ПАСЬЛЯ АРЫШТУ МУЖА...
Марыя Кіпель
Стук у дзьверы чэрвеньскай ноччу 1930 году застаўся ў памяці на ўсё жыцьцё. I‚ на мой пагляд‚ ня дзіва гэта. Ад таго незабыўнага‚ хай сабе і гэтак непрыемнага моманту — часта-часта хочацца‚ каб ён быў забыты, — жыцьцё маё ды тысячаў іншых блізкіх мне людзей‚ маіх сяброў‚ знаёмых‚ пайшло інакш‚ чымся мы плянавалі і летуцелі.
А летуцелі і плянавалі мы служыць Беларусі і будаваць Беларусь‚ і ўсё нашае існаваньне вызначалася беларускім прагрэсам. I калі я ў памяці перабяру тыя кароценькія гады ад 1918-га (тады я чатырнаццацігадовай дзяўчынкай уступіла ў хор Тэраўскага) і да 1930-га‚ на цёмным фоне нялёгкага — ой-жа‚ часамі і нялёгкага! — і даўгога жыцьцёвага шляху тыя гады ўстаюць і аднаўляюцца як сьветлы і радасны момант‚ які гэтулькі нам даў духовага задавальненьня‚ радасьці‚ прыемных успамінаў. Мы‚ маладыя‚ жылі зь Беларусяй. Усё вакол нас ставала беларускім: і менскае апалячанае і абруселае мяшчанства (хоць яно і супрацівілася‚ і мне было крыўдна за іх‚ бо я сама чысьцюсенькая мянчанка)‚ і школьніцтва‚ зь якім я была зьвязаная перш як вучаніца‚ а потым як настаўніца‚ і адміністрацыя‚ і культура‚ і наагул усё-ўсё. Усё ставала беларускім‚ усе гаварылі па-беларуску — ды інакш яно не магло і быць! — і Беларусь ставала на дзяржаўны шлях.
На гэты-ж пэрыяд прыпалі і бадай мае найлепшыя, ўнівэрсытэцкія гады‚ і развой беларушчыны ва ўнівэрсытэце‚ бурныя дыскусіі аб будучыні Беларусі‚ выхад Беларусі з маладняком на ўзвышшы сусьветнае літаратуры (а я была студэнткай літаратурна-лінгвістычнага аддзяленьня) — усё навакол нас жыло Беларусяй.
Нажаль — да болю і сьлёзаў‚ — усё гэта засталося толькі ва ўспамінах. Жыцьцё было наканаванае інакш. Ну што-ж! Змусілі нас пайсьці іншым шляхам. I хоць зьнішчылі шмат — прост цяжка і ўявіць‚ як шмат‚ ды часам здаецца‚ што незалячальна шмат‚ але пад старасьць усё выглядае чарнейшым‚ — беларускага-ж духу ня зьнішчылі, дый ня зьнішчаць.
Тое‚ што сягоньня ідэя адраджэньня беларускае дзяржавы (нацыянальнае дзяржавы‚ а не расейскамоўнага эрзацу) пастаўленая на Захадзе‚ ды тое‚ што ў гэным чырвона-крывавым логаве, Маскве, спарадычна даюць дазволы на рэгабілітацыю — гэта довады‚ што Беларусь не загінула і крочыць наперад. (Цікава‚ шту рабілася ў галовах П. Глебкі і П. Броўкі‚ калі ім давалі дазволы на рэгабілітацыю іхных старых сяброў: Янкі Скрыгана‚ Сымона Баранавых‚ Алеся Пальчэўскага ды іншых? Дарэчы‚ П. Броўка‚ С. Баранавых‚ А. Пальчэўскі‚ А. Салагуб‚ А. Сідарэнка — гэта мае сукурсьнікі на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні пэдагагічнага факультэту БДУ, выпуск 1931—1932 гадоў).
Уноч з 28 на 29 чэрвеня 1930 году да нас у дом ¹9 на Горным завулку (якраз за Вайсковымі могілкамі) рэзка пастукалі. Я адчыніла. Адхіліўшы мяне ўбок‚ у хату ўварваліся (іншага слова я не знаходжу) чатыры чырвонаармейцы са стрэльбамі напагатоў. Адзін зь іх загадаў нікому ня рухацца‚ а мне — падаць дамовую кнігу. Устанавіўшы‚ хто Яўхім Кіпель‚ яго адлучылі і паставілі каля яго варту. Тады пачалі «шукаць»‚ а фактычна ўчынілі пагром. Трэсьлі гадзінаў пяць. Ператрэсьлі ўсё ў хаце‚ у сенцах‚ перавярнулі ўсё на гарышчы‚ у складзіку. Чаго шукалі, не сказалі‚ а калі мы папыталіся — адказалі:
— Молчать.
Нарэшце‚ калі ўжо пачынала сьвітаць‚ Яўхіму сказалі:
— Одевайся‚ пойдем с нами.
I павялі...
Я выглянула ў вакно‚ у кірунку‚ дзе праходзіла Ямная вуліца (цяпер гэтае вуліцы‚ здаецца‚ няма‚ бо пасьля вайны могілкі былі пашыраныя)‚ і пабачыла‚ як вялі Яўхіма: два жаўнеры наперадзе‚ два ззаду. Вось цяпер лаўлю сябе на думцы‚ што пазьней я ў яго ніколі не папыталася‚ дакуль яго вялі пехатою. Што прамільгнула ў галаве за тыя пару гадзінаў — цяжка і ўспомніць і перадаць. Прыбіраючы пасьля пагрому хату‚ думала‚ што гэта нейкая памылка‚ што днём усё выясьніцца‚ што Яўхім вернецца. Але‚ з другога боку‚ пачынала ўспамінаць‚ што Яўхім пару разоў мне перад тым казаў‚ што неяк у Акадэміі неспакойна‚ назіраюцца перамены ў адміністрацыі; перамянілі адміністрацыю і на правінцыі.
Мяне брала роспач: што я буду рабіць‚ літаральна на носе былі экзамэны‚ трэба было памагаць бацьку‚ на руках было малое дзіцё. Аднак я ўсё адганяла ад сябе‚ а думала: гэта памылка.
Надышла раніца‚ я пабегла ў горад‚ цэлы дзень хадзіла па ўстановах і напрыканцы дня раптам усьведаміла: не‚ гэта не памылка‚ гэта жахлівая рэчаіснасьць‚ і мне страшна рабілася думаць аб нечым наперад. Перада мною ясна паўстаў абраз: у тую ноч арыштавалі колькі сот людзей. Я бачыла іхных жонак‚ бацькоў ды родных і каля міліцыі‚ і каля розных камісарыятаў‚ і найбольш каля ГПУ. I каго толькі я не спаткала ў той дзень каля ГПУ! Там былі і людзі‚ зь якімі мы былі знаёмыя праз Акадэмію‚ знаёмыя з тэатру‚ журналісты‚ пісьменьнікі... Ува ўсіх некага ў тую ноч арыштавалі‚ забралі. Ясна‚ ніхто з намі ў той дзень не гаварыў‚ і я нічога нідзе не даведалася. Дзе Яўхім? Што будзе?
Iдучы позна дамоў‚ я‚ аднак‚ выкрышталізавала пераконаньне‚ што гэта невыпадкова‚ што я сама мушу разьвязаць усе хатнія справы ды плянаваць далей. У наступныя дні‚ тыдні і месяцы кола арыштаваных сярод маіх знаёмых штораз пашыралася. Я-ж была заклапочаная тым‚ як здаць экзамэны ды знайсьці працу. Праўда‚ экзамэны хутка скончыліся‚ я перайшла на апошні курс‚ але з працай было цяжкавата. Звычайна знаходзілася колькі лекцыяў‚ аднак гэтага не ставала.
У міжчасе штодня хадзіла пад ГПУ‚ там пад сярэдзіну ліпеня штодня стаялі ўжо тысячы людзей‚ каб даведацца‚ што зь іхнымі блізкімі.
Аднаго дня я пастанавіла дачакацца чаргі да вакенца і можа даведацца‚ дзе-ж Яўхім. I якое-ж было маё шчасьце‚ калі мне гэпэушнік (ён нават здаўся мне прыветлівым!) сказаў‚ што «гражданин Кипель еще здесь» і я магу прынесьці перадачу. Гэта была першая навіна аб мужу‚ і для мяне навіна гэтая была надзвычайная. Праўда‚ зрыхтаваць перадачу была справа нялёгкая. Гэта ня так‚ што пайшоў у краму ды купіў‚ што трэба‚ — зразумела‚ калі ёсьць за што купляць. Вось-жа перада мной стаяла справа‚ што і грошай было мала‚ і трэба было пашукаць‚ дзе купіць‚ бо ў крамах‚ апроч хамсы‚ тады нічога не было. I пачала я абходжваць менскія рынкі‚ каб раздабыць харчоў на перадачу. На Чэрвеньскім рынку ўдалося купіць бохан хлеба‚ на Сураскім — фунт сала‚ тады на Камароўскім — а гэта добрых кілямэтраў шэсьць ад Сураскага — пашчасьціла «дастаць» гародніны. Я была вельмі шчасьлівая‚ што ўдалося склеіць перадачу.
Пазьней нас‚ жонак нацдэмаў‚ сабралася колькі разам: адна бегла па сала‚ другая шукала хлеб і г. д. Перадаваньне перадачаў — гэта быў бадай рытуал! Кожны стаяў у даўгой-даўгой чарзе‚ трымаў клуначак і ў душы маліўся‚ каб прынялі. Бо ці раз бывала: прастоіш блізу дзень‚ а тады літаральна перад носам жаўнер ляпне вакенцам — вось дзень і прапаў. Мне здаецца‚ у тых жаўнераў была моцная асалода — бразгаць вакенцам‚ ды бразгаць моцна‚ каб рэха расходзілася!
Калі перадачы перадаць не ўдавалася‚ бывала асабліва цяжка: яшчэ сала можна было датрымаць да наступнага тыдня‚ а вось хлеб‚ гародніну — немагчыма: трэба было есьці‚ а тады зноў бегаць‚ шукаць.
I вось так цягнулася недзе месяцаў тры-чатыры. Аднойчы ў ГПУ мне сказалі‚ што мужа перавялі ў турму. У турме і Яўхіма, і бадай усіх арыштаваных нацдэмаў (тады‚ наколькі памяць‚ гэты тэрмін ужо прыняўся) пазбавілі права на перадачы‚ але мы ўсё спадзяваліся на «дабрыню» панявольнікаў і доўга яшчэ прыходзілі з клуначкамі пад турму. Часамі нас там‚ пад турмой‚ зьбіралася колькі сотняў‚ а гэта было ў цэнтры гораду‚ дык нас праганялі. Яскрава ў памяці стаяць перада мной старэнькія тады ўжо, таксама з клуначкамі, бацькі Антона Адамовіча. Заўсёды яны прыходзілі разам‚ але і ім‚ мне здаецца‚ не ўдавалася перадаць перадачы.
Увосень стала горай: у мяне зусім не было грошай‚ а працы на апошнім курсе ўнівэрсытэту было вельмі шмат‚ дык аб сталай працы ў школе не магло быць і мовы. Дарэчы‚ у гэты час станавілася ўжо цяжкавата ўладзіцца на працу. Як толькі даведваліся‚ што ў некага сваяк арыштаваны як нацыянал-дэмакрат‚ стараліся ня зьвязвацца. Наагул‚ тагачасны Менск жыў у напружаньні‚ у няпэўнасьці‚ у нэрвовасьці. Хоць большая хваля арыштаў пад канец лета прыпынілася‚ аднак плылі чуткі‚ што рыхтуецца вялікі працэс і што будуць арыштоўваць далей. На чарзе будуць жонкі арыштаваных‚ настаўнікі‚ пісьменьнікі. Цыркулявалі таксама чуткі‚ што шмат хто з арыштаваных быццам-бы прызнаўся ў «злачынствах» і знайшліся сьведкі‚ якія будуць сьведчыць‚ што арыштаваныя тварылі арганізацыю ды рыхтаваліся рабіць пераварот.
Мне ў гэты пэрыяд жылося надзвычай цяжка: не было ні грошай‚ ні прадуктаў. Тут я мушу ўспомніць зь вялікай удзячнасьцю сапраўднага прыяцеля сем’яў арыштаваных — пісьменьніка Міхася Лынькова.
Міхась Лынькоў у той час быў загадчыкам аднаго з аддзелаў Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва (БДВ). Хоць ён і добра ведаў‚ што я ды іншыя (прозьвішчаў не называю знарок‚ бо некаторыя яшчэ жывыя ў СССР) — жонкі арыштаваных (а зь Яўхімам Лынькоў знаўся ад 1920 году‚ і ў Менску яны часта спатыкаліся)‚ аднак‚ калі-б да яго ні зьвярнуліся‚ дык заўсёды можна было атрымаць што-небудзь для перакладу. А зробіш пераклад — вось і капейка‚ і можна неяк перакідацца. I ў самыя цяжкія часіны Міхась Лынькоў нам памагаў. Вялікая яму падзяка і ўспамін! А часы-ж тады надыходзілі жудасныя. Людзі пакінулі выходзіць на вуліцы‚ каб не спатыкацца са сваякамі арыштаваных‚ бо дапамагчы ніхто ня мог‚ а сябе на небясьпеку наражаў!
А час ішоў. Арыштаваных трымалі ў турме‚ сем’ям нічога не казалі‚ настрой у Менску станавіўся ўсё больш напружаны. Раптам навіны: Купала хацеў скончыць самагубствам‚ застрэліўся Iгнатоўскі — сярод арыштаваных не знайшлося ніводнага, хто-б сьведчыў на судзе! Папаўзьлі новыя чуткі‚ што працэсу ня будзе. Нам-жа «на волі» ўсё роўна ніхто нічога пэўнага не казаў. I раптам‚ калі я ў турме неяк дамагалася ўсё-ж нечага даведацца‚ мне буркнулі:
— Арестованного Кипеля здесь больше нет.
Я ледзьве не самлела ад гэтае навіны‚ але калі я пачала дапытвацца‚ а дзе-ж муж‚ дык мне сказалі‚ што яго павезьлі ў Бутырскую турму ў Маскву. Ня памятаю‚ як я дайшла дахаты і што рабіла ў той дзень.
Адно я тады добра ўцяміла: усё, на што ўсе мы спадзяваліся (нібы здарылася непаразуменьне і арыштаваных хутка вызваляць), — толькі мара‚ рэчаіснасьць — гэта іншае. Масква беларускага ўздыму не пацерпіць‚ і перавоз нацдэмаў у Маскву — толькі пачатак даўгога і цяжкога шляху. У той дзень я ў гэтым сама перад сабой пераканалася і‚ як паказалі далейшыя падзеі‚ не памылілася.
Відавочна‚ што не было гутаркі ехаць у ніякую Маскву: не было ні грошай ні патрэбы‚ бо калі нічога нам не казалі блізу год у Менску‚ дык нічога не сказалі-б і ў Маскве. I заставалася мне ды іншым маім сяброўкам неяк наладжваць нашае жыцьцё ды чакаць нейкага разьвязаньня. Было гэта недзе ў красавіку 1931 году. Аднак і мне нядоўга давялося прабыць у Беларусі‚ бо ўжо на пачатку 1933 году, у часе пашпартызацыі, мне таксама запрапанавалі выехаць зь Беларусі.
За дзесяць месяцаў‚ пакуль арыштаваныя сядзелі ў Менску‚ мне было дазволена ў канцы сакавіка 1931 году адно спатканьне з мужам. Цяжка нават і цяпер успамінаць. Спачатку было даўгое чаканьне на вуліцы‚ потым уваход у памешканьне: кругом краты‚ вартавыя. Суворасьць. Я сама са сьлязамі на вачох цягну за руку трохгадовага сына‚ бо дазволілі нам абаім угледзецца з арыштаваным. Тады ў спэцыяльным пакоі — спатканьне ў прысутнасьці сьледчага. Сын усьцешыўся‚ калі ўбачыў тату‚ а нам з мужам стала жудасна. Аб чым гаварыць? Што больш важнае? Муж пытаецца‚ як я даю сабе рады‚ ці маю працу? Я-ж празь сьлёзы пытаюся: а што ў яго‚ як доўга будзе гэта цягнуцца? Прыцішаючы голас муж папытаўся пра нейкае прозьвішча. Я нават і не разабрала‚ пра што муж пытаў‚ аднак сьледчы акрыкнуў‚ каб не шапталіся.
Паўгадзіны праляцела маланкава‚ і сьледчы заявіў:
— Свидание окончено.
Мужа адразу вывелі‚ а нас павялі назад. У мяне ад плачу займала дух‚ але я старалася трымацца‚ мусіла перад сынам. Бо што я магла сказаць трохгадоваму дзіцяці‚ калі ён пры разьвітаньні з татам‚ захлёбваючыся ад сьлёзаў‚ запытаўся‚ чаму тата ня йдзе з намі дахаты.
Мы выйшлі на вуліцу. Там было некалькі чалавек‚ і нехта мне шапнуў‚ што сёньня арыштаваных будуць весьці назад у турму. I хоць ужо пачынала цямнець‚ я пастанавіла пачакаць: ану-ж яшчэ раз удасца ўгледзецца. I ўзапраўды неўзабаве выйшла колькі канваіраў‚ ускінулі вінтоўкі напагатоў‚ а за імі выйшлі некалькі арыштаваных‚ а сярод іх і Яўхім. Канваіры аклікнулі людзей‚ каб не перагаворваліся і не падыходзілі блізка‚ аднак не праганялі. I гэтак я з сынам назіркам выйшла за арыштаванымі. Iх накіравалі ў турму‚ якая знаходзілася на адлегласьці трох-чатырох кварталаў. I гэта было нашае апошняе спатканьне на два з палавінаю гады‚ пакуль не сустрэліся ў высылцы.
Неўзабаве‚ як я ўжо казала‚ усіх нацдэмаў зь менскае турмы перавезьлі ў Маскву ў Бутырскую турму. Калі яны яшчэ сядзелі ў Менску‚ хоць і малюсенькая‚ але дзесьці ўсярэдзіне тлела надзея — а можа выпусьцяць‚ але зь пераводам іх у Бутыркі гэтая надзея поўнасьцю прапала. Заставалася толькі чакаць прысуду ды неяк уладкоўваць сваё жыцьцё. Праўда‚ раз‚ а то і два ў тыдзень‚ калі час дазваляў‚ заходзіла я ў ГПУ: ану-ж нешта даведаюся! Аднак ішлі месяцы‚ а канкрэтнага нічога не было чуваць.
Летам з працай і зусім было цяжка, бо не было дзе выкладаць. Заставаліся толькі пераклады ды сякая-такая выпадковая праца: то ў канцылярыі‚ то недзе карэкта. Хаджэньне па горадзе ды шуканьне падработку ўскладнялася і тым‚ што сям-там ужо пачыналі пытацца: «А чаму вы ня маеце сталае працы?» Адказваць праўду на гэткае пытаньне — азначала і далей ня мець працы. I тым ня менш‚ мы ніколі не хаваліся і казалі праўду. Мушу сказаць‚ што шмат у якіх установах ставіліся і сымпатычна. Гэтак‚ як я ўжо ўспамінала‚ заўсёды даваў падрабіць у выдавецтве Міхась Лынькоў. Часта даваў працу на дом і Янка Маўр. Шмат атрымвалі падработкаў жонкі нацдэмаў і ў Наркамземе‚ і ў пісьменьніцкіх арганізацыях.
Жыцьцё ўскладнялася вельмі і тым‚ што было цяжка «даставаць» прадукты. I вось у дапамогу рынку прыходзіў «Торгсин» (расейскі скарот — торговля с иностранцами). Гэта ў пачатку 30-х гадоў у вялікіх гарадох былі паадчыняныя магазыны‚ у якіх на золата можна было купіць усё‚ што хочаш. Праўду кажучы‚ куплялі толькі самае неабходнае‚ каб выжыць. У Менску «Торгсин» быў адчынены на Савецкай вуліцы. Несьлі ў «Торгсин» усё‚ што было залатое ў хаце: падараваныя бабкай завушніцы‚ пярсьцёнкі‚ крыжыкі‚ старыя гадзіньнікі. У дадатак да рынку‚ «Торгсин» быў напачатку падмогай. Аднак ненадоўга. Адкуль-жа ў нас магло быць золата!
Клопаты аб ежы і працы займалі бадай што ўвесь час. Аднак‚ хоць і пачынала прыстасоўвацца да новага спосабу жыцьця‚ у галаве заўсёды сядзела думка: а што будзе з мужам?
I вось аднойчы‚ здаецца‚ напрыканцы лета, у ГПУ мне сказалі‚ што Яўхім Кіпель асуджаны «тройкай» і высланы на пяць гадоў у горад Налінск Вяцкай вобласьці. Першая мая рэакцыя была: аж пяць гадоў! Зашто?! I дзе гэты Налінск? Аднак я сябе апанавала. Дома на карце знайшла Вяцкую вобласьць; праўда‚ Налінска на карце не было. I ў гэты дзень я‚ ужо значна загартаваная‚ пачала плянаваць сваё жыцьцё. Думала: знайду сталую працу‚ сын крыху падрасьце‚ неяк ператрываю. I тым ня менш‚ жыцьцё аказалася шмат цяжэйшым‚ чым я дапушчала і плянавала.
У ГПУ я больш не заходзіла‚ аднак стала спатыкалася зь сяброўкамі — жонкамі іншых нацыянал-дэмакратаў. Хутка я даведалася‚ што ў тэй мясцовасьці‚ куды быў высланы Яўхім, знаходзіліся А. Адамовіч‚ М. Азбукін‚ У. Жылка ды шмат іншых.
Прыпамінаю‚ надыходзіла восень. Мне пашчасьціла дастаць сталую працу ў выдавецтве (дапамог шчыры беларус‚ які і сёньня* яшчэ жыве‚ таму прозьвішча ягонага не называю). Але пражыць‚ як той казаў‚ з адных рук у тыя часы было цяжка. Узяла я пару лекцыяў у сярэдняй і вячэрняй школах. Найцяжэй было з сынам: пакідаць яго дома не было як‚ бо бабкі не было (памерла ў 1928 годзе)‚ а дзед быў хворы і патрабаваў дапамогі таксама. Пастанавіла я сына аддаць у дзіцячы садок. Аднак аказалася‚ гэта справа нялёгкая. У некаторыя садкі‚ што па дарозе да мае працы‚ яго не ўзялі‚ бо тыя садкі або былі перапоўненыя‚ або‚ як даведваліся‚ што муж арыштаваны‚ то ня бралі. На шчасьце‚ неяк скокам-бокам удалося мне яго прыстроіць у садок працаўнікоў асьветы (Дом Настаўніка).
Ніколі не забудуся тае зімы. Як цяжка было адводзіць яго ў садок‚ устаючы а 6—7-й гадзіне, весьці трохгадовае дзіця ці ў дождж‚ ці ў сьнег кілямэтры тры-чатыры (гарадзкі транспарт быў толькі ў цэнтры гораду‚ а жылі мы на ўскраіне)‚ тады бегчы на працу і забіраць гэтае дзіця вечарам а 9—9:30 ды весьці дахаты‚ каб назаўтра раніцай паўтараць тое самае. Думаю‚ што маткі першыя зразумеюць мяне. Бывала‚ прыйдзеш а 9-й гадзіне ў садок‚ а гэтыя дзеткі сядзяць на падлозе заснуўшы‚ чакаюць. Расштурхаеш яго‚ а ён ізноў засынае. Потым плач‚ цягнеш гэтае дзіцянё за ручку‚ а яно сьпіць. Ой‚ як маткам бывала цяжка! Лепш сябе адчувала‚ калі за дзень удавалася недзе дастаць нейкую цукерку‚ тады было лягчэй. Прыйшоўшы дахаты‚ трэба было ўсё зрабіць у хаце‚ дагледзець бацьку‚ ну і легчы пасьля паўночы спаць.
Гэтак прайшоў 1931 год‚ пачаўся 1932. Арышты‚ здаецца‚ прыпыніліся. Праўда‚ заўважалася ва ўстановах‚ што прыбывалі новыя‚ незнаёмыя людзі. У школах трэба было пільнавацца‚ якія ўжываць падручнікі. Шмат падручнікаў было сканфіскавана‚ у тым ліку і падручнікі‚ у якіх суаўтарам быў Яўхім. I тым ня менш‚ здавалася‚ што ўціхамірылася. Нажаль‚ ненадоўга.
У другой палове 1932 году пачалі арыштоўваць узноў. Праўда‚ цяпер гэта былі толькі паадзіночныя арышты‚ але людзі ўзноў насьцярожыліся.
Пад канец 1932 году папаўзьлі чуткі‚ што будзе праводзіцца пашпартызацыя. Людзі пачыналі хвалявацца. Асабліва тыя‚ у каго можна было знайсьці нейкую зачэпку. Я таксама вельмі хвалявалася‚ бо арышт і высылка мужа — гэта ўжо добрая зачэпка.
Надышоў 1933 год. Пачалася пашпартызацыя. Напружанасьць узрастала‚ і я інтуітыўна адчувала‚ што будзе мне ліха. Так яно і сталася. Аднойчы на пачатку году мяне паклікалі ў канцылярыю і адразу запыталі: «Дзе ваш муж?» Адміністрацыі і без пытаньня было ведама‚ дзе мой муж‚ аднак мусілі трымацца пратаколу. Я адказала‚ што муж мой высланы. Наступнае пытаньне было: «Зашто?» Я на гэта адказала. Больш мне пытаньняў не задавалі і сказалі‚ што магу ісьці. Праз два дні‚ у канцы тыдня‚ мне сказалі‚ што я звольненая. У службовай кніжцы мне напісалі: «Звольненая з працы як непатрэбная». Узноў хмары згусьціліся над маёй галавой. Вось і паспрабуй з такім запісам у службовай кніжцы шукаць працы! Безнадзейна. Дзе ні ткнешся — адказ адзін: «Вакантных месцаў няма».
I гэта быў толькі пачатак. Сталае працы ня маеш‚ пашпарта не атрымаеш‚ а бяз пашпарта не прыпішуць‚ а без прыпіскі — ня маеш права жыць у Менску. Я добра ведала‚ што гэта абазначала‚ і адцягвала ісьці ў міліцыю. Сябры раілі выяжджаць на раён‚ але я не хацела‚ бо ведала‚ што там пачнуць спачатку: чаму зьнялі з працы‚ а дзе муж і г. д. Месяц-два яшчэ лазіла па Менску‚ а ну-ж знайду працу‚ тады мо атрымаю пашпарт‚ ну і буду неяк цягнуць. Але гэта былі толькі мары — жыцьцё аказалася іншае. Прыйшоў дзень‚ калі мне сказалі‚ што пашпарта не дадуць і мне трэба зьмяніць месца жыхарства. Да гэтага часу ўжо некалькі маіх сябровак не атрымалі пашпартоў‚ і ім проста запрапанавалі выехаць за межы Беларусі. Калі я ў тым пашпартным стале спытала‚ а што-ж рабіць‚ то мне проста адказалі:
— Вы самі разумееце‚ куды вам найлепей выехаць. Чаму вам не паехаць у тыя краі‚ куды едуць вашыя знаёмыя‚ куды паехаў ваш муж?
Справа была ясная: у Менску заставацца болей не было як. Я выбрала месца жыхарства горад Налінск‚ за пару тысячаў кілямэтраў ад Беларусі.
Як потым выявілася‚ гэтак можа было і лепш. Пазьней‚ у 1934—1935 гадох‚ некаторых жонак нацдэмаў‚ што неяк затрымаліся ў Менску‚ паарыштоўвалі і павысылалі ў канцэнтрацыйныя лягеры: на Поўнач‚ на Камчатку‚ на Далёкі Ўсход (прозьвішчаў зноў не называю‚ бо некаторыя яшчэ жывуць‚ дык маглі-б мець прыкрасьці).
Цяпер‚ калі я была на становішчы бяспашпартнай і беспрацоўнай‚ паўстала ў мяне праблема‚ як ехаць: грошай не было ні капейкі. Мужа дык хоць вывезьлі‚ як кажуць, на казенный счет‚ а мне трэба было думаць і аб грошах на дарогу. Прыйшлі на дапамогу добрыя людзі.
Была ў мяне адна сяброўка‚ зь якой я працавала ў выдавецтве‚ — Жэня Перская. I вось зьвярнулася я да яе‚ каб пазычыла мне рублёў сто. А яна мне ў адказ:
— Што-ж ты‚ Маня‚ з сотняй будзеш рабіць — нб табе трыста.
На мой удзячны адказ і засьцярогу‚ калі я сплачу‚ яна сказала:
— Будзеш жыць — сплаціш‚ не хвалюйся.
Бязьмежна я была ёй удзячная! Грошы сплаціла за пару год‚ калі ў высылцы атрымала працу (Жэня згінула ў менскім гета‚ здаецца‚ у 1941 годзе).
Пад сярэдзіну—другую палову 1933 году ўжо шмат жонак нацдэмаў выехала зь Менску. Праўда‚ мушу сказаць‚ што ня ўсе жонкі нацдэмаў згаджаліся на такую долю. Некаторыя адракліся мужоў‚ сталі савецкімі актывісткамі‚ павыходзілі нанова замуж (Курыловіч‚ Багданская ды інш.). Бальшыня-ж‚ аднак‚ засталася вернай і мужом‚ і сем’ям‚ і беларускай ідэі ды пайшла на высылку.
Раздабыўшы грошы‚ пачала і я рыхтавацца да выезду. I ў канцы лета паехала: спачатку цягніком на Маскву‚ потым Казань‚ Вяцкія Паляны‚ параплавам па Каме‚ Вятцы да маленечкай прыстані Мядзьведкі‚ потым коньмі і пехатой у горад Налінск. Па дарозе мяне абакралі‚ абчысьцілі бадай ушчэнт. Так мы з малым сынам пачалі новы этап жыцьця — далёка ад Беларусі.
I вось цяпер‚ калі я аглянуся назад на пройдзены жыцьцёвы шлях жонак нацдэмаў — а іх былі тысячы і тысячы‚ — сьціскаецца ад болю ў грудзёх‚ нельга стрымаць сьлёзаў за пакалечанае жыцьцё‚ але таксама становіцца і радасна‚ што‚ як і тым жонкам дзекабрыстаў‚ гэтак шырака расьпетым‚ і нашым беларускім жанчынам ёсьць за што ганарыцца і трэба ганарыцца — за ідэйнасьць і вытрываласьць у жыцьці.
* Гэтыя ўспаміны былі надрукаваныя ў газэце «Беларус» y 1980 годзе.