БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Антон Адамовіч, Творы

Частка ІІІ
На пазыцыях „антысавецкай контррэвалюцыі”
1919-1920

1918 год беларуская літаратура завяршала зь цяжкім пачуцьцём. Асновай гэтага настрою паслужыла, бессумлеўна, устанаўленьне і ўмацаваньне бальшавіцкага рэжыму, у той час яшчэ непрымірыма варожага беларускай нацыянальнай ідэі наагул.

Пачатак 1919 году прынёс з сабою, як здавалася, важныя зьмены ў стаўленьні савецкага рэжыму да беларускай нацыянальнай ідэі. Бальшавікі, якія да гэтай пары не дапускалі нават самога найменьня беларус, беларускі на тэрыторыі Беларусі, усьлед за традыцыяй царскага рэжыму, нязьменна называнай імі толькі „Заходняй вобласьцю”, раптам 1 студзеня 1919 году абвясьцілі незалежную Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспублку (БССР). На чале ўраду гэтай рэспублікі стаў беларускі паэта Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч), якога да часу бальшавікі не выпускалі зь Петраграду й Масквы, баючыся, што выказаныя ім раней сымпатыі да нацыяналізму могуць стымуляваць адмоўнае стаўленьне беларускіх масаў да бальшавікоў, і які цяпер склаў у Смаленску даволі малапісьменны „Маніфэст” (дакладны назоў: „Маніхвэст Часовага Работніча-Селянскаго Савецкаго Правіцельства Беларусі”, подпісы: „Змітро Жылуновіч, А.Мясников, С.Иванов, Алесь Чэрвяк и Рейнгольд”)[1] пра ўтварэньне БССР, апублікаваны 2 студзеня 1919 году. Аднак ва ўмовах разрухі таго часу падзея гэтая мела толькі чыста папяровы характар. І ўжо 27 лютага 1919 году Беларуская Рэспубліка была перайменаваная ў Літоўска-Беларускую, прычым, па-першае, ад яе была адрэзаная значная частка беларускай этнаграфічнай тэрыторыі (былыя Смаленская, Віцебская, Магілёўская губэрні), а літоўскай тэрыторыі не далучылі, можна сказаць, ні корха (уся літоўская этнаграфічная тэрыторыя ў той час ужо знаходзілася пад кантролем Літоўскай Дэмакратычнай Рэспублікі, узначаленай так званай „Тарыбай” і прызнанай дэмакратычнымі дзяржавамі); па-другое, з пасады кіраўніка ўраду Рэспублікі „зьнялі”, ужываючы тыповы савецкі выраз, Гартнага-Жылуновіча, „збаяўшыся ягонай залішняй беларускасьці”, як зазначыў пазьней у сваёй „Гісторыі беларускай літаратуры” Максім Гарэцкі.[2] Жылуновіч застаўся ў Смаленску, на чале новай „дзяржавы” быў пастаўлены літоўскі камуніст В.Міцкевіч-Капсукас. Але рэальная ўлада аказалася ў руках польскіх і палянізаваных бальшавікоў з выразным намерам стварыць фарпост для далейшай экспансіі ў бок Польшчы, найбольш блізкай да капіталістычнага Захаду, а можа, нават для стварэньня ўжо траістай Польска-Літоўска-Беларускай Рэспублікі, якая-б адрадзіла вонкава сытуацыю, што існавала ў канцы ХVІІІ ст.

Сакрэт раптоўнага павароту бальшавікоў у беларускім пытаньні быў раскрыты ў яго найбольш істотнай частцы значна пазьней адным з чаловых камуністаў, што дзейнічалі на Беларусі ад самага пачатку рэвалюцыі, шматразовым і шматгадовым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі В.Кнорыным, адным з найбольш відных „арганізатараў Кастрычніка” на Беларусі, адным з разгоншчыкаў Беларускага Ўстаноўчага Сходу — Першага Ўсебеларускага Кангрэсу 1917 году, а ў далейшым — адным зь першых застрэльшчыкаў пагрому „беларускага нацыянал-дэмакратызму” ў 1929-1930 гадох. „Пэрыяд нямецкае акупацыі, — пісаў Кнорын у сваім артыкуле „Камуністычная партыя ў Беларусі”[3], — зьяўляецца й пэрыядам успрыманьня масамі ідэі беларускае незалежнасьці, на што партыя павінна была зьвярнуць увагу. Пытаньні незалежнасьці, пытаньні арганізацыі Беларускае Рэспублікі з гэтых часоў пачынаюць граць у партыі ўсё большую ролю”. У гэтым прызнаньні была, вядома, толькі частковая праўда: бальшавікі й ня думалі ствараць запраўды „незалежную Беларусь”. Іхнай мэтай было, карыстаючыся магчымасьцямі дзяржаўнага савецка-партыйнага апарату рэспублікі, дабіцца падаўленьня ў беларускіх масах усякага імкненьня да незалежнасьці.

Усе гэтыя „ўрачыстыя падзеі (дэклярацыі, маніфэсты) у стварэньні запраўднай беларускай дзяржаўнасьці бальшавікамі” не зьмянілі настрою дэпрэсіўнасьці, які панаваў у літаратурнай грамадзкасьці ад канца 1918 году. Беларуская літаратура не адгукнулася ні слоўкам на стварэньне новай дзяржавы. Пасьля апошніх твораў 1918 году, пра якія гаварылася ў папярэднім разьдзеле, яна захоўвала блізу поўнае маўчаньне аж да восені 1919 году. Толькі тры п’есы, напісаныя ў папярэднія гады, былі выдрукаваныя за ўвесь гэты пэрыяд і выйшлі ў Вільні пад грыфам камісарыяту асьветы: „Раскіданае гняздо” Янкі Купалы, „Страхі жыцьця” Франьцішка Аляхновіча, „Апошняе спатканьне” Уладыслава Галубка. Беларускія пісьменьнікі ня толькі нічога не друкавалі, але блізу што нічога й не напісалі ў гэты час. Ва ўсёй Купалавай спадчыне можна знайсьці толькі чатыры-пяць вершаў, дый то два зь іх перакладзеныя з польскай мовы: „Доля наша” М.Канапніцкай і „Ці знаеш край” невядомага аўтара.[4] Няма сумлеву, што Янка Купала зноў выкарыстаў пераклады, каб выказаць свой уласны настрой. Пакутлівая няяснасьць „долі нашай” — нацыянальнага лёсу свайго народу, што трывожыла некалі Марыю Канапніцкую, зразумела, не магла не трывожыць і Купалу менавіта ў гэты пераломны мамэнт гісторыі ягонага народу. Яму сугучнае выражэньне любові да беларускай зямлі, якой наканаваныя беды й няшчасьці, выказанае невядомым польскім аўтарам:

Край бяды, край напасьцей
Вабіць люд свой бадзячы.
Ён мілей нам ад шчасьця,
Мы зь ім, ён з намі плача.
[5]

 Пра якія-небудзь іншыя творы беларускіх адраджэнцаў гэтага часу нічога ня ведама — ні аднаго радка за ўвесь 1919 год ня даў нават Цішка Гартны.

Часы бальшавіцкага панаваньня на Беларусі былі найгоршым злом, такога беларусы ня бачылі на сваёй зямлі ні да таго, ні пасьля. Яшчэ пры першым вызваленьні часткі Беларусі ад бальшавікоў нямецкай арміяй у 1918 годзе пісьменьнік Зьмітрок Бядуля_Ясакар сказаў, што беларусы былі-б рады, калі-б нават нэгры прыйшлі іх ратаваць.[6] Тая-ж рэакцыя беларусаў паўтарылася й пазьней, калі „выратавальнікамі” Беларусі аказаліся гітлераўцы, якія ні ў чым не саступалі бальшавіком.

Такое становішча цягнулася аж да ачышчэньня ад бальшавікоў значнай часткі беларускай тэрыторыі ў выніку наступу польскай арміі пад камандаваньнем Юзэфа Пілсудскага. Ужо 22 красавіка 1919 году палякі занялі Вільню, прымусіўшы ўрад папяровай Літоўска-Беларускай Савецкай Рэспублікі пакінуць адзіны літоўскі пункт яе тэрыторыі. Асеньні польскі наступ 1919 году завяршыў існаваньне гэтай рэспублікі. Уся заходняя частка Беларусі з занятым 8 жнівеня 1919 году Менскам апынулася пад акупацыяй Польшчы.

Беларускія нацыяналістычныя сілы, у тым ліку й беларускія літаратары, віталі польскую армію, убачыўшы ў ёй, перш-найперш, вызвольніцу ад бальшавізму. Была яшчэ адна прычына, якая выклікала спрыяльнае стаўленьне беларусаў да польскай арміі. На чале гэтай арміі стаяў Юзэф Пілсудскі, народжаны на Беларусі, паходзіў ён з дваранскага беларускага (хоць і апалячанага) роду і яшчэ задоўга да рэвалюцыі выявіў, будучы польскім сацыялістам, вялікую сымпатыю да беларускага нацыянальнага руху, нават актыўна памагаў яму. Такі ведамы беларускім нацыянальным дзеячам яшчэ зь мінулага сылюэт асобы Пілсудскага набываў цяпер яшчэ большую прыцягальнасьць у сьвятле некаторых ягоных асабістых заяваў, зробленых пры ўступленьні польскай арміі на тэрыторыю Беларусі. Так, ужо пры заняцьці Вільні Пілсудскі заявіў: „Польскае войска, прыйшоўшае на Беларусь, нясе ўсім вам свабоду... Хачу вам даць магчымасьць разьвязаць нутраныя і нацыянальныя і рэлігійныя справы так, як самі захочаце, безь якога-небудзь гвалту або націску з боку Польшчы”, а пры заняцьці Менску выказаўся яшчэ больш пэўна: „Я хацеў-бы відзець гэтую краіну свабоднай між свабоднымі народамі. Беларусь можа гаварыць з Польшчай, як роўны з роўным і свабодны са свабодным”.[7] Пасьля такіх заяваў першая вітальная рэакцыя беларускага нацыянальнага руху ў дачыненьнях да польскай арміі Пілсудскага робіцца яшчэ больш зразумелай і натуральнай. Прыход палякаў выклікаў вялікае ажыўленьне і ў замерлай беларускай літаратуры. У Менску пачала выходзіць газэта „Звон”, якая сталася беспасярэдняй пераемніцай закрытай бальшавікамі „Вольнай Беларусі” і, падобна да яе, дала шырокую трыбуну беларускаму літаратурнаму адраджэнству. Ужо ў першым нумары газэты верш, падпісаны Я.Л., нібы ад імя адраджэнцаў, заклікаў і падбадзёрваў:

Мой ты краю, родны, мілы, 
Прывітаньне табе шлю!
Звонам чыстым з усёй сілы
Вестку добрую званю:
Бальшавіцка счэзла мара,
Ужо далёка недзе — там...
Залатая долі чара
Усьміхнецца мо і нам
.[8]

Тут-жа Міхась Кудзелька (Алесь Гарун) заклікаў усіх беларусаў:

Зазвані моцна, звон, загудзі,
Каб пачулі цябе на ўвесь край,
Беларуса хутчэй разбудзі, 
Хоць цяпер яму спаць ты ня дай!
Прыйшоў час, калі сорамна спаць:
Ўсе так шчыра за працу ўзялісь,
Ўсе жыцьцё пачалі будаваць, 
А ты сьпіш... Хоць ад звону прасьнісь!
Паглядзі, як сусед пачаў жыць,
Што нядаўна нявольнікам быў,
Ён ня спаў, — і цяпер ён ня сьпіць,
Усім кажа, што ён яшчэ жыў.

А чаго, беларус, ты маўчыш?!

І табе годзі, братку, драмаць:
Калі можна гукаць — ты маўчыш, —
Каб пасьля не прыйшлось шкадаваць...
Кінь саромецца мовы свае,
Зваць сябе беларусам пачні,
Папрацуй над сялібай раней,
А пасьля зь ціхатой адпачні!..
Дык звані моцна, звон, і гудзі,
Сваім гукам глушы увесь край!
Хто шчэ сьпіць — ты таго разбудзі,
Хто ня сьпіць — тых да працы зьбірай!
[9]

Да дня прыезду Пілсудскага ў Менск газэта „Звон” ня толькі выйшла пад аншлягам „Прывітаньне табе, кіраўнік Польскай дзяржавы, на тваёй роднай зямлі Беларусі”[10], але і ў традыцыйных для адраджэнства паэтычных вобразах апявала асобу гэтага „рыцара з Захаду”, які „не затым завалодаў сэрцам Беларусі, каб яе скрыўдзіць, але каб падняць з заняпаду зачараваную княжну ў сялянскіх шатах, каб вярнуць ёй адвечны пасад яе, каб памагчы ўтварэньню незалежнай й непадзельнай Беларусі”.[11] Пры сустрэчы Пілсудскага ў Менску яго вітаў ад імя ўсяго беларускага насельніцтва адзін з найбольш блізкіх да Купалы малодшы паэта-адраджэнец Алесь Гарун, які таксама не паскупіўся на паэтычныя вобразы ў сваёй вітальнай прамове: „Ужо шосты тыдзень, як мы жывем спакойным жыцьцём. Разьвеяўся чырвоны туман, разьвеялася відмо галоднай сьмерці. Гэты цуд ёсьць дзелам гераічнага польскага войска, якога вы ёсьць начальнікам. Вітаю вас ад імя нашых беларускіх дэлегацыяў, прадстаўляючых тутака беларускае насяленьне, выслаўляю гарачую падзяку за звальненьне Менску й Меншчыны ад новага цяжкага нападу маскоўскага імпэрыялізму, які на гэты раз прыбраўся ў бальшавіцкую вопратку. Але плачуць яшчэ маткі ў Віцебску, стогнуць людзі ў Магілёве, маўчыць, бо забаронены, хаўтурны голас зьімшэлых званіцаў Смаленску. Мы верым і спадзяемся, што, разам з вольнымі Менскам, Вільняй і сівой Гародняй, вольнымі й шчасьлівымі будуць у вольнай і незалежнай Беларускай рэспубліцы нашыя адвечныя астрогі на рубяжох Масквы — Віцебск, Магілёў і стары Смаленск. Гэтага мы спадзяемся, у гэта мы верым, а гэтымі верай і надзеяй абдараваў нас братні народ, якога слаўнаму прадстаўніку гатовы мы сказаць на Меншчыне ня толькі наша сягоньняшняе “дзякуйЖ, але й заўсёды: “Здароў будзь, прыходзь да нас, наш госьцю мілы, суседзе дарагі!Ж”[12]

Аднак сам прызнаны „прарок беларускага нацыянальнага адраджэньня”, сам карыфэй паэзіі гэтага адраджэньня Янка Купала, чыімі паэтычнымі вобразамі карысталіся цяпер ягоныя пасьлядоўнікі й вучні ў сваіх поўных энтузіязму вітаньнях госьцю міламу, суседу дарагому, на якога ўскладаліся такія вялікія надзеі (а гэта быў, па сутнасьці, толькі арганізатар чарговага акупацыйнага рэжыму на Беларусі), не выказваў ніякага энтузіязму нават да самога факту ўсталяваньня новага рэжыму. Праўда, і Купала адразу ўзяўся за пяро, але толькі адным гэтым фактам аднаўленьня паэтычнай дзейнасьці і абмяжоўваецца ў дачыненьнях да Купалавай музы гэтае станоўчае ўзьдзеяньне на зьмену рэжыму на Беларусі ў 1919 годзе. Характэрна, што паэта зусім не заўважыў нават самога „зьнікненьня бальшавіцкага насланьня” адначасна з прыходам новага рэжыму, хоць „насланьнё” гэтае скоўвала да той пары й Купалу. Напрошваецца выснаў, што, мабыць, сытуацыя, якая ішла на зьмену бальшавіцкаму рэжыму, ад самага пачатку ня бачылася паэту настолькі ружовай, каб разглядаць яе інакш, чым у запраўднай якасьці чужанацыянальнай акупацыі. Магчыма, толькі менш жорсткай і жахлівай (якая таму дазволіла зноў узяцца за пяро), але ўсё-ж акупацыі, у аснове сваёй такой самай, якой была на тэрыторыі Беларусі папярэдняя сыстэма.

Першы верш Купалы, напісаны ўжо на трэці дзень устанаўленьня польскай акупацыі ў той мясцовасьці, дзе жыў тады паэта, — „Лясное возера”  (10 жнівеня 1919)[13]  элегія, пазбаўленая ўсякіх сьветлых тонаў, поўная няясных, але бяссумлеўна шматзначных алегарычных намёкаў. У наступным вершы „З павяўшай славы” (21 жнівеня 1919)[14] ад імя нейкага „мы” (нацыянальна-ідэйнага калектыву, тыповага для твораў Купалы) падымаецца абураны, гнеўны голас, які заяўляе пра намер

Пад стогн няволі, путаў звон 
І так, каб чуў і брат і кат, 
Заграць сьвету ў дружны хор, 
З жыцьцём у тон, зь віхрамі ў тон, 
Пра свой папас, пра свой палон
...

Вось такімі, ужо дакладна акрэсьленымі вобразамі, характарызуе паэта новую сытуацыю на сваёй радзіме. Змрочныя, але вельмі празрыстыя па сэнсу алегорыі ў тым-жа пляне ацэнкі акупацыйнае рэчаіснасьці і ў больш позьніх вершах „Груган” (23 жнівеня 1919)[15] і „Восень” (24 жнівеня 1919)[16], якія стылістычна прымыкаюць да „Ляснога возера” і ў зборы твораў паэты стаяць побач. Нарэшце, у анафарызаваных радкох верша „На нашым...” (28 жнівеня 1919)[17] доўгі шэраг алегорыяў завяршаецца недвухсэнсавым іх расшыфраваньнем:

У нашым краі
Пануе чужак, 
Ніхто не парае, 
Пазбыціся як.

І ў той самы дзень Купала стварае адзін з наймацнейшых сваіх вершаў „Паўстань з народу нашага...”[18], дзе паэта дае „параду” свайму народу, як пазбавіць краіну ад прыгнёту чужога панаваньня. Парада гэтая ня новая ў нашага „прарока беларускага адраджэньня”: яшчэ ў дарэвалюцыйнай ягонай паэзіі можна прасачыць фармаваньне своеасаблівай ідэйна-паэтычнай канцэпцыі адраджэньня, заснаванай на актывізацыі некаторых асноўных прынцыпаў або фактараў, якія могуць і павінны забясьпечыць менавіта такое пазбаўленьне адроджанага народу ад чужога панаваньня. Прапанаваныя Купалам асноўныя прынцыпы могуць быць сфармуляваныя такім чынам:

1)нацыянальная ідэя, дакладней, — ідэялёгія (нават, можа, рэлігія), якая быццам сьвятлом наканаваная, праектуе слаўнае нацыянальнае мінулае на экран будучыні, паказвае і асьвятляе шлях у гэтую будучыню, шлях, што пралягае праз духоўнае ўзнаўленьне й разьняволеньне народу;

2)нацыянальная паэзія, або шырэй — нацыянальная культура, якая выхоўвае нацыянальнае пачуцьцё й выклікае нацыянальнае абуджэньне народу;

3)сіла, або дакладней — узброеная, ваенная сіла, сіла нацыянальнай зброі, што арганізуе абуджаны народ, узбройвае й вядзе яго на рашучае змаганьне-вайну за аднаўленьне нацыянальнага прэстыжу-”славы” і ўстанаўленьне нацыянальнага сувэрэнітэту на нацыянальнай тэрыторыі „бацькаўшчыны”, вызваленай ад заняволеньня чужымі й варожымі сіламі;

4)улада пэўнага нацыянальнага аўтарытэту, якая афармляе і ўзначальвае нацыянальны сувэрэнітэт і забясьпечвае ягонае ўтрыманьне.

Гэтыя чатыры фактары сваёй канцэпцыі Купала то алегарызуе ў вобразах, запазычаных з царства прыроды[19], часам уперамешку з гістарычнымі вобразамі[20], то падае як лёзунгі паэтычнага звароту, у якіх разгортвае ўсю сваю канцэпцыю ў форме праграмы нацыянальнага дзеяньня[21], то, нарэшце, стварае алегарычныя вобразы, якія ўвасабляюць усе гэтыя фактары. Вобраз Купалавага „гусьляра”[22] сынтэзуе іх, у больш позьніх Купалавых творах носьбіты гэтых фактараў — ужо чатыры самастойныя вобразы. Перш-найперш, гэта мы бачым у алегарычнай і фантастычнай паэме Купалы „На Куцьцю”[23], якая належыць да найлепшых твораў ня толькі дарэвалюцыйнага, але й наагул усяго творства паэты. Князь-сувэрэн — гістарычны носьбіт улады нацыянальнага аўтарытэту. Першы зь ягоных „ганцоў” — носьбіт „сьветача”, „сонца”, ідэі; другі — узброены лукам і стрэламі старажытны воін — носьбіт „славы” нацыянальнай зброі; трэці — „гусьляр” — паэта, носьбіт „песьні”.

У вершы „Паўстань...” Купала адыходзіць ад алегорыкі й фантастыкі й разгортвае свае чатыры прынцыпы дакладнай, празрыстай мовай ідэйна-палітычнай лірыкі (а можа нават дыдактычнай рыторыкі). Паэта страсна заклікае:

Паўстань з народу нашага, прарок, 
Праяваў бураломных варажбіт, 
І мудрым словам скінь з народу ўрок, 
Якім быў век праз ворагаў спавіт. 
Зьбяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю,
Вазьмі зь яе прысягу і зарок,
Што не прадасьць сябе, сваю зямлю... 
Зьняць путы бацькаўшчыне ўстань, прарок.
Паўстань з народу нашага, пясьняр, 
Былых і будучых вякоў баян,
І ў бурны кліч, як буры ўдар,
Зь віхрамі загудзі пад звон кайдан!
Гудзі над Беларусяй з краю ў край,
У сэрцах сьпячых распалі пажар,
Над курганамі перуном зайграй.
Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясьняр.
Паўстань з народу нашага, ваяк,
І волатам на Юр’евым кані
Народ аграблены — бы з торб жабрак —
За бацькаўшчыну павядзі ў агні.
Да хвалы шлях айчыне пакажы,
Зьмяці з палёў яе чужых бадзяк,
На стражы стань гранічнае мяжы...
Свой край заваяваць паўстань, ваяк.
Паўстань з народу нашага, ўладар,
Адбудаваць свой збураны пасад,
Бо твой народ забыў, хто гаспадар
І хто яго абдзёр з каронных шат.
На ўладара жджэ Беларусь даўно, 
І жджэ цябе ўладарства Божы дар, 
Вялікае, магутнае яно... 
Пад беларускі сьцяг прыйдзі, ўладар
.

Верш „Паўстань з народу нашага...” зьявіўся ўпершыню ў газэце „Звон” і менавіта ў тых самых нумарох, што блізу цалкам былі прысьвечаныя кіраўніку польскай дзяржавы Пілсудскаму[24]. Гэтыя абставіны давалі й даюць падставу разглядаць верш на агульнавітальным фоне і ў шэрагу іншых твораў у гонар польскага героя. І трэба прызнаць, што ў такім пляне Купалаў верш не дадае гонару беларускаму народнаму паэту-трыбуну як аўтару. Але калі разглядаць гэты верш не на выпадковым фоне тагачаснай прэсы, а ў кантэксьце ўсяго Купалавага творства, такая інтэрпрэтацыя можа быць прынятай толькі зь вельмі істотнымі абмежаваньнямі. Бясспрэчна, зьяўленьне Пілсудскага як „уладара” й „ваяка” магло падтрымаць Купалаву ідэйна-паэтычную канцэпцыю нацыянальнага адраджэньня й падмацаваць надзеі, што Беларусь таксама можа вылучыць жаданага нацыянальнага лідэра (або лідэраў) — „беларускага Пілсудскага”.

Купала ўсьведамляе, што рэальнае, нажаль, істотна адрозьніваецца ад жаданага. У вершы „Беларускія сыны” (1919)[25] паэта вяртаецца да суворай рэчаіснасьці як-бы для праверкі „ажыцьцяўленьня жаданьняў” і знаходзіць усё тое-ж „панаваньне чужынца”. Тут заміж жаданага й чаканага нацыянальнага „прарока” паэта бачыць таго-ж чужынца, які брыдзе... б’ючы ў кайданавы званы, а зь ім побач хто? Беларускія сыны!. Заміж нацыянальнага „ўладара” па-ранейшаму ў беларускім вольным краі... царыць чужынец, а ў паслугах хто? — Беларускія сыны!. Заміж беларускага баявога сьцяга, пад якім павінен быў прыйсьці нацыянальны „ўладар”, — над беларускай беднай хатай, як полка вырвана з труны, вісіць чужы сьцяг, а трымае хто? Беларускія сыны! І ўсё, як было: народ працягвае вылучаць беларускіх сыноў, як пасьлядоўнікаў-рабоў, паслугачоў, сьцяганосцаў, падпявалаў, а па сутнасьці і ўрэшце рэшт — трагічных ахвяраў чужаземнага панаваньня. І гэтыя беларускія сыны пакідаюць без увагі палымяныя заклікі свайго паэты або лёгка пра іх забываюць, як забыліся яны й пра песьню роднай маці й пра патрыятычныя яе запаветы[26], паэта па-ранейшаму адзін, ён-жа і адзіны „прарок у пустыні”, ён-жа і ўладар, хоць, нажаль, толькі беларускай песьні[27], магчыма, і ваяк, але зноў-жа толькі за гэтую песьню[28].

У пошуках паплечнікаў-супольнікаў для змаганьня за нацыянальнае вызваленьне Купала зьвяртаецца да гебраяў Беларусі, такіх-жа ахвяраў чужаземнага кіраваньня, у вадным з наймацнейшых сваіх вершаў — „Жыды”[29]:

О, слава вам, ўсебеларускія Жыды!
Я веру вам, хоць чорнай гразьзю ўсюды
Плюе вам цар і раб, стары і малады.
............................................
Нявольнікі вы сёньня з намі разам 
На беларускай змучанай зямлі, 
Дзе чорны зьдзек пасьвенчаным абразам
Гняце нас разам, як зьвяр’ё, ў крутой пятлі.

Нягледзячы на сучаснае бядотнае становішча, Купала выказвае веру й надзею на лепшую будучыню абодвух народаў — беларускага й гебрайскага:

Вы ўскрэсьнеце, Жыды, усьлед за Беларусяй, —
Сьцяг ваш і нашая паходня будуць жыць.

Купала надае асаблівую ўвагу прыязным дачыненьням гебраяў і беларусаў:

Масква й Варшава аплюлі вам імя
І ў дзікай чэрні ненавісьць збудзілі к вам,
А Беларусь пад крыльлямі сваімі
Вас грэла й вашым нянькаю была дзяцям.
............................................
Раскіданыя гібнуць па ўсім сьвеце,
Вы Мэсыі чакаеце яшчэ, Жыды, — 
Тэй Мэсыі ждуць Беларусі дзеці
І з вамі пойдуць, як вы з намі, ўсе тады.
Ваш ясны сьветач там, дзе Палестына, 
Наш ясны сьветач — Маці-Беларусь адна;
Спадзе ланцуг ваш у сьляпым загіну,
Спадзе ланцуг наш і зазьзяе ўсім вясна!

Ён асуджае тых гебраяў, што

...зрэкліся народу,
Які вам шчыра даў багацьце і прыпын;
Пайшлі прыдбаць сабе вы чэсьць, выгоду
Да сільных тых, хто даў вам вісельню і чын!

Купала заклікае гебраяў зрабіць выбар — пайсьці ці не з народам нашым да сьвятла — і сплаціць доўг, які вам Беларусь дала.

Ажыўленьню беларускага нацыянальнага руху й літаратуры спрыяла важная падзея, што здарылася ў апошнія месяцы 1919 году і абудзіла новыя надзеі беларускіх нацыянальных колаў. 23 кастрычніка 1919 году польскі ўрад выдаў спэцыяльны дэкрэт пра фармаваньне беларускай нацыянальнай арміі. Алесь Гарун адразу-ж з галавой акунуўся ў стварэньне новай арміі й канчаткова закінуў сваю паэтычную ліру. Праз кароткі час у 1920 годзе ён і загінуў у беларускім вайсковым мундзіры.[30] Для беларускай адраджэнскай паэзіі гэта была страта, раўназначная ўтраце Максіма Багдановіча ў 1917 годзе.

Першым зь беларускіх адраджэнцаў, хто адгукнуўся паэтычным словам на ідэю арганізацыі нацыянальнай арміі, быў зноў Зьмітрок Бядуля-Ясакар. У вершы „У Калядную ноч”[31] ён заклікаў беларусаў стаць у шэрагі ўзброеных змагароў за бацькаўшчыну — сіла ў іх ёсьць:

Вашы рукі, як сталёвыя,
Вашы грудзі гартаваны
Ветрамі раўнін.
Вашы плечы, як дубовыя,
Нібы сосны, вашы станы, —
Усе — адзін ў адзін.

Пазьней Бядуля-Ясакар стварае вязанку баявых песьняў для воінаў будучай арміі, выкарыстоўваючы, галоўным чынам, матар’ял папулярнага беларускага фальклёру.[32] У той-жа час ён напісаў вельмі моцную паэтычную „Прысягу”[33] беларускага нацыянальнага змагара, напоўненую гарачым патрыятызмам абяздоленага беларускага працоўнага люду.

Быць тут вартаю зялезнай
Прысягаем! Прысягаем!
Да апошняй кроплі сілы
Біцца з ворагам жадаем,
Бараніці край свой мілы
Прысягаем! Прысягаем!
....................................
І мазольным нашым хлебам...
Беларускаю нядоляй,
Што усюды спатыкаем,
Нашай ніваю і полем
Прысягаем! Прысягаем!

Купала сустрэў новы, 1920 год зь безнадзейна-пэсымістычным пачуцьцём, выкліканым панаваньнем чужаземцаў. Найбольш яскрава ягоныя пэсымістычныя чаканьні адлюстраваліся ў вершы „Новы Год”, датаваным 30 сьнежанем 1919 году.

На Беларусь ідзеш, Год Новы,
На зьмену йдзеш Старому Году,
Ідзеш і звоніш у аковы,
Як той стары з пачатку роду.

Але ў хуткім часе ён таксама пачынае з энтузіязмам ствараць баявыя песьні. У спэцыяльным літаратурным штотыднёвіку „Рунь”, які пачаў выходзіць пад Купалавай рэдакцыяй вясной 1920 году, зьяўляецца сэрыя ягоных „Песьняў на ваяцкі лад”.[34] Акад. Я.Карскі ацаніў іх як „цікавыя па сваім зьмесьце — ідэйныя й патрыятычныя, а па форме падобныя на народныя”.[35] Як і Бядуля_Ясакар, Купала апрацоўвае папулярны матар’ял беларускага фальклёру, але, у адрозьненьне ад Бядулі, ужо ня толькі вылучна ў ідэйных і патрыятычных тонах, але і ў духу ўласьцівага й для ранейшага творства паэты, цяпер-жа асабліва абвостранага, беларускага нацыяналізму, скіраванага як супраць польскіх акупантаў, так і супраць усходніх прыгнятальнікаў Беларусі. Паказальная ягонае „воінскае” перапрацаваньне папулярнай беларускай народнай песьні „А ў бары, у бары”[36] пра тры дарогі, што ляжаць перад Беларусьсю, — матыў, які ўжо распрацоўваў у 1917 г. Бядуля-Ясакар, а яшчэ раней, да рэвалюцыі, быў грунтоўна разгорнуты й самім Купалам у паэме „Чараўнік (Забытая казка)”[37]. Купала ставіць беларускага воіна ў роздуме перад трыма дарогамі: першая — завядзе на ўсход, скуль ня вернецца; па другой пайсьці — абняволіцца... бо ў заходні бок шлях той коціцца; выбіраў жаўнер трэцьцю сьцежаньку... бо вяла яна ў родну межаньку. Цікава адцеміць, што Купала акрэсьлівае тут спакусьлівы ў той час для некаторых беларусаў шлях у бок Польшчы, як шлях, што вядзе толькі да заняволеньня.

Бальшыня Купалавых вайсковых песьняў настолькі прасякнута ваяўнічым нацыяналізмам, што больш позьняя публікацыя іх ужо ў савецкіх умовах аказалася проста немагчымай. Толькі тры, найбольш бяскрыўдныя ў– гэтым дачыненьні (у тым ліку й толькі што цытаваная „А ў бары, у бары”), знайшлі сабе месца ў зборніку „Безназоўнае”[38], але ніводнае зь іх ужо няма у ВІ томе „Збору твораў”, выданьня 1932 году, у другім разьдзеле якога сабраныя творы 1918-1920 гадоў.

Апрача Ясакара-Бядулі й Купалы, вайсковую тэму ў гэты час распрацоўваюць і іншыя беларускія паэты, асабліва маладыя. Сярод іх вылучаецца Макар Краўцоў, які пачаў друкавацца толькі ў 1918 г., а ягоны „Ваяцкі гымн”[39] —першы па часе зьяўленьня твор „вайсковай” паэзіі. Гэты гімн — моцны і ўпэўнены, запраўды баявы й ваяўнічы тонам, выразна нацыяналістычны зьместам, у ім упершыню ў адраджэнскай лірыцы так магутна прагучаў матыў нацыянальнай годнасьці, упершыню быў высока падняты беларускі нацыянальны сьцяг і дакладна акрэсьленая канчатковая мэта беларускага нацыянальнага руху. „Ваяцкі гымн” Краўцова, удала пакладзены на музыку кампазытарам-адраджэнцам Уладзімерам Тэраўскім, стаў адной з найбольш папулярных беларускіх нацыянальна-патрыятычных песьняў.

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На родны, вольны свой прастор,
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор
.

Падчас вядомага антыбальшавіцкага і антыпольскага Слуцкага паўстаньня ў канцы 1920 году (удзельнікам якога быў і сам малады паэта) гэтая песьня была ўлюбёным баявым маршам, а сёньня ўсе нацыянальна сьведамыя беларусы лічаць яе сваім нацыянальным гімнам.

Аднак арганізацыя беларускай нацыянальнай арміі ўсяляк тармазілася самімі палякамі, якія выдалі гучны „дэкрэт” пра яе фармаваньне, кіруючыся толькі чыста прапагандовымі мэтамі. У сувязі з гэтым памалу слабела й выкліканае ўсёй „вайсковай кампаніяй” ажыўленьне ў беларускіх нацыянальных колах, а таксам ў паэзіі. Наагул, пад канец польскай акупацыі сярод беларусаў усё больш мацнела „расчараваньне ў захопленасьці Захадам”, як гаворыць пра гэта акад. Карскі, прыводзячы адпаведныя цытаты зь беларускай прэсы таго часу: „Беларускі народ атрымаў толькі абяцанкі й да гэтага часу зьяўляецца бязьдзейнаю нявольнаю сьветкаю разьвінутых падзеяў... Ён па-ранейшаму пад чужою апекаю... Ён ня верыць, каб польскія войскі разьлівалі за яго кроў, ён ня бачыць, каб сам станавіўся гаспадаром на ўласнай зямлі. І тое чужое ня толькі ня робіцца для яго сваім, але нават і блізкім”.[40] „Беларусы ўжо даўно зразумелі, што толькі незалежнасьць можа адрадзіць беларускі народ, толькі празь незалежнасьць Беларусь можа ўцалець ад разьдзелу і асыміляцыі з сваімі суседзямі...”.[41]

Асэнсаваньне рэальнасьці прымусіла таго-ж Янку Купалу, які страціў сваё кароткае „вайсковае” ажыўленьне, аплакваць сумны стан рэчаў у сувязі зь сьвяткаваньнем другой гадавіны абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое ўяўлялася цяпер паэту як памінкі:

У гэту нашу гадаўшчыну
Зьвініць ланцуг, як і зьвінеў, 
І там, і тутка без упыну
Шалее катні зьдзек і гнеў.
.................................
Не „незалежнасьць” праз час гэты
Сваё разводзіла сьвятло,
А паднявольле без прасьветы,
А рабства Беларусь гняло.
Народ спраўляць памінкі будзе —
Ня сьвята сьветлае вясны, —
За стол жалобны сядуць людзі,
Там, дзе крыжы, дзе курганы!
[42]

Імкненьне да незалежнасьці было заўсёды вызначальным у беларускім нацыянальным руху, нават на самым пачатку „вітальнага пэрыяду” польскай акупацыі,пад канец-жа польскай акупацыі яно мела й некаторыя рэальныя падставы: якраз тады Ленін пачаў перамовы з экзыльным урадам Беларускай Народнай Рэспублікі, мэтай якіх было абмеркаваньне пытаньня пра магчымасьць узнаўленьня на тэрыторыі Беларусі сувэрэнітэту гэтай Рэспублікі як нейкай буфэрнай дзяржавы між Польшчай і Савецкай Расеяй. Перамовы гэтыя прымусілі й палякаў насьцярожыцца й праявіць пэўную зацікаўленасьць да гэтага пытаньня, а ў выніку — узнавіць ужо адкінуты імі раней флірт зь беларусамі. Гэтыя абставіны выклікалі некаторае новае ажыўленьне сярод беларусаў, аднак вельмі кароткае і апошняе, бо сытуацыя рэзка зьмянілася дзякуючы пасьпяховаму наступу бальшавікоў на польскую армію. Але гэтае часовае ажыўленьне яшчэ пасьпела захапіць і Янку Купалу й знайшло сваё выражэньне ў ягоным выступленьні 24 чырвеня 1920 году з выпадку пятнаццатых угодкаў літаратурнай дзейнасьці.[43]  Сваёй натхнёнай паэтычнасьцю й баявітасьцю, а таксама выказанымі ідэямі прамова гэтая змыкаецца з мастацкімі творамі паэты. Цэнтральнае яе месца — вылучэньне прынцыпу незалежнасьці Беларусі менавіта ў зьвязку зь перамовамі на дзяржаўным узроўні. „Пятнаццаць год таму назад, — гаварыў юбілянт, — аб незалежнасьці й падумаць было небясьпечна, сягоньня нашы дужэйшыя суседзі самі аб гэтым па-дзяржаўнаму гавораць з намі, як з народам, каторы заслужыў па людзкаму й божаму праву гэтую незалежнасьць”. Баявы настрой, ідэя змаганьня пранізваюць усю прамову: „Мы змагаліся, змагаемся й будзем змагацца, — заявіў паэта на самым пачатку і ў тым-жа духу кінуў заключны лёзунг. — Змагайся й стань вольным, Беларускі Народ!” Купала падчыркнуў, што ні адна, нават вялікая, ідэя не разыходзілася так хутка, як ідэя нацыянальнага адраджэньня беларускага народу. Ён зноў вяртаецца да сваёй улюбёнай ідэі „прарока”, нават „прарокаў”, у выратавальнае зьяўленьне якіх ён заклікае верыць. Разам з тым ён рэзка асуджае ўсіх уяўных і прадажных „прарокаў”, якія дзейнічалі на ніве беларускага руху і імкнуліся накіраваць яго на шлях нацыянальнай здрады. „На беларускай зямлі было й цяпер ёсьць шмат фальшывых прарокаў, шмат рэнэгацкіх душаў, што за лыжку поснай поліўкі з чужой міскі запрадаюць сябе й свой народ у рабства чужынцам, але гэтага няма чаго баяцца... Будзем верыць, што і ў нас, беларусаў, прыйдуць новыя людзі, новыя прарокі й будуць па-божаму над фальшывымі прарокамі й прадажнымі душамі суды судзіць, з пакаленьня ў пакаленьне пракляцьцем праклінаць”.

Купалаў верш „Пяць сэнатараў”, напісаны незадоўга да ягонага юбілею,[44] якраз выкрывае тых беларускіх кар’ерыстаў, якія імкнуліся ўзяць уладу любой цаной.

Бо ўсялякіх спакус мае шмат беларус
І да ўлады ён мае нахілы.
А найлепш, як нас пяць будзе ўладу спраўляць
Над народам, які для нас мілы
.

Вастрыё паэтавай сатыры нацэлена, перш-найперш, супраць малых „квісьлінгаў”, што сваім рабалепствам прадалі родную краіну Польшчы.[45] Як і ў сваёй юбілейнай прамове, Купала не аплаквае аблудных „беларускіх сыноў” як трагічных ахвяраў, а гнеўна кляймуе іх за нацыянальную здраду. Вершам „Пяць сэнатараў” Купала й завяршае адлюстраваньне чужога панаваньня часоў польскай акупацыі 1919-1920 гадоў, якое пачаў яшчэ ў самыя першыя дні гэтай акупацыі й з самых першых штрыхоў і да канца нязьменна вытрымліваў у выключна адмоўных тонах.

Для паўнаты прыгадаем яшчэ Купалаву лірычную паэму, па вызначэньню самога паэты, „крыху баляду”, — „Паэта й цэнзар” (14 кастрычніка 1919)[46], прысьвечаную быўшым, цяперашнім і маючым быць цэнзарам. Тут паэта абураецца рэакцыйнай і клерыкальна настроенай цэнзурай, верагодна, маючы на ўвазе акупацыйную цэнзуру, дзякуючы якой бальшыня ягоных твораў не магла своечасова трапіць у друк.

У 1920 годзе зьявілася й новая драма Франьцішка Аляхновіча „Цені”,[47] якая выяўляла эмацыянальную рэакцыю аўтара на рэчаіснасьць пэрыяду польскай акупацыі, рэакцыю яшчэ больш густа змрочную, чым у разгледжаным раней ягоным творы „Страхі жыцьця”. Максім Гарэцкі на той час быў заняты складаньнем першай гісторыі беларускай літаратуры[48] й таму быў адлучаны ад мастацкага творства, але ўсё-ж такі напісаў колькі навэляў пра эпоху прыгоньніцтва на Беларусі, якая асацыявалася з пэрыядам польскай акупацыі 1919-1920 гадоў (тое самае прыгнечаньне беларуса як „мужыка” фактычна нашчадкамі тых самых прыгоньнікаў-абшарнікаў, да якіх належаў паводле паходжаньня й сам  Пілсудскі, той самы польскі дух). Зьмітрок Бядуля-Ясакар рэагаваў на польскую акупацыю ў тым самым духу абурэньня і блізу ў тых самых вобразах, што і Янка Купала.

Купалава юбілейная прамова была апошнім паэтавым словам, якое прагучала пад польскай акупацыяй; у хуткім часе Беларусь аказалася зноў пад уладай бльшавікоў.

Падагульняючы сказанае, можна сьцьвярджаць, што ўся беларуская літаратура 1919-1920 гадоў — пасьлядоўнае выражэньне нацыянальнай апазыцыі чужому панаваньню, апазыцыі, што кіравалася цьвёрда засвоеным усім беларускім рухам прынцыпам нацыянальнай незалежнасьці Беларусі. Дзякуючы гэтаму прынцыпу, канкрэтныя формы чужога панаваньня мелі ўжо толькі другараднае значэньне. У выніку гэтага апазыцыя аказалася скіраванай ня толькі супраць бальшавізму — такой яна была спачатку — і ня толькі супраць польскай акупацыі — такой яна аказалася неўзабаве ў сваёй беспасярэдняй накіраванасьці, — а супраць усялякага чужога панаваньня над Беларусьсю наагул.

Такі характар апазыцыйнасьці беларускай літаратуры 1919-1920 гадоў добра адчулі й зразумелі бальшавікі. Адсюль і бальшавіцкая ацэна літаратуры гэтага пэрыяду як літаратуры „антысавецкай контррэвалюцыі”. Адсюль і бальшавіцкія атакі на гэтую літаратуру, што мелі на мэце ўсяляк дыскрэдытаваць яе, як зьяву глыбока рэакцыйную й нават ня толькі не антыпольскую, а наадварот — прапольскую. Шляхам раздуваньня першапачатковых, чыста рэфлекторных і вельмі кароткіх прапольскіх сымпатыяў некаторых беларускіх пісьменьнікаў і дзеячоў бальшавікі ўсяк стараліся выставіць нацыяналізм беларускай літаратуры таго часу, як нейкую „польскую інтрыгу” (зусім у такім самым духу, як падавалі ўвесь беларускі рух чарнасоценныя русыфікатары царскай Расеі), а беларускіх пісьменьнікаў-нацыяналістаў — як агентаў польскага акупацыйнага рэжыму й здраднікаў свайго народу.

Першым пад прыцэл трапіў Янка Купала, нягледзячы на тое, што менавіта ён ніякіх прапольскіх сымпатыяў не выяўляў ад пачатку й да канца польскай акупацыі й быў непрымірымым і бясстрашным праціўнікам польскага акупацыйнага рэжыму. Але Купалу выбралі галоўным аб’ектам нападак, безумоўна, не як уяўнага здрадніка сваёй краіне, а як ідэйнага правадыра ваяўнічага нацыяналізму, мэтай якога было якраз пазбаўленьне народу ад усялякага чужаземнага панаваньня. Пра гэта гаворыць і адбор Купалавых твораў, на якія была нацэленая галоўная атака. Імі, перш-найперш, аказаліся верш „Паўстань з народу нашага...” і ўся „вайсковая” паэзія, дзе найбольш кандэнсавана выявіўся ваяўнічы нацыяналізм, — творы зыркія, выразныя, дзейсныя, эфэктыўныя, а таму небясьпечныя. З другога боку, тут лягчэй было знайсьці й слабыя мясьціны, якія выяўлялі фармальную сувязь гэтых твораў з гістарычнымі рэаліямі часу польскага панаваньня на Беларусі (асоба Пілсудскага, ягоны дэкрэт пра фармаваньне беларускай арміі). Акцэнтуючы на гэтым увагу, можна было абыгрываць прапольскі мамэнт, асабліва ў дачыненьні верша „Паўстань з народу нашага...”, камэнтуючы яго не як твор, часткова навеяны асобай Пілсудскага, а як „оду”, прысьвечаную маршалу. Нарэшце, радкі верша давалі падставу да абвінавачаньня ў адкрытай контррэвалюцыйнасьці й манархізме, адлюстраваньне якога можна было ўбачыць у вобразе ўладара, што заклікае да аднаўленьня збуранага пасаду й каронных шат.[49]

Бальшавікі надавалі вялікае значэньне атакам на Купалу, гэта пацьвярджаецца тым, што супраць яго была кінута іхная самая „цяжкая артылерыя” ў асобе „самога” Дзямяна Беднага, які ніколі да той пары (дый і пасьля) беларускай літаратурай не цікавіўся, а цяпер раптам выбухнуў філіпікай у адрас найбуйнейшага яе прадстаўніка:

Изменил поэт народу,
Заплясал панам в угоду.
Янки посвист соловьиный
Обратился в шип змеиный...
Да, в змеиный... Да, в змеиный
...[50]

Абвінавачаньне Янкі Купалы Дзямянам Бедным і ў здрадзе народу, і ў падлашчваньні да акупантаў пазьней заўсёды выцягвалася пры новых „крытычных атаках” на паэту й беларускую літаратуру наагул. Так, бальшавіцкі крытык А.Сянькевіч у дакладзе, прачытаным у Камуністычнай Акадэміі ў 1930 годзе (10 гадоў пасьля прыгаданай падзеі), гаварыў пра верш „Паўстань з народу нашага...”, як пра „оду”, якая „ўслаўляла прыход Пілсудскага”.[51] Сянькевіча падтрымаў і другі крытык — О.Канакоцін: „„...” Янка Купала „...” пускаецца на адкрытую нацыянал-дэмакратычную правакацыю, зьмяшчаючы ў сваім зборніку, прысьвечаным яго юбілею, верш, які быў напісаны ў гонар прыходу Пілсудскага на Беларусь і зьмешчаны ў буржуазна-нацыяналістычнай газэце “ЗвонЖ 17 верасьня 1919 году ў №11”.[52] Не адзін раз цытаваны намі Бэндэ, які таксама клеймаваў „оду”, у якой паэта „клікаў Пілсудскага на дзяржаву”,[53] граміў і беларускую „вайсковую” паэзію 1919-1920 гадоў: „Для сваіх “салдацікаўЖ нацыянал-дэмакратычныя баяны пісалі баявыя й паходныя маршы й песьні, услаўлялі паэзіяй пагромны шлях “нацыянальнага войскаЖ (дарэчы, нават не пачаты імі ў запраўднасьці, бо да фармаваньня беларускай арміі ў 1920г., у выніку фактычнага сабатажу гэтай справы польскімі ўладамі, так і не дайшло — А.А.). Той самы Янка Купала ў “боевой трясучкеЖ, як гаварыў Дзямян Бедны, надрываў свой голас:

І мы ў шапку спаць ня будзем
І пакажам сьвету, людзям,
Як баронім межы родны
Ад напасьці, ад нягоднай
,

гэта значыць, ад бальшавікоў”.[54] Апошняе „гэта значыць” у вуснах бальшавіцкага крытыка вельмі сымптаматычнае: усякае выступленьне супраць чужаземнага панаваньня бальшавікі прымалі выключна на свой адрас і толькі ў саміх сабе бачылі „напасьць нягодную” на ўсіх іншых у вачох гэтых іншых. І толькі праз працяглы час яны прыйшлі да прызнаньня антыпольскага мамэнту ў „нацыянал-дэмакратычных баянаў”.[55]

Агляд беларускай літаратуры 1919-1920 гадоў быў-бы няпоўны, калі не назваць тых пісьменьнікаў, якія ў той час не перажывалі польскай акупацыі, бо знаходзіліся на савецкім баку фронту. Цішка Гартны-Жылуновіч, які ўжо даўно стаў на службу бальшавіком, працягваў маўчаньне, дэманструючы тым самым сваю апазыцыю бальшавізму.  Маўчаў і Якуб Колас. Толькі ў канцы 1919 году ён вярнуўся да сваёй вялікай паэмы „Новая зямля”, распачатай яшчэ ў 1911 годзе, напісаў два разьдзелы: „Зіма ў Парэччы” (зіма 1919) і „На рэчцы” (люты 1920) — і зноў замоўк. Лірычнае адступленьне, якім пачынаецца ХВІІІ разьдзел, добра перадае Коласаў настрой таго часу, калі ён быў адарваны ад межаў родных, сярод людзей, душой халодных і сэрцам чэрствых.

О родны край! О край пакуты,
Нягодай цяжкаю прыгнуты!
Калі-ж ты збудзеш тое гора,
Што і цяпер там, як і ўчора,
Як і даўней, цябе зьнішчае
І горкім смуткам авявае
?

Такім чынам, настрой Коласа сугучны настрою ягоных калегаў на бацькаўшчыне і асабліва — перажываньням ягонага найбліжэйшага паплечніка Янкі Купалы.

Яшчэ адзін пісьменьнік-адраджэнец, Фабіян Шантыр, палкі нацыяналіст, таксама апынуўся ў той час на савецкім баку. Ягоны зямляк і сябра па той-жа „капыльскай школе” Цішка Гартны-Жылуновіч пазьней пісаў пра яго: „Фабіян Шантыр зрабіў па колькасьці сваіх твораў нязначны ўнёсак у скарбніцу беларускай літаратуры, затое па якасьці яго невялікая спадчына вельмі каштоўна й дорага... Ён першы закрануў у сваіх творах глыбіні псыхалягічных перажыткаў беларускай асобы й беларускае грамады. Ён болей другіх абагрэў рэвалюцыйным агнём беларускую літаратуру. Ф.Шантыр друкаваўся ў “Нашай НівеЖ, у “ДзяньніцыЖ і іншых беларускіх часапісах. Шмат яго твораў пакуль не выдрукавана, шмат загінула ў рукапісах”.[56] Нацыяналізм Ф.Шантыра найбольш зырка праявіўся ў ягоным памфлеце „Патрэбнасьць нацыянальнага жыцьця для беларусаў і Самаадзначэньня народу”, апублікаваным у 1918 годзе ў Слуцку. „Аўтар стаіць за поўную незалежнасьць Беларусі”, — піша пра гэтую брашуру акад. Карскі й прыводзіць адпаведную цытату, якая характарызуе  нацыяналізм Шантыра: „Працаваць над прабуджэньнем свайго народу, працаваць над адбудовай вольнай бацькаўшчыны Беларусі, працаваць у карысьць, каб яна не была пагардай другіх, а мы не нявольнікмі сваей цемры, а роўнымі сябрамі другім народам, вялікімі сваімі сьветам і культурай — якая гэта вялікая доля для нас!..”.[57]

Фабіян Шантыр стаўся першай крывавай ахвярай бальшавіцкага тэрору ў літаратуры. Ён быў расстраляны вясной 1920 году. „Карная рука пралетарыяту” выбрала беларускую літаратуру ў якасьці  першай сваёй мішэні. Неўзабаве хваля тэрору захапіла і ўкраінскую літаратуру (Грыцко Чупрынка расстраляны 28.07.1921), і рускую (Мікалай Гумілёў расстраляны ў тым самым 1921).

[ працяг ]



[1] Тэкст дакумэнту можна знайсьці ў кнізе: „Кастрычнік на Беларусі”. Зборнік  артыкулаў і дакумэнтаў (Матар’ялы да гісторыі Кастрычнікавай рэвалюцыі на Беларусі). Улажыў С.Агурскі. Выпуск першы. Менск, 1927, с.459-461.

[2] Максім Гарэцкі. Гісторыя беларускай літаратуры, выданьне другое, Вільна, 1921, с.200.

[3] Зборнік „Беларусь”, рэд. А.Сташэўскі, выданьне ЦВК БССР, Менск, 1924, с.219.

[4] Янка Купала. Збор твораў, т.ВІ, с.316 і с.334. Абодва творы датуюцца 5.3.1919.

[5] Характэрна, што гэтымі радкамі Янка Купала завяршае VI том сваіх твораў, выдадзены ў 1932 г., г.зн. праз гады пасьля разгрому бальшавікамі „беларускага нацыянал-дэмакратызму”.

[6] Цытуецца з артыкула: Л.Бэндэ. Пра нядаўную мінуўшчыну беларускай контррэвалюцыі. „Маладняк”, 1931, №1, с.78.

[7] Цытуецца з артыкула: Зьм. Жылуновіч. Нацыянал-дэмакраты за працай. „Маладняк”, 1930, №11, с.96.

[8] „Звон”, Менск, №1, 25 жнівеня 1919.

[9] Міхась Кудзелька. Верш „Звон”. Тамсама.

[10] Цытуецца з артыкула: Зьм. Жылуновіч. Нацыянал-дэмакраты за працай, с.96.

[11] Зборнік „Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі”, пад рэд. С.Вальфсона, Менск, 1931, т.1, частка 1, с.70.

[12] Цытуецца з артыкула: Зьм. Жылуновіч. Нацыянал-дэмакраты за працай, с.96; тая самая цытата і ў артыкуле: Л.Бэндэ. Пра нядаўную мінуўшчыну беларускай контррэвалюцыі. „Маладняк”, 1931, №1, с.78, толькі тут словы „бо забаронены” прапушчаныя й замененыя шматкроп’ем.

[13] Янка Купала. Збор твораў, т.VI, с.221.

[14] Тамсама, с.168.

[15] Тамсама, с.222.

[16] Тамсама, с.223.

[17] Тамсама, с.170.

[18] Поўнасьцю верш прыведзены ў кнізе: О.Канакоцін. Літаратура - зброя клясавай барацьбы, с.77-78. Ангельскі пераклад верша, зроблены Любай Тэрпак (Луба У. Терпак), выдрукаваны ў Belorussian Review, Munich, 1956, №3, с.58.

[19] Гл., прыкладам, верш „Брату-беларусу”, упершыню выдрукаваны ў „Нашай Ніве”, №39 за 1913 г., пазьней уключаны ў зб. „Спадчына” (Збор твораў, т.V, с.13).

[20] Гл., прыкладам, верш „Каб я князем быў...” у зб. „Шляхам жыцьця”, 1913 г.(Збор твораў, т.ІІ, с.17).

[21] Гл., прыкладам, верш „Годзе!...”, датаваны 26 лістапада 1912г., у зб. „Спадчына” (Збор твораў, т.В, с.19).

[22] Гл. верш „Гусьляр” у зборніку з той-жа назвай, выд. 1910 г. (Збор твораў, т.І. Менск, 1925, с.182).

[23] Гл. зб. „Шляхам жыцьця”, 1913 г. (Збор твораў, т.ІІ, с.263).

[24] Верш датаваны 28 жнівеня 1919 г. і выдрукаваны ў газэце „Звон”, №11 ад 17 верасьня 1919 г.

[25] Янка Купала. Збор твораў, т.VІ, с.169.

[26] Верш „Над калыскай” (1919). Янка Купала. Збор твораў, т.VІ, с.234.

[27] Заключны матыў верша „Мая навука” (1919). Янка Купала. Збор твораў, т.В, с.135; упершыню выдрукаваны ў газэце „Звон”, №18 за 1919 г.

[28] Верш „Песьняру-беларусу”. Янка Купала. Шляхам жыцьця. Пецярбург, 1913, с.158.

[29] Верш „Жыды” выдрукаваны ў газэце „Звон”(1919), ніколі не перадрукоўваўся бальшавікамі. Цытуецца па кнізе: Антон Навіна (А.Луцкевіч). Адбітае жыцьцё. Вільна, т.І, 1929, с.144-145.

[30] Максім Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Выд. 4, пераробленае. Менск, 1926, с.207.

[31] Верш выдрукаваны ў газэце „Беларусь”, 1919 г., №53; гл. таксама: Е.Ф.Карский. Белорусы, т.3, вып.3, с.364-365.

[32] „Беларусь”, 1919, №55; 1920,  №22; гл. таксама: Е.Ф.Карский, Белорусы, т.3, вып.3, с.273.

[33] Гл.: Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры, складальнік І.Дварчанін, с.243.

[34] Янка Купала. На вайсковыя матывы (Песьні на ваяцкі лад): Дзе ты, хмелю, зімаваў?; Габруся ў жаўнерку ўзялі; Гэй, паехаў сын Даніла;  Будзь здаровы, бацька, маці; А ў бары, бары; Ой, вяду бяду; Едзе Янка ў поле; Гэй, у лесе, пры даліне. „Рунь”, №1 і наступныя за 1920.

[35] Е.Ф.Карский. Белорусы, т.3, вып.3, с.273.

[36] Янка Купала. Безназоўнае. Менск, 1925, с.40.

[37] Янка Купала. Збор твораў, т.ІІ, с.319-326.

[38] Янка Купала. Безназоўнае, 104с.