|
Вясёлая забава
Ночка па ўсіх прыкметах мусіла выдацца цёплай. Расклаўшы невялічкі агеньчык, кантрабандысты, пасля цяжкой працы, валяліся на зямлі, як свінні ў балоце. Такія летнія вечары заўсёды праходзяць пад аповеды. Найцікавей, калі знаходзіцца весялун, у якога безліч цікавых гісторый. Тады ў размовы ўцягваюцца нават такія людзі, якія спярша падаюцца маўчунамі. Сцёпка з-пад Свіслачы выглядаў на такога. Таму, як ён пачынаў гаварыць, усе з цікавасцю замаўкалі, бо той мог расказаць штосьці такое, пра што іншыя не адважваліся. У кантрабандыстаў ёсць некалькі забабонаў. Прыкладам, не гаварыць пра сваіх жанчын. Кантрабандысты вечна за мяжой. А што ў гэты час робяць іх жанчыны? Адным словам, лепш памаўчаць, каб не накаркаць якой бяды, бо хтосьці кахае сваю жанчыну, іншы пакутуе, што ягоная транжырыць заробленыя непасільнай працай грошы. У кожнага свая прычына. А для Сцёпкі ніякіх табу не існавала. Яго першае каханне закончылася катастрофай і з тае пары ён узненавідзеў усіх жанчын разам і кожную асобна. Нават сваю жонку. Маліў лёс толькі пра адно — каб у яго былі толькі сыны. Лёс яго не слухаў: падарыў трох прыгожых дачок. Тады Сцёпка цалкам прысвяціў сябе працы. Увесь час штосьці камбінаваў, быў аўтарам некалькіх грандыёзных праектаў. Адзін з іх — пракапаць тунель пад польска-беларускай мяжой. Не ўдалося. Забракла аднадумцаў. Тады ён падняўся вышэй. Вырашыў пералятаць мяжу на дэльтаплане. Ды першая ж спроба скончылася паламанымі касцямі, пасля чаго Сцёпка зацікавіўся воднымі шляхамі. Стаў у пластыкавых пакетах сплаўляць спірт па Нёмане ў Літву. Там яго кампаньён вылоўліваў тавар з ракі. Але мясцовыя алкаголікі хутка пранюхалі пра гэта і цэлымі днямі сядзелі ў вадзе, чакаючы, калі з Беларусі прыплыве што выпіць. Радасці ад гэтага было толькі жонкам тых алкаголікаў. Яны думалі што іх мужыкі нарэшце кінулі піць і заняліся плаваннем. А для Сцёпкі гэта была трагедыя. Ды не збіраўся ён здавацца. Пачуў неяк, што Аўгустоўскі канал адновяць. Сабраў матэрыялы пра гэты канал, разлічыў хуткасць цячэння, прыдумаў як спірт будзе пераплываць праз шлюзы. Нават напісаў просьбу на трыццаці сямі лістах у парламент Беларусі, каб хутчэй Аўгустоўскі канал адчынілі. Маўляў, гэта мае неверагодна вялікае значэнне для культурных сувязяў. Ды ці ліст не дайшоў, ці сродкаў забракла, бо канал так і не запрацаваў. А Сцёпку зноўку прыйшлося карыстацца старымі дзедаўскімі метадамі, хаваючы спірт дзе папала. З тае прычыны ён яшчэ мацней палюбіў сваю працу і спірт і, чамусці, яшчэ мацней узненавідзеў жанчын. Невядома чаму лічыў іх прычынай усіх сваіх паразаў.
— Неяк піў я тры дні ў Саколцы, у Чэслава Вароніча, — распачаў сваю гісторыю Сцёпка. — На чацвёрты сабраў што не паспелі праглынуць і паехаў у Беласток. Надвор’е было — нібы жыд застрэліўся. Мокры снег, галалёд, вецер. А тут нейкая баба махае рукамі, просіць каб падвёз. Хлопцы, вы ж ведаеце як я іх ненавіджу, гэтых баб. Ды з бабай у дарозе — як з бараной у лесе. А ў той яшчэ боты на высокіх абцасах, як у дзяўчыны, якую я кахаў. Такія боты цярпець не магу. Дай, думаю, напалохаю яе чым. Спыніўся. Падвязу, кажу, але пры ўмове, што пазабаўляюся табой прама на снезе. Думаю, хай спалохаецца што я маньяк.
— На снезе? — перапытвае яна. — Як цікава! Ніколі ў жыцці такога не мела. Трэба паспрабаваць, — і шась да мяне ў машыну.
Я еду паціху, маўчу. Пра што мне гаварыць з бабай? А яна пытае:
— Як мы доўга будзем забаўляцца на снезе?
— Пакуль не замерзнеш.
— Ну то значыць доўга. Тады едзь хутчэй, каб усё паспець. А то мне праз чатыры гадзіны трэба быць на вакзале ў Беластоку. Мужа сустракаю з камандзіроўкі.
Ну, думаю, гадзюка, паеду так хутка, што з цябе дух выскачыць. Ды вось бяда. Перада мной два аўтобусы сутыкнуліся. Усю дарогу загарадзілі. Яшчэ і паліцыя прыехала. Націснуў я на тармазы і пачало круціць маю машыну. Памятаю толькі як зпад бампера польскі паліцыянт ныркануў у кювет, галавой у снег. А машына праляцела над ім у поле і ляснулася аб зямлю так, што ўсе бутэлькі са спіртам пабіліся. Паліцыянт ускочыў, ляціць звар’яцеўшы да мяне. Шапку поўную снегу надзябурыў на башку і раве каб я выходзіў. А я па калена ў спірце, ды яшчэ п’яны. Як я выйду? Зачыніў усе дзверы і раблю выгляд, што не бачу нікога. А дзеўка не шавеліцца, сядзіць, белая як смерць. Я падумаў, што яна дала дуба. Можа сэрца разарвалася ад перапалоху. Вельмі стала мне шкода сябе. Пасадзяць жа ў турму. Адна радасць — там баб не будзе. А больш за ўсё шкода было разлітага спірту.
Як толькі паліцыянт заняўся аўтобусамі, я ўпрасіў людзей выпіхнуць мяне на дарогу і ходу адтуль. І тут ажыла гэтая дзеўка. Стала раўці, лямантаваць, адчыніла дзверы і хоча выскачыць. Але пас не пускае. Заклініла яго, не адшпіляецца. А як я ўзяў нож, каб перарэзаць той пас — зноў самлела. Я паляпаў ёй па твары. Гляджу ажыла. Жывучыя яны. Выйшла з машыны і кажа:
— Ну і падвёз ты мяне!
— Затое як добра пазабаўляліся, — весела адказаў я і паехаў назад вельмі задаволены, што ўрэшце атрымалася яе напалохаць. І халера з ім, з тым паразліваным спіртам.
|