|
Хабар для паліцыянтаў
На пачатку дзевяностых гадоў польскі ўрад нарэшце зразумеў эканамічную мэтнасць абароны свайго рынку. Ён забараніў масава ўвозіць на сваю тэрыторыю спірт і цыгарэты, а таксама вывозіць адтуль валюту. Беларускія разумнікі адрэагавалі „адэкватна” і зрабілі тое ж самае з дакладнасцю наадварот. Дыпламаваныя эканамісты з міністэрстваў забаранілі вывозіць з Беларусі спірт і прывозіць да нас валюту. Недыпламаваная грамадскасць была ў шоку. І не толькі ад таго, што прападаў іх асабісты, набываемы цяжкім потам ад нелегальнага гандлю законны заробак. Вельмі было крыўдна за дзяржаву.
Простага мытніка, які трос торбы кантрабандыстаў, зразумець было можна. Яму пасля цяжкой працы, як і ўсім нармальным людзям, таксама хацелася зняць фуражку, дый жахнуць пляшку. А гледзячы на аб’ёмы спіртнога, якое перацягвалі суайчыннікі за мяжу, ён баяўся, што да канца ягонай змены вывезуць усё, і давядзецца класціся спаць цвярозым. А вось у чым была логіка дзядзькоў з міністэрстваў, па сённяшні дзень вялікая таямніца.
Здавалася, што польскі рынак стаў самым абароненым у свеце. Пра яго дбалі як палякі, так і беларусы. Праца кантрабандыста стала як ніколі цяжкой, жыццё невыносным.
Гэтая кепская навіна заспела нас на гайнаўскім рынку. Мой калега быў у адчаі. Напіўся спірту, як травеньскі кот валяр’янкі, і ні з кім не хацеў размаўляць. Чалавек ён быў надзвычай скупы. Галоўным яго заняткам было па сто разоў пералічваць нагандляваныя златоўкі. Я яму за гэта даў мянушку Гольдэн, спалучыўшы ангельскае слова gold (золата), з беларускім голь. Гольдэн сваёй мянушкай вельмі ганарыўся, бо не ведаў крыніцаў яе паходжання. Ён, як чалавек практычны, добра ўцяміў, што на адзін заробак пражыць цяжка. Таму акрамя асноўнай працы, гандлю спіртам, падпрацоўваў яшчэ кантрабандай цыгарэтаў „Гольдэн Амерыкан”. З таго і лічыў, што мянушка да яго прыклеілася па „прафесійнай” прыкмеце. Мяне гэта вельмі цешыла.
Працверазеўшы, Гольдэн заявіў, што нам трэба ў гэтых цяжкіх умовах мяняць кваліфікацыю і прапанаваў, каб не рызыкаваць на мяжы, скупляць спірт з цягніка ў Кузніцы, ды валачы яго на яшчэ не „абжытыя” польскія тэрыторыі. Там ён значна даражэйшы. Я пагадзіўся, бо каб у мяне на мяжы сканфіскавалі бутэльку спірту, то я з тае бяды выпіў бы ўвесь астатні. А ён мог бы і рукі на сябе накласці.
Маю машыну ласкава называлі „жабай”. Яна была зялёнай і ад цяжару наладаванага ў ёй спірту заўсёды паўзла трыбухом па асфальце. На гэты раз „жаба” цягнулася ў бок Астралэнкі. Цямнела. Мы, аб’ехаўшы лясны шлагбаум, і збіўшы бамперам знак, які забараняў уезд у лес, скіраваліся на паляну пераначаваць. Замаскаваўшы машыну гальлём, мы распалілі невялічкі агеньчык і адкаркавалі першую літроўку спірту. Ноч была цёплая, ласкавая, як вясковая печ. Спірту ў бутэльцы ўсё меншала. Агеньчык разгараўся і непрыкметна вырас вышэй лесу. Я неяк стараўся давесці свайму кампаньёну, што ў такой сушы можа загарэцца лес. Але ён пярэчыў, сказаўшы, што за дровы плаціць не трэба, а вогнішча ў разе чаго спецыяльныя службы патушаць з неба шрубалётамі.
Усё было б добра, каб праз нейкі час за плячамі Гольдэна не выраслі з цемры дзве постаці ў мундзірах польскай паліцыі. Адна постаць нагадвала доктара Уотсана, але паводзіла сябе як Шэрлак Холмс. Другая таксама мела падабенства з Уотсанам, але на лаўры Холмса не прэтэндавала. Я пастараўся папярэдзіць кампаньёна, што да нас падыходзяць паліцыянты. Але ён, думаючы, што я жартую, гучна крыкнуў:
— Пердоліў я фшысткіх паліцыянтаў!
— Каго пан пердоліў?! — зароў першы Уотсан і дастаў пісталет.
Гольдэн падскочыў як апечаны. Першая думка, якая прыйшла ў п’яную галаву, нашэптвала яму, што нас пакараюць за злоўжыванне алкаголем. Што зробіш — савецкае выхаванне. Ён хапіў на вачах аслупянелых паліцыянтаў недапітую бутэльку і шпурлянуў яе ў кусты, пры гэтым цвёрда заявіўшы, што мы не п’ем.
— То можа вы і вогнішча не паліце? — закрычаў паліцыянт. — Ваш агонь бачны нават з Балтыйскага мора. А ў нас не толькі агонь паліць, у лес заходзіць нельга.
— Ну, знайшлі праблему, — пастараўся аджартавацца я. — Упэўнены, што балтыйскі флот мае добрых лоцманаў, якія ніколі не зблытаюць наш агеньчык з маяком і не адхіляцца ад курсу.
Уотсаны жарту не зразумелі і мне, каб не зацягваць канфлікт, давялося перайсці да канкрэтыкі.
— Мы з калегам трохі грошай угандлявалі, хочам падзяліцца з вамі, — і я палез у кішэнь.
— Ты што, нам хабар прапаноўваеш?!
— Не маю іншага выйсця! — развёў рукамі я.
— Я таксама, — ажывіўся другі Уотсан, схаваў пісталет і стаў лічыць мае грошы.
Вочы ў паліцыянтаў загарэліся ярчэй нашага вогнішча. Праўда, яны падкрэслілі, што гэта толькі першая залічка, а канчатковую суму скажуць, як правераць што ў нас у машыне.
Ні ў якім разе нельга было, каб да гэтага дайшло. Там жа, роўненька як снарады, бутэлечка ў бутэлечку быў складзены спірт. Я з усяе сілы павярнуў ключ багажніка ў адваротны бок і наўмысна зламаў яго.
— Ну вось, — кажу, — цяпер машыну не адчыніць. Можа, пакуль я адрамантую замок, вы трохі з намі вып’еце.
— Хіба толькі каб праверыць, што за паскудства вы нам возіце.
„Паскудства” Уотсанам прыйшлося вельмі даспадобы. Пасля першага ж кілішка яны бліжэй падселі да вогнішча і сталі нахвальваць нашае сала, хоць елі толькі каўбасу. Пасля трэцяй чаркі яны ўжо дапамагалі нам збіраць дровы для вогнішча, якое разгарэлася яшчэ больш. Але спірт, які Гольдэн дастаў з кустоў, нечакана для ўсіх, скончыўся хутка. Паліцыянты хітра глянулі на мяне і засумняваліся, што гэта была апошняя бутэлька. Я дастаў другі ключ і падняў крышку багажніку. Бутэлечкі ў святле вогнішча заблішчалі ўсімі колерамі вясёлкі. Адзін з паліцыянтаў выдыхнуў: „О, курча!”. Другі выкрыкнуў тое самае, толькі замяніў апошнія літары „ча” на „ва”.
Як спірт ужо не лез у горла, вясёлыя Уотсаны, шчыра расцалаваўшы нас на развітанне, пайшлі ў гушчар шукаць сваю машыну. Але не паспелі мы паверыць, што ўсё няблага скончылася, як адзін з іх вярнуўся.
— Паліцыянты хабар не бяруць, — ганарова заявіў ён, сунуў назад нашыя грошы і то галавой, то тулавам спрабуючы на трываласць сосны, знік у цемры. А мы ракам папаўзлі да машыны па чарговую бутэльку, каб адсвяткаваць нечаканы „прыбытак”.
Можна сказаць, што гэтая гісторыя закончылася не так ужо і кепска, каб не адна акалічнасць. Колькі мы не начавалі пазней па лясах, Гольдэн, нават зімой, больш не распальваў вялікага вогнішча. Дровы па-ранейшаму заставаліся дармовымі, а нам даводзілася мерзнуць.
|