БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Антон Адамовіч, Творы

Паўлюк Трус

Паўлюка Труса я пазнаў тады, калі ў яго за плячыма — літаратурным багажом — было ўсяго два-тры вершыкі, выдрукаваныя ў „Радавай Руні”, і нейкае апавяданьне, здаецца, з жыцьця Заходняй Беларусі, якім Паўлюк Трус найбольш ганарыўся.

Ён і тады быў такім самым моцным, здаровым, каржакаватым сялянскім хлапцом, якім усе яго ведалі аж да гэтай перадчаснай сьмерці. Толькі тады гэтую ягоную „сялянскасьць” яшчэ больш адцяняла вопратка — парыжэлы, хатняга сукна, па-вясковаму скроены „фрэнч”, такія-ж „галіфэ” і юхтовыя боты. Такім заўсёды можна было сустрэць на слаўным тэхнікумскім калідоры, стрэць у ваднэй з тых постацей, у якіх быў найбольш знаёмы Паўлюк усім, хто толькі ведаў яго ў прыватным жыцьці — вясёлым або злосным... То засьмяецца, зарагоча так, як умеў сьмяяцца, рагатаць адзін Трус, часта нават без відавочнай прычыны... А то зазлуе так чаго-небудзь і на кожнае тваё слова гатоў адказаць вядомым, так камічным ў сваёй сур'ёзнасьці — „От як дам зараз”... Адказаць, каб праз хвіліну ізноў зарагатаць здаровым сялянскім сьмехам жыцьця й маладосьці...

А жыцьцё й маладосьць, здавалася, буяла тады ўсюды, разьлівалася бурнымі хвалямі. Сам Паўлюк у вадным зь першых сваіх вершаў так ахарактарызаваў гэты час:

Упусьціла старое паводзьдзе,
Калі вір маладога нахлынуў.

„Вір маладога”, узьвіхраны Вялікім Кастрычнікам, запраўды заліваў тады ўсё чыста... Заліў-затапіў ён нарэшце й закінутыя неяк пад той час гоні беларускай літаратуры. Пачалося тое абнаўленьне, амалажэньне яе, якое правяло рэзкую мяжу між „нашаніўскім адраджэньнем” і „пасьлякастрычніцкай сучаснасьцю„. Пачаўся той, запраўды, бурны рух, які адны называлі „бурным росквітам маладнякізму, другія — „беларускім Стурм унд Дрангжам”, а трэція – на свой густ — „бурапенай”...

Белпэдтэхнікум, дзе вучыўся тады Паўлюк, адчуваў на сабе поўную адказнасьць ролі навучальнае ўстановы, якая падрыхтоўвае першыя кадры маладых будаўнікоў новага. І ён не забываўся на літаратурную дзялянку будаўніцтва. Падобна да таго, як нямецкія ўнівэрсытэты пары буйнага росквіту бюргерскае Нямеччыны выхавалі ёй цэлы шэраг „бурных геніяў„, як расейскія навучальныя ўстановы часу найвышэйшага ўздыму „старога парадку” дваранства багата папаўнялі шэрагі „пушкінскае плеяды”, і наш тэхнікум пачаў вылучаць зь сябе новых, пралетарскіх у будучым, паэтаў і пісьменьнікаў. Тады якраз пачалі прабаваць свае сілы на літаратурнай ніве студэнты тэхнікуму, пасьлейшыя ўзвышаўцы й белапаўцы – Пятро Глебка, Максім Лужанін, Сяргей Дарожны, Паўлюк Трус, Казлоўскі, Бандарына, Вішнеўская і іншыя.

Перад тады быў, безумоўна, за Паўлюком Трусом.

Посьпехі й рост яго запраўды зьдзіўлялі ўсіх. Нават тыя асобы, якія сачылі больш знадворныя факты, чымся нутраное жыцьцё маладое літаратуры, — і то дзівавалі, як гэта за такі кароткі час Паўлюк пасьпеў выпусьціць асобны зборнічак вершаў і нават заслужыць на зьмяшчэньне ў таўстых „Выпісах” Ул. Дзяржынскага, тымчасам як ягоныя паэтычныя аднагодкі маглі аб гэтым толькі летуцець...

Усе прарочылі Паўлюку шырокія далягляды й слаўную будучыню...

Крытыка адгукнулася аб ім жыва й больш чым прыхільна. З асаблівым захапленьнем пісаў пра першыя Паўлюковыя спробы Адам Бабарэка. „Паўлюк Трус — гэта крыніца зь беларускіх нетраў, гэта буйны вецер ад маладога жыцьця... П.Трус абяцае вельмі многа”.

Нават З.Жылуновіч, які ніколі ня мог быць заўважаны ў васаблівай прыхільнасьці да маладых талентаў, а ў той час нават залічаўся маладнякоўцамі ледзь не ў катэгорыю варожых „старых зуброў„, — і той ня мог абыйсьці Паўлюковых дэбютаў моўчкі, выдрукаваўшы ў „Полымі” нават адмысловы артыкул „Купчастыя руні”. Праўда, сваю ўвагу "ылуновіч аддаў не аднаму Паўлюку Трусу, а падзяліў між ім і Моркаўкаю — супастава, якая здавалася даволі дзіўнаю... Праўда і тое, што хоць Трус і тады стаяў непамерна вышэй за Моркаўку, на долю апошняга выпала значна больш і сымпатыі і нават месца ў артыкуле... Так, выходзіла, што Моркаўка „літаральна прагучаў перуном вялікай сілы”, тымчасам як Трусава паэзія — усяго „лера”... Моркаўка „займае пытаньне больш шырокага памеру, пранікаючы ў сьветавыя глыбіні і адначасна ўдараючы ў бок сацыяльна-грамадзкага іх напластаваньня”, „ён канкрэтней намацаў рэчы ў сваёй галізьне”, „абураны дарэшты жыцьцярадасьцю(?), ён бачыць усё перад сабою ў ружовых мулях”, а ў Паўлюка Труса, хоць і ёсьць „нясумны сум” ды нейкі „водар, які прыдае элексыр жыцьця”, але ягоныя „вобразы губляюць тонкія адценьні й гармонныя(?) пералівы ў сваіх фарбах. Губляецца пікантнасьць лірычнасьці паэты, прызначанай для ўлову натуральных вобразаў„... Справа даходзіць да таго, што бярэцца пад падазрэньне, як „паланее агнём душа” Трусавага „камсамольца Якіма”: „Калі згадзіцца, што й паланее, то агнём негарачым” – і тут-жа, у зносцы, бацькаўская перасьцярога: „Трэба адзначыць вялікі ўхіл Паўлюка Труса ў бок любоўных тэм. Гэта – нездаровае зьявішча. Мы-б раілі даць больш увагі тэмам аб праламленьні ў вёсцы Кастрычнікавай рэвалюцыі і яе вынікаў„... Нарэшце — гіблая справа! — „не выйграе” Паўлюк Трус і ў тым, што ўжывае больш асанансаў, чым Моркаўка...

Памятаю, як сьмяшыў гэты артыкул тады Паўлюка...

Наагул, цікавы быў час!

* * *

У вабстаноўцы гэтага часу выйшаў у сьвет і першы Паўлюкоў зборнічак — „Вершы”. Назоў — просты, няхітры, такая-ж простая й няхітрая пабудова зборнічка. Ён проста разьвёрстаны на тры разьдзелы, паводле трох усім вядомых тэмаў — рэвалюцыя (у зборніку называецца „Кастрычнік”), дзяўчына („Першае каханьне”) і прырода („Хараство прыроды”).

Першы разьдзел, ахвярованы Кастрычніку, у сваіх вершах добра захоўвае й перадае подых таго „маладняцкага” часу. Гэта-ж тут, у першым вершы, адзначаў Паўлюк той надыход маладога, новага:

Упусьціла старое паводзьдзе,
Калі вір маладога нахлынуў.

Гэта тут ён вызначыў канчаткова й сваё дачыненьне да гэтага „віру маладога”:

О бурліва-кіпучыя хвалі!..
Вам ня страшны пажар, навальніцы
У прыгожа-люстранае далі
Разам з вамі і мне не спыніцца.

Адпіхнуўшы ад берагу човен
І махаючы прысам кляновым,
Я плыву — і надзеяю повен,
Што спаткаю сусьвет вольна-новы!

Праўда, Паўлюк Трус не расказаў нам у сваёй паэзіі, ці мо' не пасьпеў расказаць, пра гэтае спатканьне з сусьветам вольна-новым... Ды й наагул, толькі раз ён паспрабаваў быў хоць крышку тэматычна выйсьці ў гэты сусьвет, выйсьці, так сказаць, „па камсамольскай лініі”:

Але справа магутнага КІМ'а
Не памрэ, будзе вечна квітнець!

(Да КІМ'а-ж так добра рыфмаваў камсамолец Якім) — і то зараз-жа пасьпяшыў уцячы на Беларусі імшары...

Будуць помніць Якіма аколіцы,
Беларусі кудравы імшар.

Фактычна-ж увесь сусьвет вольна-новы для Паўлюка ўжо тады абмежаваўся вольна-новай Беларусьсю. Яшчэ ў тым самым першым вершы, у самых першых ягоных радкох, мы бачым, як Паўлюк не знаходзіць іншага вобраза, каб выразіць той вір маладога, той надыход Кастрычніка, як бязьмежны разьліў беларускага Нёмна. Нават больш таго, ён сьведама адмаўляе, адкідае ўсе іншыя вобразы, вобразы „сусьветнага маштабу”:

То ня гул завірухі мяцежнай
І ня рокаты ўпартага мора, —
Гэта Нёман разьліўся бязьмежна
На грудзёх Беларусі прасторнай.

Тое-ж самае бачым і ў дзьвюх юнацкіх паэмках Паўлюка: „Юны змаганец” і „Астрожнік”, якія прытуліліся ў тым-жа „рэвалюцыйным” разьдзеле і якія Адам Бабарэка назваў быў у сваёй рэцэньзіі „маладой эпічнасьцю„. Запраўды-ж эпічнасьць тут даволі прымітыўная, наіўная. Сытуацыі шаблённыя, зацёртыя ўжо нават ў тагачаснай рэвалюцыйнай паэзіі. Псыхалягічнай матывацыі дый наагул матывацыі бадай ніякай. Надзвычай наіўнае і алегарычнае надзіўленьне, дадзенае героям у канцы паэмкі „Юны змаганец”:

Сёньня ён ды нястрымана-вольны
Піянер і паўстанец у вёсцы,
Дзе нядаўна ў часы паднявольля
Гадаваўся ў пакутах і рос.

Яго брат, што старое разбурыў, —
Камсамол з пралетарскаю верай!..
Яму матка — ўзгадована бурай
Камсамолія БССР.

Выручае гэтыя паэмкі хутчэй тая гарачая „маладая лірычнасьць”, якою абвеяны ўсе творы першага зборнічка. А ў гэтай лірычнасьці ізноў выплывае тая выключная ўвага да Беларусі, якую мы кагадзе адзначылі. Паўлюка найбольш цікавіць і непакоіць, як Беларусь убінтоўвала раны, Беларусь спавівалі пажары, як ня раз Беларусі абшары чырванелі крывавай расой і — як расьцьвітаў Беларусі разлог. Гэтым-жа заклапочаны і ягоны камсамолец Якім.

Не сумуйце-ж, лясы Беларусі,
Што мяне ашлюбуе расстрэл!..

І нават месца магутнага КІМ'а заступае ўзгадованая бурай Камсамолія БССР.

Так ужо ў „рэвалюцыйнай”, „Кастрычнікавай”, тэматыцы першага разьдзела выразна выступае гэтая характэрная рыса ўсяе Паўліковае паэзіі — Беларусь як „нацыянальны маштаб” у ёй, як яе найбольш улюбёная тэма і аб'ект.

Другі разьдзел — „Першае каханьне”, ад „ухілаў„ у якое Паўлюка перасьцерагаў З.Жылуновіч. „Каханьне ў творчасьці Паўлюка Труса — здаровае сялянскае каханьне”, – пісаў пра вершы гэтага разьдзела Максім Гарэцкі („Маладняк за пяць гадоў„). Такое меркаваньне пра любоўную лірыку першага зборніка бадай што справядлівае, хоць ужо й тут часам адчуваецца ўплыў таго, што зазвычай называюць „літаратуршчынай”. Так, на двух першых вершах разьдзела (дарэчы й пачынаюцца яны аднолькава — „У купальскую ноч”) і крышку на апошнім вершы („Плакалі ветры”), пры ўсёй іхнай „народнасьці” (фальклёрнасьці), адчуваецца пэўны рамансавы налёт. Здараюцца і ўплывы моднага тым часам літаратурнага штампу:

Ды пявучая жалейка
Недзе грала за тунэльлю.
Ты пайшла на сход ячэйкі
Тры званкі як празьвінелі.

А мяне цягнік-машына
Паімчала ў бурны горад.
Разьвіталіся, дзяўчынка,
Мы з табою ў вечар горды.

Але лепшая рэч у разьдзеле — „З паэмы “Сірата Алеся”„ — вытрымана скрозь у духу народнае творчасьці. Гэтая паэма — справа ўсяго кароткага Паўлюковага жыцьця – так, здаецца, і засталася незакончанай [1]... Яна ўся як-бы саткана зь песень больш або менш блізкіх да песень народных. Героі паэмы ня дзейнічаюць і нават не гавораць, а пяюць, быццам у опэры. І запраўды — паэму можна назваць опэрай і нават, больш таго, народнай опэрай, як называў Раманаў народнай опэрай беларускае вясельле. Песьня наагул і народная песьня асабліва — асноўны кампазыцыйны й нават выдатны тэматычны элемэнт паэмы. Так і згаданы ўрывак канчаецца вялікім лірычным адыходам пра песьню.

Тут упершыню выступае новая асаблівасьць Паўлюковае паэзіі, якая ў далейшым зьяўляецца для яе дужа характэрнай — песеннасьць, сьпеўнасьць. Гэтую асаблівасьць заўважыў нават З.Жылуновіч у згаданым намі артыкуле. „Уся лірыка паэты — запраўды свайго роду сьпевы”, — пісаў ён.

І ўсе, хто знаў Паўлюка, добра памятаюць, якім аматарам сьпеваў і заўзятым сьпеваком — заўсёды першым пачынальнікам, „запявалам” быў ён пры жыцьці. Усё жыцьцё так моцна, так моцна, як Беларусь, любіў Паўлюк песьню...

Апошні разьдзел у зборніку — „Хараство прыроды”. Але дарэмна вы шукалі-б тут чыста прыродаапісальных матываў, чыстага „хараства прыроды” — прыроду Паўлюк тут яшчэ не малюе саму па сабе, а заўсёды толькі як абстаноўку сялянскіх палёвых работ — жніва, касьбы, як месца для прылажэньня маладых сіл. Гэта хутчэй не „хараство прыроды”, а „хараство працы над прыродай”.

У матывах „вольнае працы” (Будзем позна касіць – да зьмярканьня, вольнай працы настаў ужо час), у цьвёрдай упэўненасьці, што нам ніхто не заслоніць дарогу — вольнай раці касцоў маладых — вершы гэтага разьдзела пераклікаюцца зь першым разьдзелам зборнічка:

Растрасаюць мурог маладзіцы,
Дні мінулага помняць яны
Як у „морах” сушылі травіцу,
А над імі стаялі паны.

Але яшчэ больш пераклікаюцца яны з гэтай песеннасьцю, сьпеўнасьцю другога разьдзела, пра якую мы кагадзе гаварылі. Бо ці-ж бывае ў Беларусі якая работа на полі ды бязь песьні?

Пакацілася сонца за горы,
Вецер ціхі на землю прылёг.
Патанулі ў сьпевах прасторы,
Адгукнуліся песьні ў палёх.

Добра помню я гэтыя сьпевы,
Буду помніць цябе, сенажаць,
Як пракосамі з правай і зь левай
Сьмела йдзе нестрыманая раць!..

Але песьня ня толькі спосаб назаўсёды запомніць сенажаць, запомніць любую прыроду й працу. Яна можа нават падпарадкаваць сабе гэтую прыроду, ускалыхнуць яе:

Калыхала песьня паплавы-прасторы...
Калыхала песьня небасхіл імглісты,
Калыхала сьвістам
Пад гарою гай...
Калыхала песьня вольнае бязьмежжа...

І тут-жа ўся Паўлюкова любасьць да песьні-сьпеву, цяпер ужо як сьпеву на ўлоньні прыроды, прарываецца, выбіваецца напаверх, проста называецца —

Ой, люблю сьпяваць я на мяжы гарыстай,
Дзе ў зары празрыстай
Топіцца імгла.

Ды песьня й ня толькі спосаб ускалыхнуць прыроду, яна й спосаб зьліцца, сьплесьціся зь ёю, завіцца ў яе вянок:

Вецер, вецер — буйны вецер!..
Сьпеў ад сэрца льлецца...
Маіх песень гольле-вецьце
У вянок заўецца.

Прырода, праца, песьня — яны-ж так блізкі міжсобку, неразлучны проста... І часам Паўлюк любіць ствараць такія вобразы, дзе ўсе тры шчыльна зьліваюцца ў адно:

Ой, у полі за гарою
Вечар плаваў у дажынках...

Вечар, прырода вечара, плавае, зьліваецца з дажынкамі. А дажынкі — гэта-ж і праца, і песьня, моцна зьлітыя й зьнітаваныя разам.

Хараство прыроды, працы, песьні...

Гэта быў-бы поўны назоў апошняга разьдзела.

Цікавы яшчэ й самы апошні верш гэтага разьдзела — заключны верш зборнічка...

Тут знаходзім яшчэ адно новае, што толькі-толькі назначалася тады... Гэта — як-бы адлучэньне роднай вёскі ад сябе, нават як-бы процістаўленьне сябе вёсцы. А сама вёска таксама выходзіць тут інакшай, непадобнай да вясковае рэвалюцыйнае Беларусі першага разьдзела. Яна ўся ахоплена журбой-тугой, смуткам асеньняга, ад якога быццам-бы ўжо няма й ніякае вады гаючае:

Вёска, вёска —
Верасьнёвая прозалаць-кроў!..
Ну, аб чым ты сумуеш сягоньня?!
Майго сэрца журбою ня крой,
Яно — звон,
Па-вясноваму звоніць.

Ну, аб чым ты сумуеш?
Скажы!
Ці шкадуеш, што вольныя ветры
Узрываюць быльнёг на мяжы
І нясуць яго ў цёмныя нетры?

Ці сумуеш, што ветры ў гаі
Хіляць вербы да самага долу?..
Ой, ды смутку твайго не згаіць
У лісьцьве-жоўтацьвецені кволай...

Але падобныя матывы пакуль што выпадковыя й нехарактэрныя для Паўлюковай паэзіі. Вёска, сялянства застаецца адзіным тэматычным асяродзьдзем, якое аб'ядноўвае ўсе разьдзелы зборнічка. Усе тыя тэмы Паўлюковае паэзіі — рэвалюцыя, Беларусь, каханьне, песьня, прырода, праца, якія мы праглядалі вышэй, вырастаюць на вясковым, сялянскім груньце. Усе яны патрабуюць аднаго прыметніка — „вясковы”, які так шчыльна прыстае да іх: вясковая рэвалюцыя, вясковая Беларусь, вясковае каханьне („здаровае сялянскае” паводле М.Гарэцкага), вясковая песьня, прырода, праца... Ува ўсіх іх выразна праступае вясковасьць, сялянскасьць самога Паўлюка.

І тая мастацкая мова, якою разьвівае Паўлюк Трус усе гэтыя тэмы, — таксама вясковая, сялянская мова. Перш-найперш, гэта мастацкая мова беларускай народнай творчасьці. „Народную музычнасьць, насычанасьць народнымі вобразамі, параўнаньнямі, сакавітымі эпітэтамі і іншымі ўкрасамі, якія робяць верш П.Труса лёгкім, пявучым, мяккім і пяшчотным”, — адзначаў і падчыркваў Адам Бабарэка ў рэцэньзіі на зборнічак. Ён бачыў у гэтай акалічнасьці тое, „што паэта мае грунт для свае творчасьці” й нават „выкіроўваецца на свой уласны творчы шлях”. У падобным-жа духу выказваліся і іншыя Паўлюковы крытыкі.

Але гэтая мастацкая мова не была выключна фальклёрнаю. Гэта была наагул жывая вясковая мова, зразумелая й даходлівая да кожнага селяніна. Яе Паўлюк прынёс зь вёскі чыстай, амаль незачэпленай уплывамі іншых моўных культур. Гэтых уплываў, якія так псавалі бадай што ўсіх старэйшых Паўлюковых таварышаў па пяру, уплываў старое расейскае школы, блізка зусім ня ведаў Паўлюк Трус, студэнт Беларускага пэдагагічнага тэхнікуму, выхаванец беларускай ужо (хоць збольшага) школы. Вясковая беларуская мова моцна трымалася ў яго на груньце вясковага-ж, сялянскага кругагляду, таксама блізу незачэпленага ўплывамі гарадзкога жыцьця й культуры. Ува ўсім гэтым, мне здаецца, і быў сакрэт вялікай папулярнасьці Труса ў сялянскіх масах, якая асабліва ўзрасла пасьля выхаду першага ягонага зборнічка і амаль што не дасягнула папулярнасьці нашага слаўнага сатырыка Крапівы. Памятаю, як расказвалі пра гэта й нашыя тэхнікумаўцы, якія таксама захапляліся Паўлюковай паэзіяй, знаходзячы ў ёй шмат свайго, і завозілі яе падчас вакацый на вёску сваім бацьком — сялянам. Паямтаю, як адзін з гэтых бацькоў, заехаўшы неяк у інтэрнат да сына, дужа шкадаваў, што яму позна сказалі, „што гэны малы, кучаравы — гэта Трус” (а сказалі, калі Паўлюк пайшоў). „Гэта-ж так піша, так піша, браце мой”, — казаў ён мне.

Гэтая-ж вясковая мова, асабліва мова народнай творчасьці, у Паўлюка Труса чаравала й тых беларускіх інтэлігентаў, якія былі ўжо выхадцамі зь вёскі. Ды побач з мовай народнай творчасьці яшчэ больш захапляў іх той „дух” яе ў Паўлюковай паэзіі, які часта даходзіў да літаральнага насьледваньня, перайманьня. Але перайманьне з народнай творчасьці, нават так шырока пастаўленае, як у некаторых рэчах Паўлюковага зборнічка, ня звыклі ў нас лічыць заганай, а зусім наадварот. Тым больш не лічылі яго заганаю тады, калі гэта было яшчэ пэўнай усё-ткі навіной.

А побач зь перайманьнямі народнай творчасьці прытуліліся ў зборнічку й даволі сьмелыя перайманьні з Чарота (першы разьдзел зборнічка, асабліва верш „Пасьля Буры”), Яз.Пушчы (апошні разьдзел, асабліва „Асеньняе”). Праўда, менавіта „прытуліліся побач” і нікому тады не маглі яшчэ кідацца ў вочы.

Дый наагул, хто мог асабліва закідаць у пераймальнасьці першаму зборнічку маладога паэты. Асабліва-ж, калі прыгадаць тое захапленьне, якое прынёс з сабою гэты зборнічак. І зусім правым быў той-жа Адам Бабарэка, які так пачынаў сваю рэцэньзію пра зборнічак: „Ці слухалі вы калі сьпевы, што вецер прыносіць на даліну з-за гаю? Напэўна слухалі і ўпіваліся іх музыкай і хмелем, не пытаючы, адкуль плывуць такія чароўныя мэлёдыіі й звонкія акорды”.

Тым-жа часам, як паказала далейшае, гэтая пераймальнасьць сталася характэрнай асаблівасьцю паэзіі Паўлюка Труса.

Разам з гэтым, ужо тады можна было заўважыць і адпаведную асаблівасьць у Паўлюковым характары — гэта тое, як лёгка мог паддавацца ён розным староньнім уплывам самых розных асобаў... І гэтая „падуплыўнасьць”, калі можна так сказаць, якая выклікала частыя хістаньні то ў той, то ў другі бок, таксама сталася пазьней характэрнай і ўсім вядомай рысай Трусавай натуры.

* * *

Час ішоў. Рэвалюцыйная рамантыка эпохі вясковага камунізму, параджэньнем якое й быў „бурны маладнякізм”, даўно сышла са сцэны, саступіўшы месца разгортваньню мірнага будаўніцтва. Усё гэта, вядома, не магло не згукнуцца й на літаратуры... „Бурапена”, як быццам-бы суцішалася... Добрыя „напутственные” словы паслаў ёй наўздагон Адам Бабарэка на тым першым зьезьдзе непадзельнага яшчэ „Маладняка”, які стаўся апошнім ягоным зьездам, — „сунімецца бура, астаіцца, прастыне — і бурапена зьнікае, растае — астаецца адна слата”. І папраўдзе, як паглянуць назад — ці не адна слата засталася ад шмат якіх „паэтаў„, што пачыналі разам з Паўлюком, а то 'шчэ й раней за яго, ды аддалі сваю „творчасьць” усю на слугаваньне „бурапене”...

Гэты-ж моцны, каржакаваты сялянскі хлапец трымаўся... На тым-жа зьезьдзе той-жа Адам Бабарэка так абегла-мэтафарычна характарызаваў ягоную творчасьць: „Вось хоць-бы ўзяць Паўлюка Труса. Яго творчасьць можна толькі параўнаць з бурнай веснаплыньню прабіўшайся зь беларускіх ветраў крыніцы, якая імкліва нясецца наперад і наперад, ломячы ўсякія перашкоды і ўбіраючы ў сябе ручайкі й рачулкі, якія булькочуць на мастацкіх далінах. Крыніца гэта з кожным днём пашыраецца й набывае ўсё новыя й новыя адценьні колераў ад таго, што ўбірае ў сябе новыя воды, і ад таго, што выбіваецца на новай прасторы. І цяпер яшчэ рана казаць, што вынесе з сабою гэта крыніца”. І тут мы ўжо можам заўважыць цьвярдзейшы, пры ўсёй ягонай мэтафарычнасьці, намёк на тую пераймальнасьць, „падуплыўнасьць”, пра якую кагадзе гаварылі („убіраючы ў сябе ручайкі й рачулкі, якія булькочуць на мастацкіх далінах”).

Хутка, аднак, гэтая падуплыўнасьць пачала больш выразна выяўляцца.

Перш-найперш, некаторыя абставіны літаратурнага жыцьця дапамаглі выявіцца ёй у Паўлюковым характары. Нельга сказаць, каб гэтае выяўленьне нічога не каштавала Паўлюку. Якраз наадварот. Гэта быў першы ўдар, які да таго-ж ён нанёс сам сабе...

Ну што, здавалася-б (а дзе каму й здаецца), магло быць для Паўлюка такога ў гэтым лісьце ў рэдакцыю „Савецкай Беларусі”, хоць і выдаваўся ён шмат каму дзіўным і нечаканым:

Паважаны тав. рэдактар!

Прашу зьмясьціць у вашай газэце ніжэйпаданае.

Выпадкова я даведаўся, што ў рэдакцыі газэт „Савецкая Беларусь” і „Зьвязда” паступіў ліст выйшаўшых з „Маладняка” таварышаў, пад якім стаіць маё прозьвішча [2]. Лічу патрэбным заявіць, што ліста гэтага я ня бачыў, не падпісваў і выходзіў я з „Маладняка” зусім не па тых прычынах, якія ўказаны ў лісьце.

Пасьля некаторых разважаньняў я лічу свой выхад памылкаю й дзеля гэтага зноў уступаю ў шэрагі аб'еднаньня „Маладняк”.

Паўлюк Трус

Нічога асаблівага! Пасьля гэтага Паўлюк нават паехаў на Каўказ ці ў Крым, не памятаю добра, вясёла гуляў там цэлае лета...

Толькі пад восень ён напісаў верш, які, здаецца, не друкаваўся яшчэ нідзе й зьмяшчаецца тут упершыню:

Дарагая мая, дарагая,
Кволых слоў не шукай для душы!
Для мяне ты сягоньня чужая,
Я таксама па-свойму чужы...

А калісь называў цябе мілай,
Бо ня знаў, як душою крывіць...
Пашукай, што вятры загубілі,
Можа знойдзеш пялёсткі ў крыві.

Можа знойдзеш апрыкрыя словы,
На хвіліну каб боль загаіць...
За вакном у лістох каляровых,
За вакном ў пазалоце гаі...

Дарагая мая, дарагая,
Кволых слоў не шукай для душы!
Для мяне ты сягоньня чужая,
Я таксама па-свойму чужы...

Гэта была восень 1926, калі гаі ў пазалоце стаялі амаль не да каляд. Якраз такая восень, якую нядаўна гэтак добра апісаў Язэп Пушча:

Каб ведалі толькі, якая ў нас восень!
Ліст кожны ўзьвіваецца ў неба высока,
І ветры між зорамі белымі носяць...

Шмат хто з нас у тую восень адчуваў сябе такім лістам на крылах вятроў. Але тыя-ж вятры, якія між зорамі белымі насілі, адхіналі, падымалі перад намі хоць рубочак заслоны, за якою горда ўзнімаліся ўзвышшы наступнага, узвышшы, якія пабачаць вякі й народы.

Паўлюку-ж пачало здавацца, што ён сам назаўсёды апусьціў перад сабою гэтую заслону. Яму здавалася, што вятры загубілі і ў загубленым — пялёсткі ў крыві... Яму здавалася, што ён стаў усім па-свойму чужы, што чужая яму і яго дарагая — паэзія... Ён зь вялікім болем убачыў, што пазнаў, як душою крывіць... І ўжо ўсе словы, якія маглі-б суцішыць, суняць гэты боль, здаліся апрыкрымі...

Але сялянскай натуры Паўлюка не ўласьцівы былі глыбокія рэфлексіі, не было ў ёй вялікага нахілу да самааналізу й самабічаваньня... Нават верш выходзіў неяк незакончаны, і, каб завяршыць яго, прыйшлося ўжыць стары прыём „пярсьцёнка”, які даваў задавальненьне хоць тым, што яшчэ раз падчыркваў „чужасьць” і безнадзейнасьць знайсьці словы, на хвіліну каб боль загаіць... Дый увесь боль быў толькі сягоньня (для мяне ты сягоньня чужая)... І, мабыць, словы знайшліся... Можа з апрыкрых яны сталіся кволымі... А можа й зусім слоў не было, толькі хвіліны, калі боль маўчаў, рабіліся ўсё даўжэйшымі й даўжэйшымі, калі нарэшце самы боль усплываў толькі хвілінамі... У такія хвіліны ў паэзію прасочваўся той пякучы сум, пачатак якога — у гэным вершы-звароце да дарагое. Можа загэтым так шмат яго ў другім Паўлюковым зборнічку, дзе „настроі засмучоныя”, „занадта шмат сьлёз”, як піша М.Гарэцкі („Маладняк за пяць гадоў").

А ў хвіліны, калі боль рабіўся вострым і нясьцерпным, такім нясьцерпным, што ня мог ужо выліцца старым, аблюбаваным шляхам у верш, пісаўся ліст да былога сябра:

...Няхай ня будзе для цябе гэты ліст неспадзяваным. Гэта я хацеў зрабіць даўно, але не хапала сьмеласьці, проста ня меў сілы зьвярнуцца зноў да таго блізкага сябра, якому здрадзіў...

...Помню, калі на першым зборнічку сваіх вершаў я табе напісаў:

– Хто пытае, той ня блудзіць.

Гэта я заўсёды помніў і прымаў пад увагу.

Але ў апошні час я зблудзіў, зблудзіў з тае дарогі, па якой ідуць мае таварышы, блізкія мне па творчасьці...

...Гэты ліст, які быў зьмешчаны ў газэце, я падпісаў сам, але самы зьмест ліста складалі Д. і Б [3]. Яны тады на рамізьніку прыімчаліся да мяне ў Дараўку й гэта ўсё зрабілі.

Зноў-жа, паўтараю, я сам ня ведаў, што яны хацелі са мной рабіць...

...Я не хачу адорвацца ад тых людзей, якія сапраўды твораць літаратуру, твораць, нягледзячы на розныя цкаваньні... ад тае групы, якую я лічыў, лічу й буду заўсёды лічыць сваёй па творчасьці...

Ды зноў боль суцішыўся, і ўсё ішло сваім старым парадкам. Ізноў апаноўвалі душу тыя ўплывы й гаючыя словы, пра якія Паўлюк так прастадушна прызнаецца, што й сам ня ведаў, што яны хацелі са мной рабіць... Так — да новага прарыву-прыступу... І, хто яго ведае, мо', каб ня гэтая раптоўная сьмерць, боль скончыўся-б назаўсёды ў адзін з такіх прыступаў, скончыўся-б яшчэ да сьмерці...

* * *

Вецер, вецер, буйны вецер! – так вітаў словамі зь ягонага-ж верша Адам Бабарэка.

І вось буйны вецер пробаваў размахнуцца аж у ветры буйныя — у зборнічку пад такім назовам.

Хай ветры буйныя разьвеюць
У песьнях моладасьць маю!

А моладасьць, здавалася, красавала па-ранейшаму... І ранейшымі, здавалася таксама, былі песьні, тэмы й матывы... Толькі строгая пабудова зборнічка, пры значным павелічэньні памеру яго, парушылася, заблыталася — вершы рассыпаліся, разьбегліся, перапляліся ўжо ў пяці прасторных разьдзелах... Можа і іх разьвеялі ветры буйныя...

Перш-найперш, вядома, і тут Беларусь — галоўным і вышэйшым матывам:

Хай пэрлы дум маіх суцешыць
Яе валос чарнявы шоўк!

Але ранейшая выключная ўвага да Беларусі цяпер перарастае ўжо ў вялікую любасьць, гатоўнасьць усё аддаць для яе — і пэрлы дум — вянкі вечна-сьветлых думак і ўсё, чым сэрца плача, і само сэрца, і кветкі на ростані:

...Я для Беларусі,
любай Беларусі,
зь вечна-сьветлых думак
ды паўю вянкі...

...Я прыйшоў на ростані
кветкі падарыць
Беларусі мілай
ў сьветла-сініх зорах!

А найвышэйшы ўздым гэтага пачуцьця даходзіць тут аж да захапленьня ад свае любасьці да самазахапленьня й нават, можна сказаць, — самахваленьня:

Аддам усё, чым сэрца плача,
Дастану сэрца й падару,
Бо я людзей яшчэ ня бачыў,
Каб так любілі Беларусь!

Якую Беларусь — добра ведаў Паўлюк... Ён ведаў, што не запаўняе анкету, а творыць паэзію...

І ў сваёй любасьці спакойны й радасны Паўлюк за долю гэтае Беларусі:

Над чаркай возера
Сінеючай вады,
Дзе кучаравіўся
Аер высокі,
Стаяў курган,
Забыты, адзінокі,
Свой сьлед на ім
Пакінулі гады.

А ветры сонныя
Купаліся, як дым,
Спакойна веялі
З краін далёкіх,
Паілі дол
Пажоўкла-горкім сокам,
Дзе гаманіў
Сасоньнік малады...

Забыты край!..
Пахіленыя вёскі...
Гляджу на вас,
І ў сэрцы
Буйны росквіт
Ў сузор'ях радасьці
Красуе і цьвіце...

Бо там, дзе ў бурах
Сыпалася зерне,
Бур'янам дзікім
Шлях не зарасьце...
Калі пунсовасьць
Пацеркі наземіць!..

Ці не нагадуе вам гэты „па-новаму” разьвёрстаны санэт, вядомы, слаўны „Санэт” Максіма Багдановіча — „Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі”?...

Адылі, на гэтым любасьць да Беларусі й вера ў яе не абмяжоўваюцца. Калі раней Беларусь была, як мы казалі, „нацыянальным маштабам” у паэзіі, дык цяпер любасьць да Беларусі набывае значэньне меры для ўсіх рэчаў:

Буду зваць цябе любай дзяўчынай
За адно, што ты шчыра й папросту
Беларусь называла краінай,
Дзе цьвіце па-асеньняму росквіт,
Дарагой называла краінай!..

Так ужо ацэньваецца з пункту гледжаньня гэтае любасьці й само каханьне — тое каханьне, якое было другой буйной тэмай Паўлюковае паэзіі ў ягоным першым зборнічку. І нават у ахварбоўку трэцяй ранейшай тэмы — прыроды — уносіць сваё гэтая Беларусь. Калі раней прырода разглядалася як месца для сялянскай працы й песьні, дык цяпер яна ўжо робіцца месцам, дзе можна зь песьнямі стрэць Беларусь.

Коцяцца пацеркі рос,
Завіваюцца песьні ў дасэні
Сьветлай усьмешкаю зор
Коцяцца пацеркі рос!

Там, на шляху ля бяроз,
Ў вечар маўклівы асеньні
Зь песьнямі стрэў Беларусь,
Там, на шляху ля бяроз.

Гэтак, як бачым, разрастаецца тая першая тэма Паўлюковае паэзіі, якая й раней займала ў ёй выключнае палажэньне, разрастаецца, падпарадкуючы сабе ў агульным і вышэйшым усе іншыя тэмы. Але побач з гэтым цікава адзначыць і яшчэ адну, дужа важную, рысу ў эвалюцыі гэтае тэмы. Гэта тое, што яна, набываючы больш эмацыянальнасьці, усё больш адцягваецца ад абстановачнасьці. У другім зборніку мы маем любасьць да Беларусі, але ўжо зусім, бадай, ня маем канкрэтнай Беларусі, якая ў першым зборнічку так яскрава выступала як вольна-новая Беларусь, Беларусь Кастрычніка, бо, дарэчы, ня маем ужо й самой тэматыкі „Кастрычніка” [4]. Нават той верш пра забыты край, які мы кагадзе падавалі, дзе яшчэ можна знайсьці крышку гэтай абстановачнасьці, мае ўсё-ж адцягнены характар, і самая абстановачнасьць тут больш сымбалічная — адцягненая.

Уразумець зусім і вытлумачыць сабе гэтую новую акалічнасьць можна будзе толькі тады, калі мы паглянем, хоць збольшага, на эвалюцыю іншых, цяпер ужо пабочных, тэм Паўлюковае паэзіі ў другім зборніку.

А ўжо ў другім вершы названага зборніка Паўлюк у такой цікавай форме ўспамінае пра гэтыя тэмы:

Выйду ўвечар за дуброву,
Стану пад калінай.
Ці ня ўмые мае бровы
Поглядам дзяўчына.

Ці ня ўмые мае скроні
Кволы цьвет таполяў,
Што лісьцём услалі гоні,
Дываном — у полі.

Вось вам і першы намёк на гэтую эвалюцыю... Ужо няма цьвёрдае ўпэўненасьці ў тым, што ўмые бровы поглядам дзяўчына, што ўмые скроні кволы цьвет таполяў... Што-ж такое здарылася? Пачнём зь дзяўчыны, „здаровае сялянскае каханьне” да якое было аднэй з найважнейшых тэмаў першага зборніка.

Аказваецца, што Паўлюк цяпер ужо далёка ад гэтае „здаровае сялянскасьці”:

І заплачуць бровы,
Засьмяюцца вочы,
— Дзе-ж ты, дарагая? —
У сябе спытаю.

Можа адзінока
Зь вёдрамі на кладцы
Думае-гадае
Любая дзяўчына...
І адкажа сэрца:
— Там яна, далёка,
Кужаль дапрадае
Ўвечар, пры лучыне..

Засталіся толькі ўспаміны, можа часам пісьмо, што на ўспамін дзяўчына мне прыслала... Тыя ўспаміны, якія ўзьнімаюць трывогу і за сябе, і за дзяўчыну:

Павей, вецер, з-за дубровы,
А я ўспомню чорны бровы,
Чорны бровы, ясны вочы...
Павей, вецер, апаўночы!

Можа ў ветры-ветравіньні,
Ў ветравіньні — пры даліне,
Пры даліне — ў вечар сіні
Вобраз ў сэрцы не астыне?
..............................
Калі-ж міла сэрцам чулым
Ды другога прыгарнула,
То разьвейся, буйны вецер,
Над калінаю, у вецьці!..

Вось вам і як-бы пачатак новага матыву — матыву здрады ў каханьні... Праўда, гэты пачатак так, здаецца, і застаўся неразгорнутым у Паўлюка. А можа ён не разгарнуўся й таму, што важней за магчымую здраду аказалася халоднасьць, якая замарозіла сэрца:

Навошта сэрца замарозіў
Вянком халодных тваіх рук?..
Цябе сустрэў я на дарозе,
Сустрэў, як родную сястру.
Ня ведаў я, якія сьцежкі
Нас так па-свойму разьвядуць.
Ты толькі ласкавай усьмешкай
Мне падарыла краскі дум.

А іх жыцьцё імчала далей
На хвалях цёмных як калі...
І кветкі дзікія завялі,
Ў душы ўспамінам адцьвілі!..

Старое „першае каханьне”, якое магло быць цяпер адно каханьнем на адлегласьці, здавалася, толькі марозіла сэрца. Хацелася большае палкасьці, эмацыянальнасьці — можа такое нават, якую адчуў Паўлюк да Беларусі. Знайшліся новыя сьцежкі, якія так па-свойму разьвялі са старым каханьнем, жыцьцё загубіла колішнія краскі дум — дзікія кветкі „здаровага сялянскага каханьня”, бо жыцьцё наагул адарвала ад „здаровае сялянскасьці”. Яно спрабуе пакласьці канец нават успамінам аб ёй:

Вее вецер на даліну,
Будзіць ў сэрцы успаміны.
Мо' апошнія? Няйначай!..
Сэрца ў роспачы ня плача!

Праўда, зрэдку яшчэ выплываюць надзеі, што каханьне можа стрэне й сэрца ўцешыць, калі ня тым гарачым пачуцьцём, якога цяпер так хоча гэтае сэрца, дык хоць колішнім сьмехам, што ўсё-ж не марозіць:

Можа сёньня стрэне,
Можа сэрца ўцешыць
Ды разьвее думы
Сьмехам, як калісьці?

Гэтак і другая ранейшая тэма — каханьне, побач зь імкненьнем да большай эмацыянальнасьці, набывае больш адцягненую форму — форму ўспамінаў і часам надзей. Толькі тут ужо выразьней дае адчуць сябе прычына гэткае зьмены...

Ад дзяўчыны такім-жа тропам коціцца шлях да трэцяй ранейшай тэмы — прыроды, бо таксама невядома, ці ўмые скроні кволы цьвет таполяў... І тут адразу-ж абдае хваля такой эмацыянальнасьці, якое не было ў прыродаапісальнай лірыцы першага зборнічка...

Калі дзяўчына можа здрадзіць сваёй халоднасьцю, дык ці ня лепш усю кволасьць і цеплыню пачуцьця аддаць прыродзе?

Любіў і я!..
Любіў калісь вясну,
Любіў да сьлёз,
Як матку, як дзяўчыну!..
Але цяпер,
Цяпер яе адну
Я сэрцам выпяю
У кволых журавінах.

Але на эмацыянальнасьці, якая тут даходзіць аж да тклівай чульлівасьці (гэта-ж найбольш да прыродаапісальнае лірыкі другога зборнічка й датычылі згадваныя ўжо словы М.Гарэцкага — „занадта шмат сьлёз”), справа й на гэты раз не канчаецца. Калі раней у Паўлюковай паэзіі мы ведалі прыроду толькі цесна злучанай з працай — прыроду жніва, касьбы, дык цяпер гэтых матываў вясковай працы амаль не знаходзім. Ранейшая тройца — прырода, праца, песьня — распалася... „Праца” выветрылася ў „прыроду” й „песьню„. Так, само жніво, прыкладам, разглядаецца ўжо не як палёвая работа, а як прастор шырокі і сьпевы на ўзмор'і гордае красы:

Люблю жніво!..
Прастор шырокі,
Дзе ў межах шэпчуць каласы...
Дзе сьпевы коцяцца далёка
На ўзмор'і гордае красы!..

Нават пра самых жней — ужо ані слова! А калі й прамільгнуць яны дзе, дык толькі як дзейнікі песьні, а ня працы:

Падзіўлюся, як жнеі пяюць,
Засьпяваю і сам пра раздольле...

Калі-ж здараюцца дзе-нідзе й малюнкі самое працы, дык адразу кідаецца ў вочы, што замалёўка іх зроблена цяпер здалёку, з пэўнай адлегласьці. Плястычнасьць працоўных рухаў, якая зварачае на сябе ўвагу ў гэтых замалёўках, выдаецца ўжо не жыцьцёваю, а толькі па-мастацку вылепленаю:

І толькі постаці,
Як у беразе чаўны,
Спакойна плаваюць
Ў жытнёвым моры...

Бо і ад працы таксама, як ад каханьня, засталіся адны ўспаміны:

Лугі!.. Лугі!.. Вас не забыцца!..
Дзе так разгуліваў з касой...

Вызваленая ад матываў працы тэма прыроды атрымоўвае ў гэтым зборнічку магчымасьць разьвязвацца больш у пляне чыстае прыродаапісальнае лірыкі (прыкладам, верш „Над возерам” і інш.).

Ізноў тое самое адцягненьне...

Толькі адна песьня, нават разлучаная з прыродай і працай, не губляе ранейшай чароўнасьці:

Ой, песьня, песьня дарагая,
Ў душы ты век не адцьвіцеш!

Такіх радкоў шмат у зборніку. Любасьць да песьні не слабее, а таксама ўзрастае, як і любасьць да Беларусі. Абедзьве, як і раней, ідуць побач. Але й песьні знаходзіцца новая роля, новая функцыя. Гэтую функцыю надае ёй тэма, якую разьвіваюць, галоўным чынам, вершы апошняга разьдзела зборніка. Гэта — тая тэма, зародак якое можна бачыць яшчэ ў першым зборнічку [5], але менавіта як зародак, выпадковасьць і нехарактэрнасьць якога для агульнага тону таго зборнічка мы ў свой час адзначалі... Гэта-ж і тая тэма, якая, зрабіўшыся ў другім зборніку зусім выяўленай і характэрнай, дапаможа нам канчаткова асьвятліць і ўсе зьмены, якія мы бачым у эвалюцыі папярэдніх тэмаў. Гэта — вёска...

Ой, вёска, вёска пры гасьцінцы,
Пад ціхі гоман вербалоз
Яшчэ з гадоў свайго дзяцінства
Я пакахаў цябе да сьлёз!

Але чаму-ж і ў гэтай новай тэме адразу-ж б'е тая самая крыніца тклівай эмацыянальнасьці — эмацыянальнасьці да сьлёз?

Заплачуць вербы над крыніцай,
Як я ў далі ад тваіх хат...

Вось вам і гатовы адказ, які сам сабою выплывае з гэтай эмацыянальнасьці. Аказваецца, Паўлюк ужо ў далі ад хат роднае вёскі — тае вёскі, якая была, як мы бачылі, асноўнай стыхіяй ягонай паэзіі, адзіным яе тэматычным асяродзьдзем. Ён разлучаны з тэю вясковасьцю, што адна была вызначыла сабою характар усіх ягоных песень, тэм і матываў... І адсюль робяцца зусім зразумелымі ўсе тыя зьмены ў гэтых тэмах, якія мы вышэй назіралі. Калі раней вёска была разам з Паўлюком, яна была непасрэдна-адчувальнаю й патрабавала ад яго толькі свайго выяўленьня. Гэта й было сумленна выканана ў першым Паўлюковым зборнічку, дзе ён і даў нам, як мы казалі, вясковую рэвалюцыю, вясковую Беларусь, каханьне й г.д. Але калі прыйшло аддаленьне ад вёскі, дык ясна, што яна ўжо не магла быць непасярэднім адчуваньнем, а павінна была перанесьці сваё існаваньне ў пачуцьці, стацца толькі пачуцьцём, якое таксама запатрабавала свайго выяўленьня. І ўжо вынікам гэтага выяўленьня мы маем тую эмацыянальнасьць, наяўнасьць якое намі адзначалася й падчырквалася, як характэрная рыса ў эвалюцыі Паўлюковых тэмаў.

Гэтае-ж аддаленьне ад вёскі, разумеецца, ляжыць і ў аснове другое зьмены, якую мы заўважалі побач з кагадзе згаданаю — у васнове адцягненасьці. Зусім ясна, што калі з аддаленьнем ад вёскі зьнікала непасрэдная адчувальнасьць вясковасьці, дык павінна была паступова сьцірацца й канкрэтнасьць вясковага малюнку, чаму нямала спрыяла й форма ўспамінаў, якая сваім зьяўленьнем абавязана, вядома, таму-ж аддаленьню.

Нарэшце, нішто іншае, як гэтае-ж аддаленьне, выклікала й самы факт зьяўленьня вёскі, як новае тэмы ў Паўлюковай паэзіі. Запраўды, калі вёска была яшчэ жыцьцёвым асяродзьдзем Паўлюка, дык вясковасьць выступала ўва ўсіх тэмах сама сабою, як іхная неад'емная характэрная рыса, не патрабуючы вылучэньня ў нешта асобнае, не патрабуючы нават свайго называньня. Ды гэтага адлучэньня тады проста й не магло быць, бо вёска была яшчэ ўсім для Паўлюка, ён ня мог усьведаміць яе, як асобную ад сябе зьяву. Можна сказаць, што, жывучы ў вёсцы, Паўлюк не заўважаў самое вёскі, як такое, і толькі ўправіўшыся аддаліцца, пабачыў яе з узгорку адлегласьці.

Праўда, тут канечна трэба агаварыцца, наколькі вялікім было гэтае аддаленьне, каб не зрабіць часам таго няправільнага вываду, што вёска на цяперашнім этапе Паўлюковае паэзіі перастала быць яе асноўнай крыніцай. Не, Паўлюк толькі аддаліўся ад вытокаў гэтае крыніцы й чэрпаў зь яе ўжо там, дзе яна была значна абмялеўшая. Аддаленьне-ж адгукнулася толькі на характары разгортаньня тэм, унёсшы ў яго элемэнт адцягненасьці і эмацыянальнасьці, а самыя тэмы ў існасьці засталіся па-ранейшаму вясковымі, і нават, як бачым, круг іхны пашырыўся якраз у бок вясковасьці, паколькі ў яго ўступіла сама вёска, як новая тэма. Дый як мог адмовіцца Паўлюк ад гэтае вёскі, ад тае вёскі, якая й парадзіла ўсю ягоную паэзію? Ён толькі цяпер, з аддаленьнем ад вёскі, адчуў патрэбу хоць чым-небудзь аддзякаваць за яе матчыны дары. І тут якраз і ляжыць тая новая функцыя песьні ў Паўлюковай паэзіі, пра якую мы былі пачалі казаць вышэй:

І цяпер, у гэты вечар асеньні,
Чым падзякую, маці, табе?
...............................
Будзе лепш, калі песьня ў завеях
Ціхі сон на кургане разьвее,
Каб заплакалі ў полі каменьні!..

І ўжо толькі папярэдняя, так сказаць, праверка магчымых вынікаў гэткае песьні ўпершыню дае адчуць Паўлюку надыход і псыхалягічнага аддаленьня ад вёскі, бо яна прымушае горка ўпэўніцца:

Толькі ты гэтых сьлёз не адчуеш...
Не адчуеш і сэрцам каменьняў!..

А гэтая новая магчымасьць быць незразуметым, не адчутым роднаю вёскаю наводзіць на сумную думку аб вясковай абмяжованасьці, якая й выдаецца прычынаю гэтае магчымасьці, выклікае жаль, шкадаваньне:

Шмат чаго ты ў жыцьці не спазнала...
І ці думала нават калісьці,
Чаму жоўкне і сыплецца лісьце?..
Шмат чаго ты ў жыцьці не спазнала!

Гэты жаль і закончвае, завяршае сабою ўвесь малюнак таго аддаленьня ад вёскі, якое й зьяўляецца асноўнай характэрнай рысай разгляданага зборніка, той малюнак, які ўтвараецца адцягненьнем і эмацыянальнасьцю (аж ледзь не да сантымэнтальнасьці) у разгортаньні тэмаў, зьяўленьнем самой вёскі, як новае асобнае тэмы і, нарэшце, зачаткамі адчуваньня псыхалягічнага разыходжаньня з гэтаю вёскаю.

Але ёсьць і яшчэ адна старана ў Паўлюковай паэзіі гэтага зборніка, на якой таксама не магло не згукнуцца гэтае аддаленьне. Гэта — мастацкая мова, якую мы раней азначылі былі як мастацкую мову тае-ж беларускай вёскі. Калі ўважна прыгледзецца да гэтай мовы другога Паўлюковага зборніка, дык няцяжка будзе заўважыць і ў ёй зьмены, зусім аналягічныя вышэйразгледжаным. Так, перш-найперш, кідаецца ў вочы, што значна зьбяднела фальклёрнасьць Паўлюковае паэзіі. Нават у вершах пра каханьне, дзе раней гэтая фальклёрнасьць проста грала бурнаю крыніцаю, цяпер сіратліва мадзеюць толькі застыглыя, стэрэатыпныя дэталі — усе гэтыя чорны бровы, кары вочы, гаворкі над крыніцай, калі воду брала, вянкі на вадзе і інш. Мабыць, разам з „здароваю сялянскасьцю„ выветрылася й „народнасьць” (фальклёрнасьць) каханьня. Побач з гэтым адразу-ж відаць, як умацоўваецца літаратурнасьць і нават літаратуршчына, некаторы налёт якое мы адзначалі і ў першым зборнічку. Так, апрача таго „пісьма”, якое яўна ідзе ад Ясенінскай моды, сама сабою заўважаецца й літаратурнасьць тых „філязофскіх матываў„, якія пачынаюць зьяўляцца ў разгляданым зборніку, як у дачыненьні да каханьня, гэтак і наагул, і ў якіх Паўлюк спрабуе разьвязаць „жыцьцёвую тайну”... Спробы гэтыя выходзяць да таго прымітыўнымі й нават банальнымі, што мы проста сьведама абмінулі іх у сваім аглядзе з тым, каб адзначыць толькі як уплыў чыстае літаратуршчыны ў мастацкім пляне.

Нават сама фальклёрнасьць, дзе яна трапляецца ў больш чыстым выглядзе, выдаецца не беспасярэдняй, як-бы пададзенай праз другія рукі, праз рукі ўжо чыста літаратурных апрацовак (прыкладам, песьня „Плыве човен вады повен” у вершы „Ой, у лузе пры даліне” і інш.).

Нарэшце ўвесь малюнак дапаўняецца яшчэ тым, што літаратурнасьць трапіла ў Паўлюковую паэзію не праз шырокі шлях агульнага ўзьдзеяньня, а зусім канкрэтнымі шляхамі паасобных уплываў, якія некаторым з рэцэнзэнтаў выдаваліся нават „брыдкімі шляхамі”. Справа ў тым, што ў „Ветрах буйных” найбольш яскрава праявілася вядомая нам Паўлюкова „падуплыўнасьць”, праявілася ўжо па чыста паэтычнай лініі. І зноў з поваду гэтае „падуплыўнасьці” Паўлюк атрымаў другі вялікі ўдар у сваім жыцьці. Толькі на гэты раз нанесьці ўдар пастаралася ўжо нашая літасьцівая крытыка.

Так, у „Зьвязьдзе” зьяўляецца рэцэньзія на „Ветры буйныя”, падпісаная нейкім П.Брусьніцам, якая й мае такі сэнсацыйны загаловак „Брыдкім шляхам”. Сьледам за гэтым „громіць” Труса й Шукайла ў першым-жа нумары свайго, кароткай памяці, „Росквіту”. Адгэтуль Трусава пераймальнасьць робіцца проста „прїтчей во языцех”. Нават Клейнбарт ужо значна пазьней ня можа хоць мімабегам ня ўспомніць „склонностї Труса к чужїм текстам”.

Тымчасам, як мы заўважылі ў сваім месцы, гэтую „склонность” можна было бачыць яшчэ і ў першым зборнічку, толькі там яна была накіравана на больш „безобїдный” (мо' таму, што безыменны?) матар'ял народнай творчасьці, выдавалася пэўнаю навіною і, наагул, не магла быць асабліва небясьпечнаю, як адзнака першых крокаў маладога аўтара. Хоць, можа, ужо й тады варта было нагадаць Паўлюку тыя словы Максіма Багдановіча, якімі ён перасьцерагаў ад таго, каб „жыўцом браць з народных песьняў... скарбы... браць і ўстаўляць у свае вершы”.

„Не забудзем, – казаў ён, – што праз такія запазычкі чытач пачынае неяк сумлявацца ў творчых сілах пісьменьніка: мо' таму ён запазычае, што свайго стварыць ня можа? Калі запазычанае — запраўды рэч каштоўная, дык вынікае думка: чаго варт пісьменьнік, у каторага лепшае — запазычкі? А дзе хто, можна спадзявацца, нават крыкне: “Плягіят!” Нават тады, калі “напісаны верш, каторага ад народнай песьні й не адрозьніш”, — гэта “трыюмф пісьменьніка, стаўшага на такую пуціну”, дык і то “на што той верш”? Ці-ж замала было народных песьняў і безь яго? Далей, мы-ж радзімся аб разьвіцьці народнай паэзіі, а тут, у лепшым выпадку, становімся ўровень зь ёю, аб разьвіцьці няма й мовы. Яшчэ адно: круг сюжэтаў песьні нешырокі. Ён хутка будзе пройдзен увесь да канца, і тады пачнуцца прыкрыя паўтарэньні старога, ужо сказанага пісьменьніку будуць зьвязаны скрыдлы, паэзія ўпрэцца чалом у сьцяну. Урэшце-ж, адна рэч — песьня, другая — верш: песьня пяецца, і гэтае робіць да яе такія вымогі й надае ёй такія прыкметы, удаваць каторыя ў вершы было-б сьлепатой”. (Артыкул „Забыты шлях”).

Няхай чытач даруе нам за такую даўгую выпіску, але ці не зьмяшчаецца ў гэтых словах якраз таго, што сталася з Паўлюком? І ці ня варта задумацца над імі тым, хто зьбіраецца ісьці Паўлюковым шляхам у паэзіі (а такія, напэўна, ёсьць, бо спакуса дужа-ж вялікая), задумацца, пакуль ня позна?

Але нашая крытыка заўважыла Паўлюкову пераймальнасьць толькі тады, калі само ягонае перайманьне накіравалася ўжо на чыста літаратурны матар'ял, замацаваны за пэўнымі іменьнямі. І, як вядзецца, адразу-ж размахнулася, не шкадуючы... А ў захапленьні гэтага свайго размаху зусім забылася на такі, здавалася-б, немалаважны факт, што папулярнасьць Паўлюкова ў сялянскіх масах ні каліва не зьмяншалася, і што, пры гэтай умове, сама як-бы паразытычная пераймальнасьць няўхільна абарачалася ў карыснае папулярызатарства, бо, і запраўды, селянін, да якога Трусава паэзія была па-ранейшаму даходнай, мог атрымаць зь яе высокамастацкія, нават часам клясычныя, вобразы, скажам, Пушкіна, Шаўчэнкі, Максіма Багдановіча і інш., у зусім даступным для сябе, папулярным, так сказаць, выглядзе, тым часам як арыгіналы гэтых вобразаў не маглі яму быць гэтак даступнымі й папулярнымі.

Але ўсё-ж, пры ўсёй сваёй спозьненасьці й лішняй „граміцельнасьці”, крытыка мела і адну бясспрэчную дадатнасьць што да ўстанаўленьня самога разуменьня дадзенага этапу Трусавай паэзіі. Гэта яна ўпершыню паказала, што тып паэтычнага таленту Паўлюка Труса тады выявіўся як ня гэтулькі творчасным, колькі пераймальніцкім.

А за другім ударам не забавіўся й трэці... Праўда, зь першага пагляду ён мог здацца ўжо лягчэйшым, паколькі нанёс яго Паўлюку вядомы „лыцар” „необыкновенной лёгкостї в мыслях” Тодар Глыбоцкі.

У „Савецкай Беларусі” зьявілася сэнсацыйнае падлічэньне слоў другога Паўлюковага зборніка (усяго 711 на 120 тэкставых балон!), якое было, здаецца, адзінаю „дасьледчаю„ працаю памянёнага „лыцара”.

І тут, вядома, не абышлося бязь лішняга размаху, — тым больш, што выступаў якраз вядомы ўсім у гэтай галіне Тодар Глыбоцкі. Так, „дасьледчык” зусім не ўлічыў тае акалічнасьці, што кожае слова можа сэмантычна абнаўляцца, камбінуючыся зь іншымі словамі, уступаючы ў розныя словазлучэньні. Інакш кажучы, за дрэвамі ён ня бачыў ці, мо' не хацеў бачыць, лесу. Праўда, у вадным месцы ён неяк мімабегам кідае, што словы ў зборніку сустракаюцца „кожны раз у застылых стэрэатыпных злучэньнях”, але гэта толькі вядомы „глыбоцкі прыём”, які, як звычайна, не падмацоўваецца аніякімі фактычнымі довадамі. Бо, каб Глыбоцкі хоць крышку паспрабаваў прасачыць, скажам, хай сабе тое самае слова „сэрца”, над якім ён так патэтычна лемантуе ў дужках: „53 — –жах”!!!, дык безь вялікай цяжкасьці знайшоў-бы, што адным парадкам запраўды стэрэатыпна, гучыць яно ў такім злучэньні, як сэрца ў роспачы і зусім інакш, абноўлена, у злучэньні сэрца ў журавінах і г.д.

Але ўсё-ж, у васноўным і гэты, агідны тады для Паўлюка „матэматык” быў праў. Дый, зрэшты, лексычная беднасьць Трусавай мовы была зусім зразумелай, паколькі, як мы адзначылі ў сваім месцы, гэтая мова шчыльна трымалася на груньце чыста вясковага і, вядома, па-вясковаму, вузкага кругагляду. Усім, каму даводзілася больш-менш блізка стыкацца з Трусом у вучэньні, асабліва ў вучэньні ў БДУ, добра знаёма гэтая вузкасьць Паўлюковага кругагляду, якая выклікала часам дужа камічныя інцыдэнты. Так, хто ня памятае, як часта, уважна слухаючы лекцыю, Паўлюк бываў так уражаны якою-небудзь навіною, якая для ўсіх нас была даўно знаёмай і звычайнай, што забываўся й пачынаў гаманіць уголас: „А праўда, хлопцы, гэта-ж я й ня ведаў„ або — „Я таксама заўважаў, але ня ведаў, што гэта такое”... А будучы Паўлюкоў дасьледчык, якому, можа, прыйдзецца вывучаць ягоныя падчыркваньні й запаметкі на кніжках, напэўна, будзе зьдзіўлены, як многа ўжо даўно знойдзеных „Амэрык” чакала яшчэ Паўлюка на ягоным жыцьцёвым шляху...

...Каб адно гэты шлях не абарваўся так нечакана!..

* * *

Усе тыя ўдары, нанесеныя проста адзін за адным, надоўга прыглушылі Паўлюка... Загаіць іх павінна была Гомельшчына, куды ён паехаў працаваць... Каля двух год мы ня толькі ня бачылі Паўлюка, але й зусім бадай ня чулі ягонага голасу ў паэзіі. Прымоўк „буйны вецер”...

Затое якая радасная была сустрэча пасьля гэтак доўгае разлукі! Памятаю, як цяпер, той дзень, калі мы, ужо выпускнікі Белпэдтэхнікуму, рыхтавалі нешта да гэтага свайго выпуску ў пакоі прафкому, добра знаёмым не аднаму пакаленьню тэхнікумцаў, і калі за дзьвярыма пачуўся гэты даўно нячуты голас, калі, гамонячы й рагочучы, як заўсёды, увайшоў Паўлюк. „Я от бо й гляджу”, — і адразу стаў расказваць нешта сьмешнае, што пасьпеў ужо пачуць ад нашага славутага тэхнікумаўскага анэкдатыста дзядзькі Лабанка.

Зь якою надзеяю ўсе глядзелі тады на Паўлюка! Якою бураю воплескаў сустракалі ягоныя першыя выступленьні!

І тым больш было крыўдна, што гэтыя-ж першыя выступленьні й нават самае першае зь іх на нашым выпускным вечары не маглі апраўдаць гэтых надзей... Тая-ж прыглушанасьць, а за ёю перапевы ранейшага, тыя-ж перайманьні, наагул, тварэньне як-бы па інэрцыі ў ранейшым кірунку расчароўвалі ўсіх...

А ўсе яны так і засталіся характэрнымі для ўсяго таго этапу Трусавай паэзіі, якому давялося стацца апошнім яе этапам... Толькі адзін твор гэтага этапу крышку ажыўляе агульны непрыглядны малюнак. Гэта паэма „Дзясяты падмурак”, якая сталася асабліва вядомай пасьля таго, як тав. Гамарнік на апошнім зьезьдзе КП(б)Б назваў яе тон „сугучным настроям усяго партыйнага зьезду, усяе КП(б)Б і ўсіх працоўных мас БССР”.

Некаторыя казалі тады, што Паўлюк нават быў зафанабэрыўся пасьля гэтага. Але праўду сказаць, дык некаторыя зь ягоных таварышаў адчулі сябе дужа ўзьнятымі — мо' й таму, што ўбачылі новую магчымасьць пад шыльдаю адзінай арганізацыі прыкрыць Трусавымі заслугамі свае ўласныя хістаньні й „грашкі”. Усякія крытычныя заўвагі што да паэмы гэтымі прымаліся проста як нейкае кашчунства.

Праўда, сам Паўлюк глядзеў на справу крыху інакш. Мне ўспамінаецца такі цікавы факт, калі адзін з гэтых „радетелей”, мабыць, зь яўнаю мэтаю „напусьціць” Паўлюка на мяне, прыгадаў яму адну заўвагу наконт паасобных дэталяў паэмы, якую мне давялося выказаць неяк. Паўлюк аж зазлаваў: „От вазьму й выпраўлю, калі будзе ісьці ў зборніку”. „Радетелю„ прыйшлося стушавацца.

А заганы ў паэме, бясспрэчна, былі.

Гэта, перш-найперш, тая самая пераймальнасьць, якая ня толькі ня зьменшылася, а, наадварот, дайшла нават да перайманьня Трусавых паэтычных аднагодкаў — П.Глебкі, М.Лужаніна. Вось першыя лепшыя прыклады гэтае пераймальнасьці:

Зь Янкі Купалы:

Бо ці-ж ёсьць на сьвеце людзі
Без душы й сумленьня,
Каб дарылі замест хлеба
Чэрствыя каменьні.

Зь Якуба Коласа:

Ўсталі хмары над зямлёю,
Грозныя, жывыя.
Долу косы апусьцілі,
Косы агнявыя.

З Уладзімера Дубоўкі:

Добры дзень, асьнежныя прасторы!
Добры дзень, сталіца хараства!
Скора ў бляску вечара, ой скора,
Празьвініць на вуліцах трамвай.

Зь Міхася Чарота:

Сьлёзы... Кроў... Літаньне... Жудасьць...
І крыжы на ўсходзе.
...А над вогнішчам жахлівым
Сонца узыходзіць.

Зь Пятра Глебкі:

Праходзяць эпохі, змагаемся мы,
Дзясяты падмурак заклалі.

З Максіма Лужаніна:

Дзесьці ў прасторах празьвінелі бомы,
Дацьвілі пялёсткі нейчае тугі.
І, здаецца, зноўку еду я дадому
Пераведаць родных, блізкіх, дарагіх.

Але, побач з гэтым, паэма мела й безумоўныя вартасьці, ля якіх трэба хоць збольшага спыніцца, каб дарысаваць паэтычнае аблічча Паўлюка Труса.

Першае, з чым мы спатыкаемся ў паэме, — гэта тая-ж самая бязьмежная любасьць да Беларусі, якая, як мы бачылі, дасягнула свайго найвышэйшага пункту ў „Ветрах буйных”:

Край легенд, крыжоў, магіл, курганаў,
Край тугі — бальзам жывых крыніц...
Край смугі — бялявых кос-туманаў,
Край палёў — краса шумлівых ніў...
Край балот, нізін, азёраў наскіх,
Край лясоў, маўклівых сосен-струн...

Край паэм, адвечных песень-казак —
Дарагая сэрцу Беларусь!

Адылі, гэтая любасьць не спыняецца тут на ўзроўні, дасягнутым у „Ветрах”. Яна атрымоўвае сваё далейшае, зусім лягічнае для Паўлюковае паэзіі, разьвіцьцё, атрымоўвае зусім новую форму:

Край легенд, адвечных песень-казак,
Край паэм — бальзам жывых крыніц...
Край балот, тугі, азёраў наскіх,
Край цішы і громаў навальніц.
Край лясоў — мінулых дзён паўстаньня,
Край нізін — прастораў дальніх шыр...
Край палёў... О край, калі-ж ты станеш
Краем фабрык дымных і машын?!

Такім чынам, мы бачым, як любасьць да Беларусі перарастае ў тугу па індустрыялізаванай Беларусі, па Беларусі фабрык дымных і машын, канчаткова раскрываючы й самы зьмест гэтае любасьці, яскрава паказваючы нам, якую Беларусь так любіў усё жыцьцё Паўлюк.

І гэтая новая рыса — туга па індустрыялізаванай Беларусі, — якую фактычна й падчыркваў тав. Гамарнік, становіць галоўную ідэялягічную вартасьць паэмы, першую адзнаку набліжэньня Паўлюка Труса ад ранейшай вясковасьці, сялянскасьці да пралетарскасьці.

Але вартасьці паэмы не абмяжоўваюцца тым, што Паўлюк выказаў у ёй жаданьне ўбачыць любую Беларусь краем фабрык дымных і машын. Другая буйная вартасьць яе палягае ў тым, што тут Паўлюк упершыню ўбачыў вобраз гэтае любае Беларусі ў сьвятле кантраснасьці, якая, як правільна адзначыў Адам Бабарэка ў сваім артыкуле „Узвышэнская паэзія”, „дыктуецца пралетарскім жыцьцеадчуваньнем і дачыненьнем да сьвету ў беларускіх нацыянальных формах прыйманьня яго”, паколькі „гэтым вобразам дыялектычнага адзінства процілегласьцей як ня трэба лепей выражаецца як псыхалягічная, так ідэялягічная й сацыялягічная існасьць нашай эпохі, як эпохі пераходнай. Ён у сабе, як той фокус, канцэнтруе і адлюстроўвае працэс клясавага змаганьня”.

Гэтую кантраснасьць зусім няцяжка заўважыць у паэме „Дзясяты падмурак”. Так, апрача чыста псыхалягічных кантрастаў, якія могуць кінуцца ў вочы нават у вышэйпрыведзеных цытатах, але якія ўсё-ж не зьяўляюцца навіною ў Трусавай паэзіі й могуць быць заўважанымі яшчэ ў першым зборніку, сама кампазыцыя паэмы вытрымана паводле ўзору кантраставага вобразу. Так, у васнове яе мы заўважаем дзьве пары кантрастаў: уводную, так сказаць, пару — Беларусь мінуўшчыны й сучасная Беларусь — і галоўную, генэральную пару, на якой фактычна трымаецца самая моцная частка паэмы — Савецкая Беларусь і Заходняя Беларусь. Нават самыя заключныя радкі паэмы падаюць і падчыркваюць гэты кантраст:

Праходзяць эпохі — змагаемся мы,
Дзясяты падмурак заклалі.
А Нёман гамоніць, сярдзіта шуміць,
І коцяцца грозныя хвалі.

Праўда, у паэме мы яшчэ ня маем таго поўнага „зьліцьця дзьвюх Беларусяў у вобраз кантрасту”, якое ўважае за канечна патрэбнае адзін зь першых тэарэтыкаў кантраставага вобраза Язэп Пушча (гл. ягоны артыкул „За стыль эпохі”). Самы кантраст тут мае яшчэ характар больш мэханічнага процістаўленьня, чымся дыялектычнага адзінства процілежнасьцей. У разгортваньні яго больш знадворнага называньня, абазначэньня, як арганічнага выяўленьня, выказваньня больш павярхоўнасьці, як глыбіннасьці. Але ня трэба забывацца, што й тут мы маем яшчэ толькі набліжэньне — ізноў-ткі набліжэньня да пралетарскасьці, да пралетарскага кірунку ў паэзіі.

Гэткім чынам, паэма „Дзясяты падмурак” выражае сабою тое набліжэньне да пралетарскасьці, якое немінуча павінна было надысьці ў Паўлюка пасьля ягонага аддаленьня ад вёскі й вясковасьці, што назіралася ў „Ветрах буйных”.

Гэта запраўды падмурак, першы падмурак таго гмаху пралетарскае паэзіі, якім у далейшым і павінна была быць паэзія Паўлюка Труса.

* * *

Апошнім жыцьцёвым этапам, які мне давялося перабыць разам з Паўлюком, была вайсковая вышэйшая дапрызыўная падрыхтоўка, якую мы адбывалі, як студэнты БДУ, сёлета ўлетку.

Усе, хто жыў у казарме разам з Паўлюком, добра памятаюць, якім сумленным, акуратным, запраўдным чырвонаармейцам быў ён. А некаторыя нават любілі называць яго „службістам”...

І цяпер, калі прамільгне дзе-небудзь гэтае імя „Паўлюк Трус”, у мяне заўсёды ўстае перад вачыма перш-найперш гэтая невялікая, але прысадзістая (той-жа каржакаваты сельскі хлапец!) чырвонаармейская постаць, постаць запраўднага „радавога першага разьдзелу”.

А прапускаючы ў памяці й другую, знаёмую зь вершаў, паэтычную постаць Паўлюка Труса й ставячы яе побач з гэтаю ягонай жыцьцёвай постацьцю, якая чамусьці найбольш урэзалася ў памяць, адразу спыняешся, каб зафіксаваць абедзьве ў адным:

— Так, і ў паэзіі Паўлюк Трус так-жа сумленна, акуратна, спраўна выконваў абавязкі радавога.

Ён яшчэ ня вёў пераду, ён яшчэ ня быў хоць якім-небудзь правадыром у літаратуры. Пакуль што ён менавіта належаў да тых радавых, якія, аднак, сваім дружным, згуртаваным ударам забясьпечваюць перамогу.

Гэтым я не хачу сказаць, што Паўлюк Трус быў пасрэднасьцю. Пасрэднасьць не забясьпечвае перамогі. Яе роля, самае большае, — гэта — „ура”, „ура” адзаду, за сьпінамі запраўдных байцоў, — запраўдных „радавых”, „салдатаў„...

Яшчэ Вяргілі сказаў быў: „Паэту ні людзі, ні богі, нават слупы не даруюць пасрэднасьці”...

Але не пасрэднасьцю, а менавіта „салдатам паэзіі” — так, як кажуць „салдаты рэвалюцыі” — быў Паўлюк Трус. На большае, прынамся, ён і не прэтэндаваў. Гэта пасрэднасьць заўсёды пнецца адразу выскачыць у „лідэры”.

Таму і агартае так крыўда за гэтую зусім бясчасную страту, што бачыш, як мала пакуль яшчэ такіх сумленных „салдатаў„ на службе ў беларускай пралетарскай паэзіі. Толькі пасрэднасьць множыцца ў мільёнах экзэмпляраў...

І яшчэ большае, чым крыўда, апаноўвае ўсёй істотай тады, калі чуеш, як цынічна дзярэцца над сьвежаю яшчэ магілай гэтая пасрэднасьць: „Ліха яго бяры, Паўлюк Трус памёр, яго заменяць тысячы Трусоў„...

Бо „салдаты паэзіі” не вярбуюцца так лёгка й проста якраз таму, што яны — „салдаты паэзіі”.

Кожная-ж паэзія, якая-б яна там ні была, заўсёды застанецца адзінаю ў сваёй асаблівасьці й непаўторнасьці.

Такою-ж заўжды будзе й паэзія Паўлюка Труса.


1. Праўда, аднойчы Паўлюк гаварыў, што ўжо скончыў "Сірату Алесю", але пасьля не ўспамінаў пра гэта неяк і даваў у друк толькі ўрыўкі.

2. Маецца на ўвазе вядомы ліст 10-цёх таварышаў, якія пазьней арганізавалі беларускае літаратурна-мастацкае згуртаваньне "Ўзвышша".

3. Гэта прозьвішчы тагачасных маладнякоўскіх "лідэраў".

4. Праўда, аднойчы Паўлюк расказваў, што зборнік раней меў разьдзел з такою тэматыкай, але, дзеля слабасьці, яго параілі зьняць.

5. Асабліва разьвіты гэты прыём у вадным з таксама апошніх твораў Труса — "Думы", які друкаваўся ў № 1 "Маладняка" сёлетняга году і які, дарэчы, падае разьлівыя прыклады перайманьня з М.Горкага "Песня о соколе" й "Песнь о буревестнике".

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія