БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
Яўхім Кіпель, Эпізоды

ЭПІЗОДЫ

Яўхім Кіпель

ЯК НАС ВУЧЫЛI

Калі мне споўнілася сем гадоў‚ а майму старэйшаму брату было ўжо гадоў дзесяць‚ паўстала патрэба аддаць нас у школу. Школы ў нашай вёсцы Байлюкі не было. Найбліжэйшая школа была ад нас кілямэтраў 14 у мястэчку Глуск. Гэта не такая вялікая далечыня: кожную нядзелю езьдзілі зь вёскі ў мястэчка — хто дровы на продаж вазіў‚ хто ў царкву езьдзіў — дык дастаўляць вучням харчы было няцяжка. Але ўзьнікала пытаньне: як у расейскай школе змогуць нас вучыць? Бо-ж у вёсцы і дарослыя мала ведалі расейскую мову‚ дзеці-ж амаль нічога не разумелі.

Памятаю такі выпадак. Справа была ў позьнюю восень‚ бадай што ў Піліпаўку. Мужчыны малацілі ў гумне‚ воддаль ад іншых будынкаў‚ у хаце-ж засталіся толькі адныя жанчыны ды дзеці. Гэтым часам у вёску прыехалі нейкія начальнікі‚ не валасныя‚ а здалёку. Яны зайшлі да нас у хату і пачалі пытацца:

— Как ваша фамилия? Ваше имущественное положение?

У хаце былі тры жанчыны і ніводная зь іх не разумела‚ чаго ад іх хочуць. Паслалі мяне ў гумно па дзядзьку‚ якога ў нас уважалі за знаўцу расейскае мовы‚ бо тры гады адслужыў у арміі. Ён прыйшоў‚ выслухаў начальства і з аплёмбам сказаў:

— Вось дурныя бабы! Яны-ж пытаюцца‚ як вашае прозьвішча і якая ў вас маемасьць!

Жанчыны неяк вінавата схамянуліся ды нешта прагаварылі на сваё апраўданьне.

Падобныя выпадкі здараліся ў вёсцы часьцей і часьцей‚ і пытаньне з мовай стаяла вельмі востра. Хлопцаў такога веку‚ як мы з братам‚ у вёсцы было яшчэ трынаццаць‚ і бацькі адчувалі‚ што дзяцей трэба неяк вучыць. Аднак-жа як вучыць‚ калі ніхто не разумее мовы? I таму на вясковай нарадзе нашыя ды іншыя бацькі пастанавілі‚ што хлапцоў трэба трошкі «абламаць» дома‚ а калі яны крыху будуць разумець расейскую мову‚ адвезьці іх у школу ў Глуск.

Тады якраз павярталіся дахаты салдаты‚ што былі на японскай вайне. Яны ў адзін голас казалі‚ што непісьменнаму чалавеку на вайсковай службе вельмі цяжка. I гэта яшчэ больш пераконвала‚ што дзяцей трэба вучыць. Нашая вёска дзеля гэтага наняла настаўніка. Быў гэта малады хлапец Алімп Шулякоўскі са шляхоцкага засьценку Лучкі‚ што недалёка ад Глуску.

Навука пачалася з навучаньня рэлігіі. Усе мы былі праваслаўныя‚ таму нас вучылі па-праваслаўнаму хрысьціцца і праваслаўныя малітвы. Разам мы пачалі вучыцца літараў ды чытаць цэлыя словы. Пры вучэньні словаў сустракаліся бадай непераадольныя цяжкасьці. Прыкладам‚ нам трапілася слова ушат. Настаўнік нам казаў‚ што ушат — гэта цэбар‚ і гэта трэба запомніць. Далей настаўнік казаў‚ што лошадь — гэта конь‚ весы — вага‚ карман — кішэня‚ портной — кравец‚ сапожник — шавец‚ кузнец — каваль і гэтак далей.

Для малых гэта было вельмі цяжка‚ бо незнаёмых словаў было шмат‚ а запамінаць незьвязаныя словы для дзяцей нялёгкая справа. Калі хто з нас выяўляў вялікую цікавасьць ды дапытваўся‚ чаму‚ прыкладам‚ цэбар стаўся ушатам‚ дык зарабляў лінейкай па далоні — на гэтым і пытаньні‚ і тлумачэньні спыняліся ды ўсё ставала «зразумелым».

Праз пару месяцаў навучаньня настаўнік прывёз з Глуску нейкі падручнік‚ што ўжываўся ў народнай школе. З падручнікам справа зрабілася яшчэ цяжэйшай. Мы цяпер мусілі завучваць цэлыя сказы‚ і гэта была сапраўдная мука‚ бо мы нічога не разумелі. Прыкладам‚ в поле пашут на быках азначала ў полі аруць валамі‚ плотник заколотил гвоздь — цясьляр забіў цьвік.

Часта здараліся выпадкі‚ што і настаўнік не разумеў тэксту. Прыпамінаю такі сказ: Мать разожгла огонь на шестке. Настаўнік тлумачыў сказ гэтак: разжигать значыць распальваць‚ огонь — гэта агонь‚ але пры чым тут шост? У такіх выпадках нас выручаў дзядзька‚ бо школа бадай увесь час была ў нашай хаце‚ — ён ведаў, што шесток — гэта прыпечак. Часта дзядзька нам тлумачыў і іншыя словы‚ як костер — вогнішча‚ длина — даўжыня‚ прыгнуть — скочыць і гэтак далей.

I гэтак нашая пачатковая навука цягнулася бадай цэлую зіму. Пад канец зімы настаўнік пачаў нас вучыць вершы‚ як ён нам казаў — сьцішкі. Вершыкі нам даваліся яшчэ цяжэй. Прыкладам‚ мы напамяць завучылі верш аб тым‚ як дзедка дастаў ліст ад свайго ўнука з гораду‚ але сам прачытаць яго ня мог і паслаў пасланца ў другі канец вёскі па хлопчыка‚ які ўмеў чытаць. Верш закончваўся гэткімі радкамі:

По дороге мальчик
Вдоль села идет.
Дед кричит: — Мишуха!
На‚ прочти-ка вот!

I вось над гэтай страфой мы даўгавата затрымаліся‚ бо зусім не разумелі такіх словаў як мальчик‚ вдоль‚ Мишуха‚ кавот. Глянуўшы цяпер‚ здаецца гэта быццам-бы і проста‚ але для дзяцей‚ якія ніколі ня чулі расейскае мовы‚ гэта складала вялікую цяжкасьць. Апрача зразуменьня словаў‚ сказаў і сэнсу ўсяго‚ што мы вучыліся ў першую зіму‚ велізарнай цяжкасьцю і перашкодай было і вымаўленьне‚ за якое ізноў ня раз даводзілася даставаць лінейкай.

Пад вясну‚ у велікодны пост, прыехаў да нас у вёску сьвятар‚ якога ў нас называлі бацюшка Сямёнаў. Ён праверыў‚ ці ведаем мы малітвы‚ папытаўся‚ як мы хрысьцімся‚ чаму складаем тры пальцы пры хрышчэньні. Усё гэта за зіму мы навучыліся. Бацюшка нас усіх пахваліў і сказаў‚ каб мы рыхтаваліся да споведзі.

Прыблізна за месяц да таго‚ як ісьці ў царкву спавядацца‚ прыехаў у Байлюкі брат нашага настаўніка Сямён Шулякоўскі‚ які скончыў настаўніцкую сэмінарыю ды быў недзе настаўнікам. Ён арганізаваў з нас хор і навучыў сьпяваць колькі царкоўных песьняў.

Недалёка ад нашае вёскі‚ у сяле Клятном‚ была старэнькая царква‚ у якую два разы на год прыяжджаў сьвятар спавядаць сялян. У тую царкву і павёў нас настаўнік да споведзі. У часе абедні мы сьпявалі‚ і гэта зрабіла вялікае ўражаньне. «Пабачце‚ вунь што за зіму навучыліся! Аж у царкве могуць сьпяваць!» — гаварылі сяляне. Таму што мы нешта навучыліся‚ за прыкладам нашай і суседнія вёскі хутка адчынілі школы граматы ды таксама на свой кошт.

На другую зіму нас вучыў ужо іншы настаўнік. Перш-наперш ён нам загадаў купіць у Глуску кніжку «Северо-Западный край». З гэтай кніжкай прыйшлі яшчэ большыя клопаты — мы зусім не разумелі‚ бо зьместам кніжка была для другога году‚ цяжкая‚ а нашая веда расейскае мовы бадай ніякая. Разам з чытаньнем кніжкі‚ мы вучыліся табліцы множаньня‚ усе чатыры арытмэтычныя дзеяньні‚ і пад канец зімы сталі разьвязваць некаторыя задачкі па задачніку Яўтушэўскага.

На трэці год нас павезьлі ў Глуск — у народную чатырохгадовую вучэльню. Будынак школы зьмяшчаўся на валасным двары‚ у самым цэнтры мястэчка. Загадчыцай была настаўніца Надзея Аляксандраўна Савіч‚ а памочніцай ейная сястра Кляўдыя. Школа ўтрымвалася на валасныя грошы‚ ці бо на кошт сялян‚ і таму дзеці сялян прымаліся ў першую чаргу‚ і толькі на вольныя месцы прымалі дзяцей мяшчан і шляхты. Пры школе быў інтэрнат‚ але ён быў невялікі‚ і таму дзяцей мяшчан і шляхты ў інтэрнат не прымалі. Яны мусілі жыць на прыватных кватэрах. Яўрэйскіх дзяцей у школу зусім ня бралі.

Рэлігіі дзеці былі праваслаўнае або каталіцкае. Праваслаўных было шмат больш. Агулам-жа ў школе было каля дзевяцьдзесяцёх вучняў. Для дзьвюх настаўніц гэта была даволі вялікая нагрузка. Лекцыі адбываліся ў адным вялікім пакоі‚ і кожная настаўніца вяла два аддзелы.

Нас, хлопцаў з Байлюкоў, пасадзілі ў другі аддзел. Вучыцца тут было шмат цяжэй. Настаўніцы гаварылі з намі пераважна па-расейску. Напачатку мы іх амаль не разумелі. Яны гэта бачылі і заўсёды тлумачылі нам па-нашаму‚ ды ўсё-ж настойліва вымагалі‚ каб мы зь імі гаварылі‚ як яны казалі‚ правильно. Нам тады не казалі‚ што гэтае слова беларускае‚ а тое расейскае. Нам казалі‚ што гэтае слова неправильное і таму яго ня трэба ўжываць у гаворцы.

Практычна гэта давалася цяжка і азначала‚ што нам забаранялася карыстацца найбольш ужыванымі словамі: хіба‚ як‚ трэба‚ бачыў‚ чуў і падобнымі‚ ці‚ інакш кажучы‚ забаранялася ўжываць засвоены дзяцьмі лексыкон‚ а заміж гэтага вымагалася завучваць новы — разве‚ как‚ нужно‚ видел‚ слышал.

У вучняў адразу зарадзілася апазыцыя да такіх словаў і зваротаў. Часам у клясе мы між сабой проста не гаварылі‚ а вельмі часта такія словы і звароты знарок перайначвалі‚ кпілі. Гэтак‚ заміж нужно мы сумысьля казалі нужнік. Калі настаўніца гэта пасьпела пачуць‚ дык ставіла вучня на калені‚ а часам страшыла‚ што накруціць вушы. Аднак‚ не зважаючы на пагрозы‚ мы адчувалі‚ што настаўніцы былі нам спагадлівыя ды часта ўдавалі‚ што ня чуюць‚ як мы міжсобку размаўляем.

Першы год нашае навукі ў Глуску да нас даволі часта прыяжджаў з Бабруйску інспэктар народных школаў Чарнэцкі. Гэта быў мужчына сярэдняга веку‚ з чорнай барадой. Ён з намі часта і даволі доўга гутарыў‚ ніколі не крычэў‚ калі мы не разумелі ягоных пытаньняў‚ стараўся нам вытлумачыць па-нашаму ды ўсё распытваў нас і пра школу, і пра нашае жыцьцё, і пра тое‚ як мы гутарым у інтэрнаце.

Аднойчы інспэктар Чарнэцкі прыехаў да нас зь нейкім іншым начальнікам. У гэтага другога была таксама невялікая бародка. Апрануты ён быў у чорнае паліто з бліскучымі гузікамі і быў надта ветлівы да нас. У клясе ён пабыў гадзіны дзьве‚ паслухаў‚ як мы адказвалі на пытаньні‚ ды і паехаў. Перад ад’ездам ён падараваў нам цэлы мяшок цукерак. Калі ён ад’ехаў‚ настаўніца сказала‚ што гэта быў предводитель дворянства (маршалак) на Бабруйскі павет ды што ён найвышэйшы начальнік у павеце. Як прыпамінаю‚ ягоныя наведзіны школы былі ў позьнюю восень. Пасьля‚ аж да велікоднага посту‚ да нас ніхто не прыяжджаў.

Але перад постам сталася нешта надзвычайнае. Аднае раніцы‚ калі мы ўсталі і пайшлі мыцца — уставалі мы дакладна а 7-й гадзіне — то знайшлі‚ што ўмывальнікі былі налітыя цёплай вадой і ўсё было прыбрана. Малодшая настаўніца была ўжо ў інтэрнаце і загадвала‚ каб мы памылі і рукі‚ і шыі‚ і галовы‚ а пасьля сьнеданьня каб абавязкава папаласкалі рот. Загадала яна ўсім і пачысьціць боты. Мы ўсе мелі боты‚ хоць у кожнага з нас былі і лапці‚ аднак мы ў школе надзявалі іх рэдка. Гэтая падрыхтоўка да нечага зрабіла на нас вялікае ўражаньне‚ і мы зь цікавасьцю чакалі‚ што будзе далей.

А 9-й гадзіне мы‚ як звычайна‚ прыйшлі ў клясу. Праз хвіліну-другую ў клясу ўвайшла старэйшая настаўніца ды сказала‚ што ў нашую школу прыехаў попечитель (апякун) Віленскае навучальнае акругі. Настаўніца вытлумачыла‚ што гэта найвышэйшы начальнік над усімі школамі ў акрузе. Расказаўшы яшчэ ў колькіх словах пра Вільню‚ яна нас папярэдзіла‚ каб мы не хваляваліся‚ каб адказвалі на пытаньні‚ як умеем‚ і каб не саромеліся. Настаўніца яшчэ дадала‚ што апякун будзе не адзін‚ а зь інспэктарам Чарнэцкім. Пасьля гэтага яна выйшла з клясы‚ а хвілінаў празь пяць у клясу ўвайшоў апякун разам зь інспэктарам.

Усе вучні ўсталі — гэткі быў звычай, — а старэйшы вучань Зьміцер Жышкевіч (гадоў пятнаццаць пазьней яго расстралялі палякі) прачытаў малітву. Апякун загадаў вучням сесьці і прайшоў па клясе. Быў ён не стары‚ з шырокім тварам і русаватай барадой. Апрануты быў у чорны даўгі сурдут‚ што на нас зрабіла ўражаньне вялікае ўрачыстасьці. Ён ветліва ўсьміхнуўся і пачаў да нас гутарыць. Гутарыў ён дзіўна. Першае‚ што ўрэзалася ў вушы‚ гэта тое‚ што пасьля кожнага слова ён вымаўляў ну-с і да-с‚ а гэткае гутаркі мы ніколі ў Глуску ня чулі. Зь ягоных першых пытаньняў я нічога не зразумеў. Паўстала нейкая нязручная напружанасьць‚ і каб яе абарваць‚ настаўніцы сказалі‚ што распачынаюцца заняткі.

Малодшая настаўніца павяла заняткі зь першым аддзелам‚ а апякун‚ інспэктар і старэйшая настаўніца пачалі гутаркі з другім годам навучаньня. Гадом трэцяму і чацьвертаму далі самастойныя працы. Хоць вучні і пачалі пісаць свае працы‚ аднак незаўважна прыглядаліся‚ што рабіў апякун. Сядзеў ён за сталом‚ настаўніца чытала вучням апавяданьне аб тым‚ як маленькая дзяўчынка Дар’я засталася круглаю сіратой. Ейны дзедка захацеў узяць сіротку да сябе‚ а бабка была супраць гэтага. Бабка казала: «Калі мы возьмем Дар’ю да сябе‚ дык нам ня будзе за што і солі купіць‚ каб пахлёбку пасаліць». Дзедка-ж на гэта адказаў‚ што «они ее‚ похлебку‚ несоленую сúедят».

Калі настаўніца прачытала апавяданьне‚ апякун пачаў задаваць вучням пытаньні. Першае было:

— Ці зразумелі апавяданьне?

Усе маўчалі.

— Ну-с‚ — сказаў апякун‚ — посмотрим!

Другое пытаньне вучні зразумелі больш-менш гэтак: «Навошта дзедка і бабка хацелі ўзяць да сябе ўнучку Дар’ю?» Бадай аднагалосна вучні адказалі:

— Каб яе пахлёбку есьці несалёную.

Пасьля такога адказу твар апекуна зрабіўся напружаным. Ён папрасіў усіх падумаць і адказаць яшчэ раз. Тое самае паўтарылася ізноў:

— Унучку Дар’юшку дзед і бабка бралі да сябе‚ каб яе пахлёбку есьці несалёную.

Тут апякун падняўся з крэсла і‚ вымаўляючы словы паасобку‚ спытаўся‚ чаму вучні так думаюць‚ што дзед і бабка будуць зьядаць унуччыну пахлёбку. Адзін з вучняў адказаў:

— Бо-ж так настаўніца сказала: ее похлебку.

Вытварылася непрыемнае становішча‚ і настаўніца ўмяшалася ў размову. Яна растлумачыла‚ што пад словамі ее похлебку трэба разумець гэтую пахлёбку. Аднак дзеці гэтага ніяк не маглі зразумець‚ чаму трэба прыбаўляць слова гэтую. Каб загладзіць інцыдэнт‚ апякун нешта сказаў і ўсьміхнуўся‚ што вучнямі было ўспрынята як жарт‚ і атмасфэра распружылася.

Далей апякун пачаў задаваць пытаньні пра надвор’е‚ лес‚ поле‚ жніво ды іншае. Вучні падбадзёрыліся — яны больш разумелі‚ але‚ адказваючы сваімі словамі‚ устаўлялі знаёмыя сабе словы: як‚ добра‚ далёка‚ хмарыцца ды іншыя. Усім кінулася ў вочы‚ што апякун нешта ціхенька пытаўся ў настаўніцы ды запісваў у таўсты сшытак. Час ад часу ён перапытваў такія словы‚ як кволы‚ кіякі. Але вучні на гэта асаблівае ўвагі не зварачалі.

На другой лекцыі мы пачалі пісаць дыктоўку на правіла пісаньня літары h (яць). Спачатку кожны вучань пісаў сказ у свой сшытак‚ потым адзін з вучняў запісваў гэты сказ на дошцы‚ і тады цэлая кляса разьбірала напісанае. Сустракаліся сказы‚ якіх вучні зусім не разумелі‚ прыкладам: Ржаной хлeбушко — калачу дeдушка. Калі апякун запытаўся вучня‚ што гэта значыць‚ дык той не міргнуўшы вокам адказаў:

— Б’ю хлеб‚ стукаю аб хлеб.

На такі адказ апякун‚ відаць‚ не спадзяваўся‚ ён захваляваўся і пачаў распытваць:

— Як-жа ты будзеш біць хлеб і навошта будзеш гэта рабіць?

Вучань-жа трымаўся далей свайго ды казаў:

— А так напісана‚ і я помню‚ як настаўніца казала‚ што забіць цьвік у сьцяну па-правільнаму будзе заколотить гвоздь.

Iзноў паўстала зьбянтэжанасьць‚ і настаўніца пасьпяшалася з новым сказам. Сказ быў такі: Прислуга подавала обед господам. Вучань‚ які запісваў сказ на дошку ў слове господа зрабіў націск на першае о. Апякун асьцярожна перапытаў вучня‚ а той бойка паўтарыў:

— Гусподам‚ — ды вытлумачыў: — Гэта значыць багом.

Апекуна гэта вывела з раўнавагі‚ ён пачаў шпарка хадзіць па клясе.

Далейшае пытаньне пераканала апекуна‚ што вучань не разумее і слова прислуга. Апякун папрасіў настаўніцу‚ каб яна растлумачыла вучням сказ «па-простаму». Настаўніца неяк дакорліва‚ але з пэўнасьцю сказала:

— Ну‚ вы гэтага не разумееце! Па-простаму гэта будзе так: Чалядка падавала абед паном.

Гэты пераклад «па-простаму» вельмі зьдзівіў апекуна‚ і ён папрасіў яго паўтарыць‚ перапытаў паасобку кожнае слова‚ запісаў сабе ў сшытак ды перашапнуўся з настаўніцай.

Назаўтра апякун прыйшоў крыху пазьней. На другой лекцыі мы вучыліся назоваў жывёл‚ прыладаў‚ будоўляў. У клясу прынеслі табліцы, найбольш было з малюнкамі жывёлаў. Апякун пачаў сам пытацца‚ як завецца кожная жывёліна. Ён вельмі зьдзівіўся‚ калі мы растлумачылі яму‚ што па-нашаму сабака — назоў мужчынскага роду ды што мы ў вёсцы не ўжываем слова лошадь‚ а толькі конь.

Апякун‚ каб увайсьці з намі ў бліжэйшы кантакт і больш пазнаць кожнага вучня‚ сказаў‚ што будзе выклікаць нас па чарзе‚ паказваючы пальцам‚ і як ён выкліча‚ мы павінны назваць сваё прозьвішча. Першага выклікаў вучня‚ які сядзеў на першай лаўцы. Той устаў і назваў сваё прозьвішча:

— Сапега.

— Ты паляк? — запытаўся апякун.

— Не‚ я не паляк‚ — адказаў вучань.

— А хто ты? — пытаўся ізноў апякун.

— Я з-пад Глуску‚ — адказаў вучань.

I апякун на гэтым пэрсанальныя пытаньні скончыў.

Наступным пытаньнем Сапегу было:

— Як завуць гэтую жывёліну.

Апякун паказаў на табліцу — малюнак зубра.

— Гэта бой зуброў‚ — адказаў Сапега.

Крыху хвалюючыся‚ апякун пытаўся далей:

— Чаму ты называеш гэты малюнак «Бой зуброў»?

Сапега-ж‚ ані не зьбянтэжыўшыся‚ адказаў:

— А ў кніжцы напісана «Бой зуброў». Мы летась вучыліся з кніжкі «Северо-Западный край»‚ дык там так і напісана: «Бой зуброў».

Апякун зірнуў на настаўніцу‚ а тая яму адказала:

— У маёй школе гэты падручнік не ўжываўся‚ але ўжывалі яго ў вясковых школах граматы.

Яна дастала з шафы «Северо-Западный край» і знайшла там апісаньне Белавескай пушчы‚ там-жа быў і малюнак: два зубры бадуцца‚ а пад малюнкам напісана «Бой зубров». Вучні вясковай школы зразумелі‚ што слова бой належыць да назову зубра і што гэта будзе правильно.

Апякун паглядзеў на малюнак‚ абвёў паглядам нас‚ запісаў нешта ў сшытак‚ усьміхнуўся і з дапамогай настаўніцы запытаўся ў вучняў:

— Як будзе па-вашаму‚ калі быкі адзін другога ілбамі бадуць?

Амаль усе хорам адказалі:

— У нас кажуць‚ што быкі бораюцца.

— Ну‚ а калі адзін бык адалеў другога‚ як у вас кажуць тады?

— У нас тады кажуць‚ — працягвалі мы‚ — збораў або перамог.

— Ну‚ вось‚ дзеці‚ — спакойна працягваў апякун‚ — па-правільнаму гэта будзе победить, а той бык‚ каторы перамог‚ называецца победитель!

Пасьля гэтае лекцыі быў перапынак‚ і на перапынку мы міжсобку абмяркоўвалі новае слова победить ды дзівіліся‚ што як гэта так‚ нават і апякун не разумее па-нашаму.

На наступную лекцыю апякун прыйшоў разам зь інспэктарам і настаўніцай. Ён прынёс кніжку і даў яе аднаму вучню‚ каб той прачытаў вершык‚ а пасьля расказаў яго сваімі словамі. Усе вучні мусілі ўважліва слухаць чытаньне і пасьля памагаць пераказваць. Памятаю‚ што апякун даў кніжку хлопцу зь сяла Машнічы‚ што недалёка ад Байлюкоў. Прозьвішча хлопца было Хадаковіч. Хадаковіч быў кемкі і спрытны вучань‚ і ён пачаў чытаць:

Уж небо осенью дышало‚

Уж реже солнышко блистало‚

Короче становился день‚

Лесов таинственная сень

С печальным шумом обнажалась...

Спачатку Хадаковіч спатыкаўся ў чытаньні. Апякун папрасіў яго прачытаць яшчэ раз‚ і другі раз хлопец прачытаў шмат лепш‚ не запінаючыся. Тады апякун запытаўся ў вучняў‚ ці зразумелі яны. Усе дружна, а разам з намі і Хадаковіч, адказалі‚ што зразумелі.

Апякун сказаў Хадаковічу пераказаць вершык сваімі словамі. Хадаковіч пачырванеў‚ закашляўся і стаіць. Тады апякун і настаўніца пачалі яму памагаць:

— Ну‚ што-ж‚ увосень сонца мацней грэе ці слабей?

— Слабей.

— Ну‚ а чаго ўвосень на дрэвах і па цэлым лесе становіцца менш?

Хадаковіч крыху падумаў‚ пасьля-ж схамянуўся і бойка адказаў:

— Вужоў становіцца менш.

Апякун‚ інспэктар і настаўніца пераглянуліся — недарэчнасьць адказу‚ відаць‚ моцна ўразіла ўсіх траіх. Апякун падышоў бліжэй да вучня і ўсхваляваным голасам запытаўся:

— Скажы‚ Хадаковіч‚ чаму табе ў галаву прыйшлі вужы?

Хадаковіч зьбянтэжыўся і таксама ўсхвалявана пачаў гаварыць:

— А як-жа‚ а як-жа? Вось-жа тут напісана: уж‚ уж! I ў нас у «Добрых семенах» напісана: уж и гадюка.

Пры гэтым ён спрытна дастаў з-пад лаўкі падручнік «Добрые семена» і ў другой частцы падручніка хуценька знайшоў малюнак з подпісам «Уж и гадюка».

На твары Хадаковіча зьявілася пераможная ўсьмешка. Аднак апякун ад гэтага дыялёгу адразу спахмурнеў і неяк сумна загадаў Хадаковічу сесьці ды адазваў настаўніцу набок. Гутарыў апякун з настаўніцай хвілінаў дзесяць і нешта пісаў у свой сшытак. Пасьля яны падышлі да вучняў і апякун голасна спытаўся ў настаўніцы:

— А што праходзілі зь імі з граматыкі? Ці ведаюць яны часьціны мовы?

Настаўніца адказала‚ што з граматыкі яна патрапіла растлумачыць нам толькі злучнікі і што граматыка нам пакуль што зусім незразумелая‚ але яна плянуе прайсьці асновы граматыкі ў наступным годзе.

— Так-с‚ так-с‚ — прагаварыў апякун‚ нешта ізноў запісаў у свой сшытак‚ а потым сказаў настаўніцы‚ каб яна растлумачыла па-нашаму значаньне верша і пастаралася‚ каб мы зразумелі кожнае слова.

Ад нас апякун пайшоў да вучняў першага году навучаньня. Зь імі ён прабыў няпоўную гадзіну. У гэтым аддзеле былі сямігадовыя дзеці — першы год зь вёскі ў места. Расейскае мовы яны зусім не разумелі‚ і настаўніца кожнае слова з расейскае мовы перакладала на беларускую‚ а пасьля тлумачыла па-беларуску і цэлы сказ. Ня толькі апекуну‚ але і нам‚ крыху старэйшым вучням‚ было відавочна‚ як цяжка гэтым малым давалася разуменьне чужое мовы ў школе. Бадай кожнага вечара і на перапынках малыя ў нас пыталіся‚ што такое топор‚ рожь‚ глаза‚ полотенце‚ кушать‚ сапоги ды іншае. Далёка не заўсёды і мы маглі дапамагчы меншым у гэтай справе.

Асабліва дрэнна было з вымаўленьнем. Ніхто ні з нас‚ вучняў‚ ні з дарослых‚ якія прыходзілі да нас‚ вымаўленьня расейскага ня ведаў. На лекцыях-жа на працягу пяцідзесяцёх хвілінаў трыццаць пяць траціліся на тое‚ каб вучні нешта зразумелі і правільна вымаўлялі па-расейску. У дадатак дзевяцьдзесят працэнтаў зьместу падручніка было пабудавана на расейскім матар’яле: апісаньне Расеі‚ звычаяў‚ расейскай літаратуры. Усё гэта вырабляла ў нас неахвоту да школы‚ і шмат хто школу кідаў.

Як толькі апякун выйшаў‚ нас адпусьцілі на доўгі перапынак. Пагода тады была добрая‚ і мы пабеглі на двор. Як звычайна‚ мы на двары дурэлі‚ бегалі. Дурэючы, я падкраўся да аднаго хлопца, па прозьвішчы Каблаш, і прычапіўся да яго ззаду на шыю. Рабіў я гэта і раней‚ і тады Каблаш цягаў мяне па двары. Аднак гэтым разам ён‚ відаць‚ быў не ў гуморы і добра грымнуў мяне на зямлю‚ крыкнуўшы:

— Адчапіся ад мяне‚ атрута!

Вокны ў будынку былі прачыненыя‚ і крык пачуў апякун.

Ён зрабіў нам знак рукой‚ каб мы падышлі да акна. Каблаш моцна пачырванеў і спалохаўся‚ аднак мы падышлі — ён першы‚ я за ім.

— Што такое атрута? — запытаўся апякун у Каблаша.

Каблаш маўчаў.

— Ну‚ скажы ты‚ — зьвярнуўся апякун да мяне.

— Атрутай прусакоў труцяць‚ — адказаў я.

— А чаму прусакоў? — спытаўся‚ падышоўшы да апекуна, інспэктар Чарнэцкі.

— А так нашая бабка казала‚ — адказаў я.

Чарнэцкі-ж дапытваўся:

— Ану‚ паўтары‚ як яна казала!

— А яна казала‚ калі тата зь дзядзькамі ехаў у Глуск на рынак: «Хлопцы‚ купіце атруты прусакоў патруціць».

Тады інспэктар спытаўся мяне‚ ці я ведаю‚ як будзе прусак і атрута не па-нашаму. Я ня ведаў. Апякун на гэта ўсьміхнуўся ды сказаў нам‚ каб мы ішлі гуляць.

На трэці дзень апякун пазнаёміўся з чацьвертым годам навучаньня. У гэтым аддзеле былі хлопцы па гадоў адзінаццаць-дванаццаць‚ аднак і яны па-расейску яшчэ разумелі вельмі слаба. Як толькі апякун пачаў распытваць вучняў гэтага году‚ уся школа прыслухоўвалася. Апякун пачаў правяраць кожнага вучня‚ ці ведае ён верш паэта Нікіціна «Русь». Гэты верш быў важны: ужо ад другога году навучаньня мы зналі‚ што бязь веды гэтага верша нікога не выпускалі са школы. Верш пачынаўся так:

Под большим шатром голубых небес

Вижу — даль степей зеленеется.

Верш гэты даўгі. Адзін вучань казаў адну страфу‚ другі працягваў‚ і гэтак далей. Чарга дайшла да вучня Хвядоса Ляпкі. Той устаў‚ назваў сваё прозьвішча і пачаў дэклямаваць:

И во всех концах света белого

Про тебя идет слава горькая...

Апякун адразу стрымаў хлапца ды папрасіў паўтарыць. Хвядос‚ ані не зьбянтэжыўшыся‚ паўтарыў тое самае. Апякун проста ўскіпеў — тут-жа спыніў вучня і запытаўся‚ што значыць слова горькая. Хвядос на пытаньне нічога не адказаў і стаяў моўчкі. Тады апякун спытаўся другога вучня‚ Грыпінскага‚ ці той ведае слова горькая‚ на што Грыпінскі адказаў‚ што гэта значыць нясмашна‚ горка. У клясе наступіла цішыня.

Шмат хто з нас ведаў‚ што ў вершы стаялі словы слава громкая‚ аднак усе сядзелі ціха‚ уткнуўшы твары ў лаўкі. Праўда‚ апякун хутка сябе апанаваў‚ прайшоўся раз-два ўзад і ўперад ды зьвярнуўся да цэлае клясы з пытаньнем‚ хто разумее правильно гэты верш. Адзін з вучняў чацьвертае клясы адразу вельмі высока падняў руку‚ і відаць было‚ што хацеў зьвярнуць на сябе ўвагу. Апякун паклікаў яго да дошкі. На пытаньне‚ як ягонае прозьвішча‚ хлопец адказаў: «Колесников» і без запытаньня пачаў тлумачыць‚ што ў вершы стаіць слова громкая‚ а гэта значыць славная‚ далекослышная. Апекуна гэта ўразіла‚ і ён запытаўся хлопца‚ адкуль той. Калесьнікаў адказаў‚ што ён не мясцовы‚ ён рускі з Тульскае губэрні‚ ягоны бацька па прафэсіі канавал і вясной ходзіць па сёлах‚ а зімой іхняя сям’я прадае абразы на рынку. Падчас гутаркі з Калесьнікавым апякун нешта запісваў у кніжку‚ пасьля ён выйшаў з пакоя. Мы думалі‚ што ў школу ён больш ня вернецца. Аднак ён затрымаўся.

Па абедзе апякун захацеў паслухаць хор. Кіраўніком хору была старэйшая настаўніца‚ і мы прапяялі пару царкоўных і колькі расейскіх сьвецкіх песьняў. Аднак апякун захацеў паслухаць нашыя песьні‚ тыя, якія мы сьпявалі самі ў інтэрнаце. Пра гэта яму расказала настаўніца. Прасьпявалі мы «Чаму-ж мне ня пець» ды «Служыў я ў пана ды першае лета заслужыў я ў пана сьвіначку за гэта».

Тады апякун папрасіў нас засьпяваць нешта сумнае. А сумныя песьні мы сьпявалі найбольш. Хлапец Зелянкоў зь сяла Баянава пачаў запяваць:

Зялёны дубочак на яр пахіліўся‚

Малады‚ ты‚ хлопча‚ чаго зажурыўся?

А мы ўдала падхоплівалі. Калі мы скончылі песьню‚ апякун доўга сядзеў моўчкі‚ пасьля пахваліў нас і пайшоў з клясы. Больш у школу ён не заходзіў‚ але мы яго яшчэ бачылі на валасным двары дзень ці два.

Нехта нам сказаў‚ што апякун хоча паехаць пад сяло Балашэвічы‚ у маёнтак да памешчыка Коршака. Мы ведалі‚ што дачка Коршака вучылася ў Вільні і часта‚ прыяжджаючы дахаты‚ дапамагала нашым настаўніцам у школе. I як цяпер‚ стаіць яна ў памяці. У нашых вачох яна была іншая‚ яна заўсёды гутарыла па-нашаму. Мы прыпушчалі‚ што апякун быў знаёмы зь ёю і хацеў Коршакаў адведаць.

Старшыня воласьці Васіль Клімовіч‚ селянін сяла Рылавічы‚ узяўся адвезьці апекуна да Коршакаў‚ аднак не на валасным кані‚ а на сваім. Мы якраз гулялі на валасным двары‚ калі Васіль Клімовіч запрагаў каня‚ каб адвезьці апекуна і інспэктара Чарнэцкага да Коршакаў‚ ды казаў гэтак:

— Мой лошадзь самы лепшы ў воласьці і як плюнуць давязе вас да маёнтку.

Валасны стораж Амяльян дапамагаў старшыні‚ і хутка яны ўсе ад’ехалі.

Больш мы апекуна ніколі ня бачылі. Аднак тыдняў праз пару пасьля гэтага старшынёў хлопец пад сакрэтам нам казаў‚ што ён падслухаў‚ як гаварыў зь некім ягоны бацька: нібыта нас‚ дзяцей‚ у школе пачнуць вучыць па-нашаму‚ як ён тады казаў‚ па-беларуску. Мы‚ праўда‚ добра зразумелі‚ што значыць па-нашаму‚ аднак мы зусім не ўяўлялі‚ што такое па-беларуску‚ бо назоў Беларусь нам быў тады невядомы.

Там‚ дзе я рос‚ у Бабруйшчыне, тады яшчэ быў папулярны назоў Літва‚ а мы былі ліцьвіны. Было і ці мала тых‚ хто памятаў‚ што і край называўся Літвой. Было яшчэ таксама шмат сьведкаў паўстаньня 1863—1864 гадоў. Мой дзед па бацьку быў у паўстаньні‚ ды ў Машнічах‚ Слаўкавічах‚ Байлюкох ды іншых суседніх вёсках і сёлах яшчэ былі жывымі сьведкі ды ўдзельнікі паўстаньня. «Мы — літва»‚ — казаў мне заўсёды мой дзед. Дый іншыя дзяды нам‚ дзецям‚ заўсёды казалі‚ што тут заўсёды была Літва.

Дарэчы‚ у нашай мясцовасьці ў паўстаньні 1863—1864 гадоў асабліва вызначыўся малады Быкоўскі‚ сын старога ў нас роду шляхты. Ён быў багаты‚ меў велізарныя маёнткі — Веснава‚ Машнічы і Баянава. Казалі нам дзяды‚ што ён надта любіў Літву і моцна біўся з царскім войскам. Памяць пра Літву перахоўвалі ня толькі нашыя дзяды ды паны‚ як Быкоўскі‚ але і маладзейшыя людзі‚ і гэтыя ўспаміны перадавалі нам.

Пасьля ад’езду апекуна заняткі пайшлі па-ранейшаму. Праз год я скончыў народную школу ў Глуску і пайшоў вучыцца далей. З трох хлопцаў у сям’і мяне аднаго бацька‚ на намаганьні старэйшага брата Мікіты‚ пастанавіў вучыць. Наведаць школу ў Глуску мне больш не давялося.

Далей прыйшлі бурныя гады: юнкерская школа ў Кіеве‚ фронт‚ спачатку ў Румыніі‚ пасьля Фінляндыя‚ Масква і Заходняя дывізія Чырвонае Арміі‚ горад Смаленск і ўрэшце Менск. Як і шмат іншых чырвонаармейцаў, я пасьля заняцьця Менску Чырвонай Арміяй у ліпені 1920 году ўключыўся ў грамадзкую працу ды пайшоў вучыцца.

Аднойчы я ішоў на свае заняткі і амаль лоб у лоб сустрэўся з маёй настаўніцай з глускае школы. Яна моцна пастарэла і‚ пэўна ж‚ мяне не пазнала. Я прывітаўся‚ але настаўніца спалохана адхінулася. Тады я сказаў‚ што я Яўхім Кіпель з Байлюкоў. Яна вельмі ўсьцешылася ды пачала казаць‚ як я зьмяніўся і як форма мяняе чалавека. Адразу запыталася‚ ці я вучыўся далей ды што раблю цяпер. Даведаўшыся‚ што цяпер я на вайсковай службе ў Менску‚ яна запрасіла мяне ў госьці. На той дзень я адмовіўся‚ аднак у першую-ж суботу паехаў да яе.

Жыцьцё ў Менску тады было нялёгкае‚ не ставала харчоў. Камандзерскаму складу паёк звычайна давалі на цэлы месяц‚ і ў тую суботу якраз быў дзень выдачы пайка. Я ўзяў з сабой пайковы цукар — прыблізна тры кілі‚ колькі фунтаў селядцоў‚ пару кіляў хлеба‚ крыху гарбаты ды пайшоў да свае настаўніцы ў госьці.

Гэта была вельмі цёплая сустрэча. Яна вельмі ўсьцешылася з цукру ды гарбаты‚ узяла колькі селядцоў‚ хлеб у яе быў. Колькі гадзін яна расказвала‚ што здарылася за гэтыя гады на Глушчыне‚ дзе засталіся мае аднаклясьнікі. Тады я даведаўся‚ што шмат маіх сяброў было расстраляна палякамі. Наагул шмат успаміналі пра ваколіцы і людзей майго маленства.

У часе нашых гутарак мне прыпомніліся наведзіны нашае школы ў Глуску апекуном Віленскае акругі‚ і я запытаўся настаўніцу‚ чаму тады да нас ён прыяжджаў. I вось што яна мне расказала:

— Апякун прыехаў да нас у школу часткова зь ініцыятывы маёй і інспэктара Чарнэцкага. Мы з Чарнэцкім хацелі паспрабаваць перайсьці ў навучаньні дзяцей на беларускую мову. Аднак інспэктар сказаў‚ што рабіць гэта трэба афіцыйна. Вы сабе і не ўяўляеце‚ як нам было цяжка вас вучыць. Папрыходзілі вы ўсе з глухіх вёсак і ня толькі не разумелі мовы‚ але наагул ня ведалі‚ як жыве горад. Iнспэктар Чарнэцкі гэта добра разумеў і бачыў. I ён паведаміў аб гэтым павятовага маршалка. У сваім дакладзе Чарнэцкі казаў‚ што гэтак дзяцей вучыць няможна — яны нічога не разумеюць. Маршалак‚ пабыўшы ў нас у школе таксама пераканаўся ў гэтым і падтрымаў нашае дамаганьне перад губэрнатарам і перад школьным апекуном у Вільні. На просьбу губэрнатара апякун школьнае акругі і паехаў у нашую школу. I там‚ у нас у Глуску‚ апякун прыйшоў да высновы‚ што першыя тры гады дзяцей трэба вучыць‚ як тады ён казаў‚ на беларускім дыялекце. З наведзінаў нашае школы ён зрабіў грунтоўны рапарт ды паслаў у Пецярбург. У Пецярбургу нейкі час справу трымалі‚ разглядалі‚ але пасьля з такім паглядам не згадзіліся ды загадалі працягваць навучаньне на расейскай мове. Гэта быў моцны ўдар і для нас‚ настаўніц‚ і для інспэктара‚ і для апекуна. Мы гэтую адмову моцна перажывалі‚ аднак зрабіць нічога не маглі.

— Так‚ Надзея Аляксандраўна‚ нам было цяжка вучыцца‚ бо мы бадай нічога не разумелі‚ — пацьвердзіў я.

Яна тады ўсьміхнулася ды вяла гутарку далей:

— I гэта была справа ня толькі ў мове. Аснова вашае цяжкасьці з разуменьнем ляжала ў зьмесьце‚ тэматыцы паданага матар’ялу. Вось я дам прыклад: я вас вучыла расейскія песьні‚ аднак вы гэтых песьняў у інтэрнаце ніколі не сьпявалі‚ вы сьпявалі свае песьні‚ бо яны былі вам бліжэйшыя і зьместам і духам. Таксама з нашай школьнай бібліятэкай — я была яе загадчыцай і мусіла складаць рапарт‚ якія кніжкі чытаюцца найбольш. На першым месцы стаяў «Князь Сярэбраны» Аляксея Талстога‚ за ім ішлі Гогаль‚ Данілеўскі і далёка ззаду былі Пушкін ды іншыя. Для мяне тады стала ясным‚ што дзеці ў першую чаргу цікавяцца тым‚ што яны разумеюць‚ што ім блізкае духова. У кнізе «Князь Сярэбраны» апісвалася Літва‚ да беларускага жыцьця падобныя і апісаньні ў Гогаля і Данілеўскага‚ і таму вы іх чыталі. I вось такога блізкага вам духовага матар’ялу ў школе было вельмі мала‚ і таму і дзеля мовы‚ і дзеля зьместу школа не была вам блізкай‚ дык вы яе і не любілі‚ — закончыла мая настаўніца.

Гэта былі мае першыя і апошнія ў яе наведзіны. Хутка выйшаў дазвол маладому каманднаму складу выходзіць у запас. Я з гэтае магчымасьці скарыстаў‚ паступіў ва ўнівэрсытэт‚ а там былі новыя клопаты і не заставалася часу разгульваць. Праўда‚ раз ці два я сустракаў настаўніцу на вуліцы‚ і заўсёды яна мне расказвала‚ што новага ў Глуску‚ а я абяцаў‚ што‚ як толькі стане свабадней з часам‚ я да яе ізноў зайду.

Аднак час ляцеў. Надышоў 1930 год. Мяне арыштавалі‚ два разы судзілі‚ саслалі‚ і на Беларусь я змог вярнуцца толькі ў 1942-м. 26 чэрвеня 1942 году я на таварным цягніку прыехаў у Менск. Страшэнна выглядаў тады горад — усё спаленае‚ разбуранае‚ чорнае.

Iдучы на Камароўку‚ у наш раён, я ўздумаў прайсьці праз Шпітальны завулак‚ дзе жыла мая настаўніца. Мне было цяжка знайсьці нават і сьляды завулку — ўсё было спаленае‚ і толькі невялікая сьцежка была расчышчаная для хады. Прайшоў я да сярэдзіны завулку і недалёка ад сьцежкі ўбачыў невялічкі крыжык. Падышоў бліжэй і на дошчачцы прачытаў:

Надзея Аляксандраўна
САВIЧ
задушылася ад дыму
чэрвень 1941 г.

Як нажом разанула па сэрцы. Хоць і ня надта я быў сэнтымэнтальны — камок падышоў да горла. Вось я стаяў яшчэ перад аднэй трагедыяй нашага народу. Мая настаўніца ўсё жыцьцё працавала для народу‚ а пахаваная тут, на вуліцы‚ і калі вуліцу расчысьцяць‚ ейная магілка будзе зьнішчаная.

А зрабіла гэтая настаўніца нямала. Толькі з глускае школы выпусьціла яна колькі сотняў хлапцоў‚ сярод якіх колькі дзясяткаў уключыліся ў рух беларускага адраджэньня. Не зважаючы на суворую русыфікацыю‚ яна ўсё-ж патрапляла ня нішчыць дзіцяці духова‚ а наадварот — падтрымоўваць і разьвіваць у ім любоў да свайго краю. Яшчэ тады‚ у тыя далёкія часы‚ яна аналізавала‚ што адбывалася навакол, і дамагалася ўвядзеньня ў школе беларускае мовы. У беларускі нацыянальны рух мае землякі ўключыліся‚ дзякуючы ейнай любасьці да свайго краю‚ дзякуючы ейнаму падыходу да вучняў‚ ейнаму такту і глыбокай народнай мудрасьці. Думаю‚ што такіх настаўнікаў у нас былі тысячы. У Беларусі ім некалі будзе пастаўлены помнік.

СПРОБЫ СТВАРЭНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ АРМII

Ад часу‚ калі я пакінуў сваю вёску Байлюкі‚ а потым, у 1915 годзе, і мястэчка Глуск‚ дзе прайшлі мае школьныя гады‚ і да таго дня‚ калі ізноў апынуўся на Беларусі‚ на Смаленшчыне‚ давялося шмат чаго пабачыць і перажыць. Спачатку школа прапаршчыкаў у Кіеве‚ потым — фронт у Бэсарабіі‚ Адэса‚ афіцэрская школа ў Маскве‚ Паўночна-Заходні фронт і рэвалюцыя.

У часе грамадзянскае вайны прайшоў па франтох ад Ноўгарада зноў да Чорнага мора.

Быўшы ў арміі, я беспасярэдне сутыкнуўся зь беларускім палітычным рухам. Беларуская прапаганда сярод вайскавікоў сталася заўважнаю пасьля Лютаўскае рэвалюцыі. Тады-ж 40-я пяхотная дывізія царскае арміі абвясьціла сябе Беларускаю. Беларускімі абвясьцілі сябе і пяхотны корпус, якім камандаваў генэрал Сьпірыдовіч, ды шэраг меншых вайсковых адзінак, што сталіся зародкам войска БНР. Гэта была сіла. Нажаль, рамантычна настроеная беларуская інтэлігенцыя не патрапіла цалкам скарыстаць гэтую сілу.

Беларускі генэралітэт

У царскай арміі служыла нямала вышэйшых афіцэраў беларускага паходжаньня‚ яны не пачуваліся ні расейцамі‚ ні палякамі. Выхадцы зь сем’яў буйных абшарнікаў, праваслаўныя, яны былі прынятыя ў расейскіх урадавых колах.

Сярод іх найперш трэба назваць генэралаў Iосіфа (Язэпа) Iпалітавіча Жылінскага, маёнткі якога знаходзіліся на Палесьсі‚ і Кіпрыяна Антонавіча Кандратовіча.

Гэтыя генэралы выказвалі меркаваньне, што ў Расеі армія павінна будавацца па тэрытарыяльным прынцыпе, тады ў ёй маглі-б існаваць асобныя беларускія тэрытарыяльныя злучэньні. У якасьці прыкладу яны паказвалі на Нямеччыну‚ дзе армія заўсёды была тэрытарыяльнай.

Цікава, што яшчэ ў 60-х гадох мінулага стагодзьдзя, пасьля паўстаньня 1863 году, гэтыя генэралы зьвярнуліся да Генэральнага Штабу з прапановаю ўвесьці ў Віленскай Юнкерскай Вучэльні выкладаньне беларусаведы. Меркавалася‚ што гэта будзе дапамагаць у барацьбе з польскімі ўплывамі на Віленшчыне.

Нямала высокіх чыноў расейскае арміі падтрымвала неафіцыйныя кантакты зь беларускай выдавецкай суполкай у Пецярбурзе «Загляне сонца і ў наша ваконца». Паказальна, што на пачатку 1909 году суполка (якая датуль мела чыста культурніцкі кірунак), нібы ад свайго імя, падала цару прашэньне і плян арганізацыі беларускай арміі. Відаць‚ прашэньне не дайшло да цара, а некаторыя ўдзельнікі суполкі былі арыштаваныя. Арыштаваных хутка выпусьцілі: усе яны былі людзі заможныя‚ а грошы мелі значаньне ўва ўсе часы. Пра гэта мне давялося чуць ужо ў 20-я гады ад аднаго з кіраўнікоў суполкі — ведамага беларускага дзеяча прафэсара Браніслава Эпімах-Шыпілы‚ які ў тыя гады працаваў у бібліятэцы Пецярбурскага Ўнівэрсытэту.

Пазьней генэрал Сьпірыдовіч адыграў значную ролю на Першым Усебеларускім Кангрэсе. Пра генэралаў М. Салагуба‚ які камандаваў бальшавіцкай 16-й арміяй і выгнаў палякоў зь Беларусі, і Ў. Лазарэвіча — мы згадаем ніжэй.

Беларускія вайсковыя злучэньні

Пасьля Першага Кангрэсу‚ яшчэ да акупацыі Менску палякамі, беларускія левыя эсэры разам зь беларускімі камуністамі арганізавалі беларускую дывізію‚ якую назвалі Заходняй. Яна складалася зь дзевяцёх палкоў‚ падзеленых на тры брыгады‚ было ў ёй тры батарэі сярэдняга калібру і палкавая артылерыя. На Сібірскі фронт супраць Калчака дывізія ехаць адмовілася.

На дывізію выстаўлялі правы і палякі: ведамы польскі камуніст Юзэф Уншліхт дамагаўся‚ каб адна брыгада была названая Польскай‚ але камуністы гэтага яму не дазволілі. На ўсю дывізію была толькі польская рота‚ у якой служыла ўсяго 90 чалавек.

Ужо значна пазьней, будучы курсантамі ў Смаленску, мы даведаліся‚ што беларускую Заходнюю дывізію прымусілі выехаць пад Арол супраць Дзянікіна і там яе назвалі 52-й дывізіяй і што назад у Беларусь яе ніколі ня вернуць.

Фармаваліся Полацкі Беларускі полк — з вайскоўцаў Паўночнага фронту — і кавалерыйскае злучэньне, а таксама асобныя атрады ў тых месцах, дзе служылі жаўнеры-беларусы.

Сьведамыя афіцэры-беларусы разумелі‚ што найперш трэба рыхтаваць беларускі камандавы склад. Група маладых вайскавікоў-беларусаў‚ у тым ліку і я‚ была накіраваная ў Смаленск у вайсковыя школы.

I вось нарэшце я ступіў на беларускую зямлю. Смаленск быў першым месцам‚ дзе мне‚ разам з тысячамі маладых чырвонаармейцаў-беларусаў‚ прыйшлося затрымацца крыху даўжэй. Гэты час побыту ў Смаленску мне запомніўся на ўсё жыцьцё.

У Смаленску мы апынуліся ў расейскай атмасфэры‚ але нам казалі‚ што беларусізацыя пачнецца тады‚ калі выганяць палякоў зь Беларусі.

Школа Штабное Службы ў Смаленску

Асноўнае заданьне і праграма школы былі скіраваныя на падрыхтоўку са страявога камандзерскага складу працаўнікоў для штабоў. У Смаленску мы вучыліся месяцаў шэсьць‚ адбываючы практыку ў штабе Заходняга фронту. Ад паловы 1919 году начальнікам штабу фронту быў прызначаны беларус Уладзімер Саламонавіч Лазарэвіч. Шмат практычных заданьняў трэба было выконваць і ў штабе 16-й арміі‚ які знаходзіўся таксама ў Смаленску. Камандаваў 16-й арміяй генэрал Мікалай Уладзімеравіч Салагуб‚ таксама сьведамы беларус. Дарэчы сказаць‚ абодвa гэтыя высокія вайскоўцы потым зрабілі добрую кар’еру ў Чырвонай Арміі‚ а ў 1937—1938 гадох былі расстраляныя.

У штабе 16-й арміі я пазнаёміўся з курсантам тае самае школы‚ што і я‚ палякам з нацыянальнасьці‚ які добра гаварыў па-расейску. Iм аказаўся А. Завадзкі, які пазьней стаў прэзыдэнтам камуністычнай Польшчы. Ён тады яшчэ ня быў камуністам і прыхільна ставіўся да беларушчыны. Пра беларусаў ён даведаўся яшчэ ў Пецярбургу‚ дзе ён нарадзіўся.

Жыцьцё ў школе было досыць напружанае‚ трэба было шмат працаваць. Выкладчыкамі ў школе былі былыя царскія афіцэры. Iм было цяжка мяняць свае пагляды, аднак некаторыя зь іх, што ведалі мінуўшчыну Беларусі‚ — разумелі патрэбу стварэньня беларускае дзяржавы.

Ваенныя навукі выкладалі выдатныя расейскія вайскоўцы. Напрыклад‚ выкладчыкам стратэгіі і ваеннай гісторыі ў школе быў генэрал Агароднікаў‚ былы галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Расеі пры ўрадзе Керэнскага. I вось якраз у тым часе‚ калі ў Смаленску пачаліся забурэньні супроць абвешчаньня Беларускай Савецкай Рэспублікі‚ генэрал Агароднікаў прачытаў нам колькі лекцыяў аб былой Літве-Беларусі‚ аб ейнай арміі і арганізацыі вайсковага выведу.

Ён гаварыў‚ што‚ як і Літва за часамі свае самастойнасьці‚ так і Маскоўскае Княства вялі свой вывед‚ але маскоўскі вывед ніякіх дакумэнтаў не пакінуў. Літоўскі﷓ж вывед усе здабытыя весткі друкаваў і рассылаў на перахаваньне ў шмат якія дзяржаўныя ўстановы‚ таму гэтыя матар’ялы можна знайсьці ў архівах. Не прамінуў ён зазначыць‚ што літоўская лёгкая коньніца была куды лепшая за татарскую.

Пераходзячы да нашых часоў і закранаючы палітыку‚ генэрал Агароднікаў насамперш уважаў за вялікую памылку тое‚ што расейцы разам з палякамі зьліквідавалі самастойную Літву і Расея наблізіла да сябе Польшчу‚ якая ніколі не была прыяцелем Расеі. А яшчэ большай памылкай‚ як казаў генэрал‚ была дапамога немцам у ліквідацыі самастойнасьці Польшчы. У выніку ўсяго гэтага заходняя мяжа Расеі сутыкалася зь мяжою Нямеччыны. А немцы — вораг дужы. На працягу ўсяе гісторыі яны змагаліся са славянамі і нішчылі іх‚ як зьнішчылі балцкае племя прусаў‚ а Маскоўская Русь дапамагала немцам.

— Мінулая вайна зь немцамі‚ — казаў генэрал Агароднікаў‚ — гэта страшная памылка царскага ўраду. Патрэбныя будуць дзясяткі‚ а мо і сотні гадоў‚ каб гэтую памылку паправіць. Супраць такога пагляду мы‚ расейцы‚ не павінны пратэставаць.

Ён неаднаразова падкрэсьліваў, што аднаўленьне Літоўскае дзяржавы было-б выгодным для Расеі.

Мушу таксама зазначыць‚ што і іншыя выкладчыкі‚ разьбіраючы паасобныя ваенныя дзеі‚ кампаніі і войны Літвы з Маскоўшчынай‚ неаднаразова выказваліся аб тым‚ што для Расеі лепей было-б‚ каб Нямеччына была далей ад яе. У мяне-ж‚ дзякуючы гэтым лекцыям‚ добра ўмацаваўся пагляд на нашае дзяржаўнае мінулае.

Скончыўшы школу, нейкі час я заставаўся ў штабе Заходняга фронту. У чэрвені 1920 году Чырвоная Армія пачала наступ на палякоў і мяне паслалі на фронт. Польская армія была адкінутая на захад, і ў ліпені саветы занялі Менск. Прыехаўшы ў Менск, я цалкам уключыўся ў грамадзкае жыцьцё.

АБВЕШЧАНЬНЕ БССР

Смаленскі камуністычны зьезд

Мала каму ведама‚ як праходзіў смаленскі зьезд‚ на якім была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). Гэты зьезд камуністы выстаўляюць як голас беларускага народу‚ а прадстаўнікоў беларускага народу на гэтым зьезьдзе толькі і было 60—70 чалавек вайскоўцаў-чырвонаармейцаў ды каля 10 чалавек беларускіх эсэраў. Праўда‚ людзей у залі зьезду было шмат: тры‚ а мо і чатыры сотні чалавек‚ толькі невядома было‚ хто зь іх дэлегаты‚ а хто госьці.

Я тады вучыўся ў Смаленскай Вайсковай Школе Штабной Службы. Школа зьмяшчалася на Паштамскай вуліцы‚ а зьезд адбываўся ў будынку былога Дворянского Собрания‚ які ў той час ужо называўся Дом Культуры.

Аднойчы камісар школы прыйшоў са сьпісам і выклікаў усіх тых‚ хто ў фармуляры быў запісаны беларусам. Такіх знайшлося чалавек дваццаць. Ён нам сказаў‚ што пойдзем абвяшчаць Беларускую Рэспубліку‚ і тут-жа загадаў пагаліцца‚ наглянцаваць боты і надзець новыя гімнасьцёркі.

Калі ўсе былі гатовыя‚ нас маршам павялі ў Дом Культуры. Тут нас сустрэў Вільгельм Кнорын. Ён усіх нас рассадзіў на прыстаўных крэслах. Як толькі мы селі‚ зараз-жа прыйшла і другая група чырвонаармейцаў; іх таксама парассаджвалі на прыстаўных крэслах. У Смаленску тады‚ апрача школы штабной службы‚ былі яшчэ і вайсковыя курсы‚ на якіх вучылася 250 чалавек; зь іх каля 70 былі беларусы; вось гэтых беларусаў і прывялі на зьезд.

Хутка адчынілі паседжаньне зьезду. Прэзыдыюму не выбіралі‚ а прынялі цэлым сьпісам. За старшыню прэзыдыюму быў нехта з Народнага Камісарыяту Замежных Справаў. Зараз-жа пасьля адчыненьня зьезду пачаліся прывітаньні. Ад беларускіх камуністаў зьезд вітаў латыш В. Кнорын‚ ад беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў дазволілі выступіць эсэрцы Палуце Бадуновай. У сваім выступленьні яна запатрабавала безадкладнага зачыненьня зьезду як неправамоцнага.

— Беларуская Рэспубліка ўжо абвешчаная законнымі прадстаўнікамі беларускага народу. Усё‚ што вы тут робіце‚ — гэта фальш. Ніхто нас не выбіраў! — крычала Бадунова і настойвала на зачыненьні.

Бадунову супакоілі: старшыня прэзыдыюму прыстрашыў вывесьці яе з залі‚ калі яна ня сьціхне. Найбольш спрачаўся з Бадуновай Зьмітро Жылуновіч (Цішка Гартны). Быў момант‚ калі ён ледзь не падскочыў біцца да яе. Бадунова сьціхла і пакінула залю.

Пасьля Бадуновай зьезд вітаў паляк Юзэф Уншліхт. За ім выступаў летувіскі камуніст I. Сьмілга. Ён у сваёй прамове дзякаваў Кампартыі‚ што яна аднаўляе дзяржаву старажытнае Літвы‚ якая многа зрабіла для Маскоўскага Княства. Пасьля Сьмілгі выступіў латыскі камуніст Р. Бэрзін. Ён гаварыў доўга і раіў аднавіць на тэрыторыі Беларусі Крывію‚ бо‚ як ён казаў‚ крывічы далі пачатак ня толькі беларускаму народу‚ а нават Маскоўскай Русі.

У часе зьезду былі перапынкі. На перапынках частавалі чаем з цукрам і бутэрбродамі. А 5-й гадзіне ўвечары прыступілі да галасаваньня тае рэзалюцыі‚ якую прапанаваў прэзыдыюм. Галасавалі ўсе прысутныя‚ у тым ліку і вайскоўцы. Супраць рэзалюцыі галасавалі прысутныя на зьезьдзе эсэры. На гэтым зьезд і скончыўся. Трываў ён гадзінаў сем.

Смаленск пасьля абвешчаньня Беларускай Савецкай Рэспублікі

На другі-ж дзень пасьля зьезду ўсяму гораду стала ведама‚ што абвешчана Беларуская Рэспубліка і што Смаленск — беларускі горад. Так выглядала і з тых картаў ды прапагандавых плякатаў‚ што былі парасклейваныя ўсюды на сьценах. На этнаграфічных картах гарады Ярцава‚ Вязьма‚ Бранск і нават Арол уваходзілі ў склад Беларусі. На паўднёвым усходзе беларуская граніца падыходзіла да самага Мцэнску. На паўдні‚ на мяжы з Украінай‚ граніца заставалася непарушнай‚ а на поўначы — уся Пскоўшчына да самага мора таксама была пазначаная як беларуская тэрыторыя. Карты былі зробленыя добра‚ шмат у якіх месцах давалася тлумачэньне‚ што гэта — гістарычныя межы Літвы‚ а Беларусь — тая самая Літва.

Цікавымі выглядалі агітацыйныя плякаты‚ накіраваныя супраць Польшчы‚ Летувы і Латвіі. Польшча малявалася таўстым‚ сярдзітым‚ з ашчэранымі зубамі сабакам‚ а Летува і Латвія — маленькімі‚ хударлявымі сабачкамі. Iх вёў на ланцугох капіталіст‚ а яму памагаў польскі пан. Пры гэтым польскі пан ставіў на карце кропкі‚ дзе павінна праходзіць граніца. А пад усім малюнкам быў верш‚ які канчаўся гэтак:

Пан бясстрашна кропкі ставіць:

Што ні горад‚ то і тык.
Эх і ўставіць пану кропку
У самое пуза рускі штык!

Частка насельніцтва была незадаволеная з такіх зьменаў‚ але бальшыня была вельмі радая аддзяліцца ад Расеі‚ бо‚ як яны казалі‚ ад Расеі ніколі дабра ня мелі.

У горадзе была моцная групоўка расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, якая арганізоўвала мітынгі пратэсту супроць абвешчаньня Беларускай Рэспублікі. На гэтыя мітынгі пайшлі і беларускія эсэры‚ тыя‚ што былі на зьезьдзе пры абвешчаньні Савецкай Беларусі. Там‚ на камуністычным зьезьдзе‚ яны былі супроць Савецкай Беларусі і стаялі за Беларускую Народную Рэспубліку‚ абвешчаную на Першым Усебеларускім Зьезьдзе.

Паслухаўшы прамовы расейскіх эсэраў‚ якія ніякіх беларусаў не прызнавалі‚ беларускія эсэры (апазыцыйныя камуністам) пачалі разам з камуністамі выступаць супроць расейскіх эсэраў. Добра прамаўлялі супроць расейскіх эсэраў У. Фальскі‚ Я. Дыла‚ М. Маркевіч ды іншыя‚ толькі ім часамі не давалі гаварыць па-беларуску. Тую-ж самую Бадунову‚ што выступала супроць камуністаў у Доме Культуры‚ на мітынгу на пляцы перад поштай расейцы сьцягнулі з трыбуны ды яшчэ і пабілі за тое‚ што агітавала за Беларусь. Беларуская Рэспубліка — ці то Народная, ці то Савецкая — была для расейцаў проста крамолаю.

Незадавальненьне смаленскага гарнізону

Незадавальненьне пэўнай часткі насельніцтва Смаленска распадзелам Расеі перакінулася і на смаленскі гарнізон. У смаленскім ганізоне‚ у Пакроўскіх казармах‚ стаяў толькі адзін аддзел‚ які па нацыянальным складзе і па духу быў беларускім‚ — Віцебскі батальён, а ўсе іншыя вайсковыя злучэньні былі сфармаваныя з мабілізаваных расейскіх салдатаў‚ якія ніколі не захапляліся камунізмам‚ а тым больш цяпер‚ калі пабачылі‚ што дзеляць Расею.

Камуністычнае кіраўніцтва на ўсялякі выпадак загадала вывезьці за горад патроны і артылерыйскія боепрыпасы. У жаўнераў боепрыпасаў амаль не было‚ добра быў узброены толькі адзін камуністычны ЧООН (Чрезвычайный Отряд Особого Назначения). Калі-б увесь гарнізон паўстаў супроць камуністаў‚ дык ЧООН паўстаньня не стрымаў-бы‚ бо колькасна ён быў невялікі — асобаў 150.

Каб узьняць паўстаньне‚ у апазыцыі не было даволі расейскіх прапагандыстаў. З войскам гаварылі толькі камуністы. Iм удалося ўгаварыць адзін батальён сесьці ў вагоны: чырвонаармейцам абяцалі‚ што іх адвязуць у Маскву‚ а там яны сустрэнуцца з самым Ленінам і пагавораць. Як ні дзіўна гэта гучэла‚ чырвонаармейцы ўсё-ж далі веры і селі ў цягнік. Батальён адвезьлі на поўдзень Смаленшчыны і расфармавалі‚ а найбольш актыўных расстралялі.

Таксама ўдалося ўгаварыць і артылерыстаў паехаць на палігон‚ на стральбу. Толькі з таго палігону ніхто зь іх не вярнуўся назад: частку расстралялі‚ а хто застаўся — парассылалі ў розныя артылерыйскія злучэньні. Праўда‚ крыху пазьней, увесну 1919-га, артылерысты адпомсьціліся камуністам: яны падпалілі склады з артылерыйскімі боепрыпасамі. Хоць падпальшчыкаў і не знайшлі‚ але шмат хто заплаціў жыцьцём. Гэтак — быццам-бы ўдзельнікаў падпалу — расстралялі пяць чалавек са штабу 16-й арміі і сямёх палякоў зь лягеру ўцекачоў‚ бо яны хадзілі на працу ў гэныя склады.

Вось гэтак камуністы расправіліся зь незадаволенымі. А далей усё пайшло так‚ як камуністам хацелася. Калі насельніцтва і розныя гарадзкія групоўкі выказвалі незадавальненьне новым курсам‚ дык затое афіцыйныя дзейнікі змушаныя былі сьцісла трымацца іхнага курсу‚ прымірыцца з абвешчаньнем Савецкае Беларусі ды нават даводзіць выгаду абвешчаньня БССР для Расеі.

Знаёмства ў Смаленску

Падзеі ў Смаленску ды вывучэньне мінуўшчыны Літвы дапамаглі мне стаць на шлях беларускае нацыянальнае працы. Але найбольш, бадай, я ўлучыўся ў беларускі нацыянальны рух праз знаёмства з тагачасным беларускім актывам. Як-бы там ні было‚ аднак самая падзея абвешчаньня Беларускае Савецкае Рэспублікі значна паспрыяла ўзраджэньню беларускае нацыянальнае сьведамасьці сярод некаторае часткі жыхарства гораду. У Смаленску актыўна пачало працаваць Беларускае Згуртаваньне. Адбываліся зборкі‚ вечары. Бадай, галоўную ролю ў гэтым згуртаваньні і беларускім жыцьці ў Смаленску адыгрываў Зьмітро Жылуновіч. Зь ім я пазнаёміўся вельмі хутка пасьля таго як прыехаў у Смаленск. Аднойчы ён прыйшоў да нас у штабную школу ды папытаўся ў мяне‚ ці ня мог-бы я спаткацца зь ім увечары на ягонай кватэры. Мы спаткаліся. Гутарка зь ім таго вечару зацягнулася далёка за поўнач. Тады ён адкрыў мне вочы шмат на што‚ аб чым я і не падазраваў‚ ды што мне запамяталася аж да сёньня.

Гутарка ішла больш-менш гэтак.

— Скажы мне‚ Яўхім‚ колькі ў вас цяпер у школе беларусаў?

Я сказаў‚ што бадай палавіна‚ асобаў зь пяцьдзясят‚ і ўвесь час прыбываюць новыя.

— А скажы мне‚ — пытаўся далей Жылуновіч‚ — колькі будзе такіх‚ што выступяць за Беларускую Рэспубліку?

Я на гэтае пытаньне ня мог дакладна адказаць‚ прыпушчаў‚ што ўсе курсанты‚ бо я ведаў іх настроі: усе яны былі ўжо добра ўсьведамленыя‚ каб «будаваць Беларусь».

— Дык вось слухай‚ Яўхім. Ня ўсё‚ брат‚ ідзе гэтак гладка‚ як гаворыцца і пішацца. Бачыш‚ тут у штабе фронту гэтыя ляхі вядуць паскудную работу. Яны падбіваюць Рэўваенсавет Заходняга фронту‚ каб той зрабіў адпаведныя захады перад Масквою і каб Масква абвясьціла Польска-Беларускую Рэспубліку замест аднае Беларускае. Яны кажуць, што гэта гістарычны шлях (бо Польшча заўсёды была блізкая зь Беларусяй) і, калі Кампартыя на яго стане, гэта аслабіць аўтарытэт Пілсудзкага і выкліча рэвалюцыю ў Польшчы. Зразумела, што гэта глупства. Калі-б гэтак было зроблена, то такім чынам мы ўмацавалі-б польскія прэтэнзіі на Беларусь. Наагул‚ палякі ў штабе‚ ды думаю‚ што і ў Маскве‚ — працягваў Жылуновіч‚ — імкнуцца пераканаць начальства‚ што трэба рабіць стаўку на Польшчу: гэта будзе спрыяць пашырэньню рэвалюцыі‚ а зь Беларусяй палякі дагаворацца пазьней. Гэта‚ брат‚ небясьпечная справа. Таму я прашу цябе трымаць вуха востра, і‚ магчыма‚ давядзецца пісаць пратэст ды зьбіраць у школе подпісы‚ а таксама гаварыць да жаўнераў. Дык трэба, каб вы падпісалі.

На гэта я адказаў‚ што мне так страшна гэта не здаецца‚ бо ўсе жаўнеры настроеныя за Беларусь‚ і калі давядзецца падпісвацца‚ дык змусяць і расейцаў падпісацца. Расейцы ня пойдуць за палякоў. Тады ён‚ перапыняючы мяне‚ сказаў‚ што ў штабе фроту шмат расейцаў‚ якія гэтым праектам былі-б задаволеныя.

— Таксама‚ — казаў далей Жылуновіч‚ — у Маскве маюць плян новага адміністратыўнага ўладжаньня Беларусі ды могуць нам моцна перашкаджаць.

Я-ж сваім парадкам папытаўся яго‚ хто там найбольш дзейны з палякоў.

— Iх то і ня так шмат‚ але ўсе яны вельмі зацятыя і актыўныя. Самы галоўны зь іх — гэта Чорны. (Такую мянушку меў польскі камуніст Юзэф Уншліхт: ён быў смуглявы з твару). Другое месца займае Стэфан Гельтман і яго жонка — пані Гельтманова. Вось дык баба! Фанатычная палячка і, паміж іншым, добра гаворыць па-беларуску. Ледзь ня першую ролю адыгрываюць нейкі Адам Славінскі ды менскі палячок Пікель, блізу аднаго прозьвішча з табою. Вось гэта асноўныя, а ёсьць яшчэ і другія.

Пачуўшы пра «пані Гельтманову», я расьсьмяяўся і патлумачыў, што вельмі добра ведаю жонку Гельтмана. Гэта мая настаўніца нямецкай мовы. Яе дзявочае прозьвішча Машынская, яна вырасла ў Глуску, ніколі ў Польшчы не была. Бацька яе — беларускі шляхціч, каталік; ён меў сваю аптэку ў Глуску, а фанатычнай палячкай яе зрабілі ў Пецярбургу ў закрытай каталіцкай школе; яе я таксама сустракаў у Смаленску.

За колькі дзён я ізноў прыйшоў да Жылуновіча і сказаў яму‚ што ў штабной школе я перагаварыў з усімі беларусамі‚ а таксама гутарыў зь некаторымі ў штабе. Праўда‚ у штабных ужо было ня тое ў галаве‚ бо‚ як выглядала‚ надыходзілі зьмены на фронце. I тады мне Жылуновіч сказаў‚ што справа прымае іншы зварот‚ бо зь беларусамі салідарызуецца I. Сьмілга‚ стары камуніст‚ сябра Рэўваенсавету Заходняга фронту. Ён літовец, добра ведае гісторыю нашага народу. Да таго-ж ён супраць польскіх прэтэнзіяў, яго падтрымваюць латышы, а яшчэ ён у добрых дачыненьнях у партыі і ў штабе.

Пасьля я яшчэ меў колькі спатканьняў з Жылуновічам. Разоў колькі я заходзіўся ў клюб‚ дзе зьбіраліся беларусы‚ і там пазнаёміўся з У. Фальскім‚ якому адразу﷓ж сказаў‚ што яго прамова на мітынгу каля пошты мне вельмі спадабалася. Ён запрасіў мяне да сябе‚ і я да яго пару разоў наведваўся. Фальскі меў шмат беларускае літаратуры‚ газэтаў; менавіта ён і ўвёў мяне ў жыцьцё розных беларускіх партыяў і групаў. Усё пачутае было для мяне новым.

Калі прыгадваю гэтыя падзеі ў Смаленску‚ само напрошваецца пытаньне: што змусіла бальшавікоў гэтак хутка перамяніць арыентыроўку ў паглядах на беларускую справу? Бо сапраўды‚ такія асобы‚ як Мясьнікоў і Кнорын‚ якія літаральна колькі месяцаў перад тым публічна заяўлялі‚ што ніякае Беларусі ня будзе‚ раптам узялі ўдзел у абвешчаньні БССР. I нават больш: занялі кіруючыя пасады ў беларускім апараце.

На маю думку‚ адказ тут можа быць толькі такі: першае — гэта абвешчаньне БНР‚ а другое — ацэна беларускага руху як важнага дзяржаўнага фактару‚ аб чым‚ відавочна‚ камуністычныя правадыры перад 1918 годам ніколі не задумваліся.

Несумненна, абвешчаньне незалежнасьці Беларусі ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі — факт перадвызначальны для далейшага разьвіцьця беларускае нацыі. Гэтая падзея зрабіла ўплыў на палітычную сытуацыю як у самой Беларусі, так і ў цэлым рэгіёне: без БНР не было-б БССР, а без БССР немаведама, якія формы набыла-б дзяржаўная імпэрская структура, створаная ў 1922 годзе і названая СССР.

Акт абвешчаньня незалежнасьці Беларусі паўплываў і на шырокае жыхарства: для беларусаў гэта быў сыгнал да гуртаваньня, а для ворагаў беларушчыны — найперш для расейскага імпэрыялізму — гэта быў напамін, што Беларусь яшчэ ня зьнішчаная, што Беларусь жыве.

НАЦЫЯНАЛ–ДЭМАКРАТЫ I ПАЧАТКI БЕЛАРУСIЗАЦЫI

Беларускае жыцьцё ў Менску на пачатку 20-х гадоў было вельмі актыўнае. Я працаваў у Тэрміналягічнай Камісіі‚ а хутка стаў працаваць і ў розных школах. Працаваць было ня так лёгка: у Менску было шмат зрусыфікаванага элемэнту‚ а тут яшчэ пачалі пад’яжджаць і новыя русыфікатары. Але мы цьвёрда праводзілі беларускую праграму: я і дзясяткі падобных прыйшлі з Чырвонае Арміі ды бралі за чыстую манэту праграмныя намеры новае ўлады.

На кіраўнічыя становішчы ў БССР чырвоная Масква паставіла ворагаў Беларусі — Кнорына і Мясьнікова — лішні раз даводзіць‚ што ўжо ў той час Масква не давярала беларускім камуністам, пра што сьведчыць і такі выпадак.

Здарылася гэта ўвосень 1920 году. Аднойчы раніцай усім, хто дэмабілізаваўся і прыехаў з Смаленску, загадалі садзіцца ў вагоны і ехаць назад у Смаленск. Толькі ў Смаленску мы даведаліся‚ што ў Слуцку адбываецца паўстаньне беларусаў. Калі паўстаньне было задушанае‚ нас ізноў вярнулі ў Менск.

Паказальныя паводзіны Кнорына ў часе ўдушэньня паўстаньня. Будучы кіраўніком Кампартыі Беларусі‚ ён мог не дапусьціць такое крывавае расправы, але не зрабіў гэтага.

Ратуючыся ад крывавае расправы‚ частка паўстанцаў перайшла ў Польшчу‚ а адтуль у Чэхію‚ а з Чэхіі ў Нямеччыну. Немцы прынялі гэтых людзей і арганізавалі зь іх беларускі аддзел нямецкага выведу. Зьмяшчаўся гэты аддзел у Бэрліне на 8-й вуліцы у доме з шыльдаю «Беларускі каапэратыў». Калі ў Маскве аб гэтым даведаліся‚ Кнорына зараз-жа зьнялі і адклікалі ў Маскву.

Кнорын быў малаадукаваны чалавек‚ ён скончыў толькі пачатковую чатырохгадовую школу і больш нідзе не вучыўся. Павысіў ён сваё разьвіцьцё на вайсковай службе. У Маскве яго змусілі наведваць Камуністычны Ўнівэрсытэт і вывучаць агульнаадукацыйныя прадметы. Усё гэта пакрыўдзіла Кнорына‚ бо ён лічыў сябе адным з камуністычных лідэраў. У Маскве ён далучыўся да антысталінскай апазіцыі‚ за гэта яго і расстралялі.

Пасьля Кнорына кіраваць беларусамі паставілі палякоў: Масква ніколі не давярала беларускім камуністам. За першага сакратара стаў Багуцкі‚ начальнікам ГПУ — Ольскі.

Высокія пазыцыі занялі і мае смаленскія «знаёмцы»: Гельтман стаў старшынём Дзяржаўнай Плянавай Камісіі і намесьнікам старшыні Саўнаркому БССР, Славінскага прызначылі народным камісарам земляробства, Уншліхт зрабіў кар’еру ў Маскве — стаў кіраваць савецкай авіяцыяй. Пікель павёў супраць беларусаў яшчэ больш зацятую барацьбу, асабліва востра ён выступаў супраць беларускіх школаў і граматыкі Лёсіка.

Што да Славінскага, то нарадзіўся ён у Пецярбургу ў беднай польскай сям’і, вучыўся ўсяго толькі два гады ў ксяндзоўскай школе пры касьцёле.

Трое зь пералічаных мною «будаўнікоў навуковага камунізму» — Багуцкі, Ольскі, Славінскі— уваходзілі ў склад калегіі ГПУ‚ якая ў той час мела права завочна выносіць сьмяротныя прысуды. Такімі прысудамі яны пагубілі тысячы беларускіх патрыётаў.

Праз колькі год усіх гэтых польскіх камуністаў зьвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Польшчы і расстралялі. Аднак пазьней савецкі ўрад не адмовіўся ад накінутай яму палякамі ідэі: у 30-я гады Койданаўскі раён абвясьцілі польскім і зьмянілі назоў гэтага раёну на імя вядомага басяка Дзяржынскага.

Зьнішчыўшы палякоў‚ Масква паставіла кіраваць Беларусьсю яўрэяў‚ а тыя пачалі падрыхтоўку да ліквідацыі шасьцёхпавятовай рэспублікі.

Камуністы‚ як яны кажуць‚ нічога ня робяць самі ад сябе — яны заўсёды нібыта выконваюць жаданьні работнікаў і сялян. I вось па інструкцыі камуністычнага цэнтру на менскіх фабрыках і заводах «прадстаўнікі пралетарыяту» пачалі выказвацца супроць існаваньня БССР і даводзіць‚ што на Беларусі ніхто ня хоча самастойнасьці. У 1922—1923 гадох на фабрычных мітынгах можна было пачуць і пабачыць‚ як рабочыя і работніцы пад дыхтоўку палітрука выступалі і крычалі‚ што ня трэба дзяліцца‚ ня трэба асобнай рэспублікі‚ трэба быць усім разам.

Круты-ж пералом у нацыянальнай палітыцы наступіў у канцы 1923 году. Нечакана антыбеларускія галасы абарваліся. Быў створаны Саўнарком БССР‚ гэта значыць сталы беларускі ўрад. У гэтым палітычным павароце адгуляў ролю і нутраны нацыянальны супраціў‚ але вырашальным фактарам зьявіўся штуршок з Эўропы; толькі аб гэтым мы даведаліся значна пазьней.

З гэтага часу амаль ва ўсіх установах пачалі ўводзіць беларускую мову. У раёнах усё выкладаньне ў школах было пераведзенае на беларускую мову. У тых школах‚ дзе выкладаньне ішло па-расейску‚ быў уведзены курс беларусазнаўства: пачалося навучаньне беларускай мове‚ літаратуры і гісторыі. У Iнбелкульце былі арганізаваныя тэрміналягічныя сэкцыі для ўсіх навукаў‚ заснаваныя катэдры мовы‚ літаратуры і гісторыі. Усюды пачалося ажыўленьне беларушчыны.

У лютым 1924 году Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (найвышэйшы орган БССР) прымае пастанову далучыць да БССР ўсходнія беларускія землі: Віцебшчыну‚ Магілёўшчыну і Смаленшчыну. I далучылі. Ня ўсё‚ што належыцца Беларусі‚ але значную частку.

Выглядала так‚ што маскоўскія камуністы зусім падабрэлі‚ зьмяніўся іх характар‚ яны зрабіліся лагодныя і згаворлівыя.

Калі Янка Купала з Міхасём Чаротам былі ў Празе, яны там сустрэліся з сябрамі Рады Беларускае Народнае Рэспублікі і парадзілі сябрам Рады вярнуцца на Беларусь. Некаторыя паслухалі і вярнуліся, як пасьля аказалася — на сваю пагібель.

Менск у тым часе бурліў грамадзкім жыцьцём, горад станавіўся цэнтрам беларускага адраджэньня: сюды зьяжджаліся былыя вайскавікі, што ўсьведаміліся да беларушчыны ў арміі, уцекачы, беларуская інтэлігенцыя, якая дагэтуль працавала за межамі бацькаўшчыны. Беларускія патрыёты добра ўсьведамлялі, што ў рэвалюцыі перамаглі бальшавікі, але (гэтак уважала бальшыня) беларуская праца, будаўніцтва — хоць і не асобнае дзяржавы, але Беларускага Дому — будзе магчымае і пры новай уладзе.

Сам факт заснаваньня Беларускай Рэспублікі зьявіўся тым маяком‚ на які пацягнуліся беларусы з усяго сьвету‚ нават з Амэрыкі. Сярод гэтых людзей было шмат адукаваных‚ і яны хацелі аддаць свае веды на карысьць свайму народу.

Беларуская праца рушыла: па каліве зьбіраліся кадры, камплектаваліся школы, адміністрацыя, наладжвалася навуковае жыцьцё і г. д. Гэты рух і быў беларускі нацыянал-дэмакратызм. Праўда, назоў нацыянал-дэмакрат — а часьцей нацдэм — з самага пачатку ўжываўся камуністамі як зьняважлівы, бо для іх гэты назоў азначаў варожасьць да камуністычнай улады. Трэба мець на ўвазе, што ў той час дэмакратыя афіцыйна ўважалася за буржуазнае зьявішча, а найвышэйшаю формай арганізацыі грамадзтва лічылася дыктатура пралетарыяту. У камуністаў тады быў лёзунг: «Умацоўвайце дыктатуру пралетарыяту!» Назоў нацдэм камуністы чаплялі і на тых беларусаў, якія ўсюды размаўлялі па-беларуску і не захапляліся ідэямі камунізму. Паступова нацыянал-дэмакраты станавіліся рэпрэзэнтантамі нацыі.

Нацыянал-дэмакраты ставілі за мэту ўзьняць вышэй беларускую палітычную сьведамасьць і вярнуць народу гістарычную памяць, нацыянальную годнасьць, усьведамленьне, што мы нацыя дзяржаўная. Нацыянал-дэмакраты разьлічвалі разбудаваць беларускую дзяржаву, разьвіць эканоміку, стварыць умовы для прыросту жыхарства, зрабіць беларускую дзяржаву абароназдольнаю, што мусіла-б пакласьці канец войнам, якія вяліся на беларускай тэрыторыі.

Нацыянал-дэмакраты імкнуліся давесьці людзям, што войны за інтарэсы Расейскай Iмпэрыі зьнішчылі на Беларусі амаль усе матар’яльныя і духовыя каштоўнасьці нацыі. Пачынаючы ад Iвана Грознага, які за дваццаць гадоў войнаў выбіў амаль палову насельніцтва Беларусі, на нашай зямлі вялі войны маскоўскія цары Аляксей Міхайлавіч, Пётр I, Кацярына II, Аляксандры I і II, Мікалай II. Гэтыя расейскія валадары і зьнішчылі Беларусь, ператварыўшы яе ў расейскую калёнію. Пры такім стане нельга было і думаць ня толькі пра стварэньне, а нават пра перахаваньне нацыянальных каштоўнасьцяў.

Тым часам беларускія пачаткі пасьля абвешчаньня БССР былі выключна шматгранныя: утварыліся беларускія культурніцкія інстытуцыі, пісьменьніцкая арганізацыя, некалькі вышэйшых навучальных установаў, разгарнуўся беларускі друк, выдавецкая справа, пачала фармавацца беларуская тэрытарыяльная армія — усё, чым характарызуецца разьвіты дзяржаўна-грамадзкі арганізм. Цэнтральнае месца ў гэтай працы займала адукацыя.

Для падрыхтоўкі беларускіх настаўніцкіх кадраў былі адчыненыя курсы беларусазнаўства, потым Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт. Адначасна з унівэрсытэтам‚ у Менску ды іншых гарадох адчыніліся пэдагагічныя тэхнікумы‚ у якіх рыхтавалі настаўнікаў пачатковых школаў.

Ад самага пачатку нацыянал-дэмакраты пачалі праводзіць прынцып: у Беларускай Рэспубліцы асноўная мова — беларуская, таму найхутчэйшымі тэмпамі пачало арганізоўвацца беларускамоўнае навучаньне. Нацыянал-дэмакратамі былі складзеныя падручнікі беларускае мовы‚ а таксама падручнікі ў беларускай мове па ўсіх школьных прадметах. Адначасова зьявілася вострая патрэба ў беларускай навуковай тэрміналёгіі. Таму пры навукова-літаратурным аддзеле Наркамату Асьветы была створана агульная Тэрміналягічная Камісія.

У эканамічнай сфэры нацыянал-дэмакраты кіраваліся меркаваньнем, што эканоміка нацыянальнай рэспублікі павінна служыць найперш патрэбам рэспублікі. Гэта значыла: павінна быць створана энэргетычная база на аснове гідрарэсурсаў і паліва (пабудова гідра- і цеплаэлектрастанцыяў); маюць разьвівацца тыя галіны прамысловасьці, што выкарыстоўваюць мясцовую сыравіну; трэба наладжваць актыўны тавараабмен.

Сельская гаспадарка Беларусі мусіць разьвівацца з улікам мясцовых кліматычных умоваў і абапірацца на шматвяковы досьвед беларускага селяніна. Прыярытэтнае разьвіцьцё павінны атрымаць культуры, якія маюць попыт на вонкавым рынку.

Асаблівая ўвага надавалася транспарту і дарожнаму будаўніцтву. Дзясяткі навукоўцаў працавалі над абгрунтаваньнем тарыфна-транспартнае базы беларускае эканомікі. У 1926 годзе Гаўрыла Гарэцкі апублікаваў сваю манумэнтальную працу «Народны прыбытак Беларусі», што паклала пачатак беларускай эканамічнай навуцы.

Усе гэтыя захады мелі на мэце ператварыць Беларусь з сыравіннага дадатку расейскае эканомікі ў эканамічна незалежны рэгіён.

На парадку дня стаяла таксама і вайсковае пытаньне. Як толькі ўлетку 1920 году Чырвоная Армія, выгнаўшы палякоў, заняла Менск, Алесь Чарвякоў і Зьміцер Жылуновіч пачалі арганізоўваць беларускі ўрад‚ які зараз-жа абвясьціў мабілізацыю і стварэньне беларускага тэрытарыяльнага войска.

У Менску быў створаны штаб Менскага тэрытарыяльнага палка, які складаўся з трох батальёнаў: Менскага‚ Бабруйскага і Слуцкага. Падобная праца праводзілася і ў іншых гарадох.

У Менскай Сярэдняй Вайсковай Школе распачалі выкладаньне беларусазнаўства. Беларускія кампазытары хадзілі ў менскія кашары і вучылі чырвонаармейцаў сьпяваць беларускія песьні. Тады-ж нават былі ўкладзеныя вайсковыя сьпеўнікі.

Справа стварэньня батальёнаў паскорылася‚ калі ў Менск прыбылі беларусы-камандзеры з 52-й дывізіі.

Прыблізна ў тым самым часе была створаная вайсковая тэрміналягічная камісія для апрацоўкі беларускай вайсковай тэрміналёгіі‚ для ўкладаньня вайсковага статуту і прагляду вайсковых песень. У гэтай камісіі я і стаў адразу працаваць і хутка дэмабілізаваўся‚ не парываючы‚ аднак‚ сувязяў зь сябрамі-вайскавікамі.

Зь ініцыятывы нацыянал-дэмакратаў узьнікалі ўсё новыя і новыя культурніцкія ўстановы. Гэтак, быў зарганізаваны Беларускі Дзяржаўны Тэатар (БДТ), які ў 20-х гадох меў пераважна беларускі рэпэртуар. Найбольшай папулярнасьцю карысталіся п’есы «Кастусь Каліноўскі»‚ «На Купальле» і «Машэка».

(Але к 30-м гадом усе гэтыя п’есы былі зьняты з пастаноўкі. Усё больш і больш на сцэне пачалі зьяўляцца або расейскія п’есы на рэвалюцыйныя тэмы ў перакладзе на беларускую мову‚ або напісаныя па-беларуску‚ але такія, што нічога супольнага зь беларускім жыцьцём ня мелі. Аўтара п’есы «Кастусь Каліноўскі» Аўсьцігнея Міровіча прымусілі перарабіць твор. Пасьля пераробкі Кастусь Каліноўскі стаў сапраўдным расейцам і ні пра якую Беларусь нават не ўспамінаў. Перайначылі і п’есу «На Купальле»‚ спаскудзіўшы да агіднага.)

Адначасова зь Дзяржаўным Тэатрам пасьпяхова працаваў тэатар выдатнага драматурга і артыста Ўладзіслава Галубка.

Шырака быў ведамы беларускі хор пад кіраўніцтвам Уладзімера Тэраўскага. Дзе толькі гэты хор ні выступаў: і ў тэатры‚ і ў школах‚ і ў вайсковых частках‚ і ў работніцкіх клюбах — усюды ён карыстаўся велізарным посьпехам.

Апрача арганізацыйнай працы ўнутры рэспублікі, разгортвалася і міжнародная дзейнасьць: быў створаны Беларускі Чырвоны Крыж, які цесна супрацоўнічаў зь Міжнародным Чырвоным Крыжам; наладзіўся міжнародны абмен навукоўцамі, паўстала Таварыства Эспэрантыстаў, беларускія мастакі ды ўмельцы бралі ўдзел у міжнародных выстаўках.

Агляд дзейнасьці нацыянал-дэмакратаў ня быў-бы поўны, калі-б мы не закранулі праблемы царквы. Неспрыяльным для беларускага руху фактарам было тое, што ў нас не існавала моцных грамадзка-палітычных арганізацыяў аж да часоў нашаніўства і нават пазьней. Але няшчасьце нашага народу павелічблася яшчэ і тым, што ў бальшыні беларусаў агульная рэлігія з расейцамі. Вось гэтую супольнасьць рэлігіі расейцы выкарыстоўвалі і выкарыстоўваюць для сваіх русыфікатарскіх мэтаў.

Што да расейскае царквы, то яна ніколі не была сапраўды хрысьціянскаю. Гэта была і ёсьць палітычная арганізацыя, якая ставіць сабе за мэту падтрымваць расейскую дзяржаўнасьць. Расейская праваслаўная царква праз усю гісторыю ніколі не кіравалася хрысьціянскімі прынцыпамі. Пачынаючы ад Пятра I, кіравалі гэтай царквой расейскія цывільныя чыноўнікі — обэрпракуроры Сьвяцейшага Сыноду, пастаўленыя расейскім урадам. Расейскія духоўныя сэмінарыі калечылі беларускую моладзь: зь яе выраблялі ворагаў беларускае самабытнасьці‚ ворагаў уласнага народу. Як кіраўніцтва расейскае царквы, так і інстытуцыі, што выхоўваюць кадры для гэтае царквы, — усё гэта было і будзе расейскім: расейская царква стаяла і будзе стаяць на варце інтарэсаў імпэрскае Расеі. Калі мы, беларусы, хочам мець посьпех у нашым змаганьні за дзяржаўнасьць, мы павінны аддзяліць беларускую праваслаўную царкву ад расейскай.

У 20-я гады зьявіліся ў нас кадры і для нацыянальнае царквы — і праваслаўнае, і каталіцкае.

Гэткія былі пляны і пачаткі працы беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі, беларускіх нацыянальна сьведамых кадраў. Гэтыя ідэі, праграмы і дзеяньні стварылі эліту беларускага грамадзтва. Масква гэта зразумела і пастанавіла не дапусьціць умацаваньня і ўзросту беларускага нацыянальнага дзяржаўнага апарату, беларускае палітычнае эліты.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster