БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Лявон Крывічанін, Беларусізацыя пад №...

Зь лірай насустрач
(кансультацыя для вершапісцаў)

Калі верыць літаратурнай статыстыцы, дык у Беларусі на трох чалавек прыпадаюць два паэты. І гэта невыпадкова, бо беларусы (гэта можна сьмела сьцьвярджаць) першы народ у сьвеце ў дачыненьні да рыфмаванага радка.

Вось і цяпер, дарма, што вайна, а пішуць і старыя, і малыя. Пішуць і друкуюць, друкуюць і зноў пішуць. Проста

жах!
           жах!
                      жах!

як пісаў той баранавіцкі паэта.

І трэба сказаць, што паэты ў нас не абы-якія, а ўсе толькі геніяльныя. Для скептыкаў можам параіць наступны мэтад перакананьня: паспрабуйце хоць трохі паганіць верш якога-небудзь паэты. Як ён на гэта зарэагуе? Што? Гэтага не спрабавалі? Я й сам ведаю, што на такое геройства ніхто не рызыкне. Бо іншы паэта за гэткія рэчы твар, як вялікоднае яйка, расфарбуе.

Дык вось, дарагія суродзічы, паколькі вершаскладаньне ў нас набывае шырачэзнага размаху, а тымчасам у гэтай галіне гаспадарыць яшчэ поўнае саматужніцтва, то, як бачым, само жыцьцё вымагае сёньня-ж рынуцца зь лірай насустрач паэту й хоць трохі дапамагчы яму ў ягонай плённай працы.

Запраўды, хлопцы, пакуль шчэ вайна скончыцца, ды пакуль выдрукуюць адмысловыя падручнікі па вершаскладаньню, дык, магчыма, што шмат у каго й натхненьне выпетрыцца. А гэта была-б пякучая страта ў змаганьні.. Каб гэтага, крый Божа, ня здарылася, дамо некалькі жыцьцёва патрэбных парадаў паэтам. Пачнем.

Шмат каго, асабліва з маладых, цікавіць вонкавы выгляд паэты. Ну, што да вонкавага выгляду, дык, зразумела, што тут ня можа быць ніякага стандарту, паколькі вершы пішуць усе. Але ўсё-ж пажадана мець доўгае валасьсё й задуменныя вочы, якія ўвесь час углядаюцца ў далячыню й вышыню, а пад носам, тымчасам, нічога ня бачаць. Праўда, пры такім стане рэчаў можна на які-небудзь ражон узьбіцца й нос растаўчы, але-ж ніякае змаганьне без ахвяраў ня бывае.

Іншыя атрыбуты - як здольнасьць, пісьменнасьць - не заслугоўваюць на ўвагу, бо ўсё гэта можа цалкам замяніць палкае імкненьне да верша.

Цяпер самае галоўнае - як пісаць вершы. Сьцьвярджаюць, што нашыя клясыкі пісалі свае вершы надта марудна. Спачатку ў клясыка тэма пачынала, як кажуць, унутры граць. Пасьля ён узгадоўваў яе, доўга выношваў, нібы дзіцё ў чэраве, і калі находзіла натхненьне, браўся за пяро й пісаў.

- Нам іхная тактыка нязручная, - казаў з гэтае прычыны адзін малады паэта, - нам няма часу надумваць ды выношваць... Нам трэ’ выстрэльваць радкі, каб яны як з кулямёту садзілі.

І ён мае рацыю, бо цяпер вайна, і няма чаго марудзіць. Калі-ж пры такой шпаркасьці не атрымаецца сэнсу, дык ізноў-жа - малы клопат.

- Навет і лепш, - кажуць некаторыя паэты, - калі напусьціць у верш як найбольш туману, дык чытач у ім і патане.

І зусім слушна: хай паплавае, а калі нічога ня вылавіць, дык хоць учадзее.

Знацца, з боку зьместу ўсё ў парадку: пушчаць як мага больш туману.

Цяпер самая каведная рэч - рыфма. Ох, гэтая рыфма! Яна, як даводзяць паэты, самае галоўнае ў вершы:

- Як аглушыш чытача рыфмай, - кажуць яны, - дык усё і ў парадку. Але яна, падла, цяжка даецца.

Праўда, з рыфмай заўсёды клопат. Як яе ні лаві, а яна што сьлімак між пальцаў: цвырк і няма. Вось, вось, здаецца, злавіў за самы хвост: узяты, а ад яго брат і торкнуў брата ў радок. Агледзеўся, ажна паводля ходу справы ні свата, ні брата ніяк сюды ня ўцісьнеш. І вось бяры сваяка за каўнер і вон з радка, а замест яго садзі якую-небудзь злыбяду. Лёгка гэта? От-жа і я кажу...

Шмат, шмат хто на гэтай злаякаснай рыфме пакалечыў і родзічаў загубіў. Кажуць, быў адзін такі люты паэта, што мог з-за рыфмы роднага бацьку забіць. Вось да чаго яна даводзіць! А тымчасам, калі да рыфмы падысьці з галавою ды ўжыць адпаведную мэханізацыю, дык справа гэта зусім лёгкая.

Ёсьць шмат спосабаў мэханізаванага рыфмаваньня, але мы спынімся на двух, больш дзейных, гэта - на спосабе падборкі й спосабе перамешкі.

Паводля першага спосабу бярэцца які-небудзь зборнік вершаў абы-якога паэты, зь вершаў выпісваюцца ў слупок апошнія рыфмаваныя словы й да іх падбіраецца адпаведны зьмест. Вось і ўсё. Але гэты спосаб трохі марудны.

Шмат прасьцей другі спосаб, так званая перамешка. Тут ізноў-жа бярэцца верш якога-небудзь паэты (пажадана ведамага) і ягоныя рыфмаваныя радкі спрытна перамешваюцца нанова з дамешкаю трохі сваіх словаў, так што атрымваецца зусім новы, сьвежы, навет з пахам, верш.

Вось гэтыя два самыя простыя й дзейныя спосабы рыфмаваньня. Калі іх ужываць спрытнымі рукамі, дык гэтая ўпартая рыфма будзе цалкам пераможная.

Нарэшце не пашкодзіць трохі спыніцца яшчэ на адным мамэньце ў тэхніцы пісаньня вершаў, гэта - на радку. Бо радок, асабліва ў справе ганарару, таксама сьпявае не апошнім голасам.

Некаторыя паэты пішуць поўнымі страфамі з доўгімі радкамі. Гэта хоць і музычна, але не практычна. А таму сярод некаторых паэтаў апошнім часам запанавала новая тэорыя, так званая тэорыя сечанага радка. Трэба сказаць, тэорыя надта практычная. Паводля яе звычайны радок мэханічна разьбіваецца на некалькі радкоў. Да прыкладу, радок „Да вершу, усе, як адзін!” можна выкласьці так:

Да
           вершу!
                      Усе,
                                 як
                                            адзін!

Пры такой апэрацыі кажная страфа можа перакуліцца ў сто грамаў з коптарам. Выйгранка, як бачым, відавочная.

Можна шчэ больш удасканаліць гэтую справу й секчы ня словамі, а складамі. Прыкладам, так:

ма
           ма
                      му
                                 ша

А наш мастак сігануў шчэ далей і высунуў праект клішаванага вершу. Ён прапануе секчы ўжо не склады, а літары.

- Магу, - казаў, - літару, прыкладам, ш, на тры радкі расшастаць, бо й мне-ж трэ капейчыну зарабіць.

Калі ў такім кірунку тэорыю сечанага радка разгарнуць ва ўсе шыркі, дык можна ўважаць, што будучыня забясьпечаная цалкам.

Вось тыя кароткія парады, з дапамогаю якіх мы патрапім больш бадзёра і ўпэўнена крочыць па дарозе парнаскай у змаганьні за лепшы свой лёс.

Дык-жа сьмялей, хлопцы! Да бою, да чынаў на карысьць Бацькаўшчыны!

Рынемся ўсе на змаганьне.

Ворага вершам раструшчым, як пісаў наш выдатны паэта Піліп Асіна. І слушна! Вораг нас куляй і вагнём, а мы яго - вершам!

Хай жыве! Наперад! Нам дапаможа лёс!

Што рабіць?

Я рынуўся ў палітыку. Ну, а што, думаю, пакуль у Канаду вывязуць лес церабіць ці мо ў Бэльгію вугальле калупаць або на якую Ганалюлю разынкі сушыць, то нашто, каб час марна травіўся? Падамся хоць у палітыку. Пайшоў. Напачатку свае палітычнае чыннасьці я даручыў сабе скласьці ўрад, бо бяз ураду, самі ведаеце, якая палітыка - ні табе рот расчыніць, ні рукамі памахаць... Слушна! Ну дык вось, іду я да Мікіты, бо ён, як мне здавалася, яшчэ нідзе ня быў заангажаваны. Прыходжу, а той шпэк сартуе: направа - па трынаццаць, налева - па дванаццаць.

- Ці ня возьмеш у мяне партфэлю? - пытаюся.

- А гэта што? Скураная торба такая? А давай, давай, браток! Я ў падарожжа часьцяком ежджу, дык яна гэтага... для шпэку...

- Ды я не пра гэтую торбу кажу, мая торба ня зусім практычная, а як-бы табе прасьцей сказаць, ну... больш мітычная торба - міністэрскай партфэляй завецца.

- Дык чаго-ж ты мне галаву дурыш? - раззлаваўся Мікіта. - У мяне шпэк сохне, а ты мне нейкую мітычную дулю пхаеш. Дзівак! Вось вазьмі лепш кручкі на рыбу, можа й твайму ўраду прыдасца гэтае снадзіва... Бяры, дурны! Танна аддаю.

Бачу, што Мікіта яшчэ не дарос да вялікае палітыкі й ураду зь ім ня зробіш. Але кручкоў я ня ўзяў, бо я-ж таксама ня дурны набываць снасьць, калі сэзон канчаецца. Падаўся да Рыгора. Той таксама адмовіўся ад міністра, матывуючы тым, што ён чалавек гандлёвы й ня хоча сабе апінію псаваць.

- Гэта, - кажу яму, - ня ёсьць перашкода. Вунь вазьмі Гусака - той і жбанкамі гандлюе, і ўрад узначальвае. У дэмакратыі гэта можна.

Не пераканаў. Хадзіў пасьля да Янкі. Той, праўда, адразу зварыў, пра што ходзіць.

- Урад, - кажа, - арганізуеш? Рэч нядрэнная. А які ты мне партфэль запрапануеш?

- А выбірай, - кажу, - які хочаш, яшчэ ўсе парожнія.

- Так, так, - пачухаў Янка патыліцу, - а колькі ты мне, эвентуальне, плаціцьмеш?

- Чалавеча, - кажу, - бойся Бога! Чым маю плаціць, калі ў мяне самога толькі 7 пачкаў ды й тыя турэцкія? Хіба пачакай троху, як справу разгорнем ды міністэрства зладзім.

- Э, не, дабрадзею, я напавер не працую. А ўрад бяз грошай я й сам меў-бы.

Бачу, што Янка да вялікае палітыкі аж занадта пасьпеў, можна сказаць, перасьпеў навет.

Быў і ў Якіма.

- Давай, браток, урад мантаваць, - кажу яму, - ты, прыкладам, будзеш прапагандай заварочваць, Юрка справы забясьпечаньня возьме, ён ужо на гэтым набіў руку, ну, а я хоць-бы сабе й прэм’ера ўзначалю.

- А пад якім шыльдам ты мяркуеш свой урад зьбіваць - пад фэдэральным ці самастойніцкім?

- А ці не адно ліха, - кажу, - пад якім шыльдам ён будзе? Мне абы ўрад.

- Не, - кажа Якім, - я сам урад твару, але мой ідзе пад фэдэральным шыльдам. Калі хочаш, далучайся да мяне.

- Ты што, - кажу, - учадзеў? Каб я ды ў твой урад пайшоў, калі свой маю зьбіваць.

Плюнуў, бразнуў клямкай ды й пайшоў наўпрасткі да Міхася Лясьніковіча.

- Здрасьце, - кажу.

- Здрасьце.

- Можа-б партфэлю ў мяне ўзялі? - пытаюся.

- Патрфэлю? Дзякаваць. Сваю тэчку маю. Хоць старэнькая, але..

- Не, я пра іншую партфэлю кажу, пра міністэрскую.. Урад ствараю.

Той і рукамі замахаў.

- Барані Божа! Гэтага дабра мне ня трэба. Я быў свой урад стварыў, ды цяпер і сам ня ведаю, што зь ім рабіць. Міністэрства прапаганды хоць сяньня зачыняй, бо міністар напачатку так быў асатанеў да ворагаў народу, што як сеў за стол, дык усе свае думкі ўраз на машынцы й выстукаў, а цяпер ня ведае, што далей стукаць. Сядзіць за сталом ды адно вачыма лыпае. Баюся, каб зусім з глуздоў ня зьехаў. Такое-ж і міністэрства асьветы - ніяк не знайду на міністра пісьменнага чалавека. Міністар вонкавае палітыкі зусім апэцкаўся. Зноў-жа прэм’ер - ён хоць языком трохі шавеліць, але-ж гультай і нічога ня ўмее рабіць. А пра іншых і гаварыць няма чаго. Адзін мой трывалы памоцнік - гэта Гарасім, але вы-ж самі ведаеце, якая гэта боўтка.

- Ведаю, - кажу, - даўбня ладная.

- Вось жа.. Адно чыноўнік на адмысловыя даручэньні вёрткі хлапец. Але й той, калі праўду сказаць, задаўгі мае нос. Пхае яго й туды, і сюды й да сваіх, і да чужых. Ненадзейны, шэльма.

- Дык уважаеце, што гэта нялёгкая справа?

- А вось, як бачыце, прыемнага мала. Няма людзей, няма кадраў.

Такім парадкам не ўдалася ўрадавая кааліцыя з Міхасём Лясьніковічам. Пасьля Міхася я шчэ быў у васьмёх чалавек, і ніводная шэльма не ўзяла партфэлю. Той адмаўляецца, што часу няма, другі кажа, ён ужо заангажаваны ў другім урадзе, а некаторыя дык наагул чаўпуць, што ніякіх урадаў ня трэба, бо ўжо ёсьць адзін сталы, законны ўрад. Чулі? Законны! А як гэта ён будзе незаконны, калі я яго сам арганізую? А былі такія дзівакі, што пыталіся, на якой партыйнай базе я разбудоўваю свой урад. Пры чым тут партыя? Зьвярнуўся я ў гэтай справе да знаёмага юрыстага, як ён глядзіць на гэтыя партыі.

- Я ўважаю, - казаў юрысты, - што ўрад можна стварыць і бяз партыі, але ізноў-жа, у гісторыі ведамыя выпадкі, што да ўраду даходзілі праз партыю. Так што самі глядзіце, як зручней.

Пасьля кансультацыі ў юрыстага пачаў тварыць партыю. Але справа сунецца марудна. Пакуль заангажаваў жонку, сына ды суседку, - яна ў нас балею часта пазычае, дык не магла адмовіцца. Але далей справа йдзе туга. Кажны хоча, каб яму даў гарантыю. А якую-ж гарантыю дасі цяперашнім сьветам?

Дык вось, як бачыце, спадарове, палітыка рэч ня зусім лёгкая. У мяне ўжо ня раз лоб пацеў ад думаньня: што рабіць і як рабіць? А тут - яшчэ й жонка пілуе:

- Вунь, - кажа, - усе людзі ў чыны вылезьлі, міністрамі парабіліся, адзін ты самапасам ходзіш!

Ну? Падабаліся-б вам такія гутаркі?

Дык што-ж рабіць, спадарове суродзічы? Парайце, будзьце ласкавы! Бо час не чакае.

Ліст у рэдакцыю пра кансалідацыю

Паважныя спадары Рэдакцыя!

У нумары 29-м вашае газэты вы ўмясьцілі стацьцю пад загнётам „Справа кансалідацыі”. Тамака вы пішаце, што ўсе людзі хочуць, каб „рэдакцыя ўзяла на сябе ініцыятыву кансалідацыі ўсяго беларускага грамадзянтсва на чужыне й распачала ў гэтым кірунку на сваіх балонках адпаведную акцыю”.

Гэтыя радкі нас вельмі ўсьцешылі. Або-ж і праўда, калі азірнуцца навокал, па ўсіх чужых селішчах, то скрозь людзі жывуць, як браты, а ў нас - не. А чаму, гэтага ня ведаем.

Як шчэ за старымі грашыма прыяжджаў на наш хутар араталь зь Міхайлаўкі, то ён казаў, што ўва ўсіх нашых неладох вінаватая шопка й крывічы, бо яны ў нейчы бок цягнуць. Наш Ксавэры тады моцна пакрыўдзіўся, чаму яго да віны чапляюць і быў ужо рукавы закасаў, каб выцяць араталя, але той пачаў бажыцца й клясьціся, што ён ня меў на мэце каго-небудзь з прысутных абразіць і што ён гаварыў не пра нашага Шопку Ксавэрага, а зусім пра інакшае, а пра якога шопку - гэтага не сказаў.

А пазьней прыехаў да нас прамоўца зь Вялікага Двара, дык той, наадварот, прамаўляў, што ўсё ліха ад зарубежнікаў, якія таксама цягнуць у нейчы бок.

А быў у нас яшчэ адзін маладзян, студэньцік з Марынгораду, дык той крычэў, што ўсе вінаватыя - і адныя, і другія, а ўвесь паратунак у правільным кірунку. І гэты кірунак ён нават на дошцы крэйдай крэсьліў.

- Вось гэтая крывая лінія, - кажа, - гэта ёсьць крывічы, а гэтая, што я цяпер крэсьлю, ламаная лнія - гэта будуць зарубежнікі, а вось я вяду цяперака пасярэдзіне простую лінію, якая ні ад якіх лініяў не залежыць, - гэта й ёсьць правільны кірунак, па якім мы павінны йсьці да дасягненьня нашых агульнанацыянальных незалежніцкіх.., а далей забыліся, што казаў.

Ведама, ён студэнт, дык лініі крэсьліць умее. Але-ж нам, спадары рэдакцыя, ад гэтага не лягчэй. Бо калі на дошцы або на паперы й накрэсьлены розныя лініі, то калатня ўсё роўна йдзе. І чаму мы, беларусы, мусім цярпець і гэтую калатню зносіць, калі нехта вінаваты або ў розныя бакі цягне? Гэта няправільна.

І вось, спадары рэдакцыя, як ужо прайшло шмат часу, а на вашых балонах тае акцыі яшчэ ня відно, то мы й узялі на сябе зачын пасунуць наперад справу кансалідацыі. А калі вы, спадары рэдакцыя, думаеце, што гэта праца лёгкая, то вы мыляецеся. На шляху да кансалідацыі ляжаць вялікія завалы. А вось-жа: пакуль мы зьбілі свой пяток, то колькі было галасу й звадак. Калі мы сабраліся на першы кансалідацыйны сход і наш прафэсар (але на бацькаўшчыне ён прафэсарам шчэ ня быў) нам выклаў, што такое кансалідацыя, то пачалі прыгадваць усе старыя крыўды. Янка Самасей успомніў Сьцяпану Кацапаву, як той пазычыў тры нямецкія маркі й скруціў. Піліп Канапельскі ўпікнуў Тараса Бурбалку за тое, што той яго з пасады сьпіхнуў, як быў нейкім старшынём, а пасадзіў свайго сябрука. Калісь даўно Піліп Канапельскі падаў якуюсь цыдулу на Ксавэрага Шопку, і гэта ўспомнілі. А ў Кацапава й Шопкі на той дзень былі бабы пасварыліся, дык і гэта стаяла перашкодай на дарозе да кансалідацыі. Было й шмат драбніцаў, але мы, спадары рэдакцыя, ўсё гэта перацярушылі і адвеялі перад агульнай ідэяй. Гэтым зачынам, мы ўпяцёх зьбілі моцны таўкач і будзем далей рушыць справу.

Але, спадары рэдакцыя, як мы ня маем ад вас ніякіх інструкцыяў, то просім паведаміць, што нам рабіць з нясьведамымі і як іх прыцягнуць да кансалідацыі? Ёсьць у нас такі Якуб Чапурнэцкі, то калі ён пачаў чытаць лісту скансалідаваных і дайшоў да прозьвішча Вераб’я Рыгора, то сказаў:

- Стой! З гэтым я ня буду кансалідавацца, і яго трэба аджуціць.

А калі мы спыталіся чаму, бо Верабей у нас хлопец сьведамы, маральны й гарыць на працы, то ён кажа, таму, што Верабей - усходнік. А мы на гэта кажам: дакуль- жа ён будзе ўсходнік, калі ўжо сем год як з поўнага апалоніка заходнюю культуру сёрбае й караватку носіць, а Ксавэры ўчора сам бачыў, як Верабей капялюха таргаваў. На гэта Якуб нічога не адказаў, але ў лісту не ўпісаўся.

А ёсьць у нас другі такі гарбуз - Язэп Пстрычкоўскі, дык той ня хоча ісьці на лісту кансалідацыі, бо ня любіць заходнікаў: надта-ж яны фанабэрыстыя, кажа, а няма чаго. Просім спадароў рэдакцыю прапусьціць гэтых несьвядомых у газэту, як яны шкодзяць нашай кансалідацыі. Бо мы і ўвесь народ гаворым так: калі адзін быў пад Пілсудзкім, а другі пад Сталінам, то хіба не аднолькава абодвух таўклі? А калі каторага троху менш выцялі, то гэтым фанабэрыцца ня сьлед, не па-нацыянальнаму гэта.

Усё-ж з народам у нас справа ідзе лягчэй: пасварацца трохі, пагамоняць і пагодзяцца. Але што рабіць, спадары рэдакцыя, зь некаторай нашай інтэлігенцыяй, якая ўсё на палітыку б’е? Калі мы прыйшлі да аднаго інтэлігента (на бацькаўшчыне ён у гміне пісарам быў), дык той спытаўся, на якой пляцформе мы хочам скансалідавацца. І як мы сказалі, што гуртуемся на шырокім дэмакратычным апірышчы, то ён штосьці пачаў круціць носам і ўсьміхацца. „Бачыце, паважаныя спадары, - кажа, - я заглядаюся на дэмакратыю адмо-о-оўна.. Шырокая дэмакратыя, паважаныя грамадзяне, рэч до-о-обрая.. нядрэ-энная.., але для народу дасьпе-елага, а нашае грамадзянства, бачыце, яшчэ недасьпе-елае.. слабо-оее-е”. І гэтак ён цягнуў ката й ўсьміхаўся. Так мы яго й пакінулі. Хай дасьпявае.

Другі інтэлігент, таксама амаль прафэсар, дык сказаў, што ён пагодзіцца на кансалідацыю з намі, але каб усе мы яго слухаліся.

- Як скажу, - кажа, - слова, то й закон, і ніякіх дыскусіяў, бо я, - кажа, - адзін усё ведаю, а ніхто нічога ня ведае.

І калі мы прыгадалі, што ёсьць-жа на сьвеце дэмакратыя, то ён выгнаў з хаты.

А яшчэ адзін інтэлігент казаў нам, што ён можа кансалідавацца толькі на нейкіх парытэтных пачатках. А як мы спыталіся, што гэта такое, то ён адказаў: як вы прыйшлі ўпяцёх, то й я выстаўлю пяцёх. А што ён можа выставіць, спадары рэдакцыя? Увесь народ за намі йдзе, а за ім - нікога.

А ёсьць яшчэ інтэлігенты надта зацятыя. „Не магу з гэтым скансалідавацца! - крычэў адзін такі. - Ён мяне памыямі абліваў і к£паў на мяне ў розныя ўстановы. Ніколі не дарую!”.

І наагул, некаторыя інтэлігенты вельмі зласьлівыя й ніяк яго не ўгамоніш. „Варагі, - крычыць, - усе варагі!” Ну што з такім рабіць? А як пасварацца іхныя бабы, то тады й мужыкі зацяліся на цэлыя гады. Ня так, як у нас: сяньня пасварыліся, а заўтра ўжо й пагадзіліся.

Так што, спадары рэдакцыя, дайце інструкцыю, што рабіць з такой інтэлігенцыяй і ці браць яе ў кансалідацыю?

А яшчэ, спадары рэдакцыя, просім растлумачыць нам, што такое крывічы й што такое зарубежнікі? Ці гэта асобныя народы, ці можа якія загранічныя партыі, бо на Бацькаўшчыне мы гэтага ня чулі. А як мы хадзілі зь лістою на кансалідацыю, то часьцяком у нас пра іх пыталіся, а мы й самі ня ведаем. Удаваліся мы да нашага прафэсара, каб той нам разьясьніў, дык ён цьвердзіць, што крывічы й зарубежнікі - гэта два асобныя народы. „Крывічы, - кажа, - гэта народ, які за тысячу гадоў жыў на нашай Бацькаўшчыне, а зарубежнікі - гэта народ, які панаехаў на нашую зямлю з-за рубяжу, таму ён і завецца зарубежнікамі”.

Але прафэсару мы не даем веры. Бо ў нашым селішчы ёсьць два родныя браты зь вёскі Прудок, што на Заслаўшчыне, дык аднаго зь іх людзі дражняць зарубежнікам, а другога - крывічом. Пасьля ёсьць у нас яшчэ хлапец, якога на пачатку дражнілі зарубежнікам, пасьля крывічом, а цяпер зноў дражняць зарубежнікам. Дык гэта не выглядае, каб былі розныя народы. Просім разьясьніць.

З другога боку, што рабіць з функцыйнымі - ці браць іх у кансалідацыю, ці не? Бо ў нас быў такі функцыйны Грэчка Пятрусь і з намі быў скансалідаваўся, а як у яго функцыю забралі, то сказаў, што пойдзе ў апазыцыю, бо тут, кажа, усе варагі заселі.

Наагул, спадары рэдакцыя, просім акуратна пячатаць інструкцыі, як весьці кансалідацыю, бо ўжо й у нашым пятку можа пайсьці мутаніна. Янка Самасей, прыкладам, пачынае гаварыць, што трэба браць толькі шчырых і нязломных, а рэшту ўсіх гнаць і біць. Ксавэры Шопка дамагаецца, каб на лісту ўпісываць усіх, абы ён быў беларусам, а Піліп Канапельскі кажа, што галоўнае трэба налягаць на маральны бок і браць тых, якія ня п’юць і нават ня кураць, а ў нас такіх няма. Так што, спадары рэдакцыя, яшчэ раз просім дайце нам інструкцыі.

А яшчэ просім: насьвятліце на вашых балонах, як ідзе справа кансалідацыі па іншых селішчах і ці ўсё там гладка? Да нас дайшлі весткі, што і ў Міхайлаўцы няма салідарнасьці, бо як пачалі дзяліць фундуш, дык там паўсталі ажно чатыры франты й абзываюць адзін аднаго варагамі й чорнай сотняй. У Ветрагораўцы ізноў-жа ня зусім гладка. А ў Бродах, хоць там і дыктатура, але ўжо ўтварылася некалькі моцных апазыцыяў. Ды й у вашым Вялікім Двары, як мы дачуліся, ані няма ладу. Талаку сабралі вялікую, а малаціць нечага. Ды й то кажны ў цапы падаваць пнецца, хоць і ня ўмее. Дзе-ж тут будзе парадак і згода ў працы? Апішыце пра гэта ў газэце й дайце нам правільны кірунак. І хай сабе там адзін у вадзін бок цягне, а другі - у другі, а мы й надалей будзем працаваць у дружным сяброўскім спажыцьці, еднасьці, згодзе, салідарнасьці й лучнасьці. Няхай жыве!

А ліст гэты пісалі жыхары беларускага хутару ў мяшаным ДП селішчы Марнэнлёсэн наступныя: Янка Самасей, Тарас Бурбалка, Сьцяпан Кацапаў, Піліп Канапельскі й Шопка Ксавэры.

Заўвага. Зьмяшчаем гэты ліст, па-першае, з гледзішча на ягоную арыгінальнасьць, а па-другое, гэты ліст сьведчыць, што нашае шырокае грамадзянства ўсё яшчэ няправільна разумее пытаньне кансалідацыі й што гэтая справа патрабуе глыбейшага высьвятленьня й далейшага валкаваньня.

Крыжоваю дарогаю
(да 20-х угодкаў справы БНЦ)

Сёлета ў ліпені споўніліся 20-ыя ўгодкі справы Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.

Гэтая справа - адна із шмат якіх трагічных балонаў у гісторыі нашага нацыянальна-вызвольнага руху, як у сэньсе фізычнага вынішчэньня нацыянальнага актыву, так і ў сэньсе духовага надлому й запавальненьня поступу руху.

20-ыя гады былі найбольш плённымі ў нашым нацыянальным вызваленьні. Разбуджаны адраджэнствам нашаніўскае пары, узьняты на вышэйшую ступень Актам Незалежнасьці, вызвольны рух падняў з народных пластоў такую магутную нацыянальную сілу, якая здолела на працягу дзесяцёх год прарабіць работу стагодзьдзя. У гэтую пару на заходняй дзялянцы Краіны стотысячная народная Грамада сфармавалася ў паважную сілу, якая здольна была кіраваць усім нацыянальным жыцьцём. Ува ўсходняй дзялянцы ўсе пляцоўкі дзяржаўна-гаспадарскага й культурнага жыцьця былі ў нацыянальных руках.

Да 30-га году Беларускі Народ быў цалкам падрыхтаваны да самастойнага жыцьця. Аднак-жа, такі магутны ўздым нацыянальнага руху ня мог ня выклікаць рэакцыі з боку акупантаў. Пачаўся ўплянаваны разгром беларускае нацыі. Злучанымі сіламі маскоўскага ГПУ й польскае дэфэнзывы ў 1927-29 г.г. была разгромлена Грамада. На парадку стаяў больш выраблены нацыянальна-палітычна й мацнейшы вызвольны рух ва ўсходняй дзялянцы Беларусі. Другім этапам наступу быў разгром нацдэмаўшчыны ў 30-31 гадох. Гэты тэрарыстычны пагром быў найцяжэйшым для беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі, і дзясяткі тысячаў нацыянальна-сьведамага беларускага работніцтва й сялянства брутальнаю сілаю былі выкінутыя з свае адвечнае зямлі й расьцярушаныя для вынішчэньня па дзікіх прасторах расейскае поўначы і ўсходу.

І трэцім этапам масавага вынішчэньня Беларускага Народу быў тэрарыстычны разгром, што ўвайшоў у гісторыю нашага нацыянальна-вызвольнага змаганьня як Справа БНЦ. Тэмаю гэтага артыкулу не зьяўляецца аналіз справы БНЦ або разгляд мэтадаў і сродкаў яе арганізацыі. Я хачу тут падаць аб’ектыўна, у сьціслых рысах, толькі ход справы.

10 жніўня 1933 г., паводля наказу з Масквы, былі арыштаваныя былыя дэпутаты Беларускага Народу ў польскі сойм ды іншыя грамадаўцы, якіх Масква ў 1932 г. выменяла з польскае турмы на агентаў польскага выведу. За ноч на 11 жніўня былі пасаджаныя ў лёхі ГПУ: С. Рак-Міхайлоўскі, Валынец, Баран, Мятла, Гаўрылік, Валошын, Дварчанін, Кахановіч ды іншыя - больш за 20 асобаў. Усе адзіночныя камары менскае „амэрыканкі” былі запоўненыя.

1-га верасьня пачаліся масавыя арышты. За ноч на 2-ое верасьня ў Менску было арыштавана 98 асобаў. Падобная акцыя была праведзена ва ўсіх акруговых і раённых гарадох і па вёсках Беларусі, а таксама й па-за яе межамі: у Маскве, Ленінградзе, на Каўказе, Урале. Арышты трывалі праз увесь верасень і кастрычнік. Да 1-га лістапада ў справе БНЦ было арыштавана 9700 чалавек. З гэтае колькасьці больш за 500 чалавек інтэлігенцыі. (Весткі далёка ня поўныя. Яны былі сабраныя ў часе шасьцігадовага перабываньня ў канцэнтрацыйных лягерох Заходняга Сібіру й Поўначы (Ухта-Пячора) ад тых удзельнікаў справы, якіх давялося спаткаць).

Да 1-га студзеня 1934 году справа БНЦ была скончана[*].

Усе арыштаваныя, за выняткам колькіх асобаў, „прызналі сваю віну”. 15-га студзеня Калегія ГПУ вынесла ўсім прысуд (бяз суду). 20 асобаў былі засуджаныя на сьмерць із заменаю 10 гадамі зьняволеньня, рэшта да зьняволеньня ў канцэнтрацыйных лягерах на тэрміны ад 3-х да 10-х гадоў. 1-га лютага пачаўся вываз. Уночы на 2-га лютага быў вывезены „Штаб БНЦ” у ліку 40 асобаў. А другой гадзіне ночы 40 чалавек былі выведзеныя за турэмную браму\ там людзей акружылі 42 узброеныя да зубоў агенты ахранкі з дзясяткам сабак. Пры такой узмоцненай варце „Штаб” прывялі на запасовыя каляіны чыгункі і ўвапхнулі ў адзін таварны вагон. Нараніцу „Штаб” даставілі ў Воршу, дзе разьмясьцілі яго ў двух сталыпінскіх вагонах: адзін пайшоў на Поўнач, другі - у Сібір.

Да сярэдзіны сакавіка блізу ўсе 9700 чалавек па справе БНЦ былі раскіданыя па паўночных прасторах „адзінай і недзялімай”, ад Балтыцкага мора да ракі Амуру. У турме засталіся 20 асобаў, зь якіх ведамы аўтару М. Кахановіч (былы пасол польскага сойму і былы дырэктар Віленскай Беларускай Гімназіі) і Коўшык (дырэктар Тэхнікуму Сувязі ў Менску). Гэтыя 20 чалавек былі „забытыя” ў турме аж да ліпеня месяца. Праз тры дні пасьля абвешчанай імі 14 ліпеня галадоўкі ўсе 20 а 2-й гадзіне ночы 18 ліпня былі ўзятыя із камараў, пасьля чаго сьлед аб іх зьнік. Ні іхныя прыяцелі, ні сем’і больш ужо нічога пра іх ня чулі.

Так загарнулася чародная крывавая балона гісторыі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.

Расейска-бальшавіцкая прапаганда ўзяла пад густы абстрэл чародную „контррэвалюцыю” - БНЦ. Але неўзабаве прапаганда спынілася, бо не дасягала мэты. Пры ўсёй сваёй хлусьлівасьці, яна не магла ўкрыць праўды. Падамо адзін узор такое прапаганды. На першым зьезьдзе Саюзу Савецкіх Пісьменьнікаў Беларусі на пачатку 1934 г. загадчык адзьдзелу прапаганды ЦК КП(б)Б Д. Конік азнаёміў пісьменьнікаў з матар’яламі ў справе БНЦ. Схарактарызаваўшы „сутнасьць гэтае контррэвалюцыйнае арганізацыі”, азнаёміўшы з шасьцю арганізацыйнымі пуктамі праграмы, падкрэсьліўшы, што БНЦ „займаўся ня толькі арганізацыйнымі пытаньнямі”, а што ён „вёў работу ў Заходняй вобласьці з мэтай аддзяленьня часткі гэтай вобласьці ад РСФСР” і што ён „меў на мэце адабраць заваёвы Кастрычніка ад рабочых і сялян Беларусі”, гэты чародны партыйны Конік падышоў да зямельнага пытаньня ў праграме БНЦ:

„На паседжаньні Цэнтру была разгледжаная й зацьверджаная праграма, якая павінна была легчы ў аснову „канстытуцыі” будучай „вялікай Беларусі”.

Зямельнае пытаньне разьвязвалася праграмаю наступным парадкам:

Цьвёрда ўстанаўляўся прынцып дробнай прыватнай ўласнасьці на зямлю\ гранічныя нормы колькасьці зямлі ў паасобных гаспадарках не павінны былі перавышаць 100 га”[*].

Як мог рэагаваць на такую праграму наш беларускі селянін, сілаю загнаны ў калгас, які толькі й лятуцеў аб звароце гэтае собскасьці на зямлю й за што аддаў бы ўсе „заваёвы Кастрычніка” разам із заваёўнікамі?

Якія-ж былі вынікі справы БНЦ? Як вышэй адзначалася, пагром БНЦ зрабіў духовы надлом у нацыянальна-вызвольным руху. Аднак-жа народ, паклаўшы такую вялікую ахвяру на алтар свабоды, ня спыніў свайго поступу. У выніку гэтага змаганьня ён глыбей пазнаў сваю сілу і ацаніў значаньне арганізаванасьці. Ён больш выразна правёў мяжу паміж сваім і чужым. Ён вырас як духова, так і палітычна.

І сяньня нацыянальны актыў у новых абставінах змаганьня ў глыбокім падзямельлі зьбірае й гартуе сілы ды чакае з глыбокай верай у сваю праўду на новы, трэйці паварот кола гісторыі, які вызначыць ягоны лёс.

Або жыць вольным, або памерці ў змаганьні!

Камэнтар

„Чароўная іголка”. Друкуецца паводле зборніка: Леанід Свэн. Чароўная іголка. Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва. Менск, 1929 г.

„Васеньнія настроі”. Друкуецца паводле зборніка: Леанід Свэн. Чароўная іголка. Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва. Менск, 1929 г.

„У абарону Буланага”. Друкуецца паводле зборніка: Леанід Свэн. Чароўная іголка. Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва. Менск, 1929 г.

„Мяняйце рэпэртуар”. Друкуецца паводле зборніка: Леанід Свэн. Чароўная іголка. Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва. Менск, 1929 г.

„Беларусізацыя пад №..”. Друкуецца паводле зборніка: Леанід Свэн. Чароўная іголка. Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва. Менск, 1929 г.

„Дзёньнік Івана Чужанінава”. Друкуецца паводле „Беларускай газэты”, 1942 г.

„Зь лірай насустрач”. Друкуецца паводле газэты „Беларускі работнік”, 18 чэрвеня 1944 г.

„Што рабіць”. Друкуецца паводле газэты „Бацькаўшчына”, 26 верасьня 1948 г.

„Ліст у рэдакцыю пра кансалідацыю”. Друкуецца паводле газэты „Бацькаўшчына”, 26 лістапада 1948 г.

„Крыжоваю дарогаю”. Друкуецца паводле газэты „Беларус”, 1 жніўня 1954 г.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія