БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Рыгор Крушына, Фэльетоны

Доктар-юбіляр

Кастусь Рамановіч
(Рыгор Казак) 2003г. 
© Ihar Kazak

На сьвежай шыльдзе надпіс:

Інстытут вывучэньня малярыі Сяродняй Азіі

У невялікім пакойчыку за сталом сядзець прафэсар Малінін і доктар Дурасей. Абодва разьглядаюць геаграфічную мапу.

—Глядзеце, вось тттутака ўнізе пачынаецца сфэра малярыі. Прафэсар, адзначце алавіком.

Доктар Дурасей груба штурхнуў прафэсара Малініна ў локаць.

—Ня спаць! Тхор стары. Ад вас нафталінам тхне.

—Прашу, доктар, мяне не абражаць, —успызнуў Малінін. —Я прафэсар матэматыкі. Толькі гора загнала мяне ў гэты Інстытут. Дзеля хдеба штодзённага...

—А-а, прафэсар матэматыкі, —з пагардаю ўсьміхнуўся Дурасей.

—Скажэце, ці ня той вы Малінін, што разам з Бурэніным...

—Не, не. Я ня той, —пасьпешна запярэчыў прафэсар. —Той, вы ведаеце, спэц на альгэбру. І наагул...ля жаночых гімназіяў, так сказаць, задачкі складаў. А я... Я ў галіне інтэгральной матэматыкі...

—Ну гэта ўсё роўна. —прабубніў малады доктар. —Адным словам, лічбы. Статыстыка... А гэта да вывучэньня малярыі таксама неабходная рэч. І вы ў гэтай справе нашаму Інстытуту можаце зрабіць вялікую паслугу. Аднак, павінен папярэдзіць, ніводная ваша праца без маей санкцыі ня можа ісьці ў друк. Кампэнтэнцыя ў пытаньняхаб малярыі належыць толькі мне, бо я—доктар старадаўных навук—геалёгіі і гінекалёгіі. Гэтыя навукі, зразумееца, больш спрыяльныя да вырашэньня тэй важнай праблемы, да якой мы пакліканы ў гэты інстытут. Канкрэтна кажучы, апрацаваныя вамі матар’ялы прывязеце на разгляд да мяне на кватэру. У крайнім выпадку, з прычыны вашей старасьці і хворага стану, можаце мне пераслаць поштай. Адно не забывайцеся, адрысуйце, як мае быць: Яго эксцыленцыя доктар Дурасёў.

—Чаму Дурасёў, —зьдзівіўся прафэсар. —Вы, здаецца, заўсёды падпісваецеся прозьвішчам Дурасей.

—Вы балда, —накінуўся на Малініна доктар старадаўных навук. —Вы зусім ня чытаеце газэт. Нядаўна ў расейскай прэсе было маё паясьненьне. У сувязі з падрыхтоваю да маёго юбілею навуковай дзейнасьці, прозьвішча Дурасей зьменяецца на Дурасёў. І толькі ў беларускіх часапісах, дзе я выступаю, як драматург, застаецца маё старое прозьвішча.

—А хіба вы пісьменьнік? Драматург? —яшчэ больш зьдзівіўся прафэсар Малінін.

—Наіўнае пытаньне, —усклікнуў доктар Дурасей. —Вы, прафэсар, залезьлі з свае інтэгралы і ня бачыце мастацкіх твораў. Хіба вы ня чыталі маёй драмы ў навукавым часапісе? На жаль, толькі пачатак. З рэдактарамі пасварыўся. Не магчыма далей супрацаўнічаць. Дзікая цэнзура. Рэдактар перастаўляе сказы аўтара, выкідае найлепшыя эмоцыі, сваё пхае. А мова ў яго! Дзівацкая мова. Розныя гзымзікі, весьніцы, паходні. Такіх слоў я ніколі і ня чуў. І ўсе яны з вольнае рукі рэдактара фігуруюць цяпер у маім творы. Нават і назву маёй драмы на свой капыл навернуў. Замест “Крутая дарога” надрукаваў “Круцялёвы шлях”.

І адкуль толькі беруцца такія рэдактары ў нашым дэмакратычным сьвеце!

Крытыкі кажуць мне, што я роднай мовы ня ведаю. Ня ў гэтым соль. Галоўнае—творчы талент. З такім талентам, як маім, можна далёка сягнуць. Дык вось, прафэсар, майце на ўвазе. Перада мной—ніякіх хвалабэрыяў. Вы атрымалі імя прафэсара нядаўна, тут на эміграцыі, а я ўжо 25 год, як доктар геалёгіі і гінекалёгіі. І наша грамадзтва ў блізкім часе наладзіц мне юбілей. Вы разумееце? 25-ці-гадовы юбілей! Хе-хе. Тут таксама інтыгральная матэматыка. Ну а далей, бяз лішніх камэнтараў. Запрашаю Вас на мой юбілейны вечар. Што з Вамі? Вас трасе? Ці не захварэлі часам на малярыю? Вазьмеце дома хіны.

Прафэсар Маліні ня ўсьцярпеў-такі, борзда ўсхапіўся і рынуўся да дзьвярэй. Павярнуўшыся, з сарказмам выпаліў:

—Цяпер я разумею, які вы доктар. Які геній! Яшчэ дзіцем, ля матціных грудзей, вы студыевалі гінекалёгію. Поўзаючы па зямлі, вывучалі геалёгію. І цяпер—ганаровы юбіляр. На вечар зарпашаеце. Дзякую. Ня прыйду. Няхай там Вашыя прыяцелі цешацца!

Прафэсар Малінін моцна бразнуў дзьвярыма і пакінуў зьбянтэжанага юбіляра.

Мюнхэн 1960 гг.

[ФРАГМЕНТ]

Кастусь Рамановіч
(Рыгор Казак)
2003г. © Ihar Kazak

...Прыгадваецца, у Беларускім Дзяржаўным Тэатры йшла п’еса Грамыкі “Каля тэрасы”. Бадай увесь тэхнікум быў на прэм’еры. Пад канец спэктаклю тэатральная заля загула авацыямі, выклікаючы аўтара п’есы. Асабліва грымеў балькон. Студэнты пэдтэхнікуму ганарыліся сваім настаўнікам і разам зь ім перажывалі той вялікі трыюмф. З бакавое лёды выйшаў Грамыка. Ён стаў перад паднятай завесай—каля тэрасы—усхваляваны й разгублены. З публікі яму падносілі букеты пышных кветак. Падзяка была апошняй. Хто цяпер успомніць загінутага драматурга, хто пакладзе белыя астры на ягоную няведамую магілу? Згадае пра яго хіба толькі хто на чужыне, пераглядаючы архівы ў бібліятэцы, нехта зацікавіцца й прачытае ў старым часапісе рэцэньзію на Грамыкаву п’есу, з пашанай прамовіць імя, і гэта будзе кветкай у ягоны жалобны вянок. Прачытае нехта й крытычны артыкул праф. Пятуховіча. З пажоўклай бачыны кнігі мільгне ймя Дрэйзіна—знаўцы старых усходніх моваў, перакладчыка Гамэра, Віргілія, Гарецыя. А побач паўстане высокая постаць маладога пісьменьніка Лукаша Калюгі—студэнта пэдтэхнікуму. Гэты багаты самародак, талент якога абяцаў шмат, быў так бязьлітасна зьнішчаны бальшавікамі. Яны аднак ня сьцерлі ягонага ймя: на чужыне, у вольным Захадзе, выйшла ў сьвет ягоная кніга “Нядоля Заблоцкіх”. Таксама выходзяць у сьвет кнігі Беларусаў-эмігрантаў—літаратурных крытыкаў, паэтаў і празаікаў—якія калісьці вучыліся ў Менскім пэдтэхнікуме. Аб мінулым ня згасьне памяць.

Сярод студэнтаў тэхнікуму было нямала й Случчакоў, якія выявілі таленты. Напрыклад, паэта Лужанін, сьпявак Андруковіч, журналістсы Жук. Былі сярод іх і камсамольцы, што сталіся актывістамі ў грамадзкім жыцьці школы: Сямашка, Будзька, Якуб Туравец. Яны любілі ўсё беларускае, і марксызм ня мог атруціць іхныя душы.

Вось Якуб Туравец. На ім беларуская вышываная кашуля, саматканы паясок. Сам ён нявысокага ўзросту, на носе акуляры-пэнснэ. Заўсёды сур’ёзны й задумлівы. У гутарцы дзяля большага аўтарытэту знарочыта бубніў басам. Тым ня менш, ён быў дружацкім хлопцам, шчырым і добрым. Моцны патрыятызм і нацыянальная сьведамасьць перамагалі ў ім чужы нясвойскі дух камсамоьца. І няхай пазьней абралі яго за сакратара камсамольскай ячэйкі. Якуб паранейшаму не мяняў пазыцыі. Ён цікавіўся гісторыяй Беларусі-Літвы, зь любоўю чытаў вершы Янкі Купалы й Максіма Багдановіча, хваліў-захапляўся кінафільмам “Кастусь Каліноўскі”. На студэнцкіх вечарох сьпяваў у хоры Тэраўскага. У душы Тураўца ўпарта змагаліся міжсобку камсамолец і нацыяналісты. Чыстая натура нарэшце ня вытрымала цяжару савецкае рэчаіснасьці: Якуб Туравец захварэў і памёр у вар’яцкім доме.

Прыгадваецца яшчэ адна асоба з тэхнікуму—Ліда Спасава. Строгія рысы твару з вобразу Рафаэлевай Мадоны, чорныя вочы, чорныя валасы й заўсёды, як манашка, у чорнай адзежы. Самотная й горда-маўклівая, яна хавала ў сабе нейкую таямніцу. Студэнты ведалі, што Ліда Спасава із Слуцку. Там яна вучылася ў сямігодцы разам з роднай сястрой. Абедзьве хадзілі ў сьветлых сукенках, абедзьве часта на школьных вечарох выконвалі танец з балету “Лебедзінае Возера”. Абедзьве былі вясёлыя рагатухі. І раптам—Ліда зьмянілася. У Менску неспадзяваная мэтамарфоза, і дзяўчына ў жалобе і ў вачох затоены смутак. Празь яе паводзіны узьнікалі ўсялякія здагадкі. Пляткарылі й выдумлялі нябыліцы. А ніхто ня ведаў праўды. У 1926 годзе увесну Ліда Спасава прыехала ў Менск на судовы працэс лістападаўцаў. Пасьвяточнаму ўбраная, у прыгожым нацыянальным строі, сядзела яна ў залі Дому Асьветы. Зь любасьцяй глядзела на свайго настаўніка Лістапада ды на іншых падсудных. Яна гарэла ад хваляваньня й трывогі. І пасля прысуду надзела чорную жалобу. З таго часу хадзіла Ліда як схімніца. “Памерла вялікая справа”, --казала яна сваім блізкім, --“а калі ўскросьне—выйду, як нявеста, у белым”.

Шкада, ня ўбачым мы Ліду-нявесту. Пасьля сканчэньня тэхнікуму Спасава паехала ў Данбас і там, працуючы ў шахце загінула пры катастрофе.

Хацелася-б сказаць і яшчэ, і шмат пра каго. Ды ня ведаю толькі, ці жывуць яны цяпер, ці памерлі. Мо жывуць, дык лепш будзе ў наш небясьпечны час памаўчаць. Адно можна адкрыта сьцьвердзіць: усе яны любілі Беларусь і за яе цярпелі. Слава й гонар ім. Яны—сьціплыя настаўнікі, носьбіты беларускае культуры. Яны выйшлі загартаванымі зь вялікага вогнішча—з Пэдагагічнага Тэхнікуму ймя Ўсевалада Ігнатоўскага.

Няма ўжо тэй школы, таго росквіту. Пагаслі вогнішча. Сьціхла народная песьня. Суцемкі... Адно толькі тлее прысак у шэрым попеле, які з часам—спадзяемся й верым—ізноў разьдзьмецца ў зыркае полымя.

----ооооо----

“Крытык” бяз сумленьня

Рыгор Крушына
2003г. © Ihar Kazak

“Барані Божа ад прыяцеляў, а з ворагамі я сам спраўлюся”—гаворыць старая рымская прыказка.

Быў у мяне некалі прыяцель Раман Сабаленка. Разам у коньніцы служылі. Вайсковая служба, ведама, не салодкі пернік. Было ўсякое. Спачатку і на кані ледзьве трымаліся. А потым пайшло нармальна. І вальтыжыроўка, і ножніцы, і праз бар’еры скакалі. Праўда, Раману было цяжка. Зь ягонай мядзьвежай камплекцыяй ня лёгка ўскачыць у сядло. Пакутваў хлопец. Здаралася і са мной беда: не заўсёды шашкай добра лазу сек. Тут ужо Раман—герой. У яго рука дрывасека! А ў манэжы—роля ізноў мянялася.

І вось аднойчы, зайздрасьць залезла цішком пад сэрца. Зайздросьціў Сабаленка мне ў літаратурнай справе. Асабліва пасьля таго, як выйшаў зборнік “Разгон”.

Пісаў Сабаленка ў той час вершы і дасылаў у мясцовыя рэдакцыі. Не друкавалі. А мае—і ў газэтах і ў прыгаданым зборніку. Чытаў Сабаленка мае вершы і лісьліва хваліў.

Пазьней нашыя дарогі разыўшліся. Сабаленка ўступіў у камуністычную партыю. Магічны кіёк—партыйны білет крыху падняў яго. Аднак, паэзія цуралася грубой натуры. І Сабаленка перашоў на прозу. А цяпер убачыў, што найлепш яму быць “крытыкам” бяз сумленьня. І вось такім ён стаўся.

У газэце “Голас Радзімы” зьмешчаны ягоны артыкул. Сабаленка цытуе вершы Рыгора Крушыны і лае аўтара, карыстаючыся лексіконам кірмашовай гандляркі.

Не разумеючы паэтычнага влобразу:

Быў на кані і пад канём
І лёс таптаў капытам, —

Сабаленка прыгадвае даўніну, службу ў арміі, і лямантуе: “Крушыны быў заўсёды пад канём”.

Не дацяміў ён і іншых вершаў і абураецца, супраць ветру плюецца. Нават пачаў высьмейваць літаратурнае імя аўтара. Крушына, маўлеў, хісткая, ломкая, крохкая.

Калі ўжо так чапляцца, дык да ўсяго можна. Нават і да самога сябе. Ягоны-ж бацька зваўся Карпам. Гэта мы добра ведаем. Ну, а карп—рыба. Знячыцца, Раман—рыбін сын. Аджа я не сказаў-бы гэта, бо Сабаленка—ні рыба, ні мяса; ні паэт, ні крытык, а гнюсны пашквілянт.

Праз трыццаць год затоеная заўздрасьць абудзілася. І ўвесь свой артыкул Сабаленка забрудзіў гразей лаянкі і хлусьні. А на заканчэньне артыкул лагодна да эмігрантаў:

—Дарагія суайчыньнікі (а чаму яму дарагія?!), калі трапяцца вершы Рыгора Крушыны, дык ня верце ніводнаму слову яго”.

Як відаць з гэтага, Сабаленка міжволі, нехаця прызнаў мастацкую вартасьць вершаў Крушыны. Інакш ня было б патрэбы агітаваць супраць іх! Дрэнных вершаў ня чытаюць. У гэтым Раман Сабаленка добра пераканаўся з сваёй уласнай практыкі.

Мюнхэн 1970гг. [?]

ПАДАРУНАК ПАЎСТАНЦА
(Успамін)

Кастусь Рамановіч
(Рыгор Казак)
2003г. © Ihar Kazak

Хутар стаяў каля самае шашы. Час быў тады трывожны й няпэўны.

Стары гаспадар шмат перацярпеў і ў страху ператросься, як асінавы ліст. Дый ня дзіва! Чаго толькі не давялося бачыць праз маленькія вакенцы хаты. Ш ўхзень і ўначы няспынны рух хурманак, аўтаў, узброеных жаўнераў. Па каменёх грукацелі колы, тачанкі, гарматы; цокалі падковамі коні; паблізу стралялі зь вінтовак.

Польскія легіянэры падпалілі суседні хутар...

Яны адступалі. Злавесны сполах пажару шугаў у вакенцы хаты, што стаяла ля шашы.

Божа, зьлітуйся! Бабка запаліла, як у час навальнічнае буры, грамніцу і паставіла на ўскрай стала ля покуці. Яна шчыра малілася:

--Божа, барані нашу хатку. Барані майго сына. Гэта ён пайшоў змагацца за лепшую долю, за нашу зямельку...

Дзеці, пераляканыя, зашыліся ў кут пачарналае печы і ціха румзалі. А на панадворку было нязвыкла вусьцішна. Каля ганку, на ланцугу ляжаў застрэлены сабака. У хлеўчыку вішчэў галодны вяпрук і жаласна мычэла карова.

Маладая гаспадыня ляжала на палу пад кажухом—хворая й бязрадная.

Дзе-ж ейны мужык? У такую дзікую неспакойную ноч яго паклікала нацыянальнае сумленьне. Ён выйшаў разам з маладымі хутаранцамі, зь вясковымі дзядзькамі на баявую дарогу.

Змагацца за бацькаўшчыну! Бараніць родную Случчыну ад навалы чужынцаў! Зь вінтоўкай, з гранатай недзе ходзіць ён па вітых небясьпечных сьцежках.

Дзе ты? Хто з табой падзяляе гора?

У грудзёх хворай расла трывога. А за вакном зарава пажару. А ў хаце дрыгатлівыя цені на палу і падлозе. Дзеці трывожна спалі, яны крычэлі ў сьне і плакалі. А хворая маці сілілася здушыць свой стогн, каб не прачнуліся малыя.

Страшная злосная ноч бушавала пад вокнамі. Нарэшце адыйшлася. На сьвітаньні ціха-ціха. Шаша скрозь ужо выглядала пустэльняй, ня чуваць было ані шолаху.

Стары выйшаў з хаты на двор і там давёў парадак: вывалак забітага сабаку за плот, паставіў на месца пад павець барану і прынёс з гумна рэзьгіны сена для каровы. Узяў кій і торбу з хлебам дый падыбаў праз поле кудысьці ў лес.

У хаце засталіся самотныя жанчыны й дзеці.

На шашы было нейкае жудаснае зацішша. Толькі вецер выў на дратох і неяк пагрозьліва гулі тэлеграфныя слупы.

Апаўдні нехта моцна пастукаў у дзьверы. Старая пайшла адчыніць. У хату ўзайшлт два незнаёмыя, абодва зь вінтоўкамі, з гранатамі і абвешаныя патранташамі. Адзін зь іх быў у шэрым шынэлю і ў старой вайсковай шапцы, на якой значыўся сьвежы сьлед ў выглядзе пяцікутнае зоркі. Другі мужчына быў у сялянскай сьвітцы і ў заячай вушанцы.

--Добры дзень у хату, --прывіталіся яны. –У вас ттут няма мужчынаў?

--Ды дзе тыя мужчыны! Усіх на вайну пабралі, --адказала бабка.

--А мы вось зайшлі да вас малака папрасіць. Падсілкавацца крыху, --сказаў чалавек у шынэлю.

--Няма ў нас малака, --сказала маладая гаспадыня. –Палякі адыходзілі ўчора і ўсё забралі, дарэшты выпілі ўсё.

--А можа знойдзеце? –Усьміхнуўся той, што ў сьвітцы.

--Я кажу вам, таварышы, няма.

Абодва ваякі пераглянуліся й зарагаталі.

--Мы, цётка, не таварышы.

--Ой, Божаухна! Я памылілася. Думала, што яны...чырвоныя...І як гэта я не здагадалася. Нашая-ж гаворка... Нашыя хлопцы...

Усхваляваная жанчына, дармо хворая, борзда ўхапілася з пасьцелі і выбегла ў стопку. Адтуль прынесла збан малака.

--Пеце наздароўе, родные. Сьвежае. Маці толькі што надаіла.

--А вы скуль паходзіце? –запыталася старая.

--Мой сябра з Кавержыцаў, --сказаў чалавек у сьвітцы. А я...Ведаеце Бараноўскіх з Чайчыцаў? Дык гэта мае сваякі...

Абедзьве жанчыны павасялелі.

--Як-жа! Ведаем, ведаем...

У хаце адразу неяк пасьвятлела і зьнікла нэрвовая напружанасьць. Нават дзеці бліжай пасунуліся да стала. Слуцкія паўстанцы пачуваліся, як у сябе дома. На калені дзядзьку Бараноўскаму сеў хлопчык і мацаў пальчыкамі патроны на рамяні. А побач другі, старэйшы, торгаў за локаць брата і спалохана казаў: --Не чапай, не чапай! Узарвецца!

Гутарка ў хаце вялася сямейная, шчырая. Прыгадвалі агульных знаёмых. Паўстанцы зналі тутэйшых гаспадароў: і дзеда Якіма, і дзядзьку Міхася. Яны казалі жанчынам, што апошнім разам, летась ці пазалетась, ля Тураўцовага млына сустракаліся. Напэўна ё цяпер дзе-нібудзь у дарозе пабачацца. І ад жонкі і маці прывітаньні дзядзьку Міхасю абавязкава перакажуць.

Бараноўскі перакуліў пусты кубак на сподак.

--Дзякуй вам за малако. Па аднэй і годзе. Няхай у збанку дзецям застанецца.

І ягоны сябра-паўстанец таксама адсунуў кубак ад сябе.

Жанчыны пачалі ўгаворваць:

--Выпіце яшчэ, даражэнькія. Не клапацецеся. Дзеці ўвечары з новага надою нап’юцца. Абы толькі чужая ўлада ня прыйшла. З камунай ня будзе нічога—ні малака, ні хлеба, ні наагул добрага жыцьця.

Жаўнеры падняліся з-за стала, перахрысьціліся й падзякавалі за пачастунак. Яны разьвіталіся. Бараноўскі на парозе раптам спыніўся і гукнуў старэйшага хлопчыка:

--У мяне ёсьць табе падарунак. Вось яна—кніжыца. Вучыся па ёй. Не забывайся, хто ты. Вырасьцеш—тады зразумееш, за што мы цяпер змагаемся.

Хлопчык схапіў пашарпаную старую кніжку і ня мог нават сказаць “дзякуй”. Нешта камяком засела ў ягоным горле. Ён падскочыў з кніжкай да вакна. Праз цьмяную шыбу ён убачыў: з ганку зышлі дла жаўнеры і пакрочылі полем нацянькі, перасякаючы бязлюдную дарогу. Ён глядзеў ім усьлед аж пакуль яны ня зьніклі. І тады ўжо разгарнуў кніжку.

Гэта была першая беларуская граматыка Тарашкевіча.

----оооо----

Аб тым, што такое калгасы ці, інакш кажучы, сельска-гаспадарчыя арцелі, ведае ўвесь вольны сьвет. Тысячы жывых сьветкаў могуць расказаць аб жыцьці і працы ў гэтым савецкім прыгоне.

І ня толькі былыя савецкія грамадзяне, што жылі і працавалі ў калгасах і цяпер апынуліся за межамі СССР, могуць расказаць аб калгасах, але таксама і чужаземцы, якім давялося пазнаць калгаснае гора.

Зьявіліся новыя сьветкі—нямецкія жаўнеры, якія вярнуліся дадому з савецкага палону.

На гэтую тэму раскажа нам Кастусь Рамановіч пра “Таварыша агратэхніка”:

ТАВАРЫШ АГРАТЭХНІК

Рыгор Казак

У маленькім рэстаранчыку “Кранц” было цёпла і ўтульна. Я і мой сябра Паўлюк сядзелі ў кутку ля запаленай печы. За вячэрай прыгадвалі мінулае, розныя прыгоды. Насупраць нас сядзеў паджылы Баварац у зялёнай жакетцы, лянотна смактаў цыбук і, здавалася, разамлелы цяплынёй і півам, драмаў.

Нас ён ня цікавіў, гэты таўсты з чырвоным тварам Немец. Мы голасна гутарылі, а ён цішком сядзеў з заплюшчанымі вачыма. Калі мы апавядалі нешта сьмешнае ды моцна рагаталі, ён стрымана ўсьміхаўся, грызучы цыбук і назнарок кашляючы.

Мы вялі гутарку далей. Раптам маўлівы Баварац адразу ажыў, заварушыўся.

--Выбачайце,--сказаў ён панямецку. –Я чую, што вы гаворыце пра калгасы. Я разумею вашу мову і хацеў-бы з вамі пагутарыць. Вы ня маеце супраць?

На нашу ветлівую ўсьмешку Баварац падсунуўся бліжэй да нас.

--Я нядаўна вярнуўся з савецкага палону,-- пачаў ён. –Апошнія гады я жыў каля Гомелю. Можа ведаеце? Там працаваў я у калгасе. Калі мяне прывезьлі ў калгас, я мала разумеўся ў чужой мове. Да мяне прыставілі за перакладчыка сельскага настаўніка. Той пытаецца, якую я маю прафэсію. Адказываю панямецку, што я мясьнік. Перакладчык мабыць не зразумеў, пацепаў плячыма.

--Мецгер? Гм... А ці сьвіньні, пытаецца, ўвазодзяць у кола вашых абавязкаў?

-- А як-жа, -- кажу. Былі і сьвіньні. Добрае мяса!

-- Ага! -- кажа. –Гэта-ж вы, таварыш, значыцца, па нашаму сказаць, агратэхнік жывёлавод. Такія людзі нам патрэбныя.

І павезьлі мяне на сьвінагадоўчую фэрму. А тая фэрма! Божа-ж мой! Страшна глядзець не яе. Стаяць два хляўчыкі. Страха на іх абдзёртая, прагнілая. Шыбы на вакенцах заляпаныя, брудныя, сям-там пабітыя, анучамі пазатыканыя.

-- Глядзеце, кажуць мне, як у нас культурна! І сьвіньні вокна маюць, як на бойні.

Ну, думаю, загразну я тут у балоце. Вось дзе бяда! І зразумеў я тады гэты словаблуд “таварыш агратэхнік”. Нялёгкая прафэсія! Але ў палоне ня будзеш адмаўляцца. Рабі, што загадваюць.

Пачаў дамагацца ў старшыні калгасу кармоў для сьвіней. А той кажа: --Як я-ж вам выпісаў норму. Чаго вы хочаце?

--А якая-ж тут норма?-- кажу. –Аднаму парасяці замала. І хіба-ж гэта кармы—мерзлая бульба і мякіна?

А старшына і вухам не вядзе.

От-жа і нагараваўся я ў калгасе. І сам галадаю, і работнікі фэрмы ледзьве ногі цягаюць, і сьвіньні дохнуць. І няма спакою: штодня лаянка і сваркі. Мяне фашыстам, шкоднікам абзываюць. Пагражалі ў Сібір загнаць. А ці я вінаваты?

Перацярпеў я шмат, і каб ня трапіўся адзін выпадак, напэўна загінуў-бы.

Справа ў тым. У калгасе пабудавалі дзіцячыя ясьлі. Але там ня лепш, як на фэрме. Мая прыяцелька—яна кухарка ў тых ясьлях—мне аднойчы пажалілася. Дрэнныя, кажа, харчы на кухню прывозяць. Крупы тухлыя, горкі алей... Зварыш кашу—дзеці не ядуць. Усё на талерках застаецца.

Паспачуваў я ёй у бядзе, і закралася ў мяне думка—выратаваць сябе. Пагутарыў добра з кухаркай. І пачаў я цягаць зь ясьляў тое варыва. Сьвіньні пачалі папраўляцца.

А тут яшчэ пашчасьціла: конь у калгасе паваліўся. Прырэзалі яго. Я тую каніну на сьвінагадоўчую фэрму прывалок. Варылі для парсюкоў, і самі патроху жывіліся.

Па нейкім часе, гляджу, сьвіньні ўжо быццам павесялелі, акругляюцца. Наяальства з гораду прыехала. Мяне пахвалілі, падзякавалі за добрую працу. Прэмію далі—кніжку, том Леніна. Гэты сьвінскі падарунак я з сабой прывёз. Няхай, думаю, будзе як памятка, як успамін аб тым горкім часе, калі я быў “таварышам агратэхнікам”.

Баварац дапіў кухаль піва, запаліў пагаслы цыбук, пасмактаў яго і сказаў:

--Дзякуй Богу, што я жывым застаўся.

ЗАЎВАГІ АБ МОВЕ

Рыгор Казак
2003г. © Ihar Kazak

1. Беларуская мова мае фанэтычны правапіс. Гук “о” застаецца толькі пад націскам. Не пад націскам пераходзіць у “а”. Гэтаму правілу падлягаюць і чужыя словы, імёны і прозьвішчы: камэрцыйны, каапэратыў, пратакол, манумэнтальны, намінальны, эмбарга, Рамэн Ралян, Эміль Заля, Ота.

На жаль, гэтага асноўнага прынцыпу ў радыёпарадачах не заўсёды трымаюцца. Таксама не заўсёды трымаюцца правіла, што ў першым складзе перад націскам замест “е” трэба пісаць “я”. У скрыптах радыёпередачаў пісалі: “судовы працэс Пенькоўскага” (а трэба: Пянькоўскага).

2. Падабенства ў вымаўленьні чужых словаў з баўгарамі, рускімі, украінцамі гаворыць пра ўплыў візантыйскай культуры. Як ведама пераважна частка беларусаў (бадай тры чвэрці) мае праваслаўнае веравызнаньне. З часоў хрысьціянства на Беларусі праз рэлігійныя кнігі зьявіліся ў нашай мове і грэцкія словы. Пішацца: Візантыя, Ліван, Лівія, Аравія, Ваал, Варава, Варфаламей, Віфліем.

Але некаторыя словы пад уплывам пісьменьнікаў мінгулага стагодзьдзя, а таксама і нашаніўскага часу, злацінізаваныя і цяпер пішуцца праз літару “б”: амбон, д’ябал і часткова “сымбал”. Але ў рэлігійным ужытку—сімвал (Сімвал Веры).

3. У беларусаў, як наагул ува ўсіх славянскіх народаў, літара Ф зьяўляецца чужой. Таму ў народзе яе падмяняюць іншымі літарамі: (х, п, хв): Кухаль, хунт, кахля, хорма, хварба, хвабрыка, хвальбоны, ахвіцэр, хігура, хвасон, Піліп, Апанас. У літаратурнай мове лепш пісаць гэтыя словы праз літару “ф”, за выключэньнем прыгаданых уласных імёнаў. Іншыя словы аюавязкова з літарай “ф”: факт, факультэт, фальш, класіфікацыя, фізыка, фрагмэнт, фота, функцыя і г.д.

4. Імёны Хама і Хведар зьбеларушчаныя, але грэцкага паходжаньня і ў грэцкім правапісе маюць гэтак званую фіту (О). Гэтая фіта ў мовах заходніх народаў перадаецца, як Т і пішацца лацінкай Th.

Адсюль побач з імёнамі Хведар, Хвекла, Хама ў беларускім народзе, пераважна сярод каталікоў, пашыраны Тодар, Тэкля, Тамаш. Пішацца таксама: катэдра, катэдраля, тэатр, тэалёгія. А іншыя словы з фітой пішуць цяпер праз “ф”: арфаэпія, рыфма, арыфмэтыка, марафон, міф, пафас, Карфаген, Карынф, Афіны (а не Атэны), Віфліем (а не Бэтлеем).

5. Ёсьць у нас словы, створаныя з прыметнікаў, якія маюць канчатак –ТА: бедната, дабрата, паўната, пусттата, прастата.

Тым, што не вывучалі філялёгіі і славянскія мовы здаецца, што гэта русіцызмы. Іх палохае суфікс “та” і яны пачынаюць тварыць паводля ўзору назоўнікаў: гушчыня, таўшчыня, шырыня. У выніку стварыліся словы: паўніня, пусьціня, прасьціня (а ў народзе прасьціня—гэта пасьцельная бялізна, прасьціня, прасьцірадла).

З такім дылетанскім падыходам да словаўтварэньня можна дайсьці да кур’ёзаў. Што тады станецца з нашым самабытным словам “любата”? Як яно будзе гучэць у пераробцы? (Любчыня ці любіня?)

6. А такія словы, як “любімы”, “цярпімы”, “непрымірымы”? Яны прыжыліся ў нашай мове. Яны бытуюць у народзе і ў творах беларускіх пісьменьнікаў. Слова “любімы” можна замяніць у некаторых выпадках, як “каханы” ці “любы”. Але не заўсёды, бо гавораць: любімы правадыр, любімы кінафільм.

Слова “цярпімы”, “цярпімасьць” таксама касуем і пішам: “талерантны” “талеранцыя”, “талерантнасьць”. Такі тэрмін не зразумелы для жыхароў Усходняй Беларусі.

А што тычыцца слова “непрымірымы”, дык і яго нельга абмінуць. Мы зробім памылку, калі падменім словам “непрымірэнчы”, якое мае іншы сэнс.

7. Дарэчы, на слова “непрымірэнчы” таксама пазіраюць скоса. Палохае канчатак “чы”. А ў беларускай мове з такім канчаткам ёсьць безьліч слоў: (назоўнікі) рабочы, служачы, паляўнічы, лясьнічы, сьледчы, выхаваўчы, падрыхтоўчы, папраўчы, станоўчы, кіраўнічы і іншыя.

І тут эмігранцкія моваведы накладаюць на слова “рабочы” табу і бяруць з польскай мовы “работнік”, а прыметнік ператвараецца ў “работніцкі” (“работнічы”—палянізм і, маўлямае, рускі канчатак “чы”). Далей пачынаецца слоўная мэтамарфоза: будаўляны, ваяўніцкі, маляўніцкі, падрыхтоўны.

8. Таксама чамусьці варожа паставіліся да суфікса “чык”. А ў беларускай мове з такім канчаткам і не пералічыць!

Перапісчык, аб’езчык, разносчык, паказчык, перавозчык, газэтчык, разьведчык, лётчык, загадчык, распарадчык, перадатчык, дарадчык, калядоўшчык, палясоўшчык, паліроўшчык, тынкоўшчык, палівальшчык, рысоршчык, рысавальшчык, рамшчык, мэбліроўшчык, інструмэнтальшчык, пастаноўшчык. Пачалася беспадстаўная пераробка і на гэтай моўнай дзялянцы: дасьледнік, перакладнік, калядоўнік, перавозьнік, дараднік.

А як-жа тады са словам “нябожчык”? Або возьмем некаторыя словы ў памяншальнай форме: хлопчык, пальчык, верабейчык, пакойчык. Падмяніць канчаткам “нік”—вельмі-ж кур’ёзна!

9. Баронячы правапіс Язэпа Лёсіка, трэба ведаць правілы і разумець іх. Язэп Лёсік казаў аб тым, што ў беларускай мове суфікс ІР у іншамоўных дзеясловах і назоўніках ня ўжываецца. Трэба пісаць: рэагаваць, ігнараваць, культываваць і г.д. Аднак ёсьць і заўвага: ня ўсе словы падпарадкоўваюцца гэтаму правілу. Аб гэтым пазьней казаў і ягоны брат Антон Лёсік, які выдаў “Беларускі правапіс” у 1943 годзе. Бярэм з гэтага правапісу правіла 128, дзе гаворыцца:

Але калі з пропускам суфікса ІР сэнс зьмяняецца або станецца нявыразны, дык гэты суфікс захоўваецца: суміраваць (а не “сумаваць”), камандзіраваць (а не “камандаваць”), манкіраваць (а не “манкаваць”)—манкіраваньне.

У правапісе А. Лёсіка падаюцца толькі тры словы, але гэта не азначае, што толькі маюць права захоўваць суфікс ІР. Ёсьць цэлы шэраг такіх словаў: фарсіраваць, парыраваць, манціраваць, балаціраваць, каціраваць, зандзіраваць, пікіраваць, эвакуіраваць і шмат іншых.

Беларуска-рускі слоўнік, выданьня 1962 году ў гэтым кірунку добра распрацаваны. Ёсьць нават такія словы, якія ў рускай мове гучаць аднолькава ў розных значэньнях, а ў беларускім: “масажаваць” і “масіраваць” (ваенны тэрмін); “плянаваць” і “пляніраваць” (авіяцыйны тэрмін). Але на слоўнік гэты не зьвяртаюць увагі, калечаць словы: брагадзер, мундзер, камандзер. А ці спрэс пазбавімся гэтага “ір”? Ёсьць і такія словы: візір, блізір, касір. Як з імі быць? Навошта псаваць мову, выдумляць нязграбнае?

10. Бясспрэчна, уніфікаваны правапіс моцна адбіўся і на слоўніку. Так напрыклад, чужыя словы з цьвёрдым зычным перад “е” (бэнэфіс, вэрсія, пэдагог, газэта, зэніт, сэпаратны, мэтад, нэгус і інш.) і да гэтага часу на бацькаўшчыне пішуцца на рускі лад—мякка: метад, педагог, газета, зеніт, сепаратны.

11. У часы дэсталінізацыі быў пасьмяротна рэабілітаваны беларускі мовавед Язэп Лёсік. Часткова рэабілітавалі і ягоную граматыку. Напрыклад, правапіс галосных гукаў. Але засталося бяз увагі вельмі характэрнае і мілагучнае для нашай мовы: мяккае “л” у чужых словах: лябараторыя, рэкляма, лёзунг, плютакратыя, Лягас, Люмумба.

Але ня трэба нам самым перагінаць палку. Ня ўсе іншамоўныя словы маюць мяккае “л”. Напрыклад: плэд, лэдзі, гол, футбол, баскетбол, валейбол, кока-кола, Мак-Клэй, Голдбэрг, Платон, Карл, Ларыса, тытул, аракул, стымул, фурункул, прымула, формула. І ў словах усходніх народаў (арабаў, туркаў, грэкаў): мула, халва, халат, рахатлакум, балык, шашлык, Лазар, Саламон, Лот.

Таксама і ў словах, якія ў арыгінале маюць падвойнае “л”: балаціраваць, баласт, бал. Напісаць сказ: “шторм меў 9 баляў”—грубая памылка. Таксама будзе памылкай, калі напісаць: на аўтары мастацтва. У арыгінале словы “алтар” і “аўтар” пішуцца не аднолькава. Ужо лепш прызнаць вымаўленьне заходніх народаў і пісаць “л” з мяккім знакам (альтар).

У імёнах і прозьвішчах славянскага паходжаньня, у якіх ёсьць цьвёрдае “л”, трэба яго захаваць. Напрыклад, югаслаўскі палітычны дзеяч Джылас, а не Джыляс: Міланавіч, а не Мілянавіч.

12. Агуьна-славянскія словы часта памылкова успрыймаюцца, як русіцызмы. Напрыклад, слон. Хіба гэта выключна рускае слова? Украінцы, сэрбы, баўгары і іншыя славянскія народы таксама маюць гэтае слова з цьвёрдым канчаткам. У польскай-жа мове канчатак зьмякчаны: слонь. Дык навошта нам ужываць палянізм?

Адзін мовавед даводзіў, што беларусы гавораць гэтак па асацыяцыі з словам “конь”. Беспадстаўныя довады! Чаму ў такім выпадку мы гаворым “дракон”, “пітон”? Чаму тут ня ўзьнікаюць асацыяцыі?

13. Сустракаюцца яшчэ і такія спалянізаваныя словы, як паэта, патрыёта, флёта, аркестра. У польскай мове такая форма зусім натуральная (бо ўсе словы маюць націскі ў перадапошнім складзе). Нам-жа, беларусам, няма патрэбы прыстаўляць літару “а”. Наша мова мае беглыя націскі. Яна мае націскі і на апошніх складох і таму чужыя словы могуць застацца бяз зьменаў: паэт, патрыёт, флёт, аркестр.

14. Тое самае можна сказаць і пра словы, якія маюць націскны суфікс “іст”: камуніст, манархіст, марксіст, лінгвіст. Яны не патрабуюць прыстаўной галоснай, як гэта ёсьць у польскай мове. Такія пашыраныя ў народзе словы, як “цымбаліст” і “арганіст” з польскім канчаткам “а” не маглі прышчапіцца. Беларус не захацеў прыняць чужую форму і надаў гэтым словам форму прыметнікаў (як “рабочы”, “паляўнічы”). Папулярнай, аднак, гэтая форма ня сталася. А на эміграцыі, мы бачым, вынікі далейшага разьвіцьця гэтай формы. Падобна да польскай мовы, апошнім часам пачалі ўжываць і суфіксы прыметнікаў, створаных ад назоўнікаў, з канчаткам “істаўскі”: марксістаўскі, фашыстаўскі.

15. Імёны Даніэль, Самуэль, Ізраэль, Міхаэль—не беларуская, а чужая лацінізаваная форма. Прыгадваем нашага пісьменьніка Зьмітрака Бядулю, ягонае сапраўднае імя—Самуіл. А ягоны брат Ізраіль Плаўнік.

16. Польскі ўплыў вычуваецца і ў напісаньні слоў “рэгабілітацыя” і “хэмія”. У беларускай рэдакцыі радыёстанцыі “Свабода” калісьці гэтыя словы пісалі гэтак, як пададзена ў акадэмічным беларускім слоўніку: рэабілітацыя, хімія.

17. Дарэмна цураемся прыназоўніка “па”. У выніку маем польскія звароты: на ягоную думку, у справах, міністар у замежных справах, прамова ў аграрным пытаньні, праз радыё, праз тэлевізію, спаборніцтва ў шахматах, у лыжах, на загад кіраўніка.

Прызнаючы прыназоўнік “па” як уласьцівасьць рускай мовы, забываем наша характэрнае, беларускае: па вясьне (г. зн. увесну) ці напрыклад, “па” замест “пасьля”: па абедзе, па вайне.

18. Ня лепш і з прыназоўнікам “са”. Яго на эміграцыі зусім выкінулі. А сучасны правапіс у Беларусі, а таксама і старыя падручнікі (правапісы Тарашкевіча, Язэпа і Антона Лёсікаў) гавораць, што калі ў пачатку слова ёсьць зьбег двух ці болей зычных, дык пішацца прыназоўнік “са”: са зброяй, са стрэльбай, са сьвятамі, са жнеямі, са школай, са мной. А ў нас у рэдакцыі пішуць з аднэй літарай “з”, што цяжка вымавіць: з зброяй, з школай, з мной. Або карыстаюцца дапаможнай літарай “і”, і чытаюць: із мной, із зброяй.

19. Некалькі слоў адносна імёнаў, прозьвішчаў, назваў. У беларуска-рускім слоўніку, выдадзеным у 1962 годзе пад рэдакцыяй акадэміка Кандрата Крапівы словы падаюцца ў такой тэрміналёгіі: Расія, рускі, руская, Вэнгрыя, вэнгерец, вэнгерка, Германія, Іспанія, іспанец, іспанка, Ізраіль, ізраільскі.

Словы “Расея”, “Гішпанія” сталіся архаізмамі. Яны ўжываліся даўней і рускім народам. Прыметнік “расейскі” ці паводля слоўніка Ластоўскага “расійскі” мае іншы сэнс (за граніцай арганізаванае расійскае таварыства). А што тычыцца слова “Венгрыя”, дык няма патрэбы мянаць на незразумелы тэрмін для беларускага народу: “Вугоршчына”. Скажуць магчыма, што слова “Венгрыя”—польскага паходжаньня. Няхай! Баяцца няма чаго. Ёсьць у беларускай мове польскія словы, якія даўно бытуюць: паляндвіца, вяндліца, вэнджаны, вэндзіць і таксама Венгрыя, вэнгерац. Ведамы ўсім і танец вэнгерка.

Прозьвішчы ведамых людзей трэба пісаць так, як прынята на Беларусі. Эйнштэйн, Кнэйп, Фрэйд, Гейне, Даніэль, Новатны, а не: Айнштайн, Кнайп, Фройд, Гайне, Даніел, Навотны. Пісаць і чытаць Рэйн, а не Райн.

20. Характэрна для беларускай мовы—поўнагалосьсе: вораг, варожы, варатар, валадар, сорам, бадзёры. Аднак мы маем і скарочаную форму: храм, непасрэдны, сродак, мудры. І нават слова “валадар” найчасьцей ужываецца ў скарочанай форме (ўладар). Але вось дадумаліся: “храм” падмяняюць словам “сьвятыня”. (Агульнае, неканкрэтнае азначэньне!) Некаторым словам гвалтам прышчапляюць форму паўнагалосься: беспасярэдні, сяродак, мудзёры.

21. Далёкія ад жывой народнай мовы, мы пачалі шукаць русіцызмы там, дзе іх няма. Замест “заліў” і “праліў” пішам “затока” і “пратока”—словы, якія маюць іншы сэнс. Або, напрыклад, востраў! Навошта гэтае слова мяняць на “абток”? Гэты нэалягізм, а хутчэй запазычаны тэрмін (харваты пішуць “оток”) нам непатрэбны. Ад нашых продкаў засталося ў спадчыну, жыве і бытуе слова “востраў”. У Слуцку ёсьць прадмесьце, якое завецца Востравам. Ёсьць таксама і горад Астравец. У нашай мове “абток” гучыць, як абвадненьне (абток хаты ў часе паводкі). Востраў, астравец, астравок. А як-жа сказаць у памяншальнай форме “абток”? Абточка ці абточак?

22. Каб-жа мы не апынуліся ў тупіку, каб нас разумелі, трэба карыстацца народнай мовай, а не ствараць нязграбнае: абток, собскі, прысабечыць.

Але такія словы, як “мяншыня”, “бальшыня”, “сьвятар”—не пярэчаць духу беларускай мовы. Яны трапяць на Бацькаўшчыну і, магчыма, ўвойдуць у штодзённы ўжытак.

23. Наша мова мілагучная і прыгожая. Больш чуласьці і любові да яе. Ня трэба засьмечваць яе словамі з лацінскай лексікі: азыль, дымісія, сатысфакцыя, кандаленцыя, сугэстыя, матура.

Асабліва гэта трэба памятаць работнікам радыё “Свабода”, якія маюць кантакт са сваімі суродзічамі-радыёслухачамі.

Addendum:

БЕЛАРУСКАЯ МОВА, якая ўжываецца

У радыё СВАБОДА                                          У БССР

Ангельшчына, ангелец, ангельскі

Вугоршчына, вугорец, вугорскі

Нямеччына, нямецкі

Гішпанія, гішпанец, гішпанскі

Расея, расеец, расейскі (звычай)

расейская рэспубліка

назоў

паклікацца, паклікаючыся

беспасярэдні

абток

кружэлка

запруда

балонка або бачына (кнігі)

забавязаньне

камунікат

паўдзённы

рэвізія

вонкавы гандаль

вонкавая палітыка

хэмія

работнік

работніцкая кляса

навуковец

бальшыня

мяншыня

гэбрэй, гэбрэйскі

собскі

сяньня, сяньнешні

кажны

партызанскі аддзел

жаўнер, жаўнерскі

лётнішча

замаўленьне, замаўляць

камуністы

                камуністага

                камуністаму

камуністыя

                камуністых

                камуністым

сацыялісты

                сацыялістага

                сацыялістаму

сацыялістыя

                сацыялістых

                сацыялістым

рэвізіяністы, рэвізіяністыя

эканамісты, эканамістыя

фармалісты, фармалістыя

цымбалісты, цымбалістыя

гімназісты, гімназістыя

публіцысты, публіцыстыя

журналісты, журналістыя

фашысты, фашыстыя

марксісты, марксістыя

         і іншыя словы з суфіксам

         “іст” скланяюцца як вышэй

        пададзенае

 

фашыстаўскі

марксістаўскі

 

Кнайп

Фройд, фройдаўская тэорыя

Агенцтва Ройтэр

Англія, англічанін, англійскі

Венгрыя, венгерац, венгерскі

Германія, германскі

Іспанія, іспанец, іспанскі

Расія, рускі, рускі (звычай)

расійская рэспубліка

назва

спасылацца, спасылаючыся

непасрэдны

востраў

пласьцінка

плаціна

старонка (кнігі)

абавязацельства

камюніке

паўднёвы

вобыск

замежны гандаль

зьнешняя палітыка

хімія

рабочы

рабочы клас

вучоны

большасьць

меньшасьць

яўрэй, яўрэйскі

уласны

сёньня, сёньнешні

кожны

партызанскі атрад

салдат, салдацкі

аэродром

заказ, заказваць

камуніст

             камуніста

             камуністу

камуністы

камуністаў

камуністам

сацыяліст

сацыяліста

сацыялісту

сацыялісты

сацыялістаў

сацыялістам

рэвізіяніст, рэвізіяністы

эканаміст, эканамісты

фармаліст, фармалісты

цымбаліст, цымбалісты

гімназіст, гімназісты

публіцыст, публіцысты

журналіст, журналісты

фашыст, фашысты

марксіст, марксісты

          і іншыя словы з суфіксам

          “іст” скланяюцца як вышэй

пададзенае

 

фашысцкі

марксісцкі

 

Кнейп

Фрейд, фрейдаўская тэорія

агенцтва Рэйтэр

Заўвага: Некаторыя словы раней у беларускай рэдакцыі радыё Свабода ўжываліся ў падобнай форме, як у БССР, напрыклад: Англія, фашысцкі, марксісцкі і словы з суфіксам “іст”.

* * *

са. 1960-е гады

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія