|
З
творчай спадчыны Міколы Вярбы
ПАНІХІДА
Памяці паўшых нязнаных Сыноў БЕЛАРУСІ ў абароне яе Вольнасьці прысьвячаецца
Паўшым верным Сынам Афіцэрам, Падафіцэрам і Жаўнерам Беларускага Армейскага Корпусу.
Паўшым верным Сынам Беларускага Асобнага Атраду.
Паўшым верным Сынам Першага Беларускага Гарадзенскага Палка.
Паўшым верным Сынам Самаабароны сталіцы Беларусі Менску.
Паўшым верным Сынам Слуцкага Паўстаньня.
Паўшым верным Сынам Вяліжскім Паўстанцам -- Барацьбітам за Волю Беларусі.
Паўшым верным Сынам Бясстрашным Нарадавольцам Вялейшчыны.
Паўшым верным Сынам Няўтомным Змагарам Наваградчыны.
Паўшым верным Сынам на полі навукі -- настаўнікам, прафэсарам, дацэнтам, паэтам, пісьменьнікам, мастакам, артыстам, славячым Імя Беларусі.
Паўшым верным Сынам пастраляным, павешаным, жывымі спаленым за тое, што зваліся Беларусамі на роднай беларускай зямельцы.
Паўшаму ў выгнаньні вернаму Сыну Беларусі, Першаму Прэзыдэнту Беларускай Народнай Рэспублікі Пятру Крэчэўскаму.
Паўшаму ў няволі вернаму Сыну Беларусі, Другому Прэзыдэнту Беларускай Народнай Рэспублікі Васілю Захарку.
Паўшым 800,000 верным Сынам Беларусам, замучаным у ссылках халоднага Сібіру, Калымы, Салаўкоў, Беламор-Каналу, Ухта-Пячорскіх сьмертных лягерах, загінуўшым у пяскох Караганды, у стэпах Казахстану, ня вытрымаўшым паходу ў няволю, памёршым у халодных прыстанях Мурманску. Бяз страху адышоўшым ад жыцьця ў канцлягерах Картузскае Бярозы, замучаным маральна ў Лукішскіх Мурох у Вільні , ціха памёршым у Сьвятым Крыжы, без Дароў Божых адышоўшым у Вронках у жыцьцё вечнае, тым, што з болем памёрлі у казематах Варшаўскае Цытадэлі, усім бязьвінным, за Імя Беларуса бясстрашна памёршым -- Беларусам Паўночнае, Усходняе, Паўдзённае і Заходняе Беларусі.
Паўшым сьмерцю мучанікаў у Дахаў, Маўтхаўзэне, Грос-Розэне, Бухэнвальдзе.
Паўшым верным Сынам Героям у жорсткіх баёх за Волю Народаў пад Нарвікам, Тобрукам, Монтэ-Касына жыцьцё сваё злажыўшых, каб мы жылі.
Паўшым верным Сынам у абароне нашых усходніх Брамаў -- Бранску, Рослаўлю, Смаленску і ўсяе зямлі Смаленскай.
Паўшым верным Сынам у абароне горада Воршы, Мсьціслаўлю і ўсяе зямлі Аршанскай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Заслаўя, Асіповіч, Менску і ўсяе зямлі Менскай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Барысава, Полацку, Вяліжу, Віцебску і ўсяе зямлі Віцебскай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Бабруйску, Рэчыцы, Гомелю, Магілёва і ўсяе зямлі Магілёўскай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Грэску, Слуцку і ўсяе зямлі Слуцкай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Пінску, Драгічына, Турава, Лунінца, Мазыра і ўсяе зямлі Палескай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Кобрына, Бельску, Супрасьлю, Пружанаў, Берасьця і ўсяе зямлі Берасьцейскай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Аўгустова, Сувалак, Ломжы, Беластоку і зямлі Беластоцкай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Саколкі, Гародні і ўсяе зямлі Гарадзенскай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Ганцавіч, Ліды і ўсяе зямлі Лідскай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Слоніма, Нясьвіжу, Любчы, Наваградка і ўсяе зямлі Наваградскай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Трокаў, Ашмянаў, Смаргоняў, Вільні і ўсяе зямлі Віленскай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Маладзечна, Ільлі, Радашкавічаў, Жодзішкаў, Валожына, Вялейкі і ўсяе зямлі Вялейскай.
Паўшым верным Сынам у абароне гарадоў Дзісны, Друі, Крулеўшчыны, Глыбокага і ўсяе зямлі Глыбоцкай.
Усім паўшым верным Сынам, жывымі спаленым, сьмерцю мучанікаў пагінуўшым бяз розьніцы прафэсіі, веравызнаньня, на родных палетках Бацькаўшчыны жыцьцё сваё злажыўшым ці ў халодных стэпах Сібіру, ці ў крэматорыях нацыстоўскага рэжыму Нямеччыны, ці ў жорсткіх баёх за Волю Народаў у Эўропе, Азіі, Афрыцы, жыцьцё сваё аддаўшым за Беларускую Справу.
МАЛІТВА БЕЛАРУСКІХ „ДП”
Божа Айцец наш! Ты стварыў усе народы вольнымі. Мы просім Цябе: Дай волю Беларусам.
Божа Ўсемагутны Уладар наш! Ты вывеў народ Твой Ізраіля зь зямлі Ягіпецкай. Мы просім Цябе: выведзі Ты і наш шматпакутны народ з ярма камунізму.
Божа Ўсяўладны! Адзіны Ты можаш зрабіць чаканае намі стагодзьдзямі, хвілінай думкі сьвятой Тваёй. Мы просім Цябе: дай нам вольную Бацькаўшчыну.
Ісусе Хрысьце Сыне Божы! Замучаны на крыжы, пахаваны й уваскрошаны. Мы просім Цябе: Уваскрасі нам нашу Бацькаўшчыну.
Ісусе Хрысьце! Ты ажывіў дачку Яіра, Ты памёршага Лазара з магілы падняў. Мы молім Цябе: уваскрасі нам нашу Беларусь.
Ісусе Хрысьце! Ты дараваў грахі забойцу Варнаве і тым, што Цябе расьпялі на крыжы, просім Цябе, даруй грэх і тым, што вінаватыя нашай паняверцы на чужыне. А нас узнагарадзі за пакуты нашы, за нашы магілы, раскінутыя па ўсім сьвеце, гойнай узнагародай Тваёй, тым, чым некаторыя Твае народы карыстаюць, ад часоў стварэньня іх. Молім Цябе: вольнай Бацькаўшчынай.
Духу Сьвяты, у Тройцы Адзінай і Непадзельнай! Праз сотні тысяч мучанікаў, загінуўшых у казематах камуністычнага рэжыму, увядзі ў думкі правячых сьветам сягоньня -- па вялікай міласьці Тваёй. Молім Цябе: Натхні іх зьняць ланцугі з нашай Бацькаўшчыны.
Духу Сьвяты! Праз ахвяру нявіннай крыві 4 000 000 загінуўшых Беларусаў у Другую Сусьветную вайну. Молім Цябе: дай нам Вольную Беларусь.
Духу Сьвяты! Празь цяжкі крыж нашага выгнаньня. Молім Цябе: зьмілуйся і вярні нас на Вольную Бацькаўшчыну.
Ісусе Міласьцівы! Празь зьбясчэшчаньне сьвятых нашых продкаў. Молім Цябе: зьмілуйся над нашай Бацькаўшчынай.
Ісусе Уваскрэсшы! Празь зьнішчаны Крыж Сьвятой Ефрасіньні нявернымі. Молім Цябе: зьмілуйся над нашай Бацькаўшчынай.
Ісусе Справядлівы! Празь зьнішчаныя сьведчаньні аб нашай славе -- Барысавы камяні. Молім Цябе: зьмілуйся над нашай Бацькаўшчынай. Сьвятая Маці, што ў Вострай Браме сьвецішся ў Вільні. Молім Цябе: уступіся за нашу Беларусь.
Сьвятая Маці Жыровіцкая! Цудатворная наша. Молім Цябе: уступіся за нашу Беларусь.
Сьвятая Маці Менскага Абраза! Заступніца нашае Сталіцы. Молімся да Цябе: пашлі малітву да Бога за Беларусь.
Сьвятая Еўфрасіньня Полацкая. Асьветніца нашага народу. Молімся да Цябе: маліся за Беларусь.
Сьвяты Кірыла Тураўскі. Япіскап і Красамоўца. Молім Цябе: маліся за Беларусь.
Сьвяты Апанас Ігумен Брэсцкі. Мучанік за веру. Молім Цябе: маліся за Беларусь.
Усе Сьвятыя Апякуны Беларусі. Молімся да Вас: маліцеся за Беларусь.
Божа Усемагутны! Праз нашу веру стагодзьдзямі ў Вольную Бацькаўшчыну. Молім Цябе: скараці нашае чаканьне.
Ісусе Добры. Праз нашу надзею, што будзем мець вольную і незалежную. Молім Цябе: дай Яе нам сягоньня.
Духу Сьвяты ў Тройцы Адзінай і Непадзельнай! Праз нашу гарачую да Бацькаўшчыны любоў. Зьвярні нас з чужыны ў родныя і вольныя межы дамоў.
Станься.
Красавік 1947
Асеньні пэйзаж
Між хмар гусей у небе клін
пад крык шляхі сабе штурмуе.
Паджары стог стаіць адзін --
пусты абшар вакол вартуе.
Ў палоне сумнай пекнаты
застыў асілак -- лес суровы.
Сланэчнік ў полі залаты
спусьціў дасьпелыя галовы.
Магутны сонца жар прыгас,
цяплом ня сыпле неба просінь.
Жыцьця і сьмерці ўжо абраз
сваім мазком малюе восень.
1946
Валтава
Шуміць... пеніцца... пнецца...
Рэжацца ў бераг, грукоча,
З абоймаў цьвярдых, здаецца,
На волю вырвацца хоча.
З хваляў наступ збудуе,
Ударыць, як бомбай, у сьцены...
Закруціўшы вірам, прабуе
Сілы набраць, белая ад пены.
У легендах сівая, як вочы
Дзяўчат, як казка, як ява...
Заўжды маладая. Удзень і ўночы
Ўсьцяж у змаганьні Валтава.
1944
Вясна
Таўстыя, тонкія, як клічнікі, вісяць
Ураньні ільдзінкі радамі із стрэх.
Вясна прыйшла. Зганяець сьнег.
На лузе чорныя праталіны відаць.
І дружна у поўдзень дня раўчкі бурляць,
Чуцён зь сяла дзяцей вясёлы сьмех,
Курэй кудахтаньне, сабачы брэх,
І дзесь між хмар увечары гусіны крык чуваць.
Прыйшла яна. А мы ўглядаемся далей...
Ня нам яе краса. Ня цешымся мы ёй.
З клумкамі на прыстані, нам няпрыкметны яе крык.
Мы ў чужыне, як Посьнік Макавей.
Чакаем мы вясны. Другой вясны сваёй,
Што нам надаў Магутны Сакавік.
1948
Да берагоў зямлі неабяцанай
Фрагмэнты
* * *
Яшчэ губляецца ў вятрох
адна вясна, пражыта ў горы.
У незнань еду праз прасторы,
зьбіраю думы па шляхох.
З туляцкіх дзён, чужых краёў
гляджу на прышлае з трывогай.
О, колькі гэтаю дарогай
назад ня вернецца ізноў?
О, колькі больш ужо ня ўбачаць
ні тых шляхоў, ані краіны...
Вагон адстуквае часіны,
асеньнім дожджам шыбы плачуць.
* * *
Сыгналы, гудкі прагулі.
Штурвальны накрэсьліў -- Вэст-Норд.
Пакідаем гасьцінны порт
чужой няўтульнай зямлі.
Рушыў параплаў і за сабой
пенай пазначыў сьляды.
І чайкі, як усплыўшы з вады,
над мачтамі абнялі канвой.
Далёкі, няведамы шлях,
чужыя вакол маракі...
І ўзмах не аднае рукі
крыж палажыў на грудзях.
* * *
Дзесяць ужо дзён, узяўшы ў апеку,
нясе акіян на хвалі бліскучай
у чужую краіну, ад зоркі пякучай,
пільгрымаў дваццатага веку.
І шмат іх тут ёсьць. З розных краёў,
расаў, народаў і з рознаю мовай.
Тут група палякаў з-пад Вільянова,
харватаў, славакаў. Там балты
расьселіся колам. Побач палтавец
з слаўнай у багацьці Ўкрайны,
прысеўшы на лаве былога, успаміны
дзеліць з старым беларусам.
-- Было-б у нас удоваль хлеба і солі,
каб кажны сабе быў сам гаспадар.
Сабраўшы на полі ўвосень свой дар,
на лёс не пакрыўдзіўся-б брат наш ніколі.
Здалёку чуваць было-б наша сяло...
У рост чалавека бывае пшаніца.
Нельга сказаць, родзіць зямліца.
Галодных гадоў-бы ў нас ня было!
Сяньня расейцы гандлююць пшаніцай.
Мы-ж, торбы ўзяўшы, сыны Украіны,
ідзём жабракамі ў чужыя краіны.
Так, так. Завалодаў зямлёй чужаніца.
-- Да нас дабягала зямлі вашай слава,
і нават прыказка такая была:
„Зрадзіла пшаніца, як на Украіне”.
Далёка-б слыла
і наша краіна! Мяса і сала
мы ўдоваль-бы мелі. Жыта родзіць добра ў нас,
восеньню мёду ўсяго-бы ня зьелі...
У сьвірне заўсёды каўбасы-б віселі.
Ну што гаварыць: ў стары даўні час
лясы нашу славу далёка нясьлі --
далёка за мора.
Сяньня чужыя лічаць чырвонцы
за нашы лясы. Мы ў горы бясконцым
у чужыя краіны ў выгнаньне пайшлі.
-- І што назаўсёды? -- Ніколі!
Мы прыйдзем з чужыны, і на ўласнай зямлі
будзем гаспадарыць! Сырэны гулі,
і мачты стагналі ад цяжкае долі
(мо’ з Белавескае Пушчы былі?).
Дрыжэў параплаў і рашуча цяў хвалі,
якія, здаецца, пільгрымам казалі:
-- На нашых хрыбтох не адны так плылі
і вярталіся ўноў у край свой стары,
як раньняй вясной вятры загудзелі.
Дзесь чайкі ў паветры зларэчна крычэлі:
„Да пары... да пары... да пары...”.
Уноў вырастаюць з вады ліхтары,
ветразі караблёў, рыбацкія лодкі...
І калі супакояцца хваляў дрыготкі,
за перавалам вадзянай гары
ўмерна-лагоднага Зюйд-Вест павароту,
направа ў аддалях блакіту бязьмежжа,
марака з Гэнуі -- Яна Кабота --
зямлі заімчэлі пустыя ўзьбярэжжы.
А подыхі ветру нязнаным прывет
гурбою нясьлі зь Зямлі Неабяцанай.
Мы, скінуўшы шапкі, пашану пашанай
аддалі зямлі і тым, хто адкрыў Новы Сьвет.
Узмоцнілі чайкі дарожны канвой;
з хваляў сваіх на воды Лаўрэнта
нас зьвярнуў акіян. І няпэўнасьць дашчэнту
ў нябыт уцякла. Мы прад сабой
убачылі край, нам дагэтуль нязнаны.
Цудоўны, багаты і вольны...
Вітаў нас прыязна народ навакольны.
Патомкі Кабота, Картэра, Магіканы
з падзівам глядзелі на ўцёкшых ад зьдзеку
старых і жанок і між сабой паўтаралі
‘шчэ доўга... І цягнікі нас забралі,
пільгрымаў дваццатага веку.
25 травеня -- 17 кастрычніка 1949,
Брэмэн-Квэбэк_Вініпэг
Заўвагі аўтара:
Зямля Яна Кабота -- Нью-Фаўндлэнд, адна з 10 правінцыяў Канады.
Воды Лаўрэнта -- рака Сьвятога Лаўрэна, адна з найбольшых рэкаў Канады, што ўпадае ў Атлантыцкі акіян.
Ян Кабот, марак з Гэнуі, які, шукаючы шляхоў да Ўсходняе Індыі, адкрыў узьбярэжжа сучаснай Канады.
Джэк Картэр, брэтонскі марак, які ў 1534 г. аднавіў адкрыцьцё Яна Кабота і заплыў ракой Сьвятога Лаўрэна аж да месца, дзе сёньня стаіць Манрэаль.
Дождж
З-за лесу чорнай дождж напоўз дзяругай,
заслалі хмары неба ўвесь блакіт,
маланкі зазіхцелі скрозь зэніт,
і гром заляскаў пяруновай пугай.
Брыжы сярэбранай спусьціўшы смугай,
лінулі хмары ў глебу даляміт.
Вадой паілі скібы ссохлых пліт,
што плуг узьняў з надзеяй і натугай.
Сасьмягла траў зяленіва, зьлягло,
у жніўні лісьцем сыпала гальлё --
краіну цяжкая найшла пасуха.
І вось -- і зноў задыхала зямля,
ля абразоў узьняўся шэпт-хвала,
а дождж ўсё біў і біў у стрэхі глуха.
* * *
Надходзіў дождж. Чорнай дзяругай
хмары пакрылі неба блакіт.
Зазіхацела маланка, асьвяціўшы зэніт,
і ляснуў пярун вогненай пугай.
Спусьціўшы брыжы, срэбнай смугай
кроплі палі на зямлю-даляміт.
На чэрствую ральлю, на скібы пліт,
што безнадзейна ляжалі, узараныя з натугай.
Падсьмерце: прырода траціла жыцьцё.
У жніўні дрэвы скінулі лісьцё --
краіну цяжкая наведала пасуха.
Прагавіта вохкасьць піло поле ў грудзі.
Ля абразоў шапталі нешта людзі...
А дождж ішоў і біў у стрэхі глуха.
1947
Зіма
Ты сяньня бельлю поле ўслала.
І тут ты ў госьці к нам прыйшла.
Быў час калісь, я там, бывала,
сустракаў цябе, зіма...
А сяньня як, Дачка Паўночы,
скажы, сустрэлі цябе там?
Мае ня цешыла ты вочы --
у госьцях сяньня я і сам.
Скажы, прызнайся хоць паэту,
што там сустрэла на шляху?
Ці хату сьветлую сагрэту,
ці спапялелую страху?
Ці матак выплаканы вочы,
шляхі зьмяраючых у стократ?
ці шлях апошні сярод ночы
пад штыхом чужых салдат?
Ці вёску, п’яную ад брагі,
ці папялішч сівых курган?
Ці твары, поўныя адвагі,
у беларускіх партызан?
Скажы, пытаю гэтак шчыра,
дай інтэрв’ю зь іх там жыцьця!
Маўчыш, халодная, нат’ ліра
ў табе ня збудзіць пачуцьця.
Не „сымпатычны”
За тонкімі дошкамі барачнай сьцяны,
у імгле накуранага дыму,
на сумную ноту прыгожага Крыму
песьню заводзіў голас п’яны.
За аджыты час узносілі кілішкі,
сусед спраўляў гучныя імяніны.
Плялі анэкдоты, плёткі, кпіны...
Хвалілі й ганілі прачытаныя кніжкі.
Самагонны хмель дум парыў
вышэй усё нёс у сьвет шырокі.
Я-ж за сьцяной сядзеў, самотны, адзінокі,
што ў іх „сымпатыкам” ня быў.
З табой
З табой нас ніхто і нішто не разлучыць,
цябе прыраклі мы да сьмерці кахаць.
Хай бура бушуе, хай град б’е калючы, --
за лёс твой мы будзем змагацца, ўміраць.
О Маці! Твае мы сыны -- адраджэнцы,
паўсталі мы раны твае загаіць,
табе мы ў ахвяру нясём свае сэрцы,
з табой мы жадаем памерці ці жыць.
Ня страшыць нас бура, празь сілу змаганьне,
ня страшыць агонь, што наўкола гарыць.
Мы веры аднэй, аднаго пракананьня,
што мы мо’ і згінем, ды ты будзеш жыць.
З табой нас ніхто і нішто не разлучыць,
цябе прыраклі мы да сьмерці кахаць.
Хай бура бушуе, хай град б’е калючы, --
за лёс твой мы будзем змагацца, ўміраць.
Крывавы клічнік
Хвалююць кроў. Крычаць: „Хутчэй сьпяшы.
Тут працы шмат. Каторая
Радзіму узмацніць. Што хворая
ад ран сьцякла; расьпята на крыжы”.
Прабяжыць між дум бераг роднай Усы,
сасновы бор, бярозаў шнур, лагоднае ўзгор’е.
Здасца, кануў дрэнны час... Толькі гісторыя
пражытага засела глыбака ў душы.
Жуткі стогн замучаных з магілы,
салёны пах сьвежай крыві нямілы
з нажа павіс у паветры, нібы клічнік.
Навошта крык дарэмна пружыць жылы?
Каб ўзьняўшы нож, набраўшы сілы,
захварбаваць ‘шчэ больш Кастрычнік.
1947
Мая малітва
Сьвітала.
Золак блакітна-сіні
ноч перамог.
Радзіўся дзень...
Званы званілі,
а ўздоўж дарог
крочылі вернікі ў сьвятыні...
І я ішоў,
зь бясчуцьцем ног,
дарогай змучаны далёкай,
каб разам быць,
дзе быў і Бог.
Калі сьвятар ў цішы глыбокай,
усхваляваны аж да сьлёз,
вітаў Народ, --
Хрыстос Уваскрос.
Хрыстос Уваскрос!
Я на калені паў, з пакорай
маліў Уваскросшага: спасі
няшчасны мой Народ ад гора...
І Беларусь нам Уваскрасі.
Медны коньнік ХХ веку
І
На скрыжаваньні гучных вуліц,
у цяні мадэрнейшых рэклям,
скалёсіўшы зямлі паўкулі,
здаўшы ў багаж стары каптан,
ў разанскай вышытай кашулі
гуляў сусед мой, брат з славян --
палітык дня, дансінгаў франт,
гадоў сучасных эмігрант.
ІІ
Віно цякло, бурліла ў чары.
У знак сустрэчы быў банкет.
І каб прыкрыць старыя мары
і заімгліць імглісты сьвет,
к сабе паклікаўшы ахвяры,
як казачнік-хадыка-дзед,
казаў мадэрну песьню-казку:
„Мы самі, бач, дадзём разьвязку...”.
ІІІ
„Няма пытаньня на Ўсходзе.
І цень драпежнага Крамля
ня зломіць сілы ў народзе,
што разгарыцца аднога дня.
Народ паўстане, скажа: „Годзе!”,
і з путаў звольніцца зямля.
Зьмятуць чырвонага цара,
як сьмецьце восеньню з двара...”.
ІV
Піяў і цешыўся, што туга
пятнаццаць упрэжана ў ярмо.
Грубыя путы і тоўстая пуга
з дратоў ізьвітая. Дармо!
І сёньня хоць другога „друга”,
а конь Пятроў імчыць даўно.
Пляны ажылі і зрэалізаваны.
„Вступил уж Всадник” на Балканы.
V
І ўзьнёс капыт падкуты стальлю.
Гатоў спусьціць як на кілім,
на слаўны Парыж, ў сонца хвалях,
І на сівы над Тыбрам Рым,
І за Ла-Манш ў імглістай далі --
на Лондан з гербам залатым.
Згнясьці, што людскасьць натварыла,
каб больш ня ўстала, не ажыла.
VІ
За акіян, за сіні хвалі,
туды, дзе першым быў Калюмб,
яго маячуць вочы з сталі.
Заданьне ёсьць стварыць там глум
над сымбалем, што даравалі
народы ім, -- як зноў самум,--
што ў іх стаіць даўгія годы
пад імем Помніка Свабоды.
VІІ
Ён зьліў старую думку з новай
у чары срэбнай Чынгіс-Хана.
Й штодзень ужо даўно гатовы
для „рэвалюцый” -- рукой тырана
іх ўсе гуманныя галовы
адцяць, як у Прадцечы Яна.
...........................................
...........................................
VІІІ
„Стоит уж Всадник” на Балканах.
Ў вачах яму маячыць Рым,
Парыж бурлівы, як на экране,
з Барталамея ноччу ў ім...
А ў ценях моднае рэклямы
пяець сусед мой, славянін,
на новы лад старую казку,
што „Самі мы дадзём разьвязку”.
1949
Мы сьведчыць будзем!
Мы з захаду прыйдзем,
пайшоўшыя ўчора...
І тыя зьбяруцца
з халоднай паўночы...
Нас ніхто ня стрымае:
ніякае мора,
ні горы, пустыні,
ні цемрадзі ночы!
На суд прынясём мы
збалелыя раны...
Няхай на іх глянуць
ўчарашнія каты.
І судзьдзі хай глянуць,
каб нашых тыранаў
за зьдзекі і крыўды
ня крыўдзіць адплатай.
Сабраўшыся там
ў дзень Ушэсьця Народу,
у сьветлы дзень, вольны,
як роўныя людзі,
высока ўзьняўшы
сьцягі за Свабоду,
на судзе ўгнятальнікаў
сьведчыць мы будзем!
Няма таго, што сэрцу трэба...
Імчыць цягнік, журчыць калёсьсе
хутчэй, хутчэй, нібы хто гнаў.
Гляджу ў вакно -- няма Залесься,
дзе я так часта праязджаў.
Няма прыгожай з дрэва хаты,
на супачынак сеўшай у сад.
Тут сад другі і небагаты,
І хаты з цэглай селі ў рад.
Няма дубоў і ёлак ў неба,
бабуляў-ліп, красунь-бяроз.
Няма таго, што сэрцу трэба,
што я любіў, калі падрос.
Няма Вялейшчыны каханай,
дзе хвоі засьцяць неба край,
няма Вяльлі пасерабранай --
ляніва тут цячэ Дунай.
1946
Ня плач прад чужымі
Калі лёсам мо’ з роднага дому
ты будзеш загнаны к чужым,
хоць цяжка мо’ й будзець самому,
жалем сэрца ня ўзрушыш ты ім.
Ня плач прад чужымі, ня ўзрушаць іх сьлёзы,
ракой каб прыйшлося іх ліць.
Халодны іх сэрцы, як лёд, як марозы,
братэрства іх плачам табе не здабыць.
Калі з роднага дому лёсам ты ўчора
застаўся аддадзен чужынцу служыць,
ня плач і ня жалься, хоць сэрца гавора:
зашмат маеш крыўды, зашмат маеш гора.
Ім гора тваё нат’ зусім не баліць.
1945
Паміж пахучых руж
Прысьвячаецца
Аленцы Яцэвіч
Паміж пахучых руж,
прыгожых і чароўных,
паміж тульпанаў, зьвязаных у пучкі,
на рынку ў кошах поўных
ляжалі сьціпла васількі.
З расой сабраныя у полі,
яны між руж блішчэлі,
нібы тыя зоркі,
калі я іх купляў.
Мо’ яшчэ ніколі
купца такога
ня было ў вугоркі,
які-б пакінуў ружы і тульпаны,
купіўшы васількоў --
палёў нязнаных кветак.
Хоць быў чужы я,
усё-ж спытала,
дзе яны растуць прыгожа гэтак?
Вось ружы і тульпаны!
Падарак больш шыкоўны!
О не! Такія ёсьць у нас...
Нам васількі куды мілей
ад усялякіх руж чароўных.
Маўчала...
Ёй родны край свой,
як сыну Беларусі -- васількі,
у сэрцы адазваўся.
Перад вачмі яе бліснулі
вінаграднікаў узгоркі,
юнацтва шлях прабег, нібы ў сьне.
І хвалявала ўсё
душу вугоркі,
як васількі -- мяне.
1947
Прывід
Стол. І прада мной у рамцы вузенькай -- партрэт,
зроблены магутнай мастака рукой.
Наўкось падае зь сьвечкі сьвет...
Я гляджу... І на мяне герой,
лагодны з твару, у сьвітку адзет,
глядзіць адважнымі вачыма.
І ў момант чую шорах... Шэпт...
Лёгкі вецер за плячыма...
Згас агонь. І толькі сьвет
з другіх дамоў ці мо’, магчыма,
зь Ягонай постаці, што стаў
жывы, як волат прада мною.
Сьвяціў.
Чуў мову я, жывую, з слоў:
„Я Тэстамэнт з-пад шыбеніцы
табе пісаў, нашчадак мой,
ты піў усё зь яго крыніцы --
ў няроўны часта рваўся бой,
каб у барацьбе свае граніцы,
з чужымі за круглы сеўшы стол,
мог выткнуць сам. Каб гаспадар
сваёй быў хаце, і па дазвол
ня йшоў к чужым. Шмат ахвяр
ты ўзьнёс Радзіме на алтар.
Ідзі далей! Ня страшна гора.
Не адну аджылі вы пару
ясьней сягоньня, як учора.
Пазналі ўсюды Беларусь,
вамі занесеную за мора.
І ў гэты край чужы, ў выгнаньне
сягоньня тут прыйшоў сказаці,
што прыйдзе час, ўжо йдзе, настане...
Зь няволі выйдзе -- Радзіма-Маці.
Тут буду вас я адвядаць
і павяду, як вёў, ў паўстаньне”.
1947
Санэт
У цяжкія дні мінуўшых часоў,
як на край наш спадала варожая сіла,
зьяўляўся ў нас легендарны Вашчыла,
каб весьці за волю ў змаганьне братоў.
Бясьсьмертны Кастусь Каліноўскі ўставаў --
ў паўстаньне вёў... Пакуль сілы хапіла...
Маці Случанка Сьцяг падарыла
і на жорсткую бітву паслала Сыноў.
Дамоклаў меч нат’ каб зьвіс над табой,
сягоньня кроч уперад цьвёрдай ступой,
калі вораг Радзіме тваёй суліць скон.
Напружыўшы сілы, зь верай сьвятой
за Волю Народу бясстрашна йдзі ў бой.
Мы толькі ў змаганьні дажджом сьветлых дзён.
1948
Сваю сабе збудуем хату
Няхай „фанатыкі” мы будзем,
пракляты вамі назаўсёды...
Таго, што маюць усе народы,
няхай мы тут і не здабудзем.
Але да мэт сваіх пайдзем,
хаця-б патроіць трэба страты,
і сьцяг, што прадзедамі ўзьняты,
за Незалежнасьць панясем.
Мы не бяром Маскву, Варшаву,
ня трэба нам Сыбір бязьмежны --
за вольны край і незалежны,
мы за сваю ідзём дзяржаву.
Няхай „фанатыкі” мы будзем...
Хаця-б патроіць трэба страты, --
што ўчора страцілі, здабудзем,
сваю сабе збудуем хату.
Сьвятых -- Сьвятым
Усяк цябе звалі.
Ты мне -- Беларусь.
Ты зносіць умела...
Прыняла, як шукалі
прытулку.
Цела
і жыцьцё заладзіла.
Міцкевічу была Літвой,
Глінку і другім -- Русьсю,
Манюшку, натхнёнаму Табой,
Ты была ўсім.
Пілсудскі на Тваім
гасьцінным полі
абвясьціў:
„За нашу і вашу волю!”.
Хто не гасьціў?..
Пасьля хто не маліўся
зямлі Міцкевіча?..
Той, хто ня жыў.
Міцкевічу была Літвой.
Глінку -- Русьсю. Другім --
карчмой.
А мне Ты чым,
як я --
сын Твой?
Чым?
Мне над усё --
Сьвятых -- Сьвятым!
Ты, мая Беларусь
Надаела жыцьцё --
працы шэрай мазоль --
без цаны, як сьмяцьцё,
як асеньняя золь.
І даўно-б мо’ ня жыў,
сам-бы скончыў з сабой,
каб цябе ня любіў
усім сэрцам, душой,
каб ня верыў таму,
што з чужыны зьвярнусь
хоць на мгненьне к Табе,
Ты, мая Беларусь.
1944, Рэдлі
Ці-ж мне ня даў нічога Бог?
Каму радня, свая ёсьць хата,
свой Родны Кут, дзедаў парог...
Каму другому ліст ад брата...
А мне ня даў нічога Бог.
Аднак я мужна ўперад крочу
праз свой цьвярды за волю шлях,
хоць я жабрак, і сёньня ноччу
над галавой чужы мне дах.
Камусь другому мая хата,
мой Родны Кут, дзедаў парог...
Ня прыйдзе ліст ка мне ад брата...
Ці-ж мне ня даў нічога Бог?
1946
Чыя?
Убит поэт, невольник чести,
пал, оклеветанный молвой.
М. Ю. Лермонтов
Дзераўляная сцэна
і абраз...
генія,
з духам вялікім.
Глядзіць задумана паэт
і слухаець
уласны твор,
чытаны дэкляматарам,
шматлікім
народам і клясам.
І як Манблан, між гор
ні сьцёрты
завірухай,
ні часам,
кідаець ім
сказ грозны, урачысты,
балючы і пануры.
Чыім вы хваліцеся сёньня творам
у дзень сваёй культуры,
расейскія манархісты?
Пушкіна??..
А чыя кроў
пляміла рукі
і лягла пятном
на вас і вашых дзядоў?
Як з братам брат
Хоць нашы дні, юнацтва годы
кавыліць, рвець жыцьця зыгзаг,
заместа радасьці заўсёды
у церні наш прыбраны шлях.
Хоць ліхадзей, сусед-нягоднік,
зярнём няпраўды нас карміў,
быццам-бы Ты мне быў „Усходнік”,
а я „Заходнік” Табе быў.
Нас не зламаў падшэпт, ні гора,
ні дрот мяжы, чужымі ўзьнят.
З Табой сустрэўся я ўчора,
як свой з сваім, як з братам брат.
* * *
Полі Н.
... „Як пішаш?.. Вершаў мне прышлі,
я іх з ахвотай прачытаю”.
Так пішаш мне. Я іх пішу,
але ў стол усе хаваю.
Іх зьмест суровы, як жыцьцё,
як у бойцы бровы генэрала.
Навошта слаць усё тое, што
Вам больш-бы сьлёз ‘шчэ дадавала.
Бяз вершаў маеце іх досьць.
Навошта візыя ўспамінаў?
Ўсё адплыло, як маладосьць,
як ў сьне чароўны ўзор кіліма.
Хоць пішаш: „Вершаў мне прышлі...”,
(злавацца будзеш, гэта знаю),
я, як пісаў, так і пішу,
але у стол усе хаваю.
1948
ВІТАНЬНІ
Вам шлю прывітаньне
Жылі мы ў згодзе, жылі ў нязгодзе,
калі на радзіме тварылі сваёй.
А сяньня ў выгнаньні, ў чужым мы народзе,
на ласцы, няласцы і долі адной.
Пацісьнем далоні ў дарозе на згоду,
як роўныя з роўнымі, як змагары!
Настроіўшы ліры, праз буру, пагоду
супольна пайдзема да яснай зары.
Вітайце, каханыя, вітаю вас сяньня
у нашай за прышласьць дарозе цьвярдой.
Прыймеце, прыймеце й маё прывітаньне,
ад сэрца Вам шлець Беларус за мяжой.
1946
Дзень урадзінаў
Я маю сяньня дзень радзін.
Трыццаты год мінае сяньня...
Ў дарозе я. Я сам адзін.
Дзялю няшчасны лёс выгнаньня.
А там, на родных мне палёх,
чужынец сьлёзы гора сее.
Ляжаць палеткі ў дзірванох,
раджайных ніў загон ня сьпее.
Зларэчна крумкае крумкач
над папялішчам майго Дому,
заводзіць Маці ціхі плач,
і нат’ суняць няма нікому...
Ў чужых праходзіць дзень радзін.
Учынкі лепшага злічаю
і верш пішу на успамін,
каб адчытаць калісь для Краю.
9 красавіка 1947
|