё ж кароткае, Айчына вечня... Vita brevis, Patria eterna.
|