Хведар Ільляшэвіч -- знаёмы і незнаёмы
Мы хацелі над роднымі гонямі
запалаць, як палае зара,
мы хацелі гарэць паходнямі,
падымаць на змаганьне край!
І ня раз ланцугі зьвінелі,
на этапах сьцякала кроў,
маладосьці не крануўшы келіх,
мы ўставалі ў рады змагароў.
Хв. Ільляшэвіч
6 лістапада 1948 году ўвечары каля Ватэнштэту трагічна загінуў у выніку аўтамабільнай катастрофы на 38 годзе жыцьця паэта, публіцыст і грамадскі дзеяч Хведар Ільляшэвіч.
Сьмерць Ільляшэвіча ўзрушыла многіх...
„Ватэнштэт аплакаў Хведара Ільляшэвіча. Так шкадуюць людзі толькі нечым страшэнна блізкага чалавека. Ён быў і настаўнікам, і „дзядзем”, і „старым скаўтам”, і прыяцелем, і „простым”, і чалавекам, што „ўсё чыста рабіў”... Чалавекам, зь якім нельга разьвітацца”, -- пісала „Беларускае Слова”[1] .
„З глыбокім жалем і смуткам схіляюся над сьвежай магілай дарагога сябра Хведара Ільляшэвіча. Разам зь сябрамі-шыпшынаўцамі ўплятаю і сваё вязьмо ў жалобны вянок. У няспрыяльным жыцьці-бадзяньні па белым сьвеце -- у ліхіх вятрох-злыбядах, што так свавольна разьбіваюць-разлучаюць нас, -- нахай-жа ня гасьне ў сэрцах і думках сьветлая памяць аб нашым сябру”, -- пісаў Юрку Віцьбічу Алесь Салавей 11 лістапада 1948г.
„Бываюць людзі, для якіх няма асабістага жыцьця. Грамадская справа для іх запаўняе будні і сьвяты. Да такіх людзей належаў Ільляшэвіч... Ягоная песьня была дакорам для тых, у каго счэзла пачуцьцё нацыянальнага абавязку і падтрымоўвала сілы тых, хто апошнім высілкам трымае нацыянальны сьцяг...”[2] -- смуткавалі скаўты.
„Толькі гэтымі днямі дайшла да мяне сумная вестка аб перадчаснай, трагічнай сьмерці сьв. памяці Хведара Ільляшэвіча, ведамага беларускага паэта, няўтомнага грамадскага дзеяча Беласточчыны, улюбёнага моладзьдзю Настаўніка. Дык няхай на Вашае імя, як рэдактара „Шыпшыны”, якой Пакойны быў супрацоўнікам, перашлю словы майго глыбокага жалю і спачуцьця”. (Зь ліста Антона Шукелойця Юрку Віцьбічу ад 2 сьнежаня 1948)
„Няўмольная сьмерць вырвала Ільляшэвіча тады, калі ён быў найбольш патрэбны для беларускай справы. і ня толькі беларускай. Зь ягонай сьмерцю Фронт Паняволеных Народаў страціў вялікага працаўніка і рэвалюцыянэра...” -- аплакваў Ільляшэвіча аўтар артыкулу ў газэце „Украінське Слово”.[3]
Такіх водгукаў было шмат...
Ішлі гады... Але памяць пра Хведара Ільляшэвіча жыла. Ягоныя творы друкаваліся ў альманаху „Ля чужых берагоў”, у газэтах і часапісах; выходзілі асобныя зборнікі; пра яго пісалі артыкулы; яму прысьвячаліся вершы; удакладняліся факты ягонай біяграфіі...
Аднак так і застаўся амаль не асьветлены апошні пэрыяд ягонага жыцьця -- гады, праведзеныя ў Ватэнштэце...
Лягеры ДП... Хваля паваенных эмігрантаў перацякла ў гэтую „галяктыку” (паводле трапнага выразу эміграцыйнага паэта М. Юппа) і чакала вырашэньня свайго лёсу: прымусовая рэпатрыяцыя „на Ўсход” ці дазвол выехаць „на Захад”. У адзінае пачуцьцё зьнітаваліся надзея й расчараваньне, радасьць і роспач.
Лягер Ватэнштэт, у якім апынуўся Хведар Ільляшэвіч, быў заснаваны 30 ліпеня 1945 году. „У беларускім лягеры ў Ватэнштэце было шмат людзей, пераважна маладыя сем’і зь дзецьмі, шмат моладзі, і сабралася тут, можна сказаць, уся беларуская інтэлігенцыя ангельскае зоны Нямеччыны. Лягер арганізаваны быў добра. Быў камэндант лягеру са сваёй канцылярыяй. Была свая паліцыя. Была кухня, у якой варылі й выдавалі тры разы на дзень ежу. Была ў лягеры свая царква, свой сьвятар. Была пад кіраўніцтвам сп. Гладкага пачатковая школа, была гімназія. Зразумелая рэч, што школы былі беларускія. Быў мужчынскі і жаночы скаўтынг. Было сваё рататарнае выдавецтва. Мелі сваю лякарню зь беларускім лекарам -- др. Вітаўтам Тумашам, дэнтыстычны кабінет зь беларускім дэнтыстам -- др. Баляславам Гагалінскім.
У лягеры ўрачыста адзначаліся ўсе рэлігійныя й нацыянальныя сьвяты. На гэта мы мелі ўсе магчымасьці: свой клюб, мастацкую самадзейнасьць, нацыянальную сьведамасьць і беларускі патрыятызм. З розных нагодаў адбываліся канцэрты, ладжаныя або скаўтамі, або лягерным хорам. Ставілі пастаноўкі.
Была сувязь і да пэўнай меры супрацоўніцтва зь беларускімі лягерамі ў іншых зонах Нямеччыны, а перадусім з амэрыканскай зонай, дзе беларусаў было найболей. Напрыклад, на скаўцкія зьлёты мы, скаўты і скаўткі з Ватэнштэту, езьдзілі ў амэрыканскі беларускі лягер, або з амэрыканскае і французскае зонаў скаўты прыязджалі на зьлёт у Ватэнштат.
Былі ў лягеры і палітычныя групоўкі -- крывічоў і зарубежнікаў...”.[4]
Успаміны Р. Жук-Грышкевіч дапаўняе кароткая і зьмястоўная справаздача Беларускага Дапамогавага Камітэту ў Ватэнштэце:
„Беларускі Дапамогавы Камітэт
Ватэнштэт, дня 12.1.48
у Ватэнштэце
Беларускаму Дапамогаваму Камітэту
на ангельскую зону
У вадказ на Ваш абежнік №4 з дня 21.11.47 паведамляем:
1. У лягеры праведзена ўрачыстае сьвяткаваньне 27 гадавіны Слуцкага паўстаньня -- у YMCA[5] , у лягеры, у скаўцкай арганізацыі і ў школах. (Гл. „Шляхам Жыцьця”, №11, 1947)
2. Справаздача зь дзейнасьці Беларускага Дапамогавага Камітэту будзе зьмешчана ў №12 „Шляхам Жыцьця” за 1947 г. З увагі на вялікі пмер справаздачы яна будзе даслана ў найбліжэйшым часе дадаткова.
3. Адначасна з гэтым перасылаецца поштай належнасьць зь сяброўскіх узносаў.
4. Ніжэй зьмяшчаем спіс арганізацыяў у нашым лягеры, якія просяць зарэгістраваць іх пры БДК на ангельскую зону, прычым справаздачы іхнія будуць дасланыя дадаткова з увагі на тое, што яны не змаглі закрыць справаў мінулага году.
Арганізацыі і установы лягеру:
1) Беларускі Дапамогавы Камітэт у Ватэнштэце.
2) Рэдакцыя „Шляхам Жыцьця”.
3) Беларуская група YMCA.
4) Хаўрус Абсальвэнтаў Беларускае Гімназіі ў Вільні.
5) Беларускае Спартовае Аб’яднаньне.
6) Беларускае Царкоўна-Рэлігійнае Брацтва імя Еўфрасіньні Полацкай.
7) Саюз Беларускіх Вэтэранаў.
8) Беларуская Гімназія.
9) Беларуская Пачатковая Школа.
10) Беларускі Скаўтынг (два Сьцягі -- мужчынскі й жаночы).
11) Аб’яднаньне Беларускіх Жанчын.
12) Суполка „Заранка”.
13) Рэдакцыя „Праваслаўнага Беларуса”.
14) Прафэсыйны Саюз Беларускіх Работнікаў.
15) Рэдакцыя „Радыё-Бюлетэня”.
16) Аб’яднаньне прыхільнікаў Беларускага Тэатру.
17) Аб’яднаньне Беларускіх Журналістых.
18) Таварыства „Дзіця й Маці”.
19) Хаўрус масавага выхаваньня „Сям’я і Школа”.
20) Хаўрус Беларускіх Філатэлістаў.
21) Саюз Беларускіх Інвалідаў і Сірат.
Старшыня: С. Коўш
Сакратар: Ільляшэвіч”[6]
Куды-б нас лёс ні кінуў --
ў чужы, далёкі сьвет, --
ніколі не забудзем
наш лягер Ватэнштэт!
Драўляныя баракі,
фабрычных трубаў рад...
Ды тут заплача ўсякі.
Тут кожны табе брат.
Праходзяць дні выгнаньня,
трывогаў і надзей,
ўспамінаў і каханьня
і месячных начэй.
Наш дух расьце, мацнее,
і водгульле ідзе.
Мы сьветлыя ідэі
нясем у грамадзе.
Дык хай высока рэе
наш беларускі сьцяг.
Хай сьветлыя ідэі
наш асьвятляюць шлях.
Так апеў „свой” лягер Хведар Ільляшэвіч. Тут ён быў і настаўнікам гімназіі, і рэдактарам часапісаў, і метранпажам, і кіраўніком скаўтаў, і арганізатарам мастацкай самадзейнасьці... Менавіта грамадскай справе аддаваў сілы і час Хведар Ільляшэвіч.
Калі ў сьнежані 1945 году адбыўся Зьезд дзеячаў ангельскае акупацыйнае зоны, на якім быў прыняты Статут Беларускага Дапамогавага Камітэту на ангельскую зону, ён быў адным з тых, хто падпісаў Статут і ўвайшоў у раду камітэту. Калі ў травені 1947 году прайшоў зьезд прадстаўнікоў беларускіх лягераў ангельскае зоны Нямеччыны, ён быў абраны сябрам зоннага камітэту.
Ільляшэвіч ачольваў беларускую групу YMCA, стаўся першым дарадчыкам ва ўсіх скаўцкіх справах.
Ён прымаў актыўны ўдзел у рэлігійным жыцьці беларускіх эмігрантаў. І калі 5 травеня 1946 году ў Рэгенсбургу адбыўся Першы зьезд праваслаўных беларусаў, ён стаўся сябрам Прэзыдыюму, а на Другім зьезьдзе, 12 верасьня 1946 году, рашуча выказаўся за Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву.
„Цяпер пара было-б разьвязаць справу „аўтакефаліі”. Справа, урэшце, не ў аўтакефаліі, як такой, а ў тым, каб праз царкву не аддаваць у чужыя рукі нашае „масы”, якую так лёгка адкідае большасьць нашых ура-патрыётаў. А нашыя япіскапы пайшлі ў нейкае мутнае балота й мяшаюць расейцаў зь беларусамі. Мне здаецца, можна яшчэ спрабаваць Уладыку Філафея і Ўладыку Апанаса пераканаць. Калі-ж нічога ня выйдзе, -- дык проста пакінуць іх сабе: хай робяць, як хочуць. А мы тады лепш зоймемся літаратурай. Яна таксама ня менш галоўны фактар”, -- пісаў Ільляшэвіч Юрку Віцьбічу. (Зь ліста ад 15 лютага 1947)
Хведар Ільляшэвіч, адзін з шырока адукаваных людзей беларускай эміграцыі -- навуковец, пісьменьнік, музыкант, пэдагог, -- справай першаступеннай важнасьці лічыў працу з моладзьдзю. І на занятках у Беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча, заарганізаванай 15 кастрычніка 1945, дзе ён быў выкладчыкам роднай мовы, і падчас скаўцкіх збораў („стары скаўт”!) ён імкнуўся выхоўваць людзей адукаваных і адданых Беларусі. Гэтаму служылі і ягоныя п’есы-мантажы „У Купальскую ноч” і „Шэрыя дні”, што ставіліся дзецьмі на сьвятах лягеру, і нават адбор нумароў для канцэртаў мастацкай самадзейнасьці.
„Спадар Равенскі!
Да Вас вялікая, вялікая просьба -- прышліце абавязкова нам ноты (і тэксты) хоць дзьвюх-трох беларускіх песьняў (між іншым, Вашую „Застольную”!). У нас няма рэпэртуару!
Перадайце іх сп. Віцьбічу і скажыце, каб ён мне пераслаў.
Пры нагодзе аддзячуся!
А калі-ж Вы выберацеся да нас? Хоць у госьці!
Зь беларускім прывітаньнем. Ваш Ільляшэвіч”. (Зь ліста да Міколы Равенскага ад 24 студзеня 1947 г.)
Другім першараднай важнасьці заняткам, што забіраў час, была друкарска-выдавецкая дзейнасьць. Ільляшэвіч рабіў усё: набіваў матрыцы, працаваў ля рататарнага станка, выдаваў кнігі, рэдагаваў часапісы, клапаціўся пра водгукі на апублікаваныя матар’ялы.
Выдавецкая дзейнасьць лягераў ДП увогуле амаль не дасьледаваная, яе фэнамэн заслугоўвае асобнай гаворкі. Сказаць, колькі было выданьняў і які іхні наклад, сёньня вельмі складана ды наўрад ці магчыма. У пераважнай бальшыні яны друкаваліся рататарам на кепскай паперы, бо ня было інакшай, ці нават размалёўваліся ад рукі, што рабіла наклад яшчэ меншым. Што-ж гэта былі за выданьні? Перш за ўсё, часапісы й газэты. Асобныя зь іх пазьней атрымалі працяг у ЗША, некаторыя мелі адзін-два нумары. У Ватэнштэце рататарам выдаваліся „Шляхам Жыцьця”, „Царкоўны Голас”, „Беларускі Скаўт”, „Скаўт”, „Скаўцкі Бюлетэнь”, „Юнак”, „Апошнія весткі”[7] . Ільляшэвіч рэдагаваў многія зь іх.
Амаль кожнае „выдавецтва” лягеру ДП друкавала падручнікі й кнігі для дзяцей, бо найпершая задача была ня толькі даць ім дастатковую адукацыю пры адсутнасьці хоць нейкага навучальнага матэрыялу, але й ня „згубіць” маладое пакаленьне беларусаў. Хв. Ільляшэвіч у выдавецкай суполцы „Заранка” набіваў матрыцы для чытанак „Родны Палетак”, „Малюнкі мінулага”, для літаратурнай чытанкі-хрэстаматыі „Наша Краіна”, што была выдадзена двума шрыфтамі -- кірыліцай і лацінкай. Былі яшчэ і кнігі казак, перакладаў, беларуская клясыка...
Найчасьцей выдаўцы бралі на сябе і продаж кніг. Вось што пісаў Хв. Ільляшэвіч айцу Мікалаю Лапіцкаму: „Пасылаем Вам 100 падручнікаў „Старога Запавету”. Цана яго 10 марак. Цану ўстанавіў Уладыка Апанас зь меркаваньнем, што даход будзе прызначаны на дапамогу беларускім студэнтам. Будзьце ласкавы, распаўсюдзьце гэты падручнік там, дзе Вы можаце, каб яго прадаць... Калі будзеце патрабаваць яшчэ колькі падручнікаў, напішыце, -- у нас на складзе яшчэ крыху знойдзецца. Зь беларускім прывітаньнем”. (Зь ліста Хведара Ільляшэвіча да айца Мікалая Лапіцкага ад 28 красавіка 1949)
А вось ліст да Юркі Віцьбіча: „У нас выйшаў вельмі салідны часапіс „Беларускі Скаўт”, у якім наша моладзь, так сказаць, рэальным становішчам выказвае сваю салідарнасьць са старэйшым грамадствам адносна справы „Крывіччыны”. Варта было-б адзначыць маленькай рэцэнзіяй гэты часапіс. Будзьце ласкавы, перашліце яго ва ўкраінскія газэты і скаўцкія часапісы. Важна было-б пашырыць яго (прынамсі, па адным экзэмпляры) у беларускіх асяродзьдзях амэрыканскай зоны.... Мяне забівае (ці заразае) лягерная мітусьня, ад якой папросту няма ніякага адбою. Усё прыходзіцца займацца рознай драбязой, якая абрыдла, але ад якой ніяк нельга пазбавіцца...”. (Зь ліста Хведара Ільляшэвіча да Юркі Віцьбіча ад 25 лістапада 1946)
Але пры ўсёй занятасьці грамадскімі справамі Ільляшэвіч заставаўся пісьменьнікам. Ён пісаў апавяданьні, вершы, артыкулы. Тут ім былі створаны „Танго Нотурно”, „Сон”, „Вызвалілі...”, шэраг крытычна-публіцыстычных твораў -- „Прарок беларускага народу (Ідэя Беларускага Адраджэньня ў творах Янкі Купалы)”, „Пясьнярка барацьбы (У 31-я ўгодкі сьмерці Цёткі)”, „Пясьняр няўмольнай красы (Да 30-х угодкаў ад дня сьмерці Максіма Багдановіча)”, „Нашы песьняры” і іншых.
Рыхтаваў зборнік „Нязжатая радасьць”. Уключаў у яго ня толькі новыя вершы, але і напісаныя ў ранейшыя гады, тыя, што былі сугучныя цяперашняму душэўнаму настрою. Так, сюды ўвайшлі „Цымбалы”, „Дзень павіс шэрай хусткай...”, „Нехта стаў за вакном і маўчыць”. І старыя і новыя вершы („Ашалелы вецер на прасторы сьвішча...”, „Клёны”, „Міраж”, „Чорныя цені”) вытрыманы ў аднолькавай танальнасьці.
Ён ніколі не парываў сувязяў зь сябрамі, раскіданымі па розных акупацыйных зонах, цікавіўся іхняй працай, заклікаў калег-пісьменьнікаў да лучнасьці, паразуменьня, марыў пра арганізацыю творчых аб’яднаньняў.
„Літаратурнаму Згуртаваньню „Шыпшына”.
Нажаль, прыехаць на зьезд сяброў „Шыпшыны” я не змагу. Аднак далей я той-жа „шыпшынавец”. Лічу, што супольнымі сіламі мы павінны паставіць наш часапіс на вышыню, на якой павінны сягоньня быць беларускія пісьменьнікі й паэты. Да гэтых вышыняў мы дойдзем. (Я асабіста задаволены, што творыцца новы Саюз пісьменьнікаў і журналістых, я спадзяюся, што хто-хто, а пісьменьнікі хіба-ж у сваёй працы ня пойдуць тымі дарогамі, якімі пайшлі некаторыя нашыя арганізацыі. Каб-жа стварэньне новага згуртаваньня пісьменьнікаў сьведчыла аб нашым духовым росьце й багацьці...). Я далей застаюся „шыпшынаўцам”, бо я ў „Шыпшыне” чуюся нічым ня зьвязаным у сваіх творчых пачынаньнях, і яе прыгожы ідэал мне вельмі даспадобы.
Дарагія сябры! У час горкіх выпрабаваньняў (калі беларускі пісьменьнік часта даслоўна адчувае правакацыйную „траўлю”), няхай яшчэ мацней аб’яднаецца нашая дружная сям’я, няхай дух сяброўства пануе сярод нас, а ідэалы 25 сакавіка непахісна вядуць нас у далейшай нашай працы. Справа, якую мы пачалі, не павінна замерці. „Шыпшына” ўвойдзе ў гісторыю беларускай літаратуры і гісторыю нашага руху. Толькі мы павінны гарачэй праняцца нашай працай, пастарацца, каб наш часапіс выходзіў часьцей, ды -- друкам. Я, прызнаюся, сам мала спрычыняўся да працы нашага Згуртаваньня: розныя справы стаялі на перашкодзе. Я адчуваю, што так ня можа быць далей. Я пачну больш працаваць для нашай літаратуры, што заўсёды ляжала і ляжыць мне на сэрцы.
Жадаю вам посьпехаў у працы. Вашыя думкі я заўсёды падзяляю і буду заўсёды з вамі.
Няхай жыве „Шыпшына”! Ваш Хв. Ільляшэвіч”. (Ліст ад 19 жнівеня 1947 г.)
Ільляшэвіч прымаў актыўны ўдзел у палітычнай барацьбе. Нажаль, ён адышоў ад пазыцыі нацыянальнай лучнасьці, калі менавіта тут, у лягерах ДП, пачаўся той палітычны раскол, які пакінуў найцяжэйшы сьлед на ўсім наступным жыцьці беларускай дыяспары.
Заклікаючы лідэраў партый і груповак да аб’яднаньня, Васіль Рагуля зьвяртаўся да ўплывовых дзеячаў беларускай эміграцыі, у іх ліку і да Ільляшэвіча.
„Былы Сэнатар Рагуля ВасільМайнлейс,
ДП. Лягер Майнлейс 13а 3.12.1947 г. Блёк 7-2
Копія: Марбург, Пав. Сп. Рагулю Б.
Мюнхэн, Пав. Сп. Гарошку
Остэргафэн, Пав. Сп. Кендышу
Віндзіш, Пав. Сп. Скабею
Міхельсдорф, Пав. Сп. Ігнатовічу
Зальгау, Пав. Сп. Войтанка
Эльвангэн, Пав. Сп. Сакалоўскаму
Ватэнштэт, Пав. Сп. Ільляшэвічу
Паважаны Спадар Ільляшэвіч!
Да гэтага часу я сядзеў, маўчаў. Глядзеў, як нясуць намі ўзьняты наш Народны Сьцяг маладзейшыя.
Але мушу сказаць з болем у душы, што як далей так пойдзе, то загіне намарна ўся нашая праца.
Атрымліваючы розныя газэты, часапісы, адозвы, закрытыя і адкрытыя лісты, нідзе нічога важкага не знайшоў.
Грызьня.
Грызьня за што? Хіба на гэта ўсё адкажаце Вы самі. За што грызецеся? Каму ставіце плюсы? Хто з гэтага карыстае? У нашай некалькітысячнай эміграцыі да гэтай пары праз гэтую грызьню не змаглі Вы нічога зрабіць.
Дзе наш Эміграцыйны Цэнтр? Хто сяньня ў нас галавой усёй нашай Эміграцыі? Які ў нас Галоўны Камітэт? Каго слухаць? Каму даваць узнагароды? Каго судзіць? Вы адкажаце? НЕ.
А час найвышэйшы паставіць на гэта адказнага чалавека. Час найвышэй кінуць пісаніну розных лістоў-памфлетаў, адозваў і г. д. Зьменшыць лік розных Камітэтаў і Рад.
Хопіць нам ужо гэтых сварак. Хопіць грызьці адзін аднаго. Хопіць нам гэтых дзеячаў у чужаслове. МЫ ДЗЯРЖАЎНЫ НАРОД. І кожная Дзяржава цэніцца паводле ейных жыхароў-грамадзян. Ёсьць прыказка: „Скажы мне, з кім ты знаёмы, а я табе скажу, хто ты”. Дык вось мо’ сказалі-б нам сёньняшнія Старшыны, з кім яны знаёмыя?
Тры гады дзёрціся за ўладу ў імя лакальнага патрыятызму, ня выходзячы за рамкі лягеру далей, як толькі зрабіць данос на таго ці іншага.
Гэта сорам.
Іменаваць сябе камітэтам ці радай толькі для таго, каб весьці ўнутры сваёй Эміграцыі барацьбу, а звонку баяцца выступіць у абарону Народнага Сьцягу, падпісацца ініцыяламі на адозве. Не, Паважаныя Спадары. Пры такіх абставінах, у якіх мы сёньня знаходзімся, і з такім усім, мы ня толькі ня зможам сказаць штось у абарону задушанага бальшавікамі нашага Народу на Бацькаўшчыне, але і ў сваёй абароне нічога ня скажам.
Нам самім прыйдзецца злажыць свае косьці ці выехаць на чужыну зь Нямеччыны пад імем другой нацыянальнасьці, як учора ад’ехаўшым з нашага лягеру праз транзітны лягер у Амбергу маім суродзічам з Наваградчыны ў Англію.
Яны паехалі як Полькі, паміма таго, што ў іх ў „ДП” было запісана, што яны Беларускі. Хто ў гэтым вінаваты? Разьбірайцеся...
Дарагія Спадары. Кідайце спрэчкі. Бярыцеся за працу. А калі ня зможаце самі, клічце тых, хто зможа. Не сядзіце бясчынна. Не баламуцьце людзей, даказваючы, што я старшыня, а ня ён...
Нам абавязкова і неадкладна трэ’ выканаць наступнае.
У сьнежані гэтага году адбудзецца спэцыяльны Кангрэс у ЗША, і нам неабходна злажыць мэмарандум да Кангрэсу, каб для нас, як Дзяржаўнага Народу, прызналі собскую эміграцыйную квоту; выконваць гэта трэба зараз-жа неадкладна.
Дык кіньце-ж гэта аплёўваньне адзін аднаго рознымі „адкрытымі лістамі” і памфлетамі... Уступіце адзін аднаму. Клічце іншых, калі самі ня можаце.
Далей так існаваць ня можа.
Дык да працы ў згодзе за Вольную і Незалежную Беларусь.
Рагуля Васіль, былы сэнатар”.[8]
Аднак пераадолець палітычны раскол было немагчыма. Разыходжаньні паміж рознымі групоўкамі яшчэ больш паглыбляліся няпростымі чалавечымі адносінамі, які складваліся між людзьмі ў лягерах ДП.
Лягер ДП -- труднае месца для тых, хто хваравіта ўспрымае кожную праяву прыніжэньня і зьнявагі чалавечай годнасьці. Дастаткова зьвярнуцца да ўспамінаў Л. Галяка[9] , А. Варлыгі (Я. Гладкага)[10] , людзей, што апынуліся ў адным лягеры з Ільляшэвічам, каб убачыць сродкі й мэтады лягернай „дэмакратыі”.
Вось адзін эпізод, расказаны дырэктарам Ватэнштэцкай школы Язэпам Гладкім: „Ільляшэвіч загінуў трагічна ў аўтамабільнай катастрофе. Блізка празь дзень пасьля гэтага ў табары было паседжаньне радных БЦР ватэнштэцкага аддзелу (ня помню, як яно называлася). У гімназіі Ільляшэвіч выкладаў літаратуру, і пасьля ягонай сьмерці ня стала падручніка па літаратуры (ня ведаю, ці хрэстаматыі, ці гісторыі літаратуры). На гэтым паседжаньні ўстаноўлена, што тая кніга ў мяне, і вынесена пастанова зрабіць у мяне на кватэры ператруску, а паліцыя павінна пакараць мяне (а Каўшова паліцыя[11] карала самым агідным спосабам -- розгамі ці іншымі пабоямі). „...” Празь некалькі дзён, як прыходзіў да мяне Коўш па кніжку, дзяўчына ў гімназіі пытае настаўніка: „Каму я мушу аддаць гэтую кніжку, яе мне даў Ільляшэвіч пачытаць?”.
Калі-б ня гэта дзяўчына, дык мажліва, што для мяне гэтая справа скончылася-б трагічна.
Я калі выйшаў з гадоў падлетка-хлапчука, дык ні з кім ніколі ня біўся, але калі-б Каўшова паліцыя пачала мяне фізычна катаваць, дык-бы я прымушаны быў бараніць у сабе гонар чалавека й біцца да астатняга подыху”.[12]
„Працавітым, адданым, сымпатычным і ціхім”[13] Хведар Ільляшэвіч быў для тых, хто бачыў ягоную гатоўнасьць узяць на сябе любы клопат, хто цаніў ягоную паэзію, разумеў ягоную тугу й з разуменьнем ставіўся да ягонай бескарысьлівасьці, здольнасьці забываць пра сябе. Іншыя, якіх таксама было нямала, аддавалі належнае яму за высокі прафэсіяналізм як журналіста, рэдактара, метранпажа, разам з тым асуджалі яго за няўменьне думаць пра свае інтарэсы. Чалавек зусім іншага складу, практычны, які да таго-ж знаходзіўся ў лягерных звадках на іншым баку, А. Варлыга (Я. Гладкі) пісаў пра Ільляшэвіча ў сваіх успамінах : „<...> ён быў дарослым бездапаможным дзіцём, якое бязь нянькі не магло жыць. Калі ён у гэтую мінуту быў пад’еўшы, дык ён ня думаў, што праз 4-6 гадзінаў захоча зноў есьці, і мог выкінуць вон усе свае запасы, а праз гэта ён заўсёды галадаў і пакутваў...”.[14]
Чалавек, не прыстасаваны да жыцьця, як ня з гэтага сьвету, Ільляшэвіч лёгка трапляў у складаныя абставіны, зь якіх ня было выйсьця без маральных страт. Той-жа Варлыга, які быў дыплямаваным пэдагогам, апавядае, як захварэў і павінен быў на працяглы тэрмін пакінуць школу. „Маім намесьнікам застаўся Хведар Ільляшэвіч. Ён ніколі не працаваў у пачатковай школе, не сыстэматызаваў, а выкладаў тое, што яму было на памяці. Ён бальшынёй чытаў вершы і праводзіў гутаркі. Ні пэдагагічных правілаў, ні мэтадычнай сыстэмы ён ня прытрымліваўся. А вясной без паўтарэньня, без праверкі ведаў зрабіў выпускі, і зусім бяссумленныя. Ён нікога не хацеў пакрыўдзіць, для яго ўсе вучні былі добрыя, і ён усім паставіў добра, нават самым слабым вучням”.[15] А. Варлыга скасаваў адзнакі, пастаўленыя Ільляшэвічам, зрабіў новыя экзамены, а Хведар Ільляшэвіч, з крыўдай у сэрцы, яшчэ больш замкнуўся ў сабе.
Блізкіх людзей, якія-б маглі стаць побач, падтрымаць, выслухаць, ня было. Сям’я засталася на радзіме, сябры раскіданыя па розных краінах, зонах і лягерах, дый зь імі Ільляшэвіч ня вельмі ахвотна дзяліўся сваім, па-чалавечы зразумелым, але далёкім ад агульных клопатаў і спраў. Ільляшэвіч піў...
Ня крыўдуйся, мой саколік:
няма ў гэтым тут маны,
бо, як кажны алкаголік,
ты гатоў прадаць штаны...
Так „жартавалі” нават блізкія сябры.
Сьведкай апошніх гадоў жыцьця Хведара Ільляшэвіча была паэтка Вольга Таполя (літаратурны псэўданім Вольгі Зубко)[16] . Пэўны час напрыканцы 40-х гадоў яна бачыла Ільляшэвіча амаль кожны дзень, размаўляла зь ім літаральна да таго дня, калі вырашыла вярнуцца на Беларусь. Была Вольга Таполя ня вельмі шчасьлівым чалавекам, улюбчывая, але, відаць, даволі дэспатычная ў сваім каханьні, ва ўсякім разе, такой яна паўстае зь лістоў таго-ж Хведара Ільляшэвіча, Юркі Віцьбіча, Уладзімера Сядуры.[17]
Вярнуўшыся на радзіму, яна доўгі час правяла ў зьняволеньні, потым, на пачатку 60-х гадоў, у савецкім друку зьявіліся празаічныя занатоўкі й вершы Вольгі Таполі, якія былі рэзка адмоўна ўспрынятыя на эміграцыі. Адны, як Сядура, усё-ж гатовы былі дараваць ейныя нападкі („Але і яна адпакутвала на катарзе 12 гадоў, і цяпер, нявольніца, мусіць пісаць пад дыктоўку”), другія, больш непрымірымыя, як Віцьбіч, тыя, што ў свой час імкнуліся дапамагчы ёй тут, на чужыне, знаходзілі такое „пісаньне” недаравальным („Ейны зварот туды, як і ейнае цяперашняе плявузганьне аб „сяброх на чужыне”, -- проста сьвінства. І вельмі й вельмі сумняваюся, каб гэтае плявузганьне, што нагадвае шантаж, рабілася там пад дыктоўку -- яна сама, нягледзячы на кволасьць, іншым прадыктуе...”).
Але гэта было значна пазьней, а тады, ў 40-я, калі воляю лёсу Вольга Таполя апынулася побач зь Ільляшэвічам, яна бачыла ў Віцьбічу аднаго з самых блізкіх людзей і шчыра дзялілася зь ім сваімі перажываньнямі.
Ліставаньне Вольгі Таполі -- жывы чалавечы дакумэнт. У ім -- трагедыя дваіх, страшэнна адзінокіх, але ня здольных дапамагчы адзін аднаму. Кожны зь іх асуджаны на пагібель у тых умовах, у якіх апынуўся. І калі чытаеш гэтыя лісты, сьмерць Ільляшэвіча, як і зварот Таполі на радзіму, дзе яе чакае турма (яна ня мае ўяўных надзей і спадзяваньняў), ужо не здаюцца раптоўнымі, выпадковымі. Разам з тым, з гэтых лістоў паўстае трагедыя бяссрэбраніка, чалавека мяккага і безабароннага перад звычайнымі плёткамі, нізасьцю і проста перад тым, што называецца побытам.[18]
Лісты Вольгі Таполі да Юркі Віцьбіча -- не выпадковыя старонкі, якія даносяць да нас галасы даўно адышоўшых людзей, а як-бы завершаная аповесьць -- са сваёй экспазыцыяй, завязкай, кульмінацыяй, разьвязкай...
20 сьнежаня 1947 году
Дарагі Юры Аляксандравіч!
Шчыра дзякую Вам за лісты, за дасланьне „Спадзяваньняў”. (Я думаю, што сам аўтар не зрабіў-бы гэтага, але прашу Вас перадаць яму маю падзяку за надпіс), за высланыя №9-10 „Шляхам Жыцьця”. Але, між іншага, гэты нумар я маю ўжо ад Ільляшэвіча. Я ўжо грунтоўна прачытала яго. Мне вельмі падабаецца -- цікавы, зьмястоўны, бесстаронны, справядлівы часапіс. Ня тое, што „крывіцкая” літаратура. Шкада, што ня маю 8-га нумару, а апошніх -- цэлых два.
Вершы Сяднёва таксама вельмі падабаюцца, толькі яшчэ ня ўсе прачытала. Найперш прачытала „Сустрэчу”, на які Вы ўказалі мне... Падабаецца! Мусіць, я адчула-б нешта падобнае, сустрэўшыся зь Ільляшэвічам. Толькі -- ці давядзецца сустрэцца?.. „...”
Сумна, але цешаць Вашыя лісты ды лісты Ільляшэвіча. Я ім страшэнна захапляюся, але, зразумела, як чалавекам і паэтам, а не як каханкам, якім ён для мяне ніколі ня быў і ня будзе. Таму майму захапленьню ім не перашкодзіць ягоны сум па сваёй сям’і... Я магу толькі бязьмежна спачуваць яму... Я таксама прысьвяціла яму верш, шкада толькі, што Вы ня друкуеце маіх вершаў! Ён, між іншага, прыслаў мне свой верш „Ашалелы вецер на прасторы сьвішча...”, які паслаў да Вас у „Шыпшыну”. А калі выйдзе „Шыпшына”? Чаму Вы не напісалі мне пра яе жаднага слова?
На просьбу Ільляшэвіча я паслала сваё апавяданьне ў „Шляхам Жыцьця” (але гэта не „Навальніца” -- іншае)...
Ільляшэвічавы вучні напісалі мне таксама вельмі мілы дзіцячы ліст... Я думаю, ён вельмі добры настаўнік. Ах, як шкада, што ў мяне няма пэрспэктываў зь ім пабачыцца! Гэта мяне вельмі засмучае... Гэтак апрыкрала аднэй сярод чужых пошленькіх людцаў, у якіх няма жадных духовых інтарэсаў, жадных глыбокіх пачуцьцяў... Гэтак вось жыць няма ні сэнсу, ні цікавасьці... А мо’ пад уплывам хваробы, павышанай тэмпэратуры насьпявае неяк неадольна такое жаданьне: пабыць хоць крыху са сваімі людзьмі, запраўды сваімі, нагаварыцца адзін раз удостач з Вамі, зь Ільляшэвічам, а пасьля і зусім ня жыць больш, памерці...
Прабачце за „ўпадніцтва”! Вы-ж ня любіце такіх лістоў, я ўжо знаю! К Новаму Году, Калядам (Вы-ж сьвяткуеце 7-га?) напішу яшчэ... Пастараюся крыху весялей.
Усяго найлепшага! Сардэчнае прывітаньне Вашай сям’і, Сяднёву ды іншым маім знаёмым.
З пашанай Вольга Таполя.
20 студзеня 1948 году
Шаноўны і дарагі Юры Аляксандравіч!
Пэўна, Вы атрымалі маю паштоўку, якую я напісала Вам, выязджаючы ў Ватэнштэт. І вось я ўжо ў Ватэнштэце. Дарагі Юры Аляксандравіч, мне раптам здалося, што я апынулася ў сябе дома, на далёкай, згубленай нашай Радзіме. Ах, як добра... І, здаецца, мяне зробяць „ДП” і пакінуць тут назаўсёды... Так, Вы мелі рацыю, калі раілі мне сюды паехаць.
І Ільляшэвіч якраз такі, як Вы казалі: другому апошнюю кашулю гатоў аддаць. Сама бачу, як ён апошняе аддае іншым, а сам ня мае нічога, бядняк. Мне яго да болю шкада... Мы знаходзімся ў сумежных пакоях і бачымся штопоўгадзіны, а часам і штохвіліны. Мы працуем разам -- ён дае мне розныя „нагрузкі”. Фактычна, я прыехала да яго, нікога іншага тут ня ведала. Але ўсе сустрэлі мяне, як сваю, даўно знаёмую. Камандант лягеру вельмі слаўны і сустрэў мяне вельмі цёпла. Ён зрабіў усё магчымае для таго, каб я сталася „ДП”. „...”
Шчырае прывітаньне ад Ільляшэвіча. Шчырае прывітаньне Вашай сям’і.
З пашанай да Вас Вольга Таполя.
(Ліст не датаваны)
Дарагі і шаноўны Юры Аляксандравіч!
Урэшце пасылаю Вам вершы для „Анталёгіі”. Ільляшэвіч даўно ўжо проста жыць не дае мне з гэтымі вершамі -- ён кажа, што паабяцаў Вам падганяць мяне, каб хутчэй даслала. А ў мяне ўсё справы неадкладныя, бо я-ж пераязджаю ў Ватэнштэт. Цяпер шлю вершы літаральна з дарогі, дзьве начы ня спала, таму прабачце за неахайнасьць.
Але я баюся спаткацца зь Ільляшэвічам, не адаслаўшы вершаў, бо будзе мне наганяй. Між іншага, ён якраз нядрэннай думкі аб маіх вершах. У большасьці (але ня ўсе) пасылаю па ягонаму ўказаньню. Ён параіў мне паслаць і эратычны вершык, і што-колечы зь інтымнай лірыкі. Ён мне казаў: „Ты, Вольга, -- наша Ахматава і ўносіш у нашу паэзію штосьці навае”. Але, між іншым, гэта толькі часам бывала гэтае сяброўскае „Ты” -- цяпер яго зноў няма. Гэта ў нас быў такі праэкт вялікага сяброўства і „літаратурнага каапэратыву”, мы нават напісалі разам адну маленькую рэч для часапісу -- бяз прозьвішчаў.
Але пляны часткова разьбіліся аб некаторыя мяшчанскія дробязі быту... А зрэшты -- далей будзе відаць. Толькі вельмі і вельмі прашу Вас: Вы нікому-нікамусенькі ні слова не кажэце, гэта я толькі адзінаму Вам кажу, бо ўсё будзе зразумета няправільна і не прынясе нічога, апроч няпрыемнасьцяў. І Хведару таксама нічога ня пішэце. Не кажэце нічога Масею Сяднёву наконт гэтага сяброўства, бо ён разумее сяброўства занадта вузка (увогуле, ён у жыцьці вузей, чым у паэзіі), і менавіта таму ў нас зь ім выйшлі толькі няпрыемнасьці. Але аб іх я нікому ня хочу расказваць.
А вось Хведар можа быць запраўды вельмі добрым, надзвычайным сябрам, таксама як і Вы, дарагі Юры Аляксандравіч. Таму менавіта я і пішу гэтак шчыра. „...”
Ільляшэвіч прасіў мяне напісаць Вам -- але ўжо, мусіць, запозна, -- каб Вы не расказвалі нікому наконт майго „ДП”, бо некаторыя асобы могуць выкарыстаць гэта супроць некаторых добрых людзей.
Ільляшэвіч пісаў Вам наконт мяне сам, але забыўся папярэдзіць. Пісаў ён і наконт літаратурнага майго вечара. Трэба сказаць, што я да яго зусім не рыхтавалася і чытала прыпадкова, што пад руку трапіла.
Усяго найлепшага! Шчырыя прывітаньні Вашай сям’і. Чакаю Вашага ліста -- засумавала ўжо, бо даўно ня мела.
Моцна цісну руку. З пашанай да Вас
Вольга Таполя.
Відаць, Вольга Таполя мела на ўвазе ліст Хведара Ільляшэвіча да Юркі Віцьбіча:
1 лютага 1948 году
„...” Таполя мела літаратурны вечар у нашым лягеры ад Згуртаваньня „Шыпшына”. Вечар удаўся наогул. Яна прачытала адрыўкі з рамана „Тры спатканьні” і вершы „Я не паэт” і „Маёй матулі”. Вечар быў 25 студзеня. Паміж іншым, яна прайшла ў нас скрынінг і мае правы „ДП”. Будзе, здаецца, жыць у Ватэнштэце, але яшчэ зьезьдзіць у амэрыканскую зону.
Я буду яе падганяць, каб прыслала хутчэй нешта ў „Анталёгію”. „...”
Жыве Беларусь!
Ваш Хв. Ільляшэвіч.
19 сакавіка 1948 году,
Ватэнштэт
Дарагі й шаноўны Юры Аляксандравіч!
Ужо мо’ дзесяць ці нават болей разоў пачынала Вам пісаць, ды ўсё дзяру лісты -- усё неяк выходзіць ня так, як мусіць быць. Ну, гэтым разам як-бы ня выйшла -- пашлю яго.
Дазвольце Вам шчыра падзякаваць за „Шыпшыну”. Атрымаўшы яе, была вельмі ўсьцешана. Як і заўсёды, нумар вельмі цікавы і зроблены па-майстэрску. Толькі ў мяне ўжо яго няма -- забраў Ільляшэвіч, бо ў яго таксама забралі. Яму мне, зразумела, не шкада, не шкада ня толькі „Шыпшыну”, якая дорага мне, але ўвогуле не шкада нічога на сьвеце, не пашкадавала-б ні апошняй кашулі, ні апошняй лусты хлеба яму, але вось-жа ў яго таксама забралі, і ягоны нумар узялі людзі, якія літаратурай ня цікавяцца й ніколі ня чытаюць, а толькі робяць выгляд, што цікавяцца. Тут увогуле такі прынцып -- што тваё, то маё. Вось я Вам пажалілася ўжо, і гэта дрэнна. Аднак я спадзяюся, што ўсё-ж гэта застанецца паміж намі, і Вы ня выдадзіце мяне перад Хведарам. Яму было-б няпрыемна.
Але, ведаеца, справа ўрэшце й не ў часапісе, і калі я пажалілася, дык таму, што мне балюча неяк, што ягоную дабрыню ўвогуле людзі заўсёды, на кожным кроку, выкарыстоўваюць, зусім ня ўмеючы й ня хочучы яе ацаніць. Ён аддае бяз разбору нават каму абсалютна ўсё, а сам ня мае нічога, нават самага неабходнага, нават ніводнай пары шкарпэтак, напрыклад. Жыве вельмі дрэнна. Такое жыцьцё, фактычна, зьяўляецца павольным самазабойствам. Ён мне сказаў: „Вольга, яшчэ год такога жыцьця, і мяне ўжо ня будзе...”. Але ён сам ніколі ня жаліцца, толькі мне часам што скажа. Гэта вялікая справа -- ня жаліцца, калі цяжка і дрэнна. Вось Вы таксама ніколі ня жаліцеся, як-бы цяжка Вам ні было. Ня жаліцца, не зайздросьціць і не хваліцца -- гэта вялікая рэч, гэта трэба ўмець цаніць.
Вы і Ільляшэвіч -- цудоўнейшыя людзі, адзіныя, якіх я ведаю тут. Мы зь ім часта Вас ўспамінаем, мы Вас вельмі хвалім -- гэта не камплімэнт. І ведаеце, што Хведар асабліва часта паўтарае аб Вас? Што, калі ён памрэ, дык Вы будзеце адзіным чалавекам, які скажа аб ім цёплае і шчырае слова, слова праўды. Некалі ён разьлічваў, што гэта-ж самае разам з Вамі зраблю і я, але цяпер ён думае, што калі ён памрэ, то і я, пэўна, памру...
Так, Вы і Ільляшэвіч -- абодва людзі нязвычайныя, людзі вялікай душы, Вы ўладаеце рэдкімі чалавечымі якасьцямі абодва, але Вы, разам з тым, і розныя зь ім; ён -- палкі, гарачы лірык і ў творчасьці і ў жыцьці, Вы-ж больш эпічны, так сказаць. І яшчэ, мне здаецца, Вы -- цьвярдзейшы. Гэта плюс. Ільляшэвіч мяккі, як воск, і гэта часам дрэнна. Зь ім нават дзеці могуць зрабіць усё, што хочуць. Мабыць, усе, апрача мяне, бо я сама перад ім занадта мяккая. Ён страшэнна любіць дзяцей, але ня хлопчыкаў, а толькі выключна маленькіх дзяўчатак. Яны сядзяць у яго часам цэлымі днямі, перашкаджаюць яму ў працы і проста тэрарызуюць яго... „...”
Хачу і пажаліцца, бо я не ўладаю тымі станоўчымі якасьцямі, як вы і Ільляшэвіч. Вось тут, жывучы па розных чужых кватэрах, я разбазарыла амаль усе рэчы, якія з такой цяжкасьцю, зь нямецкай ашчадлівасьцю нажывала гадамі. Тут у мяне становішча іншае, як у Міхельсдорфе: тут я сама толькі раздаю апошняе. Абставіны часам змушаюць да гэтага. Я-б ня жалілася ўжо, бяручы прыклад з Вас і Ільляшэвіча, але мне крыўдна, што гэтыя рэчы ці нават прадукты (напрыклад, Шукелойць перад ад’ездам прыстараўся мне мукі белай) скарыстаў ня Хведар, які меў-бы ў іх больш патрэбы і права, а людзі, якія маюць куды больш за нас, бо гоняць гарэлку, трымаюць жывёлу, робяць гандаль і г. д. „...”
Я тут таксама маю ўжо каля 300 марак даўгоў -- такіх ня мела ніколі ў жыцьці. Паёк тут для адзіночак зусім галодны, горшы, як у вас. Нездарма Ільляшэвіч пісаў мне, што часта прыходзіцца галодным быць. Ён таксама часта галадае, хоць мае яшчэ магчымасьць перакусваць з вучнямі пры гімназіі. Але й гэта замала. Мы зь ім ня ўмеем устройвацца.
Ёсьць у мяне, зразумела, тут і плюсы. Вось маю ўжо нейкі самастойны катух. Маю працу -- набіваю розныя матрыцы. Вось і часапіс набіла, хоць, можа, і кепскавата -- розныя хваляваньні перашкаджалі. Усё-ж Ільляшэвічу некаторая разгрузка... Але ён усяроўна працуе за дзесяцярых і начамі ня сьпіць...
Стала я і актыўнай антыкрывічкай і артыкулы супраць іх пісала. Вызначылі мяне ў акруговую выбарчую камісію, але крывічы (яны ёсьць яшчэ тут) далі мне, здаецца, адвод... Але -- усяроўна!..
На мінулым тыдні ў гэты вечар мы сядзелі вось тут, у гэтым маім катушку, разам зь Ільляшэвічам і гутарылі, гутарылі бясконца. Тады быў нейкі разрывак з працай, у яго быў таксама асаблівы настрой, і мы правялі зь ім разам некалькі дзён і вечароў, сядзелі, зашыўшыся, як мышы ў нары, плюючы на ўсё на сьвеце.... Гэтак было ад чацьвярга да нядзелі... Тады было цудоўна. Цяпер мы бачымся ўрыўкамі. Ён страшэнна сумны...
Першы час, як я прыехала, усё было інакш. Я прыехала таму, што ён гэтага захацеў. Ён запрапанаваў мне прыехаць сюды, спачатку матывуючы гэта грамадскімі матывамі... Пасьля, на Новы Год, ён напісаў мне ліст, якога не хацеў быў адсылаць, але пасьля адаслаў. „Вольга, -- пісаў ён,-- Вы (мне так хочацца сказаць „Ты”!) адзіная душа ў мяне тут, на чужыне, якая мяне разумее і спачувае. Ах, калі-б Вы прыехалі!.. Калі-б Вы прыехалі!..”.
Я прыехала -- спачатку ня ведаючы, што застануся тут, Ільляшэвіча ня было -- ён паехаў на паховіны аднаго беларуса, які загінуў трагічна. Я нікога ня ведала ў лягеры. Мяне вельмі цёпла сустрэў камандант, які фактычна зьяўляецца сябрам Хведара. Ён прывёў мяне да Ільляшэвіча на кватэру -- побач зь ім жыве жонка дзядзькі Шылы (дзядзька Шыла доўгі час моцна хворы). Камандант запрапанаваў Шылавай адчыніць пакой Ільляшэвіча і ўстроіць мяне там -- там былі, між іншага, два ложкі. Я разгубілася, а Шылава запратэставала ды запрапанавала спыніцца ў яе. Я так і зрабіла... Я толькі, нягледзячы на стому з дарогі, прывяла ў парадак ягоны пакой, які меў жахлівы выгляд...
Пасьля адбылося спатканьне... У першы-ж вечар ён сказаў мне: „Вы, Вольга, маглі-б быць тут, у мяне, але што скажуць людзі... А, зрэшты, пляваць на людзей... Але я мушу быць вольны... Я ня ведаю сам...”.
Аднак, фактычна, той час мы былі ўсё роўна што разам -- гэта было праз тоненькую перагародачку, побач. І я наводзіла ў яго парадкі, паліла ў печы, гатавала есьці -- мы елі разам, раніцой будзіла яго на лекцыі, грэла гарбату. Мне здаецца, што ў той час ягонае жыцьцё было крыху больш упарадкаваным й лягчэйшым...
Усё вельмі цяжка расказаць. Толькі тут, паколькі ў некаторых адносінах ён рабіў для мяне шмат, і паўстала небясьпека, што я, новая, чужынка тут, буду мець нейкае „ўзвышанае” становішча, якое хацелі манапольна захаваць за сабой толькі некаторыя іншыя, паўстала дробная зайздрасьць, пачаліся розныя плёткі, намовы і г. д. Плёткі, праўда, маглі быць і бяз гэтага, але гэта былі адмысловыя плёткі, з пэўным разьлікам. Мая гаспадыня была зацікаўлена ў тым, каб падшукаць мне іншы прытулак. Маглі ў яе быць і іншыя меркаваньні, аб якіх тут таксама шмат пляткарылі, але я ня хочу іх паўтараць.
І вось і я вырашыла перабрацца на іншую кватэру. Хведар і я, абое мы былі сумныя і нэрвовыя. Гаспадыня амаль увесь час была ня дома. Ільляшэвіч штохвіліны забягаў да мяне, а то спыняўся чагось у нерашучасьці каля дзьвярэй. Ён сказаў яшчэ раз: „Вольга, сумна і цяжка быць аднаму...”. Бачачы ягоны страх перад абмовай, змаганьне з сабой, я перабралася не да яго. Тады ён выкінуў з свайго пакою другі ложак... У той-жа дзень...
І вось я не дапамагаю яму больш. Ён баіцца абмовы. А змаганьне ў ім усё яшчэ йдзе. Сам сказаў аб гэтым. Ён ня ўмее хлусіць. Але цяпер стараецца сябе паказаць да мяне горш, чым ёсьць. Раз я сказала яму -- людзі думаюць, ён да мяне кепскі. Ён нават узрадаваўся і сказаў: „Гэтак лепш”. Абы яны ня думалі іншага.
Часам-жа, наадварот, бывае празь меру добры...
Гавару я зусім аб’ектыўна -- Ільляшэвіч чалавек выключны. Нязвычайна здольны, мнагагранны, вельмі глыбокая і складаная натура... Пра такіх я толькі ў кнігах чытала й ня ведала, што пабачу такога ў жыцьці. А вось пабачыла й пазнала нават больш, чым іншыя, бо іншыя, нават найлепшыя ягоныя сябры, ня ведаюць тых бакоў ягонага жыцьця і ягонае душы, якія ведаю я. Бо ён, хоць і шчыры вельмі, але і скрытны разам у некаторых дачыненьнях. Толькі, можа, гэта задорага будзе мне гэта каштаваць...
Мая адданнасьць цешыла Ільляшэвіча, бо ніхто ня быў тут яму адданы, ніхто яму не спачуваў, не разумеў. Ён мне неяк сказаў: „У сваім жыцьці я чуў замала цёплых словаў. Я іх патрабую -- адчуваю гэта часам балюча”. Але часам ён толькі дэнэрвуецца празь мяне, і я раблю яму ня лепш, а горш. Маёй сужыхарцы былой сказаў ён аднойчы (дый ня раз гэта было): „Вольга мяне здэзарганізавала, дзьве начы ня спаў... Яшчэ адна такая ноч -- і я звалюся”. Ён быў крыху шчыры зь дзьвума асобамі тут, якія жылі са мною разам. Абедзьве падвялі, як найгорш. Цяпер ён і найлепшым гаворыць адваротнае...
Увогуле ўсё страшэнна заблыталася, ускладнілася. Я цяпер сама ня спала некалькі начэй. Пачуваюся хворай. Таму мо’ ня ведаю сама, што пішу Вам. Неяк ня так зьбіралася я напісаць.
Ускладненая сытуацыя была ўжо і тады, калі я ехала па рэчы. Я спытала ў Ільляшэвіча па-шчырасьці: „Можа, лепш мне ня прыязджаць больш? Я-ж магу, і будучы „ДП”, жыць недзе на прыватцы...”. І вось быў адказ: „Адзіная просьба -- прыехаць найхутчэй”. Я просьбу выканала... А можа, гэта была вельмі грубая памылка?
Толькі часамі бывае добра, калі, забыўшыся пра ўсё на сьвеце, мы гадзінамі гутарым „по душам”, часамі нават пры замкнёных дзьвярах. Тады ён іншы раз гаворыць: „Вольга, мяшчанства-ж тут скрозь, фактычна... Толькі ты ды я... Двое нас тут толькі... І яшчэ недзе там -- Віцьбіч, на якога ўся мая надзея...”.
Я тут больш самотная, чым у Ляцінгене нават. Ніякіх добрых знаёмых, як у Міхельсдорфе, у мяне няма. Няма куды й пайсьці, няма з кім пагутарыць. У сьвята ніхто нікуды не запросіць, сяджу адна „ў сваёй бярлозе”, як кажа Хведар, і толькі чакаю: а можа прыйдзе ён, адгуляўшы сьвята ў іншых... Часамі прыходзіць... „...”
Хутка прышлю Вам нешта з прозы, толькі ня знаю, ці пасьпее ў наступны нумар. У мяне ёсьць адна няскончаная новая рэч, я хацела нават падагнаць яе ў „Шляхам Жыцьця”, але Ільляшэвіч сказаў мне: „Пашлеце, Вольга, у „Шыпшыну”, гэта-ж і я нічога не паслаў, калі не маё, дык хай ваша будзе”. Я яму паабяцала ды за рознымі справамі ўсё яшчэ ня скончыла. А раней я меркавала ў „Шыпшыну” іншае падрыхтаваць.
21 сакавіка 1948 году
Атрымаўся міжвольна перапынак у лісьце. Была ў нас зь Ільляшэвічам праца на дзень і ноч. Учора к вечару скончылі. Я была ледзьве жывая, але тым ня менш мы зноў правялі зь Ільляшэвічам цудоўны вечар у бясконцых гутарках, у якіх і Вас добрым словам паміналі... Найлепшае ў жыцьці, калі можна так шчыра і па-сяброўску гаварыць з чалавекам, які мае глыбокую душу...
Я неяк недарэчна пачала ліст, мусіць, таму, што мела дрэнны настрой. Увогуле, усё напісала ня так, як трэба, але ўсяроўна -- пашлю. Толькі прашу Вас, як будзеце пісаць Ільляшэвічу, пішэце, як заўсёды. Я заўважыла, што яму нават прыемна, калі Вы што-небудзь успамінаеце пра мяне, ён тады з такой сьветлай усьмешкай дакладвае аб гэтым, але мая шчырасьць з Вамі была-б яму няпрыемная.
Як узор маёй працы па набіўцы матрыц, Вы атрымаеце скаўцкі бюлетэнь штандару „Гарц”, высланы Вам учора.
Шчырае прывітаньне Вашай сям’і.
З найшчырэйшымі пажаданьнямі і пашанай да Вас
Вольга Таполя.
1 красавіка 1948,
Ватэнштэт
Дарагі й шаноўны Юры Аляксандравіч!
Пасылаю Вам свой новы твор. Я прысьвяціла яго Ільляшэвічу. Ён заслужыў гэтага. Мне хацелася напісаць інакш, але інакш нельга было... Мне вельмі, вельмі сумна. Ільляшэвіч цяпер хворы. Ён ляжыць у сябе ў пакоі, і яму вельмі кепска. Учора было крышку лепей, ён прачытаў мой твор і неяк усьцешыўся, а сёньня ізноў горай. У яго хворыя лёгкія й сэрца. Я за яго страшэнна баюся, бо яго брат памёр ад сухотаў...
Учора цэлы дзень ляжаў галодны. Я занесла яму тое-сёе, зварыла заціркі, а сама нічога ня ела, бо ў нас зь ім няма нічога... Але гэта ўсё было нішто для хворага... Я дамовілася з камандантам, каб Хведару далі, хоць часова дадатковыя харчы, і камандант зрабіў гэта... Сёньня ён атрымае. Але яму дрэнна, у яго жахлівы настрой. Кепска ў яго цяпер з нэрвамі таксама. Апошнія дні ён піў, і гэта вельмі пагоршыла ягоны стан. Яму цяпер ня можна піць...
Яму цяжка. Сапраўдных сяброў у яго тут няма. Камандант толькі крыху сябра, дый той сёньня выехаў... Хведар страшэнна, жахліва самотны... Вакол толькі дробная, нізкая зайздрасьць, розныя інтрыгі.
Калі яму кепска цяпер, шмат хто цешыцца... І я не заўсёды магу яму дапамагчы з-за розных складанасьцяў. Становішча такое, што звар’яцець можна. Ах, калі-б Вы былі недзе бліжэй, дарагі Юры Аляксандравіч!
Я страшэнна баюся за Хведара. Вы напішаце яму, ці-ж ня праўда? Вы напішыце, што даведаліся ад мяне аб ягонай хваробе, але наконт нэрваў і выпіўкі ня трэба пісаць, а то яму будзе яшчэ цяжэй... Гэта між намі. Вы-ж залаты чалавек, Юры Аляксандравіч, Вам-жа ўсё можна сказаць, Вы-ж не асудзіце яго, як іншыя. А іншыя, якія яго асуджаюць, самі ў сто разоў горш...
Усяго найлепшага, Юры Аляксандравіч. Моцна, моцна цісну Вашу руку. Шчырае прывітаньне Вшай сям’і.
З глыбокй пашанай да вас
Ваша Вольга Таполя.
* * *
Табе, адзінаму і незраўнанаму,
І песьня, і жыцьцё, і ў рукі твае -- лёс!
Ты сэрца мне зрабіў крывавай ранаю,
І вочы празь цябе лілі азёры сьлёз...
Пакуты жудкія і крыўды нявымерныя,
Раней нязнаныя, зазнала празь цябе,
Ты мучыш зьдзекамі і недаверамі.
І я зусім не пазнаю сябе...
Ды -- хай ня вынесу, няхай звар’юю я,
Няхай пакутамі ты мне скрышыў душу, --
Усё, як ёсьць, усё табе дарую я,
На ўсё пяшчотнасьцю бязьмежнай адкажу!
Бо ў тваіх вачох пад маскаю халоднасьці
Я бачыла жывы неапісальны боль,
Бо ў тваіх вачох, чужых мне, столькі роднасьці,
Што я жыву табой, адным, адным табой!
Бо да мяне аднэй такі несправядлівы ты,
Бо ты -- цудоўнейшы, найлепшы між людзей,
Табою, як нікім, пакутаў кубкі выпіты,
Дарога -- цяжкая, і лёс твой -- ліхадзей...
І, можа, я адна спагадаю гарачаю --
Сярод халодных, абыякавых, чарствых --
Паўна к табе. Ды толькі ня зьіначу я
Твайго жыцьця і сумных дзён тваіх!..
* * *
Да цябе, як бывала, прыйсьці не магу я,
Як раней, пераведаць цябе не магу,
Не скажу табе больш, як жахліва сумую,
Па табе н’ат у вершы ня выльлю тугу.
Бо з табой адышла мая верная муза,
Хай пішу, ды ня так, як бывала пішу,
Бо абломкі мінулага роспачы грузам,
Стопудовым каменьнем ляглі на душу...
Ды няхай адышоў ты, бязьмежна мне любы,
Хай жыву безь цябе, ды жыву я табой,
Зь ціхім стогнам тулю перасохлыя губы
Да прадметаў, крананых тваёю рукой...
* * *
А як ноч распрастрэ свае цёмныя крылы
І як імі ў зьнямозе атуліць зямлю,
Сумным ценем брыду пад вакно к табе, мілы,
Бо шалёна, нясьцерпна, жахліва люблю!
На грудзёх сашчапіўшы самлелыя пальцы,
Нібы здань, ў сінім мроку вясновым адна,
Доўга, доўга бражу нясуцешным скітальцам
Дзесь паблізу твайго вакна.
І калі у прагненьні маім мне ўдасца
Там забачыць на міг хоць-бы твой сілуэт, --
Задрыжу, нібы ліст, ашалею ад шчасьця,
О, цудоўны, адзіна-каханы паэт!
У пакоі тваім мая лямпка сьвіціцца,
Зіхаціць, разьлівае навокл сьвятло.
І здаецца мне -- ў лямпцы люстрыцца, іскрыцца
Усё тое, што ў сэрцах гарэла агнём.
Гэту лямпачку я табе ўпотай прыслала,
Як сядзеў ты у змроку панур, адзінок,
Каб яна табе сьветам каханьня зазьзяла,
Каб сагрэла цяплом твой куток...
* * *
Ды былі надарэмны мае ўсе стараньні, --
У шалёнай, упартай з сабой барацьбе
Ты адрынуў, пракляў на’т маё ты каханьне,
І яно ўжо ня грэе, ня сьвеціць табе!..
І таму мая лямпка гарыць так маркотна
Ў кволым змроку празрыстай вясновай начы,
І сядзіш ты пануры, жахліва самотны,
Ды цяпер мне самоты тваёй не змагчы!
Хай ад мукі пякельнай раскрышыцца сэрца,
Хай звар’юю ці вечна хай буду тужыць, --
Як другія, ня маю на’т права памерці
І, бязь сіл да жыцьця, мушу жыць...[19]
Іхнія сьцежкі разышліся ў ліпені 1948 году.
[Ліст не датаваны]
Хведар, родны, найлепшы!
Ітак -- скончана... Мы нават не сябры, сказалі Вы...
Які шалёны боль... Нічога няма, апроч гэтага болю...
Дык я іду, Хведар... Іду туды... Заўтра, а дзясятай гадзіне раніцой еду ў Браўншвайг, а там... Што-б ні чакала мяне. Я выканаю свой намер. Бывайце! Бывайце, родны, незраўнаны!.. Шчасьце маё, бывайце! Маё сэрца разрываецца ад болю... Шануйце сябе!.. Я-б ня выконвала гэтага намеру цяпер... Мой адзіны шлях -- туды. „...” Я ня ведаю, як лепш... Не для мяне, як лепш, а наогул... Я сказала: выканаю любы загад Ваш! Можа, лепш чакаць тут? Але Вы -- адыходзіце!.. Калі-б гэтага ня было, я чакала-б, бо я ня маю сілы Вас пакінуць... І ня ведаю, як сапраўды лепш... Але я шчырая, і вось я даводжу сваю шчырасьць. Гэта больш, чым цаною жыцьця, бо ісьці ад Вас -- горш, чым памерці.
Але Вы адышлі ад мяне, сказалі: „Бывайце назаўсёды!”. Пэўна, я сама вінавата... Не, зразумела, ня Вы!.. Вы -- найлепшы, Вы -- цудоўны, добры... Толькі я ня мела права кранаць некаторых рэчаў... Бо Вы ня маеце падстаў мне верыць... А калі атрымаеце іх, дык будзе запозна... Бо мяне ня будзе тут...
Хведар, я дзякую Вам за ўсё, за ўсё... Калі я буду паміраць, дык апошнім маім словам будзе Ваша імя... Родны, цудоўны!.. Я шчырая... Я вельмі шчырая... Вы больш ніколі нідзе не спаткаеце такой шчырасьці, такой самаадданасьці, такой гарачай, глыбокай прывязанасьці, як у мяне да Вас. Ніколі! Даруйце, родны, што я прычыніла Вам боль... Вам, найлепшаму сярод людзей... Я не хацела!.. Я сама замучылася зусім... Я зрабілася ледзь не вар’яткай... І я так баюся за Вас!..
Пасьля той апошняй выпіўкі ўдваіх было палягчэла, бо мы рассталіся добра, Вы абяцалі прыйсьці... І мне зрабілася неяк лёгка, хацелася быць вясёлай, хацелася сьмяяцца, забыць усё цяжкае... Але, калі пры сустрэчы я цёпла ўсьміхнулася Вам, а Вы не адказалі на ўсьмешку, я зразумела, што ня будзе добрага...
Хведар, я хацела быць Вам найлепшым, найшчырэйшым, найадданейшым сябрам... Я люблю Вас больш, чым можна любіць... Вы для мяне даражэй жыцьця... Я ня вораг, о, не!.. Я ня чужая, Хведар, не!.. Чаму не адчуваеце Вы маёй шчырасьці?.. Я шчырая!.. Я не магла ўстрымацца, каб не гаварыць з Вамі шчыра!.. Бо з кім-жа, з кім?.. Вы -- над усімі і над усім!..
У апошніх размовах я не казала, што цяпер выканаю свой намер. „...” Цяпер-жа, калі Вы адышлі ад мяне, калі я ўбачыла Вашы сумненьні, правільней, адчула іх, я вырашыла безадкладна пайсьці на рашучы крок і зваротам туды выкупіць свае памылкі, свае грахі, аб якіх я казала Вам... Намер гэты быў і раней, стаяла, аднак, пытаньне аб часе зьдзяйсьненьня і спосабе зьдзяйсьненьня... Цяпер -- вызначана... Заўтра, а дзясятай гадзіне -- адсюль, а далей будзе відаць... Далей пакіруюць іншыя. „...”
Помніце -- ніхто ня будзе Вас любіць, як я!.. Я не магу бяз Вас!.. Вы -- маё жыцьцё!.. Мне было-б лягчэй памерці. Але я ня скончу самагубствам. Я пайду туды. Я ня чужая, толькі слабая... Аднак сабрала ўсе сілы і -- іду... Я ўкладаю сюды запіску аб самагубстве. Гэта толькі, каб Вы маглі паказаць Каўшу... „...”
Шануйце сябе! Цалую рукі Вашы.
Ваша Вольга.
13 ліпеня 1948 году
Дарагі й шаноўны Спадар Віцьбіч!
Мусіць, цяпер я ня маю ўжо права называць Вас так... Вы мяне асудзіце страшэнна.
Не магу ўстрымацца, каб не напісаць Вам гэтых апошніх радкоў. Бо нягледзячы на тое, што мы з Вамі -- людзі розных шляхоў і розных перакананьняў, але самыя сьветлыя ўспаміны аб Вас будуць жыць ува мне да апошніх хвілін майго жыцьця...
Я іду шляхам Тодара Лебяды. Гэта ўжо зроблена, і павароту няма. Можа, гэта вар’яцтва, пэўна, аддаю сябе на турму, на пакуты, але гэта зроблена шчыра... Як загіну, дык з чыстым сумленьнем, бо шляхам доўгіх ваганьняў прышла я да аднаго перакананьня... Аднойчы я сказала аб гэтым шчыра і вось цяпер даводжу шчырасьць...
Мне бясконца цяжка й сумна, мне цяжка да чорнага жаху вар’яцтва, хвілінамі думкі мяшаюцца ў галаве. Я пакідаю Хведара, які стаў для мяне даражэйшым за жыцьцё... „...”
Юры Аляксандравіч, бывайце!!! Ня судзіце... Ці -- судзіце, як знаеце... Скажыце калі-небудзь Хведару, што маім апошнім словам, апошнім брэдам будзе ягонае імя... Бо я, мусіць, ня вытрымаю, мае нэрвы зусім хворыя.
Юры Аляксандравіч, слаўны, харошы, падтрымайце яго!.. Бо яму цяпер цяжка і сумна... Ён самотны цяпер...
Бывайце!!! Вольга Таполя.
Апошні акорд у гэтай гісторыі -- ліст Хведара Ільляшэвіча да Юркі Віцьбіча.
17 ліпеня 1948 году
Глыбокапаважаны Спадар Віцьбіч!
Ліст Ваш атрымаў. У найбліжэйшым часе вышлю свае творы ў №8 „Шыпшыны”. Тое-сёе маю.
Мушу Вас з прыкрасьцю паведаміць, што Вольга Таполя выехала „на радзіму”. Гэта наагул нейкая надламаная істота. Яна дабівалася майго каханьня, прычым мне нарабіла шмат прыкрасьцяў сваім гістэрычным і незраўнаважаным захаваньнем. Ніякія нагаворы і пераконваньні не памаглі... Я пераканаўся аканчальна, што яна з нашым нацыянальна-вызвольным рухам анічым ня зьвязана, а на літаратурны гарызонт выплыла прыпадкова. Ня ведаю, ці аб сваім намеры яна паведаміла Вас? Агідна і прыкра, што сярод „Беларусі дзяцей” такія ёсьць сьлімазарныя істоты. Але аб гэтым больш і пісаць ня хочу.
Што чуваць у Вас?
Я цэлы тыдзень хварэў, цяпер толькі ўстаў на ногі, пачну працаваць і працаваць, каб надрабіць страчаны час.
Прыкра ўсё-ж з гэтай Таполяй. Ёй зрабілі столькі дабра, так стараліся дапамагчы, а яна замест працаваць (усе варункі для гэтага яна мела)... Зрэштай, яна сама выразна заявіла, што яе шлях -- туды. Аб Дубоўку, Пушчы і іншых яна раз сказала, што яна іх ненавідзіць. І наагул -- паскудства! Я нават і задаволены, што мы пазбавіліся такога барахла або і варожага элемэнту. Пойдзем далей сваёй дарогай!
Пішыце, хоць коратка. З пашанай
Хведар Ільляшэвіч.
Для цікавасьці -- ліст Таполі.
Летам 1948 году Вольга Таполя выехала. А ў лістападзе таго самага 1948 загінуў Хведар Ільляшэвіч. Ці было тое звычайнай дарожнай катастрофай ці дывэрсыяй з боку савецкіх агентаў, якія займаліся дэпартацыяй „перамешчаных асобаў” у СССР, пра што хадзілі чуткі, няведама. Камандант лягеру Ватэнштэт Сьвятаслаў Коўш быў вымушаны надрукаваць „Адкрыты ліст да Беларускае грамадскасьці”, адкідаючы папрокі й падазрэньні ў гвалтоўнай сьмерці Ільляшэвіча.
Ішлі гады. Імя Хведара Ільляшэвіча не забылася. Ня была забытая і спадчына паэта. Спраўдзіліся думкі Ільляшэвіча: адным з тых, хто дбаў пра захаваньне ягонага імя й твораў, стаўся Юрка Віцьбіч. „Увогуле, мы, беларусы, часам (ды ня толькі часам) сьмяемся тады, калі на душы зусім ня сьмешна, -- пісаў ён да Ўладзімера Дудзіцкага ў лісце ад 12 красавіка 1949 году. -- Той страфой Ільляшэвіча, якую я Вам паслаў у мінулым лісьце, канчаецца ягоны верш „Жонцы” -- цяжка знайсьці што-небудзь больш сумнае, чым гэты верш за вылучэньнем апошняе страфы. У мяне цяпер архіў Ільляшэвіча, і гэтая дваістасьць уласьціва ўсім ягоным апошнім вершам. Яна ўласьцівая ня толькі яму. Гэта наша нацыянальная рыса. Успамінаецца „Чаму-ж мне ня пець”. Звычайна розныя ардэнаносныя лаўрэаткі выконвалі яе як нешта мажорнае, жартаўлівае. Толькі тут, на эміграцыі, ад аднае таленавітае сьпявачкі[20] я пачуў аднойчы гэтую песьню па-сапраўднаму -- як стогн народу”.
І потым -- у артыкуле:
„ЗША. Саўт-Рывэр. 1953 год. Жменька ўжо крыху пажоўклых лістоў -- вершы, апавяданьні, маленькі сшытак у чорнай вокладцы -- гэта ўсё рэчавае, матэрыяльнае, што засталося ў мяне ад Хведара Ільляшэвіча. Пяшчотна пераглядаю лісты й не заўважаю ў іх аніякіх скаргаў на асабістае. Але затое кідаецца ў вочы:
„Будзьце ласкавы, напішэце аднаму хвораму беларусу. Ён прыслаў мне аповесьць, я яе выпраўляю (грунтоўна), выйдзе, магчыма, нядрэнная рэч”.
У іншым лісьце чытаю:
„Я пасылаю Вам ноты беларускага вальсу „Успаміны”, які напісаў адзін малады наш кампазытар. Я горача прашу Вас перадаць гэтыя ноты для спадара Шчаглова, каб ён распрацаваў аранжыроўку”.
І гэтак скрозь. Усё аб суродзічах і пасьля гэтага крыху між іншым аб сабе. Але-ж гэта лісты, а ня вершы, дзе бяз сумніву мае адбіцца асабістае. Я бяру гэты маленькі чорны сшытак. Ён складаецца з пачатых, але ня скончаных вершаў. І яны ніколі ня будуць скончаныя. Таму асьцярожна перагортваю кволыя старонкі. І раптам пераконваюся, што гэты сшытак, магчыма, зусім невыпадкова чорны. У ім столькі суму. Вось верш „Жонцы”, які канчаецца радком „Дзе ты, сяброўка мая?”. Можа, ніхто гэтак не сумаваў па сваёй сям’і, як Хведар Ільляшэвіч, застаючыся толькі сам-насам з чорным сшыткам. І як спалучыць творчасьць з чорнага сшытку з заўсёды жыцьцярадасным, энэргічным Хведарам Ільляшэвічам. Можа ў ім знайшлі адбітак толькі вузка асабістыя перажываньні, на якія ня мае права жаўнер, што змагаецца за Незалежнасьць свае Бацькаўшчыны? А можа часам сваё асабістае гора здаецца маленькім і ня вартым агульнае ўвагі ў параўнаньні зь бязьмежна вялізарным горам свайго Народу, за шчасьце якога трэба змагацца? Так! Толькі так! -- адказвае паэта ў сваім няскончаным вершы”.[21]
Пасьля сьмерці Ільляшэвіча частка ягонае паэтычнае спадчыны была надрукаваная ў часапісах і газэтах. У 1948 годзе ў лягеры Ватэнштэт быў выдадзены зборнік апавяданьняў пад псэўданімам Сьвятаслаў Залужны (так Ільляшэвіч падпісваў празаічныя творы). Вялікую працу ў пошуках і зьбіраньні спадчыны паэта ўзяў на сябе Юрка Жывіца, што выпусьціў двума выданьнямі ў Нямеччыне збор твораў Ільляшэвіча „Недапетая Песьня”, які ўвабраў вершы са зборнікаў даваеннага часу, працы пра друкарню Мамонічаў і Ядвігіна Ш., артыкулы й вершы часоў эміграцыі. Большая частка архіва знаходзіцца зараз у Нямеччыне. Але...
Чорная кніжыца зь вершамі й занатоўкамі паэта... Я гартаю яе пажоўклыя старонкі -- старонкі таго самага чорнага сшытку, пра які пісаў Віцьбіч і які цяпер, праз гады, выпадкова знойдзены мною між рукапісных лістоў і газэтных выразак у архіве Юркі Віцьбіча. Амаль кожны верш перакрэсьлены: аўтарам? ці тым, хто пазьней зьбіраўся друкаваць? Зьбіраўся ці ўсё-ж надрукаваў?..
Чорны сшытак -- гэта нататнік памерам 16,5 на 10,5 см, чорная з матэрыі пацёртая вокладка, 37 пажоўклых аркушаў у клетку.
Толькі самае асабістае з апошніх гадоў жыцьця Хведара Ільляшэвіча знайшло адбітак на старонках гэтай кніжачкі: нічога няма тут ні пра зьезды, ні пра выдавецкую дзейнасьць; лягерныя спрэчкі таксама абмінулі яе. Аднак пра душэўны стан паэта, пра ягоны ўнутраны сьвет, пра галоўнае, што займала ягоныя думкі й сэрца, і пра творчую лябараторыю паэта гэты маленькі нататнік гаворыць больш за многія лісты і ўспаміны сучасьнікаў.
Калі гартаеш старонкі чорнага сшытку, то міжволі прыгадваюцца ўжо цытаваныя словы Юркі Віцьбіча, што Ільляшэвіч заўсёды старанна хаваў свой сум і тугу, бо „можа часам сваё асабістае гора здаецца маленькім і ня вартым агульнае ўвагі ў параўнаньні зь бязьмежна вялізарным горам свайго Народу”. У гэтым, гранічна асабістым сшытку, няма ні аднаго радка, напісанага ад першай асобы. Толькі ў вершах аўтарскае „Я” адкрыта, бо ў паэзіі аўтарскае „Я” звычна ўспрымаецца, як „Я” лірычнага героя. Лірычным героем аўтар як-бы прыкрывае боль сваёй душы. Ва ўсіх іншых запісах Ільляшэвіч нібы староньні назіральнік, дакладней сказаць, пісьменьнік, для якога й вонкавыя зьявы і ўнутраныя аднолькава пераплаўляюцца ў новы, нікім яшчэ ня бачаны сьвет новага твору. Чорны сшытак -- гэта быццам накід аповесьці ці рамана, зроблены пісьменьнікам, які выключна валодае самымі авангарднымі прыёмамі, у тым ліку „плыньню сьвядомасьці”, кінематаграфічным мантажом, зьмяшчэньнем вобразу і г. д.
Герой чорнай кніжыцы -- чалавек вельмі адчувальны, інтэлігентны. Ён глыбока адчувае музыку, фарбы, ён увесь адкрыты да ўспрыманьня вобразнай таямніцы сусьвету. Здаецца нават, што больш за ўсё ён заклапочаны імкненьнем знайсьці свае, адзіныя й непаўторныя вобразныя эквіваленты таму, што адкрывае яго пачуцьцям навакольны сьвет. Ён прыслухоўваецца да гукаў слоў, углядаецца ў дакладнасьць узьнікшага вобразу, нібы ўзважвае яго на нейкіх паэтычных шалях. „Раптам, з-за загібу выскачыла сьвятло і белай мышкай бегла па рэйках”. „Самаходы праносяцца... уражаньне сільнага парыву ветру, які пралятае з канца ў канец вуліцы”. „Семафор у змроку, як расьпяцьце...”. І разам з тым душэўны стан героя поўны тугі й надлому. Галоўны колер ягонага сьвету -- шэры, цёмны. Туман, дым, імгла... „Туманна й пуста на вуліцах. Ён пайшоў у туман, у няведамае”. „Сьветла-шэры туман. Быццам у мора адплылі дамы. Усё патанула ў шэрай імгле”. „Дахі дамоў у шэрым змроку здаваліся грэбнем шырокай хвалі, ападаючай у цёмнае поле (над цёмнай зямлёй)”. І толькі дзе-нідзе агеньчыкі, але й тыя не даюць ані радасьці, ані надзеі. „Шэрая імгла. І ў ёй расплыліся вочкі затануўшых дамоў, быццам зоркі ўпалі ў шэрае возера і сьвецяцца з мутнага дна”. „Здаецца, нейкая пячора, а ў ёй прабіты ваконцы (жоўтыя), як скіты”. І музыка нараджае ў ім вобразы суму, тугі й роспачы: „Клявішы жаласьліва загучэлі”. „Гукі высока падымаліся, а пасьля падалі абрывам, быццам санкі валіліся ў сьнег з гары і абдавала халодным сьнегам”. Гэтыя гукі й фарбы -- знакі адзіноты.
Адсюль і такое вострае ўспрыманьне дамоў, вокнаў, прыкметаў сямейнага жыцьця.
Многа яшчэ апавядае чорная кніжыца аб душэўным стане паэта -- героя незакончанага рамана, прасякнутага трагедыяй тонкай мастацкай натуры й няспыннай працай творчага духу. Угледзьцеся ў зрокавыя вобразы, пачуйце музыку слоў, учытайцеся ў радкі вершаў. Наўрад ці знойдзецца яшчэ твор, дзе працэс тварэньня так аголены. Вершы ў момант іх нараджэньня... Потым іх прыгладзяць, падчысьцяць і толькі тады аддадуць чытачом і крытыкам. А зараз яны яшчэ дыхаюць жывым цяплом.
Друкуецца кніжка запісаў Хведара Ільляшэвіча, друкуецца так, як было, -- бяз выпраўленьняў, пропускаў і ўставак. Апошні рукапіс паэта, пакінуты ім -- мо’ ў спадзяваньні, што ягонае слова ўсё-ж адгукнецца.
1 М.С. Хвёдар Ільляшэвіч.--”Беларускае Слова”, 17 сьнежаня 1948 г.
2 Міхась Стасюк. Штандар „Гарц”.
3 Анатоль Дэмус. „Украінське Слово”, 12 грудня 1948 г.
4 З успамінаў Раісы Жук-Грышкевіч, дасланых Барысу Рагулю, аўтару кнігі „Беларускае студэнцтва на Чужыне”, Лёндан (Канада) -- Нью-Ёрк, 1996, 206 б.
5 YMCA -- Young Men's Christian Association.
6 Архіў Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (Нью-Ёрк).
7 С. Коўш. Беларускі лягер у Ватэнштэт. Альбом. Гістарычная даведка. ЗША, 1981, б.102.
8 Архіў Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (Нью-Ёрк).
9 Леанід Галяк. Успаміны. Кн. 1, 2. ЗША, 1983.
10 А. Варлыга (Я. Гладкі).Чутае, бачанае, перажытае. Рукапіс (Архіў БІНіМа, Нью-Ёрк).
11 С. Коўш -- камэндант лягеру ў Ватэнштэце.
12 А. Варлыга (Я. Гладкі). Чутае, бачанае, перажытае.
13 „Беларускае слова”, 17 сьнежаня 1948 г.
14 А. Варлыга (Я. Гладкі). Чутае, бачанае, перажытае.
15 А. Варлыга (Я. Гладкі). Чутае, бачанае, перажытае.
16 Мянчанка, скончыла Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт, настаўнічала\ працавала ў Дзяржаўным Выдавецтве, была карэктарам, літпраўшчыкам. У часы нямецкай акупацыі жыла ў Менску, працавала ў рэдакцыях газэтаў і часапісаў.
17 Тут і далей публікуюцца лісты Ўладзімера Сядуры, Юркі Віцьбіча, Вольгі Таполі і Хведара Ільяшэвіча, што захоўваюцца ў Архіве Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (Нью-Ёрк).
18 Лісты Хв. Ільляшэвіча да Вольгі Таполі нарукаваны ў кнізе: Дадатак-дапаўненьне да кнігі „Недапетая песьня. Жыцьцё і літаратурная спадчына Хведара Ільляшэвіча”. Сабраў і апрацаваў Юры Жывіца. Выдавецтва Інстытута Беларусаведы, Ляймэн, 1987.
19 Верш Вольгі Таполі друкуецца згодна з арыгіналам, што захоўваецца ў архіве Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (Нью-Ёрк). Варыянт верша памылкова зьмешчаны складальнікам Ю. Жывіцам у зборніку твораў Хв. Ільляшэвіча (Дадатак-дапаўненьне да кнігі „Недапетая песьня”. Жыцьцё і літаратурная спадчына Хведара Ільляшэвіча, б. 15-16).
20 Лідзія Рыгораўна Янушкевіч.
21 Поўнасьцю артыкул Юркі Віцьбіча „Усё для лепшай долі нашай Беларусі” быў надрукаваны ў газэце „Беларуская трыбуна”, №3 (17), лістапад 1953 г. Тут падаецца згодна з рукапісам (Архіў Юркі Віцьбіча. Фундацыя імя Пётры Крэчэўскага. Нью-Ёрк).