|
Колькі слоў уступу
„Архіўная кніга”, створаная Лявонам Юрэвічам, складаецца як-бы з трох частак: адна -- гэта малаведамыя старонкі жыцьця пісьменьніка, раскрытыя аўтарам артыкулаў пра Ўладзімера Дудзіцкага, Хведара Ільляшэвіча, Уладзімера Клішэвіча, Уладзімера Сядуру-Глыбіннага, Міколу Вярбу, Юрку Віцьбіча на багатым архіўным матар’яле: афіцыйных дакумэнтах, манускрыптах -- пэрсанальных нататках, успамінах, ліставаньні, дзе найбольш поўна адлюстраваліся падзеі часу, складаныя ўзаемаадносіны людзей, назіраньні й разважаньні пісьменьніка. Другая частка -- гэта творы ці ўрыўкі твораў пісьменьніка, большасьць дасюль няведамыя -- з манускрыптаў, альбо і друкаваныя ды не заўважаныя чытачамі і крытыкай. Кожны разьдзел „Архіўнай кнігі” завяршаецца найбольш дакладнай і поўнай, на сёньня, бібліяграфіяй твораў пісьменьніка.
Пра вартасьць і значнасьць мастацка-літаратурных твораў, напэўна, скажуць сваё слова крытыкі, дасьледнікі пісьменьніцкае спадчыны.
У гэтым кароценькім уступным слове я выказваюся не пра літаратурныя якасьці апублікаваных твораў, а пра грамадска-культуралягічны асьпект дзейнасьці пісьменьнікаў (са значнай дозай асабістых меркаваньняў). З названых у „Архіўнай кнізе” мастакоў я быў добра знаёмы з Юркам Віцьбічам ды ўсёй ягонай сям’ёй. Ведаў Уладзімера Сядуру і Міколу Сільвановіча, супрацоўнічаў зь імі. Быў знаёмы з Уладзімерам Дудзіцкім і Хведарам Ільляшэвічам. І ніколі не сустракаўся з Уладзімерам Клішэвічам.
Для мяне, як і значнае часткі грамадскіх працаўнікоў на эміграцыі, эміграцыйныя пісьменьнікі былі аўтарытэтамі, паважанымі асобамі. Мы чыталі іхнія творы, выказвалі сваё захапленьне ці расчараваньне. Зь вялікім задавальненьнем віталі ў іхняй творчасьці зварот да беларускай нацыянальнай гістарычнай тэматыкі, катастрофы Беларусі пад бальшавіцкім панаваньнем -- тэмаў, забароненых ў літаратуры на бацькаўшчыне.
Але ў эміграцыйным асяродзьдзі быў яшчэ іншы крытэрый, іншае вымярэньне беларускага інтэлігента -- мастака, пісьменьніка, навукоўца, а менавіта -- ягоная грамадская дзейнасьць. Для значнае часткі беларускай дыяспары гэты крытэрый быў, бадай, найгалаўнейшым у вызначэньні ролі тае ці іншае асобы -- удзельніка беларускага нацыянальнага культурнага руху. І вось найчасьцей менавіта з гэтага пункту гледжаньня, хай сабе і не аб’ектыўнага, магчыма, нават і прымітыўнага (іншыя могуць ужыць эпітэт і „палітызаванага”), эмігрантамі давалася ацэна пісьменьніку і фармаваўся ягоны вобраз. Але праз увесь эмігранцкі пэрыяд жыцьця, прайшоўшы празь дзясяткі й дзясяткі эмігранцкіх арганізацыяў, выкажу пагляд, што ўсе ці, дакладней, блізу ўсе эмігранцкія паэты і празаікі былі ў той ці іншай ступені на розных этапах свайго шляху і палітычнымі і культурна-грамадскімі дзеячамі. Часта яны выконвалі ролю і рухавікоў нацыянальнага руху, а літаратурныя эмігранцкія часапісы, такія, як „Шыпшына”, „Сакавік”, „Шляхам Жыцьця”, „Пагоня”, адыгралі й выдатную ролю ў кансалідацыі й выпрацаваньні палітычнага кірунку дыяспары.
І вось, перагортваючы старонкі, так-бы мовіць, „пэрсанальнай” часткі „Архіўнае кнігі”, я заўважыў, што і пісьменьнікі вычувалі адносіны грамадства да іх, часта былі незадаволеныя ды крытычныя да грамадства. Вельмі важнае ў „пэрсанальнай” частцы „Архіўнае кнігі” тое, што асабістыя нататкі і разважаньні пісьменьнікаў, іхняя міжпісьменьніцкая камунікацыя выдатна перадае атмасфэру, у якой яны пісалі, умовы, у якіх праходзіла жыцьцё.
Шмат у іхніх паглядах ёсьць супольнага, тыпова пісьменьніцкага падыходу, але ёсьць шмат і адрознага, цалкам асабістага. Бадай, самае супольнае для тых, каго Лявон Юрэвіч выбраў у „Архіўную кнігу”, гэта -- іхняе моцнае жаданьне стварыць нешта новае ў беларускай літаратуры. Усе яны добра ўсьведамлялі, што яны -- па-за бацькаўшчынай, і былі перакананыя, што пры бальшавізьме ім павароту на радзіму няма (праўдападобна, пераканаўся ў гэтым і Ўладзімер Клішэвіч). Але яны тварылі беларускую літаратуру, давалі яе беларускаму грамадству. І бадай ці не ўпяршыню ў „Архіўнай кнізе” пададзеныя са шматлікіх прыватных і грамадскіх архіваў пагляды пісьменьнікаў як на бацькаўшчыну, так і на эміграцыю, зь якой яны дзялілі лёс.
Бясспрэчна, што „Архіўная кніга” Лявона Юрэвіча зьяўляецца важкім укладам у гісторыю літаратуры беларускай эміграцыі, асьвятляе па-новаму жыцьцё і творчасьць шэрагу пісьменьнікаў замежжа і дае дасьледнікам новы, цікавы ды вельмі каштоўны матар’ял.
Вітаўт Кіпель
|