|
„Узвышша”, „Шыпшына” і Юрка Віцьбіч
На дзікім каменьні, на дзікім і жорсткім
шыпшына ня зьвяла, пасьцеле цьвяцістасьць.
І з гэнай цьвяцістасьці, з гэных пялёсткаў
паўстане спрадвечная існасьць.
Уладзімер Дубоўка
Літаратурнае Згуртаваньне „Шыпшына” паўстала яшчэ ў Бэрліне 5 студзеня 1945 году. На першым арганізацыйным сходзе прысутнічалі Натальля Арсеньнева, Юрка Віцьбіч, Уладзімер Сядура, Уладзімер Клішэвіч, Тодар Лебяда, Алесь Салавей, Мікола Цэлеш, Андрэй Чэмер, Вольга Таполя, Лявон Случчанін, Янка Золак. Сход аднагалосна вырашыў закласьці Згуртаваньне і выдаваць часапіс. Тады-ж былі абраныя два сябры, Віцьбіч і Сядура, каб скласьці аб гэтым адпаведную інфармацыю Р. Астроўскаму і прасіць яго зацьвердзіць Згуртаваньне. Аднак ваенныя падзеі не дазволілі давесьці справу да канца і аформіцца афіцыйна. Пісьменьнікі пакінулі Бэрлін.
Толькі 9 красавіка 1946 году ў Рэгенсбургу „Шыпшына” была адноўлена. У яе склад увайшлі: Натальля Арсеньнева, Юрка Віцьбіч, Мікола Вярба, Янка Золак, Хведар Ільляшэвіч, Аўген Кавалеўскі, Уладзімер Клішэвіч, Алесь Салавей, Масей Сяднёў, Уладзімер Сядура, Мікола Цэлеш (А. Чэслаўскі)[1] . Пазьней далучыліся да „Шыпшыны” Міхась Кавыль, Уладзімер Дудзіцкі, Сымон Жамойда, Рыгор Крушына[2] .
Згуртаваньне паўстала як агульнаграмадская, а не партыйная арганізацыя; інакш кажучы, ягоныя сябры маглі мець розныя сьветапогляды, але падзяляць Дэклярацыю Згуртаваньня. У час, калі адбыўся падзел на „крывічоў” і „беларусаў”, „заходнікаў” і „ўсходнікаў”, каталікоў і праваслаўных, гэта было вельмі важна. Адзінай палітычнай мэтай абвяшчалася змаганьне мастацкімі вобразамі за ідэалы 25 Сакавіка.
„Шыпшыну” ў значна меншай ступені закранула барацьба з „крывічамі”. На старонках часапісу друкаваліся ўрыўкі з рамана Міхася Зарэцкага „Крывічы”, верш Ларысы Геніюш „Мы былі і будзем крывічамі” (назва, дадзеная самой рэдакцыяй, якая палічыла аўтарскі назоў „Ня сумуйце, дзяцюкі, вясною” занадта мінорным), зьмясьціла артыкул Глеба Альгердзіча (Антона Адамовіча) „Нашчадкі і спадкаемцы”, ня выкрасьліўшы тэрмінаў „Крывія”, „Крывіччына”, якія аўтар ужыў 86 разоў, што дало падставу часапісу „Рух” (№4) зазначыць, што „Шыпшына” ўжывае гэтыя тэрміны часьцей за самі крывіцкія часапісы. А ў той самы час у Рэгенсбургу і Мюнхэне крывіч Янка Станкевіч з аднадумцамі паліў паэму сябра Згуртаваньня Алеся Салаўя „Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі”.
Не закранулі часапіс і спрэчкі вакол канфэсій і веравызнаньня. Напрыклад, у першым нумары „Шыпшыны” друкаваўся ўрывак з аповесьці Віцьбіча „Як сацьмела золата найлепшае”, а мэцэнатам чацьвёртага нумару выступіў біскуп Слосканс, які ахвяраваў 500 марак на выданьне.
Да таго-ж, часапіс друкаваў творы і тых пісьменьнікаў, што фармальна не належалі да Згуртаваньня: Антона Адамовіча, Янкі Юхнаўца, Сяргея Хмары -- людзей розных, калі не супрацьлеглых, палітычных і мастацкіх паглядаў. Бадай што ня было на эміграцыі пісьменьніка, які-б не зьмясьціў сваіх твораў у „Шыпшыне”.
Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла пазыцыя Юркі Віцьбіча. Ягоную „працу” зь пісьменьнікамі, асабісты падыход да кожнага можна праілюстраваць на прыкладзе ліставаньня з Алесем Змагаром, сябрам „Баявой Ускалосі”.
У лісьце ад 26 студзеня 1952 году Віцьбіч пісаў яму: „На працягу сёлеташняга году маюць выйсьці нумары 11, 12, 13 і 14 „Шыпшыны”. Ветліва прашу Вас дасылаць свае добрыя вершы і прозу, якія знойдуць у „Шыпшыне” сваё пачэснае месца. Асабіста я даўно ведаю Вас як Алеся Змагара, і ня толькі па творах, паэтычных ды празаічных, напісаных Вамі на эміграцыі, але яшчэ ў часапісе „Полымя” за 1933 год чытаў Ваш верш „Да барацьбы”, хаця і тады, здаецца, Вы ўжо былі на эміграцыі. Што датычыць напрамку часапісу „Шыпшына”, дык хочацца думаць, што Вы ня маеце ў гэтай галіне тых ці іншых закідаў або засьцярогаў. Прынамсі, акрамя шыпшынаўцаў, у №10 ідуць творы Ніны Змагаркі, Сяргея Хмары, Грэскага, М. Вольнага. Увогуле, у нас тут, у Амэрыцы, апошнім часам паміж беларускімі літаратарамі наладзілася сяброўская еднасьць”.
Праз год, у лісьце ад 11 сакавіка 1953 году, Віцьбіч працягваў: „Мяне цешыць Вашая думка наконт Згуртаваньня. Запраўды, тут, у ЗША, робіцца шмат чаго, каб зьнішчыць Згуртаваньне, але тымчасам бяз посьпехаў. Наадварот, гэтыя спробы выклікалі яшчэ большую кансалідацыю шыпшынаўцаў, што раскіданыя злым лёсам па ўсіх краінах сьвету, вакол майго сьціплага імя. У склад „Шыпшыны” ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх трох беларускіх эміграцыйных палітычных плыняў (БНР, БЦР, Трэцяя сіла), як і тыя, што стаяць па-за імі, а тым ня менш, паміж шыпшынаўцамі няма аніякіх спрэчак на палітычнай глебе. Менавіта таму шыпшынаўцы супраць падпарадкаваньня ўсіх пісьменьнікаў на чужыне адной з трох плыняў. Разам з тым, яны -- шчырыя прыхільнікі стварэньня брацкае Асацыяцыі ўсіх пісьменьнікаў на чужыне, у якую на аўтаномных падставах уваходзяць „Шыпшына”, „Баявая Ўскалось”, літаратурныя сэкцыі пры Інстытуце Навукі й Мастацтва, пры Навуковым Таварыстве імя Францішка Скарыны, „Дванаццатка” і г. д. Вельмі ўдзячны за Вашую прапанову дапамагаць „Шыпшыне”, а можа яшчэ лепш будзе, калі Вы ўвойдзеце ў ейны склад як шыпшынавец”.
І Алесь Змагар у сваім лісьце ад 9 лістапада 1953 году адказаў: „Наконт Вашае прапановы ўвайсьці ў склад згуртаваньня „Шыпшына” я з прыемнасьцю даю згоду, і, як толькі Вы зноў зможаце выпусьціць яе наступныя нумары ў сьвет, паведамце мне, і я надышлю Вам вершы ці апавяданьні свае ды, магчыма, і Кавалеўскага”.
Палітыку часапісу ў дачыненьні да новых сяброў Згуртаваньня, як і да пісьменьнікаў наагул Юрка Віцьбіч, рэдактар выданьня, выказаў у лісьце да Клішэвіча і Сяднёва:
„Падалі заяву аб прыняцьці іх у „Шыпшыну” Юры Жывіца і Сьвятаслаў Коўш. Аповесьць Жывіцы „Пушча шуміць”, якой пачатак ідзе ў гэтым нумары „Шыпшыны”, ягоная-ж аповесьць „Сьвеціць у тумане”, якая ідзе ў часапісе „Аб’яднаньне”, сьведчаць аб тым, што ён -- таленавіты празаік. Між іншым, ён паходзіць з Палесься, якое амаль нічога не дало нашай літаратуры. Апавяданьні Каўша, напісаныя рытмовай прозай, маюць пераважна сэнтымэнтальны характар. Жывіца значна мацнейшы за Каўша. Калі ўлічыць, што проза была ў нас заўсёды вельмі вузкім месцам, дык усялякая падтрымка і больш шчыльная сяброўская лучнасьць у дачыненьні да гэтых двох празаікаў будзе карыснай і для іх, і для нас.
Як вы заглядаецеся на тое, каб паслаць ад Згуртаваньня „Шыпшына” цёплы прывітальны ліст Язэпу Варонку ў Чыкага? Мне думаецца, што ніхто, ні Астроўскі, ні Абрамчык, ня маюць большых правоў на рэпрэзэнтацыю нашае эміграцыі і народу, як Язэп Варонка. Зразумела, што нас у дадзеным выпадку і ўвогуле абыходзяць не ягоныя правы на рэпрэзэнтацыю (нашае Згуртаваньне стаіць па-за палітыкай), а магчымасьць наладзіць сувязь з выдатным беларускім дзеячам з тае кагорты, да якой належалі Ластоўскі, Грыб, Мамонька, Шыла, Язэп Лёсік, Езавітаў, Цьвікевіч, Тарашкевіч, Бадунова і інш. Цяпер Язэп Варонка -- дырэктар радыёстанцыі ў Чыкага, якая досыць часта падае перадачы на нашай мове. Менавіта празь яго мы можам трапіць у эфір.
Атрымаў ліст ад Юхнаўца. Ён надзвычай таленавіты паэт са сваім уласным абліччам. Ён паэт не для многіх, але гэтыя нямногія будуць чытаць і перачытваць ягоныя вершы. Адштурхнуць каго-небудзь -- адна з нашых адмоўных нацыянальных якасьцяў”.
У лісьце да Вітаўта Тумаша Віцьбіч пісаў: „Рэдакцыйны партфэль „Шыпшыны” сёньня вялікі, у ім шмат новых твораў. Усё-ж прыходзіцца часам рабіць перадрукі. Справа ў тым, што наш часапіс на 70% прызначаны для чытачоў, і на 30% на рэпрэзэнтацыю нашае літаратуры паміж іншых нацыянальнасьцяў...
Цікавіць Вашая думка аб вершах Сяднёва „На пляжы” і „Гераіня”. Мне здаецца, што паасобныя неэстэтычныя вобразы і выразы ў іх забіваюць увогуле гэтыя вершы. Каб быць добрым паэтам, трэба мець душэўную патончанасьць, далікатнасьць. Калыма -- дрэнная школа ў гэтай галіне, але Сяднёў мусіць і можа аднавіць гэтую якасьць. Нажаль, ён гэтага не разумее.
Якая ў Вас думка аб Юхнаўцу? Аб Крушыне? Можа, я памыляюся, але ў першага пэўныя здольнасьці і, магчыма, немалыя, і адначасова брак пісьменьніцкае культуры, а ў другога -- адваротнае”.
Напачатку паўстала ідэя друкавацца выключна за грошы, што атрымлівалі ад продажу „Шыпшыны”. Аднак ад гэтага мусілі адмовіцца, бо на 60% часапіс распаўсюджваўся дармова. Выручалі падпісныя лісты ці складкі; напрыклад, №5 быў выдрукаваны за грошы, сабраныя беларусамі лягеру Майнлейс. А рассылаўся часапіс па ўсіх лягерах, дзе былі або маглі быць беларусы: Фалькенберг і Гайкендорф, Більфельд і Дальменгорст, Любек і Мюнстэр, Гэрбэрг і Бургдорф.
„Шыпшына” дасылалася і на іншыя адрасы: на эміграцыі -- ва ўнівэрсытэцкія біліятэкі Фрайбургу, Мюнхэну, Марбургу, Эрлянгену. У ЗША лісты-ж прыходзілі са зваротнымі адрасамі Брітісч Мусеум, Чоовер Інстітуте анд Лібрары, Еаст Еуропеан Фунд, Інц., Натіонал Цомміттее оф тче Пеопле-то-Пеопле Програм, Неш Ыорк Публіц Лібрары з падзякамі за дасланыя нумары і просьбамі дасылаць і надалей.
Роля „Шыпшыны” на эміграцыі яе ініцыятару Юрку Віцьбічу бачылася недзе адпаведнай ролі „Ўзвышша”, аб’яднаньня і часапіса на Беларусі. Не, не працягам яго. Калі ў 1951 годзе адзначалі 25-я ўгодкі заснаваньня „Ўзвышша”, Віцьбіч ня змог прыехаць у Нью-Ёрк, але даслаў ліст, дзе пісаў: „Надысь у адным артыкуле мне давялося прачытаць, што тут, на чужыне, ёсьць спробы адрадзіць „Узвышша”. Наколькі мне вядома, гэтае сьцьверджаньне не адпавядае сапраўднасьці. Усякія спробы ці намеры адрадзіць „Узвышша”, калі-б толькі яны мелі месца, зьявіліся-б недарэчнасьцю.
„Узвышша” непаўторна.
„Узвышша” зусім не адышло ў нябыт.
„Узвышша” было і будзе.
Прыйдзе той час, калі славутае „Ўзвышша” адновіцца зноў, як нязломная кагорта самаахвярных патрыётаў.
У дзень 25-х угодкаў ад заснаваньня роднага „Ўзвышша” хочацца перадусім з братнім жалем схіліць голаў перад сьветлай памяцьцю ўзвышэнцаў, закатаваных расейскім бальшавізмам, такіх, як Адам Бабарэка, Уладзімер Дубоўка, Уладзімер Жылка. Няхай ніколі ня згіне памяць аб іх і паўстануць курганы з касьцей іхніх забойцаў.
У гэты дзень хочацца цёплым сяброўскім словам прыгадаць тых узвышэнцаў, што дагэтуль гібеюць у савецкіх катавальнях, такіх, як Язэп Пушча, Тодар Кляшторны, Лукаш Калюга, Сяргей Дарожны, Васіль Шашалевіч, Андрэй Шашалевіч, Фелікс Купцэвіч. Няхай дачакаюцца яны Ўваскрашэньня нашае Бацькаўшчыны”.
Іншая справа, што Віцьбіч і сумаваў па былым сяброўскім згуртаваньні і бачыў неабходнасьць захаваньня традыцый, мастацкіх і чалавечых, захаваньня твораў, імёнаў -- ня толькі, як ён пісаў, для „рэпрэзэнтацыі” на Захадзе, але й для будучыні.
Тады-ж Віцьбіч пачаў накідваць успаміны пра той час: „Часапіс „Узвышша” стаўся першым беларускім часапісам, у якім у №9-10 за 1929 год я надрукаваў сваё апавяданьне „Як загінуў Ясь” -- дагэтуль я друкаваўся ў літстаронках і літаратурных дадатках розных газэтаў.
Паказальны лёс менавіта гэтага апавяданьня. Спачатку я даслаў яго ў літдадатак да газэты „Савецкая Беларусь”, дзе неўзабаве ў паштовай скрынцы зьявіўся наступны адказ Міхася Чарота: „Ю. Віцьбічу. Вашае апавяданьне „Як загінуў Ясь”, дарэчы, напісанае вельмі добра, друкавацца ня будзе, бо ў ім слаба адбіліся клясавыя супярэчнасьці на вёсцы”.
Тады бяз усякіх зьменаў я даслаў гэтае апавяданьне да „Ўзвышша”, дзе пабачыў яго надрукаваным пад зьмененым Літбелам назовам „Млынарова рука” і адначасна атрымаў ад Кузьмы Чорнага прачулы ліст, які, па сутнасьці, зьяўляўся дыплёмам на годнасьць пісьменьніка. Мне прыемна таксама прыгадаць, што тады-ж адзначылі мае літаратарскія здатнасьці Ўладзімер Дубоўка і Язэп Пушча. Гэткім партызанскім чынам я прыйшоў да часапісу „Ўзвышша”, стала друкуючыся ў ім, а таму для мяне зусім натуральным стаўся пазьнейшы ўваход у Згуртаваньне „Ўзвышша”, але ён адбыўся не без змаганьня з паасобнымі пабочнымі чыноўнікамі.
З 1922 году я жыў у Маскве, працуючы на ейных хімічных заводах і зарабляючы тым самым сабе на кавалак хлеба штодзённага і права на вышэйшую асьвету, бо гэтага права я ня меў як сын „лішэнца”. Менавіта ў 1929-1930 гадох працаваў на Дэрбенеўскім фарбавым заводзе, а жыў разам з паэтам Алесем (цяпер Аляксеем) Зарыцкім, у пазбаўленым дзённага сьвятла сутарэньні на Арбаце (дом 51), у якім знаходзіўся Цэнтральны Беларускі Клюб, і, магчыма, нягледзячы на зусім ня спрыяльныя для творчасьці жыцьцёвыя ўмовы, мае творы, а, значыцца, і іхні аўтар, сталіся знанымі для суродзічаў, бо вычуў бадай паляваньне на сябе з боку розных літаратурных інстытуцыяў, каб я стаўся іхнім сябрам.
Бадай адначасна я атрымаў прапановы ўвайсьці ў іхні склад ад Нацыянальнае Сэкцыі расейскага згуртаваньня „Кузница” і Беларускае Сэкцыі МАПП (Маскоўская Асацыяцыя Пралетарскіх Пісьменьнікаў) -- першую ачольваў маладняковец паэт Міхась Дуброўскі, а другую таксама былая сяброўка „Маладняка” Зінаіда Бандарына. Спаслаўшыся на сваю літаратурную маладосьць, я адмовіўся ад гэтых прапановаў. Пазьней у Маскве былы сябра Літаратурна-Мастацкае Камуны (група беларускіх футурыстаў) паэт Паўлюк Шукайла, расстраляны ў 1938 годзе бальшавікамі, спрабаваў разам з вядомым удмурцкім паэтам Кузебай Гердам стварыць МОНП (Маскоўскае Згуртаваньне Нацыянальных Пісьменьнікаў). І я прысутнічаў на ягоным арганізацыйным паседжаньні. Аднак на гэтым паседжаньні МОНП і скончыўся пасьля наступнага, паводле словаў Шукайлы, адказу ЦК ВКП(б): у Маскве ёсьць нацыянальныя сэкцыі пры расейскіх згуртаваньнях, і няма аніякае патрэбы ў стварэньні паасобнага апрычонага згуртаваньня нацыянальных пісьменьнікаў. У тыя-ж часы я атрымаў прапанову зь Менску ад пісьменьніка Хвядоса Шынклера, што загінуў у апошнюю вайну пад Сталінградам, далучыцца да БелАПП, у якую ў 1929 годзе ператварыўся „Маладняк”. У гэтым выпадку мяне выратавала тое, што статут БелАПП прадугледжваў сяброўства ў ім толькі тых, што жывуць у межах БССР.
Уваход у тую ці іншую з вышэйпрыгаданых літаратарскіх інстытуцый зьяўляўся найбольш мэтазгодным з пункту гледжаньня прыстасаваньня да савецкае рэчаіснасьці. Аднак я пайшоў па лініі найбольшага супраціву. Можа сымбалічна, што гэты рашучы крок я зрабіў пасьля зьяўленьня ў трэцім нумары „Ўзвышша” за 1930 год майго апавяданьня „Грыміць Перакагрыж”, якое прысьвечана перамаганьню плытагонамі найбольш небясьпечнага на Дзьвіне парогу Перакагрыж.
Я паслаў з Масквы ў Менск да „Ўзвышша” просьбу прыняць мяне да гэтае славутае літаратарскае сям’і, якое сябры тады ўжо напалову апынуліся за бальшавіцкімі кратамі, а самы назоў, „узвышэнец”, гучаў для савецкага вуха бадай, як „контррэвалюцыянер”. (Трэба яшчэ дадаць, што ад самога „Ўзвышша” я не атрымліваў аніякіх прапановаў далучыцца да яго). У адказ на сваю просьбу я атрымаў паведамленьне за подпісам Кузьмы Чорнага (старшыня) і Кандрата Крапівы (сакратар), што, насуперак традыцыі Згуртаваньня аб прыёме новых сябраў, я аднагалосна прыняты да „Ўзвышша” на першым паседжаньні ягоных сябраў, а паводле традыцыі маім „хросным бацькам”, які падрабязна пазнаёміў узвышэнцаў з маім жыцьцём і творчасьцю, стаўся Кузьма Чорны. Мне дагэтуль цяжка пераказаць тую радасьць, якую я вычуў тады з прычыны гэтага паведамленьня.
У канцы 1931 году адбылося гэтак званае „самаразьвязваньне” „Ўзвышша”. Ягонага старшыню Кузьму Чорнага выклікалі ў ЦК КП(б) і сказалі, што існаваньне „Ўзвышша” зьяўляецца непатрэбным і шкодным. Пад надрукаванай у апошнім нумары часапісу і тагачасных газэтах пастановай аб „самаразьвязваньні” ёсьць подпісы ўсіх сябраў за вылучэньнем майго. Каб я жыў у Менску, дык без сумлеву меўся-б і мой подпіс, але я напісаў потым, што нібы не атрымліваў ад Зьмітрака Бядулі гэтае пастановы для подпісу. Аднак, калі ўзвышэнцы быццам далі гэтаму веры, дык крытык Лукаш Бэндэ дамагаўся ад мяне, каб я паасобна ў друку далучыўся да „самаразьвязваньня”...
Усё гэтае дае мне нават юрыдычнае права разам з сябрамі ўзвышэнцамі, якія не падпісалі пастанову, бо пакутвалі на бальшавіцкай катарзе, лічыць сябе не „самаразьвязаным” узвышэнцам, і ці варта ўжо гаварыць пра тое найгалоўнае, што калі ўзвышэнцам я стаўся зь першага свайго твору „Ян Непамуцэн”, дык застануся ім да таго часу, калі сьмерць выб’е з мае рукі пёрка” (4 травеня 1957 году).
Атрымлівалася, што былыя сябры або зьнішчаны, або іхні сьлед згубіўся ў расейскай Сібіры[3] . Перарвалася лучнасьць. Натуральна, у Віцьбіча, нават разам з Антонам Адамовічам, Ізыдарам Плашчынскім -- тымі, хто друкаваўся ва „Ўзвышшы”, ня было спадзяваньняў аднавіць згуртаваньне. Але-ж была магчымасьць захаваць памяць.
Так нарадзілася ідэя кнігі „Не чарнілам, а крывёю”[4] _- успаміны пра Эдуарда Самуйлёнка і Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна і Ўладзімера Хадыку, Міхася Чарота і Паўлюка Шукайлу. Ня ўсё ішло ў друк. Шмат чаго цікавага, характэрнага пра сваіх сяброў-паплечнікаў засталося ў ліставаньні, якое, трэба думаць, дадасьць пэўныя жывыя рысачкі да літаратурнага працэсу 30-х гадоў і ягоных творцаў. Тыя жывыя дэталі, якіх так не хапае падсавецкай (вялікай!) літаратурнай мэмуарыстыцы. І справа ня столькі ў палітыцы, колькі ў боязі паказаць жывых людзей зь іхнімі чалавечымі асаблівасьцямі і ўчынкамі, часам сьмешнымі, часам сумнымі, часам трагічнымі. Як заўважыў Віцьбіч у адным зь лістоў, што друкуюцца тут, „мне вельмі падабаецца праз тую ці іншую дэталь паказаць жывога, сапраўднага чалавека”.
Усё гэтае і абумовіла выбар невялікай часткі багатага ліставаньня[5] Юркі Віцьбіча, зьмешчанай ў кнізе: беларускія пісьменьнікі даваенных гадоў, памяць аб іх на эміграцыі, будзённае і надзвычайнае.
1 Пазьней, у выніку разьбежнасьцяў, са Згуртаваньня выйшлі Н. Арсеньнева, А. Кавалеўскі, М. Цэлеш. Разам з тым, нават у 1951 г. у лісьце рэдакцыі „Шыпшыны” да „Фонду Ўсходняе Эўропы” сярод пераліку сяброў Згуртаваньня падаецца імя Тодара Лебяды.
2 Сяброўства Рыгора Крушыны дасюль лічылася сумніўным. Аднак у архіве часапісу „Шыпшына” захоўваецца ягоны ліст наступнага зьместу: „Вельмі паважаны Рэдактар. Надоечы мне выпадкова давялося ўбачыць часапіс „Сакавік”, №1, у якім ўнеспадзеўку для мяне зьмешчана мая „Пэрсыдская легенда”. Мне прыемна і ўцешна, калі выходзіць новая кніга зь беларускім словам, а тым больш, калі ў ёй ёсьць часьцінка і маёй працы. Але абураюча прыкра, калі мой твор, які меўся быць найперш надрукаваным у часапісе „Шыпшына”, куды я й даслаў у апошняй апрацоўцы, трапіў нейкім спосабам бяз згоды аўтара на балонкі „Сакавіка”. У другім лісьце, таксама на імя рэдактара, Рыгор Крушына просіць даслаць яму для UNRRA даведку пра супрацоўніцтва ў часапісе. Такім чынам, прынамсі, напачатку Р. Крушына належаў да Згуртаваньня.
3 Менавіта праз недахоп інфармацыі працяглы час лічылі загінуўшымі У.Дубоўку, Л.Геніюш, Л. Случчаніна і іншых.
4 Некалькі разоў у друку з’яўлялался паведамленьне пра друк кнігі ў ангельскай ці нямецкай мовах. Але выглядае, што кніга ніколі ня была выдрукавана. Можна сьцьвярджаць, што яе зьместам мусілі стацца артыкулы, зьмешчаныя ў свой час у „Шыпшыне”, „Бацькаўшчыне”, „Беларусе” і некаторых іншых эміграцыйных выданьнях.
5 Ліставаньне Юркі Віцьбіча захоўваецца ў шматлікіх грамадскіх і прыватных архівах і лічыцца сотнямі архіўных адзінак.
|