БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Рыгор Крушына, Сны і мары

АД АЎТАРА

Паэзія -- спрадвеку прыхільнiца прыгожага слова, прыбіраецца ў пышныя строі: мэтафары, алітэрацыі, багатыя рыфмы, арыгінальны рытм.
Паэзія мае і клясычныя формы -- санэты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны. У беларускай лiтаратуры пачынальнiкам гэтага жанру быў Максім Багдановіч. Пазьней, беларускiя паэты (Уладзімер Дубоўка, Язэп Пушча і інш.) скарысталі часткова з гэтых формаў.*) Але шмат якія формы паэзіі аж да гэтага часу засталiся някранутымі. Напрыклад: вiлянэль, сэкстына, паліндром. Паліндром -- гэта верш, які чытаецца зьлева направа і справа налева аднолькава. Упяршыню ён быў пададзены аўтарам гэтай кнігі ў зборнiку «Хвіліна роздуму» (верш «Я і лаза і азалія»).
Дагэтуль у беларускай літаратуры не выяўлялiся формы і ўсходняй паэзii: газэлi, туюгі, японскія танкі і хай-кай. Я пастараўся ў кнізе «Сны і мары», паводля сваіх магчыласьцяў, даць прыклады ня толькі вышэйзгаданых, а i розных іншых формаў.
Калісьці адзін пісьменьнiк выказаў думку, што сучасная паэзiя набліжаецца да прозы, што песенны рытм i рыфмаваньне вершаў ёсьць анамалія -- сваеасаблівая, ламаная.
-- Хто-ж гаворыць у жыцьці рыфмамі? -- казаў ён мне. -- Ці ня лепш пісаць вэрлібрам, свабодным вершам?
Аўтар ня прыняў гэтай парады. Хіба вэрлібр, які ўзьнік у 19-ым стагодзьдзі, ёсьць адзнака мадэрнізму?
На маю думку, рыфма заўсёды адыгрывала вялікую ролю ў паэзіі. Ня меншае значэньне яна мае і сёньня. Колькі яшчэ ў беларускай мове ёсьць нескарыстаных мілагучных рыфмаў: дактылічных, гіпэрдактылічных і розных амонімаў. Невычарпальная крыніца!
У гэтым зборніку я зьмясьціў вершы з рознанаціскнымі амонімамі «Заміж караляў» і «Сьпеў» (бач. 30, 31).
Найбольш цікавым выглядае туюг -- чатырохрадковы верш, у якім рыфмуюцца аж тры амонімы. 3 напісаных мной туюгаў я выбраў для друку падвойныя (бач. 32, 33), звычайныя (бач. 84) і адзiн туюг захаваны ў «Лірычнай кантаце».
«Лірычная кантата» (бач. 97) -- канглямэрат літаратурных формаў (актава, туюг, санэт, трыялет i паліндром) гэтак урачыста заяўляе:
Паэзія -- дзіўная музыка слоў,
На ліры іграньне пачуцьцяў.
У кнізе «Сны i мары» амаль кожны верш гаворыць пра гэта сваёй формай i зьместам.

*) Ніл Гілевіч, а на эміграцыі Міхась Кавыль і Алесь Салавей стварылі вянкі санэтаў.

СНЫ I МАРЫ

Я жыў на акропалі казачных сноў
I мары мае над захмар'ем луналі.
Я чуў заварожаны заклік званоў,
Заміж палыноў зацьвіталі міндалі.

I там, дзе пад плотам расла крапіва,
Ужо вінаград каля россыпу ружаў...
Здалёк усьміхаецца здань хараства.
Я пільна цяпер сваю ўвагу напружыў.

Так, ёсьць таямнічая сіла ў жыцьці,
I мне наканована бачыць прастору:
Расквечаны край, і пад песьняй ісьці
Паволі, паціху ступаючы ўгору.

Усё, што я марыў і некалі сьніў,
Збылося, хоць з болем радзіму пакінуў.
Я выйшаў у сьвет, я свой шлях адчыніў
Да сонечных вёснаў і добрых спамінаў.




МАЯ МРОЯ

Прыходзіш такая прывабная,
Прыгожая, чыстая, зграбная.

Прыветнасьць суцешная! 3 доляю
Пакорна зьмірыцца я здолею.

Твой чую усплёск, беларыбіца!
Мне хочацца хваляю выбіцца

I лётаць, лунаць над краінаю,
Дзе лашчыў я веру нявінную.

Сьмяешся, ласкава гаворачы:
-- Залішне мінулае горычы!

Ты маеш трывогу бядовую,
Трапёткую мрою, мядовую.

Трывога цябе супакойвае --
На радасьць, на песьні настройвае.



ВЯТРЫ ВЯРТАЮЦЦА

Запевам шырака
Я даўней пачаў...
Стагнала лірыка,
Я ў тузе маўчаў.

Душа, як п'яніца,
Віно песьні п'е:
Вятры вяртаюцца
На кругі свае.

Тугой прыдушаны,
Я ня меў вясны.
А сёньня -- ўзрушаны,
Расьцьвітаюць сны.

I сны ўплятаюцца
У радкі мае.
Вятры вяртаюцца
На кругі свае.



НА ЎЗЬЛЁЦЕ

Я маўчаў. Мне парывісты вецер
Свой нябачны круціў калаўрот,
Узьнімаючы ў полі амецьце
На далоняй затулены рот.

I сьпяваць я ня мог, а жадоба
Палымяна расла і расла.
I на сэрцы кружыла жалоба
Неспакойным чаўном без вясла.

Мне карцела падняцца на хвалях,
3 вышыні адчуваць глыбіню,
Бачыць сьвет у прыгожых каралях...
Я ўзьляцеў. Я і мрою, і сьню.

Гэтак мне на начлезе калісьці
Ноч халодная лапці пляла.
Я разводзіў агонь сухалісьцем --
Ня было ні агню, ні цяпла.

Нешта тлела, курэла, трашчэла,
Гасьлі подзьмухам іскры ўначы.
На сьвітаньні вакол заярчэла
I агонь шугануў пры карчы.



АДМЫСЛОВАЯ НІТКА

Я доўгую нітку сукаў.
Сьпявала струной, мне здавалася.
Шурпатых увіткаў шукаў,
Каб раптам яна не парвалася.

Рабіў не на птушак сіло.
Бо ніткі былі адмысловымі:
На горад, мястэчка, сяло
Сплывалі пявучымі словамі.

А час быў няроўны, такі
Няпэўны, з душком панэгірыка.
Крывілі душой мастакі
I плакала бедная лірыка.

Я хворае сэрца лячыў,
Сьлязьмі мая песьня сачылася.
На нітцы вузлы я лічыў,
А нітка з жыцьцём ня лучылася...

Запозна цяпер. Але я
Ня скрыўджаны сёньня умовамі.
Зьвіваецца нітка мая
Ізноў паэтычнамі словамі.




ПЫТАНЬНЕ

Сумленьне і сум, і сумлеў,
Як путы, мне вяжуць пытаньне:
-- Нёс крыўду пад сэрцам? Самлеў?
А як-жа з жыцьцём разьвітаньне?

Сьпяваў, а ці марна сьпяваў?
Ці час змарнаваў на пачуцьці?
Мо кніжкі твае пахаваў
Зямляк выпадкова ў закуцьці?

Пытаньне паўстала як боль.
I чуецца голас прарочы
Ў лірычных напевах: -- Дазволь
Мне праўду сказаць табе ў вочы.

I ў шуме людзкім, і ў цішы
Натхняйся прыгожым сугуччам,
Хвалюйся, прачула пішы,
Ня знайся з пытаньнем балючым.

Хто-небудзь з далёкіх твой сьпеў
Пачуе на кніжных паліцах
I скажа: -- Ён жыў і цярпеў,
А ў творчасьці мог запаліцца.



НА ВЫСТАЎЦЫ МАСТАКА КАНДЗІНСКАГА

Яскравых колераў гульня!
Якія дзіўныя адценьні!
Якая ў тонах глыбіня!
Агні ў далёкім мігаценьні.

Стракатасьць зыркай пекнаты,
Размаляваная алеем.
Здаецца, творым -- я і ты,
Мазкамі сьмелымі шалеем.

Відаць, мастак чаруе нас,
Хвалюе хварбаў спалучэньне.
Яму гатовы мы ці раз
Прызнаць сьвятое прызначэньне.

Жыве, дрыжыць на палатне
Душа трывожная эстэта.
I галавой глядач матне
I тут пакліча самамэта:

Чуцьцём мастацкім зразумець,
Што і на хварбе грае ліра.
Дай Божа, золата і медзь
Разгледзець вокам ювэліра.



СТАРОЕ I НОВАЕ

Не шанавалі вартасьцяў даўней,
Цяпер ужо культуру пераймаем
Ад Захаду, і неяк спакайней.
Мы з новымі пачуцьцямі сьпяваем.

Мы маем песьню ўсьпешчанай цяпер --
Не трафарэтная і ня скупая.
Пяе любоў пра людзкасьць і давер,
I дух сучаснасьці ёй месца саступае.

О памяць! даўніну ты зазубры!
Гамоніць школа кінутай шпаргалкай.
Сабраліся настаўнікі й сябры
Адзначыць юбілей прамовай палкай.

Я ўспомніў тую мерку пачуцьця,
Дзень урачысты, сьвята ўшанаваньня:
Каб поўна чэрпаць радасьці жыцьця --
Не абмінай крыніц замілаваньня!

Не пагарджай і песенькай старой,
Калі яна з чульлівай цяплынёю.
Натхненьне настаўляе мой настрой
На новы сьпеў...
А старасьць? -- зладзім з ёю.



БЕЗ АКУЛЯРАЎ

Я гляджу на сьвет вачыма,
Акуляраў не прашу,
Бо інакш мне немагчыма
Асьвятляць сваю душу.

На блакіт, на сінь абшараў
Ты з любоўю пазірай.
Навакол няма імшараў,
Тут квяцісты, сьветлы край.

Шоўкам зыркай зеляніны
Тчэ прырода свой вузор --
Дзівацьвет: дыван даліны
I ланцуг альпійскіх гор.

Сьнег ляжыць кавалкам брынзы
Дзесьці ў горнай вышыні.
Краявід крывыя лінзы
Збрыдзяць, Божа барані.

Праз чужыя акуляры
Западае сумны змрок...
Я ня хочу бачыць хмары,
Верадзіць мой чысты зрок.



ГАЛКІ

Пад кустом на сьнезе сьмецьце і асмалкі,
А ўгары, я бачу, гушкаюцца сьмела
На галінках голых дзьве мігалкі-галкі.
Адчуваю: костка ў маім горле села,

Штосьці набягае, мне сьціскае грудзі...
Змалку знаў я галак і варонаў зграю --
Крумкалі, таўкліся на сьмяцьцёвай грудзе.
Птушкі майго краю, вам на ліры граю.

Мабыць напрадвесьні чорныя варожкі
Мне нагналі згадкі аб мінулых летах;
Вечарамі ў лесе ля пустой старожкі
Падглядаў спатканьні маладзік ці ветах.

Там цьвіло каханьне на адным дыханьні
I вязьмом вязала целы, душы, мроі.
Адыйшло юнацтва ў палкім разьвітаньні.
Не раскажуць сьведкі -- месяц, хатка, хвоі...

...Адляцелі галкі. I няма ўжо сьнегу.
Лета блізка. Клічу з памяці старую,
Мілую пяшчоту, радасьці кунегу,
А вясны гарэзнасьць маладым дарую.



НЁМАН БЯЖЫЦЬ

Маё сэрца ў дрымоце дрыжыць,
Я ў гарачым трызьненьні:
Дзесьці ў далечы Нёман бяжыць,
У праменьні струмені.

Я ляту. Вісла. Сьвіслач. А Случ,
Дзе вада -- па калені.
Успаміны зьбіваюць абруч
Аж праз два пакаленьні...

Абзываюць малыя мяне
Ўжо ня дзядзькам, а дзедам.
I яны -- у чужой старане
За старэйшымі сьледам

Будуць гэтак-жа моцна тужыць
Пасьля дзедавай згадкі.
Дзесьці ў далечы Нёман бяжыць,
I бягуць непаладкі.

I ўсплываюць мінулыя дні
У гарачым трызьненьні.
На чыгунцы знаёмай -- агні.
О, мае лятуценьні!..



САНЭТ

Залатая паэзіі арка...
Я хацеў-бы прайсьці праз яе,
Каб пачуць як хвалюе Пэтрарка
I як наша сучаснасьць пяе.

Родны вобраз выростае шпарка
Сам сабою, шукае мяне,
I я ведаю, -- не абміне
На ўрачыстасьці поўная чарка.

Да мяне цёплы вечар плыве,
Сьпеюць думкі ў маёй галаве.
Я пачуцьці ў санэт набіраю.

Праз паэзіі арку -- хада.
Б'е крыніцы сьвятая вада
Незабытнага нашага краю.



ПАКУТНАЯ ДУМКА

Я пакорны ў пакуце,
Я кахаю цябе.
У няспыннай журбе
Граюць моцна пачуцьці.

Між чужых. У закуцьці.
Боль мне сэрца скрабе.
I на ўласным гарбе
Мой цяжар, як на гуце.

Зноў сьпявае вясна
I сьвяткуецца сьвята.
Але радасьць не ўзьнята!

Смаліць думка адна:
-- Дзе ты, родная хата?
Дзе прытулку сьцяна?



ТРЫЯЛЕТ

Цьвілі ў гародчыку півоні,
Расьлі там радасьці штодня.
I захаплялася радня:
Цьвілі ў гародчыку півоні.

Цяпер далёкі ты, староньні,
I толькі згадак мітусьня:
Цьвілі ў гародчыку півоні,
Расьлі там радасьці штодня.



ТРЫЯЛЕТ РАПАЛIЧНЫ

Мы табе складалі трыялеты,
Ты віном паэтаў частавала.
За радкі, якія прызнавала,
Мы табе складалі трыялеты.

Я свайго цураўся п'едэстала,
Бо тваім паглядам разагрэты...
Мы табе складалі трыялеты,
Ты віном паэтаў частавала.



ВІЛЯНЭЛЬ

Цёплы сьпеў віялянчэлі,
Струнаў ціхі перазвон...
Ласкі-пешчы загучэлі.

Вобраз твой -- у акварэлі.
Перадаў мне патэфон
Цёплы сьпеў віялянчэлі.

Гукі ў стройнасьці мякчэлі,
Віўся з альтам барытон --
Ласкі-пешчы загучэлі.

Мае вочы заблішчэлі,
Як пачуў я дзіўны звон,
Цёплы сьпеў віялянчэлі.

А ў душы маёй ярчэлі
I валошка, і рамон.
Ласкі-пешчы загучэлі.

Можа ў гэтай вілянэлі
Зьвяжа нас з табою кон --
Цёплы сьпеў віялянчэлі...

Ласкі-пешчы загучэлі.



КАНЦОНА

Лёгка думкай лунаць у надхмар'і,
Калі радасьць душу прыгарне.
Я ня мог прасьпяваць табе арыі,
Звонкі голас не дадзены мне.
Нічога вакальнага ў голасе --
Пустое паціху малолася.
Слова дзесьці ў дарозе ахрыпла,
У бясьсільлі дранцьвела зусім.
Ты мне прысаку ў сэрца насыпала,
Узьнімалася полымя ў ім.
I голас прачулага лірыка
Імкнуўся раскінуцца шырака.
Я хацеў табе шчыра прызнацца,
Што гарэў і балюча кахаў.
Ад пачуцьцяў аж плечы згінаюцца --
Адчуваў, і пакорна сьціхаў.
Змагаўся з маёю натураю...
Зацішша цьвіло перад бураю.
Я маўчаў. Але ўпотай канцона
Варушыла трывожна мяне.
Можа сёньня, каханьнем сьвянцоная,
Усхвалюе, расчуліць, кране
Цябе, маю зорку праменную,
Да скону нічым незаменную.



РАНДО

I сны, і мары -- музы чары --
Ствараюць казку дзіўных дзён.
I думак цэлы легіён
Снуецца ў сонечным абшары;
Далёкі сьпеў ужо чуцён.

Празрысты сьвеціцца вялён
Праз цёплы подых лёгкай пары...
Прыемны мне прыносяць плён
I сны, і мары.

Мне сьніцца дом і пышны клён,
I ўжо няма ніводнай хмары.
Адно цьвітуць, цьвітуць як лён
I сны, і мары.



АКТАВА

Я прыйшоў аздобіць словам яву,
У якой -- халодны лістапад.
Узьнімаюць песенную справу
Вольны дух, надхненьне, творчы лад.

Сіла слова набывае славу
I выходзіць сьвятам на парад.
Гэта не капрыз і не забава...
Радасны сюрпрыз -- гучыць актава.



СЭКСТЫНА

Сьпяваюць думкі часта апаўночы,
Калі згадаю любую маю.
Я ў лірыцы малюю стан жаночы
I вобраз твой пяшчотна падаю:
Твой кужаль косаў, незабудкі-вочы
Мяне хвалююць. Я ізноў пяю.
Душою ўсхваляванаю пяю
Табе кантаты ўдзень і апаўночы.
Як толькі я заплюшчу ўмомант вочы --
Пачую ў сьпеве любую маю.
I я ўжо голас песьні падаю
На заклік твой ласкавы і жаночы.
Я разумею: твой настрой жаночы
Пераплятаецца з маім, і я пяю.
Ня мёд густы на сподку падаю,
А слова, што ўскіпела апаўночы
Ды памяць устрывожыла маю
I рыфмаю мне кінулася ў вочы.
А каб-жа бачыць мне на свае вочы
Мой сьветлы прывід, лёгкі стан жаночы!
Хай Бацькаўшчыну згадвае маю,
Якую гэтак горача пяю.
Як зырка сьвецяць зоркі апаўночы!
Я ім сваю заяву падаю.
Я думкамі заяву падаю:
3 вышыняў, зоркі, мне зірнеце ў вочы
I асьвятлеце радасьць апаўночы.
Яе, сагрэтую цяплом жаночым,
Гарну я ў ціхім смутку і пяю.
Зірнеце вы на мілую маю!
Ці зразумее хто тугу маю?
Я ўсё-ж сабе надзею падаю:
А можа не дарма любоў пяю.
3 мальбою вусны і жывыя вочы...
I дзесьці твой далёкі стогн жаночы
Я чую ўраньні, ўдзень і апаўночы.



МАЛІТВА

Шчыры Божа, сьвяты і магутны,
Зьзяе слава Твая ў вышыні.
Ты Радзіму, мой край шматпакутны
барані.

Барані ўсю зямлю і народы,
I мяне, бо і я чалавек.
Уратуй ад хваробы і шкоды
гэты век,

Гэты жудасны атамны век,
Дзе пагрозна расьце небясьпека.
У няверу штурхнуў чалавека
чалавек.

I цяпер мы ня маем спакою,
Гінуць людзі ў пякельным агні.
Божа, добрае і ўсё жывое
барані.



ПАСТАРАЛЬ

Згадка лашчыць далёкія дні.
Ціха ў лесе зьвіняць камары.
А на полі -- сьляпні, авадні...
У сьпякоце гараць папары.

Я на ўзьлесьсі сядаю на пень,
Там мурашкі таўкуцца ў карчы.
Песьня, хваляй гарачай усьпень
Захапленьне маё, і крычы.

Мой запал не пагас, не патух --
Як паходню, вышэй падыму.
Чую -- дзесьці сьпявае пастух,
Падпявае пастушка яму.

Згадка лашчыць далёкія дні.
Паліць сонца і джгаліць сьляпень.
Але мілы прытулак радні,
Але родная ўсюды цьвіцень.

Пугі ляск і рыканьне кароў,
I ў паветры сухім -- сырадой...
Зноў каханьнем бунтуецца кроў,
Мае песьні плывуць чарадой.



ЗАМІЖ КАРАЛЯЎ

Дарагія рубіны, каралі
Хіба маюць адны каралі?
Яны ў сэрцы каханай запалі,
Імі кроў, як агонь запалі.

Сонца грае на радасным твары.
Гэтак ціхае шчасьце твары
Не за горкім кілішкам у бары,
А ў зацішку ў сасновым бары.

Пойдзем, любая, ў шолахі гаю!
Бачыш, словамі раны гаю.
Дыямэнтаў, караляў ня маю --
Я нясу табе песьню маю.



СЬПЕЎ

Квяцісты сад, мае браткі!
Цьвітуць у садзе браткі.
Да іх іду я па радкі,
Па песьні і парадкі.

Не на пісьмовыя сталы
Нясу парадак сталы.
Дзе зеляніны купалы,
Я чую сьпеў Купалы.

Аж сонцам песьня наплыве!
У радасным наплыве
Яна малітваю жыве,
Яна ў людзкой пажыве.



НА ПРАКОСАХ

Ад зары прабег прамень шырокі, косы.
Ад мянташак зазьвінелі дружна косы.
А на сэрцы аднаго з касцоў вясельле --
Расплятуцца перад ім тугія косы.

Лёгка рэжа коска. Добрая направа!
Жаўруковы сьпеў -- налева і направа.
Гэта гукі радасьці ўгары віселі:
Віза на любоў законную, на права.



НА ПЛЯЖЫ

Мы хворасьці душым
Пад сонечным душам.
На беразе мора
Цяплей нашым душам.

I горасьці тушым...
Ці парыцца тушам?
Музычнае мора
Вітае нас тушам.



У АБСТРАКЦЫІ

Штрых на штрых. Уяўленьні.
Думка промнем з чала.
У маім захапленьні --
Меданоска-пчала.

Сьпеў. Цыганка-жабрачка.
Клямка. Скрыгат ключа.
Дзесьці боль і гарачка.
Гора -- торбай з пляча.

Нерэальныя рэчы!
3 мёдам, з перцам бяру.
Недарэчнасьці спрэчак
Не пярэчаць пяру.

Сьмех прасьцягу -- зыгзагі
Бліскавіцы ўгары.
Хто ідзе без развагі
Ў маляры-змагары?

А ці ведаеш, хлопча,
Ты малюеш дарма!
Сьмерць абстракцыю топча...
Жыў мастак і -- няма.



ДА МАЛАДОЙ ЧЫТАЧКІ

Дзесьці ты хаваешся ў закуцьці,
У самоце сэрца галадае.
У цябе зялёныя пачуцьці,
Бо зусім, зусім ты маладая.

Спачуваеш слаўнаму гэрою,
Плачаш і сьмяешся за чытаньнем.
Смаглы смутак тут не за гарою
Ахапіў душу тваю паўстаньнем.

Ты чытаеш кніжку, а трывога
Эпілёгу шчаснага шукае.
Жах, ахвяры, голад, боль былога --
Вось яна, гісторыя цяжкая!

Толькі радасьць зрэдку выплывае
Сьветлымі падзеямі ў краіне.
Ведай! мова родная, жывая,
Мова нашых продкаў не загіне.

Ты чытаеш кніжку -- у зацішку,
I далёка ад чужога вока.
Сёньня сьвет табе раскрыўся крышку,
Заўтра ён раскрыецца шырока.



ЯПОНСКІЯ ТАНКІ

Японка Цень-сум
Тонка-танюсенька мне
Ніць песьні прадзе.
Як я вочы замружу --
На хрэсьбінах бабчын сьпеў.

---------------------------

Мой дзіўны настрой.
Гэйша грае на арфе.
I -- радасьць пяе.
Мне здаецца, у струнах
Пошчакам пушча гудзе.



ХАЙ -- КАЙ
паўтанкі

Муза, не ўцякай!
Маё сэрца да цябе!
У крыві -- агонь.

-------------------

Моцная любоў --
Ня толькі ахвярнасьць, боль,
Але і трыюмф.

-------------------

Месяц, чуеш ты,
Чый праходзіць цьвёрды крок?
Чалавек -- твой госьць.



СЬПЕВЫ СЬНЯЖЫНАК

Смутак сьпякотны.
Слухаю сьпевы сьняжынак.
Стогне сухотны
Сіплы суглінак.

Сівер спакоем
Сьцішаны, сушыць смужынкі.
Срэбным сувоем
Сьцеле сьцяжынкі.

Сьпевы сьняжынак.
Сонца сівое сумуе.
Сёньня спачынак
Сад салютуе.

Сэрца спавіта
Спрутам сакрэтных спружынак:
Сны сэленіта,
Сьпевы сьняжынак.



ПРЫВІД

Абудзіла ноч мяне грымотамі,
Дзесьці вецер вые на рагу.
Я ляжу, кампрэсамі абмотаны,
За фіранку глянуць не магу.

Хто па шыбе пальцамі там стукае?
Гэта дождж, ці можа буйны град?
Не засьнеш ніяк і пад прынукаю, --
Падпаўзае цемры чорны гад.

Ноч -- неўтаймаваная капрызьніца,
Бліскавіцы сыпле чарадой.
Каля ног маіх стаіць, мне трызьніцца,
Дзед з даўжэзнай белай барадой.

Гэта-ж дзед-нябожчык усьміхаецца...
У сьвятле маланкі раптам зьнік.
Прывід зьнік... Заміж яго матляецца
Белы пакамечаны ручнік.



УСЬМЕШКА Ў ЖУРБЕ

Усьміхаюцца мне і ў журбе
Краскі, словы і шчасьце сьляпое.
Не знайду, не знайду я сабе
Супакою ў пакоі.

Выйду з хаты, пайду напрасткі.
На дарозе мае лятуценьні.
Буду сеяць я словы ў радкі
Ды ў рытмічным спляценьні.

I сьпяваць на апошняй сяўбе,
Мроіць тое, што сэрцу -- сьвятое.
...Сумна, страшна навокал сябе
Бачыць месца пустое.



ПЕСЬНЯ

Спадабалася мне ты, сяброўка,
За прыветлівы позірк вачэй
I за тое, што кудзеркі шоўкам
Завіліся наўкола плячэй.

Спадабалася мне і за тое,
Што пяеш, як лясны салавей,
I дзявоцтва праз поле пустое
Ня пусьціла на вецер-узьвей.

Спадабалася мне, бо шануеш
Дзедаў звычай і любіш свой край.
Калі сэрцам трывогу пачуеш --
Да мяне ты вясной завітай.



ГАЗЭЛЯ

Няўсьцішна-горача люблю цябе, мой край.
Твой голас з далечы лаўлю ў журбе, мой край.

Даўней ня ведаў я, што хараством
Мяне пачнеш ты вабіць да сябе, мой край.

Заклятым злом завязаны залом...
I маё сэрца памятку скубе: мой край!

Згарэла маладосьць, згарэў мой дом,
Але я захаваў жывым цябе, мой край.

Паміж чужых ня буду чужаком.
Куды я ні зірну -- крыніцай б'е мой край.

Хай адгукнецца роднае цішком:
На сьціплых васількох і на вярбе -- мой край.

I кожнай цьвет-галінкай і лістком
Крушына мне прыгадвае ў жальбе мой край.

Яшчэ ў маленстве піў я з малаком
Тваёй пяшчоты мёд. Люблю цябе, мой край.



ПАЛАЦЫ ФАНТАЗІІ

Па Амэрыцы, Афрыцы, Азіі
Я вандрую душою сагрэтаю.
Бачу сьвет. А жыву без фантазіі,
Толькі думкі ірвуцца ракетаю.

Думкі-мары, як іскры гарачыя,
Узьлятаюць і гаснуць апоўначы.
Гэтым думкам імклівым удзячны я,
Бо нясуць мне надзею, гамонячы.

Можа раптам фантазія зьявіцца, --
Прывітаю красуню цікавую.
Можа станецца лепшай настаўніцай,
Спадзяюся -- і ў роздуме плаваю.

Дзесьці ціснуцца цені халодныя,
Воддаль туляцца вобразы цьмяныя,
Ды парывы мае не бясплодныя:
Набіраюцца словы крамяныя.

I пачуцьці ў пяшчоце гадуюцца.
Мне здаецца, сьпяваю ў экстазе я.
Словы -- мармур. Палацы будуюцца.
Будзе жыць у палацах фантазія.



ПАЛІНДРОМ

Я -- сіла. Маліся!
Міла палім
Тонкі кнот...
Толам умалот.

Я -- сіла. Маліся!
На гару -- гураган.
Ура! Зару --
На барабан.



З ФОРМАЙ

Паэзію сэрца і ведаў
Аздобім, як Сёмуху маем,
Каб кожны праймаўся і ведаў,
Якія магчымасьці маем.

Мы з формай -- загін на загіне --
Выходзім на сьветлы гасьцінец.
I тое, што ў друк -- не загіне,
Нашчадкам, як добры гасьцінец.



ВЭНЭЦЫЯ

3 неба густа рыбнаю лускою
Парассыпаліся зоркі на вадзе.
Сонныя палацы над вадою
Непакояцца --
маторам час гудзе.

А гандоля, як мая нядоля,
На вязі вагаецца, трывожна сьпіць.
Сьпіць самотны смутак у гандолі.
Ліхтары гараць...
і слуп сьляпы рыпіць.

Вечар мой трывожаць матаботы,
Цішыня старой мінуўшчыны -- старчма.
Маеш ты, Вэнэцыя, турботы:
У сучаснасьці
рамантыкі няма.



ТЭРЦЫНЫ

Я п'ю рамонкавы настой
3 дамешкаю тваіх усьмешак.
Хіба я ў марнасьці пустой?

Сны -- попел згаслых галавешак?
Няўжо, як той стары Тарас,
Пакінуў родны свой застрэшак

I ўзьлез на сонечны Парнас?
Там добры лад, а ёсьць заганы...
Цябе згадаю я ці раз.

Я прывітаю дзень чаканы,
Калі спаткаю позірк твой
3 усьмешкай цёплай, край каханы.

Я п'ю рамонкавы настой.



УСТРЫВОЖАНАЯ ПАМЯЦЬ

Я ўстрывожу памяці гангрэну,
Цёплым сном зірну ў мой родны край
Ды нікога, мабыць, ня сустрэну:
Ці шукай сваіх, ці ня шукай.

А калісьці па зямлі хадзілі
Дарагія, блізкія мае.
Там ня курыць ладан у кадзіле,
I вячорны звон не паўстае.

Бяз крыжа й малітвы пахаваны
I сусед, і сябра, і сваяк.
I растуць ганебныя заганы --
Не сагнаць, ня сьцерці іх ніяк.

Там людзкія радасьці ў загоне,
Затыкаюць шпунтам слых і дых.
I старое падае ў прадоньне,
I ўстаюць пратэсты маладых...

Хрусткая ўстрывожаная памяць!
Праз гады любоў мяне вядзе.
Малады быў -- i ня мог я ўцяміць,
Хто шчасьлівы ў горы і ў бядзе.



ЗАКЛЯТАЕ КАЛОСЬСЕ

Поле жоўтым іржышчам сумуе,
Пахне жытам, пасохлым цім'янам.
А наўзьмежку калосьсе зімуе
Дзікім злом, хмызьняком саламяным.

Не забыты залом, а самотны,
Не кранае ніхто, не чапае.
Абмінае заўсёды гаротны
I зьняверца цішком адступае.

Гэта-ж нейкая нечысьць калосьсе
Зацягнула вузлом і сьмяецца.
Лепш, каб ліхам дабро не зьвялося,
Абмінаць тое клятае месца.

Абмінаюць і носяць трывогу,
Не пазбыліся слабасьці продкаў.
Лаюць злыдняў і моляцца Богу,
Унікаюць крывых павароткаў.

Толькі вецер буян-непакора
Калашмаціць заломы на полі.
Ён людзкога ня ведае гора,
Не баіцца нічога ніколі.



ЗАЛАТОЕ ВЕЦЬЦЕ

Залатыя сьпевы,
Кажуць, ёсьць на сьвеце.
А ці маюць дрэвы
Залатое вецьце?

А ці пад карою
Сок, як мёд пчаліны?
Бохан мрояў крою
Ў сінія хвіліны.

Сінь спадае з неба
Ў лён і на валошкі.
Гэта-ж не ганебна --
Мне прыпала трошкі

Штрыхам пад вачыма
I на вусны ў сьцюжу.
А яшчэ магчыма
3 лірай занядужу.

Наша ліхалецьце
Ня прыглушыць сьпевы.
...Залатое вецьце
Узьнімаюць дрэвы.



ТУГА ПА ВЯСЬНЕ

Туга ўсплывае па вясьне
I маё сэрца голкай коле.
Я цьвет Палесься бачу ў сьне,
Сьпяваю вёску, лес і поле.

Даўней цікаўным хлапчуком
Я забіраўся ў гушчу хвояў.
Там размаўляў з баравіком,
Над мухаморам жарты строіў.

-- Шчасьлівы грыб, -- казаў яму, --
Ня квапяцца сьлімак і заяц.
I я таксама не вазьму
Чырвоны зманлівы акраец.

Малога цешылі грыбы --
Грузды, лісічкі, сыравежкі...
Ня знаў я горкае журбы,
Праз поле ў лес гукалі сьцежкі.

А сёньня... Тыя сьцежкі ў сьне.
Далёкі водгук чую дзесьці.
Туга па згінутай вясьне
Мне пачынае сэрца гнесьці.



З ПАЭЗІЯЙ

Жаданьні ў згараньні,
Заданьні ў загнаньні,
I думка як гумка, ці -- скура i косьцi...
Мне хочацца ў госьці,
Пачуць ад кагосьці
Прыветнага слова, гарачага слова.

А старасьць стараецца, вершамі жаліцца:
Як пуста, самотна бяз слова-асілка!
Хіба ты, паэзія, сёньня маўчальніца?
Душу ня стрыжэш, як імшару касілка?

Хіба ты, паэзія, дзесьці далёкая?
Бяз кроку і сілы прыціхла, зьнябытая?
Ты мне не махаеш сарвэткаю лёкая,
Са мною заўсёды, як радасьць адкрытая.



РАЗВАГА

Можна больш ня пісаць, і ні ў чым не старацца,
I забіцца ў падушак праветраны пух.
А ці ў тым асалода, што сны на матрацы?
Я-ж бо сам лятуценьнямі-снамі распух.

Да напеўнага слова чульлівае вуха
Прыкладаецца, ловячы сэнс у жыцьці.
Ах, няўжо гэты дзень, як старая рапуха,
Можа толькі паволі пачварай паўзьці?

А прыгожасьці дня, ці ня ў небе высокім,
Дзе за хмарай самотны плыве самалёт?
Ці ня ў бурных падзеях -- мінулым, далёкім,
Дзе пажар, і паводка, і сьнегу сумёт?

Мне баліць, але вера трымае мяне:
Будуць ясныя дні і ў маёй старане.



ПУСТЭЧА

Сучасную песьню сьпяваюць з крыўляньнем,
3 паторгваньпем торса, з падскокам.
Выходзяць на сцэну з казьліным пяяньнем,
На словы падміргваюць вокам.

Паўторныя словы. Запеўка сухая --
Абуджаны крык папугая:
Кахаю, кахаю, кахаю, кахаю!..
I цягнецца песьня даўгая.

Але не заўсёды хвала прымітыву,
Мінецца часовая зьява.
Зноў прыйдзе любоў да старога матыву,
На лепшае знойдзецца права.

Каб мне на стагодзьдзе пазьней нарадзіцца
Ды проста сьпяваць, бяз грымасы, --
Крыштальнай крыніцы жывая вадзіца
Цякла-б у народныя масы.

А сёньня ў пустэльны пясок я ўязджаю,
Ня бачу сваёй каляіны.
Каму я сьпяваю? Каму дагаджаю?
Над песьняй -- маўклівыя кпіны.



ІНДЫВІД

Адзін -- за пяро, другі даў лісток.
Адзін -- мастак, а другі -- масток,
Масток над мастацтвам, масток, праз якi
Праносяць багацьце ня ўсе мастакі.

Мастак у бядоце найгоршай,
Калі ён зусім малады.
Ні званьня пашаны, ні грошай.
Iсьці? А куды?

Знайсьці дружбака-мэцэната?
А той мэцэнат не сьвяты,
Ён дасьць абяцанак багата.
-- Ідзі ў калектыў.

Супольна напішам паэму.
Імёны абодвух. Ай-яй!
Табе падкажу толькі тэму,
А ты афармляй!

...Ня трэба мне гэткага хвата,
Я сам выйду з творам у сьвет.
Крычыць індывід: -- Мая хата!
Мой сад! і мой цьвет!



ЭСКІЗ

Памяць прыходзіць ня цьмяная
I не з парожняю конаўкай.
Некалі восень духмяная
Надзіла сьпелай антонаўкай.

Надзіла сьпелай антонаўкай
I мне гасьціннай здавалася.
Ты была стройнай і тоненькай,
Дзесьці ў закутку хавалася.

Дзесьці ў закутку хавалася --
Чыстая, ціхая, родная...
Сьціпла расла, гадавалася.
Ці не артыстка народная?

Ці не артыстка народная
Тая дзяўчынка са Случчыны?
Гасьне усьмешка лагодная,
Чуецца голас засмучаны.

Чуецца голас засмучаны,
Восень ня пахне антонаўкай...
Нехта нядоляй замучаны
Звоніць бляшанаю конаўкай.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія