|
Так пяяў Салавей
Мэмуарна-камэнтатыўныя ды крытычна-тлумачальныя нататкі
пра жыцьцё й творы Алеся Салаўя
1937
год, у якім зьявіўся першы друкаваны верш Алеся Салаўя, выходзячы зь якога была
тут у вагульным насьветленая „кантактнасьць” ягонага асабістага характару ды
„архітэктурнасьць” ягонага таленту, у далейшым зусім неспадзявана выпаў вельмі
цяжкім і пакутным у ягоным жыцьці, дый ці толькі ў ягоным — гэта-ж быў год
самага гарту пракуднае „яжоўшчыны”. У чырвені таго году зьявіўся той першы
Салаўёў друкаваны верш, у тым самым часе была скончаная 7-я кляса школы, а ўжо
„ў жніўні гэтага-ж году тагачаснымі ўладамі былі арыштаваныя бацькі”, як
адзначыў паэта ў сваім „Кароткім жыцьцяпісе”. Удава паэты падала крыху
падрабязьней пра гэты балючы для паэты мамэнт — у лісьце ад 14.7.78 г.: „У 1937
г. бацькоў Алеся невядома за што арыштавала НКВД з канфіскацыяй маёмасьці. Калі
бацька хацеў пакінуць дзецям банкавую кніжку, у якой было 300 руб., напісаць
даверанасьць, каб Алесь змог іх атрымаць, то яму не дазволілі і банкавую кніжку
канфіскавалі”. І ў лісьце ад 6.12.79 г.: „Страх, хранічны страх перад міліцыяй
і другімі органамі бясьпечнасьці ў яго (Алеся) застаўся назаўсёды. Ён назаўсёды
запамятаваў тую ноч 1937г., калі арыштавалі ягоных бацькоў. Уся брутальнасьць
часта паўставала перад ягонымі вачыма”.
Пра
долю арыштаваных бацькоў Алесь Салавей падаў найпасьлейшыя весткі ў лісьце ад
3.4.68 г.: „Бацька памёр... у Сібіры. Мама вярнулася празь дзесяць год, хутка
памерла ў Менску й пахаваная ў Вязані каля Фаніпаля („Вязань — Фаніпаль саўгас”
— гэтыя назовы некалі ўспаміналіся ў вадным вершы Кандрата Крапівы)”.
„У
восьмай клясе Койданаўскае школы я вучыўся, ня маючы бацькоў, — піша Алесь
далей у сваім „Кароткім жыцьцяпісе”. — Жыў у найгоршых варунках. На маім
утрыманьні было яшчэ трое дзяцей: малодшыя два браты й сястра. Даводзілася
дбаць аб хлебе ня толькі для сябе, але й для братоў і для сястры”.
Ліст
удавы паэты ад 14.7.78 г. дапаўняе: „Алесю было ўсяго 15 год... Нават блізкія
родныя баяліся дапамагчы сіротам, каб не навесьці бяду на сябе. Зачастую
прыходзілася працаваць на раскопках торфу, выгружаць вугаль і інш. Запасаць дровы
на зіму...”.
Асіраценьне
й цяжкія абставіны сіроцкага жыцьця не спынілі, аднак, Алесевае цягі да паэзіі,
да пісаньня вершаў, наадварот, мо’ яшчэ больш паддавалі яму жаданьня й нат
жадобы да гэтага. Неяк не адбіваліся тыя абставіны й на прабіваньні ў друк ды
нат у рэзэрвуары беларускіх савецкіх пісьменьнікаў. У „Кароткім жыцьцяпісе”
чытаем:
„Гэтым
часам, пачынаючы з 1937 году, на балонках розных беларускіх выданьняў пачалі
часта зьяўляцца мае вершы. Улетку 1938 году я быў выкліканы ў Менск на месячную
канфэрэнцыю маладых пісьменьнікаў, якая склікалася былым праўленьнем Саюзу
савецкіх пісьменьнікаў Беларусі. Дарэчы, на канфэрэнцыі я быў не ў васаблівай
пашане сярод сваіх сяброў-курсантаў — маладых пісьменьнікаў і паэтаў. Меў я
тады ўсяго 16 год, быў, можна сказаць, падросткам, а блізу ўсе астатнія
курсанты — дарослыя дзецюкі. Яны не хацелі мець са мной ніякіх справаў, а
некаторыя зь іх уважалі за сорам куды-небудзь разам ісьці са мной. Праўда, мае
вершы былі ня горшыя іхных, але іх гэта не цікавіла, іх цікавіў, відаць,
знадворны выгляд чалавека, паводле якога яны давалі ацэну й вершам. Курсанты,
калі дзе-небудзь зьбіраліся разам у вольныя часіны, дык заўсёды гутарылі аб
дзяўчатах і іншых падобных справах... Я-ж тады яшчэ мала гэтым цікавіўся, не
далучаўся да падобных гутарак, а больш чытаў і працаваў над новымі вершамі. Зь
мяне сьмяяліся, зазначалі, што я, напэўна, вар’ят або тупіца, калі над кажным
вершам сяджу падоўгу; апавядалі, што, маўляў, Пушкін адным махам пісаў свае
творы, а таму трэба зь яго браць прыклад. Нават адзін курсант напісаў на мяне
наступную эпіграму:
Такое тупіцы,
Такое дурніцы
Ня бачыла нават і вока...
О, да паэты яму далёка!”
Гэтак,
пасьля публікацыі ягоных вершаў у друку, што адчыніла нашаму Алесю Салаўю
дарогу ў „маладыя пісьменьнікі”, на канфэрэнцыі-курсах гэтых пісьменьнікаў
упершыню спаткаўся ён з дачыненьнем публікі да ягоных паэтычных спробаў. Пакуль
вершы не публікаваліся, дык Алесевай „публікай” былі ягоныя сям’яне, і
дачыненьне іхнае да ягоных першых вершаваных спробаў было спачатку дачыненьнем
няўвагі, а пасьля абярнулася й пэўным прызнаньнем ды нат ухвалай. Цяпер Алесева
публіка, у дачыненьне зь якою ён прыйшоў, была ня гэтак чытацкая —нармальна
наказаная для кожнага пісьменьніка публіка, — як казаў той, пісацкая — публіка
гэткіх самых, як ён, маладых пачаткоўцаў, асьпірантаў, кандыдатаў на
пісьменьнікаў, зьбіраных Саюзам савецкіх пісьменьнікаў у свае рэзэрвуары, як
зьбіраецца ў іх вада для нейкага ўжытку — піцьця, частаваньня, падліваньня ці
яшчэ чаго. Гэтых на месячнай канфэрэнцыі-курсах спрабавалі неяк падаграваць ці
то й гатаваць-рыхтаваць на паэтаў-пісьменьнікаў. І гэтыя гатаванцы за паэту
Алеся не прызналі. Ды гэтага непрызнаньня свае першае публікі, як відаць зь
ягонага „Кароткага жыцьцяпісу”, не прыняў ён паважна, бачачы добра, як
выходзіла яно не з ацэны якасьці ягоных вершаў, ня горшых, як усьведамляў ён,
за вершы ацэньвальнікаў, а з уражаньня ад знадворнага выгляду
шаснаццацігадовага, недарослага аўтара[1],а таксама зь лёгкаважнага настаўленьня на пісаньне
вершаў „адным махам” зь неабазнаным у запраўдным стане рэчаў пакліканьнем на
„самога Пушкіна” (па шырака адзначаным у 1937 годзе па цэлым Саюзе стагодзьдзі
ад ягонае сьмерці гэта мусіў быць найвышэйшы ідэял і для беларускіх савецкіх
пісьменьнікаў), рукапісы якога, як ведама, сьпярэшчаньнем вычыркамі,
перачыркамі, папраўкамі, варыянтамі сьветчаць пра зусім адваротнае. Але
непрынятае напаважна непрызнаньне першае публікі пакінула па сабе ўспамін ды
ўсплыло пасьля ня толькі ў жыцьцяпісе, але і ў вершах, і якраз у пашпартавым,
сказаў-бы, вершы „Паэта”, датаваным 1.7.1943 г., аўтар пра сабе зазначае зусім
з Купалаўскаю іроніяй, падшытаю сьціпласьцяй: І я — хай не паэт, хай толькі
той, хто піша так, ня ў толк...
Тут
варта ізноў зьвярнуцца да Купалы. То-ж бо тая ягоная „Жалейка”, ад эпіграфу да
якое ў нас пачалася гаворка пра Алеся Салаўя, адчынялася ведамым вершам „Я не
паэта”, што фактычна быў іншаю адно варыяцыяй на тую-ж тэму, што й верш „Я ня
сокал”, на якім мы спыняліся, — аўтар адказваў на тое-ж пытаньне „Хто я?” (што
й было нат вынесенае ў вадзін із спачатных загалоўкаў гэнага верша), толькі
адказваў зусім іншай публіцы. Публіка, да якое кіраваўся верш „Я ня сокал”,
была тая, якую Купала ўважаў за сваю ды асабліва хацеў мець сваёю (мо’ адсюль і
тая „памылка” паўтарэньня гэтага верша ў „Жалейцы” аж два разы): гэта быў той
„люд”, ад якога ад пачатку, адразу-ж хацелася, каб ён песьнярову песьню
запеў і пазнаў, аб чым песьня пяе (верш „Чаго-б я хацеў” у „Жалейцы”,
датаваны яшчэ 1905 г.). Гэта не была нат яшчэ чытацкая публіка; звычайная
пісьменнасьць, ня тое, каб пісьменства, не дайшло яшчэ да яе. Гэта была публіка
сьціплая, і прамаўляць да яе трэба было таксама собскай сьціпласьцяй, дый
падаванай у даступных і блізкіх ёй, зусім фальклёрных вобразах „верабейкі”,
„верабейкавага дзіцяткі” ў супаставе з вобразамі „сакала”, „арла”, „салавейкі”.
Гэтак найлягчэй было прыцягнуць да сабе, расчуліўшы той „люд”, што, зналася
добра, сэрца мае, бо па сьвінцы нават плача (верш „Хоць ты, сэрца,
лопні, трэсьні” ў „Жалейцы”). І сьціпласьць, калі й была тут чым „падшытая”,
кажучы кінутым ужо слоўцам, дык толькі некаторай сантымэнтальнасьцяй, а ніяк не
іроніяй.
Зусім
іншае ў вершы „Я не паэта”. Тут Купала прадстаўляў сябе самога, аўтара
адчынянага гэтым вершам ягонае першае кнігі, публіцы ўжо чытацкай, а часткова,
напэўна, і „пісацкай”, што заглядалася на паэтаў, а то й сама рвалася ў паэты,
уяўляючы сабе гэтых апошніх як герояў славы, прытым славы, разношанае
па сьвеце, сусьветнае славы, носьбітаў вянкоў і звону пахвалы. І гэта была
публіка небеларуская, у кажным разе небеларускамоўная, барджэй за ўсё
расейскамоўная, бо беларускага чытацтва яшчэ-ж не было, быў адно адзінкавы
чытач па-беларуску, што найчасьцей супадаў у ваднэй асобе зь беларускім
аўтарам-пісьменьнікам. Дык перад гэткаю публікаю найбольш выпадала прымаць
паставу сьціпласьці, калі так сказаць, прысьціпленьня, яшчэ дакладней -
самапрысьціпленьня: я не паэта..., ня рвуся..., завуся я
толькі Янка Купала. Ды адразу давалася вычуваць, што сьціпласьць гэтая,
самапрысьціпленьне, як сказана, „падшытая іроніяй”, — адразу магло выдацца
скіраванай на сьціплую асобу самога аўтара, а чым далей, тым больш
праясьнялася, — кіраванай на тую-ж публіку, на ейныя ўяўленьні пра паэту: „ат!
ведама зь вёскі” (адвечнае „што можа быць добрае з Назарэту”), „от, ведама,
просты”, „от, ведама, здумаў”, на ейныя ўяўленьні пра беларусаў наагул, як
народ беспаэтавы, безьлітаратурны, што нікога-ж ня мае, пра беларускую
мову як „убогую”, пагарджаную — толькі тут, асабліва ў удакладняльных словах горка,
нядбала іронія прабівалася балючым дакорам свайму люду, ды ўсё
пакрывалася без усякай іроніі летуценьнем пра бачаньне долі ў родным народзе,
як умовы свае собскае „шчасьлівасьці”.
Фактычна
гэта была тая самая публіка, перад якою стаў Купала яшчэ з сваім першым
друкаваным вершам „Мужык” у газэце „Северо-западный край”, адно што ў тым вершы
аўтар рэкамэндаваў сабе ў роўніцы сацыяльнай, а не літаратурнай ды рабіў-жа
гэта з тым самым іранічным самапрысьціпленьнем і нат у тэй самай форме
эстрадных куплетаў (дарэчы, і першы друкаваны ў „Нашай Ніве” Купалаў верш
„Касцы” быў у тэй-жа форме), і толькі — ізноў напрыканцы — прабіваў іронію, але
ня горкім дакорам да сваіх, а гордым выклікам-”крыкам” сьцьверджаньня чалавечае
годнасьці й сацыяльнае жыцьцястойкасьці „мужыка”, кінутым да кажнага, хто
спытае. І толькі дзіву й жалю годна, што бадай да нікога з нас не даходзіць
гэтая Купалава іронія самапрысьціпленьня; сьціпласьць бярэцца, як кажуць, за
чыстую манэту, а апошнім часам нат спрабуецца бачыць за ёй аж нейкую
мэгаляманію - бач, Купалава я не паэта мела за сабою ў думках
„а нацыянальны прарок”, „правадыр”!..
Пэўна-ж,
іронія самапрысьціпленьня ў Салаўёвым вершы „Паэта” была куды слабейшая, як у
Купалавым „Я не паэта”, выражалася ў вадным усяго радку ды з уступальным
злучнікам „хай”, бо-ж і публіка мелася на ўвеце тут іншая, і антаганізм зь ёю
ляжаў ня ў роўніцы нацыянальна-сацыяльнай і моўнай, а толькі ў літаратурнай, ды
і ў тэй паслабляўся пэўным уступаньнем гэнай публіцы, ейнаму становішчу
пісаньня вершаў „адным махам”, значыцца, „пад натхненьнем”, а не ў „сядзеньні
падоўгу над кажным вершам” — мамэнт „натхненьня” ўжо прызнаваўся перадумоваю
паэтычнае творчасьці, вершапісаньня, нат для „не паэта”, які таксама піша, калі
„ахоплены натхненьнем”, пра „сядзеньне” ўжо нат і ня згадвалася. Крыху пасьлей
Масей Сяднёў, прызнаваны Салаўём за „калегу”, у вершы пад зусім Купалаўскім
загалоўкам „Я не паэта”, упершыню выдрукаваным у часапісу „Сакавік”, ужо нат больш як па-купалаўску завайстрыў іронію
самапрысьціпленьня, даводзячы яе мала не да сарказму, хоць і яшчэ глыбей
прыхаванага ды адрасаванага яшчэ іншай публіцы — тэй, якой вельмі імпанавала
становішча „сацрэалізму” ў дачыненьні да паэты дый наагул да паэзіі й
літаратуры, хіба з заменаю толькі ў ім „сац” на „нац”, — публіцы, якая засядала
часта не на „галёрцы”, што ёй больш прыстойвала-б, а ў партэры паваеннай
беларускай эміграцыі на Захадзе, часам нат у самых першых радох. І як выявілася
ў пасьлейшых вершах Сяднёва, асабліва ў саркастычным вершы „Патрыёты” (дзе,
дарэчы, слова гэтае нат ня ўзятае ў двукосьсі), тое „нац” гэнае публікі
найбольш і антаганізавала паэту.
Тым
часам-жа ў Салаўя выклікалі іронію, мо’ нат і сарказм, адно „трыбуны масаў” тым
самым „сац (ці нац) рэлістычным” вымаганьнем ад паэты мажору, „мэлёдыі вясны”,
катурханьня „масаў” - каб маса не праспала сьвітаньня прыйсьцьнага (верш „Мала”). Сама-ж тая „маса”, пад якою разумелася звычайна ня маса
ў сьціслым, фізычным сэнсе, у сэнсе й палітычна найбольш цікавай ды вартаснай,
імпазантнай колькаснасьці, а тая лягерна-дыпіўская, а пасьля эміграцыйная
публіка, якую назваць масаю можна было ў сэньсе толькі чыста псыхалягічным,
публіка, пазначаная безасабовасьцяй і бездуховасьцяй, часта й бяздушнасьцяй, а
таксама — і для Салаўя гэта было мо’ на першым месцы, тымчасам як у Сяднёва,
прыкладам, у вершы „Маса” на гэткую тэму (дзе слова гэтае ўжо ў двукосьсі) нат
ня згадвалася — натаўраваная нацыяльнай абыякавасьцяй аж да безнацыянальнасьці,
сама тая публіка-маса бачылася Салаўю як бязродны (значыцца, у пераносе
на людзей - безнацыянальны) гурт скапычаных кароў з
правадыром-быком, ведзены ім на скон па коўзкай лёднай строні,
іронію да сарказму выклікалі бясплодныя, за сілу духу падаваныя натугі
сухіх, зусім нішчымных, у якіх мякіна — мозаг, няйначай
актывістаў з тае-ж масы, дамагчыся выпладу нейкіх курчатаў, сеўшы
за квактуху на дэфэктным, баўтуновым ейным матар’яле (верш
„Нішчым”).
Абражалі
Салаўя й пустыя выгукі таксама-ж нішчымнае, сухое нацыянальнае
рыторыкі без душы, бяз сэрца (верш „Лісты на ветры”). Але змагары народу ў Алеся Салаўя не траплялі
ў іранічныя двукосьсі, былі ў высокай пашане, як мы ўжо бачылі вышэй,
закрануўшы мімабегам прысьвечаны ім санэт.
„Пасьля
канфэрэнцыі я не вярнуўся ў Койданава. У верасьні паступіў на вучобу ў Менскае
пэдагагічнае вучылішча (былы пэдагагічны тэхнікум імя Ўсевалада Ігнатоўскага).
Свае вершы паказваў старэйшым паэтам, уважліва выслухоўваў іхныя заўвагі. Калі
ладзіліся літаратурныя вечары, спрабаваў і сам выступаць, выказваць свае
думкі”.
Сярод
старэйшых за яго паэтаў, якім паказваў свае вершы Алесь, быў Пятро Глебка. Калі
ў шасьцідзясятых гадох давялося сустрэцца зь ім у Нью-Ёрку ды пазнаёміць яго з
нашымі эміграцыйнымі выданьнямі, недаступнымі яму ў Менску, упаасобку зь
літаратурным альманахам „Ля чужых берагоў”, Глебка зьвярнуў увагу на вершы
Алеся Салаўя ў ім ды папытаўся, ці не Радзюк піша пад гэтым псэўданімам
(магчыма, што ён ужо ведаў пра гэта, толькі хацеў яшчэ раз упэўніцца), бо ён
знаў гэтага маладога паэту-пачаткоўца зь перадваеннага часу, часта кансультаваў
яго, у тым ліку й на курсах маладых паэтаў. На Глебкаву думку, Радзюк быў адным
з найздальнейшых ды найпаважнейшых у стаўленьні да працы над вершам і над моваю
сярод усіх, да яго падобных.
Што да
пэдагагічнага вучылішча, якое за старой памяцяй усё яшчэ звалі людзі
тэхнікумам, дык пра абставіны ў ім гэтак успамінае В.Яцэвіч, што вучылася тады
разм з Алесем Салаўём: „Студэнты Беларускага пэдагагічнага тэхнікуму ў Менску
блізу ўсе былі прыехаўшы з розных куткоў Беларусі й пераважна зь вёсак. Усюды
чулася беларуская гутарка. Дух ува ўсіх быў чыста беларускі. І калі ў 1939
годзе прайшла чутка, што хочуць зьмяніць выкладаньне ўсіх прадметаў зь
беларускае мовы на расейскую, то ўсе студэнты былі вельмі абураныя.
І ў
клясах адкрыта выступалі, што як-то так: Беларускі пэдагагічны тэхнікум у
цэнтры Беларусі, а выкладаньне ішло-б па-расейску.
І ня
ведаю, ці гэта памагло, ці не, але й надалей ішло выкладаньне ўсіх прадметаў на
беларускай мове аж да пачатку вайны 1941 году.
Было ў
тэхнікуме ў той час колькі старэйшых беларускіх прафэсараў (як Пратасэвіч,
Гурын, Чайко і інш.), якіх студэнты вельмі любілі, проста адчувалася штосьці
роднае, беларускае ў іх.
Вось у
гэтай атмасфэры знаходзіўся й Салавей. Ужо зь першага курсу ў 1938 годзе ягоныя
вершы зьяўляюцца ў насьценнай газэце і, вядома, на беларускай мове”.
Але ў
пэдагагічным вучылішчы-тэхнікуме Алесь Салавей правучыўся ўсяго няпоўныя два
гады. У ягоным „Кароткім жыцьцяпісе” чытаем: „У пэдагагічным вучылішчы я
вучыўся да 5 лютага 1940 году і, ня скончыўшы яго з прычыны дрэнных жыцьцёвых
абставінаў, выехаў у м. Лагойск на працу ў рэдакцыю раённае газэты, дзе й
працаваў да 22 чырвеня 1941 году, да пачатку вайны. Працаваў на становішчы
заступніка адказнага рэдактара”.
Пра
сваю творчую працу ў гэтым часе Алесь Салавей пісаў: „Я вельмі шмат вымагаў ад
сябе, стараўся стварыць нешта выдатнае й незвычайнае. А гэта не ўдавалася, не
хапала сілаў. І ў выніку ўсяго гэтага ў канцы 1939 году кінуў пісаць зусім;
накінуўся на кніжкі, вывучаў і чытаў клясыкаў расейскіх і эўрапейскіх. І
неўзабаве зьіначыўся мой пагляд на літаратуру, перад маймі вачыма адчыніўся
інакшы сьвет... Усё, напісанае й выдрукаванае да канца 1939 году, я не ўважаю
за паэзію. Гэта былі зусім слабыя й наіўныя літаратурныя спробы. Рукапісы тых
спробаў я страціў у час ваенных падзеяў 1941 году.
У 1941
годзе я ізноў узяўся за пяро”.
Мы ўжо
ведаем пра гэты мамэнт, які паэта ўважаў за „пачатак свае паважнае працы”, калі
ён у травені 1941 г., адчуўшы запраўднае натхненьне, напісаў свой санэт
„Гайна”. Аднак пры спробе выдрукаваць гэты санэт у часапісе Алесь спаткаўся зь
неспадзяваным, відаць, яму адказам - адмовай рэдакцыі часапісу
(здаецца, адзінага тады беларускага літаратурнага часапісу ў БССР „Полымя
Рэвалюцыі”): „Я напісаў санэт “ГайнаЖ. Паслаў яго ў рэдакцыю аднаго часапісу. І
неўзабаве атрымаў адказ, што, маўляў, санэтаў цяпер ніхто ня піша. Даўныя формы
даўно ўжо выкінутыя на сьметнік, і іх ніхто не ўжывае. Я спачатку хацеў узяцца
за іншы жанр, але прыгожасьць клясычных формаў, якія прадаўжаў спатыкаць у
літаратуры, зачаравала й захапіла мяне. Парашыў - калі гэтак, дык тады я буду
пісаць толькі сам для сабе й нікому напісанага не паказваць і нідзе не
друкаваць...”.
Гэта
было апошняе спатканьне-сутыкненьне Алеся Салаўя з рэальнасьцяй савецкага
сацрэалізму. Ды калі першае гэткае сутыкненьне, як памятаем, адбылося ў яго на
ніжэйшым, сказаць-бы, узроўні чытацкае й „пісацкае” публікі ды выявілася ў
непрызнаньні яго гэнай публікай за паэту, калі пасьля, у спатканьнях із
старэйшымі пісьменьнікамі на узроўні г.зв. „кансультацыі” непрызнаньне гэтае
як-бы і здымалася, дык цяпер з вышэйшага, апошняга перад найвышэйшай інстанцыяй
цэнзуры ўзроўню - узвышша г.зв. „рэдактуры”, не прайшоўшы якое твор ня мог
трапіць у друк, звалілася на паэту непрызнаньне ўжо агульнага парадку —
непрызнаньне паэзіі тых „даўных формаў”, што былі ў тым часе найбольш для яго
прыцягальнымі. У беларускай савецкай літаратуры гэтае агульнае
непрызнаньне-асуджэньне ўпершыню прагучала ў 1931 г., калі наш Алесь яшчэ
толькі другі год хадзіў у пачаткавую школу, — ведамыя грамілы Бэндэ й Кучар у
сваіх, у вабставінах часу ўспрыманых проста як дырэктыўныя, „Матар’ялах да
нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры” выпісвалі, у сувязі з Максімам Багдановічам, аж гэткае
несусьветнае: „Культываваньне розных дасканалых форм вершаў — санэтаў,
трыялетаў, актаў, тэрцынаў, рандо й г.д., форм, якія ў большасьці панавалі ў
нісходзячых клясах у гістарычным разьвіцьці, пры агульнай ідэёвай убогасьці
творчасьці Багдановіча ператварала гэтыя дасканалыя формы ў звонкія
““побрякушкиЖ з выхалашчаным пустым зьместам...”.
А
ўкраінскі паэта й вершазнавец Ігар Качуроўскі, зь якім пасьлей запрыязьніўся
Алесь Салавей, у грунтоўнай працы „Строфіка” зрабіў у дачыненьні да іншых савецкіх літаратураў
адпаведную спасьцярогу пра „выключэньне з ужытку кананізаваных строфаў у
расейскай літаратуры. У ўкраінскай - як вынятак - санэт
быў пакінуты жыць разам з Максімам Рыльскім, але варта згадаць, што пры
цкаваньні Рыльскага яму закідалі й тое, што ён піша трыялеты й вянкі санэтаў
(якіх ён, дарэчы, і не пісаў).
— Чаму
гэта ронда? — з націскам на першым о
папыталіся некалі ў аўтара гэтае кнігі ў ваднэй рэдакцыі, куды ён прынёс быў
свае школьніцкія вершаваныя спробы. У пытаньні вычувалася абава: „а ну-ж гэта
нейкая контррэвалюцыя?”.
Як мы
бачылі, гэткае непрызнаньне аблюбаваных ім паэтычных формаў выклікала ў нашага
паэты, як першую рэакцыю, памкненьне „ўзяцца за іншы жанр”, але „зачараваньне й
захапленьне прыгажосьцяй” гэных формаў прывяло да другой рэакцыі — „пісаць
толькі для сябе, нікому не паказваць, нідзе ня друкаваць” — да гэтак частага ў
пісьменьнікаў у савецкіх абставінах „пісаньня ў прыстолік, у шуфляду”. Але
неўзабаве, у ходзе Другое сусьветнае вайны, што ўвайшла ў стадыю вайны
нямецка-савецкае, давялося яму назаўсёды разьвітацца й з тымі абставінамі
наагул. А вынашанае ў рэакцыі-супраціве да іх дачыненьне да паэтычнае
творчасьці і ейных формаў у новых, несавецкіх абставінах адлілося ў дакладна
сфармуляваны пад канец „Кароткага жыцьцяпісу” прынцып, прыняты за асноўны на
далейшае ў тэй творчасьці ды нязьменна датрымваны аж да канца: „Мой самы галоўны
прынцып — менш слоў, а больш думак. Я паважаю новае, імкнуся да яго, але й не
зьбіраюся адкідаць ад сябе й старога, калі яно добрае й прыгожае. Правільна
сказаў калісьці наш паэта Максім Багдановіч: Як месяц зіхаціць адбітым
сьветам, так зьзяюць вершы даўных форм красой! Клясычныя формы — трыялет,
санэт, актава ды інш. - патрабуюць глыбокае думкі, дысцыпліны слова, вялікае
культуры. Вось у гэтым іхная вечная вартасьць”.
Пэўна-ж,
гэта быў той самы прынцып, што і ў цытаванага тут Максіма Багдановіча, і цесны
кантакт з гэтым клясыкам нашае паэзіі таксама трываў аж да канца.
Пра
сваё жыцьцё ў тых новых, несавецкіх абставінах Алесь Салавей у „Кароткім
жыцьцяпісе” кажа вельмі ляканічна, падаючы адно даты, месцы й становішчы: „Зь
19 кастрычніка 1941 году да 10 лютага 1942 году быў у Менску на журналісцкай
працы ў рэдакцыі „Беларускай газэты”. Потым жыў у м. Ільля Вялейскай акругі.
Працаваў там у адміністрацыі. Зь 9-га кастрычніка 1942 году жыву ў горадзе
Рызе. Працую на становішчы заступніка рэдактара часапісу “Новы Шлях”„.
Тым-жа
часам пададзеныя гэтак даты пазначаюць выразныя, хоць і ня надта працяглыя
наагул, але вельмі напружаныя й напоўненыя ў вабставінах тых часоў ды папраўдзе
асновазакладныя этапы Салаўёвага жыцьця й творчасьці, якія найпрасьцей назваць
паводле месцаў іхнага працяканьня: этап менскі, этап ільлійскі ды этап рыскі. І
на гэтых этапах даводзіцца спыніцца грунтаўней.
Наколькі
памятаецца, у рэдакцыю „Беларускае (тады яшчэ „Менскае”) газэты” Альфрэда
Радзюка прывёў тагачасны сакратар рэдакцыі, і ён застаўся памагаць гэтаму
сакратару ў рыхтаваньні, афармоўваньні й дагляданьні друку чародных нумароў
газэты (асабліва выдаванае пры асноўнай „Менскай газэце” сялянскай газэты
„Голас вёскі”). Праца гэтая, пэўна-ж, не была новаю для нядаўнага заступніка рэдактара
хоць і раённае толькі, ды ўсё-ж друкаванае газэты, але зусім новымі, шмат у чым
рэвалюцыйнымі і адукацыйнымі выявіліся многія матар’ялы, што праходзілі цяпер
празь ягоныя рукі. Матар’ялы гэтыя былі зусім адрозныя ад тых, зь якімі меў
раней дачыненьне былы заступнік рэдактара савецкае газэты, і сталіся для яго
матар’ялам і для собскай адукацыі, навучаньня, якім ён перад тым займаўся
завочна, ізноў-жа, на адрозных зусім матар’ялах, адначасна з тэй газэтнаю
працаю ў Лагойску. І матар’ялы гэтыя ня проста праходзілі празь ягоныя рукі, а
„перапрацоўваліся” зь цікавасьцяй і пільнасьцяй куды большай, як тыя матар’ялы
„завочнага навучаньня”. „Беларуская газэта” сталася запраўднаю - і не
завочнаю, а навочнаю - школаю поўнага нацыянальнага ўсьведамленьня, нацыянальнае
адукацыі для Алеся Салаўя. Тут ён найперш і ўпершыню пазнаёміўся з запраўднай
нацыянальнай гісторыяй Беларусі, што ў гадох ягонага школьнага навучаньня (ад
1930 г.) была зусім выэлімінаваная з праграмаў беларускіх савецкіх школаў, а
адзіны падручнік гэтае гісторыі, ужываны ў тых школах у 20-х гадох — „Кароткі
нарыс гісторыі Беларусі” праф. Усевалада Ігнатоўскага — зьнік з паліцаў усіх
бібліятэкаў і быў схаваны ў недаступныя простым сьмяротным „спэцфонды”, а то й
проста зьнішчаны зусім, яшчэ задоўга да самагубства (у 1931г.) ягонага аўтара.
А ў „Менскай газэце”, менш як за месяц па прыходзе ў яе на працу Алеся Салаўя,
ад №10 за 12 лютага 1942 г. пачаў друкавацца працягамі іншы, новы кароткі нарыс
тае-ж гісторыі — „Крыўя-Беларусь у мінуласьці” д-ра Янкі Станкевіча (скончаны
друкам у №5(25) за 31 студзеня 1942 г. (Беларуская Народная Самапомач у 1942 г.
выдала яго асобнаю кніжкай).
Алесь
Салавей старанна „перапрацоўваў” гэты нарыс, засвойваючы зь яго ня толькі
нязнаныя яму гістарычныя факты і ацэны іх з нацыянальна-незалежніцкага
беларускага гледзішча, але нат і новыя для яго словы-тэрміны, як тэрмін ужо з
самага загалоўку — „Крыўя”, які адзін толькі Салавей, апрача д-ра Янкі
Станкевіча, пачаў ужываць і сам у друку (у вершах, што ўвайшлі ў ягоны першы зборнік
„Мае песьні”, выданы ў 1944 г.).
А ў
„Голасе вёскі”, зь якім найбольш меў дачыненьне Алесь, ад №2 за 3 лютага 1942
г. друкаваўся працягамі праз увесь 1942 й нат 1943 г. - куды
даўжэйшы, хоць у падзагалоўку таксама „Кароткі гістарычны нарыс” Язэпа Найдзюка
„Беларусь учора й сяньня”. І гэты нарыс пасьля выйшаў асобнаю кніжкаю, якая
сталася аднэю зь нялічных неразлучных кніжак-спадарожніцаў Алеся Салаўя. У
тым-жа „Голасе вёскі”, ад 13 сакавіка (№ 6) да 2 ліпеня 1942 (№21), друкавалася
перапрацаваная своеасаблівая катэхізмоўка нацыянальнае сьведамасьці, напісаная
В.Ластоўскім яшчэ ў 1918 г. (друкавалася ў „Гомане”, перадрукоўвалася ў
„Вольнай Беларусі”, якая выдала яе і асобнаю брашураю) — „Што трэба ведаць
кажнаму Беларусу”. На ўсіх гэтых матар’ялах, не кажучы ўжо пра паасобныя
артыкулы, асабліва перадавыя, і ў „Менскай (Беларускай) газэце” і ў „Голасе
вёскі” й праходзіў школу поўнае нацыянальнае сьведамасьці Алесь Салавей.
Ня
менш, а для паэты й пісьменьніка яшчэ больш важнаю была школа культуры
беларускай мовы, якую ён пачаў праходзіць, працуючы ў „Беларускай газэце”.
Абедзьве газэты - і „Менская (Беларуская”) газэта” і „Голас вёскі” - ад
самых пачаткаў свайго існаваньня кіраваліся сьведамай і напорнай рупнасьцяй пра
чысьціню й культуру мовы друкаваных у іх матар’ялаў. №23 (44) „Беларускай
газэты” ад 15 красавіка 1942г. быў прысьвечаны шырокаму тэарэтычнаму
абгрунтаваньню гэтае моўнае практыкі й палітыкі газэты, якая выясьнялася ўжо ў
перадавіцы нумару „За чысьціню мовы” і далей у падаваных пад шапкаю „За культ і
культуру роднае мовы” выказваньнях будаўнікоў і разбудаўнікоў таго культу й
культуры, пачынаючы ад Франьцішка Багушэвіча і Альгерда Абуховіча да Язэпа
Лёсіка й Вацлава Ластоўскага. Ад тады-ж, спачатку пад таею-ж шапкаю „За культ і
культуру роднае мовы”, а пасьля пад карацейшаю — „Культура мовы” — пачалі
рэгулярна з нумару ў нумар зьмяшчацца ў „Беларускай газэце” нататкі пра
паасобныя праблемы культуры мовы, канкрэтныя словы й звароты, і гэтая практыка
пратрывала аж па восень 1943 г. Алесь Салавей пільна сачыў гэтыя матар’ялы і ў
практыцы свае працы адразу-ж стаўся адным з найшчырэйшых энтузіястаў справы
культуры беларускай мовы. Гэткім зналі яго ўсе, хто сутыкаўся зь ім у
пасьлейшай ягонай працы ў друкаваных выданьнях, пачынаючы ад рыскага ілюстраванага
часапісу „Новы Шлях”, праз зальцбурскія бюлетэні „Зь беларускага жыцьця” й
часапіс „Пагоня”, і аж па перадачы беларускамоўнага этнічнага радыё ў
Мэльбурне, у Аўстраліі, у вапошніх гадох і нат днёх ягонага жыцьця.
У
„Менскай (Беларускай) газэце” й „Голасе вёскі” пачалі зьяўляцца й першыя ў
непадсавецкім часе друкаваныя творы нашага паэты. Усе вершы, што друкаваліся ў
гэтых газэтах, праходзілі праз рукі Натальлі Арсеньневае, што працавала ў
рэдакцыі ад самых пачаткаў ды была першым і галоўным паэтам „Беларускае
газэты”. Алесь Салавей пры сваёй „сацыяльнай нясьмеласьці” трымаўся ад яе
здалёк і даўжэйшы час ані перад ёй, ані наагул перад нікім іншым не здраджаў
свайго, калі гэтак сказаць, паэцтва. У нас, нажаль, няма пад рукой ані „Менскае
газэты”, ані „Голасу вёскі” за 1941 г. (у ім выйшла 20 нумароў першае й 7
другога), дык з пэўнасьцяй нельга цьвердзіць, але наколькі памятаецца, як-бы
ніякіх мастацкіх твораў нашага паэты там яшчэ не было. Затое №1(21) „Менскае
газэты” ў 1942 г., датаваны 6-м студзеня, адчыніўся ўжо ягоным вершам „З Новым
Годам!”. Верш быў пададзены адразу пад загалоўкам-”шапкай” газэты на шырыні
дзьвюх левых шпальтаў тлустым курсывам над рэдакцыйным перадавым навагодным
артыкулам пад загалоўкам „1941-1942”. Дык была гэта навагодная паэтычная
перадавіца газэты. На роўні гэтага верша, насупраць яго на скрайняй правай
шпальце йшоў звычайным ужо курсывам верш, як мы сказалі, „першага й галоўнага
паэты” „Менскае газэты” Натальлі Арсеньневай „У навагодны вечар” — дык, прынамся для гэтага нумару, „першым і галоўным
паэтам” выступала ўжо не яна...
Верш „З
Новым Годам!” быў падпісаны (дакладней - надпісаны) псэўданімам „Максім
Блакітны”. Імя „Максім” ужо кіруе думку ў бок Максіма Багдановіча, што насіў
гэтае, як сказаў быў Жылка ў сваім санэце пра яго, імя задумнае Максім —
імя, якое прыцягвала ці аднаго з нашых паэтаў, што ў творчасьці сваёй ступалі ў
вялікай меры Багдановічавымі сьлядамі — Максімам
Лужанінам назваўся ў сярэдзіне дваццатых гадоў Алесь Каратай, а па нейкім
дзясятку гадоў па тым, у віленскай Беларусі — Максімам Танкам — Аўген Скурка. У нашым выпадку ў бок Багдановіча
мог паказваць і ініцыял Б прозьвішча часткі псэўданіму. А галоўнае — самы верш
некаторымі мамэнтамі сьветчыў пра пэўны кантакт ягонага аўтара з паэзіяй
Максіма Багдановіча. Пра кантакт нашага паэты з гэнай паэзіяй згадвалася ўжо
вышэй і не аднойчы, цяпер пара прасачыць лінію гэтага кантакту бліжэй.
Пэўна-ж,
ужо ў гадох свае школьнае навукі паэта наш быў, сказаць-бы, адчынены для
гэткага кантакту, хоць мо’ й ня так шырака, як для кантакту з паэзіяй Паўлюка
Труса, што, як мы бачылі, выразна адбілася на першым друкаваным вершы паэты.
Хоць Максім Багдановіч таксама памёр, дый яшчэ куды раней за Труса — перад
Кастрычніцкай рэвалюцыяй, — і затым таксама не было небясьпекі, што яго пасадзяць
ды тым самым высадзяць ягоную творчасьць з школьных праграмаў, але затое ў пары
пагрому „беларускіх нацдэмаў” паэзія Багдановіча была трапіўшы пад нож і хоць і
не зусім зарэзаная, але адчувальна падрэзаная. Нам ужо даводзілася цытаваць
вышэй, што пісалі грамілы Бэндэ й Кучар пра гэтую паэзію ў сувязі з
культаваньнем у ёй санэтаў ды іншых, як казалі яны, „дасканальных формаў
верша”. Але ў гэным Бэнда-Кучаравым опусе[7] Багдановіч наагул разглядаўся пад рубрыкаю „буржуазных
пісьменьнікаў эпохі буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі”, адразу-ж безапеляцыйна
цьвердзілася, што „Максім Багдановіч зьяўляўся найбольш яскравым прадстаўніком
беларускай буржуазіі пэрыяду пасьля 1905 г. да Кастрычніцкай рэвалюцыі”, што „творчасьць Багдановіча была рэакцыйнай па сваёй
сутнасьці”, і, нарэшце, што „нацыяналізм Багдановіча даходзіць да крайнасьці,
ён напаўняе ўсю творчасьць паэты”.
Як мы
ўжо згадвалі, да Бэнда-Кучараўскіх выраканьняў у тым часе (як і ўсякіх супраць
„нацдэмаўскіх”, зрэшты) ставіліся проста як да дырэктыўных. І пэўна-ж, не
спушчалі яны з вока пры выпрацоўваньні, а асабліва пры выкананьні школьных
праграмаў беларускае літаратуры, дый ня мог ня мець іх на воку й кожны
выкладчык гэтае літаратуры, мусіў-жа і ён падыходзіць да твораў „найбольш
яскравага прадстаўніка беларускае буржуазіі”, „рэакцыянера”, а галоўнае, —
„скрайняга нацыяналіста”, із скрайняю асьцярогаю ды гэтак моднаю тады
„пільнасьцяй”. Але-ж Багдановіч як-ніяк належаў усё-ж да клясыкаў беларускае
літаратуры, зусім безь яго абыцца нельга было, як лёгка можна было пазбыцца
„пралетарскіх клясыкаў” Чарота і Александровіча. Дык у школьную праграму,
натуральна, адбіраліся з Багдановічавых вершаў рэчы, у нацыянальным сэньсе як
мага больш натуральныя, гэткія, як верш „Над возерам”, або ягоныя „зімовыя вершы”
— „Зімовая дарога”, „Зімой”, або нехарактэрныя для гэтага паэты, але затое
як-бы ня грэшныя тэй „буржуазнасьцяй” вершы „мужыцкія” — „Зь песьняў
беларускага мужыка”, „Пан і мужык”, што зусім прылягалі да гэткіх-жа вершаў
Купалы й Коласа. Калі-ж даваўся — ня мог-жа проста не давацца! — гэткі
Багдановічаў шэдэўр, як „Слуцкія ткачыхі”, дык у інтэрпрэтацыі яго ўвыдатнялася
ніяк не нацыянальная ідэя, праводжаная наскрозь, ад першага радка (Ад родных
ніў, ад роднай хаты) і да апошняга (Цьвяток радзімы васілька), а
другарадны тут мамэнт „панска-мужыцкіх” дачыненьняў (у панскі двор... яны,
бяздольныя, узяты). Даваўся й верш „Мяжы”, пэўна-ж, дзеля ягонае
„антыкапіталістычнае” скіраванасьці супраць „эксплаатацыі чалавека чалавекам”,
ён быў і сярод рэкамэндаваных да завучваньня напамяць. Давалася й „Не кувай
ты”, як ілюстрацыя да біяграфіі паэты... Але-ж пра „Пагоню” зь ейнай гэткай
высокай нацыянальнай тэмпэратурай і падумаць нельга было — яна была ўжо за сямю
замкамі ў спэцфондах, што паглынулі акадэмічнае выданьне Багдановічавых
„Твораў” 1927-1928 гг. на вельмі доўга (калі адразу па вайне давялося ў
Нямеччыне спаткацца з адным сябром студэнцкіх гадоў, ён, як пра нейкую выдатную
адзнаку „лібэральнасьці рэжыму”, радасна паведаміў, што „дазволілі “Пагоню”„...).
Тым-жа часам
першы ўжо не ў савецкіх абставінах у №1 „Менскае газэты” за 1942 г. друкаваны
верш нашага „Максіма Блакітнага” адразу здраджаў знаёмства ягонага аўтара з
Багдановічавай „Пагоняй”, найперш і найбольш - з тэю страфой, якою яна была
напісаная. Ды гэта можна выясьніць вельмі проста, але ўжо на аснове ўспамінаў
зь першых часоў бытаваньня тае „Менскае газэты”, ейнае рэдакцыі, куды прыйшоў
на працу наш паэта. Рэч у тым, што ў рэдакцыі тады паўстала была ідэя
паспрабаваць на аснове Багдановічавай „Пагоні” — верша пра нашую нацыянальную
эмблему-герб — стварыць другую нацыянальную эмблему — нацыянальны гімн. Тэкст
верша быў размножаны машынапісна ды пашыраны ня толькі ў рэдакцыі, але й сярод
нацыянальнага актыву, зьвязанага зь ёю, а можа нат і выдрукаваны ў „Менскай
газэце” яшчэ ў 1941 г., ня маючы тымчасам пад рукою ейных нумароў з 1941г.,
нельга цьвердзіць пра гэта поўнасьцяй.
Як
супрацоўнік рэдакцыі, наш паэта ня мог ня мець адбітку гэтага тэксту, і адсюль,
выглядае, пачатак блізкага, цеснага кантакту з Багдановічавай паэзіяй наагул. І
кантакт з „Пагоняй” найперш, як ужо згадвалася, завязаўся тут на базе строфікі,
зусім падобна, як на гэткай-жа базе грунтаваўся кантакт з паэзіяй Паўлюка Труса
ў першым друкаваным вершы нашага паэты „На сенажаці”. І зусім як тады, магло
тут спрычыніцца й школьнае агучваньне вершаў напамяць: рэч бо ў тым, што тэю
самаю страфою, што і „Пагоня”, у Багдановіча напісаны і адзін зь „зімовых
вершаў” ягоных — верш „Зімовая дарога”, зь якім мог знаёміцца ды нат завучваць
напамяць у школе наш паэта. Дык, як у выпадку зь першым друкаваным вершам
нашага паэты, магчыма завучаны напамяць гэты Багдановічаў верш „Зімовая дарога” сваёй страфой,
рытмічным касьцяком мог залегчы трывала ў слыхавой памяці, так што касьцяк той
мог, таксама проста аўтаматычна, уплысьці-ўстрыбнуць у памяці пры нагодзе
спатканьня з гэткаю-ж страфою „Пагоні” з тым-жа рытмічным касьцяком[11] ды неўзабаве пачаць, сказаць-бы, ацелаўляцца і ў собскіх
творах нашага паэты, найперш у ягоным вершы „З Новым Годам”, а па ім і ў
пераважнай бальшыні вершаў 1942 г., стаўшыся ў тым часе як-бы найбольш улюбёнай
страфой паэты ды застаўшыся сярод ўлюбёных ягоных строфаў і ў пасьлейшых гадох.
Але, як
няцяжка выявіць з надзвычай вартаснага (хоць і не беззаганнага) „Мэтрычнага
даведніка да вершаў Максіма Багдановіча” менскага вершазнаўца Івана Ралько[13], страфу „Пагоні” можна ўважаць за страфу найбольш
улюбёнага страфічнага тыпу і ў гэтага паэты.
Як нам
ужо даводзілася адзначаць вышэй, кантакт з
Багдановічавай „Пагоняй” у нашага паэты зусім відавочна засьветчаны ў
ягоным вершы „Ты”, а таксама ў іншай рэдакцыі гэтага-ж верша „Мая Беларусь”
простым цытаваньнем у вапошнім радку апошняга Багдановічавага верша ды
зрэалізаваны там на найвышэйшым узроўні — на ўзроўні-ўзвышшы
нацыянальна-патрыятычнага эрасу, які мы прызналі за эмацыянальную і ідэйную
дамінанту Салаўёвай паэзіі. Але і ў гэтым вершы можна цяпер адзначыць, хоць і
няпоўны, ды таксама зусім відавочны кантакт з Багдановічавай „Пагоняй” і на тым
узроўні строфікі: страфа бо верша „Ты”, як і іншай ягонай рэдакцыі „Мая
Беларусь”, мае той-жа лік радкоў — гэта таксама чатырохрадкоўка, такі-ж ход
рыфмаваньня — яно таксама крыжаванае жаноцка-мужчынскае, дый гэткі-ж памер -
таксама анапэст, адно што радкі тут даўжэйшыя на адну траціну — на адну стапу
анапэсту, значыцца, на тры складкі (дазволена нат меркаваць, ці не абумоўленае
гэтае падаўжэньне папярэднімі перад задвукосьсенаю цытатай з „Пагоні” словамі
аўтара, кажучы тэрмінам школьнае граматыкі).
У
вершах „Ты” і „Мая Беларусь”, напэўна, увагу ці аднаго чытача спыніць і выдасца
нейкім незвычайным — ці то сьвежым, арыгінальным, ці мо’ неадпаведным, няўдалым
— як каму! - эпітэт блакітны ў прыкладаньні да нівы, гоні.
А калі ўспомніць нашую заўвагу, што дэбютавы верш паэты ў 1942г. „З Новым
Годам”, падпісаны псэўданімам Максім Блакітны,
„ініцыялам Б прозьвішчнае часткі” „мог паказваць” „у бок Багдановіча”, дык
цяпер мы ўжо можам сказаць і выясьніць, што „мог паказваць” — дый проста
паказваў — у той бок гэты псэўданім і ўсёй сваёй „прозьвішчнай часткай” — „Блакітны”.
Рэч бо перш-найперш у тым, што ў рэдакцыі „Беларускае газэты”, дзе наш паэта,
як памятаем, упершыню спаткаўся з тэкстам Багдановічавай „Пагоні”, ён
пазнаёміўся і яшчэ з адным Багдановічавым вершам — „Калі паласу агнявую”, дзе
ўжываецца — прытым адзіны ўсяго раз у цэлай Багдановічавай паэзіі — гэты эпітэт
блакітны: І ўрэшце з краіны блакітнай улятае маленькая птушка.
Але тут
нам наагул найлепшая нагода насьветліць абставіны зьяўленьня й гэтага, першага
ў несавецкім часе, дый іншых, наступных па ім псэўданімаў нашага паэты. Дзеля
гэтага-ж трэба, перш-найперш, апісаць тую своеасаблівую атмасфэру, што панавала
ад пачатку ў рэдакцыі „Менскае (Беларускае) газэты” й „Голасу вёскі”, калі туды
прыйшоў на працу паэта, адрэкамэндаваны бяз гэтага тытулу, а проста як Альфрэд
Радзюк. Адразу-ж можна сказаць, што ў тэй атмасфэры, у васяродзьдзі
супрацоўнікаў рэдакцыі наш Альфрэд мог пачуваць сябе вельмі блізка да таго, як
чуўся ён некалі на месячнай канфэрэнцыі-курсах Саюзу пісьменьнікаў, пра што
намі даволі гаварылася вышэй паводле ягонага „Кароткага жыцьцяпісу”.
Перш-найперш, цяпер і тут, як і тады й там, быў Альфрэд Радзюк наймалодшы векам
з усіх, тымчасам як сярод супрацоўнікаў рэдакцыі былі асобы з паважным
жыцьцёвым і журналістычным стажам. Былі сярод іх і прафэсіянальныя
гумарысты-фэльетаністы, і часткова мо’ дзеля гэтага, а найбольш, пэўна, у моц
вельмі актуальнае для таго часу ведамае прыказкі „калі не пацешыцца, дык
павесіцца”, панавала ў рэдакцыі запраўды „пацешная”, жартаўлівая атмасфэра —
некаторыя надта, а мо’ й занадта паважныя, „сур’ёзныя” людзі, пабываўшы ў гэтай
атмасфэры, пасьля жаліліся іншым: „Прыйдзеш да іх, а ў іх усё сьмешкі ды
сьмешкі”. А сьмяяліся-пацяшаліся чыста над усім, што трапляла пад руку, на вока
і адтуль — на язык. Ад заражэньня гэтай жартаўлівай, гумарыстычнай атмасфэрай
не ўсьцярогся й наш Альфрэд Радзюк ды сам пачаў пісаць, для „Голасу вёскі”,
гумарыстычныя вершаваныя фэльетоны „на тэмы дня” ў духу таго-ж Паўлюка Труса ці
Крапівы (з часам, у сваім „Кароткім жыцьцяпісе” ён прасіў іншых забыцца аб
ягоным аўтарсьцьве гэткіх рэчаў, пра што адно зазначым, што гэта й былі хіба
першыя ў несавецкім часе вершаваныя творы ягоныя). І гэтыя ягоныя спробы,
напэўна, ужо маглі трапляць на языкі іншых жартаўнікоў-гумарыстаў рэдакцыі. Ды
куды больш датклівым для яго магло быць тое, што на языкі гэныя часьцяком, калі
толькі не найчасьцей, траплялі й вершы ды вершапісцы-паэты наагул, не мінаючы й
самога „першага й галоўнага паэты” „Беларускае газэты” Натальлі Арсеньневай.
Ейныя новыя дый старыя вершы з гумарам крытыкаваліся ды гумарыстычна
парадыяваліся, некаторыя спарадыяваныя радкі траплялі і ў друк. У фэльетоннага
стылю творах сама паэтка рэагавала на адзін гэткі выпадак пасьлей, не
здраджаючы, аднак, адзнакаў якое-небудзь зачэпленасьці ці данятасьці, уцьвеленасьці
гэтым — у вершы „Абсьпяванае” (Напісаў, хоць на жарты, адзін — ёсьць
у ейным зборніку „Між берагамі”).
Але тут ужо ў нашага Альфрэда Радзюка магло зьявіцца й
падозраньне, што калі „пісацкая” публіка колішняе канфэрэнцыі-курсаў Саюзу
пісьменьнікаў не прызнавала яго за паэту ды кпіла зь ягонага падыходу да
паэзіі, дык публіка цяперашняя, рэдакцыйная, такое-ж мо’ катэгорыі, хоць і
іншага калібру, публіка, сярод якое ён апынуўся, не прызнае мо’ і ўсякае паэзіі
наагул. І магчыма затым, яшчэ й пры сваёй згадванай ужо „сацыяльнай
нясьмеласьці”, доўга не наважваўся выступіць пры ейным ведаме із сваймі не
гумарыстычнымі, а лірычнымі вершамі. Калі-ж урэшце выступіў зь вершам „З Новым
Годам”, дык пачалі разыгрывацца й вакол яго прыкрыя яму рэчы...
[ працяг ]
|