БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Рыгор Крушына, Фэльетоны

БЕЛАРУСКІЯ МАЙСТРЫ-САМАВУЧКІ

Кастусь Рамановіч
2003г. © Ihar Kazak

У Беларусі высокае майстэрства ведамае з даўніх часоў. Кэрамічныя вырабы, знойдзеныя цяпер у курганох, красамоўна гавораць аб бліскучых талентах нашых продкаў. Беларускія тканіны, а пазьней ў 18-ым стагодзьдзі, гэтак званыя слуцкія паясы набылі сусьветную славу. Былі ў Беларусі і свае страдыварыусы-самавучкі, якія майстравалі скрыпкі, цымбалы, дудачкі. У нашым народзе такіх музычных майстроў было нямала.

Яшчэ за маю памяць на Случчыне, у вёсцы Еўлічы жыла сям’я старога Супрона, сыны якога былі майстры-самавучкі. Яны самі рабілі скрыпкі, а таксама на іх ігралі. Ігралі без навукі, бяз нотаў. Лавілі мэлёдыі, як яны казалі, толькі вухам. Слава ішла далёка аб гэтых музыках. Сыноў Супроновых усюды на вёсках зарашалі на вясельлі і вечарынкі. Яны на гэтым добра зараблялі. А гэта было небесьпечна ў змрочныя сталінскія часы. Такіх людзей перасьледвалі, як кулакоў. Вельмі рэдка выбіваліся гэтыя людзі з масаў. Адзін з такіх, якому пашчасьціла дасягнуць вяршыняў—гэта майстра-самавучка Уладзімер Крайка. Нарадзіўся ён на Міншчыне, у вёсцы Сухареве. Яшчэ ў дзяцінстве, як быў пастушком, ён вырэзваў з дрэва дудачкі і сам на іх іграўю Аднойчы на сельскай вечарынцы пачуў ён скрыпку. Яму захацелася самому зрабіць гэты цудоўны інструмант. Доўга ён прыглядаўся і нарэшце сам, сваімі рукамі, зрабіў нешта падобнае. Ад таго часу ў яго не згасала любоў да майстэрства.

Уладзімер Крайка пераехаў у горад Менск, дзе працаваў шаўцом, сталяром, а ў вольны час майстраваў скрыпкі, цымбалы, дудкі.

У 1937-ым годзе Уладзімера Крайку запрасілі на працу ў Беларускую Дзяржаўную Філярмонію у якасьці музычнага майстра. Там ён працуе і цяпер. Ім зроблена шмат скрыпак, віялянчэляў, кантрабасаў, альтаў. Ягоныя музычныя інструманты экспануюцца ў музэях за межамі Беларусі. Ліра і дудачкі, зробленыя Крайкам, знаходзяцца ў Швэдскім музэі народных інструмантаў. Украінскія бандурысты таксама цэняць працу беларускага ўмельца.

А ці толькі адзін гэты майстра на Беларусі? Колькі ўмельцаў ёсьць ня выяўленых, не навучаных у школах—гэткіх, як Супрованых на Случчыне. Колькі загінула ў часе калектывізацыі і раскулачваньня. Колькі зьнішчана ў савецкіх канцлягерох і на выгнаньні на Поўначы. Між волі прыгадваюцца словы Якуба Коласа: “колькі талентаў зьвялося”.

Аднак у Беларусі народныя таленты цалкам не зьвяліся. Нараджаюцца новыя.

Таксама не забыліся, ня зьніклі і славутыя ткачыхі. Яны адрадзіліся. Цяпер яны працуюць у Слуцкай ткацкай майстэрні. Ткуць шырокія паясы. Гэтыя тканіны на міжнародных выстаўках ні раз зьвярталі на сябе ўвагу сваёй красой і арыгінальнай самабытнасьцяй. На Віцебшчыне сёньня славяцца ганчары, якія займаюцца мастацкай керамікай. Ёсьць у Беларусі таксама самавучкі разьбяры, мастакі, скульптары.

Але ці ўсе ўмельцы маюць магчымасьці выяўляць свае прыродныя здольнасьці? Некаторыя зь іх, як і за Сталінам, дзесьці ў цені—адсунутыя, незаўважаныя. А пра маладых майстроў музычных інструмантаў і ня чуваць нічога.

Арганізаваныя калектывы самадзейнасьці не заўсёды праяўляюць актыўнасьць. І гэта зразумела. Яны працуюць пад неаслабнай партыйнай “апекай”, і таму ня маюць самастойнасьці. Няма ў іх ініцыятывы, няма свабоднага творчага разьвіцьця.

17.V.1969 г.

ЦІШЫНЯ ДЫ ХРУШЧОЎШЧЫНА

2003г. © Ihar Kazak

Цішыня і спакой

Доктар прыйшоў да хворага і кажа:

--У вас нэрвы не ў парадку. Галоўнае—цішыня і спакой. І вы будзеце здаровым.

Ой, які жартоўнік гэты доктар! Дзе-ж тут можна цішыню знайсьці? І які тут спакой, калі ўвесь сьвет неспакойны?

Гэта цяпер не 19 стагодзьдзе! Тады сапраўды існавала цішыня. Даўней людзі ня чулі ні шуму аўтамабіляў, ні трамвайнага грукату, ані крыку сырэнаў. Бывала, чалавек едзе ў дыліжансе—ціха, мпакойна. Адно коні храпяць і падкоўкі па бруку цокаюць. Ня шум, а вальсы Штраўса. Дарэчы, музыка! Якая была мэлёдыя, якая прыгожая кампазыцыя! І аркестры цудоўныя! Арфа, гітара, скрыпка, ці штосьці іншае струннае. Адным словам, бальзам для душы.

А цяпер няма спакою ні ўдзень, ні ўначы.

Нядаўна я прачытаў ў газэце, што савецкія інжынэры супраць гарадзкога шуму нешта выдумалі. Нейкія апараты выпрабоўваюць. Кажуць, гэтыя апараты шум у сваё нутро засмоктваюць і паглынаюць усякія непатрэбныя гукі. Можа гэта і праўда. Ня буду спрачацца. Але ці тыя шумасмокі выратуюць нас? Ці-ж толькі нашае няшчасьце ў фізычным шуме?

А псыхалягічны шум? Напрыклад, савецкая прапаганда. Хіба яна ня дзейнічае на людзкія нэрвы? На лэлы сьвет яна крычыць. І ў кіно, і ў радыё, і ў тэлевізіі, і нават на міжнародным форуме.

Усюды лезе савецкая прапаганда. І нават часам у спалучэньні з фізычным шумам. Прыгадайце выступленьні Мікіты Хрушчова ў Нью-Ёрку. Яму і саксафон з барабанам—слабыя канкурэнты. Ён куды больш шуму нарабіў.

Ды які тут на зямлі спакой? Ад такога спакою аж млосна. Галава, як ад чаду баліць. І ніякія таблеткі не паіагаюць.

Тут патрэбныя больш радыкальныя сродкі. І тады гул самалёта, званкі трамваю, шум фабрычных машын, вулічны рух—усё гэта, як тыя сымфоніі Шастаковіча, будуць ўспрыймацца. І няхай уба, як леў раве, і радыё на ўвесь голас... Ня ў гэтым бяда.

Трэба толькі іншага пазбавіцца: найбольш нябясьпечнага шуму—бальшавіцкай прапаганды. Будуць і нэрвы ў парадку. Будзе і тое галоўнае—цішыня і спакой.

29.12.60г.

* * *

Аб людзкім даверы

Добра жыць у тэй краіне, дзе людзі ветлівыя, у згодзе, давяраюць адзін аднаму. Сяджіш, напрыклад, у кафэ. Поруч незнаёмы сядзіць. Ён надвор’е лае. А мне кава не смакуе.

Слова за словам, і пачынаецца гутарка. Ад надвор’я пераходзім да літаратуры і нават палітыкі. Розныя густы. Розныя пагляды і пераконаньні. І ўсё гэта за сталом адкрыта, як пасьянс, кладзецца. Спакойна, даверліва, бяз страху, без варожых настрояў.

Добра і прыемна, калі можна давяраць чалавеку, абменьвацца думкамі, ідэямі.

А хіба ў краіне сацыялізму ўбачыш штосьці падобнае? Нават сярод знаёмых даверу няма. Бразьнем зьнячэўку слова—і ўжо няпрыемнасьці.

--Кава вам не падабаецца? Нашага савецкага вырабу? А ці не захацелі, таварыш, баланды на Калыме?

Вось з такімі і пагавары на палітычныя тэмы. Ня гэтак скажаш, у тон не патрапіш, дык і сапраўды давядзецца баланду сёрбаць. Лепш маўчаць. Нікому няма даверу. Напрыклад, падалі табе ў буфэце куфаль піва. Не давярай! Чакай і прыглядайся. На куфлі рысачка зазначана. Пена асядзе, і глядзі на піва—ці акурат да рыскі! Не забывайся, што гэтая рыска і ёсьць першы крок да камунізму.

А возьмем яшчэ прыклад. Ленінская публічная бібліятэка. Там на паліцах—горы кніг. Але да іх вольнага доступу няма. А чаму? Запытайцеся ў бібліятэкараў. У чытальнай залі—публіка культурная. Зладзеяў няма. А калі і ёсьць клептаман, дык ён не крадзе, а толькі цішком кніжку з бібліятэкі выносіць, каб ніхто ня бачыў. А такое “зачытваньне” шкоднае. Прападаюць не якія-небудзь пустыя кніжкі, не залаты том Леніна, а, разумееце, старыя рэдкія унікумы. Шкада! І які-ж можа быць давер? А ён патрэбны, гэты людзкі давер. Асабліва пры сацыялізьме!

І вось мы бачым першыя парасткі, першую спробу давяраць чалавеку. У Бресьце кінатэатр працуе без кантралёраў. А бібліятэка менскага аўтазаводу сёлета адкрыла вольны доступ чытачом да кніжных паліцаў. Аб гэтым і ў газэце “Літаратура і Мастацтва” паведамілі. Пахваліліся, што ў новых умовах бібліятэка працуе.

“Мы ўдзячныя работнікам бібліятэкі за тое, што яны давяраюць нам, чытачом, самім выбіраць кнігі”,--заяўляюць інжынэр заводу Чахлоў і работнік Глябковіч.

За што-ж дзякаваць? Давяраюць, як кату кіслы квас. А сьмятана дзе? Ці ёсьць, скажэце, на паліцах гэтай бібліятэкі, якая мае каля 55 тысяч кніг, такія творы, як, напрыклад, мэмуары Троцкага, Зіноўева, раманы Краснова, Нарокава, Міхася Зарэцкага, паэзія Гаруна і Жылкі, пераклады Дрэйзіна?

І згадкі няма. Дык які-ж гэта выбар? Які-ж давер?

А вось на Захадзе ў кожнай гарадзкой бібліятэцы здаўна вольны доступ да кніжак. І там на паліцах—кнігі пісьменьнікаў розных палітычных кірункаў. Якую хочаш выбірай! Чалавеку там сапраўды давяраюць.

3.12.60г.

* * *

Чырвоная павязка

Калісьці мой дзед казаў: “Соцкія і дзесяцкія горш за ўрадніка. Самі з мужыкоў, а мужыка душаць”.

Але, дзякуй Богу, яны зьвяліся. Цара няма. І ўрадніка на сяле таксама няма. І ягоных памагатых—соцкіх і дзесяцкіх—рэвалюцыйным шквалам змыла.

Цяпер новы парадак. Сацыялізм у росквіце. Вучоныя плодзяцца. У калгасе, бачыце, --культурна і дэмакратычна. Хаты-чытальні, клюбы... Там вясковую моладзь палітграматай частуюць. Бо не адным хлебам жыве яалавек. Трэба і ленінскі харч спажываць. А да гэтага і бязбожніцкую літаратуру. Прасьвятляйцеся!

І народ, я вам скажу, цяпер няцёмны, сьведамы. Яму паліцыі ня трэба. Навошта гвалт над асобай? Разважаючы па-ленінску, у краіне сацыялізму няма ні злачынцаў, ні парушальнікаў грамадзкага парадку. Якія-ж могуць быць ураднікі і дзесяцкія?

А мой сусед-кватэрант, царскі недабітак, хітра сьмяецца і кажа:

“А яны ёсьць! Адрадзіліся... Вось паслухайце радыё, калі ласка. З Гомелю...”

Пакруціў я шрубкі ў апараце і чую: “Вёска Цялюшчынцы, калгас Каначыліцы...” Ага!—кажу, --сапраўды, Гомель. І гаворыць ён 18-га лістапада 1960 году. Можна сказаць, на парозе камунізму. Цікава аб чым там гутарка? Бліжэй сваё вуха. Нейкія паветранныя пшыкі і атмасфэрныя бурхатаньні. І раптам, праз лёгкі шум, прарываецца голас дыктара. Чысты, выразны. Сацыялістычным энтузіязмам навеяны. Аб дружыньніках ідзе мова. Але ня думайце, што аб старадўных, з княжага двара. О, не! Гаворыцца аб сучасных, савецкіх. З чырвонай павязкай на рукаве.

“Дзякуючы ім,--кажа дыктар,--у клюбе ніхто ня курыць, няма выпадка, хуліганства... Яны надзейныя ахоўнікі грамадзкага парадку...”

Вось тут мяне, як варам ашпарыла. Як-жа так? Пры сацыялізьме! У бясклясавым грамадзтве! І людзі культурныя, і тэхніка: высокая. Луньнікі маюць, касмічныя ракеты. І на Вэнэру цэляцца. А вось тут, на зямлі—ахоўнікі парадку! І не абы якія, а надзейныя! Сам дыктар гэта падкрэсьліў.

Узяла мяне цікавасьць. Слухаю далей.

“Народная дружына створана паўтара года назад. Склад яе не вялікі, але баявы. 24 чалавекі. Сярод дружыньнікаў—10 камуністаў і 8 камсамольцаў”...

Годзе! Я вылучаю радыё. Сусед мой трыюмфуе, сьмяецца.

--А што? Бачыце, кажа ён, ізноў тыя соцкія і дзесяцкія! Ды яшчэ з партыйнай падліўкай. І праца ў іх—рэптыльная, гадзючая. Яны маюць і палітычныя, інакш кажучы, жандарскія функцыі. Не здарма ў іх чырвоная павязка на рукаве. Чырвоная павязка дае псыхалягічны эфэкт. Яна ўсшх палохае.

Ну, але! Я не пяречу, Мой сусед праўду кажа.

24.11.60г.

* * *

Пра выцісканьне сокаў і пра гультаёў-абібокаў

У краіне сацыялізму, кажуць, людзі шчасьлівыя. Яны працуюць звыш нормы, спаборнічаюць. Нямала ўжо за старанную працу і мэдаляў людзям паначаплялі. І залатых, і срэбных, і проста бляшак—розных там ардэноў. Толькі ў краіне саветаў такі росквіт! Паглядзеце савецкае кіно, тэлевізыю, савецкую п’есу у тэатры, разгарнеце газэту, часапіс! Усюды ўбачыце ўзнагароджанных. Зоркі ды мэдалі зіхацяць на грудзёх. Ажно ў вачох стракаціць!

І савецкая прапаганда лезе ў вушы. Вось, маўляў, якое жыцьцё ў нас! Любуйцеся. Усе людзі жывуць заможна. Гэта вам не капіталістычны сьвет! Там—бядота, голад. Там выціскаюць апошнія сокі з працоўных. Там—няма адпачынку, там тарарам і гэтак далей.

А кожны грамадзянін у Савецкім Саюзе добра ўсё разумее! Што да выцісканьня сокаў, дык ня трэба пальцам на Захад тыкаць. У сваім доме ўсяго нагледзішся. Пад чырвоным прасам, уга, як выціскаецца! Тут і камуністычныя брыгады. І перажодныя сьцягі, і ганаровыя дошкі. І ў газэтах артыкульчыкі. І партрэты актывістых. І заклікі ўсякіх тысячнікаў. Усё скіравана на тое, каб паднатужвалісь ў працы, каб выконвалі і перавыконвалі пляны.

Дзе такое заграніцай ўбачыце? Такое выцісканьне сокаў? А ў Савецкім Саюзе, як у макатры. І ня толькі сокі, але і душу ціснуць. А заработак? Сорам прызнацца. На касьцюм не наскрабеш за месяц. Шмат працуем і нічога ня маем. А савецкая ўлада віпаватых шукае. Гультаі, кажа, разьвяліся. Абібокі, дармаеды, лодыры. Яны наша жыцьцё псуюць. Не працуюць, не памагаюць сацыялістычнаму будаўніцтву. Трэба іх выкрываць, на ганьбу выставіць гэтых м”мамчыных сынкоў”. І пачалі іх лаяць ў газэтах. Чаго толькі ня пішуць! Мала таго. У часапісе “Коммуніст” нумар 14 гэтак злосна напалі на дармаедаў, што нават прапануюць перагледзець крымінальны кодэкс СССР. Даволі цацкацца! Трэба суровую кару на іх прыдумаць, на дармаедаў гэтакіх!

Адным словам, пачалася кампанія: хрушчовы паход на гультаёў. А калі ўжо гэтак—хочаш ня хочаш, а трэба знайсьці паразыта. Трэба яго ў кожным калгасе адшукаць. І ня толькі ў прэсе, а ў радыё павінны абурацца на такі “буржуазны перажытак”.

Вось нядаўна і выступіў у менскім радыё Віктар Шымук. З вершаваным фэльетонам на гэтую тэму. Пра Кацю. Напэўна аўтар прыгадаў сабе песеньку “Кацюша”. Тая выходзіла на круты бераг ды песьні пела. Таксама абібок. Чаму яна, гэтая Каця, не на полі на трактары? Бачыш ты, пра шызага арла, пра свайго каханка думае. Вось тут Віктар Шымук знайшоў удалы прыклад. Каця ў яго кавалерам песьні пяе. Сёлета ў інстытут экзамін трымала. Правалілася.

У другі інстытут прабуе. А ў калгасе працаваць ня хоча! І неяк ўдалося—паступіла ў вышэйшую школу.

Аўтар гіранічна канчае фэльетон:

Што з той Каці будзе
Праз год, два—ня знаю,
Абібокам людзі
Кацю называюць.

Пасьля такога фэльетону ў радыёперадачы ўзяла слова калгасніца Яўгеня Гліцкая з калгасу імя Леніна, Мазырскага раёну. Яна сказала пару слоў аб сацыялістычнай працы і адразу села на каня прапагандовай карузелі, паскардзілася: “Мне хочацца сказаць аб тых, хто ідзе наперакор нашаму агульнаму руху. Вось, напрыклад, мае аднавяскоўцы: Іван Сіліп і Сьвятлана Ярома. Яны скончылі дзесяцігодку, атрымалі атэстаты сьпеласьці і нідзе не працуюць, і жывуць за кошт сваіх бацькоў і сясьцёр”.

Далей калгасьніца пра іх нічога не гаворыць. Нават і не абазвала абібокамі ці дармаедамі. Відаць, проста выконвала свой цяжкі абавязак. Трэба сказаць і пра такіх. Вось і сказала аб тых хто ідзе наперакор нашаму агульнаму руху.

А ці сапраўды гэтыя прыгаданыя асобы каму шкоду прыносяць? Яны скончылі сярэднюю школу і не працуюць. Жывуць у сваіх родных. А што за клопат чужому чалавеку ў сямейнай справе? Можа яны, як тая Каця, у нейкі інстытут рыхтуюцца. Сам фэльетаністы Кацю не асуджае. На людзей звальвае. Кажа: Людзі яе абібокам называюць. Людзі, можа, заадно і самога фэльетаністага ў дармаеды залічылі. Ён-жа таксама, бачыце, ня хоча ў калгасе працаваць. Толькі пасьміхваецца, фэльетоны піша.

Дык годзе аб гэтым. Трэба шырэй разгарнуць кампанірю супраць гультаёў. Трэба ўсіх дармаедаў выкрыць! І не абы-якіх! Навошта калгасьнікаў ці бедных студэнтаў чапаць? Нават і фэлетаністага пакінем у спакоі. Устрасянем лепш верхавіну сацыялістычнага грамадзтва. Напрыклад, ЦК КПСС. Там дармаедаў шмат. І яны сапраўды ціснуць сокі з народу.

17.11.60г.

* * *

Гастролі Хрушчова

Хрушчоў не Дэмасфэн але гаворыць шмат. Ягоныя прамовы страшна даўгія (паслухайце, напрыклад, гэтыя хрушчоўскія перлы). Ён выступае з імі і на сэсіі ў Аб’еднаных Нацыях і ў памешканьні савецкай місіі, і проста з балкону гатэлю.

І вось адноёчы Хрушчоў быў запрошаны і ў люксусовы гатэль “Білтмор”. Вельмі-ж захацелася мільянэру Ітану паслухаць Мікітаву прамову. А Хрушчоў і там пастараўся. Крыху, праўда, у іншым стылі—не з такой чорнай прамовай выступіў супраць капіталістых. Можна сказаць, далікатна ўшчыкнуў. Ёсьць, кажа, капіталісты, з якімі можна суіснаваць, а ёсьць сярод іх фашыстыя, агрэсары. І гэтак далей. Словам, расчуліўся містар Ітан. І місіс Ітан таксама была ў захапленьні. Ну, гэта іхная прыватная справа. Але мы бачым іншы казус: зацікавілася Хрушчовам ньюёркская тэлевізыйная студыя.

9-га кастрычніка наладзілі інтэрв’ю з Хрушчовам. Дзьвюхгадзінная праграма пытаньняў і адказаў. Ачмурэць можна, слухаючы. А тут Мікіта Хрушчоў, як на тое ліха, разгарнуўся ў сваёй дзейнасьці. Яго ўвесь сьвет бачыць. Вось дзе можна выкарыстаць мамэнт дзеля прапаганды! І пайшлда ў ход малатарня. Аж напалохаў кіраўніка праграмы. Той пачаў маліцца, прасіць чырвонага прамоўцу, каб карацей і дакладней гаварыў. “Гэтак можна, кажа, усю ноч да шостай гадзіны раніцы сядзець у студыі. Пашкадуйце, здароўя”. А Хрушчоў на хваробы ня жаліцца. Ён можа бясконца гаварыць.

Вось толькі адно пытаньне прыпякло яго. Кіраўнік праграмы паўтарыў прапанову Айзэнгаўэра. Няхай, кажа, народы камуністычных краінаў у адкрытым плебісцыце выкажуцца, якая сыстэма лепшая—камуністычная ці дэмакратычная.

Хрушчоў падскочыў, скрывіўся, нібы яго здрок укусіў. І тут-жа схамянуўся. Ня дома, ня ў зацішку—у тэлевізыш амерыканскай. Увесь сьвет бачыць. Тут і пачасацца ад хваляваньня ня можна—убачаць. Трэба ў інакшым сьвятле паказацца.

І Хрушчоў у ваяўнічай позе пачаў сьціскаць кулакі і крычэць: “Савецкі народ сам выбраў камуністычную сыстэму ў часе рэвалюцыі і бараніў яе ў часе апошняй вайны. Ніякіх плебісцытаў у гэтым пытаньні! Мы не дазволім умешвацца ў савецкія ўнутраныя справы!”

Хрушчоў крычыць, дзярэ горла, махае кулакамі. Аж гідка глядзець на яго ў тэлевізары.

Не разумею, навошта такі псыхалягічны экспэрымэнт: дзьве гадзіны мучыць глядача нуднай праграмай. Ужо куды лепш—папулярнае відовішча:

бокс. А яшчэ лепш—і гэта было-б сэнсацыяй,--каб сам Мікіта Хрушчоў браў удзел у тым боксе. Ён-жа спрактыкаваны, умее кулукамі махаць.

13.10.60г.

* * *

Ітон і Мікіта

Ніколі ня думаў і ня сьніў Мікіта, што некалі на старасьці будзе мець справу з капіталістымі, што ў ягоны гонар міліянеры пачнуць ладзіць банкеты.

Вось ён ў Нью Ёрку, на сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. Выступае з даўгімі і нуднымі, як восень, прамовамі. Крычыць, лаецца, як бывала даўней, на выгане сярод кароў. Пагрозьліва сьціскае кулакі, абвіначвае ўсіх капіталістых у калянізатарстве, абзывае іх агрэсарамі. Дэлегаты слухаюць і не перапыняюць. У дэмакратычным сьвеце, асабліва сярод дыпляматаў, не задараняюць гаварыць. Потым могуць выказацца іншыя. Так і робяць.

Пасьля Хрушчова выйшаў на тыбуну прэм’ер Англіі Макмілян. Ён сказаў, што найбольшым калянізатарам на сьвеце зьяўляецца Савецкі Саюз, прадстаўнік якога абвінавачвае іншых у паняволеньні народаў. І варта была-б прыгадаць Хрушчову мудрую прыказку: “Знйшоў парушынку ў чужым воку, а ў сваім і бервяна ня бачыць”.

Макмілян сказаў праўду, а праўда вочы коле. Аж падскочыў з месца Хрушчоў. Затупаў нагамі, застукаў па стале кулакамі. Усьлед за ім, загрукалі ўсе савецкія дэлегаты. Такая ўжо савецкая этыка: камуністыя ня могуць слухаць апанэнта. Яны пачалі крычэць, стукаць кулакамі па сталох, як бурсакі Памялоўскага. Адным словам, глушэньне радыяперадачы на месцы. Савецкія дзяржаўныя мужы не саромяцца. Так паводзяцца Хрушчоў і ўся ягоная кумпанія сярод паважных джэнтльмэнаў.

Хрушчоў ненавідзіць капіталістых. Ён гэта ня ўтойвае. Ён выказвае варожасьць у кожнай прамове. Няўжо ніхто не разумее?

Відаць, не разумее гэтага і міліянэр Сайрус Ітон. Ён запрашае Хрушчова на абед, наладжаны ў ягоны гонар. Хрушчоў не адмаўляецца. Хрушчоў не баіцца нікога і нічога. Гэта толькі простаму савецкаму грамадзяніну ня можна з капіталістымі сябраваць. Няхай папрабуе савецкі турысты забаўляцца ў доме мільянэра! Адразу зной дзе іншы паварот на бацькаўшчыну—аж на Запаляр’е загоняць.

Мікіта Хрушчоў—справа іншая. Ён бажок, ён узвышаецца над усімі савецкімі грамадзянамі. Яму закон ня пісаны. Яму ўсё дазволена.

Хрушчоў выступае з прывітальным тостам: выказвае сымпатыю капіталістаму Ітону. А гэты капіталісты таксама адказвае Хрушчову тостам. Нават запрашае яго да сябе ў штат Огайё. Хоча паказаць Хрушчову сваіх пародзістых шортгорнаў. Напэўна і падарунак дасьць—бугая племянога. А Хрушчоў потым свайго прыяцеля рагамі таго бугайка пачне бадаць. З такім рагатым сувэнірам Хрушчоў у Амэрыцы ўжо мей справу...

А цяпер Хрушчоў на банкеце ўсіх чаруе. Пра Савецкі Саюз байкі баіць, аркадзкую ідылію малюе. Сыпле камплімэнты. Сьмяецца ды жартуе ў буржуазнай атмасфэры.

Тым часам на вуліцы каля дому расьце навальніца. Народ бушуе. У тым гарачым катле ньюёркская паліцыя парыцца. На дапамогу конную і матарызаваную выклікалі. А злосныя выкрыкі натоўпу ўрываецца ў дом, дзе адбываецца ўрачыстае прыняцьце.

--Містэр Ітон, не сябруйце з бандытам! Містэр Ітон, выкіньце Хрушчова на сьметнік!

Крык не змаўкае. Матацыклы паліцыянтаў ня могуць заглушыць словы гневу і пагарды.

З кім-жа мае хаўрус міліянэр? Ці ня думае наіўны Ітон, што калі запросіць бандыта на баль, дык той у будучыні зьлітуецца, не зачэпіць яго. Памыляецца, горка памыляецца. Бандыт толькі скарыстае гасьціннасьць, агледзіць усё ў доме, а пазьней зробіць злачынства.

Хрушчоў стараецца запэўніць Ітона ў шчырай прыязьні. А калі-б гэты крамлёўскі прыяцель меў свабоду і ўладу ў Амэрыцы, хоць-бы такую, як ў Польшчы і ў Вугоршчыне, дык, бяссумліву, наладзіў-бы Ітону адмысловы банкет. Ён запрасіў-бы не ў Маскву, а на далёкую Поўнач—на Салаўкі, ці на Варкуту. Там пачаставалі-б Ітона беламорскім дэлікатэсам—“баландо”. Такой стравы містэр Ітон напэўна ў сваім жыцьці ня еў.

А можа і яшчэ дэлікатней абышоўся-б Хрушчоў—як з прэм’ерам Вугоршчыны Імрэ Надзем?

10.10.60г.

* * *

Адважны за сьпіной паліцыі

Нядаўна Міікіта Хрушчоў у Нью-Ёрку з балькону гатэлю, дзе ён цяпер жыве, прамаўляў да групы журналістых. Небарака паскардзіўся, што ён “пад хатным арыштам”.

Дзяржаўны муж, бліскучая галава савецкага ўраду і такая не пашана—ня пушчаюць яго гуляць па вуліцах, не даюць магчымасьці гутарыць з народам. Ён-жа сам паходзіць з народу! Таму яго і цягне да простых людзей.

Капіталістыя—дзівакі, не разумеюць. Ці-ж яны ня бачаць, які вялікі натоўп сустракае Хрушчова? Гэта-ж усё працоўныя масы! Яны хочуць мець асабістае інтэрв’ю з Хрушчовым. На іхных транспарантах і плякатах—адмысловыя сардэчныя прывітаньні, пісаныя па-ангелсьску: “Хрушчоў—кат т панявольнік усіх народаў”, “Кроў пралітая ў Вугоршчыне—злачынная справа Хрушчова”, “Прэч Хрушчова з Амэрыкі” і шмат іншых падобных велівых слоў.

Савецкая дэлегацыя выходзіць з будынку Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў, а на вуліцы ўжо даўно цярпліва чакае публіка.

Ньюёркская паліцыя мае вялікі клопат. Тут і пешая, і конная, і нават пажарная каманда—усе пільнуюць парадак. Усім горача.

Хрушчоў ідзе поруч з Фідэлем Кастра, усьміхаецца. А воддаль адцшсьнены натоўп бушуе. Мільгаюць плякаты, транспаранты. І рухаецца шыбеніца. На шыбеніцы вісіць пудзіла—рыхтык Хрушчоў!

Як мы бачым, вельмі ўрачыстая сустрэча!

А Хрушчоў паважна ідзе, кланяецца ва ўсе бакі, сьмяецца як поўны месяц. Паціскае плячыма і кажа: “Навошта столькі паліцыі? Я-ж не патрабую аховы. Я хачу бліжэй да народу.”

Усё гэта выглядае так, як у казцы пра аднаго хітрага хлопчыка. Хлопчык, аглядаючы зьвярынец, кажа сваёй маці:

--Мама, я хачу прасунуць у клетку руку і пагладзіць ільва”.

Маці спалохалася і не пушчае сына. Людзі глядзяць і дзівяцца: “Які адважны хлопчык!” А той хлопчык свайму малому брату на вуха шэпча: “Ня бойся. Ня плач... Я не палезу гладзіць ільва. Я, братка, ведаю, што мама ня пусьціць. Таму і рызыкую”.

Напэўна Мікіта Хрушчоў шэпча на вуха свайму малодшаму брату:

--Ня бойся, Фідэлька! Ахова нас не пакіне”.

Але адважны ваяка Кастра ня можа супакоіцца, і цішком штурхае Хрушчова:

--Не жартуй, Мікіта. Мы ня дома. А раптам і сапраўды гэтая паліцыя твае словы паважна возьме. Разарве ланцуг і пусьціць публіку, а табе скажа: “Калі ласка, ваша эксцыленцыя, пагутарце з масамі”. А ты сам ведаеш, як народ нас вітае. Зірні, якую ляльку нясуць. Вунь там—на шыбеніцы...”

Хрушчоў паварочваецца ў той бок, куды паказвае Кастра, кісла ўсьміхаецца, махае рукой і кажа свайму прыяцелю:

--Эх ты, барада нячэсаная. Тут табе не на Кубе і ня ў джунглях. У Амэрыцы ёсьць дзяржаўны дэпартамэнт. Ён аб нас паклапаціўся. Ньюёркская паліцыя, браце мой, надзейная. Бачыш, якія геркулесы стаяць! Нам няма чаго баяцца”.

2.10.60г.

* * *

Карыфэй аграноміі

Як вам ведома, у Ленінградзе на парадзе работнікаў сельскай гаспадаркі выступаў з прамовай Мікіта Хрушчой.

Гэтым разам ён паказаў сябе ў ролі карыфэя аграноміі. Ён даваў усім парады, як і што сеяць, як рабіць кампост і рыхваць угнаеньне, як гадаваць бычкоў і цялят.

—Тут,—гаварыў Хрушчоў, —выступала аграном таварыш Макарава з Кастрамской вобласьці. У ейным выступленьні было шмат цікавага. Відаць, таварыш Макарава добры аграном, ведае сваю справу, я яе з прыемнасьцяў слухаў, але не ўва ўсім зь ёй згодзен. Яна гаварыла аб неабходнасьці пашырыць пасевы аўса і ячменю...

Раптам тон ягонай мовы зьмяніўся, ён пачаў крычець з трыбуны:

—Скажу проста, не паедзеце вы на сваім аўсе і ячмені. Хочацца папытацца: дзе вы вучыліся? Часам нашыя інстытуты проста калечаць людзей.

Як пачувалася пасьля гэткіх слоў Макарава, ня цяжка згадацца. Але ці-ж магла яна пярэчыць дыктатару, Яна толькі моўчкі слухала, як Хрушчоў краснабаіў:

—Вазьмеце бульбу, вырошчвайце яе і вы атрымаеце ў некалькі разоў больш кармоў з гэктару, чымся ад ячменю і аўсу...

Дасталося ня менш і іншым.

—Я лічу, —прадаўжаў Хрушчоў, —няправільным, калі ў наўночна-зазодняй зоне скарочваюць пасевы канюшыны зь цімафейкай... У вашай зоне я рэкамэндаваў-бы сеяць на корм бульбу, кукурузу, лубін.

Не забыўся Хрушчоў нават і на патрэбы калгасьніц-хатніх гаспадыняў—параіў, як саліць гуркі і квасіць капусту.

Вось дзе сапраўды выявіліся бацькаўскія клопаты партыі!

Пасьля хрушчовых рэкамэндацыяў савецкія аграномы пастараюцца...

Яны-ж бо вучыліся ў інстытутах, дзе “калечылі людзей”, яны нічога ня ведаюць. А вось цяпер паслухаўшы “мудрую” прамову Мікіты Хрушчова, аграномы Савецкага Саюзу адразу возьмуцца за справу, узьнімуць сельскую гаспадарку, як кажа Хрушчоў, “на нябывалую вышыню”.

Як гаворыцца, “з пахмельля аптымізм узрастае”. Хрушчоў захапляецца будучыняй. Асаьліва, калі гаворыць аб разьвіцьці жывёлагадоўлі ў каплгасах. Ізноў старая песьня аб тым, што ў хуткім часе будзе па горла малака, масла, мяса і, асабліва, сьвініны. Але што там сьвініна! Хрушчоў сказаў: “Ёсьць такая небясьпека, што праз год людзі будуць дакараць нас за тое, што ў магазынах много сьвінога мяса і мала ялавічыны, птушкі. Калі няма мяса наагул, тады добра і сьвініна з бульбай, і ў баршчы. Але калі сьвініна і сёньня, і заўтра, і пасьлязаўтра, дык, натуральна, хочацца ялавшічыны, курачкі, гусі або труса”.

Эх, загаварыўся Мікіта Хрушчоў!

Каб-жа тое, што ён кажа, дык было! На жаль, гэта толькі абяцанкі. А пра ялавічыну і курачку няма чаго і марыць! Хіба што трусоў расплодзяць, бо гэты зьвярок плодны і да корму ня грэблівы.

Вось толькі калгасьнікі добра разумеюць, што лепш парася з хрэнам, чым смажаны трус з кукурузнай кашай...

20.6.57г.

* * *

Партыя няродная

На парадзе сам Хрушчоў
Выступіў з прамоваю.
Нешта нейкае пароў
Быццам навуковае.
Камунізм—ня гаціць гаць,
Справа будзе зьменена.
Нельга ў полі працаваць
Без навукі Леніна.
І расказвае Хрушчоў,
Галаву нам дурачы,
Як вырошчываць бычкоў,
Ялавак і курачак.
Байку слухае народ
Пра сьвініну тлустую,
Абешчае нам праз год
З квашанай капустаю.
Зноў заўзята пачалі
Даўнюю гістэрыку:
На калгаснай на зямлі
Перагнаць Амэрыку!
У народзе гнеў гудзе,
Злосьць кіпіць народная.
Нас да торбы давядзе
Партыя няродная.
Нам паюць бальшавікі
Пра жыцьцё калгаснае.
А мы любім шлях такі:
Мець дабро уласнае.

16.6.57г.

* * *

Каралева Кукуруза

Хто зьяўляецца каралевай палёў? –запытайцеся, грамадзяне, у агранома і той напэўна зьбянтэжыцца і не адкажа. Можа гэта і сапраўды сьмешна і канфузна, але аграномы сьвету ня ведалі да Мікіты Хрушчова, што каралевай палёў называецца кукуруза. Калі хто мае сумлеў і ня верыць у яе “каралеўскую вялікасць”—можа даведацца з савецкай прэсы.

Вазьмеце, напрыклад, менскую “Зьвязду”... Маем на ўвазе дзень 21-га травеня. Там адразу вам кінецца ў вочы перадавы артыкул з крыклівым загалоўкам: “Дарогу кукурузе—каралеве палёў”. Ваш сумлеў пасьля гэтага раптоўна зьнікае. Вы цяпер разумееце, што каралева Кукуруза гадуецца на Беларусі...

І гэта, грамадзяне, з ласкі Хрушчова гэтая высокая расьліна дастала гэтакі высокі тытул.

Аднак трэба прызнацца, што гэтую “каралеву” беларускі калгасьнік шануе ня больш, як самі бальшавікі шануюць сапраўдных каралеваў з каралеўскага дому.

Ня любяць нашы сяляне кукурузы! Ні даглад, ні гной—нішто ня ідзе гэтай “каралеве” на здароўе: не расьце, а прэе, як венік у лазьні.

Няшчасьце зь ёй дый годзе. І хрушчоўскі тытул не дапамагае.

Некалі, гадоў 20 таму, на Беларусь прывезьлі таксама расьліну-чужаніцу—Коксагыз. Пра гэту “коксагызаўую культуру” некалькі год крычэлі і пісалі савецкія газэты. Але гэты Коксагыз—першы савецкі кароль палёў ня вытрымаў беларускай гледы і нашыя людзі пра яго забыліся.

Ці ня станецца тое самае і з першай каралевай Кукурузай?

Падумайце самі, грамадзяне.

28.5.57г.

* * *

Таварыскі суд

“Дзе няхваткі—там няпарадкі”,--кажа мой прыяцель Арцём.

Хіба яму запярэчыш? Ягоная праўда.

Возьмем паказальны прыклад. Жывем мы на Першамайскай вуліцы. У камунальным доме. Можна сказаць, дом мадэрны. Пасьля вайны збудаваны. З ліфтам, з вадаправодам. Праўда, гэты камфорт часта бязьдзейнічае, але мы і без яго звыкліся. Жывем патроху. На жыльлёвыя ўмовы ня скардзімся. На кожным паверсе ёсьць адна кухня. На 5-6 сем’яў. І адзін агульны калідор. І адзін ванны пакой на ўвесь дом. Чаго больш хацець!

Вось толькі народ неспакойны. На кухні кабеты сварацца. Па калідоры дзеці шумна бегаюць. А ў ванне чыясьці бялізна мокне.

Дэфект, бачыце, даволі прыкры. Няма дзе памыцца.

А мне Арцём дае добрую нараду. Вазьмі, кажа, вядро, набяры з кухні вады і бяз ніякага клопату плёхкайся ў сваім пакойчыку.

Я гэтак і раблю. А іншыя мужчыны тайкуцца на кухні. Мыюцца там. І чужыя жонкі лаюцца.

--Асьцярожна, бэгемоты,--крычаць. Ня пырскайцеся. Бачыце зупа варыцца.

Заўвага ня зусім тактоўная. Бывае, часам нехта і агрызьнецца. І пачынаецца дыпляматычны абмен пасланьнямі. Аднак, да бойкі не даходзіць. Нават чаравікамі на стале ня ляскаюць. Людзі паважаныя, вучоныя. Аднім словам, культурныя.

А вось у суседнім доме, тут-жа на Першамайскай вуліцы, у дома нумар 16—заўсёды сварка і лаянка.

Нядаўна аб гэтым прыгадвалася ў газэце “Советская Белоруссія”. Жанчыны, як піша газэта, “абліваюць адна адну патокам зьневажальных слоў”. Але грамадзкасьць, як той аргус. Ня сьпіць. На таварыскі суд цягне гэтых парушальнікааў грамадзкага спакою.

Вось мы чытаем у газэце: “Як сьлед, “прапясочаныя” і прысаромленыя, Ягорава і Вавіліна зразумелі нікчэмнасьць сваіх паводзінаў. Цяпер яны прыяцелькі”.

Бачыце, якая мэтамарфоза! Тут ЖАКТ мае магічную сілу. ЖАКТ не жартуе. Як што, дык пагражае з кватэры выкінуць. А такая пэрспэктыва, бадай як у таго Касьсяна—камарынскага мужыка. Дык лепш ціхенька сядзець.

Таварыскі суд—гэта, шчыра кажучы, жактаўскі трыбунал. Ён працуе бяз юрыстых, без адвакатаў. І кожную сваю пастанову праводзіць у жыцьцё. І такім самасудам вынішчаюць грамадзкае зло.

Суседкі на кухні за гаршчок сварацца, у варожым настроі, а на таварыскім судзе адразу здаюць свае баявыя пазыцыі. Пад псыхалягічным страхам і абыймаюцца, і цалуюцца. Ну проста—кіназоркі. Хоць ты фільм накручвай! Такі мір! Такая згода!

Цяпер амаль у кожным ЖАКЦЕ таварыскі суд. Толькі ў нашым доме няма. Тут жыве інтэлегенцыя. Яе судзяць у іншым месцы. І асабліва за палітыку.

1.12.60г.

* * *

Аб чалавечай усьмешцы

Партыйны пісьменьнік ня можа пісаць праўдзіва і сумленна. Ён павінен глядзець вачыма сваёй партыі, а значыцца вымушаны ілгаць, падаваць гістарычныя і бытавыя факты ў выкрыўленым люстры. Мы ўжо ня раз крытыкавалі такія творы—раманы, апавяданьні і нарысы, у якіх хлусьня пераходзіць далёка за межы людзкой маралі.

Беларускі пісьменьнік Міхась Лынькоў часта бываў заграніцай. Некалькі разоў ён езьдзіў у Амэрыку, як сябра дэлегацыі Беларускай ССР на сэсіях Генэральнай Асамблеі Аб’еднаных Нацыяў. І ня дзіва, што гэты чалавек мае вялікі багаж уражаньняў і цікавых сустрэчаў. Ягоныя ўспаміны з падарожжа па Індыі ці з побыту ў Нью-Ёрку сапраўды мелі-б мастацкую вартасьць, калі-б пісьменьнік адкінуў дакучлівую партыйную прапаганду. Але Міхась Лынькоў ня можа рабіць інакш. Ён глядзіць на ўсё праз чырвоныя акуляры.

У газэце “Літаратура і Мастацтва” (нумар 90) зьмешчаныя ягоныя дарожныя нататкі: “Аб чалавечай усьмешцы”. Пісьменьнік ужо з першых радкоў наўмысна выпінае сваю марожасьць да ўсяго амэрыканскага.

Ён піша аб павароце дадому і зазначае: “Мы ня вельмі суцешыліся атрымаўшы білеты на амерыканскі параход. Гэта азначала яшчэ 5 дзён ‘амерыканскага спосабу жыцьця’, якім мы і так былі сытыя па горла”.

Гаворачы аб шторме на акіяне, Лынькоў і тут пастараўся плюшуць з партыйнай вышкі: “Ляжалі плазам на ложках...” “гнусавілі псальмы”. “Параходныя рэстараны пуставалі”...

І далей ьэфістофэльская, а не прыязная чалавечая ўсьмешка гучыць у радкох: “Відаць, шторм быў добрым саюзьнікам параходнай кампаніі, даваў ёй значную эканомію па харчаваньні пасажыраў”.

Кпіць і ня ведае з чаго! Якая-ж эканомія? Уся прыгатаваная страва—не спажытая—выкідаецца за борт!

Далей аўтар—бессаромны хвалько. Ён выхваляе сваіх. Толькі савецкія людзі “мужна пераносілішторм... Ня абыходзілі сваёй увагай ні абеды, ні вячэры, не прапускалі кінасэансаў”. Нават “наведваліся на прамдэк і любаваліся бушуючай стыхіяй”.

Трэба быць надта наіўным, каб паверыць, што ў шалёны шторм адміністрацыя параплаву адчыніла дзьверы на прамдэк, і спэцыяльна для савецкіх герояў. Морская хваля без разбору змывае ўсіх і ўсё. Яна ня мае літасьці ні да бальшавікоў, ні да пісьменьніка.

Як мы бачым, Лынькоў расказвае прыгоды Мюнхгаўзэна. Усюды савецкіх людзей сустакаюць з чалавечымі ўсьмешкамі. Амэрыканскія матросы пяюць па расеёску “Кацюшу”, каб зрабіць савецкім людзям прыемнасьць. Францускі мытны начальнік, ня гледзячы на сваю “важкую постаць”, спрытна бяжыць шукаць аўтамашыну, цягае чамаданы Лынькова і прыслужліва адчыняе яму дзьверцы таксі.

Гэтак пісаў Лынькоў аб чалавечай усьмешцы. Усьмешкі бываюць розныя. У самога аўтара яна няшчырая, фальшывая.

25.11.60г.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія