Беларусізацыя пад №...
Рэжым у беларусізацыі
Увогуле, беларусізацыя ідзе некаторым крокам. Але ў некаторых установах яна ідзе яўна не па НОТУ. Адзін з кіраўнікоў гэтых некаторых устаноў казаў мне на пытаньне беларусізацыі:
„Мова—не волк, в лес не убежит\ с ней и подождать можно”.
Ну і „ждут”. Некаторыя з гэтых некаторых устаноў прапускалі па тры тэрміны так званага „канчатковага пераходу”.
„Ждут...”.
А тут пішуць:
Грошы дарма трацяцца: курсы адчыняюць, а іх не наведваюць! Не гавораць на мове абслугоўваемага грамадзянства! Больш увагі! І наогул, пішуць: трэба падцягнуцца.
З тэй прычыны, што цяпер, можна сказаць, зарэжымілі кругом, ня лішняе будзе, па-нашаму, увесьці рэжым эканоміі і ў справах беларусізацыі. Навошта сродкі марна гінуць?
Калі згадзіцца з гэтым, дык тут у першую чаргу патрэбен плян. Плян - і больш нічога.
Падагульніўшы працу па правядзеньні беларусізацыі за ранейшыя часы, я на грунце практыкі мінулага і апрацаваў прыблізна схэматычны плян найскарэйшага й найтанейшага правядзеньня беларусізацыі. Гэты плян павінен быць на бліжэйшыя гады настольнай кнігай для кіраўнікоў гэтых некаторых устаноў, якія кульгаюць у беларусізацыі...
Па майму пляну ўмацаваньне беларусізацыі пачынаецца так. Бярэцца чысты ліст паперы, і на ім кіраўнік установы піша цыркуляр або загад, у якім паведамляе сваіх падначаленых аб беларусізацыі.
Цыркуляр можна пісаць так:
„Для скорейшего проведения белоруссизации в Н учреждении довожу до сведения и неуклонного исполнения всех служа щих, что с сей минуты предлагается в обязательном порядке п о с т е п е н н о переходить в канцеляриях на белорусский язык с тем, чтобы к осени т е к у щ е г о г о д а окончательно перейти на бел. язык”.
Калі цыркуляр пішацца ўвосень, дык тады трэба пісаць „с весны будущего года”, калі зімой, дык „с лета будущего года” і г. д. Канчаць цыркуляр можна так: „мелкая переписка, написанная на русском языке, ни мной, ни моим помошником подписываться не будет”.
Але гэта як хто хоча.
У в а г а: У гэтым пункце кіраўнік установы можа спаткаць значныя перашкоды. Можа стацца, што машыністка не захоча беларусізавацца й справа праваліцца ў самым сваім зародку. У такіх выпадках, як верны сродак, раіцца індывідуальны падыход да машыністкі.
Далей. Напісаны такім манерам цыркуляр можна вывесіць на сьцяну ў калідоры ўстановы, а то можна адразу аддаць у папку, якая спэцыяльна адводзіцца пад справу „Беларусізацыя” за № такім-та.
Гэтымі двума мерапрыемствамі фактычна й закладваецца фундамэнт беларусізацыі. Цяпер застаецца толькі, як кажуць, „вглубь” і „вширь”. Для гэтага падшукваецца які-небудзь чалавек, ведаючы беларускую мову, які й залічваецца ва ўстанову на пасаду беларуса. Гэты чалавек і будзе паглыбляць беларусізацыю, вядучы „мелкую переписку с тем, чтобы с осени окончательно перейти...” і гэтак далей.
У в а г а: Кіраўнікі устаноў і наогул асобы, якія стаяць на 17-разраднай тарыфнай драбіне вышэй 14-ай ступені, на курсы хадзіць не павінны ні ў якім разе. Гэта для аўтарытэтнасьці, бо несьвядомыя падначаленыя могуць кпіць: „Тоже начальники и тоже неграмотные”.
Той, хто хоча праявіць найбольшы імпэт у справе беларусізацыі, можа пару вывесак зрабіць на беларускай мове. Вывескі трэба пісаць як мага больш няграматна, каб незразумела было. Гэта ізноў-жа для аўтарытэтнасьці ўстановы. Раз незразумела, то няйначай - нешта важнае.
Цяпер застаецца, можна сказаць, дробязь: гэта - падзяліцца з шырокімі коламі сваёй радасьцю, сваімі дасягненьнямі. Тут ізноў трэба падшукаць чалавека, паінфармаваць яго аб сваіх дасягненьнях і асьцярожна намякнуць яму, што вось ня шкодзіла-б і ў газэту прапусьціць аб гэтым.
Інфармацыю трэба прапусьціць пад якім-небудзь хлёсткім загалоўкам, накшталт такога: „Мы доўга цярпелі”... або „Перашагнулі даваенную норму!”. Пасьля загалоўка трэба зрабіць кароткі агляд ходу працы па беларусізацыі ў сваёй установе й тады пісаць:
„Беларусізацыя ідзе ў нас шпаркім крокам і ня сёньня, дык заўтра перашагне 100 проц. Дасягненьні аграмадныя. Сялянства на ўсе 100 проц. гаворыць на беларускай мове. Яшчэ напор і... хто наступны?”.
Пасьля ўсяго гэтага кіраўнік установы спакойна ідзе піць каву й чакаць праверкі ведаў па беларускай мове. Калі праверачная камісія знойдзе чаму-небудзь што-небудзь ня так, дык тады плян пачынаецца нанава з самага пачатку.
Галоўнае - у роспач не ўпадаць, не аддавацца „грусти и печали”. Бадзёрасьць патрэбна й выдзержка. Я ведаў аднаго дзядзьку, які ўсё лета ваду ў ступе тоўк, лёд, бачыце, хацеў зрабіць. Праўда, ён, бядак, так і памёр, не дачакаўшыся лёду (а вада ўсё-ткі сама замерзла, як прыйшла зіма), але да канца дзён сваіх быў вытрыманым і бадзёрым.
Вось такімі і павінны быць кіраўнікі гэтых некаторых устаноў, кульгаючых у беларусізацыі.
Аптымізм і бадзёрасьць, тады мой плян будзе яўна карысным.
П. С. Па апошніх вестках, мой плян распрацоўваецца і, па чутках, будзе прыняты.
Рассуждения о белоруссизации
(З запісной кніжкі „спэца”)
„Я спэц невялічкі, усяго на 175 руб., але, з боскай дапамогай, другія й гэтага ня маюць. Вось чаму я ня скарджуся на свой лёс. Жыву сабе й жыву.
Я, можа, быў-бы й зусім задаволены, каб не адна буйная няпрыемнасьць.
Няпрыемнасьць гэта, інакш кажучы, штодзённая прыкрасьць, якая пільнуе кожны твой крок і атручвае кароткія хвіліны адпачынку, ёсьць так званая беларусізацыя, „т.е. изучение белорусского языка”.
Я - абураны. Я - злы. Я гатоў крычаць. Але я толькі шапчу, шапчу й то ў сваёй кампаніі, на вуха „свайму” шапчу: „китайский язык... белоруссизация... ги... ги... и зачем она?”. Шапчу, а ўголас не магу сказаць. О, мерзасьць! О, жалкая трусасьць...
...Сёньня ў нас аднаму зрабілі выгавар, а другога звольнілі за нежаданьне вучыць мову...
Вучыць... Што гэта за вучэньне?
Помню, я малы вучыўся. Ня ведаеш, бывала, лекцыі - табе вушы надзяруць або на калені на гарох паставяць, а то й зусім без абеда пакінуць. Во, гэта лінія, хоць і жорсткая крыху, але вучыліся. А цяпер што? Ні без абеду нікога не пакідаюць і пэнсію ўсім спраўна даюць. На мой погляд, гэта гвалт. Навошта таміць чалавека? Навошта мэнчыць яго вучобай пяць гадоў? Ежалі трэба вучыцца, то трэба гэту вучобу праводзіць з рэвалюцыйнай цьвёрдасьцю, без паблажак, тым пача ў адносінах да „великовозрастных”.
...Безабразія. Зьдзек. Паход супроць спэцаў. Так, паход. Інакш я не магу назваць таго, аб чым расказаў мне калега, прыехаўшы з правінцыі. Вось што ён апавядаў.
„Быў у нас экзамен па беларускай мове (гэта ў Чавусах). Прыехаў прадстаўнік акруговай нацыянальнай камісіі, паглядзеў, пакруціў носам, панюхаў і знайшоў, што ў нас „Русью пахнет”: установы прапускалі свае „канчатковыя тэрміны” і не беларусізаваліся.
Потым нас сабралі на экзамен. Першага, канешна, старшыню выклікалі.
- Ну, як Вы наконт мовы? - пытаюць.
А старшыня ў нас хлапец сьмелы, адчаяны.
- Ніяк, кажа, нуль стаўце.
Праўда, нуля яму не паставілі, сорамна было, едзініцу ўпісалі.
За старшынёй пайшоў яго намесьнік. Той пачаў нешта пыкаць наконт таго, што часу няма, што перагружаны й г. д. Яму таксама едзініцу ўпісалі. Тое самае было зь лясьнічым, страхагентам і зь іншымі адказнымі. Усё гэта, разумеецца, нармальна. Але вось слухай, што далей было. Слухай і абурайся. Пасьля праверкі адбылося пасяджэньне прэзыдыюму РВК. І што-ж ты думаеш? На прэзыдыюме пастанавілі: „страхагента зьняць з пасады за няведаньне белмовы, а лясьнічаму за гэта самае зрабілі выгавар”.
- А старшыні што? - пытаюся я.
- А старшыні - нічога.
- Як так нічога? Чаму яго з пасады не зьнялі?
- Чудак, - кажа мой калега, - ён-жа начальнік, сам зьнімае.
- Ну?
- Ды як-жа ён сам сябе зьніме?
- А другія вышэйшыя?
- А тыя таксама ня ведаюць.
- А яшчэ вышэйшыя?
- Таксама.
Я змоўк. Змоўк і мой правінцыяльны калега. Мы апусьцілі галовы й думалі: „чаму так пабудаваны сьвет, што начальству можна, а спэцу нельга, і чаму начальства змушае спэцаў рабіць тое, чаго само ня хоча”...
.................................................................................
...Малайцы наркамземаўскія спэцы. Героі! Сёньня ў „Вэнгржэцкага” выпівалі. Колькі сьмеху было, калі пасьля другой чаркі перайшлі да абгаварэньня пытаньня дню: гэтай самай беларусізацыі. Сьмяяліся, аж жываты балелі. Адзін расказаў, як ён ужыў у нейкай адносіне адно беларускае слова й так лоўка, што ніхто ня мог разабраць адносіны. Другі хваліўся, што ён разлажыў на лапаткі аднаго беларускага шавіністага. З аднаго лёзунгу ўзяў такое беларускае слова, што той ніяк ня мог растлумачыць.
- Вось вам, кажа, беларуская мова, самі не разумееце.
А трэці, што быў у зялёнай шапцы са значком у ваколышку (відаць, лесавод), дык проста - Аляксандар Македонскі. Той сьмела, перад усёй кампаніяй заявіў: „А я так совсем отказался изучать эту мову”.
Мы вушам сваім ня верылі. У лесавода й такая сьмеласьць. Мы з радасьцю прынялі гэту заяву й з энтузіязмам канстатавалі, што „не перавяліся яшчэ багатыры на сьвятой Русі”...
...Цыркулююць чуткі, што летам канчаюцца ўсе тэрміны беларусізацыі. Гэта, канешне, усё адны пустыя гутаркі. Але чорт яго ведае - часам гавораць, гавораць і нагавораць. Пагэтаму я сёньня ўзяўся за „Савецкую Беларусь” і чытаў яе ў парадку беларусізацыі цэлую гадзіну. Думаў, што галава разбаліцца, аж нічога. Наадварот, нават настрой узьняўся. Справа ў тым, што я вычытаў прыемныя навіны аб выніках экзамену па беларусізацыі Менскіх акруговых аддзелаў.
Красата, а ня вынікі. І ўсё нашы спэцы. Ніводзін ня хоча беларусізавацца. Усе працуюць на „об]епонятном”. Стойкія рабяты, люблю за гэта. А што наконт канчатковай беларусізацыі летам, дык зноў-жа абсурд. У Менскіх акруговых установах добра ведаюць беларускую мову толькі 4 проц. усіх работнікаў.
Гэта - за пяць гадоў беларусізацыі. Калі ў такой прагрэсіі будзе ісьці далей, дык усе 100 проц. будуць ведаць беларускую мову праз 125 гадоў. Во! А кажуць - летам канчаткова. Запужваюць, а нам ня страшна, патаму мы лічбамі апэрыруем...
.................................................................................
...Сёньня гаварыў я з адным беларускім шавіністым. Стаіць бядак на рагу Ленінскай і Савецкай і плюецца.
- З выпадку чаго плюяцеся? - пытаюся па-беларуску.
- Чытайце, - кажа, - лёзунг.
Чытаю: „Больш актыўнасьці ў абгаварэньні працы свай час савету”.
- Хэ, хэ, - кажу, - па-беларуску-ж...
- Па-беларуску... (Тут шавіністы моцна вылаяўся). За гэткае „па-беларуску” вешаць трэба.
Шавіністы патрос кулаком некуды ў паветра й пайшоў сьпяваючы: „сьмяюцца над намі”...
А я стаяў і сьмяяўся... Весела й сьмешна, калі беларускі шавіністы злуецца...
Таварыш Мытніца
Такога „таварыша” шукала слуцкая пошта. Атрымала яна аднойчы пакет. Пакет як пакет. Самы звычайны. А на ім адрас: „Слуцак, Мытніца”.
Доўга сапелі над пакетам паштавікі.
- Што за трасца такая, Мытніца? Хто ведае Мытніцу?
Ведаючых на пошце не знайшлося.
- Куды-ж паслаць, урэшце, пакет?
Рашылі перадаць пакет паштальёну:
- Ён „соприкасается с массами”, далжон ведаць.
„Соприкасающийся с массами” таксама доўгі час круціў пакет у руках, узіраўся на яго, як на новыя вароты, і нарэшце сьцяміў:
- Мытніца? - няйначай нехта прыежджы, бо дасюль такога ня чуваць было ў Слуцку.
І пайшоў па гораду шукаць прыежджага тав. Мытніцу. Абегаў горад, апытаў усіх слуцкіх старажылаў пра таварыша Мытніцу, - няма такога, дый годзе. Як у ваду кануў чалавек.
- А мусіць быць, трасца на яго, - навошта-ж тады-б пісалі: „Слуцак, Мытніца”?
У першы дзень не знайшоў. На другі дзень ужо сёмы пот мяняў паштальён, шукаючы тав. Мытніцу, калі, на шчасьце, адзін добры чалавек параіў:
- Наежджы, кажаш? Дык пры, брат, па ўстановах. Наежджыя - яны больш па ўстановах.
Пайшоў і па ўстановах. У адну сунуўся - няма Мытніцы, у другую - і ня было ніколі такога. І толькі ў трэцяй дабіўся толку.
- Мытніца? Гэта-ж тое самае, што таможня, — растлумачылі. - Нясі ў таможню...
Разінуў рот паштавік ад зьдзіўленьня: шукаў чалавека, а знайшоў установу. Сплюнуў і вылаяўся:
- Нясі, каб цябе зямля не насіла. Другі дзень ужо нясу й ніяк не данясу.
Хто вінаваты ў гэтым? Ня мытніца, разумеецца. Вінавата тут тое, што слуцкія паштавікі лічылі сябе загранічнымі.
Калі адчынілі на пошце курсы беларусазнаўства, то некаторыя ўзьнялі бузу:
- Нашто нам беларуская мова, якая карысьць, - галаву забіваць толькі.
Больш салідныя экзэмпляры, зубры, так сказаць, канцылярскія, прабавалі й канкрэтна паставіць пытаньне адносна карысьці:
- Раней нам давалі прыбавачку за вывучэньне якой-небудзь чужаземнай мовы. А цяпер дадуць ці не?
Напісалі яны аб гэтай прыбавачцы й заяву ў адпаведнае месца. І калі давалі на подпіс служачым, дык толькі стораж адмовіўся:
- Я, кажа, і так граматны. А прыбаўкі вам усё роўна не дадуць.
- Чаму не дадуць?
- Ды не дадуць, - кажа. - Лепш і не таргуйцеся, бо ні капейкі не дадуць.
- А раней давалі.
- Ну, раней можа й давалі, а цяпер у Беларусі, кажуць, беларуская мова ўжо не чужаземная, і курс у гэтым пытаньні цьвёрды: „за чыім сталом сядзіш, таму й песьні пей”.
А калі вам гэта не па носе, дык у вас ёсьць два выхады: ці вы асіліце беларускую мову, ці яна вас асіліць.
Не паслухаліся паштавікі стоража й заяву падалі.
Кажуць, што ім чамусь адмовілі ў прыбавачцы за вывучэньне беларускай мовы. Рэзалюцыя на заяве ясна гаварыла: „Отказать”.
А шкада. Няхай-бы трохі людзі падвучыліся. І лісты можа-б хутчэй прыходзілі, і мытніцу ведалі-б, ды наогул, можа-б трохі паразумнелі.
Трагедыя чыноўніцкай душы
За Грыгорыем Якавічам яго саслужыўцы пачалі прыкмячаць штось нясуразнае. Быў чалавек як чалавек і раптам - задумаўся. Прыйдзе ў аддзел, нават ня скажа звычайнага „здравствуйте” і сядзе моўчкі за стол. Адложа на шчотах костачку - і задумаецца, адложа другую - і падапрэ галаву рукой...
- Нешта са Шпакам дзеецца, - шапталіся па куткох служачыя.
- Няйначай, як растраціў, - казалі адны.
- Не, факт, што закахаўся, - рашалі машыністкі.
- Госпо... граждане, - тлумачыў стары чыноўнік, — гэта ўсё ад беларусізацыі!..
Нават старажыха й тая заўважыла штось ненармальнае:
- Зьвіхнуліся наш Грыгоры Якавіч, - казала яна кур’еру. - То-та бацька, айцец благачынны, сьлёзак пральле.
Рашылі служачыя па-прыяцельску выпытаць у Грыгорыя Якавіча, што за навала такая навісла на яго сьветлай душы:
- Ды вы адкрыйцеся, Грыгоры Якавіч, што вас мучае.
Але Грыгоры Якавіч не хацеў „адкрыцца”:
- Так,- кажа, - жывот нешта сапсуўся... Мусіць, ад ватрушак, што ўчора нанач зьеў.
- А вы-б рыцыны выпілі з паўшклянкі - памагае, - раіў бухгалтар.
- Самае лепшае, вы клізмачку пастаўце, абавязкова клізмачку, - угаворваў стары чыноўнік...
Так цягнулася тыдні два. Нарэшце Грыгоры Якавіч „адкрыўся” свайму найлепшаму прыяцелю і аднадумцу Акакію Павуку, таксама духоўнага званьня. Здарылася гэта зусім выпадкова. Грыгоры Шпак і Акакі Павук ішлі каля Спаса-Ефрасініеўскага сабору й толькі хацелі перажагнацца на сьвяты храм, аж тут з-за вугла - тыц нейкі беларус.
- Цьфу, душу тваю ў ад, - вылаяўся Шпак, - і тут „яны”. Перажагнацца спакойна не дадуць... Не, так далей ня можна. Іх штодня плодзіцца ўсё больш і больш, а мы маўчым...
- Даволі! - урачыста выкрыкнуў Шпак і так моцна стукнуў нагой па таламу сьнегу, што аж брызгі паляцелі. - Я павяду!.. Я буду прадаўжаць!..
І Грыгоры Якавіч Шпак, служачы акрфінаддзелу, стаў прадаўжаць вялікую справу, пачатую Пшчолкам, справу вызваленьня праваслаўнай Полацкай Русі ад беларускага іга.
* * *
Марозная раніца. Сьнег назойліва скуліць пад палазамі й сваім скрыпам наганяе на сэрца нуду. У санях двое. Сьпераду, уціснуўшыся ў салому, скорчыўшыся ад холаду, прытуліўся возчык Сымон... Ззаду, на сядзеньні, схаваўшы галаву ў каўнер заячай шубы, асеў Грыгоры Якавіч, тав. Шпак.
Тав. Шпак едзе ў м. Вулу па службовай камандыроўцы й зараз абдумвае плян свайго выступленьня перад вульскімі масамі з мэтаю растлумачэньня ім сутнасьці беларускай мовы.
„Мова дрэнь, канешне, думае Шпак, але як аб гэтым сказаць. Сказаць, што яе няма, - ужо старо. Пшчолка аб гэтым сказаў, ды цяпер ніхто й не паверыць, сказаць, што „дубовый язык”, - таксама ўжо гаварылі, „китайский язык” - таксама не адзін казаў. Што-ж бы такое надумаць?”. Тав. Шпак думаў...
Між тым конь, перад выездам падкормлены аўсом, у гэтым месцы думак Шпака памахаў хвастом і...
- Вось і „яны” так на нас, - заварушылася ў галаве Шпака, - бяз сораму... Стой! Ёсьць! - выкрыкнуў раптам Шпак і аж падскочыў у санях. - Ёсьць! Ёсьць!.. Лашадзіны, конскага роду.
Фурман спалохаўся, стрымаў каня й рыхтаваўся ўжо выскачыць з саней.
- Ну, чаго стаў? - спахваціўся Шпак. - Паганяй жывотнае.
Конь крануўся, а тав. Шпак разьвіваў далей раптоўна ўскочыўшую ў яго галаву думку. „Так, так... конскага роду, лашадзіны язык... Так...”.
* * *
Вульскі Нардом з выпадку прыезду прадстаўніка акруговага цэнтру быў перапоўнены да адказу. Усіх цікавіла, што скажа цэнтральная асоба.
Сход адчыніўся хутка. Насьпех пагаварылі аб тым, аб другім, і ўрэшце на сцэну выйшаў тав. Шпак. Заля заціхла. Шпак паправіў каўнер пінжака, выцер хустачкай нос і пачаў „лекцыю”.
- Грамадзяне! Нам трэба вырашыць, што такое беларуская мова наогул і адкуль яна пайшла як такавая. Гэта, грамадзяне, разумець трэба. Нельга так браць знаскоку: „мова”, „язык”. А што такое мова, адкуль яна пайшла, з каго? Вось аб чым гаварыць трэба. Напрыклад, беларусы. Вы думаеце, якога яны роду, адкуль яны пайшлі, ад Авеля? Не, мыляецеся, я, прадстаўнік з цэнтру, гавару вам: беларусы - конскага роду.
Грамадзяне пераглянуліся, некаторыя хіхікнулі, але слухалі далей: як-ніяк прадстаўнік з цэнтру.
- А што знача конскага роду? - пытаўся Шпак. - А тое й знача, што й язык у іх лашадзіны.
Тут нехта з кута запусьціў у прамоўцу гнілым яблыкам, а на задніх лаўках хтось заірзаў: „І-го-го-го...”.
- Вось чуеце?..
Грамадзяне трохі здрэйфілі, а некаторыя да дзьвярэй паціснулі.
- Так, грамадзяне, лашадзіны язык, ён-жа паходзе...
- І-го-го-го, і-го-го-го, - разам зь некалькіх куткоў перапынілі прамоўцу, і ў яго пасыпаўся град агрызкаў, а нехта шмаргануў старой калёшай. У залі стала весела.
- Бі яго, - крыкнуў хтось з грамады.
А тав. Шпак нічога ня чуў. Узбударажаны, чырвоны ад злосьці, ён, сьціснуўшы кулак, крычаў:
- Лошадиный, лошадиный, несознательные лошади...
Грамада прыціхла. Неяк разам усе заўважылі, што чалавек гавора ня ўсур’ёз і, разам з тым, з сур’ёзным відам...
- Бедны, - дагадалася ўрэшце цётка Марцэля, - гэта-ж ён звар’яцеў, а мы сьмяемся.
- Я гэта яшчэ ў дарозе заўважыў, - заявіў возчык Сымон, - але не хацеў казаць, думаў, што на яго так сабе часам находзе.
Усім зрабілася нялоўка. Грамадзяне пачалі моўчкі разыходзіцца, а два крэпкія хлапцы трымалі Шпака за рукі, каб ён у прыпадку хваробы не пакалечыў сябе.
* * *
Зноў скрыпеў сьнег пад палазамі. Возчык Сымон вёз у горад тав. Шпака.
Грыгоры Якавіч прыціснуўся ў задку саней, панура схіліў галаву й мармытаў пасінеўшымі вуснамі: „Не зразумелі, не зразумелі, лошадзі, а я спадзяваўся... У-у-у лошадзі!” - крыкнуў ён са злосьці.
Возчык Сымон, як заўважыў, што яго яздок звар’яцеў на „конскім языку”, стараўся папасьці хвораму ў тон і супакойваў:
- А вы, таварыш начальнік, пачнеце з другога канца. Конь, вядома, жывёліна, у яе ёсьць і галава і хвост. Вось з галавы ня выйшла, дык вы з хваста папрабуйце, можа што й выйдзе...
У горадзе вестка аб вар’яцтве Шпака маланкай абляцела ўсіх савслужачых. У акрфінаддзеле саслужыўцы зноў шкадавалі Грыгорыя Якавіча:
- Бедны, яшчэ думаў к Вялікадню штаны новыя сшыць... Пашый цяпер...
- І з чаго-б такое найшло на чалавека, - дзівіліся рахункаводы.
- Гэта ў іх ад прыроды, - тлумачыла старажыха.
- Вось яна, беларусізацыя, дзе сказваецца, - шаптаў стары чыноўнік.
Ва ўсім горадзе толькі адзін чалавек ведаў аб сапраўдным становішчы рэчаў. Гэты чалавек - Акакі Павук. Але ён маўчаў. І ў апошнія часы, кажуць, стаў і ён задумвацца... І хто знае, можа праз некаторы час і ён выступіць на зьмену Шпака за „великое дело вызволения Полоцкой Руси”.
Хто ведае? Бо Полацкая душа багата пацёмкамі.