БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Антон Адамовіч, Творы

Пасьляслоўе
Сёньня

Два дзесяцігодзьдзі прайшлі з таго часу, як у 1936-1937 гадох была поўнасьцю завершана саветызацыя беларускай літаратуры. Больш за чверць стагодзьдзя назад з масавых арыштаў 1930 году пачалася апошняя — тэрарыстычная, запраўды сталінская — фаза саветызацыі. Сталін, чалавек, які натхняў і кіраваў гэтай бязьлітаснай апэрацыяй, ня толькі не жыве, але нават скінуты са свайго п’едэсталу. Надышоў час дэсталінізацыі. Здаецца, зь ім для беларускай літаратуры прыйшла й пара перагляду нядаўнага мінулага, сталінскага этапу саветызацыі. Але ці насамрэч ёсьць гэта?

Не. Усё тая-ж мярцьвячына, што й раней. Беларуская савецкая літаратура ня можа пахваліцца нават той кволай адлігай, якая прыйшла ў расейскую савецкую літаратуру. Тут няма ніводнага твора, які-б можна было параўнаць з „Адлігай” Ільлі Эрэнбурга, назоў якога стаўся сымбалем усёй дэсталінізацыі, асабліва ў літаратуры.[1]

Толькі кампанія рэабілітацыі некаторых памерлых і жывых пісьменьнікаў, рэпрэсаваных пры Сталіне, мае пэўны водгук у беларускай савецкай літаратуры. Пакуль што рэабілітаваныя толькі лічаныя асобы, блізу ўсе яны — былыя камуністы або „белапаўцы”, якія ніколі раней не былі сур’ёзна ўцягнутыя ў апазыцыйную дзейнасьць. Сярод пісьменьнікаў, зьнішчаных у савецкіх турмах і „концах” (канцэнтрацыйных лягерох), рэабілітаваныя Цішка Гартны (Жылуновіч), Міхась Чарот, Сымон Баранавых, Платон Галавач і Ўладзімер Хадыка; імёны жывых рэабілітаваных названыя ў апошняй частцы працы. Блізу ўсе рэабілітаваныя, каму пашэньціла выжыць, у сваіх новых паэтычных творах адкрываюць душу, пішуць пра настальгію, ад якой адзін пакутваў „пад небам Поўначы далёкай”[2], другі — у тундры,[3] на доўгія гады сілком адарваныя ад сваёй роднай зямлі. Вымушаныя „падстрахоўваць” свае творы, яны плацяць чынш, усхваляючы то „бесьсьмяротнага, мудрага Леніна, бацьку ўсіх народаў і плямёнаў”, то „Ленінскае цьвёрдае слова”.

Былі спробы абмеркаваць правамоцнасьць апазыцыйнасьці літаратурных аб’еднаньняў „Узвышша” й „Полымя”, узьняць пытаньне пра іхную рэабілітацыю, каб вярнуць у гісторыю літаратуры.[4] Аднак нядаўна, здаецца, усім гэтым спробам прыйшоў канец. У артыкуле пад характэрным назовам „За ідэйную чыстату нашых літаратурных пазыцый”, апублікаваным у органе Цэнтральнага Камітэту КПБ ад 12 студзеня 1957 году, безапэляцыйна заяўлялася, што такія абмеркаваньні шкодныя. Аўтары востра выступілі супраць „рэвізіі” „бруднай дзейнасьці беларускіх нацыяналістаў” з мэтай знайсьці там нешта „пазытыўнае, каштоўнае, прагрэсыўнае”.[5] Іншымі словамі, артыкул ня толькі супрацьстаяў рэабілітацыі, але і адкідаў найдрабнейшую спробу пераацэнкі былых дачыненьняў да ўсяго, што раней клеймавалася як „нацыяналістычнае”, уключна зь беларускай літаратурнай апазыцыяй. Апублікаваны пасьля адступленьня пераможанага „дэсталінісцкага” фронту, гэты артыкул стаўся толькі рэхам наступу на беларускую літаратуру. „Адлігі” не было й ня будзе. Застаецца старая „ідэялягічная чысьціня нашых літаратурных пазыцыяў”.

Тым ня менш, падчас кароткажыцьцёвай рэабілітацыі здарыўся цікавы выпадак. На зусім някідкім месцы, унізе старонкі кастрычніцкага нумару „Полымя”, зьявіўся невялікі верш „Адаму Міцкевічу”.[6] Гэты новы ці, можа, невядомы санэт Язэпа Пушчы, аднаго з самых сьмелых апазыцыянераў у беларускай літаратуры, творы якога й нават імя былі поўнасьцю забароненыя з 1930 году й зьніклі бясьсьледна ў часы сталінскай „ліквідацыі”. Вось гэты верш:

Адаму Міцкевічу
(санэт)

Я не на беразе самотнай Леты,
А на скалістым ветраным узмор’і.
Чытаю ўголас „Крымскія санэты”, 
Ўглядаюся у ясныя сузор’і.
На моры неўгамонных хваль усплёсы,
Узьнепакоіў вецер белых чаек.
Я слухаю іх сьпеў рознагалосы
І ўсходу сонца на скале чакаю.
У радасным зьдзіўленьні мае вочы.
Здаецца мне: Адам Міцкевіч крочыць,
Ўзыходзіць на скалу, як на Байдары.

Ідзе Адам Міцкевіч сьветлай явай.
Схіляюся перад пясьнярскай славай:
Ты жыў на сьвеце і сьпяваў нядарам!

Тое, што гэты верш — санэт, вельмі паказальна. У 1927 годзе ў прыватнай размове Пушча катэгарычна заявіў: „Санэт — гэта гатычны замак у паэзіі. У наш час замкі ператвараюцца ў вязьніцы. &У Менску турма запраўды разьмяшчаецца ў былым замку.* І паэта сёньня адчувае сябе ў санэце вязьнем, абмежаваным строгімі кананічнымі рамкамі. Таму я не пісаў і, бадай, ніколі не напішу санэт”.[7]  Запраўды, „Адаму Міцкевічу” — першы санэт, выдрукаваны Пушчам. Ці не намякае такім чынам паэта на вязьніцу, у якой  ён пакутаваў праз гады?

Выбар тэмы санэту ня менш паказальны. Хоць верш і недатаваны, можна меркаваць, што ён зьвязаны зь Міцкевічавымі ўгодкамі, якія шырока адзначаліся ў СССР, апошнім разам у 1955 годзе. Але прайшоў цэлы год, пакуль Пушчаў санэт зьявіўся ў друку. І нават калі сувязь з угодкамі існавала, то яна была чыста вонкавая. Сутнасьць значна глыбейшая. Нават калі пры Сталіне Саветы пачалі папулярызаваць Міцкевіча, яны не маглі не згадваць і, больш таго, не падчыркваць найважнейшы аспэкт ягонай творчай дзейнасьці — непрымірымае змаганьне за волю, найперш — за волю нацыянальную. Чаловы савецкі камуністычны крытык Е.Усіевіч пісала пра Міцкевіча ў 1943 годзе: „Уся ягоная дзейнасьць, ягонае славутае імя зьяўляюцца сьцягам змаганьня супраць цемры, супраць прыгнёту, супраць тыраніі”.[8] У 1949 годзе Ўсесаюзнае Таварыства Пашырэньня Палітычных і Навуковых Ведаў выдала памфлет для шырокага распаўсюджваньня, як заўсёды, вельмі скрупулёзна адрэдагаваны й правераны цэнзурай. Там сьцьвярджалася: „Самым славутым пакутнікам польскага народу быў Міцкевіч, які вынес цяжар выгнаньня, горыч крушэньня асабістага лёсу й боль нерэалізаваных намаганьняў для аднаўленьня радзімы”.[9] Ці не такая постаць Міцкевіча, непрыхаваная й нават папулярызаваная Саветамі, прыцягнула беларускага паэту — аднаго з запраўдных пакутнікаў беларускага народу, які таксама прайшоў праз гэтае „змаганьне супраць цемры, супраць прыгнёту, супраць тыраніі”, праз такі й нават горшы „цяжар выгнаньня”, такую-ж „горыч крушэньня асабістага лёсу”, такі-ж „боль нерэалізаваных намаганьняў для аднаўленьня радзімы”?

Нарэшце, яшчэ больш адкрыецца, калі разглядаць тэкст санэту радок за радком. Пасьля „ліквідацыі”, якая адбылася ў краіне больш за чверць стагодзьдзя назад,  пасьля поўнай забароны й небыцьця паэта сьцьвярджае ўжо першым радком санэту, што ён ня бачыць сябе на беразе самотнай Леты. Ці гэта не дэманстрацыя паэтавага глыбокага перакананьня ў бесьсьмяротнасьці, усьведамленьня, што ягоная бунтарская паэзія ня трапіць у раку забыцьця — міфалягічную Лету? І далей, прыгадаўшы ўсю ягоную ранейшую паэзію, ці-ж гэта не паэзія ўгляданьня ў ясныя сузор’і, паэзія ўважлівага прыслухоўваньня да ўсплёсаў неўгамонных хваль, да рознагалосага сьпеву ўзьнепакоеных белых чаек;  і над усім:  чаканьне ўсходу сонца на скале ці ня тая-ж алегарызацыя былых надзеяў, блізу астралягічнае прароцтва волі пры няясным прадчуваньні ейнага непазьбежнага прыходу? Ці-ж гэта ня новая дэманстрацыя паэтавай непахіснай вернасьці сьвяшчэнным і выпешчаным надзеям і спадзяваньням? Фінал: Адам Міцкевіч крочыць, узыходзіць на скалу, і заключны акорд — Ты жыў на сьвеце і сьпяваў ня дарам!  Ці-ж не адносіць гэта Пушча да сябе, бо ўжо першымі словамі санэту ён сьцьвердзіў сваю незалежнасьць ад самотнай Леты? Ці-ж гэта не адкрытае абвешчэньне мэты ўсёй і ўсякай апазыцыйнай паэзіі — змаганьня „супраць цемры, супраць прыгнёту, супраць тыраніі”?

Язэп Пушча, ветэран беларускай літаратурнай апазыцыі, выкарыстаў першую-ж магчымасьць кантактаваньня зь сьветам. Хоць паэта далёка ад дарагой матчынай зямлі, на скалістым, ветраным узмор’і, ён не ўпадае ў настальгію й не прысягае „Ленінскім цьвёрдым словам”, як іншыя рэабілітаваныя. Сьмела й дэманстрацыйна Пушча шле сьвету новае пасланьне, адрасаванае гэтым разам бесьсьмяротнаму пакутніку, Адаму Міцкевічу, як трыццаць гадоў да таго ён слаў такое-ж пасланьне генію народаў забраных, Рабіндранату Тагору.[10] Упершыню за чверць стагодзьдзя верш Пушчы быў дапушчаны ў друк. Наўрад ці будзе паэту дазволена друкавацца ў найбліжэйшы час. Але калі раптам ў нейкі дзень здарыцца такое, што ягонае „цьвёрдае слова” перачыркне апошняе пасланьне, мы не паверым, што гэта запраўднае паэтавае слова ці што яно напісана не з-пад прымусу. Праз гады пасьля „ліквідацыі” Пушча зноў мацуе дух беларускай літаратуры. Нішто ня можа зьмяніць гэта.

Пушчаў верш зьявіўся ў кастрычніку 1956 году, якраз тады, калі польскія, а потым і венгерскія літаратары, як і Пушча, сваімі сьмелымі апазыцыйнымі выступленьнямі спрыялі выбуху нацыянальнай рэвалюцыі. Змаганьне, якое вёў Пушча са сваімі аднадумцамі-апазыцыянерамі на Беларусі, паўтарылася — толькі ў большым маштабе, пры іншых абставінах, у іншым месцы. У сьвятле гэтых падзеяў мянялася ўспрыняцьце штампаваных палітызаваных твораў. Так, у самы пік вэнгерскай рэвалюцыі адзін рэабілітаваны другарадны беларускі паэта выдрукаваў верш пад назовам, які здаваўся яму бездакорна прасавецкім, — „Рукі крывавыя прэч ад Егіпта”.[11] Але незалежна ад жаданьня аўтара і ягонага цэнзара радкі верша Поступ народны танкам ня спыніш і не стрымаеш ні бомбай, ні куляй... зьвязваліся не зь Егіптам, а з Вэнгрыяй, дзе танкамі спынялі „народны рух”. Танкі паслалі ў Вэнгрыю тыя самыя чорныя сілы, якім ўжо некалі ўдалося затармазіць прагрэс на Беларусі. Калі-ж раней ці пасьлей гэты тормаз сарвецца, адраджэньне на Беларусі бяссумлеўна пачнецца з таго, на чым спынілася, з „узвышэнства”, з той вышыні, якую аднойчы ўжо зьзаняла беларуская нацыянальная літаратурная апазыцыя ў змаганьні з саветызацыяй. 



[1] Пра „адлігу ў літаратуры” ў СССР гл. Anthony Adamovich. Socialist Realism and Its Current Aspects. <The Soviet Union in 1956. A Symposium>, Munich, Institute for the Study of the USSR, 1956, п.107-111, 117-118.

[2] Алесь Звонак. З новых вершаў. „Літаратура і Мастацтва”,       № 10(1077), 3 сакавіка 1956.

[3] Андрэй Александровіч. Новыя вершы. „Літаратура і Мастацтва”, № 20(1087), 12 мая 1956.

[4] Юліян Пшыркоў. Глыбей вывучаць гісторыю літаратуры. „Літаратура і Мастацтва”, № 31(1098), 8 ліпеня 1956; Рыгор Шкраба. За творчае разьвіцьцё крытыкі і літаратуразнаўства. „Літаратура і Мастацтва”, № 33(1100), 11 жнівеня 1956; Міхась Ларчанка. Некаторыя пытаньні гісторыі літаратуры. „Літаратура і Мастацтва”, № 47(1114), 17 лістапада 1956; Вучоныя расказваюць. „Літаратура і Мастацтва”, № 3(1122), 9 студзеня 1957.

[5] Л.Абэцэдарскі, А.Сідарэнка. За ідэйную чыстату нашых літаратурных пазыцый. „Зьвязда”, № 10(11244), 12 студзеня 1957; перадрук: „Літаратура і Мастацтва”, № 5(1124), 16 студзеня 1957.

[6] Язэп Пушча. Адаму Міцкевічу. „Полымя”, 1956, №10, с.91.

[7] Гутарка адбылася ў сувязі з маім водгукам, выдрукаваным ва „Ўзвышшы” (1927, №2, с.209-210), на кніжку А.Барычэўскага „Тэорыя санэту”.

[8] Адам Мицкевич. Избранное. Москва, 1943, с.17. (Прадмова да кнігі Е.Усіевіч).

[9] Марк Живов. Великий польский поэт Адам Мицкевич. Москва, 1949, с.4.

[10] Язэп Пушча. Дні вясны. Менск, 1927, с. 66.  Гл. частку VІІ гэтай працы.

[11] С.Шушкевіч. Рукі крывавыя прэч ад Егіпта. „Літаратура і Мастацтва”, 24 лістапада 1956, №48(1115).

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія