|
З творчай спадчыны Ўладзімера Дудзіцкага
З цыклю
ПАДБІТЫЯ РЫТМЫ
Васільковыя гады
Адцьвілі гады.
Завялі ружы.
Цьвіляю
парог вясны цьвіце...
Выпаўзае,
чую,
сьлізкім вужам
із-пад ног
цяпло маіх уцех....
У палёх
смуглеюць думкі,
дзеі --
васільковыя,
юнацкія гады!
Над кавалачкам
цьмяным надзеі
пломіцца
куравы горкі дым...
Зачыняю дзьверы --
голас чую...
Не мая --
чужая маладосьць...
Чым-жа я
цяпер цябе расчулю,
нежаданы,
прыкры ў хаце госьць?
Не чакай...
І словам не пацешу:
горам
сьмех
у горле хрыплым скут.
Ля крыніцы
сум даўно ўжо чэша
цяжкіх сноў
халодную луску...
1938, Віцебск
Сябры
Сустрэліся сябры маленства
каля парку.
-- Адкуль?..
-- Куды?.. --
цікавіўся скалечаны,
бязрукі.
А той --
крывы --
з крывёй,
запечанай на карку,
ня чуў --
стагнаў,
ад болесьці
згінаючыся крукам.
За местам
тлеў
над прысакам
паволі
вечар,
дыханьнем хваляў
цёплых,
траў
няўгойнасьць ранаў лашчыў.
-- Хто-ж крылы паламаў
і гэтак іх зьнявечыў?
Бяскрылы на зямлі --
ні госьць,
ні гаспадар.
Прапашчы...
А месяц --
плыў і плыў,
п’ючы валогу сіні
з ражка пуховага
вальнюткай
цьмянай
балачыны...
І нам хацелася,
каб боль
плыў на асіньнік
і каб сябры
жыцьцё
жывымі ўбачылі вачыма.
1946, Зальцбург
Мама
Родная, любая мама,
доўга чакаю ліста я.
Можа хто іншы дзе, мама,
сягоньня яго лістае?
Любая, добрая мама,
цяжка, а рады ніякай.
Мусіць, радзіліся, мама,
мы пад няспогадным знакам?
Добрая, бедная мама,
хіба-ж ня чорная сіла
сьвету нядобрага, мама,
нашую радасьць скасіла?
Бедная, кволая мама,
жыць, кажуць, болей ня мушу...
Хто-ж прыгадае дзе, мама,
нашыя сьветлыя душы?
1955, Вэнэцуэля
Песьня
Прыйшоў з даўніны апрычоны наш голас,
вялікі і моцны, і песьняю стаўся --
тканінай цудоўных і фарбаў і гукаў,
і шэлестаў-шумаў, і подыхаў-плыняў,
павеваў духмяных, і лозаў, і зёлак,
гаёў і аселіц, і звонаў крынічных,
чысьцюткіх, як сьлёзы, як душы людскія.
Налітая сумам лясоў і балотаў,
жыла і расла, і пад сонцам мацнела,
ад межаў да межаў кацілася вольна
зь вятрамі й бязь ветру -- высока і нізам,
із поўдню на поўнач, з усходу на захад
плыла, увівалася ў хвалі рачныя
і гора на скрутах вірлівых тапіла...
Празь вільгаць туманаў, празь немарач даляў,
праз горы, праз мора, праз акіяны
наўсуперак лёсу імчалася ўпарта
і сьмела лунала пад зорамі неба --
пад створам блакітным дзівоснага сьвету.
І слухалі людзі, і самі сьпявалі
ды іншых пяшчотнаю цешылі песьняй.
Ні холад ільдзяны, ні сьпёка пустэльняў --
нідзе не скавалі яе, ня здушылі,
а вельмі-ж хацелі зьняславіць, усьмерціць
чужыя, далёкія злосныя зыкі...
І млелі ўсе хцівыя зводнікі вуліц,
пачуўшы спакусныя, плынныя гукі --
журботны узьвіў Беларускае песьні...
Здаля навальніцы прыйшлі, загрымелі...
Зялёных маланак сьмяротныя стрэлы
спынілі і выцялі нашую песьню --
упала, як камень, на беразе кручы...
І доўга чутны былі болесьці ўзрыды...
І плакалі людзі, сьціскалі далоні,
а стрэлы ўядаліся ў іхняе цела
і нішчылі моўчкі за любасьць да песьні.
Прабілася песьня праз тысячы міляў.
Спатоліўшы сілу ў дарозе нялёгкай,
упала ізноў на халодныя скалы,
і голас спыніўся пад сьпінамі Альпаў.
Галосяць і б’юцца ад болю і крыўды
адрыўкі мэлёдыяў роднага краю,
і стогнуць, як буры, налітыя гневам,
на чорных абвалах падбітыя рытмы...
Яны-ж не памруць, бо жывыя жыць мусяць!
І толькі сягоньня, у час крутазлому,
падломаны голас, надрыўны, журботны,
шчапаецца, крышачы горла граніту,
крывавіцца, мосьцячы жорастам выйсьце...
Праб’ецца! Напіўшыся сокаў жывільных,
падымецца вышай, скране няжывога
і горам прыбітага роднага брата --
словам, ад сэрца, што йдзе, абнадзеіць.
Не! Нязьнішчальная нашая Песьня!
1946, Аўстрыя
Мой сьвет
Мой сьвет --
у сьвеце зьяў,
уяў,
вятроў
і рухаў...
Каб рос,
мацнеў
і зьзяў,
ня вяў,
а жыў
і рухаў
наперад
плынь падзей,
адно,
як і дагэтуль,
у шчасьці
і ў бядзе
кажу такое
сьвету:
-- Мой сьвет
ня гэты --
той:
інакшым быў
і будзе, --
ён
гнеўнаю пятой
твае
растопча грудзі!
На цёплым,
сыпкім тле,
крывёй дзе
пахлі гоні,
скрыжую
у сьвятле
зь ім
моцныя далоні.
1956, Мюнхэн
РОЗНАЕ
Нізка вершаў
Манэкену
Стаіш, убраная у строй найноўшых мод,
на целе жоўтым -- золата і пэрлы.
Спыняецца і дзівіцца ўвесь народ,
што ты ад шчасьця гэткага памерла...
І думаецца мне -- твой гібкі, стройны стан,
пагляд вачэй, і млявы і спакусны,
гаворыць моўчкі нам: за грэх прысуд Хрыста
расою божаю малюе вусны.
Ня ведаю...
Тугая цішыня мой сум з трывогай жэніць.
Вясельле граецца і ў скронях, і ў плячы...
Якім-жа заўтра мне ўсьміхнецца нараджэньнем
мой дзень, прачнуўшыся пасьля скупой начы?..
Ня ведаю. Шчыміць у сэрцы прыкры выснаў,
густою плямаю кладзецца на душу.
А мне-ж хацелася быць плённым і карысным --
сказаць жыцьцю й вясьне, што ў сховах дум нашу...
Званы
Зьвіняць, гудуць мядзяныя званы
над вулкамі,
над плошчамі,
над местам.
Пра што-ж з тугой гавораць нам яны?
Якіх ад нас чакаюць сёньня вестак?
Стаю і голас потайкі лаўлю --
садоў,
палёў,
крыштальных цёплых росаў.
Званы пытаюцца:
-- Калі Тваю зямлю
сустрэне радасьць сьветлага ўваскросу?
1958, Мюнхэн
Максіму Багдановічу
(Урыўкі)
... так і ўдарыўся-б грудзьмі аб зямлю ды ўсё слухаў-бы,
усё плакаў-бы аб сваёй долі...
Максім Багдановіч
За пушчамі -- горы,
за горамі -- мора.
Там людское гора
з хвалямі гаворыць...
Я мінаю горы,
я іду да мора,
каб пачуць, што гора
з хвалямі гаворыць...
Я стаю ля мора,
я гляджу на гора--
гора й хвалі мора
слова не гавораць...
* * *
Гора плача,
мора стогне,
хвалі б’юцца ў берагі,
у супольным болю й стогне
завіваюцца ў кругі...
Мора плача,
гора стогне...
Сініх хваляў хіб пругкі
у пакутным болю й стогне
заплятаецца ў вянкі...
Неба плача,
неба стогне...
мора,
гора
і жарства
у цяжкім зьліліся стогне
ля магілы хараства...
Расьцьвітае колер сіні
на узьвівах хмар касых,
і сякуцца ў прызьме сіні
кроплі сьлёз
і сум красы...
* * *
Празь сёньняшняе бачу ўсякае мінулае,
зь мінулага -- сучаснае, бяду, нуду...
Паволі ў заўтрашняе зь песьняю іду,
бо шлях каменьнямі дарогаў ногі муляе...
А песьня з блізіні імкнецца ў далёкае,
каб сэрца ня сьціскалася ў бядзе грудзьмі.
Музыку-ж хочацца заўсёды быць зь людзьмі,
якім ня хочацца збываць іскрынку лёкаям...
І струны звонкія, вятрамі злымі бітыя,
васкуе боскі гнеў -- журботныя званы...
І сьняцца штоначы мне даўнасьць і яны --
Рагнеды плач і мужны голас князя Вітаўта.
1957, Мюнхэн
НОВЫЯ ВЕРШЫ
Нізка вершаў
* * *
Нашы думкі трывогай будзяцца:
а ці прыйдзе яна ці збудзецца?..
І калі, у якім-жа месяцы,
сум грымотамі хмар разьмесіцца?..
Ці ўвесну, ці позна ўвосені? --
і чакаем яе і просім мы:
-- Не спазьніся, Сястрыца-Вольніца,
сказаць слова сваёй Нявольніцы:
„Калі думкі трывогай будзяцца, --
я прыйду. Спадзяваньне збудзецца!”.
* * *
Сьціскаюць хвалі пеністыя мора
маіх чаўноў скрыпучую тугу,
а я кладу паволі на вагу
драбніцы ўцех і смоль тугую гора...
-- Хутчэй, дзівак! -- рагоча непакора,
шпурляючы на чорную дугу
адвагу,
спрыт,
чаўноў маіх вагу
і ўсё, што ў думках песьціў я учора...
Муштруйце, штормы, гнеў душы, абы
на выспу цела вынесьлі гарбы
глыбінных бураў із паўторнай раты!
На выспах -- дзікім нетрыве скалы --
прабуюць сілы мужныя арлы,
растуць вызвольнікі і грозныя піраты...
* * *
Сіняе і чыстае такое,
хоць да раны сьвежай прылажы.
Толькі не дастаць яго рукою,
не пераступіць ніяк мяжы...
Выгнуліся гоні, тракты, вёрсты,
і дарожкі лесам зарасьлі.
Дык скажы мне, дружа, шчыра й проста,
як мы прывітаемся й калі?
Журацца і вербы, і ракіты,
і рабіны ў восеньскай імжы
клічуць мяне, кажучы: які ты --
родны полю, блізкі ці чужы?
Што сказаць далёкім, сэрцу блізкім
пра згібеньне зім маіх і лет?
Вецер нашчацінены з калыскі
бацькаўскай пагнаў мяне у сьвет.
Доўга буду жыць яшчэ ці мала,
але сэрцу мроіцца адно:
моцна да вачэй маіх прыпала
поля васільковага відно --
сіняе і чыстае такое,
хоць да раны сьвежай прылажы.
Толькі не дастаць яго рукою,
не пераступіць ніяк мяжы...
* * *
Напярэймы зары ўсё ішоў,
а зара узяла дый пагасла.
І заціснуўся надаўга шоўк
маіх мрояў тугім перавяслам,
бо зара узяла дый пагасла.
Не гляджу я цяпер на усход,
бо на ўсходзе зара ня іскрыцца.
І ці мала йшчэ высьмягне год
у жыцьці сінявокай сястрыцы,
бо на ўсходзе зара ня іскрыцца.
Дзьве дарогі...
Дзьве дарогі -- два шляхі
дзіўныя такія:
і дабро ўсё, і грахі
валочацца з кіем.
А куды й чаго яны --
аніхто ня скажа,
пакуль грэх -- дух сатаны --
дабру ног ня зьвяжа.
Бо дарогі тыя ўсе --
першая й другая, --
як той колас на касе,
рэжуць сэрца краю.
Трэцяй розруху няма:
абцугі ды клешчы.
Закаваная, сама
сваё шчасьце плешча.
Дзьве дарогі -- два шляхі
прыкрыя такія:
і дабро ўсё, і грахі
валочацца з кіем.
Прыйшлі і вернемся...
Зь зямлі прыйшлі і вернемся ў зямлю,
каб пасьля тленьня цела, ліній, нормаў
(агнём душы цяплю шлях і жыўлю)
укласьці зьмест свой у інакшасьць формаў;
супольствам сілаў сьвет стварыць такі,
каб, з прышласьцяй сустрэўшыся нашчадкаў,
зайздросьцілі стваральнікам вякі,
эпохі й пакаленьні ўсіх пачаткаў;
каб грэшнікі і грэшныя багі
зямлі, што ганьбяць створ сьвятых вышыняў,
канчаючы злачынных спраў кругі,
у петлях выпрасталі дугі шыяў...
Усё, што ў думках пешчу і пладжу, --
даўно ўжо дух людское сілы кратаў,
хістаў дзікунства стромую мяжу,
каб уваскросу морак ня прыпратаў...
Зь зямлі-ж прыйшлі і вернемся ў зямлю,
каб пасьля тленьня цела, ліній, нормаў
(агнём душы цяплю шлях і жыўлю)
укласьці зьмест свой у інакшасьць формаў!
Урывак з паэмы „Гранітныя абвалы”
... Я-ж бачыў, як збліжаліся яны, --
грымотных гор гранітныя абвалы.
Ляўшун імчаўся зь левай стараны,
Правун -- із правай. Моцны, вытрывалы,
згінаў заміны шляху, быццам-бы
адзіны ён трымаў у шчопцях сілу,
што ўсё сатрэ -- і горы, і гарбы
ад поўначы да мутных хваляў Нілу,
каб далей потым рынуцца -- туды,
дзе горы горамі пакуль ня біты,
дзе з хмарамі гавораць гарады,
дзе земляў некранёных дрэмлюць міты...
Правун спыніўся. Гора Ляўшуну.
Над горамі лягло цяжкое гора.
Здалося, грэшнікі разгойдвалі труну
над штормамі страхотных хваляў мора.
У лютай празе сьмерці -- ня жыцьця,
зірнуўшы на вяршыні гор і скалы,
Правун, абняўшы чорны згубы сьцяг,
зьвярнуўся да маўклівае навалы:
„Гуртуйцеся, няўломкі-камяні,
абросшыя імхамі ціхалюбы...
У выпертым з грудзей зямных вагні
ня бачу я ні вусьцішу, ні згубы.
Разьятранаму -- стромы шлях, круты,
пастаўлены на хіб сьпічасты кону.
За посьпех наш, зьнішчальных бур браты,
малюся я ўсяможнаму Дракону!...
Няма й ня будзе сілы і раўні
магутнаму... Праз горы, долы й гаці
праб’ёмся мы, і як ты нас ні гні, --
скарыцца сьвет, і сьвету ўсе багацьці
да нашай, веру, скоцяцца гары...
Я пра адно сягоньня толькі мрою,
каб сьвет сказаў: „Бяры ты нас, бяры --
жыцьцё і кроў -- гранітнаму герою!..”
Кіпіць мой гнеў! Ня ён, Ляўшун сівы,
адродзьдзе гідкае Казьбеку і Уралу,
а Я і Мы ля берагоў Нявы
ушчунем злыбеды усходнюю навалу!
Дык пеце-ж кубак пеністы віна,
згібелі каб нікчэмных шпатаў залпы.
Над прыкрасьцю! -- касьцямі Ляўшуна --
на зайздрасьць сьвету узьнясуцца Альпы!”.
Хаўрусьнік-жа, абветраны, руды,
падбіты ўжо атрутай трупнай мору,
зірнуў здаля на дзікі спрыт жуды --
патрушчаныя плечы касагору,
і хлынула з каменнага нутра,
расьпечанага палам хцівай прагі:
„Хто сьмее ў горле чорнага цара
тушыць пажар і пляміць нашы сьцягі?
Нясем мы сьвету нормы і правы,
нам кажны камень -- госьць і брат жаданы...
Із ног і рук, пакуль ‘шчэ сам жывы,
ідзем здымаць ставечныя кайданы...
Прабуе хай Правун крануць...Каля
уласных гораў пахавае косьці!
Цалуйце зоры роднага Крамля --
крыніцу перамогі й маладосьці!
З расколін кручаў -- шчэлепаў труны --
шпурнуўся друз адборны першай раты...
Сьцяной зышліся ў стыку валуны --
хаўрусьнікаў разбойныя піраты.
Трагічны гром! Крышыліся шчыты
грымотных гор, каб гора не зацерці.
Ад роўніка да нетраў Варкуты
згінаўся сьвет у танцы дзікай сьмерці...
1957
Апошні ліст календара
Апошні ліст календара
Перахінуў на дзень аджыты.
Пара, мой верш, табе пара
Спатоліць гневу боль сукрыты.
Імчыся, думкамі наліты,
Здаля да роднага двара
І прывітай гаспадара,
Каб ён, няволяю падбіты,
Ачнуўся... Рукі да зары
Узьняў... Зямлі гаспадары --
Сыны нявольніцы Айчыны --
Сваімі прагнымі вачыма
Сустрэнуць пробліскі сьвятла
І над сьлядамі бур і тла
Мячы скрыжуюць прад зарою.
А зь імі позьняю парою --
У міг дванаццатай гадзіны
Я п’ю за шчасьце Нарадзінаў
Мае пакутнае Радзімы...
На чорным цемры перакаце
Кажу: мой родны, любы браце,
Каб мроі нашыя збыліся --
За прыйсьце сьветлае маліся!
Я п’ю за шчасьце Нарадзінаў
Мае пакутнае Радзімы!
1957
Сьмерць жывая
Шмат разоў гаварыў я сьмерці
пра звычайную рэч такую:
ня жыву, і мне цяжка памерці,
хоць і ты ля касьцей такуеш.
Абдымі мяне ўпол рукамі,
як калісьці рабоў у Рыме...
Ці зь пятлёю на шыю камень --
мора з радасьцяй цела прыме.
Няпрыемна -- на слуп дарогі
ці на гострыя сэрцам восьці, --
хай сьмяецца і кпіць двухногі
з пакалечанай маладосьці.
Наракаць на цябе ня буду:
я-ж ад гора ня ўмею плакаць, --
засьмяюся, як долу груды
пафарбуе ружовая мякаць...
Зашыпела у злосным блудзе,
быццам сэрца маё зжавала:
„Найцяжэйшаю карай будзе
табе, грэшнаму, сьмерць жывая...”.
1948, Вэнэцуэля
Станіславу Станкевічу
(У сувязі зь ягонымі ад’езьдзінамі ў Амэрыку)
Хто-б там што ні казаў,
але-ж ты -- гэта Ты.
Рук і крыл не вязаў
на адхонах крутых.
І ня зьвяжаш, бо ён --
кораб думак цяжкіх --
і цяпер, як здавён,
кліча ў сьведкі вякі,
каб сказалі яны,
каб сказалі аб тым,
што ўсе нашы сыны
мелі час залаты;
каб сказалі яны
сьвету ў гэтым вяку,
як сягоньня сыны
гора дзён валакуць...
Словы лынуць з душы
і гавораць -- скажы:
і жыві й варушы
думак цяжкіх гужы!
* * *
Праз горы, праз мора, праз акіяны
нясі нізку сноў беларускіх, мой дружа,
каб ведалі й чулі, што ў бурах каляных,
рыхтуючы Прыйсьце, жыве наша
мужнасьць.
1958, Мюнхэн
* * *
Ёсьць такія на сьвеце людзі,
пра якіх нават мовы няма...
Б’юць сябе кулакамі ў грудзі,
каб за лейцы сваіх трымаць.
А чужым -- чужаніцам -- насьцеж
дзьверы хаты, шляхі дарог...
Ім няцяжка шпурляць і красьці,
што ў пакутах гадоў зьбярог
чалавек -- і красу, і годнасьць,
срэбра думак, сьвятло сьвятла.
Вельмі прыкра, што ў целе родным
прэе бросьня жывога тла...
1958 г.
* * *
...І чуваць здалёку,
і відаць із блізку --
ніжа мроі лёкай
на чужую нізку...
А чаму й навошта,
а каму для спору
росьціць цяжкім коштам
лёкай сум і гора?
І хто сёньня скажа,
і хто скажа заўтра,
што такое кражы
дараваць ня варта?
1958 г.
* * *
Мяне сягоньня моцна дакарае
чалавек зь няведамага краю.
І каб сон ня ведаў супакою,
кажа людзям, цэдзячы, такое:
„...і сякі ён, і такі, і гэткі...”
і „сяброў” маіх валае ў сьведкі:
„Ты, мая надзейная кагорта,
пільнай будзь! Уважна перагортай
дні яго... і мінусы, і плюсы..
Я-ж за ўсіх хварэю і малюся”.
Так ён грэх свой латае і шые,
каб спрытней трымацца на вяршыні,
ледзьве скроенай на сыпкім чвыры,
прытвараючыся надта шчырым.
Папытайцеся -- адкуль і хто ён,
ён адразу скажа, ды ня тое:
„Я і сам душу сваю караю
за дабро няведамага краю”...
Дык чаму-ж мне моцна дакарае
чалавек зь няведамага краю?
1958 г.
* * *
Ёсьць у нашай малітве словы:
„Даруй грэшным усе грахі”.
... Калі бачыш сьвятло ў новым --
ня спыняйся, ня будзь глухі!
1958 г.
|