„Зямля св. Лукі” Алеся Чобата – гэта ўнікальная кніжка ў беларускай літаратуры. Яе арыгінальнасць палягае не ў новых фактах з гісторыі Беларусі, але ў іх, менавіта новай, ацэнцы. Чобат напісаў сваю гісторыю наважытнае Беларусі, без нудотнае прафесаршчыны ды ўтомнае храналогіі. Стварыў тэкст для зацікаўленага чытання і нестандартных роздумаў.
Гэта кніжка не для вучняў і студэнтаў, але для інтэлігентных людзей, якія маюць у сабе неабходны ліміт ведаў. Аўтар прапануе чытачу не столькі інфармацыю, колькі якраз свой погляд на падзеі, з якім можна і не пагаджацца, аднак выклікае ахвоту задумацца.
„Зямлю св. Лукі” – абрамленую біблейскімі цытатамі – чытаецца месцамі як крымінальны раман, які цяжка адкласці на бок. Нешта ў ім з прозы Дастаеўскага... Пачаткі падобнага жанру ў нашай літаратуры бачацца ў творчасці Юркі Віцьбіча, затым Генадзя Сагановіча з ягонай „Невядомай вайною”. Нешта блізкае да іх у аповядах-эсэ Уладзімера Арлова.
Напісанае Алесем Чобатам вырозніваецца тым, што кантакт з яго кніжкаю нават не патрабуе сухое сумы адукаванасці, скажам, сцісла беларускай. „Зямлю св. Лукі” магчыма чытаць не ўсё разумеючы і не ўсё ведаючы. Яна, як той раман, які чытаецца два разы: першы – ад цікавасці, што далей і далей, а другі, каб зразумець.
Праўдападобна не было б такога ўражання, калі б беларуская гісторыя не аказалася пад ботам расійскай і польскай адначасна. Сама яна цяпер ледзь вылузваецца на свет божы, быццам раслінка ў трэшчыне асфальту.
Хай не бярэ ў рукі кніжку Чобата той, каму Беларусь – гэта polskie Kresy або Западная Россия. Шкада такога чалавека, расхварэецца! Жыві такі спакойна ў ілюзіях.
„Зямлю св. Лукі” на працягу пару гадоў публікаваў урыўкамі беластоцкі штомесячнік „Czasopis”. І слава яму за тое!
Сакрат Яновіч