|
З Амара Хайяма
Ад страху сьмерці нам ратунку не знайсьці,
І старцу і цару яе не абысьці.
Каб з асалодай жыць, жыві для асалоды.
Астатняе ўсё -- турботы ў жыцьці.
* * *
Раджае лань дзяцей, і львіца дрэмле там,
Дзе некалі гуляў сярод сяброў Бэхрам.
Вялікі паляўнічы сьмерць стэпнаму зьверу нёс,
Ён зараз мірна сьпіць -- ахвяра сьмерці сам.
* * *
Ты бачыў сьвет, і ўсё, што бачыў ты, -- нікчэмнасьць.
І ўсё, што ты сказаў і што пачуў, -- нікчэмнасьць.
Да глыбіні зямлю праверыў ты -- нікчэмнасьць.
І ўсё, што ў хату раздабыў, -- нікчэмнасьць.
* * *
Ў аднэй руцэ бакал, у другой -- букет у цьвеце.
Піруй з каханаю, забыўшы аб сусьвеце,
Пакуль жыцьця сарочку не абарве зь цябе,
Як з розы лісьцікаў, халодны сьмерці вецер.
Вечна сьмяюцца і плачуць
Вечна сьмяюцца і плачуць --
Такі ўжо жыцьцёвы закон.
Людзі праз крыўды, няўдачы
За шчасьцем бягуць уздагон.
Моляцца з просьбай фартуне,
Толькі патугі дарма.
Вецер сьцюдзёны падуе --
І шчасьця людскога няма.
1944
* * *
Вось дзе прыкра, вось дзе гадка,
За табою да позьняй пары
Ходзіць з палкаю немец украдкай
Ці глядзіць у бінокль з-за гары.
1944
З Катула
Старажытнай грэцкай бабе, калі-б яна
дамагался майго каханьня
Адстань, вар’ятка! Ласкі рук тваіх -- агіда!
З маршчынаў твару пудра розных відаў,
Як крэйда, сыплецца і падае на грудзі:
Успомні блізкі Стыкс -- каханьне ты забудзеш!
Казьлячым голасам ты не дразьні мне слуху!
Замоўкні, Фурыя! Мяне ў адным паслухай:
Ты лысу галаву схавай (бо не да твару бабе!),
Пэргамэнт жоўтых плеч, бо ён мяне не вабіць!
Разуешся, на рукі ўзьдзень свае сандалі
І ногі пахавай ты куды-небудзь далей!
На попел спаленай, даўно такой паскудзе
Адпачываць пара у глінянай пасудзе.
* * *
Да вас, палі, лясы і сёлы,
Туды, дзе мой бацькоўскі кут,
Няхай плыве ў зямлю пакут
Мой голас, мужны і вясёлы.
Бо там майго жыцьця крыніца,
Змаганьня, радасьці, надзей,
Куды жыцьцё заве людзей
Сьвятой вады зь яе напіцца.
Я піў яе, ваду сьвятую,
Пазнаў і радасьці і сум
І на алтар я іх нясу,
Жыцьця і сілы не шкадую.
Бяздомны я няхай загіну
Далёка ад сваёй мяжы.
Сьвятых сьвятое будзе жыць
І вера ў родную краіну.
1944
* * *
Дзе жыцьцё назаўсёды застыла,
Азірніся і глянь, -- там крыжы.
І нікому аб тым не кажы,
Дзе жыцьцё назаўсёды застыла.
Ты сябе і другіх сьцеражы.
Неўзабаве спаткае магіла...
Дзе жыцьцё назаўсёды застыла,
Азірніся і глянь, -- там крыжы.
1947
* * *
Засьпявай мне песьню, сумную да болю,
Што такой у сьвеце я ня чуў ніколі.
Засьпявай мне песьню аб вялікім горы,
Калі яно сэрцам аб сабе гаворыць.
Засьпяваеш песьню ты зусім іначай --
Скамянее сэрца -- толькі не заплача.
1944
* * *
І жыцьцё і нямая трывога
Назаўсёды кудысьці сплылі.
Абарвецца мая на зямлі
Камяністая хутка дарога.
Застываюць ужо мае крокі,
Сіл амаль што у целе няма.
Замяце хутка сьнегам зіма
Шлях трывожны і шлях адзінокі.
Маладосьць адышла бяз пары --
Нават прыкра назад паглядзець.
Лісьцяў восені жоўтае медзь
Чорным колерам гною гарыць.
Я цяпер не шкадую нічога,
Бо жыцьцё -- гэта страшныя сны,
Дзе ніколі прыгожай вясны
Не спаткае крывая дарога.
1935
* * *
Кажуць мне, што я сьмяюся мала,
Кажуць мне, што ўсё-ж я пэсыміст.
Так. Мой сьмех суровасьць дзён сарвала,
Як увосень вецер абрывае ліст.
1943
Каля віселіцаў Нюрнбэргу
Кат:
Падумаць, такая акула
Зь вяроўкі мае улізнула!
І сьмех і туга...
Ахвяраў чакаю я новых,
Павіснуць чыесьці галовы,
За кім-жа чарга???
1946
Месяц
Ты далёкі, халодны, лысы.
Закаханы -- твой сябра ўсякі.
Узьнімаючы ў неба пысы,
На цябе выюць ноччу сабакі.
Не маліўся табе я, ня плакаў,
Жыў з табою заўсёды ў дабры.
І ўчора і сёньня ты мне адзінакаў --
Мы старыя з табою сябры.
1950
* * *
Не кажы ты болей мне аб шчасьці
І аб прошлым нават не кажы.
Я зьбіраюся сябе ў магілу класьці,
Разапнуўшы душу на крыжы.
Не пакутуй, сэрца, не пакутуй,
Годзе слухаць дзікую ману.
Выпіў я свайго жыцьця цыкуту
І сябе ніяк не абмануў.
Досыць мне сьцякаць крывёю словаў,
Я ў жыцьці ўсяго часовы госьць,
А жыцьцё, што моршчыцца нанова,
Будзе гэтакім, якім было і ёсьць.
Вось таму мне не кажы аб шчасьці,
Ня трывож балючых ран маіх.
Хочу я на песьні крыж пакласьці,
Каб навекі голас мой заціх.
1944
* * *
О зямля, о нямая плянэта!
Колькі год на гарбу ты вязла
Чалавека? Ён сёньня за гэта
Табе плоціць адплатай зла.
Чалавек -- гэта сьмерці істота,
Пры узьняцьці ён падае ўніз.
Гэта ён сваім зьвера ротам
Сабе горла сваё перагрыз.
Мы дарэмна хваробу лечым,
Яна пройдзе, як рыцар, сама.
Прашуміць над жыцьцём чалавечым
Дасягненьняў ягоных чума.
Хай на небе згушчаюцца хмары,
Каб людзей на праклятай зямлі,
Як пярун нябывалы ударыць,
Больш ніколі сьляды ня былі.
1946
Пажаданьне на Новы Год хлопчыку
Віталю Каракульку
Дужэй, вучыся і расьці,
А лёс хай гнуцца ня прымусіць.
Шчасьлівым будзь ты у жыцьці,
Не забывай аб Беларусі.
1944
Перад Новым Годам
Ноч глухая, дванаццаць гадзін.
Ня чуваць у кватэры нікога.
Сын наш сьпіць на пасьцелі адзін,
Жонку сум агарнуў і трывога.
Спатыкаюць сябры Новы Год за сталом,
Песьня звонкая льецца далёка..
Толькі я адчуваю духовы надлом
Між людзей -- бязь людзей, адзінока.
І тады, калі я пад замкамі сядзеў,
Новы Год сустракаў лустай хлеба,
Сёньня ў большай сябе адчуваю бядзе,
Бо нікому я нават ня трэба...
Ноч глухая, дванаццаць гадзін,
Ня чуваць у кватэры нікога.
Сын наш сьпіць на пасьцелі адзін,
Жонку сум агарнуў і трывога.
Сьпі мой сын у самотнай цішы!
Між людзей і такое ня нова,
Падрасьцеш, раскажу ад душы
Аб усім табе слова ў слова.
1944
* * *
Пі, сьпявай, напівайся дап’яна --
Лепей гора зямное зап’ём.
Толькі раз: ці то позна, ці рана
Трэба будзе расстацца з жыцьцём.
У жыцьці мы сваё адлюбілі,
Назаўсёды сабой адцьвілі.
Аб адным толькі рана забылі,
Што мы госьці ўсяго на Зямлі.
1942
Пэнтамэтры
Хто нізка гнецца, скідаючы шапку заўсёды,
Ведай, што гэта надзвычай благі чалавек.
Думаеш ты -- цябе хваляць суседзі за чаркай,
Не, хваляць абед твой, а зь ім і гарэлку тваю.
Сябраў сваіх пазнавай не за чаркай гарэлкі,
Той будзе сябрам тваім, хто табе ў горы паможа.
Самая большая слава і гонар таму чалавеку,
Які, не шкадуючы сілаў, служыць народу свайму.
Хочаш, каб вершы жанчыны з запалам чыталі,
Не забывай аб адным: пішы аб каханьні і здрадзе.
Вось як зьмяняецца рэзка характар цудоўнай дзяўчыны:
Кветка -- дзяўчынай была, замужам -- пілкаю стала.
1944
* * *
Спаткаў мяне ты, шумны горад,
Прыгожай раніцаю лета.
І як суседа і паэта
Спаткаў мяне ты, шумны горад.
Жыцьцё цяплом тваім сагрэта,
Шуміць яно, як хвалі мора.
Спаткаў мяне ты, шумны горад,
Прыгожай раніцаю лета.
1944
Сумная песьня
Сяджу сабе ціха і слухаю песьню,
А муха гудзе і гудзе...
Цяпер толькі восень, далёка прадвесьне,
А муха у цяжкай бядзе.
Надыдуць марозы, павеюць завеі,
І муха на зіму засьне...
Як сонца паднімецца, дні пацяплеюць,
Растане насыпаны сьнег.
Прачнецца і муха. Паднімуцца крыльлі,
Хоць шчасьця ня ўбачыць нідзе...
Праспала марозы, завеі адвылі,
Дык муха ізноў загудзе.
Сяджу сабе ціха, каб песьню паслухаць,
А муха гудзе і гудзе...
І хочацца сёньня быць гэткаю мухай,
Ня трацячы ў шчасьце надзей.
1942
* * *
Сяднёў і я -- абодва мы --
Шукалі працы ў гэтым тле.
У неба пяліся дамы,
Нам адмаўляючы ў мятле.
Блукалі мы, нас брала злосьць.
Паміж людзьмі ступалі квола.
Ну, што-ж, калі нязваны госьць
Заўсёды горай за мангола.
Дапамагчы ніхто ня змог
Ва ўласным нашым цяжкім лёсе.
І не адзін глухі парог
Пераступіць нам давялося.
Вось так шукалі хлеба мы.
Надзеі уцякалі, вера...
Давілі цяжарам дамы,
А чалавек рабіўся зьверам.
* * *
Тое ў вечнасьць пасьпела адплысьці --
Аб мінулым адзін успамін.
Асыпаліся жоўтыя лісьці
На дарогу з чырвоных калін.
Час мінуў той, і вецер ня гоніць
Болей жоўтыя часу лісты.
Праскакалі імкліва коні,
Толькі сьлед непаўторны застыў.
Адляцела дзяцінства далёка,
А здаецца, нядаўна было...
Па гразі я у лапцях галёкаў
І каровы ганяў за сабой.
Быў тады ў жыцьці я шчасьлівы,
Пазіраў на жыцьцё бяз турбот.
Слухаў песьню шумлівае нівы,
Спатыкаў сонца ціхі заход.
З тэй пары прайшло часу нямала,
Пагубіў я на пашы жыцьця
Тых кароў. Нават сонца прапала,
Толькі зоры ўначы зіхацяць.
Шмат у вечнасьць пасьпела адплысьці.
Без сяброў я застаўся, адзін.
Пагнілі тыя жоўтыя лісьці
Ў каляінах з чырвоных калін.
1945
Трыялет
Усё туманнае далёка
Адносяць мігам мора хвалі.
У пене вод яны схавалі
Усё туманнае далёка.
Як вочы раптам замігалі
У Незнаёмкі дзіўнай Блока,
Усё туманнае далёка
Адносяць мігам мора хвалі.
1944
* * *
Цьвітуць надзеі у народзе,
Як кветкі сонечнай вясною.
Адвечнай зоркаю сьвятою
Цьвітуць надзеі у народзе.
Няхай жыцьцё сваёй ступою
Шляхі таемныя праходзіць --
Цьвітуць надзеі у народзе,
Як кветкі сонечнай вясною.
* * *
Увесь мінулы час людзей зямлі,
Калі яны радзіліся, тварылі і жылі,
Чамусьці я ні каплі не шкадую.
А толькі ўбачу сам, што хутка дзень настане
І над маім жыцьцём закружыць сьмерці танец,
Я думаю, хвалююся, шкадую...
Аб прошлым нам, хоць надта мала
Гісторыя хлусьліва казку расказала.
Цяпер мы самі бачым, дзе якая праца
Навокал дзеіцца цудоўна і прыгожа...
А заўтра, можа, у труну паложаць...
Ці варта будучым нябачным турбавацца?
1943
У забоі
Вяршыні дзікіх гор закрылі дымна хмары,
Сячэ халодны дождж нявольніцкае цела.
Сталёвы лом дзяржу ў руках заледзянелых
І прагнасьцю ўстаюць аб чорным хлебе мары.
Пісугі брудныя цякуць па бледным твары,
Рука ўзьнімаецца павольна і нясьмела.
Балюча мне туга душу разьела,
Прыносячы штодня смяртэльныя удары.
Ці вынесу страшэнных дзён пакуты,
Ці знойдзецца яшчэ у слабым целе сіла,
Каб перажыць свой лёс у ланцугі закутым?
Праз туманы, як здань, выростае магіла...
О, маці родная! Скажы, скажы чаму ты
Няшчасным гэтакім на сьвет мяне радзіла?
1944
* * *
Што каму, а нашыя жанчыны
Кожны вечар мараць аб адным:
Як-бы ім зьвярнуцца на айчыну,
Толькі мроі -- таямнічы дым.
Сьпірытызм уцехай бабам служыць.
Мроі вечна ў постаці стаяць...
Хутка думак ападаюць ружы.
Ціхім сном. Пад бокам караваць.
1946
Эпіграма
На патугі рэдактар багаты.
Здэцца, зьявяцца зразу двайняты...
Толькі цяжка раджаецца „Узвышша”,
Ні адзін яшчэ нумар ня выйшаў.
1944
* * *
Я нічому цяпер ня дзіўлюся,
Не шкадую сябе і жыцьця.
У вар’яцкай людской завірусе
У прадоньне гады ляцяць.
Адцьвітай ты хутчэй, маё шчасьце,
Асыпайся валос маіх медзь!
Хутка прыйдзецца лапы скласьці,
А то горай таго -- звар’яцець!
Можа без пары дзе загіну,
Значыць, выпаў мне гэткі лёс.
Толькі рад, што я верыць пакінуў,
Што сябе пры жыцьці перарос.
Пакланюся васеньнім ліпам,
Вецер песьню ўздагон прапяе...
Не абманіць жыцьцё сваім скрыпам
Ачарсьцьвелае сэрца мае.
Без пары яно, мабыць, сатлела,
Пазіраючы ў чорную муць.
Бяз душы матыляецца цела,
Ногі цяжка кудысьці ідуць.
Досыць нітку нябачную прасьці
І бяз меры у вершах зьвінець.
Адцьвітай ты хутчэй, маё шчасьце,
Асыпайся валос маіх медзь.
1944
Вартаўнік
На беразе Чорнага мора жыў стары чалавек, звалі яго Оглы. Меў ён невялікую сям’ю: жонку і дзьве дачкі. Часта ў вячэрні час ён расказваў дзецям аб далёкім мінулым сваёй радзімы. Дзеці заўсёды зь цікавасьцю слухалі апавяданьні.
“Жыцьцё Оглы цякло так, як і жыцьцё ягоных кунакоў (сяброў). Кожны дзень ён хадзіў у поле на працу із сваёй сям’ёю.
Быў Оглы ўжо старым чалавекам, і яго прызначылі на працу начным вартаўніком у калгасе. Ноччу, калі ён заставаўся адзін з самім сабою, ён аддаваўся ўспамінам аб мінулым.
Насыпле, бывала, люльку тытуну, прыпаліць яе і, доўга ўглядаючыся ў зорнае неба ночы, у глыбіні душы шэпча малітву Аллаху. Зь цёмнага мінулага падымаліся туманныя і разам з тым яркія малюнкі дзяцінства, маладосьці, імёны памершых сяброў, непаўторнае жыцьцё, але ўсё гэта выплывала ў нейкім хаосе і непасьлядоўнасьці і раптам зьнікала беспаваротна назаўсёды.
Перад ягонымі вачыма паўставаў вобраз дзеда -- багатага чалавека, да якога з усіх бакоў прыязджалі людзі купляць вінаград, якія гутарылі на розных мовах. Дзед памёр, а ўсё багацьце падзялілі пароўну чатыры сыны, паміж якіх Оглы быў самым меншым. Ён атрымаў небагатую бацькаўскую спадчыну. Цяжка прыходзілася дабываць кусок хлеба сям’і, але ў гэтай цяжкасьці было і нешта прыемнае -- праца на самога сябе. То зноў мільгалі ўваччу старога: дзяцінства, бурнае мора, ясныя сонечныя дні, то вяршыні гор, што горда паднімаліся ў неба, а ўнізе іх, пад ценем густых чынар, хаваліся прыгожыя маладыя дзяўчаты ад паўдзённага сонца, закрыўшы твар чадрою.
Мінулае было далёкім, але яно было мілей ягонаму сэрцу, як сучаснае. Яму здавалася, што цяпер і людзі перамяніліся, і ня толькі людзі, якія ў сваіх сэрцах ня маюць цяплыні, пашаны да іншых, але нават і сама прырода перамянілася -- няма тэй цудоўнай прыгажосьці, якую яна мела раней; сонца і тое іначай пазірае на зямлю. І гэтая перамена ідзе ў незразумелым яму напрамку, прымушаючы Оглы задумвацца над гэтым.
Выгараў тытун, Оглы прыціскаў яго худым дрыжачым пальцам на дно люлькі і рухаўся далей, аглядаючы вінаградныя палі. Ён знаходзіў сабе месца, садзіўся па-ўсходняму, падбіраючы пад сябе ногі, і працягваў, углядаючыся мутнымі вачыма ў цёмна-сіняе неба, зноў марыць аб мінулым... Нешта тупое, цяжкае з болем лажылася на сэрца Оглы.
1946
|