БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Архіўная кніга. Аўтар-укладальнік - Лявон Юрэвіч

Post Scriptum
да „Збору твораў” Уладзімера Дудзіцкага[1]

...вырасьце трава
і траву адшукае раса...
Анатоль Сыс

Першая кніга. Першы зборнік. І адразу „Збор твораў”. Так прыйшоў да чытача Паэт...

Пры жыцьці Ўладзімера Дудзіцкага ня выйшла аніводнай ягонай кнігі, творы зьмяшчаліся толькі ў газэтах і часапісах. Але адно газэтныя й часапісныя публікацыі не даюць мажлівасьці нават неабыякавым сучасьнікам убачыць і ацаніць маштабнасьць пісьменьніка. Як звычай, кароткае жыцьцё пэрыёдыкі бярэ з сабою й памяць пра твор і ягонага аўтара. Гэта ўсьведамляў і сам Дудзіцкі. У лісьце да Віцьбіча ад 15 студзеня 1953 году ён пісаў: „Раскіданыя па часапісах і газэтах творы ніколі ня маюць такога значэньня, як сабраныя ў кніжку. <...> але самі ведаеце, што мы заўсёды аддавалі перавагу справам грамадскім, а сваё пакідалі на потым”[2] .

„Збор твораў” Уладзімера Дудзіцкага складаўся па архіўных матар’ялах і выяўленых газэтных і часапісных публікацыях. Аднак і сёньня яшчэ не сабраныя і не апісаныя беларускія выданьні пэрыяду лягераў ДП і эміграцыі.[3] Бібліятэчныя-ж зборы беларусікі на Захадзе маюць у бальшыні сваёй няпоўныя камплекты пэрыёдыкі, што перашкаджае выяўленьню ўсіх публікацыяў аўтара. З гэтай прычыны, нават маючы рукапісны тэкст, цяжка праверыць, ці быў ён выдрукаваны.

Знойдзеныя ў архіве паэта творы ня былі падрыхтаваныя да друку. Гэта -- рукапісныя і машынапісныя старонкі, многія зь іх цяжка чытаюцца, патрабуюць дэшыфроўкі, пошукаў сувязі асобных раскіданых радкоў і адпаведнасьці завершаным (або незавершаным) творам.

Падрыхтоўка выданьня ўскладнялася й тым, што Дудзіцкі часам публікаваў адзін і той верш пад рознымі назвамі; устаўляў радкі, што былі, відаць, асабліва дарагія яму, у розныя творы; самастойныя вершы ўключаў у цыклі; друкаваў па некалькі варыянтаў аднаго верша, частак паэмаў.

Пошукі спадчыны паэта працягваліся й тады, калі „Збор твораў” быў ужо ў друку. Па выяўленых дадаткова газэтных публікацыях, архіўных знаходках, лістах паэта, успамінах сучасьнікаў запаўняліся прагалы жыцьцёвай і творчай біяграфіі Уладзімера Дудзіцкага.

29 кастрычніка 1994 году Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва наладзіў у Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага прэзэнтацыю кнігі Уладзімера Дудзіцкага „Напярэймы жаданьням”.

Удзельнікі прэзэнтацыі -- і тыя, што працавалі з Дудзіцкім у розныя пэрыяды ягонага жыцьця, і тыя, што жылі побач, ведалі яго і ягоную сям’ю, -- сказалі пра паэта сваё слова, якое дазволіла разам з новымі адшуканымі фактамі больш грунтоўна асэнсаваць складаную, супярэчлівую постаць Уладзімера Дудзіцкага -- паэта й чалавека.

Творы Дудзіцкага друкаваліся на працягу многіх гадоў, але-ж наўрад ці хто ўяўляў, якую вялікую спадчыну ён пакінуў па сабе. Кніга „Напярэймы жаданьням” -- неспадзянка нават для тых, хто добра ведаў яго. Ці не таму доктар Вітаўт Кіпель на прэзэнтацыі кнігі Дудзіцкага гаварыў: „Сёньня адбылося нараджэньне новага пісьменьніка. Дудзіцкі быў згублены і як чалавек, і як паэт... Толькі сёньня мы, людзі, якія зь ім жылі і працавалі, усьвядомілі, хто такі Дудзіцкі...”. „Я быў блізкі зь ім, -- сказаў доктар Янка Запруднік, -- але ніколі ня думаў пра яго як пра вялікага паэта. Як з паасобных цаглінак складаецца дом, так з паасобных вершаў, забытых публікацыяў вырас Паэт”[4] .

З успамінаў сучасьнікаў паўстае вобраз прыгожага чалавека з густымі валасамі, заўсёды падкрэсьлена элегантна апранутага, эстэта, добра адукаванага, з вострым пяром, выключнай памяцьцю, таленавітага дэкляматара, выдатнага адміністратара і арганізатара. Разам з тым, чалавека трагічнага лёсу, з паламаным жыцьцём, страціўшага самых блізкіх людзей і найперш -- горача любімую маці. Доктар Вітаўт Кіпель прыгадаў, што нехта (нажаль, ня памятае, хто) казаў яму, нібы да Дудзіцкага, калі той быў кіраўніком аддзелу прапаганды ў акупаваным Менску, прыйшлі партызаны й запрапанавалі ісьці зь імі ў лес. Дудзіцкі адмовіўся. А празь некаторы час партызаны расстралялі (ці павесілі -- дакладна няведама) ягоную маці. Гэта-ж пацьвердзіў і доктар Янка Запруднік, спасылаючыся на словы жонкі Дудзіцкага: паэта ўсё жыцьцё помніў, што сьмерць маці на ягоным сумленьні.

Дудзіцкі належаў да пакаленьня людзей, скалечаных савецкім ладам. Ён ня мог дараваць яму свайго паламанага жыцьця, разбуранай бацькавай сям’і, загубленай маці і ўспрымаў бальшавізм як зло, якое неабходна зьнішчыць. Ён быў, як зазначыў доктар Кіпель, „апантаным ворагам Саветаў”. І да канца дзён сваіх жыў з пачуцьцём нянавісьці да камуністычнага рэжыму.

Аповяд спадара Антона Шукелойця (разам з ужо надрукаванымі ягонымі ўспамінамі пра Менск часоў нямецкай акупацыі[5] ) асьвятліў дзейнасьць Уладзімера Дудзіцкага ў ваенны пэрыяд.

„Я знаю Дудзіцкага не як паэта, а як адміністратара. Я супрацоўнічаў зь ім вельмі блізка падчас нямецкай акупацыі з 1941 году.

У выніку хуткага наступленьня нямецкай арміі на ўсход Заходняя Беларусь аказалася ў распараджэньні польскай адміністрацыі й паліцыі, а ўлада Цэнтральнай і Ўсходняй Беларусі -- у расейскіх руках. („Немцы ня былі зацікаўлены, каб мясцовая адміністрацыя мела нацыянальны характар”).[6] І нягледзячы на тое, што першым старшынёю гарадское ўправы гораду Менску быў доктар Тумаш, які прыехаў з эміграцыі разам зь немцамі, першым загадчыкам аддзелу культуры і асьветы быў прызначаны расеец прафэсар Прыляжаеў, вельмі культурны чалавек. Ён устанавіў свае парадкі. Школьніцтва меркавалася расейскім, тэатр быў таксама расейскі. Узначаліў яго расеец Панін, які потым на эміграцыі быў перакладчыкам у ААН. Так атрымліваецца, што ў пераломныя пэрыяды, асабліва ваеннага часу, беларускія лідэры аказваюцца па-за справамі, пераважна ў турмах. І таму нехта іншы заўсёды бярэ ўладу. Так было ў 1939, так сталася і ў 1941.

З Дудзіцкім я спаткаўся ў 1941 годзе на адным зь першых нелегальных паседжаньняў у Менску, калі беларускі актыў пераканаўся, што зь немцамі нам не па дарозе, немцы незалежнай Беларусі не пабудуюць, і трэба што магчымае браць у свае рукі. На гэтым нелегальным паседжаньні быў прыняты шэраг пастаноў, у тым ліку пастанова аб стварэньні Беларускай Незалежніцкай Партыі. Было прынята рашэньне і аб беларусізацыі ўрадавых устаноў.

І якраз тады першым загадчыкам аддзелу асьветы й культуры было прапанавана назначыць Гуцьку_Дудзіцкага, якога ўжо ведалі як патрыёта, пісьменьніка, нацыяналіста. Ведалі яго і як добрага адміністратара зь сільнай рукой, які патрапіць хутка навесьці парадак.

Спадар Гуцька, у першую чаргу, заняўся, ясна, школьніцтвам, прызначыў людзей, якія перагледзелі падручнікі, што былі да гэтага часу, каб адразу можна было іх скарыстаць”.

„Задачаю школ ставілася разьвіцьцё беларускай культуры, выхаваньня і асьветы. <...> У інструкцыях зазначалася, што асноўнай мовай навучаньня павінна быць беларуская мова. <...> У студзені 1942 году ў Менску пачало выходзіць пэрыядычнае выданьне „Беларуская школа” ў дзьвюх сэрыях -- для вучняў і настаўнікаў. Яно павінна было часткова замяніць савецкія падручнікі, выведзеныя з ужытку”.[7]

Настаўнікам і вучням, сямейнай маралі, навучаньню беларускай мовы ў школах прысьвечаны й тагачасныя артыкулы Ул. Дудзіцкага „Бацькі й дзеці”, „За нацыянальную беларускую школу”, „За культуру і асьвету”, „Сьлядамі гадоў”.

Як сьведчыць спадар Антон Шукелойць, Дудзіцкі пасьлядоўна праводзіў беларусізацыю і ў іншых галінах культуры: „Зьняў Паніна з дырэктарства тэатру, назначыў Краўчонка, юрыста, добрага адміністратара. Тэатр зьмяніўся. Тры часткі яго (опэрная, драматычная, эстрадная) адразу перайшлі на беларускую мову. Праблема была ў музэі. Бо немцы, дый хто хацеў, расьцягвалі музэйныя скарбы. Адказны за іх мастак Віер, які ня знаў нямецкай мовы, ня мог даць рады. Дудзіцкі мусіў адразу заняцца аховай ад рабаўнікоў музэйных і бібліятэчных калекцыяў і архіваў і прызначыў туды мяне. І так ён усе ўстановы ў вельмі хуткім часе беларусізаваў.

Гэта было маё першае зь ім спатканьне й першае супрацоўніцтва.

Другое -- у канцы 1943, пачатку 1944 году, калі немцы моцна атрымалі на Ўсходзе й далі большыя магчымасьці арганізаваць новыя нацыянальныя ўстановы. Тады было створана Беларускае Культурнае Згуртаваньне. Дудзіцкі вёў першы аддзел -- прапаганды беларускае культуры. Да гэтага аддзелу належалі радыё, прэса, тэатр. Я тады быў загадчыкам аддзелу краязнаўства. Гэтая пара працы быьа найбольш патрыятычная”.

Многа зрабіў Уладзімер Дудзіцкі ў гэты час для прапаганды беларускай культуры, і менавіта тады ён пісаў у артыкуле „Гістарычная дата”[8] : „Нашыя сіла і слава, здабытыя цаною крыві й жыцьця, цаною глыбокае мудрасьці нашых прашчураў у залатую пару вялікага нацыянальнага ўздыму канца ХУІ і пачатку ХУІІ стагодзьдзя ды яшчэ й раней, што было ведама ўсяму сьвету, часта занепадала й ня здолела ў поўнай меры стаць здабыткам агульначалавечай культуры ў поўным разуменьні гэтага значэньня. Аднак жыцьцё й дзейнасьць славутага доктара Францішка Скарыны, ахвярныя праца й дзейнасьць Вялікага Канцлера Льва Сапегі і шмат іншых папярэднікаў і пасьлядоўнікаў, нацыянальна сьведамых сыноў Крывіччыны -- Беларусі, стварылі няўміручыя помнікі нацыянальнае культуры, якія вывучаліся й дасьледаваліся шмат якімі вучонымі й дасьледнікамі шмат якіх нават вялікіх краінаў.

<...> У трэцяй чвэрці ХІХ і першай чвэрці ХХ стагодзьдзяў (пэрыяд нашаніўства) ізноў пачынаецца адраджэнскі рух і паклікаюцца да жыцьця лепшыя сілы нашага народу, як у літаратуры (Ф. Багушэвіч, Ядвігін Ш., А. Гарун, М. Багдановіч, Я. Купала, Ц. Гартны ды шмат іншых), так і ў музыцы, архітэктуры й малярсьцьве. Гэтая творчая пульсацыя мела месца аж да прыходу барбараў камуністычнага ўсходу, якія, зманіўшы наш народ правакацыйнымі абяцанкамі пра нацыянальную „волю”, выкарысталі яго ў сваіх, варожых народу, мэтах і пазьней зрабілі белымі нэграмі бальшавізму ды больш таго _- ахвярамі крывавае палітыкі камуністычнае Масквы...”.

Пра абставіны жыцьця Дудзіцкага напрыканцы вайны расказаў доктар Вітаўт Кіпель: „Пошукі шляхоў барацьбы з бальшавікамі прывялі Дудзіцкага ў 1944 годзе да генэрала Ўласава. Капітан Міхал Пугачоў, першы арганізатар беларускай самааховы ў Менску, добры прыяцель Дудзіцкага, фармаваў для арміі Ўласава беларускія аддзелы. Ён прапанаваў Дудзіцкаму ўзначаліць прапаганду гэтай справы, і Дудзіцкі згадзіўся.[9] Ён езьдзіў па лягерах „остаўцаў”, выступаў з дакладамі пра Беларусь, патрэбу арганізацыі беларускага войска, каб змагацца з бальшавізмам, які нішчыць беларускі народ. Дудзіцкі ў тую пару быў і ў Празе, і ў Марыенбадзе, і ў шматлікіх гарадох Нямеччыны. У Бэрліне Дудзіцкі часта браў удзел ў нарадах Беларускага Камітэту пры ўласаўскім штабе, выступаў на шматлікіх мітынгах.

Збліжэньне Ў. Дудзіцкага, як і іншых беларускіх грамадска-палітычных і культурных дзеячаў -- В. Сэлеха-Качанскага, Анатоля Комара, Яўхіма Кіпеля і колькіх іншых, -- з ўласаўскім камітэтам адлучыла іх ад тагачаснага сфармаванага беларускага нацыянальнага „эстаблішмэнту” ды паставіла ў асяродзьдзе нацыянальна маласьведамае беларускае масы, былых чырвонаармейцаў, цяпер жаўнераў-уласаўцаў. Па вайне дачыненьне паміж тымі „ўласаўцамі” і шырокім беларускім нацыянальным грамадствам наладжваліся цяжка і не заўсёды пасьпяхова[10] „.

У гэтым, трэба меркаваць, вытокі яшчэ адной трагедыі Ўладзімера Дудзіцкага: пазьней яму прыйшлося прыкласьці шмат намаганьняў, каб наладзіць дачыненьні са старымі сябрамі, беларускім эміграцыйным асяродзьдзем.

Пасьля вайны Ўладзімер Дудзіцкі апынуўся ў лягеры ДП („перамешчаных асоб”) у Зальцбургу. Гэта быў украінскі лягер зь беларускай сэкцыяй. Дудзіцкі арганізаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт літаральна празь дзесяць дзён пасьля капітуляцыі Нямеччыны. Наладзіў выдавецкую дзейнасьць: выходзілі часапіс „Пагоня” і газэта „Зь беларускага жыцьця”, да выданьня якіх пазьней далучыўся Алесь Салавей.

У лягеры ДП Дудзіцкі быў параўнальна нядоўга. Як відаць зь ягоных пазьнейшых лістоў, да асаблівасьцяў жыцьця й панаваўшых там парадкаў ён ставіўся рэзка адмоўна: „Лягеры дэмаралізуюць людзей і абніжаюць годнасьць нацыянальных групаў. Дэмакратыя ў тым сьвятле, як яе ўспрынялі асобныя грамадскія дзеячы з лягераў ДП, нічым не адрозьніваецца ад савецкае самакрытыкі на партыйных чыстках; сродкі й мэтады, якімі падмацоўваецца права дэмакратыі крывога люстра, стаяць у адной роўніцы із сродкамі й мэтадамі работнікаў МВД. З такое сытуацыі трэба ўцякаць як найхутчэй. Працаваць на карысьць свае нацыі й рэпрэзэнтаваць вызвольныя ідэі народу можна заўсёды і ўсюды -- найлепей за акіянам...”. (Зь ліста ад 22 чэрвеня 1949)

Дудзіцкі выехаў у Вэнэцуэлю. Пачынаўся новы этап жыцьця -- бяз родных, блізкіх, знаёмых, бяз мовы, на чужой старане...

Прыроджаныя здольнасьці, энэргія, актыўнасьць дапамаглі яму ў хуткім часе ня толькі авалодаць гішпанскай мовай, але, праявіўшы ў новым асяродзьдзі свае веды й талент арганізатара, атрымаць „паважную і адказную працу ў такім вось вялікім дзяржаўным Інстытуце -- Інстітуто Націонал де Абрас Санітаріас”.

Уладкаваўшыся сам, пачаў рабіць захады для выезду зь лягераў ДП Юркі Віцьбіча, Масея Сяднёва, Уладзімера Клішэвіча: высылаў запрашэньні, афармляў дакумэнты, раіў, куды зьвярнуцца, каб пасьпешыць ход справы. У лістах да сяброў ён імкнуўся перадаць нязвычнае й новае для яго, чалавека з дасьведчаньнем жыцьця ў таталітарнай дзяржаве, адчуваньне свабоднай краіны з усім станоўчым і адмоўным. А па-за радкамі адчуваецца вострая туга па аднадумцах і спадзяваньні на агульную плённую нацыянальна-вызваленчую працу. Адсюль, думаецца, і спроба пераканаць у перавазе Вэнэцуэлі перад ЗША.

„Кажная краіна мае свае асаблівасьці; звычкі, традыцыі, жыцьцёвы ўклад, бязумоўна, ня маюць нічога супольнага з нашаю Бацькаўшчынаю, як і з Эўропаю наагул. Як і кажная краіна, яна мае свае і мінусы і плюсы. Жыць можна, а галоўнае тое, што тут чалавек вольны, як птушка. Пачатак-жа цяжкім ёсьць усюды, асабліва, калі чалавек прыязджае бяз грошай ды ня мае ні знаёмых, ні блізкіх і мовы ня ведае. Заўсёды лепш разьлічваць на благое, чым на добрае.

Абавязку працы Вэнэцуэля, як і ўся Амэрыка, ня ведала й ня ведае. Рабі што хочаш і жыві як хочаш. Сацыяльны кантраст страшэнны: поруч з казачным багацьцем стаіць і нячуваная беднасьць добрае чвэрці мясцовага жыхарства. Аднак, гэта тая частка, што ня любіць працы й ня хоча працаваць або прапівае ў сыботу ўсё тое, што заробіць за тыдзень (грошы тут плоцяцца кожнага тыдня, а п’юць так, як нам ніколі й ня сьнілася). Аднак, самы бедны чалавек ня ведае ні суму, ні цяжкіх (а мне думаецца, што наагул ніякіх) перажываньняў. Цяжка і, відаць, немагчыма зразумець гэтую зямлю таму, хто на ёй ня жыў і ніколі ня бачыў ейных людзей. Вельмі віратлівае жыцьцё; у ім няма часу на доўгі адпачынак і вялікія развагі. Сіла гарачага поўдня, сіла зямлі -- найвялікшы валадар чалавека.

Адным словам, раўнуючы да іншых краінаў Амэрыкі, Вэнэцуэля ўсё-ж найбольш надаецца эмігранту. Бясспрэчна, Нью-Ёрк -- цудоўны горад, але ён не для крычаўскага Лукаша й не для старобінскае Тэклі... Там патрэбныя вялікія тысячы. І калі ў першым выпадку чалавек можа быць сам сабе гаспадаром, дык у другім -- вечным парабкам... І яшчэ заўважу. Сучасны -- першы дэмакратычны й сапраўды народны, нацыянальны -- урад вельмі дбае пра эміграцыю, гледзячы на яе, як на будучых сваіх грамадзянаў. Краіна зь вялікімі пэрспэктывамі. Між іншым, на прэзыдэнта абраны выдатны пісьменьнік Вэнэцуэлі і, бязумоўна, усяе Амэрыкі -- Галлегос Ромуло. Клічу да Вэнэцуэлі”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 28 верасьня 1948)

Але блізкія, чаканыя людзі так і ня прыехалі. Усе яны сабраліся ў ЗША. І гэтая акалічнасьць -- адарванасьць ад цэнтраў жыцьця беларускай эміграцыі, -- як і тое, што ў Вэнэцуэлі Дудзіцкі быў ці не адзіным беларускім пісьменьнікам, яшчэ больш ускладніла ягоныя адносіны з эміграцыяй. Дудзіцкі цяжка пераносіў сваю адзіноту й разарванасьць сувязяў зь землякамі. Перажываў, што былыя сябры, аднадумцы ня пішуць: усе ягоныя заклікі, звароты заставаліся бяз водгуку.

„Мае адносіны да ўсіх сяброў выказваюцца ў вершы:

Віецца шлях гразкою каляінай,
а часам камяністасьцю ўстае.
Я клічу вас, равесьнікі мае,
з далёкіх стэпаў песьняй сакалінай...

Клікаў я Масея Сяднёва і іншых; ня прыехалі й ня пішуць. Такой бяды... Прыкра, што сорам і абавязак адчуваюцца слабей, як голад і холад. Гэта наагул і між іншым. Кожнаму жадаю толькі дабра. Уласная няўдача ніколі не хвалявала мяне так моцна, як моцна цешыць посьпех найлепшага таварыша”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 4 травеня 1951)

Урад Вэнэцуэлі, сапраўды, добра ставіўся да эмігрантаў. Нават дзяржаўны пераварот не адбіўся на іхнім становішчы. Жыцьцё паступова наладжвалася[11] .

Зьявілася магчымасьць атрымліваць беларускія часапісы зь Нямеччыны, што былі для Дудзіцкага даражэй за хлеб, падтрымлівалі еднасьць зь беларусамі, якія яшчэ заставаліся ў лягерах ДП. Шмат пісаў.

„Падрыхтаваў да друку два зборнікі вершаў -- „Хвалі” і „Да блізкіх і далёкіх”, зборнік апавяданьняў „Купальскія росы” (зборнікамі, пэўна-ж, называю ўмоўна, бо ўсё роўна нідзе ня выдам). Скончыў пісаць аповесьць „Голас крыві” -- 8 друкаваных аркушаў. Працую над дзьвума вялікімі паэмамі”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 28 чэрвеня 1948)

„Вельмі задаволены Вашай думкаю пра выданьне кніжак паэтаў і пісьменьнікаў. Гэтае-ж пытаньне нікім яшчэ не закраналася. Ёсьць фонды ці няма, будуць ці ня будуць, а кніжкі выдаваць трэба. <...> Яшчэ ў 1942 годзе я меў гатовым да друку зборнік „Напярэймы жаданьням”. <...> Маю гатовым да друку і другі зборнік „Журботныя струны”. І першы, і другі -- памерам на 6-8 друкаваных аркушаў”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 15 студзеня 1953)

Дзе гэтыя рукапісы цяпер? Засталіся ў Вэнэцуэлі ці апынуліся пазьней ў Нямеччыне? Ці, можа, Дудзіцкі ўзяў іх у сваю апошнюю вандроўку?..

Частку напісанага дасылаў у розныя беларускія выданьні -- спачатку ў Нямеччыну, пазьней у ЗША. Вялікая адлегласьць паміж аўтарам і выдаўцамі ўскладняла кантакты, выклікала нараканьні на „недрукаваньне”, а яшчэ больш -- на адвольнае „рэдагаваньне” („Мы-ж не якія-небудзь зломкі, каб нашыя творы правяраліся, як вучнёўскія дыктанты....”). З гэтае прычыны Юрка Віцьбіч, празь якога Дудзіцкі меў сувязі з рэдактарамі газэт і часапісаў, жартаўліва і зь непрыхаванай цеплынёй пісаў тагачаснаму рэдактару „Бацькаўшчыны” доктару Станіславу Станкевічу: „Мой сябра Ўладзімер Дудзіцкі змагаецца з рэдактарамі за кожную коску, за кожную літару ў сваім творы, як тэй пратапоп Абакум „за Сьвяты Аз”. <...> Таму ветліва прашу Вас, калі што-небудзь такое заўважыце ў ягоных вершах, дык лагодна амінайце гэтае заўважанае”.[12] (Зь ліста Юркі Віцьбіча да Станіслава Станкевіча ад 15 красавіка 1953)

Некаторыя творы Дудзіцкі перакладаў на гішпанскую і ангельскую мовы. Нават зьбіраўся выдаць нейкую палітычную кнігу ў ангельскай мове. Ці была выдадзена? І як падпісваў тады сваё друкаванае слова Ул. Дудзіцкі -- Гуцька ці неяк інакш? Бо ведалі яго людзі, асабліва ў першыя гады ў Вэнэцуэлі, выключна як Гіцкага, і толькі дома, куды прыходзілі лісты, ён быў Дудзіцкім.

Верагодна, нямала сілы аддаваў Дудзіцкі й гуртаваньню беларусаў Вэнэцуэлі. У архіве паэта[13] захоўваецца „Пратакол”, які паказвае на становішча беларускага арганізаванага жыцьця ў Вэнэцуэлі (ці, дакладней, на ягоны пачатак):

Пратакол 3/1
Трэціх збораў беларускага актыву, што адбыліся
ў горадзе Каракас дня 25-га верасьня 1949 году
а 2-й гадзіне папоўдні:

Паводле рэгістрацыйнага ліста, на Зборах былі прысутнымі наступныя:

1. Гуткоўскі Пятрусь, 2. Луфераў Мікола, 3. Луферава Тацяна, 4. Хмель Уладзімер, 5. Стасіловіч Юліян, 6. Стасіловіч Таіса, 7. Катовіч Іван, 8. Кішко Кастусь, 9. Лашук Мікола, 10. Агалец Павал, 11. Агалец Ганна, 12. Агалец Павал (сын), 13. Дудзіцкі Уладзімер, 14. [закрэсьлена, неразборліва* 15. Ёлуп Іван, 16. Грыгор’еў Анатоль.

За старшыню Збораў абраны аднагалосна Кіраўнік Ініцыятыўнае беларускае нацыянальнае групы ў Вэнэцуэлі спадар Дудзіцкі Ўладзімер, за сакратара -- сябра Ініцыятыўнае групы спадар Стасіловіч Юліян.

Парадак Збораў, прапанаваны спадаром Дудзіцкім Уладзімерам, прыняты бяз зьменаў:

1. Рэфэрат аб працы Ініцыятыўнае беларускае нацыянальнае групы ў справе арганізацыі беларускага нацыянальнага жыцьця ў Вэнэцуэлі -- Дудзіцкі Ул.

2. Утварэньне беларускае нацыянальнае арганізацыі ў Вэнэцуэлі-- Дудзіцкі Ул.

3. Выбар Часовае Ўправы беларускае нацыянальнае арганізацыі ў Вэнэцуэлі.

4. Розныя пытаньні.

1. Працу Ініцыятыўнае беларускае нацыянальнае групы Зборы вызналі здавальняючай. У кароткіх спрэчках былі выказаны канкрэтныя заўвагі і прапановы на будучыню.

2. Патрэба ўтварэньня беларускае нацыянальнае арганізацыі ў Вэнэцуэлі выказана Дудзіцкім Ул. грунтоўна і сур’ёзна. Прапанова аб утварэньні арганізацыі была горача падтрыманая ўсімі прысутнымі на Зборах. Назоў беларускае арганізацыі прыняты наступны: Аб’яднаньне Беларусаў Вэнэцуэлі, у скарочаньні -- А.Б.В.

3. Прапанова Гуткоўскага Пятруся аб складзе Часовае Ўправы Аб’яднаньня Беларусаў Вэнэцуэлі зь пяці чалавек -- старшыні, сакратара і трох ейных сяброў -- прынятая аднагалосна. Часовая Ўправа абраная аднагалосна ў наступным складзе:

1. Дудзіцкі Ўладзімер -- старшыня Ўправы

2. Стасілевіч Юліян -- сакратар Управы

3. Агалец Павал -- сябра Ўправы

4. Хмель Уладзімер -- сябра Ўправы

5. Ёлуп Іван -- сябра Ўправы

Трэція Зборы беларускага актыву зазначаюць, што абраная Часовая Ўправа праводзіць сваю працу да часу скліканьня 1-га Зьезду беларусаў у Вэнэцуэлі, на якім будзе абраная сталая Ўправа Аб’яднаньня Беларусаў Вэнэцуэлі. Вызначэньне тэрміну 1-га Зьезду даручана Часовай Ўправе.

4. Трэція Зборы забавязалі Часовую Ўправу паведаміць вышэйшыя беларускія інстанцыі і ўсю беларускую прэсу аб утварэньні Аб’яднаньня Беларусаў Вэнэцуэлі.

25.9.1949 г. Старшыня Збораў Уладзімер Дудзіцкі

Каракас. Сакратар Стасілевіч Юліян

Нечакана лісты ад Дудзіцкага перасталі прыходзіць. Да землякоў у Нью-Ёрку даносіліся розныя чуткі. Сябры трывожыліся...

„Ужо ладны час, як я шукаю праз знаёмых беларусаў у Вэнэцуэлі Ўладзімера Дудзіцкага. Нарэшце тыдзень таму атрымаў ад аднаго з гэтых беларусаў даволі сумныя весткі.

Прыехаўшы ў Вэнэцуэлю, Дудзіцкі перш за ўсё, як, між іншым, і ўсюды раней, пачаў шукаць прыгожых жанчын. Адна з гэтых жанчынаў -- Паўліна Хвёдараўна, -- што паходзіла із старое расейскае эміграцыі, сталася ягонай жонкай. Яна, як вэнэцуэльская грамадзянка, знайшла для Дудзіцкага адмысловую працу ў адным зь інстытутаў Каракасу. Праз колькі год Дудзіцкаму спадабалася іншая прыгожая жанчына -- жонка старэйшага ад яе на 15 год расейца і матка трох дзяцей. Дудзіцкі пакінуў Паўліну Хвёдараўну, а „іншая прыгожая жанчына” свайго мужа, забраўшы з сабою дзяцей. Ейны муж, што згубіў усю сям’ю -- і жонку і дзяцей, -- канчае самагубствам, пераразае артэрыі. У сваю чаргу, Паўліна Хвёдараўна, абураная з паводзінаў Дудзіцкага, робіць гэтак, што той ня толькі губляе сваю пасаду ў інстытуце, але вымушаны пакінуць Каракас.

Сёньня Дудзіцкі мае сям’ю з трыма дзецьмі і выпадковую (ня сталую) фізычную працу. Мне асабіста яго ад усяе душы шкада. Ён па сваёй натуры добры чалавек і таленавіты паэта”. (Зь ліста Юркі Віцьбіча да Антона Адамовіча ад 6 красавіка 1954)

Нарэшце Дудзіцкі, які нікому ня пісаў і сам нічога не атрымліваў, бо пошта прыходзіла на старое месца, у Каракас, куды ён ня мог паведаміць свой новы адрас, адгукнуўся:

„Благога нічога ня сталася, але й добрым не магу пахваліцца. Першага кастрычніка леташняга году давялося страціць працу, усё здабытае, пакінуць кватэру і выехаць (пасьля пэўнага часу) у далёкую, глухую і сьпякотную вобласьць краю. Прычына: пэрсанальныя інтрыгі й дзікія паклёпы прыватнага й палітычнага характару. За адзінаццаць месяцаў працы ў глыбіні краіны бруд мярзотнікаў змыўся, але справа не палепшылася: вельмі цяжка стаць нагамі на ўцёклы грунт. Пакуль што не памагаюць і вялікія сувязі зь дзяржаўнымі кіраўнікамі; сьпіцы й калючкі пачынаюцца зь нізоў. „Хождение по мукам” выматала душу і абясьсіліла матар’яльна. Вось ужо пяты месяц вішу, як кажуць, паміж небам і зямлёю, чакаючы якога-небудзь прызначэньня. Цяжка сказаць, як доўга будзе трываць маё каменнае цярпеньне”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 15 студзеня 1953)

Як толькі вестка аб узьнікшых у жыцьці Дудзіцкага цяжкасьцях дайшла да Злучаных Штатаў, з таварыскай дапамогай пасьпяшаўся Юрка Віцьбіч (зьвернем увагу на даты лістоў!). Лісты Віцьбіча, як і лісты Дудзіцкага, ня толькі дазваляюць убачыць „знутры” жыцьцё пісьменьнікаў на эміграцыі, але і сьведчаць аб маральных нормах, якімі яны кіраваліся, аб чалавечай годнасьці, захаванай большасьцю зь іх.

„Я й мая сям’я ніколі не забудзем, як Вы працягнулі нам сяброўскую руку дапамогі, калі мы без усялякіх пэрспэктываў на эміграцыю мадзелі ў Міхельсдорфе. Дазвольце й мне цяпер зрабіць усё магчымае, каб перацягнуць Вас адтуль сюды. Аднак хочацца спачатку ў пляне вялікае шчырасьці папярэдзіць Вас аб наступным.

Тут амаль немагчыма знайсьці адмысловую працу, але усё-ж можна. Адамовіч і Сядура працуюць у пэўнай навуковай установе як навукоўцы. Некаторы час там-жа працавалі Сяднёў, Цэлеш і я. Здаецца, цяпер там-жа знайшлі працу Ліманоўскі і Плашчынскі. Усё-ж гэтая праца тымчасовая. Пераважная бальшыня беларускіх інтэлігентаў тут на фізычнай працы. Калі ўзяць, напрыклад, мяне асабіста, дык за чатыры гады жыцьця ў ЗША я быў і на кані й пад канём. Цяпер працую ўпакоўшчыкам на ткацкай фабрыцы ад пятай гадзіны ўвечары да чацьвёртай-пятай-сёмай гадзіны ўначы ці раніцы. Праца (асабліва ў параўнаньні з маімі ранейшымі „джабамі”[14] ) параўнальна не цяжкая, чыстая, у цёплым памяшканьні, але затое бракуе сну. Кавыль працуе падмятальшчыкам на мэдычнай фабрыцы, Сяднёў, Казак, Цэлеш, Клішэвіч, Золак, Крывічанін працуюць таксама на заводах і фабрыках. Разам з тым, кажны з нас пасьля фізычнае працы дзеля кавалку хлеба штодзённага знаходзіць час (ня вычэрпваецца дарэшты) для працы дзеля душы, для творчасьці.

Мы таксама знаходзім час для непасрэдных сустрэчаў, бо, па-першае, ад Саўт-Рывэру да Нью-Ёрку адна аўтобусавая гадзіна, а, па-другое, усе пісьменьнікі адкінулі сваю ранейшую варажнечу, паміж імі існуе цяпер сяброўства і еднасьць. Карацей кажучы, мне здаецца, што Вам варта пераехаць сюды, і, паўтараюся, я зраблю ўсё ад мяне залежнае ў гэтай галіне”. (Зь ліста Юркі Віцьбіча да Ўладзімера Дудзіцкага ад 28 студзеня 1953)

І хоць Віцьбіч вельмі сьпяшаўся, ліст ягоны прыйшоў тады, калі Дудзіцкі ўжо быў прызначаны дырэктарам Экспэрымэнтальнага Цэнтру сельскагаспадарчых культур. Нельга не падзівіцца разнастайным талентам гэтага чалавека: валодаючы дасканала беларускай, рускай, нямецкай мовамі, ён за кароткі час асвоіў ангельскую й гішпанскую мовы, стаўся аўтарытэтам у справе рэформы земляробства Вэнэцуэлі. Працоўны дзень быў доўгі, насычаны безьліччу праблем. Тропікі выматвалі дашчэнту. А тут яшчэ новая бяда: 19 верасьня 1954 году Дудзіцкі трапіў у аўтамабільную аварыю, зламаў нагу й месяц вучыўся хадзіць.

„Коратка аб профілі мае службы й працы. У Вэнэцуэлі, вельмі багатай краіне, сельская гаспадарка была ў вялікім заняпадзе -- у стане поўнага прымітывізму. У апошнія гады, амэрыканізуючы шпаркімі крокамі край, урад зьвярнуў асаблівую ўвагу на гэтую галіну, каб падняць яе да ўзроўню перадавых краінаў. У гэтым пляне пачаліся інтэнсыўныя распрацоўкі лясных масываў і заснаваньне вялікіх сельскагаспадарчых калёній. Бальшыня каляністаў -- эмігранты нашага тыпу й „шукальнікі шчасьця” з усяго сьвету. Цэнтральнай калёніяй у сыстэме Міністэрства земляробства зьяўляецца гэтак званая „Unidad Agrikola de Turen”. Слова „unidad” абазначае „аб’яднаньне”. Калёнія абымае ўжо каля ста тысяч гектараў. Кожны каляніст мае ад 40 да 100 гектараў зямлі. Сельскагаспадарчыя машыны, будоўля й зямля даюцца на выплату. Даюць адпаведныя грашовыя крэдыты. Усё пераходзіць ва ўласнасьць пасьля поўнае выплаты пазычанага дзяржавай. І вось на землях гэтае галоўнае вялізарнае калёніі знаходзіцца Экспэрымэнтальны Цэнтр сельскагаспадарчых культур краю й культур трапічных наагул, а таксама і асобных культур Эўропы з мэтай іхняе акліматызацыі. Асаблівая ўвага зварачаецца на культуры пладовыя. Экспэрымэнтальны Цэнтр мае 100 гектараў зямлі, першарадны дом з адпаведнымі лябараторыямі, мэтэаралягічныя станцыі, машыны, апараты і г. д. Цэнтр зьяўляецца месцам тэхнічных і навуковых кансультацыяў у шырокім пляне агранамічных навук, выдае свой навуковы часапіс, пэрыядычныя запіскі, бюлетэні і г. д. Маюць месца й рэфэраты на розныя тэмы. Шэфам гэтага Цэнтру працую ад студзеня месяца 1953 году, -- пасьля таго, як здаў экстэрнам экзамены і абараніў дыплём доктара сельскагаспадарчых навук. Пазьней дашлю што-небудзь з выдадзеных мною часапісаў на гішпанскай мове”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 18 лютага 1955)

Напружаная творчая праца даволі хутка прынесла плён. Як ацаніў яе й сам Дудзіцкі, „посьпехі маю неблагія”. Імя ягонае сталася ведамым, а гэта, у сваю чаргу, прывяло „да інтрыгаў і розных паклёпаў ня з боку вэнэцуэльцаў, а з боку цэлай кучы ўсякіх „князёў”, „баронаў” ды іншай расейскай трухлі”.

„Апошнія тры месяцы заядала мяне вэнэцуэльская „agricultura”. Жніво, падсумаваньні, разьлікі экспэрымэнтаў, падрыхтоўка зямлі й новая сяўба, кансультацыі й парады, а зьверху ўсяе гэтае крутні -- людзі з падбітымі нэрвамі: каляністы, мясцовыя ды „важныя” прайдзісьветы атручвалі й забіралі час. Адначасна-ж прываліліся яшчэ дзьве справы: хвароба жонкі (часта хварэе на ныркі) і дзяржаўны надзел (200 гектараў). Адным словам, сеў Уладзімер на зямлю й падняцца ня можа... І сам ня ведаў, што маю зялезныя нэрвы й каменнае здароўе. Аднак, здаецца, усё гэтае хутка скончыцца, і ад экзатычнае рамантыкі -- цікавае й цудоўнае, сухое й самабытна-дзікунскае, прыгодніцкае й душавынішчальнае -- застануцца адны-аднюткія ўспаміны і, магчыма, асобныя тэмы...”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 10 сьнежаня 1955)

І пры ўсім тым Дудзіцкі ні на дзень ня спыняў літаратурнай працы. Праз пасрэдніцтва Юркі Віцьбіча дасылаў свае творы ня толькі ў „Шыпшыну”, рэдактарам якой быў Віцьбіч, а і ў „Конадні”, „Бацькаўшчыну”, іншыя выданьні. Магчыма, таму менавіта Віцьбіч так добра ведаў творчасьць Дудзіцкага й так высока яе ацэньваў.

„Хочацца падзяліцца аднэй прыемнай навіной. Атрымаў ліст Ул. Дудзіцкага, зь якім бадай 6 месяцаў таму назад згубіў лучнасьць. Ён там займеў вялікія няпрыемнасьці, у выніку якіх яму давялося вандраваць па гэтай краіне і зьмяняць адрасы. Цяпер ён зноў на кані... Ён адзін з нашых найлепшых паэтаў, і дзякуй Богу, што ўрэшце-рэштаў так сталася”.[15] (Зь ліста Юркі Віцьбіча айцу Льву Гарошку ад 19 студзеня 1955)

„Спадзяюся, што вы дасталі ліст ад Уладзімера Дудзіцкага, які нарэшце знайшоўся, -- пісаў Юрка Віцьбіч 27 лютага 1955 году Станіславу Станкевічу. -- Мне ў сваім апошнім лісьце ён піша, што просіць „Бацькаўшчыну” выдаць ягоны зборнік. Дазвольце мне са свайго боку падтрымаць ягоную просьбу, калі ў гэтым ёсьць патрэба. Справа ў тым, што Дудзіцкаму, як паэту, бракуе гнуткасьці, і таму ён дагэтуль ня мае ні аднаго зборніка. Між тым Дудзіцкі, на пагляд шмат каго, наймацнейшы наш паэта на чужыне”.

Вершы Дудзіцкага гэтага часу перапоўнены пранізьлівым пачуцьцём тугі па Бацькаўшчыне, па блізкіх людзях і адчуваньнем страшэннай адзіноты. Хто ведае, наколькі вялікая наагул была беларуская калёнія ў Вэнэцуэлі, а тым больш у Турэне, дзе жыў Дудзіцкі. Але справа нават ня ў колькасьці беларусаў, а ў адсутнасьці сяброў, людзей агульных інтарэсаў, у адарванасьці ад усіх, каго цаніў і любіў, і ўсяго, што зьвязвала зь Беларусьсю. Дудзіцкі вельмі востра перажываў, што колішнія сябры ня прымаюць яго -- нездарма-ж яшчэ раней узьнікла „Зрада”, потым „Сябром” („Мякка сьцелюць, ды мулка спаць...”), а цяпер -- „Чорная карта”, прысьвечаная самаму сабе:

Як той колас у полі, адзін...
Падстаўляючы сонцу грудзі,
гавару сам сабе я: ідзі,
куды сэрца вядзе, -- ня зблудзіш...

У вершах Дудзіцкі часта размаўляў з маці, і яна ў ягоных вершах заўсёды была жывая („Ня крыўдуй, дарагая мама...”, „Радасьць якая, мой любы сыне...”, „Родная, любая мама, доўга чакаю ліста я...”). І думка вяртала да тых часоў, калі пачынала ламацца яго жыцьцё, да месцаў зьняволеньня, да загінуўшых сяброў і да тых, хто, як ён лічыў, дапамагаў уладам. Пачаў працу над успамінамі пра жыцьцё ў Новасібірскім і Марыінскім канцэнтрацыйных лягерах.

Ня ведаем, ці былі напісаныя гэтыя творы. Ва ўсякім выпадку, нам не ўдалося пакуль іх знайсьці. Хутчэй за ўсё, яны перарасьлі ў кнігу надзвычайнай сілы, якую Дудзіцкі потым так і назваў -- „Успаміны”.

Нягледзячы на вялікую занятасьць, цяжкую і адказную працу, крыўды, пачуцьцё адзіноты, сямейныя складанасьці, Дудзіцкі цікавіўся справамі пісьменьнікаў беларускай эміграцыі.

„Вестка аб аднаўленьні „Шыпшыны” ды яшчэ ў друкарскім вобліку ўсьцешыла мяне моцна. Пажаданьне маё гэтакае: выдаваць, каб ня быць ні ад кога залежнымі; памагаць грашыма, каб больш ня спынялася; дасылаць творы, каб ня мела перабояў. Што да самога сябе, -- пастараюся выканаць. У добры час!”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 25 лютага 1955)

Якраз тады прыйшла прапанова пераезду ў Нямеччыну на пасаду Дырэктара Беларускага Аддзелу Радыё „Вызваленьне”. Напэўна, і сёньня ёсьць людзі сярод беларускай эмігранцкай інтэлігенцыі, якія ўважаюць памылковым прызначэньне Дудзіцкага на такую пасаду найперш таму, што дачыненьні паміж Уладзімерам Дудзіцкім і беларускім грамадствам ня былі наладжаныя, як ужо зазначаў Вітаўт Кіпель.

Характарызуючы Дудзіцкага на прэзэнтацыі ягонага „Збору твораў”, спадар Антон Шукелойць казаў:

„Хачу гэтым адразу і адказаць тым, хто абвінавачвае доктара Тумаша, тады старшыню БІНіМа, які быў галоўным ініцыятарам прызначэньня Дудзіцкага на радыё, у першую чаргу, і мяне разам з Тумашам, што менавіта мы рэкамэндавалі Ўладзімера Дудзіцкага на пазыцыю кіраўніка беларускае сэкцыі Радыя „Вызваленьне”: мы зналі яго як выдатнага арганізатара і патрыёта. І дзеля гэтага, калі быў патрэбны адпаведны чалавек на радыё, якраз і прапанавалі яго”...

Прапанова была сур’ёзная й заманлівая. Але, усімі сіламі імкнучыся да працы на карысьць Бацькаўшчыне, Дудзіцкі згадзіўся прыняць яе пасьля доўгага роздуму. Сваю згоду абгрунтоўваў тымі прынцыпамі, якімі імкнуўся кіравацца ўсё жыцьцё.

„<...> Мы -- палітычная беларуская эміграцыя -- мусім думаць пра фізычнае й духоўнае захаваньне беларускае Нацыі і, бязумоўна, саміх сябе. Я прыгадваю вялікага беларускага лерніка Рыгора Распуцкага, старца зь вёскі Распуцьце (тры км ад вёскі Дудзічы), якога людзі празвалі праўдалюбам. Ён гаварыў заўсёды наступнае: „Хаджу, сьпяваю й кручу корбу, каб не перакруцілі нашае душы беларускае”.[16] Уладзімер Хадыка меўся пісаць пра яго вялікі нарыс, але Рыгора арыштавалі, і ён памёр у канцэнтрацыйным лягеры, а Хадыка -- таксама... Шкада мне вялікіх землякоў, якія памерлі за песьню й корбу...”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 14 лістапада 1955)

Потым тлумачыўся крыху жартаўліва й глыбока філасафічна.

„Вось ужо нешта каля паўгода, як вырашаецца справа майго пераезду да Нямеччыны на працу ў якасьці Дырэктара Беларускага Аддзелу Радыё „Вызваленьне”. Маю весткі, што Нью-Ёрк ужо зацьвердзіў маю кандыдатуру і што пераезд будзе мець месца ў першай палавіне месяца студзеня. Доўга думаў і нарэшце згадзіўся. Чалавек-жа ніколі ня ведае таго, што й дзе зь ім станецца. І хто яго ведае, як-бы яно было, каб сталася ня гэтак, а інакш, або ня інакш, а гэтак? Добрае ляжыць у тым, што ня сталася, а благое -- у тым, чым завяршылася непачатае. Мяне-ж цікавіць першае ў ягоным станецца і другое ў ягоным пачатку. Няхай-жа пачынаецца і станецца тое, пра што думаем мы ўсе”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 10 сьнежаня 1955)

Найбольш блізкія да Дудзіцкага людзі лічылі ягонае рашэньне няправільным. Адны ня прымалі пазыцыі Беларускае сэкцыі радыё „Вызваленьне” за адыход ад галоўнага -- барацьбы за незалежнасьць Беларусі. Другія знаходзілі, што сярод супрацоўнікаў сэкцыі замнога звадак і кар’ерызму. Трэція перасьцерагалі ад помсты агентаў КДБ. Найбольш поўна і -- канфідэнцыяльна -- гэтыя довады выказаў Юрка Віцьбіч.

„Вітаю Вас з пасадай Дырэктара Беларускае філіі радыё „Вызваленьне”. Ня сумняваюся ў тым, што Вы, як добры беларус, паспрабуеце зрабіць усё ад Вас залежнае, каб гэтая філія сталася нарэшце запраўды незалежніцкай беларускай, а ня вылучна антыбальшавіцкай бяз уліку таго, што бальшавік і расеец -- гэта сынонімы.

<...> Уся праца радыё „Вызваленьне”, а значыцца, і ейнае Беларускае філіі, пабудаваная на „непрадрашэнсьцьве”, г. зн. без найвялікшае для беларускіх палітычных эмігрантаў ідэі, бяз Акту 25 Сакавіка.

<...> Пераходжу цяпер да таго небясьпечнага, што нясе з сабою пасада дырэктара ў Беларускай філіі „Вызваленьня”. Гэтая небясьпека мае два бакі. Па-першае, ад бальшавіцкіх агентаў, ахвярамі якіх ужо стаўся не адзін працаўнік „Вызваленьня” (дырэктар Азэрбайджанскае філіі радыё Фаталітбэйлі і іншыя), а ў тым ліку і 7 верасьня 1954 году Сьвятое Памяці добра знаёмы мне беларус зь Дзісьненшчыны Леанід Карась. Той самы, што на фронце сьпяваў французскую жаўнерскую песьню:

Заўтра ...............
Людзі сустрэнуць сонца
І будуць пець і піць,
І нават мо’ ня ўспомняць,
Як мы хацелі жыць...

Ягонае цела з адзнакамі катаваньня знайшлі ў рацэ Ізары, на якой стаіць Мюнхэн. Дагэтуль добра няведама, хто забіў яго, -- ці непасрэдна бальшавіцкія агенты, ці „едінонеделімовцы” (бальшавік -- расеец), але адзінае не падлягае сумніву: забіты ён за тое, што зьяўляўся на працягу ўсяго свайго жыцьця, а значыцца, і ў „Вызваленьні”, беларускім патрыётам[17] . Гэтае небясьпекі мы не баімося, ад яе ніхто з нас і без пасады ў „Вызваленьні” не гарантаваны, сьмерць у выснаве яе зьяўляецца пачэснай. <...> Аднак затое ні ў якім разе не зьяўляецца пачэсным стацца ахвярай другое небясьпекі -- унутрыўзаемнае, каінаабельскае грызьні, хатняга змаганьня нашае беларускае палітычнае эміграцыі”. (Зь ліста Юркі Віцьбіча да Ўладзімера Дудзіцкага ад 26 сьнежаня 1955)

Глыбока прадумана, з цьвяроза ўзважанымі аргумэнтамі, з пазыцый сталага палітыка й мастака Дудзіцкі адказаў на сумненьні й перасьцярогі. На нашую думку, гэта больш, чым прыватны ліст, гэта Цредо Дудзіцкага.

„Я не належу ні да якіх партыяў, ні партыйных угрупаваньняў; я не бяру жаднага ўдзелу ў раздвоеным „маршы” нашае беларускае эміграцыі; я -- вораг эгаістычных амбіцыяў, вораг плыткадумных, шкодных і дэзарганізуючых пачынаньняў і нічым не ўгрунтаваных засягаў, вораг усякага -- грамадскага, палітычнага й нацыянальнага -- шальмоўства; на ўсё гляджу выключна вачыма Беларуса; з уцехай і прыхільнасьцю стаўлюся да ўсяго добрага, станоўчага, глыбока нацыянальнага -- таго, што цэмэнтуе, кансалідуе нашыя невялікія сілы на эміграцыі ў іхнім цяжкім змаганьні за вызваленьне й незалежнасьць Бацькаўшчыны. Беларуская філія радыё „Вызваленьне” -- нашая трыбуна, поле ідэйна-палітычнага змаганьня з бальшавізмам. Сродкі -- у нашых руках; чысьціня й вастрыня сродкаў змаганьня выходзяць з чысьціні і сьпеласьці нацыянальнай сьведамасьці, інакш кажучы, поўнасьцю залежаць ад нацыянальнае годнасьці Беларуса. Грызьня й халтура -- зьявы няпрыемныя, прыкрыя, але не становяць аніякага страху, аніякай небяспекі -- усё гэта лёгка папраўнае. Хіба-ж Вашыя матар’ялы ня спрычыняцца да выжываньня халтуры Павярхоўных? Хіба-ж Вы самі ня можаце заўтра-пазаўтра стацца супрацоўнікам на месцы, скажам, якога-небудзь згрызьлівага Пустадума ці Пустамола, каб аздаравіць склад службоўцаў і павялічыць нашую ўдзельную вагу ў „Вызваленьні”? Туды, дзе ўсё стаіць на добрай дарозе, няма чаго й лезьці; трэба йсьці туды, дзе выразна вычуваецца нястача й патрэба. Я й прыняў прапанову з гледзішча ўсяго мною вышэй пералічанага. З усяго сказанага выцякае й мой пагляд на гэтак званую „справу”, што да „апанаваньня” філіі. Небясьпека вялікая, -- разумею, аднак, гэта, казаў той, справа лёсу, а праз гэта й ня можа разглядацца ў роўніцы поўнавартасных аргумэнтаў. Што-ж, у гэтым разе, гаварыць пра беларускіх партызанаў? Змаганьне ня мае ніякае гарантыі. Нарэшце, не паміж анёлаў жыву я і ў Вэнэцуэлі...”. (Зь ліста Ўладзімера Дудзіцкага да Юркі Віцьбіча ад 16 студзеня 1956)

Мюнхэнскі пэрыяд быў вельмі плённы ў творчасьці Ўладзімера Дудзіцкага. Ён многа піша й часта друкуецца. Гэта вялікая паэма „Прысяга”, шматлікія вершы, выдатная проза. І, зразумела, вострая, надзённая публіцыстыка.

Пра апошнія гады жыцьця Дудзіцкага мала што ведама. У спадзяваньні хочацца дадаць: пакуль што.[18]

Новыя знаходкі ахопліваюць творы, напісаныя яшчэ ў 30-40 гады і надрукаваныя ў 50-я, а пераважна паэзію і прозу другой паловы 50-х. Вершы гэтага часу вылучаюцца мастацкаю сталасьцю, філасофскаю глыбінёю, уласьцівай паэту касьмічнасьцю („Ад роўніка да нетраў Варкуты згінаўся сьвет у танцы дзікай сьмерці..”), вобразнасьцю („Сьціскаюць хвалі пеністыя мора маіх чаўноў скрыпучую тугу, а я кладу паволі на вагу драбніцы ўцех і смоль тугую гора...”).

Паэма „Прысяга” завяршае адну з галоўных у творчасьці Дудзіцкага тэмаў -- тэму трагедыі Бацькаўшчыны і адказнасьці ейных сыноў. Паэма мае доўгую і складаную творчую гісторыю. У архіве захаваўся першы варыянт пад назвай „Прысяга” (верагодна, пачатак 40-х). Новы варыянт, апублікаваны ў 1944 годзе, паэт назваў „Клятва духу”. На працягу многіх наступных гадоў Дудзіцкі ўдасканальваў асобныя разьдзелы паэмы і друкаваў іх як самастойныя вершы (гл. Бібліяграфію). І толькі ў 1958 годзе быў выдрукаваны канчатковы варыянт паэмы. Дасьледчыкам творчасьці Дудзіцкага давядзецца прыкласьці шмат намаганьняў, каб асэнсаваць філасофскі зьмест і вобразны строй паэмы „Прысяга”, якая разам з паэмай „Зьвер двухногі”, бязумоўна, -- новае слова ў беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя.

Нарэшце, зараз ужо можна ўпэўнена гаварыць пра Дудзіцкага як пра таленавітага празаіка са сваёй тэмай, сваім стылем. Яшчэ ня знойдзены зборнік апавяданьняў, пра які мы даведаліся зь лістоў, выяўленыя толькі асобныя часткі аповесьці „Голас крыві”. Аднак парадуемся, што адшукаліся старонкі „Успамінаў” -- твору, які належыць да так званай „лягернай” прозы і, бязумоўна, зойме сваё месца ў літаратуры, якая будзе напамінкам сучасьнікам і перасьцярогай нашчадкам.

Рукапісны варыянт „Успамінаў” надрукаваны ў „Зборы твораў”, таму публікаваць у гэтым выданьні знойдзеныя старонкі здаецца немэтазгодным -- пачакаем на больш поўны „Збор твораў”, а можа, нават і на асобны зборнік прозы Дудзіцкага. Тут друкуюцца навэлі „У гасьцях Цыпрона Цырубалкі” і „Гісторыя Сяргея Кастрыцы” 1943 году, „Андрэй Сякера” 1958, вядомыя толькі па газэтных публікацыях, а таксама нарыс „Пэдагагічныя ідэі Яна Амоса Коменскага”.

Вывучэньне спадчыны Ўладзімера Дудзіцкага пачынаецца. Чым больш становіцца ведама пра яго, тым больш бачна, колькі застаецца няведамага. Пошукі павінны працягвацца -- у Вэнэцуэлі, Нямеччыне, магчыма, на Бацькаўшчыне, у прыватных зборах дзеячаў эміграцыі, на старонках газэт і часапісаў.

Але ўжо сёньня можна сказаць, што

зь Беларусі ня сышоў Прарок
і што з Прарокам
ацалела Слова [19] .


Уладзімер Дудзіцкі. Напярэймы жаданьням. Збор твораў. Нью-Ёрк, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 1994. 312 б. Ў ХХІХ.

2 Тут і далей публікуюцца лісты Уладзімера Дудзіцкага, якія захоўваюцца ў Архіве Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (Нью-Ёрк).

3 Можна назваць хіба што „Бібліяграфію беларускіх выданьняў на чужыне 1945-1950”, выдадзеную М. Паньковым у 1952 г. у Нью-Ёрку, а таксама „Указатель периодических изданий эмиграции из России и СССР за 1919-1952 г.г.”, выдадзены ў 1953 г. Інстытутам па вывучэньню гісторыі й культуры СССР у Мюнхэне.

4 Выступленьні спадароў Янкі Запрудніка, Вітаўта Кіпеля, Антона Шукелойця падаюцца паводле фанаграмы. Захоўваецца ў Архіве Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (Нью-Ёрк).

5 Антон Шукелойць. Менск пад немцамі. „Наша Ніва”, №9, 1992.

6 Антон Шукелойць. Менск пад немцамі. „Наша Ніва”, №9, 1992.

7 Юры Туронак. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Пераклад з польскай. Менск, 1993, б. 75.

8 „Беларуская газэта”, №12 (230), 12 лютага 1944.

9 Верагодна, што істотную ролю ў гэтым рашэньні адыграла пазыцыя Ўласава ў справе стварэньня самастойнай Беларусі. Гл., напрыклад, мэмарандум Эдвіна Эрыха Двінгера „Што трэба зрабіць у сучасны момант, каб зьвергнуць сталінскую сыстэму?”. Цыт. у артыкуле А. Літвіна „Время ли подводить итоги?”, „Нёман”, №5, 1995, б. 132.

10 Гл., напрыклад, Л. Галяк. Успаміны. Кн. 2. ЗША, 1983, б. 17.

11 Матэрыяльнае становішча Дудзіцкага ў Вэнэцуэлі, відаць, было неблагое. Вось прыкладныя цэны й заробкі на той час у краіне. Чарнарабочы атрымліваў 8-12 балівараў у дзень (адзін даляр адпавядаў прыкладна 3 баліварам і 35 санцімам), шафёры, мэханікі, тэхнікі -- 20-30, заработная плата тапографа -- 26-35, простага ўрадаўца -- 15-20, інжынера -- 30-50. Цэны такія: белы хлеб (чорнага ня было) -- 1 балівар, мяса -- 3-6, кіляграм цукру -- 1. Мужчынскія чаравікі -- 20-50, мужчынскі касьцюм -- 150-300, рабочыя касьцюмы -- 35-60. Залаты гадзіньнік -- 100-400, залаты пярсьцёнак -- 12-70. Бутэлька піва -- 1 балівар, каньяку -- 7-35. Пакой бяз мэблі каштаваў 80-100, з мэбляю -- 200-250. Ул.Дудзіцкі, які рабіў захады, каб Юрка Віцьбіч прыехаў зь Нямеччыны ў Вэнэцуэлю, трымаў для яго працу -- 800 балівараў і аплочваў кватэру -- 90 у месяц...

12 Тут і далей публікуюцца лісты Юркі Віцьбіча. Захоўваюцца ў Архіве Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (Нью-Ёрк).

13 Архіў Белярускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк).

14 Job, англ. -- праца.

15 Падкрэсьлена мною (Л. Ю.).

16 Тут і далей падкрэсьлена Ўладзімерам Дудзіцкім.

17 Заўвага Вітаўта Кіпеля: „Я быў выкліканы з Бэльгіі, каб даць паліцыі паказаньні, бо пару дзён перад тым Л. Карась быў у Лювэне. Я быў у моргу – „адзнак катаваньня” на бачыў. Перакананы, што Л. Карася забілі бальшавікі, каб застрашыць маладзейшых”.

18 Л.Савік. „Чорная карта” Ўладзімера Дудзіцкага. „Голас Радзімы”, №3 (2353), 20 студзеня 1994.

19 Зь верша Анатоля Сыса.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія