Частка ІV
Нутраная эміграцыя
1920-1922
Савецкі раптоўны ды імклівы
марш на Варшаву ў 1920 годзе вельмі хутка зьмяніўся наступным ня менш імклівым
адкатам бальшавіцкай арміі, і частка тэрыторыі Заходняй Беларусі аказалася пад
польскім кіраваньнем. Рыскі мір 1921 году ўстанавіў дзяржаўную мяжу на захад ад
Менску. Блізу ўсе беларускія пісьменьнікі апынуліся зноў на савецкай тэрыторыі
й на гэты раз ужо надоўга.
Першыя гады гэтага пэрыяду
можна назваць гадамі „нутраной эміграцыі”. Нутраная эміграцыя, як вызначыў Леў Троцкі, гэта — спроба часткі
пісьменьнікаў „адмежаваць сябе” ад савецкай рэчаіснасьці. Яна была ўласьцівая
ўсім літаратурам, што знаходзіліся пад савецкім кантролем, асабліва літаратуры
расейскай. „І па гэты бок мяжы, — пісаў Л.Троцкі, — засталося шмат
дакастрычніцкіх пісьменьнікаў, родных тым, па той бок мяжы, — нутраных
эмігрантаў рэвалюцыі”. Аднак удзельная вага нутраной
эміграцыі ў расейскай літаратуры, параўнальна з вонкавай эміграцыяй, якая
ўвабрала ўсе „вяршкі” тагачаснай расейскай літаратуры, не была значнай ні
колькасна, ні якасна. Што да беларускай літаратуры, то тут назіраецца зусім
іншы малюнак: лягер яе нутраной эміграцыі ахоплівае блізу ўсе жывыя творчыя
сілы гэтае літаратуры. Літаратурная вонкавая эміграцыя на той час не падае ніякага
знаку свайго існаваньня, некаторыя, і то вельмі абмежаваныя, праявы ейнай
дзейнасьці належаць ужо да наступнага пэрыяду. З другога боку, пазбаўленая
ўсялякіх эмігранцкіх настрояў савецкая літаратура знаходзілася яшчэ ў
зародкавым стане. Такім чынам, нутраная эміграцыя вырысоўваецца як асноўная
характарыстычная рыса ўсёй беларускй літаратуры пэрыяду 1920-1922 гадоў наагул.
І таму можна гаварыць не пра „нутраную эміграцыю” ў беларускай літаратуры, а
пра „нутраную эміграцыю” беларускай літаратуры, як пра пэўны этап яе
парэвалюцыйнага разьвіцьця.
Пры гэтым і сам стан „нутраной
эміграцыі” беларускай літаратуры меў свае асаблівасьці параўнальна зь
літаратурай расейскай. Расейскія пісьменьнікі імкнуліся, як зазначаў Л.Троцкі,
адгарадзіцца, адмежавацца ад савецкай рэчаіснасьці, ігнараваць, не прызнаваць
яе. Беларускія пісьменьнікі не абмяжоўваліся адным толькі „адгароджваньнем”. Са
сваёй „адгароджанай” прасторы яны спрабавалі атакаваць савецкую рэчаіснасьць, а
ня толькі ігнараваць яе. У гэтым сутнасьць беларускай літаратуры „нутраной
эміграцыі” й сьветчаньне ўзнаўленьня й працягу апазыцыйнай традыцыі беларускай
літаратуры ў дачыненьні да бальшавізму.
Нутраная эміграцыя беларускай
літаратуры распачалася ў 1920 г. дэклярацыйным заклікам ідэялягічнага правадыра
беларускай літаратуры Янкі Купалы — „У вырай!” і аднайменным вершам, датаваным
тым самым годам. Купала зьвяртаўся тут да вольных
птахаў, саколіх дзяцей, патомкаў Крывічоў, уладарнікаў песьні,
імкнучыся спакусіць іх: У вырай! Да сонца вясёлкавым шляхам! Да неба!
Па зоры і гром перуновы... На шляхі, пад сьцягі красы і свабоды!... Запрашаў сваіх суайчыньнікаў і паплечнікаў
да своеасаблівай эміграцыі з пагібельнай плесьні навакольнай
рэчаіснасьці да эміграцыі ідэёвай, накіраванай да адвечных духовых ідэялаў, і,
відавочна, эміграцыі нутраной, бо фактычная, „вонкавая” эміграцыя „ў вырай”
заставалася нерэальнай.
Падобныя матывы пераадоленьня
навакольнай рэчаіснасьці шляхам ідэёвай нутраной эміграцыі знаходзім у больш
позьніх Купалавых вершах гэтага пэрыяду. Прыкладам, у „Песьні і казцы” (1921) Купала запрашае чытачоў у
ідэяльнае царства паэзіі, песьні і казкі, дзіваў і чараў, тайных
даляў, што шляхі намецяць к сонцу і зорам для людзкой долі, скованай
горам. Новы, 1922 год ён сустракае прывітаньнем-заклікам:
З Новым Годам! З Новым Годам!
З новай песьняй, з новай казкай!
Зачаруем мімаходам
Долі ходы думкай-краскай!
Зноў паэта кліча аж да
сонца, аж да сонца, каб аж к небу лёту ўзмахі (верш „З Новым Годам”), запрашае тымі самымі
заклікамі, якія паяўляліся ў Купалавай паэзіі ў мамэнты згушчэньня палітычнай
рэакцыі і якія азначалі, што паэта ўспрымаў гэты пэрыяд як час умацаваньня
рэакцыйнага кіраваньня. Нарэшце, да вобраза „выраю”-эміграцыі Купала
зьвяртаецца яшчэ раз, перад самым канцом гэтага пэрыяду, з той самай сілай жаданьня,
не аслабленага нават папярэднім сумна-элегічным роздумам над магчымым ужо
вяртаньнем з „выраю” — рээміграцыі:
Мкне з выраю птушка, а думка ў вырай
Ляцела-б, ляцела, а шчыра, так шчыра!
Так адразу-ж пасьля аднаўленьня
савецкага кантролю над беларускай літаратурай Купала кінуў лёзунг адыходу ў
нутраную эміграцыю. Гэты лёзунг ня быў простым адлюстраваньнем адных толькі
настрояў, ён атрымаў і канкрэтную рэалізацыю блізу ва ўсёй літаратурнай
прадукцыі беларускіх пісьменьнікаў названых гадоў. Пісьменьнікі ў сваёй
бальшыні адыходзяць, „эмігруюць” у літаратурныя творы большых памераў і,
наагул, большай працаёмкасьці, праца зь якімі патрабуе большай затраты часу, а
таксама больш адцягвае ад навакольнага й будзённага. Адначасна адбываецца й так
званая „тэматычная эміграцыя” — пісьменьнікі зьвяртаюцца да распрацоўкі тэмаў,
на першы пагляд, зусім ня зьвязаных з тым самым навакольным і будзённым. Так
адбываецца тое „адгароджваньне”, пра якое гаварыў Троцкі і якое было першым
мамэнтам адштурхоўваньня беларускай літаратуры ад рэчаіснасьці.
Янка Купала блізу да канца 1921
г. працуе над вершаваным пераказам выдатнага твора ХІІ стагодзьдзя „Слово о
полку Игореве”, названага ім „Песьня аб паходзе Ігара”. Паэтычныя, асабліва
вэрсыфікацыйныя, упаасобку, рытмічныя вартасьці гэтага пераказу атрымалі
аднагалосную — вельмі высокую ацэну крытыкі і, бясспрэчна, патрабавалі ад паэты
немалых высілкаў. Працаёмкасьць гэтай работы сумлеву не выклікае, а яе
быццам-бы чыста акадэмічны характар узмацняе першае ўражаньне дэманстрацыйнага
адыходу аўтара ад сучаснасьці — уражаньне „выкліку эпосе”, згодна з
тэрміналёгіяй бальшавіцкай крытыкі. Але ў запраўднасьці гэты „выклік” стаўся
яшчэ больш дзёрзкім: да зьяўленьня твора ў друку з блізкага да паэты
асяродзьдзя пайшлі чуткі, што на пераказ „Слова” Купалу натхніла жаданьне
хоць-бы такім чынам адзначыць, „уславіць” беларускі „белы рух”, найбольшы ўздым
якога прыпаде на канец 1920 году, але асобныя праявы яго і агульнае ўражаньне
жылі яшчэ і ў 1921 годзе. У той пэрыяд усялякіх чутак погаласка гэтая хутка й
шырака разышлася, і менавіта ў такой інтэрпрэтацыі чытачы ўспрынялі Купалаву
„Песьню аб паходзе Ігара”, тым больш, што аналёгіі між жывымі яшчэ ў памяці
эпізодамі грамадзянскай вайны „чырвоных” і „белых” і апетымі ў старажытнай
паэме „часамі ўсобіц” і змаганьня князёў з „паганымі” напрошваліся самі сабою:
адчайны, але няўдалы рэйд братоў Сьвятаславічаў і рызыкоўны паход братоў
Балаховічаў — найбольш калярытных фігур зь беларускіх „белых”,
ваенна-палітычных авантурыстаў, шукальнікаў славы й нажывы; адсутнасьць
адзінства князёў у змаганьне супраць „паганых” і тое самае сярод „белых” —
антыбальшавікоў; нават той самы фінал — уцёкі з варожага палону, як адзіна
магчымае выйсьце „са славай”, блізкае кожнаму „нутраному эмігранту”.
Бальшавікі не маглі забараніць
публікацыю пераказу клясычнага твора ХІІ ст.: гэта яшчэ больш прыцягнула-б
увагу да погаласкі; прымяніць рэпрэсіі не было фармальных падставаў; для
расправаў, што не патрабавалі юрыдычных доказаў, яшчэ не настаў час. Таму твор
пайшоў у друк, хоць цэнзура „прамарынавала” яго даволі доўга й дазволіла
публікаваць з агаворкаю: „перадрук забараняецца”; былі прынятыя й некаторыя
іншыя практычныя захады, дзякуючы якім нумары часапісу „Вольны Сьцяг”, дзе
друкавалася Купалава „Песьня...”, звычайнаму чытачу немагчыма было атрымаць.
Толькі значна пазьней, у трыццатыя гады, калі небясьпечныя паралелі забыліся,
„Песьня...” стала друкавацца ў розных выданьнях „Слова о полку Игореве”.
Так зьявілася на сьвет і
праіснавала пэўны час цікавая й своеасаблівая гісторыка-літаратурная зьява
пераасэнсаваньня далёкай мінуўшчыны на фоне палітычнай сучаснасьці 20-х гадоў.
Расшыфраваньне Купалавай задумы не магло, зразумела, у той час трапіць у друк.
Аднак пазьней на двухсэнсавасьць Купалавага твора намякнуў Уладыслаў Дзяржынскі,
калі напісаў аб „праекцыі на сучаснасьць”, якую, на ягоную думку, ажыцьцявіў
Купала ў сваім пераказе „Слова о полку Игореве”. Дзяржынскі, аднак, перайначыў
сэнс пераказу й паспрабаваў зрабіць яго „прабальшавіцкім”, маючы на мэце
„замесьці сьляды” „нутраной эміграцыі” беларускай літаратуры. Так, усю
„праекцыю ў сучаснасьць” Дзяржынскі зводзіць да адлюстраваньня асобных эпізодаў
паўднёвага тэатру грамадзянскай вайны, які геаграфічна супадаў з гістарычнай
арэнай дзеяньня „Слова”. Няма сумлеву, што Дзяржынскі, які ў гэты час быў адным
з выдатных крытыкаў беларускага адраджэнства, разумеў запраўдную накіраванасьць
твора.
Пасьля завяршэньня „Песьні аб
паходзе Ігара” Купала зьвяртаецца да перакладу „Эраса і Псыхі”, „сцэнічнай
аповесьці ў сямі частках” польскага паэты Жулаўскага. Гэта даволі значная сваім памерам рэч, напісаная блізу цалкам
вершамі, пераважна рыфмаванымі, патрабавала ад Купалы яшчэ большай
працаёмкасьці й канцэнтрацыі ўвагі, чым папярэдні твор. Жулаўскі інтэрпрэтаваў міф пра
Эраса й Псыху з пазыцыі, вельмі блізкай да Купалавай. Доўгае, цяжкае
вандраваньне Псыхі атаесамліваецца з гістарычным шляхам чалавецтва й чалавечым духам на шляху
гістарычнага прагрэсу, таго самага магутнага, адвечнага духу, духу
вольнага, што як фэнікс, з попелу ўздымаецца, якому Купала заўсёды
складаў натхнёныя гімны, трыюмф якога хацеў бачыць у рэвалюцыі, а, не знайшоўшы
яго там, не прыняў рэвалюцыі, угледзеўшы ў ёй трыюмф адвечнай Крыўды.
Перашкоды на шляху Псыхі
ўвасобленыя ў вобразе Блакса, у якім пэрсаніфікаваныя людзкая абмежаванасьць,
тупы дэспатызм, які шляхам ашуканства й насільля дасягнуў сусьветнага
панаваньня, гэтай непрыхаванай мары бальшавізму. Трактаваньне вобразу Блакса
Жулаўскім супадае з канцэпцыяй вобразу раба-цара, які ў Купалы звычайна
сымбалізуе бальшавізм.
Ня дзіўна, што стаўленьне
бальшавіцкіх цэнзараў і крытыкаў было непрыхільнае да твора, хоць афіцыйная
крытыка перакладу п’есы „Эрас і Псыха” не паяўлялася ў друку да трыццатых
гадоў. Поўны тэкст перакладу ніколі ня
быў апублікаваны, а п’еса была забароненая пасьля колькіх спэктакляў.
Апрача двух перакладаў, Купала
напісаў у гэты пэрыяд пэўную колькасьць кароткіх лірычных вершаў, пераважна для
дзяцей, якія былі выдрукаваныя ў беларускім дзіцячым часапісе „Зорка”. Хоць
гэтыя вершы —— таксама своеасаблівая „эміграцыя” ў сьвет дзяцей, яны адначасна
—недзіцячыя атакі на сьвет рэальны. Першы зь іх, „Бай” (6 сакавіка 1921), мае той самы матыў пратэсту
супраць чужаземнага прыгнечаньня Беларусі і ў той самай алегарычнай форме, што
і ягоны санэт „Пчолы” (1918). Гэты матыў бачым зноў у другім „дзіцячым” вершы
„А зязюля кукавала” (8 верасьня 1921):
Як ні сеяў пільна Янка, —
Ўсё чагосьці не ставала:
Янка сеяў — людзі жалі.
Адносна гэтага Бэндэ заўважыў,
што паэтава зязюля кукуе яшчэ на стары, нацыялістычны лад. І ўжо зусім непрыкрыты й
пасьлядоўны нацыяналізм антысавецкага характару можна знайсьці ў паэтычным
дыялёгу для дзяцей „Сын і маці” (2 травеня 1921), дзе, як зазначыў Бэндэ, паэта
не прызнае, што Савецкая Беларусь запраўды існуе вольна ў сьвеце. Пастухова песьня „Кароль”
(1922) — тонкая іронія на савецкую
сыстэму (А падданыя падданяць, — не буркнуць ні слова); верш „Мароз”
(1921) пакінуў у Бэндэ ўражаньне, што для Купалы дыктатура пралетарыяту — нешта
накшталт марозу, які толькі шэпча казкі аб шчасьці. Да гэтага верша тэматычна
прымыкае ўжо зусім недзіцячы лірычны маналёг „Голад” (1.10.1921). Тут паэта адклікаецца на
вядомую трагедыю — голад пачатку 20-х гадоў. У вобразе ўсемагутнага голаду
таксама адчуваюцца рысы пралетарскай дыктатуры.
Мой скіпетр — лядзянячы молат,
Ім рабству дыктую указы...
.................................
Мне гімны складае вякоў лад —
Мне, сытаму людаў кананьнем...
„Нутраной эміграцыі” Якуба
Коласа, падобнай да Купалавай, папярэднічаў пэрыяд запраўднай рээміграцыі.
Колас вярнуўся на Беларусь у 1921 г. і ў тым самым годзе напісаў колькі
лірычных вершаў, якія могуць разглядацца як свайго роду ўступны цыкль да ягонай
літаратурнай „нутраной эміграцыі”. Ягонае першае пачуцьцё радасьці з нагоды
вяртаньня да любімага роднага краю пасьля такой доўгай зь ім разлукі выразілася
ў вершы „У палёх Беларусі”, у якіх ён убачыў пячаць
развагі мудрай, задуменьня і нейкай смутнае красы. Хутка, аднак, Колас
пачаў адчуваць, што пакой краіны — гэта маўчаньне, выкліканае страхам.
Гэта адчуваньне адлюстравалася ў вершы „Цені-страхі” (1921) :
Я іду, гляджу і — дзіва:
Ці раней таго ня бачыў?
Ўсюды стала нейк пужліва
І трывожна-баязьліва!
Паэта адчувае, што ніхто ня
можа праясьніць ягонае недаўменьне: Не пытайся: я ня знаю!.. Мы ня
знаем!.. Не, ня знаю!. Ён бачыць натоўп маўклівых жабракоў, якія праходзяць
павольна перад ім, гаворачы толькі мы — сьляпыя, мы — глухія!
Цені сталі больш густыя,
Мнагалучны, несчысьлёны,
Мнагазначны, хоць пустыя,
Вельмі страшны, бо нямыя,
Пад пячацьцю ўсе замкнёны.
Савецкі крытык С.Васілёнак
пісаў пра гэты твор: „Дробнабуржуазная разгубленасьць перад пралетарскай
рэвалюцыяй выразна выявілася ў містычным вершы Коласа “Цені-страхіЖ, дзе наша
савецкая рэчаіснасьць уяўлялася Коласу ў той час нейкімі страшэннымі “ценямі-страхаміЖ”.
Канчаткова Коласава пазыцыя
выкрышталізавалася ў вершы „Родныя
малюнкі” (1921), пра які Бэндэ пісаў, што Якуб Колас перамогу рабочай клясы і ўстанаўленьне пралетарскай
дыктатуры ў Беларусі ўспрымае як зьмену аднаго прыгнёту другім, як працяг
старой песьні:
Кавалі другія,
А ланцуг той самы —
Песьні ўсе старыя
Неаджытай гамы...
Гэты Коласаў верш бальшавіцкая
крытыка любіла цытаваць, як адно з найбольш зыркіх антысавецкіх выказваньняў у
беларускай літаратуры. Аднак у Коласа гэтыя радкі толькі папярэднічалі больш
востраму выпаду ў вершы „Беларускаму люду”, які быў напісаны з нагоды
Рыскага міру (18 сакавіка 1921), што замацаваў частку Беларусі за Польшчай і
разлучыў паэту зь мясьцінамі, дзе ён нарадзіўся й дзе жылі ягоныя родныя й
сябры.
Хіба забудзем мы тыя межы,
Што праводзілі бяз нас?
Раны глыбокія, ох, яшчэ сьвежы!
Помсты агонь не пагас.
Нас падзялілі — хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!
Нашы тут гоні, бары!
Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць.
Годзе той крыўды! У ногу з братамі
Пойдзем наш край вызваляць.
Больш зыркага, рэзкага і
адкрытага нацыянальна-рэвалюцыйнага й нацыяналістычна-сэпаратысцкага, адначасна
і антысавецкага, выступленьня няма ва ўсёй беларускай літаратуры на ўсім
папярэднім этапе яе разьвіцьця. „Поклічам” Колас завяршае свой уступны
цыкль „рээміграцыйных” вершаў. Ён заклікае беларускую інтэлігенцыю
прапагандаваць ідэю нацыянальнай рэвалюцыі ў народзе.
Ідзеце-ж к народу, як добрыя дзеці,
Ідзеце, злучайце яго
І горкую праўду ў вочы скажэце,
Чаго ён гаруе, чаго?
У літаратурным ажыцьцяўленьні
сваёй „нутраной эміграцыі” Якуб Колас, як і Янка Купала, зьвяртаецца да
стварэньня большых памерамі й складаных твораў, але ў адрозьненьне ад Купалы,
арыгінальных, якія адводзілі ад рэчаіснасьці не ў далёкую мінуўшчыну, а ў больш
блізкую эпоху, хоць і ня менш „адгароджаную” ад сучаснасьці аўтабіяграфізмам.
Першым з такіх твораў Коласа
была ягоная вялікая эпічная паэма „Новая Зямля”, якую ён пачаў яшчэ ў 1911 годзе,
але галоўную частку якой напісаў якраз у 1921-1922 гадох. У „Новай Зямлі” Колас
апісвае свае дзіцячыя гады на фоне жыцьця ўсёй сваёй сям’і, хроніка якой і
складае сюжэт твора. У ходзе апавяданьня фон сямейнага жыцьця разгортваецца ў
больш шырокі і агульны абраз жыцьця ўсяго сацыяльнага й нацыянальнага
асяродзьдзя. Адраджэнскі крытык Уладыслаў Дзяржынскі зьвярнуў увагу на
„бязьмежны ў сваёй глыбіні й высокамастацкі ў сваёй рэалістычнай прастаце
сымбаль гэтага нацыянальнага ідэялу нацыянальнага адраджэньня. Уласная зямля,
да якой імкнуўся Міхась, набывае значэньне вялікага сымбалю, сымбалю ўласнае
айчыны”. Тое, што крытык вымушаны
асьцярожна назваць „уласнай айчынай”, ёсьць, безумоўна, нішто іншае, як ідэял
незалежнай беларускай дзяржавы, „буржуазнай рэспублікі”, па бальшавіцкай
тэрміналёгіі, ідэял, які дамінуе ў паэме „Новая зямля”. З гэтага боку „Новую
Зямлю” можна разглядаць, як адзін з выпадаў супраць савецкай рэчаіснасьці,
характэрных для беларускай літаратуры „нутраной эміграцыі”.
Апрача таго, у паэме знаходзім
мноства больш дробных, спэцыфічных атакаў, пераважна ў лірычных пралёгах і
эпілёгах. Найбольшы памерам і найбольш востры пралёг да часткі ХВІ. Паэта
ўспамінае сваю родную зямлю, цяпер адрэзаную ад яго Рыскім мірам, і крытыкуе
гэты мір:
Ды покі будзе сэрца біцца,
Яно ня зможа пагадзіцца
Ні з гэтым гвалтам, ні зь бядою
Над нашай роднаю зямлёю...
Эх, мілы край адвечнай мукі!
Пракляты будзьце вусны, рукі,
Што на цябе ланцуг кавалі
І ў твар зьняважліва плявалі!
Няхай агонь і жар пакуты
Навекі спаліць зьдзек той люты,
Які спрадвеку там пануе
Над тым, хто родны скарб шануе
І хто ўсім сэрцам і душою
Застацца хоча сам сабою.
Колас
заключае філіпіку радкамі, поўнымі надзеі, што хоць ня мы, дык нашы дзеці
убачаць цэльным цябе ў сьвеце!
У пралёгу да часткі ХХХ,
прысьвечанай гісторыі напісаньня самой паэмы, Колас характарызуе гады свайго
жыцьця źза межамі роднай зямлі як вымушанае гібеньне ў глушы Савецкай Расеі.
Разлука з краем і трывога,
І паднявольнае блуканьне,
І гэта нуднае змаганьне
За інтарэсы жывата,
Ды зноў варожая пята...
Ягоная ацэна пражытага часу, як
паднявольнага блуканьня ды яшчэ пад варожай пятой, даволі
красамоўная, як і наступная за ёю згадка пра нявідныя скрыжалі трох
неажыцьцёўленых слоў, г.зн. рэвалюцыйнага дэвізу „Свабода, Роўнасьць, Брацтва”.
Нарэшце нуднае змаганьне за інтарэсы жывата, звыклае для ўсіх
падсавецкіх грамадзянаў у гады заканчэньня паэмы, не адзін раз выклікала ў
Коласа іранічныя заўвагі — супастаўленьне галоднай савецкай сучаснасьці з
сытнай мінуўшчынай нават небагатага сялянскага побыту. Так, у частцы ХІІІ,
апісваючы сялянскае застольле пасьля падборкі мёду, паэта падрабязна пералічае
ўсе стравы бяседнага стала й зьедліва заўважае:
Тут сыр, як першы сьнег бялюткі,
Каўбас прыемнейшыя скруткі,
Што толькі ёсьць на Беларусі.
А масла!.. Не! маўчу, баюся
У час пайковай суяты
Дражніць пустыя жываты.
Аналягічны малюнак пры
апісаньні вялікоднага стала ў частцы ХХІВ:
А на стале тым — рай ды годзе,
Таго ня знойдзеш і ў „кампродзе”.
У той самы час (1921-1922) Колас стварае першы
вялікі празаічны твор „У палескай глушы” — аўтабіяграфічны раман пра першыя
крокі сваёй настаўніцкай працы на беларускім Палесьсі. І зноў тут ня проста
адыход у аўтабіяграфізм, што „адгароджваў” ад сучаснасьці. Колас выкарыстоўвае
асвоены прыём пераносу дзеяньня ў мінулае для рэалізацыі сваёй канцэпцыі
пераадоленьня сучаснасьці. Гэтую канцэпцыю крытыкі Л.Бэндэ і А.Кучар
характарызуюць наступным чынам: „...місіянерская роля адраджэньня краіны аддаецца вясковай інтэлігенцыі —
настаўніцтву, якое “просветительствомЖ, своеасаблівым “хождением в народЖ
марыць абудзіць у народзе “нацыянальную сьведамасьцьЖ. Аб гэтым “хождении в народЖ і думаюць якраз у
аповесьці настаўнікі Лабановіч і Турсэвіч. “Кожны народ мае свой гонар. Ангелец
перад усім сьветам горда зазначае: Я — ангелец. Тое самае скажа француз, немец,
аўстрыяк, расеец і іншы прадстаўнік другой нацыі. А мы, беларусы, не
адважваемся прызнацца ў тым, што мы — беларусы. Бо на галаву беларускага
народу, як нацыі, многа выліта памыяў, уся істота яго прыніжана, і мова яго
асьмеяна, у яго няма імя, няма тваруЖ, — кажа Лабановіч і заклікае Турсэвіча ў
падарожжа па Беларусі абуджаць народ”.
Такім чынам, ідэйная накіраванасьць рамана „Ў
палескай глушы” пераклікаецца з тым самы заклікам да нацыянальнай народнай
інтэлігенцыі, які гучыць у Коласавым вершы „Покліч”, што завяршае
„рээмігранцкі” цыкль. Гэтая ідэя, а
таксама спадарожная ёй адкрытая пропаведзь беларускага нацыяналізму рабілі
раман „У палескай глушы” настолькі непрымальным для савецкай улады, што выдаць
яго сталася магчымым толькі за мяжой, і першае выданьне зьявілася ў Вільні ў
1923 годзе[31], як эміграцыйнае выданьне ў
сапраўдным сэньсе гэтага слова. Такі-ж
лёс напаткаў і зборнік Коласавых алегарычных навэляў „Казкі жыцьця”, што выйшлі
ў Коўна ў 1921 годзе[32], дзе ў навэлі „Гусі”
алегарызавалася беларуская „нутраная эміграцыя”.
Зьмітрок Бядуля_Ясакар ішоў тым самым шляхам
літаратурнай „нутраной эміграцыі”, што і Янка Купала і Якуб Колас. Канцэнтруючы
ўвагу да гэтага часу на невялікіх, нават мініятурных лірычных вершах,
Бядуля-Ясакар цяпер таксама выяўляе
тэндэнцыю да напісаньня твораў вялікіх формаў, хоць і меншых за творы Купалы й
Коласа. Філіграннасьць апрацоўкі паэмаў Бядулі-Ясакара сьветчыць пра асаблівую
ўвагу паэты да формы, карпатлівую працу са словам, што патрабавала значнай
затраты часу, паглыбленасьці ў творства і адцягненасьці, адгароджанасьці ад
новай рэчаіснасьці.
Першы ягоны такі твор — паэма „На хутары” (1921) — можа разглядацца як
своеасаблівая апалёгія самой зьявы „нутраной эміграцыі”. У цэнтры паэмы —
магутная й цэльная фігура моцнага селяніна (адпаведна больш позьняй
бальшавіцкай тэрміналёгіі — „кулака”), які імкнецца ўсяляк адмежавацца і
адгарадзіцца ад ненавіснай яму рэчаіснасьці, схавцца ад яе на сваім хутары, як
на нейкай тэрыторыі „нутраной эміграцыі”. Вобраз гэтага хутараніна нагадвае
вобразы выдатнага прадстаўніка расейскай літаратурнай „нутраной эміграцыі”
Е.Замяціна — вобразы „астраўлянаў”, „нутраных эмігрантаў”, якія жывуць на
востраве ў чужым і варожым для іх акіяне савецкай рэчаіснасьці, як пісаў
Л.Троцкі. Розьніца толькі ў тым, што
Бядулеваму хутараніну не ўласьцівая інтэлігенцкая пасыўнасьць аднаго толькі
„адгароджваньня” „астраўлянаў” Замяціна, ён ненавідзіць навакольны чужы й
варожы акіян рэчаіснасьці актыўна й непрымірыма, з усёй сілай сваёй цэльнай
першабытнай натуры, і адштурхоўваецца ад яго. Бядуля малюе свайго хутараніна зь
вялікай сымпатыяй і любаваньнем, стварае як-бы ідэяльны вобраз. Гэта дало
падставу бальшавіцкай крытыцы аб’яднаць іх абодвух — аўтара й героя, — калі выкрывалася
антысавецкая накіраванасьць твора. А.Кучар, прыкладам, пісаў: „У гэтай паэме
Бядуля, апрача таго, што ідэялізуе хутарскую гаспадарку, разам са старым
дзедам, ён выступае яшчэ за старыя формы жыцьця, супраць машыны й супраць новае
культуры.
А цяпер-то гармошка-паскуда
Сваёй полькай даводзіць да сьлёз,
Скуль зьявілася гэта заблуда,
Ну й гасьцінец маскаль нам прынёс!”
Працытаваныя Кучарам радкі
могуць служыць ілюстрацыяй праяўленьня ў Бядулевай паэме выпадаў-атакаў і
адштурхоўваньня ад савецкай рэчаіснасьці, характэрных для ўсёй беларускай
„нутраной эміграцыі”.
У іншых паэмах гэтага пэрыяду
Бядуля ажыцьцяўляў сваю літаратурную „нутраную эміграцыю” шляхам адыходу ў
сьвет фантастыкі й беларускай народнай міфалёгіі. Пра паэму „Зачарованы Край”
(1922) Кучар пісаў, што гэта
„...новаяўленая “самабытнаяЖ беларуская біблія Бядулі на матарыяле палескае
кулацкае міфалёгіі”. У запраўднасьці Бядуля
сыстэматызаваў тут касмаганічныя й міфалягічныя сюжэты аднаго з найлепшых
зборнікаў беларускіх народных казак[38] у адмысловую „кнігу Старога
Запавету” старадаўнага народнага духу „зачарованага краю” — Беларусі, які
ўяўляўся паэту нейкім чароўным царствам самога жыватворнага духу мастацтва,
мастацкага творства.
Як-бы працягам паэмы
„Зачарованы Край” зьявілася другая Бядулева паэма — „Ярыла”. Хоць паэта адкрыта
прызнаваў яе любімым дзецішчам сваёй музы, яна поўнасьцю так і не была
выдрукаваная. Паэма павінна была стацца
чымсьці падобнай да „Новага Беларускага Запавету”, адначасна і „евангельля мастацтва”, як запраўднай рэлігіі паэты.
Бальшыня Бядулевых лірычных
вершаў таго пэрыяду разам з паэмамі „На хутары” й „Зачарованы Край” увайшла ў
зборнік „Пад родным небам” (1922) — першую кнігу вершаў паэты ад самага пачатку
ягонай літаратурнай дзейнасьці. Паколькі паэма „Зачарованы Край” і блізкія да
яе сваім характарам вершы задавалі тон кнізе, уся кніга атрымала рэзка адмоўную
ацэну бальшавіцкай крытыкі. „Усе вершы й вобразы вершаў абвеяны выключна
рэакцыйнымі дачыненьнямі да рэчаіснасьці, папоўшчынай, містыкай, рэлігійнасьцю.
Бядуля стварае рэлігійна-рамантычны культ мінуўшчыны. У гэтым сэньсе можна
ўпэўнена сказаць, што кніга “Пад родным небамЖ зьяўляецца наскрозь рэакцыйнай і
варожай нам кнігай”. „...Бядуля праглядае з
асаблівым замілаваньнем мінулае Беларусі, але-ж не Беларусі прыгнечаных і
эксплюатуемых, а мінулае пануючых кляс, узводзячы гэтае мінулае ў сымбаль славы
Беларусі, у сымбаль яе сілы, у сымбаль права на сваё самастойнае існаваньне”.
Пад месяцам, пад сонцам Полацкіх капліц,
Пад сьпеўнымі званамі залачоных вежаў,
Пад паляўнічым рогам ў явах таямніц
Зьявіўся наш Скарына кветкай родных межаў,
Вясёлкай з-пад туману.
На мове паспалітай простых пастыроў
Тлумачыў ён прарокаў сказы-сьвятапісы.
Жыў твор яго ў народзе, нібы ў жылах кроў,
Праменьніўся над краем сонечнаю рысай,
Аздобаю нябёснай.
Пад замкам Гэдыміна над ракой Вільлёй
Яшчэ адзін тэстамант славіў нашу долю:
То быў Літоўскі Статут. Праўдаю сьвятой,
Імпэтнаю Пагоняй мкнуўся ён па полі
І па даліне роснай.
Аднак Бядуля ня толькі
„адгароджваўся” ад рэчаіснасьці ў сваіх міфалягічных паэмах і падобнай да іх
лірыкі, ён, як і іншыя адраджэнцы, „нутраныя эмігранты”, накіравана атакаваў
новую рэчаіснасьць у шэрагу сваіх твораў гэтага пэрыяду. У вершы „Пад няволяй” паэта стварае вобраз
„рэвалюцыйнай рэальнасьці”, як рэчаіснасьці агідных ночных соваў, якія
Беларусь, як хмары, абляглі, і якім аддаў народ наш моц. Захоплены
іхным хлусным словам — дэмагагічнай прапагандай „волі”, ён пакорна даў
сябе завесьці зноў у тую-ж няволю чужаземнай эксплюатацыі на вечны стары лад
пад новым зычным зовам. Тут, безумоўна, тая-ж апазыцыя чужанацыянальнай
эксплюатацыі, якую выразілі Купала й Колас; Бядуля-Ясакар таксама падзяляе
Коласава абурэньне гвалтоўным разьдзелам
Беларусі. У сваёй одзе „Беларусь” (1921) паэта пісаў:
Сама, Сама адзначыш Свае межы,
Без дапамог няпрошаных дзядзькоў.
Ты забярэш, што да Цябе належа,
Маць-Беларусь, спакон глухіх вякоў!
Паэта
ўпэўнены, што родная краіна ў будучыні непазьбежна пойдзе па
нацыянал-дэмакратычным шляху.
Сама, Сама наладзіш сваё веча, —
Разьбілі сталь адгукі вешчых струн.
А хто пачне чыніць тут злыя рэчы, —
Таго заб’е наш волі бог — Пярун.
Бядуля кляймуе тых беларусаў,
што да Цябе плячыма, Маць-Беларусь, адвернуты стаяць, на Ўсход, Заход
халопскімі вачыма, як вепрукі
зьдзічэлыя, глядзяць. Бэндэ й Кучар так камэнтуюць гэты пасаж: „Бядуля
становіцца ў ваяўнічую позу да пралетарскай Масквы, да тых, хто “халопскімі
вачымаЖ “на ЎсходЖ глядзяць”. Крытыкі, зразумела, нічога ня
маюць супраць „ваяўнічай позы” ў стаўленьні да „халопаў, што на Заход
глядзяць”.
Так, у агульным, выглядае
галоўная лінія беларускай літаратурнай „нутраной эміграцыі” ў творстве яе
найбольш выдатных прадстаўнікоў — лінія адзінага антысавецкага апазыцыйнага
фронту. Такая пазыцыя пісьменьнікаў не магла не трывожыць бальшавікоў. Але час славутых
бязьлітасных расправаў з усялякай апазыцыйнасьцю яшчэ не настаў. Наадварот,
Новая Эканамічная Палітыка (НЭП), якая разгарнулася на Беларусі ў 1922 годзе,
прынесла з сабой пэрыяд адносна большай ідэялягічнай цярпімасьці. Іншадумцам
была дадзеная пэўная свабода для „выяўленьня іхных патэнцыяў”, як скажуць
пазьней, калі ў залежнасьці ад гэтага „выяўленьня” пачалі вызначаць ступень
небясьпекі саміх „выяўленцаў” і прымаць меры ў дачыненьні да іх. Цяпер-жа ўлады
толькі прыглядаліся да іншадумцаў, адначасна імкнуліся нэўтралізаваць ужо
„выяўленых”, найбольш небясьпечных зь іх, але яшчэ ня шляхам тэрору, а
палітыкай адцягваньня ад апазыцыйнасьці й прыцягваньня на свой бок. Цэнзура
яшчэ вельмі паблажлівая, прапускае нават адкрытыя антысавецкія выпады (як, прыкладам,
у Коласа), толькі зрэдзь часу „прытрымлівае” пэўныя выданьні. Бальшавіцкая
крытыка яшчэ адсутнічае (усе выказваньні гэтай крытыкі, прыведзеныя раней,
належаць да больш позьняга — ужо „ліквідацыйнага” пэрыяду). І нарэшце,
каб адцягнуць пісьменьнікаў ад „нутраной эміграцыі” й схіліць іх на бок
„савецкай рэчаіснасьці”, улады пачынаюць выкарыстоўваць новы рух —
беларускі нацыянал-камунізм.
Упершыню ідэі
„нацыянал-бальшавізму” назіраюцца ў беларускім грамадзтве ў 1918 годзе, і
тады-ж яны знайшлі сваё адлюстраваньне ў рамане Максіма Гарэцкага „Дзьве душы”.
Наступны пэрыяд польскай акупацыі 1919-1920 гадоў узмацніў гэтыя палітычныя
тэндэнцыі, якія падаграваліся сацыяльнай і нацыянальнай палітыкай акупантаў, і
прывёў да афармленьня падпольнай Беларускай Камуністычнай Арганізацыі (БКА), як
арганізацыі менавіта нацыянал-камуністычнай, што дзейнічала ў кантакце з
бальшавіцкім падпольлем, але цалкам самастойна. Пасьля адступленьня палякаў
Беларуская Камуністычная Арганізацыя разам з Камуністычнай партыяй Літвы й
Беларусі, а таксама гебрайскай партыяй „Бунд” падпісвае дэклярацыю пра
аднаўленьня Беларускай Савецкай Рэспублікі (1 жнівеня 1920). У хуткім часе БКА
ўліваецца ў Камуністычную Партыю
Беларусі, але фактычна, разам зь некаторымі старымі бальшавікамі-беларусамі
(тыпу Зьміцера Жылуновіча — Цішкі Гартнага), застаецца ўнутры
камуністычнай партыі акрэсьлена асобным рухам, разгромленым пасьлей, у пэрыяд
сталінскіх „чыстак” і „ліквідацыяў”.
Ажыўленьне ў галіне
нацыянальнага пытаньня, выкліканае абмеркаваньнем яго на Х зьезьдзе РКП(б)
(8-16 сакавіка 1921), падымала акцыі беларускага нацыянал-камунізму. У выніку
спэцыяльна праведзенай унутры КП(б)Б (зь ініцыятывы нацыянал-камуністаў)
дыскусіі (5 лістапада 1921) былі прынятыя тэзісы „Беларускае нацыянальнае
пытаньне й камуністычная партыя”, якія й ляглі ў аснову
нацыянальнай палітыкі камуністычнай партыі на Беларусі й толькі ў
„ліквідацыйную” эпоху былі прызнаныя нацыяналістычнымі. Беларускі
нацыянал-камунізм браў на сябе ролю пасярэдніка паміж бальшавікамі й беларускім
нацыянальным рухам, а ў гэткай ролі, бясспрэчна, і канкрэтнае заданьне
ўзьдзеяньня на беларускую літаратурную „нутраную эміграцыю”, каб прыцягнуць яе
на бок партыі.
Беларускія нацыянал-камуністы
паспрабавалі, перш-найперш, устанавіць кантакт зь лідэрам літаратурнай
„нутраной эміграцыі” Янкам Купалам. Яны зьвярнуліся да яго з прапановай
перакласьці „Інтэрнацыянал”. Заказ быў выкананы, і так пачаліся дачыненьні Янкі
Купалы зь беларускім нацыянал-камунізмам. Пераклад поўнага тэксту верша
францускага паэты-камунара Эжэна Пацье, які стаўся камуністычным гімнам, быў
зроблены Купалам дасканала, нават бліскуча. Ва ўсякім выпадку, асьвячоны
практыкай і кананізаваны бальшавікамі расейскі пераклад гэтага твора А.Я.Коцам
ня можа йсьці ні ў якае параўнаньне зь ім. Аднак імя беларускага перакладчыка,
адпаведна ягонаму патрабаваньню, доўгі час трымалася ў сакрэце, і толькі ў 1930
годзе тэкст перакладу, зробленага яшчэ ў 1921 годзе і ад той пары ня раз
друкаванага як ананімны ў розных пэрыядычных і непэрыядычных выданьнях, увайшоў
у Купалаў зборнік вершаў. Верагодна, Купала спачатку не
хацеў зьвязваць сваё імя зь якой-бы то ні было камуністычнай ідэялёгіяй. У
перакладзе ён нават імкнуўся згладзіць адкрытую прапаганду камуністычнага
інтэрнацыяналізму. Пры ўсім пры тым Купалаў пераклад быў прыняты. Пасьлей Бэндэ
зазначыў: „Тэндэнцыя набліжэньня Купалы да пазыцый савецкай літаратуры
нарадзілася не ў апошнія часы аднаўленчага пэрыяду, а яшчэ ў яго пачатку.
Першым праяўленьнем яе трэба лічыць пераклад з францускай мовы на беларускую
“Міжнароднага гімнаЖ — “ІнтэрнацыяналуЖ (1921 г.). Нягледзячы на рад істотных
недахопаў перакладу, ён усё-ж найбольш удалы й пісьменны за ўсе іншыя да гэтага
часу пераклады “ІнтэрнацыяналуЖ на беларускую мову”.
Толькі пасьля разгрому
нацыянал-камунізму Купалаў пераклад быў заменены новым, зробленым у 1935 г.
маладым паэтам-камуністам Андрэем Александровічам. Александровіч па-рабску
капіраваў „афіцыйны” расейскі пераклад А.Я.Коца, нават незарыфмаваныя ў
расейскім перакладзе радкі, з прычыны паэтычнай няздольнасьці Коца, пакідаліся
незарыфмаванымі і ў беларускім перкладзе. Новаму перакладу не пашанцавала яшчэ
больш, чым старому, і ён хутка зьнік разам са сваім перакладчыкам,
абвінавачаным падчас „яжоўшчыны” ў тым самым нацыянал-камунізьме (хоць і не за
ідэялягічна беззаганны пераклад „Інтэрнацыяналу”). Ад таго часу ў Савецкай
Беларусі сьпяваюць гэты гімн толькі па-расейску.
Нацыянал-камуністы, упаасобку
Цішка Гартны, інтэрпрэтавалі Купалаў
пераклад „Інтэрнацыяналу”, як сьветчаньне перамены ягонага стаўленьня да
нацыянал-камунізму. Але хутка пасьля перакладу гімна Купала піша эпіграму, у
якой іранізуе над бездапаможнымі спробамі нацыянал-камуністаў прымірыць
пралетарскі інтэрнацыяналізм зь беларускім нацыяналізмам:
...О, так! Я — пралетар!...
Яшчэ учора раб пакутны —
Сягоньня я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны!
Мне Бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно... ня збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сьняцца сны аб Беларусі!
Нацыянал-камуністы не заўважылі
(або не хацелі заўважаць) адкрытай іроніі й віталі верш як яшчэ адно
сьветчаньне блізасьці паэты да іх. Калі малады крытык Адам Бабарэка пасьлей
паказаў на іронію, Жылуновіч-Гартны ярасна абараняў літаральнае разуменьне
верша. Толькі пасьля разгрому беларускага нацыянал-камунізму Бэндэ вынес
канчатковы прысуд: „Гэта па меншай меры карыкатура на пралетарскі
інтэрнацыяналізм. Паэта ня можа зразумець суадносінаў паміж нацыянальным і
інтэрнацыянальным, і ён іранізуе па поваду пралетарскага інтэрнацыяналізму”. Купалаву іронію бальшавікі
абярнулі супраць паэты на ягоным пахаваньні ў 1942 г., праводзячы яго ў апошні
шлях пад транспарантам з надпісам: „Мне сьняцца сны аб Беларусі”.
Яшчэ больш падставаў уважаць
сябе за свайго Купала даў нацыянал-камуністам у вершы „На сьмерць Сьцяпана
Булата” (9 жнівеня 1921). Нязьменны рэфрэн Сьні,
таварыш, аб Камуне й прароцтва: Зазьвініць залатаструньне Родны Край
адной Камунай..., здаецца, запраўды гавораць пра далучэньне паэты да ідэі
нацыянал-камунізму, носьбітам якой і быў Сьцяпан Булат. Удумлівае прачытаньне, аднак,
выяўляе спалучэньне ў вершы эпітафіі на сьмерць камуніста-ідэяліста з
прыхаванымі элемэнтамі эпіграматычнасьці на ягоны ідэял — камуну, якая
ўяўляецца паэту толькі нязбытным сном.
Купалаў пераклад
„Інтэрнацыяналу” звычайна трактуецца, як зьмяну ягонай пазыцыі ў стаўленьні да
бальшавікоў. Наадварот, паэтавы творы 1922 г. зьмяшчаюць у сабе найвастрэйшыя й
найбольш трапныя антыбальшавіцкія выпады. Верш „Пазвалі вас” напісаны ў сувязі з
запрашэньнем Леніна эўрапейскімі дзяржавамі на Генуэскую канфэрэнцыю 1921 году.
Зьмест гэтага верша складае кароткі рэтраспэктыўны агляд гісторыі бальшавіцкага
кіраваньня ад пачатку Кастрычніцкай рэвалюцыі. Купала ўзнаўляе й нават узмацняе
характарыстыку рэвалюцыі, дадзеную ім яшчэ ў 1918 годзе:
І вы з рабоў пайшлі ў цары...
— О, каб ня ў краты толькі з крат!?
Усьлед за тым
Купала прыгадвае бальшавіком інтэрвэнцыю заходніх дзяржаваў, якую расцэньвае як
вызваленчы паход, што часова не дасягнуў мэты:
Паклон аддаў вам азіят,
За ім Эўропы жыхары
Шлі к вам праз морскія віры...
Але ня ваш вітаць шлі сьцяг:
З сваёю воляй шлі на вас...
І не дайшлі — зышлі на час
Празь белы й чорны морскі шлях,
А вам ня страх, а вам ня страх!...
На бальшавіцкі пагляд, заходняя
інтэрвэнцыя была ўтаймавальнай і карнай, Купалаў сьмелы выпад выклікаў абурэньне
Бэндэ, які прысьвяціў не адну старонку падрабязнаму, што называецца, „па
костачках”, разбору гэтага твора.
Нарэшце, Купала зьвяртае ўвагу
на НЭП, які пачаў ажыццяўляцца на Беларусі якраз у часе напісаньня гэтага
верша:
І ўсё вы ўзялі, усё, як ёсьць:
Хвабрычны дым, сяўбы загон,
І панскі двор, і царскі трон...
Дый стала ўсё вам гэта ў злосьць,
У хлебе восьць, у горле косьць.
Сабою самі ўстаць з руін
Вам не дастала смагі, сіл.
І вось к вам вылез цень з магіл:
Крывавы грош і „гаспадзін”,
А іх закон адзін, адзін.
Спад ног, з утоптанай нары
Паўзе ўжо збэшчаны павук
І ў сто, у сто кагцістых рук
Хапае вас, рабы-цары,
Як-бы ўжо вы не ўладары...
„Тым, што мы ўвялі НЭП, —
камэнтуе Бэндэ гэтыя радкі, — паводле ўяўленьня паэты, мы адракліся, адмовіліся
ад сваіх сацыялістычных задач і ідэялаў, а спусьціліся пад звон фраз аб
камунізьме да капіталізму”. Бэндэ разглядае гэты верш як
праяву так званага „зьменавехаўства”. Аднак, хоць падобна да
„зьменавехаўцаў” Купала лічыць, што НЭП — адыход ад сацыялізму да капіталізму,
гэта не выклікае ў яго энтузіязму, як і не мяняе ягонага стаўленьня да
бальшавікоў.
У хуткім часе пасьля верша
„Пазвалі вас” Купала робіць яшчэ больш сьмелы выпад супраць савецкай
„рэчаіснасьці” ў вершы „Перад будучыняй” (24 студзеня 1922). Ён быў апублікаваны
ў першым (і адзіным) нумары часапісу „Адраджэньне”, які пачаў выходзіць у 1922
г. у Менску як орган Інстытуту Беларускай Культуры, рэдагаваны Язэпам Лёсікам.
Праз два дні, аднак, нумар быў зьняты з продажу й верш быў выразаны з часапісу.
Гэта, як ужо адзначалася ў Частцы І, быў першы выпадак канфіскацыйнай апэрацыі
бальшавіцкай цэнзуры на Беларусі. Бальшавіцкая крытыка заўсёды ацэньвала гэты
твор, як найбольшы „грэх” паэты, але пры ўсім тым ніколі не асмельвалася
працытаваць хоць-бы радок зь яго. Верш разыходзіўся толькі ў рукапісных копіях,
ніколі нідзе нават не цытаваўся й застаўся невядомым чытачом. Таму варта
прывесьці яго поўнасьцю па копіі, зробленай у тыя часы.
Стаім мы перад
будучыняй нашай
І ўсё варожым, сочым ейны ход...
Ці ўскрэсьнем мы з душой, упаўшай, зьвяўшай,
Каб выйсьці ў сьвет, як нейкі здольны род...
Сягоньня мы жывём і ўдзень мы блудзім
Пад маскай, асьляпляючаю нас,
І што сказаць самім сабе і людзям,
Ня ведаем, ня можам, хоць і час.
Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў,
Шукаем, як сьляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў.
Пакрыўленыя колісь нашы душы
Дагэтуль выпрастаць ня ў моцы йшчэ,
Снуёмся, ў думках зводных затануўшы,
А хтось, а штось і мучыць і пячэ.
Цябе чакаем, будучыні нейкай,
Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,
І гінем марна пад чужой апекай,
Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.
А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі
Засеў за наш бяседны, сытны стол
І кідае, як з ласкі, нам агрызкі,
А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.
Нявольніцтва й жабрацтва так нас зьела
І так нам высмактала з сэрца сок,
Што нат’ у вочы глянуць, плюнуць сьмела
Ня сьмеем, стоптаныя, на пясок.
Там чутна: „Беларусь!”,
там – „Незалежнасьць!”,
А там — „Паўстань пракляцьцем...”.
Ну, а мы?
Мы ў страху... дум крутня...
разьбежнасьць...
Бяз толку крыльлем хлопаем, як цьмы.
О, так, як цьмы, як спуджаны вароны!...
І слухаем, і нюхаем тут, там:
Які павеяў вецер на загоны —
Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?
Аграбленыя з гонару й кашулі,
З свайго прыпыну выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі
На нас ды з нашых нітак-валакон.
З кійком жабрачым так мы, паўналеткі,
Брыдзём, паўзём у сьвет — скрозь неўпапад.
І прысягаем, клічам Бога ў сьветкі,
Што мы — ня мы, што нехта вінават.
І так жывём, сябе саміх ня знаўшы,
Учора, сёньня лазім між канаў...
Няўжо-ж бы хто й над будучыняй нашай
Навек залом пракляты заламаў?
Няўжо не аб’ясніць нас розум ясны,
І не пакінем біцца з кута ў кут?
Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны —
Кліч бураломны: вызваленьне з пут!?
Менск, 24 студзеня
1922.
Наўрад ці патрэбны камэнтар да
гэтых радкоў, поўных нацыянальнага самабічаваньня, якое мела на мэце выклікаць
выбух нацыянальна-рэвалюцыйнай сьведамасьці й дзеяньня, накіраванага супраць
„пагібельнай чужой апекі”. Голас Янкі Купалы даўно ўжо не гучаў з такой сілай,
зь якой пачуўся ён тут, у гэтым выкрыцьці й ганьбаваньні нацыянальнай і ідэёвай
бесхрыбетнасьці, нявольніцтва й жабрацтва, у клічу бураломным да
духовага разьняволеньня й вызваленьня з пут. Голас Купалы ўдарыў па
струнах нацыянальнага сумленьня, і небясьпечная магчымасьць адпаведнага
рэзанансу палохала тых, хто абрабаваў народ, пазбавіўшы яго гонару й кашулі.
Асноўныя матывы верша „Перад будучыняй” ілюструюцца напісанай
неўзабаве (31 жнівеня 1922) Купалавай п’есай „Тутэйшыя”, „трагічна-сьмяшлівымі сцэнамі
ў 4-х дзеях”. Бальшавіцкая крытыка заўсёды ставіць гэтыя два творы побач і
абодва лічыць найбольш характэрнымі для дадзенага пэрыяду, да таго-ж найбольш
„крамольнымі” з усіх наагул твораў пісьменьніка. Так, Бэндэ піша: „У першыя гады
мірнага будаўніцтва Купала, асьлеплены буржуазным нацыяналізмам, усё яшчэ
актыўна супрацьстаўляецца ў сваёй творчасьці пралетарскай дыктатуры. Найбольш
характэрным і буйным творам для гэтага часу зьяўляецца яго п’еса “ТутэйшыяЖ
1922 г., а таксама вершаваны твор “Перад будучыняйЖ”.
І сам Купала, калі яму ў 1930
г. прыйшлося публічна „каяцца” ў сваіх „грахох”, назваў у ліку сваіх „твораў з
зырка нацыянал-дэмакратычнымі настроямі” менавіта гэтыя два — „Перад будучыняй”
і „Тутэйшыя”, далучыўшы да іх толькі верш „Паўстань”.
У сваіх „трагічна-сьмяшлівых
сцэнах” Купала паказвае час, які непасрэдна папярэднічаў ягонай „нутраной
эміграцыі” (1918-1920 гг.), — пэрыяд, адзначаны частай зьменай розных
акупацыйных рэжымаў на Беларусі й поўны, запраўды трагічных і, разам з тым,
„сьмяшлівых”, ня толькі камічных, а проста-такі чыста фарсавых мамэнтаў. Купала
адбірае найбольш крытычныя мамэнты „зьмены ўладаў”, прысьвячаючы кожнаму зь іх
асобную дзею сваёй п’есы: у першай дзеі — зьмена савецкай акупацыі нямецкай
(канец лютага 1918); у другой — чарговая зьмена нямецкай акупацыі савецкай
(канец сьнежаня 1918); у трэцяй — зьмена савецкай акупацыі польскай (канец
чырвеня 1919); у чацьвертай — вяртаньне савецкай акупацыі (канец чырвеня 1920).
Купала паказвае бальшавікоў такімі самымі акупантамі Беларусі, як і немцы й
палякі, а савецкую ўладу — як усё той-жа акупацыйны рэжым. Пра немцаў, якія
йдуць на зьмену бальшавіком, гаворыцца як пра „новых акупантаў”, тым самым
бальшавікі вызначаюцца як „старыя акупанты”. У апошняй дзеі, у самы мамэнт
вяртаньня бальшавікоў, адбываецца наступны дыялёг:
Янка. Вясельле, цётачка,
адлажылі пакуль што да таго часу, калі апошні акупант ад нас выйдзе, бо пры іх
нявесела на вясельлі.
Гануля. Ці не задоўга
прыйдзецца чакаць на гэта?
Купала, не
вагаючыся, паказвае бальшавіцкі акупацыйны рэжым нават больш фарсава, чым
нямецкі й польскі. Аб’ектамі зьедлівых карыкатураў пісьменьніка робяцца
папярова-бюракратычная рэглямэнтацыя кожнага кроку грамадзяніна, траскучыя
штампы савецкай „законнасьці”, бальшавіцкая мітынговасьць і інш. Вось перад
намі савецкі грамадзянін у поўным узбраеньні колькіх аграмадных партфэляў з
дакумэнтамі, патрэбнымі для нармальнага існаваньня ва ўмовах рэжыму:
Мікіта (дастаючы другі
партфэль). А ў гэтым, меджду протчым, портфэльчыку ўсялякія дэкрэты, законы,
пастановы, загады, рэзалюцыі, інструкцыі аб раўнапраўі ўсіх расаў і падрасаў,
усіх нацый і паднацый, усіх народаў і паднародаў, усіх моваў і падмоваў — у
нашай ядынай і непадзельнай Літбеларускай рэспубліцы. (Дастаючы трэці
партфэль). У гэтым толькі грошы —
мая пэньсія за першыя дзесяць дзён гэтага ліпня месяца й за два тыдні наперад. (Дастаючы
чацьверты, апошні партфэль). А ў
гэтым карапузіку важнейшыя дакумэнты: прафсаюзу, біржы працы, культасьветы,
нашага №157348 дамкому, у якім я паўнапраўны сакратар, і гэтак, меджду протчым,
далей. (Дастаючы іншыя рэчы з каламажкі). Далей ідуць мае за месяц
чырвень, за першыя дзесяць дзён ліпня й за два тыдні наперад дармовыя, меджду
протчым, пайкі: сем фунтаў адборнай атрубяной мукі, паўтара фунта з асьмушкай
круп, два фунты з чвэрткай гароху, ня ведаю, колькі газы, паўчвэрці фунта й два
лоты солі, і да ўсяго гэтага яшчэ: селядцы, тараны, сем з паловай фунтаў дроў,
пудэлачка, меджду протчым, пудры а-ля-руж, падстаўка для кветак, тры чаркі, а
болей, здаецца, нічога няма.
А вось як
тлумачыць слова мітынг адзін з пэрсанажаў:
Мікіта. Мітынг, мусье
прафэсар, мітынг, меджду протчым, гэта нешта такое, што выдумалі ангельцы для
тых, якія нічога ня хочуць рабіць, а толькі ходзяць і варон страляюць. Мітынг,
меджду протчым, гэта тое самае, што пераліваньне з пустога ў парожняе. Мітынг —
гэта тое з вушамі таварыства, дзе араторыць буду я, а слухаць будуць яны й
крычаць будуць: „Віват, рэгістратар Зносілов!” — калі іх па шэрсьці пагладжу, і
— „Далоў, рэгістратар Зносілов!” — калі пагладжу іх проці шэрсьці, меджду
протчым.
Але пэрсанажы Купалавай п’есы —
не акупанты Беларусі, а самі мясцовыя жыхары, „тутэйшыя” абарыгены і аўтахтоны
краю, якія бясконца падпадаюць пад розныя акупацыі, нездарма й п’еса названая
„Тутэйшыя”. Аднак з гэтым словам „тутэйшыя” ў Купалавым творстве і ў беларускай
літаратуры, ды ў мове наагул, зьвязана й пэўнае спэцыфічнае значэньне, зь якім
яно й выступае ў гэтай п’есе. Тэрмінам „тутэйшыя” беларускі народ за доўгую
эпоху абрушаных на яго нацыянальных перасьледаў і дэнацыяналізацыйных націскаў
прывык абазначаць самога сябе своеасаблівым нацыянальным псэўданімам, з аднаго
боку, выгодным пры дачыненьнях з дэанацыяналізатарамі, прыймальным для іх і
іхных тэндэнцыяў адмаўленьня беларускай нацыі пад якім-бы то ні было імем, як
нацыі наагул, з другога-ж боку, — псэўданім, які даваў і пэўнае задавальненьне
асноўнаму нацыянальнаму пачуцьцю бацькаўшчыны й нават усьведамленьне
нацыянальнай самабытнасьці. Справа дайшла да таго, што гэты нацыянальны псэўданім
паступова выцесьніў з народнай сьвядомасьці нават самую памяць пра запраўднае
нацыянальнае імя народу, так што беларускаму нацыянальнаму адраджэньню
прыйшлося, перш-найперш, весьці змаганьне супраць нацыянальнай безыменнасьці й
псэўданімнасьці, як адлюстраваньня нацыянальнай нясьведамасьці й
бесхрыбетнасьці. Таму й сам тэрмін „тутэйшыя” пачаў ужывацца часьцей за ўсё для
абазначэньня нацыянальнай і, шырэй, — наагул ідэёвай бесхрыбетнасьці. Кіруючыся
такім значэньнем, Купала й стварыў свой вобраз „тутэйшых”, які так часта
сустракаецца ў ягоным дарэвалюцыйным творстве[61] і які даў назоў п’есе.
У Купалавай п’есе выведзены тры
групы „тутэйшых”: асноўная група — тожа-беларусы, з пароды рэнэгатаў і
дэгенэратаў, так характарызуе іх адзін з пэрсанажаў п’есы; гэта носьбіты
адметнай нацыянальнай і ідэёвай бесхрыбетнасьці ў найвышэйшай ступені,
„тутэйшыя” ў найбольш дакладным псыхалягічным сэньсе слова. Ім
супрацьпастаўлены групы беларускіх патрыётаў-нацыяналістаў і, так сказаць,
натуральных, прыродных патрыётаў „ад зямлі” з асяродзьдзя самога народу.
Менавіта вуснамі патрыётаў-нацыяналістаў, сярод якіх вылучаецца фігура
народнага настаўніка Янкі Здольніка, Купала выказвае свае апазыцыйныя пагляды.
Янка Здольнік — гэта тып настаўніка, на якога Якуб Колас ускладаў заданьне
ўздыму нацыянальнай сьведамасьці народу ў вершы „Покліч” і рамане „У палескай
глушы”. Свае нацыяналістычныя пагляды ён тлумачыць у дыялёгу з Аленкай, сваёй
суджанай: Якімі-б раскошамі матар’яльнымі нас ні надзялялі, ніколі яшчэ ня
будзем шчасьлівы, пакуль чужая воля будзе гаспадаром над нашай воляй. Каб
гэтага не было, мы павінны растаптаць, зьніштожыць даўгавечную ману, якая
вучыць, што мы ня ёсьць мы, што мы нейкае нешта, якое абы накарміў, як быдлё,
дык і сыта будзе. Мы павінны душу нашу народную выявіць у сваім „я”, у сваёй
самабытнасьці й сьмела сягнуць па сваё неадымнае права самім распараджацца
гэтым сваім „я”...
Мы як-бы пачынаем ужо
адплюшчваць вочы й паўставаць проці тэй паганай маны, што мы ня ёсьць мы. Але
яшчэ хістаемся то ўправа, то ўлева. Яшчэ ясна азначанай мэты ня можам сабе
ўявіць. А мэта ў нас адна. Калісь амэрыканцы, змагаючыся з Англіяй за сваю
незалежнасьць, напісалі на сваім сьцягу несьмяротныя словы: „Амэрыка для
амэрыканцаў”. І гэта памагло: сягоньня Амэрыка вольная. Павінны пайсьці й мы па
яе сьлядох і напісаць агністымі рунамі на сваім сьцягу: „Беларусь”...
Бэндэ камэнтуе гэтае
Здольнікавае выступленьне так: „...шлях буржуазнай капіталістычнай Амэрыкі
дэкляруецца узорным для разьвіцьця Беларусі”, хоць у Купалы гаворка ідзе,
бясспрэчна, не пра капіталізм, а пра нацыяналізм. Беларускі нацыяналізм Янкі
Здольніка, як лёгка бачыць, супадае з нацыяналізмам самога Янкі Купалы
(асабліва ў фармулёўках верша „Перад будучыняй”) і Якуба Коласа (выказваньні
Лабановіча, а таксама лёзунг „будзем самі гаспадарамі”). Як беларускі нацыяналіст,
Здольнік, апрача ўсяго, і русафоб: расейская мова, у той час праклямаваная
бальшавікамі „мовай Кастрычніцкай рэвалюцыі”, для яго ўсяго толькі — мацярынскі
язык цароў, Мураўёвых-вешацеляў, Распуцінаў, Азэфаў і ўсея кампаніі падобных
ім. Малюючы вобраз Здольніка,
Купала прыводзіць і некаторыя дэталі, якія адлюстроўваюць тагачасныя дачыненьні
між бальшавікамі й беларускім нацыянальным рухам. Так, у адным з дыялёгаў
гаворыцца пра славуты разгром бальшавікамі Першага Ўсебеларускага Кангрэсу —
падзеі, яшчэ сьвежай у памяці:
Мікіта. А меджду протчым,
нічога не выходзіць: вашы сходкі ці там зьезды раскідаюцца, а саміх на казённы
хлеб садзяць. Хэ-хэ-хэ! раскідаюць — во, і ўсё тут.
Янка. Але, раскідаюць, але!
Толькі-ж думак нашых і сам Люцыпар не раскідае, бо мы служым вялікай ідэі
вызваленьня.
У апошняй дзеі п’есы аўтар
намякае на другі падобны „разгон” — роспуск бальшавікамі найбольш
нацыяналістычнай партыі беларускіх эсэраў.
Зразумела, на шырокім палатне
драматычнага твора антыбальшавіцкія й нацыяналістычныя дэклярацыі ня так
сканцэнтраваныя, як у вершы „Перад будучыняй”, і таму п’еса ўсё-ж прайшла ў
друк, хоць і праз два гады пасьля напісаньня. Тэатральная-ж пастаноўка яе ў
Першым Беларускім Дзяржаўным Тэатры ў Менску была забаронена адразу пасьля
прэм’еры.
Характар
апошніх Купалавых твораў пэрыяду „нутраной эміграцыі”, такіх, як „Пазвалі вас”,
„Перад будучыняй” і „Тутэйшыя”, сьветчыць пра тое, што перацягнуць паэту на бок
„савецкай рэчаіснасьці” так і не ўдалося. Разам зь іншымі чаловымі беларускімі
адраджэнцамі ён усё яшчэ працягваў заставацца ў стане літаратурнай „нутраной
эміграцыі”. Наагул, усе намаганьні беларускіх нацыянал-камуністаў, скіраваныя
на прыцягненьне на савецкія пазыцыі пісьменьнікаў-адраджэнцаў, мелі посьпех
толькі ў адным выпадку: на гэтыя пазыцыі перайшоў адзін з самых пэрыфэрыйных
„нашаніўцаў” — Янук Журба. Лідэр беларускіх нацыянал-камуністаў
праф.У.Ігнатоўскі пасьпяшаўся прывітаць новасьпечанага пралетарскага барда, але праз колькі гадоў,
калі выйшаў у сьвет першы зборнік „пралетарскіх” вершаў Янука Журбы, уся крытыка – як
адраджэнскага лягеру (Ул.Дзяржынскі і Ул.Дубоўка), так і новых для таго
часу кірункаў, у тым ліку й „пралетарскіх”, вынесла яму аднагалосны суровы
прысуд, назваўшы гэтага паэту паўграфаманам. Пасьля таго імя Янука Журбы
начыста зьнікла зь беларускй літаратуры, хоць пад сваім запраўдным прозьвішчам
Я.Івашын ён зрэдку папісваў савецкія вершыкі.
[ працяг ]