БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Антон Адамовіч, Творы

Так пяяў Салавей
Мэмуарна-камэнтатыўныя ды крытычна-тлумачальныя нататкі 
пра жыцьцё й творы Алеся Салаўя

Аднэю з улюбёных гульняў рэдакцыйных жартаўнікоў было парадыяваньне псэўданімаў ды нат запраўдных прозьвішчаў газэтных аўтароў. Гэтак, псэўданім аднаго зь іх, у прыметнікавай форме, і праўда, ня вельмі сьціплы, даволі прэтэнцыйны &Глыбінны*, парадыяваўся як „Геніяльны”, а пры вымаўленьні запраўднага прозьвішча ягонага носьбіта яно разьдзялялася на два словы, што выражалі ўжо поўную супрацьлежнасьць геніяльнасьці... У прозьвішчы журналіста й нат крыху паэты (паводле віленскіх стандартаў), прыбылага на становішча галоўнага рэдактара „Беларускае газэты” зь Вільні &Казлоўскі*, — адразу-ж назоў аднае рагатае жывёліны, што быў у корані таго прозьвішча, замяняўся на назоў жывёліны бязрогае і аблавухае, што адвеку было сымбалем тае-ж, сказаць-бы, антыгеніяльнасьці... І ад прозьвішча нашага Альфрэда Радзюка, як і сугучнага прозьвішча аднаго з супрацоўнікаў, што наяжджаў зь Вільні, адразалася пярэдняя частка, пакідаўся толькі „Дзюк”, а каб разрозьніць носьбітаў гэтага тытульнага прозьвішча, віленчуку далучаўся як-бы тытулярны прыдатак „Заходні”, а нашаму Альфрэду — „Усходні”. А пры патрэбе на месцы зрэзанае наперадзе часткі падстаўляліся туды іншыя літары, каб выходзіла зусім нецэнзурна... Ды Альфрэд ані не пратэставаў, не крыўдаваў і не абураўся на гэта, а й сам, здаецца, сьціха пачынаў браць удзел у тэй гульні. А тут неяк у друкарні, дзе адбіваліся нашыя газэты, Альфрэд, памагаючы пры гэтак званым „ламаньні” — афармоўваньні набраных матар’ялаў у нумар газэты, — апароў незбрашураваныя чамусь, ці то рэшткі, ці лішкі, а то й забракаваныя, выкінутыя наагул рэдактурай ці цэнзурай у вапошнім мамэньце, аркушы некаторых перадваенных савецкіх выданьняў ды прынёс у рэдакцыю. Былі тут і паасобныя аркушы — цэласьці скласьці зь іх нельга было — выданых нарэшце, па больш як дзесяцігадовым перапынку, перад самай вайной „Выбраных твораў” Максіма Багдановіча (у цэласьць, але ў вадным толькі экзэмпляры, удалося, памятаецца, скласьці адно „Гісторыю беларускае літаратуры” брыгады аўтараў на чале як-бы з Кучарам, што не пасьпела выйсьці з друку перад вайною ды гэтак, здаецца, і не пабачыла сьвету ніколі). На адным з аркушаў Багдановічавых „Выбраных” знайшлася на ўсіхнае дзіва „Пагоня”,  і з гэтага відаць было, што быў гэта забракаваны цэнзураю аркуш, ён відавочна быў перабраны, бо ў выпушчанай кніжцы „Выбраных твораў” „Пагоні” ўжо няма.[1] І на гэтым-жа аркушы знайшоўся й той верш „Калі паласу агнявую”, пра які згадвалася вышэй, у якім адзіны толькі ўсяго раз у цэлай творчасьці Максім Багдановіч ужыў эпітэт „блакітны”. Не без Радзюкавага ўдзелу, а мо’ нат зь ягонае ідэі, верш гэты быў абыграны ў прозьвішча-парадыйнай гульні. У вершы фігуравала „каралеўна” &Арсеньнева*, а прозьвішча аднаго з супрацоўнікаў рэдакцыі гучала блізка да гэтага слова ды лёгка падстаўлялася ў верш на ягонае месца, прычым постаць самога „караля” рэдакцыйных жартаўнікоў, вэтэрана гумарыстычнага фэльетанізму, а па гэтым і рана пасівелага ў канцлягерах іхнага вэтэрана-”зэка” &Савёнак*, добра падыходзіла пад канцоўку верша: І хмурыць сувора і гнеўна кароль пасівелыя бровы. Жарт, праўда, хутка забыўся, як забывалася, зрэшты, і бальшыня іх — новыя, мудрэйшыя, трапнейшыя жарты выціскалі старыя, парадыйная „каралеўна” неяк не прычапілася да тае супрацоўніцы, на якую накідалася, але тут важнае тое, што наш паэта быў бясспрэчна знаёмы зь яшчэ некаторымі Багдановічавымі вершамі, хоць „скантактавацца”, кажучы ўжыванай тут намі тэрміналёгіяй, зь імі хіба не пасьпеў, бо тыя аркушы не затрымаліся ў яго, адразу-ж пайшлі па руках іншых супрацоўнікаў рэдакцыі, апынуліся нарэшце і ў руцэ, што піша гэтыя радкі, а адтуль пайшлі ў рэдакцыйны архіў, доля якога няведамая.

Магчыма, што калі наш паэта пабачыў ужо Багдановічаў „Вянок”, ён мог зьвярнуць увагу ў ім на верш „Падымі угару сваё вока”, дзе, як згадвалася, адзіны ўсяго толькі раз у цэлай сваёй паэзіі ўжыў Багдановіч слова блакіт (дарэчы, верш напісаны тэю-ж страфою, што й „Пагоня”), верш, які й настроем сваім мог асабліва закрануць нашага паэту, тую ягоную, як казалася ўжо ў нас, „паэтычную натуру”, пры якой, як цытавалі мы паэтаву ўдаву, „яго зусім ня цікавіла зямное жыцьцё...”. Ён жыў далёка ў прасторы, у сузор’ях — скажам мы тут, угары, куды падымаў сваё вока, у сіняй вышы Багдановічавага верша, дзе няма ні нуды, ні клапот — ды адкуль, ізноў-жа словамі ўдавы — „ён так па-запраўднаму ня здолеў апусьціцца на зямлю”. З гэтага верша Максіма Багдановіча ці не, але блакіт, мабыць, нек ціха закалыхаў, як тую хмару ў гэным вершы, паэтычную натуру нашага Альфрэда Радзюка ды захацеў ён стацца, ці хоць-бы падпісацца, таксама Максімам — і яшчэ й Блакітам — псэўданімам „Максім Блакіт” і быў адразу падпісаны ягоны дэбютавы ў „Менскай газэце” верш „З Новым Годам”. Ды калі пабачылі гэта рэдакцыйныя жартаўнікі на карэктурных адбітках, адразу-ж і абыгралі - быццам-бы не расчыталі добра — прачыталі заміж „Максім Блакіт” — „Максім Блакнот”. Не сказаўшы нічога, гэты Блакіт-Блакнот пабег праз увесь горад — ад Плошчы Свабоды на Камароўку — у друкарню ды пасьпеў яшчэ надтачыць той свой „блакіт” прыметнікавым канчаткам „ны”, і ў выйшлым у сьвет нумары газэты ўжо стаяла „Максім Блакітны”. Ад жартаўнікоў, аднак, не схавалася гэткая датклівая рэакцыя носьбіта псэўданіму, і той папраўлены псэўданім адразу-ж і ўжо зусім зьедліва быў перайграны ў „Максім Сіняпупны”... Мабыць, відаць было, што паэта перажываў гэта, і яго сачылі. За дзесяць дзён па навагодным нумары „Менскае газэты” выходзіў гэткі-ж нумар „Голасу вёскі”, і ў ім перадрукоўваўся верш „З Новым Годам” ды йшоў і яшчэ адзін верш таго самага аўтара — „Радасьць жыцьця”. Зьмяніць псэўданім „Максім Блакітны” над вершам „З Новым Годам” ужо нельга было - надпісаны ім верш быў-жа выдрукаваны ўжо ў „Менскай газэце”, але над вершам „Радасьць жыцьця” аўтар паставіў новы псэўданім — „Ал. Салавей”, што пасьля — зь нескарочаным больш імём „Алесь” — і стаўся, сказаць-бы, ягоным каронным псэўданімам, а тут, паводле ўсіх дадзеных, што тымчасам ёсьць у нас, зьявіўся ўпершыню. Дазвольна меркаваць, што да зьяўленьня й гэтага псэўданіму спрычыніўся той-жа Багдановічаў верш „Калі паласу агнявую”: то бо там маленькая птушка, што з краіны блакітнай улятае ды запявае, што ёсьць і вясна, і каханьне, і шчасьце бязь меры, бяз краю, і першая горыч расстаньня - і ёсьць ніякая іншая птушка, як салавей.

Ды жартаўнікі не ўтаймоўваліся - мо’ ўжо й не маглі ўтаймавацца ў газардзе гульні: „Ал. Салавей” быў абыграны як „Ай, Верабей”...[2]

І гэтага для Алеся ўжо хіба стала досыць тады: больш ягоных вершаў, пакуль быў ён у Менску й на працы ў рэдакцыі „Менскае газэты” й „Голасу вёскі”, не зьяўлялася ў ніводнай з гэтых газэтаў пад ніякім псэўданімам. За нейкі месяц па гэтай псэўданімнай гульні зь ім, на пачатку лютага 1942 г., Максім Блакіт-Блакітны-Алесь Салавей зьвярнуўся да рэдакцыі, у якой працаваў, з просьбай дапамагчы яму перабрацца некуды на вёску, у былую Заходнюю Беларусь, на настаўніцкую працу ці што, бо тут, у ваенным галодным Менску вельмі цяжка яму жыць на ягоныя заработкі, з аднаго боку, а з другога — хацелася-б паглядзець, як выглядаюць і жывуць простыя людзі Заходняе Беларусі, што блізу не паспыталі саветаў. Па трэці бок, мо’ й найвызначальнейшы тут, — пра прыкрае новае дазнаньне дачыненьня з публікаю, якая выявілася гэтым разам гэткай бязьлітасна-жартаўлівай каля яго, нічога не было сказана. Пры дапамозе кантактаў рэдакцыі было выстаранае яму скіраваньне настаўнікам у м. Ільлю, і 10-га лютага 1942 г. ён і пакінуў той ваенны галодны Менск і працу ў „Менскай газэце” й „Голасе вёскі”.

Гэтак скончыўся недаўгі, але вельмі напружаны ды папраўдзе асновазакладны менскі этап пасавецкага жыцьця Альфрэда Радзюка — Алеся Салаўя, этап праходжаньня-”перапрацоўваньня” першае школы поўнае нацыянальнае сьведамасьці й культуры мовы ды завязаньня першага ў савецкай школе, відаць, не навязанага кантакту з паэзіяй Максіма Багдановіча. Цяжка сказаць, ці ўжо на гэтым этапе пазнаёміўся паэта, апрача „Пагоні” й выпадковых паасобных вершаў, з цэласьцяй „Вянка” хоць-бы.

Удава паэтава згадвае ў вадным лісьце (ад 2.6.1980), што Багдановічаў „Вянок” і „Курганную кветку” Канстанцыі Буйлы ён дастаў „можа ў Вільні, у якую ён езьдзіў два разы”. Але ня выключана, што „Вянок”, сказаць-бы, і сам мог прыехаць да яго зь Вільні яшчэ ў Менску, у рэдакцыі „Менскай газэты”, прывезены туды згадваным вышэй віленчуком „Дзюком Заходнім”, што абярняся падкідаў зь Вільні тамтэйшыя даваенныя беларускія выданьні, сярод якіх, памятаецца, быў „Вянок” другога віленскага выданьня 1927 г. з уступным артыкулам Антона Навіны да яго, і „Курганная кветка”, і шмат „Адбітага жыцьця” Антона Навіны ды яшчэ ці мала чаго, што ён прынамся мог аглядаць, чытаць, а то й набываць на собскасьць. Аднак завязі кантакту з Багдановічавым „Вянком” пачынаюць пракідацца ў вадзінкавых вершах, пісаных ужо ў Ільлі, што трапілі пасьля ў друк (можна думаць, што бальшыня пісаных там вершаў у друк ня трапіла, а была зьнішчаная, як ці раз бывала гэта ў нашага паэты).

У Ільлі Алесю Салаўю не давялося працаваць настаўнікам, як гэта меркавалася, — разам зь ім туды былі скіраваныя яшчэ з пару настаўнікаў із стажам, месцаў на ўсіх не было, а ў Алеся не было-ж і ніякага таго „стажу”; з другога боку, вельмі патрабаваліся людзі для новае, беларускае адміністрацыі, туды і ўзялі Алеся. Праца-ж у адміністрацыі была зусім не для Алеся. Пасьля ўжо, з эміграцыі, з Зальцбургу, ён пісаў у лісьце ад 23 чырвеня 1947 г. аднаму зь ільлінскіх сваіх знаёмых:

„Пісаць вершы, выдаваць часапісы, газэту, а калі няма на гэта магчымасьці, рабіць валізкі, будаваць дом, дарогу, канал - творчая праца, і яна мне лепш падабаецца за працу бюракрата ў канцылярыі”.

І Алесь вельмі неўзабаве пачаў імкнуцца вырвацца з таго „нецікавага жыцьця”, „працы бюракрата ў канцылярыі”, якою, зрэшты, у Ільлі, пазнаўшы ў ім паэту ды наагул чалавека „зусім іншага сьвету”, стараліся ня вельмі яго абцяжваць. Выкарыстоўваў магчымыя аказіі пад’ехаць у Менск на пару дзён, але вярнуцца назад на працу ў газэту жаданьня не выказваў. Пры аказіі наведваў таксама й некаторыя блізкія да Ільлі пункты — Ліду, Маладэчна, ня выключана, што й Вільню тады мог наведаць упершыню ды там мог набыць на собскасьць Багдановічаў „Вянок”, як думае ягоная ўдава.

Вершаваныя фэльетоны Алесевы „на тэму дня” й далей зьяўляліся ў „Голасе вёскі”, ці то пакінутыя ім перад ад’ездам, ці то надсыланыя ўжо зь Ільлі. У „Беларускай газэце” першым зьявіўся (10 травеня ў №31(51) 1942г.) таксама гумарыстычна-сатырычны, але зусім адменнага характару верш „Лёс паэты” пад псэўданімам „Не паэта”. Была гэта рэакцыя нашага „не паэты” на тыя перажываньні ў Менску, што выгналі яго ў Ільлю. Найперш жыва малявалася тое галоднае перабіваньне, якім ён галоўна, як казалася, матываваў сваё жаданьне пакінуць ваенны Менск. Адным спэцыялістам гэтае справы даступны спэкуляцыйны менавы гандаль на якім-небудзь менскім Сураскім рынку, што толькі й даваў магчымасьць жыць больш-менш па-людзку, мізэрныя газэтныя ганарары, хоць намінальна мо’ й вышэйшыя за папярэднія савецкія, але ў дадзеных абставінах фактычна пазбаўленыя ўсякае, казаў той, пакупное здольнасьці, „сто грамаў хлеба” ў дзень жуюць адны работнікі ўстановы, так што простым сьмяротным, у тым ліку паэту, застаюцца ўсяго марныя абеды ў страўні Беларускае Народнае Самапомачы зь ейных „бэнээсаўскіх паштэтаў” ды „штодзённае заціркі”, дый тыя не заўсёды даступныя беларускамоўнаму чалавеку, бо энэргічна выкарчоўваныя беларускім нацыянальным актывам, ды ўсё яшчэ нявыкарчаваная савецкая расейшчына атайбавалася нат у тэй Беларускай Самапомачы[3], а што ўжо казаць пра тэатар, дзе акторы ці то небеларускага паходжаньня, ці беларусы русыфікацыйнага савецкага гадаваньня трыццатых гадоў, што заставаліся ў савецкім Менску, запраўды „не вымаўлялі” „ра”, а „ря” і „ре” (як, зрэшты, кажуць дый пішуць, ёсьць і ў сёньняшнім паваенным Менску-Мінску) — усё гэта было пададзенае ў вершы з добрым, трапным, дасьціпным гумарам надзвычайнай адпаведнасьцяй тагачаснай менскай рэчаіснасьці.

Агульна названы толькі „паэтам” герой верша „Лёс паэты” — гэта гумарызаваны агульны, зборны вобраз беларускіх паэтаў ваеннага Менску — паэтаў „Беларускае газэты” й „Голасу вёскі”, адзінага месца, дзе тады толькі й можна было друкавацца. І найперш ды найбольш праглядала з гэтага агульнага, зборнага вобраза названая намі вышэй прызнаным першым і галоўным паэтам „Беларускае газэты” Натальля Арсеньнева. Яна лёгка пазнавалася па некаторых, толькі ў ейных вершах ужываных слоўках (як, скажам, скарочанае мест з „замест”) і вобразах (як піша вершы... нат пад сінім небам - а першы-ж і адзіны йшчэ тады зборнік Арсеньневае, як ведама, быў загалоўлены „Пад сінім небам”; або вось суд людзей... куды ляцець? - у вершы 1942 г. „Хто ён, паэт” - ёсьць у ейнай кнізе „Між берагамі”; або восень грыпам забалела - а ў Арсеньневай на асеньні дурны забабон, як на грыпа, зямля захварэла - у вершы „Хворая восень”; або Паэтам - вольны Млечны Шлях - а ў Арсеньневае паэта зь песьняю Млечнай вандруе дарогай у вершы „Нашым паэтам”; або паэта... у эфір нырца дасьць, а ў Арсеньневае ў сырадой пахучы ночы я нырца дам - у вершы „Салаўі”; дарэчы, выраз „даць нырца” быў вельмі папулярны ў супрацоўнікаў рэдакцыі „Беларускае газэты”, а быў ён пушчаны і да Арсеньневае дайшоў ад аднаго зь іх, як і яшчэ адно ўлюбёнае імі слоўка - „лабуда”, пушчанае йшчэ калісь Уладзімерам Дубоўкам). І трэба сказаць, што ўсё гэта былі вобразы, гумарыстычна крытыкаваныя й абыграваныя ды парадыяваныя жартаўнікамі ў рэдакцыі „Беларускае газэты”, але тут яны не парадыяваліся, а толькі імітаваліся ў выразна падробленай пад Арсеньневу мове верша, прычым імітаваліся нагэтулькі ўдала, што магло нат стварацца ўражаньне — а ў сяго-таго, пэўна, і стваралася — ці не напісала гэты верш сама Арсеньнева, толькі схаваўшыся пад псэўданімам (чаго яна, між іншага, ніколі ў жыцьці сваім не рабіла). Не, аўтар верша тут не адлучаў сябе ад Арсеньневае, падаючы свайго, як сказана, агульнага, зборнага „паэту”, ён-жа й сябе ўлучаў ў яго ды сваю „мову аўтара” аб ім як нейкай трэцяй асобе няўзнак пералучаў, праз „Ты” другое асобы, у якім ужо фактычна была схаваная асоба першая (ведай гэта.., шалей, крычы — ўсё робіш крыкам..., а колькі-б сіні ні ляпіў ты ў верш..., не замуціш жыцьця..., хоць ты — чужы ім) і зусім  ў сваё-ж собскае „Я” першае асобы (эх, паляту, мо’ стрэну дзе) — то-ж бо і ён быў тут, у гэтым агульным, зборным „паэце” — хай не паэта — прыгадайма ягоны, Салаўёў ужо  верш „Паэта”, вышэй ужо закранены намі ў гэтай сувязі — ён бо-ж быў „не паэта” толькі ў сэньсе непрызнаванага за паэту, як даводзіцца разумець і ўвесь ягоны псэўданім „Не паэта”. Не, гэта не паэта быў аб’ектам сатыры, у якую пераходзіў гумар верша „Лёс паэты”, і не Арсеньнева ці іншы які паэта былі мішэнямі верша, і нат менскія спэкулянты з Сураскага рынку ці русацяпы з „Самапомачы” або з тэатру, калі й былі ў мішэнях, дык, сказаць-бы, адно для стрэлаў зь нейкае дробнакаліберкі - галоўнай мішэняй тут была тая „крытыка”, той людзкі суд - “ЭнкавэдэЖ, бадай найгоршае на сьвеце - „крытыка”-”суд” з ультра-кансэрватыўных, як выдавалася нашаму паэту, проста антыпаэтычных (каб можна было сказаць „антыпаэзійных” - было-б яшчэ дакладней) пазыцыяў, крытыка, якую чуў, дый на сабе мо’ дазнаваў сам „Не паэта” ад рэдакцыйных жартаўнікоў „Беларускае газэты”. І ў гэтым галоўны пункт тае, як было сказана адразу, ягонае рэакцыі на гэныя перажываньні ў Менску, што выгналі яго ў Ільлю.

„Лёс паэты” — папраўдзе найлепшы твор гумару й сатыры нашага паэты. Але на самым канчатку свайго „Кароткага жыцьцяпісу” Алесь Салавей напісаў:

„У 1942 годзе я спрабаваў пісаць гумарыстычныя вершы і апавяданьні на тэму дня. У гэных вершах і апавяданьнях я не дабіўся памысных вынікаў. Калі перачытваў іх нядаўна - мне стала сорамна за самога сябе. Усе рукапісы я зьнішчыў. Не хачу больш тых вершаў і апавяданьняў бачыць і аб іх успамінаць. Тым, хто ведае аб маім аўтарсьцьве гэных вершаў і апавяданьняў, буду заўсёды вельмі ўдзячны, калі яны гэтае веданьне пакінуць у таямніцы”.

Мы імкнуліся як мага рэспэктаваць усе ведамыя нам жаданьні нашага паэты, у тым ліку й гэтае. Але падвесьці сюды „Лёс паэты”, не перадрукоўваць яго ды нат „пакінуць у таямніцтве веданьне аб аўтарсьцьве яго” нам аніяк не ўяўлялася магчымым — у гэтым бо гумарыстычным творы паэты запраўды дайшоў „памысных вынікаў”, і ніякага сораму свайму аўтару ён ня можа справіць, зусім наадварот. Не маглі мы поўнасьцю падвесьці сюды й два гумарыстычна-сатырычныя вершы, прызначаныя аўтарам для вузкога кола асобаў, якім здарылася так ці йнакш стыкацца з героямі гэтых вершаў, але пашыраныя ў машынапісных копіях і вонках гэтага кола - згадваныя ўжо вершы „Наш вучоны” й „Пад п’яную руку” - аўтарства бо іх сваім часам не хавалася ды сталася шырака ведамым, дык давялося аб іх згадаць у бібліяграфіі.[4] Тым-жа часам аўтарства іншых рэчаў пад рознымі псэўданімамі, якія, відаць, галоўна й меў на ўвазе Алесь Салавей у сваім „Кароткім жыцьцяпісе”, знанае адно лічаным адзінкам, дык пра іх можна было і ня згадваць, бо й запраўды „памысныя вынікі” ў іх не дасягнутыя, хоць, праўда, і асабліва вялікага сораму за іх таксама нікому не было-б.[5]

Пасьля верша „Лёс паэты” ў часе ільлінскага этапу жыцьця нашага паэты ў друку зьявілася яшчэ колькі, але ўжо негумарыстычных вершаў ягоных („Маці сына чакае з вайны” й „Сьпі, мой родны” — у ліпені, чырвенем датаваныя, пад новым псэўданімам Алесь Вясновы — у „Голасе вёскі”; „За славу Радзімы” й „Кінь сваволіць пад вокнамі, вецер” - у жнівені, у „Беларускай газэце”, пад іншым псэўданімам А.Вясёлка; „Беларусі” - у верасьні, ізноў у „Голасе вёскі” пад псэўданімам Алесь Вясновы; пад гэтым-жа псэўданімам у тым-жа „Голасе вёскі” зьявіўся йшчэ адзін верш — „Пад шэлесты лісьця” — у сьнежні, калі паэта быў ужо ў Рызе, але магчыма, што верш быў надасланы яшчэ зь Ільлі ды мо’ там і напісаны і толькі заляжаўся ў рэдакцыі). Усе гэтыя вершы — просты працяг закранутых ужо намі ў сувязі зь іхнымі псэўданімамі двух першых выдрукаваных у несавецкім часе вершаў нашага паэты — „З Новым Годам” і „Радасьць жыцьця”. Усе яны пазначаныя ў большай ці меншай меры наіўна-аптымістычнай, гэтак жорстка высьмеянай пасьлейшай гісторыяй, а ня толькі верай, а проста й шчырай перакананасьцяй, натхнёнай спачатным ходам нямецка-савецкай вайны, што адразу прынесенае гэтым ходам зьняцьцё тэрарыстычнага савецкага панаваньня[6] — гэта ўжо і ёсьць вызваленьне Беларусі наагул ці прынамся неабарачальна адчыняе пэўную дарогу да гэткага вызваленьня (нас шчасьце спаткае, і мы будзем свабоднымі жыць — верш „З Новым Годам”, жахі тыя ня прыйдуць ніколі! — верш „Радасьць жыцьця”, Гэта-ж Краю прыйшло Прабуджэньне.., На тваёй занядбанай краіне не зазнае больш гора твой сын — верш „Сьпі, мой родны”, Кветкі шчасьця Радзіма знайшла — верш „Кінь сваволіць”, Час мінуў той. Цяпер будзе йначай — верш „Беларусь”).[7]

Бальшыня гэтых аптымістычных вершаў была напісана страфою Багдановічавае „Пагоні” (што лёгка спраўдзіць паводле паданага вышэй пераліку ўсіх вершаў Алеся Салаўя, напісаных гэтай страфою).

Адзін верш („За славу Радзімы”) канчаўся мала не цытатаю з Багдановічага верша: Пад сьцягам імклівай Крывіцкай Пагоні, браты-Крывічане, уперад на бой! Але наіўны аптымізм уносіў свае карэктывы ў, сказаць-бы, трагічны аптымізм „Пагоні” Максіма Багдановіча, які, дарэчы, пісаў той верш таксама ў часе вайны, толькі Першае сусьветнае ды да Менску, дзе жыў тады паэта, яшчэ не дабеглае. Гэтак Багдановічаваму За краіну радзімую жах у Салаўя як-бы адпавядае ўжо зацытаванае намі жахі тыя ня прыйдуць ніколі, Багдановічавы трагічна-патэтычныя радкі

Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
...................................
Маці родная, Маці-Краіна!
Ня ўсьцішыцца гэтакі боль...

згукаліся ў вершы Алеся Вясновага „Беларусі” радкамі

За цябе маё сэрца балела,
дарагая мая Беларусь —

ужо ў прошлым часе, бо-ж час мінуў той — дык, хіба, і боль мінуць мусіць...

На жахі, прытым крывавыя жахі, руіны і ахвяры вайны паэта наш, праўда, не забываўся (гляньце — ходзяць па сьвеце калекі, і нямала няшчасных сірот.., на ўлоньні крывавых падзей - верш „З Новым Годам”, навакола - руіны, руіны, кроў і боль незагоеных ран - верш „Радасьць жыцьця”, цэлы верш „Маці сына чакае з вайны”). Але ўсё гэта падавалася ў сьвятле таго-ж аптымізму (часіна цяжкая, але кіньма, даволі тужыць - верш „З Новым Годам”, прыйдзе час - і загояцца раны.., у вагні, у крыві, у грымотах нараджаецца радасьць жыцьця - верш „Радасьць жыцьця”, на пажарах, руінах крывавых кветку шчасьця Радзіма знайшла - верш „Кінь сваволіць”, і пяшчотнае сонца засьвеціць на руінах старога жыцьця - верш „Беларусь”). І толькі ў некаторых  вершах, пісаных у Ільлі, але выдрукаваных пасьля ўжо, калі жыў паэта ў Рызе, намячаецца тут пэўны паварот, адварот ад наіўнага аптымізму. Гэтак, верш „Восень” (упершыню выдрукаваны ў часапісе „Новы Шлях” №9 за 1942г., калі паэта працаваў ў рэдакцыі гэтага часапісу, перадрукаваны ў першым паэтавым зборніку „Мае песьні” зь невялікімі папраўкамі) канчаецца хоць і аптымістычнай яшчэ надзеяй, што

перабудзем, зьнясём і нядобрае, злое і грознае,
прычакаем вясны, неўнікнёнай сяброўкі жыцьця,

але-ж збыцьцё гэтае надзеі адсунутае ўжо ў будучы час, тымчасам як у вершы „Сьпі, мой родны” цьвердзілася пра тую неўнікнёную сяброўку як пра ўжо насталую: Гэта-ж першая наша вясна! А верш „Маладэчна” (у тым-жа зборніку) канчаецца й зусім, сказаць-бы, „разьвянчаньнем” аптымізму:

Чую болесьць я ранаў тваіх.
І ня грэе „Мы зьнесьлі ня гэта,
прыйдзе час — дык загоім і іх”...

Нарэшце, верш „Пад шэлесты лісьця”, выдрукаваны ў „Голасе вёскі” ў сьнежні 1942 г., калі паэта быў у Рызе, зусім у тон пачатку Багдановічавае „Пагоні” — толькі ў сэрцы трывожным пачую - і ў пачатку сваім і на канцы мае мэлянхалічнае і сэрца ня знае пакою — ня ведае сэрца спакою, а гэта таму, што ў сэрцы тым ужо і жаль, і крыўда, і злосьць нават — на злыдняў.., ворагаў.., нагальнікаў тлум, што адплату прыносіць крывёю, ды на ўсім гэтым — зусім пэсымістычная ўжо зьнямога:

Ды сілаў няма, каб узьняцца увысь,
і голас мой там не пачуюць...
Ліецца на долы крывавая сьлізь,
і вораны сьмерць там вяшчуюць.

Ведама, за ўсім гэтым пэўным паваротам-адваротам ад выкліканага спачатным ходам нямецка-савецкае вайны наіўнага нацыянальна-савецкага аптымізму стаялі, выклікаючы іх, пэўныя павароты-адвароты ў далейшым ходзе тае-ж вайны. Праўда, ваенны фронт, ці не імклівей яшчэ за тую старадаўную Пагоню, проста маланкава празіхнуўшы празь Беларусь, пакаціўся ад яе далёка-далёка, і ніякія павароты-адвароты на ім, як той фатальны, што позна ўвосень 1942 г. зазначыўся пад Сталінградам, зусім не вычуваліся, нат не прадчуваліся, проста нават не было нічога ведама пра гэта тут тады. Затое ўжо ад вясны 1942 г. усё часьцейшыя ночныя наведзіны савецкіх самалётаў пачалі скідаць на беларускія лясы, сказаць-бы, двухногія бомбы савецкіх дывэрсыйных парашутыстаў, свайго роду „бомбы спавольненага дзеяньня”, бяз чутных беспасярэдня выбухаў, закладаючы гэтак апорныя пункты нейкага нутранога фронту ў самым краі, пракуднейшага за той далёкі ад яго вонкавы ваенны фронт сваёй нявыцягнутасьцяй у вадну лінію, а пунктырнай расьсяроджанасьцяй, зь якое нат перапыністая лінія ня выцягвалася, але пункты тыя турбавалі партызанскімі налётамі на мірныя беларускія вёскі найперш і найбольш, чым на базы акупантаў, то адтуль, то адсюль, а часамі прост як адусюль. Гэта быў фронт савецкае правакацыйнае партызанкі, арганізаванае тымі скінутымі парашутыстамі найперш з кадраў бязглузда-бесчалавечна трактаваных акупантамі савецкіх палонных. І гэта ўжо быў фронт ня гэтак савецка-нямецкае, як нейкае савецка-беларускае вайны, вайны найперш супраць Беларусі, у вадрознасьць ад таго вонкавага рэгулярнага фронту, што пракаціўся празь Беларусь, успрыманы нашымі наіўнымі нацыянальна-патрыятычнымі аптымістамі як фронт вайны й за Беларусь. І Беларусі трэба было бараніцца, пачала паўставаць вайсковая збройная Беларуская Самаахова, якой наш паэта прысьвяціў верш „За славу Радзімы”, заклікаючы ў ім братоў-Крывічанаў ня дацца ў крыўду бандыцкай навале ліхой, і пра тую-ж бандыцкую навалу іншымі толькі словамі — як пра нагальнікаў тлум, што адплату прыносіць крывёю, — кажацца і ў перад гэтым закранутым намі вершы „Пад шэлесты лісьця”.

Вершам „Пад шэлесты лісьця” як прыпячатвалася сэрыя наіўна-аптымістычных нацыянальна-патрыятычных вершаў нашага паэты, што зьявіліся ў друку першымі ў непадсавецкім часе ягонага жыцьця, на менскім ды ільлінскім этапах гэтага жыцьця. Праўда, яшчэ адзінкавыя вершы гэтага роду былі напісаныя й выдрукаваныя пару гадоў пасьля (як „Змагар айчыны”, „Радаславу Астроўскаму”), але ў іх не было ўжо ранейшае аптымістычнае перакананасьці, а толькі адно імкненьне выклікаць ці падтрымаць баёвы патрыятычна-аптымістычны настрой „крывіцкіх палкоў” паўсталае зь „Беларускае Самааховы” — „Беларускае Краёвае Абароны” (БКА), неўзабаве й выціснутае з тэрыторыі Беларусі.[8]

Ад сваіх наіўна-аптымістычных нацыянальна-патрыятычных вершаў наш паэта нідзе й ніколі не адмаўляўся й не дыстанцыяваўся гэтак, як ад вершаў гумарыстычна-сатырычных. Але, з другога боку, і ня ўлучыў ніводнага зь іх у ніводзін із сваіх зборнікаў. А ў сваім „Кароткім жыцьцяпісе” й зусім правёў простую лінію паміж сваёй пастановай у 1941 г. „нікому напісанага не паказваць і нідзе не друкаваць” ды мамэнтам, калі „толькі ў канцы 1942 г., знаходзячыся ў Рызе, ... паказаў колькі сваіх ранейшых і новых лірычных вершаў”, гэтаю лініяю як-бы закасоўваючы ўсё напісанае, а галоўна — выдрукаванае ім ад 1941 г. да канца 1942 г., — значыцца, і ўсю ягоную друкаваную наіўна-аптымістычную нацыянальна-патрыятычную лірыку (у тым ліку і верш „Радасьць жыцьця”, выдрукаваны пад ягоным, ужо „каронным” тады псэўданімам Алесь Салавей), як быццам-бы гэткае ніколі не было ані ў друку, ані хіба і ў прыродзе, як кажуць, наагул...

 Відаць, у Ільлі ў тым-жа часе, сказаць-бы, на тэй-жа хвалі, што й верш „Пад шэлесты лісьця”, быў напісаны (між іншага, вельмі рэдкім у нашага паэты белым вершам) даўжэйшы вершатвор „А неба...”. Датаваны ён агульна 1942 годам, а выдрукаваны ўпершыню аж у 1948 г., у другім ужо зборніку Алеся Салаўя „Сіла гневу”, ды ўвайшоў таксама першым, адчыняльным маналёгам галоўнага героя Алеся ў нідзе не друкаваны сцэнічны абраз „Дух праўдны, духу зла непадуладны”, у цэласьці якога й набыў сваё поўнае асэнсаваньне й разьвязаньне. Пра той сцэнічны абраз у нас яшчэ будзе гаворка, тут-жа зазначым адно, што ў датаваным 1942 г. фрагмэньце-маналёгу „А неба...” відаць кантакт з Багдановічавым вершам „Мяжы”, які мог быць ведамы нашаму паэту яшчэ із школы, бо, як было ўжо згадана, верш гэты быў у праграме беларускае літаратуры ў школьных гадох паэты. Тут адзначым толькі адзін пункт гэтага кантакту — матыў красы, якой так многа ёсьць паўсюль, а людзям яна недаступная (верш „Мяжы”) — не дадзенай яму &чалавеку* яе ўлавіць (верш „А неба”). Але прыгадайма, што ўжо ў Менску, а асабліва ў Ільлі, паэту нашаму мог быць знаёмы Навінаў зборнік артыкулаў „Адбітае жыцьцё”, дый другое віленскае выданьне Багдановічавага „Вянка” з уступным артыкулам таго-ж Навіны, які асабліва падчыркваў ідэю красы — „чыстае красы” ў Багдановіча, дык кантакт мог быць падвойны — ня толькі зь вершам „Мяжы”, але й з Багдановічавым „Вянком” у інтэрпрэтацыі Антона Навіны.

Завязі кантактаў зь вершамі Багдановічавага „Вянка” можна бачыць і яшчэ ў некаторых вершах Алеся Салаўя, пісаных ім у Ільлі, але друкаваных пасьлей, як, скажам, верш „Восень” з вобразам кляновага лістка, што мог-бы стаяць у нейкай сувязі з кантактам зь першым, уступным вершам Багдановічавага „Вянка” ды зь эпіграфам да яго зь Фета („Этот листок...”), дый наагул на ўсім вершы „Восень” пачуваецца пэўны павеў Багдановічавае паэзіі, ягонага „Вянка”. Падобныя завязі можна бачыць і ў таксама ўжо закрананым вершы „Маладэчна” зь ягонай сьціснутасьцяй усяго на трох чатырохрадкоўках (супраць расьцягнутасьці іншых паэтавых вершаў таго часу) ды згушчанасьцяй вобразаў, пачуцьця й думкі, а таксама ў санэце „Лідзкае замчышча” (датаваны Лідаю, 18.9.1942 г.), на якім таксама вычуваецца пэўны павеў Багдановічавае паэзіі „Вянка”, а першы катрэн гэтага санэту рыфмаваны ўжо ашчэпна, паводле адзіна практыкаванага й прызнаванага Багдановічам за адзіна правільны санэтнага канону[9], але ў гэтым можна было-б хіба бачыць першае, стыхійнае, сказаць-бы, уварваньне „Багдановічавага канону” ў выніку кантакту зь ягонымі санэтамі „Вянка”, самым нашым паэтам няўсьведамленае, дык і затым у гэтым ды ў іншых пасьлейшых санэтах першага ягонага зборніка не пераведзенае ў рэгулярнае, кансэквэнтнае насьледваньне.[10]

Санэт „Лідзкае замчышча” цікавы яшчэ дзеля некаторых мамэнтаў. У ім упершыню засьветчаны, хоць яшчэ толькі параю словаў усяго — у словазлучэньні ўсякай масьці вораг — кантакт нашага паэты з „Тэстамэнтам” Уладзімера Жылкі, пра які ўжо згадвалася намі вышэй — якраз бо, калі паэта наш жыў у Ільлі, 6 жнівеня 1942 г., у № 56(76) „Беларускае газэты” быў апублікаваны ўпершыню поўны тэкст гэтага твора, і добра памятаецца, як наш паэта, неўзабаве з аказіяй зь Ільлі, выказаў сваё захапленьне гэтым творам, як, зрэшты, і ўсе іншыя паэты й наагул менскія ці наежджыя беларусы, што былі ў тым ці іншым кантакце з рэдакцыяй „Беларускай газэты”. Нат рэдакцыйныя жартаўнікі таксама захапляліся безь якіх-небудзь жартаў ці пародыяў.

Яшчэ адзін мамэнт, які трэба тут адзначыць, гэта што ўжо самай сваёй формай санэту верш „Лідзкае замчышча” навязаў кантакт з санэтам „Гайна”, які наш паэта ўважаў, як памятаем, у сваім „Кароткім жыцьцяпісе” за „пачатак паважнае справы” свае. І з тым-жа „пачаткам паважнае працы”, з санэтам „Гайна” навязаўся кантакт і  яшчэ ў вадным вершы, напісаным у Ільлі яшчэ крыху раней — у вершы „У мроях” (датаваны 11.7.1942; між іншага, і на гэтым вершы можна вычуць некаторы павеў паэзіі Багдановічавага „Вянка”, „летніх” вершаў у ім), дзе ізноў згадваюцца паэтавы сябры (сябры мае), як і ў санэце „Гайна”, адно што цяпер ужо паэта не бязь іх, як у тым санэце, а зь імі. І ў сваім першым зборніку „Мае песьні” паэта зьмясьціў гэтыя тры вершы — „Гайна”, „У мроях” і „Лідзкае замчышча” — беспасярэдня адзін па адным.

Падагульняючы ўсё сказанае пра творчасьць нашага паэты на ейным ільлінскім этапе, сьцьвердзім у ёй, найперш, працяг і прыпын сэрыі ягоных, на менскім этапе пачатых, першых у непасавецкім часе, вершаў, а далей — намацваньне й навязваньне кантактаў з паэзіяй Багдановічавага „Вянка” й Жылкавага „Тэстамэнту” ды таксама з собскай паэзіяй „пачатку паважнае працы” над вершам яшчэ ў савецкім часе. Гэтак увесь „ільлінскі этап” паэтавае творчасьці выглядае як пераходны паміж папярэднім, менскім этапам, і наступным, рыскім, да якога нам цяпер і трэба зьвярнуцца.

Рыскі этап жыцьця й творчасьці Алеся Салаўя больш заслугоўвае на назоў пэрыяду нат самай сваёй, мала не двухгадовай працягласьцяй (пры нейкай чатырохмесячнай усяго працягласьці менскага этапу, і толькі блізу ўдвая даўжэўшае — васьмімесячнае — этапу ільлінскага), ня кажучы ўжо аб напоўненасьці гэтага часу паважнай (а ня чыста тэхнічнай) працай на становішчы заступніка рэдактара часапісу „Новы Шлях” і напісаньнем і выдрукаваньнем ужо не адзінак, а колькі дзясяткаў (пад сотню) вершатвораў, бальшыня якіх увайшла ў выданы напрыканцы гэтага пэрыяду першы паэтаў зборнік „Мае песьні”. Коратка і агульна, гэта пэрыяд Рыгі, „Новага Шляху” й „Маіх песьняў”.

Неяк яшчэ ў сярэдзіне 1942 г. рэдакцыі „Беларускае газэты” было афіцыйна даведзена да ведама, што ёсьць магчымасьць выдаваць беларускі ілюстраваны часапіс больш-менш двухтыднёвай пэрыядычнасьці. Рэдагаваўся-б і друкаваўся-б гэты часапіс у г. Рызе, дзе ёсьць адпаведныя тэхнічныя магчымасьці ды ўжо выдаюцца гэткія-ж ілюстраваныя часапісы ў латыскай і расейскай мовах. Расейскамоўны часапіс зваўся „Новый путь”, латыскі — адпаведна „Яўнаіс цэльш” (Йаûнаіс селš), і беларускі меў-бы звацца таксама „Новы Шлях”. Бальшыня матар’ялу, як тэксту, гэтак і ілюстрацыяў, павінна была-б забясьпечвацца рэдакцыяй, частка давалася-б, „спушчалася”-б згары. Рэдакцыя і адміністрацыя былі-б у Рызе, а паштовая база выдавецтва — у Менску, пры выдавецтве й рэдакцыі „Беларускае газэты” (адрас гэтае апошняе — Менск, вул. Рагнеды (былая Рэвалюцыйная), дом 2, трэці паверх, і ейны тэлефон 21-300 і падаваліся як адрас і тэлефон выдавецтва „Новага Шляху” ў кажным ягоным нумары). Рэдакцыю „Беларускай газэты” таксама прасілася рэкамэндаваць „свайго чалавека” на „адказнага за зьмест часапісу”, якога паслалі-б жыць у Рызе й рэдагаваць-выпушчаць часапіс; супрацоўнікаў рэдакцыі можна й трэба было-б падабраць у паважнай беларускай калёніі ў Рызе. Паехаць на гэткага „адказнага” ў Рыгу выказаў жаданьне й быў рэкамэндаваны на гэтае становішча няштатны супрацоўнік „Беларускае газэты” Ўладзімер Сядура, які й падпісваў гэты часапіс, спачатку як „адказны рэдактар”, а ад №4 за 1942 г. і да канца ягонага існаваньня — да №10(46) за 1944 г. — як ягоны галоўны рэдактар. Неўзабаве ўдалося паслаць туды й нашага паэты, які, як падавалася ўжо зь ягонага „Кароткага жыцьцяпісу”, і заняў становішча заступніка галоўнага рэдактара часапісу ад 9 кастрычніка 1942 г.

Рэдакцыя „Новага Шляху” й склалася адразу зь ягонага адказнага, ці галоўнага рэдактара, ды заступніка галоўнага рэдактара, нашага паэты. Як падаў у сваім лісьце ад 17-20 сьнежня 1979 г. той былы галоўны рэдактар, часапіс „рабілі мы з Салаўём, а пасьлей і з частковай дапамогай Уладзімера Брылеўскага, які рабіў карэкту, і Сакола, які ламаў часапіс... Пасяліў я Алеся Салаўя ў кватэры Дзямідава, які да гэтага пасяляў мяне туды, бо сам увесь час адсутнічаў, настаўнічаў у Ілукстэншчыне, на поўначы Латгаліі, дзе за немцамі, як і ў часы дэмакратычнай Лацьвіі, былі беларускія школы.  Там-жа пасьлей я пасяліў Уладзімера Брылеўскага з жонкай... Але да іх мы доўга з Салаўём жылі там адны. У Рызе ўсе былі нам чужыя. Нам ніхто нічога не прадаваў на чорным рынку - на нас глядзелі як на чужую агентуру, бо мы не гаварылі па-латыску. Жылі адно на харчовыя карткі, схуднелі, як жэрдзі. Але затое працавалася нам добра, падтрымвала сьведамасьць працы на дабро Бацькаўшчыны”.

Гэтак выглядала тое вузкае бліжэйшае асяродзьдзе, у якім давялося жыць нашаму паэту ў Рызе, і матар’яльныя абставіны ягонага жыцьця там. Найважнейшым хіба для яго было тое, што быў ён ужо як-ніяк заступнікам галоўнага рэдактара ды ўжо ня марнае савецкае раённае газэты, як калісь у Лагойску, а ілюстраванага двухтыднёвіка, не маладзюком-”дзюкам”, як у Менску, памагатым некага, а фактычна й шмат каго, ды нат мала не папіхачом, „хлапцом да ўсяго”... Не было тут і менскіх жартаўнікоў (толькі іхныя ахвяры), „чорны рынак” усёдна быў не для яго, як і, памятаем, той Сураскі ў Менску, а харчовыя карткі ў Рызе, як кажуць людзі, што жылі там тады, усё-ж былі хоць крыху, а лепшыя, як у Менску, не адны ўсяго „сто грамаў хлеба ў дзень” даваліся на іх. Не немарасьціла больш і „праца ў канцылярыі”, як у Ільлі, праца была ўжо тая творчая, да якое наш паэта заўсёды гарэў. І ён акрыяў у поўным сэньсе слова, ягоная „паэтычная натура”, апісаная намі ў вагульных асноўных рысах вышэй, магла свабодна раскрывацца. Уладзімер Брылеўскі ці не найлепш з усіх успамінальнікаў пра нашага паэты схарактарызаваў яго як чалавека й Беларуса, прытым, відавочна, у супаставе зь іншымі, паводле сваіх назіраньняў пры супольным жыцьці на аднэй кватэры й працы ў „Новым Шляху”: „У прыватным жыцьці быў Алесь Салавей чалавекам вельмі сьціплым, мяккага характару, крыху нясьмелым, вельмі сантымэнтальным, крыштальна сумленным. Стараўся дапамагчы другому чалавеку ў бядзе. Быў гарачым, але не крыклівым, беларускім патрыётам, без афэктацыі й дэклямаваньня аб сваім патрыятызьме. Не любіў хвалькоў, гіпакрытаў, пустазвонаў, самалюбаў, эгаістаў, людзей позы й таннага эфэкту, апанаваных маніяй вялікасьці”.

Пэўна-ж, цытаваную вышэй фразу „ў Рызе ўсе былі нам чужыя” даводзіцца разумець у дачыненьні да асноўнага жыхарства гэнага гораду, а не да ягонае, вельмі паважнае, як згадвалася ўжо, беларускае калёніі. То-ж бо да гэтае калёніі належаў і сам стары бэнээраўскі вайсковы й грамадзкі дзяяч Мікола Дзямідаў, што прытуліў на сваёй кватэры нашых „новашляхаўцаў”, гарачы энтузіяст (аж да сьлёзаў літаральна, да афэктацыі — гэтае ўжытае Брылеўскім слова прытном да яго прыстае) беларускае справы, які наўдачу ці так ужо „ўвесь час адсутнічаў” на тэй кватэры ды, напэўна, наяжджаў час-часам хоць накаротка дадому ды спатыкаўся зь імі. У блізкім кантакце быў „Новы Шлях” і з найвыдатнейшай асобай тае калёніі, таксама бэнээраўскім яшчэ дзеячам Канстантынам Езавітавам, артыкулы якога часам друкаваліся ў часапісе. Да рыскай калёніі належаў і ведамы мастак Пётра Мірановіч, якому наш паэта прысьвяціў верш „Мастак”. Ды наагул уся беларуская калёнія Рыгі аніяк не магла быць чужой прыбылым у Рыгу „новашляхаўцам” і асабліва нашаму паэту. Пры азначанай намі кантактоўнасьці свае натуры (гэтую рысу, пэўна, меў на ўвеце Брылеўскі, характарызуючы Алеся Салаўя як „шчырага й сяброўскага”) ня мог ён ня лучыцца, не кантактавацца з рыжанамі-беларусамі, сярод якіх былі й паэты, як згаданы вышэй П.Сакол, „які ламаў часапіс”[11].

Але Алесь Салавей хутка навязаў кантакты й вонках беларускае калёніі, па лініі небеларускамоўных „Новых Шляхоў” - перш-найперш расейскамоўнага „Нового пути”. Ён добра запрыязьніўся з расейскім крытыкам і паэтам Вечаславам Завалішыным, што займаў такое-ж становішча ў расейскім „Новом пути”, як Алесь Саьавей у беларускім „Новым Шляху”. Праз Завалішына, сказаць-бы, успаў ён на добрае вока маладому, але ўжо выдатнаму латгальскаму пісьменьніку й паэту Аляксандру Анцану, які ўзначальваў з афіцыйнага боку ўсе тры „Новыя Шляхі”, ці „пути”, ці „цэльшы”, і зь якім Завалішын быў у добрых сяброўскіх дачыненьнях[12].

[ працяг ]



[1] Цяпер у нашай слаўнай Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане знайшлася й тая кніжка „Максім Багдановіч. Выбраныя творы. Пад рэдакцыяй М.Ларчанкі й М.Клімковіча. Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі пры СНК БССР. Рэдакцыя Мастацкай літаратуры. Мінск 1940”. Верш „Калі паласу агнявую” тут на 5-м аркушы, і на гэтым-жа аркушы павінна была быць і „Пагоня”, якое няма. Уклад вершаў у гэтай кніжцы супадае з укладам іх у першым томе Багдановічавых „Твораў” інбелкультаўскага выданьня 1927 г., зь якога, можа, яна й набіралася. У інбелкультаўскім выданьні верш „Пагоня” зьмешчаны між вершамі „Ўсё праходзе” й „Страцім лебедзь”, якія і ёсьць, толькі без „Пагоні” між іх, на тым самым 5-м аркушы, што й верш „Калі паласу агнявую”, у „Выбраных творах” 1940 г.ь адна старонка ў гэтым аркушы (76) пакінутая пустой, і ўсё гэта можа пацьвярджаць, што аркуш гэты быў перабраны дзеля патрэбы выэлімінаваць „Пагоню”, а адбітак спачатна набранага аркуша з „Пагоняй” на ім захаваўся ў друкарні й трапіў у рукі рэдакцыі „Беларускай газэты”. Дарэчы, на 5-м аркушы было й засталося колькі вершаў, напісаных страфою „Пагоні” „Агата”, „Сьцюжа й мрок” (якраз між гэтымі вершамі зьмяшчаўся верш „Калі паласу агнявую”), „Ужо пара”, „Усё праходзе” (якраз пасьля гэтага верша й мусіла быць сама „Пагоня”) чытаньне іх нашым паэтам магло падтрымаць і ўзмацніць у яго кантакт з гэтаю страфою. Зь іншых аркушаў Багдановічавых „Выбраных твораў” 1940 г. у руках рэдакцыі „Беларускае газэты” маглі апынуцца аркушы 6 (у ім павінен быць верш „Кніга”, якога няма - дзеля таго, што „кніга” тая ў Багдановіча - „Псалтыр” - верш мусіў быць выбракаваны цэнзураю ці рэдактураю як „рэлігійны”), 7 (тут мусілі быць вершы „Ўпалі з грудзей Пана Бога” й „Каганцу” - іх няма хіба таксама з матываў „рэлігійнасьці”, ды яшчэ-ж і „нацыяналістычнасьці”) і 8 (на ім павінен быў быць верш „Грамада зорак “Карона””).

[2] Ладна пазьней ужо ў друк трапіла, у вадным з гумарыстычных фэльетонных твораў [Савёнка], шаржаваная карыкатура на паэта „Алега Вераб’я”. Крыху раней была напісаная ды пашыраная ў машынапісе вершаваная сатыра [Салаўя] на аўтара карыкатуры „Пад п’яную руку”.

[3] Кіраўніцтва ейнае было нат пакрыўдзілася на гэты верш „Не паэта”, спрабавала прававацца, што гэта няпраўда, ды, відаць, нешта-такі й зрабіла - „газэта памагла”, як казалі яшчэ савецкім штампам, бо ў далейшым ужо не чуваць было пра канечнасьць веданьня расейскае мовы пры дачыненьнях зь ейнымі працаўнікамі.

[4] На большае яны й не заслугоўваюць. Пра верш „Наш вучоны”, калі ён неспадзявана трапіў і ў друк, у газэту „Беларуская воля”, што выдавалася ў Нямеччыне, у Гармішы-Партэнкірхэне, сам Алесь Салавей у недатаваным, а поштаю адштампаваным 8.ХІ.1948 лісьце да Юркі Віцьбіча пісаў: „Хто надаслаў у “Беларускую волю”” сатыру “Наш вучоны“, напісаную 6 год таму толькі для кола бліжэйшых сяброў? Я не адмаўляюся ад гэтае сатыры, але-ж у “Волі” не хацеў-бы яе друкаваць. Ператвараць сатыру ў памыі не жадаю”. Што-ж да крыху пазьнейшай сатыры „Пад п’яную руку”, дык можна думаць, што і яе „ператвараць у памыі” аўтар не захацеў-бы (між іншага, сатыра гэтая напісаная ад імя таго-ж „Не паэта”, што й верш „Лёс паэта”: Хоць не паэта - сьлед на рэбрах маю.., напомню зноў: я не паэта, не! - ды цаляла ў тую самую мішэнь „крытыкі” рэдакцыйных жартаўнікоў „Беларускае газэты”, толькі ўжо зьведзеных тут да аднае асобы, мабыць, галоўнае для аўтара, у ягоных вачох, але цаляла, як кажуць, „ніжэй пояса”, дык формула „ператварэньне ў памыі” пасуе й да яе). Пэўна-ж, калі-б дайшло некалі да акадэмічнага выданьня Салаўя, у ім павінны былі-б знайсьці месца й гэткія рэчы.

[5] Не давялося нам палічыцца й з выразным жаданьнем Алеся Салаўя неяк дыстанцыявацца ад верша ўжо не гумарыстычнага ці сатырычнага, а зусім адваротнага - панэгірычнага характару, сказаць-бы, „оды правадыру”, пісанае сваім часам на заказ. Пра героя тае оды Алесь пісаў у лісьце да аднаго сябра з працы ў Ільлі ад 3-га сакавіка 1948 г.: „Нічога аб’ектыўнага сказаць не магу, бо маю да яго асабістыя антыпатыі”. Аднак у часе друкаваньня таго верша героя ягонага так ці йнакш мусіў падтрымаць і беларускі нацыянальны актыў на эміграцыі, не адзін аўтар верша, фактычна ў дадзеным выпадку толькі выканавец заказу ад аднаго з тагачасных прадстаўнікоў таго актыву. Дый верш друкаваўся ды нат і па-ангельску падаваўся (хоць і з памылковай, на 10 год спозьненай датай) і друкаваўся-ж пад подпісам „Алесь Салавей”, а не пад іншым якім псэўданімам. А наверх на ўсё - з гледзішча паэтыкі (хоць і не паэзіі, шчырае паэзіі) верш напісаны, як кажуць, на ўзроўні (як, скажам, і ведамая Купалава ода Сталіну „Табе правадыр”, якая цяпер аднак у савецкіх выданьнях не перадрукоўваецца. Ды насьледаваць падобную тыпова савецкую цэнзурную практыку нам бадай ці прыстоіла-б).

[6] Як памятаем, тэрорам таго панаваньня быў асірочаны і асабіста наш паэт, бацькоў якога бяз дай прычыны арыштавалі, увязьнілі ды выслалі „яжоўцы”, а бацька, паводле атрыманых тады першых вестак, і памёр недзе на выгнаньні, чым і быў выкліканы верш „Сьпі, мой родны” (крыху пасьля прыйшлі чуткі, быццам бацька памёр яшчэ ў Менскай турме, і гэтак падаў быў Алесь Салавей у сваім „Кароткім жыцьцяпісе”, але ў цытаваным намі вышэй лісьце ад 3.Ів.68 г. ён пацьвярджаў ужо тыя першыя весткі, што „што бацька памёр ня ў Менскай турме”, а ў Сібіры.

[7] Але-ж гэты наіўны аптымізм у большай ці меншай меры падзяляў тады і ўвесь беларускі нацыянальны актыў, рэдакцыя й супрацоўнікі „Менскае газэты” й „Голасу вёскі” ў тым ліку: думалася больш-менш усім, што горш, як пад Саветамі, проста быць ня можа, дык і ня будзе, што „цяпер будзе йначай”, а мо’ й нат і лепш хоць у сім-тым хоць-бы для беларускай нацыянальнай справы, а з гледзішча яе - і для Беларусі наагул. Магчымасьці для гэтай справы, а значыцца, і пэрспэктывы былі-ж адчыніўшыся адразу - беларуская мова, прынамся, атрымала адразу-ж статус адзінае афіцыйнае мясцовае мовы, прызнаванае за гэткую новым акупантам, а ягонаю моваю ніяк не абмяжоўванае й не ўцісканае (ня кажучы ўжо, што й ніяк не дэнацыяналізаванае), наадварот, усяк падтрыманае - толькі ў беларускай мове быў дапушчаны і друк і тэатар, нават опэрны (хоць і не адразу, а пасьля адпаведных захадаў нацыянальнага актыву, якому ніхто не перашкаджаў), і школьніцтва (таксама не адразу, спачатку адно на пачаткавым узроўні, крышку пасьля на няпоўным сярэднім ды нарэшце й на поўным сярэднім і спэцыяльнымь да вышэйшага школьніцтва, праўда, гэтак і не дайшло, але ўсё гэта тлумачылася цяжкасьцямі ваеннага часу ды гэтак і разумелася). Бесьперашкодна дэманстраваліся і адпаведна ўшаноўваліся нацыянальныя эмблемы - бел-чырвона-белы сьцяг, гімн (пра ўсталеньне яго казалася вышэй), герб Пагоня (чаго, між іншага, не было на суседняй Украіне, і прыежджыя ды праежджыя ўкраінцы вельмі дзіваваліся з гэткага „нацыянальнага рэнэсансу” на Беларусі).

[8] Бо быў-жа гэта ўжо час, калі пачаты ўвосень 1942 г. пад Сталінградам адварот вайны перасунуў вонкавы ейны фронт аж за Беларусь, а на нутраным, партызанскім фроньце прайшла тая савецка-беларуская вайна, у якую бесчалавечна-безаглядная ў сьцігаваньні сваіх мэтаў савецкая стратэгія й тактыка сваймі правакацыйнымі дзеяньнямі ўцягнула ды скіравала супраць беларускага народу і акупанта, бязглузда-бесчалавечная рэакцыя якога на тую стратэгію й тактыку пашыралася крывавымі рэпрэсіямі й на правакаваны таксама гэты народ...

[9] Хоць адзін катрэн мае ўжо крыжаванае рыфмаваньне ў парушэньне ўсякага строгага санэтнага канонуь наагул Багдановічавага, калі так умоўна назваць яго, санэтнага канону наш паэт стаўся сьведамым і насьлядоўнікам у поўнасьці ладна пазьней, толькі пачынаючы ад свайго „Вянка санэтаў”.

[10] Пэўна-ж, у санэтнай паэзіі іншых літаратураў здараюцца й санэты з ашчэпным рыфмаваньнем у вадным, а крыжаваным у другім катрэне, але, наўрад ці наш паэт тады мог сустракаць іх. З другога боку, ня выключана, што і ў другім катрэне ягонага санэту „Лідзкае замчышча” магло быць рыфмаваньне ашчэпнае, але першыя два радкі гэтага катрэну маглі быць мэханічна памяняныя месцамі пры друку, і гэтага аўтар мог і не спасьцерагчы пры карэкце, як не спасьцярог, скажам, Максім Багдановіч зьнікненьне цэлага радка ў ягоным санэце „У Вільні” і толькі пасьля, у экзэмпляры г. зв. „Вянка №1” аднавіў яго, хоць гэтага аднаўленьня чамусь не прыняла рэдакцыя першага акадэмічнага выданьня Багдановічавых твораў, а за ёю не прызнаюць і рэдакцыі пасьлейшых савецкіх выданьняў, пакідаючы ў 13-радковым вершы „У Вільні” падзагаловак „Санэт” (гл. Максім Багдановіч. Вянок паэтычнай спадчыны. Пад рэдакцыяй Ант. Адамовіча й Ст. Станкевіча. Выдавецтва „Бацькаўшчына”. Нью-Ёрк — Мюнхэн, 1960, с.30). У кажным разе, першыя радкі другога катрэну санэту „Лідзкае замчышча” лёгка перастаўляюцца гэтак, каб выходзіла ашчэпнае рыфмаваньне без парушэньня сэнсу:

                              Зямлі свае і гонар і дары
                              грудзьмі ў баёх адстойваючы чынна,
                              касьцьмі няраз ляглі за лёс айчыны
                              тут продкі нашыя асілкі-змагары.

[11] Пётра Сакол - адзін зь беларускіх паэтаў Лацьвіі, друкаваўся ў вучнёўскіх часапісах („Ластаўка”, 1923 г., „Беларуская школа ў Лацьвіі”), а таксама ў зборніках вучнёўскіх твораў (як „Ластаўка”, зборнік вучнёўскіх твораў Дзяржаўнай Люцынскай Беларускай Гімназіі за 1923-24 навучальны год, Люцын, 1924, а таксама „Першы крок”, зборнік вершаў гуртка беларускіх паэтаў у Лацьвіі, Рыга, 1925), паводле некаторых (вельмі няпэўных) вестак выйшаў і зборнік ягоных вершаў, але дасюль нат загалоўка гэтага зборніка адшукаць не ўдалося.

[12] Аляксандар Анцан (Аляксандрас Анцанас) нарадзіўся 8 сьнежня 1910 г. у Пецярбургу, трагічна загінуў 15 верасьня 1944 г. - як афіцыйна падавалася, у трамвайнай катастрофе, як падазравалася - ад рукі гестапа. Выдаў два зборнікі вершаў нацыянальна-патрыятычнае й пэйзажнае лірыкі: „Шэпт ветру ў вазёрным краі” ды „Мой край і маё сэрца”.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія