БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Антон Адамовіч, Творы

Так пяяў Салавей
Мэмуарна-камэнтатыўныя ды крытычна-тлумачальныя нататкі 
пра жыцьцё й творы Алеся Салаўя

„Пей, як салавейка” — наказваў Янка Купала сваёй паэзіі-”жалейцы” ў эпіграфе да выданьня ў 1908 г. першае кнігі гэтае паэзіі пад гэткім і загалоўкам „Жалейка”. Гэта стаяла ў поўнай згодзе з словаўжываньнем беларускае народнае мовы й вуснае народнае паэзіі, дзе прыраўненьне да „салавейкі”, салаўя — высокая мера ацэны мастацтва пеюна-песьняра. І гэта ці не спрадвечная толькі традыцыя — у кажным разе, яшчэ ў „Слове аб палку Ігаравым” да легендарнага паэты Баяна зварачаліся: „О Бояне, соловію стараго времене” — „О Баяне, часінаў мінулых салавейка!” (у „перасьпеве” таго-ж Янкі Купалы 1920 году).

Ды наказваючы сваёй паэзіі раўнавацца на тую высокую меру мастацтва, Купала тады аніяк ня чуўся яшчэ ў вапанаваньні тэй мераю, ня важыўся яшчэ сказаць пра самаго сябе, паэту, як пра гэткага „салавейку”. І ў іншым вершы тае-ж свае „Жалейкі” 1908 г., як камэнтары ўважаюць, проста „памылкова” выдрукаваным там аж два разы, на розных толькі месцах ды пад рознымі загалоўкамі („З маіх думак” і „Хто я?”, у пасьлейшых выданьнях верш дастаў ужо адно месца й загаловак „Я ня сокал”; а мо сама „памылка” выклікалася тут наданьнем асаблівае важнасьці гэтаму вершу ў ваччу аўтара?) — Купала тлумачыўся: „я не салавейка, што пяе так слаўна, а я толькі верабейка, ўзрошчаны над Гайнай...”

Дый ці мог тады Купала не ўсьведамляць сабе, што ён яшчэ толькі пачаткавец у паэзіі, і тым часам — толькі адзін зь вельмі яшчэ адзінкавых пачынальнікаў беларускае літаратуры наагул, ды гэта-ж не адно ў тым мамэньце часу, але і ў вякох папярэдніх?

...А праз трыццаць тры гады па Купалавай „Жалейцы” — прамежак часу, папулярна ўважаны за век аднаго людзкога пакаленьня — над тэй самай Купалавай — „верабейчынай” Гайнай дзевятнаццацігадовы асьпірант на нейкае месца ў чарадзе Купалавых наступнікаў-нашчадкаў, на ймя (тады) Альфрэд Радзюк — пачуў натхненьне да паважнае працы над паэтычным мастацтвам. Пасьлей-жа, калі сталася магчыма (а часам нат і падказвалася матывамі асабістае бясьпекі ў вабставінах Другое сусьветнае вайны й нямецкае акупацыі Беларусі) традыцыйным для беларускае паэзіі пісаць вершы пад псэўданімамі (у перадваенных гадох, у вабставінах завойстранае савецкае „пільнасьці” на звычай гэты глядзелі коса, і ён зусім бадай быў зьвёўся), гэты Альфрэд Радзюк, выбіраючы сабе паэтычнае ймя-псэўданім ды перабраўшы колькі адменьнікаў, канчальна спыніўся на псэўданіме „Алесь Салавей” ды найбольш твораў і пакінуў нам пад ім. І была гэта толькі нармальная ў тым часе заяўка на высокі стандарт паважнае працы над паэтычным мастацтвам, а ня нейкая нясьціплая прэтэнсійнасьць — наадварот, абвесьціцца тады нейкім „верабейкам” гучала-б ужо прэтэнсійным, манерным прысьціпленьнем. Пасьля ў сваёй аўтабіяграфіі наш Алесь Салавей успамінаў: „Гэты час я ўважаю за пачатак свае паважнае працы. Памятаю, была вясна 1941 году. Зазелянелі дрэвы й лугі ля рэчкі Гайны на Лагойшчыне. Гэта натхніла мяне напісаць верш. І я напісаў санэт Гайна”„.

Гэтак на чароўных берагох Купалаўскае Гайны, у дні дзевятнаццатых угодкаў нарадзінаў Альфрэда Радзюка нарадзіўся зь яго будучы Алесь Салавей, і ў народжаным ім таго самага дня санэце „Гайна” ўжо адбілася „паважная праца”, якое вымагала стварэньне „высокае красы” „стройнага санэтнага гмаху”, як казаў калісь Максім Багдановіч.

Аднак, не над тэй Купалаўскай Гайнай прыйшоў на сьвет і быў „узрошчаны” Альфрэд Радзюк — Алесь Салавей, дый ня быў той санэт ягоным вершам-першынцам. Із згадванае ўжо ягонае аўтабіяграфіі[1] даведваемся, што месцам ягонага нараджэньня быў „пасёлак Крысава. Цяпер там ужо не пасёлак, а вялікая вёска. Месьціцца яна ля ракі Вусы, прытоку Нёмна, недалёка ад м. Койданава”. Гэтыя родныя паэту вёска Крысава й Вуса-рака згадваюцца і ў аўтабіяграфічным даўжэйшым вершы „Радзіма”, напісаным яшчэ за тры гады да санэту „Гайна”, у 1938 г.[2] А яшчэ за год перад гэтым натхнёным хваласьпевам першай, вузкой — „малой” радзіме[3] маем сьветчаньне пра таго-ж парадку, ды яшчэ вышэйшага—найвышэйшага, папраўдзе, напружаньня- захапленьне нашага паэты Радзімаю „вялікай”, бацькаўшчынай, Беларусяй. Гэта верш „Ты”, пачаты пісаньнем яшчэ ў 1937 г. ды паданы ўпершыню ў друку ў 1945 г. пад загалоўкам „Мая Беларусь” у іншай крыху рэдакцыі, пасьля адкінутай паэтам. Ды ў вабедзьвюх рэдакцыях — выражэньне толькі па-рознаму варыяванага, але, як сказана ўжо, вышэйшага-найвышэйшага напружаньня й напалу нацыянальнага пачуцьця, „нацыянальнага эрасу” (а мо’ лепш-дакладней — нацыянальна-патрыятычнага эрасу), любасьці да роднага, да бацькаўшчыны. І гэты нацыянальна-патрыятычны эрас, хоць не заўсёды ў такой канцэнтрацыі й кандэнсацыі, як тут, або, скажам, у пасьлейшых мініятурах, як „Не пакіну”, і даўжэйшых рэчах — паэмах, як „На хуткіх крыльлях вольнага Пэгасу”, „Сын” ды асабліва „Вянок санэтаў” — так ці інакш вычуваецца, можна сказаць, у кажным вершы Алеся Салаўя. І гэта папраўдзе эмацыянальная і ідэйная дамінанта ягонае паэзіі, і яна ставіць Алеся Салаўя ў даўжэзны цуг, ад самога Франьцішка Скарыны, праз таго-ж Купалу, праз паплечных яму клясыкаў беларускае паэзіі Коласа, Багдановіча, Гаруна — аж да сучасных маладых і наймалодшых песьняроў беларускіх, ды не вылучае яго, як і ўсіх пералічаных з гэтага цугу, наагул з найшырэйшых шароў усяго нашага народу.

Абраз нацыянальна-патрыятычнага эрасу, выражанага ў нашай паэзіі пералічанымі ейнымі карыфеямі, спрабавалася высьветліць яшчэ ў часапісе „Сакавік”[4], але часапіс гэты стаўся ўжо бібліяграфічнаю рэдкасьцяй, дык ня шкодзіць паўтарыць хоць у вагульным, каб выразьней вырысавалася нацыянальная постаць нашага паэты ў заплеччы ягоных вялікіх папярэднікаў. Першым зь ведамых гэткіх выражальнікаў нацыянальна-патрыятычнага эрасу ў нас быў, пэўна-ж, Франьцішак Скарына, які прыгожа сьцьвердзіў вялікі закон прыроды, што „людзі, і дзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку й маюць” (а ў вабгрунтаваньнях гэтага знаходзім у яго, між іншага, „панежа... пціцы, лятаюшчыя па воздуху, ведаюць гнёзда свая” — пэўна-ж, салаўёў адсюль не вылучаючы). А Купала, параўноваючыся да „верабейкі” ў тым вершы „Я ня сокал”, на першым месцы ставіў: Як ён, край шаную родны, і далей: Як ён — сад, я хатку, поле люблю, ды ў іншых вершах тае-ж „Жалейкі”, ужо без параўнаньняў — пра Беларусь: Дый люблю-ж я яе, шкада хаткі, гумна (верш „Гэта крык, што жыве Беларусь”), ізноў тое-ж дый люблю-ж яе і аж зусім па-скарынінску: Эй, бо дзе воўк урадзіўся, яму куст той міл! (верш „Зь песьняй аб сваёй старонцы”). Пра Якуба-ж Коласа Максім Багдановіч пісаў: „Ня ў пекнасьці формы, мовы ці малюнку хаваецца цэннасьць яго вершаў, але ў праўдзівай — далёкай ад усякай хвальшы — любові да Бацькаўшчыны”. У Алеся Гаруна, паводле Антона Навіны (Луцкевіча), „сіла любові да свайго роднага абвявае ўсё... асаблівым чарам”, а іншы зь першых Гарунавых крытыкаў, Павал Любецкі (Каравайчык), абагульніў гэтую рысу Гарунову й на ўвесь наш народ: „Аднэю з добрых адзнакаў нашага народнага характару ёсьць яго гарачае каханьне да роднага краю”. І акадэмік Карскі, адзначаючы тое-ж яшчэ ў Франьцішка Багушэвіча, таксама цьвердзіў: „Любасьць да свае невыгляднае радзімы — выдатная рыса кажнага Беларуса”. А пра самаго Максіма Багдановіча ў згаданым вышэй артыкуле „Ля вытокаў нацыянальнага” ў часапісе „Сакавік” адзначалася, што ён у „сваім ведамым шэдэўры — векапомнай ПагоніЖ... даў... новы мамэнт у разьвіцьці нацыянальнага эрасу ў нашай паэзіі — мамэнт самаахвярнасьці бясконца, да болю закаханага ў родным”.

Калі-ж прыглядзецца бліжэй да закранутых намі Салаўёвых вершаў „Ты”, „Мая Беларусь”, дык у іх кантакт з Багдановічавай „Пагоняй” зусім відавочны, у вапошнім радку кажнага зь іх нат проста цытуецца. І гэтак, нацыянальна-патрыятычны эрас у Салаўёвай паэзіі, тая, як сказана было, ейная эмацыянальная і ідэйная дамінанта паўстае ў ваднэй роўніцы, дый на адным узроўні, на адным узвышшы з нацыянальна-патрыятычным эрасам Максіма Багдановіча. Але, як пабачым далей, уся паэзія Алеся Салаўя наагул — у найбліжэйшым і найцясьнейшым кантакце якраз з паэзіяй Максіма Багдановіча, як у вагульным, гэтак і ў паасобных, нат дробных канкрэтных мамэнтах — дый кантакт гэты пачаў навязвацца якраз ад тае „Пагоні”. А найглыбейшую падаснову, перадумову да гэтага кантакту можна бачыць ужо ў першых-жа дадзеных Салаўёвае біяграфіі, у першых-жа радкох ягонага „Кароткага жыцьцяпісу”, да якога і трэба нам вярнуцца.

„Кароткі жыцьцяпіс” Алеся Салаўя пачынаецца гэткім паведамленьнем: „Мой дзед — былы парабак графа Чапскага; бацька Васіль — спачатку земляроб, потым — інтэлігент”, а па падрабязным выкладзе гісторыі дзеда й бацькі ды паданьні датаў-гадоў бацькавага жанімства ды нараджэньня самога паэты: „Ажаніўся бацька мой у 1921 годзе. А 1-га траўня 1922 году ў тэй-жа вёсцы Крысава зьявіўся на сьвет і я”; паведамляецца і пра маці: „Маці мая была інтэлігентная, пісьменная жанчына, шмат увагі аддавала на выхаваньне”.

Дык, як бачым, наш Алесь Салавей з паходжаньня —інтэлігент ужо ў другім пакаленьні, як і Максім Багдановіч, ды ці ня другі ўсяго па ім сярод усіх нашых паэтаў, як правіла, інтэлігентаў першага пакаленьня, інтэлігентаў пераважна зь сялянаў-земляробаў. І калі й не прызнаваць за сацыяльным паходжаньнем нейкае наканоўнае, прадзначальнае ці вызначальнае вагі — не прызнаюць-жа гэтага як-бы цяпер нат савецкія марксыстыя — нельга ўсё-ж ня бачыць тут пэўнае сацыяльнае перадумовы таго згадванага найцясьнейшага й найбліжэйшага кантакту Алеся Салаўя з паэзіяй Максіма Багдановіча, кантакту, які хоць і не адразу, дзеля пэўных акалічнасьцяў часу, навязаўся і ўстанавіўся, але, устанавіўшыся, не паслабляўся ўжо на ўсім далейшым цягу ягонага паэтычнага дый жыцьцёвага шляху. Пры нагодзе яшчэ можна тут дакінуць, што сялянскі быт, земляробская праца, як лёгка спасьцерагчы пры абеглым нат аглядзе Салаўёвае паэзіі, блізу зусім не закранаюцца ў ёй, прынамся (як і ў Багдановіча) не займаюць гэткага месца, як у гвалтоўнай бальшыні нашых паэтаў аж дасюль, дый чужымі былі Алесю Салаўю ў ягоным жыцьці наагул.[5]

У далейшым выкладзе „Кароткага жыцьцяпісу” Алеся Салаўя падрабязна падаюцца службовыя й тэрытарыяльныя перамешчаньні ягонага бацькі і ўсяе сям’і ды весткі пра першыя пачаткі школьнага вучэньня самога паэты. У 1923г. сям’я перабралася з Крысава ў Койданова, дзе бацька працаваў у лясьніцтве, пасьля ён быў перамешчаны на гэткую-ж пасаду ў м. Самахвалавічы, а на пачатку 1928г. у Чырвеньскі (б. Ігуменскі) павет, дзе да студзеня 1933 г. у савецкай гаспадарцы Наталеўск на становішчы дырэктара яе ды, вучачыся завочна, здабыў сельскагаспадарчую асьвету. У Наталеўску, у 1929 г., калі нашаму паэту было 7 год, ён пайшоў у пачатковую школу. У студзені 1933 г. сям’я перамясьцілася зноў у Койданаўскі павет, у саўгас Вялікія Навасёлкі, дзе бацька таксама займаў становішча дырэктара. У Навасёлках будучы паэта ў травені таго-ж году скончыў пачатковую школу, а ўвосень падаўся вучыцца ў 5-ю клясу Койданаўскае сярэдняе школы. Улетку 1934 г. сям’я перабралася настала ў Койданава, бацька нейкі час быў  загадчыкам прыгараднае гаспадаркі Койданаўскага Райспажыўсаюзу, а тады — загадчыкам гандлёвага аддзелу. У гэтым часе, як выяўляецца далей, Алесь Салавей паставіў ужо й першыя крокі свае літаратурнае біяграфіі — падаём дакладную выпіску зь ягонага „Кароткага жыцьцяпісу” пра гэта: „Вершы я пачаў пісаць яшчэ змалку, ад васьмёхгадовага ўзросту. Калі яшчэ не хадзіў у школу й меў каля 6-цёх гадоў, маці мне часта чытала дзіцячыя кнігі, растлумачвала сэнс прачытанага. І, памятаю, у мяне, маленькага, часам зьяўляюцца думкі, што калі вырасту, дык абавязкова буду такім, як і той, хто піша гэткія цікавыя кнігі. Больш за ўсё цікавілі мяне дзіцячыя вершы. Будучы ў дашкольным веку, я шмат іх ведаў напамяць і часта прасіў матулю, каб яна прачытвала мне да таго часу, пакуль не запамятаю. Калі-ж пайшоў у школу й навучыўся чытаць і пісаць, тады паспрабаваў і сам скласьціЖ вершык. Свае спробы я паказваў бацьком, але яны спачатку на гэта мала бралі ўвагі. Толькі, памятаю, увесну 1933 году бацькі зацікавіліся маймі вершамі, а за адзін нават пахвалілі. Выглядаў той вершык гэтак:

Наш Альфрэд будзе паэтам,
Будзе вершы ён пісаць,
Будзе знацца з усім сьветам,
Сьвет яго ўвесь будзе знаць!

Далей ішлі радкі пра тое, кім будзе сястрыца Аля (нарадзілася ў 1923 г.); далей ішлі радкі пра маіх братоў Лявонку (нарадзіўся ў 1929 г.) і Ўладзіка (нарадзіўся 13 сакавіка 1933 г., памёр 30 кастрычніка 1941 г. ад няшчаснага выпадку). І канчаўся верш наступнымі радкамі:

Ну, а мама й тата дома 
Будуць жыць, адпачываць,
Мы, вядома, мы, вядома,
Будзем ім дапамагаць.

Пачуцьцё вершаванага памеру ў мяне выпрацавалася даволі рана. Ужо ў дзесяцігадовым узросьце я пісаў рытмічна  вытрыманыя вершы.

Калі вучыўся ў шостай клясе, асьмеліўся паказаць адзін зь вершаў выкладчыцы літаратуры. Ёй ён спадабаўся. Мяне запісалі ў літаратурны гурток, пачалі зьмяшчаць вершы ў школьным рукапісным літаратурным часапісе. А ўжо ў 1937 годзе адзін зь вершаў я паслаў у друк”.

Як шмат тут падобнага да пачаткаў літаратурных біяграфіяў іншых паэтаў, у тым ліку й самых „клясыкаў” — Купалы, першы напісаны верш якога меў той-жа сямейны характар, як успамінала пасьля ягоная сястра,[6] і Коласа, якога бацька пахваліў за першы напісаны верш нават рублём, а пасьля настаўнік на паказаным яму вершы падахвоціў маладога аўтара да ўзыходу на шлях паэты, як падавалася ў паэтавых аўтабіяграфіях. Дарэчы, як і Колас, наш паэта (праўда, у іншых абставінах) спрабаваў пісаць па-расейску — пра гэта няма ў ягоным „Кароткім жыцьцяпісе”, але ўдава паэтава падала нам у сваім лісьце (ад 14.7.1978): „Спрабаваў пісаць і ў расейскай мове. Калі яму было 14 год, ён паслаў свой верш у расейскай мове ў Пионерскую правдуЖ. У той час у гэтай газэце супрацоўнічаў С.Маршак (ведамы дзіцячы паэта-пісьменьнік, пасьлей перакладчык санэтаў Шэксьпіра ў расейскую мову). Вось што напісаў С.Маршак яму: Пиши по-белорусски! Только на том языке ты сможешь хорошо писать, который ты знаешь от колыбели. Ты мыслишь по-белорусски, а пишешь по-русски и мысли свои выражаешь несоответственно русскому языку”„.[7]

Відаць, паслухаўшы гэтае рады, наш паэта паслаў у 1937 г. адзін зь вершаў у друк ужо беларускамоўны, спачатку на найніжэйшым узроўні — у койданаўскую раённую газэту „Ударнік Дзяржыншчыны”, і верш той хіба й зьявіўся там у чырвені таго-ж году — тэкст гэтага верша „На сенажаці” паданы ў ягоным „Кароткім жыцьцяпісе”.

Гэты першы Алесеў друкаваны верш адразу-ж здраджае нат простаму воку цесны кантакт ягонага аўтара з паэзіяй Паўлюка Труса.

Кантакту свайго першага друкаванага верша з паэзіяй Паўлюка Труса, як даведваемся, быў, ці дакладней — стаўся сьведамы й сам Алесь Салавей — удава ягоная падае ў вадным із сваіх лістоў (ад 6.5.1980 г.): „Наколькі мне памятаецца, нябожчык успамінаў пра гэты верш. Ён не стараўся насьледваць П.Трусу й ня быў пад ягоным уплывам. Верш атрымаўся сам сабою, толькі тады, калі яму зьвярнулі ўвагу на падабенства, ён сам пабачыў гэта”.

Запраўды, першы друкаваны верш нашага паэты мае ня толькі той самы загаловак — „На сенажаці” — што і адзін з Трусавых вершаў[8] і дае той самы абразок, але й падае-разгортвае яго паводле тае-ж трыадзінае формулы — прырода, праца, песьня, — што была характэрная для раньняга Труса[9]. Праўда, ужо й тут наш паэта выявіўся верным свайму, а часам гэтак пільна датрымванаму прынцыпу — імкненьню да сьціпласьці („каб менш словаў”, як сказана ў ягоным „Кароткім жыцьцяпісе”): абраз, паданы ў Труса ў вершы з трох разьдзелаў на 48-х радкох, у нашага паэты сьціснуты ў папраўдзе „вершыку” на 16-х усяго друкарскіх радкох, а фактычна — вершаваных паўрадкох, значыцца, на 8-х усяго вершаваных радкох гэткае даўжыні, як у Трусавым вершы. Праўда, страфа, якую твораць гэтыя радкі, як іх ні друкаваць — (расьцятымі па цэзуры), як у нашага паэты, ці радкамі поўнымі — інакшая, як у Трусавым вершы „На сенажаці”, але тая самая, як страфа іншага ягонага верша, блізкага загалоўкам і тэмаю — даўжэйшае вершаванае агіткі „Сенажаць, ды не траві яе”[10], дакладней — як страфа мэханічна прычэпленага да гэтае агіткі лірычнага ўступу, які пачынаецца Ой, пайду я лугам, шыр’ю сенажаці ды ў якім, між іншага, трапляецца, і тое аж два разы, выраз-дубэльт траву-руту, які знаходзім і ў перадапошнім радку верша нашага паэты, а больш у каго бадай ці знайсьці (ёсьць толькі ў фальклёры блізкі дубэльт „рута-мята”). У Труса страфа гэтая трапляецца і ў іншых рэчах — ёю напісаны ўступ да паэмы „Дзясяты падмурак”, а таксама адзін з разьдзелаў (ІВ) другое паэмы „Чырвоныя ружы”, прычым у гэтых двух выпадках страфа тая й выдрукаваная паўрадкамі, як у нашага паэты, а ў першай страфе ўступу да „Дзясятага падмурка” знаходзім і рыфму „росы-косы”, як у ягоным вершы. Усё гэта даволі сьветчыць пра залежнасьць першага друкаванага верша нашага паэты ад вершаў Паўлюка Труса.

У тым, аднак, што „той верш атрымаўся сам сабою”, бязь сьведамага насьледваньня Труса, як піша ўдава паэты, ніякага дзіва няма. У 1937 г., калі верш пісаўся, а аўтар ягоны вучыўся ў 7 клясе беларускае савецкае школы, паэзія Паўлюка Труса займала, нават у моц абставінаў, вельмі паважнае месца ў, так сказаўшы, дзейнай беларускай літаратуры. Якраз бо ў тым часе, у хвалях „яжоўшчыны” пазьнікалі ды наваччу зьнікалі нават гэткія нядаўна афіцыйна прызнаныя ды ўсяляк фаварызаваныя карыфэі беларускае рэвалюцыйнае, пралетарскае, савецкае, соцрэалістычнае, як-бы яна ні называлася, літаратуры, як Міхась Чарот, а па ім і Андрэй Александровіч, усё-ж іншыя, не вылучаючы й клясыкаў Купалы й Коласа, маглі зьнікнуць літаральна штодня ці шточасіны нават, і творы зьніклых трэба было выкідаць адразу-ж з школьных праграмаў і выдзіраць-выразаць з падручнікаў. Трус-жа, калі гэтак сказаць, управіўся памерці яшчэ ў 1929 г., перад сьмерцяй за тую згадваную сваю паэму „Дзясяты падмурак” быў узьняты на шчыт найвышэйшымі партыйнымі аўтарытэтамі БССР, і пра магчымасьць нейкае дэградацыі яго цяжка было й падумаць. Дык Трусом, паэтычнаю „трусяцінаю”, як тады казалі, вучняў проста абкормлівалі, той „Дзясяты падмурак” даваўся да вывучэньня напамяць, каб „назубок”, дык і ня дзіва, што першая ягоная страфа —

Падаюць сьняжынкі —
дыямэнты-росы, 
Падаюць бялюткі
за маім вакном...
Расчасалі вішні
шоўкавыя косы
І ўранілі долу сьнегавы вянок

— гэтак убівалася ў галаву, што залягала трывала ў слыхавой нат памяці самым сваім, сказаць-бы, рытмічным касьцяком ды ягонымі рыфмамі-канцавінамі без аўтэнтычнага сэнсавага напаўненьня — „мяса”, так што касьцяк гэты проста аўтаматычна ўсплываў-устрыбваў адтуль пры нагодзе, абрастаючы іншым мясам, і тым лягчэй, калі „мяса” тое было тая-ж „трусяціна”. Але-ж гэта быў якраз, сказаць-бы, „уплыў” з глыбіняў памяці зафарсаванае тады „трусяціны”, а ніяк ня „ўплыў” — у тым, што наш паэта „не стараўся насьледваць П.Трусу й ня быў пад ягоным уплывам” — удава ягоная мае поўную рацыю. І апрача першага друкаванага верша „На сенажаці” няма ў нас сьветчаньня нейкага, хоць найменшага кантакту паэзіі Алеся Салаўя зь вершамі Паўлюка Труса (не вылучна, праўда, што гэткія кантакты маглі быць у раньніх вершах Альфрэда Радзюка, пісаных і друкаваных па тым першым у трыццатых гадох пад ягоным прозьвішчам, прыкладам, загаловак аднаго з гэткіх вершаў[11] гучыць вельмі-ж „па-трусаўску” — „Вецер, буй вецер”, але тэксты гэных вершаў нам тымчасам недаступныя).

Паколькі зачапілася ўжо ў нас гаворка за Паўлюка Труса дый пад кутом „уплыву”, мо’ найлепш будзе пры гэтай нагодзе на гэтым-жа месцы выясьніць пытаньне правамернасьці прыкладаньня таго, сказаць-бы, задвукосьсенага намі тут слоўца „ўплыў” да Алеся Салаўя наагул. Рэч бо ў тым, што ў колькасна небагатай крытыцы Салаўёвых твораў слоўца гэнае прыкідваецца-прыкладаецца, дый ці ня раз, найбольш у спалучэньні зь імём Максіма Багдановіча, радзей Уладзімера Жылкі, а то й проста агульна. З часьцейшым дый мацнейшым прыкладаньнем яго можна спаткацца ў вабыватальскіх кулюарных выказваньнях-выраканьнях пра Алеся Салаўя, ня гэтак чытачоў, як некаторых называных „калегаў” ягоных у пясьнярстве. А што да Паўлюка Труса, дык за сваім кароткім жыцьцём, пакуль, па „дзясятым падмурку” й за яго, пасьмяротна ня быў ён проста кананізаваны ледзь ня ў „клясыках” беларускае савецкае літаратуры (праўда, з часам „кананізацыя” гэтая была ціхама зьнятая), — мусіў ён выслухаць ад крытыкі прост як ніхто больш у цэлай нашай літаратуры процьму дакораў-вытыканьняў (прычым, зусім абгрунтаваных) у пераймальнасьці, „нахіле да чужых тэкстаў” (Клейнбарт, расейскі крытык-публіцыст родам зь Беларусі, аўтар крытычнага нарысу пра беларускую літаратуру „Молодая Белоруссия”, 1928) аж да вінавачаньняў у плягіяцтве-творакрадзтве (адна рэцэньзія мела загаловак „Брыдкім шляхам”). І ў згадваным вышэй нарысе пра Труса[12] давялося пусьціць нат адмысловы тэрмін на абазначэньне прычыны таго „нахілу” ці „брыдкога шляху” — „падуплыўнасьць”, прычым там-жа было паказана, што была гэтая грунтовая асаблівасьць самога Трусавага характару, якая нат у паэтавым жыцьці выяўлялася ў тым, „як лёгка мог паддавацца ён розным староньнім уплывам самых розных асобаў”. Тым-жа часам можна з поўнай адказнасьцяй цьвердзіць, што ў нашага Алеся Салаўя гэткае „падуплыўнасьці” ў гэтым сэнсе не было й заваду — добра ведама, як не паддаваўся ён „староньнім уплывам розных асобаў”, што проста стараліся так ці йнакш уплываць на яго (як, скажам, Юрка Віцьбіч, вельмі шанаваны нашым паэтам як пісьменьнік), на эміграцыі не паддаўся пад уплыў ніводнага з эмігранцкіх дзеячоў, застаючыся „недалучаным” у поўным сэньсе (а ня гэтак, як удзельнікі „блёку недалучаных” „трэцяга сьвету” сучаснай міжнароднай палітыкі) да ніводнага зь лягерна-дыпіўскіх і эміграцыйных антаганістычных угрупаваньняў, і нат наадварот, рэдчас і сам рабіў уплыў на іншых (нат на таго-ж Віцьбіча, што за ягоным прыкладам з часам і сам перайшоў на становішча „недалучанага”; а Ўладзімер Глыбінны ў лісьце ад 17-20 сьнежня 1979 г. прызнае Салаўёў, як кажа ён, „добры ўплыў” на сябе ў вадным выпадку нацыянальна-сьведамага трыманьня, зазначыўшы пры гэтым: „Дарма, што мой апанэнт быў на 11 гадоў маладзейшы за мяне й ня меў гэткае адукацыі”...). Трусавай „падуплыўнасьці” ў васабістым характары Алеся Салаўя адпавядала зусім адрозная рыса — хай будзе дазволена ізноў назваць яе нязнаным і нязвычным, на гэта адмыслова створаным словам — рыса „лучлівасьці”, або можа лепш — „кантактоўнасьці”, імкненьня й здольнасьці лучыцца, кантактавацца з рознымі людзьмі, не падпадаючы аднак пад іх уплыў. Ды характар нашага Алеся Салаўя не вызначаўся гэтай адзінай рысай гэтак, як бадай вычэрпваўся Трусаў характар ягонай „падуплыўнасьцяй”. Салаўёва „лучлівасьць”, перш-найперш, абмежвалася, блякавалася, тармазілася, нат часам проста паслаблялася другой рысай ягонага характару, якую некаторыя, што зналі яго, азначаюць як сарамлівасьць у дачыненьнях зь людзьмі. Памятаецца, што Максім Гарэцкі, нядаўна тады толькі прыбыўшы з Захаду ў Менск ды выступаючы на публічным сходзе-вечары таксама нядаўна паўсталага „Маладняка”, гаварыў пра „сацыяльную нясьмеласьць” беларускае моладзі, пераадольваць якую мусіў памагаць „Маладняк”, — і Салаўёва „сарамлівасьць” якраз і была выявай гэткае „сацыяльнае нясьмеласьці” ды, як такая, як казалася, тармазіла часам, паслабляла выяўленьне ягонае, таксама-ж сацыяльнае, лучлівасьці, кантактоўнасьці. Але меў Алесь Салавей яшчэ адну рысу ў сваім характары, што магла ўжо, наадварот, спрыяць дзеяньню ягонае кантактоўнасьці, хоць у дачыненьнях зь людзьмі датклівага характару магло й шкодзіць. Як сьветчыць ягоная ўдава ў лісьце ад 16.1.1980, „па сваёй натуры ён быў шчырым, бязь хітрасьці, нічога не таіў, казаў, як ёсьць, часам быў па-дзіцячаму наіўны нават у вапошнія гады свайго жыцьця”.

А наверх на ўсё гэта — быў Алесь запраўды тым, што завуць „паэтычнай натурай”, і тая-ж удава ягоная ў вадным із сваіх лістоў адзначае, што „дзіўны ён меў характар. Яго зусім не цікавіла зямное жыцьцё. Ён жыў далёка ў прасторы, у сузор’ях, разам з сваймі Камэнамі. Мне здаецца, ён так па-запраўднаму й ня здолеў апусьціцца на зямлю”. Але-ж самое міталягічнае ймя „Камэны” трапіла да яго няйначай як з твораў гэтак блізкага й любага яму Максіма Багдановіча, з Багдановічавага „Ліста да Ластоўскага” хіба — „Табе прывет нясу, ласкавая Камэна”... І як у таго-ж Багдановіча, у тым-жа „Лісьце да Ластоўскага”, была і ў Алеся свая ўлюбёная „пісьменьнікаў чарга; зь іх кажны — блізкі друг, хоць і нябачаны ў вочы”... І вось на гэтых блізкіх другаў, паэтаў —­ творцаў „ласкавае Камэны”, ейных, сказаць-бы, сьвятараслужэбнікаў, зь якімі-ж і жыў наш паэта ў тым сваім „незямным жыцьці”, і пашыралася, ды нат мо’ першым чынам, тая кантактоўнасьць ягонага характару, зь імі ён шукаў кантактаў дый кантактаваўся на найвышэйшым для яго ўзроўні таго „незямнога”...  І жыў-жа ён там нат ня гэтак зь імі, як імі, не былі бо яны нечым вонкапаложаным для яго, а былі, жылі ў ім самым. І кантактоўнасьць ягоная найбольш тут і магла рэалізавацца, не маглі бо абмяжоўваць яе тут ані „сацыяльная нясьмеласьць”, ані адштурхоўвальнае рэагаваньне датклівых натураў на шчырасьць — „другія” пісьменьнікі йснавалі-ж адно фармальна, адно ў сьведамасьці, а не матар’яльна, фізычна ў рэальнай запраўднасьці. Дык не пра ўплывы іхныя на паэту трэба гаварыць — „уплыў”-жа гэта тое, што йдзе-”плыве” звонку, ад вонкапаложанага, — а пра кантакты, лучэньні аж да ўлучэньня ў сябе, у сваё нутро[13]. І пэўна-ж гэтыя кантакты, лучэньні-ўлучэньні маглі быць толькі з тымі паэтамі, хто быў „да нутра”, нутрана-блізкім ды, як кажуць, кангеніяльным Алесю Салаўю. А гэткіх, выяўляецца, не было гэтак ужо шмат у яго — Максім Багдановіч, Уладзімер Жылка (якога некалі ў Вільні называлі „новым Багдановічам”[14]), Вацлаў Ластоўскі, Уладзімер Дубоўка, Масей Сяднёў — зь беларускіх, якраз на лік пальцаў аднае рукі, а зь небеларускіх — бадай ці на пальцы другое стала-б, тымчасам як Паўлюк Трус выявіў „падуплыўнасьць” цэлай грамадзе самых розных паэтаў розных літаратураў — зь беларускіх і таму-ж Багдановічу, і Купалу, і Коласу, і Чароту, і Дубоўку, і сваім аднагодкам у паэзіі Лужаніну, Глебку (гл. той нарыс пра Труса ў „Узвышшы”, с. 108), а зь іншых літаратураў — Пушкіну (ад яго цэлая паэма „Цыганка”), і Шаўчэнку (ад яго гэтак шмат радкоў, інкарпараваных проста жыўцом,[15] што найбольш вытыкалася ў вабвінавачаньнях у „брыдкім шляху”), і Ясеніну, і яшчэ ці мала каму — проста, можна сказаць, кажнаму паэту, што так ці інакш даймаў яго першым ужо ўражаньнем, нейкім яскравым запамінальным радком, вобразам, сытуацыяй...

У артыкуле-рэцэньзіі на выданыя ў тым часе кніжкі трох паэтаў[16], сучасьнікаў Салаўя — Міхася Кавыля, Янкі Юхнаўца ды Масея Сяднёва — спрабавалася азначыць „структуры талентаў” аўтараў гэных кніжак. Калі пад кутом дадзеных там азначэньняў глянуць на Алеся Салаўя, дык адразу ствараецца ўражаньне, што структура ягонага таленту ў сваім „выходзішчы”, ужываючы тут тэрмін тае рэцэньзіі, вельмі блізкая да структуры таленту Масея Сяднёва: у Алеся Салаўя таксама-ж „рэакцыі нутранога на вонкавае й праекцыі першага на другое з поўнай раўнаважнасьцяй перамяжаюцца, а нат, бывае, і пераплятаюцца ды аж як не зьліваюцца” (с.79). Дык і ня дзіў, што з усіх паэтычных аднагодкаў Алеся Салаўя Масей Сяднёў выклікаў найбольш кантактаў у ягоных вершах[17]. Аднак, пры бліжэйшым углядзе выяўляецца, што дачыненьне між нутраным і вонкавым выглядае ў Салаўя інакшым, як у Сяднёва, бо й само тое нутраное інакшае, а загэтым і характар таленту ў канцавым выніку выяўляецца інакшым. „Нутраное ў Сяднёва, — як сказана далей у тэй рэцэньзіі[18], — гэта свайго роду цьвярдыня паэты, і пры тым цьвярдыня гэтая — у заўсёдным стане аблогі, ды аблогі якраз вонкавым... Таму... ёсьць адно толькі, адзіна адпаведнае такому стану дачыненьне ваяваньня. Адылі, ваяваньне гэтае — ня толькі ўклад дачыненьняў між нутраным і вонкавым: часта яно — і стан самога нутранога, або, з другога боку, — прыцягальны і адрэагоўваны мамэнт вонкавага. Наагул, усю скіраванасьць — „даходзішча” дадзенае структуры таленту найлепш і можна азначыць, як гэткае ваяваньне, а самы талент — як талент свайго роду „ваенны”. Пры гэтым, аднак, варта адразу-ж і ўдакладніць, што гэткае ваяваньне й „ваеннасьць” маюць за сабою ня гэтулькі ваяўнічасьць, колькі якраз наадварот — ваяванасьць, калі льга так сказаць, ці бо той „стан аблогі”, пра які кагадзе казалася”.

Калі паспрабаваць цяпер характарызаваць у вадпаведных ужытых тут тэрмінах і вобразах талент Алеся Салаўя, дык найперш трэба будзе прызнаць, што таму „стану аблогі нутранога вонкавым” адпавядае ў яго якраз адваротнае — стан поўнае адкрытасьці нутранога перад вонкавым. Дый інакш і нельга было-б пры тэй кантактоўнасьці ў Салаўёвым характары, пра якую казалася вышэй. І пры тэй-жа кантактоўнасьці нутраное Салаўя ніяк не выклікае супаставы зь нейкай „свайго роду цьвярдыняй” наагул, хоць-бы сабе й ня „ў стане аблогі”. Найбольш адпавядалі-б тут для азначэньня нутранога ў Алеся Салаўя гэткія выразы зь ягоных вершаў, як мой гасьцінны хорам (у вершы „Разьвітаньне”), гасьцінны прыпынак (верш „Прыпынак”) або нядаўна знойдзенае Максімам Лужанінам слова гасьцёўня, ці нат добра знойдзенае Вацлавам Ластоўскім слова вітальня, а найтрапней мо’ — кінутае калісь Уладзімерам Дубоўкам гэтак загадкавае шмат каму слоўка трыкліні (у песьнях пабудую свой трыкліні — уступны верш „Сьцежка” ў зборніку „Цредо”; Хто дайлідзіць духу трыкліні? — паэма „Там, дзе кіпарысы”) — давялося-ж тады ці аднаму папагаловіцца над гэтаю загадкаю, пакуль не знайшлося ў старой славутай энцыкляпэдыі Бракгаўза тлумачэньне, што гэта тріклініум — сталовы пакой з квадратным сталом, з трох бакоў якога ставілася па канапцы-софцы з трыма месцамі на кажнай, з чацьвертага боку да стала падаваліся частаваньні — тут старавечныя рымляне частаваліся — „частавальня”, сказаць-бы па-нашаму, „трыклін духу” — „частаваньне духу”.

Выразных кантактаў з паэзіяй Уладзімера Дубоўкі ў Алеся Салаўя як-бы й няшмат, менш, як з паэзіяй Уладзімера Жылкі, ня кажучы ўжо пра Багдановіча, але ляжаць яны ўсе ў роўніцы якраз таго „духу”, што займаў найвышэйшае месца ў Дубоўкавай шкале вартасьцяў ды гэткае месца заняў і ў Салаўя. Гэтак, у Салаўёвым вершы „Пачні з Гамэра” цытуецца ведамае Дубоўкава у перашкодах дух расьце (з падрадковым зазначэньнем пра прыналежнасьць гэтых словаў Дубоўку; цытаваньне, як можна было ўжо бачыць з вышэй паданых прыкладаў зь Сяднёва — адзін із спосабаў кантактаваньня ў Салаўя[19]. А сцэнічны абраз Салаўя „Дух праўдны, духу зла непадуладны” збудаваны ў выразным кантакце з Дубоўкавай паэмай-”камбайнам” „І пурпуровых ветразяў узьвівы”, на ўступе да якой паэта, зусім у роўніцы свайго ранейшага Хто дайлідзіць духу трыкліні?, абураўся тым, што дух трымаем на галоднай норме, а дух скарынкай эпігоннай сыты (падрабязна аб гэтым кантакце будзе далей). І яшчэ цікава, што ў вадным із сваіх санэтаў — „Змагаром народу” — Алесь Салавей, услаўляючы дух крылаты гэтых змагароў, дае як-бы свой адказ на Дубоўкава пытаньне Хто дайлідзіць духу трыкліні?: гэта яны, змагары народу, што высока ўзьнесьлі духу краю гмахі, а ў гмахах тых, пэўна-ж, і гэныя трыкліні паэтаў-песьняроў, ці адзін зь якіх быў у шарох тых змагароў, як Уладзімер Жылка ды скантактаваны зь ім праз эпіграф да верша „Удзячны ўсім” (хоць можа сам ня ўзьнёс вышэйшы гмах, як у звычайнай яму строгасьці да самога сябе кажа ён у гэтым вершы). І вось у гэтым „узношаньні”-будаваньні, Дубоўкавым дайліджаньні... духу краю гмаху, а ў іх — трыкліняў-частаваньняў духу — можна бачыць дачыненьне між нутраным і вонкавым у структуры таленту Алеся Салаўя, адпаведнае да ваяваньня ў Сяднёва, а на аснове гэтага й азначыць ягоны талент як архітэктурны, адпаведна да азначэньня таленту Сяднёва як „ваеннага”. Азначэньне Салаўёвага таленту як архітэктурнага падмацоўваецца яшчэ й асабліваю цягаю паэты да архітэктурных формаў верша, найперш санэту[20]  прыгадайма, што якраз ад санэту „Гайна” датуе паэта пачатак свае „паважнае працы”, дадаўшы пры гэтым, што ў яго, як у нікога больш у беларускай несавецкай паэзіі (за выняткам, можа, Міхася Кавыля), гэткі вялікі лік вершаў якраз у гэтай архітэктурнай форме (у паданай у нашым выданьні паэтавай спадчыне — 71 санэт, у тым ліку гэткія папраўдзе „санэтагмахі”, як паэма „На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса”, напісанай санэтавай страфой — 25 санэтаў, ды „Вянок першы” — 15 санэтаў; у Міхася Кавыля, у ягоным зборніку „Цяжкія думы” выданьня 1961 г. — 51 санэт, але-ж пасьля яго Кавыль яшчэ пісаў санэты, тым-жа часам у самога Максіма Багдановіча было іх усяго толькі 5, а ў Масея Сяднёва пры ягоным „ваенным” таленце ўва ўсіх чатырох зборніках не знайсьці аніводнага санэту наагул, ані іншае якое вершаванае архітэктурнае „кананічнае” формы[21].

[ працяг ]



[1]„Кароткі жыцьцяпіс” А. Салаўя пад рубрыкай „Жыцьцяпісы нашых песьняроў і пісьменьнікаў” у віленскай газэце „Biełaruski Hołas”, №13(109) ад 31 сакавіка 1944 г.

[2] Дарэчы, рака Вуса ня менш, а мо’ йшчэ больш „літаратурная”, як тая Купалаўская Гайна: ля ейных берагоў нарадзіліся й Кандрат Крапіва з усіх, апошнімі гадамі менаваных „народнымі пісьменьнікамі” БССР, адзіны годны гэтага тытулу пэўна-ж, у вабставінах часу й месца ды даваных імі магчымасьцяў і дыктаваных мусаў, і Паўлюк Трус, кантактам з паэзіяй якога пазначаны першы друкаваны верш нашага паэты, і Пятро Глебка адзін з пасьлейшых ягоных гідаў-настаўнікаў, і сучасная пісьменьніца Лідзія Арабей.

[3] Ёсьць у Салаўя і яшчэ вершы пра яе, як прыкладам, „Шылава гара”, верш 1937 г., або „Вуса”, верш 1938 г., а таксама разьдзелы 7-10 паэмы „На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса”.

[4] Гл. Р.Склют. Пад нацыянальным сьцягам. „Сакавік”, 1947, №1, с.51-57ь К.Каліновец. Бяз бацькаўшчыны зь Беларусяй. Тамсама, с.58-61ь Р.Склют. Ля вытокаў нацыянальнага. „Сакавік”, 1948, №1(2), с.40-42.

[5] У пару разьезду эмігрантаў зь лягераў ДП у розныя краі Алесь Салавей у лісьце ад 5 лютага 1948 г. пісаў аднаму знаёмаму яшчэ з працы ў м. Ільля, які ўжо атайбаваўся ў Брытаніі: „Хацелася-б толькі трапіць на працу паводле маіх сілаў, лепш у прамысловасьці, зь земляробствам я амаль не знаёмы”.

[6] Гл. „Такі ён быў”. Успаміны пра Янку Купалу. Менск, 1975, с.31-32.

[7] У рукапіснай спадчыне Алеся Салаўя ёсьць колькі вершаў па-расейску, пісаных у часе эвакуацыі з Прыбалтыкі ў 1944 г. і адрасаваных, відаць, нейкаму спадарожніку ў гэтай эвакуацыі, зь якім даводзілася гаварыць па-расейску. Вершы гэтыя паказваюць, што тады Алесь Салавей валодаў расейскай вершаванай моваю бадай ня горш, як беларускай. На ўзор падаём адзін з тых вершаў:

                                             Куда плывём? Скажи, мой друг, куда?

                                             Ты слышишь? Оглушён машинным стоном

                                             Трюм корабля. Зачем плывём, когда,

                                             Судьба нас ждёт во мраке вод бездонном?

                                             Бежать? Куда бежать? Вокруг вода.

                                             Судьбе сказать: ­ Напрасно, пусть утонем,

                                             Ты не страшна! Смертям двум не бывать,

                                             Одна пустяк, её не миновать.

                                             28.7.1944. Параход. Мітава Шлок

        Што Алесь Салавей спрабаваў пачынаць друкавацца па-расейску вялікага дзіва няма. Не забываймася, што ў школу пайшоў ён у 1929 г., значыцца, перад самым першым пагромам беларушчыны пад шыльдаю „разгрому беларускага контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму”, калі беларуская мова ўжо трапляла ў няласку, хоць школа яшчэ й заставалася беларускамоўнаю. У 1933-34 гг. прайшла русыфікацыйная рэформа беларускага правапісу й граматыкі ды адбыўся другі пагром „нацдэмаўшчыны”. А ў 1936 годзе, калі Алесю было 14 год і ён спрабаваў пісаць па-расейску, пачаўся трэці пагром, які праходзіў ужо ў рамках жудаснае „яжоўшчыны”.

[8]  Гл. Паўлюк Трус. Творы. Менск, 1935, с. 91.

[9]  Гл. Ант. Адамовіч. Паўлюк Трус. „Узвышша”, 1929, №7, с.91-92 (тут цытуецца й Трусаў верш „На сенажаці”), а таксама с.101.

[10] Паўлюк Трус. Творы, с.71.

[11] „Полымя Рэвалюцыі”, 1938, №2, с.117.

[12] „Узвышша”, 1929, №7, с.94 і далейшыя.

[13] Калі-б у частых дыскусіях пра „ўплывы” іншых літаратураў на беларускіх пісьменьнікаў у менскай газэце „Літаратура і мастацтва” бралася на ўвагу розьніца між „уплывамі” й „кантактамі”, шмат што выглядала-б ясьней ды прасьцей...

[14] Язэп Сьветазар. Новы Багдановіч (літаратурны нарыс). „Сялянская ніва”, Вільня, нядзеля 17 студзеня 1926, с. 3.

[15] Дый тая страфа, што перайшла ад Труса ў першы Салаўёў друкаваны верш, да самога Труса трапіла найбарджэй што ад Шаўчэнкі гэта адна з шаўчэнкаўскіх „строфаў, абумоўленых дзесяціскладковым радком з цэзураю”, як добра адзначыў у сваёй грунтоўнай працы „Строфіка”, на с. 309, Ігар Качуроўскі, дарэчы, адзін з блізкіх украінскіх сяброў Алеся Салаўя.

[16] „Конадні”, 1955, №3, с.74-80,

[17] Гл. прыкладам, верш „Сустрэча” з прысьвятаю „Масею Сяднёву”, дзе гэты паэт называецца „сябром”, „другам”, „родным братам”, а апошнім радком верша да нашай явы берагоў загалоўлены ўвесь разьдзел Салаўёвага зборніку „Сіла гневу”, у якім гэты верш зьмешчаныь або верш „Да жыцьця ад пагібелі крочу”, эпіграфам да якога ўзятыя радкі М.Сяднёва, крыху парафрызавана паўтораныя ў вапошніх радкох гэтага вершаь або, асабліва, паэму „Домік у Менску”, у якой цытуецца поўнасьцяй, як сказана там, „слова ў слова” у разьдзеле 6 верш Сяднёва з гэтым-жа загалоўкам.

[18] „Конадні”, 1955, №3, с.80.

[19] Выпадак цытаваньня зь іншых паэтаў ёсьць і ў Максіма Багдановіча. У вершы 1911 г. „Кінь вечны плач свой аб старонцы” ў вапошнім радку другое страфы словы ачуняе старана, што й верш, якім Багдановіч выразна рэагаваў на першы Коласаў зборнік „Песьні жальбы”, трапілі няйначай, як з Коласавага-ж верша „Не бядуй”. Той-жа Коласаў верш „Не бядуй” Багдановіч у тым-жа 1911 г. выразна спрабаваў і паралелізаваць у сваёй мініятуры „Не бядуй, што хмары”, апублікаванай упершыню ў 1957 г. у менскім часапісе „Полымя”. Але гэта быў ужо ня першы выпадак паралелізацыі Коласавых радкоў Багдановічамь першы й найбольш яскравы выпадак яе маем яшчэ ў пачаткавых гадох паэтавай творчасьці - гэта верш „Краю мой родны”, выразна паралелізаваны да першага друкаванага Коласавага верша „Наш родны край”. Усе гэтыя выпадкі Багдановічавага рэагаваньня на Коласавы вершы знаходзяцца ў роўніцы агульнага стаўленьня ягонага да свайго старэйшага нашаніўскага калегі, у паэтычным таленьце якога Багдановіч бачыў талент, у васноўным характары сваім супрацьлежны свайму собскаму таленту. Гэтак, у сваім „аглядзе беларускай краснай пісьменнасьці 1910 г.” „Глыбы і слаі” Багдановіч цьвердзіў пра самога сябе, што ён „гэта паэт-маляр. Слабы як лірык” (да гэтага цьверджаньня нам яшчэ давядзецца зьвярнуцца грунтоўней). А пра калегу свайго зазначыў, што „як артыст-маляр Колас не стаіць вельмі высока, а за колькі радкоў ніжэй выказаўся й пра „выключна лірычны талент Коласа („Нажаль, толькі выключна лірычны талент Коласа рэдка падымаецца да асаблівай сілы пачуцьця”, гл. том ІІ-гі першага акадэмічнага выданьня Багдановічавых твораў 1928 г., с.9, пра Багдановіча на наступнай с.10-й). На гэтыя выпадкі, у крытыцы й літаратураведзе наагул дасюль не закранутыя, была зьвернутая ўвага нашага паэты Алеся Салаўя ў ваднэй гутарцы зь ім, так што ён ад пэўнага часу ўжо быў і сьведамы  таго, што ў такіх дэталях, як цытаваньне ды паралелізацыя радкоў іншых паэтаў, ён таксама Багдановічаў пасьлядоўнік, у творчасьці якога адзінкавыя ў Багдановіча выпадкі гэткія сталіся ўжо шырокай практыкай. Дарэчы, і з Багдановічавага радка Кінь вечны плач свой аб старонцы ў Салаўя ёсьць цытата ў першым радку верша „Кітай” Далёка жаль і плач твой аб старонцы” (тут толькі дзеля адаптаваньня ў свой верш слова „свой” замяніў наш паэт на „твой”).

[20]  Расейскі паэт й вершазнавец Іван Рукавішнікаў (між іншага, адзін з настаўнікаў нашага Дубоўкі ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце Валерыя Брусава) у артыкуле пра санэт у першай расейскай літаратурнай энцыкляпэдыі выданьня 1925 году выказаў цікавую думку, што санэт „азначыўся як цьвярдая форма ў ХІІІ веку ў Італіі”, калі „архітэктура гатычная перамагла раманскую” ды „дакладна й мудра капіюючы архітэктурныя дасягненьні, паэзія адгукнулася санэтам”. У схэме санэту, паводле Рукавішнікава, „прастакутнік двух чатырохрадковак (катрэнаў)”, ды „дзьве трохрадкоўкі (тэрцэты), што завяршаюць ягонае цела”, капіююць асноўную архітэктурную гатыцкую схэму заходняга фасаду - прастакутнік ды на ім па бакох два падоўжаныя прастакутнікі вежаў, завершаныя раўнабочнымі трыкутнікамі шпілёў-дахаў (гл. Литературная энциклопедия. Словарь литературных терминов  в двух томах. Том ІІ. Издательство Л. Д. Френкель. Москва-Ленинград. 1925, с.844-845). Прыгадайма, што й наш Максім Багдановіч гаварыў пра „стройны санэтны гмах”.

[21] Зрэшты, гэта аніякі сьмяротны грэх: паводле Ігара Качуроўскага, гэткі прызнаваны за вялікага паэта як Тарас Шаўчэнка „наагул ніколі не зварачаўся да кананізаваных строфаў” („Строфіка” Ігара Качуроўскага, с.146).

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія