|
З творчай спадчыны Хведара Ільяшэвіча
* * *
Я сягоньня расчуліўся неяк --
гэты вечар навеяў мне штось ..
Я ўспомніў, як ў бурах-завеях
раскідалі і мы маладосьць!
Нас жыцьцё таксама ня песьціла,
і ішлі мы праз хмурыя дні.
І гарэлі ў тумане -- дзесьці --
нашы мэты -- ясныя агні!
Мы хацелі над роднымі гонямі
запалаць, як палае зара,
мы хацелі гарэць паходнямі,
падымаць на змаганьне край!
І ня раз ланцугі зьвінелі,
на этапах сьцякала кроў,
маладосьці не крануўшы келіх,
мы ўставалі ў рады змагароў.
Цяпер сэрца ня гэтак буяніць,
і каменьнем гнятуць гады.
Ды я чуюся заўжды з вамі,
як тады, калі быў малады.
І калі я стаю ў клясе , --
проста сябра й настаўнік ваш,
мне робіцца сумна часам,
што і ў вас маладосьці нямаш.
Але ваш пагляд праменны,
вашых душ юнацкі парыў
мне заўсёды кажа: „Мы -- зьмена!
Мы такія самыя змагары!”.
Не шкадуйце-ж адцьвіўшых вёснаў,
ня схіляйце голаў ніц.
Пэўне, гэтакі выпаў лёс нам --
жыць у бурах навальніц!
Ня зьніжайце арлінага лёту
распрастаных магутных крыл!
У маланках і у грымотах
гартуйце моц сваіх сіл!
Жыцьцё здабывайце самі,
напралом ідзіце да ўзвышш!
Што не здабыта намі, --
напэўна, здабудзеце вы!
І хоць мы ідзем праз штормы,
і хоць гора -- наш штодзённы госьць,
зацьвіце ў Беларусі прасторах
заўтра новая маладосьць!
* * *
Усё часьцей я цябе ўспамінаю,
мой родны, мой мілы браце.
Ці і мне не пара ў выраі,
ў краі сьветлыя выбірацца.
Як жывы, устаеш ты часта --
і ў дажджлівай асеньняй вуліцы
капялюша крыло намоклае
і усьмешка нейкая сумная.
Мне цяпер яна так зразумелая,
я і сам усьміхаюся гэтак.
Можа мы былі нешчасьлівыя,
што сталіся інтэлігэнтамі.
Ўсё часьцей я цябе ўспамінаю,
мой родны, мой любы браце.
Ці ня знак гэта мне, што болей
я з табой не змагу спаткацца.
*
Толькі постаць твая ўсплывае,
твае сумныя ўсьмешкі, браце,
над жыцьцём...
* * *
Так... жыцьця нашы сьцежкі
праходзілі блізка зусім.
Твае сьветазарныя ўсьмешкі
ня згасьлі ў сэрцы маім.
Мне часта твой тварык прыветны
сьмяяўся зарніцай вясны.
Ды ў сьвеце хіба ўжо гэтак,
што шчасьце -- нязбыўныя сны
Запаў гэты вобраз прачысты
у душу той раньняй парой.
Тады ты была гімназісткай,
маленькай, прыгожай такой.
Быў я тады надта паважны,
а ты была толькі дзіця,
цяпер-жа ў другім пэрсанажы --
раблюся дзіцём часта я.
І зь нейкай трывожнай надзеяй,
як ловіць дзіця матыля,
ганюся за марай аднэй я --
сьмешны, наіўны я!
Нідзе не знайшоўшы спагады,
усьціску нейчых рук,
уночы, адзін, бязуладны,
брыду ў сваю кануру.
Заснуць мне ніяк не ўдаецца
ў бяздоннай, мёртвай цішы.
Доўга месяц халодны льлецца
стэарынавым воскам шыб.
І неяк ня хочацца верыць,
што гэты жарт -- няўпрыцям --
цэняць яго бязь меры,
даюць назоў жыцьця...
|