|
Частка ХІІ
Канец і выгнаньне
Пасьля 1929 году палітычная атмасфэра ў Савецкай Беларусі ўсё больш
згушчалася. Калектывізацыя разгортвалася, патроху пачыналася й раскулачваньне,
дзе-нідзе ўспыхвалі сялянскія паўстаньні, якія вельмі хутка падаўляліся
войскамі ГПУ. Кампанія „змаганьня зь беларускім нацыянал-дэмакратызмам”
уступала ў новую стадыю. Адчувалася набліжэньне новых рэпрэсіяў. Атака на
„Ўзвышша” выклікала трывогу і іншых апазыцыйных элемэнтаў беларускай
літаратуры. „Полымя” неяк адразу прыціхла, частка пісьменьнікаў у прадчуваньні
катастрофы пачала выходзіць з арганізацыі. Сярод іх першымі былі Андрэй
Александровіч, які перайшоў у БелАПП, і Якуб Колас, афіцыйны старшыня
згуртаваньня, які не прымкнуў ні да якой іншай арганізацыі. Вагаўся Міхась
Чарот, ён свой выхад з „Полымя” й пераход у БелАПП аформіў значна пасьлей.
Кампанія супраць „нацыянал-дэмакратызму” ўступіла ў новую фазу, калі ў
лютым 1930 году прайшлі першыя арышты нацыянал-дэмакратаў, скарочана,
па-бальшавіцку, — нацдэмаў. Колькасна першая група арыштаваных была яшчэ
параўнальна невялікая й не вылучалася асабліва сваім складам: „кіты
нацыянал-дэмакратызму” не былі закранутыя, але ўсім было ясна, што гэта —
толькі пачатак. Зь літаратараў быў арыштаваны паэта Нічыпар Чарнушэвіч, адзін
зь першых „ажыўленцаў” яшчэ ў „Маладняку”, які пакінуў гэтае згуртаваньне разам
з „узвышэнцамі”, а потым фактычна ачоліў недаўгавечную літаратурную арганізацыю
„Пробліск” і пасьля яе развалу застаўся на становішчы „дзікага”, г.зн., які не
прымкнуў да пэўнай літаратурнай групоўкі. Ён заслужыў рэпутацыю
„контррэвалюцыйнага паэты” ў асноўным за цяжкі алегарызм ягонага адзінага
зборніка вершаў „Дзіва”, які яму ўдалося выпусьціць у 1927 годзе. У
літаратурных колах было ведама, што большая частка матар’ялу, прызначанага
паэтам у зборнік, не прайшла праз цэнзуру, але й прапушчаныя цэнзурай і
рэдакцыяй вершы таксама былі далёкія ад патрабаваньняў „ідэялягічнай
вытрыманасьці”. Для бальшавіцкай крытыкі зборнік
„Дзіва” прайшоў незаўважана, верагодна, з-за „дзікасьці” паэты. Арышт Н.Чарнушэвіча
нікога ня ўразіў, толькі выклікаў натуральнае пытаньне — хто наступны?
У сакавіку 1930 году на Ўкраіне прайшоў вядомы працэс СВУ („Спілка
Визволення Украªни”), і стала ясна, што ГПУ рыхтуе аналягічны працэс і на
Беларусі — справу пра „змову нацыянал-дэмакратаў”. Фактычна да нацдэмаў ГПУ
адносіла ўсю беларускую нацыянальную інтэлігенцыю. Хоць далейшыя арышты адразу
не пасьледвалі, што дало надзею некаторым наіўным аптымістам, бальшыня
беларускага нацыянальнага актыву чакала далейшага зь вялікай насьцярожанасьцю.
Асабліва цяжка перажываў гэтыя падзеі Янка Купала. У 1929 годзе, у самы
пік газэтнай кампаніі супраць „беларускага нацыянал-дэмакратызму”, пісьменьнік
і гісторык літаратуры Максім Гарэцкі зьвярнуўся да Янкі Купалы і Якуба Коласа з
прапановай выступіць супраць бальшавіцкага пагрому беларускай нацыянальнай
культуры, прыкрыванага шыльдай „змаганьне з нацыянал-дэмакратызмам”. Ён
заклікаў іх нават адмовіцца ад
дараванага ім бальшавікамі званьня „народных паэтаў” (Купала атрымаў гэтае
званьне ў 1925 годзе, Колас — у 1926). Колас, заўжды больш апартуністычны,
адразу-ж адмовіўся, Купала спачатку згадзіўся, нават з энтузіязмам, але пад
уплывам сваёй жонкі зьмяніў намер. Тады Максім Гарэцкі разарваў дачыненьні з
абодвума „народнымі паэтамі” й дэманстрацыйна адаслаў ім усе кніжкі з
аўтографамі й прысьвячэньнямі. На Купалу гэты інцыдэнт, як і трагічнае
разгортваньне падзеяў, зрабілі вельмі цяжкое ўражаньне. Ён нічога не пісаў, ва
ўсякім разе не друкаваў на працягу ўсяго гэтага пэрыяду. Але раптам, без усякага
заказу, да чарговай гадавіны Парыскай Камуны пераклаў паэму польскага
пралетарскага паэты Ўладыслава Бранеўскага. Паэма зыркімі фарбамі малявала
крывавы разгром Камуны генэралам Галіфэ. Чытацкая аўдыторыя адразу зразумела,
што гэта — чарговае „пераапрананьне”. Радкі Купалавага перакладу ўспрымаліся ў
непасрэднай сувязі з сучаснымі падзеямі. Прыкладам, такія радкі суадносіліся з
бальшавіцкімі рэпрэсіямі:
Генэрал Галіфэ, аддавай загады,
Хай жаўнерам ад люф гараць рукі!
Ну, па сорак! Па дзьвесьце адразу!
Тысяч пяць! Дзесяць тысяч! На мукі!
Запраўды, „сорак нацдэмаў” былі пасаджаны ў лютым, „па дзьвесьце”
чакалі сваёй чаргі й праз пару месяцаў дачакаліся.
І ці не такімі зваротамі падмацоўваў дух свой і сабе падобных
паэта-перакладчык у такіх заклікальных акордах:
Гінь, барыкада!
Ўзьнімі сьцяг вышай!
Вольнай да рэшты
Рынь і сканай так,
Грознай, апошняй
У мёртвым Парыжы,
Непераможнай,
Непераможнай!
У канцы чырвеня 1930 году, ва ўсё больш трывожнай атмасфэры, адзначаўся
дваццаціпяцігадовы юбілей творчасьці Янкі Купалы. У дакладзе на ўрачыстым
сходзе Бэндэ не даваў літасьці „ганебнаму мінуламу” паэты. Купала
дэманстрацыйна маўчаў усю ўрачыстасьць, хоць пасьлей крыху зьмякчыў гэтую
дэманстрацыю лістом у рэдакцыю „Полымя” з удзячнасьцю усім, хто вітаў яго як юбіляра. Да юбілею павінен быў выйсьці, але па
тэхнічных прычынах крыху запазьніўся зборнік вершаў Купалы „1918 — 1928”, які
складаўся зь лірыкі паэты першага дзесяцігодзьдзя савецкай улады. Зборнік
адкрываўся дэманстрацыйнай „пераклічкай” вершаў „Інтэрнацыянал” і „Паўстань”.
Сутыкненьне й супастаўленьне іх было адразу „схоплена” і чытачамі, і
бальшавіцкай крытыкай.
11 ліпеня 1930 году ў БССР сьвяткавалі яшчэ адну гадавіну —
дзесяцігодзьдзе вызваленьня Беларусі ад белапалякаў. Язэп Пушча выкарыстаў
мамэнт, каб апублікаваць паэму „Крывавы плякат”, апошні ягоны твор, што
зьявіўся ў друку. Твор адлюстроўваў запраўды трагічныя
падзеі ў жыцьці Беларусі — разгул польскага тэрору ў 1920 годзе — і быў
прысьвечаны Памяці расстраляных белапалякамі партызанаў Сяргея й Сымона
Плашчынскіх. Пры гэтым, кіруючыся тэзісам аб раўназначнасьці тэрарызму
польскага й бальшавіцкага акупацыйных рэжымаў, Пушча шляхам лёгка
распазнаванага „пераапрананьня” паказаў бальшавіцкі крывавы тэрор дваццатых
гадоў. І ўжо зусім, адкідаючы маску, разгортваў пэрспэктыву будучыні:
Што робіцца сягоньня з намі?
Плывуць
крывавыя кругі,
плывуць,
расходзяцца над краем, —
ў іх захлынецца
вораг наш;
яму хаўтуры
тут мы справім
пад свой мужыцкі марш!
Над псінаю яго магілай
ня ўзойдуць зоры,
сонца век.
Пад крыжам
даўных дзён пахілых
ня будзе больш
маліцца чалавек.
Зару ён новую сустрэне
вялікай радасьці людзкой:
душы суровай не застрэміць
адчай расстрэляных бацькоў.
За гэтымі радкамі блізу адразу ідзе выразны і адкрыты
заклік да партызанскага супраціву, да паўстаньня:
Чакаюць нас лясы,
дубровы
і вязьні з-за турэмных крат.
Браты!
Бярыся ўсе за зброю,
Ратуй абрабаваны край!
Ідзі ў паўстанцы,
партызаны —
на фронт
рассыпаных атак.
Пачуюць нас
аж да Пазнані,
пачуюць нас
аж да Карпат!
На ўсім працягу паэмы паэта імкнецца ўмацаваць дух
непакорнасьці: Запрэгчы у хамут сябе паном ніколі не дамося!.. Настрой
пакорлівы заплесьнеў, і не папросім ласкі пад дзьвярыма... Мы ведаем —
рабуюць нашы хаты, братоў вядуць у катавальні... Братоў страляюць штодзень
нашых на сплаканых вачох матуль; жалобныя іграюць маршы пад посьвісты крывавых
куль.
У атмасфэры крывавага падаўленьня сялянскіх паўстаньняў,
выкліканых раскулачваньнем, гэтыя радкі Пушчы мелі бяссумлеўна выбуховую сілу.
Але рабства турма была ўжо моцна збудаваная за папярэднія гады;
пераможнага мужыцкага маршу не дапусьціў добра падрыхтаваны вораг, і
непакорным прыйшлося „маршыраваць” пад канвоем за гатовыя турэмныя краты, а то
й адразу „пад сьценку”.
Новая хваля арыштаў пачалася пад канец чырвеня 1930
году. Схопленая была значна больш вялікая й больш рэпрэзэнтацыйная група
нацдэмаў, чым у папярэдняй, лютаўскай хвалі. У ліпені масавыя арышты нацдэмаў у
Менску сталіся блізу штодзённымі, а ў жнівені перакінуліся й на правінцыю. Зь
літаратараў у чырвеньскую хвалю трапілі „палымянец” Міхайла Грамыка й блізкі да
„Полымя” крытык Уладыслаў Дзяржынскі (Чаржынскі). З „узвышэнцаў” першы быў
арыштаваны ў сярэдзіне ліпеня Ўладзімер Жылка. Хворага на сухоты паэту ўзялі
проста з пасьцелі з тэмпэратурай. Жылка быў эмігрантам з Захаду, былым
беларускім эсэрам, адным з галоўных герояў паэмы Андрэя Александровіча „Цені на
сонцы”, блізу ўсе пэрсанажы якой былі ўжо за кратамі. 24 ліпеня арыштавалі
блізу ўсю „ўзвышэнскую меншыню” — Уладзімера Дубоўку, Язэпа Пушчу, Адама
Бабарэку, Антона Адамовіча. І нават аднаго з „бальшыні” — Васіля Шашалевіча.
Прыхапілі й выключанага з „Узвышша” Фэлікса Купцэвіча. Да арыштаваных
„палымянцаў” Міхайлы Грамыкі і Ўладыслава Дзяржынскага далучылі Алеся Гурло,
Язэпа Дылу (Бываеўскага), Алеся Ляжневіча, Мікалая Байкова й прывезенага са
смаленскай „высылкі” Алеся Дудара (Глыбоцкага). Нават зь БелАПП трапілі двое —
малады празаік Сымон Хурсік, нідзе ні ў якой апазыцыйнасьці не заўважаны, і
адзін з актыўных крытыкаў — Алесь Гародня (Функ). Былі арыштаваныя й некаторыя
старыя беларускія пісьменьнікі, у іх ліку Вацлаў Ластоўскі й Максім Гарэцкі.
Такім чынам, толькі літаратараў было „ўзята” каля двух дзясяткаў; лік-жа ўсіх
арыштаваных па „справе нацдэмаў” дасягнуў колькіх сотняў.
ГПУ абвінаваціла ўсіх у прыналежнасьці да падпольнай
контррэвалюцыйнай арганізацыі „Саюз Вызваленьня Беларусі” (СВБ). Ніхто ня чуў
пра такую арганізацыю, абвінавачаньне было звычайнай правакацыяй ГПУ, такой-жа,
як „справа СВУ” на Ўкраіне. ГПУ нават не паклапацілася прыдумаць іншы назоў
міфічнай беларускай арганізацыі. Блізу ўсе беларускія пісьменьнікі
клясыфікаваліся ГПУ як сябры „літаратурнай сэкцыі” падпольнай СВБ. І тут
таксама ўсё было зроблена па ўкраінскай мадэлі, дзе на судзе па „справе СВУ”
„літаратурная сэкцыя” была прадстаўлена паэтам Міхайлам Іўчанкам. Праўда, ГПУ
Беларусі, відаць, не хапала людзей, каб запоўніць іншыя сэкцыі прыдуманай імі
падпольнай арганізацыі, і „ўзвышэнец” Адам Бабарэка, прыкладам, трапіў у
„сэкцыю моладзі”, хоць быў чыста літаратарам і прытым значна старэйшы як векам,
так і літаратурным стажам. Арыштаваны
першым, паэта Нічыпар Чарнушэвіч быў аднесены да жудаснай „сэкцыі тэрарыстаў”,
што гучала проста пародыяй для кожнага, хто яго ведаў. Да гэтай-жа сэкцыі
спрабавалі аднесьці й чаловых „узвышэнцаў” Дубоўку й Пушчу, можа таму, што ў
іхных вершах былі заклікі да ўзброенага паўстаньня. Многія сьледчыя не хавалі
надуманасьці „справы” і адкрыта прапаноўвалі арыштаваным узяць на сябе тую ці
іншую ролю ў імя „змаганьня з нацыянал-дэмакратызмам”. Некаторыя зь вязьняў,
асабліва людзі старэйшага веку з „контррэвалюцыйным мінулым”, пачалі
супрацоўнічаць, і іхныя сфабрыкаваныя сьветчаньні дапамагалі паступова
„ствараць справу”. Так, Дзяржынскі й Грамыка ўзяліся „аформіць” „літаратурную
сэкцыю”; шмат дапамагаў такому „афармленьню” прывезены са Смаленску
Дудар-Глыбоцкі, які даваў характарыстыкі добра знаёмым яму маладым
пісьменьнікам. Да гэтай працы прыцягваўся і Андрэй Александровіч, які яшчэ быў
вольны, але якога падсьледныя часта сустракалі на допытах у сьценах ГПУ. Тым ня
менш, бальшыня з арыштаваных, асабліва малодшага веку, не паддавалася
ўзьдзеяньням ГПУ, супраціўлялася націску і адмаўлялася „прызнаць” як сваё
сяброўства ў СВБ, так і тое, што чулі пра такую арганізацыю.
У лістападзе 1930 году ў прэсе ўпершыню было аб’яўлена
пра „сьледзтва па справе ўскрытай ГПУ Беларускай падпольнай контррэвалюцыйнай
арганізацыі беларускіх нацдэмаў”. У газэтах і часапісах зьявіліся звычайныя ў
савецкіх умовах „водгукі грамадзкасьці”
— „асуджэньні”, „адмяжоўваньні”, „патрабаваньні суворага пакараньня” й
г.д. Асабліва стараліся пісьменьнікі, яшчэ не арыштаваныя, але ня ўпэўненыя,
што доўга застануцца на волі. З пакаяннымі лістамі выступілі старэйшыя
беларускія пісьменьнікі — Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля. Усяляк клеймавалі сваіх арыштаваных
таварышаў і адмяжоўваліся ад іх былыя сябры-”ўзвышэнцы”, на сваім агульным
сходзе 30 лістапада 1930 году яны прынялі грозную рэзалюцыю „Патрабуем жорсткай
кары агентам міжнароднай буржуазіі ў Савецкай Беларусі — беларускім
контррэвалюцыйным нацыянал-дэмакратам”. Пад рэзалюцыяй стаялі подпісы: М.Лужанін, Т.Кляшторны,
С.Дарожны, К.Чорны, К.Крапіва, А.Мрый, З.Бядуля, П.Глебка, Л.Калюга. Шмат якім
„водгукам” аўтары надавалі вершаваную форму: „узвышэнец” М.Лужанін выступіў зь
вершам „Дзень гневу”, „белапавец” В.Казлоўскі — зь
філіпікай „Абвяшчаю я свой прыгавор”, а „палымянец” М.Чарот, які стараўся
перакрычаць і апярэдзіць усіх, — зь інвэктывай „Суровы прыгавор падпісваю
першы”. ГПУ зрабіла спробу прыцягнуць да СВБ
і Янку Купалу. Справа ў тым, што Іван Краскоўскі й Сьцяпан Некрашэвіч, дарэчы
абодва — пэрсанажы паэмы Андрэя Александровіча „Цені на сонцы”, „прызналі” сябе
кіраўнікамі СВБ. Мясцовыя ўлады вагаліся, каму аддаць лідэрства, і запрасілі
Маскву. Прысланы адтуль спэцыяльны ўпаўнаважаны Аргаў палічыў абодвух недастаткова
эфэктнымі й рэпрэзэнтацыйнымі фігурамі. На чаловую ролю выбралі „прарока
беларускага нацыянальнага адраджэньня” й „натхніцеля беларускага
нацыянал-дэмакратызму” Янку Купалу. Паэта быў арыштаваны, але па дарозе ў турму
ў „варанку” з дапамогай адзінага, што было пры ім, — сьцізорыка — зрабіў спробу
самагубства. Агенты перашкодзілі давесьці справу да канца, але так разгубіліся,
што паклікалі на дапамогу выпадковых прахожых. Вестка пра спробу самазабойства
беларускага народнага паэты маланкай абляцела Менск і з такой-жа маланкавай
хуткасьцю дасягнула, з аднаго боку, „буржуазнага Захаду”, а з другога, —
Крамля. Сам Сталін загадаў любой цаной выратаваць паэту, справу закрыць, а
ягонае творства „паставіць на службу сацыялізму”. 10 сьнежаня 1930 году ў газэце
„Зьвязда” зьявіўся разгорнуты „пакаянны ліст” Янкі Купалы, мяркуючы па стылю,
наўрад ці напісаны самім паэтам. Ва ўсякім разе, Купала быў вылечаны
фізычна і „ідэялягічна” і стаўся афіцыйным паэтам, прысьвяціў „правадыру” „свае
песьні і думы і шчырыя шчырага сэрца парывы”, хоць час ад часу „зрываўся”, а ў
1942 годзе паўтарыў спробу самагубства, на гэты раз удала.
Між тым Аргаў працягваў пошукі „лідэра” СВБ. На гэты раз
ён спыніўся на прафэсары Ўсеваладзе Ігнатоўскім, прэзыдэньце Беларускай
Акадэміі Навук. Але й тут Аргаву не пашанцавала. Ігнатоўскі, папярэджаны некім,
застрэліўся перад самым арыштам у сябе на кватэры (20.ІІ.1931). Магчыма, з-за
няўдач Аргава, магчыма, таму, што маладыя вязьні не мянялі сваіх паказаньняў,
ці таму, што адзін з „кандыдатаў у лідэры” С.Некрашэвіч таксама паспрабаваў
скончыць жыцьцё самагубствам, кінуўшыся у турме зь лесьвіцы, але толькі зламаў
нагу, — блізу ўся група старэйшых вязьняў адмовілася ад першапачатковых
паказаньняў. „Справа” развальвалася. Аргава адазвалі ў Маскву, начальніка ГПУ
Беларусі Рапапорта перамясьцілі на Ўрал, і калегія ОГПУ ліквідавала ўсю справу.
У красавіку 1931 году была вынесена пастанова: блізу ўсе, прыцягнутыя да
„справы СВБ” высылаліся адміністрацыйна, галоўным чынам, у Паволжа й Прыўральле
тэрмінам на 5 гадоў. Толькі 5 чалавек, пераважна членаў партыі, — Алесь
Адамовіч, народны камісар земляробства БССР Зьміцер Прышчэпаў, народны камісар
асьветы БССР Антон Баліцкі, Пётр Ільлючонак (герой рамана М.Зарэцкага „Крывічы”
Галакцёнак), малады таленавіты вучоны-эканаміст, беспартыйны Гаўрыла Гарэцкі
(брат пісьменьніка Максіма Гарэцкага) — атрымалі па пяць гадоў канцлягеру.
Колькі чалавек былі вызваленыя, у тым ліку, з „узвышэнцаў” В.Шашалевіч і
Ф.Купцэвіч, „палымянцы” Алесь Гурло і Алесь Дудар, а таксама Мікола Байкоў.
Яшчэ раз пацьвердзілася роля Дудара як агента ГПУ: яго не вярнулі на ранейшую
высылку ў Смаленск, а наадварот — далі магчымасьць працягваць літаратурную
дзейнасьць у БССР, якую ён і аднавіў пакаянным вершам „Ліст да рэдактара”.
Гэтая першая масавая расправа зь „беларускімі нацдэмамі”
паклала канец апазыцыйным плыням у беларускай літаратуры. Пазасталыя на
свабодзе ўдзельнікі гэтых плыняў імкнуліся ўсімі сіламі „выправіцца”,
„адмежавацца”, „перастроіцца”, ліквідаваць самыя малыя сьляды былой сваёй
апазыцыйнасьці. Некаторыя кінуліся гэта рабіць ужо пасьля першых арыштаў.
М.Зарэцкі, прыкладам, пачаў актыўна апяваць калектывізацыю, да якой раней
ставіўся адмоўна. Іншыя праявілі асаблівы імпэт падчас
сьледзтва. Так, З.Жылуновіч-Гартны „выкрываў” нацдэмаў у публіцыстычных
артыкулах, Крапіва атакаваў арыштаваных сваіх
нядаўных сяброў па „Ўзвышшу” ў доўгай сатырычна-фантастычнай паэме „Хвядос
Чырвоны Нос”, называючы іх проста па імёнах. Нават
тыя пісьменьнікі, што мелі зусім аддаленае дачыненьне да апазыцыі, сьпяшаліся
„застрахаваць” сябе. Прыкладам, малады арыгінальны лірык Хадыка, блізкі да
„Ўзвышша”, блізу ў кожным вершы імкнуўся ўесьці няшчасных нацдэмаў.
„Перабудоўваліся нахаду”, як гаварылася тады, імкнуліся вытравіць усякія сьляды
апазыцыйнасьці з твораў, што першапачаткова былі задуманыя як апазыцыйныя. Так,
Бядуля зьнявечыў свой вялікі раман „Язэп Крушынскі”, пачаты ім яшчэ ў 1928
годзе; Кузьма Чорны спыніў працу над раманам
„Вецер і пыл”, зь якога былі выдрукаваныя толькі фрагмэнты, а другі раман „Ідзі, ідзі”, пачаты ім
перад разгромам, скамячыў і сапсаваў поўнасьцю. Блізу зусім зьнікла канструкцыйная
крытыка, шмат артыкулаў было прысьвечана „выкрыцьцю” арыштаваных крытыкаў,
асабліва Адама Бабарэкі і Ант. Адамовіча.
Толькі рэпрэсаваныя пісьменьнікі зь непакорных
апазыцыянераў спрабавалі некаторы час працягваць творчую дзейнасьць у ранейшым
кірунку, без усялякай, аднак, надзеі убачыць свае творы ў друку. Найбольш
актыўным аказаўся былы ідэйны лідэр „Узвышша” Ўладзімер Дубоўка. Яшчэ ў турме, адразу
пасьля заканчэньня „сьледзтва”, як толькі дазволілі пісаць і карыстацца
кнігамі, Дубоўка закончыў даўно пачаты пераклад Байранавага „Чайльд Гарольда” й
пераклаў другую ягоную паэму „Шыльёнскі вязень”. Рукапіс апошняга перакладу
ўдалося перадаць на волю, і паэма пайшла ў сьвет ужо звыклым для апазыцыйнай
літаратуры шляхам. Пераклад, бяссумлеўна, адлюстроўваў перажываньні самога
перакладчыка, як „менскага вязьня”, знаходзячы жывы водгук у душах тых, хто ўжо
трапіў за краты або яшчэ чакаў сваёй чаргі. Асабліва краналі апошнія радкі
ўступнага да паэмы „Санэту аб Шыльёне” (прыводжу тэкст з памяці):
І хоць сыны твае ў вастрог забраны —
Да перамогі йдзе Айчына зь імі-ж!
Сыновай мукай воля здабывана,
І ў першым ветры, Воля, крыльле ўздымеш!
Апрача перакладаў, Дубоўка напісаў у турме яшчэ адзін
свой „камбайн” — „Марка ў пекле”, дзе паказваліся пакуты вязьня ў турэмным
пекле ГПУ. Хоць рукапіс твора ўдалося пранесьці на высылку, ён так і не дайшоў
да чытача. У перасыльнай турме Волагды Дубоўка напісаў „Песьні беларускіх
выгнанцаў”, якія сталіся запраўдным гімнам ссыльных беларусаў. Гімн, дзякуючы
выгнанцам, выйшаў на „волю”, захаваўся ў людзкой памяці й праз гады быў
выдрукаваны ў беларускай эміграцыйнай прэсе. Увесь тэкст незамаскавана
антыбальшавіцкі:
Забраны ў няволю з Забранага Краю,
Узяты за краты з спустошаных хат...
Для нас пачалася часіна ліхая,
Мой родны, мой бедны пакрыўджаны брат.
Жыве наш народ, як гарох пры дарозе,
Прасьвету ня бачыць у гэтым жыцьці:
Учора на працы, сягоньня ў вастрозе,
А заўтра за працу ў выгнаньне ісьці...
Прагоняць праз пусткі, праз тундры, на Мурман,
Каб з нашых касьцей загаціць тую гаць,
Прагоняць этапам праз царскія турмы,
Якія хацелі зь зямлёю зраўнаць.
Зраўнаць не зраўналі, а ў землю ўвагналі,
Загналі працоўных у цёмны падвал.
Жаратак чужымі зграбалі рукамі,
Падзякі ні слова ніхто не сказаў.
Ня стане астрогаў для нашага брата —
Ударным парадкам пачнуць мураваць!
Лягчэй, знаць, паставіць зялезныя краты,
Чым шчасьце для беднага люду прыдбаць.
Ня плачце вы, сёстры, ня плачце вы, маткі,
Ня плачце вы, любыя сэрцу, па нас, —
Такія ўжо, знаць, на сьвеце парадкі,
Такі ўжо бязглузды, пакручаны час!
Няхай лепш сумуюць прадажныя душы,
Адплаты чакаюць за здраду сваю;
Няхай іх сумленьне, тых юдаў, падушыць,
Загоніць жывымі ў сырую зямлю.
Зьвярыная злосьць не заслоніць нам неба
І нашу зямельку усю не глыне.
Мы знаем — змагацца за волю нам трэба,
Мы знаем — змаганьне наш край не міне!
Ніколі й нідзе Беларусь не загіне,
Ніколі й нідзе Беларусь не памрэ.
Ні ў турмах, ні ў концах, ні ў клятых краінах,
Ні ў дзікім прыгоне, ў маскальскім ярме!
Сячэце, сячэце высокія хвоі,
Пілуйце вы дошкі адна ў вадну:
Зьбянтэжаны вораг ня знае спакою —
Сабе ўжо самому складае труну...
Дубоўка працягваў пісаць і на высылцы, якую адбываў
спачатку ў Яранску былой Вяцкай губэрні, а пасьля ў Чабаксарах Чуваскай
аўтаномнай рэспублікі. Некаторымі сваімі вершамі паэта дзяліўся зь
сябрамі-ссыльнымі, перасылаў іх у лістох. Пасьлей мне давялося аднавіць з
памяці колькі вершаў і апублікаваць у беларускім эмігранцкім часапісе „Сакавік”,
які выходзіў у Нямеччыне на працягу 1947-1948 гадоў. У №1 гэтага часапісу за
1947 год была выдрукаваная мініятура Дубоўкі „З-за кратаў”, дзе даецца малюнак
вясны на Беларусі, па якой сумуе паэта за турэмнымі кратамі; у №1(2) за 1948
год — дзьве мініятуры з турэмнымі і этапнымі ўспамінамі паэты (1931 году):
Забыўся ты. Схіліўся на далоні...
Язда, шляхі — і водбліскі пагоні...
Забыўся ты — галубіш сьвет шырокі,
Ня чуеш варты неспынянай крокі...
Забыўся ты... Табе ўсё воля сьніцца...
Мой брат! Ці-ж сьвет увесь — вязьніца?
У вершы „Зраднікам” разьвіваецца матыў абурэньня і
асуджэньня „прадажных душаў”, пры дапамозе якіх бацькаўшчына ўкрыжавана
— той самы матыў, што і ў гімне выгнанцаў:
Вы, што звыклі поўзаць ракам
і на задніх танчыць лапках
перад кожным небаракам,
што трымае з маслам „папку”,
вы, прасякнутыя брудам
ад пяты да самай шыі,
звыклі біць тых, што пад спудам,
ліць на бліжняга памыі, —
дзе ваш сорам чалавечы,
дзе павага да людзіны?
Як ад вас нам асьцярэгчы
гонар нашае краіны?
Месца ваша ў ніцалозьзі,
ганьба вам наканавана,
бо пры вашай дапамозе
Бацькаўшчына ўкрыжавана.
Працягваў пісаць на высылцы і Ўладзімер Жылка, чыя
апазыцыйнасьць толькі там і праявілася ў поўнай меры. Жылка, адзін з
пачынальнікаў „ажыўленства” ў беларускай літаратуры, вярнуўся ў БССР з Прагі,
дзе вучыўся ва ўнівэрсытэце, падчас Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 году. І
застаўся тут. Ён не далучыўся да „Ўзвышша”, бо, як былы эмігрант, мог
зашкодзіць і сабе, і новай плыні, а прымкнуў да „Маладняка”, хоць друкаваўся
больш за ўсё ва „Ўзвышшы”. Цяжка было паэту-эмігранту прыняць афіцыйныя
савецкія патрабаваньні да паэзіі, ужо ў 1927 годзе ён скардзіцца:
І сэрцу ня ймецца, што трэба
Хаваць аб высокім тугу,
І родныя кветы і неба
Ніяк раскахаць не магу...
Неўзабаве Жылка быў заклеймаваны бальшавіцкай крытыкай
як „буржуазны эстэт” і ў 1928 годзе выключаны з „Маладняка”. У 1929 годзе ён
далучыўся да „Ўзвышша”, а ў 1930 першым з „узвышэнцаў” трапіў у вязьніцу ГПУ,
нягледзячы на абвастрэньне застарэлай хваробы — сухотаў. Упэўніўшыся, што
дапытваць паэту ў такім стане няма сэнсу, яго адправілі ў шпіталь, а потым
вызвалілі з-пад сьледзтва. Ачуняўшы, Жылка зноў узяўся за работу й пачаў
пераклад паэмы польскага „пралетарскага паэты” Бруна Ясенскага (пасьлей
„ліквідаванага” бальшавікамі), — „Слова пра Якуба Шэлю”. Ідэя перакладу была падказана
аналягічным Купалавым перакладам паэмы „Парыская Камуна” Ўладыслава
Бранеўскага. „Слова пра Якуба Шэлю” мае такі самы матар’ял для „пераапрананьня”
таго, што адбывалася ў тагачаснай Беларусі (канчатковая ліквідацыя кулацтва й
бязьлітаснае душэньне ўсіх сялянскіх выступленьняў супраць калектывізацыі).
Ясенскі апавядаў пра антыпрыгоньніцкія паўстаньні польскіх сялянаў і жорсткае
іх падаўленьне. Польскі паэта суадносіў мінуўшчыну зь сёньняшнімі падзеямі, а
Жылка так акцэнтаваў гэты аспэкт паэмы, што чытач поўнасьцю забываўся пра
Польшу ХІХ стагодзьдзя й бачыў толькі сучасную Беларусь:
З вуліц люд плыве разводзьдзем,
І жандар між люду ходзіць, —
Хто ісьці у такт ня згодны,
Таго зараз да халоднай.
.................................
Пройдзе стражнік з тоўстай мордай,
Каму арышт, каму горай...
На фоне такіх малюнкаў і высновы набываюць самае злабадзённае гучаньне:
У садзе дрэва тоўста,
Яшчэ таўсьцейша ў лесе,
З мужыка жыцьця ня выбіць,
Хай, як хочуць, месяць...
...........................
Зараз граюць, запіваюць
Новых зьдзекаў завязь.
Дарма верыць, што там нехта
Новай крыўды ўбавіць!
................................
Узрасьце на вас там помста,
Нібы колас чорны...
Жылкавы сябры ў турме, пераведзеныя на паслаблены рэжым,
пачалі атрымліваць кнігі й газэты і ўбачылі выдрукаваны пераклад паэмы. Яны
былі вельмі ўзрадаваныя, што паэта на волі й працягвае апазыцыйную дзейнасьць.
Аднак радасьць была прадчаснай: Жылка быў вызвалены толькі з-пад сьледзтва, але
не ад пакараньня. Калі ў красавіку 1931 году Калегія ГПУ выносіла пастанову па
„справе СВБ”, у ліку адміністрацыйна сасланых аказаўся й Жылка. Ён атрымаў
тыя-ж 5 гадоў, што і іншыя, хоць яму дазволілі пераехаць на месца высылкі
самому, а не этапам, як усе астатнія.
На высылцы, ва Ўржуме, Жылка блізу адразу адчуў сваю
асуджнасьць хворага на сухоты. Тым ня менш, ён працягваў пісаць і перакладаць,
асабліва свайго любімага паэту Шэлі. Дамінантным матывам творчасьці Жылкі
гэтага часу сталася прадчуваньне блізкай сьмерці. Толькі два творы з напісаных
тут былі выдрукаваныя — значна пасьлей і не ў Савецкім Саюзе — апрацаваньне оды
Гарацыя „Помнік” і паэма „Тэстамэнт”, над якой ён працаваў да самай
сьмерці. У „Помніку” Жылка, як і Дзяржавін і Пушкін, „пераапранаў” вобразы оды
Гарацыя ў беларускія нацыянальныя сымбалі (беларуская нацыянальная сьвятыня
віленская „Вострая Брама”, гістарычны нацыянальны герб „Пагоня”, беларускі
нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг), заміж эліністычнага жыцьцёвага шляху —
„рух Крывічоў”.
„Тэстамэнт” — самы вялікі Жылкаў твор, сваёй паэтычнай
сілай наймацнейшы й найбольш адкрыта апазыцыйны:
Няхай жыве крывіцкі люд!
Няхай красуе край крывіцкі!
Такімі словамі, дэманстрацыйна нацыяналістычнымі,
пачынае паэта свой „Тэстамэнт” і ўжывае толькі іх на працягу ўсёй паэмы. З
глыбокай замілаванасьцю, у лірычных вобразах перадае паэта сваю любоў да роднай
краіны, якая сталася для яго і пачаткам веры і высачынёй...
натхненьня. Прадчуваючы свой блізкі канец, паэта завяшчае
І любасьць гэтую да краю,
І гнеў, і ненавісьць сваю,
І што набыў, усё, што маю,
Што долю цешыла маю, —
Ўсе скарбы, ўсе свае багацьці
І песьні ўсе — крывіцкай хаце.
Ягоныя гнеў і
ненавісьць адрасуюцца ўсім і ўсякім прыгнятальнікам, узурпатарам свабоды
народу і ягоным тыранам:
Ў імя людзтва, людзкога шчасьця
І духу творчага зямлі, —
Пракляцьце шэршню ўсякай масьці
І панству — уласьніку ральлі!
На новы лад мы сьвет аснасьцім,
Перааром бязь меж палі,
І будзе ўсё дабро агульна,
І ўсім ў краі маім утульна.
...................................
А каб ні злодзей, ні тыран,
Ні чалавек ліхі, пракляты
Ня скралі волі і у зман
Не завялі сьляпыя хаты, —
На варце стаўлю гнеў зацяты
Тваіх работнікаў, сялян.
Калі між імі будзець еднасьць —
Ліхое згінець у бясьсьледнасьць.
Тут Жылка ад свайго нацыяналізму ўздымаецца да высокіх
агульначалавечых ідэялаў.
Разьвітваючыся з жыцьцём, паэта з гордасьцю падводзіць
вынікі свайго нядоўгага жыцьцёвага шляху:
На зломе дзьвюх эпох злавесных,
У неспрыяльным ветры злым
Сваё жыцьцё прайшоў я чэсна:
Пясьняр, змагар, бядак празь век, —
Быў перш за ўсё я чалавек.
Жылка памёр у выгнаньні вясной 1933 году. Праз два
месяцы ГПУ аб’явіла пра вызваленьне яго ад пакараньня.
„Тэстамэнт” стаўся апошнім творам ссыльнай беларускай
апазыцыйнай паэзіі. Наколькі вядома, крыху даўжэй праіснавала ссыльная
беларуская проза, хоць умовы яе стварэньня й пашырэньня былі яшчэ больш цяжкія.
Самым знакамітым прадстаўніком яе быў Максім Гарэцкі, які перад арыштам адышоў
быў ад літаратурнай творчасьці, а на высылцы вярнуўся да яе зь вялікай
адданасьцю і эфэктыўнасьцю. Ён закончыў і адшліфаваў раней пачатыя творы, у тым
ліку раман „Крыж”, над якім працаваў усё жыцьцё, напісаў вялікі новы раман
„Віленскія змагары”, у якім „пераапранаў” пэрыпэтыі свайго жыцьця пад
сьледзтвам і на высылцы ў падзеі дарэвалюцыйнай і парэвалюцыйнай рэчаіснасьці.
Ён нават спрабаваў выдрукаваць гэты твор у савецкай прэсе, але беспасьпяхова.
Пасланы Гарэцкім у Менск рукапіс быў выпадкова знойдзены там у часе нямецкай
акупацыі, і частка рукапісу была апублікаваная ў „Беларускай газэце”, там, дзе
зьявіўся й „Тэстамэнт” Жылкі. Аднак, тая частка твора, у якой апісваліся падзеі
першай нямецкай акупацыі на Беларусі, гітлераўская цэнзура не прапусьціла.
Працягваў сваю творчасьць на высылцы, куды трапіў у 1934
годзе, і малады „ўзвышэнскі” празаік Лукаш Калюга. У лістох да сваіх ссыльных
сяброў ён пераслаў вялікі раман „Пустадомак”, у якім пэрыяд змаганьня
бальшавікоў зь „беларускім нацыянал-дэмакратызмам” паказаны праз успрыняцьце
маладога беларускага нацыяналіста. Невядома, ці ўдалося каму захаваць гэты
рукапіс.
Між тым, у Савецкай Беларусі працягвалася ліквідацыя
сьлядоў літаратурнай апазыцыі. Перш-найперш былі закрытыя ўсе літаратурныя
аб’еднаньні. У канцы 1931 году аб’явіла пра сваю самаліквідацыю ў імя
„кансалідацыі літаратурных сілаў” беларускае літаратурна-мастацкае згуртаваньне
„Ўзвышша”. „Полымя” ціха сканала, здаецца, без такой аб’явы, і нават сама БелАПП была
ліквідаваная пастановай ЦК КП(б)Б ад 27 мая 1932 году, што ажыцьцяўляла
пастанову самога ЦК ВКП(б) ад 23 красавіка 1932 году пра ліквідацыю ўсіх
пісьменьніцкіх арганізацыяў у СССР і стварэньне адзінага Саюзу Савецкіх
Пісьменьнікаў. Адначасна з гэтым перасталі выходзіць
часапісы „Ўзвышша” й „Маладняк”, застаўся толькі часапіс „Полымя”,
перайменаваны ў „Полымя Рэвалюцыі” — орган Саюзу Савецкіх Пісьменьнікаў.
У самы разгар гэтай ліквідацыі адбыліся апошнія
апазыцыйныя „вылазкі”. Два пісьменьнікі былі абвінавачаныя за творы, напісаныя
ў 1932 годзе да пяцідзесяцігодзьдзя Янкі Купалы. Адзін зь іх, малады крытык
П.Сідарэнка-Пеначкін, — за артыкул у гонар юбіляра, дзе падчыркваліся
нацынаяналістычныя аспэкты ягонай творчасьці. Другі, Сымон Баранавых, былы сябра
БелАПП і „калгасны пісьменьнік”, — за паэтычную імпрэсію „Матчын сын”, якая была заклеймаваная як
„прасякнутая буржуазным нацыяналізмам”. Іншыя „калгасныя пісьменьнікі”, што
групаваліся вакол недаўгавечнага часапісу „Беларусь Калгасная”, таксама
праявілі сябе як апазыцыянеры. Сярод іх — былы „белапавец” празаік Мікола
Нікановіч, які апублікаваў свае мэмуары, і былы „ўзвышэнец” Лукаш Калюга, які
іранічна супаставіў „шчасьлівае калгаснае жыцьцё” й „праклятае мінулае”.
Апазыцыйнасьцю вызначаліся вялікі раман Калюгі „Нядоля Заблоцкіх”, забаронены цэнзурай пасьля другой
часткі, і навэля „Цеснаватая куртачка”, заклеймаваная крытыкамі як праява
„нацдэмаўскага наватарства”. Антысавецкія „вылазкі”, зьвязаныя з
часапісам „Беларусь Калгасная”, выклікалі спэцыяльную пастанову ЦК КП(б)Б ад 28
студзеня 1933 году — „Аб фактах пранікненьня клясава-варожых
нацыянал-дэмакратычных уплываў у мастацкую літаратуру БССР”. Адміністрацыйнае спагнаньне атрымаў
тагачасны камісар народнай асьветы БССР А.Платун, фармальна адказны за памылкі
прэсы, хоць фактычна галоўны орган савецкай цэнзуры Галоўліт знаходзіўся ў
руках ГПУ; распускалася рэдакцыя „Беларусі Калгаснай”, якую абвінавачвалі яшчэ
і ў непакорнасьці й непаслухмянасьці ў адстойваньні сваёй лініі; адначасна
крытыкаваліся Алесь Кучар, Мікола Хведаровіч і Платон Галавач, рэдактар ВІ тому
Купалавага „Збору твораў” (1932), які прапусьціў у друк нацыяналістычныя вершы
паэты. Гэтая пастанова была апошнім партыйным дакумэнтам у пытаньні
апазыцыйнасьці ў беларускай літаратуры.
У 1933 годзе ГПУ праводзіць новую „чыстку”
нацыянал-дэмакратаў, групуючы іх на гэты раз вакол былых сяброў Беларускай
Грамады, якіх за колькі гадоў перад тым вызвалілі з польскіх вязьніцаў,
абмяняўшы на арыштаваных саветамі польскіх грамадзянаў. У гэты „набор” нацдэмаў
— так сталі называць гэтую ўжо пэрыядычную зьяву на Беларусі — трапілі былыя
„ўзвышэнцы” Л.Калюга, А.Мрый, М.Лужанін, Ф.Купцэвіч (вызвалены з-пад арышту ў
1930 годзе), „белапаўцы” Ю.Таўбін, А.Астапенка, С.Ліхадзіеўскі, М.Нікановіч,
С.Астрэйка, У.Сядура. Па чутках, блізкі да „Грамады” эмігрант з Заходняй
Беларусі паэта Алесь Салагуб быў нават расстраляны. Гаварылі, што такі-ж лёс напаткаў
і Паўлюка Шукайлу, які спрабаваў арганізаваць у Маскве „Інтэрнацыянальную
Арганізацыю Рэвалюцыйных Пісьменьнікаў”.
Праз тры гады, у 1936 годзе, „чыстка” паўтарылася з
новай сілай. Яна супала з разгулам вядомай „яжоўшчыны” й „падчысьціла” ня
толькі нацыянал-дэмакратаў, але й нацыянал-камуністаў. У гэты „набор” трапілі й
тыя беларускія пісьменьнікі, якія ніколі не былі апазыцыянерамі. Быў арыштаваны
самы першы бальшавік у беларускай літаратуры З.Жылуновіч (Цішка Гартны). Падчас
сьледзтва ён страціў розум і закончыў жыцьцё ў магілёўскай псыхіятрычнай
лячэбніцы. Былі арыштаваныя й першы беларускі
пралетарскі паэта М.Чарот; „палымянцы” М.Зарэцкі, А.Вольны, А.Александровіч,
А.Дудар, У.Галубок, прафэсар М.Піятуховіч, В.Сташэўскі; „узвышэнцы” С.Дарожны,
Т.Кляшторны, В.Шашалевіч, У.Хадыка; „пробліскаўцы” А.Звонак, Я.Бобрык,
Я.Туміловіч, М.Хведаровіч, В.Маракоў; былыя сябры „Літаратурнай Камуны”
Я.Скрыган (Відук), М.Шалай; „белапаўцы” П.Галавач, М.Аляхновіч, М.Багун,
С.Баранавых, В.Каваль, Ю.Лявонны, С.Шушкевіч, З.Бандарына; зусім маладыя
літаратары, што пачалі друкавацца толькі ў 1934-1935 гадох, — паэта М.Сяднёў,
крытык П.Хатулёў. Адной з найбольш калярытных фігураў з арыштаваных быў Андрэй
Александровіч, „палітычны паэта”, які дзейнічаў як агент ГПУ й нямала дапамог у
ліквідацыі нацыянал-дэмакратаў. Сярод іншага, яму прыпомнілі на гэты раз і
акраверш „Худая вша”, пра які гаварылася ў частцы І.
Чарговая „чыстка” 1939 году блізу не закранула Ўсходнюю
Беларусь, таму што якраз у гэты час адбылося так званае „аб’еднаньне Беларусі”
й трэба было „прачысьціць” Заходнюю Беларусь. У гэты „набор” трапілі адзін зь
вядомых „адраджэнскіх” крытыкаў А.Луцкевіч (А.Навіна), аўтар беларускага
нацыянальнага гімна М.Краўцоў, адна з пачынальніц „ажыўленства” ў беларускай
літаратуры Н.Арсеньнева, малады рэвалюцыйны паэта С.Хмара. Падчас вайны і
адразу пасьля яе „наборы”, здаецца, спыніліся, але вайна прынесла пагібель
колькім беларускім пісьменьнікам, што ня трапілі ў „наборы”. Так, у эвакуацыі
загінуў З.Бядуля, якому як гебраю немагчыма было заставацца на акупаванай
гітлераўцамі тэрыторыі; скончыў самагубствам Янка Купала; памёр ад
апаплексычнага ўдару пасьля тэлефоннага званка з НКВД 22 лістапада 1944
году Кузьма Чорны...
Пасьля ўсіх гэтых „чыстак” вельмі мала пісьменьнікаў
засталося ў беларускай літаратуры, ня толькі былых удзельнікаў апазыцыйных
плыняў, але й „бясшкодных” іх сучасьнікаў. Усіх іх можна пералічыць па пальцах:
Якуб Колас, адзіны, хто застаўся ў жывых зь сяброў „Полымя”; былыя сябры
„Ўзвышша” К.Крапіва, П.Глебка, М.Лужанін (адзіны з арыштаваных пісьменьнікаў,
які вярнуўся ў літаратуру ваенным часам); колькі былых сяброў БелАПП: П.Броўка,
цяпер (1956 год) старшыня Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі, М.Лынькоў, шматгадовы
папярэднік Броўкі на гэтай пасадзе, А.Куляшоў, А.Зарыцкі і А.Якімовіч. Ні пра
якія апазыцыйныя плыні ў цяперашняй беларускай літаратуры не магло быць і
гаворкі, хоць дзе-нідзе й прабіваліся спарадычна глыбока зашыфраваныя
апазыцыйныя „вылазкі”, асабліва ў творах былога „ўзвышэнца” Кандрата Крапівы.
Час апазыцыйнага змаганьня ў беларускай савецкай
літаратуры даўно, канчаткова й беспаваротна адышоў — аддадзены гісторыі. Але помнік яму — ня толькі тагачасныя
творы, а й тая мёртвая сёньняшняя беларуская савецкая літаратура, бяздушная й
безгалосая, як вынік прайгранага працяглага і ўпорыстага змаганьня з
бальшавізмам — з тым „чортам” з „камбайна” Дубоўкі, які вытрас душу з
цудадзейнай некалі скрыпкі запраўднага народнага мастацтва.
[
працяг ]
|