БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Архіўная кніга. Аўтар-укладальнік - Лявон Юрэвіч

Мікола Вярба: адзін з адзінаццаці

О, колькі гэтаю дарогай
назад ня вернецца ізноў?
О, колькі больш ужо ня ўбачаць
ні тых шляхоў, ані краіны...
Мікола Вярба

Іх было адзінаццаць, што падпісалі „Дэклярацыю” Літаратурнага Згуртаваньня „Шыпшына”: Натальля Арсеньнева, Юрка Віцьбіч, Мікола Вярба, Янка Золак, Хведар Ільляшэвіч, Аўген Кавалеўскі[1] , Уладзімер Клішэвіч, Алесь Салавей, Масей Сяднёў, Уладзімер Сядура, Анатоль Чэслаўскі (Мікола Цэлеш).

Пры ўсёй рознасьці жыцьцёвага вопыту і мастацкага бачаньня, іх аб’ядноўвала адзінае разуменьне задач літаратуры і будучыні Бацькаўшчыны: „„Шыпшына” стаіць на варце поўнае свабоды творчых пошукаў, але для ейных сяброў з’яўляецца абавязковым крытэрый высокае мастацкасьці літаратурнага твору, імкненьне да ідэёвае насычанасьці і арыгінальнасьці, глыбокая пашана да нашае літаратурнае спадчыны і пачуцьцё спадкаемства да ўсяго лепшага ў ёй, узаемная пашана да творчасьці адзін аднаго, а ў галіне ідэёвай -- самаахвярная адданасьць Найвышэйшаму Ідэалу нашага Народу”.[2]

З гадамі ад Згуртаваньня нехта адышоў, нехта далучыўся, але большасьць з заснавальнікаў аб’яднаньня жыла з ідэямі „Шыпшыны”.

Пасьлядоўным і перакананым „шыпшынаўцам” быў і Мікола Вярба, чалавек шматгранных здольнасьцей і зацікаўленьняў. Нажаль, ён ня так ведамы, як ягоныя аднадумцы з „Шыпшыны”. Таленавіты паэт, ён ня выдаў ніводнага зборніку сваіх твораў (яны засталіся адно на старонках газэт і часапісаў), дый ня ўсё з напісанага друкаваў. Не пакінуў па сабе і багатай творчай спадчыны, -- час аддаваў грамадскай працы і шматлікім мастацкім захапленьням.

Разам з тым, Мікола Вярба -- паэт арыгінальны, са сваім творчым стылем, нечаканымі вобразнымі знаходкамі. Ягоная „Паніхіда”, прысьвечаная памяці паўшых нязнаных сыноў Беларусі ў абароне яе вольнасьці, -- адзін з найбольш пранікнёных літаратурных рэквіемаў. Ягоная „Малітва ДП” -- немы крык душы, адарванай ад Бацькаўшчыны. Ягоная пэйзажная лірыка -- новае адкрыцьцё „мілых вобразаў роднага краю”.

І творчасьць, і жыцьцё Міколы Вярбы (Міколы Сільвановіча) патрабуюць увагі і асэнсаваньня.

Каля 300 беларусаў у 1946 годзе апынулася ў Эттлінгэне, украінскім лягеры ДП. Яны стварылі свой камітэт, заарганізавалі беларускую пачатковую школу, але была ўсё-ж патрэба ў сваім, беларускім лягеры. І яны атрымалі яго неўзабаве -- былі перавезены ў горад Гэрэнбэрг, на захад Штутгарту. Атрымалі, дзякуючы высілкам кіраўніка групы Міколы Сільвановіча, прадстаўніка Беларускага Цэнтральнага Дапамогавага Камітэту (пазьней -- Беларускі Нацыянальны Камітэт -- БНК) на Амэрыканскай зоне ў Штутгарцкай акрузе.

БНК паўстаў у нялёгкі час для эміграцыі, калі ўзьнікла сур’ёзная пагроза прымусовай рэпатрыяцыі. У кола дзейнасьці Камітэту ўваходзіла сацыяльнае апекаваньне (пераважна над хворымі, інвалідамі й сіротамі, бо сродкі былі досыць абмежаваныя); культурна-асьветніцкая праца (была ўтворана адмысловая камісія, якая складалася з настаўнікаў і на сваіх паседжаньнях абмяркоўвала пытаньні арганізацыі школьнага навучаньня). Камітэт аказваў юрыдычную дапамогу, асабліва ў атрыманьні неабходных папераў, што дазвалялі атрымаць стасус і права жыць у лягерах ДП. Аднак, бязумоўна, адной з найбольш важных спраў сталася ўтварэньне беларускіх лягераў ДП.

Прадстаўнікі БНК мусілі наведваць лягеры ДП і арганізоўваць там беларускія групы, якія пазьней сталіся асновай беларускіх лягераў, кантактавалі з уладамі, уладкоўвалі арганізацыйныя справы. БНК вёў перамовы з прадстаўнікамі Польскага Эміграцыйнага Ураду, Украінскім Цэнтральным Дапамогавым Камітэтам, даводзіў прадстаўнікам УНРРА, што беларусы, як асобная нацыя са сваёй мовай, культурай, рэлігіяй, мусяць мець свае лягеры. У выніку дзейнасьці БНК паўсталі новыя беларускія лягеры, а сярод іх і лягер Гэррэнберг.

Акрамя звыклых ужо для беларускіх лягераў ДП устаноў -- школы, скаўцкай арганізацыі, -- у гэтым лягеры 1 красавіка 1947 году была арганізаваная Міколам Сільвановічам майстроўня беларускага мастацкага рамяства „Кааператыўна-Мастацкая Працоўня „Раніца””, дзе з саломкі, фанэры пры дапамозе клею, фарбаў, нешматлікіх спэцыяльных прыстасаваньняў і прылад рабілі калажы, аплікацыі ў выглядзе беларускіх народных арнамэнтаў, альбомы, табакеркі, рамкі, якія ішлі ў розныя куткі Нямеччыны, Англіі, Амэрыкі. На выставе ў нямецкім горадзе Байройце Міколу Сільвановічу быў прысуджаны дыплём за ягоныя мастацкія вырабы, а на выставе ў Аўстраліі яны атрымалі першае месца.

Тут, у лягеры Гэрэнберг, у 1947 годзе Мікола Сільвановіч да ўгодкаў 25 Сакавіка выдаў паштоўку „Вялікія Дзеячы Беларускага Адраджэньня” з выявай Пагоні і партрэтамі Кастуся Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, Францішка Багушэвіча, Пётры Крэчэўскага, Васіля Захаркі.

Пра гісторыю стварэньня паштоўкі Мікола Сільвановіч расказвае так:

„Два тыдні таму назад, 2 сакавіка 1947 г., у маёй галаве паўстала думка выдаць на 25 Сакавіка паштоўку нацыянальнага зьместу, і я прыступіў да працы. Праца была нялёгкая, у нас няма Кругловічаў[3] , якія маглі-б выканаць заказ, і мне прыйшлося шукаць немца-мастака, зь якім я працаваў і які згадзіўся намаляваць абраз, але з тым, каб я даў яму кампазыцыю, ну і рэчы ці асобы якія, якіх я хачу намаляваць. Так і сталася. Я кампанізаваў (хай даруюць усе, калі дрэнна) з малюнкаў волатаў нашага народу, якія ў мяне знаходзіліся. І сёньня ўжо абраз гатовы. Я ўжо яго перафатаграфаваў на цынк, думаю падаць у друкарню і выдаць да 25-га 1000 паштовак (ня ў колерах) па аднэй марцы ў продаж. А калі крытыкі пахваляць і разойдуцца паштоўкі, то тагды выдам на камені літаграфічным спосабам у колерах. Падбор асоб, здаецца, добры: паўстанец-дыктатар Беларусі Кастусь Каліноўскі -- закладчык ідэялёгіі незалежнасьці нашае Дзяржавы. Нарадаволец Ігнат Грынявіцкі -- ягоны пасьлядоўца. Франціш Багушэвіч -- сьведка тэй эпохі і супрацоўнік іх абодвух і Бацька Беларускай Адраджэнскай літаратуры. Пётра Крэчэўскі -- Прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі, цьвёрды незалежнік і дыплямат. Васіль Захарка -- другі Прэзыдэнт БНР, спадкаемца Каліноўскага, Грынявіцкага, Багушэвіча, іхні вучань, што памёр у выгнаньні. Дзяржаўны герб Беларусі -- Пагоня, на якім коньнік імчыцца ў роўным размаху, прадстаўляець поўны размах і сілу паднятых імі ідэй у нашым сёньняшнім эміграцыйным асяродзьдзі. Вось уся тая сымболіка, на якой абапёртая і выдадзеная на Сакавік паштоўка”.

У тым жа 1947 годзе Мікола Сільвановіч дасылае ліст Віцьбічу: „Дзякую і вельмі дзякую за крытыку, ня думаю злавацца. Адно думаю, што паштоўка не такія ўжо, здаецца, мае буйныя заганы; як для чужыны, мне здаецца, можна зрабіць трохі ўступкі. Недахоп сапраўдных падабізнаў. Што датычыць „Пагоні”, то гэта была рэпрадукцыя старой паштоўкі, зробленай нашымі старымі змагарамі. З панядзелка, паводле Вашае крытыкі, раблю паправу абраза і перад сьвятамі заказваю шматкаляровыя, літаграфічным спосабам апрацаваныя абразы вялікага фармату. Адбіваецца Вялікодная паштоўка тысячным тыражом.

Мне тут за гэты час давялося сустрэцца з такімі бацькамі нашага адраджэнскага руху 1918 году, як з камандзірам 1-га Гродзенскага палка сп. палкоўнікам Усьпенскім, старшынёй Гродзенскай Краёвай Управы Ўсеваладам Боевым, што наведалі мяне, ці як казалі, знайшлі „беларуса”, а пасьля ўшанавалі наш лягер сваёй прысутнасьцю ў дні Сакавіковага сьвята. І вось, калі яны былі ў мяне на вячэры і на начлезе, мы ўдаліся ў глыбейшыя размовы з нашымі славутымі адраджэнцамі. Даведаўся вельмі шмат са старых часоў, а ‘шчэ больш з сучасных, чым з Вамі і дзялюся.

Сп. палкоўнік Усьпенскі маець 70 гадоў, але ‘шчэ крэпкі і чэрства выглядаець. Ён жывець на нямецкіх картачках у Штутгарце, маець сям’ю і працуець як пісьменьнік. Належыць да згуртаваньня расейскіх пісьменьнікаў (Мюнхэн) і ў Вітэмбэргіі ці, карацей сказаць, у Штутгарце, кіруець расейскім культурным жыцьцём, каторае на ягоную асобу тут абапіраецца. „Таварыш прэдсядацель” (паводле кніжыцы К. Езавітава „Беларусы і Палякі”) Усевалад Боеў працуець адвакатам і зьяўляецца культурным працаўніком у расейскім гуртку, якім кіруець сп. палкоўнік Усьпенскі.

Дык вось што робяць нашы „унікалы”. Сум і жаль. Тут у нас, як я даведаўся, нашыя старыя беларусы пашыраюць расейскую культуру. Гімназія расейская, якая існуе тут, ёсьць заарганізаваная старым беларускім эмігрантам, сьвятаром Савіцкім.

Што рабіць? Да нас тут вельмі дрэнна адносяцца. 25 сакавіка сп. палкоўнік быў у форме Беларускага Гродзенскага палка, з усімі адзнакамі заслугі, як Крыж летувіскай дзяржавы, якім застаўся ўзнагароджаны за супольную барацьбу ў абароне беларуска-летувіскай дзяржаўнай незалежнасьці. У сучасны час сп. палкоўнік працуець над кніжыцай „У Літве”, дзе чырвонай ніткай ідзе справа беларусаў. Кніжыца перакладаецца з расейскай мовы (палкоўнік не валодае беларускай) на летувіскую і ангельскую мовы. Сп. Боеў валодае нядрэнна беларускай. Па супольных дыскусіях над беларускай сучаснай доляй паўзялі зрабіць у нас зьезд і заснаваць Беларускі Замежны Чырвоны Крыж.

Што да зборніка, аб каторым ужо двойчы ўспаміналася ў „Шыпшыне”, то я падрыхтаваў зборнік пад назвай „У дарозе”, куды ўваходзяць 16 вершаў, друкаваных у розных часапісах. Паўсталая гарачка ў месяцы лютым гэтага году выдаць зборнік друкам пакуль што ня зьдзейсьнілася. Неатрыманьне дазволу ад улад на друк, адсутнасьць кірылічнага шрыфту, паперы, выдаўца, пустая ўласная кішэня і жывот (я ня лічуся працоўным у лягеры) змусілі задумацца: як выдаць? І ўсё вышэйпададзенае змусіла адкласьці ўсю літаратуру і зборнік з болем у сэрцы і стаць на якую-колечы фізычную працу, каб ізноў зарабіць грошы і тагды прыступіць да выданьня. Вось што прымушае рабіць нядоля. Праўда, што гэта праца, на маю думку, прыносіць нам, беларусам, таксама славу і розгалас, робячы добрую нам славу як народным мастаком. Мо’ толькі што гэта справа не паэта. Але той бяды. Трэба грошы. За гэты час працы я раздумаў, што зборнік мой замалы, і мо’ „зазялёны”. 16 вершаў сустрэне такі крытык, і што? Загрызе. Я думаю дадаць хоць-бы толькі, значыць, што напісаў за гэты год, і дзесь пад канец гэтага году, мо’ ў лістападзе, выдаць. Не дачакаўшыся ад Вас кароткіх дадзеных аб „Даніле Паломніку”, што хацеў узяць у аснову задуманай мной паэмы аб гэтым слаўным нашым сьвятым мужы, пішу ад красавіка гістарычную паэму „Чацьвёрты этап. (Адраджэньне 1863-1946)”.

Да сёньняшняга дня была пустэча й холад, калі ‘шчэ была ў мяне душа, але я адчуваў, што мяне абакралі і з душы, або, інакш кажучы, вырвалі ў мяне душу. Але ворагі мае забыліся на адно -- што я Беларус, што я нашчадак таго народу, якога не пераможа ніякая варожая сіла. Ворагі забыліся, што я Вярба, што мяне можна пакалечыць, фізычна і маральна, адабраць усе сродкі да жыцьця, а я ўсё роўна буду жыць і расьці. Хоць і абкрадзены з душы, хоць і з дуплом унутры, але пры надышоўшай вясьне я пушчу пучкі.

Дык да пабачэньня ў Сьвятыні Вялікай і Сьвятой нашай княгіні Ефрасіньні Полацкай.

З пашанай да Вас Мікола Вярба”.

Мікола Сільвановіч (Вярба) жыў у лягеры ўдалечыні ад большасьці сяброў згуртаваньня „Шыпшына”, для яго само „сяброўства” значыла непараўнальна больш за фармальную прыналежнасьць да аб’яднаньня:

„Адчуваючы цяжкую тугу на чужыне ў дзень Сьвятога Ушэсьця, на якое ў нас на радзімай Беларусі заўсёды адбываліся гучныя фэсты, якіх я ніколі ня мінаў, прыпамінаючы ў мроях бацькоў і братоў, я пачуў стук у дзьверы майго бараку і да мяне ўвайшоў паштальён зь лістом ад Вас, дарагі спадар Віцьбіч, і доўга зь нецярпеньнем чаканай нашай „Шыпшынай”. Усемагутны Бог на нас, выгнанцаў, не забываецца. У самыя цяжкія для мяне хвіліны ўспамінаў прысылае мне тое, што я тут, у далёкай і чужой Нямеччыне, маю найдаражэйшае. Я ўзяў „Шыпшыну” і, падобна да алкаголіка, не адклаўшы з рук, прачытаў.

Моцны нумар. Вельмі ўдала і па-мастацку выканана першая балонка да трыццатых угодкаў 25-га Сакавіка. Я яшчэ такога чагось ня бачыў. І мне гэта вельмі спадабалася. Рысунак гэты можна будзець узяць у Вольнай і Незалежнай Бацькаўшчыне на мядаль „Мяча Пагоні”, які, напэўна, будзець устаноўлены. Адно, што мне здаецца (але гэта, можа, толькі недагляд): было-б шмат лепш, каб павязка дубовага вянку ўвярху была не адна, а тры. Гэта прадстаўляла-б сабой рымскую трыццатку, што якраз-бы супадала з Трыццатымі ўгодкамі.

Што да сяброўскай кніжкі, то гэта вельмі добра. Нам яе трэба было тут выдаць даўно. Але мы ўсё адкладаем. Толькі я думаю, што запрапанаваная Вамі вокладка засьціплы маець загаловак, або, проста кажучы, яго ня маець зусім. Я думаю, увярху над Пагоняй на вокладцы павінен быць назоў гэтай кніжкі. Напрыклад, „Сяброўская кніжка сябры Беларускага Літаратурнага Згуртаваньня „Шыпшына”.

Парадзьцеся там з усім Згуртаваньнем. Я думаю, каб гэта кніжка была нейкай надзвычайнай. Хаця яна нам нічога ня дасьць, але трэба, каб яна была такая зьмястоўная, як зьмястоўнае для нас ёсьць слова „Шыпшына”. Бо бачыце, у чужынцаў, як Вы ведаеце, згуртаваньні называюцца іначай. Украінцы маюць „МУР”, палякі „Полскі Клуб Літерацкі”, расейцы „Зарубежный Союз Писателей”. Гэта ўсё простыя празаічныя словы. „Шыпшына” -- гэта слова-сымбаль для нас”. (Зь ліста ад 12 чэрвеня 1948 году)

Пазьней Мікола Сільвановіч разам зь беларусамі Гэрэнбэргу пераехаў у лягер Майнлейс, дзе цалкам аддаўся грамадскай працы й вытворчасьці „Раніцы”. У 1947-1949 гадох вырабы „Раніцы” выстаўляліся ў Нюрнбэргу, Гамбургу, Мюнхэне, Зальцбургу і ў іншых гарадох Заходняй Нямеччыны.

Мікола Сільвановіч цесна супрацоўнічаў зь беларускім скаўтынгам. Зь яго ініцыятывы ў Майнлейсе адбылася ўрачыстая скаўцкая прысяга ды быў арганізаваны ці адзін беларускі культурны вечар.

У тым самым часе ён найбліжэй сышоўся з сэнатарам Васілём Рагулем (пэўны час жылі на аднэй кватэры) і падзяляў ягоныя думкі пра неабходнасьць аб’яднаньня ўсёй беларускай дыяспары[4] . У лісце да скаўтаў М. Сільвановіч пісаў:

„„...” Здабывайце веду, якая вам скажа, што на шляху да Вольнасьці і Незалежнасьці не павінна быць беларусаў „рускіх”, „польскіх”, „усходніх” і „заходніх”, „каталікоў” і „праваслаўных”, „дрыгавічоў” і „крывічоў”, а толькі --БЕЛАРУСЫ. Адзіны маналіт, Сыны Вялікага Народу, вялікіх сваіх продкаў, пераможцаў з-пад Грунвальду, з-пад Оршы, Творцаў Акту 25 Сакавіка”.[5]

16 травеня 1949 г. Мікола Сільвановіч выехаў у Канаду, яшчэ болей аддаліўшыся ад сяброў „Шыпшыны”. Канада, па ягоных словах, -- краіна, „магчымая для жыцьця”. Яго па-сапраўднаму ўразіла толькі тое, што мясцовае насельніцтва не пераймаецца беларускімі праблемамі. Праўда, у Вінніпэгу, дзе ён пасяліўся, пра беларусаў раней ніхто ня ведаў і ня чуў.[6] На першыя-ж выступленьні беларусаў у газэце „Беларускі Эмігрант” рэдакцыя „Вестника” („Единственной газеты русской обшественности в Канаде”) у Таронта, аб’яднаўшага расейскіх манархістаў і асіміляваных старэйшых эмігрантаў-беларусаў, прыцягнула да друку артыкулы Міхася Лынькова, Максіма Танка, Якуба Коласа і пачала публікаваць матар’ялы пра Беларусь як сувэрэнную краіну, дзе няма нацыянальных праблемаў ды й ня можа быць, бо зьяўляецца яна спрадвечнай часткай Расеі.

Таму першаснай задачай было ўтварэньне беларускай нацыянальнай арганізацыі, якое сталася ў 1950 г., -- Беларускага Нацыянальнага Камітэту на чале з Гарасімам Галожыным і сакратаром Міколам Сільвановічам.[7] (У 1955 годзе БНК зьмяніў назву на Беларуска-Канадыйскае Нацыянальнае Аб’яднаньне ў правінцыі Манітоба).

„Беларускі Нацыянальны Камітэт у Віньніпэгу, бяз розгаласу ў беларускай прэсе, вядзе сваю нацыянальную беларускую працу, таму мясцовая англамоўная прэса вельмі часта ўспамінае пра беларусаў у Віньніпэгу.

"The Winnipeg Tribune", "Winnipeg Free Ress" зь дня 22. 7. 1952 г. паведамляюць, што Беларускі Гурток Мастацкай Самадзейнасьці ставіў канцэрт з нагоды 70-х угодкаў сьв. памяці Янкі Купалы.

Успомненая газэта нядаўна прысьвяціла вялікі артыкул Лявона Коссара, з упрыгожаньнем фота беларускага мастака саламянай мазаікі, сп. М. Сільвановіча. Ягоным прыгожым мастацкім вырабам зацікавіліся канадскія ўлады. [Вырабы*, у якія ўлажыў шмат маруднай працы сп. Сільвановіч, меліся быць высланыя як экспанаты на канадскую выстаўку ў Ванкувэр, якая адбывалася ад 19 жнівеня да 1 верасьня гэтага году пад зазначэньнем: „Беларускае Народнае Саламянае Мастацтва””.[8]

Найбольшы розгалас і зацікаўленасьць выклікалі мастацкія імпрэзы, ладжаныя БНК, і не ў апошнюю чаргу дзякуючы выдатнаму тэнару М. Радчанку. Захавалася праграма сьвяткаваньня 33-х угодкаў „Абвешчаньня Незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі” пад дэвізам: „Мы за аднаўленьне вольных і незалежных дзяржаваў: Беларусі, Украіны, Грузіі, Азэрбайджану, Казахстану і другіх паняволеных Савецкай Расеяй народаў”:

Праграма

I

1. Адкрыцьцё (гадз. 2.00 па палудні).
2. Даклад на тэму „Беларускае Дзяржаўнае Сьвята 25 Сакавіка” (чытае Г. Галожын).
3. Зачытаньне прывітаньняў.

II

4. „Васілёчкі”, сола ў выкананьні М. Радчанкі, пры акам. баяніста А. Радчанкі.
5. „Беларускаму люду”, верш Янкі Купалы, дэклямуе Валянтына Гарох.
6. „Люблю наш Край”, гімн беларускіх жанчын, у выкананьні жаночага хору пры акам. баяніста А. Радчанкі.
7. „Ох ты, Нёман рака” -- сола ў выкананьні М. Радчанкі.
8. „Клясычная эўрапейская музыка”, выконвае баяніст А. Радчанка.
9. „Помніш”, дуэт у выкананьні З. Бурдзь і М. Радчанкі.

III

10. „Лявоніха”, беларускі народны танец у выкананьні Сп. Сп. Гарох, З. Бурдзь, Міхнавец, В. Гарох, Т. Калашук, В. Міхнавец, М. Радчанка, Н. Скок, музыка А. Радчанкі.

IV

11. Сяброўская кава.

У сваёй дзейнасьці БНК знаходзіў падтрымку і разуменьне ў нацыянальных арганізацыях украінцаў у Віньніпэгу, таму на старонках украінскіх газэт часта можна было ўбачыць паведамленьні пра сумесныя акадэміі, дзе М. Сільвановіч чытаў даклады пра сучасную беларускую літаратуру (па-беларуску) ці маладую беларускую паэзію (па-ўкраінску), або ўбачыць такое запрашэньне: „Увага! Увага! Украінці міста Виннипегу! Гурток Мистецькоі Самодійності Білоруськоі Народньоі Пісні і Танку при Білоруськім Національнім Комітеті у Виннипегу під управою А. М. Радченка улаштовущ в неділю, 8-го квітня, 1951, у годині 8-ій ввечері в залі Читальні Просвіта, (Флора і Мекензі) КОНЦЕРТ Білоруськоі Народньоі Пісні і Танку. Оцим запрошущмо украінське громадянство прибути на цей концерт. Прийдіть -- не пожалущте. Почущте перший раз білоруську пісню й танок у Виннипегу”.[9]

Але, нягледзячы на пэўнае прызнаньне ў якасьці „беларускага амбасадара ў Канадзе”, як любіў называць сябе Мікола Сільвановіч, павагу канадскіх беларусаў[10] , яго не пакідала пачуцьцё, знаёмае яшчэ з часоў лягераў ДП, -- абыйдзенасьці, закінутасьці, здавалася, што ўсе яго байкатуюць, ня лічацца зь ім. (На самой справе гэта было ня так: шырокая грамадскасьць вельмі паважала М. Сільвановіча за вырабы „Раніцы”, якія ў той час выдатна прэзэнтавалі Беларусь). Варта было спазьніцца чарговаму нумару „Шыпшына”, як Вярба дасылаў у ЗША лісты, поўныя абурэньня і крыўды:

„Я адчуваю, што мой голас у Аб’яднаньні саўсім малы, зь ім ніхто ня лічыцца і што-б я ні прапанаваў, яно застанецца толькі прапановай”. (Зь ліста ад 10 верасьня 1951) „Згуртаваньне Беларускіх Літаратараў на Чужыне заарганізаваць трэ’ абавязкова, але я спрычыніцца да гэтага не магу з тае прычыны, што я далёка жыву ад большага (Нью-Ёрк) згуртаваньня інтэлектуальных сіл. Мае-ж лістоўныя праэкты (за 1951 год), як Вы добра ведаеце, засталіся толькі праэктамі, а некаторыя „...і проста зьнявагай””. (Зь ліста ад 28 студзеня 1953)

Паступова ён аддаляецца ад беларускіх спраў, усё радзей піша. Ліставаньне скарачалася таксама, бо перастала выходзіць „Шыпшына”, сябрамі Згуртаваньня, як лічыў Мікола Вярба заставаліся хіба што толькі ён і Юрка Віцьбіч:

Дарагі Юры Аляксандравіч!

Цудоўна зрабілі, што напісалі ліста! Мы пакуль што таксама жывы і здаровы. Я працую (12-ты год) у шпіталі магазынэрам. Праца ня лёгкая, але і не цяжкая, адно толькі мала платная, 1.50 на гадзіну, 40 гадзін у тыдзень. Сям’я таксама нядрэнна маецца, жонка ужо па-над 6 гадоў ня робіць. Дзеці -- усе трое -- ходзяць у школу: Пятрусь сёлета пойдзе ў 6-ы аддзел, Алена ў трэці, Паўлюк у 1-ы.

Хата мая каля самае маёй працы. Я заўсёды прыходжу на палудзень дахаты (7 хвілін хады). Так што ў мяне маецца вельмі і вельмі шмат вольнага часу. Цяпер, гады са тры, зьбіраю паштовыя маркі. Выпісваю з гэтае галіны адмысловую газэту (22 бачыны на тыдзень) ды вяду вельмі шырокую перапіску з замежнымі філатэлістамі Індыі, Японіі, Швайцарыі, Нямеччыны, Польшчы, СССР, Чэхіі ды Амэрыкі. За апошнія сем месяцаў гэтага году выслаў 165 лістоў і блізу столькі-ж атрымаў.

Вам, „неўтаямнічанаму” ў гэтую гульню, бязумоўна, будзе ахвота разрагатацца. Затое-ж мне, пакаштаваўшаму звычаяў народаў у галіне перапіскі, іх псыхікі, гандлярскага сумленьня, халоднага разьліку і дыпляматычнай ветлівасьці, усё гэта вельмі падабаецца. Гэтым можна было-б дзяліцца бясконца, толькі, магчыма, яно Вам не па густу, бо не павязана з беларусікай.

Што-ж да свайго роднага, то я толькі чытаю, нічога ня пішу з тае прычыны, што ня ўсё было надрукавана, што раней напісаў. А было вельмі шкода, і не таго, што не надрукавалі, а таго, што на пісаньне было затрачана вельмі шмат часу. Часу, якога раней ня так ужо было і шмат.

За мінулае дзесяцігодзьдзе, 1949-1959 г.г., уважаю маім найбольшым палітычным асягненьнем артыкул пра беларусаў у Канадзе ў „Енцыцлопедіа оф Цанада”, якая выйшла ў 1956-1957 гадох у дзесяці тамох мільённым тыражом ды зьяўляецца падручнай кнігай па пытаньнях Канады, дзе і мы фігуруем.

На грамадска-нацыянальна-сацыяльным адрэзку ў Віньніпэгу (450 тысяч насельніцтва і 100 сямей зь Беларусі) лічу найвышэйшым асягненьнем заарганізаваньне аднэй -- бяз клясавай розьніцы -- беларускай сям’і, якая супольнымі сіламі здабыла сабе пашану між іншымі групамі народаў у горадзе, за што з году ў год у гонар беларусаў ня толькі што ў Віньніпэгу, але цэлае Канады ўзьнімаецца 25 Сакавіка наш бел-чырвона-белы сьцяг!

Што-ж да сваіх асабістых надбаньняў, то хіба-ж на першае месца высоўваецца сям’я, з захаваньнем традыцыі веры і звычаяў, ні ад каго не залежны побыт ды чыста і непадзельна асабістае -- удасканаленьне пры помачы Плутарха маіх аратарскіх здольнасьцей.

Ведаю, што нядобра хваліцца, але, магчыма, і не спаткаемся ў жыцьці больш -- дык дзеля таго скажу Вам, што прыходзілася прамаўляць да розных нацыяў, якія не разумелі нашай мовы, але плакалі, калі я гаварыў, і думаю, што калі-б сказаў: „Кіньцеся ў атаку і пераможам”, паверылі-б і выканалі заклік. (Зь ліста ад 6 жнівеня 1960 году)

Той артыкул у энцыкляпэдыі, якім гэтак ганарыўся Мікола Сільвановіч, прынёс багата непрыемнасьцяў аўтару і ці не канчаткова адштурхнуў яго ад беларускіх спраў. Прафэсар універсітэту ў Атаве, супрацоўнік Міністэрства Грамадзянства і Іміграцыі Канады В. Кэйэ у лісьце да В. Жука-Грышкевіча ў 1960 годзе пісаў, што М. Сільвановіч у 2-м томе энцыкляпэдыі падае колькасьць беларусаў у Канадзе паміж 10000 і 15000, што, на думку аўтара ліста, заніжана, бо сапраўдная колькасьць беларусаў недзе каля 30000.[11]

Пра тое-ж (празь дзесяць год!) пісаў да Юркі Віцьбіча і Сяргей Хмара: „Вярба мне ня піша. Калі пытаўся ў нашых адтуль, дык яны адказвалі, што ён нідзе не бярэ ўдзелу, ізаляваўся, а некаторыя прыпушчаюць, што нават запіўся. Больш праўдападобная вестка пра тое, што страху нагнала яму завяртанка, зьмясьціўшы артыкул аб ім і ягонай дзейнасьці ў краі.

На мяне ён крывы за крытыку ягонага выбрыку, калі ён, не паразумеўшыся зь нікім, падаў у Канадыйскую энцыкляпэдыю выдуманую ім самім лічбу 12 тысяч беларусаў у Канадзе, тады як нас тут каля 50 тысяч. І тады-ж як ён урэзаў такое глупства, навукоўцы-дасьледчыкі ў Атаве пісалі, што беларусаў прыкладна 35 тысяч, а дзякуючы стараньням нашага інстытуту Кастуся Каліноўскага, прэмьер Антарыё сьцьвердзіў, што нас толькі ў Антарыйскай правінцыі 30 тысяч. Тую шкоду, што прычыніў Вярба нам, адчуваем мы яшчэ часта і цяпер! А калі я затаўраваў гэты факт, дык ён абразіўся...”. (Зь ліста ад 11 лютага 1971 году)

У верасьнёўскім нумары „Беларускага голасу” за 1975 год быў зьмешчаны невялічкі некралёг, дзе паведамлялася пра сьмерць Міколы Сільвановіча зь Меншчыны, закладчыка першых беларускіх арганізацыяў у Манітобе: Беларускага Культурнага Таварыства і Беларускага Нацыянальнага Камітэту, чалавека 63 гадоў, які даўно адышоў ад беларускіх спраў. Між іншым, Ян Садоўскі, аўтар кнігі „А Чісторы оф Быелоруссіанс ін Цанада”, сьцьвярджае, што Мікола Вярба нарадзіўся 9 красавіка 1917 году, гэта значыць, што пражыў ён усяго 58 гадоў. Называючы Міколу Вярбу, разам з Кастусём Акулай і Сяргеем Хмарай, адным з найбольш важных беларускіх пісьменьнікаў у Канадзе, Садоўскі зазначае: „Вярба пачаў пісаць вельмі рана; аднак ягоныя вершы „З табой” і „Ня хмур броваў” не друкаваліся ажно да 1943 г. („Беларуская газэта”, 24 сьнежаня 1943 году)...

Урачыстае запэўненьне Міколы Вярбы любіць і абараняць Беларусь, ягоная непахісная вера ў ейную здольнасьць вынесьці найбольшыя няшчасьці адлюстраваліся ў вершы „З табою” -- адным з найлепшых ягоных твораў. Дакладны выбар слова, нязвычайная вобразнасьць мовы і ўнутраны рытм сьведчаць пра паэтычную сталасьць.

Цяжка ацэньваць паэзію Вярбы, бо толькі нязначная частка ягоных вершаў была апублікаваная. Большасьць з тых, што зьявіліся ў друку, напоўнена настальгіяй па Беларусі, разлуку зь якой ён вельмі цяжка пераносіў.

Мікола Вярба мог-бы стацца добрым паэтам, калі-б ня вырашыў пераключыцца на прозу ў 1949 годзе. Перакананьне, што паэзія недастаткова гнуткая, выклікала гэты драматычны крок”.[12]

Паэзія Міколы Вярбы недасьледаваная.

Таму, акрамя вершаў, што ніколі не друкаваліся і рукапісы якіх захоўваюцца ў архіве Юркі Віцьбіча (Фундацыя імя Пётры Крэчэўскага, Нью-Ёрк), тут зьмяшчаюцца і некаторыя вершы Міколы Вярбы, якія можна сустрэць на балонках беларускіх газэт і часапісаў мінулых гадоў.


1 Аўген Кавалеўскі (1921--13.08.1963), артыст Беларускага Драматычнага Тэатру ў Менску, кіраўнік Беларускай Тэатральнай Студыі ў беларускім лягеры Остэргафэн, артыст Беларускага Тэатру Эстрады на эміграцыі, драматург. Быў адным з заснавальнікаў Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі, сябра рэдакцыі часапісу „Моладзь” (Менск-Парыж). Зьяўляўся сакратаром управы Аб’яднаньня Беларускіх Работнікаў у Францыі пры французскіх сындыкатах і сябрам управы Міжнароднай Арганізацыі Ўцекачоў і Эмігрантаў Усходняе і Цэнтральнае Эўропы.

2 „Шыпшына”, №8, 1950, б. 1.

3 М. Кругловіч -- беларускі мастак, які жыў у лягеры Міхельсдорф.

4 Гл. зварот Васіля Рагулі да ўплывовых дзеячаў беларускай эміграцыі (Разьдзел „Хведар Ільляшэвіч”).

5 Скаўцкі Бюлетэнь Штандару „Гарц”, 5-6, 30 чэрвеня 1948, б. 2-3.

6 Р. Жук-Грышкевіч. „Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча”. Торонто-Канада, 1993, б. 229.

7 I. Kasiak. Byelorussia. Historical outline. London, 1989, p. 316.

8 „Беларускі Голас”, 15 кастрычніка 1952 г.

9 „Новий шлях”, Вінніпег, Манітоба, 7 красавіка 1951 г.

10 Р. Жук-Грышкевіч. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Торонто-Канада, 1993, б.214

11 Р. Жук-Грышкевіч. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Торонто-Канада, 1993. б.231-232.

12 John Sadouski. A History of the Byelorussians in Canada. Ontario, 1981, p. 139-140.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія