ЮБІЛЯР
Рыгор Крушына
(Рыгор Казак)
2003г. © Ігар Казак
1.
У сувязі з маім юбілеем /гэта-ж не жартачкі—пяцьдзесят год мастацкай дзейнасьці!/, я хачу вам, мае паважаныя сябры, выказаць сваю глыбокую падзяку за вашу дапамогу мне ўладкавацца тут, у вольным сьвеце, за вашу прыязную прыхільнасьць да маіх творчых выяваў і да мяне самога, як чалавека.
Я таксама шчыра дзакую нашым жанчынкам, добрым беларускім гаспадыням, якія гэтак старэнна спрычыніліся да падрыхтоўкі банкету ў гонар юбіляра, ды нагатавалі вось тут плойму смачных пачастункаў.
Вы ня можаце сабе нават уявіць, як сын няпісьменных бацькоў, лапцюжных сялян, вылузаўся зь цемры і галечы! Мне было дзесяць год, калі я з торбачкай кніжак бег за восем кіламетраў у сельскую школу. Там выявіўся мой талент. За мае прыгожыя малюнкі настаўнік мяне часта абдарываў падарункамі. На вачох усіх ён падносіў мне кніжку, алавік ці акварэльныя хварбы. І вучні зайздросьцілі мне.
Ад таго часу разьвіналася мая культурная і мастацкая дзейнасьць. Я маляваў ахфішы для тэатраў і на гэтым добра зарабляў. Мяне цягнула да свабоднага мастацтва. Я захапляўся ў той час рознымі плынямі, асабліва псюррэалізмам.
Аднойчы я намаляваў крамлёўскую вежу. Усё як мае быць—пад чырвоны колер. А на ёй зорку. Ды каб лепш, выразьней выглядала, падмазаў яе чорнай хварбай.
І што вы думаеце? Мне прышылі антысавецкую агітацыю. Сьледчы на допытах сваё горла дзёр. “Ах ты, контрык паганы,” крычэў ён, “што надумаў? Чорную зорку заміж чырвонай? Чаму ня сьвеціцца рубінам? Я табе пакажу псюррэалізм!”
І прыпяклі мне дзесяць год. Але мне пашчасьціла. Тры гады ў лягерах адпакутваў і выпусьцілі. На усё трэба галаву мец!
Пра тое, як я вырваўся з тога пекла, раскажу іншым разам. Цяперака не хачу псаваць сьвяточнага настрою. Лепш падымем чарку за росвкіт культуры і мастацтва ў нашым асяродзьдзі.
Эх, і моцная гэтая сьмірноўка, ліхачка яе! Аж нутро пячэ. Але нічога, дадзём рады, прагонім зараз пякучку салоным гурочкам... Ці можа лепш тым грыбком? Вось тут бачу—і вінігрэцік, і квашаная капустка. А вунь там, на тым ўскраі стала міска з чорнай ікрой. Добрая закусь! Але чамусьці далёка ад юбіляра стаіць. Калі ласка, даражэнькія, бліжэй да мяне падсуньце тую місачку. Дзякую.
Міла і прыемна пачуваюся я ў сваёй кумпаніі сярод зычлівых беларусаў. Хачу запэўніць вас, што я таксама, як і вы, шчыры патрыёта і нацыянальныя інтарэсы ў нас з вамі супольныя. Я ад самастойнага карняплоду беларус. І маё сапраўднае прозьвішча чыста беларускае: Лежня.
Дарагія сябры, перад вамі я раскрываю свае карты, сваю біяграфічную таямніцу. Быў я Лежня, а цяпер Ляжнёў. Вам гэта зразумела. Вынік гістарычных падзеяў. Але ёсьць і іншая прычына.
Беларускія прозьвішчы амаль усе куртатыя: Бурак, Прымак, Мятла, Квач, Струк і гэтак далей. І таксама Лежня. Навукова кажучы, плебс вульгарыс. Славутыя ў нашым народзе гэта разумеюць і гэныя хіба выпраўляюць, дачапляюць да нязграбнага прозьвішча далікатны хвосьцік—оў ці ёў. Возьмем для прыкладу. На Беларусі ёсьць прозьвішча Чарвяк. А як выйшаў чалавек у людзі, займеў высокае становішча, дык ён ужо Чарвякоў.
Гэта аксыёма і неаспрэчны хвакт. Адсюль ідзе паралель. Мой бацька—Халімон Лехня, просты, няпісьменны мужык. Ну, а я, можна сказаць, на алімпе; паважаны дзеяч беларускай культуры й мастацтва. Ведамы цяпер ня толькі на бацькаўшчыне, але на ўсім сьвеце—у Эўропе, Амэрыцы, Аўстраліі. Мая мастацкая праца на міжнароднай выстаўцы. Дык як-жа мне вытыркацца зь несамавітым прозьвішчам, з тэй мянушкай, якую некалі памешчык даў майму працавітаму дзеду? Зразумела, бяз усякага пардону, трэба прыстасавацца да новых абставінаў. І я прыстасаваўся.
Цяпер я магу ўсюды хораша адрэкамэндавацца: Супрон Халімонавіч Ляжнёў. От ужо бачу зьдзіўленьне і крывыя ўсьмешкі. Мабыць не падабаецца, што апрача свайго імя, я таксама і майго тату прыгадваю.
Я ведаю, што ня толькі на эміграцыі, але і на бацькаўшчыне няпрыхільна ставяцца да гэткага, як кажуць, расейскага звароту.
У часапісе “Полымя” /тут у Ню-Ёрку ўсе савецкія пэрыядычныя выданьні можна дастаць/ я прачытаў артыкул аднаго пісьменьніка. Ён даводзіць, што беларусы практычна не карыстаюцца імём бацькі. Можа яно і гэтак. Аджа ў мяне ёсьць свая аргумэнтацыя. Я кажу вам, няма ў нас інтылігенцкай шліхоўкі. Трэба шмат павучацца, браць прыклады ад суседзяў.
Быў я калісьці на сяле пад Масквою. Вось дзе культура! Там нават да дзіцяці гавораць з пашанай. Па бацьку вялічаюць. Маці ў патрэбным часе прыхіляе немаўлятка да сваіх грудзей дый кажа:
--Іван Пятровіч, вазьмі ціці...
А ў нас занадта ўсё проста і груба. Да старога—як да пастуха. Гукаюць: Янка! Юрка! Цішка! Добра яшчэ, калі дзядзькам абзавуць разам зь імём. Ато, звычайна дзеду кажуць: таварыш. Выбачайце, ну за сталом кажучы, хіба смаркаты блазьнюк сіваму дзеду таварыш? Няма людской пашаны. Прызнацца вам, саладзей сэрцу, калі зварочаюцца да мяне гаспадзін ці пан. Або найлепш, як у Амэрыцы—містэр. Слова “містэр” паходзіць ад “містэрыі”. Гучыць паважна.
А ўсё-ж такі прыямней пачуць гэткую пачцівасьць: Супрон Халімонавіч. Майго пагляду трымаецца і мастак Пырнік. Ён пазалетась у маёй майстэрні працаваў. Хварбы мяшаць ён можа, але мастак зь яго...грэх! сьмеху варты. А гонар мае. Васілём яго не назавеш. Патрабуе, каб абавязкова і па бацьку. Цішком ды ветліва дае да зразуменьня: “Васіля тут няма, а Васіль Васільевіч да вашай дыспазыцыі”.
І ўсе яго паважаюць. Ніводзін не адважыцца сказаць проста: Васіль. Нават сябры, якія зь ім на “ты” і па плячы яму ляскаюць, інакш не гавораць, як Васіль Васільевіч. Бачыце, Пырнік сабе цану ведае.
Ня меншую цану сабе ведае і Ганна Піліпаўна Пшык. Яна цяпер жыве ў Каліхворніі. Паводля ейнага сведчаньня, у Менску скончыла кансэрваторыю. Сьпявала ў тэатры опэры й балету. Была ў Маскве на хвастывалі. Можна паверыць. Жанчына, я сказаў-бы, ня першай маладосьці. Сараковачка. Але Васіль Васільевіч Пырнік матыматычна мне давёў, што мадам Пшык у тагачасным часе была пяцёхгадовай дзяўчынкай. Пазней, ён казаў, у яго былі рамансы з Ганнай Піліпаўнай. І ейныя натуральныя гады не хаваліся. І таму бяз падлікаў ўсё ясна: ніякай кансэрваторыі, ані тэатру. Адным словам, эквілібрыстыка ў тумане.
Ат, ужо залішняе пляту. Годзе перамываць чужую бялізну. У кажнага свой грэх.
Тутака я ўспомніў Ганну Піліпаўну не дарма. Заслугоўвае асаблівай увагі. Гэта ня важна, ці была яна тэатральнай зоркай, ці не. Квінтэсэнцыя ў тым, што гэтая жанчына ёсьць зорка ветлівасьці і тонкай выхаванасьці.
Памятаю, аднойчы ў гутарцы са мной яна сказала: - Дарагі Супрон Халімонавіч, вас чакае бліскучая будучыня. Вы гэніяльны мастак! З чулым сэрцам, з палымянай душой. Ваша мастацкае вока бачыць пэрспэктыву. Я гарачая прыхільніца вашага таленту.
Сказала гэтак мацыянальна, аж я расчуліўся. Мой калега Андрэй Пташнік, як даведаўся пра высокую апінію, зьмяніў да мяне сваю тактыку. Раней пасьміхваўся, зьдзекліва перакручваў: Супор Хамільёнавіч, Ліхамонавіч, Падхалімонавіч. А цяпер да мяне, як належыць, бяз кепікаў. Бачыць мае дасягненьні ў мастацкай працы, віншуе і зычыць далейшых посьпехаў. Вось як павярнулася мая хвартуна!
Мяне, Супрона Халімонавіча, ушануюць вякі і народы. Я гэта ведаю, вычуваю інтуіцыйна і таму нястомна трымаю ў руцэ паўлітру. Выбачайце! палітру. Язык зьбіўся з тропу. Дык от што! Трымаю, значыцца, палітру найярчэйшых хварбаў і мая прадукцыя займае пачэснае месца на міжнародных выставах. Адно шкада, тутэйшыя крытыкі ацанілі нашых мастакоў ня зусім справядліва. Я, быццам-бы, належу да вонкавай структуры таленту, а Пташнік—да нутраной. А што да Янкі Турайца, дык яго залічылі да цёмных талентаў. Відаць, яшчэ не разабраліся ў ягоным жывапісу.
Прызнацца, у мяне свая школа мастацтва: экспэрымэнтальны сэксуалізм. Дыханьне часу адчуваю. Таму і кірунак адпаведны. Малюю, на прыклад, гэткі пэйзаж: дохлыя пацукі на жоўтым пясочку. Зірнеш і адразу ўявіш сабе—людзі грэюцца на сонечным пляжы. Тут ужо, бачыце, структура таленту—і вонкавая і нутраная—сплачыліся ў адно цэлае. Нешта выяўляецца грандыёзнае ў маім мастацкім прагрэсе.
Ды што казаць! Крытыкі не разумеюць сапраўднага мастацтва. Адно начапілі сабе ярлыкі дактароў і прахвэсароў. Пішуць нейкія навуковыя трактаты. Некаторыя зь іх нават і вышэйшую асьвету маюць. А што за карысьць зь іхнай вучонасьці!
Я—сказаўшы між намі—сямёхгодку скончыў, дый тое правізарычна. А як высока падняўся!
Ня дыплём, а галава кіруе чалавекам.
Сяньня я ўжо, можна сказаць, карыхвэй мастацтва. Мая ўзорная майстэрня прыцягвае ўвагу акадэмікаў. Усе да мяне зьвяртаюцца за парадай, шукаюць кансультацыі на высокім ўзроўні. І Пташнік таксама слухае мае прапановы, але робіць выгляд, быццам ён самастойна ідзе да бліскучых ідэяў. Ну, дык хай сабе хвігуруецца. Я ведаю: ён зораў зь неба ня зрывае. Які ён мастак, вы самі бачыце. Ня буду яго за вочы ганіць. Цікава, што яго няма тутака. Мы зь ім старыя сябры. Некалі разам у пачатковую школу хадзілі. Потым Андрэй далей пайшоў вучыцца. Мастацкую акадэмію скончыў... Ну, а я... цялятам хвасты накручваў, пугай ляскаў ды зь вясковымі дзеўкамі на вечарынках кадрылі круціў і... усё такое, пра што ўголас не гаворыцца. Пазьней неяк вырваўся ў горад. Мой талент знайшоў сваю дарогу бяз школы, бяз людзкой дапамогі. Потым я перебраўся ў Менск, у культурны цэнтар. Зусім іншае асяродзьдзе: пісьменьнікі, мастакі, акторы, інжынеры ды рознага гатунку вучоныя.
У той час маладому мастаку раскрывалася шырокае поле дзейнасьці. Я меў страшэнны посьпех. А ня буду выхваляцца. Мая сьціпласьць не дазваляе спыняцца падрабязьней. Навошта тое даўняе, мінулае варушыць?
Я маю цікавейшыя мамэнты. Раскажу вам пра маё падарожжа па Эўропе. У мінулым годзе Андрэй Пташнік выляцеў самалётам зь Ню-Ёрку ў Нямеччыну. Зайграў творчы імпульс і ў мяне. І я наважыўся паляцець.
Даўней на бацькаўшчыне мы з Пташнікам службовыя пуцёўкі даставалі. На Каўказ ці ў Рэсэхварэсер. Ух, праклятае слова. Цяжкое, грувасткае. Кульгаю на гэтым. Але за кілішкам, здаецца, правільна вымаўляю. Дык вось як было тады. Маршрут—чыгункай. Падарожжа даволі абмежаванае. І ўсёж-такі—багатыя ўражаньні і адсюль зразумела ў мяне сымуляцыя творчай працы. Што? Нехта выгукнуў: стымуляцыя. Дарэмна папраўляе! Я ніколі не памыляюся. Гэты словы маюць аднальковы сэнс. Вы разумееце? Дык вось, дзеля парадку, прашу ў далейшым не рабіць мне карэкты, не зьбіваць з галоўнай думкі.
Пра што я казаў? Ага! Даўней я меў малыя падарожжы, пуцёўкі ў савецкія раёны. А цяпер уся Эўропа на далоні. Сядай у самалёт і бяз ніякіх пуцёвак. Перад вачыма зусім іншы гарызонт. І я, значыцца, надумаў. Пагутарыў з нашымі беларусамі. Вытлумачыў ім свае праекты. Былі задаволеныя. Усё робіцца, зразумела, дзеля нацыянальнае справы.
Памятаеце, якія праводзіны былі? Наладзілі мне адмысловы вечар. Урачысты банкет. З гарэлкай і шумпанскім. З музыкай Лёні Перцева. З гарачымі прамовамі маіх прыяцеляў. А на развітаньні—падарункі, пацалункі ды розныя камплімэнты.
Адным словам, выпраўлялі як прынца. Ускладалі на мяне вялікія надзеі. На тым вечары мая жонка ня прысутнічала. А можа гэта і ляпей. Безь яе я чуюся вальней у кумпані. Няма строгай кантролі. Звычайна мая старая штурхае мяне пад локаць: гарэлкі больш ня пі, языком не мяньці. Бачыце, сяньня, на маім юбілейным, яе таксама няма. Яна ў мяне прынцыповая гаспадыня, пільнуецца сваей хаты. Перасылае празь мяне вам усім сардэчныя прывітаньні. А мне пры гэтым усялякія наказы і перасьцярогі. Баба мае клопат, а я свой інтэрес. Ведаю, як трымацца. Яшчэ па чарачцы шмарганём, як казаў народны паэта. Не памятаю хто. Цяпер гэтых народных распладзілася—на пальцах не пералічыць.
Ну і няхай сабе плодзяцца. А мы селядцом закусім. І яшчэ па аднэй... За маё і за ваша здароўе!
Я кажу вам, праводзіны былі элеганцкія. З музыкай, з кветкамі. Нашы грамадзкія дзеячы праводзілі мяне і на аэрапорт. Там яны частавалі віном ды нейкім далікатэсам. Мая жонка таксама праводзіла. Перад адлётам мне бубніла:
--Упяршыню ляціш, Супроне! Будзь асьцярожным. У самалёце не націскай ніякіх кнопак. Ня стой блізка каля дзьвярэй. Барані Божа, раптам адчыняцца і ты выпадзеш у акіян.
Вядома, жанчына заўсёды хвалюецца. А я не баязьлівы. Я сьмела пайшоў па лесьвіцы ў самалёт. Прыгожая сьцювардэса паказала, дзе трэба сесьці. Месца каля самага акенца. Потым яна памагла мне прывязацца да крэсла. На паяску спряжка дурная, сам ніяк ня мог справіцца.
Самалёт набраў вышыню. Сыгнал: разьвязацца. Ізноў маруда. Спражку неадчапіць. Сьцювардэса з ласкавай усьмешкай падбегла да мяне і вызваліла з гэтых путаў. Потым розныя джуйсы падносіла. Нейкую шпульку ўгары пакруціла, падзьмуў ветрык. Пыталася пра маё самаадчуваньне. Я матнуў галавой. Маўляў, нішто сабе, усё ў парадку. А напраўду—было ўпачатку гэтакае, быццам нехта мне ў вушы цьвікамі пароў. Красуня пыталася, чаго я хачу: Каняку? Лікёру? Віскі? Кавы? У самалёце ўсяго багата, не раўнуючы, як тутака на маім юбілеі. А якая абслуга! І кіно, і музыка, і ўсякія забаўкі.
Зірнуў у вакно. Самалёт ляцеў плаўна, спакойна. Унізе хмары, як статак белых авечак. Сонца зыркае... Сінь нябёсная... Наагул, дзівосы велічы. Гэта-ж для мастака, можна сказаць, пачатак творчага натхненьня.
Вы, напэўна, бачылі мае эськізы? Усім яны падабаюцца. Пададзеныя ў эратычным аспэкце.
2.
Ня буду адхіляцца ад галоўнай тэмы. Прыбыў, значыцца, у Мюнхэн. Сустракаў мяне мой добры сябра, як вам ведама, Андрэй Пташнік.
Быў ён у піўным настроі, вясёлы і гаваркі. У Мюнхэне, маўляў, “актобар-хвэст”. Уся Баварыя за кухлем сядзіць. Па абедзе селі мы ў таксі і махнулі на той кірмаш.
Чаму я кажу “сусьветны”? Прыязджаюць ня толькі з баварскіх вёсак на гэны кірмаш, з розных краінаў людзі пруцца, цікавяцца. Нават і дацкая каралева, кажуць, на карузэлі круцілася.
Мяне-ж асабіста гушкалкі ды ўсякія буды з хокусамі ня цікавяць. Гэтулькі народу, аж не прабіцца!
На тым кірмашы купіў я сабе зялёны капялюшік зь пяром. Прыкрыў лысіну, каб сонца не пякло ды каб ад дзявочых вачэй схаваць брак. Няёмка прызнацца, але сапраўды—маладзіцы пазіралі на мяне прагна і спакусьліва.
Паштурхаліся мы крыху ў натоўпе. Я Андрэя за руку трымаў, каб ня згубіцца. Потым зайшлі ў кураедню. І там людзей поўна.
Капялюша здымаць ня трэба. Усе сядзяць у галаўных уборах. П’юць піва з літровых кухляў. Дзяруць рукамі курку, ядуць бяз хлеба ды абсмоктіаюць свае пальцы.
Падала хройлен і нам. А мне—толькі мне аднаму—прынесла нажа, відельца і хлеба лустачку. За такую пашану пры разьліку я пару лішніх марак не пашкадаваў.
Выходзячы з той будыніны, каля дзьвярэй убачыў вялікае крывое люстра. Зірнуў я—і сябе не пазнаў: таўсты жывот, чырвоны твар і зялёны капялюш. Сапраўдны баварац! А Пташнік у люстры як гарыла.
Пасьмяяліся абодва і пайшлі шукаць прыгодаў. Кірмашовае піва падбадзёрыла. Я пачуваўся весела і вольна, як некалі ў роднай вёсцы.
Дастаў цікавую пстрыкаўку—папяровага вужа, і забаўляўся ў натоўпе. Дзяўчаты сьмяяліся і мне падміргавалі. Усё гэтак проста і непасрэдна.
У Баварыі, шчыра кажучы, народ ветлівы. П’юць піва шмат, але далікатнае абыходжаньне.
Тым часам, калі мы з Андрэем елі кураціну, побач сядзела дзяўчына. Маладзенькая і прыгожая, як мая дачка. Жлукціла піва, да мяне пяшчотна лашчылася і казала: -- Опа, опа!
Тады я не разумеў, што гэта азначае. Пазьней, перабраўшы нямецкія слоўнікі, даведаўся, што яна мяне абзывала дзедам. Ах, ліхачка! Навошта я ёй усьміхаўся!
А можа ўсёж-такі я памыляюся? Можа яна словам “опа” намагалася па расейску мне нешта выказаць? Ці-ж варта маракаваць!
Дык вось, даражэнькія, яшчэ па чараццы, каб дома ня журыліся.
Пайшлі мы, значыцца, праз натоўп напрасткі. Потым збочылі ўправа. Перад вачыма паўстала вялічэзная каменная хвігура. Гэта—славутая баварская баба. Падыйшлі да яе бліжэй, ажно і там народу поўна. Адны стаялі ў чарзе, другія выходзілі з чэрава каменнай бабы.
Купілі мы бялеты на ўваход і чакалі можа зь якую гадзіну. Нецярплівасьць, як у маладыя гады. І Пташніку таксама не цярпелася, на свой гадзіньнік пазіраў.
А хвост варушыўся паволі. Нарэшце дабраліся да дзьвярэй, увайшлі ў нутро. Вузенькая крутая лесьвіца. Пайшлі ўгару. Наперадзе Андрэй, я за ім. Вышэй, за колькі крокаў ад нас, тупала жанчына. Раптам яна спынілася, цяжка дыхаючы. Павярнулася назад, каб сыйсьці ўніз. Мабыць страх адолеў. А як разьмінуцца? Пташнік мае шырокую камплекцыю, дый тая кабета—ня жэрдка.
Пачалі праціскацца. У яго нават гузік на сьпінжаку адарваўся, і жывот разбалеўся. А мне нічога. Пры ўсякай сытуацыі магу пралезьці.
Люблю я з вышыні пазіраць. У прыгожай абстаноўцы ды на мягкім крэсле. А ў каменнай бабінай галаве—пустэча. Маленькая каморка бяз мэблі. Там, дзе вочы скульптуры—два акенцы. Праз кожнае можна пабачыць кірмаш і суседнія будынкі. І больш нічога.
Не разумею, што за дурні ходзяць на гэткае відовішча. У чарзе доўга стой, потым па сходцах угару тупай, і не пасьпеў агледзецца, а ўжо зьнізу гукаюць, каб баржджэй дадолу спушчаліся. Людзі чакаюць няўсьцерп, хочуць нештачка паглядзець. А напраўду, у тэй бабінай галаве, выбачайце, хвігу бачыш. Ды яшчэ ногі баляць ад стомы. Ніякай прыемнасьці.
Зусім што іншае—новая тэхніка. Напрыклад, тэлевізыйная вежа ў Мюнхэне.
Другога дня з Андрэем на алімпійскі стадыён паехалі. Не абмінулі і тую вежу. Увайшлі туды ў кабіну. Дзьверы раптам зачыніліся і кабіна шуганула аж пад самае неба. Угары вялікі рэстаран. Сьцены—суцэльныя вокны.
Селі мы за столік. Абслуга першаклясная. Прынесьлі нам пляшку белага віна і смажанага хвазанчыка з брусьніцамі, а на дысэрт нейкія пудыньгі.
Падлога, як на карузэлі, найкруга паволі рухаецца. Перад вачыма шырокая панарама. Мы сядзелі як паны і сузіралі навакольле. Любата і асалода! Усё дзякуючы сучаснай тэхніцы. Тэхніка ўсюды прыдатная. І нашаму брату, мастаку, яна таксама на паслугах. Людзі цяпер кідаюцца на мадэрнае, а ў мастака часамі бракуе кемлівасьці на розныя кампазыцыі. Тады канечне выручае тэхніка. Ёсьць, ведаеце, адмысловая электрычная прылада: кружыцца дыск, на палатно хварбу распырсквае і такім чынам хітрую дэсань малюе. Абстрактнае мастацтва!
Мікіта Тычка казаў мне, што на гэтым ён шмат зарабляе. Што-ж, у кажнага свой спосаб заробку. Я асабіста трымаюся іншага мэтаду: бліжэй да народу. Праз кантакты зь людзьмі ўзнікаюць творчыя задумы і без махлярства грашовы прыбытак. Таму мяне і прыцягвае кірмаш і ўсе людныя мясьціны. Два дні мы бавіліся ў піўніцы “Лёвэнброй”. Вывучалі мастацкія густы і характары баварцаў.
Грала аркестра. Людзі, седзачы найкруг стала, хапалі нас пад рукі і мы разам з усімі хісталіся ўправа і ўлева. Сьпявалі нешта вясёлае. Потым немцы падымалі кухлі і крычэлі: Прост!
Я, хоць і быў спартсмэн, шампіён па атлетыцы, ніяк ня мог падняць аднэй рукой поўны кухаль. Дзьвума трымаў.
А хройлены—гэткія здаравенныя баваркі! аж па дзесяць кухляў разносілі. Проста дзіва, адкуль у іх моц ільвіная? Думаю, што і ў іншых справах яны ня менш моцныя і спрытныя.
Побач са мной сядзела ненаёмая кабета, грузная і круглая, як піўная бочка. Я ўжо, выпіўшы другі ці трэці кухаль, асвойтаўся быў і трымаўся зусім вольна. Паводля мясцовага этыкету я ляпаў далоняй таўстуху па сьпіне і нават асьмеліўся цішком ушчыкнуць жывы кумпяк. Тая весела рагатала і казала мне: --Вы сымпатычны. Запрашаю вас да сябе на каву.
Вам Пташнік, мабыць, расказваў пра тое, як яна мяне за нос далікатна двумя пальцамі схапіла. Няўжо не расказваў? А было гэта, ведаеце, пасьля жаночых камплімэнтаў у мой адрыс. Яна мне шчыра і любоўна сыпала панямецку: шац, шпац, шпіц, бубэ і розныя іншыя ласкавыя словы. У вольным перакладзе на нашу мову: золатца, прыгажунчык ды падобныя сантымэнты. І раптам яна запыталася, навошта я даўгі нос начапіў.
Ніякай веры, што гэта ў мяне на твары мой собскі нос. Цапнула лёганька і спалохалася. Пераканалася: няма хвальшу. Ня гумовы, не папяровы, а сапраўдны нос! цяплынёй дыхае.
Даўгі нос—не загана. Асабліва для саліднага мужчыны. Усе вялікія ды славутыя мелі даўгія насы. Напрыклад, расейскі пісьменьнік Гогаль. Ён нават пра нос, здаецца, аповесьць напісаў.
А мой нос—ня гузік. Я маю арліную дзюбу, што напрошваецца на вялікі раман. Адно шкада, зьвяліся таленты, ніхто пра мяне ня піша.
Ат, клопат вялікі! Будучыня пакажа. Перш за усё—цьвярозы аптымізм і мудрая самаўпэўнасьць.
Мы з Пташнікам пакінулі Мюнхэн не бяз жалю. Піва і кілбаскі, начныя бары і кабарэ, пінакатэк-музэі і мастакі са сваімі малюнкамі на вуліцах Швабінгу—раёну багэмы і бітлаў—ўсё гэта дало нам творчы імпульс.
Бывай Мюнхэн! Можа давядзецца яшчэ раз наведаць гэты цудоўны горад. Разьвіталісь з нашымі землякамі, якія там жывуць, і паехалі праз Ульм у Штутгарт.
Пташнік хацеў спыніцца ў самым Ульме, агледзіць стары катэдральны сабор і на званіцу ўзьлезьці.
Я пераканаў яго, што ня варта губляць часу. Я люблю вышыні. Аднак узьбірацца прыемна не па крутой лесьвіцы, а з дапамогай новай тэхнікі. Пташнік пагадзіўся і мы паехалі далей.
Па дарозе разглядалі ветлівыя пэйзажы. Бачылі раку, якую немцы завуць Донаў. Пташнік тлумачаў, што гэта па нашаму Дунай, але ён памыляецца. Гільда Карлаўна мне казала, што немцы ўсе назвы на свой лад перакручваюць. Масква па іхняму—Москаў, а на Дон кажуць Донаў. Гэта зусім праўдападобна. Адно не разумею, чаму Дон працякае праз Ульм. Няўжо данскія казакі і ў Нямеччыне маюць свае станіцы? Трэба будзе на мапу зірнуць. Хацеў тады ў Штутгарскую бібліятэку зайсьці ды высьвятліць тое геаграфічнае пытаньне. Нажаль, бібліятэка была зачыненая. Людзі пайшлі на хвост-хвэст... Прабачце, на хвольк-хвэст.
У Штутгарце таксама буйны кірмаш. Гэткая карузэля, як у Мюнхэне. Музыка, сьмех, гамана. Пілі піва ды яшчэ гэтак званы мошт, нейкі яблачны квас. Непрыемна кіслы, але з моцным градусам. У галаве ад таго мошту галушкі варочаліся. Мы разагрэліся, разьвесяліліся. Пачалі сьпяваць нашу песьню пра казу.
Го-го-го, каза,
го-го-го, шэрая!
Андрэй басам цягнуў, а я на высокай ноце—хвальцэтам.
У піўніцы было шмат народу. Усе павярнулі галовы ў наш бок і зь цікавасьцяй слухалі. Мой голас швабам найбольш падабаўся, нагадваў ім родны ёдл. Яны мне падсьвіствалі і пляскалі ў далоні.
Я ўсюды зьвяртаю на сябе ўвагу. Мой хвальцэт забіваў ўсякі бас.
3.
На эміграцыі вычуваюць маю моць. Каторых і дрыжыкі праймаюць. Адзін толькі Пташнік рэжа мне наўсуперак. Але і ён палагадней, дагаджае мне. У Італіі ён купіў два бялеты ў Мілянскі тэатар на “Травіяту”.
Даўней на бацькаўшчыне я рэдка хадзіў у опэру. Калі я бываў, дык найчасьцей там спаў. А ў Мілянскім тэатры не засьнеш, галасы прымадонаў—нібы трывожныя сырэны.
Пачаў я Пташніку выказваць пра гэта сваю думку, а навокал нас людзі засыкалі, як вужакі. Адна жанчына, злая кобра, што сядела крыху далей ад нас, прыўзьнялася і праз акуляры на мяне вочы вылупіла. І палец да губы, быццам паветраны пацалунак мне перасылала. Я ледзьве стрымаўся ад сьмеху, закашляў у хустачку.
Наагул, опэра мне не спадабалася. Нешта з парыскага жыцьця. Нічога не зразумеў, бо сьпявалі па італьянску.
Пасля опэры пайшлі вячэраць. У невялікім рэстаранчыку на сьценах маляўнічыя росьпісы. На стале дзеля большага гумору стаяла пузатая бутля чырвонага віна. Кветкі ў вазачках. Чыстыя, як цукар, сурвэткі.
Мне, мастаку, цікава было вывучаць мясцовы працэс спажыцьця стравы. Напрыклад, тонкая макарона, якая завецца спагэці, звараная ляжыць на талерцы ў першароднай вялічыні. Тут ужо асаблівы рытуал. Спагэці ня рэжуць нажом, а накручваюць на відэльцы, усёроўна як нітку на верацяно. Накручваюць і ў рот пхаюць.
Паглядзеў я на тамтэйшых і сам паспрабаваў есьці гэткім спосабам. Спачатку, праўда, выходзіла няўдала: пырскаў з локшыны таматны джуйс, пэцкаў настольнік. Але гэта глупства. Мы-ж не запрошаныя госьці на дармовы абед. За ўсё плацілі, ды яшчэ з прыдачай.
Ня буду спыняцца на тым, што мы бачылі ў самым горадзе Міляне. Падобныя музэі ды палацы па ўсёй Італіі параскіданыя.
А вось Хлярэнцыя мне дужа спадабалася. Прыгожы горад. Багата зеляніны, шмат мастацкіх гістарычных помнікаў.
Пташнік тлумаыў мне нейкую эпоху Мэдычаў. Казаў, што зь яе выйшлі гэніі Дантэ і Пэтрарка, Мікелянжалё і Рахваэль.
Зайшлі мы ў майстэрню, дзе вырабляюць мазаічныя абразы. Цікава, але няма нічога мадэрнага. Зірнулі і ў адну цэрквачку-каплічку. Малюсенькая такая: баварскай бабе не ўмясьціцца. Паводля Пташніка, у гэтай капліцы вянчаўся Дантэ. Адкуль ён ведае? Схлусіў, як часнаком закусіў і хлусьня наўспаверх вылезла. Хіба такі чалавек, зь вялікай славай, як Дантэ, будзе ў маленькай каплічцы вянчацца? Усе славутыя людзі заўсёды багатыя вясельлі спраўлялі. Напрыклад, Банапарт. Шлюб у велічнай катэдралі Нотар-Дам. Квазімода яму ў званы званіў.
У Парыжы я запытаўся ў гіда пра гэта, а той, мабыць, ня чытаў Гюго. Крыва усьміхаючыся, даў мне дзіўны адказ:
--Квазімода гэта хвантазія аўтара.
Які малакультурны гід! Яму кароў пасьвіць, а ня людзей вадзіць. Балазе ён быў для нас выпадковым, зь нейкай турыстычнай групай валэндаўся. А ўсюды мы самі бязь гіда ўсё аглядалі.
Прыехалі мы ў горад…э-э… як там завецца. От, забыўся. Памяць прытупілася. Памятаю, гучыць, як жаночае імя. Як наш горад Ліда. Так, штосьці падобнае. Дазвольце, зараз прыгадаю. Ліза, Ліна, Лена, Ніна, Зіна… Не, усё ня тое.
Нейкая цемрыня ў галаве. А ведаю, слова з чатырох літараў. Ну, як жа? Каця, Соня, Тоня… А зрэшты, чаго гадаю? Можа зусім і не жаночае імя. Можа штось іншае?
Трэба мазгі гарэлкай прамыць, лягчэй тады успомніць.
За ваша здароўе маёй памяці!
Ужо крыху прасьвятлілася. Завецца той горад… Пі… Пі… От ліхачка, на языку верціцца, а не даецца. Гучыць быццам няпрыстойна. Пуза, ці нешта падобнае.
Ды справа не ў назове. Адным словам, у тым горадзе стаіць вежа. На бок схілілася. Здаецца, во-во ўпадзе—але не падае.
Андрэй сьмяяўся і казаў, што я баязьлівец, бо ня стаў пад нахіленай вежай. Ён хацеў прыгожы здымак зрабіць.
Які-ж хітры! Чаму я мушу рызыкаваць сваім жыцьцём? Вежа магла-б той час зваліцца. Не заўсёды-ж ёй, крывабокай, стаяць!
Я асьцярожны, а не баязьлівы.
* * *
У Рыме я быў вельмі асьцярожны. У людзкім натоўпе ўвесь час трымаўся за сваю кішэню. Каб мой партманэт ня сьвіснулі. Усяк здараецца ў вялікіх гарадох. Хоць Рым і сьвяты горад, але грэшнікаў—кішанёвых злодзеяў там, я думую, ня менш як у Адэсе.
Асьцярожным быў я каля руінаў Калізэю. Няма гварантыі, што камень на галаву ня зваліцца. Пазіраў толькі звонку. Не пайшоў я аглядаць і катакомбы. Гэта вам не мадэрныя шахты або мэтро, дзе усё дасканала пабудована. Больш за тысячу гадоў тым катакомбам. Пабудова прымітыўная. І падпоркі, мабыць, гнілыя. Палезеш туды і ня вылезеш—раптам зямля абваліцца. Тады можна згубіць ня толькі партманэт, але і сваё жыцьцё. Куды лепш паверсе хадзіць. Менш небясьпекі і больш асалоды. Абы толькі ліры ў кішэні.
Ліры гэта італійскія грошы, а таксама сымбал творчага натхненьня.
У Рыме ёсьць на што падзівіцца. Ад Ватыкану аж да дробнай антыкварнай крамкі ляжаць скарбы старога мастацтва. Нязьлічонае багацьце!
Перадусім, зразумела, мы наведалі Ватыкан. Пташнік затрымаўся ў Сыкстынскай капэлі і, разглядаючы хрэскі і росьпісы, увесь гарэў ад захапленьня. Мне тлумачыў нешта пра Мікелянжаля і пра Леанарда да Вінчы. Казаў, што абодва вялікія мастакі мелі ўсебаковыя таленты. Але мяне гэта ня зьдзівіла. У нашу эпоху высокай культуры ёсьць таксама ўсебакова раьвітыя майстры, палітэхнікі мастацтва і навукі.
Мой сяньняшні юбілей красамоўна кажа, што на прыклады ісьці далёка ня трэба.
Возьмем пэрсанальна мяне. Я ня толькі мастак-жывапісец, але і пісьменьнік. Напісаў вялікі раман “Парсюк”. Ажно ліхачка—не пашанцавала мне. Выдавецтва лопнула, як мыльная бурбалка і мой рукапіс там загінуў.
Я і рэжысэрам быў. І не апошнім. Запытайце Ніну Канапельку. Яна была артысткай калгаснага тэатру. Вам скажа, як я моцна муштраваў яе на рэпэтыцыях. У добрыя рукі трапіла. І не мая віна, што нічога ня выйшла. Не магла зразумець майго мэтаду. А шкада! Была-б зоркай на сусьветным хворуме.
Я і ў галіне навукі не атопак. Аналізую нашу мову лепш за ўсіх сучасных хвілёлягаў. Напрыклад, слова “спадар”. Нашы моваведы цьвердзяць, што гэта ідзе ад слова “гаспадар”, у якім адсечаны пачатковы склад “га”. Антынавуковая трактоўка! Вазьмеце слова “гамана”, адсячэце пачатковы склад “га”, і што атрымаецца? “Мана”! А ёсьць словы, што калі зрабіць падобную апэрацыю—сорамна вымавіць.
Ня той кірунак мусіць быць, мае паважаныя! Трэба выходзіць з іншага пункту. “Спадар” мае аднолькавую хорму як “уладар” і “змагар”. Гэтыя назоўнікі зьвязаныя зь дзеясловамі. Уладар уладарыць, змагар змагаецца… Ну, а спадар—спадае. А куды спадае? Зразумела, спадаць можна толькі з вышыні дадолу. А я імкнуся ўзвышацца. Я узвышар, а не спадар.
Бачыце, у мяне здаровая канцэпцыя ў мысьленьні. Я маю здаровы пагляд і на сучаснае мастацтва. Мадэрнізм на перадавой пазыцыі! Мастак павінен уразіць глэдача, зьбянтэжыць. Тады ягоны твор будзе прызнаны гэніяльным.
Пікасо, відаць, ськеміў. У яго гэтак усё размалявана, што ён і сам не разумее, чаму на патрэце адно вока ля вуха, а другое ніжэй пупа. А прахвэсары паважна разглядаюць і дыскутуюць міжсобку. Тут, мабыць, сугэстыя грае вялікую ролю.
У Рыме я пазнаёміўся з аднім мастаком. Паказаў ён мне сваю працу. Нейкая пэцканіна, брудныя плямы. А як правёў ён кіёчкам па гэтых плямах, пачаў тлумачыць, я адразу ўбачыў вакханалію.
Цяпер я перакананы, што пры наяўнасьці высокага ўяўленьня і хвантазіі, кожная пляма, кожная грымзоля—цудоўны вобраз, магічны малюнак.
У Ню-Ёрку на выстаўцы мадэрнага мастацтва я бачыў шмат цікавых экспанатаў. Стракатыя палотны Каньдзінскага, Кукішкі і іншых. Але я зьвярнуў найбольшую ўвагу на творства маладога мастака, бліскучы талент якога выявіўся ў арыгінальнай задуме. Палатно, замаляванае зялёнай хварбай, гэта значыць—уяўляйце сабе лугаваю траву або рунь. Пасяродку палатна, прышытая ці прышпіленая, падзёртая старая пантопля. І тлумачальны напіс: “Згублены чаравік”.
Штосьці падобнае паказваў мне і мой знаёмы мастак у Рыме. Розьніца толькі ў тым, што ў яго не чаравік на палатне, а дамская рукавіца. Ягоная жонка выкінула на сьметнік, а ён узяў умыль ды выкарыстаў дзеля мастацкай мэты.
А Пташнік адно мяне цягаў па гісторычных месьцінах. Бачылі Пантэон, калёны Траяна ды іншае. Наведалі і вілю Баргэза. Разглядалі жывапіс шаснаццатага стагодзьдзя. Гладзенька намаляваныя алеем пэйзажы, прылізаныя хварбы. Нічога асаблівага. Сумам павявае. Ужо куды лепш—забрацца ў рэстаранчык на П’яцца Навона—месца сустрэчаў кіназорак. Там я займеў вялікія знаёмствы. Як даказ, я маю аўтограхвы Зосі Лёрэн, Клавы Картыналі, Рыты Макароні. Мілыя жанчынкі! Каб я стаўся ўдаўцом, напэўна меў-бы шанцы. Чыстую праўду кажу.
У Вэнэцыі, напрыклад, пачаліся нават амуры. Але тут, на юбілейным вечары, у прысутнасьці нашых паважаных кабетак, пра гэта змоўчым. Вып'ем лепш яшчэ па кілішку чысьценькай. Вунь бачу—“маскоўская” стаіць. Ідэалягічна вытрыманая ў градусах. За здароўе ўсіх! Ух, як паліць! нутро выварочвае. Трэба яе, горкую злыбяду, кракаўскай кілбаскай зашпунтаваць. Вось як!
* * *
Прыемныя ўспаміны, мае даражэнькія!
Вэнэцыя—гэта арабская казка з тысячы і аднэй начы. Зь непаўторным абліччам, зь цікавай архітэктурай. Заміж вуліцаў—каналы і каналы. І безьліч мастоў. Палацы ўздоўж каналаў, як сельскія бабы, што мыюць бялізну на рэчцы, стоючы па калені ў вадзе. Хвалі плёхкаюць у падмуркі, падмываюць мармур. А яны—муры і палацы—глядзяцца ў цёмныя люстэркі каналаў, як зачараваныя. Па каналах снуюць грукатлівыя матаботы. Гандолі на прывязі гойдаюцца. Гандальеры чакаюць, спадзяюцца на шчодрага аматара, які хацеў-бы прыгадаць даўніну.
Аднак сучасная тэхніка бярэ сваё права: пераважна плывуць маторныя лодкі. Ад матораў злішне шуму. З каналаў тхне смурод ад бруднай вады.
І ўсё-ж такі гэта вам ня пінскае балота, а залатая Вэнэцыя.
Зірнем хоць на пляц сьвятога Марка. Велічны сабор, упрыгожаны мазаікай і скульптурай. Побач—музэй, былы старадаўны палац.
Пташнік казаў, што ў ім жылі ўладары Вэнэцыі. Звалі іх дожамі. Я мяркую, што гэта паводля этымалягічнай асновы, па нашаму значыцца звалі іх дужымі, бо яны мелі багацьце, сілу і бязьмежную ўладу.
У тым палацы мы разглядалі старое мастацтва. Мяне асабіста ўсё тое найменш цікавіла. А от знадворку, пасяродку плошчы, назіраць навакольле—любата! Там я прысеў і хацеў быў на паперы накідаць эськізы. Ажно вялізная хмара над маёй галавой. Гэта галубы, як груганты, наляцелі. Таўкліся, маю паперу драпалі. Бачу я: паблізу мяне сядзіць на зэдліку старэнькая, кукурузнае зерне прадае. Купіў я для птушак гэты пачастунак. Бабулька насыпала зерне ў папяровы мяшэчак.
Галубы мяне адразу апанавалі. Селі на галаву, на плечы, на рукі. Сьпінжак мой абгадзілі. Мяшэчак падзёрлі. Усё зерне долу высыпалася. Ледзьве ад нахабных птахаў адмахнуўся.
А мой сябра Андрэй рагатаў і кодакам шчоўкаў.
Уцёкі Мамая—казаў ён.
А хіба-ж я ўцякаў? Я бараніўся. Не разумею, чаму на мяне напалі гэтыя няўдзячныя стварэньні. Я да іх зь лепшым намерам… Пакарміць хацеў… А яны, на мяне, як піраты. Паблізу турыстачка і таксама карміла галубоў. Яе не чапалі. Дзяўблі воддаль рассыпанае зерне. Я думую, што птушкам не падабаўся войстры пах пархумы. Мяне, наадварот, гэта прынаджвала. Я падышоў бліжэй.
Люблю назіраць, як галубы мілуюцца. Дзюбка ў дзюбку… На жаль, ці то восеньская пара, ці можа іншая прычына, але мае назіраньні не далі пазытыўных вынікаў. Адкормленыя галубы тупалі, як тлустыя еўнухі і ніякіх сцэнак. І мне не ўдалося ані эськізаў зрабіць, ні знаёмства навязаць. Ды праўду кажучы, неяк няёмка была круціцца вакол маладой жанчыны запэцканым джантальмэнам. Пасьпяшаўся ў гатэль, каб пачысьціць сьпінжак і капялюш.
А другога дня… О, Вэнэцыя! Прыгожая мясьціна, якая мае нешта супольнае з Вэнэрай. Нашы вучоныя гэтага ня бачаць, не заўважаюць галоўнага караня. Вэна, Вэнус, Вэнэцыя!
Быў у мяне ў Вэнэцыі кароткі хлірцік. Выбачайце, што я пры нашых шаноўных дáмах. Шчырае, бачыце, прызнаньне. Асьцярожным я быў да ўсяго. Мне здалося, што канарэйку злавіў. Шукаў і не знайшоў дыспансэра для прахвіляктыкі. Але даремна думаў, што вулічная падвярнулася. Відаць, была чыстая натура і да мяне, як зялеза да магніту.
Ай, навошта я кажу! Прабачце, язык разьвязаўся. Вінаватая ўва ўсім гарэлка, няхай яе мядзьведзі п'юць. У галаву цюкнула. Плявузкаю абы што.
Прашу вас, мае паважаныя, пра гэтую гаворку анікому. Тут паміж намі застанецца. Каб хаця мая жонка не дачулася. Вы ня сьмеёцеся. Я перад ёю ня маю страху ніякага… я не Сьцяпан Ляшэвіч, якога ўласная жонка дзеркачом па галаве лупцуе. Мая на гэткія наступы не асьмельваецца. Яна трымае іншую тактыку. Пілуе мяне, аж белы сьвет у вачох куляецца. Адзіны мой ратунак: зацяць зубы, маўчаць і маўчаць. Гэткім чынам унікаю жончынай зьвягі.
А маўчаць ня лёгка. Душа патрабуе адчыненых дзьвярэй. Хочацца сьвежага паветра, шчырай сяброўскай размовы. І вось, сярод вас, я знаходжу поўнае адпружаньне і вэнтыляцыю. За гэта вам шчыра дзякую. Дзякую вам і за тое, што вы мяне ўважліва слухаеце, разумееце маю нутраную субстанцыю.
Знаходжу я аднадумцаў ня толькі сярод беларусаў, а і сярод чужых народаў. Пташнік дзівіцца, як я магу зь імі мець кантакты. Трэба-ж мову ведаць! А хіба я не паліглёт? Пяць слоў вывучу і апэрую імі, як сваімі пяцьма пальцамі. Напрыклад, размаўляю з італійскім мастаком. Пальцам паказваю палотны Тыцыяна і кажу: “Сі, сі! Бэля!” Ён пагаджальна ківае галавой: “Сі, сі!”
Або з жанчынай на тэму каханьня. Я раблю прапанову: “Сіньёра, амора”. А яна ветліва ўсьміхаецца і кажа: “Сі, сі”. Вычувае мой інтэлект. Бачу: кантакт ужо наладжаны. Пасьля кантакту—“арывідэрчы!”
У Вэнэцыі я хацеў наведаць акадэмію і галярэю сучаснага мастацтва. Спадзяваўся пазнаёміцца з творчым актывам, з маладымі мастакамі. Але Пташнік—гэткі прыяцель!—закапырсьціўся. Ня меў ахвоты хоць-бы яшчэ на дзень затрымацца. Сьпяшаўся нешта. Узяў бялеты на параплаў. І мы скіраваліся ў Грэцыю, краіну антычных вартасьцяў.
4.
Публіка на караблі была размаітая. Пераважна немцы. Пасьля другой сусьветнай вайны яны пачулі смак турызму. Некторыя ня спыняюцца на Грэцыі, бяруць куды большыя маршруты: Эгіпэт, Кенія, Уганда, Злучаныя Штаты і нават Аўстралія.
Выпраўляюцца ў дарогу ня толькі адзіночкамі, а і зь вялікай сям'ёй: з жонкай, дзецьмі, зь блізкімі сваякамі, нават з прабабкай. Не забываюцца і сабачку ўзяць з сабой--хвакстэр'ера ці пудаля.
Чуюцца ўсюды, як дома. Нават лепш. Няма абмежаваньняў. Іншая этыка!
Пазнаёміліся мы з адным немцам. Ён зь Мюнхэну. Студэнт. Назваўся проста: Ёзаф. А мы яго па-свойму. Юзікам празвалі. Яму гэта вельмі ўпадабалася. Маўляў, гучыць паэтычна.
Сядзелі мы на палубе. Карабель выплыў у адкрытае мора і пачаў дурасьліва гушкацца. У мяне зьявілася гэткае пачуваньне, быццам я праглынуў жывую жабу, якая падступала пад горла і чухалася.
А параплаў, як п'яны, то ў адзін, то ў другі бок хіліўся. Я быў зусім раськіс. Выратаваў мяне Юзік. Даў нейкія пігулкі. Цытрынку прынёс. Адразу палягчэла. Адным слівам, добры і кемлівы хлопец. Мабыць ён нямала папаездзіў, бо ведаў, дзе і што. Казаў мне, што гэта Адрыятычнае мора. Яно—казаў—ня злоснае, крыху пакапрызіць і супакоёцца. І гэтак сталася. Потым Юзік падаў мне цікавую навіну: праз канал паплывём. І па нямецку назваў: Карынт. Як па нашаму? Карытны канал, ці што?
* * *
Другога дня, ранкам, мы ўжо былі блізка ля канала. Наш параплаў ледзьве варушыўся. Наперадзе ішоў цягач, ззаду—папіхач. А канал занадта вузкі. У параўненьні з морскай прасторай напраўду падобны да карыта. Куды там прасунуцца! Але маракі, відаць, сьмелыя. Нешта рабілі, Цягнулі, штурхалі. Параплаў рапеў, крахцеў і паволі, ледзь прыкметна, сунуўся наперад. Абапал судна—каменныя сьцены канала. Яны пагрозьліва набліжаліся.
Пасажыры на палубе, як на цыркавым відовішчы. Хваляваліся ўсе. А я адно на Пташніка злаваўся. Ну і выбраў-жа такі небясьпечны маршрут!
Невялікі той канал. Даўжыней можа з кілямэтар, а праплысьці—маруда на дзьве гадзіны. Доўга кешкаліся матросы, вяроўкі падцягвалі. Крычэлі.
Я выдаваў сябе спакойным, але сказаць па праўдзе—мае нэрвы, як бульба на тарцы. Усё-ж такі гэта ня цырк. Інакшае відовішча. У цырку глядачы ня вычуваюць небясьпекі. Зьвяры за кратамі. Пад купалам—сальта-мартале. І таксама нікому ніякай пагрозы. Рызыкуюць жыцьцём толькі цыркачы. А на гэтым чортавам канале можа стацца усім капут, бо калі карабель пойдзе наўкасяк, дык разаб'ецца. Людзі гэтага не разумеюць. Лёгкадумныя. Але дзякуй Богу, выпаўзьлі з тога карыта.
Мы лёгка ўздыхнулі. Юзік нас віном пачаставаў. І за ўсё сам плаціў. Добры хлопец, кажу вам. Ня скупы. А Пташнік—дзівак, чамусьці студэнтавы грошы пашкадаваў. Хацеў быў, са сваёй кішэні вытрасаць. А я яму па-беларуску, каб немец не разумеў:
--Няма дурняў. Студэнт, ці ня студэнт, а зь бялетам першае клясы. Значыцца, грошы ён мае. Можа і пачаставаць. Празь мяне дазнаўся, што мы мастакі. Вось няхай і выказвае пашану.
І я не саромеўся. Кілішкаў ня лічыў. Гэтак скрозь і прабаўлялі часіны.
А параплаў набліжаўся да гавані.
-- Пірэус, -- сказаў па-нямецку Юзік. Я здаўмеўся. Гэта па нашаму: Пірэнэі.
* * *
У Пірэнэях мы ўзялі таксі і прыбылі ў Ахвіны. А там Андрэй сваім “кодакам” зрабіў пекны здымак: я—на хвоне Нэкропалю.
Потым Пташнік падахвочваў мяне ўзабрацца на тое узвышша, паглядзець нейкі порцік карыятыдаў. Але з пэўных меркаваньняў я не пайшоў. У мяне свая прыказка: там, дзе каменьне над галавою, для душы няма спакою.
Мудрая развага мяне паўстрымала. І я не шкадую. Нічога няма цікавага ў тых руінах.
Пташнік адзін пачыкільгаў. А я тым часам спаткаў хітрага грэка. Ён прадаваў эратычны тавар: малюнкі шалёнага д'ябла і эліксір маладосьці. Прадавец пераконваў мяне ў неабходнасьці набыцьця гэтай прадукцыі, бо яна нібыта карысная для майго веку. Але я ўспомніў сваю старую і паўстрымаўся. Абы толькі ціха ў хаце. А спакуса была вялікая, аж няўсьцерп. І я, няёмка прызнацца, перагледзеў тыя малюначкі. Жах! Ну і мудрагелі! Усё сарамоцьце напаказ.
Грэк паказаў мне гэтыя карткі і за такі спэктакаль выкленчыў у мяне дзесяць драхмаў.
Драхмы—гэта грошы ў Грэцыі. Мабыць яны ня вельмі вартаеныя. Я думую—мяркуючы з пункту гледжаньня хвілялёгіі—словы, якія пачынаюцца зь літараў “дэ” і “рэ” ёсьць дрэнь: драхмы, драбы, дробязь, друзы, дрыжыкі і, выбачайце, не за сталом кажучы, дызэнтэрыя ў народнай гаворцы.
Мне маглі-б закінуць наўсуперак: --А дружба, дружбак? Ці, напрыклад, доктар у скароце слова?
Што-ж! Тут я таксама маю нэгатыўную ацэну. Можа калі давядзецца, зраблю даклад на гэтую тэму. З маёй практыкі ведаю: дружбак бывае да пэўнага часу. А доктарам звацца пры сучасных умовах ня цяжка. У Мюнхэне бачыў я на дзьвярох аднаго дому шыльдачку: перад прозьвішчам адваката было зазначена: др. др. Падвойны доктар, ці што? Падумаеш, гонар! Я от бязь ніякай паперкі—на акадэмічнай вышыні! Усё сваім розумом дасягаю.
У таго грэка распытваў пра дзівосы ў Ахвінах. Грэк мне параіў наведаць архэалягічны музэй, а ўвечары выехаць за горад—у рыбацкую тавэрну. Даў ён мне адрысок і ў нейкую карчомку. Там, казаў ён, арыентальная музыка і танец жывата. Чыстая экзотыка!
Мы з Андрэем склалі аднадзённую праграму. І пачалі самастойную экскурсію. У музэі разглядалі скульптурныя пасудзіны—амхоры. У іх даўней грэкі хавалі нябожчыкаў.
Праходзілі мы паўз мармуровыя статуі. У старажытных грэцкіх багоў насы паадбіваныя. Пташнік нешта тлумачыў, згадаў нейкіх лыцараў-крыжакоў. Гэта яны, быццам, нашкодзілі. А на маю думку, вар'яты ўсіх стагодзьдзяў.
У тым музэі мы бачылі і мастацкую кераміку: вазачкі, міскі, збанкі, гладышы, гаршкі ды розныя зьлепкі. Але мяне больш цікавілі антычныя арнамэнты, падобныя на свастыку. Вельмі знаёмыя знакі-гакі! Ня трэба ніякіх тлумачэньняў.
Наагул, багатая калекцыя ўсякіх аздобаў. Пташнік спыняўся ля кожнай драбніцы і захапляўся. Потым мы зайшлі ў людную залю, дзе пасяродку стаяла вялічэзная бронзавая скульптура Пайсэдона.
Проста дзіву даешся, як маглі прывезьці ў музэй і паставіць гэткую аграмадзіну, зьлітую ў адзін кавалак. Гэты Пайсэдон—уладар морскіх прастораў, як я пазьней даведаўся, ляжаў на дне мора бадай дзьве тысячы гадоў. Бог ведае, хто яго туды скінуў і чаму толькі праз тысячагодзьдзі яго знайшлі. Пазелянеў ён страшэнна. Гэта, значыцца, адбылося акісьленьне бронзы. Але ўсё-ж такі Пайсэдон ня страціў, навукова кажучы, сваёй імпузантнасьці. Веліч непараўнаная!
Прыгожы, мажны, мускулісты волат! На руках і нагах у яго выразна пазначаныя жылы. Стаяў голы, як у лазні. Зусім як жывы. От, каб знайшоўся такі скульптар у нас на эміграцыі ды адліў з каштоўнага мэталю нашых славутых людзей. Я не кажу пра тых, якім штогод спраўляюць урачыстасьці. Не пра іх гаворыцца… А маю наўвазе сьціплага юбіляра, якога вы сяньня ўшаноўваеце, і якому ў ягоны гонар наладзілі тутака пачэсны банкет.
Скажэце, дзе ў нас таленавітыя скульптары? Дзе яны, вялікія майстры?
На бацькаўшчыне мы маем Заіра Азгура. Ён адмысловы спэц на розныя гіганты-помнікі. А ці можа ён стварыць сучаснага Пайсэдона? Ці можа ён паставіць такі грандыёзны манумэнт? Не, таварышы…э…прабачце, панове! Такое творства не ў ягоных маштабах!
Дык от я думаю, гэта нават і добра. Усё роўна Заір ня ўзяў-бы мяне, як мадэль. Ужо с тэй прычыны, што я эмігрант. А калісьці мы былі знаёмыя, шапкаваліся на вуліцы. Цяпер нашыя дарогі разыйшліся. Ліха-ж маёй галаве! Цяпер я тут на чужыне… Сярод няздараў. Сярод зайздросьнікаў.
Не, вы мне не кажэце, што тут няма зайздросных. Я ведаю. Добра ведаю, бо мяркую па сабе. І я даўней зайздросьціў хоць бы такому мастаку, як Малкін. Але цяпер я стаю вышэй за яго. Я моцна веру, што будучыня вызначыць мне першае месца ў гісторыі мастацтва.
Выбачайце, што я адхіліўся ад галоўнай тэмы. Дык значыцца, былі мы ў тым нацыянальным музэі. Шмат чаго пабачылі. Пра ўсё гэта доўга апавядаць.
Знаёміліся і з грэцкай сталіцай. Пташнік вадзіў мяне па нейкіх пархенонах і прапілеях. Па руінах і вузкіх вулачках старога места. Па рынку і крамках. Па мастацкіх галярэях.
Стаміліся, згаладаліся і ў першай харчэўні, што трапілася на воку, мы паабедалі. Пілі адмысловае віно “Рэцыната”. Гэтае віно з асаблівым прысмакам. Пташнік казаў, што яно мае смак сьпелага вінаграду. А я яму выказаў сваю думку: віно з дамешкай рыцыны. Таму і завецца рэцыната. Слова “рыцына” і паходзіць з лацінскага “рэцынус”.
Пташнік не аспрэчваў. Маўчаў. Наагул, супраць мяне няма апанэнтаў, бо я ўсе пытаньні вырашаю лягічна і навукова.
Пасьля абеду мы ў горадзе на ювэлірныя рэчы прыглядаліся. У вітрынах зіхацела прынаднае багацьце: пэрлы, каралі, залатыя і срэбныя бранзалеты, брошкі, пярсьцёнкі, завушніцы. Але чартоўская цана! -- Ня прыступіцца.
А я шукаў нечага таннага і нязвычайнага. Каб радасны падарунак прывезьці сваёй… І знайшоў-такі. Патаргаваўся трошкі і купіў. Арыентальнае хараство! Торбачку ваўняную, прыгожа вытканую, з элінскім узорам. Ну, цяпер усьцешыцца мая баба, думаў я. З гонарам будзе шпацыраваць. Гэткая мілая торбачка! Аднак не дагадзіў. Казала: я не жабрачка, каб торбу насіць. Плакала нават. Спадзявалася, мабыць, на іншае, на нешта вырабленае з кракадзілавай ці пітонавай скуры. Вось і зразумей жаночую псыхіку!
А торбачка ня толькі элэганцкая, але і ёмістая. Усяго напхаеш—і прадуктаў і крамніны. І вельмі зручная. На даўгім матузку. У маёй вандрўцы, перад тым як прывёз яе жонцы, мне яна добра паслужыла.
З гэтай торбачкай я ўвечары і ў рыбацкую тавэрну заявіўся. Тавэрна была абсалютна пустая. Сядзелі ўсяго тры музыкі: скрыпка, бубен і гітара.
Электрычныя лямпкі са столі ледзьве асьвятлялі прасторную залю. Мы з Андрэем селі ля вакна. Звонку глуха шумеў блізкі прыбой мора. Ў паўмзроку залі чулася нешта містычнае.
Нам падалі сьціплую вячэру: лусту кавуна замест хлеба, рыбу і кубак белага віна.
-- А чаму тут бязьлюдна? – запыталісь мы.
Гаспадар тавэрны заспакоіў нас:
-- Людзі прыйдўць. Яшчэ зарана.
Ён кіўнуў галавой убок трыё і музыкі зайгралі каралеўскага марша. Потым няспынна, як ваўкі, вылі мадэрныя песьні. А мы слухалі і чакалі на рыбакоў, сталых наведвальнікаў тавэрны. Ці прыйдуць?
Дзве гадзіны сядзелі. Нарэшце з шумам увалілася грамадка людзей. Заварушыліся ля сталоў. Нямецкая гаворка. Сьмех. Мітусьня.
-- Вось вам і людзі, -- весела падміргнуў нам гаспадар тавэгны. Тры грэкі зайгралі ізноў марша. Вішчэла скрыпка, зьвінела гітара, вухкаў бубен.
А нам не да музыкі. Вячэра—дрэнь. Ад недасмажанай рыбы і кіслага віна бурчэла ў жываце. На душы было горка.
Ашукаў нас той грэк. Ніякага рыбацкага быту. Нуда і турыстычны дух. Шкода змарнаванага часу. Пра грошы я не кажу, бо ня ведаю колькі каштавала. Расплаціўся Пташнік.
Спадзяваліся мы на цікавыя тыпажы. Хацелі старых рыбакоў пабачыць, накідаць эскізы. А ня выйшла! Нашы пляны пайшлі на смарку.
З тэй прыкрасьці я чуць не забыўся торбачкі. Цяпер мяркую, можа і лепш было-б, каб там яе пакінуў. Ня меў-бы ў хаце згрызоты. Ну, але гэта, можна сказаць, маё асабістае, прыватнае. Не аб гэтым гутарка.
Выбраліся мы, значыцца, з тэй тавэрны. Сунуліся ў начную забаву, у тое месце, дзе экзатычны танец. Паказаў я таксёру паперку з адрысам. Рыкамендацыю, значыцца. Прачытаў ён, усьміхнуўся, сказаў “окэй” і нам абодвым хітравата падміргнуў, як-бы гаворачы: “Ведаем гэты бутончык асалоды”. І адвёз нас у цёмны завулак.
У вялікай залі аркестра грала нешта інтымнае. Было змрочна і жудасна-таямніча, як на сеаньсе сьпірытызму. Цьмяна сьвяціліся на сьценах чырвоныя ліхтаркі. Доўгі шырокі стол, абсаджаны людзьмі. Згары падаў сноп электрычнага сьвятла на сярэдзіну стала, ствараючы сьветлае кола. У гэтым прамяніётым коле стаяла чарнавалосая жанчына. Выбачайце, у няпрыстойнай позе. Голым жыватом дрыгала, як быццам мерзла.
А ўзапраўды—наўкола было горача і душна. Людзей поўна. Пілі, елі і на пікантнае пазіралі. Пашчасьціла нам заняць выгоднае месца. Якраз насупраць танцоркі. Падалі нам вячэру, дурную дыэту: авечы сыр, тлустыя алівы і чарвонае віно.
Аркестра мэлядыйна скуголіла, а прыгожая дрыготніца ў тахт музыкі жыватом—торг, торг. І кульшамі неяк дзіўна варочала. Мне аж млосна зрабілася.
Ад такога нязвыклага відовішча і слабой вячэры—у мяне ізноў занудзіўся жывот. Ледзьве ўседзеў на тым вясёлым месцы. Але ўсё-ж такі зрабіў некалькі зарысовак: аголенае цела ў хітрых позах.
Дарагія сябры-панове! Вы напэўна бачылі тыя зарысоўкі. Вам яны, бязумоўна, спадабаліся, бо вы маеце прыхільнасьць да высокага мастацтва. А гэта ведаю, разумею і пастараюся надалей задавольваць вашыя эстэтычныя патрэбы.
Леташняе падарожжа мяне стымулявала ў маіх творчых плянах. Я маю багата тэмаў, мадэляў, камбінацыйных актаў. Усё гэта патрабуе даўжэйшага часу, а з вашага боку шчырай мэцэнатавай шчодрасьці.
Я спадзяюся, што вы мяне падтрымаеце маральна і матарыяльна, і я буду нястомна тварыць.
А найлепш—без дэклярацыяў. Слава на варотах ня вісіць, слава сама прыходзіць да вялікіх талентаў.
Прыгожыя замалёўкі нарыхтаваў я і на грэцкіх астравох. На Міканасе намаляваў свойскага пэлікана ў шлюбе з буслам, на Лесбасе дынаміку жаночага каханьня, а на Крыце… ат, ня буду далей казаць. Самі пабачыце. Прыходзьце да мяне. Наведайце, калі ласка, мой эдэм. Мая студыя—галярэя жывых палотнаў!
Я ня люблю выхваляцца, але скажу вам шчыра: мой талент на недасяжнай вышыні. Са мной ніхто не зраўнаецца. Калегі мае зайздросьцяць, за вочы абзываюць мяне невукам. Я гэта канкрэтны падслухаў і цешуся. Бліскучы талент зайздросьнікі заўсёды бэсьцяць.
5.
Пасля Грэцыі Андрэй хацеў быў сунуцца ў Турцыю, Іран, Ірак ды арабскія краіны. Мне гэты плян прышоўся не да душы.
-- Застанемся лепш у хрысьціянскім сьвеце, -- сказаў я катэгарычна, і Андрэй мяне паслухаўся. Мы павярнулі ў Эўропу.
Парыж і гэта вам ня посныя аладкі, не кавун з рыбай, а раскоша і найлепшая кулінарыя.
Напачатку мы ўзнесьліся на Эйхелеву вежу. Зірнулі ўніз—увесь Парыж пад нагамі. А мы як грэцкія багі на Алімпе. Любата! Я на сьпічаку вежы і памятку па сабе пакінуў. Надрапаў свае ініцыялы: сэ і лэ.
Сузіралі мы з вышыні парыскую панараму: Манмантар, Шампс-Элізэй, Нотра-Дам, Сакра-Хёр. Пасьля—на доле—усё гэта разгледзелі, як у сябе ў хаце.
На Манмарты пілі каву. Пазнаёміліся з мастакамі.
Наведалі і славуты Люўр—музэй сусьветнага мастацтва. Там перахоўваюцца найкаштоўнейшыя рэчы. Сярод іх: антычная скульптура “Вэнэра Мілёская” і нашумелы абраз “Джаконда”, гэтак званая “Мона Ліза”. Паглядзеў я на тую “Мону Лізу” крытычна. Ня ведаю, чаму мастакі зьвяртаюць шмат увагі на яе. Дзівяцца, дыскутуюць. Маўляў, на твары “Моны” мільгае загадкавая ўсьмешка.
А наш Мікіта Тычка некалі быў у Люўры і адразу разгадаў. Гэта, кажа ён, перапрануты ў жаночае ўбраньне хлопец паглядае з ухмылкай. А думую, Тычка не памыляецца. Ён мае любоўны інтэрас да жанападобных.
А што да Вэнэры, дык я зусім здатанаваўся. Убачыў ня прыгажосьць, а брудны, падрапаны мармур. Некалі ў Ню-Ёрк яе прывезьлі на выставу, ў музэй Мэтрапалітэн. Там Вэнэра Мілёская выглядала сапраўды багіняй. Стаяла яна пасяродку залі, зырка асьветленая рэхлектарам. Наўкруга ўсё абабітае чорным аксамітам. Гледачы ў зачараваньні. Лагоднасьць якая! Вычувалася—Вэнэра ў космасе. Каменнае цела хвігуры зьзяла дзявоцкай чысьцінёй. Дзівосна-бялюткае, як жывое. Прынаджвала мужчынскі зрок.
Амэрыканцы, відаць, умеюць рабіць паважны дэкорум. А ў тым Люўры—зірнеш на яе і сапсуеш добры настрой. Сума сумарум—ніякага эхвэкту.
Усё тое, што я там бачыў, мне даўно знаёмае з лепрадукцыяў. У мяне ў хаце ёсьць альбум мастацкіх малюнкаў. Збор каляровых абразоў з усяго сьвету. Ня трэба і па музэях шлындаць. Ляжы сабе на канапе і разглядай, што хочаш.
А ў Парыжы праходкі на ўвесь дзень. Аж абцасы пазьбівалі.
* * *
Спыніліся мы ў гатэлі на вясёлым месцы. У шумным квартале. Завецца Пігаль. Уначы там усе вуліцы кішма кішаць. Народу—і чорт не падлічыць. Шпацыруюць па тратуварах, хліртуюць з панэльнымі паненкамі, сядзяць у кахвэ за столікамі, запаўняюць кабарэты і начныя клюбы.
Андрэй падморгваў мне: можа пойдзем туды? Я адмовіўся. Таксама і ў Мулен Руж не захацеў ісьці. Мастаку там няма тэмаў. Тулюз Лётрэк усё выкарыстаў.
Пагадзіліся мы на тым, што ўвечары пойдзем у вар'етэ. Завецца яно дзіўна… Штось падобнае на “Хвалюй баржджэй”.
Бялеты былі распрададзеныя, але Пташнік меў блат. Ён пазнаёміўся з аднэй артысткай таго вар'етэ. Дастаў дзьве кантрамаркі.
Сядзелі мы на пачэсным месцы, як вяльможныя паны. Паблізу сцэны, каля самай аркестры.
Ну і вар'етэ! Дражлівая эстэтыка.
Паднялася заслона. На сцэну выбеглі голыя жанчыны.
Мне сталася неяк няёмка. Мой твар гарэў ад сораму. І ня дзіва. Гэта-ж ня ў студыі маёй, дзе я сам сабой з натуршчыцай. Дзе можна папрацаваць з пэндзлем, нават пажартаваць і шапнуць на вуха: чвалюй баржджэ, пакуль жонкі няма.
Ня тое на тым вар'ятэцкім відовішчы. Не адна, а колькідзесят з голай натурай. Яны танцавалі, сьпявалі, прагна пазіралі на мяне. А людзей—поўная заля. Тысячы пільных воч. Дык як-жа не бянтэжыцца!
Потым пачаліся цыркавыя жарты. Голыя танцоркі пацягнулі мяне і Андрэя на сцэну. А адбрыкваўся, не хацеў ісьці, але прыгожая Эва схапіла мяне за рукі і гвалтам павалакла.
У залі рагаталі. Апрача нас было яшчэ колькі падобных ахвяраў. Мабыць, як мы—з кантрамаркамі.
Начапілі нам гавайскія паясы зь целяпайкамі. Мы, як дзікуны, крыўляліся ў танцы. Мяне танцорка моцна трымала, прыціскаючы да сябе. Я, можна сказаць, сярэдняга росту. Паўтары мэтры маю. А яна… ух, якая высокая—грэнадзёр. Атрымалася кляўнада ў танцы. Ёйныя грудзі мне ў твар таўхаліся. Пташнік гэта бачыў і пасьміхаўся. Пасьля таго спэктакалю зьедліва жартаваў, пытаўся мяне:
-- Ну, як? Мамка малачком карміла?
А мне было не да жартаў. Занадта хутка расхваляваўся. Напятыя нэрвы, як струны, загулі. Расхварэўся ўвес мой арганізм, спантана наэлектрызаваны. Балазе знайшлася разрадка. На Пігалі, у начным шынку.
Ну, аб гэтым праз маю сьціпласьць ня буду дакладна спавядацца. Магу адно запэўніць: на Пігалі дзяўчаты вельмў інтылігэнтныя, з адмысловай адукацыяй. Хораша было ў іхнай кумпані. Я нават зрабіў там мастацкія занатоўкі. Пасьлей з памяці і ўсё іншае намаляваў. Зразумела, у маім саэцыхвічным стылі.
Адно шкада, не надоўга затрымаліся ў Парыжы. Дарагоўля палохала. І мы выбраліся ў дарогу.
6.
Мадрыд нас вітаў сонечным цяплом. Спыніліся мы ў старым гатэлі, у цэнтры гораду.
Выйшлі на Каралеўскі пляц. Аглядалі помнік Дон-Кіхоту. Скажу вам сумленна—я абураўся. Псыхічна хвораму чалавеку такі гонар! Паставілі яму помнік! За якія заслугі? За тое, што ён ваяваў зь ветракамі? Ха-ха!
Андрэй маўчаў. Што ён мог адказаць на маю зялезную неаспрэчную лёгіку? Яму, відаць, было сорамна, што ён напачатку ў захапленьні разглядаў гэты кур'ёзны манумэнт.
У гарадскіх вітрынах мы бачылі таксама гэтага гішпанскага гэроя. Усюды ён нам кідаўся ў вочы. На выставах керамікі, сярод мэталічных і хваянсавых вырабаў. І нават сярод дзіцячых цацак.
Мяне больш цікавілі рэчы шырокага ўжытку. Прыгледзеўся я да скуранай бутэлькі з мастацкім ахвармленьнем. На скуры выцесьнены малюнак: тарэра шпагай забівае быка. Купіў я гэтую бутэльку дзеля заспакаеньня смагі. Яе віном напоўніў. Ідэальна і практычна.
Ідзеш сабе па вуліцы, а пляшачка—паўнюткая, на шнюры вісіць, аб сабе прыгадвае. Захацелася трошачкі каўтануць—адкаркаваў сымпатычную скураванку. Пстрык! Чырвоны струменчык проста ў рот бяжыць.
* * *
Вясёлы Мадрыд. Кастаньеты. Песьні. Танцы.
Андрэй Пташнік прапанаваў наведаць нейкую карыду—кажуць бой быкоў, а па проаўдзе забойства быкоў. Раняць пікадоры, а потым дражниць тарэра чырвонам плашчам: дабівае шпагай. Гэта не гладыятары, не героі.
Былі мы з Андрэем у славутым музэі “Прада”. Гэты музэй быў, прызнацца вам, нудны. Жывапіс мінулых стагодзьдзяў! Ня ў маім гусьце. У мяне, як вы ведаеце, самабытная школа жывапісу. Новая гэнэрацыя мастакоў расьце пад маім уплывам.
Дык вып'ем за росквіт вялікага мастацтва. Прабачце, таксама і за ваша здароўе.
Пасьля добрае гарэлкі ня буду спыняцца на вартасьцях таго музэю, да якога я стаўлюся абыякава. Адно зацемлю: перад уваходам у музэй стаіць помнік. Высечаны напіс: Вэляскез. Пташнік мне сказаў, хто гэты суб'ект. Хе! Я чую пра яго ўпяршыню. Пэўна, нязначны мастак. А вось-жа паставілі яму помнік! Якая несправядлівасьць!
Я ўсіх вялікіх мастакоў знаю. Дармо гарэлка галаву дурыць, а іхныя імёны ня выб'е з памяці. Напрыклад: Рэпін, Шагаль… Я меў зь імі асабістыя дачыненьні.
У Парыжы хацеў Шагала наведаць, але яго там той час ня было. Дзесьці адпачываў. А з Рэпіным, дык я меў нават добрае знаёмства. У трыццатым годзе ён мяне запрасіў быў да сябе ў госьці.
Мне было тады гадоў пятнаццаць. Сялянскі хлопец, а такі гонар!
Памятаю, зайшоў да мастака Рэпіна ў ягоную вілю. На тэрасе—даўжэзны стол. Сядзелі ганаровая госьці: мастакі, акторы, паэты. Я ціхенька, надта нясьмелы і сарамяжы, сеў пры канцы стала. Ільля Яўхімавіч заўважый мяне, пальцам да сябе паківаў.
-- Браток, хадзі бліжэй сюды, -- паклікаў ён. – Каля мяне сядай. Я ведаю, -- казаў ён мне, -- зь цябе вырасьце вялікі мастак.
Ну але. Гэтак і сказаў. Даль-Бог, усё праўда. Як добраму сябру, я і Пташніку пра гэта. Куды там! Не паверыў. Адно крыва ўсьміхаўся. Задаецца, мабыць. А як-жа! А-ка-дэмік…
Бачыў я гэткіх вучоных! Ня могуць адрозьніць жыта ад пшаніцы. Аўсянага кісялю ніколі не каштавалі.
Я не хачу ківаць на Андрэя Пташніка. Ён ня з тых, бо напачатку ў вёсцы гадаваўся. Чалавек сялянскага розуму. Убачыўшы асіну, ня скажа: “Гэта бяроза”. Але ўсё-ж такі, калі калупнеш глыбей—бачыш, што і ў яго пацяруха.
Ня буду галаслоўным. Вось адзін хвакт. Слухалі мы зь ім аднойчы радыё. Злавілі хвалі з Масквы. Перадавалі опэру “Ціхі Дон”. Андрэй мяне і пытае:
-- Як табе падабаецца музыка Дзяржынскага?
-- Ха-ха! Дзяржынскі—кампазытар! Не, браце, памыляешся,--сказаў я яму. – У яго была іншая музыка: нішчыць ворагаў народу.
Пташнік неяк туманна запярэчыў:
-- Ня ўсе Дзяржынскія—Фэліксы.
Як бачыце, акадэмічная адукацыя не вырашае палітычныя пытаньні. Не дае і жыцьцёвых эксьпірансаў. Я перакананы, што высокая асьвела сапраўднаму таленту—лішні баляст. Талент самастойна, без навукі ідзе ўгору.
Культура не хаваецца ў паперах, у дыплёмах ці ў партыйным стажы. Яна расьце ў нацыянальна-сьведамых масах. Яе творым мы.
Да культуры людзі прыходзяць рознымі шляхамі. Адзін ад прыроды мудры. Другі мае жонку з прыстойнай эрудыцыяй і сёе-тое ад яе пераймае. Трэці ў архівах керпаецца, каб потым выдаць нешта вычытанае за сваё ўласнае. Усе мы варушым мазгамі. А часам і гарэлка падбадзёрвае. За добрай чаркай, бачыце, і я паказаў сябе, як мастак з найлепшай рэпутацыяй. Вы чулі эпізоды майго падарожжа. Яны даюць комплекс багатых уяўленьняў. Вы мяне цяпер разумееце.
7.
Мы з вамі на эмігрцыі маем свой друк, сваё выдавецтва. У Ню-Ёрку працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Зразумела, я ёсць сябра гэтай паважнай установы.
Наагул, я ўсюды актыўны. Рэдакцыі эміграцыйных газэт і часапісаў ахвотна бяруць мае эськізы. Адно шкада, беларускія часапісы—як зьнічкі. Празь нястачу сродкаў хутка спынілі сваё існаваньне “Сакавік”, “Конадні”, “Шарсьцень”, “Шыпшына”, “Званы зьвіняць” і шмат іншых. Чытачоў нічым ня прынадіш—ні хітрым назвам накшталт “Баявое ўскалосьсе”, ні ультра-мадэрнай тэматікай. Вельмі блага. Замала падпішчыкаў і ахвярадаўцаў.
А ёсьць-жа ў нас багацеі. Скажам, прахвэсар Манюкевіч. Вы можа чулі пра яго? Амэрыканскія газэты пісалі, што за вынаходку гібрыда нейкай ахрыканскай расьліны прахвэсар Манюкевіч атрымаў прэмію. Маючы вялікія грошы, ён надумаў выпушчаць бульварную газэту. Захацеў мець шалёны прыбытак.
Прахвэсар выпадкова зайшоў да мяне і мы абмеркавалі справу. Зьмест газэты: чуткі-плёткі. Да гэтага і адпаведны назоў.
Прахвэсар прапанаваў тры варыянты: “Жывыя плёткі”, “Лапцевы тэлехвон” і “Хмялёвая мудрасьць”.
Я ветліва адкінуў. Але спыняючыся на апошнім варыяньце—Хмялёвая мудрасьць—у мяне мільганула бліскучая думка: ці ня лепш навыварат—“Мудры хмель”?
Мая надумка! Слава будзе на мае конта. Значыцца, галоўны рэдактар—я.
На гэтым, як быццам, пагадзіліся. Але нічога ня выйшла. Прахвэсар Манюкевіч не паказваецца мне на вочы. Мабыць ён пашкадаваў сваіх грошаў. Ну і ліха зь ім!
У жыцьці ўсякае здараецца. Бывае і горш. Са мной калісьці сябраваў паэта Гіцаль-Дудзіч. У нас зь ім выпстрыкнула камэрцыйная ідэя: выдаваць альманах. Назбіралі ад падпішцыкаў грошы. Ён быў за скарбніка. Працаваў зь энтузыязмам. Але і таксама ў чарку заглядаў. Усё назьбіранае і пазычанае прапіў. І ўцёк у Аргентыну. Ходзяць чуткі, што Гіцаль-Дудзіч адтуль выехаў на бацькаўшчыну, у Менск. Там яго, кажуць, арыштавалі. Выслалі на поўнач у прымусовыя лягеры.
Не даю веры! Не такі Гіцаль-Дудзіч. Я яго добра знаю. Невялікай ён асьветы, але галава не зь мякінай. Усюды і пры кожным урадзе ён займаў высокае становішча. І сярод эмігрантаў важная шышка. У Аргентыне быў дарэктарам заалягічнага саду. Мне паказваў свой аргентынскі дыплём. Навуковая ступень доктара. Вось якія нам патрэбныя людзі!
А наша старая інтылігенцыя сьпіць… Пазашывалася абы-дзе: адны на хвабрыцы, другія на хварме працуюць, а хто ў кляштар пайшоў, ці ў інваліды падаўся.
Паэты на эмігрцыі цыркаюць па адным вершыку. Каторыя дык зусім прыціхлі. Жывыя мерцьвякі! Балазе ёсьць сьветлая зорка. Гэта Насьця Праменьнева. Ёй, той казаў, бязумоўна належыць першае месце ў нашай літаратуры. Тут ніякай дэмагогіі.
Дазвольце працытую пару радкоў зь ёйнага твору:
Хто скача, імчыцца ў халодную ноч?
Гэта бацька з малым хлапчуком.
Якая цудоўная паэзія! Які сакавіты рытм! Злыя языкі гаворяць, што гэта адаптацыя перакладу баляды нейкага нямецкага паэты. А я думую, што наша вялікая паэтка Насьця Праменьнева сама патрапіць гэтак напісаць. Паслухайце, як звонка рыхмуецца: ноч—хлапчуком! Багаты асананс. Алітэрація гукаў. Інтымная сувязь слоў.
Вось дзе надзвычайнае майстэрства! На жаль, выдавецтвы маюць грашовую імпатэнцыю. Ня могуць надрукаваць ейных твораў.
З прозай, асабліва з мастацкай, у нас таксама справа—дрэнь. Раманы толькі адзін Акула піша. Іншыя на першых разьдзелах скапыціліся. Гэта я не кажу пра сябе. У мяне ёсьць у задуме цэлая эпапэя, вялічэзны раман. Ды вось ліхачка. Выдавецкі хвонд ледзь ліпіць. А на свае грошы выдаць кніжку ня лёгка. У банку я, прызнацца, маю трохі, але не магу чапаць. Жончына вока пільнуе. Ані цэнта адтуль. Хіба што на рамонт аўта якія пару даляраў выхапіш, дый тое не бяз гарачай сваркі.
Ну, гэта між іншага. А ўвогуле культурная справа на месцы не стаіць. Ня пяром, дык пэндзэлем.
Можна сказаць, я—прахвэсыянальны мастак. Мой практычны дэвіз: мастаком трэба быць усюды. Дзеля гэтага малаважныя і унівэрсытэты і акадэміі. Галоўнае—розум.
На жаль, у нас глядзяць не на розум, а на паперку. Патрабуюць пасьветчаньні аб адукацыі.
Чалавек з разумнай галавой знойдзе такі дакумэнт. У ім, напрыклад, адзначаецца: нарадзіўся на Беларусі ў 1915 годзе, скончыў Аксхорскі унівэрсытэт у 1900-ым. Сучасныя бюракраты не зьвяртаюць увагі на гэткі анахранізм. А калі хто і заўважыць, дык паправіць: нарадзіўся ў 1900 годзе, скончыў унівэрсытэт у 1915-ым. А гэта ўжо ня блага. У падобнай сытуацыі, я ўважаю, кажны з нас хацеў-бы апынуцца.
8.
Сьвет вялік, а ў сьвеце людзі. Што чалавек—то галава. Чалавек гучыць прыгожа. Асабліва ў навуковай тэрміналёгіі. Гуманус! Антропас! Прыгадаю зноў пана Пырніка. Я ўжо казаў, што мастак зь яго ня вырабіўся, але галава на карку—ня корак ад пляшкі—кемлівая. Апошнім часам працаваў ён у нейкай канцылярыі перапішчыкам. Цяпер па старасьці выйшаў на пэньсію. Выязджае ў сьвет. Любіць высокія рэпрэзэнтацыі. Узяў сабе самохаць бліскучы тытул: сторшыня эміграцыйнага камітэту Заходняй Эўропы. Сярод нашых эмігрантаў на гэткі тытул ёсьць нямала прэтэндэнтаў. Кажны пнецца ў старшыні, у прэзыдэнты. Выбіваюцца ў людзі.
Возьмем канкрэтны прыклад: Ян Балабалтас. Скуль ён паходзіць—з латышоў ці ліцьвінаў—мне не да галавы. Ня буду калупацца ў ягоным генэзісе. Магу адно засьветчыць, што ён таксама гаворыць пабеларуску. Ягоны жыцьцяпіс крыху цьмяны, але мне здаецца, бяз крыміналу.
Скончыў ён пачатковую школу. У часе вайны быў за кашавара паходнае кухні. Дзесьці ў Нямеччыне выслужыйся на сэржанта. Пазьней, у лягерох, эмігранты надалі яму ранг палкоўніка. Цяпер ён схіліўся ў бок тэалёгіі. Піша трактаты на рэлігійныя тэмы. Піша на высоком узроўні. Справа цёмная, але сьветлая галава.
А Макар Ягель! Ён здабыў навуку ў дыпісцкім лягеры (рэд. лягер перамяшчаных асоб у Нямеччыні). За два гады прайшоў акадэмічны курс беларускай гімназіі. Цяпер таксама палкоўнік. Што казаць! Прыродны жанглёр! Праз пару гадоў ён напэўна адхопіць генэральскі чын. І нават каралём аб'явіцца. Не дарма ён кажа, што паходзіць з даўнага славутага роду. Ягоны продак нібыта літоўскі вялікі князь Ягайла. А што да прозьвішча Ягель, дык гэта, кажа, маскарад у ліхім часе. Самаахова. У камуні стычнай краіне яму было небясьпечна прызнавацца князем. Вось і атрымалася трансхармацыя ў прозьвішчы.
І далей як па нотах: і маці—грахвіня, і цесьць зь нямецкіх баронаў. Адным словам такая праўда, як камень плавае. Але няхай выслаўляецца. Нам свая арыстакрацыя, свае князі таксама патрэбныя. Няблага й караля мець. Можам і кабінэт міністраў у экзылі скласьці. Я бяру ініцыятыву. Дайце толькі мне абсалютную ўладу.
Сярод нас знойдзем прыемную кандыдатуру. Вось вам, калі ласка: Ніна Ватрушка.
Скончыла амэрыканскую школу—гай скул. Дакладна перакладаючы з ангельскай мовы, гай скул—гэта высокая школа. Значыцца, асоба высока адукаваная. З выдатнай характарыстыкай. Піша на машынцы, заплюшчыўшы вочы. Кіруе аўтам зухвата, як цыркачка. Да мужчынаў мае дыпляматычны падыход. Незаконна народжанае дзіця ўсынаўляецца чужым дзядзькам.
Наагул, разумная дзяўчына. Гаворыць лёгка парасейску, панямецку, паангельску. Разумее яшчэ дваццаць моваў. Пабеларуску размаўляе цяжкавата, але я думую, хутка навучыцца. Усё-ж такі, як не кажэце, родная мова бліжэй да сэрца.
Скажу бязь лішніх слоў. Ніна Ватрушка—лепшы кандыдат на міністра замежных справаў.
А нутраныя справы я даручыў-бы Сьцяпану Ляшевічу. Ён чалавек сьмелы, рашучы. Даўней займаў кіруючыя пасады. Сядзеў у савецкім канцлягеры. Там прастудыяваў юрыдычныя навукі. І цяпер далёка пайшоў.
Заганы я ў ім ня бачу. Кажу вам: дзядзька адважны, дзёрзкі. Нікога не баіцца, апрача свае жонкі. Тая, халерачка, заўсёды сварыцца зь ім, дае кухталя. А ён, небарака, спаганяе злосьць на іншых. З псыхалягічнага гледзішча, гэта добра. Выпрацоўваецца цьвёрды характар. Прахвэсыйны, можна сказаць. Будзе не благі міністар.
На міністра вайсковых справаў я прызначыў-бы сьвядомага беларуса—аднаго з баявых вэтэранаў Другой сусьветнай вайны. Не канечне палкоўніка ці генэрала. У нас яны на воку, спатрэбяцца некалі для ваеннай стратэгіі.
На міністра я маю кандыдата зь ніжэйшым рангам, але з высокай эрудыцыяй самавука, зь вялікім багажом ведаў ды з вайсковай практыкай. Пад маім кіраўніцтвам у кажнага будзе добрая атэстацыя. Усе яны—сьвежыя парасткі на нацыянальнай глебе. Наша сіла, наша радасьць!
На вялікі жаль, на эміграцыі беларусы ня маюць дружнай еднасьці. Падзяліліся на крывічоў і зарубежнікаў. Сьварацца міжсобку. Цяпер як быццам прыціхлі (рэд. Аўтар, Р. Крушына, пісаў гэта ў 1975 годзе), а ці надоўга? Ціхая вада берагі падмывае.
Каб ня было развалу трэба нам, беларускім патрыётам, змагацца, не шкадуючы сваіх апошніх высілкаў. Дзе двух сварацца, там трэці карыстаецца.
Я заклікаю ўсіх прысутных на маім юбілейным вечары: Трымайцеся разам каля мене ў справядлівым змаганьні.
Вы ушановалі юбіляра і гэтым самым, можна сказаць, сымбалічна даручылі яму скласьці новы экзыльны ўрад. Вобразна кажучы, урад трэцяй сілы. Я вам вельмі ўдзячны за поўны давер і пастараюся сумленна выконваць нацыянальныя абавязкі.
За чаркай, бачыце, урад спраектаваны бадай у поўным складзе. Праўда, ёсьць яшчэ адна вольная вакансія: на міністра хвінансаў. А ня кажнаму можна даверыць гэтае становішче. Грошы, вы ведаеце, рэч далікатная. Нельга да іх падыходзіць зь нячыстымі рукамі, з малым розумам. Пакуль няма адпаведнага інтэлектуала, часова я сам мог бы ўзяць на сябе гэтую нагрузку. Працы я не баюся. У гэтым сутнасьць змаганьня.
Я змагаюсь ня толькі пяром і пэндзэлем. Я маю ідэйную зброю. Заснаваў сваю собскую партыю. Пакуль што яна складаецца з трох чалавек: я, мая жонка і швагер. Гэта—залаты пачатак. Пасьлей мая партыя разьвінецца ў масавую арганізацыю. Усе патрыёты пойдуць пад мой сьцяг.
Вып'ем за шчасьлівую будучыню.
* * *
Я закругляюся на кароткім рэзюмэ.
У вольным сьвеце беларусы актывізуюцца. Вырашаюць заданьні гістарычнай місіі. Цяжка працуючы—бальшыня хвізычна—змагаюцца ідэалягічна супраць паняволеньня нашай бацькаўшчыны. Змагаюцца дзеля шчасьця свайго народу.
Тут на чужыне выяўляюцца народныя таленты. Мы маем сваіх Рахваэля, Баха, Шаляпіна. Ёсьць і свае вучоныя: хвілёлягі, моваведы, гісторыкі. Я скажу больш таго—ёсьць беларускі Ламаносаў, які мог-бы стварыць і ачоліць акадэмію навук. Праз маю сьціпласьць я ня буду называць прозьвішча прызнанага аўтарытэта. Вы ўжо ведаеце…
Так, мы маем таленты. Незаўважаныя нікім самародкі-таленты. Яны дзесьці хаваюцца ад нашага вока. Мала дбаем пра іх. А от ў іншых нацыянальных асяродках не саромяцца паказаць свайго прагрэсу. Напрыклад, чэхі ці палякі на эміграцыі. Каго не запытаеш—важная асоба. Вайсковы санітар цяпер прахвэсар мэдыцыны. Швайцар гатэлю заяўляе, што ён былы генэрал і званьне “эксцыленцыя” за ім застаецца аж да магілы. Усе яны з паважанай прахвэсіяй. Адзін—інспэктар, другі—архітэктар, трэці—вучоны аграном.
Чаму-ж нам адставаць ад іх? Хіба мы бедныя на розум? Ці занадта чульлівыя ў пытаньнях этыкі? Ці можа баімося людзкога сьмеху? Сьмех ня грэх, а хітры розум ня ганьба. Закруцім і мы шрубку.
Я спадзяюся, што ачухаюцца і нашы людзі, выйдуць у сьвет генэралы і маршалы. А што яны бяз войска і зброі—няма клопату. На чужыне гэта зусім натуральна. Нашы дактары—без пацыентаў, інжынеры без праектаў, опэрныя сьпевакі без тэатру. Усе яны шчасьлівыя вылучэнцы. За кароткі час дабіраюцца да алімпавых вяршыняў.
Пажадаем ім посьпеху ды памыснай працы.
Дазвольце, дарагія прыяцелі, напрыканцы маёй прамовы выказаць глыбокую падзяку ўсім, хто сяньня ўрачыста ўшанаваў мяне і хто субсыдыйна спрычыніўся да наладжаньня ў мой гонар юбілейнага вечару.
Перадусім асаблівую падзяку выношу паважанаму кінарэжысэру пану Паўлюкевічу. Ягомасьць тутака захвільмаваў нашу імпрэзу і захвіксаваў на магнітахвонную стужку маю прамову.*
Сяньняшняя ўрачыстасьць, бязумоўна, застанецца важным гістарычным дакумэнтам.
(Бурныя воплескі)
1975
* Зразумела, на ўсеагульнае карыстаньне яна пайдзе...некаторыя дыскрэтныя…Пан Паўлюкевіч і я адрэдактуем…
(Гэты фельетон бязумоўна закранае і нейкага “крытыка”, які чамусьці ўявіў паэзыю Р. Крушыны як “эратычную”. Дык вось, спадар “Крытык”, вам гэтая эмігранска-эратычна-палітычная прамова на роздум. У тыя гады, калі гэта ўсё здарыляся, вы яшчэ тады паўзунком пад сталом… Інакш і вас трохі прачасаў бы мудры Супрон Халімонавіч Ляжнёў. А цяпер шукайце вашу эротыку ў іншых інстанцыях!
--Ігар Казак, Флярыда, ЗША)