Чароўная
іголка
Калі паўнапраўны грамадзянін вёскі Гнойнае Адам Бабіч ішоў у сераду раніцой з гумна, дзе складаў акалот, к двору, то быў нямала зьдзіўлены. На страсе яго ўласнае хаты стаяла некалькі вяскоўцаў і моўчкі па цаглінцы разьбіралі яго комін.
І што больш усяго было незразумелым і дзіўным для Бабіча: грамадзяне ня толькі не раскідалі цэглы, а наадварот, нават дробныя кавалачкі гліны й пылу з сажай акуратна зграбалі ў торбачкі, зносілі ўніз і рассыпалі на разасланую на сьнезе посьцілку. Некалькі вясковых панятых, пад непасрэдным наглядам члена сельсавету А. Жураўскага, поўзалі па посьцілцы й чагось пароліся ў шуме.
Тут-жа стаяў і ўважліва сачыў за працай Пятро Жураўскі, найзласьнейшы вораг Адама Бабіча, зь якім ён судзіцца за дарогу вось ужо два гады.
„Што за трасца, - разважаў Бабіч, - шукаюць нечага ў коміне... Звар’яцелі, ці што?”.
І неяк троху баючыся, ён падышоў да хаты..
- Па якому праву? - зьвярнуўся ён да члена сельсавету.
Жураўскі павярнуў да яго запылены сажай твар.
- Па якому такому, пытаюся, праву разьбіваеце мне комін?
- Улада ведае, што робіць.
- Улада? Дурань ты, а ня ўлада. Ці-ж улада коміны разьбівае?
- А вось за гэтыя словы я пратакол састаўлю, за зьнявагу ўрадавай асобы пры выкананьні службовых абавязкаў. Ёсьць такі пункт.
- Састаўляй, а ўсё роўна жаліцца буду.
- Жаліцца? Вось мы табе пакажам жаліцца, як знойдзем нешта, тады пазнаеш, як супраць улады выступаць, наш пралетарскі суд падводзіць.
Бабіч вылаяўся і адышоў убок. Больш ён у справу не мяшаўся.
А тым часам комін разабралі да страхі й пралезьлі на гару.
Гнайчане, якія к гэтаму часу, бадай, ужо ўсёй вёскай сабраліся ля бабічавай хаты, горача дыскутавалі на тэму аб разбурваньні коміну. Сапраўднай прычыны ніхто ня ведаў, і таму дыскусія мела самы разнастайны характар і часамі прымала даволі фантастычны ўхіл.
- Золата, - казалі адны, - замураваў у коміне, а нехта даказаў, каб узяць у банк.
- Ды ня золата, - папраўлялі другія, а нейкія дужа ўжо дарагія паперы...
Знайшліся й такія, што ўжо нешта „чулі” й нешта „бачылі”. Суседка Агата, якая вось ужо тры гады ня можа забыцца, што Бабічавы дзеці падбілі ёй курчанё, з поваду чаго яна ўсе гэтыя тры гады дзень у дзень калоціцца з Адаміхай, у гуртку баб клялася:
- Далібог-жа, як ня хлушу.. Выйшла я гэта ўначы на двор, за патрэбай, значыцца, аж чую - нейкі грукат над Адамавай хатай. Я ўверх, значыцца, зірк, гляджу, аж нешта чырвонае з коміну як шасьне, ды ўверх, ды ўверх. Я ўскочыла, перажагналася тры разы, а яно й зьнікла. Далібог...
У другім гуртку сівы дзед апавядаў, як у яго, дзеда, таксама нешта ў коміне вурчэла, і як прыяжджаў поп сьвяньціць комін:
- Поп, - кажа, - сьвеньціць, а яно вурчыць, поп сьвеньціць, а яно ўсё вурчыць. Так і ня даў рады. А як разьбілі комін ды злажылі новы, дык і вурчэць перастала.
Гутаркі было шмат, варажылі па-рознаму, але ніхто дакладна ня мог сказаць, што такое „завурчэла” ў коміне Адама, каб аж улада ўзялася за гэтую справу.
Калі ўжо комін быў разбураны амаль увесь, да грамады падышоў самы разумны ў вёсцы чалавек, „вучоны”, як яго звалі вясковыя.
Вядома, тут усе да яго:
- Чаму гэта такое? Ты-ж мусіш ведаць...
- А вы ня ведаеце? - зьдзівіўся вясковы „вучоны”.
- Не, - адказваюць, - людзі рознае варожаць, але...
- Варожаць? - тут не варажба, а факт. Усім гэта будзе.
- Як гэта ўсім? - зьдзівіліся людзі. - Завошта?
- Ды не завошта, а для вашай-жа карысьці, дурні... Печы электрычныя ставіць будуць.
- Электрычныя печы?
- Ну, але... а комін там рэч зусім лішняя, вось і разьбіраюць.
- Ай, божачка, - загаласілі бабы, - што-ж гэта будзе, пагінем... Як-жа паранку будзем варыць?
- Паранку! Эх, някультурнасьць.. Вунь у Амэрыцы на гэткіх печах ня тое, што паранку, кавы розныя вараць, а яны - паранку! Эх!..
„Вучоны” са смакам плюнуў на вясковую някультурнасьць і пайшоў да начальства.
Грамада прыціхла, чакаючы чагось страшнага, невядомага, што можа перакуліць дагары нагамі ўсё іх жыцьцё.
Тым часам комін ужо разабралі, панятыя з членам сельсавету на чале яшчэ раз апоўзалі посьцілку з шумай і, запыленыя, запэцканыя сажай, падняліся на ногі.
- Няма? - зьдзівіўся П. Жураўскі.
- Як бачыш, - адказаў яму А. Жураўскі. І абодва сябры няпрыкметна адышлі ад хаты, загадаўшы панятым разыходзіцца.
Грамада-ж не разыходзілася. Чакалі, за кім зараз будзе чарга на ўстаноўку электрычнай печы, якой нават і коміну ня трэба. Але начальства, нічога не гаворачы, ціха папаўзло дахаты.
Гнайчане так і не даведаліся, ці будуць электрычныя печы ва ўсёй вёсцы, ці толькі ў Адама. Усе разыходзіліся незадаволеныя.
Так цягнулася дзень і два, і тыдзень. Аб электрычных печах ніхто нічога не даведаўся, нават і „вучоны” штось замоўк.
Настрой вёскі быў паганы. Невядома ў што-б ён выліўся, каб на бліжэйшую нядзелю не заклікалі ў раён Адама Бабіча, Пятруся Жураўскага й яшчэ некалькіх грамадзян.
У раёне ўсё й выявілася.
- Чаму гэта вы раскінулі Бабічу комін? - запыталі ў раёне А. Жураўскага.
- Шукалі, - кажа.
- Чаго шукалі?
- Іголкі...
- Іголкі? Якой іголкі?
- Ды так, іголкі, - нехаця адказваў А. Жураўскі. – Ды гэта вось ён ведае.
- Ну, дык якой іголкі вы шукалі, - зьвярнуліся да П. Жураўскага.
- Чароўнай іголкі, - кажа.
- ??
- Ну, дык я ўжо вам усё па парадку. Судзіліся мы, значыць, з Бабічам, як і вам вядома, ужо два гады за дарогу. Ну, у раёне мне адмовілі, у акрузе таксама. Я сабе й думаю: чаму гэта так. Няйначай, тут нешта ё, падроблена, значыць. Ну, я да Лельчыцкай варажбіткі. Так і так, кажу.
Ну, яна й кажа: іголка ў яго ў коміне замуравана, вось чаму табе зь ім судзіцца цяжка\ вынь іголку - і суд будзе на тваім баку. Ну, а як вымеш іголку з чужога коміну? Я да члена сельсавету, каб па закону, значыцца. А член сельсавету й кажа: мы, як улада, возьмем панятых і выймем іголку, а тады ў суд на яго - няхай не падводзіць. Так і зрабілі.
- Так і было? - пытаюцца ў прадстаўніка нізавой улады, члена сельсавету А. Жураўскага.
- Ды яно-ж, мусіць, так.
- Як-жа гэта ты, таварыш, паверыў забабонам? Эх, братка, а яшчэ й кандыдат у партыю... эх-хо-хо!
На гэтым і скончылася. Вёска Гнойнае супакоілася, што болей ня будуць кратаць іх комінаў.
А больш усяго радаваліся кабеты.
- Падумаеш, - казалі яны, - амараканцы знайшліся, электрычныя печы ставіць будуць. А як-жа паранку худобе варыць? Параўняліся зь кім, з амараканцамі. Яны нам не раўня.
Бадай і праўду кажуць гнайчанскія кабеты, што амэрыканцы нам не раўня. Як вы думаеце, таварышы?
Васеньнія настроі
Зь дзёньніка „любителей покушать”
1917 год. На дварэ гразка, сыра, няпрыветна - нудна на дварэ. Нудна й у хаце. І есьці ня хочацца... кусок папярок горла становіцца.
І прырода супраць нас. Восень, а тут раптам - навальніца, гром, маланка, зямлю страсанула, і закруціла завіруха. Куды тут есьці будзеш. Выпіў-бы ды... Эх, лепш пачакаць, бо...
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня будзе.
1918 год. Восень. Вой, есьці хочацца, а працаваць ня хочацца: у сабатаж запісаўся. Панясу штаны на рынак. Эх, выпіць! „Где ты, времечко?”. Ну, ды нічога, бо...
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня...
1919 год. Восень. „Ну и времена”. Прадаў пінжак з бліскучымі гузікамі, а купіў тры фунты хлеба ды кусок цукру-рафінаду ў прыдачу. Трэба шукаць працу, пакуль што якое... Бо ўсё роўна...
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага...
1920 год. Восень. Сыра, гразка. Вязу грамафон у вёску, памяняю на хлеб... Эх, ты, яблычка - ды краснабокае... Цьфу! Ну й што гэта за жыцьцё, ну й што гэта за праца?
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога...
1921 год. Восень. Холадна ў шынялі, а бацінкі арараўскія, трасца ім у бок, ня любяць нашага клімату. Грэюся ў сталоўцы. Разам з камісарам ем зацірку, гавару аб сусьветнай рэвалюцыі, і ўсё роўна есьці хочацца... Не, так далей нічога ня будзе. Займаю восем пасадаў, трэба яшчэ пару дастаць. Бо ўсё роўна...
Дзе гэта калі хто бачыў?
1922 год. Восень. Сыра, ды ня холадна. Новы вецер павеяў, трошкі мякчэйшы. Я нясу на рынак мяшок грошы, куплю хлеба, а можа й на фунт сала хопіць.
А ўсё-ж ткі цяжка: мяшок карак цісьне, хоць і мяккія грошы.
Дзе гэта калі хто?
1923 год. Восень. Холадна, але ня мне. Я сабе купіў новае паліто. Кажуць, нейкае сьвята йдзе, трэба есьці купіць хоць на чырвончык. Эх, выпіць-бы...
Дзе гэта калі?
1924 год. Восень. Сыра, а мне й мора па калені. І жывот у мяне - во! Дай бог кожнаму..
Чаго-б тут такога зьесьці? Мяса надаела, булка - таксама. Вінца-б выпіць ды ікрой зярністай закусіць, як гэта было калісь...
А цяпер?
Дзе гэта?
1925 год. Восень, ня сыра й ня холадна, і жыць можна.…Купіў к сьвяту новую пару ды жонцы сукенку ядвабную, ды гарэлкі, ды віна. На цэлых 10 „чарвякоў” накупіў к сьвяту і „пития и яства”. А ўвечары ў клюб пайду. Ну й закусім, ну й вып’ем. Эх, таварышы, гэта-ж жыцьцё...
Дзе?
1926 год. Восень. За што бароліся, таварышы? Гэта-ж ніколі падобнага ня было. Зачынілі! За тры дні да сьвята зачынілі, каб табе зачынілі!.. Плаці цяпер за бутэльку 2 р. 50к.
Ну й народ, ну й времена.
Званю на завод „Беларусь”, каб хоць піва вядры са тры прыслалі...
Нудна. Нудна на дварэ, нудна і ў хаце, і есьці ня хочацца, кусок папярок горла становіцца... Восень, а тут раптам зачынілі...
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня будзе...
У абарону Буланага
Буланы, судзячы па водгуках усіх ведаючых яго, - конь зусім благанадзейны, спакойны й ня брыкаецца.
Ня раз ён вазіў па раёну прадстаўнікоў раённае ўлады, уключаючы й самога старшыню, і ніхто на яго ніколі нават і пальцам не паківаў. У дыскусію ён ня ўступаў і ў тыя цяжкія хвіліны, калі члены зямельнай камісіі адзін перад адным ганялі яго па ўсім раёне. А ў апазыцыі ня быў нават і тады, калі на яго карак накладаў сядло рыкаўскі стрэлачнік.
Праўда, за ім заўважалася некаторая рэзвасьць, калі ён яшчэ быў маладняком. У тую залатую пару ён час-ад-часу падбрыкваў і выкідаў часам ня зусім прыстойнае каленца. Але гаспадарскае сэрца толькі радавалася ад гэтых выбрыкаў, і задаволены гаспадар для „поощрения” падсыпаў яму лішнюю жменьку аўса.
Зараз і гэтыя выбрыкі выветрыліся: Буланы падрос і выкіраваўся на сталага працаўніка...
І вось цяпер, калі, здавалася-б, толькі й працаваць спакойна, яго вінавацяць у разлажэньні, у нявытрыманасьці сваёй лініі. І хто вінаваціць? Сама справядлівасьць - народны сьледчы.
Справа малюецца так. Конь Буланы й народны сьледчы Каваленка ў лета ад рэвалюцыі 9-е, верасьня месяца такога-та дня пайшлі разам у вёску Вішанькі. Каваленку належала зьняць з двох сялян дапрос па вельмі важнай справе, а Буланага Рык паслаў разам з нарсьледчым. Буланы ішоў наперадзе, а Каваленка, як водзіцца, сядзеў ззаду на каламажцы, трымаючыся за портфэль, туга набіты важнымі справамі.
Дарога была вясёлая. Верасеньскае сонца, як-бы сьпяшаючыся выпусьціць хутчэй усе свае зарады, даволі шчодра ліло сьвет на голыя палі, пажоўклае лісьце й зялёна-бурыя сенажаці.
Глыбокае блакітнае неба й нудныя асеньнія краявіды настройвалі нарсьледчага на сумна-лірычны тон. Ён дэклямаваў „Несжатую полоску”, сьпяваў „Вы жертвою пали” й час-ад-часу загаворваў з Буланым аб „бренности жития”.
Буланы, у адзнаку сваёй згоды з нарсьледчым аб „бренности” ківаў галавой, пад дэклямацыю „Несжатой полоски” задаволена фыркаў, а калі сьледчы зацягваў „Çдете, усталые, цепью гремя”, махаў пару разоў хвастом і прыбаўляў шагу.
Так завязалася справа Каваленкі й Буланага. Што было далей - „сие”, як кажуць расейцы, „покрыто мраком неизвестности”. Ясна толькі адно, што Каваленка й Буланы ня вытрымалі лініі.
Па-першае, заехалі ня ў вёску Вішанькі, а за сем вёрст далей, у вёску Жукі.
Па-другое, вярнуліся яны ў раён не а сёмай гадзіне ўвечары, як гэта трэба было нарсьледчаму, а на другі дзень раніцою.
Па-трэцяе, ідучы назад, яны згубілі сьледчага портфэль, туга набіты важнымі справамі, і шапку. Прычына гэтых злоздарэньняў дазнаньнем яшчэ ня ўстаноўлена, хто вінаваты - ня выяўлена, але Каваленка загадзя вінаваціць Буланага.
Я ня юрысты, ня маю ніякага дачыненьня да Фэміды й дзеля гэтага не бяруся сьцьвярджаць, што няма такой стацьці, пад якую можна было-б падвесьці Буланага. Сьледчаму гэта відней. Ён можа й закатае Буланага, куды Макар цялят не ганяў. Але я, падыходзячы да справы не як законьнік, а як грамадзянін, асьмелюся ўголас заявіць: Буланы не вінаваты! І вось чаму.
У тым, што зайшлі ў вёску Жукі, віна цалкам кладзецца на сьледчага. Бо, як вышэй сказана, Буланы меў пуцёўку толькі ў Вішанькі.
Другое, вярнуліся ня вечарам, а на другі дзень раніцою. Хто тут вінаваты?
Сьледчы, т. Каваленка, які застанавіўся на адпачынак у Жуках, піў там і закусваў.
Буланы, як устаноўлена, і ня піў, і не закусваў.
Адзіным спрэчным пунктам можна яшчэ лічыць страту сльедчага шапкі й яго-ж портфэлю, туга набітага важнымі справамі. Але й то тады, калі глядзець на справу павярхоўна. Калі-ж мы прыгледзімся бліжэй да справы, мы ўбачым поўнае апраўданьне Буланаму.
Ставім пытаньне: ці мог Буланы бачыць, што ў Каваленкі зваліўся портфэль і шапка? Зразумела, ня мог, бо ён, як гаварылася, ішоў наперадзе. Нават дапусьцім, што Буланы выпадкова бачыў, як зваліўся портфэль, дык адкуль ён мог ведаць, што там важныя справы, а не падштанікі. На сваім вяку Буланы перавазіў шмат портфэляў, І ён бачыў, што не ва ўсякага начальніка таўшчыня портфэлю адпавядае яго зьместу. Вось што трэба прыняць пад увагу.
Ці можна пасьля гэтага хоць намякаць на віну Буланага?
Мы яшчэ не адзначылі тэй заслугі Буланага, што ён усё-ж ткі сам прыйшоў у Рык. А т. Каваленка? Выбачайце. Тое, што ляжала на каламажцы бяз шапкі, портфэлю й бяз голасу, нельга было назваць народным сьледчым.
Вось чаму я сьмела кажу, што Буланы не вінаваты.
Вось чаму закіды сьледчага Каваленкі супраць Буланага я лічу нічым іншым, як дэмагогіяй. І я пэвен, што калі дзе-небудзь можа й знойдзецца які-небудзь суд, што будзе разьбіраць справу сьледчага з Буланым (у жыцьці ўсякі бывае случай), калі ён прыме пад увагу мае довады, то, клянуся ўсімі артыкуламі Крымінальнага Кодэксу, Буланага гэты суд апраўдае.
Мяняйце рэпэртуар
У жыцьці ўсякае бывае.
Бывае, паасобку людзі працуюць, а зьбяруцца разам - нічога ня выходзіць. І наадварот - бывае, паасобку людзі нічога ня робяць, а зьбяруцца разам... пяюць... Напрыклад, сябры Чыжэвіцкага сельсавету - паасобку кожны зь іх як працаўнік - міт, пустое месца, а як зьбяруцца на пленум, - стройны хор, хоць у Дзяржаўны Тэатар запрашай. Бяда толькі, што рэпэртуар у іх вельмі вузкі: сьпяваюць выключна „Коробушку”.
Селькор Коокі, які паведаміў нам аб гэтым факце, чамусь вельмі незадаволены сельсаветчыкамі й заклікае іх падцягнуцца.
Напрасна, т. Коокі! Па-мойму, дык у тым, што людзі сьпяваюць, нічога дрэннага няма. Чаму не пасьпяваць, калі чалавеку весела! Па-другое, што-ж сябрам сельсавету рабіць на пленуме, раз яны перакулілі па якой-небудзь пляшцы самагону? Біць вокны? Ламаць сталы? Качаць старшыню сельсавету? Дык я лічу, што гэта не да твару сельсаветчыкам, ды к таму-ж і непрадукцыйная трата часу. Качаючы, старшыню можна выкуліць з рук, а ён нос разаб’е або штаны парве - адны няпрыемнасьці. А пяеш - і сабе хораша й сялянам весела.
Я нічога супраць сьпеваў.
Мяне тут якраз другое цікавіць: мне незразумела, чаму іменна „Коробушку” сьпяваюць. Няўжо ў нас песень прыгажэйшых няма. Узяць, напрыклад, „Чыжык, чыжык, дзе ты быў”, - чым не заліхвацкая песьня, ежалі яе ды пад гармонь пусьціць. Любата!
Або „Ухар купец” - чаму яна для пленуму не падыходзіць? І скочная, і вясёлая. Можна сьпяваць і тахты нагамі адбіваць.
Ды хоць-бы сабе ўзяць і „Ваши пальцы пахнут ладаном”. І то ўжо лепш, чымсь „Коробушка”. Калі гэты раманс пападзе пад настрой, ды яго шчыра ўсім пленумам выканаць пад акампанімэнт сакратара сельсавету на раялі, дык прыямнейшую асалоду на пленуме і ўявіць сабе трудна.
А ўзяць нарэшце „Бубенцы”. Гэта-ж калі ёсьць добры салісты, ды пад гітару зацягнуць:
Что было - никогда не вернётся!
Так зачем же, зачем вспоминать?
А потым хорам падхапіць:
Слышишь звон бубенцов издалека...
Цудоўна!..
А „Забыты нежныя лобзанья”, а „Яблочко”? Оспадзі, ды ці мала ёсьць прыгожых сьпеваў, апрача „Коробушки”! Ня трэба быць такімі кансэрватарамі. Бо пры ўмелым выкарыстаньні гэткага, па праўдзе сказаць, даволі рэдкага „ўклону” сельсавету, як музычны, якіх дзялоў можна наварочаць. Гэта-ж пры ўдалым рэпэртуары з посьпехам можна на пленумах канцэрты задаваць.
А сяляне як паваляць на пленум пры такой яго арганізацыі! Бяда! А то яны ў апошні час нешта адбіліся ад сельсавету й ходзяць чуткі, што віной усяму „Коробушка”.
- Што-ж, кажуць, гэта за сельсаветчыкі? Ім толькі „Коробушка” ў галаве, а больш нічога й ведаць ня хочуць.
І, як прыклад, прыводзяць шчырае жаданьне вёскі Півашы скінуць лішнюю гразь зь цела - жаданьне, якое ў самым сваім зародку было перасечана сельсаветчыкам...
Вёска хацела лазьню пабудаваць з быўшага магазыну, дык сябра с-савету П. Якубовіч не дапусьціў.
- Сьвіньня, - казаў ён, - ніколі ня мыецца, а хто скажа, што яна брудная. Вось і я ніколі ня мыюся, а я-ж нават начальства.
Ясна, вёска абурылася, але ня супраць Якубовіча, а іменна супраць „Коробушки”.
- Знаем мы вашу чыстату, - гудзяць сяляне, - на „Каробачцы” хочуць перапяяць магазын, п’яніцы.
Вось, братцы, як справы павярнуцца могуць.
Біце адбой, пакуль ня позна. Мяняйце рэпэртуар.
На першы стрэл, пакуль яшчэ хваляваньне масаў не разьвінулася, я вам магу параіць сьпяваць „Чаму-ж нам ня пець”.
Гэта песьня хоць і ня будзе адпавядаць запраўднасьці наконт таго, што „ў нашай хатачцы парадак ідзець”, але яна мае перавагу ў тым, што блізкая сяляням. Пачуе вёска сваё роднае наконт „парадачку” й крыху супакоіцца. А тым часам вы пяройдзеце на „Звон бубенчиков” або на „Яблочко”.
Толькі такім манэўрам можа й адратуеце лёс „Коробушки”, а разам зь ёй можа й свае сельсавецкія крэслы. Кажу, можа, бо хто яго ведае.
У жыцьці ўсякае бывае...