БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Антон Адамовіч, Творы

Частка ІХ
Далучэньне нацыянал-камуністаў
1927-1929

У той час, калі старонкі „Ўзвышша” поўніліся непакорным апазыцыйным творствам „узвышэнцаў”, важныя зьмены адбываліся на ўсім літаратурным фроньце Беларусі. І адбываліся яны ў асноўным пад уплывам „Узвышша”.

Пасьля выхаду „ажыўленцаў” з „Маладняка” і ўтварэньня імі „Ўзвышша” кіраўніцтва „Маладняка” ўзялося за рашучую „чыстку” шэрагаў сваёй арганізацыі. У выніку легендарная пяцісоценная лічба сяброў зьменшылася да шасьцідзесяці.[1] Раздражненая „чысткай” і спакушаная прыкладам „Узвышша”, яшчэ адна група маладых паэтаў пакінула „Маладняк” у травені 1927 году: Янка Бобрык, Алесь Звонак, Янка Туміловіч, Мікола Хведаровіч, Валеры Маракоў, Тодар Кляшторны, Ізраіль Плаўнік брат Зьмітрака Бядулі. Пад кіраўніцтвам Нічыпара Чарнушэвіча гэтая група арганізавала яшчэ адно літаратурнае аб’еднаньне „Пробліск”.[2] Сваёй накіраванасьцяй арганізацыя была „ажыўленскай”, але, як правільна зазначыў крытык Леў Клейнбарт, суадносілася з „Узвышшам”, як пэрыфэрыя ў процівагу ядру.[3] Нажаль, гэтай „пэрыфэрыі” не хапіла людзей з арганізатарскімі здольнасьцямі, як і ідэялягічных лідэраў, для яе сфармаваньня й разьвіцьця. У выніку аб’еднаньне ня выпусьціла ніводнага свайго выданьня.

Летам 1927 году „Маладняк” пакінула яшчэ адна група літаратурнай моладзі (Паўлюк Шукайла, Пятрусь Броўка, А.Атава, Янка Відук-Скрыган, Алесь Гародня, Макар Шалай, Рыгор Казак, У.Прыбыткоўскі), якая стварыла яшчэ адну новую літаратурную арганізацыю пад назовам „Літаратурная Камуна” й пачала выдаваць зь лістапада 1927 году свой часапіс „Росквіт”. Ейны назоў адлюстроўваў адзін з асноўных дэвізаў аб’еднаньня „літаратура й мастацтва як сродак росквіту жыцьця”.[4] „Літаратурная Камуна” камбінавала гэтую ідэю з камунізмам (хутчэй утапічным, чым бальшавіцкім) і „футурызмам” „лефаўскага” тыпу. Уласна кажучы, „Камуна” й была, перш-найперш, спробай стварыць беларускі ЛЕФ (Левы Фронт Літаратуры[5]) і культываваць „футурызм” у беларускай літаратуры. Арганізатарам і „правадыром” „Камуны” быў у пэўным сэньсе выдатны Павел (Паўлюк) Шукайла, палітычны эмігрант з Заходняй Беларусі, камуніст, тыповы „футурыст” у жыцьці, так-бы мовіць, „псыхалягічны футурыст”, але, нажаль, чалавек невысокай культуры й нават пісьменнасьці, а таксама вельмі абмежаваных паэтычных здольнасьцяў, што рабіла яго блізу графаманам. Арганізацыйнымі здольнасьцямі,  аднак, Шукайла валодаў дасканала, і гэтаму, галоўным чынам, заабавязана само ўзьнікненьне „Камуны” й больш эфэктыўная дзейнасьць яе, чым, прыкладам, „Пробліску”. Сярод іншых „літкомаўцаў” (або, як іх часта называлі, шукайлаўцаў) вылучаліся паэты У.Прыбыткоўскі найбольш таленавіты беларускі дасьледчык Уладзімера Маякоўскага, Пятрусь Броўка адзін з чаловых пісьменьнікаў БССР,  і празаік Янка Відук-Скрыган.

Новыя літаратурныя аб’еднаньні, ідэялягічна блізкія да „Ўзвышша”, выклікалі пагрозу ўтварэньня „ажыўленскага” літаратурнага фронту, апазыцыйнага афіцыйнай лініі й „Маладняку”, які ўвасабляў афіцыйную палітыку ў літаратуры. Гэтая пагроза непакоіла партыйнае кіраўніцтва, якое пачало шукаць сродкі для ўмацаваньня сваёй аслабленай пазыцыі ў літаратуры. Яно адчувала неабходнасьць у стварэньні сваёй ляяльнай і надзейнай агентуры ў літаратуры й даверыла фарміраваньне такой арганізацыі нацыянал-камуністам, найбольш дазнаным ва ўсіх беларускіх справах. Заданьне было ўскладзена на другога сакратара Цэнтральнага Камітэту Беларусі Язэпа Васілевіча, які даручыў яго выкананьне Жылуновічу-Гартнаму.

З.Жылуновіч пачаў фармаваць новую літаратурную арганізацыю вакол рэдагаванага ім ад самога заснаваньня (у 1922 годзе) часапісу „Полымя”. Перш-найперш, трэба было стварыць моцнае „партыйнае ядро”. Але з партыйцаў, апрача Жылуновіча і ягонага даўняга сябры празаіка Янкі Нёманскага (Пятровіча), у беларускай літаратуры дзейнічалі яшчэ тыя, што складалі „партыйнае ядро” й фактычнае кіраўніцтва „Маладняка”. Паколькі гэтае „ядро” аказалася такім слабым, што не магло спыніць развал „Маладняка”, было мэтазгодна кансалідаваць усе прапартыйныя сілы ў новым „ядры”. Такім чынам, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Андрэй Александровіч, Алесь Дудар-Глыбоцкі, Васіль Сташэўскі пакінулі „Маладняк” зімой 1927 году й далучыліся да Жылуновіча й Нёманскага ў арганізацыі новага аб’еднаньня „Полымя”. Гэтая акцыя афіцыйна расцэньвалася не як раскол „Маладняка”, але як пераход ягонага кіраўніцтва ў „Полымя”. Абезгалоўлены „Маладняк”, у якім яшчэ заставаліся менш вядомыя партыйцы-літаратары Мурашка й Барашка, павінен быў існаваць у якасьці арганізацыі маладых пісьменьнікаў пад крылом камсамола, дзеля чаго ён і быў першапачаткова арганізаваны. Рэфармаваны „Маладняк” разглядаўся рэфарматарамі як свайго роду „гадавальнік”, „школа кадраў” для „Полымя”.

Прэстыжнасьць і моц „ядра” „Полымя” ўзрасьлі, калі да яго далучыліся Янка Купала і Якуб Колас. Купала й Колас былі блізкімі да Жылуновіча-Гартнага з дарэвалюцыйных часоў, калі ён таксама належаў да нашаніўцаў-адраджэнцаў. Апрача таго, абодва яны выракліся сваёй былой апазыцыйнасьці і ўсё больш набліжаліся да афіцыйнай лініі. Якраз у той час, прыкладам, Купала выступіў зь лірычным цыклем да дзясятай гадавіны рэвалюцыі. Названы „З угодкавых настрояў”[6] (29 кастрычніка 1927 году), ён услаўляў рэвалюцыю, грамадзянскую вайну й „будаўніцтва сацыялізму”. Апанаваныя моцным „партыйным ядром”, абодва і Купала і Колас сталіся надзейнымі прыхільнікамі „сацыялістычнага будаўніцтва”. Іншыя пісьменьнікі-адраджэнцы далучыліся да „Полымя”, у іх ліку Алесь Гурло, даволі блізкі на той час сябра самога Жылуновіча, выцягнуты з „Пробліску”, Уладыслаў Галубок і Язэп Дыла (Назар Бываеўскі). Нарэшце прыхоплены быў яшчэ шэраг блізкіх і патрэбных асобаў: вядомы марксысцкі крытык прафэсар Міхайла Піятуховіч; паэта Міхайла Грамыка, што быў адным з заснавальнікаў „бурапенства”; нацыянал-камуніст драматург Алесь Ляжневіч; паэта Анатоль Вольны, які пакінуў „Маладняк” у час, калі фармавалася „Ўзвышша”, і іншыя. Так нарэшце ў сьнежані 1927 году было арганізавана „Полымя”, якое й сталася бальшавіцкай, а больш дакладна нацыянал-камуністычнай агентурай у беларускай літаратуры.

Як можна ўбачыць са спісу ягоных сяброў, „Полымя” аб’ядноўвала дзьве раней варожыя плыні: „адраджэнцаў” і „бурапенцаў”. Па сутнасьці, аднак, абедзьве групы эвалюцыянавалі з адной і той-жа ідэйна-мастацкай пляцформы, акрэсьленай Максімам Багдановічам у вядомай формуле „кароткага паўторнага курсу сусьветнай паэзіі”. „Бурапенцы” ўступалі ў літаратуру як малодшыя „адраджэнцы” й разышліся са старэйшымі толькі ў дачыненьні да Кастрычніка й розным разуменьні прынцыпаў „паўторнага курсу” яны арыентаваліся не на сусьветную паэзію, а на расейскую паэзію пасьлярэвалюцыйнага пэрыяду. Паколькі зьнікла разыходжаньне ў стаўленьні да рэвалюцыі, саюз дзьвюх групаў адбыўся зусім натуральна. У мастацкіх дачыненьнях „палымянцы” стаялі на нова-адраджэнскіх пазыцыях; у ідэялягічных на бальшавіцкіх, дакладней, нацыянал-камуністычных.

Такая сустрэча й зьліцьцё дзьвюх тэндэнцыяў, здавалася-б, забясьпечвала новай літаратурнай арганізацыі асаблівую трываласьць і ўстойлівасьць, а таксама эфэктыўнасьць у мастацкай рэалізацыі базавых ідэяў. Аднак ужо самыя першыя крокі новай арганізацыі выявілі парасткі апазыцыйнасьці сярод нават такога палітычна надзейнага калектыву. Разыходжаньні пачалі вырысоўвацца, перш-найперш, з разьвіцьцём „новай лініі” ў нацыянальным будаўніцтве й літаратуры, пра што гаварылася ў папярэдніх частках кнігі. Першай праявай „новай лініі” быў „новы курс” у дачыненьні тэатра якраз у той час, калі ўтварылася „Полымя”. „Палымянцы” ўсьведамілі небясьпеку толькі тады, калі афіцыйная крытыка атакавала п’есу, бездакорную з нацыянал-камуністычнага гледзішча. Гэтая п’еса, „Каля тэрасы”,[7] аўтарам якой быў „палымянец” Міхайла Грамыка, адлюстроўвала бальшавіцкую рэвалюцыі на Беларусі й настойліва падчырквала „прыняцьце Кастрычніка”. Беларускія нацыянал-камуністы, у першую чаргу „палымянцы”, не маглі змаўчаць і выступілі на старонках самой „Зьвязды” зь лістом, у якім прапанавалі распачаць дыскусію ў пытаньнях разьвіцьця шляхоў беларускага тэатру, а нападкі на п’есу Грамыкі кваліфікавалі як адзін з мамэнтаў паходу, што меў на мэце зьнішчыць беларускі тэатар наагул. Ліст падпісалі „палымянцы” А.Александровіч, М.Зарэцкі, А.Вольны,  А.Дудар, два былыя прэм’еры Беларускай Народнай Рэспублікі, якія нядаўна рээмігравалі ў БССР, В.Ластоўскі і А.Цьвікевіч, а таксама адзін нацыянал-камуніст не літаратар.

Так выбухнула „першая тэатральная дыскусія” 1927 году, у якой „ліст сямёх” расцэньваўся як „варожая вылазка”. Крыху раней, зноў-такі „палымянцамі” М.Зарэцкім, Я.Дылам і З.Жылуновічам была праведзеная так званая „кінодыскусія”, у якой яе ініцыятары дамагаліся большай беларусізацыі беларускага толькі сваім назовам кіно. Дыскусія гэтая не была такой гучнай і прайшла-б наагул незаўважанай, калі-б стараньнем З.Жылуновіча не „ўвязалася” з тэатральнай дыскусіяй; цяпер-жа й тут „палымянцам” была прыпісаная таксама „варожая вылазка”.

Нарэшце ў 1928 годзе зноў узначаленая „палымянцамі” А.Глыбоцкім-Дударом, З.Жылуновічам, А.Александровічам і вельмі блізкім да іх нацыянал-камуністам Л.Капланам прайшла „другая тэатральная дыскусія”, апазыцыйная „новаму тэатральнаму курсу”, які замяніў нацыянальны рэпэртуар „агульнасаюзнымі” рэвалюцыйнымі п’есамі, перакладзенымі з расейскае мовы. У артыкуле „Даволі анэкдотаў”[8], прысьвечаным пастаноўцы ў Першым Беларускім Дзяржаўным Тэатры п’есы Ўсевалада Іванова „Бронецягнік №14-69”,  перакладзенай з расейскай мовы, Тодар Глыбоцкі абрушыўся на пераклады п’есаў, якія запаланілі беларускую сцэну, прайшлі ў Маскве або Ленінградзе й пасьпелі там устарэць „Калі пяюць пеўні”, „Месяц зьлева”, „Мяцеж”, „Разлом”, „Савецкі чорт” і інш. Глыбоцкі пісаў: „“БронецягнікЖ і “РазломЖ добрыя п’есы, яны стварылі эпоху ў расейскім тэатры. Але няўжо наш тэатар даў падпіску разьвівацца менавіта па тых этапах, якія дае нам расейскі тэатар. Чаму гэта беларускаму гледачу важней паднесьці барацьбу сібірскіх партызанаў, чымся вывесьці на сцэну сваіх барацьбітоў”. Глыбоцкі патрабаваў ачысьціць беларускую сцэну ад маскоўскіх „аб’едкаў” і „анэкдотаў”. Гэтае патрабаваньне падтрымалі Жылуновіч-Гартны і Андрэй Александровіч.  Іхныя выпады былі скіраваныя ў самае сэрца афіцыйнага курсу ў нацыянальнай культуры й таму былі сувора асуджаныя бальшавіцкай крытыкай, „савецкай грамадзкасьцю” й нават Цэнтральным Камітэтам Кампартыі Беларусі. Палеміка бушавала на старонках менскіх газэтаў і перакінулася ў правінцыю.

Усю дыскусію падсумавала спэцыяльная пастанова бюро ЦК КП(б)Б ад 17 сьнежаня 1928 году, у якой была вынесена вымова Жылуновічу, Глыбоцкаму-ж ставілася ў віну імкненьне да адмежаваньня беларускай культуры ад расейскай, супрацьстаўленьне дзьвюх культураў.[9] „Другая тэатральная дыскусія” кваліфікавалася як праява нацыянал-дэмакратычных тэндэнцыяў адной з формаў апазыцыі „капіталістычных элемэнтаў” рашучаму разгортваньню сацыялістычнага культурнага будаўніцтва.[10] Атакай на „капіталістычныя элемэнты” абвяшчаўся канец НЭПу наагул й „нацыянальнага НЭПу” ўпаасобку.[11]

Тэатральная дыскусія была толькі „ластаўкай” нараджэньня апазыцыйнасьці „Полымя”. „Палымянцы” працягвалі прытрымлівацца партыйнай лініі там, дзе, як ім здавалася, яна не ўступала ў канфлікт з нацыянал-камунізмам. Яны нават падтрымалі адразу „змаганьне супраць нацыянал-дэмакратаў” у творах, падобных да Александровічавых „Ценяў на сонцы” (пра што ішла гутарка ў папярэдняй частцы), не распазнаўшы ў лёзунгу гэтага „змаганьня” пагрозы для саміх сябе. Разыходжаньне паміж нацыянал-камуністычнымі паглядамі  і афіцыйнай лініяй усё больш павялічвалася, пра што сьветчыць лёс іншай спробы абвінавачаньня  „нацыянал-дэмакратаў” апавяданьня Алеся Дудара „Вецер з усходу”, спробы, якая ня толькі не дасягнула сваёй мэты, але абярнулася супраць абвінаваўцаў. Апавяданьне Алеся Дудара „Вецер з усходу” зьявілася ў №4 часапісу „Полымя” за 1928 год, гэта быў фактычна пашквільны данос на лідэраў „узвышэнскай” апазыцыі паэтаў Уладзімера Дубоўку і Язэпа Пушчу. Карыстаючыся „натураграфічным” мэтадам, Дудар маляваў у сваім апавяданьні Дубоўку ў вобразе нейкага „вельмі папулярнага” маладога паэты Вадзіма Паляскоўскага, а Пушчу у вобразе паэты Гуткевіча. Партрэтнае падабенства было поўнае, апрача таго, цытаваліся вельмі празрыстыя пародыі на вершы „натурграфаваных” паэтаў. Абодвум ім інкрымінавалася „разлажэньне моладзі буржуазнай паэзіяй”, якую Дудар прыраўноўваў да паэзіі Ігара Севяраніна, Аляксандра Вярцінскага і іншых расейскіх паэтаў, што мелі ў савецкай крытыцы ўстойлівую рэпутацыю „агентаў буржуазіі й контррэвалюцыі”. Гэты ўплыў варожых паэтаў Дудар назваў „ветрам з усходу”. Менавіта гэты мамэнт і дыскрэдытаваў апавяданьне Дудара ў вачох улады, бо выходзіла, што з „усходу”, з Расеі, ішло шкоднае ўзьдзеяньне, а не дабратворны ўплыў „вялікага Кастрычніка”. І ўсе „добрыя” намеры Дудара ачарніць „узвышэнцаў” як „буржуазных і контррэвалюцыйных агентаў” не дасягнулі сваёй мэты: ягоны данос на гэты раз быў пакінуты без увагі, якая цалкам была зьвернута на самога аўтара „нацыяналістычнага паклёпніка”, што ганьбуе самую бацькаўшчыну й цытадэль бальшавізму. Бумэранг трапіў у самаго Дудара, і ягонае апавяданьне „Вецер з усходу” было ўнесена афіцыйнай крытыкай у чорны сьпіс „варожых вылазак у літаратуры”, які ўзначальваўся „Лістамі да сабакі” Пушчы, „падставіць ножку” якому перш-найперш меў на мэце Дудар. Апрача таго, уладамі былі прынятыя ўсе захады ня толькі для „анафэмы” крамольнага твора, але й для нэўтралізацыі яго сродкамі самой мастацкай літаратуры. На афіцыйны зварот уладаў да маладых пісьменьнікаў адгукнуўся адзін „маладнякоўскі” пісьменьнік-партыец, які й напісаў свой уласны „Вецер з усходу”[12] аповесьць пад тым самым назовам, што й злашчаснае апавяданьне Дудара, але з супрацьлеглай ідэяй: „вецер з усходу” заўсёды нёс на Беларусь толькі „вызваленьне”, а не „разлажэньне”.

Пасьля ягонага „гэрэтычнага” артыкулу пра беларускі тэатар і няўдалага даносу Дудар зноў зьвярнуў на сябе ўвагу „пільнай” афіцыйнай крытыкі вершам „Стары лясун”.[13] У гэтым вершы Дудар абураўся дзікарскай эксплюатацыяй народных багацьцяў Беларусі іншаземцамі, што хутка прыйдуць, прыйдуць у нас адабраць гэты апошні корч, пад якім хаваецца алегарычны герой верша —— „стары лясун”, пэрсаніфікаваны нацыянальны дух Беларусі, што нішчыцца чужынцамі разам з матар’яльнымі багацьцямі краіны. Верш быў расцэнены бальшавіцкай крытыкай як „нацыянал-дэмакратычная вылазка”, і аўтарам зацікавілася ГПУ, што ўбачыла магчымасьць выкарыстаць гэтага маладога чалавека, які, дарэчы, ня меў бездакорнай з маральнага і ідэёвага боку рэпутацыі, у сваіх мэтах.

Справа ў тым, што яшчэ ў папярэднія гады было колькі выпадкаў перасылкі за мяжу ананімных антысавецкіх вершаў, якія выклікалі сэнсацыю ў заходнебеларускай прэсе.[14] Аўтарам гэтых вершаў, апублікаваных ананімна, быў Уладзімер Дубоўка, а ініцыятарам і арганізатарам іх перасылкі за мяжу блізкі да „Ўзвышша” беларускі нацыянал-камуніст Алесь Адамовіч. Хоць ГПУ ня мела беспасярэдніх доказаў, падазрэньняў было дастаткова. Выкліканы ў „органы” Алесь Дудар пад узьдзеяньнем вядомых прыёмаў ГПУ згадзіўся быць сакрэтным агентам-правакатарам. Ягоным першым заданьнем было напісаць што-небудзь яшчэ больш вострае, чым „Стары лясун”, і паспрабаваць зацікавіць Алеся Адамовіча перасылкай гэтага „контррэвалюцыйнага твора”, каб нарэшце злавіць яго на гарачым учынку. Дудар напісаў верш „Пасеклі наш край папалам” з рэзкімі выпадамі супраць бальшавікоў за падпісаньне імі Рыскага міру 1921 году, як зазначыў Канакоцін, рэмінісцэнцыю Коласавых вершаў на тую-ж тэму.

Пасеклі наш край папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі. 
Вось гэта — вам, а гэта нам,
Няма сумленьня ў душах рабскіх.
І цягнем мы на новы строй
Старую песьню і чужую,
Цыгане шумнаю талпой
Па Бесарабіі качуюць...
За ўсходнім дэспатам-царком
Мы бегаем на задніх лапках,
Нью-Ёрку грозім кулаком
І Чэмбэрлена лаем трапна.
Засыплем шапкамі яго,
Ура, ура, патопім ў соплях.
А нас, тым часам, з году ў год
Тут прадаюць ўразброд і оптам.
Мы не шкадуем мазалёў.
Мы за чужых — праклёны роем,
Але бяз торгу і бяз слоў
Мы аддаем сваіх герояў.
Ня сьмеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы.
Бяз нас ўсё робяць махляры
Ды міжнародныя падлізы.
Распаўся-б камень ад жальбы, 
Калі-б ён знаў, як торг над намі
Вядуць маскоўскія рабы
Зь вялікапольскімі панамі.
О, ганьба, ганьба! У нашы дні
Такі разлом, туга такая!
...І баюць байкі баюны
Северо-Западного края...
Плююць на сонца і на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі-б гальштук ўзьдзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым...
Але яшчэ глушыце кроў.
Гарыць душа і час настане,
Калі з-за поля, з-за бароў
Па-беларуску сонца гляне.
Тады мы ў шэрагах сваіх,
Быць можа, шмат каго ня ўбачым,
З тугою ў сэрцы ўспомнім іх,
Але ніколі не заплачам.
А дзень чырвоным зацьвіце,
І мы гукнём яму „Дабрыдзень!”
Ці са шчытом, ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем
.

Аднак Алесь Адамовіч быў папярэджаны, і калі Дудар зьявіўся да яго са сваёй прапановай, узяў верш і адразу аднёс у ГПУ, зьдзекліва папрасіўшы „не пасылаць да яго больш такіх дурняў”.  У ГПУ зрабілі выгляд, што ня маюць да гэтай гісторыі ніякага дачыненьня, і „выслалі” Алеся Дудара ў Смаленск, самы блізкі горад да БССР, уладкаваўшы яго на працу ў мясцовую газэту. Кульмінацыя гэтай гісторыі зусім нечаканая: Алесь Адамовіч неадкладна вядомым яму шляхам пераправіў за мяжу зробленую зараней копію верша Дудара, і ён у хуткім часе быў выдрукаваны віленскім часапісам „Беларуская культура”.

„Тэатральная дыскусія” паказала, што толькі што створаная агентурная арганізацыя „Полымя” пачынае служыць „не таму, каму трэба”. Пачаліся пошукі больш надзейнай агентуры, якая была-б у беспасярэднім падпарадкаваньні артадаксальных бальшавікоў. Стварыць такую агентуру можна было толькі на базе тых мізэрных астаткаў, што захаваліся ад старога „Маладняка”, блізу зусім ліквідаванага пры стварэньні „Полымя”. Пазасталыя ў „Маладняку” партыйцы атрымалі дырэктыву паставіць арганізацыю зноў на ногі. Перш-найперш, трэба было пашырыць яе колькасна, бо пасьля ўсіх выхадаў, расколу й чыстак ад легендарнай пяцісоткі засталася толькі пяцёрка запраўдных сяброў. Пачалася кампанія за зварот. У травені 1928 году ў „Маладняк” вярнулася бальшыня „пробліскаўцаў” і „літкомаўцаў”, іхныя арганізацыі перасталі існаваць, а лідэры гэтых арганізацыяў Нічыпар Чарнушэвіч і Паўлюк Шукайла засталіся па-за літаратурнымі групамі. Толькі шэрагі „Ўзвышша” не пахіснуліся, хоць было прыкладзена нямала намаганьняў для „апрацоўкі” маладых „узвышэнцаў”. Пасьля такога посьпеху наступіла другая фаза разьвіцьця „Маладняка”. 28 лістапада 1928 году „Маладняк” трансфармаваўся ў Беларускую Асацыяцыю Пралетарскіх Пісьменьнікаў і адразу-ж уступіў у Всесоюзное ОбÆединение Ассоциаций Пролетарских Писателей.

Утварэньне БелАПП сталася для беларускіх нацыянал-камуністаў вялікай неспадзяванасьцю. Другі сакратар ЦК КП(б)Б Язэп Васілевіч, вядомы як шэф-арганізатар „Полымя”, у сваім выступленьні на першым зьезьдзе БелАПП яшчэ спрабаваў абараняць сваю канцэпцыю, аддаючы перавагу „Полымю”, як „галоўнай апоры партыі ў літаратуры” і адводзячы па-ранейшаму БелАПП ролю важнага толькі „ў пэрспэктыве... рэзэрву для папаўненьня нашых кадраў, якія будуць дапамагаць будаўніцтву сацыялізму”.[15] Больш таго, ён падтрымаў „палымянца” Міхася Зарэцкага, які выступіў на тым самым зьезьдзе й кінуў папрок былым „маладнякоўцам”, што ў ВОАППе яны ставяць сябе ў становішча падначаленых Маскве падгалоскаў („таварышы езьдзяць у Маскву па падачкі”).[16] Васілевіч абрынуўся з усёй сілай на людзей, якія адводзяць беларускай літаратуры другарадную ролю й робяць яе падгалоскам іншых літаратур.[17] Аднак у хуткім часе БелАПП была афіцыйна прызнана „галоўнай апорай партыі ў літаратуры”, а ўсьлед за тым „Полымя” й сам Васілевіч трапілі ў становішча гнаных варожых апазыцыйных элемэнтаў.

Найбольш значнай фігурай „палымянскай” апазыцыі станавіўся Міхась Зарэцкі. З самага пачатку найбольш блізкі па сваіх ідэях і імкненьнях да „ажыўленства” (ён не далучыўся арганізацыйна да гэтай плыні толькі ў выніку выпадковых абставінаў непрынцыповага характару), Зарэцкі захаваў гэтую сваю „ажыўленскую” накіраванасьць і ў шэрагах „Полымя”; тут ён актыўна ўдзельнічаў у кіно- й тэатральнай дыскусіі. Зарэцкі першы выкарыстаў мэтад „прадстаўленьня трыбуны” (пра што ўжо гаварылася ў частцы І) у сваім рамане „Сьцежкі-дарожкі”.[18] Тагачасная беларуская крытыка не зьвярнула ўвагі на гэты твор, апрача Л.Вароніча, які жыў тады на Ўкраіне й даў грунтоўны аналіз рамана на старонках украінскага часапісу „Червоний Шлях”. Часапіс „Полымя” абмежаваўся толькі перадрукам гэтага крытычнага артыкула.[19] Вароніч зазначаў, што Зарэцкі малюе сваіх „станоўчых” герояў-камуністаў вельмі бледнымі й непераканаўчымі, а „адмоўныя” носьбіты антысавецкай ідэялёгіі атрымаліся ў яго па-мастацку выразнымі й моцнымі фігурамі. Менавіта ім аўтар „прадставіў поўнасьцю трыбуну рамана”. Найбольш характэрным з такіх герояў аказваецца анархіст Халіма, які прапаведуе свае апазыцыйныя ідэі пры непрыхаваным спачуваньні аўтара; вось некаторыя зь ягоных выказваньняў, прыведзеных крытыкам: Чырвоная армія нясе парадак, можа й новы, мне ўсё роўна. Дзе парадак там гнёт, ціск, там жыцьцё пад мерку, вагу, там няма волі, там няма натуры... Кожны парадак —— гэта падман, на які зьлятаюцца ўсе, хто баіцца жыцьця. Сьмерці трэба пужацца, а не жыцьця. Вось я-б забіў цябе, каб было як, і выскачыў у гэта вакно, я зрабіў-бы таму, што баюся сьмерці, а вы мяне заб’яце таму, што баіцёся жыцьця... Вам парадак трэба, а не жыцьцё... Ваш парадак ня вечны... Ён сустрэне сваю супярэчнасьць. Гэта супярэчнасьць яго бунт. Бунт вызваляе і ачышчае... Бунт – уваскрасеньне жывога чалавека, зварот да волі й жыцьця... Я асоба! Я чалавек! Разумееш? Які вам клопат да мяне! Хто даў вам права ціснуць мяне ў цесны мундзір, калі я ў сарочцы хачу... голы хачу хадзіць... га? Хто даў вам права лезьці ў маё жыцьцё, дыктаваць законы й правілы? У мяне ёсьць закон мая воля... Я вольным хачу быць... Я чалавек і хачу быць чалавекам... Чаго вам трэба, чаго вы лезеце?[20]

Зарэцкі таксама „перадае трыбуну” й сымпатычнаму яму старому рэвалюцыянеру Матруніну, перакананаму праціўніку бальшавікоў: Добра было ў першыя дні рэвалюцыі. Успамінаеш гэта, як якое сьвята, як нейкую вялікую ўрачыстасьць! Якое было дружнае адзінства, якое палкае захапленьне! Усе заадно, усе гатовы ісьці рука ў руку да аднэй мэты. Наперадзе сьветлыя прасторы: воля, шчасьце, роўнасьць... Спаскудзілі ўсё, усё ў гразь затапталі. Вялікае імя “сацыялістЖ зрабілі нечым задрыпаным, як хвартух у бруднае гандляркі з рынку. Цяпер кожны „сацыяліст”.[21]

Пэрсанажы, супрацьпастаўленыя Зарэцкім гэтым апазыцыянерам, як пераканаўча паказвае крытык, вельмі невыразныя; бальшавік Андрэй гэта „штамп, пазбаўлены яркай індывідуальнасьці... які ня ведае памылак, ня мае хвілін хістаньня, заўсёды ў драбніцах не памыляецца”;[22] бальшавічка Макрына „тып, які не ўдаўся аўтару. Чытачу няясныя тыя прычыны, якія прывялі яе да рэвалюцыйнае работы”;[23] сам галоўны герой рамана Лясьніцкі, які праходзіць шлях ад пагромшчыка, потым абаронцы панскага маёнтку да камуніста, таксама ня ўдаўся аўтару: „Шлях гэты мажлівы. Але аўтар мусіў паказаць нам ня толькі розныя мамэнты на гэтым шляху Лясьніцкага, ён павінен быў вызначыць нутраную эвалюцыю Лясьніцкага, эвалюцыю ягоных паглядаў, перакананьняў, думак. Паколькі гэтага блізу што няма, для чытача няясна, чаму так крута мяняе свой сьветапагляд Лясьніцкі й невядома, ці добры, пасьлядоўны выйшаў зь яго камуніст”.[24]

Крытык адзначыў таксама адсутнасьць у першым рамане Зарэцкага нацыянальнага калярыту й нацыянальнай праблематыкі: „Хацелася-б толькі, каб у адабражэньні вёскі ўведзены быў мясцовы калярыт. Дзея-ж адбываеца на Беларусі. Беларускі сялянскі тып мае свае асаблівасьці. Ён настолькі адрозьніваецца ад украінскага селяніна, наколькі ўкраінскі не падобны да расейскага. Розная эканоміка, розныя гістарычныя ўмовы надалі гэтаму тыпу асаблівых рысак. У рамане Зарэцкага іх няма. Тут сяляне выглядаюць “как таковыеЖ, вёску Лясьніцкага з Магілёўшчыны можна перанесьці на ўкраінскую Кіеўшчыну альбо ў расейскую Яраслаўшчыну, і чытач, напэўна, гэтага не заўважыць”.[25] І далей: „Ёсьць яшчэ адна хіба ігнараваньне нацыянальнага пытаньня. Гэтае пытаньне востра стаяла на Беларусі і ў першыя часы да Кастрычніка і ў першыя часы Кастрычніка. Вакол гэтага пытаньня змагаліся групы й партыі, змагаліся цэлыя клясы. Пэрсанажы Зарэцкага, якія дзейнічаюць у часе пастаноўкі гэтага пытаньня, гострае барацьбы за яго, яны гэтага пытаньня не заўважаюць”.[26] Такія хібы й прывялі да таго, што ў рамане адсутнічаюць мамэнты нацыянальнай апазыцыйнасьці, найбольш характэрныя для апазыцыйных плыняў у беларускай літаратуры. Магчыма, гэтым і тлумачыцца той факт, што бальшавіцкая крытыка на Беларусі й не зьвярнула ўвагі на гэты твор.

Затое свой наступны раман „Крывічы” Зарэцкі ўжо цалкам прысьвяціў мамэнту нацыянальнаму й нават нацыяналістычнаму, стварыўшы адзін з найбольш зыркіх твораў нацыянальна-апазыцыйнай накіраванасьці ва ўсёй беларускай літаратуры, што выклікала ня толькі буру ў бальшавіцкай крытыцы, але й цэнзурную забарону. У часапісе „Полымя” за 1929 год зьявіліся толькі першыя разьдзелы рамана,[27] пра што ўжо гаварылася ў першай частцы гэтай працы. Праз два гады ў тым-жа часапісе быў выдрукаваны заключны разьдзел рамана.[28]

Бальшавіцкія крытыкі аднагалосна прызналі твор Зарэцкага „Крывічы” „вышэйшым дасягненьнем нацыянал-дэмакратызму ў літаратуры”, паводле фармулёўкі Канакоціна, які падвёў вынікі крытычнаму пагрому.[29] Ён-жа акрэсьліў сутнасьць таго, што так абурыла бальшавікоў: „Тут Зарэцкі паказвае падрыхтоўку нацыянал-дэмакратычнага паўстаньня супраць савецкае ўлады. Зарэцкі дае моцную індывідуальнасьць правадыра нацыянал-дэмакратаў Беразоўскага, які пасьля сьмерці становіцца сьцягам, што яднае ўсіх нацыянал-дэмакратаў, правадыра, які пасьля сваёй сьмерці пакідае запавет (у процівагу запавету Леніна) пра тое, што трэба зьбіраць усе сілы зь нізін, з балот, зьбіраць народ на паўстаньне супраць “пануючых бальшавікоўЖ”.[30]

Вобраз нацыянальнага правадыра Андрэя Беразоўскага запраўды вызначальны вобраз рамана Зарэцкага. Прататыпам яго сталася фігура аднаго з кіраўнікоў беларускага руху (яшчэ з „нашаніўскага” пэрыяду) Вацлава Ластоўскага, ініцыятара і ідэялёга плыні найбольш пасьлядоўнага беларускага нацыяналізму. Ён вядомы як ініцыятар звароту да старыжытнага нацыянальнага найменьня беларусаў „крывічы” (адсюль і сам назоў рамана Зарэцкага). Нам ужо даводзілася гаварыць пра ролю вершаў Вацлава Ластоўскага (Власта) у станаўленьні літаратурнай плыні „ажыўленства” і пра ягонае вяртаньне на Беларусь зь Літвы. Некаторыя з маладых пасьлядоўнікаў Ластоўскага, асабліва Ўладзімер Дубоўка, адгаворвалі яго ад гэтага кроку, пераконвалі, што пераезд у БССР станецца для Ластоўскага духоўнай сьмерцю, бо ён ня зможа тут адкрыта прапагандаваць свае ідэі, выдаваць часапіс „Крывіч” і іншыя працы, як ён гэта рабіў, жывучы ў дэмакратычнай Літве. Ластоўскі згаджаўся, але потым дзеля сямейных абставінаў усё-ж пераехаў і, запраўды, адразу-ж духоўна памёр. Ён быў вымушаны абмежавацца толькі казённай службай у савецкіх установах (Беларускі Дзяржаўны Музэй, Беларуская Акадэмія Навук). Менавіта гэтая духоўная сьмерць Ластоўскага і алегарызаваная Зарэцкім у фізычнай сьмерці Андрэя Беразоўскага, зь яе й пачынаецца раман, у якім гэты герой не прымае непасрэднага ўдзелу, а дзейнічае толькі ягоны пасьмяротны „запавет”, што імкнуцца ажыцьцявіць ягоныя ідэйныя пасьлядоўнікі. Гэтая група беларускіх апазыцыянераў на чале з Алесем Адамовічам, якога аўтар выводзіць у рамане пад імем Сьляпня.[31] Зарэцкі ня толькі дабіўся вонкавага падабенства, але даў псыхалягічны і ідэйны партрэт прататыпу аж да цытаваньня ягоных шмат якіх папулярных у беларускіх грамадзкіх колах таго часу „крылатых” выказваньняў. Тым самым „натураграфічным мэтадам” створана бальшыня вобразаў іншых пэрсанажаў рамана. Сучасьнікі лёгка пазнавалі, прыкладам, у вобразе Саўкі Малаховіча Янку Купалу, у вобразе Лявона Камягі палітычнага эмігранта, маладога паэты Алеся Салагуба, які нядаўна прыехаў з Заходняй Беларусі; у вобразах Пражэні, Кухціка, Ліпіна, Вітушкі, доктара Хамялевіча — партрэты Міхася Чарота, Андрэя Александровіча, Алеся Дудара-Глыбоцкага, Анатоля Вольнага, Алеся Сянькевіча; у вобразе Галакцёнка папулярнага ў Менску нацыянал-камуніста Пятра Ільлючонка; у вобразе Курачковіча вядомага прафэсара Міхайлы Піятуховіча. (Характэрна, што Зарэцкі вывёў апошняга пад сугучна-празрыстым прозьвішчам Курачковіча, пад якім тая-ж асоба выведзена ў аповесьці Зьмітрака Бядулі „Салавей”. Наагул, ва ўсёй „натураграфіі” Зарэцкага адчуваецца моцны ўплыў Бядулі, які першы прымяніў гэты мэтад).

Але сваім апазыцыйным эфэктам „Крывічы” абавязаны ня столькі „натураграфіі”, колькі мэтаду „перададзенай трыбуны”, выкарыстанаму ўжо ў першым рамане Зарэцкага „Сьцежкі-дарожкі”. Галоўным апазыцыйным „аратарам” на гэтай „трыбуне” Зарэцкі зрабіў свайго Сьляпня. У першых разьдзелах экспазыцыі рамана, якія трапілі ў друк, гэтая роля Сьляпня яшчэ ня вельмі выразная. Тут знаходзім толькі адну ягоную тыраду пра „беларусізацыю” й выкліканыя ёю ў адных груба-сатырычную, цынічную, варожую, а ў другіх – наіўна-рамантычную рэакцыі: Анэкдоцікі! Жарцікі!.. Беларусізацыя!.. Дзяржаўнасьць будуем... Узрываем пласты гісторыі, адраджаем мінулае... вольнасьць Полацку, бляск залатога веку Літвы... чарадзейную сілу Ўсяслава... гордую непакорнасьць Рагнеды... Ха-ха-ха! Ужо ўецца высока ў хмарах магутная постаць „Пагоні”... Крэкча бабулька Крывія, узьнімаецца, лезе на свой старадаўны пасад... Ха-ха-ха! Замест „стула” ўжо непрыстойнасьць... Мужычы лапаць на дываны на пэрсыцкія... Жарцікі... Ха-ха-ха! Анэкдоцікі...[32]

Свае пагляды на „беларусізацыю” Сьляпень разьвівае ў канфіскаванай частцы рамана, зь якой Канакоцін цытуе некаторыя ягоныя выказваньні: Аржановіч запытаўся ў Ліпіна, адкуль ён прыехаў. За яго адказаў Сьляпень: „Прыехаў зь вёскі ў Менск шукаць Беларусь. Зь ліхтаром у руках, як некалі Дыяген чалавека. І вось... шукаў Беларусь, а знайшоў бе-ла-ру-сі-за-цыю... Хо-хо... Праўда Сяргей?”. І на словы хлапца, што прыехаў, Сьляпень, успыліўшы, закрычаў: “Малайцы хлопцы, працуйце ліха на вас, працуйце. Зьнізу браць трэба, зьнізу зь зямлі, з балот... Ха-ха... Растуць, брат, растуць, як грыбы... Нічога, Мікола, не бядуй. Тысячы ўжо ёсьць. Будуць дзясяткі тысяч і сотні... Толькі ўзварушыць трэба, кліч клікнуць на ўсю нашу сонную Крывію...[33]

У далейшых сваіх развагах Сьляпень пераходзіць да больш агульнай праблемы беларускага адраджэньня:

 Беларускае адраджэньне будзе ісьці з карэньняў беларускага народу. Усякія штучныя формы, у якія-б захацеў хто-небудзь укласьці яго, адпадуць, рассыпяцца ў прах. У сваім магутным поступе яно знойдзе свае асаблівыя формы, якія арганічна вырастуць з самае сутнасьці гэтага гістарычнага працэсу... Разумееце вы мяне, хлопцы, га? Усякія апекуны беларускага руху, хто-б яны ні былі і зь якой-бы ці добрай, ці дрэннай мэтай яны над намі ні апекаваліся, усе яны адмятуцца гісторыяй. Зьнізу, зь зямлі вырасьце наш рэнэсанс... І ён расьце ўжо, узьнімаецца, ён бушуе ўжо такімі магутнымі хвалямі, якія многа чаго могуць пазьмятаць на сваёй дарозе... І пазьмятуць яшчэ, пазьмятуць... Пачакайце толькі...[34]

Пасьля гэтага Сьляпень зьвяртаецца зноў да пытаньня пра „беларусізацыю”: А вы ведаеце, што такое бе-ла-ру-сі-за-цыя? Га? Хо-хо-хо... Гэта, брат, хітрая, ой, хітрая штука... Гэта стаўка на форму... Так, так, на форму... Аўладаць формай, адлучыць яе ад зьместу, вылягчыць яе, выкруціць, высушыць... і выкінуць вон... ха-ха-ха... Што хітра, га?.. Тонка? Ха-ха.[35]

У іншым месцы рамана Сьляпень яшчэ больш зырка выкрывае запраўдную сутнасьць бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі: Навучыцца аўладаць беларускай мовай, каб лягчэй было згаварыцца зь сялянамі, скажам, пры зьбіраньні падатку, гэта ня будзе разьвязаньне нацыянальнага пытаньня. Гэта будзе толькі ўсяго замена калёніяльнай палітыкі „салдацкай” на калёніяльную палітыку – „езуіцкую”. Гэта страшэнна шкоднае звужаньне праблемы нацыянальнай культуры. Гэта палітыка гандляроў з рынку, якія (я спэцыяльна гэта назіраў) зьвяртаюцца заўсёды да сялян у роднай іхнай мове, каб... лягчэй абдурыць іх...[36]

Канакоцін прыводзіць з канфіскаванай часткі рамана яшчэ адно разважаньне Сьляпня, якое, на думку крытыка, паказвае, за што змагаюцца нацыянал-дэмакраты: Аўтаномнае беларуска-літоўскае княства (цяпер рэспубліка, край ці яшчэ як-небудзь), асьвечанае гістарычнымі традыцыямі, зьявілася-б цэнтрам, які-б мог прыцягнуць да сябе як заходніх, так і ўсходніх беларусаў... і літоўцаў... Разумееш? Ха-ха... Яна-б і зрабіла гэта, каб не баялася залішняга сэпаратызму. Аўтаномія можа хутка перайсьці ў незалежнасьць.[37]

Зарэцкі, імкнучыся апраўдаць сваіх „Крывічоў” і мэтад „перададзенай трыбуны”, прапанаваў ідэю „актыўнага рамантызму” (часам называным „эмацыянальным рамантызмам”, альбо нават „нэарамантызмам”) у беларускай літаратуры (гл. частку І гэтай працы). Тая-ж ідэя прапагандавалася й на Ўкраіне вядомым нацыяналістам Хвылёвым, які фактычна ўзначальваў у той час „Пралітфронт” („Пралетарскі Літаратурны Фронт” згуртаваньне, што прыйшло на зьмену „Ваплітэ”), і расейскім „Літфронтам”. Такім чынам, лёзунг „актыўнага рамантызму” стаўся агульным лёзунгам літаратурнай апазыцыі ў падсавецкіх літаратурах і беларускай, і ўкраінскай, і расейскай, выяўляючы агульнасьць імкненьняў апазыцыйных плыняў у гэтых літаратурах.

Зарэцкі нават спрабаваў сабраць пад гэтым лёзунгам аднадумцаў, каб аформіць і на Беларусі новую апазыцыйную літаратурную арганізацыю, якая-б адпавядала пляцформам „Палітфронту” й „Літфронту”. Такая спроба была зробленая раньняй восеньню 1929 году падчас паездкі групы беларускіх пісьменьнікаў у Гомель для сумеснага літаратурнага выступленьня. У групе, што атрымала жартоўны назоў „гомельскіх рамантыкаў”, былі маладыя „ўзвышэнцы” М.Лужанін і Т.Кляшторны, шмат маладых-жа „белапаўцаў”, сярод іх А.Звонак і М.Хведаровіч. Спроба арганізаваць новае згуртаваньне аказалася няўдалай: калі пісьменьнікі вярнуліся ў Менск, па ўсіх „пралетарскіх” і „партыйных” лініях ім было забаронена займацца падобнымі „дывэрсіямі”. Пісьменьніцкая ініцыятыва была заклеймаваная ў бальшавіцкім друку, аднак, без абмеркаваньня дэталяў.[38]

Сярод твораў Зарэцкага кароткага пэрыяду „гомельскага рамантызму” варта адзначыць апавяданьне „Максымаліст”.[39] Тут М. Зарэцкі мэтадам „пераапрананьня” й „натураграфіі” намаляваў партрэты некаторых партыйцаў Беларусі, „пераапрануўшы” іх у піянераў. „Самы важны ў атрадзе” піянер Вовачка Пенкін, у вобразе якога выведзены першы сакратар ЦК КП(б)Беларусі Вільгельм Кнорын. Вовачка нават ўмее рабіць на сваім белазорым твары асаблівую нейкую спагадліва-насьцярожаную ўсьмешку, якраз  такую, якую ён бачыў у аднаго з важных палітычных правадыроў (пад якім лёгка ўгадваўся Сталін). У аснове сюжэту ляжыць канфлікт між „піянерскім правадыром” Вовачкай Пенкіным і галоўным героем шараговым піянерам, прадстаўніком піянерскай апазыцыі, за сваю вечную апазыцыйнасьць празванаму Максымалістам, або скарочана Максам. Максымаліст той-жа „актыўны рамантык” заўсёды загараўся залішне часта, ён залішне многа гарэў, гарэў больш, чымся належыць вытрыманаму піянеру... Дзівак! Ён думаў, што ўсё можна зрабіць адразу, ён быў упэўнены, што сказаць, гэта значыць, зрабіць. Канфлікт узьнік „на глебе разьвязаньня цыганскага пытаньня”, як „пераапраненае” тут Зарэцкім беларускае пытаньне. Максымаліст... многа чаго абяцаў маленькай, загнанай і забітай цыганачцы, якую хоча зрабіць чалавекам, ён думаў, што так і будзе, што гэта проста зусім, бо аб гэтым усе гаварылі й нават запісвалі ў пратакол. А цяпер выходзіла, што трэба чакаць, што ўсё трэба рабіць паступова... Так паказвае Зарэцкі нацыянал-камуністычнага апазыцыянера, які на практыцы пазнае разыходжаньне паміж бальшавіцкім словам і справай, разыходжаньне, адэкватнае сабатажу некаторых надзённых пытаньняў, такіх, як беларускае нацыянальнае пытаньне. Цэнзура разгадала падтэкст апавяданьня й патрабавала, каб канфлікт быў станоўча разьвязаны кімсьці „зьверху”. Зарэцкі задавольніў цэнзараў увядзеньнем „адказнага таварыша”, які ўвасабляў уладу партыі.

Ня толькі маладыя сябры „Полымя” былі ўцягнутыя ў апазыцыйную дзейнасьць. Нават арганізатар „Полымя” і адзін са старэйшых беларускіх бальшавікоў Зьмітро Жылуновіч (Цішка Гартны) апынуўся на той-жа пазыцыі (як і пры ўдзеле ў „тэатральнай дыскусіі”). Да дзясятай гадавіны стварэньня БССР Жылуновіч-Гартны выдрукаваў спэцыяльны артыкул,[40] які выклікаў нараканьні савецкіх крытыкаў.[41]

Апазыцыйнасьць Жылуновіча-Гартнага нарэшце прасачылася і ў ягоныя мастацкія творы, што асабліва відавочна ў апавяданьні „Здарэньне з камісарамі”,[42] якое таксама падверглася нападкам савецкіх крытыкаў. Гартны паказвае двух нізавых камісараў Юстына й Лукаша, энтузіястаў „сацыялістычнага будаўніцтва”, аднак ня згодных з „генэральнай лініяй” у тэмпах гэтага будаўніцтва і ў тэрмінах ягонага завяршэньня: Развой нашага жыцьця мусіць вызначацца найбольш узмоцненай хуткасьцю руху... Прабег наш да сацыялізму куды даўжэйшы, чым прабег капіталізму да свайго зьнішчэньня.[43] Камісары адчуваюць, што тэмпы сацыялістычнага будаўніцтва маглі быць вышэйшымі пры выкарыстаньні „энтузіязму народных масаў”: Энэргія працоўных гушчаў нашае рэспублікі непамерная. Ёй толькі не хапае патрэбнага дапасаваньня.[44] Яны таксама адчуваюць, што іхныя асабістыя магчымасьці ня поўнасьцю выкарыстоўваюцца, і гэтае асабістае незадавальненьне адлюстроўвае аўтарскае адчуваньне.  Адносна невялікая пасада дырэктара Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва пасьля пасадаў прэзыдэнта й прэм’ер-міністра БССР не задавальняла Жылуновіча-Гартнага. Камісары Юстын і Лукаш партыйныя апазыцыянеры, але ў абурэньні аднаго зь іх  чужаземнай эксплюатацыяй беларускіх прыродных рэсурсаў драпежніцкім зьнішчэньнем лясоў, галоўным яе прыродным багацьцем, таксама бачна і іхная нацыянальная апазыцыйнасьць.

Калі Жылуновіч-Гартны паказвае незадаволенасьць камісараў іхнай „нізкай” пазыцыяй, ён падымае пытаньне пра сацыяльную няроўнасьць у Савецкім Саюзе, упершыню гэтае пытаньне падымаецца ў беларускай, магчыма, нават у савецкай літаратуры. Жылуновіч-Гартны ўвачавідкі ілюструе гэты бок савецкага грамадзтва праз паказ пагрозаў камісараў і пагардлівага стаўленьня да сваіх падначаленых. Фурман Піліп не дапушчаецца да іхнага стала: Піліп хціва паглядаў у бок стала.[45] Калі ён асьмельваецца перарваць размову камісараў, паварот галавы Юстына быў бліскавіцаю, якая асьляпіла вочы фурману. Яго язык умомант адранцьвеў і прырос да паднябеньня. Як і дагэтуль, стары абярнуўся ў статуй з паднятаю праваю рукою на ўзровень вуха. Статуй усё-ж чаўкнуў ротам.[46] Размова за сталом якраз ішла пра новую сацыяльную няроўнасьць пытаньне, што востра паставіў лясьнік, які частаваў камісараў: Было-б усё добра, каб наш урад пільней сачыў за пытаньнем роўнасьці. У нас гэтага бракуе... Няроўнасьць зайшла глыбока, маючы нутраныя чалавечыя штуршкі. Ні спрыт, ні сымпатыі не павінны мець месца ў справе нашага будаўніцтва. Гэта ня мерка людзкае якасьці, таварышы, не. Трэба мераць па здольнасьцях чалавека працаваць і па шчырасьці яго працы, во... Тымчасам кажуць, ён заслужаны ў мінулым... Ці-ж гэта грунт? Не... Кожны час вымагае сваіх здольнасьцей. Зараз патрэбны будаўнікі, а не ахоўнікі дваццаць год таму нажытых вартасьцей...[47] Лукаш згодны зь лесьніком і разьвівае ягоную думку далей: У нас ёсьць, і многа ёсьць, аднаго граху гэта нядбайнасьці да нашых ідэялаў... засмакталі інтрыгі, падседжваньні, дробныя інтарэсы мешчаніна-карысьніка... Ёсьць гэткія, хто мерае сваю ідэёвасьць адказнасьцю пасады... Мяне ня раз упікалі ў розных грахох... А ты думаеш, якім чынам? Проста, бяз жадных довадаў. Ты выказаўся там і там і не падкрэсьліў таго ці іншага слова. Мэрам-бы зьмест ідэі заключаецца ў шаблённых сказах?.. Я выступаю, а Тодар Жменя ўвесь абяртаецца на ўвагу, каб з мае прамовы выцягнуць хоць кропельку нявытрыманасьці... Ці-ж на гэтым будуецца цеснае супрацоўніцтва?[48] Юстын, па сутнасьці згодны са сваім таварышам, усё-ж кідае яму рэзка, у духу той самай „пільнасьці”: У табе прабіваецца меншавізм.[49] Юстын яшчэ дастаткова вытрыманы партыец, каб не выяўляць сваёй апазыцыйнасьці перад „нізамі” й наагул беспартыйнымі.

Гэтага „камісара” Юстына Цішка Гартны й зводзіць з антыбальшавіцкімі партызанамі, „бандытамі”, паводле бальшавіцкай тэрміналёгіі. Тэма „бандытызму” закраналася ў беларускй літаратуры не ўпершыню. Так, прыкладам, Крапіва выкарыстаў раньнюю эпоху бальшавіцкага „змаганьня з бандытызмам” у сваёй арыгінальнай вершаванай навэлі „Шкірута”.[50] Але тут зьява „бандытызму” паслужыла пісьменьніку толькі для стварэньня пікантнага прыгодніцкага сюжэту. Інакш, шырэй і глыбей, паспрабаваў паказаць „бандытызм” малады „ўзвышэнскі” драматург Васіль Шашалевіч у п’есе „Воўчыя ночы”, якая друкавалася ўрыўкамі ў часапісе „Ўзвышша”.[51] Між іншага, калі зьявіўся першы ўрывак-пралёг гэтай п’есы „Сумны зьвер”,[52] Дубоўка ў прыватнай размове зрабіў Шашалевічу заўвагу, што ён вельмі прымітыўна падыходзіць да „бандытызму”, як да нейкага „зьверства”, на самой справе, „бандытызм” гэта зьняважлівы назоў антыбальшавіцкага народнага партызанскага руху. Шашалевіч апраўдваўся, што меў на ўвазе менавіта такі падыход, пра які гаворыць Дубоўка, і ўжо ў пралёгу паказаў „бандыта” як моцную ідэйную постаць, а ня толькі зьвера. І нават сам падзагаловак „Сумны зьвер” павінен быў стварыць аўру сымпатыі да героя.

Зусім нечакана сустракаем такі небальшавіцкі падыход да „бандытызму” і ў апавяданьні Цішкі Гартнага „Здарэньне з камісарамі”. Ужо пры першай сустрэчы Юстына з „бандытамі” ў лесе яму кінулася ў вочы іхная чалавечнасьць: ...ухмылцы &аднаго з „бандытаў”* поўнасьцю гарманавала спакойлівасьць на твары другога ляснога ваякі. Гэтага было досыць, каб яго &Юстына* душа адчула тую ці іншую надзейнасьць на людзкасьць пачуцьця, якое, магчыма, не замерзла пад карэлымі кажухамі двух дзікіх гальяфаў.[53] У самім-жа атамане Юстын пазнае таварыша па рэвалюцыйнаму змаганьню ў Петраградзе пасьля ўсьмірэньня кранштадзкага бунту.[54] Некаторыя з успамінаў атамана ня вельмі прыемныя для Юстына, які прыкметна зьмяніўся ад таго часу, калі стаўся камісарам. Атаман, аднак, спакойна прымае гэта: Давай, браток, вып’ем за тое, што лучыць чалавека па-за ўсім тым, што празываецца яго зьместам.[55] Далей атаман філязофствуе пра залежнасьць чалавека ад ягоных ідэялаў і збліжаецца нават з разважаньнямі, выказанымі раней „камісарам” Лукашом: Чалавек мусіць старанна шукаць свайго ідэялу... Калі імкнуцца, то трэба ведаць, да чаго, і трэба ведаць, якім шляхам... Многія пераацэньваюць сваю ролю, выпіраючы яе з супольнага цэлага... Чыннасьць некаторых мае намерам аформіць ідэял, а не ідэялам афармляюць яны сваю чыннасьць.[56] Пасьля таго, як атаман, тайком ад сваіх людзей, адпускае Юстына, той канчаткова прыходзіць да выснаву, што атаман, хоць і „адзічалы крыху”, чалавек ідэёвы ацэна прынцыпова адрозьніваецца ад бальшавіцкага „бескампраміснага” падыходу. Юстын прыходзіць нават да заключэньня аб адноснасьці й нетрываласьці ўлады, якую ён прадстаўляе: Праўда, улада