БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Антон Адамовіч, Творы

Частка ІІ 
Гады рэвалюцыі 
1917-1918

Лютаўская рэвалюцыя 1917 году засьпела асноўныя рухавыя сілы беларускай літаратуры ў стане дэзарганізацыі й дэпрэсіі, выкліканых Першай сусьветнай вайной. Блізу з самага пачатку франтавая лінія расьцяла тэрыторыю Беларусі, і асноўныя пісьменьніцкія сілы былі разагнаныя і адарваныя ад літаратурнага творства, а часам і ад роднага краю ў выніку ваенных мабілізацыяў і эвакуацыяў. Яшчэ ў 1915 годзе было спыненае выданьне цэнтральнага органу беларускага нацыянальнага руху і адраджэнскай літаратуры „Нашае Нівы” пасьля акупацыі нямецкімі войскамі Вільні, штаб-кватэры беларускіх пэрыядычных выданьняў. Да таго-ж з самага пачатку рэвалюцыі беларуская літаратура была абяздоленая вымушаным маўчаньнем двух чаловых лідэраў „нашаніўства” — Янкі Купалы, галоўнага ідэялёга, і Максіма Багдановіча, стымулятара эстэтычных й філязофскіх ідэяў. Ягоная сьмерць ад сухотаў 25 мая 1917 году была, верагодна, самай вялікай стратай, якую пры ўсіх бедах гэтага часу панесла беларуская літаратура. Хоць Максім Багдановіч працаваў да апошніх дзён жыцьця, ён нічога не напісаў пра рэвалюцыю.

Беспасярэдняя рэакцыя беларускай літаратуры на Лютаўскую рэвалюцыю 1917 году абмяжоўваецца літаральна двума-трыма вершамі Зьмітрака Бядулі-Ясакара і Якуба Коласа ды адным невялікім драматычным творам Франьцішка Аляхновіча. Гэтыя творы выражалі аптымізм і энтузіязм пісьменьнікаў, якія доўгія гады жывіліся ідэяй вызвольнай рэвалюцыі й знаходзіліся ў няспыннай і непрымірымай апазыцыі да зьвергнутага рэвалюцыяй рэжыму.

Першым адгукнуўся на Лютаўскую рэвалюцыю 1917 году тады яшчэ адзін з наймалодшых „нашаніўцаў” Бядуля-Ясакар. У невялічкай газэтцы „Грамада”, што пачала выдавацца адразу-ж пасьля выхаду з падпольля рэвалюцыйнай партыяй Беларуская Сацыялістычная Грамада, Бядуля-Ясакар зьмясьціў  у травені 1917 году два вершы, прысьвечаныя рэвалюцыі: „Ня лес шуміць...” [1] і „Гімн волі”.[2] Абодва творы — тыповыя для часу натхнёныя гімны рэвалюцыі.

Ня лес шуміць, ня гром грыміць,
Ня гул вясновых вод, —
То путы рвець, то устаець
Узбуджаны Народ.

Зямля ня сьпіць, зямля дрыжыць —
Труба склікае сход...
Твой гнеў вялік, твой вораг зьнік,
Гэй, Волю куй, Народ!

У „Гімне волі” паэта гаворыць пра сацыяльнае зло, якое, верыць ён, зьмецена рэвалюцыяй:

Вышэй красуй, штандар чырвоны,
Над галавою бедака!
Асвабадзіла шмат мільёнаў
Яго мазольная рука.

Няма ні шыбельніц, ні сьмерці,
Няма нагаек, ланцугоў.
Няма цара — у Праўду верце!
Няма крывавых злых багоў!

На гандляроў крыві народнай
Пракляцьце Каіна лягло. 
І над краінаю свабоднай
Ня ляжа болей іх ярмо!

Нявольнікі, сьвяткуйце Волю!
Сьпявайце песьні весялей!
Шчасьлівую будуйце долю
Для ўсіх пакрыўджаных людзей.

Якуб Колас, адзін са старэйшых паэтаў і адзін з заснавальнікаў „нашаніўства”, увесь рэвалюцыйны пэрыяд быў па-за межамі Беларусі, то ў Расеі, то на румынскім фроньце. У вершы „Да працы”[3] ён з такім самым захапленьнем, як і Бядуля-Ясакар, прадчувае адкрытую рэвалюцыяй вялікую дарогу, што чакае нас і родны край, заклікае сваіх суродзічаў-братоў да плённай працы. Праца гэтая ўяўляецца яму чыста гуманістычным засяваньнем зерня навукі, нясеньнем сьвятла, асьветаю роднага краю й народу, што маюць цяпер уваскрэснуць. У гэтым сваім захапленьні паэта перакананы, што рэвалюцыя як-бы ўжо аўтаматычна здымае ўсё сацыяльна-палітычнае зло,  змаганьню зь якім ён прысьвяціў ці мала палкіх радкоў у сваім дарэвалюцыйным творстве. Аднак апошняя страфа верша „Да працы” ўражвае больш рэалістычным паглядам:

Дапомаж Бог нам у прыгодзе!..
Ні царскі біч, ні прышлы хам, —
Хай будзе лад ў сваёй гасподзе
Ствараць народ-ўладарац сам.

У мімаходзь кінутым упамінку пра прышлага хама Колас прадбачыць тых „носьбітаў” дый „паглыбляльнікаў”, „арганізатараў”-дэмагогаў, што адразу-ж знаходзяцца ў кожнай рэвалюцыі ды нязьменна выяўляюць тэндэнцыю заняць месца скінутага ёю „біча” папярэдняга ладу — тое, з чаго й пачаў ужо ад першых дзён рэвалюцыі мацавацца бальшавізм. Такая інтэрпрэтацыя пацьвярджаецца тым фактам, што ў менскім выданьні Коласавых вершаў 1946 году выраз прышлы хам заменены штучным для ўсяго стылю гэтага верша выразам „панскі хам”.[4] Толькі бальшавіцкі цэнзар мог палічыць магчымай такую замену.

У другім Коласавым вершы 1917 году „Люд стогне”[5] ужо няма ранейшага захапленьня, хоць прычына гэтага ў несьціханай цяжкой вайне, пра якую паэта нагадвае ў першым-жа радку верша: Люд стогне, гаруе пад цежарам меча.... Але прычына ня толькі ў гэтым. Паэтава расчараванасьць вынікамі рэвалюцыі выклікала настрой прыгнечанасьці: рэвалюцыя не зьняла аўтаматычна сацыяльна-палітычнае ярмо з народу, як гэта здавалася раней, а ўсяго толькі дала магчымасьць сацыяльных перамен, дала свабоду, але даволі абстрактную, якая вымагала актыўнага дзеяньня для „разьбіцьця ярма”, свабоду, якая сваёй абстрактнасьцю выклікала ў паэты горкую іронію:

Адкрыты дарогі табе, чалавеча,
На поўдзень, на захад, на ўсход...
Ты вольны, нябога, ідзі, куды хочаш,
Ты можаш ярэм’е пабіць...

Ранейшы захоплены тон пераходзіць у засмучана-элегічны, якім аплакваюцца патухлыя арліныя вочы, пагаслы агонь у сэрцы народу. Прычына — трывога, абуджаная ў паэты дзейнасьцю, як відаць, таго-ж „прышлага хама”, названага ў гэтым вершы нячыстай сілай, што водзіць у полі, зьбівае са сьцежкі. Таму й ноч ахапіла — алегарычны вобраз палітычнае рэакцыі, традыцыйны ў дарэвалюцыйнай Коласавай (дый усёй „нашаніўскай” наагул) лірыцы. Верш заканчваецца шматзначным спакойным заклікам, які перамагае трывогу:

Аб чым-жа сумуеш, народ неспакойны?
Акінь сваім вокам прыгожую даль,
Ахамяніся, будзь волі дастойны,
І радасьць пазнаеш, адкінеш ты жаль.

Невялікі сцэнічны твор, якім адгукнуўся на Лютаўскую рэвалюцыю драматург Франьцішак Аляхновіч — двухактавая п’еса „Калісь”, — нічога не дабаўляе да першых водгукаў беларускіх паэтаў на рэвалюцыю. Акадэмік Я.Ф.Карскі так ацаніў п’есу: „Гэта сцэны зь нядаўняй рэвалюцыі... сцэны адпавядаюць рэальнасьці й наагул напісаныя жыва...”.[6]

Калі рэвалюцыя не прынесла чаканай поўнай свабоды й вызваленьня ад нацыянальнага ўціску, першапачатковы энтузіязм пачаў паступова зьнікаць. Ужо ў першыя пасьлялютаўскія дні была накіраваная спэцыяльная дэлегацыя прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху да кіраўнікоў новай улады з дакладам пра надзённыя нацыянальныя патрэбы й спадзяваньні Беларусі. Як засьветчыў пазьней адзін з дэлегатаў, яны зразумелі з горыччу, што права на палітычнае самакіраваньне, як і права на нацыянальную культуру, не даецца — яго трэба браць.[7] 

Далейшыя дачыненьні з Часовым расейскім урадам А.Керанскага (а потым і з бальшавіцкім Саветам Народных Камісараў) канчаткова пераканалі ўсіх, што калі раней беларускаму Адраджэньню даводзілася мець справу з расейскім самадзяржаўем, то цяпер — зь вялікарасейскім вялікадзяржаўем, якое аказалася значна больш жывучым, чым можна было спадзявацца, і якім аказаліся прасякнутыя ўсе, як ёсьць, расейскія палітыкі, нават найбольш левыя, без выключэньня. Беларуская палітычная думка пераканалася, што справядлівае разьвязаньне нацыянальнай праблемы ў Расеі сутыкнулася з варожымі, хоць і старанна прыхаванымі, дачыненьнямі ўсіх слаёў вялікарасейскага грамадзтва.[8]

Блізу адначасна, нават крыху раней, беларускі нацыянальны рух у заходняй частцы Беларусі, акупаванай на той час немцамі, ня менш жорстка сутыкнуўся з прэтэнзіямі другога суседа — Польшчы. Гэтае, ужо „вялікапольскае вялікадзяржаўе”, адразу-ж прад’явіла свае правы на тэрыторыю блізу ўсёй Беларусі і асыміляцыю адзінаверных з палякамі беларусаў-каталікоў. З такімі тэндэнцыямі й прэтэнзіямі прыходзілася змагацца, перш-найперш, беларускаму друкаванаму органу „Гоман”, які пачаў выходзіць у Вільні ў 1916 годзе як працяг спыненай „Нашай Нівы”, але які так і ня змог стацца запраўдным пераемнікам яе ў якасьці цэнтральнага органа нацыянальнага руху, асноўныя сілы якога блізу цалкам апынуліся па той бок фронту ва ўсходняй частцы краю.

Гэтыя канфлікты з суседзямі выклікалі ўзмацненьне беларускага нацыяльна-вызвольнага руху, які скіраваў усю энэргію на падрыхтоўку нацыянальнай рэвалюцыі. Шмат якія канфэрэнцыі й зьезды, што праходзілі летам і восеньню 1917г., былі раптоўна перарваныя бальшавіцкім пераваротам.

Аднак у сьнежані 1917 году яшчэ быў праведзены ў Менску Першы Ўсебеларускі Кангрэс, які стаўся кульмінацыйным мамэнтам у разьвіцьці дачыненьяў з бальшавікамі. Кангрэс прыняў рэзалюцыю з заклікам да ўстанаўленьня формы дэмакратычнага кіраваньня ў краіне. З-за гэтай рэзалюцыі Кангрэс быў разагнаны бальшавікамі. Гэты акт выклікаў у беларусаў устойліва адмоўнае стаўленьне да бальшавікоў. Калі бальшавікі пакінулі Менск, заходнюю й цэнтральную часткі Беларусі (19 лютага 1918), Рада Кангрэсу перайменавала сябе ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі й 25 сакавіка 1918 году абвясьціла незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. У сьнежані таго-ж году Менск зноў быў акупаваны бальшавікамі, і беларускі ўрад быў вымушаны эміграваць у Літву. Дата 25 сакавіка 1918 году сталася сымбалем усіх надзеяў і памкненьняў беларускіх нацыянальных патрыётаў.

У канчатковым выніку гэтыя падзеі паказваюць, што рэакцыяй беларускага руху на Лютаўскую рэвалюцыю была беларуская нацыянальная рэвалюцыя. Натуральна, што й беларуская літаратура адыгрывала істотную ролю ў гэтым працэсе. Піянерам і тут выступіў той-жа паэта Бядуля-Ясакар. 28 мая 1917 году ў першым нумары штотыднёвіка „Вольная Беларусь”, які выходзіў у Менску як орган беларускага нацыянальнага руху й быў запраўдным пераемнікам „Нашай Нівы”, быў выдрукаваны ягоны верш „Тры сьцежкі”. У ім Бядуля-Ясакар паказвае, што перад беларускім народам адкрываюцца тры шляхі - „тры сьцежкі”:

Адна — на Захад да Варшавы,
Другая — на Ўсход да Масквы, 
А трэцяя...
... далёка, да самага сонца.

Паэта  й заклікае беларускі народ ісьці „сьцежкай сваёй да сонца”, але асабліва перасьцерагае супраць спакусы ступіць на дарогу, што вядзе на ўсход, да Масквы, бо яна

... грубай, галоснай лаянкай кліча,
Кулак яе сьціснуты, біцца гатовы,
Ганяе ўсіх пад цар-звон на паклон...

Такім чынам, адмаўленьнем абодвух існых рэжымаў — Польшчы й Расеі, верш „Тры сьцежкі” пазначае ўзнаўленьне апазыцыйных тэндэнцыяў у беларускай літаратуры. Заклікаючы народ ісьці па незалежным „сонечным” шляху, у запраўднасьці Бядуля-Ясакар кліча да нацыянальнай рэвалюцыі.

Блізу і ўсе іншыя вершы Бядулі-Ясакара, напісаныя ў 1917 годзе, прапагандуюць ідэю беларускай нацыянальнай рэвалюцыі. Новы, 1918 год паэта сустракае тым самым заклікам-прапановай: „Будзь сам  сабою, Беларус, на Новы Год на сонца глянь!” (верш „Новы Год”[9]). У вершы „Варта”[10] ён заклікае беларусаў стаць на варту:

Ад веку ў век, ад году ў год
Прарок заве: „Устань, народ!”
Гавора сьмела і упарта: 
„Ідзі, ідзі на варту!

Пільнуй свой скарб, пільнуй свой дух
Ад розных бед, ад завірух!
Сыны твае у моцным гарце
Няхай стаяць на варце!

Вартуй сваёй зямлі мяжы,
Каб не прыйшоў да іх чужы!
Як хтось варожа загамоніць, 
Дык варта хай бароніць!

Як хто душу тваю рване —
Аб мове скажа: кінь яе,
Дам лепшую табе ў замену —
Выходзь ты, варта, на арэну!

Гэй, варта, стой у зброях ў полі!
Ваюй за праўду і за волю!
Да новага жыцьця заві
Усіх сыноў сваёй зямлі!”.

 І нарэшце ў вершы „Беларуская зямля”[11] паэта грозна папераджае Польшчу й Расею ад імя самой „Маці Беларускай зямлі”:

 Гэй, Лях і Рос, тут ваш прымус
Ня можа існаваць ні дня:

Тут гаспадарыць Беларус, —
Тут Беларуская зямля!

У 1918 годзе Ясакар-Бядуля ўжо бачыць беларусаў як гаспадароў сваёй зямлі, як магутную раць волатаў, якія імкнуцца родны край аднавіць.[12]

У гэты-ж пэрыяд падобнае разьвіцьцё — ад усхваленьня Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году й надзей на вызваленьне ад сацыяльнага ўціску да непрымірымага нацыяналізму — характэрнае й для іншых беларускіх пісьменьнікаў-адраджэнцаў. Так, Франьцішак Аляхновіч у трохактавай драме-казцы „Базылішк” інсцэнізуе нацыянальную рэвалюцыю ў алегарычных вобразах. Ягоная фантастычная п’еса грунтуецца на адной зь легенд віленскіх беларусаў пра выратаваньне Вільні ад аблогі страшэннага зьмея-базылішка. Тут у народных казачных вобразах празрыста алегарызуюцца фактары і ідэі беларускай нацыянальнай рэвалюцыі. Базылішк сымбалізуе магутныя антынацыянальныя чужаземныя сілы — вобраз, выкарыстаны таксама Янкам Купалам у драме „Раскіданае гняздо”, створанай да рэвалюцыі, але апублікаванай толькі пасьля 1919 году\ прынцэса сымбалізуе Беларусь — традыцыйны вобраз у дарэвалюцыйных творах Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага і іншых\ галоўны герой Янка — нацыянальны рэвалюцыянер, які перамагае базылішка. Пастаноўка „Базылішка” сталася традыцыйнай у нацыянальных беларускіх колах падчас штогодных урачыстых сьвяткаваньняў угодкаў кульмінацыйнай падзеі беларускай нацыянальнай рэвалюцыі — абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.

Трэба зазначыць раптоўны на той час выбух нацыяналізму ў Якуба Коласа, у дарэвалюцыйнай паэзіі якога блізу поўнасьцю адсутнічала нацыянальная ідэялёгія. Колас прысьвяціў большую частку 1917 і 1918 году заканчэньню сваёй вялікай эпічнай паэмы „Сымон Музыка”.[13] Першыя дзьве часткі, напісаныя яшчэ да рэвалюцыі, у 1911-1912 гадох, рэалістычна-бытавыя, як і бальшыня сюжэтаў дарэвалюцыйнага эпасу паэты. Пачынаючы з трэцяй часткі, аднак, твор зазнае ўсё большай і большай рамантызацыі і алегрызацыі ў духу адлюстраваньня беларускай нацыянальнай рэвалюцыі. Алегарычнасьць сваёй паэмы Колас падчырквае й падзагалоўкам „Казка жыцьця”, выразам, традыцыйным у паэты для абазначэньня аднаго з улюбёных ім жанраў алегарычнай навэлі.

Трэцюю частку сваёй паэмы ён пачынае вялікім і глыбока прачулым лірычным зваротам да роднага краю, дзе канцэнтруецца небывалы да таго часу ў Якуба Коласа нацыяналізм ужо ў беспасярэдніх выказваньнях, безь ніякіх алегорыяў. Паэта зьвяртаецца тут да гісторыі роднага краю ўпершыню за ўвесь пэрыяд сваёй творчасьці (у Купалы-ж такія звароты традыцыйныя яшчэ ад раньняй пары), горача абураецца нацыянальным уціскам беларускага народу ягонымі суседзямі й захапляецца народнай стойкасьцю, здольнасьцю перажыць усялякія нягоды.

Дзесяцігодзьдзямі Колас, як і шмат якія іншыя адраджэнцы, апісваў родны край выключна бедным і цёмным, з убогай нават прыродай:

Край наш бедны, край наш родны,
Гразь, балота і пясок..
.[14]

У 1917 годзе ягоны тон робіцца выразна эмацыянальна-патрыятычным, напоўненым любоўю да сваёй дарагой зямлі, да свайго роднага кута (верш „Да працы”). У паэме-ж „Сымон Музыка” паэта падымаецца да адкрытага выражэньня пачуцьця нацыянальнай гордасьці за бацькаўшчыну:

Край мой родны! Дзе-ж у сьвеце
Край другі такі знайсьці,
Дзе-б магла так поруч зь сьмецьцем
Гожасьць пышная ўзрасьці?
Дзе-б так вобруку з галечай 
Расьцьвітаў багацьця цуд?
[15]

 Лірычны зварот завяршаецца нядвухсэнсавым беспасярэднім карэнным пытаньнем нацыянальнай рэвалюцыі — пытаньнем пра нацыянальнае самавызначэньне й незалежнасьць:

Дык хіба-ж мы праў ня маем
Сілы лёс свой адзначаць
І сваім уласным краем
Край свой родны называць?
[16]

Радкі паэмы насычаныя характэрнай выразна нацыялістычнай тэрміналёгіяй, раней не ўласьцівай Якубу Коласу і звычнай, зноў-такі, Янку Купалу:

... І Маскаль тут самачынна
Гвалт над намі утварыў...
... Толькі-ж, брацьця, край ня згінуў,
Не пагнуўся яго стан.
Ды із нас душы ня выняў
Ні Маскаль, ні польскі пан..
.[17]

У кола гэтых ворагаў Колас уключае й  расейскае праваслаўе й польскі каталіцызм зь іхнай дэнацыяналізатарскай дзейнасьцю, што праводзілася імі на Беларусі, — з двух бакоў... айцы дубінай заганялі нас у рай...

У кастрычніку 1917 году бальшавікі пакінулі неразьвязаным нацыянальнае пытаньне, што выклікала рэзка варожую рэакцыю беларускай літаратуры на Кастрычніцкую рэвалюцыю. Першым у выяўленьні гэтай рэакцыі аказаўся зноў-такі Зьмітрок Ясакар-Бядуля, які на гэты раз зьвярнуўся, перш-найперш, да зброі публіцыстычнага памфлету. У сваіх зьедлівых фэльетонах, выдрукаваных у „Вольнай Беларусі”, ён называе Кастрычніцкую рэвалюцыю „сваволяй”, малюючы яе ў вобразе агіднай ведзьмы, „гарбатай, з доўгім сінім носам, з чырвонымі вачыма, з доўгімі касьцістымі рукамі, з вострымі пазногцямі на пальцах, у брудных анучах”. Пісьменьнік паказвае бальшавізм як пекла, а бальшавікоў — як чарцей у ім, як „гарачую зграю”, што кідаецца на кожнага прыстойнага чалавека як на „буржуя” й разрывае яго на кавалкі. У іншых артыкулах ён атакуе бальшавізм і бальшавікоў адкрыта, без алегорыяў, не хаваючыся, называе бальшавікоў „чырвонымі рыцарамі ў сацыялістычных забралах дзеля прыстойнасьці”, „магчыма, былымі крымінальнікамі або ўраднікамі”. У нарысе „Народ і інтэлігенцыя” Бядуля абвінавачвае бальшавіцкую рэвалюцыю ў тым, што яна „разбурае... бярэ, грабіць дабро”, а бальшавікоў — у тым, што „яны разьдзялілі народ на дзьве часткі: на ²таварышаў" і ²буржуяў"”.[18]

У рэакцыі беларускай літаратуры на Кастрычніцкую рэвалюцыю асабліва важна, што менавіта тады зноў пачынае гучаць нарэшце ўсё больш магутны голас самога прызнанага трыбуна, „прарока” беларускага адраджэнства Янкі Купалы, які маўчаў, пачынаючы з 1916 аж да 1918 году.

Блізу двухгадовае маўчаньне Янкі Купалы звычайна тлумачаць уварваньнем ваеннай навалы ў ягоную біяграфію —мабілізацыяй паэты й тэрытарыяльнымі перамяшчэньнямі (Вільня — Масква — Менск — Полацак — Смаленск). Але-ж для Коласавай біяграфіі вайна сталася яшчэ большай падзеяй: ягоная вайсковая служба была больш складаная й нават, хоць і на кароткі час, — франтавой. Можна думаць, што на Купалу вайна аказала большае псыхалягічнае ўзьдзеяньне. Відаць, і ўражаньне ад рэвалюцыі 1917 году не было такім моцным, можа, і таму, што яна не адпавядала ягоным надзеям, спадзяваньням і прадчуваньням — усяму таму, чым поўнілася ягоная дарэвалюцыйная паэзія. Нават апошні ягоны верш пачатку 1926 году „Праявы”, пасьля якога й наступіла двухгадовае маўчаньне паэты, таксама выражаў прадчуваньне рэвалюцыі, перарастаньне вайны ў рэвалюцыю.[19]

Купала абвясьціў канец свайго маўчаньня ў санэце „Для Бацькаўшчыны”[20]:

Я ўзноў заснуўшую, было, жалейку
Бяру і пробую ў ёй галасоў...
І пачынаю йграць з трывогай нейкай...

„Трывога нейкая” за Бацькаўшчыну-Маці й страх, што ён страціў духовы кантакт зь ёю, прымусілі паэту зноў узяцца за ліру, або, скажам ягонымі словамі, за дудку-”жалейку”. Далёка ад роднага кута Купалу хвалюе сумлеў:

А ўсё-ж, як тамка сваякі-суседзі
Яе паймуць, хацелася-бы знаць, —
Ці блаславяць, ці ўтопчуць гідка ў гаць?

Купалаўскія больш позьнія вершы гэтага году, аднак, паказваюць, што ягоная „трывога” ня проста за бацькаўшчыну, але й за вынікі ўзьдзеяньня на яе рэвалюцыі.

Вершы „Для Бацькаўшчыны” й „Спадчына”[21], у якіх зноў-жа гучыць трывога за сваю айчыну, паэтаву духовую „спадчыну”, што завецца ўсяго старонкай роднаю, могуць разглядацца як „увэртурныя” да сэрыі зьвязаных, а часам і пераплеценых, паэтычных цыкляў, створаных Янкам Купалам у 1918 годзе.

Першы з гэтых цыкляў складаецца зь вершаў „Крыўда”[22] й „Чаму”[23]. Заміж выражэньня суб’ектыўнай рэакцыі на рэвалюцыю, уласьцівай творам іншых паэтаў-адраджэнцаў, у вершы „Крыўда” Янка Купала, абстрагуючыся на пэўны мамэнт ад чыста нацыянальнага падыходу, спрабуе даць аб’ектыўны, гістарычна асэнсаваны вобраз рэвалюцыі. Паэта выкарыстоўвае фальклёрны, казачны вобраз сусьветнай „крыўды” — гвалту, насільля, што строіла вечныя сеці, вечныя путы нявольнікам, узьвялічвала троны, кароны, параджала сусьветныя стогны. На пачатку верша паэта малюе дарэвалюцыйную рэчаіснасьць як „ноч” усеабдымнага і, здавалася-б, бясконцага панаваньня гэтай „крыўды”-прыгнёту, перарванага Лютаўскай рэвалюцыяй. Паэта станоўча ацэньвае Лютаўскую рэвалюцыю, хоць і ўспрымае яе як недаўгавечную мілую пацеху, бо

Раскованы раб сябе выдаў,
Ня ўзьнёсься ўвысь дух чалавечы, —
Нявольнік пабратаўся з Крыўдай
І ў помач ёй даў свае плечы.

У гэтых заключных радкох Купала дае сваё разуменьне Кастрычніцкай рэвалюцыі як аднаўленьне „крыўды”-гвалту пры дапамозе раскаваных рабоў, што пабраталіся з Крыўдай. Сам-жа вобраз „крыўды”-гвалту блізу сынанімічны вобразу „сваволі”-самадурства, у якім даў першую замалёўку бальшавіцкай рэвалюцыі Зьмітрок Ясакар-Бядуля.

Бальшавіцкая крытыка, хоць і зь вялікім спазьненьнем (толькі ў 1935 годзе) падрабязна й дакладна расшыфравала запраўдны сэнс верша „Крыўда”, у якім Купала вызначыў сваё стаўленьне да бальшавізму. Так, Лукаш Бэндэ ў артыкуле „Творчы шлях Янкі Купалы” пісаў: „Пралетарскую дыктатуру паэта ўяўляе сабе й паказвае ў гэтым вершы як пераймальніцу царскай, памешчыцка-буржуазнай палітыкі ўціску нацыянальнасьцяў, беларусаў у прыватнасьці. “Раскаваныя рабы" — пралетарыят, з ўяўленьня паэты, таксама крывавяць “цела маці Беларусі". Устанаўленьне пралетарскай дыктатуры, паводле ўяўленьня паэты, не пазбавіла народы былой царскай Расеі ад адвечнай “крыўды", якая цягалася па сьвеце, “ад хаты да хаты блудзіла", якая

Узьвялічвала троны, кароны,
Нявольнікам путы кавала, 
Пладзіла сусьветныя стогны, 

якая пазбаўляла прыгнечаныя народы ўсякіх пэрспэктываў. Паказальным у гэтых адносінах зьяўляецца верш “Крыўда".

Здавалася, ноч не пяройдзе,
Іржа не згрызе вечных путаў, —
Аж бліснуў пажар на усходзе,
І дрогнулі рабскія скруты,
І дрогнула крыўды ўсяўлада,
Разьлёгся скрозь кліч перуновы,
Апалі кароны, пасады,
Зь нявольнікаў спалі аковы.
І мілай пацехай зазьзяла
І доля і слава людзкая.
Дый толькі, знаць, слава і хвала 
Недоўгавечнай бывае.
Раскованы раб сябе выдаў —
Ня ўзьнёсься ўвысь дух чалавечы.
Нявольнік пабратаўся з крыўдай
І ў помач ёй даў свае плечы.

Лютаўская рэвалюцыя й дадзеная ёю свабода, як бачым, успрымаюцца паэтам, як і іншымі пісьменьнікамі-нашаніўцамі, як запраўдная воля зь “мілай пацехай". Кастрычніцкая рэвалюцыя й дыктатура пралетарыяту ўяўляюцца яму як зьнішчэньне волі наагул, як перамога “крыўды адвечнай" над праўдай. Пралетарыят, зрабіўшы сацыялістычную рэвалюцыю, згодна ўяўленьню паэты, зьнішчыў волю, зноў “пабратаўся з крыўдай", а “крыўда" працягвае тую-ж самую палітыку, што й царызм праводзіў, разам з чужынцамі з захаду рэжа на часьці цела “маці-Беларусі"”. [24]

Санэт „Чаму?” далей разьвівае ідэю, што чалавечы дух не ўзрастае з рэвалюцыяй, што „рэвалюцыя рабоў” несумяшчальная са свабодным духам.

Аднак, чаму-ж ты там нішто, дух непрыгонны,
Дзе, дружна звонячы ў кайданы ўсімі тоны,
Крывёй, пажарамі частуе раба раб?

Янка Купала прадбачыць далейшае гістарычнае разьвіцьцё, якое прывяло да крывавага змаганьня раскаваных рабоў ужо ня толькі між сабою, а перш-найперш, — са свабодным духам, змаганьня, што закончылася ўстанаўленьнем бальшавіцкай сыстэмы інтэлектуальнага тэрору, трагічнай ахвярай якой зь цягам часу стаўся й сам паэта.

Пасьля вершаў „Крыўда” й „Чаму?” Купала не называе бальшавікоў інакш, як „рабамі”, калі-ж з эпітэтам, то — „раскаванымі рабамі”, і ў 1921 годзе яшчэ больш выразна — „рабамі-царамі”. Такая характарыстыка цалкам адпавядае выразу Якуба Коласа „прышлы хам”, аднак гэты выраз у Коласа не атрымаў далейшага разьвіцьця й не замацаваўся ў ягоным творстве.

Купала-ж ідзе далей у сваім адмаўленьні бальшавікоў і іхнай рэвалюцыі: ён зьвяртаецца да супрацьлеглай ідэі — ідэі рэвалюцыі запраўднай, накіраванай на зьвяржэньне панаваньня „крыўды” наагул, у тым ліку й найперш — крывавай „крыўды”, адноўленай гэтымі „раскаванымі рабамі”.

Сваю ідэю, разьвітую далей у вялікім вершаваным цыклі, паэта ўвасабляе ў вобразе „ўсенароднага сходу”, дакладней — сходу-паўстаньня, сходу-суда. Гэты вобраз зьявіўся ўпершыню ў даваенным, 1913 годзе, у драме „Раскіданае гняздо”, дзе Незнаёмы склікае народ на „вялікі сход” для аднаўленьня праўды на зямлі, і ў вершы „Калі пачнуць”.[25]

Калі прыгнецены няпраўдай
Які зьнябудзецца народ, —
Тады зьяўляюцца прарокі
І ўсенародны клічуць сход...
Расьце на сходзе недавольства, 
А дудароў
[26] магутны хор
Пяе аб крыўдах і ўсіх кліча
Да новых праўд, да новых зор.

Да такога-ж вобразу сходу-паўстаньня зьвяртаўся і Ясакар-Бядуля, у якога „Беларуская зямля” заве, кліча сыноў на такі-ж сход. Адцемім, што гэты вобраз зьявіўся ў Ясакара-Бядулі незалежна ад Купалы, бо падчас публікацыі верша „Беларуская зямля” (кастрычнік 1918) ён ня мог знаць ні драмы „Раскіданае гняздо”, якая была выдрукаваная ўпершыню толькі ў 1919 годзе, ні вершаў Купалы, што разьвівалі вобраз сходу-паўстаньня, датаваныя канцом кастрычніка 1918 году і апублікаваныя значна пазьней. З другога боку, і Бядулеў верш ня мог быць вядомы Купалу, бо часапіс „Варта”, у якім ён быў выдрукаваны, ня выйшаў у сьвет, канфіскаваны бальшавікамі.[27] А жылі Янка Купала і Ясакар-Бядуля на той час у розных мясьцінах (Менск-Смаленск), ня маючы між сабой ніякай сувязі. Такім чынам, тут прасьледжваецца праява агульнасьці вобразнага нацыянальнага мысьленьня ў абодвух паэтаў адной і той-жа адраджэнскай плыні.

І ў Ясакара-Бядулі, і ў Янкі Купалы вобраз „сходу-паўстаньня” набывае характар нацыянальнай рэвалюцыі, думка пра неабходнасьць якой як адзінай эфэктыўнай зброі супраць бальшавікоў, магчыма, была падказана паэтам варожасьцю і страхам бальшавікоў перад дэмакратычным народным волевыяўленьнем, якія выявіліся ў разгоне Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, гэтага ўстаноўчага сходу на Беларусі,  31 сьнежня 1917 году і ў такім-жа разгоне Ўсерасейскага ўстаноўчага сходу 18 студзеня 1918году.

Новы цыкль, у якім Янка Купала разьвівае гэтую ідэю, складаецца зь сямі вершаў, напісаных у апошнія тры дні кастрычніка 1918 году. У вершы „На сход”[28], першым з чатырох, датаваных 29 кастрычнікам 1918 году, магутны голас Купалы гучыць ізноў як голас „нацыянальнага прарока”, склікаючы аграблены, закованы народ на сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход аддаць на суд свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў. І перш-найперш, Купала прыгадвае беды й няшчасьці, прынесеныя роднаму краю вайной, курганы й крыжы, разрытыя магілы й груганоў, што разрываюць косьці продкаў беларусаў, нарэшце разарваную — разрэзаную „на кускі” ў выніку славутага Брэсцкага міру 1918 году Бацькаўшчыну. Адначасна паэта заклікае народ падняць свой голас і супраць панаваньня „адвечнай крыўды”-гвалту.

Як гналі пот зь цябе паны і каралі,
Як гналі проч цары з радзімае зямлі.
І як крываўляць раскаваныя рабы,
Як ты ўпадаеш зь непасільнай барацьбы.

Выдзяляючы крывавую „форму крыўды”, прынесеную „раскаванымі рабамі”, Купала надае пэўны антыбальшавіцкі калярыт сваім заклікам. Гэты акцэнт улавіў крытык Бэндэ, правільна акрэсьліўшы й тыя станоўчыя ідэялы, што крыліся за паэтавым адмаўленьнем бальшавізму\ крытык меў рацыю, калі зазначыў, што „яго (Купалаў) заклік:

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!""

ня носіць рэвалюцыйнага характару. Гэта заклік не на аснове пралетарскай дыктатуры ²заводзіць лад², а на аснове буржуазнай дэмакратыі, якая зжыла ўжо сябе, гэта заклік ісьці за беларускую буржуазную рэспубліку — ²маці-бацкаўшчыну-Беларусь²„.[29] Запраўды, нацыянальна-дэмакратычны (па-бальшавіцку — „буржуазна-дэмакратычны”) падыход паэты ўжо моцна адчуваецца ў гэтым вершы, зь ягоным пэдаляваньнем ідэі бацькаўшчыны, усенароднасьці — народапраўства, роўнасьці (як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў).

Другі верш Янкі Купалы таго-ж 29 кастрычніка „Свайму народу” — уяўнае выступленьне на „ўсенародным сходзе” паэты-дудара, аднаго з тых народных песьняроў, якія распавядаюць пра былыя крыўды й клічуць да паўстаньня. Паэта зьвяртаецца тут да аблюбаванага яшчэ ў ягонай дарэвалюцыйнай паэзіі  мэтаду асэнсаваньня сучаснасьці на фоне нацыянальнай мінуўшчыны, калі, ускрашаючы мінуўшчыну нанова, выказваю цяпершчыну тваю. Карыстаючыся такім мэтадам, Купала канцэнтруе ўвагу на асноўных мамэнтах сваёй нацыянальнай ідэялёгіі, што склалася яшчэ ў дарэвалюцыйны час, і разгортвае яе на тым самым гістарычным матар’яле дарэвалюцыйнай рэчаіснасьці, дапоўненай толькі некаторымі новымі штрыхамі, унесенымі ваеннай рэальнасьцю. Паэта ўзгадвае творчую й баявую славу ў мінуўшчыне беларускага народу, ягонае незалежнае й дэмакратычнае самакіраваньне, калі звон вечавы сход склікаваў народны, і сход аб шчасьці Бацькаўшчыны дбаў. Гэтую мінуўшчыну Янка Купала кантрасна супастаўляе зь бясслаўным заняволеньнем і стратай нацыянальнай сьведамасьці ў сучаснасьці, акрэсьлівае  фігуру чужака-дзікуна як асноўную прычыну нацыянальнага заняпаду. У апошніх чатырох строфах верша, якія анафарычна пачынаюцца як-бы заклінаньнем Паўстань, Народ!, Купала ўжо проста заклікае свой народ да паўстаньня, фармулюючы канчатковую ягоную мэту так: для будучыны шчасьце ты строй, каб пут ня строіў больш сусед, сваю магутнасьць пакажы ты сьвету, — свой край, сябе ў пашане мець прымусь. Адкрыта выяўляючы квінтэсэнцыю сваёй нацыянальнай і нацыялістычнай ідэялёгіі, Янка Купала, разам з тым, выказвае сваю зацікаўленасьць у сусьветным прагрэсе — ён заве свой народ глянуць на ўсясьветных зьмен віхры, на тое, як цьвет зацьвітае новае зары, што палымнее на старога быту папялішчы, і натхніцца гэтым відовішчам. Тым самым нацыялістычныя ідэялы нацыянальнай рэвалюцыі ўключаюцца паэтам у агульны працэс сусьветнага рэвалюцыйнага аднаўленьня.

Датаю 29 кастрычніка 1918 году пазначаныя ў Купалы і яшчэ дзьве невялікія лірычныя п’ескі: „Песьня”[30] і „Ў дарозе”[31], якія, на першы пагляд, як-бы й ня маюць нічога агульнага з папярэднімі. Але „Песьня”, у якой выказваецца радаснае паэтава захапленьне песьняю, лёгкай, імклівай і вольнай, што лунае... па ўсім сьвеце, плоту, путаў ані знае ад сталецьця да сталецьця, — на фоне папярэдніх вершаў можа ўспрымацца як выраз поўнага духовага разьняволеньня й задавальненьня паэты ад усьведамленьня зьдзейсьненага ім узятага на сябе абавязку народнага песьняра-”дудара”.

У вершы „Ў дарозе” — адметны, пануры настрой адзінотнага падарожнага, што цёмнай восеньскай ноччу, поўнай нейкіх таямнічых „чараў”, сунецца мала ня вобмацкам празь лес і балота, пад безупыннай імжакай, ахоплены настроем нуды-вужакі ды жудкага жаху, буднімі ўспамінамі й перажываньнямі, хаця-б ня дацца ліху. Нарэшце ён вымушаны раптоўна спыніць сябе й свайго каня перад неспадзяванай перашкодай на дарозе: Но, мой косю!... Стой! Канава! Верш „У дарозе”, лірычны і элегічны, выражае ўжо сфэру ўсьведамленай рэальнасьці „будняў”, што паўстае на дарозе да ажыцьцяўленьня жаданага. Калі ў сфэры жаданага ў паэты — ідэя й вобраз „усенароднага сходу-паўстаньня” — шуканае выйсьце, у сфэры-ж усьведамленай рэальнасьці гэтаму супрацьстаіць разуменьне гранічнае цяжкасьці, блізу непраходнасьці дарогі да такога выйсьця: па дарозе на сход ці ўдасца прайсьці свайму народу  праз канавы й ноч, восеньскую імжаку й нуду-вужаку, жудкі жах і ліха, што адусюль цікуе, — гэтак уяўляецца нутраное ідэйна-псыхалягічнае адзінства Купалавых вершаў, датаваных 29 кастрычнікам 1918 году.

Падобная ідэйная й вобразная сытуацыя паўтараецца паэтам і ў двух вершах, пазначаных датаю наступнага дня, 30 кастрычніка 1918 году. У першым зь іх — „Час!”[32] — тая-ж сфэра жаданага, той-жа заклік „На сход!”, што розьніцца хіба адно менш узьнятым, больш спакойным тонам: гэта ўжо ня грозны й бурны тон перуновай прамовы „прарока” зь верша „На сход”, а тон сугоднае гутарковае размовы, ці мо’ лепш — намовы:

Час склікаці ўжо грам£ду
На вялікую нараду,
На вялікі сход!
Хай рассудзіць, хай разважыць, 
Слова цьвёрдае хай скажыць,
Скажыць сам народ!

І далей прапануецца ўвазе й развазе гэтага народу тая-ж альтэрнатыва: ці жыць далей у няволі, ці разжыцца новай доляй, новы ўзьнесьць пасад, тыя-ж сьветчаньні рэвалюцыйных зрухаў у сьвеце цэлым, што ходзіць ходырам, тымчасам як усходзе сонца залатое роўна ўсім сьвяціць, нарэшце — тыя-ж закліканьні-заклінаньні „паўстань, народ!”, „на сход!”. Новае тут — акцэнтаваньне актыўна-рэвалюцыйнага характару „ўсясьветных зьменаў”, што ўсіх нясьмелых падбадзёрваюць сьмела ў бітву йсьціу бой за лепшы час ды асабліва беспасярэдне зьвязаная з гэтым прапанова-парада народу ўзбройвацца хоць-бы традыцыйнай для сялянскіх рэвалюцыйных рухаў зброяй цапоў і косаў, тымчасам як у ніводным з папярэдніх вершаў не было й намінкі на ўзброены характар жаданага паўстаньня.

І зноў за жаданым ідзе ўсьведамленьне рэальных цяжкасьцяў — у вершы таго-ж 30 кастрычніка 1918 году „На прызьбе”[33]. Тут вобраз дзеда, традыцыйны і для самога Янкі Купалы, і для іншых адраджэнцаў, увасабляе выпрацаваную ў народзе векавым дазнаньнем пакаленьняў жыцьцёвую філязофію пасыйнага пагаджэньня зь сілаю абставінаў, „непраціўленства” ім пры пэсымістычнай або фаталістычнай ацэне пэрспэктываў будучыні.[34] Думкі Купалавага дзеда поўняцца ўспамінамі пра бясконцую крыўду на родных землях, векавы прыгнёт і гвалт, ён ня бачыў дабра ад ранейшых паноў і не чакае яго ад новых уладароў. Роздум ягоны горкі й балючы:

І двор, і пан, прыгон і цар,
Бадзяньні тыя, што ўсьлед шлі
Па роднай, па чужой зямлі, 
І тыя новы ўладары,
Што пруць к яму ў гаспадары;
Усё важыць розумам дзядуль
І не здыбе дабра зьнікуль...

Ідэі жаданага сутыкаюцца тут з рэалістычнай сьведамасьцю ўжо ня толькі цяжкасьцяў дарогі, але й куды большае, кардынальнае перашкоды на гэтай дарозе — трывалай гістарычна складзенай пасывістычна-пэсымістычнай думанастроенасьці самога народу. Што гэты сутык аказаўся навальным і вычарпальным для матыву ўсенароднага сходу-паўстаньня, відаць з таго, што больш да гэтага матыву Купала ніколі й нідзе не зварачаецца. Верагодна, ужо тады, калі Купала пісаў верш „На прызьбе”, ён разумеў усю нікчэмнасьць і безнадзейнасьць заклікаў да актыўнага рэвалюцыйнага дзеяньня, бо ён добра бачыў векавы пасывізм і пэсымізм, што глыбака гістарычна ўкараніўся ў народнай сьведамасьці. Ён ставіць апошнюю кропку над вобразам усенароднага сходу-паўстаньня, што гэтак раней хваляваў яго.

Для Купалы як-бы паўтарылася тая вобразная сытуацыя, якую ён калісь разьвіў у фінале „Раскіданага гнязда”, дзе за заклікам Незнаёмага „На вялікі сход!” ідзе толькі адзін Сымон дый той у стане напоўненармальнага, цягнучы за сабою ўжо зусім ненармальную сястру Зосю, тымчасам як бальшыня сямейнікаў ня толькі старэйшага, але й самага малодшага пакаленьня падаецца са старацкімі торбамі за такім-жа дзедам-Старцам, які „добра сымбалізуе старадаўнае прымірэньне зь бядою”.[35]

Праўда, і пасьля нацыянальна-рэвалюцыйныя ідэі не зьнікаюць у Купалы ды ці раз выяўляюцца ў далейшым, як і ўся сфэра жаданага, але выявы гэтага ўжо не прымаюць больш формы палкіх і намагальных заклікаў да дзеяньня\ яны набываюць форму рытарычных пытаньняў, найчасьцей пакіданых без адказу, або алегарычных вобразаў, не зусім ясна асьветленых.

Верш „У вырай”, напісаны наступным днём (31 кастрычніка 1918)[36], завяршае гэты цыкль зь сямі вершаў на мэлянхалічнай ноце. Паэта, назіраючы восеньскі вырай птушак зь Беларусі ды раздумваючы над іхным своеасаблівым „патрыятызмам”, што змушае іх нязьменна варочацца сюды-ж назад увесну, наракае на нястачу такога патрыятызму, нацыянальнага пачуцьця ў тутэйшых людзей: вы ня ўмееце йшчэ, гусі, выракацца Беларусі, як умеюць людзі.

Праз тыдзень Купала пачынае стварэньне яшчэ аднаго цыклю вершаў. Яны выяўляюць рэакцыю паэты на першыя ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Першым днём угодкаў, 7 лістапада 1918 году, датаваныя два санэты — „Пчолы”[37] й „Наша гаспадарка”[38]. У першым зь іх паэта наракае на тое, што вынікі ягонае дбайнае працы „падглядаюцца”, гэта значыць, перахапляюцца „сваяком-суседам”, у чым нельга ня бачыць празрыстай алегарызацыі эксплюатацыі Беларусі ейнымі суседзямі. Менавіта так і разумее гэты санэт Максім Гарэцкі, зьвяртаючы ўвагу на ягоную алегарычнасьць і нацыянальна-сацыяльны характар.[39] Л.Бэндэ адцяняе нацыяналістычны мамэнт: „Паэта й на гэтым этапе, як і ў сваіх старых вершах, выступае супраць “чужынцаў" наагул, не аддзяляючы ворагаў працоўных масаў Беларусі ад іх саюзьнікаў. “Чужынцы-суседзі" наагул, без дыфэрэнцыяцыі, —_ вось хто, па ўяўленьню паэты, вораг беларускага народу, яны забіраюць мёд зь яго вульляў, яны “запрэглі яго ў няволю”.[40] Калі-б гэты крытык узяў пад увагу дату напісаньня верша, ён знайшоў-бы проста і недвухсэнсавы адрас гэных „чужынцаў-суседзяў”.

У санэце „Наша гаспадарка”, дзе ўжо няма нічога ад алегарычнасьці, адрас „чужынцаў-суседзяў” зусім выразны.

Чужы і свой хлеб станавіцца жорсткім комам,
І душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам
Варшава панская і царская Масква!?

Паэта яшчэ раз зьвяртаецца да гістарычнага працэсу на родных землях ды падчырквае працавітасьць народу, што на іх гаспадарыць, ягоную адданасьць гістарычна-выпадковым валадаром, што бесьперашкодна й няўдзячна эксплюатуюць гэтыя народныя якасьці.

Цікавая дэталь з цэнзурнае гісторыі прыведзенай цытаты. Пры першым зьяўленьні верша ў друку ў зборніку Янкі Купалы „Спадчына” (Менск, 1922) ён меў цэнзурны пропуск, пазначаны шматкроп’ем на месцы апошніх словаў „царская Масква”, і толькі ў В томе паэтавага „Збору твораў” (Менск, 1928), куды ўвайшоў і названы зборнік, тэкст набыў зацытаваны вышэй выгляд. У сувязі з гэтым у беларускіх літаратурных колах выказваліся розныя меркаваньні што да магчымага спачатнага выгляду эпітэту пры слове „Масква”, не прапушчанага ў першым выданьні цэнзурай. Была выказаная гіпотэза, што гэты эпітэт мусіў мець нейкі антыбальшавіцкі сэнс: не магла-ж бо бальшавіцкая цэнзура прычапіцца да слова „царская”. Прапаноўваліся розныя варыянты — „хамская”, як-бы й найбольш адпаведны, як прыродная антытэза да папярэдняга эпітэту „панская” пры слове „Варшава”\ „рабская”, як эпітэт, што вязаўся-б з традыцыйным абазначэньнем бальшавікоў рабамі ў паэты\ нарэшце, „чырвоная” або „пралетарская”, хоць гэтыя апошнія цягнулі-б за сабою парушэньне рытмікі, што малаверагоднае тут, асабліва з увагі на вытрыманую строгасьць кананічнае формы санэту. Эпітэт „царская” мае апору ў самім тэксьце верша[41], а той-жа крытык Бэндэ паказаў на магчымасьць знайсьці даволі зыркі антыбальшавіцкі сэнс і ў ім: „Паэта ўпарта ня хоча прызнаць, што царская Масква ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі адышла ў мінулае, што пралетарская савецкая Масква нічога агульнага ня мае з царскай Масквой. Ён, як і другія беларускія нацыяналісты, у сваіх вершах імкнецца паказаць, што ў Расеі і ў выніку сацыялістычнай рэвалюцыі нічога не зьмянілася, што засталася царская Масква — прыгнятальнік і душыцель нацыянальнасьцяў”.[42]

Гэткі-ж выразна антыбальшавіцкі характар, толькі зь яшчэ большай алегарызацыяй, маюць і іншыя вершы дадзенага цыклю. Так, у вершы „Сон”, датаваным 8 лістапада 1918 году[43], расказваецца пра нейкі „сон пусты”, які трэба было-б растлумачыць паводле „соньніка” і ў якім выступаюць нейкія ночныя „зводы”:

За мною зводы йшлі
І зазіралі ў вочы 
І ціснулі к зямлі. 
Шапталі штось над вухам, 
Спляталі плот зь імгліц...
Вадзілі па канавах, 
Заломах, бадылёх, 
Па хворастах крывавых, 
Распаленых вуглёх 

ды нарэшце прывялі на могільнік... Для растлумачэньня характэрных і запраўды прарочых алегорыяў гэтага сну зусім ня трэба  зьвяртацца да „соньнікаў”, даволі адно ўзяць пад увагу зьвязанасьць іх у часе з бальшавіцкімі ўгодкамі.

Могілкавы матыў, ды пры тым у вельмі панурым гучаньні, знаходзім і ў другім вершы тае-ж даты напісаньня ———”Званы”[44], што сваёй надзвычайна майстроўскай гукавай інструмэнтацыяй нагадвае славутыя „Званы” („Тче Беллс”) Эдгара По, але толькі ў частцы ягоных „ірон беллс” (жалезных званоў). А ў згушчэньні фарбаў і гукаў наш паэта ці не перасягнуў нават амэрыканскага песьняра панурых жудасьцяў: у Купалы — хаўтурны гэта звон спакон нямых сталецьцяў, што яшчэ раз і яшчэ больш падчырквае ягоны панура расчараваны пагляд на ход гістарычнага працэсу, і гэткім вось хаўтурным звонам паэта ізноў-такі „вітае” ўгодкі сучаснае яму падзеі гэтага працэсу, рэклямаваную сваімі адэптамі як „найвялікшую падзею сусьветнай гісторыі”.

Верш „У хорамах”[45] — нядвухсэнсавае „мементо” долі валадароў, што ўзносілі муры, каб княжыці ў мурох... на зло і на дабро, на ўсё-ўсё ўмелі мець ды забылі адылі, што йнакш жыло сяло...

І як заключны акорд гэтага цыклю, што прыносіць пэўнае распружаньне, — пазначаны тою-ж датаю (9 лістапада 1918) лірычна-пэйзажны абразок „Млечны Шлях”[46]. Тут — супакаяльнае сузіраньне ночнага зорнага неба, ягонага „Млечнага Шляху”, што галубіць... зямлю яснавіцай, сочыць вочак мільёнамі долю людзкую, ...птушкам, зблудзіўшым уночы... служыць сьцежкай-пуцінай у вырай.

У Купалавым зборніку „Спадчына” гэтая п’еска зьмешчаная поплеч зь вершам „Званы” і адкрывае трэці разьдзел гэтага зборніка, куды ўвайшлі ўсе вершы дадзенага цыклю ды бальшыня вершаў з папярэдніх цыкляў („На прызьбе”, „Крыўда”, „Сон”, „Для Бацькаўшчыны”, „Наша гаспадарка”, „Пчолы”, „Чаму?”, „Песьня”). Поплеч ставіць абодва творы й Максім Гарэцкі, акцэнтуючы ўвагу на алегарычнасьці нацыянальна-сацыяльнага мамэнту ў іх[47], поплеч, хоць яны якраз найбольш рэзка кантрастуюць між сабою, выражаючы два палярна супрацьлежныя настроі, што так часта мяжуюцца ўва ўсёй Купалавай лірыцы 1918 году — трывожна-пануры й сьветла-супакаяльны. На ноце апошняга й завяршаецца ўвесь разгледжаны цыкль.

У паэтычнай Купалавай спадчыне 1918 году знаходзім яшчэ адзін цыкль — цыкль балядаў, сюжэтна інсьпіраваных таксама зьявамі, што спадарожнічалі рэвалюцыі і якія ў алегарычна-вобразнай форме абагульнялі гэтыя зьявы. Усе гэтыя баляды аб’ядноўваюцца сюжэтнай агульнасьцю (ідэя кроўнага забойства), часам напісаньня (сярэдзіна лістапада 1918 г.) і нават месцам разьмяшчэньня ў зборніку „Спадчына”: „І. Забытая карчма”, „ІІ. Забытая карчма” (13 лістапада), „Буслы” (14 лістапада), „Першы сьнег” (20 лістапада), „Рунь” (21 лістапада)[48].

Матыў такой агіднай праявы сямейнага разлажэньня, як кроўнае забойства, агульны для ўсіх балядаў — адлюстраваньне рэальнага становішча рэчаў, выкліканага, асабліва на вёсцы, рэвалюцыяй, якая прынесла з сабою заняпад маралі, разбурэньне сямейных і суседзкіх стасункаў, развал побыту наагул. Крывавае забойства выступае ў  Купалавых балядах як бацьказабойства з наступным самагубствам забойцы („Забытая карчма” й „Рунь”) і братазабойства („Буслы” й „Першы сьнег”). Бацьказабойства алегарызуе крывавую расправу з сацыяльнымі ідэямі, якія нарадзілі самую рэвалюцыю, дэструкцыйны працэс, што непазьбежна завяршаецца зьнішчэньнем рэвалюцыі. Братазабойства — таксама алегарызацыя крывавай расправы з чалавекалюбівымі ідэямі й надзеямі на сацыяльную рэвалюцыю. Так, у балядзе „Буслы”, разам з пагібельлю забітага больш моцнымі братамі аслабелага й таму няздатнага да пералёту бусла, гіне й надзея дзяўчыны, якая прымацавала да ягонай нагі залаты пярсьцёнак, а надпіс чужой на ім мовай: „Як вернецца бусел зь нязнаных старонак — ка мне мілы вернецца ўзнова...”. Яшчэ больш зыркі вобраз чырвонай крывавай стужкі, што завяршае баляду „Першы сьнег” — сьлед братазабойства на белым покрыве першага сьнегу, як увасабленьне колераў беларускага нацыянальнага сьцягу (такое тлумачэньне алегорыі было выказана самім паэтам у адной з прыватных гутарак).

Балядным цыклем Купала сьцьвярджае перарастаньне рэвалюцыі ў рэакцыю, што крывава распраўляецца з асноўнымі ідэямі рэвалюцыі. Характэрна, што да баляды „Забытая карчма” Купала далучае варыянт, створаны яшчэ ў 1907 годзе, гэта значыць, у пару найбольшага лютаваньня рэакцыі пасьля рэвалюцыі 1905 году, падчыркваючы тым самым асаблівасьць 1918 году як часу такой-жа парэвалюцыйнай рэакцыі, толькі яшчэ больш разрушальнай і крывавай.

Да цыклю баляд прымыкаюць яшчэ два Купалавыя вершы. Першы зь іх — „Буралом”,[49] — напісаны ў адзін дзень з балядай „Буслы” (14 лістапада), у вобразе лясной буры, што валіць па чарзе магутныя дубы і іншыя дрэвы, алегарызуе пачатак руху, які здаваўся на той час сусьветным пашырэньнем бальшавіцкай рэвалюцыі. Такі вобраз маглі навеяць некаторыя сучасныя паэту праявы гэтага руху, як нямецкая рэвалюцыя ў Мюнхэне 7 лістапада 1918 году і ў Бэрліне 9 лістапада 1918 году.

Другі верш — „Сявец”[50], напісаны ў той самы дзень, што й баляда „Першы сьнег”, малюе ідылічную патрыярхальную фігуру селяніна-сейбіта (Свой сею загон, ад бацькі прымеціў так сеяць, як ён) — алегарычны вобраз „сейбіта ідэяў”, нярэдкі ў адраджэнскай паэзіі. Аднак у балядзе „Рунь”, напісанай на наступны дзень, быццам-бы той самы вобраз селяніна-сейбіта, які радуецца першым усходам сваіх пасеваў, раптам раскрываецца як вобраз бацьказабойцы й губляе ўсю сваю ідылічнасьць. Так гэты верш яшчэ выразней адцемлівае асноўную ідэю ўсяго цыклю баляд.

Плынь Купалавых твораў 1918 году завяршаецца вершам „Паяжджане”[51], напісаным 27 сьнежаня, і крыху больш раньнім, зьнітаваным зь ім вершам „Удосьветак”[52] (10 лістапада). У апошнім паэта малюе вобраз сялянскай дзяўчыны-папрадухі, што засынае ўдосьвітку над сваёю працаю. Тым-жа часам дзесь недалёка ад яе — адзінотны падарожны, што нагадвае постаць зь верша „Ў дарозе”, сярод такое-ж, як і там, цёмнае восеньскае начы, пад дажджом ды ў такой-жа трывозе сьцяжынай у балоцістай гаці брыдзе-прабіраецца — куды ён брыдзе, не згадаці, у слабой надзеі на хоць які-небудзь вогнік з хаты, што мяжуе з роспачай: няўжо-ж падарожнаму гінуць?... І дзяўчына-папрадуха бачыць у сваім досьвітным сьне гэтага самага падарожнага, як быццам-бы ён сьпяшыць к ёй у госьці, такі малады і багаты....

І ўсьмешка ўсьцьвіла маладая, 
І кроў забурліла крыніцай...
Ёй сьніцца... Дый хто там згадае,
Што ўдосьвет папрадусе сьніцца?..

Л.Бэндэ прызнаваўся, што не зразумеў алегарычнага сэнсу гэтага верша, нават не адчуў яго зусім тут[53]. Між тым, яшчэ ў дарэвалюцыйнай Купалавай паэзіі вобраз маладой дзяўчыны часта выступае як алегарычны вобраз самой „Маладой Беларусі”, а вобраз вясельля — як алегорыя яе трыюмфу, трыюмфу нацыянальнага руху[54]. Такім чынам, у вершах „Удосьветак”, як і „Ў дарозе”, летуценьні-надзеі „Маладое Беларусі” ўвасоблены ў вобразе падарожнага — носьбіта нацыянальнае рэвалюцыі, што натужна, але ўсё-ж напорна прабіраецца да свае мэты. Верш „Паяжджаньне” разьвівае тую-ж тэму, але ўжо ў супрацьлеглым, змрочным асьвятленьні, прадыктаваным самой рэчаіснасьцю. Перад намі вобраз вясельнага картэжу — „поезда” ў бязрадаснай сытуацыі, сярод зімовай завірухі ў полі ўначы, дзе ні пуціны, ні упыньня, як у вечнай дамавіне, ні праслуху, ні прагляду, ні прасьвету, ні надзеі... Вясельнікі-”паяжджане”, ахопленыя жахам, прымерзшыя адзін да аднаго, без дняваньня, без начлегу, ў бездарожжа, ў беспрыстаньне, як нішто ні знаць, ні ведаць, і ўсё едуць, едуць, едуць... Завіруха то шэпча ім пра чаканыя радасьці вясельнай бяседы — аб музыцы-дудаграю, аб пшанічным караваю, то сьнежным надзячы начлегам, пасыпае сном і сьнегам, то сьнежнай хістаючы вехай, захліпаецца ад сьмеху... У гэтай алегорыі чытач бачыць бядотнае становішча беларускага нацыянальнага руху, які жорстка перасьледваўся, заганяўся глыбока ў падпольле або ў беспрытульнасьць эміграцыі бальшавіцкай завірухай.

Такім безнадзейным малюнкам завяршаецца тое ідэйна-мастацкае цэлае, што й складае паэтычную спадчыну Янкі Купалы 1918 году й выражае рэакцыю паэты на Кастрычніцкую рэвалюцыю. Гэтая рэзка адмоўная рэакцыя паэты працягвае лінію дарэвалюцыйнай апазыцыйнасьці, пацьвярджаючы нязьменнасьць ягоных сацыяльных і нацыянальна-дэмакратычных пазыцыяў. Нават Купалаў літаратурны мэтад увасабленьня гэтай апазыцыйнасьці, які не раз уводзіў у зман павярхоўных і далёкіх ад разуменьня спэцыфікі беларускага літаратурнага адраджэнства крытыкаў адносна ўяўнага „Купалавага сымбалізму”, не зьмяніўся: алегорыя засталася ягоным галоўным рухавіком.

На фоне разгорнутага малюнку Купалавай рэакцыі на рэвалюцыю 1917 году больш дакладна асэнсоўваюцца водгукі на бальшавіцкі Кастрычнік і з боку некаторых іншых прадстаўнікоў беларускага літаратурнага адраджэнства, дапаўняючы гэты малюнак і падчыркваючы яшчэ раз неаднакроць прыгаданае адзінства ідэйнага й вобразнага мысьленьня ўсіх нашых адраджэнцаў.

Гэта, перш-найперш, драма Франьцішка Аляхновіча „Страхі жыцьця” (1918), напісаная пасьля п’есаў „Калісь” і „Базылішк”, якая сюжэтна й тэматычна прымыкае да Купалавых балядаў 1918 году, толькі больш дэталёва, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі мастацкага жанру, разгортвае малюнкі „страхаў жыцьця”, прынесеных бальшавіцкай рэвалюцыяй. Вось як ацэньвае гэты твор савецкі тэатральны крытык: „Тут выразна праводзіцца думка, што рэвалюцыя прынесла сьмерць, голад, хваробы, няшчасьці. Гарадзкі мешчанін-інтэлігент Сымон хапаецца за ўсё, што можна, але ня можа ўтрымацца пад напорам тае жудасьці, голаду й безвыходнасьці, якія прынесла рэвалюцыя. І ён мітусіцца ў дзікім страху перад ёю, не знаходзячы сабе выйсьця. У шаленстве й роспачы ён прыносіць ахвяру рэвалюцыі, забіваючы свайго сына. Яго жыцьцёвая пляцформа выказана й другім пэрсанажам гэтае брэдавае драмы, мешчанінам Казюком”.[55]

Як бачна, разгорнуты Аляхновічам вобраз адрозьніваецца ад Купалавых баляд 1918 году толькі большай дэталізацыяй, цалкам зразумелай і неабходнай для драмы ў параўнаньні з балядай, перамяшчэньнем дзеяньня ў іншае сацыяльнае асяродзьдзе, больш адпаведнае для гэтых абставінаў, а таксама інакшым разьвіцьцём асноўнае сюжэтнае лініі (сыназабойства заміж бацьказабойства), што ўсё, разам узятае, аднак, ніколькі не мяняе, а толькі робіць больш выразнай тую-ж, што і ў Купалы, ідэю выраджэньня рэвалюцыі.

Тэма кроўнага забойства й менавіта сыназабойства распрацавана і ў невялікай паэме Ясакара-Бядулі „Абмылка” (1918)[56]. Аднак створаная ім побытавая замалёўка настолькі рэалістычная, што магчымасьць закладзенай у паэме алегарычнай ідэі выклікае сумлеў.

Сюжэтна блізкая да Купалавага верша „Ўдосьветак” —вялікая лірыка-эпічная паэма Якуба Коласа „Сымон Музыка”. У аснове паэмы ляжаць вандраваньні падарожнага музыкі Сымона, які жыве думкай пра сустрэчу з каханай дзяўчынай Ганнай, якая любіць і чакае яго. Адам Бабарэка, адзін зь лепшых беларускіх крытыкаў, адцеміў у сваім праніклівым дасьледваньні гэтай паэмы, што Коласаў Сымон Музыка — „вобраз беларускага паэты Новага Адраджэньня”, а ягоная Ганна — „сымбаль Маладой Беларусі”.[57] Тут алегарычнае значэньне сытуацыі й галоўнага героя Сымона вельмі блізкае да Купалавага, толькі апісаньне начнога падарожнага й дзяўчыны, якая чакае яго, больш агульнае, а ягоны падарожны — больш абстрактны вобраз нацыянальнага рэвалюцыянера, адзін з канкрэтных варыянтаў якога — постаць беларускага паэты-адраджэнца.[58]

У той час, як Купала толькі намячае ўзаемадачыненьні паміж беларускім адраджэнцам і ягонай каханай „Маладой Беларусьсю”, пакідаючы іх двухбаковымі, Колас разгортвае гэтую сытуацыю ў традыцыйны рамантычны трохкутнік, трэцяй дзейнай асобай якога, сапернікам Сымона, што падчас адсутнасьці музыкі марна дабіваецца ўзаемнасьці ў непахісна-вернай свайму каханаму Ганны, зьяўляецца новы пэрсанаж — Дамінік. У самім гучаньні ягонага ймя ўжо адчуваецца рэальны прататып — бальшавік, новы герой гістарычнай рэальнасьці Беларусі, „вылучэнец” Кастрычніцкай рэвалюцыі, успрыманы цяпер як жох, што сябе занадта мерыў і ў хлапцоўскасьць сваю верыў, і меў рызыкі на трох.

Дамагаючыся Ганны, Дамінік не спыняецца й перад гвалтаваньнем, і хоць ягоная спроба сілком авалодаць Ганнай і сарвалася, для дзяўчыны яна заканчваецца бядой — глыбокім нэрвовым зрывам. Вынік гэтага здарэньня яшчэ больш трагічны, хоць паэта й пакідае яго няясным у дэталях. „Ня ўздужала дзеўка жыць!” — вось усё, што пачуў, прыбіўшыся ў тыя мясьціны на той час Сымон. Ашаломлены такой навіной, хлопец нават ня робіць спробы праясьніць і праверыць чуткі. Зацягнуты „нейкай сілай”, ён аказваецца на могілках, дзе й сустракае прывід сваёй каханай, што выйшаў з магілы.

Рэалізм першых частак паэмы тут паслабляецца неакрэсьленасьцю й зьбедненасьцю дэталяў, усё больш уступаючы месца раматызму й нават да нейкай ступені — містыцызму. У гэтай фінальнай сустрэчы Сымона з прывідам Ганны Колас праясьняе алегарычны сэнс усёй „казкі жыцьця”. Менавіта тут выяўляецца, што плян алегарычны (або шырэй — плян паэтычны наагул) і ёсьць той асноўны й пэрспэктыўны плян паэмы, у дачыненьнях да якога і рэалістычны, і рамантычна-містычны пляны аказваюцца толькі вонкавымі.

У гэтым завяршальным пляне паэмы выкрысталізоўваецца Сымонава роля як вандроўнага паэты-рэвалюцыянера, які ў сьвет пойдзе тропам новым песьні-думкі дапяваць і сваім чароўным словам жар із дна душы ўзьнімаць, які разьвее ліхі туман і агнёў балотных зводы, насланыя думкі — зман!

Усьлед за тым і вобраз Ганны, узьнесены на тыя-ж паэтычна-містычныя вышыні, набывае новыя, завяршальныя рысы ахоўніцы й правадніцы:  я-ж, як маці, над табой нахінуся, мой сіротка, нізка-нізка галавой. Гэтыя мацярынскія рысы новага вобразу Ганны ўключаюць яго ў традыцыйны, агульны для ўсяго Адраджэнства алегарычны вобраз Маладой Беларусі й Маці-Беларусі, які ня раз быў адлюстраваны і ў дарэвалюцыйнай паэзіі Коласа[59] і які набліжаецца да эстэтычна найбольш дасканалых вобразаў „мадон” Максіма Багдановіча, надзеленых тымі-ж сынтэтычнымі рысамі з такім-жа алегарычным асэнсаваньнем.