ЭПІЗОДЫ
Яўхім Кіпель
НАПЯРЭДАДНI ПАГРОМАЎ
У 1926—1930 гадох‚ калі нутраное становішча ў краіне стабілізавалася‚ а небясьпека інтэрвэнцыі мінула‚ расейскія камуністы паказалі свой ваяўнічы шавінізм ува ўсёй паўнаце.
На прафсаюзных сходах савецкай інтэлігенцыі, на фабрычных сходах работнікаў чуліся патрабаваньні зьліцьця ўсіх рэспублік у адну. Савецкі ўрад адпору гэтым заклікам не даваў‚ а наадварот‚ пасіўна падтрымваў іх. У адным сваім выступленьні Сталін сказаў‚ што трэба трохі пацярпець‚ пакуль уздымецца культура ў адсталых рэспубліках‚ а потым усе гэтыя культуры зьліюцца ў адну сацыялістычную культуру. Шал расейскага шавінізму не аціхаў: пачалі патрабаваць‚ каб народы Расеі сьвяткавалі расейскія юбілеі‚ напрыклад, юбілейныя даты расейскіх перамогаў‚ дні народжаньня расейскіх пісьменьнікаў і г. д.
Пагром нацдэмаў рыхтаваўся пару гадоў і ў вялікім сакрэце. Першыя згадкі пра стрыманьне беларускае актыўнасьці, нападкі на беларусаў у друку пачалі чуцца пасьля Акадэмічнае канфэрэнцыі‚ у гадох 1926—1927. Камуністам-русафілам Акадэмічная канфэрэнцыя вельмі не спадабалася‚ асабліва таму‚ што беларускі актыў групаваўся‚ навязваў кантакты.
У той час сакратаром Кампартыі Беларусі быў нехта на прозьвішча Крыніцкі. Сваю нацыянальнасьць ён хаваў‚ не трымаў блізкіх кантактаў з камуністамі-беларусамі ды быў варожы да ўсяго беларускага. Аднак Крыніцкі быў вельмі асьцярожны і спрытны адміністратар.
Сваю дзейнасьць супраць беларускага актыву Крыніцкі пачаў з укамплектаваньня партыйнага апарату: найперш абсадзіў розныя адміністрацыйныя пасады сваймі людзьмі. У Менску, шмат у якіх раёнах‚ у прафсаюзах (у прыватнасьці, у прафсаюзе працаўнікоў асьветы) Крыніцкі паставіў небеларусаў.
Прыпамінаючы зьмену кадраў у тыя часы‚ не магу не прыгадаць пару асобаў. На чале Саюзу Настаўнікаў быў пастаўлены Вульф Абрамавіч Нодэль. Шмат непрыемнасьцяў нарабіў гэты камуніст працаўнікам асьветы: усё імкнуўся выведаць‚ хто зь беларусаў дзе быў ў часе польскае акупацыі. Сам-жа ён быў гандляром зь Вільні і ў беларускі рух прыйшоў не празь беларускія арганізацыі. У Менск Нодэль панацягаў сваіх блізкіх партыйшчыкаў‚ зь якімі ён ведаўся з часоў грамадзянскае вайны.
Сакратаром Саюзу Настаўнікаў зрабілі Цімоха Ахрамовіча. Гэта быў хоць і беларус, але авантурнік ды басяк зь менскага раёну Серабранкі. Ён ня меў для такой пасады ні адукацыі‚ ні падрыхтоўкі. Надзелены неабмежаванай уладаю ў справе падбору кадраў адміністрацыйнага апарату ды настаўніцтва, Ахрамовіч ладна панарабіў супроць беларусаў.
Наблізіў Крыніцкі да сябе і беларуса Аляксандра Сянькевіча‚ былога настаўніка‚ рээмігранта з Амэрыкі‚ дзе той скончыў мэдычны факультэт унівэрсытэту і атрымаў дыплём доктара. Асаблівымі здольнасьцямі Сянькевіч не вызначаўся‚ але быў амбітны і злапамятны. Ён памяняў шмат пасадаў: спачатку быў у партыйным апараце, у БДУ‚ аднак яго зьмясьцілі‚ бо не спраўляўся з працай‚ потым быў‚ здаецца‚ рэдактарам пэдагагічнага часапісу — і там не справіўся; гэта яго ўзлосьціла супраць беларускага актыву. Асноўнае-ж яго заданьне як праверанага бальшавіка было сачыць за беларускімі дзеячамі ды настаўнікамі. Каб трымацца на паверхні‚ Сянькевіч пачаў пісаць даносы на навуковых працаўнікоў. Даносы Сянькевіча зрабілі мне шмат непрыемнасьцяў‚ а Смолічу‚ зь якім я ў той час працаваў‚ даносы Сянькевіча каштавалі жыцьця.
Цікавая цяпер мазоліць галаву думка: як мала мы тады аналізавалі тое‚ што рабілася навакол. Адміністрацыйныя перамены назіраліся і ў Iнбелкульце‚ і ва ўнівэрсытэце. Прыяжджала больш прафэсараў з Расеі‚ пераважна з Масквы. Пачалі вельмі хутка прасоўвацца па адміністрацыйнай лесьвіцы партыйныя. Адзін з такіх выпадкаў мне асабліва ў памяці. Я маю на ўвазе Вальфсона‚ пазьнейшага тэарэтыка разгрому нацыянал-дэмакратаў.
Сямён Вальфсон — мой недалёкі зямляк‚ ён з Бабруйску. Да Першай сусьветнай вайны ў Бабруйску на Мураўёўскай вуліцы быў папяровы магазын Я. Вальфсона. За прылаўкам у магазыне стаяў маленькі Сёмка ды прадаваў алавікі і розныя канцылярскія прылады. Магазын гэты таксама пастачаў паперу ды алавікі царскаму войску‚ у Кутаіскі полк‚ які стаяў у Бабруйску. Часта ў Бабруйску можна было бачыць‚ як Якаў Вальфсон разам з сынком развозілі тавары. Адным словам‚ гандлявалі ды набівалі капітальчык.
Рэвалюцыю Сёмка праседзеў ціха‚ аднак калі пабачыў‚ што замацаваліся бальшавікі‚ хутка зактывізаваўся і стаўся марксыстам. На пачатку 20-х гадоў ён прыехаў у Менск; сядзеў досыць ціха‚ хоць часамі і прабаваў зьвякаць пра непатрэбу нацыянальных адраджэньняў. Кампартыя хутка зьвярнула на яго ўвагу: неўзабаве Сямён Якаўлевіч заняў пасаду прафэсара дыялектычнага матэрыялізму. Мне неаднаразова даводзілася зь ім сутыкацца ды публічна садзіць яго ў калошу зь ягонымі паглядамі на нацыянальнае пытаньне ды зь ягонымі часта мянянымі паглядамі на эканамічную палітыку і філязофію. Як я потым пераканаўся‚ Сёмка мне гэтага не забыўся. Трымаў хуткасьпечаны акадэмік Вальфсон нос на ветры. I як толькі ў паветры запахла пагромам беларускай інтэлігенцыі‚ ён зараз-жа пачаў публічна асуджаць беларускую інтэлігенцыю ды пісаць на яе артыкулы, даносы, падводзіць тэарэтычную базу пад пагром.
Вальфсон‚ стаўшы зацятым марксыстам‚ ненавісьнікам усяго нацыянальна беларускага‚ цярпець ня мог тых‚ хто ведаў пра ягонае паходжаньне і гандлёвую дзейнасьць перад рэвалюцыяй.
Нямала шкоды ня толькі працаўніком асьветы‚ але і ўсёй беларускай інтэлігенцыі нарабіў выдвиженец Міхаіл Рапапорт, які ў 1930 г. быў начальнікам ГПУ. Аб Рапапорце я ўжо ведаў раней. У Бабруйску перад Першай сусьветнай вайной на конскім рынку арудаваў малады Мішка Рапапорт‚ ці‚ як яго звалі ў Бабруйску‚ Мішка Конюх. Быў ён маклерам па продажы і абмене коней‚ а таксама лоўкім шулерам у карты. Мішка Конюх хутка пачаў рабіць кар’еру пры бальшавікох і ўрэшце трапіў у Менск ды стаўся там начальнікам ГПУ. Займаў ён таксама высокую пасаду і ў партыі.
У дапамогу Рапапорту быў прызначаны нехта Аргаў. I вось ад гэтых суб’ектаў залежаў лёс дзясяткаў і сотняў беларускіх дзеячоў. Праўда‚ пагромы не маглі пачацца без папярэдняе апрацоўкі грамадзкае думкі. Але камуністы былі майстры на падрыхтоўку розных «кампаніяў». Весьці гэтую справу ў Менску было даручана Вальфсону, зь якім мне давялося, як я ўжо зазначыў, некалькі разоў публічна дыскутаваць‚ і думаю‚ што ён зрабіў нямала даносаў і на мяне.
Як я даведаўся значна пазьней‚ свае рапарты-даносы на беларускі актыў Вальфсон нават ня слаў поштай‚ а перадаваў прафэсару М. Б. Кролю‚ тады дырэктару клінікі нэрвовых хваробаў‚ а той беспасярэдне адвозіў іх у Маскву‚ дзе меў добрыя сувязі праз Молатава.
На мой пагляд‚ якраз Вальфсон і быў тым тэарэтычным абгрунтавальнікам пагрому беларускае інтэлігенцыі‚ якому Масква і верыла‚ і была радая.
Наагул-жа‚ як ва ўнівэрсытэце‚ гэтак і ў Акадэміі ў другой палове 20-х гадоў зьявілася поўна небеларусаў. Шмат зь іх было сэксотаў, якія так і шныпарылі па лябараторыях і нечага выглядалі. Аднойчы на гэтую тэму мне давялося перакінуцца словам з Азбукіным, але ні ён‚ ні я не надавалі гэтаму сур’ёзнага значаньня.
Паводле агульнае думкі‚ галоўным слупом унівэрсытэцкага выведу была нехта Марголіна. Афіцыйна яна была асьпіранткай і займала пасаду партыйнага арганізатара. Відаць‚ яна добра спраўлялася са сваёй партыйнай працай‚ бо яе некалькі разоў пераабіралі на галоўнага арганізатара.
Вельмі-ж шмат гора прычыніла гэтая асоба беларускім студэнтам. У Марголінай на паслугах быў дацэнт фізыкі А. Усьпенскі. Тады яму было гадоў 45‚ а то і больш. Як фізык‚ ён быў на сваім месцы‚ але ён быў кандыдатам у партыю‚ і гэта яго абавязвала быць асабліва пільным да «клясавага ворага». Камуністычную пільнасьць ён выяўляў вельмі шчыра ды зла нарабіў студэнтам і прафэсуры поўна. Шпігаваў Усьпенскі і ў Акадэміі Навук.
Ня менш прыкрасьцяў нарабіў беларускаму актыву ва ўнівэрсытэце і былы эсэр‚ а тады камуніст — Павел Якаўлевіч Панкевіч. Гэты суб’ект‚ каб давесьці сваю адданасьць камунізму‚ шпігаваў бадай болей за ўсіх. Нават камуністы-беларусы‚ якія сёе-тое бачылі‚ ці раз пры спатканьні пыталіся: хто гэты Панкевіч і што гэта ён выпісвае? Хутка яму надалі тытул прафэсара ў пэдагагічных навуках‚ спэцыяліста комплекснага мэтаду і дальтон-пляну.
Гэтыя адміністрацыйныя зьмены мне былі асабліва заўважныя‚ бо ўсё адбывалася ў асяродзьдзі‚ зь якім я працаваў ад таго часу‚ калі прыехаў у Менск.
Маючы шмат знаёмых у грамадзкіх‚ палітычных і культурных колах ды будучы добра знаёмым зь некаторымі камуністамі-беларусамі‚ гутарачы зь імі‚ адзначаў я зьмены ўсюды.
Асабліва мне запамяталася адна сустрэча на вуліцы зь Якубам Коласам‚ калі ён‚ не захацеўшы доўга гутарыць‚ выняў з кішэні сваю фатаграфію і сказаў нешта накшталт: вось‚ Яўхім‚ на ўспамін.
Гэтаксама дзіўна мне было, што не хацеў нічога гаварыць і Жылуновіч‚ які раней часта паведамляў мне‚ што рабілася ў партыі. А ён ня мог ня бачыць‚ што цяпер адбывалася ў дзяржаўным апараце. Аднаго разу — ці толькі не апошні раз перад маім арыштам‚ здаецца‚ зімой на пачатку 1930 году, — на мае пытаньне, што дзеіцца навакол, ён нічога не адказаў, толькі неяк махнуў рукой.
Ад другое паловы 20-х гадоў у Менску пачала заўважацца іншая зьява. Прыходзілі інструкцыі‚ каб на лекцыях краязнаўства‚ прыродазнаўства выкладалася ня толькі прырода‚ але і падаваліся нейкія зьвесткі аб рэвалюцыйным руху. Прыпушчаю‚ што гэткія інструкцыі даваліся ня толькі настаўнікам прыроды‚ але найперш гісторыкам.
Недзе ў канцы 1928 году са мной здарыўся такі выпадак. Мяне паклікалі ў кабінэт Iгнатоўскага. У кабінэце, апроч Iгнатоўскага, быў прысутны нейкі няведамы мне суб’ект. Пасьля пары нічога ня значных пытаньняў («што новага»‚ «як праца» і падобнае) Iгнатоўскі мне проста сказаў‚ каб я нешта напісаў у часапісе «Наш Край» аб рэвалюцыйных паглядах сястры Дзяржынскага ды наагул аб рэвалюцыйных настроях у маіх мясьцінах‚ на Глушчыне. Мяне гэта вельмі зьдзівіла і зрабіла прыкрае ўражаньне. Я ня мог зразумець‚ адкуль Iгнатоўскі мог гэткае прыдумаць! А справа была вось у чым.
Недалёка ад Байлюкоў жыла‚ як у нас казалі‚ родная сястра Фэлікса Дзяржынскага‚ а мая сям’я была з гэтай пані знаёмая. Яна была замужам за мясцовым панам Булгакам. Мой бацька быў добрым майстрам гнуць палазы для саней і абады для калёсаў. Грабавых і ясеневых лясоў у нас хапала‚ іх дазвалялі секці дарма‚ а таму прадукцыя была танная. Пан Булгак купляў у нас гэтыя вырабы‚ часта да нас заяжджаў‚ ды і мы частавата адвозілі наш тавар у ягоны фальварак Чырвоны Бераг. Такім чынам мы і пазнаёміліся з пані Булгак. Была яна жанчына зграбная‚ ветлівая‚ гаварлівая. Размаўляла яна заўсёды па-нашаму‚ расказвала і пра Дзяржынскага. Але аб гэтым ні я‚ ні мая сям’я ў Байлюкох нікому надта не расказвалі.
Для мяне было проста велізарнай неспадзеўкай‚ што аб гэтым даведаўся Iгнатоўскі! Iгнатоўскаму-ж там я адразу сказаў‚ што пра пагляды сястры Дзяржынскага нічога пісаць ня буду. На гэтым гутарка скончылася‚ але неўзабаве пасьля тае размовы мяне звольнілі з рэдакцыі часапісу «Наш Край»...
У свой час урад БССР выдзеліў значную суму грошай на друк беларускіх кніг у Нямеччыне. Сярод гэтых выданьняў былі і творы Жылуновіча. Пасьля таго, як ён прывёз свае кнігі з Бэрліну, увесь тыраж спалілі і ніводная кніга ня ўбачыла сьвету. Жылуновічу належным чынам «аддзякавалі» за працу: ужо пазьней, у часе пагрому нацдэмаў, яго арыштавалі і так білі, што ад пабояў ён звар’яцеў.
З 1926 году згортваньне беларусізацыі, наступ русыфікацыі пачаў заўважацца і ў войску: на працягу паўгоду былі расфармаваныя ўсе беларускія вайсковыя злучэньні ды іх штабы, а вайскавікі-беларусы былі звольненыя з арміі.
У галіне вайсковай адукацыі паўставалі праблемы з Аб’яднанай Беларускай Вайсковай Школай (АБВШ). Я там меў шмат знаёмых‚ там-жа вучыўся мой швагер Коля Зубкоўскі. Курсантам школы пачалі казаць‚ каб яны больш чыталі расейскамоўныя газэты, потым забаранілі выкладаньне беларусазнаўства. Мала таго‚ бальшавікі ўжылі ўсе адміністратыўныя і прапагандысцкія сродкі‚ каб беларуская моладзь пры паступленьні ў АБВШ не запісвалася беларусамі.
Калі юнак прыходзіў паступаць у Школу‚ яму давалі анкету‚ у якой трэба было пазначыць сваю нацыянальную і партыйную прыналежнасьць. Калі той запісваў‚ што ён беларус і камсамолец‚ то яму заўважалі‚ што нельга быць камсамольцу нацыяналістам‚ камсамольцы павінны быць інтэрнацыяналістамі‚ гэта значыць — русскими‚ і юнак браў назад анкету і выпраўляў сваю нацыянальнасьць. Калі паступаў беспартыйны беларускі хлапец, яму заўважалі‚ што гэта школа не беларуская‚ а русская. Зразумела‚ што юнак змушаны быў лічыцца з вымаганьнем адміністрацыі і выпраўляў сваю нацыянальнасьць. Такім парадкам камуністы дасягнулі таго‚ што ў АБВШ стала 100% расейцаў.
Ад 1928—1929 гадоў ішоў пагром беларускага сялянства‚ а на момант прыняцьця закону аб поўнай калектывізацыі ў лютым 1930 году — сельская гаспадарка Беларусі ўжо была дашчэнту разбураная.
Беларусы-камуністы ня бачыць гэтага не маглі‚ аднак і стрымаць гэтага ні яны, ні хто іншы ўжо ня здолеў-бы. Нажаль‚ ніхто таксама не ўяўляў і ўсяго размаху заплянавага.
Хутка зьмяшчалі з пасадаў камуністаў-беларусаў. Сям-там у партыі праяўлялася апазыцыя: у Гомелі‚ Магілёве. У сувязі зь індустрыялізацыяй у рэспубліку масава пачынаў наяжджаць небеларускі пралетарыят. Расейцы займалі кіруючыя становішчы. У самай вершалінцы партыі назіралася чехарда: А. Крыніцкага замяніў В. Кнорын‚ а за гэтым ненавісьнікам беларусаў прыйшоў Я. Гамарнік‚ што перад тым катаваў Украіну і Далёкі Ўсход.
Калі гэтая фаза была пройдзеная і ў Менску ды іншых гарадох пазаменьваная адміністрацыя‚ тады справу беларускае інтэлігенцыі паставілі на парадак дня ў Маскве (прынамся гэтак мне казалі некалькі беларусаў-камуністаў). Справа разглядалася ў Палітбюро і была пададзеная так‚ што беларуская інтэлігенцыя станавіла небясьпеку. У Маскве была прынятая вельмі лютая для беларусаў пастанова. ГПУ, суды, партыйныя органы атрымалі інструкцыю зьліквідаваць нацыянальна настроеныя кадры. Быццам пасьля прыняцьця такое рэзалюцыі былі пакліканыя ў Маскву камуністы-беларусы: Чарвякоў‚ Галадзед‚ Васілевіч ды іншыя. Выклікалі таксама і Алеся Адамовіча‚ аднак прамінулі Iгнатоўскага. Быццам там‚ у Маскве‚ моцна запратэставаў супраць пастановы Iван Васілевіч. Яго адразу падтрымалі іншыя. Беларускія камуністы даводзілі‚ што такая палітыка наробіць больш шкоды і для рэспублікі, і для беларусаў. Як мне перадавалі‚ Чарвякоў пры ўсім гэтым маўчаў. Пратэсты‚ аднак‚ нічому памагчы не маглі — партыя пастанавіла‚ што гэта адзіны правільны шлях. I справа пагрому беларускае інтэлігенцыі рушыла ўперад.
АРЫШТЫ.
СПРОБЫ ФАБРЫКАЦЫI ПРАЦЭСУ
Масавыя арышты пачаліся ў 1930 годзе. У першай палове году арыштоўвалі па два‚ па тры чалавекі ў месяц‚ а ў ліпені арыштавалі некалькі сот чалавек. Арыштавалі ня толькі навуковых супрацоўнікаў Акадэміі Навук ды ўнівэрсытэту, але і многа настаўнікаў з раённых гарадоў. У першую хвалю арыштаў трапіла амаль уся беларуская эліта: акадэмікі Я. Лёсік‚ С. Некрашэвіч‚ Б. Эпімах-Шыпіла‚ прафэсары М. Азбукін‚ I. Васілевіч‚ Г. Гарэцкі, Я. Дыла‚ П. Жаўрыд‚ I. Серада‚ А. Смоліч‚ Я. Сушынскі‚ М. Пракулевіч‚ А. Цьвікевіч‚ доктар I. Цьвікевіч, інжынэр Ч. Родзевіч ды шмат іншых. Разам зь імі арыштавалі некалькі сот маладзейшых беларусаў.
Кожнаму арыштаванаму выставілі абвінавачаньне‚ што ён зьяўляецца сябрам контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз Адраджэньня Беларусі» (САБ), якая ставіла сабе за мэту стварыць незалежную Беларускую Рэспубліку. Зразумела, што кожны арыштаваны са скуры вылузваўся і даводзіў‚ што ён ні ў які САБ не ўваходзіў. Кожны патрабаваў ад сьледчых‚ каб тыя далі довады яго ўдзелу ў тайнай арганізацыі. Так цягнулася месяцы два‚ а потым вэрсію аб САБ адкінулі і прыдумалі новую‚ што нібы існавала тайная контррэвалюцыйная арганізацыя «Саюз Вызваленьня Беларусі» (СВБ)‚ якая імкнулася адарваць Беларусь ад Савецкага Саюзу і далучыць яе да Польшчы. А каб зьдзейсьніць гэта‚ СВБ быццам-бы наладзіў кантакт з польскім генэральным штабам і адтуль атрымваў інструкцыі і грашовую дапамогу. Справу пачалі нанова: кожнага ізноў выклікалі і прад’яўлялі абвінавачаньне ў прыналежнасьці да СВБ. Такое абвінавачаньне было значна цяжэйшае за першае. Гэта — здрада на карысьць буржуазнае дзяржавы. За ўтварэньне такое арганізацыі па савецкіх законах належыць толькі расстрэл.
За год да арышту беларускіх нацдэмаў на Ўкраіне адбыўся судовы працэс над арганізацыяй «Саюз Вызваленьня Ўкраіны», якой ніколі не існавала. Беларускую і ўкраінскую справы хацелі ўвязаць у адно.
Становішча пагаршалася яшчэ тым‚ што знайшліся сьведкі‚ якія пацьвярджалі абвінавачаньне. Адным з такіх сьведкаў быў У. Дзяржынскі‚ знаны літаратурны крытык‚ аўтар літаратурнай хрэстаматыі‚ швагер З. Бядулі. Што яго прымусіла стаць на такі шлях‚ застаецца таямніцай. Праўдзівасьць вымагае адзначыць‚ што сьведка ён быў малакаштоўны: калі яго прыводзілі на вочную стаўку‚ ён‚ нізка спусьціўшы галаву і ня гледзячы на абвінавачанага‚ заўсёды гаварыў: «Здаецца‚ гэта было». Спрэчак гэты змушаны сьведка не распачынаў‚ пасьля трох трафарэтных словаў ён адварочваўся‚ і канвой адводзіў яго назад у камэру.
Другі сьведка — М. Красінскі‚ пра якога варта сказаць колькі словаў. У свой час ён, здаецца‚ выкладаў літаратуру ў беларускай гімназіі ў Вільні. Быў нахабны. Належаў да партыі. Было яму тады гадоў сорак пяць. Нежанаты. Пасьля сьмерці мітрапаліта Мельхіседэка камуністы аблюбавалі Красінскага на беларускага мітрапаліта і для гэтае мэты яго правялі церазь мяжу з Заходняй Беларусі ў Менск. Вернікі і сьвятары зразумелі‚ што калі яго камуністы хочуць паставіць на мітрапаліта‚ дык ён будзе мітрапаліт камуністычны‚ а не хрысьціянскі‚ і па гэтай прычыне ня сталі знаёміцца зь ім‚ а нават і гаварыць зь ім не захацелі.
Пасьля няўдачы зь мітрапаліцтвам камуністы ўладкавалі яго на адміністрацыйную пасаду ў Дзяржаўны Тэатар. Там ён працаваў можа з год. У пачатку 1930 году яго арыштавалі‚ і ён пачаў сябе выдаваць за агента варшаўскага ўраду. Калі трэба было пацьвердзіць абвінавачаньне‚ прыводзілі Красінскага‚ і ён спакойна гаварыў: «Так‚ вы належалі да нашае арганізацыі СВБ». Абвінавачаны хваляваўся‚ крычаў‚ сьцьвярджаў‚ што гэтага чалавека ён ніколі ня бачыў. На гэта Красінскі спакойна адказваў: «Нашая арганізацыя сакрэтная‚ вам не належала мяне ведаць‚ аднак вы былі ў нашым сьпісе».
Многа шкоды зрабіў Красінскі‚ багата папсаваў здароўя і нэрваў маладым арыштаваным беларусам. За гэта яго кармілі з чэкісцкага стала‚ трымалі ў асобнай камэры‚ і спаў ён не на голых нарах‚ як усе арыштанты‚ а на мяккай пасьцелі. Калі яго выпускалі ў прыбіральню‚ усе камэры зачынялі‚ а ў абодвух канцох калідора станавіліся ўзброеныя чырвонаармейцы‚ бо баяліся‚ што арыштаваныя выламаюць дзьверы і нападуць на гэтага правакатара. Былі ў турмах выпадкі‚ калі зьняволеныя нападалі на правакатараў і забівалі іх. Турма вырабляе людзей зацятых і адчайных. Увесь час Красінскага трымалі аднаго‚ з намі не злучалі‚ яго аднаго адвезьлі на месца высылкі ў Шадрынск каля Ўралу‚ тэрмін ссылкі яму зьменшылі напалову.
Апрача гэтых двох‚ былі і яшчэ правакатары‚ але яны былі значна драбнейшыя і асаблівай ролі ў справе нацдэмаў не адыгралі. Чэкісты яшчэ падсаджвалі ў камэры сваіх сэксотаў — укрытых чэкістаў; у некаторых выпадках ім удавалася маскавацца. З паасобных урыўкаў яны будавалі цэлае абвінавачаньне.
Усёж-такі правакатарскіх сьведчаньняў Красінскага было недастаткова‚ каб стварыць публічны працэс‚ бо Красінскі ніякай ролі ў нацыянальным руху не адыгрываў. Ніхто ніколі не паверыў-бы‚ што польскі генэральны штаб мог зьвязаць свае сакрэтныя пляны з такою дробнаю асобаю‚ як Красінскі. Для публічнага працэсу патрэбна было‚ каб які-небудзь шырока знаны беларус адкрыта прызнаўся‚ што ён быў у сувязі з палякамі. Гэта дало-б патрэбны эфэкт.
На такую ролю лепш за ўсё надаваўся былы прэм’ер Рады БНР Аляксандар Цьвікевіч‚ але ён катэгарычна адмовіўся стаць на такі шлях. Ён цьвердзіў‚ што пры пераезьдзе яму далі слова не ўспамінаць мінулага і радзіў чэкістам расстраляць яго без усякага працэсу. Адмовіліся ад прапановы стаць парвакатарам усе‚ хто вярнуўся з-за мяжы, у тым ліку і акадэмік Смоліч.
Аркадзя Смоліча я ведаў па працы ў Iнбелкульце, дзе ён кіраваў аддзелам прыроды і народнае гаспадаркі. Паходзіў ён зь сям’і вясковага сьвятара. Будучы яшчэ студэнтам‚ шмат падарожнічаў па Беларусі‚ вывучаў яе прыроду і геамарфалёгію. Пасьля сканчэньня агранамічнага інстытуту А. Смоліч некалькі гадоў працаваў аграномам і за гэты час сабраў многа матар’ялу аб беларускай вясковай гаспадарцы‚ аб прыродзе ды азнаёміўся з геаграфічнай літаратурай аб Беларусі.
Ягоны падручнік «Геаграфія Беларусі» — першае на Беларусі выданьне такога профілю — хутка заўважылі ня толькі ў Расеі (дзе на яго пачалі злосна нападаць — «за сэпаратысцкі ўхіл»), але і ў Эўропе — у Нямеччыне і Францыі.
Пасьля гэтага зьявілася некалькі працаў Смоліча аб пабудове прамысловасьці на Беларусі, у якіх ён крытыкаваў расейскія мэтады эканамічнага будаўніцтва: калі расейцы дазвалялі будаваць на Беларусі завод для вырабу трубаў‚ дык краны для гэтых трубаў вырабляліся недзе на Каўказе; калі на Беларусі вырабляліся жалезныя вёдры‚ дык дны для гэтых вёдраў рабілі дзе-небудзь на Ўрале‚ таму беларускія вырабы каштавалі даражэй.
Аркадзь Смоліч браў вельмі актыўны ўдзел у Першым Усебеларускім Кангрэсе. Менавіта яму належыць прапанова вывесьці з прэзыдыюму Кангрэсу памешчыка Рамана Скірмунта. Як сябра Рады БНР ён паехаў з Радаю на эміграцыю. Калі Смоліч быў у эміграцыі‚ амэрыканцы прапанавалі яму выехаць у ЗША‚ аднак Смоліч паверыў камуністам і паехаў у Савецкую Беларусь. Нейкі час ён працаваў прафэсарам у БДУ‚ браў актыўны ўдзел у арганізацыі Беларускай Акадэміі, а затым займаў у БАН адказную пасаду. Пакуль і па яго не прыйшлі...
Мінула шэсьць месяцаў ад пачатку майго арышту. Нас кармілі так‚ каб не памерлі з голаду‚ есьці хацелася заўсёды. Нам не дазвалялі праходак‚ не вадзілі ў лазьню‚ не зьмянялі бялізны‚ ня стрыглі‚ не дазвалялі атрымваць перадачы і не давалі газэтаў. У нас паадрасталі бароды‚ а на галовах — доўгія валасы. Некаторыя з нас прыраклі насіць бароды ўвесь час, каб прыпамінаць, праз што нам давялося прайсьці. Бялізна зусім парвалася‚ і шмат хто пачаў хадзіць голым. З-за адсутнасьці ў харчох гародніны цынга пачала разьядаць дзясны‚ яны крывавілі. Аднак чэкісты на гэта не зварочвалі ўвагі‚ яны ў адзін голас казалі‚ што трэба пакаяцца і асудзіць свае памылкі.
За месяцы нашага зьняволеньня мы асілілі турэмную азбуку‚ добра навучыліся перастуквацца. Такім спосабам мы здабывалі зьвесткі аб тым‚ што творыцца навакол нас. Мы навучыліся хаваць прылады‚ якімі рабілі надпісы на сьценах. Між іншага‚ для надпісаў лепш за ўсё падыходзілі цьвікі‚ бо цьвіком можна было зрабіць глыбокі надпіс‚ які анучкаю сьцерці нельга‚ — такі надпіс наступныя арыштаваныя маглі чытаць гадамі. У камэрах чэкісты часта рабілі ператрусы‚ звычайна ноччу‚ але нічога не знаходзілі.
Нас вартавалі і абслугоўвалі чырвонаармейцы з Саратаўскай вобласьці. Яны былі горшыя за чэкістаў‚ горшыя за фашыстаў, гэта былі сапраўдныя зьвяры. Пры раздачы абеду і вячэры саратаўскія вылюдкі бралі на дапамогу сабе арыштаваных за кантрабанду, за пераход мяжы ці за спэкуляцыю. Бальшыня з гэтых кантрабандыстаў была лагодна настроеная да нас‚ і празь іх нам перадавалі і мы перадавалі запіскі ў далёкія камэры. Пры такой сыстэме сувязі мы былі больш-менш у курсе падзеяў.
Нас у камэры сядзела трое: прафэсар агракультуры I. Кісьлякоў, прафэсар геаграфіі М. Азбукін і я. Аднойчы раніцою Азбукіна паклікалі на допыт. Вярнулі яго назад у камэру ўжо пад вечар. На допыце яму прапанавалі стаць на працэс і прасілі‚ каб і на нас паўплываў. Пры гэтым зь яго ўзялі слова‚ што аб гэтай просьбе ён нам ня скажа‚ а будзе дзейнічаць нібы сам ад сябе. Аднак папярэдзілі‚ што калі ён парушыць дадзенае слова і раскажа‚ тады хай не чакае добрага.
Праз тыдзень мяне выклікаў на допыт сьледчы Сікорскі. Ён адразу прапанаваў стаць на працэс‚ я катэгарычна адмовіўся. Выглядала‚ што мой адказ не зрабіў на яго ніякага ўражаньня. Пахадзіўшы‚ ён адчыніў дзьверы ў другі пакой і прапанаваў зайсьці туды на пару хвілін. Я зайшоў‚ дзьверы адразу-ж замкнуліся‚ і я застаўся адзін. Гэта аказаўся не пакой‚ а балькон‚ з бакоў абцягнуты драцяною сеткаю‚ а зьверху перакрыты жалезнымі кратамі — вылезьці з балькону было немагчыма. Я сядзеў там гадзіны тры‚ вельмі зьмёрз. Я і крычаў і стукаў — нішто не памагала. Нарэшце дзьверы адчыніліся‚ перада мною стаяў начальнік сакрэтнага аддзелу Аргаў‚ і‚ як-бы нічога не бывала‚ ён працягнуў:
— А‚ гэта вы! Ну, садзецеся і пералічайце вашыя памылкі.
У мяне зуб на зуб не пападаў‚ я ня мог гаварыць‚ але‚ сабраўшыся зь сіламі‚ сказаў‚ што ніякіх памылак у мяне не было і законаў савецкіх я не парушаў. Доўга ён мне пагражаў‚ аднак‚ бачачы маю рашучасьць‚ загадаў адвесьці назад у камэру.
Чэкісты доўгі час ціснулі на тое‚ што мы парушылі «мудрае вучэньне вялікага Сталіна»: будаваць культуру нацыянальную па форме і сацыялістычную па зьмесьце. Калі-ж мы прасілі сьледчых паказаць на прыкладах‚ дзе парушалася гэтая сталінская формула‚ дык аказвалася‚ што ні адзін зь іх нават і не ўяўляў сабе‚ што такое культура нацыянальная па форме і сацыялістычная па зьмесьце. Ужо сёньня камуністы не гавораць аб пралетарскай мове‚ а тады‚ калі мы сядзелі‚ нашых моваведаў абвінавачвалі за тое‚ што яны ў сваіх працах ігнаравалі пралетарскую мову.
У часе допытаў мне часта закідалі‚ што я вучням падаваў матар’ял аднабакова — найбольш націскаючы на беларускі аспэкт. На гэта я адказваў‚ што стараўся заўсёды гаварыць па-беларуску — законам гэта не забаранялася‚ — а матар’ял заўсёды падаваў на прыстойным узроўні...
Неўзабаве пасьля мяне ізноў узялі на допыт Азбукіна‚ але гэтым разам чэкісты ўжо падрыхтаваліся. Трэба сказаць‚ што Азбукін быў заядлы курэц‚ і чэкісты гэта ўлічылі. За тыдзень да допыту ў яго адабралі табаку‚ а бяз курыва ён зрабіўся проста вар’ятам. На допыце яго трымалі на нагах цэлы дзень. На яго вачах чэкісты курылі‚ але яму не давалі ні сесьці‚ ні закурыць. Нарэшце ён ня вытрымаў і згадзіўся паказваць на сябе і на іншых. Яго накармілі‚ далі закурыць‚ ды і з сабой далі яшчэ штук пяць папяросаў. Вярнуўшыся ў камэру‚ Азбукін сказаў‚ што становіцца на шлях пакаяньня. Потым высыпаў з кішэні на стол табаку і кажа‚ што гэта яму аванс за тое‚ каб ублытаў Смоліча як шкодніка. Уся камэра страшэнна абурылася.
Прайшоў дзень‚ Азбукін‚ як кажуць‚ прыйшоў да сябе‚ супакоіўся крыху і перад усёй камэрай заявіў‚ што ня будзе пісаць ні на сябе‚ ні на іншых — няхай страляюць. Сваё слова ён стрымаў. Праз тыдзень Азбукіна ізноў паклікалі на допыт‚ але ён нічога не напісаў‚ а паперу‚ што далі для пісаньня паказаньняў‚ усю скурылі. За тое‚ што ён не датрымаў дадзенага слова‚ чэкісты страшэнна зьдзекаваліся зь яго: піхалі‚ зьневажалі апошнімі словамі‚ плявалі ў твар‚ толькі Азбукін застаўся цьвёрдым і ні на якія кампрамісы не пайшоў.
Пасьля А. Цьвікевіча і А. Смоліча найбольш адпаведным кандыдатам для публічнага працэсу быў-бы Я. Лёсік. Пры царскім урадзе Лёсік гадоў пяць хадзіў у кандалох‚ чалавек ён быў цьвёрды‚ вясёлы і заўсёды гатовы змагацца. Лёсік быў сялянскага паходжаньня. Здабыўшы пэдагагічную адукацыю‚ ён паехаў працаваць настаўнікам у Чарнігаўшчыну і падбухторваў там сялянаў на паўстаньне супроць памешчыка. Яго арыштавалі‚ з-пад арышту яму ўдалося ўцячы ў Нясьвіж. Тут нельга было доўга хавацца‚ бо яго ўсе ведалі. Нясьвіскія настаўнікі сабралі грошы і адправілі яго ў Пецярбург. Там ён нейкі час хаваўся ў прафэсара Вацлава Iваноўскага‚ які быў выкладчыкам хіміі ў Політэхнічным Iнстытуце. Потым яму дапамагла беларуская суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца». Суполка забясьпечыла яго дакумэнтамі і грашыма ды паслала ў Менск да Алеся Гаруна на нелегальную працу. У Менску Лёсіка арыштавалі разам з Гаруном за беларускую дзейнасьць і абодвух выслалі на катаргу.
Да нас дайшлі зьвесткі‚ што Язэп Лёсік нібыта згадзіўся стаць на публічны працэс. Але для публічнага працэсу аднаго Лёсіка было мала. Патрэбна было яшчэ некалькіх знаных беларусаў.
Далейшы выбар прыйшоўся на акадэміка Сьцяпана Некрашэвіча. Гэта быў вельмі ведамы і аўтарытэтны беларус. У 1915 годзе ён арганізаваў зь беларускіх уцекачоў у Адэсе моцнае беларускае згуртаваньне. У часе рэвалюцыі Некрашэвіч браў актыўны ўдзел у арганізацыі беларускіх палкоў на Румынскім фронце. Ужо пры савецкай уладзе савецкі беларускі ўрад паслаў яго ў Кракаў‚ ён купіў там у польскага магната за пяцьдзесят тысячаў залатых рублёў вялікую бібліятэку‚ прысьвечаную Літоўскай Русі‚ і прывёз гэтую бібліятэку ў Менск.
У Сьцяпана Некрашэвіча было выдатнае нацыянальнае мінулае, і камуністы вельмі настойліва пачалі прыставаць‚ каб ён стаў на адкрыты працэс і адгуляў ролю правакатара. Некрашэвіч цьвёрда вырашыў ня браць на сябе гэтага «званьня». Ён сядзеў у нутраной турме, так званай «амэрыканцы». Аднойчы‚ калі яго выпусьцілі ў прыбіральню‚ ён кінуўся ўніз з другога паверху і паламаў ногі. Яго паклалі ў турэмную бальніцу і доўга лячылі.
Чуткі аб спробе самагубства Некрашэвіча прайшлі ва ўсе камэры‚ дайшлі яны і да Лёсіка. Ён таксама сядзеў у «амэрыканцы». Тады Лёсік напісаў запіску Некрашэвічу і перадаў яе праз арыштаванага кантрабандыста, які разносіў ежу па камэрах. У запісцы Лёсік напісаў: «Сьцяпан‚ згаджайся‚ а на судзе мы адмовімся ад гэтых паказаньняў і выкрыем іх подласьць»‚ — ды падпісаўся: «Язэп». Запіска папала на стол сьледчага‚ якому быў ведамы зьмест і папярэдніх Лёсікавых запісак. Лёсіка паклікалі‚ каб ён даў тлумачэньне аб сваіх паводзінах‚ а ён пачаў абвінавачваць чэкістаў. Тады яны‚ добра назьдзекаваўшыся‚ пасадзілі яго ў агульную камэру на агульны паёк. Да гэтага-ж часу Лёсік сядзеў у асобнай камэры і атрымваў лепшую ежу.
Няўдачы не спынілі чэкістаў — яны працягвалі пошукі выкрывальніка. У аднэй з камэраў «амэрыканкі» сядзеў народны камісар земляробства Беларусі Зьміцер Прышчэпаў. Яго вінавацілі ў тым‚ што ён нарабіў кулацкіх хутароў‚ а гэта‚ паводле камуністычнай тэорыі‚ узмацніла капіталізм у сельскай гаспадарцы і пашкодзіла калектывізацыі сялянскіх гаспадарак. Справу Прышчэпава ўпляталі ў адно з нацдэмамі. Прышчэпаў быў асобаю ведамай і ўплывовай, таму чэкісты зьбіраліся адвесьці яму на працэсе ролю правакатара. Але Прышчэпаў наважыў ухіліцца ад гэтай ролі. Для гэтага ён зрабіў з падштанікаў і ніжняе сарочкі вяроўку. Уночы зачапіў вяроўку за паравы радыятар‚ прымацаваны да столі‚ стаў на прымацаваную да сьцяны койку‚ усадзіў галаву ў пятлю і адпіхнуўся. Вяроўка парвалася і ён грымнуўся на падлогу. Самазабойства не ўдалося. Яго паклікалі на допыт‚ але Прышчэпаў ня быў пакорлівы і гатовы на паслугі — ён абвінавачваў самую Кампартыю.
Камуністам стала ясна‚ што ні Лёсіка‚ ні Некрашэвіча‚ ні Прышчэпава нельга было ставіць на працэс. Калі гэта высьветлілася, чэкісты страцілі надзею знайсьці адпаведных асобаў сярод старэйшых, больш аўтарытэтных нацдэмаў-арыштантаў. Яны змаглі-б знайсьці правакатараў сярод менш ведамых беларусаў. Толькі гэта не зрабіла-б патрэбнага ўражаньня на грамадзтва. Выглядала так‚ што працэс стварыць нельга‚ а Масква вымагала такога працэсу. Адпаведнага чалавека пачалі шукаць сярод беларусаў, што засталіся на волі.
Гэтым разам чэкісты ўзяліся за Янку Купалу. Паэта забралі з дому і павезьлі ў ГПУ‚ каб там угаварыць, уламаць яго стаць на працэс. Па дарозе Купала паспрабаваў учыніць самагубства‚ і такім парадкам яго прыйшлося пакласьці ў шпіталь. Пасьля ўсіх гэтых няўдач камуністы сабралі нараду і начальнік сакрэтнага аддзелу Аргаў прапанаваў прыцягнуць да гэтае справы прэзыдэнта БАН праф. Iгнатоўскага. Запыталі Маскву і атрымалі згоду ад маскоўскага ГПУ. Тады ўжо прыступілі да арганізацыі працэсу разам зь мясцовымі камуністамі.
Мінулае Iгнатоўскага было далёка не на карысьць яму як камуністу: камуністам ён стаў толькі ў 1919 годзе.
Будучы яшчэ студэнтам, малады Iгнатоўскі выступаў з дакладамі на студэнцкіх сходах аб тым, што Беларусь ня ёсьць часткаю Расеі, гэта зусім апрычоны край, які мае сваю ўласную гісторыю і павінен мець сваё самакіраўніцтва. За такія даклады царскі ўрад у 1908 годзе выслаў яго ў Аланецкую губэрню на тры гады. Адбыўшы ссылку, Iгнатоўскі далучыўся да нелегальнай партыі беларускіх эсэраў. Ён пачаў працаваць выкладчыкам гісторыі ў розных гімназіях і адначасова распрацоўваў курс беларускай гісторыі для сярэдніх школаў.
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі Iгнатоўскі зарганізаваў у Менску настаўніцкі інстытут і быў першым дырэктарам гэтага інстытуту. У гэты час ён далучыўся да менскай падпольнай камуністычнай арганізацыі. У 1920 годзе Менск вызвалілі ад палякоў і Iгнатоўскі стаў наркомам асьветы. На гэтай пасадзе ён многа зрабіў для таго, каб перавесьці выкладаньне ў сярэдніх школах на беларускую мову.
У палітычнай дзейнасьці Iгнатоўскі заўсёды арыентаваўся на беларускія нацыянальныя партыі. У сваіх працах па гісторыі Беларусі Iгнатоўскі абвяргаў цьверджаньне расейскіх гісторыкаў‚ што беларусы нібыта зьяўляюцца расейскай народнасьцю, ён даў выдатнае гістарычнае абгрунтаваньне беларускае дзяржаўнасьці.
Iгнатоўскага адразу не арыштавалі‚ а паклікалі на допыт да самога начальніка ГПУ Рапапорта. А той зьвярнуўся да Iгнатоўскага з такімі словамі:
— Раскажэце нам пра тайны мадрыдзкага двара.
Што адказаў яму Iгнатоўскі‚ не ўдалося даведацца. Толькі трымалі яго ў кабінэце Рапапорта доўга. Пры гэтым у часе допыту туды заходзілі сьледчыя з паперамі‚ трэба думаць‚ што яны прыносілі фальшывыя паказаньні‚ складзеныя самімі чэкістамі. Тут дарэчы будзе сказаць‚ што ў практыцы ГПУ ўжываўся такі мэтад: ад імя аднаго з арыштаваных пішуцца фальшывыя сьведчаньні на таго‚ каго хочуць арыштаваць, тады фальшыва абвінавачаны мусіць апраўдвацца. Як казалі сьведкі, ад Рапапорта Iгнатоўскі выйшаў вельмі ўсхваляваны‚ адзін пайшоў дадому і ў той самы вечар застрэліўся. Гэтым ён ухіліўся ад ролі абвінаваўцы і не дапусьціў стварэньня працэсу нацдэмаў.
Верагодна, менавіта самагубства Iгнатоўскага стала вырашальным у падрыхтоўцы працэсу над нацдэмамі — плян Масквы праваліўся. Пасьля гэтага нам дазволілі атрымваць харчовыя перадачы‚ пастрыглі‚ пагалілі першы раз за дзесяць месяцаў. А праз кароткі час нас усіх адправілі ў Маскву‚ у Бутырскую турму‚ а адтуль у высылку.
Гэта была першая стадыя пагрому нацыянал-дэмакратаў‚ за гэтай стадыяй неўзабаве наступіла другая‚ а потым і трэцяя. Першы раз сярод арыштаваных было многа маладых хлапцоў. Усё‚ чаго ад іх вымагалі‚ — выступіць у працэсе супроць старэйшага пакаленьня беларускіх дзеячоў. Ніхто гэтага не зрабіў. Адзін толькі Алесь Дудар напісаў досыць брудны верш супроць нацдэмаў, і яго выпусьцілі. Аднак крыху пазьней яго ізноў арыштавалі і адправілі ў высылку‚ адкуль ён ужо не вярнуўся.
ПА САВЕЦКIХ ТУРМАX
СССР — краіна турмаў*. У адной толькі Маскве чатыры вялікія турмы: Бутырская, Лефортава‚ Лубянка‚ Таганка і ня менш за дзясятак раённых. На ўсход ад Масквы амаль у кожным вялікім расейскім горадзе ёсьць перасыльная турма. Тут фармуюць з асуджаных этапы і адпраўляюць іх у розныя канцэнтрацыйныя лягеры. Мне давялося сядзець у амаль дзясятку турмаў — у Менску, Маскве, Волагдзе, Арле, Курску... Магу засьведчыць, што вельмі вялікая турма ў Омску‚ але‚ здаецца‚ найбольшая турма ў сьвеце — краснаярская.
У савецкіх турмах памірала столькі народу‚ што хаваць кожнага паасобку не было ніякае магчымасьці. Трупы зьбіралі на двары ў кучы або скідалі ў цэмэнтавы склеп і так, сабраўшы пэўную колькасьць, вывозілі хаваць за горад. Агульную магілу раўнялі зь зямлёю‚ так‚ каб і знаку не засталося. На гэтым існаваньне чалавека на зямлі канчалася‚ і часта нават сям’і не паведамлялася‚ што чалавек памёр.
У Менску яшчэ за царскіх часоў пад турму перарабілі палац менскага ваяводы Плюшчыка-Плюшчэўскага. Стаіць гэтая турма ў цэнтры гораду на самым высокім і прыгожым месцы. Яна нібы кажа беларусам‚ што да таго часу‚ пакуль мы будзем пад расейцамі‚ над намі будзе панаваць турма.
Бутыркі
У 1931 годзе, у сакавіку, нацыянал-дэмакратаў прывезьлі ў Маскву. Спачатку на працягу дня некаторых з нас дапытвалі на славутай Лубянцы, на той самай Лубянцы, дзе ў часе рэвалюцыі арудаваў Ф. Дзяржынскі. Пасьля Дзяржынскага яго месца заняў такі-ж самы кат Мянжынскі, толькі гэты суб’ект выявіў нават творчасьць: ён на Лубянцы арганізаваў школу катаў і сам вучыў, як трэба забіваць чалавека, каб доўга ня мучыўся. Сапраўды — марксысцка-ленінская «гуманнасьць». З Лубянкі нас перавезьлі ў Бутырскую турму. Некаторых яшчэ і адсюль час ад часу бралі на допыт.
Прасядзелі мы ў гэтай турме больш за два месяцы. Бутырская турма вельмі вялікая, яна складаецца зь некалькіх корпусаў, у ёй можна зьмясьціць 25 тысячаў чалавек. З вуліцы гэтае турмы зусім не відаць, яна замаскаваная. Бутырскую турму будавалі некалькі цароў. Тут і да сёньняшняга дня стаіць тая вежа, у якой сядзеў Амяльян Пугачоў. У камэры, куды мяне ўпіхнулі, у той час сядзела 93 чалавекі, а пры царох яна была разьлічаная на 12 чалавек. У камэры ўздоўж сьцен з абодвух бакоў — трох’ярусныя нары. Як на нарах, так і пад нарамі арыштаваныя сядзелі шчыльна ў рад. Праз гадзіну па чарзе мяняліся месцамі: тыя, што сядзелі, ішлі стаяць, а тыя, хто стаяў, — сядзець. З шасьцёх гадзін раніцы пачыналі пускаць на праходку. Кожная камэра гуляла паўгадзіны. Двор кожнага корпусу быў падзелены на сэктары, і таму на праходку маглі ісьці адначасова некалькі камэраў; праходкі трывалі да 8 гадзіны вечара. У тым корпусе, дзе я сядзеў, было 75 камэраў.
Аднойчы ў турэмнай амбуляторыі, куды мяне прывялі на мэдычны агляд, я сустрэўся з маладымі хлапцамі з-пад Баранавічаў. ²х было восем чалавек. Досыць цікава, як яны сюды трапілі. У Польшчы яны належалі да тайнай камуністычнай арганізацыі. ² вось калі ў 30-х гадох, пасьля калектывізацыі ў Савецкай Беларусі, сяляне з Заходняй Беларусі сталі выяўляць антыкамуністычныя настроі і ня толькі не падтрымвалі камуністаў, а нават выдавалі іх польскай паліцыі, камуністы пачалі тэрарызаваць сялянства. Гэтыя хлапцы па загадзе камуністычнай ячэйкі забілі трох сялян. Польская паліцыя напала на іх сьлед, ім пагражаў арышт.
Сакратар камуністычнай ячэйкі парадзіў хлапцом перайсьці на савецкі бок. Ён запэўніў іх, што як толькі яны пяройдуць, іх зараз-жа адправяць на рабфак, а потым і ва ўнівэрсытэт. Выйшла-ж зусім інакш: як толькі хлопцы перайшлі ў СССР, савецкая пагранічная варта арыштавала іх і пасадзіла ў менскую турму. Там іх трымалі пад сьледзтвам тры месяцы, а потым абвясьцілі, што кожны зь іх засуджаны на тры гады лягероў за незаконны пераход граніцы. ²х адправілі да Белага мора на Мядзьведжую гару на павал лесу. Жыцьцё там было вельмі цяжкое: зімою стаялі лютыя маразы, а летам камары не давалі спакою. Хлопцы чуліся пакрыўджанымі і парашылі ўцякаць назад у Заходнюю Беларусь. Прыпасьлі сухароў і пехатой рушылі дадому. Недалёка ад Масквы іх ізноў арыштавалі ды пасадзілі ў Бутырскую турму. На судзе хлопцы шчыра ва ўсім прызналіся, толькі гэта ім не памагло: іх засудзілі зноў — цяпер ужо за спробу перайсьці ў варожую дзяржаву. Старэйшаму зь іх быў 21 год, а малодшаму 18. Зь першым этапам іх адправілі ў Сібір.
Мяне пасадзілі ў камэру, у якой сядзелі пераважна маскоўскія купцы і старая царская інтэлігенцыя. Даведаўшыся, што я прыхільнік аддзяленьня Беларусі ад Расеі, сукамэрнікі паставіліся да мяне варожа. Толькі былы калускі губэрнатар ²льін спачуваў мне. Гэты чалавек вучыўся ў Парыжы, у Сарбоне, і ўспрыняў там перадавыя ідэі. Ён быў супроць прыдушэньня народаў як у царскай Расеі, так і ў Савецкім Саюзе.
Старастам у нашай камэры быў малады, гадоў 24, вельмі інтэлігентны хлапец Осіпаў. Уся віна Осіпава была ў тым, што ён, паступаючы ў авіяцыйную школу, утаіў сваё паходжаньне: бацька яго быў царскім сэнатарам.
Не пазбаўлены цікавасьці і такі факт. Аднойчы паклікалі на допыт купца Багамазава — саліднага чалавека, якому было гадоў за 75. Купец апрануў сваю шубку, два разы перахрысьціўся і надзеў на галаву цюбецейку. Стараста наўздагон яму крыкнуў:
— Крестись не крестись, а два дня на допросе продержат.
— Соль тебе на язык, молокосос ты. За что меня, старика, два дня на допросе будут держать?
Дзьверы камэры адчыліся, і Багамазаў пайшоў на допыт. Прайшлі суткі, і другія, і трэція, а Багамазава ўсё няма. Паёк на яго ў камэру прыносяць, значыць, ён лічыцца тут. На чацьверты дзень па абедзе дзьверы ў камэру распахнуліся, і два здаравенныя турэмнікі, трымаючы Багамазава пад рукі, упіхнулі старога ў камэру.
Стараста саскочыў з нараў, падбег да купца і пачаў пытаць:
— Скажи, кто прав?!
Купец дзіка абвёў прысутных вачыма і‚ паказваючы рукою ў мой бок‚ сказаў:
— Он прав! Отделяться надо всем. Какого черта мы им дали?! Сами живём как свиньи и других душим.
На купца пачалі крычаць з усіх бакоў:
— Что ты в самом деле‚ устал? Воды напейся да отдохни.
Купцу далі вады‚ ён напіўся і пайшоў на сваё месца. Яго ніхто не чапаў‚ бо ведалі‚ што людзі, вярнуўшыся з допыту, бываюць нэрвовыя. Пасядзеўшы з паўгадзіны‚ купец кажа:
— Ну и дурак же был Некрасов‚ видишь‚ писал: «Глянет — рублём одарит».
Усе павярнулі галовы ў бок купца. Нехта зазначыў‚ што так Някрасаў пісаў пра расейскую жанчыну.
— Так сколько же таких женщин?! Вот меня три дня с половиной допрашивала русская, и по акценту видно‚ что из центральных губерний. Если бы кто рассказал мне о том‚ что я сам пережил‚ то я не поверил бы. Она мне плевала в лицо‚ она меня била, оскорбляла матюгами. А потом поставила ногу на стул и говорит: «Десять лет ты не увидишь п...». Меня это так поразило‚ что я перекрестился. Тогда она схватила чернильницу и бросила мне в лицо‚ а потом начала царапать‚ и вот видите — поцарапала. На крик прибежали красноармейцы и отвели меня в подвал.
Купец абвёў усіх вачыма і запытаўся:
— Ну так чего же вы враждебны к людям, которые всё же не русские и не хотят жить под Россией?
Усе маўчалі.
Багданаў
Да сакавіка нас ужо асудзілі і пачалі развозіць — каго ў высылку‚ а каго ў лягеры.
Неяк ад тых зьняволеных, каго бралі працаваць, мы даведаліся‚ што ў Бутырках сядзіць знакаміты меншавік Багданаў‚ паплечнік Пляханава, і што яго выводзяць на праходку або вельмі рана, або вельмі позна. Больш пра яго ў камэры мы не даведаліся.
Аднойчы мяне выклікалі з камэры на калідор з рэчамі. Тут, у калідоры, наглядчык абвясьціў мне, што я асуджаны на пяць гадоў ссылкі ў горад Налінск‚ аднак прачытаць пастанову «тройкі» ў рукі мне ня даў. Другі наглядчык‚ усьміхнуўшыся‚ сказаў мне:
— Не пропадешь‚ Нолинск место знаменитое.
Пазьней я даведаўся‚ што гэта радзіма Молатава.
На калідоры было шмат людзей — і ўсе беларусы. Нас абшукалі і павялі на «вакзал». Гэта быў пакой, з якога асуджаных адпраўлялі на сапраўдны вакзал. На «вакзале» нікога не было. Мы склалі свае рэчы ў куты і пайшлі ў лазьню. Вярнуўшыся з лазьні, мы засталі на «вакзале» чалавека ў скуранцы — сярэдніх гадоў‚ брунэт‚ каротка падстрыжаны і амаль безь сівізны. Вакол яго было шмат белых мяшкоў зь перадачамі. Наш стараста падышоў да яго і запытаўся:
— Кто вы такой?
На гэта ён адказаў:
— Я заключенный‚ везут меня в ярославльский изолятор‚ а на сколько — не знаю. Моя фамилия Богданов.
— Это вы тот Богданов?..
Ён ня даў скончыць фразы і‚ усьміхнуўшыся‚ адказаў:
— Да-да‚ тот. А кто же вы такие?
Стараста адрэкамэндаваўся. Пачалася гутарка паміж старэйшымі беларусамі і Багданавым.
Мы былі галодныя. У аднаго з нашых захвалася пайка хлеба‚ ён пачаў яе ламаць і дзяліць між намі. Пабачыўшы гэта, Багданаў узьняўся і пачаў аддаваць нам мяшкі зь перадачамі. Стараста забараніў нам браць. Тады Багданаў зьвярнуўся да ўсіх нас:
— Друзья‚ берите‚ я половину этих мешков оставлю здесь‚ я не могу их увезти. Удивительный народ —сами там голодают‚ а мне несут передачу.
Мы мяшкі ўзялі з удзячнасьцю. Празь нейкі час да нас увайшоў чэкіст з ромбамі** і запытаўся ў старасты‚ ці ёсьць тут хто, апроч беларусаў. Стараста паказаў на Багданава.
— Этого мы знаем‚ — адказаў чэкіст і‚ павярнуўшыся да наглядчыка‚ сказаў: — Можно.
Хвілін празь пяць у камэру ўвайшло чалавек сем ці восем параўнальна маладых людзей. Гэта былі маскоўскія меншавікі. Сустрэча з Багданавым і людзьмі з волі нас вельмі ўзрадавала. Цэнтрам увагі быў Багданаў‚ усе лавілі кожнае ягонае слова. Былі мы разам гадзіны дзьве з паловаю. Ён багата расказваў‚ аднак дэталі гэтае гутаркі прыгадаць цяжка. Памятаю‚ ён апавядаў‚ як яго выклікалі ў Саўнарком і Молатаў ставіў перад ім пытаньне‚ што меншавікі рабілі-б у дадзены момант‚ будучы на месцы бальшавікоў.
— Что я мог им на это сказать. При их целях и их идеалах можно делать только то‚ что они делают.
Тут сыпаліся розныя пытаньні і парады. Багданаў усё выслухаў і спакойна заўважыў:
— Не ожидайте‚ перемен не будет.
Адзін зь меншавікоў паведаміў нам: Багданаву прапаноўвалі напісаць адозву да меншавікоў‚ што лінія бальшавікоў правільная‚ але ён адмовіўся. Багданава павезьлі на вакзал аднаго. У вагоне да Багданава пасадзілі маладога ўкраінскага тэрарыста‚ таксама асуджанага ў яраслаўскі ізалятар.
Ужо летам 1936 году‚ калі я быў асуджаны другі раз‚ у краснаярскай турме я сустрэў таго ўкраінца. Яго везьлі ўжо на Калыму‚ срок ягоны — дзесяць год — яшчэ ня скончыўся. Ён мне расказаў‚ што з Багданавым у яраслаўскім ізалятары ён сядзеў месяцаў дзесяць‚ а потым Багданава забралі‚ і ніхто ня ведае куды.
Валагодзкая турма
У Маскве нас‚ нацыянал-дэмакратаў‚ асудзілі завочна. Мы ня бачылі ні судзьдзяў‚ ні пракурора і ня ведалі‚ за што судзяць. Нас адвезьлі на таварную станцыю і пасадзілі ў «сталыпінскія» (арыштанцкія) вагоны. Я папаў у адно аддзяленьне з Аляксандрам Цьвікевічам‚ былым прэм’ерам Ураду БНР. У тым самым вагоне былі і іншыя старэйшыя беларусы: Язэп Сушынскі‚ Язэп Дыла‚ Мікола Пракулевіч.
З Масквы большую частку нацыянал-дэмакратаў адправілі ў валагодзкую турму. У валагодзкай турме мне два тыдні давялося сядзець бок а бок з Аляксандрам Цьвікевічам. Ён шмат расказваў пра дзейнасьць Ураду БНР за межамі Беларусі‚ дый наагул мы зь ім шмат разважалі тэарэтычна. Цьвікевіч уважаў‚ што пагром беларусаў ня спыніцца. На ягоную думку, расейцы вырашылі беларускі рух выканчыць, бо пераканаліся ў тым, што за ХIХ стагодзьдзе беларускі рух усё-ж ня быў зьнішчаны, таму патрэбна больш жорсткая палітыка ў дачыненьні да беларусаў.
У Волагдзе падрыхтавалі вялікі этап у Сібір, гэты этап назвалі акадэмічным, бо тут была выключна інтэлігенцыя. Нас, нацыянал-дэмакратаў, чалавек пяць, пасадзілі з расейскімі акадэмікамі. Сярод іх вызначаўся сусьветна ведамы вучоны-геоляг — акадэмік Каўрайскі. Яму далі дзесяць гадоў за нібыта сувязь з замежжам.
У валагодзкай турме для нас, беларусаў, была вялікая неспадзеўка — да нас далучылі нашага слаўнага паэта Ўладзімера Дубоўку.
З Дубоўкам мне даводзілася спатыкацца ў Менску ў сярэдзіне 20-х гадоў, таксама мы зь ім мелі шмат супольных знаёмых. Калі я пабачыў яго цяпер, мне адразу кінулася ў вочы ягоная барада — наша агульная рыса зьняволеньня — ды стомлены, прыгноблены выгляд, хоць постацьцю ён і не зьмяніўся ды ў вачох былі агеньчыкі. Ён выглядаў зусім маладым і быў прыстойна адзеты.
Калі нас вялі з турмы на вакзал для пасадкі ў вагоны, я праціснуўся да Дубоўкі, пачаў зь ім гутарку. Але не пасьпеў я закончыць фразы, як атрымаў у сьпіну ўдар прыкладам. Я ўпаў. Двое-ж чэкістаў накінуліся на Дубоўку ды пачалі біць яго прыкладамі. Дубоўкаў твар быў увесь у крыві, кроў пацякла па барадзе, і яго, зьбітага ўшчэнт, адцягнулі і забралі з калёны. Магчыма, Дубоўку дасталася яшчэ і за тое, што ён выглядаў панічом. Ат-жа Дубоўка быў вельмі карэктны і цярплівы. Я-ж атрымаў яшчэ колькі пінкароў і папярэджаньне, што прыстрэляць, калі хоць раз адчыню рот у калёне. Гэта было маё апошняе спатканьне зь вялікім беларускім Паэтам.
Недзе ў дарозе этап падзялілі, і нам, дзясятку нацдэмаў, паведамілі, што вязуць у горад Вятку. У Вятцы нас зьнялі зь цягніка і пасадзілі ў вяцкую турму, а праз два месяцы мяне і іншых адправілі ў Налінск.
* Паводле інфармацыйнага бюлетэню арганізацыі «Амэрыканскія прыяцелі Антыбальшавіцкага Блёку Народаў» (American Friends of ABN. 1952. No. l. P. 6) y CCCP было каля 13 тысячаў турмаў, ня лічачы турэмных будынкаў на тэрыторыі канцлягероў.
** Ромбы на ражках каўняра (на петлицах) — знакі адрозьненьня ў Чырвонай Арміі (былі замененыя на пагоны ў часе Другой сусьветнай вайны). Тут: указаньне на тое, што чэкіст меў высокае афіцэрскае званьне.