БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Архіўная кніга. Аўтар-укладальнік - Лявон Юрэвіч

З творчай спадчыны Ўладзімера Дудзіцкага

ПРЫСЯГА

Мы крывёй на шляхох стагодзьдзяў 
высеклі несьмяротнае імя такое -- 
Б е л а р у с ь!..
Ул. Дудзіцкі

І толькі варты той жыцьця й свабоды,
Хто кожны дзень за іх ідзе ў бой!
Гётэ

1

Навальніцы зьнішчальнае ўлева
напаіла душу маю гневам.

Ён, акрылены, думы пакратаў
і наструніў пад грукат гарматаў;

пад разьлівы агнёў і пажараў,
плач сіротаў і енкі ахвяраў...

Думы словам вазьму апрану я--
Няхай слова настрою пільнуе...

Няхай вошчацца подыхам вёснаў
гукі музыкі гнеўна-узьнёслай

і вядуць нас, узяўшы аберуч,
на змаганьне за Волю і Веру!

Калі сэрца крануць і расчуляць --
Маці боль свайго сына пачуе;

боль, што грудзі гарачыя выцяў
на зьмярканьні ў разьюшаным скрыце;

боль і цёплую радасьць спадзеву
скрыжаваную зь сілаю гневу...

Маці скажа: ідзеце сюды вы
слухаць думы жыцьця агнявыя --

думы працы і думы змаганьня,
думы блізкага, сьветлага раньня!

Гэтак час пабудзіў і пакратаў
струны сэрца пад грукат гарматаў,

каб у сьціплых фрагмэнтах паэмы
расказаць, як жылі і жывем мы;

каб пад родным скрываўленым сьцягам
даць Радзіме пакутнай прысягу.

2

Дарагая мая Радзіма!
Слова песьняю стацца прымусь,
каб яна нашу радасьць пладзіла,
што на сьвеце жыве Беларусь,

і, мінаючы глум і мукі,
на прысуджаным доляй крыжы

несла дзецям тваім і ўнукам
найвялікшае права -- жыць!

3

Ня сплямілася й не заліпла
злачыннасьць грахоў і правін...
Як човен із зарасьляў, выплыў
праз морак гадоў успамін.

Жыцьцё нас і гнула і секла
на часткі і напал -- абы
у хітра змайстрованым пекле
пладзіліся й чахлі рабы...

На д’ябальскім чорным экране
жахліва віднееца сьлед:
на болем разьятранай ране
Краіны трухлее шкілет...

Шавеляцца жоўтыя косьці,
і чэрап сухі галавы
аб лёсе свае маладосьці
такое гаворыць жывым.

4

Як каралі й калечылі-- не галасіла,
толькі тварам прыпадала да зямліцы.
Гэтакую, як той камень крамяністы, сілу
мела шчуплацелая у целе маладзіца.


Словам не азвалася да ворагаў ні разу
і павекаў не расплюшчыла. Каму? Навошта?
Заплаціла маладзіца катам за абразу
ня чым-небудзь, а жыцьцём – найдаражэйшым коштам.


Галасілі ўсе равесьніцы, бацькі, сястрыцы.
Покатам кацілася над полем галашэньне.
Ля вазёраў нашых сініх, паміж лозаў ніцых
унураўся неўтрапёны пошчак у імшэньнік.

А лясы -- бары сунічныя -- на хіб зялёны
падымалі і вышэй яго шпурлялі -- ўгору,
каб пачулі не адны мы -- цэлы сьвет, 
мільёны --
пра вялікае на Беларусі нашай гора...

5

І казалі людзі, і казалі проста:
-- Наша шчасьце -- за дванаццацьцю замкамі...
На парозе хаты, на дарозе росту
доля ўзгадавала цяжкі гора камень...

І пыталі людзі, і пыталі шчыра:
-- Ці не разьмінецца наша шчасьце з намі?
Ці не закалыша шум трывожны віру
цьвету сноў дзявочых у гаротным найме.

І чакалі людзі, і сьціскалі скроні:
-- А калі-ж мы скажам словы гневу сіле,
каб лягло, як сонца, шчасьце на далоні,
каб жыцьцё людское больш не галасіла?

І казалі людзям поле, лес і зоры:
-- Як ня сёньня -- заўтра, а ‘ткі легчы мусіць,
бо ня заўжды-ж маюць, як чаўны ў моры,
трушчыць іклы бураў косьці Беларусі!


6

Край дружбы з радасьцяй ня меў:
туга была штодзённай госьцяй.
І голас моўкнуў і нямеў,
як песьні скутай маладосьці.

І маладосьці ня было:
спыніла старасьць на паўкроку...
Яна тугім упала тлом
пласьмя на стоптаным абтоку.

Гайдаў трагічную труну
вятроў халодных час дрыготкі.
І край прыгадваў даўніну,
жыцьцё стваральнікаў і продкаў.

Ня раз братоў маіх, сясьцёр
на раду ў хату, кажуць, клікаў,
ды ня прыйшлі, бо й сьлед расьцёр
чужацкі лад асокай шпікаў.

Шчымела сэрца. І штодня,
каб крыўду помстай перагрызьці,
у сьцены білася радня --
шукала схованага выйсьця...

Інакшых лекаў анідзе
ня мела ўзяць Радзіма-маці.
І гурт сям’і яе радзеў
на чорным гора перакаце...

І сьлёзы буйныя цяклі,
паілі пекла мур акуты.
Калі, пытаўся Край, калі
цярпеў хто гэткія пакуты!


Навокал -- вусьціш. Ні душы.
І дзень падточаным парогам
нямую цемру варушыў
вар’яцтвам выкліканы рогат...

7

Дарогі разьмінуліся на Ўсходзе
і ўперліся ў нямыя тупікі...
Нязвыклым шляхам людзі ходзяць,
тасуючы ў памяці вякі.

Дванаццаты. Сямнаццаты. Дваццаты --
апошняя, заключная вярста...
Калоціцца, цярплівасьцяй напяты,
пад вобразам расьпятага Хрыста.

Нікому і нідзе даўно ня сьпіцца:
тасуюцца ў памяці вякі,
і неба нагартованыя сьпіцы
ўядаюцца ў нямыя тупікі...

8

Стрэлы чорныя цела зямлі працялі...
Маці родная, сэрцам паслухай
і скажы сваім дзецям, ці бачыў калі
Край такую ў жыцьці завіруху.

Голас любы, цярэбячы шэрасьць імжы,
азываецца з хваль землятрусу:
-- Гэта-ж д’яблавы рукі ўбіваюць нажы
у сьвятую душу Беларуса...

9

Стаім па-над кручай. Сівыя гарбы,
нязломнае сілы грамады,
грукочуць і крышаць сьцен чорных ілбы --
астоі чужацкага ладу.

Зрываюцца буры з патрэсканых скал,
каб яркнулі зоры над пусткай,
каб сьлед ліхадзея агнём спаласкаць
з абшараў зямлі беларускай!

Сягоньня разгон хай няпоўны яшчэ,
ён заўтра патроіцца... Потым
ушчэнт чужаніцы ярмо расьпячэ,
муры, зьнітаваныя потам...

Іх ладзілі доўга найміты-майстры,
хаваючы ганьбу і сорам,
каб кроілі згубныя мору вятры
людскую ў мурох непагоду,

каб нема стагналі тугія пласты
у лёхах зьдзічэлага ўсходу;
каб цела калечыла лютая стынь
ахвярам крывіцкага роду...

Мацнее пачатая сілаў разьня --
упартае бураў змаганьне.
Пад грывамі пушчаў, чакаючы дня,
стаім ля апошняе грані...

10

Калісьці сокамі грудзей
жывіла продкаў ты, зямліца.
І нам, каб род не парадзеў,
дазволь пітва твайго напіцца.

З маленства сьнілася ў сьне,
было крыніцай дум адзіных.
Яму, як сонцу і вясьне,
маліцца хочам на Радзіме.

На землях выпетралых, дзе
над курганамі вецер вые,
дзе гора едзе на бядзе,
абняўшы дзіды агнявыя...

Дзе, веру росьцячы, браты
за волю кроў зямлі аддалі,
і дзе лунае дух сьвяты
над мужнасьцяй бунтарных даляў...

Паі-ж нас сокамі грудзей,
як продкаў некалі, зямліца!
Паі! Нас покліч твой вядзе
Табе і Небу памаліцца.

Прымі да споведзі. Вазьмі
прысягу верную. Ад шчасьця
сваімі моцнымі грудзьмі
цябе заслонім ад напасьці.

11

Вось і Менск -- старажытнае места.
Маршы, песьні і золата вестак...

Вось Няміга й Высокая Плошча.
Сонца вусны і душы палошча...

Вось жаўнеры і белыя коні,
і абраз старадаўняй Пагоні...


*

„Бійце ў сэрцы іх, бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная! Маці-Краіна!
Ня ўсьцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач. Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!”

12

... Пасьля доўгіх і цяжкіх разлучын
радасьць стрэчы узрушыць балюча.

І скрыжуюцца вочы і рукі
пад цудоўныя радасьці гукі...

У зьняслаўленай бацькаўскай хаце
пачастуе сыноў сваіх маці.

Кроплі чыстыя першае чары
абдадуць цела палкасьцяй вару

і спалошчуць атруту былога
моцным хмелем пітва дарагога.

Гэтак, збыўшы пакуту разлучын,
радасьць стрэчы узрушыць балюча...

13

Каля сьвятыні, на пагосьце,
пад беларускім родным сьцягам
увесь народ крывіцкі й госьці
пачуюць нашую прысягу.

Мы тройчы ўкленчым урачыста
і прысягнем Радзіме гучна
ушчунуць рэшту змоў нячыстых,
што прагнуць зганьбіць нашу лучнасьць,

наровяць край наш родны, любы,
дабро й жыцьцё, што бралі з боем,
аддаць на новы зьдзек, на згубу --
у рукі спрытных людабояў.

І прысягнем, на зайздрасьць тлуму,
самім сабе, сьвятлу і веры,
каб ня чыніў чужынец глуму
і больш ня стукаўся у дзьверы...

14

О прысяга, о сіла сьвятая,
дух ваяцкі, бы птах, узьлятае.

Узьлятае на крылах і кліча
войска грознага лік павялічыць.

Яно прыйдзе і стане зь мячамі,
сіла гневу дзе б’ецца з начамі,

дзе ў пякельных агнёх навальніцы
сінь крывёю варожай імгліцца.

Прысягне, скажа шчыра і проста
у часіну ваяцкага хросту:

„Для цябе, беларускі народзе,
сіла збройная волю народзіць!

Ахрысьці на ахвярныя чыны
у змаганьні за славу Айчыны!
Маці родная! Вораг ніколі
ня скуе крывёй купленай волі!”

О прысяга, о сіла сьвятая,
дух ваяцкі, бы птах, узьлятае!

* * *

Тут, дзе воды Нямігі ўліваюцца ў Сьвіслач,
Сотні год дзе няволя чужацкая вісла, --
На зьняслаўленым пляцы разьбітай сталіцы,
Векапомнага Менску, дзе радасьць іскрыцца,
Над касьцямі ахвяраў вялікіх пад сьцягам
Далі Богу, Народу й Радзіме прысягу...

*
„У белай пене праносяцца коні, --
Рвуцца, ймкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, ня спыніць, ня стрымаць!”

15

Грымяць і грымяць цягнікі
у бляску гарматных усхліпаў.
Ў трывозе вар’яцкай вякі,
здалося, да земляў прыліплі...

А шлях некароткі яшчэ --
наперадзе шмат кілямэтраў.
Ляцяць цягнікі ўсё шпарчэй
наўсуперак згубнаму ветру.

У воблік напятай начы
вачыма ўпіваюцца воі.
Ў тугую ляцяць далячынь
і іхнія думы-настроі...
*
Зышліся ў грозным баі
вялікія, грозныя сілы.
Радзіма на варце стаіць --
да сну анікога ня хіліць.

Да скібаў вільготных прыляж,
адвага, часіну паслухай:
дрыжыць пад нагамі зямля,
прымае і радасьць і скруху.

З-за воблакаў месяц пасе
падзеі напятыя сутак...
Няпрошанай госьцяй прысеў
ля крыжа збуцьвелага смутак...


І просіць, і моліць устаць
сыноў дарагая матуля,
абраз няўміручы Хрыста
да сэрца гарачага туліць.

-- Зірнеце, саколы, з магілак сырых
на сьвет гэты Божы, на наскі!
Малюся і плачу, каб нашай зары
ізноў не пасеклі на часткі...

16

Ні матулі, ні ейнага плачу
і ня чуюць сыны і ня бачаць.

Ані сонца, ні зораў, блакіту,
ані медзі ня бачаць ракітнай.

І зьнішчальны узьлёт навальніцы
не згадаецца ім, ня прысьніцца.

Прыняла іх зямліца ў пасьцелю,
вецер лісьцем курганы усьцеле.

Пракувае зязюля ураньні
пра ахвяры цяжкога змаганьня.

Неба хмары сівыя падоіць
і напоіць сыноў сырадоем...

*
Сьпеце, сьпеце, крывіцкія воі,
ушануюць браты вашы мроі,

ушануюць і дзеці і сёстры,
сэрца жалем сьціскаючы гострым,

ушануе змагарныя чыны
Маці нашая, Маці-Айчына!

А зарою умыецца вечар --
прыйдуць маткі да вас і укленчаць...

І дзяўчаты, каб сны не каралі,
асыпаючы сьлёзаў каралі

на сьвяжуткі пясочак сыпучы,
засьпяваюць аб крыўдзе разлучын:

-- Дзе-ж ты, любы сокал,
Дзе-ж ты, сінявокі?..

Я журуся, я чакаю --
Любы, адгукніся!..

Будуць дні і цалюткія ночы
гаварыць аб нядолі дзявочай,

шчасьце з даляў сваё будуць клікаць
па ўсёй па краіне вялікай:

-- Я-ж кахала цябе, мая радасьць...
Помніш росныя сьцежкі у садзе?

Помніш рэчку, крынічка дзе звоніць?
Ты прыходзіў ды з кветкай півоні...

Хвалі беглі, каціліся ў далі,
квола кветкі-півоні гайдалі...

Я-ж кахала цябе, мая радасьць...
Помніш росныя сьцежкі у садзе?..

17

Плывуць жалобныя развагі,
плывуць і коцяцца паволі:
-- Пад бел-чырвона-белым сьцягам
ляглі сыны за шчасьце волі...

За рэкі й руністыя гоні,
за край вазёр, красы і веры,
за гарт Крывіцкае Пагоні
ляглі крывіцкія жаўнеры...

18

Ёсьць такія, што кажуць гэтак:
„Нам сваё наймілей бывае,
няхай восень сабе ці лета
узьвівае свой сьпеў над краем...”.

Хай, што хочуць, гавораць людзі --
не такі ўжо вялікі грэх...
Сёньня тое злачынствам будзе,
калі думка чыя памрэ!

Не здалее ніхто на сьвеце
гадавацца, як трэба, жыць,
калі ўзьлёт іхні злосьнік-вецер
разапне на шпянёх мяжы...

Чаго варта цяпер істота
ў цяжкую жыцьця пару,
што наровіць, як смоўж, употай
прысмактацца да моцных рук? 

Мо’ таму й гнеў душу сьціскае,
і спадае сьляза з вачэй?..
Толькі грэшнік чужымі рукамі
на ражне славу дзён пячэ!

У мінуласьці -- час пражыты --
думку продкі радзілі дням,
каб да сонца, крывёй абліты,
гонар Бацькаўшчыны падняць.

Шанаваць, сьцерагчы нам трэба,
гартаваць і далей расьціць,
каб пад родным блакітным небам
наканованы шлях прайсьці!

Хай шпурляе, ірве навальніца
набалелыя ніці надзей, 
хай падзем -- 
можа стацца так -- 
ніцма,
але краю ня зрадзім нідзе!

19

Прыйдзем, вернемся ў бацькаву хату
сьвяткаваць найвялікшае сьвята,

сьвята мужнасьці, моцы і сілы,
што няволю ў змаганьні скасіла.

Маці стрэне, гасьцінна адчыніць
сэрцу блізкія дзьверы сьвятыні.

І памолімся, палячы сьвечы,
за шчасьлівую нашую вечнасьць.

Думы радасьці нашае -- песьні --
узьлятуць у блакіт паднябесься...

Гэтак час пабудзіў і пакратаў
струны сэрца пад грукат гарматаў...

20

Родная! Заві, хвалюй усіх нас,
высака
падымаць над неспакоем сьцяг --
сыноў прымусь.
Мы-ж крывёю 
на шляхох стагодзьдзяў высеклі
несьмяротнае імя такое --
Б Е Л А Р У С Ь...
 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія