БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Антон Адамовіч, Творы

Частка V
Зьмена арыентыраў і ажыўленьне
1922 — 1925

Пэрыяду „нутраной эміграцыі” беларускай літаратуры наканавана было стацца апошнім, а таму й завяршальным пэрыядам цэлай эпохі, адзначанай непадзельным панаваньнем адной і адзінай мастацкай плыні адраджэнства. Усе літаратурныя творы, што былі напісаныя або зьявіліся на працягу гэтага пэрыяду, так ці йнакш выяўляюць пэўную тэндэнцыю да падвядзеньня вынікаў эпохі  адраджэнскага руху. Такі падсумавальны характар маюць, перш-найперш, вялікія зборнікі вершаў чаловых адраджэнцаў, пазначаныя 1922 годам, — Купалава „Спадчына”, Коласава „Водгульле”, „Пад родным небам” Ясакара-Бядулі. Такі самы кірунак павінен быў мець па задуме й „тоўсты” часапіс — орган адраджэнскага руху „Адраджэньне”.

У апавядальных і драматычных жанрах, якія ўсё больш выходзілі на першы плян на працягу другой паловы адраджэнскай эпохі й сталіся асабліва важнымі ў апошні пэрыяд яе „нутраной эміграцыі”, імкненьне да завяршэньня эпохі праяўляецца ў звароце пісьменьнікаў да вобраза „героя часу” — беларускага адраджэнца. Максім Гарэцкі блізу ўвесь час гэтага пэрыяду прысьвячае працы над пачатым яшчэ ў 1916 г. раманам „Крыж”[1], у якім вобраз беларускага адраджэнца — цэнтральны й любімы вобраз усяго папярэдняга творства пісьменьніка — павінен быў атрымаць сваё найбольш поўнае, манумэнтальнае выражэньне. Блізу ўсе іншыя адраджэнцы, ад Ф.Аляхновіча, галоўны герой наступнай п’есы якога — „Няскончаная драма” (1921)[2] — адраджэнец Васіль, і да Коласавай „У Палескай глушы” (Лабановіч) і Купалавых „Тутэйшых” (Янка Здольнік), таксама сканцэнтравалі ўвагу на „чалавеку часу”.

Нарэшце, Коласава „Новая Зямля” сталася эпахальным творам, які завяршыў справу адраджэнства, падвёў вынікі ягоных галоўных набыткаў. Калі ўсё беларускае адраджэнства пачалося з мэты аднаўленьня чалавечай годнасьці селяніна-беларуса, „мужыка”, упершыню сфармуляванай Купалам у закліку людзьмі звацца, то „Новая Зямля” ўскладніла й паглыбіла гэтую праблему — паказала беларускіх сялянаў як людзей (хаця іх такімі й ня лічаць), што блізкія да ажыцьцяўленьня мэты адраджэнства — вяртаньня пачуцьця ўласнай годнасьці — і гатовыя йсьці далей, да нацыянальнай незалежнасьці.

Якраз у апошні пэрыяд „нутраной эміграцыі” заявіла пра сябе новае літаратурнае пакаленьне. Першыя-ж спробы маладых пісьменьнікаў прадракалі ўзьнікненьне новых кірункаў у беларускай літаратуры. Гэтыя парасткі новага выявіліся спачатку ў Заходняй Беларусі, якая ў той час была пад Польшчай і дзе зь ліку старых беларускіх пісьменьнікаў знаходзіліся Максім Гарэцкі, Франьцішак Аляхновіч (эміграваў з Савецкай Беларусі ў 1921 г.) і Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі, памёр у 1922 г.). Тут яшчэ ў 1920 годзе свой першы крок на літаратурнай ніве зрабіў Уладзімер Жылка, які ў наступныя лічаныя гады стаўся новай зоркай заходнебеларускага паэтычнага небасхілу, а ў 1921 г. робіць свае першыя паэтычныя спробы Натальля Арсеньнева.

Сытуацыя ў Савецкай Беларусі, цэнтры адраджэнскага руху, была іншай. Тут таксама пачынаюць зьяўляцца  сярод літаратурнай моладзі пісьменьнікі таго-ж піянерскага тыпу, але прабіць сабе дарогу ў літаратуру, дзе дамінуюць пісьменьнікі-адраджэнцы, яны ня могуць і вымушаныя шукаць і знаходзіць выйсьце за межамі БССР, часьцей за ўсё на заходнебеларускай тэрыторыі. Так, прыкладам, малады паэта Ўладзімер Дубоўка, які пасьля заняў у новай беларускай літаратурнай плыні становішча, аналягічнае становішчу Янкі Купалы й Максіма Багдановіча ў адраджэнскім руху, дарэмна стукаецца са сваімі першымі (дарэчы, па-мастацку дасканалымі) творамі ў дзьверы менскіх пэрыядычных выданьняў. Толькі ў 1922 г. ён дабіваецца публікацыі некаторых сваіх твораў у альманаху „Маладая Беларусь”, выдадзеным у Маскве, дзе якраз малады паэта вучыцца ў Вышэйшым Літаратурна-Мастацкім Інстытуце Валерыя Брусава. Першы зборнік вершаў „Строма” Ўладзімеру Дубоўку ўдаецца выпусьціць толькі ў 1923 г. у адным зь віленскіх беларускіх выдавецтваў, выкарыстаўшы блізу кантрабандны шлях для перасылкі рукапісу за мяжу.[3] Так Дубоўка ўзбагаціў літаратуру Заходняй Беларусі, застаўшыся фактычна невядомым па другі бок мяжы, і так на несавецкай тэрыторыі ўзьнікае новая плынь беларускай літаратуры, піянерамі якой выступілі Ўладзімер Жылка, Натальля Арсеньнева і Ўладзімер Дубоўка.

Блізу да самага 1924 г. на тэрыторыі Савецкай Беларусі дабіваецца прызнаньня толькі тая літаратурная моладзь, якая йдзе ў фарватары мастацкіх і ідэёвых прынцыпаў адраджэнскай плыні. Яна спалучае гэтыя прынцыпы, часам вельмі дзіўна, з рэвалюцыйнай і камуністычнай фразэалёгіяй. Спачатку гэтая фразэалёгія, здавалася, толькі вонкава адрозьнівала маладых паэтаў ад старэйшых, але хутка менавіта яна сталася вытокам новай літаратурнай плыні ў беларускай літаратуры. Ініцыятарамі гэтай новай тэндэнцыі выступілі Міхась Чарот, які дэбютаваў у літаратуры яшчэ ў 1919 г. пад сваім собскім прозьвішчам Кудзелька, а таксама Алесь Дудар і Андрэй Александровіч, што пачалі друкавацца ў 1921 годзе.

Такім чынам, ужо ў завяршальны пэрыяд адраджэнства зьяўляюцца, хоць-бы й патэнцыяльна, пачынальнікі новых плыняў у беларускай літаратуры, і чым бліжэй падыходзіць да канца адраджэнства, тым больш патэнцыі гэтых плыняў пераходзіць у рэальна аформленыя сылюэты. Інтэнсыўнае афармленьне асаблівасьцяў плыняў ідзе, пачынаючы ад апошніх мсяцаў 1922 году, і дасягае сваёй акрэсьленасьці ў апошнія месяцы 1923 году. Піянеры новага літаратурнага кірунку ў Заходняй Беларусі прынялі базісныя ідэі адраджэнства, трактуючы іх, аднак, не як мэту, а як зыходны пункт далейшага разьвіцьця. Яны лічылі відавочным, што беларуская нацыя й літаратура ўжо „адрадзіліся” й былі гатовыя зрабіць наступны крок — нарадзіўшыся, пачаць жыць. Адсюль лягічна выцякае ідэя жыцьця й жыцьцяздольнасьці як асноўная ідэя новай літаратурнай плыні. Усе спробы даць назоў новаму кірунку ў беларускай літаратуры грунтаваліся менавіта на гэтай ідэі. Так, адзін з маладых паэтаў Язэп Пушча ў прадмове да свайго зборніка вершаў „Віта” (1926) прыгадвае, як ён і ягоныя сябры Адам Бабарэка й Нічыпар Чарнушэвіч прапанавалі ў травені 1923 г. назваць новую плынь „віталізмам” (ад лацінскага „віта” — жыцьцё).[4] Пасьлей Адам Бабарэка ў сваёй крытычнай працы пра творчасьць У.Дубоўкі прапануе назовы „ажыўленства” і „аквітызм”,[5] тыя-ж самыя тэрміны сустракаем і ў некаторых літаратурных дакумэнтах, зьвязаных з пасьлейшай эвалюцыяй новай плыні.[6] З усіх названых тэрмінаў „ажыўленства” здаецца нам найбольш прыдатным, асабліва ў тэрміналягічнай  сыстэме, прынятай у гісторыі беларускай літаратуры, і з гэтага мамэнту мы й будзем карыстацца ім для абазначэньня дадзенай плыні.

Ідэя жыцьця й жыцьцяздольнасьці спалучалася з фундамэнтальным прынцыпам руху. Яшчэ ля самых вытокаў плыні, у 1921 г., адзін з блізкіх сяброў і аднадумцаў Дубоўкі, выпадковы госьць у паэзіі, у вершы „Мементо морі”, падпісаным псэўданімам „Паулус” (запраўднае ймя Павал Каравайчык),[7] павучаў жыцьця помніць закон: што бяз руху, то ўмірае. Гэтыя словы часта цытаваў Дубоўка, а Жылка адчуваў сябе нават ад руху п’яным. Часам здаецца, што першыя „ажыўленцы” пакланяліся руху як асноўнаму „закону жыцьця” толькі ў імя самога руху; у адным з раньніх вершаў Дубоўка пісаў: Угрунь і угрунь, не для мэты пакуль.[8] На самой справе, аднак, асэнсаваньне мэты паяўляецца ў „ажыўленцаў” даволі рана. Найбольш акрэсьлена сфармуляваная яна ў радкох Дубоўкі, якія сталіся часткай праграмы ўсяго руху:

О Беларусь! Я на цябе малюся,
Тваім шляхом прыйду ў шырокі сьвет,
Паміж людзей, народаў разьліюся,
Бы вецер-зух у жыце, у ваўсе!

Такім чынам, мэту свайго руху „ажыўленцы” бачаць ва ўключэньні нацыянальнага ў сусьветнае, агульначалавечае, міжнароднае, што ў агульным супадае з той мэтай, якую ў 1915 годзе намеціў для паадраджэнскага этапу беларускай літаратуры яшчэ Максім Багдановіч.[9]

Станаўленьне новай літаратурнай плыні на савецкай глебе, якое адбываецца адначасна з адасабленьнем „ажыўленства”, не закранае прынцыповых пытаньняў літаратурнага працэсу. Пачынальнікі яго настолькі ўпэўнена адчуваюць сябе „на шляху адраджэнства”, што пра пераход на якую-небудзь вышэйшую ідэёвую ступень і ня думаюць; сама ідэя адраджэньня застаецца для іх актуальнай нават у той першапачатковай форме гуманістычнай ідэі аднаўленьня чалавечай годнасьці, у якой яна была выдзелена яшчэ самым раньнім „нашаніўствам”. Так, прыкладам, у вершы, напісаным 27 красавіка 1922 г., Міхась Чарот не перастае чыста па-нашаніўску выгукаць: „Пацерпім няшчасьця бязь ліку мы, каб толькі назвацца людзьмі!”[10] Ён адчувае сябе паэтам „адных грудзей” з адраджэнцамі, такімі, як Ясакар-Бядуля, Колас, якіх ён і заклікае весьці па-ранейшаму тую-ж лінію паэзіі.[11] Адзінае сваё адрозьненьне ад гэтых адраджэнцаў Чарот бачыць у „бунтарстве”, якое, аднак, у ягонай тымчасовай паэзіі выражаецца толькі ў рэвалюцыйна-камуністычнай тэрміналёгіі, што, на ягоную думку, не пярэчыць „шляхам адраджэньня”, а наадварот, бачыцца своечасовым і зусім „нястрашным” для сутнасьці плыні, мадэрнізаваным яе дапаўненьнем. Таму Чарот і заклікае ўсіх іншых адраджэнцаў далучыцца да ягонага „бунтарства”, падбадзёрваючы іх: Пара! Чаго пужацца?[12] і дзівіцца адно, чаму яны чуць ня хочуць песьні ягоныя.[13]

Такое рэвалюцыйна-камуністычнае фразэалёгічнае „бунтарства” Чарота, якое не сустракае, па ягоным уласным прызнаньні, ні водгуку, ні нават ценю ўвагі з боку старэйшых адраджэнцаў, знаходзіць сваіх адэптаў у асобе яшчэ больш маладых літаратурных паплечнікаў — Алеся Дудара і Андрэя Александровіча. Апошні зь цягам часу заняў цэнтральнае месца ў гэтай плыні,[14] ён-жа знайшоў і адмысловы назоў, які хутка стаўся мянушкай для ўсёй плыні, — „бурапена”.[15] Таму і ўсю плынь, што ўзьнікла на глебе Савецкай Беларусі і якую рэпрэзэнтавалі спачатку М.Чарот, А.Дудар і А.Александровіч, найбольш зручна абазначыць тэрмінам „бурапенства”.

Тактыка „бурапенства” была рэзка супрацьлеглай тактыцы „нутраной эміграцыі”, прынятай старымі пісьменьнікамі-адраджэнцамі, і гэта вяло як да ізаляцыі „бурапенцаў”, так і да непазьбежнага канфлікту між імі і „ўпартымі старымі”, якія загразьлі ў балоце мінулага. Сваё першае й выразнае адлюстраваньне гэты канфлікт знайшоў у вершы Міхася Чарота „Скокі на могілках” (1922):[16]

Годзе плакаць і вам над Рагнедаю, 
І, зірнуўшы ў мінулае, цяжка ўздыхаць...
Новы дзень хай вам казку паведае,
Чыю ў песьнях усхваліваць раць
.

А ў канцы верша Чарот называе старых адраджэнцаў жывымі пакойнікамі й зьдзекліва запрашае іх паскакаць на магілках канкан. Заклік гэты гучыць тым больш задзірліва, што пад „мінулым” Чарот разумее не мінулае наагул, а, як паказвае згадка полацкай княгіні Рагнеды, аднаго зь першых славутых імёнаў у гісторыі Беларусі, — нацыянальнае гістарычнае мінулае, якое заўсёды найбольш шанавалася адраджэнскімі пісьменьнікамі, — „сьвятая сьвятых” нацыянальнай гордасьці й незалежнасьці.

Такім чынам, верш Міхася Чарота „Скокі на могілках” засьветчыў разрыў „бурапенцаў” з адраджэнцамі, і працытаваныя вышэй радкі гэтага верша робяцца праграмовымі для ўсёй плыні, таксама як і працытаваныя раней радкі Дубоўкі сталіся такімі-ж праграмовымі для іншай новай маладзёжнай беларускай плыні — „ажыўленства”. Так пачатая ідэялёгізацыя „бурапенства” хутка прагрэсуе ад   фразэалягічнага да ідэялягічнага прыняцьця Кастрычніка й  ваяўнічага адштурхоўваньня ад усіх, хто не прызнаў і не прыняў савецкую ўладу. Гэтую пазыцыю Міхась Чарот  прадэманстраваў у паэме „Босыя на вогнішчы” (1922),[17] якая адкрывае пэрыяд росквіту „бурапенства”. Нацыянал-камуністычныя й бальшавіцкія крытыкі віталі паэму, як адкрыцьцё новай эры ў беларускай літаратуры, — думка, якой савецкая крытыка прытрымлівалася аж да нечаканай „ліквідацыі” Чарота ў 1937 годзе. Хоць паэма, уласна кажучы, і не адносіцца да ліку апазыцыйных, як і наступныя творы той-жа накіраванасьці, кароткі агляд яе патрэбны для лепшага разуменьня творства апазыцыйных пісьменьнікаў.

Паэма „Босыя на вогнішчы”, як зазначае акад. Карскі, перш-найперш, „датычыцца адлюстраваньня расейскай рэвалюцыі ў жыцьці Беларусі, якая ў гэты час колькі разоў пераходзіла ў рукі акупантаў — немцаў і палякаў”.[18] Гэтыя апошнія пераходы-перакаты акупацыйных хваляў па Беларусі й складаюць асноўную канву паэмы, і з гэтага боку „Босыя на вогнішчы” нагадваюць п’есу Купалы „Тутэйшыя”, на такім самым фоне разгорнутую і, дарэчы, нават блізу адначасна напісаную (у тым самым 1922 г.). Часткі Чаротавай паэмы (5-10, 12-15), што складаюць ня менш як палову ўсяго яе палатна, разьвіваюць часавы фон і паводле свайго зьместу паралельныя агульнаму кірунку Купалавых сцэнаў, у іх нават мільгаюць тыя самыя, характэрныя для дадзенага часу й месцаў вобразы тых самых „тутэйшых” у віры акупацыі („чыноўнік”, „поп”), хоць толькі эпізадычна, менавіта „мімаходзь” прарысаваныя дэталі самога фону, а не авансцэны дзеяньня. Аднак і гэтую авансцэну займаюць, уласна кажучы, тыя-ж „тутэйшыя”, хоць належаць яны да сацыяльнай групы, не адзначанай Купалам, — элемэнтаў гарадзкога й сельскага насельніцтва, пралетарызаванага, а больш дакладна, люмпэнізаванага вайной, „босых”, што сталіся галоўнай і адзіна ўстойлівай апорай Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі. Верныя традыцыйнай нацыянальнай бесхрыбетнасьці, Чаротавы „босыя” безыніцыятыўныя, самі рэвалюцыю ня робяць, а толькі вычэкваюць і пры кожным прыходзе падтрымліваюць (а пры кожным адыходзе аплакваюць) бальшавіцкую ваенна-рэвалюцыйную інвазію з усходу. Сама рэвалюцыя для „босых” — гэта толькі „пажар на ўсходзе”, пры пашырэньні якога на Беларусь можна „пагрэцца”, памагаючы раздуваць яго. Запраўднымі стваральнікамі рэвалюцыі ў паэме выступаюць бальшавікі. Рэвалюцыя ў Чаротавым адлюстраваньні паказана выключна як рух да ўсеагульнага разбурэньня, „пажару” й пагрому, дэструкцыі, як заўважыў акад. Карскі.

— Пажар на Ўсходзе!
Таварышы, ур-р-ра!
— Што вы, шалёныя, годзе!
Што вам ня шкода дабра?
Усё, што зьбіралі вякамі, 
Сёньня марнее ў вагні... 
— Маўчы! Мы цябе кулакамі.

Чуеш? Ні-ні!

Цэрквы, палацы, харомы — 
Памяць мінулага — з дымам!
Што не запалім, то зломім!
Зьнізу наверх ўсё падымем!
Страшна вам? Страшна?
Пажару агонь ломіць вочы?
Затое нам відна ўночы.
Ня ліце крыві — не пагасьне.
Маліцеся, грэшныя, небу,
Рукі ўгору ўзняўшы.
Вас не паслухаюць хмары.
Таварышы!
Што нам трэба?
— Па-жа-ры!

Рашуча атаесамляючы сябе з „босымі” й прымаючы такой рэвалюцыю, Чарот скіроўвае свае атакі ня толькі супраць адраджэнства, але і ўсяго беларускага нацыянальнага руху наагул. У частцы Х Чарот нападае на беларускі нацыянальны рух, які вызначае свае дачыненьні да бальшавікоў у залежнасьці ад разьвязаньня імі нацыянальнага, упаасобку, беларускага пытаньня. Такая прынцыповасьць цяпер не даспадобы Чароту, як недарэчная й нясвоечасовая ва ўмовах змаганьня. Давайце разам змагацца! — далучаецца ён да клясычнага лёзунгу ўсіх фактычных ворагаў (як бальшавіцкага, так і антыбальшавіцкага накірунку) разьвязаньне нацыянальнага пытаньня: спачатку, маўляў, змаганьне „адным кулаком” супраць агульнага ворага, а потым — будзе відаць... У частцы ІІ ён алегарычна атакуе ідэял аднаўленьня незалежнай дзяржавы й выкарыстоўвае для гэтага традыцыйны для адраджэнцаў сымбаль князя. Загады князя ягонай сьвіце нязьменна сустракаюцца кпінамі „босых”; для іх ён толькі здань мінулага. У частцы ХІХ Чарот кляймуе пісьменнікаў-адраджэнцаў як супастатаў і адступнікаў, што здрадзілі сялянам і рабочым, у якіх тут раптам ператвараюцца Чаротавыя „босыя”. Так завяршаецца разрыў Чарота і ўсяго „бурапенства” з адраджэнцамі.

Ролю, падобную той, якую адыграла паэма Міхася Чарота „Босыя на вогнішчы” ў „бурапенскім” руху, выканала ў „ажыўленстве” паэма Ўладзімера Жылкі „Уяўленьне”,[19] што сталася вехай –сьветчаньня пачатку росквіту гэтай плыні. Ідэйны кірунак „Уяўленьня” цалкам процілеглы ідэялёгіі „Босых...”. У той час як Чарот заклікае прыняць расейскую рэвалюцыю, Жылка дэкляруе сваю вернасьць ідэі беларускай нацыянальнай рэвалюцыі. Ягоная паэма — лірычная інтэрпрэтацыя ўсіх галоўных этапаў узрастаньня нацыянальнага рэвалюцыйнага руху на Беларусі ад часоў, калі нацыянальны дух толькі абуджаўся, праз рэвалюцыі 1905 і 1917 гадоў і да кульмінацыі нацыянальнай рэвалюцыі ў 1918 годзе, калі на мапу Эўропы ўзышоў Беларус. Жылкаўскі „Беларус”, герой і пераможца нацыянальнай рэвалюцыі, як вонкава (У лапцях лазовых, па сьвітцы ручнік, і сьветам Хрыстовым зіяе аблік), так і духова (І творчасьці смага агнём праняла) зусім не падобны на „босага” Чаротавага разбуральніка, які поўны бясконцымі пазывамі да бяссэнсавага зьнішчэньня. Жылку не ўласьцівы Чаротаў дух адмаўленьня, ён не патрабуе адрачэньня ад мінулага, а наадварот, урачыста заяўляе: Небыцьця мінуўшчыны тройчы раз зракаюся! І ў самай дарагой для яго будучыні новых надходзячых дзён хоча бачыць выяўленьне дзедаўскага сну. Як і Чарот, Жылка заклікае адраджэнскіх паэтаў спыніць свой плач (Гэй, гаруны, і бядулі, і сумныя, ваш гэта чуецца плач? Годзе...), бо ён бачыць трыюмфальнае ажыцьцяўленьне ідэяў адраджэнскага руху (Перуны завірух ў захапленьні грымяць аб адным: — Паўнагучна Адраджэньне!), а за ім бачацца паэту бязьмерныя далі і вялікія вартасьці далейшага разьвіцьця, г. зн. новага руху, „ажыўленьня”, якое прыйшло на зьмену „адраджэньню”. Асноўныя паняцьці „ажыўленьня” — рух і жыцьцё, — на думку Жылкі, маюць вытокі ў беларускім нацыянальным духу й гарантуюць разьвіцьцё беларускага нацыянальнага ідэялу. У канцы паэмы адцягненыя паняцьці „рух і жыцьцё” ўвасабляюцца паэтам у канкрэтнай рэаліі — старажытным гістарычным беларускім нацыянальным гербе „Пагоні”. Паэта заяўляе: Народы! прадбачу: шпаркасьць коняў Пагоні суліць удачу. Вам на пасадзе пакутніцу нявехнай бачыць. Жылкавае прадбачаньне будучыні Беларусі — быць роўнай у сям’і народаў сьвету (Шырокаю тропай ў час гэты з пакус на мапу Эўропы ўзышоў Беларус) — выражае сутнасьць ідэі „ажыўленства” й пераклікаецца з Купалавым: Падымайся зь нізін, сакаліна сям’я, над крыжамі бацькоў, над нягодамі; занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі.[20]

Як і бальшыня паэтаў абодвух літаратурных кірункаў, Чарот і Жылка ў сваіх фармальна-мастацкіх пошуках імкнуліся да абнаўленьня паэтыкі. Аднак, калі ў Чаротавай паэме „Босыя на вогнішчы” такое абнаўленьне зводзіцца, па сутнасьці, да перасаджваньня паэтычных прыёмаў блокаўскай паэмы „Дванаццаць” на беларускую глебу, то Жылка не карыстаецца літаратурнымі мадэлямі; крыніца Жылкавага натхненьня — беларуская народная паэзія, на якую арыентуецца ён у такіх абсягах паэтыкі, як вобразнасьць, лексіка й рытміка. Гэта той самы шлях, які быў вызначаны для паадраджэнскага літаратурнага руху Максімам Багдановічам. І ў гэтым „ажыўленцы” зноў выступаюць і пераемнікамі і зьдзяйсьняльнікамі Багдановічавых задумаў.

Такім чынам, новыя плыні беларускай літаратуры —”бурапенства” і „ажыўленства” — цьвёрда становяцца на шлях самастойнага жыцьця й разьвіцьця як у ідэйных, так і ў фармальна-мастацкіх дачыненьнях. Далейшаму іхнаму росквіту спрыяе зьяўленьне новых беларускіх часапісаў, што пачынаюць адводзіць на сваіх старонках усё больш і больш месца для публікацыі мастацкіх твораў і абмеркаваньня пытаньняў літаратурнага разьвіцьця. Першым і самым „тоўстым” з такіх часапісаў стаўся штомесячнік „Полымя”, які пачаў выходзіць ад сьнежаня 1922 г. пад рэдакцыяй Цішкі Гартнага. Першыя нумары часапісу аддаюць шмат увагі „бурапенству”, тут крытычна разглядаюцца і абмяркоўваюцца Чаротавыя „Босыя на вогнішчы”, друкуецца ягоная чарговая паэма „Чырвонакрылы вяшчун”, прасякнутая ўжо ідэяй камуністычнай сусьветнай рэвалюцыі, з падтрымкай Чарота тут выступае перакананы й сьведамы „бурапенец”, блізу ягоны аднагодак у паэзіі Міхайла Грамыка. Гэты паэта пачаў друкавацца на год раней за Чарота (1918 г.) і спачатку, як і Чарот, і ў ідэйных і ў фармальных дачыненьнях быў тыповым адраджэнцам. Але ў першым нумары часапісу „Полымя” Грамыка зьмяшчае невялікую паэму „Гвалт над формай (Нібы-паэма)”,[21] дзе адкрыта далучаецца да Чарота й „бурапенства”:

Браточкі мае, песьняры!
Да Зары.
Да гэтай во пары
Вы сьпявалі аб чым?
Аб нядолі... неабсяжным полі...
Ад болю паволі
Вы сьлёзы лілі —
Досыць! Даволі!
Вочы ўгару! Вышэй, вышэй!
Не маліцца!
Падсохла ўжо тая крыніца.
Ўжо вогнішча там раскладаюць, —
Вы бачылі, чулі
?

У кароткім уступным артыкуле дэкляратыўнага характару „Паэзія аб рэвалюцыі і рэвалюцыя ў паэзіі”[22] Грамыка патрабуе актыўнага адлюстраваньня рэвалюцыі (паэзіі аб рэвалюцыі) адначасна з актыўнай рэвалюцыйнай ломкай самой паэзіі (рэвалюцыяй у паэзіі): „Шуканьне зьместу, новага зьместу, згодна новым формам жыцьця, і шуканьне новай формы, адпавядаючай рэвалюцыйнаму тэмпу, — вось заданьні новай паэзіі, новай лірыкі. Павінна адчувацца, што сам пясьняр перажыў або перажывае ў душы рэвалюцыйны рух”. Гэта была, уласна кажучы, дэклярацыя самога „бурапенства”, ягоны літаратурны маніфэст. У сваёй практыцы, ад паэмы „Гвалт над формай” і ў наступных, вытрыманых у тым самым духу, паэмах „Сямімільнымі крокамі”[23] й „Мільён”,[24] Грамыка йдзе па Чаротавым шляху аж да насьледаваньня ўплыву „Дванаццаці” А.Блока, што асабліва моцна адчуваецца ў апошняй з названых паэмаў. Толькі ў адным Грамыка больш памяркоўны за Чарота — у сваім стаўленьні да старых адраджэнцаў, ад ганьбаваньня й пагрому якіх ён стрымліваецца, працягваючы толькі заклікаць іх да „ўключэньня ў рэвалюцыйную сучаснасьць”. У паэме „Сямімільнымі крокамі” ён зьвяртаецца да Купалы й Коласа:

О Купала, мой родны Купала!
Пракукуй, пракукуй ты пра нас,
Як зязюлька табе кукавала,
Калі маці калыску качала, —
Пракукуй пра цікавы наш час!
О мой Колас, мой ціхі Якубе!
Я ў куток прытулюсь, прытулюсь
І чакаць буду новага шлюбу,
Што зьяднае атрамант Якуба
І працоўных Зямлю — Беларусь
![25]

Значна менш увагі ўдзяляла „Полымя” маладым паэтам-”ажыўленцам”, зь іхных твораў на старонках першых нумароў гэтага часапісу зьявілася толькі колькі вершаў Уладзімера Дубоўкі і Язэпа Пушчы, які пачаў друкавацца менавіта тут (спачатку пад сваім прозьвішчам  — Плашчынскі, а потым пад першым, адразу закінутым, псэўданімам Лясун).

 У 1923 г. пачынае выходзіць за межамі Беларусі, у Літве (Коўна), другі беларускі часапіс — „Крывіч”, у якім хоць і без удзелу пісьменьнікаў з тэрыторыі Беларусі, ягоны рэдактар Вацлаў Ластоўскі (Власт), адзін з найстарэйшых адраджэнцаў, яшчэ „нашаніўцаў”, сваёй собскай паэзіяй працягваў разьвіваць ідэялёгію й стыль „ажыўленства”. „Крывіч” выдаваўся ў дэмакратычнай Літве й быў голасам антыбальшавіцкай апазыцыі, які ў тыя часы яшчэ мог празь мяжу даходзіць да чытачоў  савецкай Беларусі, часапіс аказаў значнае ўзьдзеяньне на ўсю плынь „ажыўленства” й стымуляваў ягонае разьвіцьцё.

Ужо ў першым нумары „Крывіча” Власт дэкляраваў свае паэтычныя прынцыпы, якія супадалі з Багдановічавымі й падзяляліся „ажыўленцамі” і ў тэорыі і на практыцы:

Формаў трупелых я вораг дасконны,
сьцежак стаптаных ня зношу ў тварэньні;
новым імкненьням даць новыя формы,
новыя словы і дум выражэньні
стаўлю я мэтай
.[26]

У тым самым 1923 годзе пачаў выдавацца ў Менску трэці беларускі літаратурны часапіс — штомесячнік „Маладняк”, якому наканавана было стацца на пэўны час своеасаблівым крысталізацыйным, а потым і арганізацыйным цэнтрам для новых беларускіх літаратурных плыняў. „Маладняк” быў задуманы на ўзор расейскага літаратурнага часапісу „Молодая Гвардия”, што пачаў выходзіць у Маскве з красавіка 1922 году й таксама быў інсьпіраваны камсамолам. Рэдагаваны Чаротам, ён адразу стаўся цэнтрам для ўсіх „бурапенцаў” і фактычна органам гэтай плыні. Аднак новы часапіс аказаўся й для другой маладзёжнай плыні — „ажыўленства” — больш гасьцінным, чым „Полымя”, якое нават мастацкае наватарства „бурапенцаў” цярпела толькі за іхную ідэялягічную накіраванасьць. „Маладняк” стаўся прытулкам для ўсіх маладых літаратурных сілаў наагул, таму пад канец першага году выданьня гэтыя маладыя сілы вырашылі стварыць вакол яго „Ўсебеларускае аб’еднаньне паэтаў і пісьменьнікаў” пад такім самым назовам „Маладняк”. Заснаваньне аб’еднаньня было абвешчана 23 лістапада 1923 году ініцыятыўнай групай у складзе Міхася Чарота, Андрэя Александровіча, Алеся Дудара, Язэпа Пушчы, Адама Бабарэкі, Анатоля Вольнага.[27] Бальшыню гэтай ініцыятыўнай групы складалі „бурапенцы” (Чарот, Александровіч, Дудар і Вольны);[28] малады крытык Адам Бабарэка займаў тады яшчэ хісткую, кампрамісную пазыцыю між „бурапенствам” і „ажыўленствам”, але, бадай, стаяў бліжэй да першага; толькі адзін Пушча мог быць названы чыстым „ажыўленцам” з выразна акрэсьленай пазыцыяй, хоць і пачаў друкавацца толькі ў гэтым годзе. Неўзабаве да ініцыятараў аб’еднаньня прымкнуў і пачынальнік „ажыўленства” Ўладзімер Дубоўка, і з таго часу Ўсебеларускае аб’еднаньне паэтаў і пісьменьнікаў „Маладняк” сталася супольнасьцю дзьвюх новых беларускіх літаратурных плыняў пры выразным дамінаваньні „бурапенства”. Міхась Чарот заняў становішча старшыні аб’еднаньня й рэдактара часапісу.

Агульная пляцформа, якая зрабіла магчымым аб’еднаньне абедзьвюх літаратурных плыняў, бясспрэчна грунтуецца на іхным адштурхоўваньні ад усяго старога, папярэдняга, што панавала ў літаратуры, і на пошуку новых паэтычных сродкаў, імкненьні да фармальна-мастацкага абнаўленьня. Зразумела, гэтая супольнасьць не магла стаць трывалай і даўгавечнай, яе не хапіла нават на поўныя два гады, бо мэты, пагляды на сучаснасьць й на шляхі разьвіцьця літаратуры „бурапенцаў” і „ажыўленцаў” былі акрэсьлена рознымі. Але на пачатку арганізацыйнага этапу „Маладняк” аказаўся дастаткова моцным і эфэктыўным. Вельмі хутка лік „маладнякоўцаў” дасягнуў астранамічнай лічбы: за кароткі час  Усебеларускае аб’еднаньне паэтаў і пісьменьнікаў разраслося да пяцісот членаў,[29] а па некаторых зьвестках — нават да тысячы.[30] У пераважнай бальшыні гэта былі толькі патэнцыяльныя празаікі й паэты, але ўсё-ж самі лічбы адлюстроўваюць магутнасьць імкненьня масаў у літаратуру, якое назіралася ў той час на Беларусі. Масавая цяга ў літаратуру была толькі часткай шырокага і агульнага руху, выкліканага новымі крокамі бальшавікоў у нацыянальнай палітыцы, што атрымала ў народзе назоў „нацыянальнага НЭП’у”.

Нацыянальнае пытаньне было пастаўлена ў цэнтры ўвагі ХІІ зьезду Ўсесаюзнай камуністычнай партыі, які адбыўся 17-25 красавіка 1923 году. Але крыху раней, у сакавіку, у Менску прайшла ХІІ Ўсебеларуская партыйная канфэрэнцыя, яна прыняла рэзалюцыю адносна нацыянальнага пытаньня, у якой, упаасобку, адзначалася: „Шматвекавы нацыянальны прыгнёт і русыфікатарская палітыка царскага ўраду не далі мажлівасьці нармальнага разьвіцьця беларускай культуры. Камуністычная партыя, у поўнай згодзе з усёй праграмай у галіне нацыянальнага пытаньня, павінна прыняць усе меры, каб наладзіць работу на беларускай мове, ствараючы нармальныя ўмовы для разьвіцьця беларускай культуры”;[31] далей гаварылася й пра кіраўніцтва „працэсам пашырэньня ўплыву беларускай культуры”.[32] Так упершыню бальшавікамі ў самой Беларусі была намечаная тая лінія палітыкі, якая пасьлей атрымала афіцыйны назоў „беларусізацыі” й сталася вызначальнай для шэрагу наступных гадоў. ХІІ Ўсесаюзны партыйны зьезд прыняў разгорнутую рэзалюцыю адносна нацыянальнага пытаньня,[33] наступная за ім спэцыяльная ВІ нарада ЦК РКП(б) з работнікамі нацыянальных рэспублік і вобласьцяў (9-12 чырвеня 1923 году) прыняла рэзалюцыю „Аб практычных мерапрыемствах па правядзеньню ў жыцьцё рэзалюцыі ХІІ зьезду партыі па нацыянальным пытаньні”,[34] нарэшце распрацаваныя самім ЦК (7 студзеня 1924 году) „Канкрэтныя мерапрыемствы па правядзеньню ў жыцьцё пастаноў па нацыянальным пытаньні, прынятых ХІІ зьездам і нацыянальнай нарадай”,[35] як-бы паганяючы адзін аднаго, выштурхоўвалі й праштурхоўвалі „нацыянальны НЭП” ужо „ва ўсесаюзным маштабе”, забясьпечваючы правядзеньне й той лініі „беларусізацыі”, якую намеціла для сваёй рэспублікі кампартыя Беларусі. Праўда,  у дакумэнтах усесаюзных партыйных органаў гаварылася ў больш агульным тоне пра забясьпечаньне правоў і разьвіцьця нацыянальных моваў,[36] а не аб „працэсе пашырэньня ўплыву нацыянальнай культуры”, але на практыцы працэс гэты і на Беларусі і ў іншых нацыянальных рэспубліках усяляк фарсіраваўся. З другога боку, іншыя фармулёўкі дапускалі яшчэ большую лібэралізацыю ў нацыянальным пытаньні. Так, прыкладам, рэзалюцыя ХІ нарады ЦК РКП(б) заклікала: „Камуніст на ўскраінах павінен памятаць: “Я — камуніст, таму я павінен дзейнічаць з улікам пэўнага асяродзьдзя, павінен ісьці на ўступкі тым мясцовым нацыянальным элемэнтам, якія хочуць і могуць ляяльна працаваць у рамках савецкай сыстэмыЖ”.[37]

Першыя выбары ў польскі сейм у 1922 г. выявілі даволі значныя посьпехі беларускага нацыянальнага руху сярод масаў прыналежнай да Польшчы заходняй часткі Беларусі. Гэта прыцягнула ўвагу бальшавікоў, і яны пачалі шукаць магчымасьці перацягнуць заходніх беларусаў на свой бок. Аднак заходнебеларуская прэса ў адказ давяла, што „станоўчае разьвязаньне беларускага пытаньня”, якое абяцалася бальшавікамі, ажыцьцяўляецца толькі на тэрыторыі няпоўных шасьці ўездаў былой Менскай губэрні, адведзенай пад „незалежную” саюзную рэспубліку Беларусь, у той час як большая частка этнічнай Беларусі належыць да РСФСР, як „чыста расейская зямля”, што параджае законны недавер да шчырасьці й трываласьці стаўленьня бальшавікоў да беларускай праблемы. Гэтае-ж пытаньне падымалася ня раз асьцярожна й беспасьпяхова нацыянал-камуністамі савецкай Беларусі, якія прапаноўвалі хоць-бы эканамічнае, для пачатку, калі не дзяржаўна-палітычнае аб’еднаньне ўсіх беларускіх этнічных земляў, што кантраляваліся савецкай уладай.[38] Аднак толькі цяпер ХІІ Ўсебеларуская партыйная канфэрэнцыя (сакавік 1923) прыняла рэзалюцыю, дзе ўпершыню ставілася пытаньне аб „працэсе пашырэньня ўплыву беларускай культуры”. У рэзалюцыі канстатавалася, што „хутка адрадзіць Савецкую Беларусь можна, толькі ўключыўшы ў тэрыторыю Беларусі роднасныя ёй суседнія раёны”.[39] 4 лютага 1924 году спэцыяльнай урадавай пастановай было зроблена так званае „першае ўзбуйненьне Беларусі”, якое павялічыла тэрыторыю БССР больш чым удвая, далучыўшы ўезды былых Віцебскай і Магілёўскай губэрняў. І хоць большая частка беларускай этнічнай тэрыторыі ўсё яшчэ заставалася ў складзе РСФСР, гэтае ўзбуйненьне, бясспрэчна, мела велізарнае значэньне для далейшага нацыянальнага разьвіцьця Беларусі.

Поруч з такімі афіцыйнымі мерапрыемствамі распрацоўваўся й вельмі сакрэтны праект, вядомы пад назовам „Мангольскага праекту”, які як-бы вяртаў бальшавікоў да іхных перамоваў з урадам БНР аб утварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі. Меркавалася трансфармаваць БССР у тэарэтычна незалежную дзяржаву пад пратэктаратам Савецкага Саюзу накшталт Мангольскай Народнай Рэспублікі. Плянавалася, што пры падтрымцы Саветаў беларускі нацыянальны рух у Польшчы ўзьніме „паўстаньне” за аддзяленьне беларускай тэрыторыі. У той-жа час адбудзецца „паўстаньне” і ў Савецкай Беларусі, якая рэалізуе сваё права на „аддзяленьне”, і дзьве часткі Беларусі аформяць тэарэтычна незалежную дзяржаву, фактычна пад савецкім пратэктаратам, як і Мангольская Народная Рэспубліка. Сам СССР пры гэтым не выглядае агрэсарам, а, наадварот, — такім самым (калі яшчэ й ня больш) „пацярпелым”, як і Польшча.

Цяжка сказаць, ці меў „мангольскі праект” у сваёй аснове пэўныя рэальныя намеры, ці з самага пачатку быў задуманы як чыстая правакацыя, якой у далейшым абярнуліся і „нацыянальны НЭП”, і „беларусізацыя”, і ўся бальшавіцкая дзейнасьць  ў Заходняй Беларусі. Ва ўсякім выпадку, у свой час матываваньне яго выглядала праўдападобным. У дадатак выключная сакрэтнасьць „мангольскага праекту” падмацоўвала давер да бальшавікоў. Але гэтая-ж сакрэтнасьць  практычна пазбавіла надзеі знайсьці якія-небудзь дакумэнтальныя сьветчаньні аб праекце; параўнальна вузкае кола нацыянальных лідэраў, што атрымлівала беспасярэднюю інфармацыю, было блізу поўнасьцю ліквідаванае. Аднак пэўныя водгаласы ўсё-ж можна знайсьці ў творах некаторых „маладнякоўцаў”, якія, бадай, з найбольшым энтузіязмам ставіліся да „заманлівага” праекту й час ад часу „прагаворваліся”. Так, Чаротава паэма „Атаман”[40] (лістапад 1924 году) поўніцца ідэяй беларускага паўстаньня, што пачынаецца ў Заходняй Беларусі й пашыраецца на ўсход. У паэме Андрэя Александровіча „Паўстанцы” (1924)[41] заходнебеларускія партызаны чакаюць сыгналу да такога-ж усебеларускага паўстаньня. А „маладняковец” Дубоўка ў вершы таго-ж году „Тым, хто на Захадзе”[42] зьвяртаецца да станкоў Беластоку, кавадлаў Вільні, да глыбоцкіх гарбароў, гродзенскіх грабароў, да ўсіх тых, хто на Захадзе, заклікае іх рашчыняць квас і выражае надзею, што недалёкі той час, калі Беларусь аб’яднаецца.

Стукайце,
Кросны Беластоку,
Званеце, 
Кавадлы Вільні!
Мы — брасьнелую затоку абудзім!
Нішто нам вільгаць!
Ад Смаленску да Гомлю,
Ад Гомлю да Менску
Усе песьні
На гоман рашучы зьменім.
Не з-пад стромы крыніца
Ракой разьлілася:
Народ —
Вечна ніцы —
Прачнуўся, ласьне...
Гарбары Глыбоцкія,
Гарадзенскія грабары!
Ня хочу,
Каб жыцьцё нас гоцкала,
Пяяла:
„А ў бары, бары”...
Рашчыняйце квас,
Не на жарты, не —
Час прыйшоў да нас:
„Ці пан, 
Ці ў труне”.
Люд працоўны — волат.
Больш — 
Ня схіліць шыі.
Дык стукайце, кросны Беластоку,
Званеце, кавадлы Вільні.
Недалёка час
Беларускае Сутокі,
Не пашкодзіць працоўным —
Вільгаць!

Тут характэрная згадка Смаленску й Гомеля — беларускай тэрыторыі, якая яшчэ знаходзілася ў складзе РСФСР і на якой, згодна з „мангольскім праектам”, павінна было ўспыхнуць паўстаньне.

Маладая паэтэса Хмарка да таго „асьмялела”, што, прыкрыўшыся лёгкім вэлюмам алегорыі, пачала ўсхваляць і вітаць „ўсевызваляючы” месяц сакавік, які абвясьціў незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, як вядома, 25 сакавіка 1918 году.[43] Гэты верш — лебядзіная песьня паэтэсы, неўзабаве яна зьнікла зь літаратурнай сцэны.

„Нацыянальны НЭП”, „беларусізацыя”, „узбуйненьне Беларусі” й „мангольскі праект” узбуджалі нацыянальна-сьведамую частку беларусаў. Асабліва паверылі гэтаму заходнебеларускія дзеячы, якія найменш мелі дачыненьняў з бальшавікамі. Каб падрыхтаваць і прысьпешыць паўстаньне, была заснаваная 24 чырвеня 1924 г. партыя Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, што вельмі хутка разраслася ў беспрэцэдэнтную сваёй масавасьцю беларускую партыю. У Савецкай Беларусі нацыянальныя лідэры таксама знаходзіліся пад моцным уражаньнем бальшавіцкіх авансаў ды пачынаньняў і былі гатовыя ўключыцца ў нацыянальнае будаўніцтва хоць-бы ў рамках савецкай сыстэмы. Нават пісьменьнікі-адраджэнцы ў імя нацыянальнай незалежнасьці пачалі адыходзіць ад „нутраной эміграцыі” і пераходзіць на пазыцыі актыўнага супрацоўніцтва з „архітэктарамі нацыянальнага НЭП’у”. Гэтаму спрыяла таксама літаратурнае змаганьне, якое пачала супраць адраджэнцаў літаратурная моладзь, цяпер арганізаваная ў „Маладняку”, „бурапенскія” лідэры якога разгарнулі ранейшыя антыадраджэнскія выпады ў кампанію „змаганьня са старым”. У гэтую кампанію ўключыліся нават „маладнякоўцы” з „ажыўленцаў”, праўда, толькі датычна фармальна-мастацкай лініі.[44]

Першым, як і раней, адрэагаваў Зьмітрок Бядуля-Ясакар. Яшчэ ў канцы 1922 году ён заяўляе пра сваё прызнаньне марксізму ў вершы „Перад помнікам Карлу Марксу”,[45] а ўсьлед за гэтым — і „вялікага Кастрычніка” ў вершы „К пятай гадавіне Акцябра” (таксама 1922 год).[46] Але найбольш відавочная „зьмена вехаў” Ясакара адбілася ў ягонай новай одзе „Беларусь” (15 мая 1923 г.),[47] якая была поўным адмаўленьнем ягонай-жа оды 1921 г. пад тым самым назовам. Тут паэта апявае сваю Беларусь ужо ня толькі як бязбожніцу, але нават як партыйку маладую. Пасьля пайшлі сьледам у тым-жа духу новыя паэмы й дробныя вершы. І Бэндэ канстатаваў: „Прыблізна з 1923 г. наступае пэрыяд “прымірэньняЖ Бядулі з умовамі пралетарскай дыктатуры, прыстасаваньня да ўмоў яе”.[48] Аднак меў рацыю і адраджэнскі крытык Дзяржынскі, вымушаны прызнаць, што такое „прыстасаваньне” Бядулю-Ясакару не ўдаецца або ўдаецца „не заўсёды, рэдка”.[49]

Янка Купала ня так сьпешна й рашуча зьмяніў сваю пазыцыю. У 1923 г. на старонках „Маладняка” паяўляюцца два вершы Купалы пад агульным назовам „Арлянятам”,[50] у якіх крытыка ўгледзела пачатак „зьмены вехаў” паэты, хоць на самой справе гэтыя вершы ня маюць нічога іншага, апрача вітаньня маладых паэтаў новых літаратурных плыняў, прычым з аднолькавай цеплынёй паэта ўслаўляе абедзьве плыні й ня робіць адрозьненьня паміж іхнымі палітычнымі паглядамі. У тым самым годзе „...паэта піша прывітаньне ІВ Ўсебеларускаму Зьезду Саветаў “Ад Менскіх дзяцейЖ,[51] у якім паэта хоць асабліва падчырквае й вылучае ў дэлегатаў і ў дзяцей тое, што Беларусы вы бяз плямаў, Беларусы вы таксама, але тут ужо беларусы бяз плямаў — гэта не наагул беларусы, а работнікі, сялянезь беларускіх ніў і хат. Яны кіруюць нашым краем. Паэта ад імя дзяцей заклікае іх забясьпечыць вольнасьць Беларусі, каб нашай Беларусі жылося не ў прымусе”.[52] Тут нельга ня ўбачыць у апошніх словах затоенай скаргі. Бэндэ адзначае й выводзіць на першы плян акцэнтаваньне паэтам ідэі нацыянальнай чысьціні й нацыянальнага адзінства. Тым ня менш, пры ўсіх гэтых асаблівасьцях у сваіх вершах 1923 году Купала ўжо адкрыта далучаецца  да маладых паэтаў у іхным прыняцьці савецкага ладу.

Разьвіцьцё „нацыянальнага НЭП’у”, „беларусізацыя”, а таксама „ўзбуйненьне Беларусі” знаходзяць беспасярэдні й пазытыўны водгук у Купалавым „Безназоўным” (1924 год),[53] паводле жанру — штосьці паміж паэмай і лірычным цыклем вершаў. Гэты твор і ідэяй і формаю мае бясспрэчную сувязь з паэмай Жылкі „Ўяўленьне”, аднак, калі Жылка прысьвяціў сваю паэму нацыянальнай рэвалюцыі, то Купала намагаецца адлюстраваць нешта, што для яго яшчэ не мела назову, штосьці накшталт беларускай нацыянал-камуністычнай рэвалюцыі, якой бачыліся паэту „нацыянальны НЭП” і ўсё зь ім зьвязанае. І калі Жылка, выкарыстаўшы Купалаў стары вобраз, гаварыў аб Беларусі-”пакутніцы”, якая становіцца „нявестай”, то Купала паказаў увесь працэс як заручыны вясельніцы засмучанай зь вясёлым жаніхом, г. зн. усё той-жа Беларусі-”пакутніцы” — з камунізмам. Гэтыя заручыны і ўсхваляюцца Купалам, бо ў іх ён бачыць аснову для далейшага нацыянальнага разьвіцьця.

Нацыянал-камуністы віталі „Безназоўнае” зь вялікім энтузіязмам як доказ пераходу паэты на іхныя пазыцыі. Аднак „маладнякоўскі” крытык Адам Бабарэка адзначыў некаторыя мясьціны твору, якія сьветчылі пра не заўсёды станоўчыя й поўныя даверу дачыненьні паэты да адлюстраванага ім працэсу, у якім Купала бачыць ня толькі нешта таямнічае, што ня мае назову — яно, але й нават — ліха.[54]

На пачатку трыццатых гадоў артадаксальная савецкая крытыка разглядала „Безназоўнае” як сьветчаньне адсутнасьці ў Купалы разуменьня сацыялістычнага характару пралетарскай рэвалюцыі. Запраўды, Купала прымае „нацыянал-камуністычную рэвалюцыю” ў той меры, у якой яна супадае зь ягонай собскай нацыялістычнай канцэпцыяй. Нацыянальная праблема застаецца для яго вызначальнай; камуністычнае — дапушчальнае толькі як форма ўвасабленьня. Ягоную пазыцыю можна коратка падсумаваць перыфразай вядомага савецкага лёзунгу: „нацыянальнае па зьмесце, сацыялістычнае па форме”.

Крыху бліжэй падыходзіць Купала да бальшавіцкай ідэі „запраўднай Беларусі рабочых і сялян”[55] у вершы 1924 году „Дзьве сястры”[56], які быў прысьвечаны ленінскай канцэпцыі „саюзу рабочых і сялян”. Але Бэндэ і ў гэтым вершы знаходзіць загану: Купала, на яго думку, павінен быў паказаць чаловую ролю рабочае клясы ў гэтым саюзе.[57]

Нарэшце толькі ў 1925 годзе, калі Купала прымае нададзенае яму савецкім урадам званьне першага народнага паэты Беларусі ў сувязі з дваццацігодзьдзем ягонай паэтычнай дзейнасьці, паэта канчаткова ставіць кропкі над „і” ў сваёй „зьмене вехаў”. У вершы „Шляхам гадоў”,[58] дзе паэта падводзіць вынікі свайго дваццацігадовага літаратурнага шляху, Купала ня толькі прымае сам „вялікі Кастрычнік”, але і ўсхваляе яго ў тых тонах і нават словах, у якіх заўсёды ўслаўлялі гэтую эпахальную для іх падзею самі бальшавікі. А ў заключных радкох верша — поўнае прызнаньне савецкай улады на Беларусі як адпаведнай волі самога народу:

Дык-жа шумі, красуй у волі, родны Край!
Зьвіні ў свой звон, сялянска-пралетарскі звон!
Сьпявай ты, Беларусь, у радасьці сьпявай!
Твайго Народу сяньня права і закон
.[59]

Праўда, і тут яшчэ Купалава „прыняцьце” мае ня чыста бальшавіцкае, а нацыянал-камуністычнае адценьне: заміж артадаксальнага і афіцыйнага „пралетарска (рабоча)-сялянскага саюзу” Купала гаворыць пра саюз „сялянска-пралетарскі”, але па тым часе „нацыянальнага НЭП’у” такая фармулёўка ня вÖклікала дысанансу, нават была афіцыйна прынятая для Заходняй Беларусі, дзе й сама „Грамада” мела неафіцыйны назоў „сялянска-работніцкай”.

Зусім інакш праходзіць „зьмена вехаў” у Якуба Коласа. Калі Купала пачынае зь вітаньня „маладнякоўскай” моладзі й дэманстрацыі далучэньня да яе пазыцыі, то Колас, наадварот, з самага-ж пачатку жорстка сварыцца з гэтай моладзьдзю. Праўда, сварка гэтая завязваецца быццам-бы на чыста фармальна-мастацкай глебе: Колас выступае з газэтным фэльетонам, у якім высьмейвае паэтычнае наватарства „маладнякоўцаў”.[60] Усьлед за тым і відавочна супраць іх ён скіроўвае й дзьве свае алегарычныя навэлі — „казкі жыцьця”: „Што яны страцілі” (1924 год)[61] і „Купальскія сьветлячкі” (1925 год).[62] У першай зь іх ставіцца пад сумлеў паўнацэннасьць выбранай „маладнякоўскай” моладзьдзю новай ідэйнай пазыцыі, а ў другой моладзь гэтая проста пагардліва асуджаецца як саманадзейна-фанабэрыстая й нават поўнасьцю бяздарная. „Маладнякоўцы”, безумоўна, не засталіся ў даўгу. Перш-найперш, яны заатакавалі выдрукаваную ў 1923 годзе паэму „Новая Зямля” за выказаны ў ёй „дзікі народніцка-інтэлігенцкі патрыятызм і ўласьніцкія звычкі”, а таксама за прымітыўнасьць вершаванай тэхнікі. „Прачытаўшы, ставіш яе („Новую зямлю”) з даволі несамавітым настроем на паліцы для кніг побач Шэйна ці Федароўскага, вось так, на ўсялякі выпадак”, — такі быў „маладнякоўскі” прысуд гэтай паэме Коласа, якой так захаплялася адраджэнская крытыка.[63] Але яшчэ больш рэзка быў атакаваны Колас у дні сьвяткаваньня юбілею Янкі Купалы, калі ў зборніку, прысьвечаным „Маладняком” гэтай падзеі, Колас быў названы паэтам, што прэтэндуе на нейкую надзвычайную ролю на Беларусі, які напісаў тысячы радкоў, зьвязаных прымітыўнымі дзеяслоўнымі рыфмамі.[64]

У 1924-1925 гадох Колас грунтоўна перапрацоўвае й выпускае ў новай рэдакцыі паэму „Сымон-Музыка”. Ён прысьвячае яе беларускай моладзі й значна ўдасканальвае сваю паэтычную тэхніку, тым самым як-бы прызнаючы зробленыя яму літаратурнай моладзьдзю папрокі ў тэхнічнай недасканаласьці ягонага верша. Так пачынаецца прымірэньне Коласа з моладзьдзю. Новая рэдакцыя „Сымона-Музыкі” дадатна ацэньваецца й бальшавіцкімі крытыкамі. У „Чырвоным Сейбіце”, нумары, прысьвечаным рэдакцыяй „ЯкубуКоласу, народнаму паэту Беларусі, у дзень 20-годзьдзя яго літаратурнай творчасьці”, Р.Шукевіч-Трэцьцякоў пісаў: „Пад уплывам марксысцкае крытыкі Я.Колас перапрацаваў свайго “Сымона-МузыкуЖ, зьмяніў яго канец, рашуча скінуў з Сымона раней аблытаўшую яго рэлігійную павуціну. Больш таго, Колас перайшоў у шэрагі актыўных бязбожнікаў, па-мастацку пачаў выступаць на барацьбу зь цемрай (глядзі: сцэна з прычасьцем у “Палескай глушыЖ, паэма “Як поп зрабіўся авіятарамЖ, аповесьць “На парозе жыцьцяЖ і інш.)”.[65] Аднак па сваёй блізарукасьці крытык не заўважыў, што ў канцы паэмы Колас, хоць і выэлімінаваў мамэнты містыкі, але нават узмацніў алегарызаваную антыбальшавіцкую накіраванасьць паэмы. У новай рэдакцыі Ганна (алегарызаваны вобраз „Маладой Беларусі”) пасьля  дамаганьняў Дамініка (алегарызаваны вобраз бальшавіка) робіцца псыхічна ненармальнай, і толькі Сымон (алегарызаваны вобраз паэты-адраджэнца) гукамі сваёй музыкі вяртае ёй розум. Алегорыя, як бачым, недвухсэнсавая: нацыянальнае мастацтва павінна вярнуць да жыцьця скалечаную бальшавізмам „Маладую Беларусь”. Гэтае заданьне, уласна кажучы, і прапануе паэта беларускай моладзі, прысьвячаючы ёй сваю паэму.

Тым ня менш, Колас таксама перажывае працэс пераарыентаваньня, што найбольш зырка прабівае сабе дарогу не ў паэзіі, а ў мастацкай прозе пісьменьніка. Гэты працэс прымірэньня з савецкай рэчаіснасьцю бачны ў шэрагу апавяданьняў Коласа, выдрукаваных у „Полымі” ў 1923-1925 гадох, якія ўвайшлі пасьлей разам зь некаторымі дарэвалюцыйнымі творамі ў выдадзеныя адзін за адным ў 1925 годзе тры зборнікі — „У ціхай вадзе”[66], „На рубяжы”[67] і „Крок за крокам”.[68] Нарэшце ў 1925 годзе Колас стварае і аповесьць „На прасторы жыцьця”, якую ўся крытыка прызнала сьветчаньнем ідэялягічнага павароту творства Коласа ў бок ягонага канчатковага пераходу „на рэйкі сучаснасьці”.

Такім чынам, пад канец 1925 году лідэры адраджэнства адмаўляюцца ад актыўнай апазыцыі бальшавізму й гатовыя супрацоўнічаць з бальшавікамі ў будаўніцтве нацыянальнай культуры. Аднак менавіта ў гэты час у асяродзьдзі самой літаратурнай моладзі „Маладняка” насьпявае тэндэнцыя да разьеднаньня часова аб’еднаных у ім „бурапенцаў” і „ажыўленцаў”. „Ажыўленцы” падхопліваюць выпушчаны з рук адраджэнцаў сьцяг нацыянальнай незалежнасьці.

[ працяг ] 



[1] Поўнасьцю раман з друку ня выйшаў, хоць і быў закончаны. Адна з частак рамана выдрукаваная асобным выданьнем ў 1926 г. пад назовам „У чым яго крыўда?”, другая, датаваная 1921 г., апублікаваная пад назовам „Мэлянхолія” ў часапісе „Ўзвышша”, 1928, №3(9), с.86-97. Больш падрабязна пра раман „Крыж” гл.: Ант. Адамовіч. Максім Гарэцкі. „Узвышша”, №6, 1928, с.168-171; там-жа й пра „героя часу” ў М.Гарэцкага, с.171-175.

[2] Франьцішак Аляхновіч. Няскончаная драма. Вільна, 1921.

[3] Ул.Дубоўка. Строма. Вільна, выдавецтва „Наша Будучыня”, 1923.

[4] Язэп Пушча. Віта. Менск, 1926, с.3.

[5]А.Бабарэка. Творчасьць У.Дубоўкі як форма нацыянальнай сьвядомасьці. „Узвышша”, 1927, №6, с.148; А.Бабарэка. Аквітызм творчасьці Ўл.Дубоўкі. „Узвышша”, 1928, №2, с.120.

[6] Тэзісы да пытаньня аб утварэньні „Ўзвышша”. „Узвышша”, 1927, №1, с.169.

[7] „Вольны Сьцяг”, 1921, №3 (5), с.1. Верш датаваны 30.4.1921.

[8] Гэтыя словы, як і наступны верш, а таксама іншыя са зборніка  Ўл.Дубоўкі „Строма” цытуюцца з памяці.

[9] Максім Багдановіч. Забыты шлях. Творы, т.ІІ. Менск, 1928, с.39-43.

[10] Міхась Чарот. Жывое балота. Творы, т.І. Менск, 1933, с.91.

[11] Гл. Творы, с.88.

[12] Тамсама, с.55.

[13] Тамсама, с.88.

[14] Л.Клейнборт. Молодая Белоруссия, с.383.                            

[15]Тэрмін „бурапена” быў ужыты ўпершыню, праўдападобна, А.Александровічам у вершы „Новы Менск”, датаваны 1923 г., у форме дзеяслова „бурапеніць”. Гл. Андрэй Александровіч. Творы. Менск, 1933, кн.1, с.89. Наватвор „бурапена” выклікае асацыяцыю зь пенай пасьля буры, а не з самой бурай. Як мянушка плыні, замацавалася на першым зьезьдзе літаратурнага згуртаваньня „Маладняк”. Гл. „Бюлетэнь Зьезду”, 1926, а таксама „Тэзісы”. „Узвышша”, 1927, №1, с.169.

[16] Міхась Чарот. Творы, с.93.

[17] М.Чарот. Босыя на вогнішчы. Менск, выд. „Адраджэньне”, 1922.

[18] Е.Ф.Карский. Белорусы, т.3, вып 3, с.406.

[19] Уладзімер Жылка. Уяўленьне. Вільна, выдавецкі дом „Новае жыцьцё”, 1923.

[20] Янка Купала. Маладая Беларусь. Збор твораў, т.ІІ.

[21] Міхайла Грамыка. Гвалт над формай. „Полымя”, Менск, 1922, №1, с.72-75.

[22] Тамсама, с.70-71.

[23] Міхайла Грамыка. Сямімільнымі крокамі. „Полымя”, Менск, 1929, №2, с.29-33.

[24] Міхайла Грамыка. Мільён. „Полымя”, Менск, 1929, №5-6.

[25] „Полымя”, 1929, №2, с.32.

[26] „Крывіч”, 1923, №1.

[27] Гл. Л.Клейнборт. Молодая Белоруссия, с.360; М.Гарэцкі. „Маладняк” за пяць год. Менск, 1928, с.7.

[28] М.Грамыка, што выступіў у „Полымі” з падтрымкай „бурапенства”, ня быў дапушчаны ні да часапісу, ні да арганізацыі „Маладняку” Чаротам, які пабойваўся канкурэнцыі. Пад узьдзеяньнем гэтага расчараваны паэт закінуў нават прагалошаную ім „рэвалюцыю ў паэзіі” й вярнуўся да мірнага насьледаваньня клясыкам.

[29] А.Сянькевіч. Да гісторыі літаратурных арганізацыяў у БССР. „Полымя”, 1931, №10, с.138.

[30] Л.Клейнборт. Молодая Белоруссия, с.338, 362.

[31] Нацыянальнае пытаньне, складальнік Ш.А.Будзін. Менск, 1932, с.254.

[32] Тамсама, с.255.

[33] Тамсама, с.229-238.

[34] Тамсама, с.238-233.