Уладзімер Клішэвіч або Вернікі і Неафіты
Часам сказаць „і нічога, апрача праўды”, -- ня проста патрабуе пэўных высілкаў, ня толькі складана, а недастаткова: што, калі пры выкрыцьці белых плямаў Індыю абвесьціш Амэрыкай? Якога колеру стануцца плямы?
Творчасьць эміграцыйных беларускіх пісьменьнікаў на Бацькаўшчыне сталася. Няведама, наколькі поўна яна знойдзе адбітак у гісторыях літаратуры (вымушаны ўжываць множны лік, бо, нягледзячы на адну літаратуру, маем сёньня некалькі гісторый літаратуры -- прыватных, школьных, акадэмічных, „паспалітых”). Але й тыя постаці і творы, што на вуснах і ў анталёгіях, -- такімі яны былі ці іх хочуць бачыць гэткімі?
Любоў да апалягэтызму -- класік адзіны, твор найлепшы, праца найбуйнейшая -- нагадвае жаданьне дзіцяці мець адну ляльку, „самую-самую”. Толькі там хвароба ўзросту. Але-ж ня веку?!
Тым ня менш, цыкль „Літаратура беларускага замежжа” ў часапісе „Роднае слова” за 1993 год вылучыў як самую трагічную постаць замежжа Уладзімера Клішэвіча.[1] (Чым вымяраецца трагічнасьць лёсу? Або геніяльнасьць? Якім мэханізмам?). І пакуль рэшта беларускіх пісьменьнікаў не расьцягнута на „самыя-самыя” на гэтым літаратурным конкурсе, варта сказаць колькі слоў пра Клішэвіча -- не ў абарону паэта, але й ня кінуць яшчэ адзін камень. (Як хораша, што ёсьць Біблія. Можна спаслацца на „мудрэйшага з мудрых” -- Эклезіяста, маўляў, такія былі часы: раней раскідалі, а цяпер зьбіраем. Маўляў, час такі).
Праблемы з разглядам жыцьцёвага шляху пісьменьнікаў замежжа пачынаюцца з 1941. Да гэтай даты стужка іхняга лёсу разгортваецца ў адпаведнасьці з жыцьцём Краіны: праца або навучаньне, арышты ці публічныя пакараньні „словам і дзелам” -- усё звыклае й таму для савецкага чалавека нармалёвае. Але з 1941... „Цяжка дый немагчыма зразумець, а тым больш апраўдаць тое, чаму замест таго, каб змагацца з акупантамі, ён пайшоў да іх служыць -- пачаў супрацоўнічаць у рэдакцыі „Газэты Случчыны””.[2]
Пытаньне вайны, праўды й самаабману занадта балючае для нашае Бацькаўшчыны, каб адшукаць толькі адно -- існае і простае -- вырашэньне. Аднак паспрабуем паглядзець на той час, на той сьвет (ці хутчэй -- пекла) іхнімі вачыма. Ці была для іх розьніца паміж Сталінам і Гітлерам? Першага паспыталі на ўласнай скуры, а другі быццам абяцае беларушчыну. Хто зь іх, тых, хто стаў супрацоўнічаць у імя Беларусі, хто зь іх быў ружовым лятуценьнікам?
Клішэвіч? Арыштаваны падчас навучаньня на чацьвёртым курсе Пэдагагічнага інстытуту й высланы -- спачатку ў Сібір, пазьней на Калыму. 14 жнівеня 1940 году Клішэвіча прывезьлі зноў у Менскую турму на новыя допыты. Ён сядзеў да 27 чэрвеня 1941, калі быў вызвалены з прыходам на Беларусь нямецкай арміі.
Віцьбіч? Гады цкаваньня і штохвілінны жах: даведаюцца пра паходжаньне! Краіна вымусіла адрачыся сына ад бацькі- сьвятара, зь Серафіма Шчарбакова стацца Юркам Віцьбічам.
Масей Сяднёў? Дзякуй Богу, зьбег з-пад канвою, а то ляжаць-бы яму ў Курапатах.
Антон Адамовіч? Пасьля высылкі?
Лявон Савёнак? Пасьля арышту?
Уладзімер Сядура, Пётра Сыч, Уладзімер Дудзіцкі, Алесь Змагар, Міхась Кавыль... Кожны зь іх паспытаў „клопат” Краіны, кожны адчуў яе пільны пагляд.
Як было застацца вернікам!? Савецкая ўлада зьнішчыла ўсякую надзею на самастойнасьць, незалежнасьць Беларусі, яе нацыянальнае разьвіцьцё. А ў памяці яшчэ жыло нядаўняе: 1918, нямецкая акупацыя, стварэньне БНР.[3] І толькі з часам прыйшло ўсьведамленьне: камуністы й фашысты -- адны адных вартыя. Так яно было, так яно сталася. Гэтак і мы павінны цьвяроза сказаць. І калі абвінавачваць у супрацоўніцтве з фашыстоўскім рэжымам тых, хто друкаваўся ў беларускіх газэтах падчас нямецкай акупацыі, тады трэба абвінаваціць і ўвесь Саюз Пісьменьнікаў БССР у супрацоўніцтве з камуністычным рэжымам.
Напэўна, каб ацэньваць людзей, выносіць прысуд іхнім учынкам, трэба ня толькі дамовіцца пра тэрміналёгію, але і ўбачыць сябе ў суадноснасьці з пэўнай сістэмай каардынат, дзе адна вось -- Час, другая -- Гісторыя, а на іх скрыжаваньні -- Беларусь і ты. Тады ўсё будзе вырашацца з матэматычнай чысьцінёй і непагрэшнасьцю.
Эміграцыя, якія-б прычыны яна ні мела, ня была, ды, пэўна, і ніколі ня будзе вызваленьнем ад сябе. Там, на родных палёх, -- тваё, вакол -- тваё, блізкае да болю. Тое, што давала моц, натхняла, супакойвала. Можа і праўда, што „талент Клішэвіча як паэта не паспеў па-сапраўднаму раскрыцца. На тое было шмат прычын, але адна з галоўнейшых -- адарванасць ад сваёй Радзімы, ад яе жыватворных крыніц”.[4] Але вось што пра „раскрытыя таленты” ў Краіне пісаў сам Клішэвіч (верш „Менская турма. 1937 г. 20-годзьдзе Кастрычніка”):
Пад дзікі крык нямых разлучын
Там Цішка Гартны быў замучан.
Таўклі чырвоным каты ботам
Алеся Звонака й Чарота.
Спаткаў таксама лёс свой чорны
За кратамі паэт Кляшторны.
Далёкі Ўсход, нямы і дзікі,
Закрыў зямлёй шкілет Хадыкі.
Як языком, зьмяла завея
Александровіча Андрэя.
Даносчык Кучар быў праворны:
Прапаў Зарэцкі, спасься Чорны.
За недагляд якога слова
Душыў забойца Маракова.
Жыцьцё турмы адведаў кожны:
Там быў Знаёмы і Дарожны.
Сярод нявольнікаў зямных
Прысеў Сымон Баранавых.
Калі ўжо секлі з-за пляча,
Прывалаклі й Галавача.
Прыйшлося й мне ў юнацкім ранку
Паспрабаваць „Амэрыканку”.
(„Далячынь”, б. 53-54)
У сапраўднасьці-ж талент Клішэвіча раскрываецца падчас вайны. У 1943 годзе ён выдае каляктыўны зборнік „Песьняры Случчыны”. „Не на апошнім месцы ў нашых случчакоў і Багдановічава-ж захапленьне „даўных форм красой” -- праца каля кананічных формаў вершу, рэдкае строфікі, спэцыфічных вершаваных формаў розных эўрапейскіх і неэўрапейскіх нацыянальных літаратураў, а таксама й пераклады з гэтых літаратураў. У гэтым дачыненьні першы, бязумоўна, Уладзімер Клішэвіч, гэты, можна сказаць, „Уладзімер ІВ” нашае вершаванае тэхнікі (пасьля трох папярэдніх Уладзімераў-жа -- Дубоўкі, Жылкі, Хадыкі), якога сюды асабліва цягне, можа якраз тая спустошанасьць, выдзьмутасьць „ветрам халоднай Сібіры”... У гэтыя-ж формы Клішэвіч намагаецца часам уліць і чыста-багдановіцкую філёзофію, глыбіню думкі, афарыстычнасьць... Той-жа Клішэвіч таксама спрабуе адліваць малюнкі прыроды ў клясычных, блізкіх і Багдановічу вобразах”.[5] Менавіта тады, у 1943, пачаў шлях Клішэвіч-паэта.
У 1944 Клішэвіч разам з тысячамі беларусаў апынуўся ў Нямеччыне, адкуль, ужо з лягераў ДП, трапляе ў ЗША. „Сябра „Шыпшыны” паэта Ўладзімер Клішэвіч жыве цяпер у Нью-Ёрку. Акрамя непасрэднае васьмігадзіннае працы, ён знаходзіць час для творчасьці і актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцьці. У сваім апошнім лісьце паэта падкрэсьлівае сваё цёплае пачуцьцё да роднага Згуртаваньня й выказвае гатовасьць зрабіць усё, ад яго залежнае, для шыпшынаўцаў”.[6] (Клішэвіч уваходзіў у беларускае літаратурнае згуртаваньне „Шыпшына” з самых першых дзён заснаваньня). Адна з думак, што валодала ім, -- у Амэрыцы трэба аб’яднацца, мець сваю газэту -- беларускую, сваё радыё -- прынамсі, адзін раз на тыдзень: толькі такім чынам можна згуртаваць сям’ю беларусаў у чужой краіне. Доўгі час выношваў ідэю: выдаць кніжку „Сяброў згуртаваньня „Шыпшына”. Праэкт быў такі: на вокладцы бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня, на першай балонцы паведамленьне па-беларуску, што аўтар зьяўляецца сябрам згуртаваньня „Шыпшына”. На другой балонцы тое-ж па-ангельску, на трэцяй і чацьвёртай -- па-нямецку і па-французску.[7]
Праца на фабрыцы ў Брукліне была цяжкая. Не заставалася часу на чытаньне кніг, знаёмства з горадам. „Калі выпадае час і калі бывае натхненьне, а ў Амэрыцы, трэба сказаць, рэдка бываюць натхненьні, бо за працай сьвету Божага ня бачу, тады я перакладаю сваё натхненьне ў словы -- пішу верш. Прачытаю яго разоў два-тры, а пасьля падшываю ў свой „Збор твораў”, і на гэтым усё канчаецца”. (Зь ліста Ўладзімера Клішэвіча да Юркі Віцьбіча ад 28 сьнежаня 1949 году)
Міхасю Кавылю Клішэвіч пісаў: „Хочацца некалькі слоў сказаць абстрактна, калі так можна выразіцца, філёзофскі. Вы, як паэта, я ў гэтым упэўнены, добра ведаеце, што жыцьцё -- гэта мучэньні. Адны мучацца болей, другія меней, але лёс усіх аднолькавы. І нездарма яшчэ Амар Хайям сказаў:
Жыцьцё людзей -- мучэньне заўсягды.
Ня мінаваць народжаным бяды.
Хто не радзіўся, Той, каб нашы мукі ведаў,
Ніколі-б ён к нам не пайшоў сюды.
Многа на гэтую тэму гаварылі, пісалі і ўсё толькі таму, што жыцьцё наагул -- гэта таямніца. Можа, за Вас я ня меншы пэсыміст, але што-ж з гэтага? Жыцьцё не глядзіць на нашыя перакананьні і пагляды, а патрабуе свайго штодзённага, суровага змаганьня ад нас, і нам цяжка супрацьстаяць”. (Зь ліста Ўладзімера Клішэвіча да Міхася Кавыля ад 11 сакавіка 1950 году)
Уваход у новае жыцьцё ўсім эмігрантам даваўся цяжка. Усе яны сумяшчалі творчасьць з фізычнай працай -- і Віцьбіч, і Кавыль, і Цэлеш... Толькі хто сказаў, што эміграцыя -- лёгка?! Для беларуса нават пераезд у Саратаў або ў Маскву -- пераварот жыцьця: там сапраўды іншы водар кветак, пах зямлі, іншае неба. Спытацца-б пра гэта ў Язэпа Дылы, Уладзімера Дубоўкі, Алеся Адамовіча... Беларусы былі за мяжой, але сэрцам на Бацькаўшчыне. Нездарма ўлюбёны тост іх: „На наступны год -- на Бацькаўшчыне”. Верылася...
Пісаць, што „жывучы на Захадзе, Ул. Клішэвіч ня прымаў якога-небудзь актыўнага ўдзелу ў антысавецкіх акцыях, быў у баку ад многіх недабітых былых прыслужнікаў фашыстаў”[8] , наўрад ці магчыма. Ягоная дзейнасьць мае дакумэнтальныя сьведчаньні, напрыклад, створаны пры ягоным удзеле часапіс „Беларус у Амэрыцы”, матэрыялы для радыёстанцыі „Вызваленьне”.
У лісьце да Юркі Віцьбіча ён пісаў: „Праўду Вы кажаце, што няхай „міністры” палітыкай займаюцца, а мы возьмемся за свайго коніка, за мастацкае слова. Але ні Вы, ні я не стаімо ўбаку ад палітыкі нашага Беларускага народу, ні Вы, ні я ня можам забываць свой народ і адмазвацца ад яго, бо й беларускае мастацкае слова -- гэта палітыка”.[9] (Зь ліста Ўладзімера Клішэвіча да Юркі Віцьбіча ад 11 сакавіка 1950)
Іншая справа, што дзейнасьць пісьменьнікаў на эміграцыі была сапраўды „антысавецкай”, і праўда, што яны былі „недабітымі”: ні бальшавікамі, ні фашыстамі. Пісьменьнікі-эмігранты пісалі тое, пра што пазьней пачало гаварыцца ўголас на Бацькаўшчыне.
Было-б няпраўдай сказаць, што між пісьменьнікамі не здаралася непаразуменьняў, і часам даволі прыкрых. Такое непаразуменьне ўзьнікла ў дачыненьнях Юркі Віцьбіча і Ўладзімера Клішэвіча ў 1949-1950 гадох. Сьвятло на сутнасьць канфлікту пралівае іхняе ліставаньне.
Клішэвіч -- Віцьбічу: „Чаму Вы не надрукавалі „Ценяў”? Баяліся? Дык чаму-ж Вы мне аб гэтым не напісалі раней?.. Замест „Ценяў” я даслаў-бы Вам іншыя вершы, і было-б усё добра. „...” Вы мяне падалі з адным вершыкам так, як і ўсіх іншых, хто ня мог даслаць сваіх вершаў. Гэта зроблена ўмысна... „...”
А што за пераклічка з Лужанінам М.? Бачу „Дзьве вясны”. Гэта ня верш, а вяроўка, намыленая вяроўка ката на шыю беларускаму народу. Лужанін быў у Нямеччыне, а пасьля езьдзіў, прапагандаваў і бласлаўляў НКВД у змаганьні зь беларускімі партызанамі. Каб ня быць галаслоўным, дасылаю Вам пра Лужаніна выразку з газэты „Новое Русское Слово”. Ня хочу друкавацца там, дзе друкуюцца каты беларускага народу (М. Лужанін). „...” Прышлеце, калі ласка, маю працу „Цень сьмерці”. „...”
П. С. Ня лічыце мяне сябрам Вашай рэдкалегіі і сябрам аб’яднаньня „...”„. (Ліст не датаваны)
Нажаль, адказ Віцьбіча Клішэвічу не захаваўся.
Але вось што чытаем у лісьце Юркі Віцьбіча да айца Льва Гарошкі, дзе тлумачыцца пазыцыя рэдактара „Шыпшыны” й сутнасьць „справы”: „Наш добры Ўладзімер Клішэвіч прыслаў паэму „Цень сьмерці”, якая мае наступны зьмест. Да паэта зьяўляецца цень закатаванага на Калыме й закідае яму пасыўнасьць у змаганьні з бальшавізмам. Паэта адказвае ценю, што няма аніякага сэнсу змагацца, бо ЗША складаюцца з карытнікаў, пяцікалёньнікаў, прайдзісьветаў і г. д. і неўзабаве ўсё роўна загінуць. Цень цалкам апраўдвае паэта і робіць выснаў: „Як добра, што я ня існую”, а пасьля гэтага зьнікае. Увогуле, „Апушчайцеся, кума, на дно і ня рыпайцеся... „. Мяне асабіста гэты твор абурыў.
Я жыву ў Амэрыцы ўжо без малога год і на сваёй уласнай скуры пазнаёміўся зь некаторымі ейнымі мінусамі, але разам з тым ня згубіў здольнасьці абстрагавацца ад асабістага. Сёньня ЗША -- апошняя надзея ўсяго свабодалюбнага чалавецтва... Ёсьць у ЗША і карытнікі, і пяцікалёньнікі, але куды больш, непараўнальна больш шчырых патрыётаў свае гордае і магутнае краіны.
Таму твор Клішэвіча зьявіўся нічым іншым, як пашквілем на ЗША. Ён зьяўляецца таксама пашквілем на нязломных пакутнікаў Калымы, у якіх няма нічога агульнага з чэхаўскімі „лішнімі людзьмі”. Зразумела, што такі твор я ня мог зьмясьціць на старонках „Шыпшыны”, бо ён па сваёй мэтанакіраванасьці ня мае нічога агульнага з дэклярацыяй Згуртаваньня. А паэта злуецца. Спадзяюся ўсё-ж, што неўзабаве ён зразумее сваю памылку”. (Зь ліста Юркі Віцьбіча да айца Льва Гарошкі ад 20 жнівеня 1950)
І так сталася. Паэма, выдадзеная ў 1958 годзе ў часапісе „Прыйсьце”, была карэнным чынам перароблена. А да таго часу... „Гэта наш сьвяты абавязак <...> падтрымліваць амэрыканскую сыстэму, кіраўніцтва, любіць гэтую краіну, якая ў цяжкую для нас хвіліну дапамагла”, -- так пісаў Клішэвіч у тым-жа 1950.
У наступным годзе Віцьбіч даслаў яму ліст: „Дарагі Ўладзімер Клішэвіч! Давайце моцна пацісьнем адзін аднаму руку, бо ўсё роўна зацятых ворагаў з нас не атрымаецца. „...” У нас, у пісьменьнікаў, ёсьць <...> гаротным жыцьцём апрабаваны дэвіз: „Беларус беларусу братам””. (Зь ліста Юркі Віцьбіча да Ўладзімера Клішэвіча ад 8 красавіка 1951 году)
Ішлі гады... Выгнанец Уладзімер Клішэвіч зьмяшчае вершы й пераклады ў газэтах „Бацькаўшчына”, „Беларуская трыбуна”, „Беларускі голас”, „Незалежная Беларусь”, часапісах „Веда”, „Беларуская думка”, „Баявая Ўскалось”, „Прыйсьце”[10] , удзельнічае ў выданьні альманаха „Ля чужых берагоў” (гл. бібліяграфію яго твораў). Нарэшце Клішэвіч выдае ў 1964 годзе свой першы зборнік -- „Далячынь”,[11] а ў 1965 выходзіць у Лёндане асобным выданьнем паэма „Васіль Каліна”.
Наколькі кожная новая кніга пісьменьніка-эмігранта была падзеяй, відаць са слоў аднаго зь першых рэцэнзэнтаў, гаспадара друкарні, што выдаў зборнік Клішэвіча: „Выхад у сьвет кожнае друкаванае кніжкі беларускага аўтара на эміграцыі зьяўляецца для мяне (ды, думаю, ня толькі для мяне, але і для кожнага сьведамага беларуса) прыемнаю і радаснаю падзеяю. Прыемнаю і радаснаю зьяўляецца гэтая падзея для мяне ня толькі таму, што кніжка беларускага аўтара, а ў большай меры, што выдавецкія магчымасьці беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў на эміграцыі -- мізэрныя: у нас няма сталага беларускага выдавецтва на эміграцыі, і кожны наш літаратар, калі хоча выдаць сваю кнігу, у большасьці выпадкаў павінен карыстацца выдавецтвам „Выдайсам!” (г. зн. выдаць за свой кошт) або чакаць адпаведнае нагоды, пакуль тая ці іншая арганізацыя зьбярэ трохі сродкаў і зробіць яму ласку. Так атрымалася і з Уладзімерам Клішэвічам”.[12]
Варта, мабыць, прыгадаць, што Ўладзімер Дудзіцкі ня выдаў ніводнай кнігі, адзін невялічкі зборнік апавяданьняў за свой кошт надрукаваў Мікола Цэлеш, надзвычай працаздольны, прадуктыўны і аўтарытэтны Юрка Віцьбіч убачыў кнігу сваіх расейскамоўных нарысаў літаральна перад сьмерцю.
Кнігі Клішэвіча вельмі цёпла былі сустрэты літаратурнай эміграцыяй (да праблемы „духовага” вакууму).
„Я радуюся за цябе, за твой посьпех. У паэме „Васіль Каліна” ты сапраўды ўзьняўся да манумэнтальнасьці. Ты мне нагадаў расейскага Лермантава зь ягоным „На сьмерть поэта” ды Грыбаедава зь ягоным „Горе от ума”, дзе Чацкі гнеўна абвінавачвае: „А судзьдзі хто?””. Міхась Кавыль.
„Яна (паэма) належыць да тых твораў, каторыя чытаюцца па некалькі раз. Вашая паэзія, як крыніца жывой вады, нурцуе між моднага мадэрнізму. Гэта -- вялікі ўклад у нашу нацыянальную літаратуру”. Канстантын Акула.
„Вельмі цешуся з выхаду ў сьвет твае паэмы „Васіль Каліна”. Гэта сапраўды каштоўная літаратурная праца, якая займае ў скарбніцы нашае мастацкае літаратуры на эміграцыі адно зь першых месцаў”. Алесь Змагар[13] ...
Было гэта ў 1965 годзе. Уладзімер Клішэвіч дасылае паасобнікі сваіх кніг з аўтографамі ў Менск, у Дзяржаўную бібліятэку імя Ул. І. Леніна.
„Гэты „сэнтыментальны” крок Ул. Клішэвіча вырашыў далейшы ягоны лёс як паэта: праз некаторы час ягоныя вершы зьнікаюць з бачынаў беларускіх выданьняў на эміграцыі, а зьяўляюцца на бачынах газэты „Голас Радзімы”, якая выдаецца Беларускім таварыствам па культурных сувязях з суайчыньнікамі за рубяжом. Ні для каго з эмігрантаў не сакрэт, што гэтае „таварыства” -- агентура КДБ.
Такім чынам Ул. Клішэвіч ірве ўсякую сувязь з беларускай эміграцыяй ды йдзе на паслугі камуністычнаму панявольніку Беларусі”.[14]
Так, гэтага не даравалі. Бо ягоныя вершы, лісты, выступленьні ў друку, сам лёс, урэшце рэштаў, не даваў ніякіх падставаў чакаць такога павароту. Бо пазыцыя Клішэвіча выявілася не як прабеларуская (хто сумняваўся ў любові да Бацькаўшчыны!), а пракамуністычная. І да месца, сапраўды, будзе прыгадаць абструкцыю Кнуту Гамсуну, Луі Селіну ў часы вайны. Такое было й будзе. Напэўна...
„Вайна асоб” была двухбаковая, з узаемнымі абвінавачваньнямі й закрэсьліваньнем былога. Аднак вось што цікава: закіды былі накіраваны адно супраць асобы Клішэвіча, не ягоных былых твораў! „Васіль Каліна” па-ранейшаму заставаўся творам эміграцыі, ніяк не савецкай паэзіі: у эпіграмах на Клішэвіча паэту супрацьстаяў ягоны герой.
Калаціўся, як асіна:
-- Ня дай Бог спаткаць Каліну...
А. Камароўскі. Гіцаль у сталіцы
Пакуль тая хвіліна, --
З табой гаворка ветлая.
Ды ўсё-ж Васіль Каліна
Замкне твой шлях у сьветлае.
К. Аса[15]
Назваць зборнік „Сьняцца дні мне залатыя” цікавым[16] льга толькі пры ўмове, што цікавы сам факт. З мастацкага боку -- гэта творчая няўдача паэта. Акалічнасьць, якая, дарэчы, была не апошняй у закідах Клішэвічу. Аднак хваля абурэньня мінула даволі хутка: не, не даравалі -- пастараліся забыць. Даравалі пасьля сьмерці.
А сьмерць Уладзімера Клішэвіча падаецца сёньня на Бацькаўшчыне крыху дзіўна. „Ул. Клішэвіч марыў вярнуцца на Радзіму, каб зноў тут жыць, аднак нечаканая і ў нейкай ступені загадкавая сьмерць 14 лістапада 1978 году не дазволіла яму зрабіць гэта”.[17] „І справа нават не ў тым, што па сёньняшні дзень застаецца загадкавай яго нечаканая сьмерць <...> І раптоўная, загадкавая сьмерць. Выпадковасьць? А можа знайшліся тыя, хто не мог дараваць „здрады”? Хто яго ведае...”.[18] „Загадкавая смерць”[19] ...
А вось сьведчаньне часапіса „Беларуская думка”, дзе стала, на працягу многіх год, друкаваўся Клішэвіч, дзе было адзначана яго 50-годзьдзе, дзе зьмяшчаліся творы, прысьвечаныя яму, і рэцэнзіі на ягоныя творы. Калі прыгадаць, што Клішэвіч супрацоўнічаў з савецкім друкам два дзясяткі гадоў і ня раз меў магчымасьць вярнуцца на Бацькаўшчыну, і што быў ён ужо немаладым чалавекам, меркаваньне „Беларускай думкі” выглядае больш рэалістычным і, скажам, мэдычна абгрунтаваным:
„Ці „выслужыўся” ён перад бальшавікамі, г. зн. ці быў ён рэабілітаваны пасьля сьмерці Сталіна, як некаторыя іншыя паэты савецкай Беларусі? Хто ведае! Нам ведама толькі, што да самае сьмерці Ўл. Клішэвіч жыў у ЗША, дзе распаўсюджвалася і кніжачка ягоных вершаў „Сьняцца дні мне залатыя”, выдадзеная ў 1973 годзе ў „Бібліятэчцы газэты „Голас Радзімы”.
<...> Разрыў з беларускай эміграцыяй і зьявіўся, мабыць, для Клішэвіча прычынаю ў апошнія гады ягонае настальгіі. Амаль штогадовыя турыстычныя паездкі Клішэвіча ў СССР і БССР ня толькі ня вылечылі настальгіі, а яшчэ паглыбілі яе, бо ён бачыў, што звароту на Бацькаўшчыну няма. У выніку: у красавіку 1978 году -- першы сэрцавы прыпадак, а ў лістападзе -- другі, фатальны”.[20]
Чалавек пайшоў... Засталіся зборнікі вершаў „Песьняры Случчыны”, „Далячынь”, паэма „Васіль Каліна”, творы, раскіданыя па розных эміграцыйных выданьнях.
Захаваўся ў Архіве Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк) падрыхтаваны аўтарам, але нявыдадзены зборнік вершаў і перакладаў „Мора гневу”. Гісторыю стварэньня зборніку раскрываюць два лісты У. Клішэвіча да Вітаўта Тумаша. Першы ліст ад 27 сьнежаня 1947 году:
Добры дзень, паважаны Вітаўт Тумаш!
Атрымаў Ваш ліст і ўсьцешыўся, што Вы не забываеце і пра мяне, а адгукнуліся на маё прывітаньне. Дасылаю Вам маленькае апавяданьне „Вартаўнік”. Надалей думаю напісаць больш падрабязна аб Амэрыцы, бо вас усіх цікавіць яна.
Таксама выслаў Вам асабіста зборнік вершаў пад назваю „Мора гневу”. Зборнік, а ён яшчэ ня зборнік, а толькі, калі Вы надрукуеце, тады будзе зборнік, мае 92 вершы разам з перакладамі і 106 старонак.
Мне тут амаль што немагчыма надрукаваць, бо няма беларускіх друкарняў, а расейцы ці ўкраінцы гэтай справай займацца ня хочуць. Хто яго ведае, як будзе надалей, але мне дужа хацелася-б мець зборнічак сваіх вершаў -- і толькі (не для грошаў), дзеля маральнага задаваленьня. Я сабраў іх усе разам, і гэта пэрыяд майго жыцьця ў Эўропе і Азіі. Назва „Мора гневу” -- адпавядае цалкам, хоць можа слова „мора” будзе выражаць гіпербалізм гневу, але гэта так. З атрыманьнем гэтага ліста і зборніка (рукапісу) паведамце мне, як будзе справа з друкаваньнем. Калі Вы ня будзеце мець мажлівасьці надрукаваць, перадайце рукапіс М. Сяднёву, ён мне дапаможа ў гэтай справе. Ул. Клішэвіч
Другі ліст быў напісаны 22 чэрвеня 1948 году:
Добры дзень, Вітаўт Тумаш.
Атрымаў Ваш ліст і, прачытаўшы разоў пяць, сам сабе ня веру, бо я ўжо згубіў усякія надзеі на выхад у сьвет зборніка. Проста нечаканая навіна для мяне. Вельмі і вельмі рад і шчыра дзякую, што зборнік усё-ж выплыве на сьвет Божы, бо я лічыў, што ён патануў на дно.
Назву, Вы добра ведаеце таксама, ні я ў Салаўя, ні Салавей у мяне не запазычаў -- проста выпадковасьць. Каб ня было лішніх гутарак аб тым, хто ў каго „ўкраў” назву, я згодзен зьмяніць на іншую. Цяжка знайсьці такую ўніверсальную назву, каб яна адпавядала ўсім вершам і ўсім настроям зборніка. Дайце назву „Залатая восень”.
А гэта хіба адпавядае? Не! А я і ня імкнуся, каб яна адпавядала, а каб толькі была далёкай ад назвы Салаўя.
Таксама на тытульным лісту (а не на вокладцы) наверсе, з правага боку, напішэце: Прысьвячаецца сыну Валерыку Клішэвічу.
Каб я раней ведаў, што зборнік выйдзе ў сьвет, я-б тут заказаў клішэ свайго фота і можна было-б пасадзіць і сваю „морду”, але ўжо няхай будзе без фатаграфіі. Можа, яно ў наш час бяз розных фотаў будзе лепей.
Як Бога, чакаю апошні час выхаду зборніка. Вершаў я мала маю, бо мала іх пішу, а калі напішу некалькі новых, абавязкова дашлю Вам.
Прывітаньне. З пашанай да Вас
Ул. Клішэвіч
Існуюць два варыянты зборніка -- рукапісны (108 балонак) і друкаваны на машынцы (104 балонкі, другая або трэцяя копія). Абодва пазначаны 1947 годам і ідэнтычныя за адным выключэньнем -- друкаваны мае прысьвячэньне „Сыну Валерыку Клішэвічу”. Абодва зборнікі маюць „Замест Прадмовы”: „Многа часу канула ў вечнасьць, а за гэты час зроблена надта мала. Невялікі зборнік -- падлік жыцьця, працы і настрояў у Эўропе і Азіі. Аўтар. 25 сьнежаня 1947 году. Нью-Ёрк, ЗШ Амэрыкі”. Мабыць, зборнік -- той самы „Збор твораў”, які прыгадваўся раней, а потым, у 1964, стаўся асновай зборніка „Далячынь”.
Ніжэй зьмяшчаюцца вершы, што, паводле нашых зьвестак, не друкаваліся. Пераважная большасьць твораў -- з рукапіснага зборніка „Мора гневу”, арыгіналы іншых захоўваюцца ў Архіве Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (Нью-Ёрк).
1 Алесь Вішнеўскі. „Я хацеў-бы ізноў нарадзіцца...”. Творчасьць Уладзімера Клішэвіча. „Роднае слова”, №9, 1993, б. 12-17. Далей: Вішнеўскі.
2 Барыс Сачанка. Беларуская эміграцыя. Менск, 1991, б. 76. Далей: Сачанка.
3 Юры Туронак. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Менск, 1993.
4 Сачанка, б. 78.
5 Глеб Альгердзіч. Нашчадкі і спадкаемцы. „Шыпшына”, №2, 1946, б. 37.
6 „Шыпшына”, №7, 1948, б. 59.
7 Зьвесткі пра жыцьцё і творчасьць Уладзімера Клішэвіча на эміграцыі падаюцца па матар’ялах Архіва Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (Нью-Ёрк).
8 Сачанка, б. 78.
9 Б. Сачанка. Туга па Радзіме. Менск, 1992, б. 6: „Але сярод іх былі і такія, хто не хацеў есьці хлеб з працы рук сваіх, а ўладкоўваўся на розныя радыёстанцыі, пісаў такое, што сорамна было чытаць і чуць”.
10 Сачанка, б. 78: „Ні адзін з яго твораў так і не быў надрукаваны ў часапісе „Конадні””. Да ведама: часапіс „Конадні” ня быў цэнтральным выданьнем замежжа.
11 Вішнеўскі, б. 15: „Немагчымасьць друкавацца, уласная пазыцыя, вельмі і вельмі адрозная ад пазыцыі іншых эмігрантаў, прывялі да таго, што Клішэвіч, па сутнасьці, і знаходзіўся ў тым самым ЖдуховымЖ вакууме. Гэтым можна растлумачыць і тое, што сваю першую кнігу ЖДалячыньЖ ён змог выдаць толькі ў 1964 г.”.
12 Янка Золак.Чытаючы „Далячынь” і „Васіль Каліна” Ул. Клішэвіча. -- „Беларуская думка”, №8, 1965, б. 34.
13 Выказваньні М. Кавыля, К. Акулы, А. Змагара зьмешчаны ў часапісе „Беларуская думка”, №8, 1965.
14 Яз. Дольны. Памёр Ул. Клішэвіч. -- „Беларуская Думка”, №21-22, 1977-1978, б. 32.
15 „Беларуская думка”, №16-17, 1973-1974, б. 52-53.
16 Вішнеўскі, б. 17.
17 Сачанка, б. 78.
18 Вішнеўскі, б. 12, 17.
19 Алесь Пашкевіч. „Падняцца ізноў...”. -- „Першацвет”, №1, 1992, б. 79.
20 Яз. Дольны. Памёр Ул. Клішэвіч. -- „Беларуская Думка”, №21-22, 1977-1978, б. 32.