Частка VІ
Выступленьне нацыянал-прагрэсыўнай апазыцыі
1925-1926
Апошняя
чвэрць 1925 году і ўвесь 1926 год былі адзначаныя няспынным ажыўленьнем і
ўздымам ня толькі беларускай літаратуры, але і ўсёй нацыянальнай культуры. Гэта
быў час найбольшага размаху палітыкі „нацыянальнага НЭП’у” ў БССР. Студзеньскі
й кастрычніцкі пленумы ЦК КП(б)Б 1925 году канчаткова сфармулявалі лёзунг
„беларусізацыі”, а таксама прынцып найбольшага спрыяньня беларускаму
нацыянальнаму будаўніцтву й паказалі, што наступны зімовы пэрыяд павінен даць
новы штуршок гэтай рабоце.
Беларуская нацыянальная інтэлігенцыя, падбадзёраная такімі пастановамі, заявіла
пра далучэньне да бальшавікоў, як да нацыянальных будаўнікоў Беларусі, і
адначасна — пра жаданьне „мець магчымасьць выявіць сваю ініцыятыву і
ўзяць адказнасьць за сваю работу перад будучыняй”, як гэта сфармуляваў адзін з
ранейшых дзеячоў БНР доктар П.В.Трамповіч у артыкуле „Шляхі беларускай
інтэлігенцыі”, які адкрыў дыскусію ў гэтым пытаньні.
Дыскусія завяршылася пастановамі чародных пленумаў ЦК КП(б)Б —
сакавіцкага й ліпеньскага 1926 году, у якіх падчырквалася неабходнасьць
узмацненьня палітыка-выхаваўчай работы сярод інтэлігенцыі з мэтай набліжэньня
яе асноўных масаў да сьветапагляду работніцкае клясы, і на
такіх умовах давалася згода на ўдзел інтэлігенцыі ў новым будаўніцтве. Той
ліпеньскі пленум зьвярнуў увагу й на літаратуру як сродак культурнага й
палітычнага ўзьдзеяньня на масы, а
таксама прапанаваў зьвярнуць большую ўвагу на палітычнае выхаваньне „Маладняка”
і іншых аб’еднаньняў і трымаць курс на
набліжэньне пісьменьнікаў і літаратараў да савецкай улады, асьцярожна й
тактычна выпраўляючы іхныя памылкі і ўхілы.
Наступны, кастрычніцкі пленум ЦК КП(б)Б 1926 году падводзіў вынікі
„нацыянальнага НЭП’у” за год (ад кастрычніцкага пленуму 1925 году) і нават
заявіў, што нацыяналістычныя ўхілы згубілі сваю вастрыню. Гэта
першая і адзіная заява такога роду адлюстроўвала мамэнт найвышэйшага
лібэралізму бальшавікоў у дачыненьні да нацыяналізму на Беларусі. На тым-жа
кастрычніцкім пленуме 1926 году быў кінуты лёзунг пра беларусізацыю самой
кампартыі: „Уся КП(б)Б павінна гаварыць на беларускай мове”.
Нарэшце, 6 сьнежаня 1926 году было праведзена так званае „другое ўзбуйненьне
БССР” — далучэньне да яе яшчэ двух уездаў Гомельскай губэрні — Гомельскага
й Рэчыцкага. Хоць
сваімі памерамі гэтае ўзбуйненьне было значна меншае, чым першае 1924 году, і
вялікая частка беларускай этнічнай тэрыторыі заставалася ў складзе РСФСР, усё-ж
гэты крок сьветчыў пра ўстойлівую зацікаўленасьць савецкіх лідэраў беларускай
нацыянальнай праблемай.
Тым
часам у Заходняй Беларусі рух, узначалены Беларускай Сялянска-Работніцкай
Грамадой, набыў запраўды грандыёзны размах. На канец 1926 году Грамада мела ўжо
звыш 1000 мясцовых арганізацыяў і ў іх каля 100.000 сяброў — лічбы беспрэцэдэнтныя для
якой-бы ні было палітычнай партыі на Беларусі наагул. Нават кампартыя Савецкай
Беларусі мела на той час толькі 7961 сябра.
А яшчэ
далей на Захад, у Бэрліне, 12-16 кастрычніка 1925 году адбылася так званая
„Другая беларуская палітычная нарада”, якая з захапленьнем прызнала, што ўлада
сялянаў і рабочых, замацаваная ў Менску
— сталіцы Савецкай Беларусі, — запраўды імкнецца
адрадзіць беларускі народ культурна, нацыянальна й дзяржаўна, і пастанавіла
прыпыніць дзейнасьць ураду Беларускай Народнай Рэспублікі й прызнаць Менск
адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі.
Усьлед за нарадай у БССР прыехала на сталае жыхарства цэлая група ўдзельнікаў
нарады на чале з апошнім прэм’ер-міністрам БНР Аляксандрам Цьвікевічам. БНР не
была ліквідаваная — яе кіраўніцтва на чале з самім прэзыдэнтам (у той час
П.Крэчэўскім) засталося па-ранейшаму за мяжой, у Празе; ліквідаваны быў толькі
ўрад БНР і то дзеля таго, каб перабрацца ў Савецкую Беларусь і тут у пэўны
мамэнт узначаліць „мангольска-праектнае” аднаўленьне БНР знутры. У гэтым іх
запэўнілі, і ў гэтым яны пераконвалі іншых. І Цьвікевіч хутка пасьля звароту ў
БССР пісаў на старонках „Полымя”: „Калі нельга правесьці сваю праграму “ўдарам
у лобЖ, дык трэба праводзіць яе стараной. Важна, каб правільны быў прынцып. Калі прынцып справядлівы, дык рэшта
становіць толькі пытаньнем часу, дасьціпнай тактыкі й натугі змаганьня”.
Наступным
крокам бальшавікоў было правядзеньне ў кастрычніку 1926 году „акадэмічнай
канфэрэнцыі” ў пытаньнях беларускай мовы, на якую запрасілі блізу ўсіх
беларускіх дзеячоў, якія яшчэ заставаліся за межамі Савецкага Саюзу. За
кулісамі гэтага „акадэмічнага” зьезду йшло ўзмоцненае апрацаваньне замежных
гасьцей прапагандай посьпехаў і пэрспэктываў беларускага нацыянальнага
будаўніцтва, а таксама таго-ж „мангольскага праекту”. Адначасна й самі
беларускія нацыянальныя дзеячы актыўна выкарыстоўвалі гэтую спрыяльную аказію
непасрэднага ўзаемнага кантакту для абмеркаваньня далейшай адзінай лініі
нацыянальнага руху, якой яна ўяўлялася ўсім у сьвятле абставінаў часу. Пасьля
канфэрэнцыі яшчэ колькі замежных беларускіх дзеячоў выказалі жаданьне
перабрацца на сталае жыхарства ў БССР, сярод іх і вядомыя
літаратары-”ажыўленцы” Ўладзімер Жылка й Власт (Вацлаў Ластоўскі).
Росквіт
„нацыянальнага НЭП’у” й „беларусізацыі”, „другое ўзбуйненьне БССР”, маштаб
дзейнасьці Грамады ў Заходняй Беларусі, „бэрлінская нарада”, „акадэмічная
канфэрэнцыя”, канцэнтрацыя беларускіх нацыянальных сілаў у БССР, агульны размах
НЭП’у і ўнутрыпартыйная апазыцыя ў самой РКП(б) („трацкісцка-зіноўеўскі блёк”,
1926 год) — усё гэта вызначыла і адпаведнае ажыўленьне на беларускім
літаратурным фроньце, той „асаблівы рух” і „багатую дынамічнасьць”, якія
прызнаў характэрнымі для гэтага часу адзін з найбольш прыдзірлівых аглядальнікаў
„літаратурных падзеяў 1926 г.” З.Жылуновіч.
Гэтая
актывізацыя заўважаецца, перш-найперш, у творстве Янкі Купалы. Ужо нават адна
толькі колькасьць створанага ім у 1926 годзе паказвае надзвычайны ўздым
Купалавага творства. Калі за ўвесь папярэдні 1925 год Купала напісаў адзін верш
з 89 радкоў, то ў 1926 годзе ім было напісана ўжо 1122 радкі. Зьмяніўся таксама
й сам дух ягонага творства: калі нацыяналістычны й востра апазыцыйны характар
ягоных ранейшых твораў зьнік у часы „зьмены вехаў”, то цяпер гэтыя мамэнты
ўсплываюць наверх і робяцца вызначальнымі. Праўда, адбываецца гэта ў апошні
раз: зыркая творчая „ўспышка” дваццаць шостага году зьмяняецца малапрадуцыйнымі
гадамі завяданьня.
Дзесяць
з дваццаці аднаго верша, напісаных Купалам у чырвені-ліпені 1926 году,
зьявіліся аб’еднанымі ў адзін лірычны цыкль на старонках „Полымя”. У
першым вершы гэтага цыклю „Ёсьць-жа яшчэ...” — своеасаблівым запеву,
увертуры да ўсіх твораў 1926 году — паэта як-бы матывуе, тлумачыць вытокі сваёй
творчай „успышкі”. Некаторыя аспэкты гэтай матывацыі вельмі сымптаматычныя й
красамоўныя:
Ёсьць-жа яшчэ ў мяне сіла
Крыўдзе ня дацца, змагацца,
Над сьпячых продкаў магілай
Вольна маланкай мігацца.
................................
Ёсьць-жа яшчэ ў мяне песень,
Поўных надзей, жыцьця, —
Як-бы ня быў ім сьвет цесен,
Вырвуцца ў сьвет зь небыцьця.
Ёсьць-жа яшчэ ў мяне вера
Ў вольны мой родны народ,
Што — у патрэбе — зь сякерай
Выйдзе за долю ў паход!
Паэта
зноў займае ранейшую незалежную баявую пазыцыю, горда дэкляруе свабодалюбства й
гатоўнасьць сваю й свайго народу да ўзброенага супраціву той пагрозе, якую ён
ужо прадчувае ў рэальнасьці. З другога боку, у гэтых прадчуваньнях паэты можна
бачыць і адюстраваньне той веры ў блізіню „ўсенароднага паўстаньня” беларусаў
па абодвух бакох рыскіх кардонаў згодна з „мангольскім праектам”.
Найбольш
частай тэмай іншых Купалавых вершаў гэтага году быў падзел Беларусі, тэма, якая
блізу не закраналася ім раней або не выклікала такой бурнай рэакцыі, якую мы
бачылі ў Зьмітрака Бядулі-Ясакара і Якуба Коласа. Тэме рыскага падзелу Беларусі
1921 году й прысьвечаныя два вялікія вершы Купалы — „На паграніччы” й „Па
Даўгінаўскім гасьцінцы”. Тут
пад вонкавай элегічнасьцю кіпіць абурэньне паэты разьдзелам Беларусі, які
суправаджаўся расстрэламі і пажарамі, нічым ня сплачанымі крыўдамі, нічым ня
вернутымі ахвярамі, разьдзелам, які зрабіў людзей аднаго народу, што былі
сваймі у шчасьці, у бедах, а сталі цяпер чужыя чужакі. Як і Колас,
Купала ня робіць адрозьненьня паміж адказнымі
за падзел — паміж палякамі й бальшавікамі.
Вонкавая
элегічнасьць, ускладненая алегарызацыяй, ахутвае той самы матыў і ў вершы „У
лесе”. Але
алегорыя тут вельмі празрыстая, і абурэньне паэты выступае яшчэ больш выразна,
калі ён успамінае пра лёс дзяўчыны, тутэйшай:
І здарылася зь ёй прычына,
Прычына жудкая адна:
Кашульку ёй зьнялі ў няшчасьці —
Суседзі, а ня іншы хто —
І падзялілі ўсю на часьці,
Як-бы дзяліць ня мелі што .
Нарэшце,
Купала ў вершы „Каб...” рэзка
і адкрыта выказвае сваё абурэньне разьдзелам Беларусі, абрушвае цяжкія праклёны
(з багатага на іх беларускага фальклёру) на галовы тых, хто спрыяў гэтаму
разьдзелу.
Каб вады гарачай
На таго нагрэлі
І ня ўстаў ён болей
Са сваёй пасьцелі, —
Хто над Беларусяй
Хоча распрасьцерці
Свой бізун чужацкі
І народ усьмерціць.
Каб таго парвала
З сэрцам на тры часьці
І зьвяр’ё збрылося
Мяса параскрасьці, —
Хто быў прычыніўся
Нашаму падзелу,
На кускі парваўшы
Маці роднай цела.
Хоць у
лібэральнай атмасфэры 1926 году гэтыя вершы й былі выдрукаваныя, ужо ў 1932
годзе цэнзура забараніла „На паграніччы” й шэраг мясьцін зь вершаў „У лесе” й
„Каб...”, нягледзячы на тое, што такія купюры нявечылі творы.
У
іншых вершах 1926 году Купалавыя атакі проста накіраваныя супраць расейскага
шавінізму, спадчыны маскоўскага царызму. У характэрным для гэтай тэмы вершы
„Царскія дары (Зь мінулага)”, у
якім савецкі імпэрыялізм крытыкуецца пад маскай царызму, Купала апавядае, як
маскоўскі цар нявольнікаў верных паклікаў — украінцаў, палякаў,
латвійцаў, грузінаў, татараў, туркестанцаў, сібіракоў і беларусаў — і дзяліў
між нявольнікаў дары іхных уласных земляў, патрабуючы ўзамен капальні і
стэпы.., вуголь і пшаніцу.., рыбную ў Балтыцы лоўлю.., нафту,
крымскія санаторыі, каракуль і вату.., сібірскае золата..,
беларускія пушчы...
І права даю для ўсіх разам
Пладзіцца, як маку зярняты, —
За што мне за першым наказам
Дасьцё ўсе сыноў у салдаты.
Ні
гістарычна, ні псыхалягічна царскія дары ня могуць быць суаднесеныя з палітыкай царызму, для
якога не існавала ніякіх нацыянальных правоў і які не рабіў нічога, што можна
было-б успрыняць як раздачу дароў: ён не прызнаваў ні за адным з народаў
расейскай дзяржавы нават права на нацыянальны назоў, так, прыкладам, Беларусь
пад царызмам была вядомая як „Паўночна-Заходні край”. Бессумлеўна, Купала меў
на ўвазе Савецкую Расею, якая запраўды „падаравала” народам іхныя землі,
стварыўшы быццам-бы „незалежныя” нацыянальныя рэспублікі, на самой справе — яшчэ менш самастойныя эканамічна і яшчэ
больш інтэнсыўна эксплюатаваныя. Ня дзіўна, што й гэты верш быў забаронены
цэнзурай у 1932 годзе й ня трапіў у Купалаў „Збор твораў”.
Сярод
Купалавых твораў 1926 году ёсьць невялікая група вершаў, аб’еднаных агульным
матывам крытычнай ацэны розных пакаленьняў ягонага роднага народу. У двух з
гэтых вершаў пад агульным назовам „Два сьветы”
фігура Дзеда сымбалізуе старэйшае, аджылае пакаленьне, а фігура Ўнука
— новае, маладое пакаленьне. Дзед — гэта
традыцыйны для Купалы і іншых адраджэнцаў вобраз, у якім увасоблены філязофія й
псыхалёгія пакоры, цярпеньня, „непраціўленьня”; Купала выносіць яму той самы
прысуд, якім заўсёды завяршалася ў яго распрацаваньне гэтага вобразу. Дзеду,
асуджанаму на жабрацтва, Купала супрацьстаўляе Ўнука, чалавека новага
пакаленьня — дзейнага, непакорнага, што ня спыніцца нават перад
узброеным супрацівам. Крыху іншага чалавека новага пакаленьня паказвае Купала ў
другой пары вершаў пад назовам „Піянерскае”. Хоць
ён і сябра бальшавіцкай юнацкай арганізацыі й выхаваны ў ідэі падтрымкі яе, ён
выказвае гатоўнасьць ісьці на абарону свабоды й нацыі. Нават ягоная канцэпцыя
бальшавіцкага бязбожжа гучыць двухсэнсоўна: Я ня толькі ваяваць проць багоў,
— нават чорта ганяць зь Беларусі заўсёды гатоў.
Асаблівую
ўвагу зьвяртае Купала на сваё пакаленьне, якое знаходзіцца між „дзядамі” і
„ўнукамі”. У вершы „І прыйдзе” ён
ставіць сваё пакаленьне перад непадкупным судом наступных генэрацыяў, перад
судом гісторыі. А суд гісторыі цяжкі! І вельмі паказальны пералік
магчымых абвінавачаньняў, якія непакояць паэту:
...ці мы сумленна
Жыцьцё прайшлі, ці чарада
Зьняваг мінулых нас ня зьела,
Пакінуўшы свой дым і чад,
І мы па-даўнаму нясьмела
Жылі ня ў лад і неўпапад?
Ці аб свой гонар дбайна дбалі
І дабравольна, без прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Ня несьлі ў петлі дум і рук?
І ці пакінуці на памяць
Мы песень гэтакіх змаглі,
Зь якіх-бы можна было ўцяміць,
Што мы свабоднымі былі ?..
І яшчэ больш
паказальна, што паэта не шукае апраўданьня свайму пакаленьню, ён з горыччу
прызнае справядлівасьць абвінавачаньняў:
Што нейкі з нас хоць быў ня зломак,
А плечы гнуў у крук ня раз;
Ня йшоў з адкрытымі вачыма
У сьвет і сьцежкі не прастаў,
А ўсёй магчымасьці магчымай
Таптаў сьляды, сябе таптаў.
Асаблівую
цікавасьць сярод Купалавых твораў гэтага пэрыяду мае верш „Маладая ачуняла”, якім
паэта завяршае лірычны цыкль, выдрукаваны ў „Полымі”. Тут Купала вяртаецца да
аднаго са сваіх улюбёных вобразаў — заручанай дзяўчыны, якая сымбалізуе „Маладую
Беларусь”. Маладая, як і ў „Безназоўным”, засмучаная, яе смутак — па
тым адсутным „ненаглядным”, які бажыўся з усёй сілы, што йшчэ вернецца да
мілай, прынясе здароўе, шчасьце і ня дасьць ён ёй прапасьці. Спагадлівыя
суседзі й суседкі ўжо зьбіраюцца хаваць безнадзейна хворую ад тугі маладую,
але яна ўсё яшчэ жывая на дзіва суседзям. А на трэці дзень навіна: той
прыехаў да дзяўчыны, каго так чакала, дбала... Маладая ачуняла. У вобразе
чаканага суджанага можна ўбачыць алегарызацыю адноўленай у адпаведнасьці з
фантастычным „мангольскім праектам” сувэрэннай беларускай дзяржаўнасьці.
Так
выглядаюць характэрныя мамэнты апошняга Купалавага выбуху апазыцыйнасьці.
Савецкая крытыка сустрэла Купалавыя творы 1926 году поўным маўчаньнем; як ужо
адзначалася, у наступныя гады цэлыя вершы і асобныя мясьціны ў іх былі проста
забароненыя цэнзурай.
Калі
росквіт „нацыянальнага НЭП’у” выклікаў такі ўздым у творстве Янкі Купалы, то ня
менш значны ўплыў ён аказаў і на маладых пісьменьнікаў. Найбольш выразнай
вонкавай праявай гэтага ўзьдзеяньня быў раскол „Маладняка” ў травені 1926 году
і адпадзеньне „ажыўленцаў”, якія стварылі сваю асобную арганізацыю пад назовам
„Узвышша”. Раскол „Маладняка” быў абумоўлены прынцыповай рознасьцю пазыцыяў
дзьвюх маладзёжных літаратурных плыняў — „бурапенства” і „ажыўленства”. Гэтую
дваістасьць „Маладняка” прызнавалі й некаторыя нацыянал-камуністычныя крытыкі,
прыкладам, Зьміцер Жылуновіч, на думку якога, „фактычна несуцэльнасьць ідэёвага
настрою ў думках і творчасьці маладнякоўцаў адмячалася з самага пачатку
існаваньня “МаладнякаЖ. Каб толькі выключна гэта ляжала ў аснове арганізацыі,
то, зразумела, апошняя не дацягнула-б у цэласьці да вясны 1926 году. Але паміма
ідэёвых кірункаў перад “МаладнякомЖ стаялі заданьні выяўленьня маладых сіл
беларускай літаратуры, пераацэнка яе спадчыны й пашырэньне арэны яе чыннасьці”.
Бальшыня афіцыйных крытыкаў разглядала выхад „ажыўленцаў” з „Маладняка” як
„дыфэрэнцыяцыю”, што высьпявала ў межах адзінай спачатку арганізацыі й пачалася
задоўга да фармальнага расколу. Можна пагадзіцца з крытыкам Алесем Сянькевічам,
які лічыў, што храналягічна распад садружнасьці між „бурапенствам” і
„ажыўленствам” можна зьвязаць з датай выхаду зборніка вершаў Уладзімера Дубоўкі
„Трысьцё” з уступным артыкулам Адама Бабарэкі.
„Трысьцё”
— другі зборнік маладога паэты — выйшаў летам 1925 году і
адкрываўся вершам „Не дзівіся”, дзе
фармулявалася й разгортвалася асноўная ідэя „ажыўленства” ў супрацьстаўленьні
філязофскім ідэям адраджэнства. Ідэю жыцьцяздольнасьці й жыцьця як руху Дубоўка
паглыбляе і ўдакладняе цяпер новымі мамэнтамі змаганьня й прагрэсу. Не
дзівіся: ніколі на сьвеце без змаганьня жыцьцё не дынаміць, — дэкляруе ён у першым-жа
радку верша. Пісьменьнікі-адраджэнцы таксама верылі, што жыцьцё складаецца з
руху й змаганьня, але яны, як паказаў праф. М.Піятуховіч,
бачылі прагрэс як „адвечны кругаварот у сабе замкнёных кол”, пры якім у
гісторыі чалавецтва няма паступовасьці, а ёсьць толькі бясконцае паўтарэньне.
„Ідэя ня новая ў філязофіі гісторыі: яна, як вядома, была разьвіта яшчэ
Джанбатысто Віко, у нашы часы — адноўлена Шпэнглерам і іншымі”.
Што такога! — і зоры сьвецяць,
і зямля, як была, пад нагамі...
Бабілён, Эгіпэт, Фінікія
ці ня дыхалі тым самым паветрам?
Бамбукі і лотасы ў гімнах маўклівых...
Мы ў сасоньніку ці пад паветкай.
І адвечная казка сьціскала
міліённыя грудзі народаў.
Хваля мкнецца імпэтна на скалы
і назад адыходзіць заўсёды...
Такой
адраджэнскай канцэпцыі малады паэта супрацьстаўляе ідэю паступальнага прагрэсу,
няхай не заўсёды простага, але нязьменнага й няспыннага „ўзвышэньня”.
Прыпусьціцца ў даліну з узвышша,
каб узьняцца ізноў, і — вышай!
— так
канчаткова фармулюе ён тут вызначальны ідэйны дэвіз сваёй плыні. У пляне
эстэтычным узьняцца ізноў — і вышай азначала патрабаваньне
выключнай увагі да мастацкай якасьці твораў. Гэтая формула з таго часу лягла ў
аснову праграмы „ажыўленскага” руху, а слова „ўзвышша” сталася найменьнем
новастворанай арганізацыі, літаратурная-ж плынь „ажыўленства” атрымала назоў —
„узвышэнства”.
Ужо
само патрабаваньне ад літаратуры ўзьняцца з далін на ўзвышша было
апазыцыйным, бо пярэчыла афіцыйнай партыйнай лініі. Нездарма З.Жылуновіч у
аглядзе „Літаратурныя падзеі ў 1926 г.” пісаў: „Узвышэнцы, безумоўна, маюць
вострыя ўхілы ў бок ад грамадзкіх сучасных матываў. Я.Пушча і Ў.Дубоўка ня ў
меру шчыра трымаюцца пустое й хілкае плыні, якая точыць маладую расейскую
літаратуру, плыні фармалізму. Захапленьне сухою вобразнасьцю немінуча
прыводзіць да выветрываньня ня толькі рэвалюцыйнай ідэялёгіі, а і ўсякага
зьместу... Іншая справа, калі мы знаёмімся з абгрунтаваньнем ідэёвай пляцформы
самымі ўзвышаўцамі. Тут запраўды няздорава. Да прыкладу, А.Бабарэка, як
тэарэтык узвышаўцаў, выказвае такі пагляд на літаратуру: “У беларускім прыгожым
пісьменстве ёсьць розныя творы. І гэта ад таго, што ня ўсякі пісьменьнік
імкнецца даць мастацкі твор, а часта кіруецца ўсякімі пабочнымі патрэбамі ці
інтарэсамі таго ці іншага дня або тэй ці іншай грамады людзей, якую ён выражае
ў пісьменствеЖ. Думка ясная — прэч усякую рэвалюцыйнасьць, усякую
пралетарскасьць, а падавай агульналюдзкасьць, надклясавасьць і запраўды
“мастацтва для мастацтваЖ”.
Гэтым
не абмяжоўвалася апазыцыйнасьць зборніка „Трысьцё”. Верш „Абяруч прыціснуў скроні”,
датаваны яшчэ 1924 годам, — водгук на Купалаву паэму „Безназоўнае”,
выдрукаваную ў тым самым годзе. Але наколькі Дубоўкаў верш больш бязьлітасны й
пэсымістычны! Тут не засмучоная нявеста, як у Купалы, тут пагалоска
дзіка звоніць, як аб згвалчанай дзяўчыне, тут змрочны пагляд на мінулае й будучае: што было, што будзе — гэта кайданы жабрацкай
долі. І просты выпад супраць існуючага ладу:
Прылажы да долу вуха:
аж зямля дрыжыць і стогне.
Скогат, скарга, скелзы скрухі
дасталіся нам сягоньня.
Падхопленая
Дубоўкам ад адраджэнцаў нацыянальная апазыцыйнасьць яскрава выразілася ў
невялікай паэме „Грахі чубатыя”, якая замыкае зборнік. Паэма адначасна і
лірычная, і эпічная. Форма яе арыгінальная, створанаясамім Дубоўкам і названая
Бабарэкам — „дзеяпесьняй”. У гэтай паэме Дубоўка паказвае гісторыю
Беларусі апошніх стагодзьдзяў як шэраг зьмен панаваньня адных чужанацыянальных
акупантаў другімі, кожны зь якіх называе сябе „вызваліцелем”, „збавіцелем” і
„ахоўнікам” народным.
Не было такога здарэньня,
каб на Беларусі ня плакалі.
Абяцалі ўсе
збавеньне,
а цкавалі ўсе
сабакамі.
Кожны лічыць,
што робіць ласку.
А ты —
дзякуй
і
далонямі пляскай.
Так
пачынаецца паэма. І гэтыя радкі асабліва вылучае савецкі філёзаф С.Я.Вальфсон,
які адчуў тут „абурэньне са скрыгатам зубоўным” ні многа ні мала, як „будаўніцтвам
сацыялістычнай беларускай культуры”.
Запраўды, Дубоўкаў гнеў супраць усіх гістарычных „збавіцеляў” і „дабрадзеяў”
Беларусі выказваецца тут такімі словамі, такімі дэталямі, што выклікаюць
трывалыя асацыяцыі з тыповымі для савецкага часу ўстанаўленьнямі й
патрабаваньнямі („дзякуй”, „далонямі пляскай”). У наступных радкох паэта
акрэсьлівае сваю пазыцыю, скіраваную супраць звычнай і ўжо блізу традыцыйнай
для савецкай паэзіі тэндэнцыі ўсхваленьня ўсялякіх пастановаў і дзеяньняў
бальшавіцкай партыі й савецкага ўраду.
А я —
ня буду туркаць,
каб некаму
сны прыгожыя сьніліся.
Кампазыцыйна
паэма „Грахі чубатыя” пабудаваная па схэме двух скрыжаваных паралелізмаў —
паралелізм у часе (паміж мінулым і сучасным) і паралелізм у прасторы (між
акупацыяй з захаду і акупацыяй з усходу). Зь мінулага Дубоўка выбірае другую
палову ХВІІ стагодзьдзя, час, адзначаны змаганьнем беларускага народу з
акупацыяй і наездамі ягоных заходніх і ўсходніх суседзяў. Увага паэты
канцэнтруецца на дзьвюх гістарычных постацях: кіраўніка так званага
„Крычаўскага паўстаньня” Івана Вашчылы і аднаго з арганізатараў партызанскага
руху супраць акупацыі Беларусі войскам маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча —
Пярвушкі Шэршня. Шэршань, беларускі партызан, не схіліўся перад царскай
Масквой і стаўся гістарычна першым беларускім выгнанцам, высланым царом за
Урал.
У чужой старане і сонца ня там,
дзе на бацькаўшчыне, узыходзіць.
Ніколі вам душу не прадам,
не нагула я, ня злодзей.
З сучаснасьці
Дубоўка выбірае постаць беларускага селяніна зь Нясьвіжу Станіслава Дразда, які
адсек сабе чатыры пальцы на руцэ, пратэстуючы супраць тэрарыстычных акцыяў
польскіх акупантаў.
Руку на калоду,
сякерай вострай...
Чатыры пальцы —
вам.
Паэта выказвае
трывожнае прадчуваньне, што і яму самому
Хто ведае,
можа прыйдзецца калі-небудзь
сьмерць паклікаць,
як душу сваю
ў песьнях раздам.
Лінія нацыянальнай
апазыцыйнасьці, распачатая Дубоўкам у зборніку „Трысьцё”, разьвіваецца ім далей
у паэме „Там, дзе кіпарысы” (напісаная 19-21 лютага 1925; выйшла ў травені
1925) і зборніку „Цредо” (выйшаў у пачатку 1926). У паэме, выкарыстоўваючы
ўпершыню прыём „пераапрананьня” (гл. частку І гэтай працы), паэта выказваецца
супраць тагачаснага імкненьня да эміграцыі заходніх беларусаў у Савецкі Саюз.
Нават у такіх, здавалася-б, райскіх
куткох, як там, дзе кіпарысы, паказвае
Дубоўка, кожную драбніцу прыгажосьці даводзіцца браць з бою й нярэдка
аплочваць жыцьцём. Паэта заклікае шукаць і ствараць прыгажосьць у сябе на
бацькаўшчыне ў змаганьні за аднаўленьне цэласьці й свабоды роднай краіны шляхам
таго „ўсебеларускага паўстаньня”, у якое тады яшчэ верылася, як у нейкае
„зьліцьцё як выйсьце”.
У зборніку „Цредо”
Дубоўка зноў падчырквае сваю апазыцыйную й незалежную пазыцыю ў дачыненьні да
бальшавіцкай „генэральнай лініі”. Ня хоча Ўладзімер Дубоўка сьпяваць пад
зазубраны лёскат, — заяўляе ён у вершы
„Часіна ды з сокам рабіны”.
Чаму ня так, як сэрца хоча, просіць: наадварот і
супаратнасьць скрозь, — выгуквае паэта ў
другім вершы („Паляжам мы”);
вельмі многа крыўды, вельмі мала слоў, —
горка скардзіцца
ён у „Апошняй песьні”, вершы, які
выклікаў хвалю і дадатных і адмоўных водгукаў шмат якіх
паэтаў-маладнякоўцаў (Анатоля Вольнага, Алеся Гурло, Міхася Дуброўскага і
інш.).
... Я сказаў аднойчы:
больш не дакрануцца пальцы мае струн.
І пайду да мэты, сьцяўшы зубы, моўчкі
і назад ня гляну...
Зьмест пераважнай
бальшыні вершаў зборніка „Цредо”
складаюць нацыянальныя ідэялы.
І не прашу я ад жыцьця замнога:
хай Беларусь, мой занядбаны край,
напорным крокам ідзе сваёй дарогай:
на ўсходзе ясныя агні гараць.
(„Сьцежка”)
Далёкае мы любім надта,
чужыншчыне паклоны ўдол.
А хто успомніць нашы хаты
за нізьзю ціхіх кволых слоў.
Паэты гімны ўсім складаюць,
а беларусам — пушча, гай.
Мая краіна дарагая,
ты прабачала — выбачай.
(„Далёкае мы любім надта”)
Карацей кажучы, — усяго ставала:
і крові, і сьлёз, і геройства.
Але спадчына чарнасоценнага цемрашалу
ўрасла ў беларускія землі глыбока і войстра.
(„Пачынаецца з гісторыі”)
Дубоўкава „цредо” — гэта вера ў жыцьцяздольнасьць беларускага народу і
асабліва самабытнай народнай беларускай культуры. Цымбаламі гукі крышталяць,
і іх не заглушыць гармонік, — так вобразна
фармулюе паэта сваё бачаньне перамогі нацыянальнага над наноснымі чужымі
ўплывамі, над тым „гармонікам”, які яшчэ Ясакар-Бядуля назваў „распустай” і
„падарункам маскаля”, а „бурапенцы”, наадварот, зрабілі сваёй эмблемай.
Зборнік „Цредо”
завяршаецца аптымістычнай нотай: Няхай і пыл цярушыцца над намі, ня спыніць
ён напружную хаду. Нас перашкоды – цягам спатыкалі, шляхі да мэты як вялі — вядуць („Лірыкай і канчаецца”). Гэта
тэма заўсёднай прысутнасьці перашкодаў
і іх пераадоленьня, у якіх дух расьце і якія вучаць змагацца,
пасьлей становіцца найбольш улюбёным матывам апазыцыйнай музы паэты.
Адначасна са
зборнікам „Цредо” Ўладзімера Дубоўкі выйшла кніжка вершаў Язэпа Пушчы „Віта”,
прасякнутая ў асноўным тымі самымі настроямі. Пушча таксама ня хоча быць
званком... і рогату і плачу („Жыцьцё”). Ён таксама не любіць удагонку
імчацца па выбітых сьцежках ідэй („Не
сядзець мне з хлапцамі”) і хоча толькі для Беларусі мілай радасьць
дзён насіць („Я для Беларусі
мілай”). У Пушчы тая
самая ідэя прагрэсу: Ідзем мы за сталецьцем у сталецьце, — адзін закон
зьмяняецца другім („За сталецьцем у сталецьце”),
тая самая вера ў моц самабытнай беларускай народнай культуры зь яе цымбаламі
і дудамі, у тое, што не абвіе
ўжо болей іней маўклівасьцю тваіх крыніц. („Я для Беларусі мілай”). Абодва паэты — і Ўладзімер Дубоўка, і Язэп Пушча — былі адзінымі ў сваім
асэнсаваньні мінулага, сучаснага й будучага Беларусі, і творы абодвух
адлюстроўвалі тыя ідэялягічныя мэты, якія сталіся падставай разрыву з
„бурапенствам”.
Тымчасам „бурапенцы” поўнасьцю прынялі афіцыйны пагляд на літаратуру,
як „сродак культурнага й палітычнага ўплыву на масы”. Калі „ажыўленцы”
імкнуліся „вышэй”, „да ўзвышшаў”, „бурапенцы” абмежаваліся выкананьнем
дырэктываў партыі, несучы „палітычную асьвету” й прапаганду ўніз да масаў.
Рознасьць паміж дзьвюма плынямі выкрышталізавалася, і разлом унутры „Маладняка”
стаўся няўхільным.
Тым, хто меў асабісты кантакт з удзельнікамі гэтага разлому, добра
ведамая ягоная закулісная гісторыя. Паколькі гэта гісторыя ніколі не
асьвятлялася ў друку, ёсьць сэнс спыніцца на ёй тут больш-менш падрабязна. Ужо
ўвосень 1925 году, неўзабаве пасьля выхаду зборніка „Трысьцё”, Уладзімер
Дубоўка ўсьведаміў неабходнасьць разрыву з „Маладняком” і ўтварэньня новага
літаратурнага згуртаваньня, якое-б аб’яднала „ажыўленцаў”. Першым далучыўся да Дубоўкі празаік Міхась Зарэцкі,
што крыху пасьлей, але зусім незалежна прыйшоў да гэткага самага выснаву.
Абодва пісьменьнікі пачалі шукаць аднадумцаў і адразу знайшлі іх у асобах Язэпа
Пушчы й Нічыпара Чарнушэвіча. Арганізацыйныя захады ініцыятараў новага
згуртаваньня прыцягнулі ўвагу партыйцаў, і пачаліся спробы пасварыць
„змоўнікаў” міжсобку. Гэта часткова ўдалося, але Дубоўка й Пушча ня толькі
засталіся сябрамі, яны нават яшчэ больш зблізіліся й не выракаліся ўжо
задуманага. Ім удалося перацягнуць на свой бок крытыка Адама Бабарэку, хоць той
спачатку й стараўся пагадзіць абодва бакі.
Дубоўка, Пушча й Бабарэка дзейнічалі больш асьцярожна, чым першыя
„змоўнікі”. А тут яшчэ падахвоціў іх і
прэцэдэнт з украінскім літаратурным згуртаваньнем „Ваплітэ” (Вільна академія
пролетарськоª літератури), заснаванае ў сьнежані 1925 году пасьля аналягічнага
разлому на асновах, блізкіх да нашага „ажыўленства” сваімі апазыцыйнымі й
нацыяналістычнымі тэндэнцыямі, як і некаторымі мастацкімі пошукамі. Гэты
ўкраінскі прыклад падштурхнуў іншых, і штораз больш і больш пісьменьнікаў
далучалася да першае „тройкі”. Між іх — празаік Кузьма Чорны, сатырык Кандрат Крапіва, драматург Васіль
Шашалевіч і чарада маладых паэтаў „Маладняка”, што тады былі студэнтамі, — Паўлюк Трус, Пятро Глебка,
Максім Лужанін, Сяргей Дарожны. 25 сакавіка 1926 году (на ўгодкі беларускай
нацыянальнай незалежнасьці) было дасягнута канчатковае пагадненьне пра выхад з
„Маладняка”, і праз два дні (каб не прыцягнуць увагі да „контррэвалюцыйнага”
характару даты) было заяўлена пра жаданьне заснаваць новае літаратурнае
згуртаваньне. Дэклярацыю падмацоўвалі адпаведныя „Тэзісы”, выпрацаваныя за
лічаныя дні „тактычнага” чаканьня.
Хоць разлом адбыўся ў часе параўнальна лібэральнага пэрыяду,
ажыцьцяўленьне такое пастановы не было лёгкім. Справа пайшла аж у ЦК КП(б)Б,
дзе яна „вывучалася” каля двух месяцаў. Найбольшай перашкодай было тое, што
новае згуртаваньне ня мела ў сваім складзе ніводнага партыйца і ўсяго аднаго
камсамольца — Паўлюка Труса, які, аднак, ня быў асабліва актыўны ў камсамоле ды ня
меў належнага стажу ў ім, каб уважацца за надзейнага. Зразумела, што выхад
гэтае групы з „Маладняка”, інфільтраванага й нават ачольванага партыйцамі й
камсамольцамі, выглядаў непажаданым, а стварэньне ёю сваёй арганізацыі без
нагляду пільнага партыйнага „вока” — і пагатоў. Ізноў былі пушчаныя ў ход агенты, якія стараліся пасеяць
нязгоду і перакананьнем, і нават пагрозамі, але гэтым разам бяз посьпеху.
Нарэшце ў канцы травеня 1926 году „ажыўленцам” дазволілі пакінуць „Маладняк” і
заснаваць сваё літаратурна-мастацкае згуртаваньне „Ўзвышша” згодна з
выпрацаванымі „Тэзісамі”. Для кантролю ЦК прыставіў аднаго са сваіх урадаўцаў
да новай арганізацыі, накшталт „камісара” — Алеся Сянькевіча, які пасьлей спрабаваў сябе ў
літаратурнай крытыцы.
Пакуль ЦК „вывучаў пытаньне”, жаданьне далучыцца да групы выказаў
пісьменьнік-адраджэнец Зьмітрок Бядуля й быў горача вітаны заснавальнікамі.
Былі спробы прыцягнуць да новага згуртаваньня Янку Купалу, паколькі ў значнай
ступені цэлая плынь эвалюцыянавала зь ягонага творства. Купала быў вельмі
высокай думкі пра Дубоўку. Ён нават сказаў маладому паэту пры першым спатканьні:
„Я толькі Дзяржавін; ты — Пушкін”, маючы на ўвазе, што ён бачыць сябе папярэднікам Дубоўкі,
якому наканавана стаць клясыкам беларускае літаратуры. Такая высокая ацэна
выклікала тады зайздрасьць у іншых маладых паэтаў, і яны ўсяляк стараліся
настроіць Купалу супраць Дубоўкі. Гэта ня выйшла, але ўсё-такі ўдалося
наставіць супраць Дубоўкі Купалаву жонку. Яе ўплыў на мужа ў справах практычнае
палітыкі быў вызначальны, яна й перашкодзіла Купалу далучыцца да новага
згуртаваньня.
У газэтах, якія абвяшчалі афіцыйнае заснаваньне новага згуртаваньня,
быў зьмешчаны й ліст аб выхадзе зь яго-ж, пры самым ягоным заснаваньні,
адзінага камсамольца — Паўлюка Труса, на якога быў зроблены адпаведны ціск. Адначасна былі
апублікаваныя таксама лісты паэтаў Нічыпара Чарнушэвіча і Анатоля Вольнага аб
іхным выхадзе з „Маладняка”. Чарнушэвіч не далучыўся да „Ўзвышша”, бо ў выніку
махінацыяў тых, што імкнуліся не дапусьціць „змовы”, узьніклі нацягнутыя
дачыненьні паміж ім і заснавальнікамі „Ўзвышша”; спрабаваў далучыцца Вольны,
выразны агент-інфарматар і правакатар, але яго не прынялі.
Перад тым, як „Узвышшу” ўдалося апублікаваць свае „Тэзісы”, яно мусіла
выдаць адмысловы даўгі „Камунікат”, які выясьняў становішча згуртаваньня ды
меўся разагнаць сумлевы й падазрэньні што да гэтае „схізмы”. „Камунікат”,
друкаваньне якога было таксама зацягнутае афіцыйным разглядам, быў апублікаваны
15 сьнежаня 1926 году ў газэце „Савецкая Беларусь” (перадрукаваны потым ва
„Ўзвышшы”). Адным з асноўных пунктаў гэтага камунікату было
супрацьстаўленьне масавых тэндэнцыяў „бурапенства” (што трымалася афіцыйнае
лініі) запраўднаму мастацкаму творству. „Мы заяўлялі, што грамадзкі й
палітасьветны ўхіл літаратурных згуртаваньняў, які быў нармальным у мінулыя
гады, у кругабезе агітацыі за разьвіцьцё беларускае культуры, страціў сваю
мэтазгоднасьць. Сучасны момант патрабуе дыфэрэнцыяцыі: палітасьвета — да палітасьветных устаноў, — казалася ў „Камунікаце”, — літаратурныя згуртаваньні — да разьвіцьця літаратуры”.
„Тварыце публіцыстыку, маладнякоўцы, калі няма здольнасьці тварыць мастацтва.
Магчыма, што публіцыстыка й заменіць мастацкія творы. У даным выпадку — мы вашымі спадарожнікамі ня
будзем”.
Крытыкі „Камунікату” адразу заявілі, што гэтая мясьціна працягвае
лёзунг „мастацтва для мастацтва”, — і запраўды, абедзьве формулы выстаўлялі патрабаваньне пэўнае
незалежнасьці мастацтва. Аднак „Камунікат” таксама заяўляў, што першы абавязак
літаратуры — гэта „выхаваньне новага
чалавека-грамадзяніна”. Гэты лёзунг таксама атакавалі, і не бяз рацыі, як
лёзунг „бясклясавае літаратуры”. Пэўна-ж, лёзунг гэты быў апазыцыйным супраць
афіцыйнае тэзы „палітычнага выхаваньня масаў”. Аднак пункт гэты быў вельмі
важны для аўтараў „Камунікату”, бо быў зьвязаны ў іхным разуменьні з асноўнай
ідэяй прагрэсу —узвышэньня.
„Тэзісы да пытаньня
аб утварэньні “Ўзвышша“„, хоць і напісаныя раней, не маглі быць апублікаваныя
аж да пачатку 1927 году, калі яны зьявіліся ў першым нумары органу згуртаваньня
часапісу „Ўзвышша”. Яны былі датрыманыя больш
у акадэмічным стылі, але ў некаторых мясьцінах мелі й палемічны тон. Пачыналіся
„Тэзісы” падрабязным гістарычна-літаратурным аналізам адраджэнства, пасьля чаго
пераходзілі да аналізу тагачаснага становішча ў беларускай літаратуры. У гэтым
аналізе ўпершыню публічна канстатавалася існаваньне дзьвюх супрацьлежных літаратурных
плыняў — „бурапенства” і „ажыўленства” —
ды фармуляваліся іхныя асноўныя адрозьненьні.
Пяты тэзіс
супрацьстаўляў дыдактычнай надзённай літаратуры „бурапенцаў” мастацкія мэты
новага згуртаваньня, што імкнулася стварыць сваё собскае мастацтва на базе
багатае культурнае спадчыны й вывучэньня сучаснага жыцьця. „З аднаго боку — факт бурапеннай, самагоннай творчасьці, або
“нравоучительнойЖ і “протокольнойЖ творчасьці службовай, казённай радасьці,
выяўляе сабою ў літаратурным руху тэндэнцыю адмаўленства. Гэтая плынь выражае
зданьне аб непатрэбнасьці для пралетарыяту й сялянства апанаваньня культурнымі
каштоўнасьцямі спадчыны і ўтварэньня свайго мастацтва, даючы ўзамен гэтага
літаратурныя прысмакі, забелку або прыстрахі з мэтай вырашэньня надзённых асабістых
задач і задавальненьня сваіх асабовых (паэты ці пісьменьніка) інтарэсаў.
З другога боку — факт творчасьці, якая імкнецца да выражэньня й
фармаваньня дыялектычна-матар’ялістычнага сьветапагляду й да стварэньня
культурна-мастацкіх каштоўнасьцяў на падставе апанаваньня народнай творчасьці,
дасягненьняў мастацтва мінулага й канкрэтнага вывучэньня сучаснасьці, выяўляе
сабою тэндэнцыю ажыўленства. Гэтая плынь, што выявілася ў арганізаваньні
згуртаваньня “ЎзвышшаЖ, выражае думку аб тым, што беларускаму пралетарыяту й
сялянству патрэбна мастацтва ня менш, як якой-бы там ні было буржуазіі”.
Няма чаго й казаць, што гэтае апазыцыйнае сьцьверджаньне было скіраванае
супраць тых сілаў, што стаялі за плячыма „бурапенцаў” —
супраць самых бальшавікоў.
Шосты тэзіс заяўляў,
што „мастацтва павінна быць узвышшам”. Гэтая ідэя ўзвышэнства праходзіць праз
усе наступныя тэзісы: „Ня оды й гімны складаць пра ўзвышша, тварыць узвышша
ўласнымі сіламі” — гэткі асноўны
лёзунг ставілі перад сабой тут узвышэнцы.
Восьмы тэзіс сьцьвярджаў,
што „магчымасьць утварэньня ўзвышша беларускай мастацкай літаратуры мысьліцца
цераз: а)культуру беларускае мовы; б)жыцьцёвую сымболіку мастацкага твора;
в)яго канцэнтрацыйную вобразнасьць; г)дынамічнасьць кампазыцыі; д)беларускую
жанравасьць; е)адзінства творча-мастацкае ідэі; ж)разнастайнасьць фармальных
рэальнасьцяў;
з) аквітызм, як тую імклівасьць, якою прасякаецца мастацкі твор у сваім ідэяле
й праз гэтае ажыўляе патрачаную на змаганьне з прыгнётам пануючых клясаў і
нацый энэргію працоўнага люду на творчасьць вялікага й прыгожага жыцьця”.
Дзявяты тэзіс сваім
заключным лёзунгам заклікаў да стварэньня беларускае літаратуры як узвышша,
„якое ўгледзяць вякі й народы”. Гэтак новае згуртаваньне працягвала й
разьвівала ідэю новага адраджэньня, вызначаную калісь Максімам Багдановічам і
падхопленую Янкам Купалам.
Было-б недакладным
разглядаць „Узвышша” як зьяву характэрную вылучна беларускай літаратуры. У часе
НЭП’у падобныя плыні паўставалі па ўсім Савецкім Саюзе і ў расейскай і ў
нерасейскіх літаратурах. Ужо прыгадвалася згуртаваньне „Ваплітэ” на Ўкраіне. У
расейскай літаратуры было блізкае да „Ўзвышша” паводле сваіх мэтаў і духу
згуртаваньне „Перевал”. Адмысловая „Дэклярацыя” „Перевала”, апублікаваная ў
1927 годзе, фармулявала тую самую ідэю „ўзвышэньня”, або прагрэсу, і
сьцьвярджала той самы супраціў стандартызацыі й прымітывізму афіцыйнае
„масавае” літаратуры.
Але „Дэклярацыя” „Перевала” не магла ўплываць на „Тэзісы” „Ўзвышша”, бо яна
зьявілася пасьлей; абодва дакумэнты выражаюць толькі падобную рэакцыю супраць
афіцыйнага становішча ў дачыненьні да літаратуры —
рэакцыю, выкліканую падобнымі абставінамі. Пра блізіню двух літаратурных
згуртаваньняў сьветчыць і той факт, што пасьля адзін з паэтаў „Перевала”,
Эдуард Багрыцкі, перакладаў вершы ўзвышэнцаў Дубоўкі й Пушчы.
Беларускія
савецкія літаратурныя часапісы „Маладняк” і „Полымя”, а таксама газэты адразу
байкатавалі пісьменьнікаў „Узвышша”. Выняткам быў адзін „Чырвоны Сейбіт” — літаратурны дадатак да сялянскае газэты „Беларуская вёска”. Аднак тут
не было шмат поля да разьвіцьця з прычыны абмежаванага кола чытачоў, а таксама
з прычыны малога памеру й рэдкага выхаду дадатку. Нарэшце старшыня Савета
Народных Камісараў БССР выдзеліў невялікую субсыдыю са свайго собскага фонду, і
згуртаваньне заснавала свой „таўсты” часапіс „Узвышша”, першы нумар якога
выйшаў у студзені 1927 году. З прычыны абмежаваных рэсурсаў рэдактары працавалі
бяз платы, і на працягу ўсяго першага году сябры згуртаваньня ня бралі ганарару
за свае творы, зьмешчаныя ў часапісе. Але колькасьць падпішчыкаў узрастала так
шпарка, што тыраж „Узвышша” неўзабаве перавысіў тыражы раней заснаваных
„Маладняка” й „Полымя”. „Узвышша” атрымала фінансавую незалежнасьць, што
сьветчыла пра зацікаўленасьць часапісам, выдаваным вольнай ад партыйных сувязяў
арганізацыяй, незалежнай і нават апазыцыйнай да афіцыйнае палітыкі.
[ працяг ]