|
Добры ўчынак
Было гэта якраз тады, калі Васька Садоўскі і Сяргей Манюк пастанавілі, як яны казалі cамі, гуляць у адну руку. На нармальнай чалавечай мове гэта азначала, што два кантрабандысты дамовіліся перавозіць і прадаваць тавар не паасобку, а разам. Раней яны прадавалі алкаголь у адных і тых жа месцах, значыць, канкуравалі. А зараз канкурэнцыя скончылася. Ды і сілы падвоіліся.
Хлопцы, трошкі пакрывіўшы мордамі, скінуліся і купілі грузавы бус. Упаялі другое днішча, каб хаваць там ёмістасці са спіртам, зрабілі яшчэ некаторыя, непрадугледжаныя заводам-вытворцам машыны змены і рушылі ў свой першы сумесны працоўны шлях.
Кожны ведае, што першы раз вельмі важны. Па старым кантрабандысцкім забабоне лічыцца, што калі першы раз усё ідзе гладка, то далей можна чакаць поспеху. І жыхары суседняй краіны будуць піць толькі беларускі спірт з прыгожымі галандскімі наклейкамі, ды будуць лічыць яго сапраўды галандскім. І пры гэтым ім і ў галаву не стрэльне спытацца, чаму спірт з Нідэрландаў завозяць праз Польшчу ў Беларусь, а потым кантрабандным шляхам цягнуць назад у Польшчу. Праўда, у жыцці Васіля быў такі выпадак, калі падпіты паляк, які пнуў з сябе інтэлектуала, аднойчы задаў такое пытанне. Васька, не маргнуўшы вокам, адразу адказаў, што Еўропа вельмі занепакоеная цяжкім эканамічным становішчам Беларусі і таму, каб узмацніць беларуска-польскія эканамічныя стасункі, свой спірт перапраўляе адразу ў Беларусь. А Манюк распавёў, што еўрапейцы не хочуць зза кантрабанды спіртам сапсаваць стасункі з Польшчай. А з беларусамі, маўляў, зза алкаголю палякі ніколі не пасварацца. Ну і, каб сапраўды пашанцавала, хлопцы прысягнулі, што калі ўсё пойдзе ўдала, то абавязкова зробяць які-небудзь добры ўчынак.
Ці то прысяга падзейнічала, ці мытнікі не звярнулі ўвагі на новую машыну, усё сапраўды пайшло як па масле. Мяжу пераехалі без непатрэбных прыгодаў і вельмі хутка.
Ад той радасці, канчаткова паверыўшы ў поспех, хлопцы пастанавілі ехаць аж у Варшаву, дзе іх вадкі тавар каштаваў шмат даражэй, чым на Беласточчыне. А тут і нагода для добрага ўчынку падвярнулася. Адразу за Саколкай, пасярод дарогі, валяўся п’яны чалавек. Ён салодка спаў, накрыўшыся старэнькім роварам і нават не здагадваўся, што яго амаль што не пераехала машына.
— Завязем яго дахаты, — радасна гаворыць Манюк.
— Ага, — пагаджаецца Садоўскі. — Зробім добры ўчынак і з лёсам разлічымся.
У кішэні п’янога знайшлі пашпарт, высветлілі, што ён жыве зусім недалёка, загрузілі яго разам з роварам ў кузаў, ды рушылі далей. Але заўсёды, калі ўсё ідзе добра, то чакай нейкай бяды. За вясёлай размовай аматары добрых учынкаў зусім забыліся пра п’янага небараку. Успомнілі толькі ў Варшаве, калі палезлі ў кузаў па спірт. Што было рабіць? Хлопцы, доўга не думаючы, дасталі п’янога, пасадзілі на лаўку, падперлі роварам і пайшлі па справах.
Праз некалькі дзён, вяртаючыся, Манюк з жахам заўважыў у бардачку пашпарт таго небаракі. Спалохаўшыся помсты лёсу, кантрабандысты пастанавілі вярнуць яго гаспадару. Яны заехалі ў Васількаў, знайшлі патрэбную хату і запыталі ў жанчыны, якая ўвіхалася па гаспадарцы.
— Ці можам мы ўбачыцца з панам Юзікам?
— Не, — адказвае жанчына. — Ён зараз з людзьмі не размаўляе. Некалькі дзён таму так напіўся, што сам не ведае як заехаў на ровары аж у Варшаву. Ні грошай не меў з сабой, ні знаёмых там. Давялося на ровары ехаць назад. Але самае дзіўнае, туды п’яны заехаў за адзін дзень, а назад, цвярозы, ехаў амаль тыдзень.
— Мы яго пашпарт знайшлі на дарозе, — пачаў тлумачыць Манюк. — Хочам вярнуць. А скажыце, як сябе гаспадар адчувае?
— Вялікі вам дзякуй за пашпарт, — узрадавалася гаспадыня. — Які добры ўчынак вы зрабілі. Зараз у нас усё наладжваецца. Мой алкаголік без гарэлкі ўжо жыць не мог. А зараз, пасля вяртання з Варшавы, так напалохаўся сваіх п’яных прыгодаў, што зарокся не піць зусім. Такое шчасце. І я, і дзеці нацешыцца не можам.
Ужо пераехаўшы мяжу, Манюк, пасля доўгага роздуму, цвёрда заявіў.
— Усё ж добры ўчынак мы зрабілі. Мужык піць перастаў. Уся радня цешыцца з таго. Толькі шкада, што мы згубілі патэнцыйнага кліента на наш тавар. Затое прысягу не парушылі.
|