БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
Яўхім Кіпель, Эпізоды

ЭПІЗОДЫ

Яўхім Кіпель

ГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗI

Хоць гаворка тут пойдзе пра пачаткі арганізацыяў моладзі, аднак коратка падам малюнак 20-х гадоў у Менску‚ калі я пачынаў грамадзкую працу.

Місіянэрскі дом на Камароўцы

Лютаўская рэвалюцыя 1917 году шырака адчыніла дзьверы для місіянэрскае працы на тэрыторыі былое Расейскае Iмпэрыі. Найбольшую актыўнасьць выяўлялі амэрыканскія місіі квакераў і Арміі Ратунку.

Пачалася місіянэрская праца і ў Менску‚ дзе быў збудаваны спэцыяльны вялікі дом на Камароўцы. Аднак паміж прапаведнікамі і тагачасным беларускім нацыянальным актывам пачаліся вострыя спрэчкі ў нацыянальным пытаньні: прапаведнікі‚ настаўленыя пра-расейска і непрыхільна да нацыянальнага самавызначэньня‚ ня надта былі падрыхтаваныя да такіх спрэчак і неўзабаве іхная праца ў Менску пачала развальвацца. Вялікі новапастаўлены будынак пуставаў.

Тады прапаведнікі зьмянілі тактыку: яны запрасілі для выступленьняў у місіянэрскім доме славуты ўжо ў той час хор Тэраўскага і абвясьцілі‚ што будуць даваць дармовыя беларускія канцэрты. Вынік быў надзвычайны: у велізарнай залі будынку не ставала месца. 25—30 хвілінаў перад кожным канцэртам са сцэны прамаўляў прапаведнік толькі на эвангельскія тэмы‚ і ніхто яго не перапыняў. Такой тактыкай прапаведнікі неўзабаве прывабілі людзей у будынак. Аднак праца місіянэраў трывала нядоўга: набліжэньне фронту змусіла іх пакінуць Менск. Місіянэрскі дом застаўся пусты і нячыйны. Тады мясцовы беларускі актыў пастанавіў узяць будынак для сябе і назваць яго «Беларускай Хаткай». Была нанова ўдэкараваная сцэна: намалявалі прыгожую беларускую вёску. На будынку зьявілася новая шыльда — Беларуская Хатка. Гэтак і нарадзілася

«Беларуская Хатка»

У гэтым-жа часе ў Менску пачынаў працаваць беларускі артыст Флярыян Ждановіч‚ ён часта ставіў на сцэне «Хаткі» беларускія п’есы. Пасьля Ждановіч перайшоў у будынак гарадзкога тэатру і гэтым фактычна запачаткаваў Беларускі Дзяржаўны Тэатар. У «Хатцы» таксама працаваў Францішак Аляхновіч ды часта ладзіў паказы Ўладзіслаў Галубок.

Але праз увесь гэты час «Хатка» заставалася толькі беларускім нацыянальным будынкам‚ які належаў да гарадзкой управы. Палітычнай арганізацыяй «Беларускую Хатку» зрабіла моладзь.

У ліпені 1920 году Чырвоная Армія заняла Менск. Усе тыя‚ хто быў зьвязаны з палякамі або займаўся антыбальшавіцкай дзейнасьцю‚ пакінулі Менск і паехалі на Захад. Замерла жыцьцё і ў «Хатцы»‚ і яна стаяла пустая з забітымі вокнамі і дзьвярыма.

Беларускае грамадзтва ў той час шмат спадзявалася ад бальшавікоў. Калі ў 1919 годзе ў Смаленску была абвешчаная Беларуская Савецкая Рэспубліка‚ дык на картах‚ раздаваных чырвонаармейцам‚ межы Беларусі ахаплялі тэрыторыю ад Бранску да Ломжы. Але ўжо заняўшы Менск‚ бальшавікі зьмянілі палітыку і абвясьцілі БССР толькі ў складзе 6 паветаў. Вось тады ўжо ў Менску пачала тварыцца апазыцыя бальшавіком.

Прыехаўшы ў 1920 годзе ў Менск‚ я адразу пачаў працаваць сакратаром дзіцячага часапісу «Зоркі»; адначасна я працаваў і сярод вайскоўцаў. Сярод вайскоўцаў-беларусаў у той час была вялікая цяга на Беларусь. Яшчэ да Рыскае ўмовы бальшавікі абвясьцілі‚ што яны будуць тварыць тэрытарыяльную армію і ўзбройваць народ. Зараз-жа пасьля Рыскае ўмовы ў Менску абвясьцілі‚ што будзе створаны тэрытарыяльны полк. Спачатку быў арганізаваны штаб палка і падабраны камандны склад. Гэтаксама быў пачаты вайсковы вышкал моладзі ад 18 гадоў.

Расейцы-ж адразу пачалі параліжаваць нашую працу як сярод вайсковае моладзі‚ так і наагул на ўсіх дзялянках грамадзкага жыцьця. Яны сіламоц стараліся ўводзіць расейскую мову і неўзабаве пачалі арганізоўваць камсамол. У камсамоле-ж‚ прыкрываючыся лёзунгам інтэрнацыяналізму‚ жывасілам насаджвалася тая-ж самая расейшчына. Каб даць адпор расейшчыне‚ на сходзе менскага гарадзкога актыву было пастаноўлена арганізаваць беларускую моладзь у нацыянальныя гурткі. За кароткі час па ўсёй БССР было створана 26 нацыянальных гурткоў моладзі. Арганізацыю менскай моладзі даручылі мне.

На арганізацыйным сходзе моладзі Менску было пастаноўлена назваць арганізацыю Гурток Беларускай Моладзі; сядзібай Гуртка мы зрабілі «Беларускую Хатку»‚ назваўшы яе Клюб Беларускай Моладзі «Беларуская Хатка». На сходзе-ж было абранае праўленьне «Хаткі» і апрацаваная праграма Клюбу. Адтуль «Беларуская Хатка» перастала быць будынкам‚ дзе рабіліся толькі танцы і ставіліся спэктаклі‚ — яна зрабілася сядзібай нацыянальна-палітычнай арганізацыі моладзі.

Нацыянальна-палітычная праграма Клюбу была наступная:
1. Пашыраць нацыянальную сьведамасьць сярод моладзі і грамадзтва.
2. Памагаць увядзеньню беларускае мовы як у школах‚ так і ва ўсіх грамадзкіх установах.
3. Гадаваць сябраў Клюбу ў нацыянальным духу.

Статут Клюбу быў такі:
1. Сябрам Клюбу можа быць кожны хлопец ці дзяўчына‚ незалежна ад нацыянальнасьці. (Прыкладам‚ да Клюбу належалі тры яўрэйскія хлапцы: Зэлік Аксэльрод‚ Мунвіз і Юдовіч. Усе яны былі мянчане з Камароўкі‚ зжыліся зь беларускай моладзяй і былі сапраўднымі беларускімі патрыётамі. Яны бралі актыўны ўдзел у працы «Хаткі»: першыя два былі выдатныя арганізатары‚ а апошні быў мастак.)
2. Кожны сябра Клюбу мусіць гаварыць па-беларуску і шанаваць гэтую мову.
3. Сябра Клюбу можа ўваходзіць у іншыя палітычныя арганізацыі. (Такіх выпадкаў было ня шмат‚ але яны мелі месца. Прыкладам‚ будучы паэт А. Александровіч — пра яго раскажу ніжэй — пасьля належаў да камсамолу‚ адначасна застаючыся актыўным сябрам Клюбу.)

У «Беларускай Хатцы» працавалі наступныя сэкцыі: тэатральная‚ літаратурная‚ сэкцыя нацыянальных танцаў (часта яе называлі сэкцыяй скокаў)‚ мастацкая і сэкцыя навучаньня граць на піяніне.

Тэатральнай сэкцыяй кіравалі артысты Ў. Фальскі‚ А. Цэрах і А. Ляжневіч. Гэта была найбольш колькасная сэкцыя. Найактыўнейшымі сябрамі гэтае сэкцыі былі Барыс Платонаў (пазьней — народны артыст Беларусі і СССР)‚ У. Сянько‚ А. Комар і Я. Рамановіч (ужо ў паваенны час ён стаў ведамым пісьменьнікам, зрэшты ён і тады найболей працаваў у літаратурнай сэкцыі). Актыўна працавалі ў сэкцыі таксама Апацёнак‚ Казакевіч‚ Вольскі і шмат іншых‚ прозьвішчы якіх сёньня я ўжо не магу ўспомніць. У тэатральнай сэкцыі было шмат дзяўчат. Найбольш працавалі Вольга Бузаноўская‚ Чайкоўская‚ Вольга Шыкар‚ сёстры Юцкевіч‚ сёстры Габрыновіч‚ Магер‚ Дзятка ды інш.

Не такой колькаснай‚ але ня менш актыўнай была сэкцыя літаратурная. Кіраваў ёю Якуб Колас. Досыць часта ён чытаў у «Хатцы» рэфэраты. Найбольш актыўнымі ў гэтай сэкцыі былі Андрэй Александровіч‚ Алесь Дудар (Дайлідовіч) і Яўген Рамановіч.

Танцавальнаю сэкцыяй кіраваў Родзевіч. Да гэтай сэкцыі належалі ўсе сябры Клюбу‚ за выняткам аўтара.

Кіраўніком мастацкае сэкцыі быў Юдовіч‚ а прозьвішча кіраўнічкі сэкцыі музыкі я ня памятаю*. Летнімі часамі моладзь працавала ў «Хатцы» штодня‚ а ўвосень працаваць даводзілася меней: улады не давалі электрычнасьці.

Апрача працы ў сэкцыях‚ сябры Клюбу бралі актыўны ўдзел у ладжаньні розных грамадзкіх імпрэзаў у Менску.

Належала да Клюбу і шмат малодшай моладзі. Усе яны таксама вельмі аддана і з захапленьнем працавалі і памагалі старэйшым. Кожны зь іх завіхаўся і стараўся‚ каб атрымаць нейкую «паважную» працу. Сярод гэтых хлапцоў у «Хатцы» працаваў і Антось Адамовіч — пазьней ведамы літаратурны крытык.

Ясна‚ для вядзеньня працы Клюбу патрэбныя былі грошы. Гэтыя грошы мы зьбіралі ад спэктакляў. Зборы заўсёды былі вялікія‚ і фінансава мы спраўляліся. Для касы Клюбу ладзіў канцэрты і кампазытар У. Тэраўскі. Наагул‚ трэба сказаць‚ што ўсё старэйшае беларускае кіраўнічае грамадзтва нас вельмі падтрымвала і памагала. Стала цікавіўся працай Клюбу Я. Купала‚ хоць заходзіў у «Хатку» ён радзей за Я. Коласа. Распытваючыся аб працы‚ Я. Купала заўсёды даваў нам парады і хваліў за працу. Частым госьцем у «Хатцы» быў Ц. Гартны‚ парады і дапамога якога нам заўсёды былі карысныя. Рэдка ў «Хатку» заходзіў Я. Лёсік‚ але затое кіраўніцтва Клюбу часта наведвала ягоную кватэру. Яго прадуманыя парады і навукі нам‚ маладым‚ што ўваходзілі ў грамадзка-палітычнае жыцьцё‚ былі вельмі патрэбныя і карысныя.

Iнакшае становішча заняла да нас савецкая ўлада. Спачатку яна не зьвяртала на нас увагі. Аднак калі камуністы пабачылі‚ што мы — дзейная апазыцыя камсамолу і што іхны камсамол моцна церпіць на гэтым‚ абыякавасьць зьмянілася на варожасьць‚ што далей прывяло да разгрому «Хаткі». Бальшавіцкая ўлада не дазволіла нам выдаваць часапіс і зрабіць агульнабеларускі зьезд беспартыйнае моладзі. У супрацьвагу нам бальшавікі мабілізавалі камсамол і адкрыта пачалі абвінавачваць нас у нацыяналізьме. Прыкладам‚ Міхась Чарот‚ які спачатку паставіўся да нас прыхільна‚ потым выступіў у прэсе і абвінаваціў Клюб у нацыяналізьме.

Была прызнаная нацыяналістычнай і неадпаведнай сучаснасьці паэма А. Дудара «Усяслаў Полацкі». Зь літаратурнай сэкцыі гэтую паэму забралі ў Галоўліт**‚ але яе не надрукавалі і нам ня зьвернулі.

У працы танцавальнай сэкцыі ўлады таксама пабачылі нацыяналізм, бо развучваліся толькі народныя танцы.

У канцы 1922 году на нас налажылі вялікія падаткі і пачалі рабіць розныя правакацыі. На даўгія пэрыяды выключалі электрычнасьць. Калі-ж бальшавікі пераканаліся‚ што мы ўпорыста працуем далей‚ яны пастанавілі выгнаць нас з «Хаткі». Нам паведамілі‚ што будынак «Хаткі» патрэбен уладам. Забраўшы ад нас «Хатку»‚ бальшавікі зрабілі ў ім стайню для кавалерыйскага палка. З «Хаткі» мы перанесьліся ва ўнівэрсытэт (тады ўжо бальшыня актыву Клюбу вучылася ва ўнівэрсытэце). Сваю групоўку ва ўнівэрсытэце мы назвалі Аб’еднаньне Беларускіх Студэнтаў. Аб’еднаньне праіснавала яшчэ паўгоду і было афіцыйна забароненае. Гэтаксама нам забаранілі рабіць усялякія нацыянальныя беларускія сходы.

У гэтым-жа часе быў арыштаваны і прысуджаны да расстрэлу Фальскі‚ але пасьля расстрэл быў заменены на 10 гадоў катаргі. Крыху пазьней бадай усе сябры «Хаткі» былі арыштаваныя і засуджаныя. Бальшыні зь іх надоўга давялося разлучыцца зь Беларусяй‚ а шмат хто і не пабачыў яе ўжо зусім. Некаторым сябрам «Хаткі» савецкая ўлада толькі і ставіла ў віну прыналежнасьць да «Хаткі». Асабліва пацярпела за «Хатку» В. Бузаноўская.

(Бальшавіком доўга яшчэ не давала супакою дзейнасьць беларусаў у 20—30-х гадох. Ужо ў 1935 годзе‚ калі я адбыў ссылку і асяліўся ў горадзе Арле‚ аднойчы мяне паклікалі ў НКВД і сказалі наступнае:

— Для нас вы і надалей застаяцёся кіраўніком маладзёжнае беларускае контррэвалюцыйнае арганізацыі‚ і каб пазбавіцца гэтае плямы‚ вы павінны выступіць у прэсе і асудзіць беларускі нацыяналізм.

Гэтага я не зрабіў‚ і праз кароткі час‚ у канцы 1935 году‚ быў зноў арыштаваны. У турме мне паказалі даносы на мяне з дэтальным апісаньнем усяе мае менскае дзейнасьці. На вялікае маё маральнае задавальненьне‚ сярод даносаў не было ніводнага‚ зробленага сябрамі «Хаткі».)

«Беларуская Хатка» як палітычная арганізацыя праіснавала толькі тры з паловаю гады‚ аднак у нацыянальным адраджэньні яна адыграла важную ролю. Яна ўзьняла зь беларускіх нізоў (мяшчанства‚ пралетарыяту‚ сялянства) цэлы шэраг патрыётаў. Тут я ўспомніў толькі аб менскай арганізацыі‚ а іх‚ як я зацеміў‚ было 26‚ яны ахаплялі некалькі тысячаў маладых беларусаў. У кожным з гурткоў вырабіліся нацыянальныя дзеячы. Прыкладам‚ у Слуцку гурток моладзі разгарнуў шырокую палітычную дзейнасьць‚ эпілёгам якое быў славуты працэс Юрыя Лістапада.

«Хатка» і арганізаваныя ёю гурткі былі пратэстам супраць генэральнае лініі ва ўзгадаваньні моладзі‚ якую накідала Масква праз камсамол. Празь інтэрнацыяналізм камсамолу да нас ішла русыфікацыя. Абвешчаньне ў той час чатырох моваў — беларускай, расейскай, польскай ды яўрэйскай — дзяржаўнымі мовамі Беларусі было зробленае з мэтай панізіць значаньне беларускае праблемы‚ паказаць‚ што Беларусь — гэта проста геаграфічны назоў. Беларусізацыя‚ якая праводзілася беларускімі арганізацыямі‚ улучна з «Хаткай»‚ змусіла бальшавікоў перагледзець нацыянальную палітыку. Аднак істотных зьменаў у нацыянальнай палітыцы бальшавікоў не адбылося: толькі павесілі шыльды‚ напісаныя па-беларуску‚ русыфікацыя-ж і нішчэньне ўсяго беларускага адбываецца і да сёньня.

Аднаўляючы ў памяці асобныя моманты свайго жыцьця — дзёньніка я ня вёў, — у прыватнасьці дзейнасьць «Беларускай Хаткі», узгадаў пра чалавека, імя якога не аднаму мне шмат гаворыць.

Аб Андрэю Александровічу

Ён нарадзіўся ў Менску ў 1906 годзе ў беднай работніцкай сям’і. Бацька ягоны памёр рана‚ а гадаваў яго айчым — шавец па фаху. Мажліва‚ Александровіч і пайшоў-бы шляхам рамесьніка за айчымам‚ каб не суседзтва з кампазытарам У. Тэраўскім. У царкве на Старажоўцы (раёне Менску) Тэраўскі даўгі час быў псаломшчыкам і арганізаваў там добры беларускі хор з моладзі. З хорам ён сьпяваў у царкве і даваў канцэрты беларускае песьні. У хоры сьпявала старэйшая сястра Александровіча — Алеся. Яна прыцягнула да сьпеваў і брата; ён трохі сьпяваў‚ трохі памагаў у служэньні.

Займаючыся з моладзьдзю ў хоры‚ У. Тэраўскі стараўся вырабляць з харыстаў нацыянальна сьведамых людзей. Хор Тэраўскага меў велізарны ўплыў і на беларускае грамадзтва‚ і на развой беларушчыны.

Падзеі 1917 году‚ акупацыі‚ актыўная нацыянальная праца — усё гэта ўзрушыла жыцьцё Менску. Як я ўжо згадваў, немалую актыўнасьць у гэты пэрыяд праяўлялі ў Менску і розныя сэкты‚ што пачалі дзеіць пасьля рэвалюцыі. Асаблівую ўвагу зьвярнулі сэктанты на беларускую моладзь. Яны запрашалі маладых людзей на свае сходы‚ адчынялі бясплатныя сталоўкі (а час тады быў цяжкі, галодны)‚ мітынгавалі. На вялікі жаль, у бальшыні гэтых сэктаў панавалі прарасейскія настроі, і таму яны выступалі супраць беларускага вызвольнага руху. Пад уплыў аднае такое сэкты трапіў і Александровіч.

Беларускае грамадзтва‚ каб змагацца з прарасейскай прапагандай‚ адчыніла курсы беларусаведы для моладзі і для дарослых (пра гэта больш падрабязна раскажу ніжэй). Пайшоў на курсы і юнак Александровіч. На курсах ён пачаў выказваць накінутую яму сэктантамі ідэю аб непатрэбнасьці беларускай мовы,

Сталася так‚ што ягоныя выказваньні пачуў Лёсік. Лёсік — сапраўдны духовы бацька беларусізацыі — не любіў дыскусіяў ды развагаў аб тым‚ ці патрэбна беларусу беларуская мова. Калі нехта са слухачоў уздымаў такое пытаньне‚ дык Лёсік звычайна казаў: «Мы вас сюды не прасілі. Во Бог‚ а во парог», — і выганяў дыскутанта з курсаў. Мажліва‚ нехта і закіне‚ што такі мэтад не пэдагагічны‚ але гэты мэтад зрабіў сваю справу: слухачы ставіліся вельмі паважна да прафэсара і да прадмету. За такія заўвагі Лёсік выгнаў Александровіча з курсаў.

У хаце Александровіча вельмі хацелі‚ каб ён вучыўся‚ і папрасілі Тэраўскага залагодзіць канфлікт. Аўтарытэт Тэраўскага быў вялікі‚ і Александровіча згадзіліся прыняць зноў. У далейшым Александровіч паводзіўся паважна і неўзабаве зрабіўся актыўным у беларускім асяродзьдзі.

Будучы слухачом курсаў‚ ён пачаў пісаць вершы і дэклямаваць іх на спэцыяльных вечарынах моладзі. Неўзабаве вершы ягоныя папалі ў друк. Здаецца‚ у «Савецкую Беларусь». У гэты-ж пэрыяд Александровіч блізка сышоўся з камсамолам. Але камсамол Александровічу не спадабаўся‚ і ён прыходзіў у «Беларускую Хатку». Мы тады цікавіліся‚ чаму яму не падабаецца камсамол. На гэта ён адказваў‚ што там няма нічога беларускага: калектыўна чытаюць Маякоўскага‚ Дзям’яна Беднага‚ Пушкіна ды іншых расейскіх пісьменьнікаў. Песьні сьпяваюць толькі расейскія. Калі ён спрабаваў на камсамольскіх сходах чытаць свае вершы‚ напісаныя па-беларуску‚ дык да гэтага паставіліся адмоўна.

Камуністы хутка ўбачылі‚ што нацыянальная беларуская моладзь да іх ня йдзе. У камсамол ішлі дзеці расейскіх чыноўнікаў‚ дзеці мяшчан‚ і ішлі яны з мэтаю выкарыстаць камсамол для паступленьня вучыцца. Каб прыцягнуць беларусаў‚ камуністы пачалі ладзіць беларускія літаратурныя вечарыны. На гэтых вечарох выступалі Цішка Гартны‚ Міхась Чарот. Такія вечары рабілі ўплыў на беларускае грамадзтва і асабліва на моладзь. Пад іх уплывам Александровіч пачаў пісаць вершы больш сур’ёзна.

На яго зьвярнулі ўвагу Янка Купала і Цішка Гартны. Янка Купала меў спэцыяльныя гутаркі з маладымі паэтамі. У часе такіх гутарак выявілася‚ што ў Александровіча невысокая агульнаадукацыйная падрыхтоўка. Тады ён паступіў у пэдагагічны тэхнікум. Чатыры гады навучаньня ў пэдтэхнікуме далі Александровічу многа: ён даведаўся шмат аб псыхалёгіі дзяцей і пачаў пісаць вершы для дзяцей. Яго вершы пачалі чытаць у дзіцячых дамох‚ у дзіцячых садох і ў беларускіх сем’ях. Яго вершы выціскалі расейшчыну і спрыялі беларусізацыі.

У «Беларускай Хатцы» Александровіч браў удзел у працы літаратурнай сэкцыі‚ якою, як ужо зазначалася, кіраваў Якуб Колас. Вершаваньне Александровічу давалася лёгка — ён у адну хвіліну мог скласьці на любую тэму вершык або эпіграму. Канкурэнтам яму ў складаньні вершаў быў яго равесьнік Алесь Дудар‚ які пазьней загінуў у высылцы. Трэба адзначыць‚ што Якуб Колас не любіў ні злосных вершаў‚ ні злосных эпіграмаў‚ уся ўзгадаваўчая праца праходзіла вельмі інтэлігентна.

Па сканчэньні пэдагагічнага тэхнікуму Александровіч паступіў у Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт на літаратурнае аддзяленьне‚ але ў гэты час пачаліся зьмены ў палітыцы. У газэтах сталі зьяўляцца антыбеларускія артыкулы‚ у якіх ад ураду вымагалася спыніць развой беларускага нацыяналізму. Была створаная літаратурная арганізацыя «Маладняк»‚ якая ставіла сваёю мэтаю «надзець наморднік» маладым паэтам.

Справядлівасьць вымагае адзначыць‚ што буйнейшыя пісьменьнікі і літаратары імкнуліся выкруціцца з гэтае арганізацыі: неўзабаве яны стварылі «Ўзвышша».

Каб вырабіць у беларускіх пісьменьнікаў маскоўскую ідэалёгію‚ павялася агітацыя‚ што савецкаму пісьменьніку не выпадае мець знаёмства з нацдэмамі. На некаторых пісьменьнікаў такая агітацыя не ўплывала‚ а на Александровіча яна вельмі моцна паўплывала. Ён баяўся‚ каб да яго не ўжылі рэпрэсіяў‚ і таму на людзях стараўся не сустракацца з нацыянальна настроенымі беларускімі дзеячамі.

Беларуская грамадзкасьць таксама пачала яго ігнараваць‚ ён гэта заўважыў і‚ відаць‚ імкнуўся наладзіць лепшыя адносіны зь беларускім актывам. Памятаю такі выпадак: па справе мне давялося быць на Старажоўцы‚ непадалёку дзе жыў Александровіч. Iдучы па вуліцы‚ я заўважыў‚ што па другім баку насустрач мне ідзе Александровіч‚ я зрабіў выгляд‚ што ня бачу яго і працягваю ісьці далей. Заўважаю‚ што ён зьвярнуў і ідзе насустрач мне. Падышоў‚ павітаўся. Пачалася размова: ён скардзіўся на тое‚ што ўзьнялі прапаганду супроць беларускае інтэлігенцыі і пачалі арыштоўваць найбольш актыўных беларусаў. На гэта я яму заўважыў‚ што асабіста яму нічога не пагражае‚ бо ён партыйны.

— Не‚ — сказаў ён мне‚ — ты памыляешся‚ чэрпаюць вельмі глыбака‚ мусіць‚ і нас зачэпяць.

Потым ён трохі пастаяў‚ падумаў і сказаў:

— Ведаеш‚ я вось сфатаграфаваўся і дам табе картку на ўспамін‚ — пры гэтым ён дастаў з партфэля картку‚ выняў з кішэні асадку‚ напісаў маё імя і прозьвішча‚ а пад імем напісаў наступнае:

Працуй‚ браце‚
I да працы моладзь гукай‚
У жыцьці ў нас адна дарога —
Каб незалежным стаў наш Край.

Пад гэтым ён падпісаў поўнасьцю сваё прозьвішча. Падаючы мне картку‚ ён дадаў:

— Ведаеш‚ час цяпер небясьпечны‚ не падвядзі.

— Ня бойся‚ Андрэй‚ не падвяду.

Празь некалькі месяцаў‚ прадчуваючы арышт‚ я быў змушаны картку зьліквідаваць. Гэта была мая апошняя сяброўская сустрэча з Александровічам. Хутка, летам 1930 году, мяне арыштавалі. Была гэта першая хваля масавых арыштаў, якая нанесла цяжкі ўдар па беларускім актыве, але зусім працы не спыніла‚ — пакінутая на волі беларуская інтэлігенцыя працягвала дзеіць далей. Тады ў Маскве задумалі зусім задушыць беларускае нацыянальнае адраджэньне. Пачалася новая хваля арыштаў беларускіх нацыянальна-культурных дзеячоў, толькі гэтым разам іх чакалі ня высылкі, а канцэнтрацыйныя лягеры. У гэтую хвалю трапіў і Андрэй Александровіч. Яго абвінавачвалі так‚ як і ўсіх беларусаў: у антысавецкай дзейнасьці.

Прабыў Александровіч у зьняволеньні гадоў каля дваццаці пяці. Жыў ён там цяжка‚ бо быў слабасільны і ня мог вырабляць лягерных нормаў‚ а за гэта арыштанту не давалі есьці.

Памятаю такі выпадак. У канцы 1939 году ў Байкала-Амурскі лягер прыгналі партыю здаровых мужчынаў для работы на Байкала-Амурскай чыгунцы. Калі я ў аднае прыгнанае групы запытаўся‚ ці няма сярод іх беларусаў‚ дык адзін хлапец зь сібірскіх лягероў запытаўся ў мяне‚ ці ведаю я беларуса Андрэя Александровіча. Пачалі гаварыць‚ і ён мне расказаў‚ што Александровіч на колонне доходяг. У лягерох досыць часта працаю так зьнясільваюць людзей‚ што тыя ледзь ходзяць. Такіх людзей зьбіраюць у адно месца‚ па-афіцыйнаму такая група завецца выздоравливающая колонна‚ а лягернікі празвалі яе колонна доходяг. Маладыя мужчыны тут часам папраўляюцца‚ а старэйшыя паміраюць. Александровіч выжыў і нават вярнуўся ў Менск‚ толькі сілаў у яго ўжо не было.

Успамінаючы Александровіча‚ мы павінны памятаць‚ што зьнішчана было шмат беларускіх пісьменьнікаў. Пакінулі для выставы Якуба Коласа і Янку Купалу‚ але і ім не далі магчымасьці пісаць праўду.


* Кіравала сэкцыяй музыкі Скальская (заўв. рэд. часапісу «Беларуская Моладзь»).
** Савецкая ўстанова, якая ажыцьцяўляла дзяржаўную цэнзуру ў друку.

ПРАЦА Ў ЧАСАПIСАХ

Як нараджалася «Полымя»

Калі перагортваю пажоўклыя балоны раньніх гадавікоў гэтага савецкага выданьня‚ у памяці аднаўляюцца тыя‚ цяпер ужо і далекаватыя гады ў Менску‚ развой беларушчыны‚ шырокая праца ды... першыя хмары‚ зь якіх у 1930 годзе ўдарылі перуны‚ зрабіўшы Беларусі невыгойныя раны.

У 1921—1922 гадох я працаваў сакратаром дзіцячага часапісу «Зоркі». Рэдактарам «Зоркаў» быў Зьмітрок Бядуля; рэдакцыя зьмяшчалася на Савецкай вуліцы ў г. зв. Юбілейным Доме (яго звычайна называлі Юбілейка), невялікім будынку, пастаўленым да трохсотгадовага юбілею дому Раманавых*. Там-жа мясьцілася і рэдакцыя беларускага літаратурна-мастацкага часапісу «Вольны Сьцяг». Рэдактарам часапісу быў Я. Купала‚ а да рэдкалегіі належалі Я. Лёсік‚ З. Бядуля‚ М. Раманоўскі ды іншыя. У гэтым-жа будынку засядала і Тэрміналягічная Камісія Iнбелкульту (наколькі памяць‚ матэматычная сэкцыя) ды мясьціліся канцылярыі яшчэ колькіх беларускіх установаў і арганізацыяў.

Памешканьне рэдакцыі часапісу было заўсёды месцам вельмі людным. Сюды сыходзіліся шмат хто з нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі Менску‚ прыяжджалі людзі з правінцыі; тут адбываліся дыскусіі‚ спрэчкі.

Прыпамінаю‚ справа была на пачатку 1922 году. Супрацоўнікі рэдакцыі былі таго дня бадай усе на месцы‚ а каля паўдня ў рэдакцыю прыйшоў Я. Лёсік і яшчэ нехта зь ім.

Прыблізна а палове першай у рэдакцыю ўвайшоў Жылуновіч — тагачасны рэдактар газэты «Савецкая Беларусь». Ён скупа прывітаўся і абвёў усіх хуткім дапытлівым позіркам. На ягоным твары было слабенька завуалявана‚ што ён хоча паведаміць нешта важнае.

Зьмітрок Бядуля‚ седзячы на скрыплівым услоне‚ крыху павярнуўся да Жылуновіча і веселавата папытаў:

— Што ты‚ Зьміцер‚ прынёс нам новага?

— Новага? — перапытаў Жылуновіч і, затрымаўшыся вачыма на Лёсіку‚ дадаў: — Але‚ я прынёс вам навіну.

У пакоі ўсе прыціхлі‚ насьцярожыліся і скіравалі позіркі на Жылуновіча.

— Навіна вось якая‚ — зь ледзь бачным хваляваньнем сказаў ён. — На гэтыя часапісы‚ што вы друкуеце‚ больш грошай адпускаць ня будуць.

Настала ціша‚ а Жылуновіч вёў далей:

— Усе выдаткі за апошнія нумары будуць аплачаныя‚ а выдаваньне іхнае спыняецца.

Ён перадыхнуў і‚ кінуўшы позірк на Купалу‚ працягваў:

— Пачнуць выдавацца часапісы іншыя‚ часапісы савецкія‚ і вам трэба будзе пераключыцца на новы стыль працы. I скажу вам‚ — ужо бубнячы ў нос‚ — справы нашыя пачынаюць ускладняцца...

Навіна зрабіла на ўсіх прыкрае ўражаньне. Пару імгненьняў было зусім ціха‚ кожны‚ відаць‚ сам сабе перадумваў пачутае‚ і толькі за хвіліну нехта папытаўся ў Жылуновіча:

— Дык раскажы дакладней аб гэтым. Якія гэта будуць новыя часапісы і адкуль гэта навіна ідзе?

— У Агітпропе** пастанавілі‚ што заміж «Вольнага Сьцягу» будзе выдавацца часапіс «Полымя Рэвалюцыі»‚ а заміж «Зоркаў» яшчэ ня выдумалі‚ што выдаваць‚ але зараз нешта выдумаюць.

Усе зноў прыціхлі. Цішыню парушыў Лёсік‚ які датуль сядзеў моўчкі‚ задуменна пераглядаючы нейкі часапіс на стале.

— Дык гэта вы ўжо там усё ў сваім Агітпропе абмазгавалі? Яно‚ як выглядае‚ гэтак і будзе‚ толькі я хачу вось сёе-тое заўважыць. «Полымя Рэвалюцыі»? Ну добра! Часапісы-ж засноўваюцца‚ каб існаваць дзясяткі ды соткі гадоў‚ а вы-ж рэвалюцыі ня будзеце рабіць дзясяткі гадоў. Рэвалюцыя ўжо прайшла. Дык навошта гэты дадатак — «...Рэвалюцыі»?

Жылуновіч‚ нават ня даўшы скончыць Лёсіку‚ пачаў даўгую гаворку — звычайную камуністычную прапаганду‚ што празьвінела нам вушы ўжо тады: ...рэвалюцыя ня спыненая... рэвалюцыя сусьветная... пабудова камунізму... полымя «раздуем» на ўвесь сьвет і г. д.

Цяпер яго ніхто не перапыняў‚ ды бадай ніхто і ня слухаў. А калі ён скончыў‚ Лёсік з уласьцівай яму вастрынёй і гіроніяй зазначыў:

— Ведаеш што‚ блізка відаць ды далёка дыбаць да таго ладу і часу‚ які ты тут намаляваў. А я думаю‚ што і нашыя праўнукі да гэтае пары не дажывуць. Я вось падыду да справы канкрэтна‚ рачова. Вы-ж‚ я думаю‚ таксама хочаце‚ каб наш беларускі часапіс спажываўся ня толькі тутака, але каб ішоў і за мяжу‚ каб аб нас па часапісе судзілі. Дык што-ж вы думаеце, з вашым загалоўкам «Полымя Рэвалюцыі» яго будуць браць за мяжой‚ будуць яго пушчаць туды? Ды каму гэтакі часапіс будзе за мяжой патрэбны?!

Жылуновіч задумаўся‚ дастаў з кішэні блякнот і‚ выказваючы голасна свае думкі‚ пачаў запісваць:

— Тут бадай рацыя — аб гэтым трэба будзе на паседжаньні Агітпропу пагаварыць і падумаць.

— А я на ўсю справу гляджу інакш‚ — азваўся Янка Купала. — На мой пагляд‚ ні «Полымя Рэвалюцыі»‚ ні «Полымя» без «Рэвалюцыі» не выяўляюць зьместу нашай дзейнасьці. Не задаволены я і назовам часапісу‚ які рэдагую. Нам трэба назоў такі‚ які-б адразу характарызаваў усю нашую дзейнасьць. Назоў‚ які-б характарызаваў эпоху беларускага адраджэньня. I мне здаецца‚ што найлепшым назовам будзе назоў «Адраджэньне».

Лёсік‚ пачуўшы гэта‚ рэзка ўстаў і запярэчыў:

— Гэта хлапчукоўства‚ ніхто такога назову не дазволіць.

— А што тут асаблівага‚ чаму не дазволяць? — не паддаваўся Купала.

— Браткі‚ паслухайце мяне‚ — умяшаўся ў гаворку Бядуля. — Я цалкам падтрымваю Янку Купалу. «Адраджэньне» — назоў рэвалюцыйны‚ адпаведны часу‚ і ў дадатак — назоў зь беларускім зьместам. Да «Адраджэньня» я дадаў-бы вось яшчэ што: заміж цяперашняга «Пралетары ўсіх краёў‚ злучайцеся!» — паставіць лёзунг «Адраджэньня зара над народам блісьне!». Вы ведаеце‚ як гэта будзе нам карысна. I ўявеце‚ як гэтым мы ўзрушым Заходнюю Беларусь!

Жылуновіч у гутарцы ўжо ўдзелу ня браў‚ але ўважліва слухаў выказваньні і шпарка нешта натаваў у таўсты чырвоны блякнот. Тое‚ што цытавалі яго‚ Цішкі Гартнага‚ словы пра «адраджэньня зару»‚ яму відавочна падабалася.

Калі Бядуля скончыў‚ Жылуновіч‚ хочучы спыніць дыскусію‚ сказаў:

— Справа назову пастаноўленая‚ і няма чаго валкаваць‚ а цяпер‚ пакуль ёсьць крыху вольнага часу‚ давайце пагутарым‚ шту часапісы будуць друкаваць — аб зьмесьце.

Гутарка тады зацягнулася: дыскутавалі доўга, усім было ясна, што на будучыню са зьместам трэба быць асьцярожным. Згаджаліся‚ што часапіс мусіць быць грамадзка-літаратурна-палітычны‚ ахапляць культурнае і грамадзкае жыцьцё БССР‚ даваць весткі з-за мяжы і да т. п. Шмат якія прапановы адхілілі. Разышліся мы зь Юбілейкі каля гадзіны чацьвертае-пятае.

Неўзабаве пасьля гэтае гутаркі пачалося «афармленьне» новага часапісу. Жылуновіч-ткі ў Агітпропе пераканаў, што «Адраджэньне» найбольш адпаведны назоў***.

Сярод лета 1922 году часапіс выйшаў. Але не пасьпеў ён пачаць разыходзіцца, як у друкарні загадалі з тых нумароў, што там яшчэ заставаліся, павырэзваць некаторыя балонкі. Наколькі прыпамінаю, гэта былі рэцэнзіі Лёсіка‚ верш Купалы «Перад будучыняй», мо яшчэ нешта.

Пасьля выхаду першага нумару «Адраджэньня» за тыдні два-тры на сквэрыку каля гарадзкога тэатру я спаткаўся з Жылуновічам. Адразу-ж папытаўся, што чуваць з будучыняй «Зоркаў»‚ а таксама — калі выйдзе другі нумар «Адраджэньня».

— Не‚ Яўхім‚ — адказаў Жылуновіч‚ — «Адраджэньне» больш выходзіць ня будзе. Ты памятаеш‚ пасьля тае гутаркі ў рэдакцыі мне ўдалося ў Агітпропе схіліць іх на «Адраджэньне». Бядулевага лёзунгу‚ нажаль‚ не прынялі‚ бо ён‚ бач‚ нацыяналістычны. Доўга валкавалі аб зьмесьце — ты разумееш‚ партыя хоча сваё‚ рэвалюцыйнае‚ а нам яно ня так важнае. Паміж іншага‚ адхілілі і тваю прапанову — выдаваць краязнаўчы дадатак да «Адраджэньня», але затое ўхвалілі і запісалі ў пратаколе‚ каб арганізаваць асобны краязнаўчы часапіс. Усё гэта зацьвердзіў Кнорын. Ну‚ здавалася‚ усё пойдзе‚ як мы хочам. Аж не‚ вось колькі дзён таму ён мяне паклікаў і сказаў спыніць выданьне «Адраджэньня»: з Масквы прыйшоў ліст‚ дзе гаворыцца‚ што «Адраджэньне» — назоў буржуазны і супрацькамуністычны. У Маскве не задаволеныя. Дык вось‚ брат‚ як справы. Відаць‚ давядзецца спыніцца на «Полымі». Ты пішы‚ я цябе залічу ў склад супрацоўнікаў‚ а там далей нешта зробім і краязнаўчае.

У гэтым-жа часе я пачаў студыі‚ не было часу‚ каб пісаць у «Полымя»‚ і я, бадай, на тры гады разлучыўся з працай у рэдакцыі‚ а ў склад супрацоўнікаў «Полымя» ўвайшоў ужо скончыўшы ўнівэрсытэт у 1926 годзе.

«Наш Край»

У гадох 1922—1924 на ўсіх беларускіх зборках у Менску шмат гаварылася аб патрэбе заснаваньня мясцовых краязнаўчых таварыстваў.

У 1924 годзе пры Iнбелкульце было заснаванае Цэнтральнае Бюро Краязнаўства, якое і пачало каардынаваць дзейнасьць краязнаўцаў рэспублікі. Але, апрача самастойных краязнаўчых гурткоў, дзеілі краязнаўчыя групы пры розных арганізацыях, школах, таварыствах. Больш таго, энтузіясты як зь Менску, гэтак і з правінцыі прапаноўвалі розныя схемы працы такіх таварыстваў. Мяне з актывістамі краязнаўцаў пазнаёміў Янка Бялькевіч, і я пару разоў выяжджаў на правінцыю: мы мелі на ўвазе ствараць мясцовыя гурткі моладзі, падобныя да «Беларускае Хаткі» ў Менску. Краязнаўчая праца тады шырака разгарнулася.

У сярэдзіне 20-х гадоў краязнаўчых гурткоў налічваліся сотні. Значным унёскам у разьвіцьцё беларускага краязнаўства сталася скліканьне агульнабеларускага краязнаўчага зьезду, а Цэнтральнае Бюро Краязнаўства ад 1925 году пачало выдаваць часапіс «Наш Край», motto якога было «Пазнай свой край». Мне давялося адзін час уваходзіць у склад рэдкалегіі гэтага часапісу, і я меў добрую магчымасьць знаёміцца з допісамі‚ што прысылаліся ў часапіс з раёнаў, гэтаксама неаднаразова прыходзілася выяжджаць ад часапісу на правінцыю.

У часапіс дасылаліся вельмі цікавыя матар’ялы: то аб незвычайных абразох, якія перахоўваліся ў некага ў адрыне, то аб знаходках старажытных манэтаў і г. д. Зь некаторых раёнаў Палесься прысылалі артыкулы‚ у якіх апісваліся крыніцы‚ зь якіх часамі пасьля дажджу цячэ салёная вада. Прысылалі гербарыі і паведамленьні аб рэдкіх для Беларусі расьлінах. У некаторых карэспандэнцыях была апісана рэдкая расьліна Osalea Pontica, якую ў народзе называюць божае дрэўца. Расьліна гэтая мае залацістыя лісткі і вельмі добра пахне. У тыя мясьціны езьдзіў прафэсар У. Адамаў, там ён арганізаваў абгароджваньне гэтых расьлінаў жалезнымі загародкамі.

Праз краязнаўчую працу ішло і нацыянальнае ўсьведамленьне: мова на краязнаўчых сходах была беларуская, гурткі актыўна супрацоўнічалі са школамі.

Менавіта ў галіне краязнаўства мне давялося працаваць разам з М. Бялугам, М. Касьпяровічам, А. Шашалевічам. Шмат увагі часапісу аддаваў праф. М. Бліядуха і дацэнт М. Грамыка — яны мелі ўплывы ў Саўнаркоме, а для часапісу гэта было вельмі патрэбна.

Рэдкалегія часапісу зьмяшчалася ў акадэмічным будынку і падпарадкоўвалася прэзыдэнту Акадэміі. З усімі прысланымі з раёнаў матар’яламі знаёміўся віцэ-прэзыдэнт‚ некаторыя зь іх ён забіраў ды адносіў у ЦК Кампартыі; як правіла‚ адтуль гэтых матар’ялаў не варочалі назад, і таму яны не друкаваліся. Гэтак, стала ведама‚ што матар’ялы аб салёнай вадзе паслалі ў Маскву і адтуль‚ ужо бязь ведама Акадэміі‚ езьдзіла спэцыяльная камісія дасьледаваць гэтыя крыніцы.

Аднойчы з Палесься мы атрымалі карэспандэнцыю‚ у якой паведамлялася‚ што на адным нізкім месцы ў часе паводкі на вадзе зьяўляецца многа тлушчу. Гэтую вестку таксама забаранілі друкаваць.

М. Бліядуха і М. Грамыка абсьледавалі гэтыя мясцовасьці. Аднак вынікі досьледаў ім таксама не дазволілі апублікаваць. Хутка пасьля гэтага дасьледаваньне зямных нетраў вылучылі зь ведама Акадэміі Навук.

У часапісе друкавалася шмат матар’ялаў аб гісторыі беларускіх мястэчак, пра жыцьцё іншых нацыянальнасьцяў — яўрэяў, татараў. Дарэчы, пры Цэнтральным Бюро Краязнаўства працавала і яўрэйская сэкцыя; зь некаторымі сябрамі гэтае сэкцыі я езьдзіў у Глуск.

Маё супрацоўніцтва з «Нашым Краем» скончылася раптоўна — у выніку маёй адмовы напісаць у часапіс нешта рэвалюцыйнае, аб чым я раскажу ніжэй.

У 1930 годзе «Наш Край» перайменавалі ў «Савецкую краіну», значна зьмяніўся зьмест часапісу (ён практычна перастаў быць беларускім краязнаўчым пэрыёдыкам), а потым яго і зусім зьліквідавалі.

З працаю ў часапісах зьвязаныя і мае сустрэчы зь Янкам Купалам.

Якім я ведаў Янку Купалу

Зь Янкам Купалам я выпадкова пазнаёміўся ў Смаленску, на адной з палітычных зборак, куды запрасіў мяне Фальскі. На зборцы былі пераважна эсэры ды пару камуністаў. Камуністы казалі‚ што будуць тварыць сваю камуністычную партыю‚ а эсэры сьмяяліся з гэтага. Янка Купала трымаўся асьцярожна‚ не выказваўся‚ і ў мяне стварылася ўражаньне‚ што Купала не бярэ ўдзелу ў тагачасным палітычным жыцьці. Мая першая сустрэча з Купалам была кароткая — праз гадзіны дзьве мы разьвіталіся‚ а на наступных зборках я яго больш не спатыкаў.

Потым ён паехаў у Менск і, напэўна, забыў мяне, бо такіх знаёмстваў у яго было тысячы. Тое першае знаёмства адбылося ўжо пасьля кастрычніцкага перавароту, аднак мне здалося, што палітычна Янка Купала арыентуецца на Польшчу.

Другая сустрэча ў нас зь ім адбылася ў канцы 1920 году.

Трэба сказаць, тады ў савецкіх установах плацілі мала, і дзеля гэтага кожны стараўся заняць некалькі пасадаў. Неяк я зайшоў у рэдакцыю газэты «Савецкая Беларусь» да Зьміцера Жылуновіча. Ён прапанаваў мне ў дадатак да мае асноўнае вайсковае пасады заняць становішча сакратара часапісу «Зоркі». Я згадзіўся. Вось тут і аднавілася нашае знаёмства зь Янкам Купалам. Хутка я пераканаўся, што Купала зьмяніў сваю палітычную арыентацыю. У яго ўжо не было прапольскіх сымпатыяў, а наадварот, ён досыць часта выказваў антыпольскія думкі. Адначасова з гэтым ён ня меў сымпатыяў і да расейшчыны.

Пасьля рэвалюцыі 1917 году не адзін Янка Купала сымпатызаваў Польшчы; на Польшчу арыентаваліся многія нацыянальныя лідэры таго часу. Адныя зь іх лічылі, што, захапіўшы Беларусь, Польшча паставіцца да беларусаў як да братоў, другія трымаліся думкі, што Польшча слабая і праглынуць нас ня зможа. Хутка і тыя, і другія расчараваліся, пераканаўшыся, што памыляліся.

Янка Купала ня быў індэфэрэнтны да палітычнага жыцьця. На яго кватэры рабіліся сходы, абмяркоўвалася становішча на Беларусі. Калі ў другой палове 1919 году стала відавочна, што палякі не ўтрымаюць Беларусі, дык беларускія палітычныя лідэры пачалі зьбірацца і радзіцца, што рабіць.

Ужо пазьней я даведаўся, што ўсе дакумэнты, пратаколы тых сходак, а таксама багата вершаў, прысьвечаных самастойнай Беларусі, Купала спаліў, бо баяўся арышту.

Найчасьцей мне прыходзілася сустракацца зь Янкам Купалам менавіта ў рэдакцыі «Зоркаў». Аднойчы Бядуля як рэдактар прапанаваў мне падлічыць друкаваныя знакі ў часапісе‚ каб па гэтых знаках выпісаць ганарар супрацоўнікам. Гэта вельмі марудная і нецікавая праца. Я падлічыў знакі на адной старонцы дакладна‚ а на іншых так прыблізна‚ на вока, і даў лічбы Бядулю‚ па гэтых лічбах і быў выпісаны ганарар. Ніхто з аўтараў публікацый не правяраў правільнасьці маіх вылічэньняў‚ а Янка Купала — праверыў і знайшоў‚ што я яго аблічыў на некалькі тысячаў рублёў. Ён узьняў шум на Бядулю‚ а мяне асьцерагаўся. У цесным коле ён гаварыў‚ што «Кіпеля прывёў Жылуновіч‚ а гэта неспраста‚ ён нас загоніць туды‚ куды загналі Iгнатоўскага». Супакоіў яго мой зямляк Сьцяпан Некрашэвіч‚ які ў той час стаяў на чале акадэмічнага цэнтру.

Прыблізна ў 1922 годзе ў Менску здарыўся выпадак‚ які моцна ўсхваляваў увесь горад. У тым годзе У. Фальскі вельмі шырока ставіў беларускія п’есы. Гэта не падабалася расейскім камуністам. Старшынёю ГПУ быў тады Ольскі. Ён‚ відаць‚ па інструкцыі камуністычнага ЦК, падаслаў да Фальскага нейкую дзяўчыну‚ якая нібыта перайшла з Заходняе Беларусі. Гэтая дзяўчына папрасіла ў Фальскага савецкіх газэтаў‚ Фальскі даў ёй. Дзяўчыну арыштавалі‚ мусіць‚ для віду‚ а потым і Фальскага. Яго абвінавацілі ў тайнай сувязі з палякамі і прыгаварылі да расстрэлу. Расстраляць не расстралялі‚ а саслалі ў канцэнтрацыйны лягер і забаранілі жыць на Беларусі. Тэатральная дзейнасьць Фальскага была спыненая. Гэты факт настолькі ўсхваляваў Янку Купалу‚ што ён ужываў самыя вострыя выразы супроць камуністаў.

Вялікую ўвагу зварочваў Янка Купала на літаратурнае ўзгадаваньне моладзі. Многа перабывала ў яго маладых паэтаў‚ ён іх прымаў і даваў парады. Асабліва быў ён высокае думкі аб маладым паэту Дубоўку. Ён часта казаў: «Я толькі Дзяржавін‚ а наш Пушкін — гэта Дубоўка». Аднойчы Дубоўка напісаў вялікую паэму пра выдатнага музыканта зь яго цудоўнаю скрыпкаю. Чорт пачуў прыгожую музыку і даў музыканту шмат грошай‚ каб ён іграў яму‚ чорту. Iгра для чорта нешта не ўдавалася‚ тады чорт пачаў тузацца з музыкантам і адбіраць скрыпку‚ у гэты час са скрыпкі вывалілася душа‚ а без душы скрыпка ўжо ня стала граць. За гэтую паэму Дубоўку добра ўляцела ад уладаў. У гэтай-жа паэме быў такі выраз: «...а глухі лічыць даляры». Пад глухім разумеўся вучоны-лінгвіст Мікола Байкоў. Яго вельмі травілі за тое‚ што ён выказваўся супроць Маркса.

Калі Янка Купала прачытаў‚ што і Дубоўка‚ які быў заўсёды карэктны‚ нападае на Байкова‚ дык увесь дзень бегаў па будынку Акадэміі і гаварыў у адрас Дубоўкі:

— Да чаго дайшло! I гэты малакасос супроць Міколы! Ё’ за што? За гэтую кудлатую бараду!

Янку Купалу вельмі не спадабалася вяртаньне з эміграцыі А. Цьвікевіча‚ М. Пракулевіча і Л. Зайца. Часамі ў сваёй кампаніі ён казаў [пра Цьвікевіча]:

— Няхай-бы ён там лепш павесіўся‚ дык гэта было-б куды лепш для нацыянальнае справы.

Адзін час Цьвікевіч быў адказным сакратаром Iнбелкульту‚ да яго Купала ніколі ні па што не зварочваўся. Цьвікевічу гэта вельмі не падабалася‚ ён часта казаў так:

— Не былі вы ў маёй шкуры: каб вы пабылі ў маёй шкуры‚ дык вы інакш глядзелі-б на мяне.

Калі ў 1930 годзе арыштавалі нацдэмаў і хацелі зрабіць паказальны працэс‚ а Купалу хацелі прызначыць грамадзкім абвінаваўцам‚ дык ён палічыў за лепшае скончыць жыцьцё самагубствам‚ чым выступаць супроць беларускіх нацыяналістаў, і разрэзаў сабе жылы. Ад сьмерці Купалу адратавалі‚ але больш да яго не зьвярталіся‚ каб ён абвінавачваў нацдэмаў.

Усё сваё жыцьцё Янка Купала быў нацыяналістам і памёр нацыяналістам. Нідзе ніколі не асудзіў ён нацыянальнае ідэі‚ а наадварот‚ ён усюды яе ўсхваляў.

Калі ён апынуўся ў камуністычным палоне‚ дык напісаў пад прымусам проста адчэпнае — некалькі вершаў, у якіх нібыта радаваўся савецкім дасягненьням. Але гэта ніяк не асуджэньне нацыянальнай ідэі.

Янка Купала — вялікі беларускі трыбун‚ але ў абыходжаньні зь людзьмі гэта быў тыповы беларускі шляхціц. Перад багатым і славутым Купала першы здымаў шапку‚ а бедняка ён не заўважаў. Паводзіны-ж раўназначнага яму Якуба Коласа былі зусім інакшыя: гэты здымаў першы шапку ня толькі перад славутым‚ але і перад беднякам ды заўсёды бедняка заўважаў. Гэтая розьніца ў стаўленьні да людзей вынікала з таго‚ што яны ўзгадоўваліся ў розных сацыяльных умовах.

Калі я быў студэнтам‚ дык на тым двары‚ дзе жыў Янка Купала‚ жыў студэнт аднаго факультэту са мною. Мы зьбіраліся ў гэтага студэнта рыхтавацца да лекцыяў. У Купалавай-жа жонкі была сваячка — дзяўчына зь вёскі. Яна была досыць прыгожая‚ але ня мела адукацыі. Купаліха ўзяла яе ў Менск і залічыла на нейкія адукацыйныя курсы. Мы пазнаёміліся з гэтай дзяўчынай і бывалі ў кватэры Купалы‚ але заходзілі толькі тады‚ калі Купалы не было дома. Купала не любіў гэтую дзяўчыну‚ бо яна нічым не вылучалася сярод моладзі. Гэтая шляхецкая рыса‚ нажаль‚ была ўласьцівая Купалу.

Няма людзей абсалютна без заганаў‚ але сваіх вялікіх людзей мы‚ беларусы‚ павінны ведаць з усіх бакоў — і з дадатных і з адмоўных.

Тое‚ што мы ўзьняліся на абарону Бацькаўшчыны ад чужацкае ўлады‚ вельмі падабалася нашым вялікім пісьменьнікам. Яны нас нідзе ніколі не асуджалі‚ у думках яны былі заўсёды з намі. I пасьля іх сьмерці дух іхны лунае сярод нас‚ бо яны самі былі сапраўдныя патрыёты-нацыяналісты. Вечная памяць Янку Купалу‚ а яго справу нашыя надчадкі давядуць да перамогі Беларускае Дзяржаўнасьці.


* Цяпер гэта Дом Мастацтваў на праспэкце Скарыны, побач з Домам Афіцэраў, насупраць Палаца Прафсаюзаў.
** Аддзел агітацыі i прапаранды.
*** «Зоркі» ў міжчасе зачыніліся. Новы дзіцячы часапіс пачаў выходзіць, здаецца, y 1924 r. i зваўся «Беларускі Піонэр», a y 1924 г. пачалі выходзіць «Іскры Ільліча». Пакуль-жа выйшаў часапіс «Адраджэньне», пад гэткім назовам аформілася каапэрацыйнае выдавецтва, якое яшчэ да выхаду часапісу выдала колькі кніжак; пасьля зачыненьня часапісу яно было пераназванае ў «Савецкую Беларусь», a дзесь пад 1925 год i зусім зьліквідаванае (заўв. рэд. часапісу «Беларуская Моладзь»).

МЕНСКIЯ КУРСЫ БЕЛАРУСАВЕДЫ

Нацыянальнае будаўніцтва мела ісьці шырокім фронтам, найперш праз асьвету. Вядома, што цэлая сетка беларускіх школаў пачала працаваць яшчэ ў часе Першае сусьветнае вайны, пад нямецкай акупацыяй; іх дзейнасьць працягвалася ажно да 20-х гадоў: ні па вёсках, ні ў мястэчках супраць беларускага школьніцтва ніхто не выступаў.

У 1920 ці на пачатку 1921 году ў Менску для забясьпечаньня патрэбы ў настаўніцтве адчыніліся дзевяцімесячныя курсы беларусаведы. На курсы набіраліся слухачы зь сярэдняй адукацыяй, якія па сканчэньні атрымвалі кваліфікацыю настаўнікаў беларускае мовы, літаратуры і гісторыі ў сярэдняй школе. Адным з кіраўнікоў курсаў быў Язэп Лёсік. Курсы праіснавалі чатыры гады.

Надарылася вучыцца на гэтых курсах і мне. Тут я сыстэматызаваў свае веды ў беларусазнаўстве, тут-жа мне пашчасьціла пазнаёміцца і зь Міколам Байковым (ён быў лектарам). Знаёмства перарасло ў шчырае сяброўства на ўсё жыцьцё.

Выкладчыкам быў таксама запрошаны акадэмік Яўхім Карскі, які чытаў курс «Параўнальная граматыка беларускай і расейскай мовы». Урачыстасьць першага выпуску курсаў у сакавіку 1922 году шырака асьвятлялася ў друку, асабліва падкрэсьлівалася роля галоўнага адміністратара курсаў Усевалада Iгнатоўскага, якому ўдалося арганізаваць навучаньне ў рэкордна кароткі тэрмін. На ўрачыстасьці я меў гонар вітаць прафэсуру і курсантаў ад імя студэнтаў БДУ, дзе ўжо на той момант быў зарэгістраваўся.

На той-жа ўрачыстасьці Язэп Лёсік сказаў сваю ведамую прамову. Для мяне гэтая прамова сталася і праграмаю дзеяньняў, і малітваю — асноваю веры ў нацыянальную годнасьць, і маім credo на шляху служэньня нацыянальнай ідэі.

Прамова Язэпа Лёсіка

Маладыя лектары і настаўнікі!

Ад імя Рады Курсаў віншую вас з заканчэньнем навукі і ад усёй душы вітаю вас зь пераходам са стану звычайных грамадзян Беларусі ў пачэсны стан настаўнікаў і лектараў.

Што-ж сказаць вам на разьвітаньне? Якімі словамі папрашчацца з вамі?

Многа абяцалася, але ня мала зроблена. Нягледзячы на самыя цяжкія ўмовы жыцьця, нягледзячы на тое, што навука наша прыпынена без пары, заўчасу — нягледзячы на гэта, справа даведзена да канца, за гэты кароткі час самае важнае, самае патрэбнае зроблена добра. Калі вы перанесяцеся думкамі назад і параўнуеце сябе з тымі, якія вы былі раней і цяпер, то адразу пачуеце сябе людзьмі новымі, духоўна перароджанымі. Вы ўжо ня тыя, што былі, бо пакаштавалі пладоў з таго дрэва, што называецца беларускай справай, беларускім адраджэньнем. Вы былі ўведзены ў сьвятое сьвятых беларускае справы, і адчыніліся вам вочы вашы, і пазналі вы таямніцы ўваскрасеньня айчыны нашай, Маці-Беларусі.

Няма такой школы, каб давала гатовую веду. Школа — гэта ня крама, дзе можна дастаць гатовы прадукт. Школа — гэта сьвяцільня, што асьвячае сьцежкі да крыніц веды. Школа толькі запаляе сьвечкі чалавечага імкненьня да веды. Яна толькі дапамагае чалавеку скарэй і вярней знайсьці дарогу да тае крыніцы, што цячэ вадою жывучаю і гаючаю.

Вашы сьвечкі запалены, і вы становіцеся апосталамі беларускае справы. Цяпер, як ясныя зоркі, разыдзецеся вы па Беларусі, каб панесьці з сабою вялікую радасьць аб уваскрасеньні Беларусі. Вы скажаце народу беларускаму, што айчына яго ўваскросла, што ўжо разьбіта дамавіна яго і далёка адкінуты камень ад гроба яго. Вы скажаце яму, што Беларусь жыла, жыве і жыць будзе і што недалёка ўжо Абяцаная Зямля яе. А калі знойдзецца Хама няверны, што ўсумніцца ў праўдзе слоў вашых, дык скажэце яму, што вы самі бачылі яе, сваю Маці-Беларусь, і ўкладалі пальцы свае ў раны яе. А калі і гэта не паможа, то адыдзецеся ад яго прэч, а пасьпяшайце туды, дзе ждуць вас, дзе слова ваша ня будзе голасам, гукаючым у пушчы. Але бойцеся, каб не пагасла сьвечка ваша, бо ня раз бура захопіць вас у дарозе, і не адну навальніцу давядзецца перажыць вам у часе свае падарожы. Пільнуйце і бойцеся, каб не пагасла сьвечка замілаваньня вашага да свае многапакутнае Маці-Беларусі. Пільна сачэце за сабою і не забывайце падліваць алею ў сьвяцільні вашы, каб было з чым сустрэць яе, сваю Белую Русь, калі яна прыйдзе судзіць нас ва ўсёй славе сваёй.

Значна пазьней, калі мы, выпускнікі курсаў, былі ўжо ў турмах, сьледчыя нас неаднаразова распытвалі, стараючыся даведацца, ці не стварылі мы на курсах падпольнае арганізацыі.

Думаю, што не памылюся, калі ад імя сотняў слухачоў, зь якімі давялося прайсьці гэтыя курсы — а ў жывых зь іх засталося, пэўна, вельмі няшмат, — скажу, што Лёсікавы курсы былі сапраўднай беларускай кузьняй. Чэсьць і хвала вам, нашы настаўнікі!

ПЭДАГАГIЧНАЯ ПРАЦА.
ЯНКА БЯЛЬКЕВIЧ

Гэтыя старонкі напісаліся, калі надышла сумная вестка: памёр Янка Бялькевіч — выдатны беларускі навуковец‚ пэдагог і мовавед. Памёр далёка ад Беларусі. Памёр выгнаньнікам, бо вярнуцца на Бацькаўшчыну ня меў права. Бялькевічу‚ як і тысячам г. зв. нацдэмаў прыпаў нялёгкі шлях. У 1930 годзе ў яго‚ як і ў іншых‚ Беларусь адабралі‚ аднак не адабралі хаценьня тварыць для яе.

Зь Янкам Бялькевічам я быў блізка знаёмы і заўсёды заставаўся ў сяброўскіх дачыненьнях. Упершыню я сустрэўся зь ім на пачатку 1921 году ў Менску. Хоць я яшчэ тады ня быў цалкам разьлічаны з войскам‚ аднак поўнасьцю быў улучыўся ў беларускае грамадзка-палітычнае жыцьцё Менску. Адначасна — і каб трохі зарабіць‚ і на просьбу Зьмітра Жылуновіча — я выкладаў у аднэй зь менскіх школаў. У гэным часе ахапіць усе дзялянкі арганізацыйна-ўрадавага жыцьця не хапала сьведамых беларусаў‚ а чарнасоценная расейшчына ў Менску падымала галаву. I таму менскі беларускі палітычны актыў вельмі часта зварачаўся да былых жаўнераў‚ сьведамых нацыянальна‚ каб дапамагалі ў праводжаньні беларускае дзейнасьці. Відавочна‚ сотні гэткіх‚ як я‚ улучаліся ў беларускае нацыянальнае жыцьцё.

Спачатку я працаваў выхавацелем у адным зь дзіцячых дамоў, потым у школах — выкладаў грамадазнаўства, а пасьля заканчэньня курсаў беларусаведы вучыў у колькіх школах беларускай мове. Па заканчэньні ўнівэрсытэту выкладаў прыродазнаўчыя навукі. На аснове лекцыйнага матар’ялу разам з маймі калегамі, С. Касмовічам і Я. Троськам, апрацавалі беларускамоўныя падручнікі «Жывёлы» і «Расьліны», якія хутка былі забароненыя як «нацдэмаўскія».

Школы тады перажывалі пэўны крызыс‚ бо зьверху ад Наркомасьветы ў Маскве — ад Луначарскага і Крупскай — было загадана‚ каб настаўнік не змушаў вучняў сваім аўтарытэтам‚ а вучні павінны былі працаваць са сваёй ініцыятывы. Як пачалі вучні выказваць сваю ініцыятыву‚ дык у школе не засталося ніводнага цэлага акна.

Зь цяжкасьцямі, але пасьлядоўна і настойліва мы ўводзілі ў школах беларускую мову навучаньня. У мяне на гэтай глебе было шмат вострых сутычак са школьнымі адміністратарамі, якія часта былі залішне асьцярожныя, нечага чакалі, а таксама ўзьніклі праблемы зь Белрабасьветы*. Моцна дапамагала ў беларусізацыі тое, што было шмат маладых настаўнікаў, майго і крыху старэйшага веку, а таксама ўплывовых нацыянальна сьведамых беларусаў у вышэйшых адміністрацыйных колах.

У гэтым часе мне пашчасьціла супрацоўнічаць зь Янкам Бялькевічам, які быў школьным інспэктарам, а таксама займаў пасаду ў Наркомасьветы БССР. Калі ён прыйшоў у нашую школу‚ дык дырэктар школы адразу паклікаў мяне. Бялькевіч сказаў‚ хто ён і якія ягоныя пляны ды што новага мае быць зроблена ў школе. Мне і дырэктару ён сказаў‚ што ўва ўсіх школах Менску ўводзяцца гадзіны г. зв. народнае славеснасьці. У гэтыя гадзіны настаўнікі маюць расказваць дзецям беларускія народныя казкі‚ чытаць беларускія вершы і апавяданьні Якуба Коласа‚ Янкі Купалы‚ Зьмітрака Бядулі ды іншых беларускіх пісьменьнікаў. Са школы я правёў Бялькевіча‚ і мы абмяняліся думкамі. Я сказаў яму‚ што і перад гэтым я патрабаваў ад дзяцей гутарыць па-беларуску ды што на будучыню мы павінны строга ўводзіць беларусізацыю. Пасьля гэтай першай сустрэчы мы спатыкаліся даволі часта.

Неўзабаве экспэрымэнт Луначарскага—Крупскай быў адкінуты і школы пачалі прымаць нармальнейшы выгляд. Янка Бялькевіч у гэным часе навучаньне ўва ўсіх пачатковых школах перавёў на беларускую мову‚ а ў старэйшых клясах увёў курс беларусаведы: вывучалася беларуская мова‚ літаратура‚ гісторыя і геаграфія Беларусі. Неяк падчас аднае з сустрэч я расказаў Бялькевічу‚ якое становішча было ў Смаленску перад зьездам, на якім абвясьцілі БССР‚ а Бялькевіч распавёў мне‚ як ён‚ быўшы эсэрам‚ працаваў у арганізаваньні гэтага зьезду.

Расейцы ў Менску — тады гэта была яшчэ значная група — увесь час штурмавалі партыю‚ каб зьняць Бялькевіча з пасады. Напачатку ім гэта і было ўдалося‚ але ненадоўга: у жыцьцё ўваходзіла беларусізацыя. Калі арганізацыйны этап быў пройдзены‚ Янка Бялькевіч працаваў настаўнікам у розных школах Менску. Вельмі шмат арганізацыйнае працы ён уклаў у краяведны гурток ды разам са Сьцяпанам Некрашэвічам стварыў краяведна-моўны аддзел Iнбелкульту. Бялькевіч шчыра дапамагаў мне пры зарганізаваньні Аб’еднаньня Беларускіх Студэнтаў ва ўнівэрсытэце.

Ад сярэдзіны 20-х гадоў я спатыкаўся зь Бялькевічам радзей: мая праца была пераважна ў галіне біялягічных навукаў‚ а ягоная ва ўлюбленай ім галіне — мовазнаўстве‚ але тым ня менш мы былі блізкія‚ бо была ў нас усіх тады адна накіраванасьць — як мага болей зрабіць для беларускае навукі, адукацыі.

Нажаль‚ надышоў 1930 год. Усё было разгромлена. Бялькевіч трапіў у Марыйскую Аўтаномную Рэспубліку. У 1935 годзе Бялькевічу‚ як і мне ды яшчэ шмат каму прапанавалі выступіць у беларускім і саюзным друку супраць нацдэмаў ды сказаць‚ што мы ў нашай дзейнасьці памыляліся. Цана была-б заплачаная добрая: нам было-б дазволена вярнуцца ў Беларусь. Аднак гэтага ніхто не зрабіў. А гэта азначала даўгія срокі (срок — тэрмін засуджэньня) і назаўсёды разьвітаньне зь Беларусяй. Бялькевічу адмовы ад гэтай прапановы ніколі не даравалі.

Спачатку ён туляўся па розных гарадох РСФСР‚ а потым дзеля таго‚ што быў хворы на грудзі‚ яму дазволілі перабрацца на поўдзень‚ наколькі памяць‚ у горад Марыупаль. Гэтак саветы зьнішчылі яшчэ аднаго вялікага беларускага патрыёта — Янку Бялькевіча.


* Беларускі Прафсаюз Работнікаў Асьветы.

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНIВЭРСЫТЭТ

Стварэньне ўнівэрсытэту

Да акупацыі Беларусі расейцамі ў Вялікім Княстве Літоўскім быў свой беларускі ўнівэрсытэт у сталіцы Вільні, заснаваны ў 1570 годзе.

Заснаваньне ўнівэрсытэту ў Менску бальшавікі прыпісваюць вылучна добрай волі Кампартыі. На самой-жа справе гэта далёка ня так. Iдэя стварэньня беларускага ўнівэрсытэту дыскутавалася нацыянальнай інтэлігенцыяй яшчэ на старонках «Нашае Нівы». На Ўсебеларускім Кангрэсе ў 1917 годзе былі прачытаныя даклады акадэміка Я. Карскага аб патрэбе адчыніць на Беларусі ўнівэрсытэт* і Д. Сабалеўскага аб зарганізаваньні сельскагаспадарчага інстытуту ў Менску. Плянавалі зьдзейсьніць гэтую задуму і ў часы БНР у 1918 годзе. Зарганізаваньне беларускага ўнівэрсытэту было ў плянах нацыянальнага руху, а за гады войнаў і рэвалюцыяў пачатку ХХ стагодзьдзя беларускі нацыянальны рух дасягнуў такое сілы‚ што ня браць яго пад увагу было немагчыма.

Бальшавікі ўлічылі сілу беларускага руху і пачалі спробы пераняць ініцыятыву ў нацыянальнага актыву. Адчыненьнем унівэрсытэту бальшавікі да некаторай ступені спараліжавалі прапаганду беларускіх нацыянальных дзеячоў — Лёсіка‚ Некрашэвіча‚ Шыманскага ды іншых‚ а таксама дзейнасьць беларускіх эсэраў.

Прыгадваю, некаторыя ўплывовыя асобы (Жылуновіч, Некрашэвіч) расказвалі мне, што адчыніць у Менску ўнівэрсытэт было ня так проста: Масква доўга не давала на гэта дазволу.

Фармальнаю прычынаю адмовы было тое, што ў Менску ўжо быў адчынены сельскагаспадарчы інстытут. Узначальваў інстытут нейкі чарнасоценны праф. Кірсанаў‚ зацяты вораг усяго беларускага. Ён‚ а разам зь ім уплывовыя расейцы ды некаторыя яўрэі даводзілі‚ што ў Менску няма памешканьняў‚ а таму ўнівэрсытэт трэба адчыніць у якім-небудзь іншым горадзе. Аб тым‚ што інстытут трэба перанесьці ў Горы-Горкі (там для яго былі лепшыя ўмовы: вялікія палі‚ лясы для экспэрымэнтаў‚ многа тарфяных і нетарфяных балотаў) і слухаць не хацелі. Сельскагаспадарчы Iнстытут існаваў у Горы-Горках яшчэ да паўстаньня Кастуся Каліноўскага‚ але за тое‚ што студэнты ўдзельнічалі ў паўстаньні‚ інстытут зачынілі. Апрача таго, студэнтам Горы-Горацкага Iнстытуту прыпісвалі напісаньне паэмы «Тарас на Парнасе». Усё гэта рабіла Горы-Горкі беларускім нацыянальным асяродкам, што палохала расейскіх камуністаў. Аднак у 1923—1924 гадох усёж-такі прынялі рашэньне перавесьці сельскагаспадарчы інстытут зь Менску ў Горы-Горкі.

Урэшце дазвол на адкрыцьцё ўнівэрсытэту быў атрыманы, і ўвосень 1921 году БДУ прыняў першых студэнтаў. Спачатку былі арганізаваныя гуманітарныя аддзяленьні пэдфаку: лінгвістычнае і гістарычнае; тады-ж былі створаныя факультэт грамадзкіх навук і клінікі зь некаторымі катэдрамі мэдфаку, а ў 1922 годзе ўнівэрсытэт пачаў працаваць напоўніцу.

Пры адчыненьні ўнівэрсытэту ўзьнік канфлікт‚ каму быць рэктарам. Нацыянальныя колы хацелі, каб быў прызначаны рэктарам акадэмік Яўхім Карскі. Супроць кандыдатуры Карскага выступілі расейскія камуністы і наагул расейская інтэлігенцыя. Яны лічылі‚ што Карскі нарабіў многа шкоды Расеі‚ бо яго працы аб беларусах узварушылі беларусаў і зрабілі іх небясьпечнымі для Расеі. I таму расейскія камуністы наважылі на тым‚ каб акадэмік Карскі зусім ня быў дапушчаны ў Менск — ні ва ўнівэрсытэт‚ ні ў Акадэмію. Так і сталася: акадэмік Карскі‚ скончыўшы чытаць лекцыі на курсах‚ зусім выехаў зь Беларусі. Рэктарам прызначылі запрошанага з Масквы прафэсара Ўладзімера Iванавіча Пічэту.

Праф. Пічэта быў нядрэнны дыплямат, ён разумеў, што, будучы рэктарам беларускага ўнівэрсытэту, нельга задзірацца зь беларусамі. Ён быў уважлівы да беларускіх студэнцкіх арганізацыяў, аднак з рамак не выходзіў. Зь беларускімі нацыянал-дэмакратамі Пічэта ня меў нічога супольнага, і ягоны далейшы нецікавы лёс ня варта зьвязваць зь беларускай дзейнасьцю: ён быў арыштаваны пасьля 1930 году ў сувязі з апазыцыяй камуністычнага гісторыка Пакроўскага.

Iнакш выглядала справа з акадэмікам Я. Карскім. Гэта быў вялікі вучоны-лінгвіст і этнограф, але ў палітыцы — прастак. Напрыклад, ён быў вельмі супроць слова контррэвалюцыянэр і гэта тлумачыў на лекцыях наступным чынам: «Слова контррэвалюцыянэр азначае, што чалавек хоча нейкай рэвалюцыі, а ў сапраўднасьці гэтыя рэвалюцыянэры ніякай рэвалюцыі ня хочуць, значыць іх трэба зваць антырэвалюцыянэрамі». Тэрмін антырэвалюцыянэр ён скрозь ужываў у сваіх творах, лекцыях.

Акадэмік Карскі быў за тое, каб царкоўна-славянская мова вывучалася ў школе, а вывучаць яе можна толькі па царкоўных кнігах. Ясна, што бальшавікі не маглі пусьціць такога чалавека чытаць лекцыі савецкім студэнтам.

Пад моцным ціскам расейскіх камуністаў Карскі ў апошнім томе свае манумэнтальнае працы «Беларусы» зрабіў некаторыя высновы не на карысьць беларусаў. Гэтыя выпады не давалі яму спакою, ён каяўся, што змаладушнічаў, і калі паміраў, яго непакоіла, што каля яго не было беларусаў, для якіх ён працаваў усё сваё жыцьцё.

У 1921 годзе я быў залічаны спачатку на лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту‚ а налета перайшоў на прыродазнаўчае аддзяленьне. Пры залічэньні ва ўнівэрсытэт кожнаму студэнту рабілі экзамэны ў памеры праграмы сярэдняй школы. Экзамэнатарамі былі настаўнікі менскіх сярэдніх школаў.

Калі ўспамінаю пра ўнівэрсытэцкае жыцьцё ў Менску на пачатку 20-х гадоў, дык толькі таму, што з гэтымі часінамі асацыююцца гады маёй маладосьці. Усяго я прабыў ва ўнівэрсытэце сем з паловаю гадоў: пяць гадоў студэнтам і два гады з паловаю асьпірантам.

Прафэсура

Сярод прафэсараў, якіх запрасілі выкладаць у новы ўнівэрсытэт, у тым ліку і з-за межаў Беларусі, было нямала людзей ужо пажылых, далёкіх ад рэвалюцыйнага энтузіязму, вытрыманых у сваіх паводзінах і спакойных.

Першым выкладчыкам, зь якім давялося мець справу, быў дэкан пэдфаку прафэсар Мікалай Міхайлавіч Нікольскі. Адміністратар ён быў карэктны і ўважлівы да студэнтаў, чытаў лекцыі па гісторыі Iзраэля, зьвязанай зь Бібліяй, і стражытнага Эгіпту. Лекцыі яго былі вельмі зьмястоўныя і цікавыя, але манэра чытаць лекцыі была нудная і сухая. У студэнтаў зь ім ніколі ніякіх канфліктаў не ўзьнікала.

Праф. Нікольскі быў буйным спэцыялістам у гісторыі рэлігіі і на гэтую тэму ён чытаў многа публічных лекцыяў. Рэлігію ён тлумачыў як культурную зьяву, адначасова з гэтым ён падаваў фактычныя доказы таго, што побач з рэлігіяй сярод людзей заўсёды існаваў атэізм. У сваіх лекцыях праф. Нікольскі стаяў на навуковым пункце гледжаньня і ніколі не спускаўся да ўзроўню прапагандыста.

Выкладаў гісторыю Літвы праф. Пічэта. Гістарычныя факты ён падаваў так, як яны былі, але тлумачэньне фактаў часта даваў не на карысьць дзяржаўнасьці Беларусі. Калі праф. Пічэта напісаў падручнік па гісторыі Беларусі, дык ня ўсё тут абышлося добра: яму прыйшлося рабіць некаторыя папраўкі, бо Iнбелкульт у той час не згадзіўся прапусьціць яго падручнік; нарэшце падручнік выйшаў — пад грыфам Наркамату Асьветы БССР.

Была адна акалічнасьць, якая дала нам магчымасьць пазнаёміцца зь сям’ёю Пічэты. У яго была маладая незамужняя дачка, так гадоў дзевятнаццаць дзяўчына, і яна прыехала зь ім ў Менск. Мы тады былі маладыя хлопцы, заглядаліся на дзяўчат і неяк на адной танцавальнай вечарыне не прапусьцілі выпадку пазнаёміцца з гэтаю маскоўскаю краляю. Сям’я Пічэты была глыбока расейскаю — з жахам яны слухалі, калі мы выказвалі перад імі сэпаратысцкія ідэі. Сам Пічэта часам называў сябе сэрбам, толькі сэрбскага ў ім нічога не было, ён быў расеец.

Вельмі цікаваю фігураю быў прафэсар Мікалай Мікалаевіч Шчакаціхін, які на лінгвістычным аддзяленьні чытаў курс аб беларускім мастацтве. Не сакрэт, што расейцы не прызнавалі (прынамся так было ў той час) існаваньня самастойнага беларускага мастацтва. Паводле іх цьверджаньня, беларускае мастацтва цалкам запазычанае ў расейцаў. Праф. Шчакаціхін сабраў велізарны матар’ял пераважна ў старых беларускіх цэрквах: фрэскі, абразы, крыжы, падсьвечнікі, паясы ды іншыя высокамастацкія рэчы. Бадай што ўсе гэтыя рэчы былі зробленыя тады, калі яшчэ маскоўскае дзяржавы не было, і так крок за крокам ён давёў, што беларускае мастацтва разьвівалася незалежна ад расейскага. Рэакцыя на дзейнасьць праф. Шчакаціхіна была вельмі простая: курс лекцыяў па беларускім мастацтве забаранілі зусім, а празь нейкі час праф. Шчакаціхіна выслалі зь Беларусі.

Беларускую мову ў шырокім аглядзе чытаў Язэп Лёсік. У яго часта ўзьнікалі канфлікты з камсамольскай арганізацыяй. Камсамольская ячэйка патрабавала, каб ён у сваіх лекцыях паказваў ня толькі розьніцу паміж беларускай і расейскай мовамі, а і падабенства гэтых моваў. Лёсік катэгарычна адмовіўся падаваць адзнакі падабенства. Ён заўсёды гаварыў: «Мову творыць розьніца, а не падабенства, таму я і буду чытаць мову зь яе асаблівасьцямі».

Экспэрымэнтальную псыхалёгію чытаў прафэсар I. М. Салаўёў. Жыў гэты вучоны ў Маскве, а ў Менск прыяжджаў кожны месяц на тыдзень. У яго зь беларускімі студэнтамі хутка ўзьнік востры канфлікт: Салаўёў патрабаваў, каб яму і пытаньні задавалі па-расейску, і карысталіся расейскаю моваю на сэмінарах. У гэтую справу ўмяшаліся ўлады; у выніку студэнтам было дазволена ўжываць беларускую мову пры запытаньнях і на сэмінарах. На другі год Салаўёва не запрасілі, яго месца заняў беларус — праф. Перабіла, зь ім ужо канфліктаў з-за мовы не было.

У першыя гады існаваньня ўнівэрсытэту чыталі два курсы філязофіі: агульная філязофія (праф. В. Iваноўскі) і дыялектычны матэрыялізм (праф. С. Вальфсон). Абодва курсы былі вельмі цікавыя, лектары як-бы дапаўнялі адзін другога, ад гэтага студэнты набывалі ўсебаковае разьвіцьцё.

З рэвалюцыйных дысцыплінаў чыталі яшчэ гісторыю сацыялізму. Сацыялістычнага дзяржаўнага ладу не было яшчэ ні ў аднэй краіне, фактычна нас знаёмілі з тэорыямі розных філёзафаў аб перабудове сацыяльнага ладу капіталістычнага грамадзтва. Гэтая дысцыпліна цікавая тым, што яна знаёміла студэнта з капіталістычным ладам — ад самых раньніх часоў яго ўзьнікненьня, зь недахопамі гэтага ладу і з тэорыямі пабудовы лепшага грамадзкага ладу. Тэорыі былі вельмі фантастычныя, але ім давалася і адпаведная ацэнка. Савецкае студэнцтва, якое адчувала ўвесь цяжар дыктатуры пралетарыяту, ставілася да гэтых тэорыяў вельмі крытычна. Тым ня менш, гэты курс быў цікавы, яго наведвалі ўсе, бо студэнт бачыў у гэтых тэорыях эвалюцыю чалавечай думкі, бачыў, як пад уплывам рэвалюцыйных тэорыяў зьмяняўся ў лепшы бок капіталістычны лад грамадзтва.

У 1922 годзе ў БДУ арганізавалася прыродазнаўчае аддзяленьне. Яно мяне вабіла больш, бо там былі лябараторыі, было багата экспэрымэнтальнай працы па біялягічных навуках, па хіміі, і я, страціўшы год, перавёўся на гэтае аддзяленьне.

На прыродазнаўчым аддзяленьні я сустрэў новых прафэсараў. Зь першага дня я пачаў працаваць у лябараторыі пры катэдры неарганічнай хіміі. Кіраваў гэтай катэдрай праф. Б. М. Бэркэнгэйм, мэтад навучаньня ў яго лябараторыі быў вельмі добры. Непасрэдна навучаньнем студэнтаў кіравалі тры асыстэнты, якія неадступна знаходзіліся пры студэнтах. Неарганічная хімія вывучалася тры гады. Па гэтым часе студэнт выходзіў з добрымі ведамі ў хіміі. Пазьней, ужо ў эміграцыі, мне давялося нейкі час працаваць навукоўцам у Мюнхэнскім Унівэрсытэце. Тут навучаньне студэнтаў хіміі было пастаўлена таксама, як у Беларускім Унівэрсытэце. Праф. Бэркэнгэйм вучыўся ў Нямеччыне і нямецкія мэтады ён перанёс на Беларусь. Здавалася-б, што такога вучонага трэба паважаць, аднак гэтага прафэсара беларускі савецкі ўрад вельмі не любіў: ён быў сынам багатага купца-лесапрамыслоўца зь Дзьвінску. На трэцім годзе працы Бэркэнгэйма прымусілі пакінуць унівэрсытэт, і ён паехаў у Маскву. Там яго прынялі, і там ён рабіў вялікую навуковую працу.

Цікавай асобаю быў прафэсар Анатоль Уладзімеравіч Фядзюшын. З паходжаньня расеец, нарадзіўся на Беларусі, сын каморніка. Рэвалюцыя яго захапіла ў Сібіры, там ён займаўся навуковай працай, затым быў мабілізаваны ў калчакаўскую армію. Па сканчэньні грамадзянскай вайны Фядзюшын вярнуўся на Беларусь. Яшчэ да рэвалюцыі, выкладаючы ў гімназіі, ён вывучаў птушак Беларусі. Аб птушках Беларусі ім напісаная капітальная праца. Апрача гэтага, ён пачаў ствараць у Менску музэй птушак Беларусі (тут былі экспанаваныя ўсе птушкі нашага краю), працаваў над стварэньнем запаведніка. У пачатку 30-х гадоў Фядзюшына арыштавалі і выслалі як калчакаўца.

На трэцім курсе прыродазнаўчага аддзяленьня параўнальную анатомію жывёл чытаў прафэсар Аляксандар Сяргеевіч Шчапоцьцеў. З паходжаньня ён быў памешчык, дзеля гэтага яму ходу не давалі. У кожнага вучонага ёсьць свой «канёк», такім каньком у Шчапоцьцева была клясыфікацыя жывых істотаў па падабенстве крыві. Ён усюды гэты мэтад прапагандаваў і папулярызаваў.

Пачатак гэтаму мэтаду паклаў у 1911 годзе галяндзкі вучоны Брук на Філіпінскіх астравох. Ён неаднаразова дасьледаваў пры аднолькавых умовах кроў кітайца, філіпінца і эўрапейца і заўсёды меў неаднолькавыя вынікі. Мэтад Брука, яшчэ перад Першай сусьветнай вайною, скарыстала катэдра этнаграфіі Пецярбурскага Ўнівэрсытэту для вызначэньня сваяцтва паміж народамі поўначы Расеі. Калі мэтад клясыфікацыі па крыві быў добра спапулярызаваны, Беларуская Акадэмія палічыла патрэбным ужыць гэты мэтад у працах катэдры этнаграфіі для параўнаньня крыві беларусаў і расейцаў. На катэдру меліся запрасіць праф. Шчапоцьцева, але ўрад не дазволіў. Тады запрасілі прафэсара А. К. Ленца, які быў дацэнтам у Пецярбургу і валодаў гэтым мэтадам.

Гадоў праз тры праф. Ленц сабраў вельмі значны матар’ял, зь якога было відаць, што кроў беларуса адрозьніваецца ад крыві расейца. Аб гэтым даведаліся ў Маскве і ў першую чаргу выперлі зь Менску праф. Шчапоцьцева, а потым забаранілі ўжываць мэтад клясыфікацыі па крыві, усе напрацаваныя матар’ялы, зьвязаныя з гэтым мэтадам, забралі і не вярнулі. Праф. Ленца прымусілі публічна каяцца і аплёўваць гэты мэтад, а потым яго змусілі выехаць назад у Ленінград.

На трэцім годзе існаваньня ўнівэрсытэту на пэдфаку ўвялі геаграфію Беларусі і геаграфію СССР. На катэдру геаграфіі Беларусі быў запрошаны прафэсар Аркадзь Смоліч, а на катэдру геаграфіі СССР — прафэсар Мікола Азбукін. Праф. Смоліч напісаў першы падручнік геаграфіі Беларусі. Праф. Азбукін напісаў на беларускай мове «Геаграфію Эўропы» для сярэдніх школаў. Падручнік праф. Азбукіна быў прызнаны найлепшым у Савецкім Саюзе. Апрача гэтага праф. Азбукін распачаў укладаньне геаграфічнага слоўніка на беларускай мове.

Нядоўга праіснавалі абедзьве катэдры геаграфіі — іх хутка прызналі нацыяналістычнымі і зачынілі, а ў 1930 годзе абодвух прафэсараў выслалі зь Беларусі, і яны загінулі.

Плянава і мэтадычна, крок за крокам камуністы пачалі нішчыць ва ўнівэрсытэце парасткі беларушчыны і саміх беларусаў-навукоўцаў.

На катэдры фізыкі быў арыштаваны дацэнт Дыдырка за тое, што выкладаў фізыку па-беларуску. За беларускасьць быў арыштаваны і высланы прафэсар дыфэрэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэньня А. Пятосін.

Катэдру геалёгіі ў БДУ ўзначальваў Мікалай Бліядуха. Гэты выдатны вучоны скончыў Пецярбурскі Горны Iнстытут, працаваў у Сібіры, але, атрымаўшы запрашэньне, вярнуўся на Беларусь, арганізаваў катэдру геалёгіі і падараваў унівэрсытэту вялікую калекцыю мінэральных пародаў. Многа зрабіў добрага гэты вучоны для нашага краю: ён сапраўдны бацька геалягічнага вывучэньня Беларусі.

Пад кіраўніцтвам праф. Бліядухі працаваў малады і вельмі дзейны дацэнт Міхайла Грамыка. Ён чытаў лекцыі студэнтам, рабіў геалягічныя разьведкі і апрача гэтага цікавіўся мастацкай літаратурай, нават пісаў п’есы, вершы па-беларуску. За навуковую і літаратурную дзейнасьць ён быў арыштаваны, доўга яго цягалі па турмах, а потым выпусьцілі і забаранілі вяртацца на Беларусь.

На чацьвертым годзе існаваньня пэдфаку дэканам быў прызначаны прафэсар Міхал Мікалаевіч Піятуховіч. Гэты вучоны ўзначальваў катэдру беларускай народнай творчасьці. У сваіх палітычных паглядах праф. Піятуховіч арыентаваўся на Маскву, але ён бачыў, што для беларускага народу патрэбная беларуская мова. Лекцыі чытаў па-беларуску і многа пісаў па-беларуску. Нягледзячы на ягонае масквафільства, ён быў арыштаваны і высланы.

Я спыніўся толькі на тых катэдрах, з прафэсарамі якіх сустракаўся на лекцыях. На катэдрах-жа грамадазнаўчых навук таксама ішла вайна паміж беларускімі навукоўцамі і маскоўскімі камуністамі.

Не было ладу ў камуністаў і са старымі расейскімі вучонымі, што ўзначальвалі катэдры. Усе гэтыя вучоныя былі людзі старое школы, яны не прызнавалі ня толькі матэрыялістычнай Марксавай і Энгельсавай дыялектыкі, але нават і Гегелевай дыялектыкі зь яе вечным вэрдэнсам (станаўленьнем) у Абсалютным Духу. Дыялектыка-ж зьяўляецца асновай камуністычнай ідэалёгіі!

Катэдру фізыкі ўзначальваў прафэсар Яўхім Ерамеевіч Сіроцін. Званьне прафэсара ён атрымаў яшчэ да рэвалюцыі. Па сацыяльным паходжаньні ён быў пралетар — сын рыбака з Волгі, але ідэалёгія ў яго была зусім не марксысцкая. У паглядах на будову Сусьвету ён прытрымваўся ньютонаўскай мэханічнай канцэпцыі, найвялікшым-жа чалавекам роду людзкога ён лічыў ня Леніна і Сталіна, а Ньютона. Коса глядзелі на гэтага вучонага і нарэшце ўсёж-такі выжылі з унівэрсытэту.

Уся старая прафэсура біялягічных навук ідэалягічна стаяла на плятформе віталізму: яны лічылі, што ў аснове ўсіх жыцьцёвых праяваў ляжыць звышпрыродная сіла (vita). Вось з гэтым і змагаліся камуністы. Яны цьвердзілі (і зараз цьвердзяць), што ў аснове ўсіх жыцьцёвых праяўваў ляжыць матэрыялістычны працэс, які пазнаецца і будзе пазнаны. Так гэта ці ня так і хто тут мае рацыю, пакажа далёкая будучыня, толькі дрэнна тое, што камуністы ўжываюць рэпрэсіі проці сваіх ідэалягічных супраціўнікаў, тым больш што гэтая ідэалягічная супярэчнасьць аніяк ня шкодзіла штодзённай дасьледчай працы. Ад самага пачатку навучальны працэс у БДУ заганяўся ў вузкія ідэалягічныя рамкі.

Вучоба

Вучыліся студэнты вельмі старанна. Дзяўчаты здавалі залікі лепш за хлопцаў‚ але ўва ўсім іншым яны не выяўлялі ініцыятывы. Сярод студэнтаў нашага курсу па заалёгіі вызначаўся студэнт Дабратворскі. Ён заалёгіяй займаўся зь дзіцячых гадоў і сабраў калясальную калекцыю жукоў і матылёў‚ якіх ён клясыфікаваў. Дабратворскі быў вялікі майстра рабіць чучалы птушак. Менавіта пры чыннай дапамозе студэнтаў Дабратворскага і Сьлесарэвіча праф. Фядзюшын стварыў музэй птушак Беларусі‚ але ні Дабратворскага‚ ні Сьлесарэвіча не пакінулі асьпірантамі‚ бо першы быў сын сьвятара‚ а другі — сын кулака. Апрача вышэй азначаных двох студэнтаў, у заалёгіі вызначаліся Зыкаў‚ Марозаў‚ быў у першых шэрагах і Iван Сяржанін, які пазьней стаў акадэмікам. Добра‚ што хоць яму далі магчымасьць працаваць.

На заканчэньне вучобы кожны мусіў выбраць дысцыпліну‚ па якой ён зьбіраўся пісаць дыплёмную працу. Я абраў фізіялёгію. Мяне ўвесь час цікавіла праблема старэньня арганізму‚ мне здавалася‚ што фізіялёгія найшчыльней зьвязаная з гэтай праблемаю. Катэдру фізіялёгіі на пэдфаку ўзначальваў прафэсар Леў Паўлавіч Розанаў. Вучоны ён быў глыбокі‚ валодаў бадай што ўсімі эўрапейскімі мовамі і доўгі час працаваў у акадэміка Паўлава. Праф. Розанаў ухваліў мой намер і вызначыў тэму для дыплёмнай працы.

Увосень 1926 году я здаў апошнія залікі і распачаў лябараторныя досьледы. Дыплёмная праца была абароненая пасьпяхова‚ пасьля чаго мяне залічылі асьпірантам пры катэдры фізіялёгіі жывёл.

На нашым курсе па неарганічнай хіміі вызначаўся студэнт Гімэльфарб‚ ён быў партыец‚ яўрэй па нацыянальнасьці‚ шмат хто яго не любіў‚ нават яўрэі‚ а быў ён нядрэнны таварыш-студэнт. Яго расстралялі як трацкіста‚ калі ён ужо быў прафэсарам неарганічнай хіміі. Па арганічнай хіміі вызначаўся студэнт Астраносаў‚ селянін з Гомельшчыны (колькі словаў пра ягоны лёс я скажу далей).

Асьпіранты біялягічных навук дадаткова праходзілі курс вышэйшай матэматыкі‚ арганічнай хіміі і фізыкі. Кожны асьпірант к канцу другога году мусіў публічна зачытаць два рэфэраты: адзін чыста палітычны‚ другі — па сваёй спэцыяльнасьці, але з грамадзкім ухілам.

Я падрыхтаваў рэфэрат на тэму «Асновы маралі»**, у якім, абапіраючыся на цытаты з твораў Маркса, даводзіў‚ што мараль узьнікла з эгаізму арганізмаў. У адным месцы Маркс‚ разьбіраючы сацыяльныя паводзіны яўрэяў‚ зазначае‚ што паводзіны чалавека абумоўленыя эгаізмам. У творах Маркса вельмі шмат супярэчнасьцяў‚ ён многа запазычаў з твораў розных утапічных сацыялістаў‚ але ня ўсе запазычаныя цьверджаньні ўзгодніў міжсобку.

Даклад выклікаў вялікія спрэчкі‚ але ніхто ня мог яго абвергнуць‚ і ён быў залічаны. Празь нейкі-ж час Агітпроп ЦК‚ які сачыў за палітычнай падрыхтоўкай ва ўнівэрсытэце‚ паведаміў‚ што рэфэрат не марксысцкі‚ а тыя цытаты‚ на якія я спасылаўся, сапраўды ёсьць у Маркса‚ аднак працы, адкуль цытыты ўзятыя, былі напісаныя Марксам да таго, як ён стаў камуністам‚ а яшчэ быў нямецкім народнікам. Выходзіла, што і сам Маркс быў контррэвалюцыянэрам.

За мой рэфэрат было многа непрыемнасьцяў прафэсару дыялектычнага матэрыялізму‚ бо ён самы першы ўхваліў рэфэрат. Тут я і пабачыў, што камуністы самі капаюцца ў балоце і другіх туды цягнуць. Доўга мне ўспаміналі гэты рэфэрат: нават на судзе пракурор цьвердзіў‚ нібы я меў намер рэвізаваць вучэньне Маркса.

Студэнцкае жыцьцё

Неўзабаве пры ўнівэрсытэце пачалі стварацца студэнцкія арганізацыі‚ якія разгарнулі шырокую грамадзкую і навуковую дзейнасьць. Творчая думка ва ўнівэрсытэце біла крыніцаю: ладзіліся навуковыя зборкі‚ арганізоўваліся дыспуты на палітычныя і філязофскія тэмы. На дыспутах выявілася‚ што бальшыня студэнтаў не трымаецца афіцыйнай савецкай ідэалёгіі. Тады камуністы зрабілі чыстку сярод студэнтаў. Пасьля гэтага мерапрыемства студэнцтва БДУ замкнулася ў сабе‚ на дыспутах больш маўчалі‚ не выказвалі сваіх паглядаў.

Апісаць дзейнасьць усіх студэнцкіх арганізацыяў немагчыма, таму я спынюся толькі на тых‚ што мелі нацыянальны характар.

Першай вялікай беларускай студэнцкай арганізацыяй‚ што згуртавала ўсіх студэнтаў-беларусаў БДУ, было Ўсебеларускае Студэнцкае Аб’еднаньне БДУ. Дазвол на стварэньне арганізацыі даў у 1922 годзе нарком асьветы БССР У. Iгнатоўскім.

На арганізацыйны сход зышліся блізу ўсе студэнты ўнівэрсытэту. Актавая заля не магла зьмясьціць усіх; шмат каму давялося стаяць на калідоры. Плятформу арганізацыі выклаў студэнт мэдычнага факультэту Павел Каравайчык. Плятформа мела тры асноўныя пункты: паглыбленьне беларусізацыі ўнівэрсытэту‚ уцягненьне ва ўнівэрсытэт большай колькасьці беларускай моладзі‚ акадэмічная і матар’яльная дапамога студэнтам. Супраць гэтай плятформы выступіў кіраўнік камуністычнай арганізацыі ўнівэрсытэту Гарбуз***. Ён стараўся давесьці‚ што ўсе арганізацыі‚ апрача камуністычнай‚ — шкодныя‚ і заклікаў студэнтаў ісьці ў Кампартыю. Пачалася вострая дыскусія. Гарбуза падтрымаў студэнт Юргелевіч ды іншыя камуністы. Камуністам вельмі трапна адказаў студэнт-гісторык Тодар Забела. Сказаў ён прыблізна наступнае:

— Вы кажаце‚ што ўсе арганізацыі‚ якія працуюць не пад камуністычным кіраўніцтвам‚ — шкодныя. Вы мыляецеся. Пакажэце хоць адзін пункт нашага статуту‚ які-б мог пашкодзіць унівэрсытэту або нават савецкай уладзе. Такога пункту ў нас няма. Вось, прыкладам‚ разгледзім уцягненьне беларускае моладзі ва ўнівэрсытэт. Што ў гэтым пункце дрэннага? У беларускім унівэрсытэце беларусы павінны складаць прынамся 75%. Мы-ж бачым‚ што‚ прыкладам‚ на мэдычным факультэце беларусы складаюць толькі 25%‚ а ўсе іншыя — пераважна яўрэі****. Яўрэйскае-ж жыхарства на Беларусі не перавышае 9%. Мы ня бачым‚ каб камуністычная арганізацыя турбавалася аб уцягненьні беларусаў ва ўнівэрсытэт.

На прамову Забелы заля адказала гучнымі воплескамі.

Пытаньне аб стварэньні арганізацыі было пастаўлена на галасаваньне. За тое‚ каб утварылася Ўсебеларускае Студэнцкае Аб’еднаньне‚ было пададзена 85% галасоў. Прагаласаваўшы‚ выбралі кіраўніцтва арганізацыі ў наступным складзе: Мікола Пашковіч‚ Тодар Забела‚ Павел Каравайчык‚ Лукаш Курыловіч ды я.

Усебеларускае Студэнцкае Аб’еднаньне праіснавала нядоўга. Па нейкім часе нас паклікаў Iгнатоўскі і сказаў‚ што з палітычных меркаваньняў ён дазвол на стварэньне Аб’еднаньня касуе. Гэта азначала‚ што Аб’еднаньне трэба распусьціць.

Пасьля забароны Аб’еднаньня студэнты пайшлі да рэктара ўнівэрсытэту праф. Пічэты‚ каб атрымаць дазвол на стварэньне новае студэнцкае арганізацыі — беларускага гуртка вывучэньня анархізму. У той час савецкая ўлада забараніла ўсе палітычныя партыі‚ апрача анархістаў. У чым была існасьць анархізму‚ мы не разьбіраліся‚ але думалі‚ што хоць пад гэтай шыльдай нам удасца захаваць нацыянальную студэнцкую арганізацыю. Пічэта дазвол нам даў.

Адразу-ж мы пастанавілі склікаць сход. Лукаш Курыловіч пачаў рыхтавальную працу: ва ўнівэрсытэце былі вывешаныя абвесткі і пачалася агітацыя. На арганізацыйны сход прыйшло шмат народу‚ але куды менш‚ чымся на заснавальны сход Аб’еднаньня. Курыловіч зрабіў на сходзе грунтоўны даклад аб анархістычных плынях ды аб нашых плянах. На сход прыйшоў і прадстаўнік ЦК Кампартыі БССР нейкі Абрамчук. Ён таксама браў удзел у дыскусіях. Адбылося ў нас чатыры сходы. На кожны сход прыходзіла да нас усё болей і болей людзей. На чацьвертым сходзе Абрамчук выступіў з рэзкай прамовай супроць нас і сказаў‚ што працу нашую трэба спыніць‚ а рэктар Пічэта заявіў нам‚ што дазвол на адчыненьне гуртка ён анулюе.

Ад таго часу мы ўжо цьвёрда пераканаліся‚ што стварыць трывалую нацыянальную студэнцкую арганізацыю пад бальшавікамі немагчыма‚ таму мы болей і не рабілі захадаў. Бальшыня з нас улучылася ў працу легальных прафэсійных студэнцкіх арганізацыяў‚ занялася публіцыстыкай ды аддалася болей навуцы. Ужо на пачатку 20-х гадоў шмат хто з нас зразумеў‚ што бальшавікі не зьбіраюцца паважна праводзіць беларусізацыю; яны ўсё больш і больш станавіліся на шлях старое русыфікатарскае палітыкі. Аднак, нажаль, тады яшчэ ня ўсе студэнты гэта ўсьведамілі.

Знайшліся такія‚ што думалі шляхам кансьпірацыі паправіць справу і павярнуць падзеі ў лепшы бок. Першым такім быў студэнт гістарычнага факультэту Міхась Адзярыха. Ён падабраў сабе аднадумцаў‚ і яны пастанавілі арганізаваць патаёмны гурток для змаганьня з савецкай уладай. Зрабілі яны колькі нелегальных сходаў‚ на якіх крытыкавалі палітыку савецкае ўлады. Вельмі хутка гэты гурток быў выкрыты і ўсе сябры арыштаваныя. Па гэтай-жа справе былі арыштаваныя браты Пашковічы‚ Мікола і Янка. Пашковічы да гуртка Адзярыхі не належалі‚ але яны раней былі сябрамі беларускай эсэраўскай партыі‚ а бальшавікі палічылі‚ што гурток Адзярыхі — гэта патаёмны ўплыў эсэраў. Усіх арыштаваных выслалі зь Беларусі‚ самога Адзярыху пасадзілі на пяць гадоў у канцэнтрацыйны лягер‚ а братоў Пашковічаў пазьней расстралялі. Апрача гуртка Адзярыхі паўстала яшчэ колькі нелегальных гурткоў*****.

Пры менскай Пушкінскай бібліятэцы пачаў выдавацца нелегальны часапіс «Парывы». Але рэдакцыя часапісу была хутка раскрытая і зьліквідаваная.

У часы раскулачваньня, у 1929 годзе, студэнт Астраносаў пачаў арганізоўваць патаёмныя сходкі з мэтай заснаваць арганізацыю для абароны раскулачаных. У сваю арбіту ён уцягнуў і камсамольцаў. Такая самая доля‚ што і папярэднія арганізацыі‚ спаткала і гэтую: арганізатары і ўдзельнікі гэтых сходак былі выкрытыя‚ арыштаваныя і высланыя зь Беларусі.

Гаворачы аб нацыянальных студэнцкіх арганізацыях‚ нельга тут ня ўспомніць групы студэнтаў‚ якая аднэй зь першых пала ахвярай бальшавіцкага пагрому нацыянал-дэмакратаў у 1930 годзе. У БДУ вучылася ладная група студэнтаў (чалавек дваццаць) з Заходняе Беларусі‚ якія мелі некаторыя «заслугі» перад савецкай уладай: у свой час яны былі павадырамі савецкіх партызанаў у Заходнюю Беларусь. Калі ў Менску пачаліся арышты і бальшавікі заплянавалі інсцэнізаваць працэс над нацдэмамі‚ камуністы запатрабавалі‚ каб гэтыя студэнты выступілі ў друку супраць нацыянал-дэмакратаў. Тыя адмовіліся зрабіць гэта. За адну ноч усіх іх арыштавалі і расстралялі. Я добра ведаў двох зь іх — Я. Багданскага і М. Хведаровіча.

На заканчэньне скажу толькі, што мне, выхаванцу БДУ, балюча бачыць, што маёй alma mater бальшавікі жывасілам наклеілі бірку Леніна‚ але гэта ня здолее зьмяніць нацыянальнае істоты Беларускага Ўнівэрсытэту, які застанецца Беларускім‚ бо жыве сілаю і духам беларускага народу.


* Е. Карскі. Проект статуту Беларускага Унівэрсытэту // Вольная Беларусь (Мн.). 1918. №35. C. 256—260.
** Ужо на эміграцыі Я. Кіпель працягваў прану на гэтую тэму, вынікам чаго зьявілася кніга пад аднайменным назовам (гл. Дадатак. Бібліяграфія Я. Кіпеля).
*** Верагодна, маецца на ўвазе Сьцяпан Гарбуз (Віленстовіч).
**** "Нацыянальны склад студэнцтва БДУ ў 1921—22 гг. быў такі: беларусаў 398, яўрэяў 926, расейцаў 43, палякоў 8, іншых 15 (паводле: Працы БДУ. 2—3. 1922. C. 33. — заўв. рэд. часапісу «Беларуская Моладзь»).
***** Ад некаторых удзельнікаў арганізацыі, названай тут «гуртком Адзярыхі», ведама, піто гэта была шырокая кансьпірацыя, заснаваная на прынцыпе «пятак» — рурткоў зь пяцёх асобаў, закансьпіраваных адзін ад аднаго. «Гурток Адзярыхі» быў толькі аднэю з такіх «пятак», выкрытых бальшавікамі. Іншыя так i засталіся нявыкрытыя, i калі ўдзельнікі i пацярпелі, дык не як сябры дадзенае арганізацыі, a дзеля розных іншых матываў (заўв. рэд. часапісу «Беларуская Моладзь»).

ТЭРМIНАЛЯГIЧНАЯ КАМIСIЯ — IНБЕЛКУЛЬТ — БЕЛАРУСКАЯ АКАДЭМIЯ НАВУК

Магчыма, тое, што ўзгадалася з гэтае дзялянкі — ня самае важнае ў беларускім навуковым жыцьці 20-х гадоў. Памяць пакідае часам, здавалася-б, другараднае, выпадковае, але бывае так, што гэтае другараднае, можа, лепш характарызуе эпоху, чым зьвесткі пра падзеі першай велічыні, найвышэйшае значнасьці.

Наагул мушу падкрэсьліць, што навукова-дасьледчая праца ў беларускага кіраўнічага апарату, у беларускай інтэлігенцыі 20-х гадоў стаяла на першым пляне. Кожны, хто ўваходзіў тады ў беларускі рух, здаваў сабе справу, што беларуская навука ў шырокім пляне — адукацыя, гуманітарныя дысцыпліны, дакладныя навукі, эканоміка, пэдагогіка і г. д. — мае першараднае значаньне ў функцыянаваньні дзяржавы, а дзеля таго, што, як мы лічылі, беларуская дзяржаўнасьць была ў працэсе станаўленьня, у дзялянцы навукова-дасьледчай рабіліся высілкі забясьпечыць высокую якасьць. Але, як мы хутка пераканаліся, камуністычная ўлада на гэты конт мела свае пляны.

Маё супрацоўніцтва з тагачасным беларускім дасьледчым актывам пачалося зь Беларускае Тэрміналягічнае Камісіі, якая ўтварылася ў 1921 годзе. Гэтай арганізацыі, ці, дакладней, установе ў сыстэме Наркамату Асьветы БССР, належыць найвыдатнейшая роля ў запачаткаваньні сыстэматычнага навуковага дасьледаваньня і плянаваньня разьвіцьця беларускае навукі, гаспадаркі, культурнага поступу беларускае нацыі. Тое, што напачатку было невялікай групай навукоўцаў ды грамадзкіх працаўнікоў, да сярэдзіны 20-х разраслося ў шырока разгалінаваную арганізацыю, якая кіравала беларускай навукай, эканомікай, маштабнымі краязнаўчымі дасьледаваньнямі ды культурным жыцьцём краіны.

Працавала камісія не ў будынку Наркамату Асьветы‚ а ў Юбілейцы. Кіраваў камісіяй С. Некрашэвіч, пазьней Я. Лёсік, а ў склад уваходзілі М. Азбукін, М. Байкоў, П. Бузук, Я. Бялькевіч, М. Касьпяровіч, Я. Колас, Я. Купала, М. Шатэрнік ды дзясяткі іншых выдатных спэцыялістаў — пераконаныя і цьвёрдыя нацыянальныя дзеячы.

Мяне асабіста ў працу Тэрміналягічнае Камісіі ўвёў Жылуновіч, пазнаёміўшы са Сьцяпанам Некрашэвічам. I вось я разам зь дзясяткам маладых людзей, былых чырвонаармейцаў, пачаў укладаньне вайсковых тэрмінаў у гуманітарным аддзеле Тэрміналягічнае Камісіі. Мы рэгулярна сыходзіліся на працоўныя зборкі, аналізавалі ўкладзеныя картатэкі, праводзілі дыскусійныя вечары на гістарычна-вайсковыя тэмы, а пазьней, на шырокіх зборках, — на тэмы, зьвязаныя зь беларускай тэрміналёгіяй.

Тэрміналягічная Камісія разрасталася на вачох, арганізоўваліся новыя гурткі, якія неўзабаве ператварыліся ў сэкцыі — батанічную‚ заалягічную‚ матэматычную, тэатральную, біялягічна-сельскагаспадарчых навукаў і г. д., пазьней сэкцыі дзяліліся на падсэкцыі; у працу было ўцягнута колькісот асобаў. Шмат для каго з нас, маладзейшых, праца ў Тэрміналягічнай Камісіі была дадатковай, часта на грамадзкіх пачатках, бо мы, я ў тым ліку, займалі і іншыя пасады: я настаўнічаў, вучыўся ва ўнівэрсытэце, супрацоўнічаў у часапісах. Уважаю, што ў тым часе Тэрміналягічная Камісія, згуртаваныя пры ёй кадры былі найбуйнейшым ядром беларускіх інтэлектуальных сілаў.

У 1922 годзе з паасобных сэкцыяў Тэрміналягічнае Камісіі ды працоўных калектываў, якія займаліся рознымі аспэктамі беларусазнаўства, быў створаны Iнстытут Беларускае Культуры (Iнбелкульт). Гэтая інстытуцыя адыграла выдатную ролю ў разбудове тае формы беларускае дзяржаўнасьці — БССР, — якая была дазволеная камуністычнай уладай.

Я зь невялікімі перапынкамі працаваў у Iнбелкульце, бадай, ад пачатку — мая апошняя пасада ў Iнбелкульце была сакратар аддзелу прыроды і народнае гаспадаркі — і да 1928 году, калі пастановаю ўраду БССР Iнбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую Акадэмію Навук (БАН). Яшчэ будучы фармальна асьпірантам пры ўнівэрсытэце‚ я ўжо працаваў у Акадэміі.

Акадэмія, пераняўшы дзейнасьць Iнбелкульту, паводле задумы нацыянальнага актыву, мела стацца буйным нацыянальным цэнтрам.

Напачатку ў Акадэміі зарганізаваліся два аддзелы: прыроды і гаспадаркі ды гуманітарны. У Акадэміі згрупаваліся амаль усе дзейныя навукоўцы тагачаснае БССР, а таксама і беларускія палітычныя дзеячы, што прыехалі з-за мяжы — В. Ластоўскі, А. Цьвікевіч, I. Краскоўскі ды іншыя.

Беларускія патрыёты ўсіх палітычных кірункаў імкнуліся зрабіць Акадэмію нацыянальным навуковым цэнтрам. Але калі беларусы ўважалі, што змогуць пашырыць дзейнасьць Акадэміі паводле патрэбаў Беларусі, то Масква рэарганізавала Iнбелкульт, каб шырэй разгарнуць «рэвалюцыйную барацьбу» (у Акадэміі нават была арганізавана парт’ячэйка). Масква ўжывала ўсе сродкі‚ каб ня даць Беларускай Акадэміі разрасьціся ў аўтарытэтны нацыянальны навуковы цэнтар. Каб дасягуць свае мэты‚ у 1928 годзе бальшавікі прапанавалі Беларускай Акадэміі прыняць навуковы плян Маскоўскай Камуністычнай Акадэміі. Беларускія нацыянал-дэмакраты катэгарычна адмовіліся прыняць плян працы Камуністычнай Акадэміі. Гэта быў вельмі сьмелы крок з боку беларусаў‚ і Масква ня стала настойваць.

У Расеі тады было дзьве акадэміі — старая, Акадэмія Навук, і новая, Камуністычная. Камуністычная Акадэмія была створаная для распрацоўкі вучэньня Маркса і Энгельса ды для абслугоўваньня слаба адукаваных правадыроў Кампартыі. Усё‚ што надрукавана за подпісам Сталіна‚ а таксама ўсе ягоныя прамовы — пісаліся ў Камуністычнай Акадэміі.

Расейскія акадэміі займалі ўсё больш варожую пазыцыю да Беларускай Акадэміі: чуліся абвінавачаньні ў распальваньні беларускага нацыяналізму і ў падрыве аўтарытэту расейскае мовы.

Праца ў Тэрміналягічнай Камісіі, Iнбелкульце, Акадэміі дала мне шмат, багата што я глыбака пазнаў, пазнаёміўся зь вельмі шырокім калектывам, а галоўнае — на ўсё жыцьцё меў задавальненьне і пачуцьцё гонару за зробленую працу.

На мой пагляд, адной з найбольш актыўных і разгалінаваных структураў у складзе як Тэрміналягічнае Камісіі, так і Iнбелкульту быў моўна-літаратурна-этнаграфічны аддзел, які складаўся зь некалькіх сэкцыяў: моўнае, літаратурнае, слоўнікавае ды інш.

З працы Тэрміналягічнае Камісіі пачаліся і заўважныя канфлікты як з камуністамі, гэтак і з навукоўцамі-расейцамі, якія стаялі блізка да Масквы. Стаўленьне камуністаў да беларускае мовы заўсёды было адмоўнае — яны яе зьневажалі, прыніжалі, адміністрацыйнымі загадамі імкнуліся наблізіць яе да расейскай‚ а пры першай магчымасьці зусім скасаваць.

У Камісіі, а пазьней у Iнбелкульце разгарнулася шырачэзная праца над укладаньнем слоўнікаў беларускай мовы — гістарычнага, краёвых (дыялектных), але найперш — слоўніка жывое беларускае мовы. У гэтым праекце былі занятыя сотні студэнтаў, краязнаўцаў на месцах, аматараў беларускага мовазнаўства. На кожнае слова давалася некалькі прыкладаў сказамі з народнае мовы. Ужо былі сабраныя сотні тысяч словаў, рыхтаваліся выдаць першы том. Але Масква не хацела гэтага дапусьціць. У прэсе зьявіліся артыкулы‚ што народ так не гаворыць‚ што запісаныя нацдэмамі на вёсцы словы не характэрныя для рэвалюцыйнага народу‚ гэта мова старых цёмных баб‚ а не работнікаў ад фабрычнага варштату. Асабліва зацята выступаў прысланы ад ЦК Кампартыі нехта Валабрынскі‚ яго падтрымваў таксама Вальфсон. Яны патрабавалі‚ каб гэтая праца была перагледжаная і былі дададзеныя элемэнты мовы рэвалюцыйнага пралетарыяту.

Усе матар’ялы слоўніка забралі ў ЦК Кампартыі для кантролю‚ а там іх спалілі. Выдадзены пазьней, у 1953 годзе, беларуска-расейскі слоўнік‚ складзены пад рэдакцыяй Якуба Коласа‚ — гэта проста ўбоства ў параўнаньні з тым‚ што хацелі зрабіць нацыянал-дэмакраты.

Праф. Азбукін склаў слоўнік геаграфічных назоваў усяго сьвету — гэтая праца ня мела адпаведнікаў. На адну толькі літару А было сабрана тры тысячы назоваў. На адрас Азбукіна прыйшоў указ з Масквы, што працы такога памеру не павінны выдавацца ў беларускай мове — гэта непатрэбна савецкаму будаўніцтву. Бальшавікі ізноў не захацелі‚ каб на беларускай мове зьяўляліся фундамэнтальныя навуковыя працы. Азбукіну было загадана ўсю картатэку слоўніка перадаць у ЦК, дзе яе сьлед і згінуў.

Шмат пацярпеў М. Азбукін разам з М. Касьпяровічам за сэрыю «Матар’ялы па геаграфіі і статыстыцы Беларусі», якая друкавалася геаграфічнай сэкцыяй камісіі. Гэтая сэрыя была прызнаная нацыяналістычнаю і забароненая.

Вострую палеміку выклікалі апрацаваныя нацыянал-дэмакратамі матэматычная і хімічная тэрміналёгіі.

Матэматычная тэрміналёгія распрацоўвалася пад кіраўніцтвам прафэсара А. Круталевіча. Ён вучыўся ў Празе і добра ведаў матэматычную тэрміналёгію чэскае, польскае, а таксама расейскае моваў. На ягоную думку, беларуская матэматычная тэрміналёгія павінна была быць чыста беларускаю, бо ў нашых старажытнай і сучаснай мовах дастаткова лінгвістычнага багажу, каб стварыць такую тэрміналёгію. У сваім падручніку па альгебры для сярэдніх школаў праф. Круталевіч ужыў толькі беларускія матэматычныя тэрміны. Гэта вельмі не спадабалася расейцам. У выніку іхнага ціску на матэматычную сэкцыю не былі прынятыя прапанаваныя Круталевічам тэрміны са старабеларускай мовы. Аднак камуністы ў нейкай ступені тады яшчэ прабачылі яму — відаць, таму, што ён паходзіў зь небагатай сялянскай сям’і.

Але вось у 1930 годзе адбылася калектывізацыя сельскай гаспадаркі‚ камуністы запатрабавалі ад прафэсараў‚ каб тыя з вышыні катэдраў прапагандавалі выгаднасьць калектывізацыі. Заняўся гэтаю справаю і праф. Круталевіч. Сабраўшы ўсе дадзеныя аб прыбытках і выдатках у калгасах‚ ён вылічыў‚ што калгасьніку на працоўны дзень прыпадае 1,5 капейкі. Гэтага ўжо Круталевічу не даравалі, да гэтага былі дададзены яго папярэднія «памылкі»‚ яго арыштавалі і неўзабаве расстралялі.

Вялікія спрэчкі выклікала і хімічная тэрміналёгія. Беларускія хімікі: прафэсар Язэп Сушынскі, дацэнт Васіль Вяршук (родам з Мазыршчыны) ды інжынэр-хімік Часлаў Родзевіч — прапанавалі адкінуць шмат якія расейскія тэрміны і замяніць іх народнымі беларускімі. Да прыкладу, усе тры хімікі‚ а за імі і ўся Тэрміналягічная Камісія згадзіліся адкінуць расейскі тэрмін кісларод, прыдуманы расейскім хімікам Зіміным‚ і ўсе вытворныя ад яго тэрміны, бо кісларод —няўдалы тэрмін: не адзін ён утварае кіслоты. Прапаноўвалася замяніць кісларод народным тэрмінам тлен. Расейцы гэтага не дазволілі. Тады беларускія хімікі прапанавалі тэрмін кісьлень‚ але і гэтага не дазволілі зрабіць. Саўнарком загадаў пакінуць кісларод.

Таксама выклікаў спрэчкі тэрмін шчолач. Усе хімікі і лінгвісты хацелі ўвесьці народны тэрмін шчолак‚ але, зноў-такі па загадзе Саўнаркому, пакінулі расейскі тэрмін шчолач. Чытач будзе дзівіцца‚ што нібыта спрэчкі ішлі з-за аднае літары к. Аднак справа ня столькі ў самім тэрміне, колькі ў вытворных ад яго тэрмінах. Напрыклад‚ ад щелочь вытворнае будзе щелочной‚ а ад беларускага шчолак вытворнае будзе шчолакавы і г. д. Расейцы-ж увесь час дабіваліся‚ каб вытворныя хімічныя тэрміны ў беларускай мове былі такія самыя‚ як і ў расейскай. Спрэчак па хімічнай тэрміналёгіі было многа‚ але ўсе яны вырашаліся загадамі Саўнаркому. Хімікам-жа іхнага «свавольства» не даравалі — іх выслалі ў Сібір‚ а Родзевіча расстралялі.

Не абышлося без закалотаў і пры распрацоўцы вайсковае тэрміналёгіі. Тут прыдзіркі з боку камуністаў пачаліся вельмі рана, але якраз у гэтай галіне ў нас былі моцныя спэцыялісты, таму мы перамагалі.

Наколькі памятаю, вайсковая сэкцыя аформілася як асобная структурная адзінка ў 1924 годзе і працавала да 1929-га. У яе склад уваходзілі дзьве падсэкцыі, адна зь якіх апрацоўвала беларускія вайсковыя песьні‚ а другая працавала над вывучэньнем беларускай вайсковай гісторыі. У працы гэтай сэкцыі бралі ўдзел і клясыкі беларускай літаратуры — Янка Купала‚ Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля. Дзесьці ў канцы 1929 — пачатку 1930 году сэкцыя была зьліквідаваная. Усіх штатных навукоўцаў звольнілі‚ пазьней арыштавалі, а распрацаваныя матар’ялы сканфіскавалі. З Масквы прыйшоў новы указ, у якім цьвердзілася, што вайсковая тэрміналёгія беларусам не патрэбная, і выносіўся вэрдыкт: гэта шкодніцтва. Гэта была апошняя праца «нацдэмаўскай» Акадэміі.

Вялікія церці паміж беларусамі і расейцамі ўзьніклі і ў помнікавай сэкцыі. Па нейкім часе праз Саўнарком з Масквы прыйшоў загад працу сэкцыі спыніць і гістарычнымі помнікамі не займацца.

Тут я прыгадаў працу толькі некаторых сэкцыяў, зь дзейнасьцю якіх быў добра знаёмы. Аднак яшчэ больш сутычак з камуністамі было ў гістарычнай і мастацтвазнаўчай сэкцыях (пазьней, ужо на эміграцыі, я чуў пра гэта ад В. Сэляха, які працаваў у мастацтвазнаўчай сэкцыі). Шмат нядобрага ўчынілі камуністы ў правазнаўчай, этнаграфічнай, біялягічнай ды іншых сэкцыях.

За вялікае дасягненьне ўважаю скліканьне Акадэмічнае канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу ў 1926 годзе, але і гэтая канфэрэнцыя адбылася выключна таму, што камуністы-беларусы пайшлі насуперак патрабаваньням Масквы. Праўда, незадоўга перад канфэрэнцыяй Кампартыя дала згоду, але-ж толькі таму, што спадзявалася гэтай падзеяй прысьпешыць паўстаньне ў Заходняй Беларусі. Пасьля канфэрэнцыі камуністы зрабіліся асьцярожнымі да ўсякага роду рэформаў.

Для беларускае справы гэтая канфэрэнцыя была важнаю яшчэ і з тае прычыны, што ці не ўпершыню сабралася разам вялікая частка беларускіх інтэлектуальных сілаў.

Сярод іншых на канфэрэнцыю былі запрошаныя і эўрапейскія вучоныя-славісты — немцы‚ палякі‚ чэхі‚ баўгары і сэрбы. Ад немцаў браў удзел у канфэрэнцыі Макс Фасмэр, немец з Паволжа‚ былы прафэсар Саратаўскага Ўнівэрсытэту. Пасьля рэвалюцыі ён пакінуў Расею.

У расейцаў доўгі час панавала тэорыя прарасейскае мовы. Гэта значыць‚ што ў далёкі час усе славяне гаварылі старою расейскаю моваю‚ а таму цяпер яны павінны ізноў вярнуцца да расейскае мовы. Гэтак апраўдвалася русыфікацыя. Праф. Фасмэр выступіў і ўшчэнт разьбіў тэорыю аб прарасейскай мове, зрабіўшы вельмі каштоўную выснову для беларусаў: беларуская мова не паходзіць ад расейскай і польскай‚ яна ёсьць самастойны парастак ад праславянскае мовы. Яшчэ ён зазначыў‚ што такі выдатны дакумэнт‚ як «Слова аб палку Iгаравым», напісаны беларускаю моваю і беларуская мова павінна ісьці сваёю дарогаю, не азіраючыся на польскую і расейскую. Фасмэра падтрымалі ўсе славянаведы‚ асабліва праф. П. Бузук, украінец з паходжаньня.

Канфэрэнцыя доўга мітусілася ўваччу расейцам‚ прыстаўленым наглядаць за дзеяньнем беларусаў. На Iнбелкульт усё больш наступалі‚ а разам з тым наступалі на ўсю Беларусь.

У гэты час адбылося некалькі краязнаўчых канфэрэнцыяў, археалягічны зьезд ды рыхтавалася яшчэ паўтузіна канфэрэнцыяў — агульнабеларускіх і міжнародных.

У 20-я гады адною з найбольш складаных эканамічных праблемаў было беспрацоўе. Камуністычны ўрад Беларусі імкнуўся знайсьці выхад з гэтага становішча і часта зварочваўся ў Iнбелкульт, Акадэмію па параду.

Беларускія эканамісты‚ якія групаваліся вакол прафэсара Смоліча‚ распрацавалі плян ліквідацыі беспрацоўя. Паводле гэтага пляну, на Беларусі найбольш мэтазгодна было разьвіваць тэкстыльную і кансэрвавую прамысловасьці, а таксама мэталюргію. Быў распрацаваны дэталёвы плян пабудовы жалезаапрацоўчых заводаў. Эканамісты з БАН раілі далучыць да Беларусі эканамічныя раёны Ярцава і Клінцы — гэта спрыяла-б эканамічнаму росту.

Саўнарком БССР гэтыя пляны зацьвердзіў‚ а Масква адхіліла і дазволіла разьвіваць толькі керамічную прамысловасьць ды весьці нарыхтоўку драўніны. Аднак вядома‚ што некаторыя віды прамысловасьці такіх гарадоў як Ленінград‚ Масква‚ Iванава-Вазьнясенск вырасьлі за кошт прывазное сыравіны, у тым ліку і зь Беларусі. Таму ўсе мерапрыемствы беларускага ўраду‚ якія маглі-б «падарваць» прамысловасьць расейскіх гарадоў‚ расейцамі адхіляліся.

Дарэчы, у эканамічнай і міграцыйнай палітыцы камуністы трымаліся кірунку, абранага яшчэ царскім урадам. Пры цары беларусаў сыстэматычна перасялялі ў Сібір. Тое самае пачалі рабіць і камуністы. Каб зьменшыць беспрацоўе на Беларусі‚ маскоўскі ўрад цьвёрда стаў на пункт гледжаньня‚ што беларусы павінны перасяляцца ў расейскія гарады і ў Сібір.

Супроць такіх маскоўскіх плянаў рашуча сталі пратэставаць нацыянал-дэмакраты. Яны патрабавалі хутчэйшага разьвіцьця розных відаў прамысловасьці, а таксама асушэньня балотаў. На бок нацыянал-дэмакратаў сталі нават беларусы-камуністы: Я. Адамовіч, У. Iгнатоўскі‚ Я. Нёманскі ды інш. Перасяленьне ў Сібір крыху зьменшылася. Толькі гэта была часовая ўступка. (Асноўны кірунак не зьмяніўся і пазьней: сотні тысяч беларусаў былі выгнаныя са сваёй краіны ў Карэлію на лесараспрацоўкі ды ў Казахстан на цаліну.) Такое супольнае выступленьне нацыянал-дэмакратаў і беларускіх камуністаў супраць высяленьня ў Сібір вельмі папсавала дачыненьні з Масквой.

У згаданым вышэй падручніку «Геаграфіі Беларусі» А. Смоліча зьмяшчалася этнаграфічная карта, на якой у склад Беларусі ўваходзілі Бранск‚ Смаленск‚ Ярцава‚ Вялікія Лукі ды іншыя гарады. Карта не спадабалася расейцам‚ і Смолічу прапанавалі не паказваць этнаграфічных межаў Беларусі на ўсходзе. Ён з гэтым не згадзіўся‚ і межы былі пакінутыя.

У эканамічным разьдзеле падручніка аўтар прывёў дадзеныя‚ адкуль ідуць прыбыткі ў скарб Рэспублікі. Выглядала‚ што беларусы плацяць 95% усіх падаткаў. А што да выдаткаў‚ дык выявілася‚ што на кожнага беларуса савецкая ўлада траціць у 4 разы менш‚ чым на іншых жыхароў-небеларусаў. Разьлік быў зроблены наступным чынам: беларусы складаюць 85% усяго насельніцтва Беларусі. У сярэдніх і вышэйшых навучальных установах рэспублікі беларусаў вучылася толькі 50%‚ а астатнюю колькасьць вучнёўскай моладзі складалі яўрэі‚ расейцы ды іншыя. З усяе масы службоўцаў беларусы складалі 40%‚ а навукоўцаў — толькі 20%. Да гэтага былі дададзены разьлікі‚ колькі якая катэгорыя зарабляе. Разьлікі паказалі‚ што беларусы зарабляюць менш за ўсіх іншых і, такім чынам, зьяўляюцца ў Беларускай Рэспубліцы проста падаткавай нацыяй. Убачыўшы ўсе гэтыя разьлікі‚ камуністы ўзьнялі лямант і данесьлі ў ЦК Кампартыі‚ а ЦК узяўся за прэзыдэнта Акадэміі Iгнатоўскага. Яму ставілі ў віну адсутнасьць клясавай пільнасьці. Што-ж датычыць Смоліча‚ дык пазьней ён заплаціў за гэта ўласным жыцьцём.

У 1928 годзе на нямецкай мове выйшаў зборнік «Weissruthenische Kultur». У кніжцы гаварылася аб дасягненьнях у літаратуры‚ выяўленчым і тэатральным мастацтве, бібліятэчнай і выдавецкай справе. Распачалася падрыхтоўка выданьня гэтае кніжкі на ангельскай і францускай мовах. Масква аб гэтым даведалася і забараніла выдаваць кніжкі пра Беларусь на чужаземных мовах. А за выданьне першай кніжкі старшыню Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР А. Чарвякова абвінавацілі ў сэпаратызьме.

Тады-ж была спыненая рэгістрацыя ў «Летапісе беларускага друку» беларускіх выданьняў, што выходзілі за мяжою. Кантакты з замежжам амаль спыніліся. Была плянавалася мая навуковая паездка ў Нямеччыну, аднак мне было паведамлена, што выяжджаць за мяжу мне не давядзецца.

Палеміка з расейцамі не сьціхала. Калі ў Маскве даведаліся пра зборнік‚ выдадзены яшчэ Iнбелкультам да 400-годзьдзя беларускага друку і прысьвечаны Скарыну ды яго дзейнасьці, — там узьнялася бура незадавальненьня, а пасьля вядомае прамовы Кнорына, у якой той называў Скарыну сярэднявечным манахам, друкаваньне любых матар’ялаў пра Скарыну было спыненае. Расейцы не хацелі прызнаваць Скарыну за беларуса. Нават канцлера Сапегу і гетмана Лісоўскага яны лічылі палякамі. Былі выкінутыя з плянаў досьледаў помнікі беларускага праўніцтва, а Статут Вялікага Княства Літоўскага разглядаўся як варыянт «Рускай Праўды».

Дарэчы, калі я параўноўваю вялізныя тыражы беларускай кнігі ў 20-я гады і мізэрныя ў наш час, то напрошваецца адно толькі слова: зьдзек. Зьдзек з друкаванага беларускага слова!

Акрамя спрэчак акадэмічнага характару, былі канфлікты і на палітычным грунце. Да прыкладу, камуністы выказвалі незадавальненьне з таго‚ што ў Акадэміі працуюць былыя памешчыкі‚ якія ўкараняюць буржуазную ідэалёгію і гэтым шкодзяць будаўніцтву сацыялізму. I сапраўды, у той час у Акадэміі працавалі некалькі былых памешчыкаў — усе выдатныя вучоныя; дарэчы, свайго памешчыцкага паходжаньня яны не хавалі.

Самы цікавы зь іх быў віцебскі памешчык Уладзімер Уладзімеравіч Адамаў. У Акадэміі ён працаваў вучоным спэцыялістам і рабіў такую работу‚ якую ня здольны быў рабіць ніхто іншы. Ён быў найлепшы спэцыяліст у сыстэматыцы расьлін‚ добра валодаў лацінаю і францускаю моваю‚ ведаў санскрыт, напісаў граматыку цыганскае мовы, а некалі, яшчэ ў сваім маёнтку, разводзіў фарэль.

Калі быў адчынены БДУ‚ нацыянал-дэмакраты прапанавалі распачаць выкладаньне санскрыту на гістарычным і лінгвістычным аддзяленьнях, а таксама дамагаліся адчыненьня катэдры санскрыцкае мовы ў Акадэміі Навук. Адамаў і мог-бы стаць адзіным кандыдатам на кіраўніка гэтае катэдры. Аднак калі, пачынаючы з 1927 году, савецкая прэса пачала цкаваць усё беларускае‚ пра катэдру санскрыту не магло быць і мовы. Таксама лічылі непатрэбным публікаваць граматыку цыганскае мовы‚ хоць лінгвісты і прыкладалі ўсе стараньні‚ каб гэтая праца выйшла.

Адамава прызналі «притаившимся врагом народа»‚ арыштавалі і саслалі на тры гады ў Астраханшчыну‚ а граматыку цыганскае мовы ды іншыя матар’ялы сканфіскавалі. Калі Адамаў адбыў ссылку‚ яго пазбавілі правоў і ні на якую работу не прымалі. Ён жабраваў на Каўказе і з гэтага жыў. Аднойчы беларускія навукоўцы ехалі на курорт у Сочы і на станцыі пазналі Адамава, якому тады было ўжо гадоў за семдзесят. Зь вялікімі цяжкасьцямі ўдалося зьмясьціць яго ў дом для престарелых‚ дзе жылі розныя бяздомныя валацугі; там і дажываў сваё жыцьцё гэты выдатны вучоны.

У Беларускай Акадэміі працаваў акадэмік Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Да рэвалюцыі, апроч кіраваньня бібліятэкаю Пецярбурскага Ўнівэрсытэту, ён выкладаў лаціну ў Пецярбурскай Каталіцкай Сэмінарыі. Зь ім мне давялося працаваць каля году ў адным пакоі ў аддзеле прыроды і гаспадаркі.

Неяк Iгнатоўскі зьвярнуўся да яго (як і да мяне, пра што будзе ніжэй) з прапановаю напісаць успаміны пра Дзяржынскага‚ але Эпімах-Шыпіла адмовіўся. Са словаў акадэміка Шыпілы выглядала‚ што Дзяржынскі быў вельмі тупы і няздольны. Пасьля ўсіх няўдач з вучэньнем Дзяржынскі пайшоў у Расейскую Сацыял-Дэмакратычную Партыю рабіць рэвалюцыю. У польскія нацыянальныя арганізацыі яго не прынялі‚ бо ён дрэнна гаварыў па-польску.

Маскоўскае кіраўніцтва ўсяляк гамавала рэалізацыю навуковых праграмаў, патрэбных для разьвіцьця Беларусі, а фаварызавала дзеяньні, якія падтрымвалі савецкі лад.

У Акадэміі Навук мелі намер арганізаваць фізіялягічны інстытут‚ а для пачатку заснаваць катэдру фізіялёгіі жывёл; узначаліць катэдру меўся прафэсар Розанаў. На арганізацыі такога інстытуту настойваў Наркамзем‚ Горы-Горацкая Сельскагаспадарчая Акадэмія і Віцебскі Вэтэрынарны Iнстытут. У нас на Беларусі асноўным прадуктам харчаваньня жывёл зьяўляецца сена‚ а спажыўнасьць нашага сена нізкая. Для высьвятленьня спажыўнасьці харчоў патрэбны былі фізіялягічныя досьледы. У той час па фізіялёгіі было вельмі мала спэцыялістаў. А праф. Розанаў браўся падрыхтаваць свае, беларускія кадры. Мяне палічылі патрэбным паслаць у Маскву ў Фізіялягічны Харчовы Iнстытут*, але падзеі павярнуліся інакш: замест інстытуту прыйшлося адправіцца ў турму.

Наступны факт. Катэдра паталягічнай анатоміі мэдычнага факультэту ўвесь час настойвала‚ каб Акадэмія распачала вывучэньне чарвякоў-паразытаў. Арганізавалі гельмінталягічную камісію‚ але яна існавала на паперы‚ бо не было спэцыялістаў. Вырашылі камісію ператварыць у катэдру і запрасіць на катэдру доктара вэтэрынарыі Iвана Сераду. Ён меў салідныя навуковыя працы ў гэтай галіне‚ але ў свой час ён быў старшынём Першага Ўсебеларускага Кангрэсу‚ на якім была абвешчаная незалежнасьці Беларусі ад Расеі. I. Сераду не запрасілі‚ а толькі меліся запрасіць‚ і нават у гэтым убачылі страшэнны контррэвалюцыйны акт, а Iгнатоўскі ледзь не паляцеў са свае пасады.

I яшчэ. Прыблізна ў гадох 1926—1929 нашым навукоўцам стала вядома, што існуе магчымасьць вырабляць з драўніны штучны шоўк, аднак тэхналёгіяй выпрацоўкі шоўку была ў нас не валодалі. У той час у Акадэміі і адначасова ў Саўнархозе працаваў інжынэр з Зах