АЛЕСЬ ЖУК
Алесь Жук нарадзіўся 1 красавіка 1947 года ў вёсцы Клешаў Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Празаік, перакладчык.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў 1970 годзе. Працаваў рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура", намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Маладосць", інструктарам ЦК КПБ, галоўным рэдактарам газеты "Літаратура і Мастацтва", у 1986—1989 гадах – сакратаром праўлення СП Беларусі, з 1989 года – намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Полымя", з 1997 года – галоўным рэдактарам часопіса "Неман". З 2003 года ачольвае часопіс "Беларусь".
Аўтар кніг прозы “Асеннія халады” (1972), “Паляванне на старых азёрах” (1975), “Зоркі над палігонам” (1977), "Не забывай мяне" (1978), "Паўстанак вяртання" (1981), "Паляванне на апошняга жураўля" (1982), "Чорны павой" (1986), "Праклятая любоў" (1990), "Над чыстым полем" (1999). Выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах (1993—1994).
Сябра Саюза пісьменнікаў з 1973 года.
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Літаратурнай прэміі імя І. Мележа.
Апавяданне “Міш” упершыню было апублікаванае ў часопісе "Полымя" (1977, №3).
МІШ
Апавяданне
I
Бонусь прачнуўся рана, але не ўставаў. Чуў, як на кухні пынілася Волька. Каб гэта другога дня, то з жончыных рук на падлогу падала б ці накрыўка каструлі, ці алюмініевая місачка. Калі ж Бонусь не абзываўся ў адказ на ўсю гэтую “артылерыю”, дзверы ў спальню прачыняліся: “І дакуль ты будзеш вылежвацца? Сонца ўжэ над зямлёю стала! Варыны малыя дзеці ўжэ па вуліцы бегаюць. Стары чалавек, як табе не брыдка!..” Волька вярталася да прыпечка, споведзь вяла і адтуль, пакуль Бонусь не паднімаўся і не ішоў на двор. Клалася спаць Волька ў адну пару з курамі, але і ўставала разам з імі. І не магла цярпець, каб спаў гаспадар, хоць рабіць яму досвіта не было чаго.
Сёння Волька пынілася ціха. У спальні на суседнім з Бонусем ложку спалі сын Лёня і зяць Гена. Сын прыехаў учора на апошнім аўтобусе, а зяць яшчэ пазней прыкаціў на матацыкле з каляскаю. Гасцей Бонусь не чакаў, не пісаў, каб прыязджалі, бо не было ніякае пільнае работы.
У спальні стаяў кволы прыцемак. Млявае ранішняе сонца мякка прасейвалася скрозь тоненькія занавескі на палакіраваную падлогу. Пры гэтым няяркім сонечным святле, у цішыні добра і радасна адчуваць, што ты жывеш, што ўвесь гэты свет дзеля цябе і што ты здаровы, лёгкі целам.
Ціха, каб не трашчалі спружыны старога матраца, Бонусь устаў, надзеў цёмна-зялёную з тоненькае мацеры рубашку-куртку з вузенькімі пагончыкамі і нагрудную кішэню. Будучы ў Слуцку, купіў сабе студэнцкі рабочы касцюм -- зручны насіць летам.
Сам Бонусь высокага росту, крыху сутулаваты, з цёмным загарэлым тварам і сівымі густымі валасамі, здаваўся маладзейшым у гэтым касцюме -- не скажаш, што яму за шэсцьдзесят год.
На кухні Бонусь уссунуў на ногі старыя растаптаныя сандалеты, выйшаў на ганак.
Сонечна ўстала раніца. Ад расы пацямнела сцяжынка да двары, густа, шызавата легла раса на блакітную фарбу зяцевага матацыкла і на мураўку, якою туга ўрос двор. Ненадоўга і гэтая раса, і тоненькая намітка туману -- пакуль крыху вышэй не ўстане сонца. Дзень будзе гарачы, хоць і пачынаецца ўжо верасень, і нават удзень павявае, ходзіць над зямлёю напорысты вецер.
Мыўся Бонусь ля рукамыйніка, прыбітага да плота. Пакрэхтваў, плюхаючы ваду ў твар, -- прыемна, казытліва беглі пад рубашкаю кроплі па грудзях і па спіне.
Галіўся на верандзе, паставіўшы на халадзільнік люстэрка. Доўга вадзіў па твары электрабрытваю, якая хавалася ўся ў яго вялікай, цёмнай руцэ.
Калі вярнуўся ў хату, жонка не вытрывала, запыталася:
-- Куды гэта ты зранку так выхарошваешся?
-- А табе ніяк не дагодзіш. Пад’еду да Веціка. Хай после абеду заедзе ў лес. Гуртам зараз і забяром усё сена.
-- От табе гэта сена! Толькі людзі будуць лішняе языкамі трапаць. Хопіць і таго, што дадуць з калгаса. Хай бы дзеці пагулялі. Схадзілі б у лес, абарвалі якую ягаду.
-- Куды ты раўняеш лесавое сена з цімафееўкаю? А яны не падарвуцца за адзін раз у год. Мне ж работу вялікую зробяць.
-- А хто на заправачную за цябе пойдзе?
-- Сам заеду, адамкну.
Бонусь вывеў з гаража стары, але дагледжаны “каўровец”. Матацыкл вывеў на вуліцу, там завёў, каб не пабудзіць гасцей.
У шэсцьдзесят гадоў Бонусь пайшоў на пенсію, пакінуў трактар. Пасля згадзіўся быць запраўшчыкам -- здаровы мужчына, неяк не з рукі было сядзець зусім склаўшы рукі.
На заправачнай Бонусь адамкнуў замкі на цыстэрнах з маслам і негролам, а таксама будку, у якой стаялі дзве заправачныя калонкі, на бензін і на салярку. Паклаў на самаробны, з негаблёваных дошак прамазучаны стол канторскую кнігу-журнал уліку адпушчанага гаручага, каб самі механізатары, хто будзе запраўляцца, запісалі колькі яаго ўзялі.
Язда ў Бонуся была нядоўгая: Вецік жыў у прымах у Вуглах, невялікай вёсцы кіламетраў за пяць ад цэнтральнае сядзібы. Ён у вялікую навуку не пайшоў: кончыў толькі вучылішча, а потым курсы і рабіў у меліярацыйным упраўленні на “беларусу”. Меў неблагія грошы, работа воддаль ад начальства -- сам сабе гаспадар. Каб чалавек другое натуры, маючы гэтакую машыну ў руках. То нажыўся б. Але Вецік быў не з тых, што ўварві ды падай. Яно мо і так: каб ведалі, што ўрвіцель, то не далі б гэтакае волі.
Бонусь ніколі не любіў прасіць помачы ў чужога чалавека, мець ад каго ласку, калі можна абысціся і без яе. А з гэтым сенам не надта і хацелася, каб у вёсцы ведалі, дзе ён касіў. Чужое дабро людзям вочы коле.
Яно можна было б і не гнацца на лішняе сена, хапае на карову і таго, што даюць з калгаса. Але ж не зраўняеш калгасную цімафееўку з лесавым, пахучым, як чай, сенам. Ды і невялікі клопат дастаць яго. Гэта пакуль не асушылі балота і не насеялі травы, не было чым кароў карміць. Тады кожны даставаць стараўся наўзахваткі, бо і ржышча з зеллем як падзь падалі, каб дзе якую латку ўкасіць. Іржышча тады касіць не давалі -- заворвалі, каб гніло ў зямлі, каб лепш яна ўгнойвалася. Цяпер ніхто не забараняе касіць іржышча і ніхто і не косіць яго -- хапае сена і калгасу, і людзям з уробленых, дагледжаных лугоў. Цяпер лесніка пачастуй толькі -- і касі, як маеш час. А часу Бонусь меў.
За паўгадзіны Бонусь скружыў у вуглы і назад на заправачную, пабыў там, пакуль раз’ехаліся машыны і начальства з цэнтральнае, і пакурэў дадому.
II
Госці ўсталі пазнавата. Снедалі за чаркаю, бо спяшаць нікому нікуды не выпадала. Выбраліся ў лес пад полудзень, калі сена добра ўжо абветрыла і падсохла. Упраўна падварушылі, перавярнулі яго і пачалі падбіваць у валкі, каб спрытней класці на прычэп.
Сам Бонусь, раздабрэлы пасля ранішняе чаркі, больш пастойваў, абапіраючыся на грабільна і гаворачы, чым рабіў. Ён, пакуль хлопцы канчалі валкаваць, узяўся рассцілаць сурвэтку і ставіць полудзень, які ўзялі ў лес.
Пазіраў на сына Лёню, рослага, загарэлага да чарнаты, як негр. Неяк не верылася, што гэты мужчына вырас з таго маленькага, бледнага з твару хлопчыка, які насіў картовыя штанікі на адной шлеечцы і мацаў за бацькавы кішэні, калі той вяртаўся з работы -- ці прывёз зайчыкавага хлеба? Тады і акраец хлеба быў за пачастунак.
І цяпер нешта пераварочваецца ў Бонуся ў грудзях, як успамінае ён тое жыццё, тыя галодныя і халодныя гады, калі трэба было рабіць душу паслухоўваючы, каб толькі хапіла на кавалак хлеба дзецям…
Бонусь таму і пайшоў на курсы ў МТС, сеў на трактар, а потым і на камбайн. Хоць лажыў сілу і здароўе, але зарабляў, нічога не скажаш.
Пакінуў трактар Бонусь пасля таго як добра ўзяў яго радыкуліт. Два месяцы пралежаў у бальніцы, змогся, наглядзеўся на хворых Аглядзеўся і на самім пражытае, многае перадумаў і дайшоў да таго, што цяпер, калі выбудаваўся, выправіў у жыццё дзяцей, разжыўся -- не трэба зайздрасць на лішні заработак: не стане здароўя -- не спажывеш нажытага. Трэба ўмець не толькі зарабіць, а і распарадзіцца дабром.
Бонусь накроіў хлеба, нарэзаў чырвонае цвёрдае паляндвіцы, сала, наклаў маласольных агуркоў. Дастаў чаркі, бутэльку гарэлкі і невялікую біклажку хлебнага квасу, які рабіў сам з ячменных праснакоў.
-- Усё, хлопцы, усё! Хай ляжыць. Паабедаем і будзем Веціка чакаць.
Лёня ўваткнуў грабільна ў зямлю, першы падышоў да бацькі, сеў у цяньку пад кустом. На плечы яму страката леглі сонечныя плямкі.
Зяць падышоў пазней, сеў на сонцы. Ён ніжэйшага за Лёню росту, незагарэлы, белы целам, як палатно, і таму здаваўся слабейшы, хоць шыршы ў плячах, з вялікімі, цёмнымі ад металу, натруджанымі рукамі.
Бонусь прывык да зяцевае маўклівасці, ведаў, што Гена не вахлак і не маўчун. Калі пад чаркаю і ў настроі -- засыпле анекдотамі, песню завядзе. Ды і дарма, што токар, -- канчае завочна на інжынера, стаіць у чарзе на машыну. І жонка за ім гора не ведае.
У Лёні толькі што работа чысцейшая: пасля мастацкага вучылішча робіць мастаком-афармляльнікам на заводзе.
Лёня з біклажкі доўга піў квас, потым стомлены адкінуўся на пакошу, як і не адчуў, што яна колецца.
-- Гляджу я, бацька, як лес прачысцілі: дзе таўсцейшае -- пад сякеру.
-- Нарасце лесу. Гэта ж пасляваенны нарос. Некалі тут усё спляжана было. А хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар. Гэтак некалі старыя людзі гаварылі.
-- Цяпер машын столькі, што можна ўсю зямлю спустошыць. Рэчку выразалі, канаваю зрабілі. Усё па парадку рэжам, каб толькі выгаду мець, каб большы кавалак сабе ўрваць.
Лёня прыпадняўся на локаць, узяў чарку, чокнуўся з бацькам і Генам. Гена насмешліва пазіраў на швагра -- і як той выпіў, і як закусваў кавалачкам паляндвіцы.
-- Чаму, добра было, як рэчка была. Але ж без сена сядзелі. А цяпер на тым балоце травы нарастае і калгасу, і людзям, -- не настойліва, але пераканана запярэчыў Бонусь сыну, як чалавек, які ведае пра гэта лепш за другога, але не хоча настырацца, каб не псаваць таму настрою, бо ад таго, што дакажа ён ці не дакажа сваю правату, нічога не зменіцца.
Ды чаго спрачацца тут, на ўтульнай палянцы, пад чарку? На душы ў Бонуся спакойна, адчуваецца ўпэўненасць у самім сабе, гонар за тое, што не абы-хто ён, што пражыў жыццё добра: вунь як сям’ёю распарадзіўся -- усё ладам, сам мае не малую пенсію.
Гена закусваў гарэлку салам з хлебам і агурком, пакуль Лёня гаварыў, хітравата пазіраў на яго. Той заўважыў гэты позірк і не змоўчаў:
-- Чаго пасміхаешся? Я праўду гавару: што не ўмеем мы рабіць усё ў меру, прыгожа каб было. Пачнем балота драць -- дзяром усё падрад. А можна было і поплаў асушыць, і рэчку пакінуць. На будучае трэба думаць, хоць і даражэй работа абыдзецца.
-- Ён у вас, бацька, мяса любіць, але бычкоў шкадуе. Табе дай менш у рот, дык ты ўсё падрад выкарчуеш і высушыш, -- быццам пра даўно вядомае, спакойна сказаў Гена, паволі жуючы. Еў ён не спяшаючыся, але са смакам.
-- Цынік! Утылітар! Здаровая біялагічная істота. Пад’ела, села ў кавтэру з санвузлом, купіць свой легкавічок -- і шчасце!
Лёня махнуў рукоў і тэатральна адвярнуўся.
-- Саранча-эстэт. Сядзеш у маю машыну, каб паехаць па грыбкі і палюбавацца на прыроду. А можа, і раней за мяне машыну купіш, каб толькі знайшоўся хто мыць і глядзець яе. А ты б толькі сеў і паехаў…
-- А чаму не купіць? Ён за сваё рысаванне не менш за цябе бярэ, -- рашыў унесці яснасць у сынаву і зяцеву спрэчку Бонусь.
Гена і Лёня разам засмяяліся, зразумеўшы яго захад Бонусь і сам засмяяўся, здагадаўся, што хлопцы проста з-за няма чаго рабіць паддражнівалі адзін аднаго, і ён са сваім міратворствам трапіў як лапцем у лужыну.
Лёня ўкінуў у рот яшчэ кавалак паляндвіцы, разаслаў рубашку, прылёг, устаў, заламаў купчастую верхавінку маладое бярэзінкі так, каб цень лажыўся яму на голаў.
Гена выпіў яшчэ гарку, добра пад’еў, напіўся квасу, не паленаваўся, прынёс жмак сена, паслаўся на сонцы, прыкрыў голаў газетаю.
Бонусь дапіў гарэлку, даеў, каб нічога не заставалася, прайшоў яшчэ, памацаў сена -- забірай хоць зараз. Тут, на лесавой палянцы, у лагу, які ўвесну заліваўся вадою, а таму вільгаці ставала ў зямлі і ў самае спякотнае лета, добра расла трава. Ад выпітага Бонусь размяк і таксама паслаўся пад вербалозавым кустом, задрамаў, думаючы, што дажыў да добрае старасці…
Бонусь прахапіўся ад блізкага лапатання трактарнага матора. Вецік на трактары выехаў на паляну, заязджаў на дальні канец яе. Ды не так і рана было -- сонца ўжо добра пахілілася на вечар. Хлопцы соладка спалі. Лёня аж блішчаў ад поту сваім чорным целам, а Гена быў чырвоненькі, як падпечаная ў духу булачка.
Вецік вылез з кабіны, ішоў да бацькі. Невысокага росту, у клетчатай з кароткімі рукавамі навыпуск рубашцы, без шапкі, з рэдзенькім, зачэсаным набок чубком.
-- Пад’ём, работнічкі, а то скора дым пойдзе, -- ён злёгку шлёгнуў адламаным на хаду дубцом Гену, а потым і Лёню. -- Пад’ём!
Гена падхапіўся хутка, сцепануў плячыма:
-- А чорт! Здароў!
Ён падаў руку Веціку, яшчэ раз азірнуўся на свае плечукі, пакруціў галавою, надзеў рубашку.
-- Зліняеш, зліняеш. Так гультаю і трэба, -- пажартаваў Вецік.
-- Зліняць мо не зліняю. З мяне не вельмі злазіць.
Лёня ленавата прыўзняўся на локаць, паглядзеў на брата, падаў руку, каб той дапамог устаць. І, ухапіўшы за руку, лёгка шмаргануў Веціка на сябе, паваліў і прыціснуў да зямлі.
-- Пусці, бычок! Выгуляўся, дзіва што. Табе б не памазок у рукі, а да станка ці на трактар.
Вецік устаў, падагнаў мужчын:
-- Ну, давайце пачынаць. А то пакуль ускінем, пакуль дома стопчам, то і вечар будзе.
-- А тут няма чаго рабіць чатыром! -- махнуў рукою Лёня, дастаў з-пад куста біклажку, прагна і доўга піў, перадаў яе Веціку.
Напіўшыся квасу, усе ўчатырох пайшлі да трактара.
Падаваць на прычэп стаў Лёня, вярнуўся на сахары па капе. Гена таптаў, Бонусь падгрэбаў следам патрусіны, Вецік дражніў хлопцаў:
-- Давай, давай, інтэлігенцыя! Тапчы чужых, каб свае баяліся!
Паклалі сена скора. І хаць, здавалася, нямала яго было, але ўтапталася ў прычэп, толькі чуць вышэй бартоў.
Калі паселі ехаць, Вецік выглянуў з кабіны і папярэдзіў:
-- Наверх не вылазь, А то нанясе які чорт участковага.
-- Давай, давай, газуй, праведнік! -- махнуў рукою Лёня.
Дома Бонусь сам палез таптаць у хлеў, Лёня і Гена падавалі.
Хоць рабілі работу спорна, але пакуль кончылі, на дварэ зрабілася свяжэй, сонца ўжо стала вялікім і чырвоным, стаяла на самым захадзе.
Мыліся на дварэ. Вецік паліваў Лёню і Гену вадою, якая цэлы дзень стаяла ў ночвах на сонцы і стала цёплая, як луг. Гледзячы на маладых, не вытрымаў, раздзеўся да пояса і сам Бонусь, загадаў, каб палівалі яму з вядра на спіну.
Волька, якая ставіла на стале ў верандзе вячэру, выглянула з дзвярэй, пакруціла галавою: “Дзяціняе пад старасць. Дальбог, дзяціняе!”
Гену намазалі плечы кіслым малаком, і пасля ўсе ўчатырох, спакойна гаворачы, сядзелі на лавачцы пры плоце, курылі, чакалі, пакуль за стол.
Адвячорак на дварэ пах цеплынёю, сухім духмяным вераснёўскім сенам.
За сталом пасля чаркі развесяліліся, загаманілі.
Бонусь успомніў, што сёння ў канцавога Адама вяселле, прымусіў адзецца ў свой выхадны касцюм Веціка, і сам, ідучы пасярэдзіне, павёў сыноў на танцы.
III
Бонусь ішоў у белай кашулі, з расшпіленым каўняром, у касцюмных, старога пакрою штанах з абшлагамі на калошах -- якраз па цяперашняй модзе. Справа ішоў у сетачцы-тэнісцы Лёня, загарэлы, высокі, злева, акуратна адзеты ў касцюм, пры гальштуку, спакойны і паблажліва ўсмешлівы Гена, бытта гонар рабіў і гэтай вуліцы тым, што ішоў па ёй, і нават тым, з кім поруч ішоў. Вецік, у велікаватых бацькавых штанах і таксама велікаватай белай рубашцы, нібыта саромеўся сваёй несамавітасці і прыадстаў крыху, а потым і прыпыніўся, загаварыў з мужчынамі.
Музыка іграла на вяселлі непрывычная цяпер нават і ў вёсках -- духавая. І яна, мяккая, шырокая, затапіла ўсё наваколле ласкавымі і журботнымі гукамі, ад якіх рабілася не толькі весела, але неяк і ўрачыста, светла на душы.
Воддаль ад натоўпу, які сабраўся вакол танцораў, стаяў мужчына ў сандалетах на босую нагу і,выцягнуўшы шыю, уважліва глядзеў на моладзь. Сандалеты старыя, добра ўсохлыя, ногі вялікія, як лыжы.
-- Здароў, Міш! Здароў, кажу! -- гукнуў Бонусь, але мужчына не пачуў і азірнуўся толькі тады, як Бонусь моцна ляпнуў яго па плячы. Спачатку на твары ў мужчыны прамільгнуў і боль, і раззлаванасць на Бонуся. Але калі ён угледзеў Лёню, усміхнуўся, падаў руку Бонусям:
-- Га? Здаровы! Бач, сабраліся гуртам, як у лес красці!
-- Нам, дзядзька Міш, красці не трэба. Мы і самі пазычыць можам.
-- Дзіва што! Го! Вучоныя людзі!
Вецік падышоў пазней, моўчкі падаў Мішу руку, і той спехам паціснуў яе -- Веціка ён бачыў часта, рабілі раней у адным меліярацыйным упраўленні.
Некалі рослы, жылісты мужчына, аднагодак Бонуся, Міш дачасна састарэў, усох неяк. Крыху недачуваў ён пасля фронту, таму і мянушкаю стала скарочанае ягонае імя -- так хутчэй можна было паклікаць мужчыну. Меў Міш сілы на чатырох, не менш. Жыў пасля вайны ў старой бацькавай хатцы з падслепаватымі акенцамі і высокімі прызбамі, без падлогі, з невялікаю печкаю, якая муравалася на зіму пасярод хаты. Тады Віцеку здавалася, што Мішу цяжка хадзіць у сваёй хатцы, трэба згінацца. Але тым не менш у гэтую нізенькую хатку збіраліся на вечары гуляць у карты мужчыны з усяго канца вёскі. У іншых хатах замінаў такі гурт. А тут не. Можна было і курыць, і гуляць. Гаспадыня, худзенькая, бледная з твару жанчына, не злавалася і не сварылася…
Потым Міш пачаў будавацца. Хату ставіў вялікую, прасторную. Падзарабляць хадзіў да людзей -- і касіць, і гліну капаць, і торф рэзаць… Хадзіў туды, дзе трэба была сіла, і не шкадаваў яе. І падарваўся на рабоце, пайшоў на курсы экскаватаршчыкаў, дабудаваўся, але, мабыць, з натугі, пачаў глухнуць і марнець.
Да таго часу павырасталі дзеці і разбраліся па свеце, засталася пустая хата на двух старых людзей, якія жылі толькі на кухні, не стала ўжо каму збірацца на вячоркі, гуляць у карты.
-- Дак, Міш, і ў цябе ж дзеці гэтакія, як мае, параслі, -- падштурхнуў пад бок мужчыну Бонусь.
-- Го? Музыка добра грае, не лянуецца, -- ці то не дачуў Міш, ці то не захацеў гаварыць пра сваіх дзяцей. Хлопец яго даўно недзе бадзяўся па вярбоўках, дачка пайшла правадніцаю на цягнік і ўжо разы са тры выходзіла замуж. Сына яе ад першага замужжы гадаваў Міш.
-- Мо і барабана не чуеш, пень глухі! -- кіўнуў на Міша галавою Бонусь.
Міш задаволена ўсміхаўся.
-- Лёня, завініся дадому, бутылку вазьмі і кавалак які хлеба. -- Бонусь падміргнуў сыну, і той зразумеў бацьку.
-- Перастаньце! Вам што, рабіць няма чаго? -- умяшаўся Вецік.
-- Ладна. Чаго ты? -- перапыніў яго Гена, які здагадваўся, што стары Бонусь нешта прыдумаў. Яму хацелася паглядзець, што будзе.
-- Тваё дзела старана! Не па душы табе -- адыдзі! -- Прыкрыкнуў на сына Бонусь, падагрэты зяцеваю падтрымкаю.
Міш азірнуўся на мужчын, усміхнуўся. Ён выцягнуў худую шыю, прыслухоўваўся да музыкі і чуў, можа, і сапраўды адзін толькі барабан. І ці не ўспамінаў, як некалі на пасляваенных вечарынках, сам яшчэ ў старой, чыста вымытай гімнасцёрцы, вясёлы, падвыпіўшы, іграў на барабане, пазвоньваючы булавою па медных талерках.
Тады Міш любіў яшчэ расказваць, як ён дайшоў у Берлін і як павінен быў падымаць над рэйхстагам сцяг, калі б гэтага не ўдалося зрабіць Кантарыі і Ягораву. Невядома, праўда тое ці не, але ім, дзецям, слухаць было цікава. Яны тады прыходзілі да Міша стрыгчыся. Ён меў закручаную ў старую чырвоную хустачку трафейную машынку. Колькі хлапчукоўскіх галоў абірычыла тая машынка ў вялікіх, але цёплых мужчынскіх руках!
Праз гэтулькі гадоў забылася многае ў жыцці, а той лёгкі пах машыновага масла, тое цяпло рук не забылася, быццам было зусім нядаўна, і, можа, успомніцца, калі ўжо застанецца табе на свеце некалькі жывых дзён.
Вецік яшчэ здалёк бачыў, як вярнуўся Лёня, як упіраўся, не хацеў ісці Міш, а Бонусь адводзіў яго ўбок, узяўшы пад руку, як дапамагаў бацьку ўгаворваць чалавека Лёня, як пасміхоўваўся Гена.
Вецік паціху пайшоў дахаты, пераадзеўся, завёў трактар і паехаў дадому.
IV
Музыканты не лінаваліся іграць, не рабілі доўгіх перакураў. Танцавала найбольш моладзь, якой многа сабралася на вяселле -- папрыязджалі з горада дзеці на выхадныя да бацькоў. А таму і заказвалі найбольш модныя цяпер танга, шэйкі, казачкі, і ўжо самі музыканты -- старэйшым -- пачыналі вальс ці дустэп. Да “рускага” яшчэ не дагуляліся, бо не выйшлі з хаты сваты, перавязаныя ручнікамі і добра расчырванелыя ад выпітага і ад гарачыні за сталом.
Міш таксама чакаў сватоў і чакаў “рускага”. Ад выпітае гарэлкі пачынала соладка туманіцца ў галаве, лёгенька пазвоньваць у маладыя званочкі. Мішу не ставала “рускага”, бо цяперашніх танцаў, у якіх маладыя падскоквалі, як козлікі, ён не ведаў і не прызнаваў. Які ты хват, можна паказаць толькі танцуючы “рускага”.
А таму, як толькі паказаліся сваты на вуліцы, Міш асцярожна, бы падкрадваючыся, падаўся да музыкантаў, падміргнуў, махнуў рукамі: адною быццам стукнуў па талерцы, а другая ўдарыла булавою. Барабаншчык, маленькі, худы, ужо ў гадах мужчына, зразумеў, што ад яго хочуць, нават ахвотна ўстаў, зняў з пальца сырамятную почапку, падаў талерку і булаву.
Міш, пахіснуўшыся, сеў за барабан, спачатку ўдарыў крыху не ў такт, а потым нахіліў голаў, прыслухоўваючыся, пачаў барабаніць у лад, калі і не чуў, як іграе барабан, то па руках сваіх адчуваў, што ўдарае не надта моцна і не ціха. І як наладзіўся барабаніць, ужо не надта прыслухоўваўся, больш цікаваў сватоў.
Але тыя не спяшаліся. Спачатку курылі, нешта моцна і весела гаворачы з гэтакімі ж самымі чырвонымі ад гарачыні вясельнымі жанкамі. І толькі пасля таго як Міш збарабаніў яшчэ вальса, на круг выйшаў малады мужчына, доўгавалосы, у штанах з расклёшнымі калошамі, п’янавата папрасіў -- “рускага!” -- няўпэўнена прайшоў па крузе, спыніўся перад сватамі, прытупнуў нагою, раз, другі, развёў рукамі, запрашаючы ў круг. Першаю на яго запрашэнне азвалася тоўстая, як печ, баба, пайшла ўкруга хлопца, нечакана лёгка, зграбна перабіраючы нагамі, як падмеценая.
От з ёю Міш і мог станцаваць, як гэта танцавалі некалі, у яго маладасць. І каб гэта было яшчэ зухавацей, Міш прыгнуўся, перакінуў на плечы рэмень барабана і з ім, зыбнуўшыся з першага кроку, ірвануў у круг, ужо забыўшыся пра ўсё. Стараючыся, каб прыгажэй выходзіла, ён сіліўся вытупваць нагамі, але яны, і старыя ўжо, і п’янаватыя, не слухалі і смешна тупацелі, стараючыся ўтрымаць гаспадара, каб той не ўпаў.
Але Мішу здавалася, што ён плыве, ляціць па крузе, як вецер. Ён ужо не чуў, што там і як там іграла музыка, лупіў па барабане, усміхаўся і шчасліва на ўсе грудзі вухкаў ад асалоды, як балотны бык.
І сваха, і той малады хлопец, што пачаў танец, шарахнуліся з круга -- далей ад барабана і булавы, якая шпарыла па ім. Але Міш не заўважаў гэтага, яму здавалася, што ўсе пайшлі танцаваць. Ён бачыў вакол сябе, як варушыліся, смяяліся людскія твары -- усе танцавалі разам з ім…
-- Давай, Міш, давай! -- крыкнуў Бонусь, выціраючы слёзы, якія выступілі на вачах ад смеху, пераможна кіўнуў вокам на Лёню, які гнуўся, таксама задыхаючыся ад смеху, на Гену, які забыўся пра сваю флегматычнасць, і ціха прыгаворваў: “Ну дае! Ну дае!”
Было нешта і жаласлівае, і бездапаможнае, і смешнае ў гэтым стараватым ужо чалавеку з вялізным барабанам перад сабою Смешна, як блытаюцца, падымаючы пыл, нязграбныя ногі, як ён зыбаецца то ўбок, то назад, то ўперад, гатовы вось-вось кульнуцца цераз барабан.
-- Гу-ух! Гу-ух! -- задаволена гухкаў Міш, і каб яшчэ лепш і цікавей здаваўся танец, зароў на ўвесь голас свае самыя заліхвацкія прыпеўкі, прынесеныя з-за свету, з ваенных дарог.
Ой сарокі, ой вароны,
Чорна пер’е на хвасце,
Не чапайце, хлопцы, дзевак…
Міш крычаў на ўвесь голас, сп’яна заўважыў, як ажывіўся, зарагатаў натоўп.
Я па садзіку ішоў,
Кірпічы да кірпічы…
Бонусь бачыў, як аж прысеў ад смеху Гена, як ляпнуў па сцегняках Лёня.
Ён радаваўся, што гэтак пацешыў дзяцей.
Натоўп рагатаў, рагаталі музыканты, якія перасталі іграць: без музыкі і сам танцор, і ягонае бухканне ў барабан здавалася яшчэ смяшнейшым, пакуль прыезджы хлопец у белай рубашцы з закасанымі рукавамі, маленькі, хударлявы, але жылісты і крываногі, як клешч, мабыць, дабравата выпіўшы, у гэтых прыпеўках убачыў вялікую зняславу вяселлю, выйшоў у круг, выхапіў з рукі ў Мішу булаву, паклаў руку яму на плячо. Міш спыніўся, няўпэўнена пахістваючыся, і, можа, каб не рымаў яго хлопец за плячо, то і не астоеўся б на нагах. У Міша ў запасе было яшчэ многа такіх прыпевак, якія ўпадабаліся людзям, і ніхто не мог перашкодзіць спяваць іх.
-- Пайшоў!.. -- Міш лёгка махнуў рукой і некуды далёка ўбок адмёў гэтага настырнага хлапчука, які замінаў яму. Але гэта толькі здалося яму. Хлопец нікуды не адляцеў, хоць і трапіў яму Міш пад нос. Міш сам пахіснуўся, ледзьве астоеўся на нагах, а хлопец, пакрыўджаны, што за яго добрыя намеры, за яго добрае абыходжанне б’юць па мордзе, па-петушынаму спрытна, аж нават падскочыўшы, стукнуў Міша кулаком па твары, цэлячыся ў сківіцу, але папаў недзе вышэй, у шчаку, пад вока.
Міш лёгка, як гумавы, пахіснуўся, але ўпаў уперад, потырч цераз барабан, кульнуўся цераз яго. Войкнулі бабы, моладзь зарагатала, бо вельмі ж смешна дрыгнуў Міш, падаючы, нагамі.
Адразу ж нехта з вясковых падбег і адцягнуў убок хлопца. Да Міша кінуўся барабаншчык, спужаны за свой інструмент. Нехта з суседзяў падымаў і дзяржаў Міша, які роў дзікім голасам.
-- Дай кол! Усіх паб’ю!
Але яго тым часам выбавілі з круга. Каб замяць здарэнне, музыканты прылажыліся да труб, і за музыкаю слаба было чуваць, як плакала і ўпрошвала Міша жонка, якой, мабыць, наказалі і якая прыбегла, як роў яшчэ Міш, але ўжо не так рашуча, больш працяжна.
Аднекуль з натоўпу паказаўся той самы клешчаногі хлопец, ужо спакойны, усмешлівы і падаў музыканту булаву.
V
Пасля снедання, пасля чаркі Бонусь з сынам і з зацем сядзелі на лавачцы пры плоце на двары, курылі. Чакалі, пакуль Лёнеў аўтобус -- да яго Гена меўся падвезці Лёню.
-- А Вецік учора невядома калі і знік.
-- Вецік хоць і сын мой, але нецкі, як баба! -- махнуў рукою Бонусь. -- О, Міш, ідзі сюды! Пахмелімся!
Міш быў у сваім учарашнім картовым касцюме, у тых жа самых сандалетах на босую нагу, у руцэ сцябліна, якою ён памахваў на качак, што чарадою, незадаволена пакракваючы, тупацелі паперадзе, за другую руку трымаўся ўнук.
Міш, мабыць, пачуў сваё імя, спыніўся, агледзеўся і ўбачыў Бонуся на дварэ.
-- Пахмяліся ідзі, кажу табе! -- падмігнуўшы, запрасіў Бонусь, які добра ведаў, што пасля выпіўкі Міш не тое што пахмяляцца, а і есці дзён са тры не бярэ.
Міш зразумеў, неяк уважліва, нібыта хацеў прыгледзецца і распазнаць, глядзеў на Бонусяў. І на замучаным, шэрым яго твары, дзе пад вокам і здалёку відзён быў чарняк, адбілася пакутлівае неразуменне. Як бывае ў чалавека, калі ён глядзіць на даўно знаёмае, добра вядомае -- і не можа пазнаць ці зразумець яго. І гэтакае ж дарослае сур’ёзнае неразуменне з’явілася і на дзіцячым, занадта бледнаватым улетку, тварыку.
Міш нічога не адказаў, толькі паківаў галавою, неяк горка і дакорліва, і цяжка, старэчым крокам пайшоў следам за качынаю чарадою. Унук яшчэ раз азірнуўся на Бонусяў -- быццам хацеў пра нешта запытацца…
Бонусь толькі крактануў, Лёня зірнуў на гадзіннік, і хоць было яшчэ ранавата, сказаў:
-- Трэба збірацца.
Гена флегматычна ўсміхнуўся, нібы нічога не заўважыў і нічога яго не датычыла ці нявартае было ягонае ўвагі. Але ўсе ўтрох скоранька, як і сапраўды трэба было спяшаць, усталі з лаўкі.
1975
ВОЛЬГА ІПАТАВА
Вольга Іпатава нарадзілася 1 студзеня 1945 года ў гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Мінскай вобласці. Паэт, празаік.
Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў 1967 годзе, Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў 1978 годзе. Працавала настаўніцай у школе, таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі, рэдактарам на Гродзенскай абласной студыі тэлебачання, літсупрацоўнікам газеты "Літаратура і Мастацтва", літкансультантам газеты "Чырвоная змена", галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання, загадчыкам аддзела, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Спадчына". З 1991 года – рэдактар штотыднёвіка "Культура". З 2000 па 2002 год – старшыня СП Беларусі.
Аўтар кніг прозы "Вецер над стромай" (1977, 1980, 1981), "Дваццаць хвілін з Немезідай" (1981), "Перакат" (1984), "За морам Хвалынскім" (1989), "Прадыслава" (1997), "Альгердава дзіда" (2002), кніжак для дзяцей "Снягурачка" (1974), "Казка пра Паўліна" (1983).
Сябра СП Беларусі з 1970 года.
Узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны", медалём Францыска Скарыны.
Апавяданне "Расанка" ўпершыню было апублікаванае ў часопісе "Маладосць" (1984, №8).
РАСАНКА
Апавяданне
...На сёмым веку Траянавым кінуў Усяслаў жэрабя аб дзяўчыне, яму мілай...
Слова аб палку Ігаравым
Шарак, подняты ганчакамі, панёсся па полі, высока ўскідваючы ногі, перамахваючы купіны. Ястраб-цецеравятнік кінуўся на яго зверху, але заяц імкліва перавярнуўся, шкрабануў лапамі, так што птушка, ратуючыся ад вострых кіпцюроў, узвілася, нібы падкінутая магутнай хваляй. Маленькі шэры камячок з новай сілай кінуўся да лесу. Але, калі чэліг зноў павіснуў над ім, шарак не паспеў перавярнуцца. Імгненне — і пачуўся заечы крык, цягучы і тонкі, як у перапалоханага дзіцяці.
— Усё,— з палёгкай уздыхнуў сакольнік. Ён перавёў пагляд на князя Усяслава: напружанне амаль сутаргава сцяла яго малады твар, высокі лоб быў сабраны ў зморшчыны, вочы, не адрываючыся, глядзелі ўдалечыню. Пасля ён махнуў сакольніку, але той і сам заспяшаўся; чэліг натужна махаў крыламі, а заяц, ужо напалову знясілены, яшчэ тузаўся. Сакольнік з цяжкасцю вызваліў яго з вострых кіпцюроў раз’ятранай птушкі, кінуў у лазовую клетку. Ястраб, адарваны ад здабычы, незадаволена кружыўся над імі, але, паваблены Усяславам, неахвотна паляцеў да князевай рукі і сеў на аксамітавую, шытую сухім золатам пальчатку.
Ціхі, лагодны восеньскі дзень плыў над прасторамі Полаччыны. Няяркае ўжо сонца мякка залапіла выжараную за лета пожню, кроны каржакаватых бяроз, што дзе-нідзе стаялі ў полі. Цёплы вятрыска амаль неадчувальна кранаўся ўспацелых ад дзікай гонкі твараў.
Паляўнічых было няшмат: князь Усяслаў, сакольнік Чарэня з памочнікам ды чатыры грыдні, кожны з якіх меў прывязаны да сядла вялікі берасцяны кораб з дзіркамі, дзе сядзеў сокал альбо ястраб. Паляванне было малое — князь не вельмі любіў пыхлівыя выезды, дзе было шмат людзей, ганчакоў, коней, і ўсё гэта крычала, гаўкала, іржала, так што паляўнічыя птушкі пасля палявання трымцелі і адмаўляліся ад ежы. Аднойчы нават здарылася бяда: адзін з ястрабаў, прывязаны ў спешцы заблізка да лепшага дзікамыта , зжэр таго, так што раніцай ад птушкі, за якую было аддадзена памытчыку столькі кун, што за іх можна было купіць хату ды некалькі кароў, засталіся толькі косці ды пер’е. За гэта сакольніка Чарэню білі лазінамі, але на пасадзе сваёй пакінулі — з усіх сакольнікаў ён найбольш падабаўся князю, бо характару быў буйнога і нястрыманага, але з птушкамі працаваў адменна.
— Гаспадзін, павярнём назад? — прапанаваў Чарэня, справіўшыся нарэшце з ястрабам, які біўся ў яго на плячы, чэпка трымаючыся кіпцюрамі за суконны каптан сакольнага. Верхні аплік каптана быў абарваны, з-пад сіняга сукна выглядала льняная кашуля, багата вышытая чырвонымі нітамі. Буйныя светла-рыжыя кучары выбіваліся з-пад саламянага брыля, надаючы чырвонаму ад сонца твару з яснымі сінімі вочкамі і амаль белымі бровамі выгляд зухаваты і непераможны.
— Рана яшчэ. Пяць зайцаў — не здабыча,— незадаволена адказаў князь.
Высокі, з магутнымі плячамі, ён ладна сядзеў у сядле, і шэрыя яго вочы былі ясныя, светлыя, а галоўнае — спакойныя, і, гледзячы на яго, нельга было думаць, што імя яго прамчыць, як дзівосная камета, праз стагоддзі, адгукаючыся ў летапісах, паданнях, у бессмяротным «Слове аб палку Ігаравым» — то захапленнем, то смяротным жахам, то нянавісцю, ад якой, здаецца, палымнеюць знешне бясстрасныя словы, што пісалі летапісцы ў ціхіх келлях. Пакуль за плячыма Усяслава быў толькі паход на торкаў і той — пад камандай ненавісных яму Яраславічаў, і вялікія намеры яшчэ спелі ў ім, як спеюць зярняты ў буйным коласе, што згінаецца пад летнім ветрам і градам.
— Назад скакаць — доўга. Далёка мы... — ціха адказаў Чарэня, баючыся разгневаць Усяслава.
— Прывык наш Чарэня штовечар да нейкага князя і яго саколкі бегаць, вось і цягне яго ў Полацак,— не вытрымаў нехта з грыдняў.
— Да якога князя? Якой саколкі? — недаўменна падняў бровы Усяслаў.
Чарэня спунсовеў, мову ў яго як адняло.
— А дзяўчына якая! — асмялеўшы, зноў загаварыў той жа грыдзень.— Што волат! Ёй бы толькі на чале войска крочыць.
— Што, і праўда саколку якую нагледзеў? — цікаўна загаварыў Усяслаў, стрымліваючы разгарачанага пагоняй каня. Яго шэрыя вочы пранізліва ўпіліся ў Чарэню, і сакольнік, які збіраўся ўсё адмаўляць, нечакана для сябе сцвярджальна кіўнуў галавою:
— Нагледзеў, княжа.
— У каго?
— У твайго памытчыка, гаспадзін.
— У памытчыка? У Няжылы? — прыпамінаў князь.— У яго ж дзеўчанё яшчэ!
— Дзеўчанё! — засмяяўся Чарэня.— Не-а, яна ўжо дарослая дзяўчына, адно кепска — бацька не хоча аддаваць яе за мяне, кажа, што занадта дураслівы я.
— Дураслівы? Нічога! — як узгарэўся Усяслаў.— Затое лепшы сакольнік у княстве! Хай толькі паспрабуе адмовіць на гэты раз!
— Гэй вы! — крыкнуў ён грыдням.— Даганяйце!
I, як шалёны, памчаўся назад, бязлітасна сцябаючы каня плёткай. Грыдні, падхапіўшы свае карабы, ірвануліся за князем. Ведалі — калі нешта ўзгарыцца яму, зробіць як захоча, няхай давядзецца загнаць каня, сябе ці людзей — усё роўна яму. Пацямнеюць вочы, шалёны бляск загарыцца ў іх — і бывай спакойнае жыццё, — днямі будзе прападаць на паляванні, або нястомна аб’язджаць гарады ў княстве, або сам паедзе на збор даніны, каб прасачыць, ці не ашукваюць яго цівуны...
...Душачы ашалелых ад жаху курэй і разганяючы сабак, маленькі атрад з гіканнем пранёсся па вуліцах Полацака. Таропка адскоквалі ўбок купцы, што нядаўна зачынілі свае лаўкі і паважна вярталіся дадому. Здалёк здымалі шапкі і кланяліся вятшыя людзі і чадзь.
Памытчык Няжыла мясціўся непадалёк ад Дзвіны, над абрывам, парослым падбелам, блёкатам, кустамі бруслёну. Сонца села ў цёмна-сінюю хмару — нябесную ладдзю, — і з ракі патыхала халаднаватай вільгаццю, а ўнізе, яшчэ ледзь-ледзь прыкметны, закурыўся белаваты туман. Таму дзверы хаты былі зачыненыя — няроўны час, прынясе нядобрага чалавека!
Грыдні ўзбеглі на ганак, з усяе сілы загрукалі ў дзверы, абабітыя жалеззем.
— А каб вас Пярун, — захрыпеў з сенцаў мужчынскі голас.
— Каго там нячыстая сіла нясе? — высока падтрымаў мужчыну жаночы крык.
— Адчыняй! Князь Усяслаў! — крычалі грыдні.
Тады паспешліва загрымелі засаўкі, і гаспадар, у адных портах і доўгай кашулі, вылецеў на ганак, нізка кланяючыся, запрашаў у хату, шыпеў на сваіх, каб далі святла. Ярка ўспыхнулі ў жалезных заціскачках святочныя лучыны, што запальваліся толькі падчас Купалля і Ярылы, гаспадыня з дачкою замітусіліся ля стала, накрываючы на стол белы абрус.
Багата і чыста жыў памытчык — стол і лавы дубовыя, моцныя, печ пабеленая, а падлога не земляная — жоўтыя дошкі так і блішчаць, як нацёртыя воскам. У бажніцы нядрэмна зіркае на гасцей Пяруні Род і ражаніцы стаяць вакол яго. Вокны не бычыным пузыром зацягненыя, а слюдзяныя, і ў покуці — гэта таксама заўважыў Усяслаў — ляжалі скруткі бяросты і свярдзёлак, каб выводзіць на бяросце літары граматкі ці запісы. Малайцы палачане, — узрадаваўся ён, — яшчэ нядаўна дзяцей у школку не загнаць было, таму што палохаліся тутэйшыя людзі чарнарызнікаў — манахаў, што вучылі дзяцей грамаце. А цяпер у школцы і сына рамесніка ўбачыш, не толькі баярскіх дзяцей! Вялікім, магутным княствам робіцца Полацкая зямля, добрае семя кінуў у зямлю бацька яго, Брачыслаў!
— Сядайце, госці дарагія, за стол, — соладка заспявала гаспадьшя, нізенька-нізенька, да самай зямлі, кланяючыся князю. Ен і не заўважыў, калі на абрусе пастаўлены былі драўляныя місы з халоднай дзічынай, загустай , мочанымі брусніцамі, сырам, адкуль выцягнулі жанчыны бочачкі, дзе пеніўся духмяны квас.
— Ну за стол дык за стол, — Усяслаў першы палез пад бажніцу, з асалодай удыхаючы пах дзічыны. За ім — грыдні. Чарэня сеў з краю, але еў мала, усё азіраўся на гаспадыню і дачку.
— Ну, пакажыце нам сваю красуню, — наеўшыся, князь павярнуўся да гаспадара. — А то ходзіць тут, ходзіць...
Дзяўчат у хаце было дзве: высокая, мажная, белатварая, з вялікімі, крыху выпуклымі вачамі, і другая — маленькая, чорнавалосая, з апушчаным поглядам, якая не спыняючыся хадзіла ўзад-уперад па хаце, перад сабой трымаючы скураную пальчатку, на якой, шчыльна захутаная ў конус-пялёнку, сядзела птушка. З конуса адно тырчала птушыная галава, маленькія вочкі былі напаўзакрытыя, толькі час ад часу выблісквалі яны злосным, непрымірымым святлом.
— Дачка мая — гэтая, Малінай зваць яе, — паказаў Няжыла на высокую, якая падавала на стол (тая закрылася рукавом, пачуўшы, што гаворка ідзе аб ей). — А гэта — пляменніца.
— З пляменніцай пачакай, а вось гэтую пакажы. Ці баішся нас, чырвоная дзявіца?
Бліскучае, як у сарокі, вока, што выглядвала з-за рукава, сажмурылася. Дзяўчына апусціла рукі.
Паласаты андарак шчыльна ахопліваў магутную яе фігуру, белая каса спусцілася на плячо.
— Нашто ж мне баяцца цябе, княжа? Ты ж не воўк і не мядзведзь. Дый ад тых не заўсёды бегчы трэба.
Маці ад печы зашыпела на дзяўчыну, але Усяслаў падняў руку, і яна замоўкла.
— Адкуль ты ведаеш, які бывае воўк ці мядзведзь?
— Чаго ж мне не ведаць? Вунь, бачыш? — яна паказала рукой на лаву — там ляжала мядзведжая шкура — вялізная, калматая. Здавалася, мядзведзь, расставіўшы лапы, спіць.
— Што, сама ўпалявала?!
— Нягож!
Чарэня глядзеў на дзяўчыну з любасцю, і яна, зіркнуўшы на яго, ледзь прыкметна ўсміхнулася.
— Ды ну! — не паверыў Усяслаў.— Няўжо такая дужая?
— А ты паспрабуй! — з годнасцю адказала дзяўчына.
Няжыла ў страху заплюшчыў вочы: Маліна смела падышла да маладога князя. А той шчыльна ўзяў яе за локці, паспрабаваў прыўзняць. Але напружынілася дзяўчына — і як гара каменная: не скрануць яе з месца!
— Та-ак, дапраўды,— з павагай сказаў Усяслаў, адпускаючы яе. Бацька за спіной князя грозна нахмурыў бровы — дачка, сагнаўшы з твару міжвольную ўсмешку, кінулася прыбіраць са стала, толькі каса матлялася па спіне.
— А не баішся, — звярнуўся Усяслаў да Чарэні, які, адкрыўшы рот, назіраў за ўсім, — не баішся, што жонка пад абцас зацісне і запішчаць не дасць?
Але Чарэня так заматляў галавой, што ўсе рассмяяліся, толькі памытчык Няжыла спахмурнеў — ой, давядзецца аддаваць дачку за гэтага бешанца , а такі зяць усё, што сабраў доўгімі гадамі памытчык, возьме ды развее па ветры — любіць ён у косці гуляць, брагу пенную любіць аж занадта! Але, супакойваючы сябе, падумаў яшчэ Няжыла, што, пэўна, і дачка ягоная не дасць сябе ў крыўду — вунь як з самім князем загаварыла!
А той распытваў далей:
— А пляменніца чым у цябе займаецца? Таксама, можа, на мядзведзяў ды ваўкоў ходзіць? Падыдзі сюды! — паклікаў ён дзяўчыну.
— Не, гаспадзін, — баязліва растлумачыў памытчык, — нельга ёй спыняцца. Мы ж з ёю розмыта выношваем, як бачыш, а гэта табе, княжа, не гняздар ці слетак .
— Харошага хаця розмыта ўзяў? — ажывіўся Усяслаў, стараючыся разгледзець птушку, якую бесперастанку насіла пляменніца Няжылы.
— Белага, гаспадзіне.
— Ого! — прысвіснуў Усяслаў.— За яго атрымаеш багата. Дзе браў яго?
— Далёка хадзіў па яго, княжа: датуль, дзё на Дзвіне лёд не растае! Тры дні ў засадзе седма сядзеў. Узяў быў за манную птушку сініцу, але дарма — не ішоў на яе сокал! Ажно прыгледзеўся — яны там, сокалы, на ластавак бяруць. Пакуль ластаўку ў гняздзе выглядзеў! А пасля схаваўся каля ракі, толькі саракапута прывязанага пакінуў. Ну, як саракапут зачокаў, — я зараз жа ластаўку — уверх! Чэглок тут як тут — ударыў і ўверх. Пасля зноў яе зачапіў, зноў. Так загуляўся, што і не апомніўся, як я яго ў сетку ўслед за ластаўкай пацягнуў. Але ж і ўпарты! Ніяк не хоча есці. Я, носячы, замарыўся, цяпер яна носіць. А спыніцца нельга — ачомаецца ястраб — і пачынай усё спачатку! Давай я панашу! — пацягнуўся ён да пляменніцы.
Але тая адхіснулася, сярдзіта сказала, ссунуўшы тонкія чорныя бровы:
— Пайдзі спачатку ў крыніцы вымыйся! А то брагай нясе ад цябе!
— Гаспадар, надзіва гасцям, пакорліва падняўся і паслухмяна пайшоў да дзвярэй.
— Чаго ён баіцца чыжа гэтага? — гучна запытаўся адзін з грыдняў у Чарэні. Той спалохана замахаў на яго рукамі:
— Цішэй ты!
Чырвоны яго твар з памутнелымі ад брагі вачыма крыху пабляднеў. Усяслаў здзівіўся.
— Што з табой? — строга запытаўся ў Чарэні, які нават адышоўся далей ад дзяўчыны, нібы баючыся, што яна незнарок закране яго падолам доўгай сукенкі.
— Ды яна, — касавурачыся на гаспадыню, нібы чакаючы ад яе падтрымкі, паказаў на дзяўчыну, — мела бацьку валхва, і той перад смерцю ўсё ёй перадаў. Ды яшчэ як перадаў!
— Брат Няжылы валхваваў?
— Не, не брат... Сястра Няжылы нарадзіла яе вось, — ён паказаў на Расанку, — ад валхва і памерла, пры родах яшчэ. Тады той забраў дачку — і ў лес. А пасля ўжо, як памёр, прасіў, каб забраў Няжыла яе да сябе. Не хацеў, бач, каб і яна валхвавала. Баяўся за яе.
— Правільна баяўся. Не паганскаю верай моцны Полацак, таму яшчэ бацька мой, Брачыслаў, загадаў, каб знішчалі паўсёдна капішчы Перуновыя! — ссунуў бровы Усяслаў.
— А сам ты, княжа, ці не ад свяшчэннага змея народжаны? — ціха спыталася ад печы Расанка, і ястраб, што драмаў на яе плячы, устрапянуўся, адкрыў круглыя бліскучыя вочы.
— Казкі гэта! — стукнуў па стале Усяслаў. — Казкі! Не можа ад змея раджаць жанчына! І бацька мой Брачыслаў караў усякага, хто асмельваўся казаць гэта!
— Як жа не можа? — па-ранейшаму ціха загаварыла Расанка, — А цар Іскандэр Двурогі? Сама прызнавалася маці яго Алімпія, і знаменні ёй былі перад нараджэннем. Тое ж і тваёй маці было. Будзеш і ты праслаўлены, і імя тваё перажыве летапісы... Бацька мне гэта казаў, і ты ведаеш яго — Крыве-Крывейта! — ціха гаварыла яна, але глыбокае перакананне было ў голасе, і гэткай жа перакананасцю дыхала ўся яе кволая постаць. А апошнія словы ўдарылі яго, як молатам. Упершыню сумеўся Усяслаў. Зусім нядаўна бачыў ён сон — сон пра тое, што было калісьці, і ў сне ўспаміналася ўсё так ярка, выразна, нібыта зноў быў ён маленькім хлапчанём, якога вядзе за руку высокая, статная жанчына з залатым абручом вакол пукатага лба, з залатымі наручамі і ў сукенцы, затканай сярэбранымі нітамі. Ён ведае, што гэта — маці. Вакол магутныя дубы, і рэчка віецца побач — яна далей зліваецца з другою ракой, вялікай і імклівай. Толькі тая, вялікая, — цёмная, магутная, а гэтая светлая і празрыстая да самага дна, і светлыя водбліскі ад сонца, што іграе ў рацэ, кладуцца на вялізны каменны храм Перуна. Ён ведае гэты храм, ён помніць яго — і чырвоныя глыбы, навекі ўрослыя ў сцяну, і зубрыныя рогі над уваходам. Рогі быкоў, зуброў, аленяў вісяць і над ахвярнікам, на першай прыступцы перад якім гарыць агонь. Агонь, як растлумачыў ім суровы, з пасечаным тварам галоўны жрэц, гарыць і на вяршыні ахвярніка, толькі там ён ніколі не згасае, а тут, унізе, гарыць на той прыступцы, якая пазначана знакам, у які ўваходзіць на сённяшні дзень Ярыла. Ён помніць і гэтыя знакі на прыступках — на адной намаляваны танканогі алень, на другой — рак, і дзева, і чалавек, які ліе ваду з агромністага гляка... І ў круглай вежы з чырвонай цэглы зноў сядзіць той самы жрэц, што назірае за Ярылам — з самага ранку да позняе начы, калі садзіцца Ярыла ў сваю нябесную ладдзю. А пасля галоўны жрэц бярэ Усяслава за руку — о, якая халодная, якая магутная рука ў вешчбіта! — і вядзе ўніз па каменных прыступках. Недзе з цемры вынырае яшчэ адзін жрэц, ён падае Усяславу смаляны корч, і яны ўсе трое, трымаючы запаленыя карчы, спускаюцца ў падзямелле! Помніцца, як страшна было яму, але ён ідзе паслухмяна і там, у падзямеллі, бачыць вялізную змяю, што абвілася вакол каменнага слупа. Гэта — свяшчэнны Змей. Ён шыпіць, высоўваючы доўгі тонкі язык, і Усяслаў, як тады, уздрыгвае, але нават не спрабуе вырваць сваю руку з магутнай халоднай далоні жраца... Крыве-Крывейта клікалі яго...
О, як даўно гэта было! Няма цяпер храма Перуна, няма старога жраца. Толькі ў апошнія гады свайго жыцця асмеліўся Брачыслаў зруйнаваць храм, і то пасля выгаднага саюзу з Кіевам, калі надта ўзмацнела яго ўлада і сіла. Усё жыццё марыў ён зрабіць гэта, каб навекі згіпула выдумка пра тое, што жонка яго, прыгажуня Звеніслава, нарадзіла сына ад змея, ад валхвавання, а яшчэ — каб уладаром зямлі Полацкай быў толькі ён — адзіны. Кажуць, стагнала зямля, калі руйнавалі храм — спачатку развялі пад чырвонымі вежамі вогнішча, а пасля лілі на распаленыя глыбы ледзяную, крынічную ваду. Крыве-Крывейту не забілі — недзе бясследна згінуў ён, і вось, аказваецца, не прапала яго семя, узрасло гэтай шчуплай дзеўчынай з глыбокім грудным голасам, і дзе ўзрасло — у хаце памытчыка Няжылы!
— Чаму я не ведаў дасюль гэтага? — сурова запытаўся ён у гаспадара, які, калоцячыся ад страху, стаяў у дзвярах — у чыстай белай кашулі, з тварам, на якім былі бачныя толькі выцвілыя, цяпер чорныя ад жаху вочы.
— Адзіная пляменніца мая, — мармытаў Няжыла, — адзіная! А ты б забіў яе, княжа, як загадалі забіць Крыве-Крывейту. А гэта грэх, грэх вялікі! Не простая яна дзяўчына. Жыццё і смерць прадказвае, жывое ратуе. Нядаўна вылечыла ад смерці майстра Радзіма, а шклавару Абсею прадракла тры тыдні мучэнняў вялікіх, перш чым памрэ ён. І што ж — усё спраўдзілася! Крыкам крычаў ён, не паспявала жонка паіць макавым адварам, каб трохі лягчэй было!
— То, можа, і мне скажаш, ці доўга жыць буду? — пільна ўглядаючыся ў Расанку, спытаў Усяслаў.
Яна кіўнула Няжыле, на хаду перадала яму заснуўшага ястраба. Той схапіў конус-пялёнку дрыжачымі рукамі, захадзіў па хаце. Грыдні, з якіх даўно саскочыў хмель, амаль не дыхаючы, глядзелі на ўсё, што адбывалася ў хаце.
Дзяўчына падышла да Усяслава, узяла яго за руку, быццам слухаючы, як магутна ідзе па жылах кроў-руда, як стукае сэрца. Доўга ўглядалася ў вочы. Ведаў Усяслаў, што погляд яго прымушае людзей баязлівых затрымцець, як у ліхаманцы, а смелых — уздрыгнуць, апусціць вочы, але тут адчуў ён у чорных, крыху пашыраных зрэнках Расанкі сілу, што была непадуладная яму.
— Праўду сказаў бацька: жыць табе і жыць! — крыху сумна сказала яна.
— А табе? — ужо весела запытаўся Усяслаў.
— Мне? — яна задумалася. — Мне нядоўга адпушчана. Твайго жыцця на шэсць маіх хопіць...
Сустрэліся іх погляды зноў — і першым апусціў вочы Усяслаў. Ніколі гэтага не бывала раней. Ці, таму, што праўду адчуў у яе словах, ці таму, што стаміўся на паляванні. Відаць, сапраўды стаміўся...
— Паехалі! — загадаў ён грыдням. — А ты рыхтуйся да вяселля!
Гаспадар дагодліва сагнуўся ля дзвярэй. Баяўся ён Усяслава, надта баяўся. Тросся сёння і за дачку і за пляменніцу. Але, хвала багам, усё, здаецца, абышлося. А вяселле... Ну што ж, Чарэня не самы горшы жаніх. Спадзяваўся хітры Няжыла на баярскага ці, на крайні выпадак, на купецкага сына, але і княжацкі сакольнічы — не апошняя спіца ў калясніцы...
Грыдні мігам падхапіліся з-за стала.
— А ты куды? — спыпіў Усяслаў Расанку, якая, накінуўшы на сябе цёмны суконны плашч, таксама заспяшалася да дзвярэй.
— Спазнілася я з-за вас сёння, бачыш, вунь Чагір пахаладнела, раса выпала!
— Варажбой пойдзеш займацца? А ведаеш, што за гэта можа быць?
— Епіскап на плошчы праклён прачытае? — Яна ледзьве ўсміхнулася. — Што мне тыя праклёны, калі са мною зоркі гавораць?
— Самі зоркі? — насмешліва сказаў Усяслаў. — Ці не многа бярэш на сябе, дачка Крыве-Крывейты? Можа, табе мужа добрага пашукаць, каб забылася ты на глупствы, каб добрых дзяцей раджала? Колькі гадоў табе?
— Калі вялікі голад быў, сонца спаліла рунь — ці памятаеш расказы, якія знаменні былі?
— Калі неба расчынілася і воін на чырвоным кані ва ўсе бакі быў відзён?
— Дапраўды так. Вось у той год нарадзілася я.
— Тады, значыць, табе... Шаснаццаць — і не маеш мужа?!
Бліснулі белыя, як часначынкі, зубы. Твар Расанкі з упалымі шчокамі пакруглеў, шэрыя вочы заіскрыліся:
— Сокал мне не суджаны, а певень нашто? Вось такі! — яна кіўнула на Чарэню. Той уздрыгнуў, але нічога не сказаў. Затое азвалася Маліна. Выступіла, нібы закрываючы яго сваім целам.
— Певень-певень, але яго і наўе баіцца!
— Твая праўда! — ласкава зірнула на яе Расанка, — Даруй, што жаніха пакрыўдзіла. Затое слухай вось што: што сёння возьмеш — да скону тваё будзе. Глядзі толькі ў расе ногі не вымачы, бачыш, ветах які яркі!
Ад гэтых слоў нават бясстрашная Маліна адступіла назад, а гаспадыня спалохана схапіла яе за руку, нібыта баялася, што сапраўды пойдзе дачка пад ветах, намочыць ногі ў расе і шчасце сваё тым загубіць. Але тая вырвалася, падышла да Чарэні, ласкава ўсміхнулася яму:
— Не бойся Расанкі. Яна добрая. Два гады жыву ў адной хаце, а зла яшчэ ад яе не бачыла.
— І не ўбачыш. Пайду я хутка ад вас, не стану перашкаджаць. — Расана шчыльней загарнулася ў плашч. — Дзякуй, княжа, за тое, што не стаў мяне судзіць-вязаць, як усюды цяпер валхвоў судзяць. Казала яму, — кіўнула яна на Няжылу, — каб не баяўся цябе, не будзеш ты на яго гневацца, што сірату прывеціў. НІе паверыў, відаць, дзядзька: да апошняй хвіліны тросся...
— За цябе ж тросся, — прамармытаў Няжыла, задам адступаючы да дзвярэй, каб даць дарогу князю і яго грыдням.
Цёмна было ўжо на дварэ, і толькі буйныя зоркі высыпалі над Дзвіною. Грыдні запалілі лучыны, але Усяслаў загадаў ім патушыць агонь. Коні мерна хрумсталі аўсом, цярпліва чакалі гаспадароў. Драмалі вуліцы, толькі ў рэдкіх хатах там-сям мільгалі слабыя водбліскі святла ды ў княжацкіх харомах свяціліся вокны грыдніцы і святліц — там чакалі гаспадара. Драўляныя цэрквы цямнелі тонкімі абрысамі шатаў, узвышаючыся над горадам, вокны епіскапскага палаца былі расчынены, адзінока гарэла свяча — відаць, епіскап рыхтаваўся да заўтрашняй казані.
Прама над галавой Усяслава няярка гарэла Кол-зорка — да яе прымацаваны зоркі, што перамяшчаюцца па пебе, толькі яна адна ніколі не сыходзіць са свайго месца. Шалясцела ўнізе рака, мякка штурхаючыся ў берагі. «Добры руен стаіць сёлета! — думаў Усяслаў, мерна гайдаючыся ў сядле. — Добры ўраджай — значыць, купцоў многа паедзе ў Полацак. І мёду солета шмат, колькі ж гэта бяркоўцаў можна прадаць у Візап-тыю? Купцы — гэта вагавае , урокі , гэта тавары і, галоўнае, — папаўненне казне. А багатая казна — значыць, ужо хутка можна будзе прыступіць да справы, аб якой марыў яшчэ Брачыслаў — будаваць каменную Сафію тут, у Полацаку. Нездарма ж ён званы зняў з Ноўгарадскай Сафіі, нездарма паходы наладжваў — мацаваў княства».
Але праз усе гэтыя думкі міжволі не-не ды і прабіваўся вобраз Расанкі — худыя плечы пад палатнянай кашуляй, просты жалезны абручык на галаве, раздзеленай праборам. А болей за ўсё бачыліся яе вочы — шэрыя, з густымі кароткімі вейкамі. Такі погляд бывае толькі ў тых, хто сапраўды ўмее глядзець на зоркі, гаварыць з дрэвамі, з зямлёй. Есць такія людзі, Усяслаў ведаў гэта: яны знаходзяць пад зямлёй ваду, загаворваюць кроў-руду, лечаць хваробы. І сам ён у свае дваццаць з нечым многае знаў і ўмеў з тайных ведаў — вучыла некалі маці, а таксама нянька Ратміра, а болей — як усплывала нешта з яго самога, прымушала рабіць так ці гэтак — поглядам прыгнуць каня да зямлі, адкрыць гора ці радасць у чалавечай душы, як бы ні хаваў таго чалавек, і суцешыць словам. А яшчэ ўмеў ён адчуваць жывую душу ў раслінах, і ведалі людзі ў Полацаку, што ёсць на Усяслававым дварэ дзве бярозы, да якіх ён часта падыходзіць, гаворыць з імі. Раслі тыя бярозы дужымі, далёка перагналі сваіх равесніц, і бачылі грыдні ці, можа, здавалася ім, што, як толькі падыходзіць да іх князь, гнуцца бярозы долу і шэпчуць яму нешта ў адказ...
«Чаму не запрасіў яе ў княжы двор? — думаў ён цяпер. — Лекарка яна, значыць, прыдасца ў паходах, а там, у паходах, у бітвах, шмат чырвонай крыві пральецца, патрэбны будуць войску і зёлкі, і замовы». Быў у княжым двары заморскі лекар, прывезены з Візантыі, многа кунаў плаціў яму Усяслаў, і многае ведаў вучоны лекар. Але адмаўляўся ён ходь што-небудзь са сваіх ведаў перадаваць тутэйшым, таіў свае кнігі ў сундуку і ніколі не пакідаў у пакоі ключы, як быццам баяўся, што нехта прачытае ў тых кнігах вучоныя рэцэпты і выжыве з багатага двара варвараў яго, грэка Калімаха.
Але аднойчы пабачыў Усяслаў, што пісаў вучоны грэк у свой папірус мясцовыя рэцэпты — як здымае ліхаманку квашанае цеста, як лечыць загнаенне мяккі зялёны мох, якога так многа ў тутэйшых лясах. Пабачыў і пашкадаваў — чаму не паслаў у Візантыю, у царгародскую акадэмію, кемлівага хлопца-палачаніна? I, пашкадаваўшы, зрабіў гэта. Але ці хутка вернецца Азарка, ці вернецца ён увогуле? Чуў ад купцоў, якія прыязджалі з Цар-горада, быццам зусім асвойтаўся Азарка з мясцовымі норавамі, марыць папасці ў двор да самога васілеўса і начыста адмаўляе ўсё сваё, роднае...
...Прайшло некалькі тыдняў, і паднялі ноччу князя: абрабавалі нейкія прышлыя людзі купцоў на Гоцкім двары. Моцнай і высокай была агароджа на двары готаў, днём і ноччу каравулілі ўнутры ўзброеныя кнехты, і калі хто з кнехтаў каравуліў дрэнна, то плаціў ён купцам да пятнаццаці кун, апроч таго, бегалі штоноч у двары вялізныя калматыя сабакі — кожны ледзь не з цяля ростам, маглі яны разарваць любога, хто паквапіцца на багацце купцоў. Аднак і сабакі ляжалі атручаныя, і кнехты з баявымі сваімі сякерамі ляжалі парубленыя, а прышлыя людзі, што назваліся сёння па прыездзе купцамі ноўгарадскімі, пагрузілі нарабаванае ў лодкі, што былі прывязаны да вымалу , і паплылі супраць ночы ў бок, процілеглы таму, якім павінны былі ад’язджаць ноўгарадчане... Рваў на сабе валасы тысяцкі, што не праверыў граматы прыезджых, адклаў на заўтрашні дзень, таму што захварэў яго сын адзіны... Паслаў Усяслаў ладдзі воінскія за разбойнікамі, толькі ці дагоняць іх, невядома, а з казны трэба куны плаціць готам, каб няславу загладзіць.
Толькі пад раніцу вызваліўся ён. Едучы дадому, спыніўся каля Палоты — вымыцца халоднай вадою, каб прагнаць стому. Роснай травой пайшоў напрасткі да ракі, здымаючы каптан і меч, з якім не разлучаўся. А калі падышоў да Палоты, убачыў у скупым перадсвітальным змроку блізка ля сябе жаночую постаць. Ці чараўніца гэта, ці беражніца , ці віслена , што сп’яну заблудзілася?
— Гэй, хто там? — крыкнуў нягучна.
Грыдні імгненна кінуліся туды, на хаду вымаючы мячы, быццам магла адзінокая жанчына зрабіць што ліхое князю, і тады пачуўся голас, ад якога здрыганулася ў ім сэрца:
— Гэта я, Расанка, гаспадзін! Скажы грыдням, каб не краналі мяне.
— Назад! — крыкпуў ен, і грыдні, як ганчакі, паслухмяна адступілі назад.
— Што ты тут робіш? — сурова запытаўся ён, калі дзяўчына падышла бліжэй. — Ведаеш сама, што валхваваннем і чараўніцтвам забаронена займацца. І я не выратую, калі ўзбурыцца епіскап, дын не хачу з ім сварыцца — пакуль, хаця і кіеўскі ён прыхвасцень. Ды што табе казаць пра гэта!
— Чаму ж, я разумею,— сказала яна працяжна. — Я разумею, але не валхваваннем займаюся. Траву вось нясу хворым.
Япа паказала вязку жаўтаватых кветак. Моцныя, упартыя іх сцябліны былі звязаны лутохай — ліповай карой.
— Бачыш, якая. А лячыць трэба да ўсходу Ярылы, іначай сілу сваю згубіць.
— Што ж гэта за трава? — Усяслаў нагнуўся, спрабуючы разгледзець яе.
— Кроў спыняе, печань супакойвае і крывавыя паносы сцішае. Многае яна можа, — адказала Расанка. Яна нахілілася, паправіла лычак , — Замерзла. Ногі мокрыя.
— Здалёку ішла?
— Здалёку.
— А адкуль? Яна змоўчала.
— Баішся, што капішча тваё епіскапу выдам?
— Баюся, княжа, — проста сказала Расанка.
— А хворы хоць хто?
— Сын тысяцкага, Івор.
— Тысяцкі цябе запрашае?! — не паверыў Усяслаў. — Лекару майму не давярае, а да цябе звяртаецца?
— Не сварыся на яго, княжа. Ведаў ён бацьку майго і, хаця хрысціўся ў царкве, Перуну ахвяры прыносіць, як і раней.
— Цяжка тут епіскапу, — чамусьці ўздыхпуў Усяслаў. — і мне цяжка...
— Епіскап тут чужы, а ты свой. Людзі табе давяраюць. Чакаюць ад цябе, што лягчэй жыць ім стане.
— Хіба мала раблю для княства Полацкага?
— Мала, княжа, мала. Палюддзе не зменшыў ты, а павялічыў...
— Калі ў казне грошай не будзе, кожны, хто захоча, княства заваюе. Яраславічы даўно на Полацак глядзяць прагнымі вачыма, наўгародцы таксама толькі і чакаюць, калі за паходы Брачыслававы могуць з намі сквітацца.
— Той, хто пад лазінай цівуна з ранку да вечара працуе, каго купцы імянітыя палююць ды на кірмашы ў хазарскую сталіцу вывозяць за рабоў, таму трэба надрывацца яшчэ болей, і канца гэтаму няма...
— Твая праўда, але для таго, каб разбой купцоў перапыніць, каб яны дзяўчат нашых на рынкі да балгар і арабаў не вывозілі, трэба веча браць жалезнай рукой. А каб руку адзець у жалеза, і грошы, і ўлада патрэбныя.
— І жалезнае сэрца, — ціха дадала Расанка.
— І жалезнае сэрца! — з выклікам сказаў Усяслаў.
Яны замаўчалі. Але стаялі побач, як нерухомыя, быццам чакалі нечага.
...Адчуваў ён, што не так ідзе гаворка, якую чакаў, сам таго не ўсведамляючы. Лягчэй было яму на ўсім скаку, цеціву нацягваючы, страляць у імклівага звера, мечам рубіць торкаў падчас бою, чым гаварыць з гэтаю дзяўчынай. А тым часам зусім пасвятлела, і мільёнамі іскрынак засвяцілася на лузе раса. Чырвонае, вялізнае, плаўна ўставала пад небакраем сонца.
— Прыгожа ў нас,— смутак загучаў у голасе Расанкі. — Як прыгожа! Ніколі, здаецца, не магла наглядзецца на вакольнае. Травы якія! Усе розныя — і кветкі, і лісты.
— І ты ўсе іх ведаеш?
— Не, не ўсе. Многія нават не бачыла. А чула ад бацькі пра Перуноў цвет, ці разрыў-траву. Кажуць — калі прыкласці яе да зачыненых дзвярэй ці замка — тут жа разляцяцца яны на часткі. А кінуць у кузню — і не зможа ніводзін каваль працаваць, бо не слухаецца яго жалеза. Цікава было б паглядзець на гэта!
Яе твар стаў зусім дзіцячым, шэрыя вочы заіскрыліся смехам.
А сонца тым часам усё паднімалася, і тады яна як схамяпулася, войкнула:
— Усё, не паслела! Прыйдзецца вечарам траву даваць. Як бы горай за дзень Івору не стала.
— Мая віна, таму зараз жа пашлю свайго грэка да тысяцкага.
— Толькі не кажы, што мяне бачыў!
— Не скажу. Не буду яго падохаць. Хай думае, што нічога не ведае князь.
І яна, як быццам чакала гэтыя словы, павярнулася і пайшла назад, да вербаў, што нізка схіліліся над Палотай.
— Ці прыйдзеш у княжацкі палац? — усдед за ёй запытаўся Усяслаў.
— Можа, і прыйду. Не ведаю сама пакуль што...
Яна знікла за вербамі, як быццам і не стаяла тут, не гаварыла з ім. Грыдні ціха хаваліся за недалёкімі бярозамі, чакалі, калі пакліча іх князь. А ён усё не клікаў, усё глядзеў услед Расанцы...
Не ведаў ён, што бачыць яе апошні раз. Паехаў у пагароддзе, а вярнуўся і пачуў, што загадаў епіскап гнаць з Полацака валхвоў і валхвіц, але спачатку білі іх лазінамі перад драўлянай Сафіяй і трымалі з ранку да ранку на плошчы, каб кожны мог падысці і плюнуць у твар, калі захоча. Але не знайшлося такіх, толькі п’яны ад брагі баярын Зюзя хацеў перацягнуць кнутом дачку Крыве-Крывейты, ды тут жа аднялася ў яго рука...
І пайшлі валхвы ў цёмныя лясы, што абкружалі непраходнай сцяной Полацак. І недзе там знікда, як згінула, Расанка...
Кідаў не раз аб ёй употай Усяслаў жэрабя — ці жывая, ці ўбачацца яны? Але падалі на яе імя толькі чорныя дошчачкі, а светлыя, васковыя, не трапляліся ні разу...
Прайшлі гады. I, седзячы ў порубе ў Кіеве, пачуў Усяслаў ад сваіх людзей, што нядаўна ў Перуновым капішчы на Валоўяй гары, што была за два дні шляху ад Полацака, прынесла сябе ў вялікую ахвяру Перуну дачка Крыве-Крывейты, валхва і чараўніка, якога баяўся калісьці сам Брачыслаў. Даўно не было на Полаччыпе чалавечай ахвяры, але насоўвалася на яе цёмная хмара — палавецкае войска, і, жадаючы адвесці бяду ад роднай зямлі, згадзілася валхвіца, каб пралілася кроў яе на ахвярнік Перуну, каб наслаў ён грамовыя стрэлы на паганых полаўцаў, вярнуў княству Усяслава, якога захапілі ашуканствам Яраславічы. Цалавалі яны крыж, што не прычыняць страту Усяславу, але слабым аказаліся іх багі — так нібыта сказала перад смерцю Расанка.
I, седзячы ў цёмным порубе, адзінае акенца якога было заткнута кузлачком кудзелі, адчуў Усяслаў, як нешта гарачае падкаціла яму пад грудзі, а пасля цяжка і салёна зашчыпала ў вачах...
А яшчэ праз гады, калі быў ён цяжка паранены, прынёс яму лекар піць травяны адвар. І знаёмым-знаёмым пахам павеяла на Усяслава.
— Што гэта за трава? — спытаўся ён слабым голасам.
— Расанка, княжа, — адказаў яму лекар. — Іначай яшчэ завуць людзі — зверабой. Так загадаў зваць яе епіскап.
Піў Усяслаў гаркаваты настой, які вяртаў сілы. Думаў пра лёс свой і справы свае. Пра зямлю, якую любіў моцна і да якой вярнуўся, пакінуўшы славуты і вялікі кіеўскі стол.
І пра Расанку думаў, пра траву, якая захавала яе імя.
Часам заглядаў і ён у будучае, але не ведаў, што моцным акажацца загад царквы — не ўпамінаць імя валхвіцы, што траву, якую завуць расанкай, стануць пасля зваць святаяннікам зверабоем.
Але ў самых далёкіх кутках Полаччыны захаваецца і гэтая назва — расанка...
АНАТОЛЬ КАЗЛОЎ
Анатоль Казлоў нарадзіўся 28 ліпеня 1962 года ў вёсцы Асінаўка Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Празаік, літаратуразнаўца.
Скончыў Гомельскі дзяржаўны універсітэт у 1985 годзе. У 1988—90 гадах вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры АН БССР. З 1990 года -- рэдактар аддзела публіцыстыкі і нарыса часопіса “Полымя”, з 1992 года — рэдактар аддзела прозы часопіса “Маладосць”.
Аўтар зборнікаў “Міражы ценяў” (1990), “І тады я памёр…” (1993), “Незламаная свечка” (2000).
Сябра СП Беларусі з 1991 года.
Апавяданне "Зацвітанне дзівасілу" ўпершыню было надрукаванае ў кнізе "Міражы ценяў" у 1990 годзе.
ЗАЦВІТАННЕ ДЗІВАСІЛУ
Апавяданне
Вышчарблены нож у потнай Сяргеевай руцэ паблісквае ў цемрадзі сенцаў. Пры кожным кркоу тужліва рыпяць масніцы. Сцішана дрэмле пад пахай чорная курыца. Саладкаваты пах цвілі з клеці казыча нос. Уваччу блытаюцца зялёныя і ружовыя плямы. За глухой сцяной гоцнуў, шаргануўшы ў бульбоўніку, яблык. Ноч. Дзесь на вуліцы, з боку Цёмнага Лесу, самотна завыў сабака. Сяргей праходзіць па сенцах. Бясконца доўгія яны, як ссучаная пяньковая вяроўка ан гарышчы гумна. “Толькі б утрымацца на нагах, не зваліцца ніцма. А калі хіснуся і падломяцца калені… Такога не будзе… Вось і клямка”. Дзверы расчынены. Поўнач.
Сяргей на хвіліну прыхіліўся плячом да вушака. “Марына, любая. Я не хацеў, не душыў цябе. Ты ж ведаеш. навошта ўсё? О, дзева Марыя, маці Прачыстая, злітуйся, дай сілы. Пакрый мяне з зямлі да неба. з неба да зямлі сваёй белай святой пакровай..."”Ад шапацення Сяргеевых вуснаў страпянулася курыца, сакатнула, дзерануўшы кіпцюрамі світку.
Ісці і не стаяць! Ісці — час бяжыць. Адчыніць усе дзверы, якія ёсць. У прыбіральні таксама. Вароты на вуліцу — напята. Цяпер абысці тры разы вакол хлеўчукоў і дрывотні, вакол хаты. Даць напіцца курыцы са студні. Абы толькі трымацца на нагах. Трысцен абысці, на шуле паставіць крыж. Тупое лязо… Цяпер прыбіральня. Крапіва замінае, раннем выкасіць.
“Глядзі, хлопец,— шаптаў Міходзька, тыцкаючы пальцам у напалову поўную пляшку.— Во ён, твой мучыцель. Бачыш камлюкаватую здань? Ён на цябе насланы. Ён тваімі рукамі жонку тваю душыць. Сабе не падуладны ты. Навошта Каську Петракову зняважыў? Не думаў браць — нашто чапаў? Яна твой след занесла да ведзьмака. Я бачу і ведаю, да якога. Кроў, Сяргейка, атручана зеллем. І не кроў у цябе, а шчолак. Пайшлі са мною. Святы лес нам скаажа, што рабіць. Спадар дуб раду дасць.
І ішлі яны сцежкамі, балацявінамі і бальшаком. Начавалі пад гарэшнікам. З кожнага вялікага дрэва Міходзька адразаў галіну. І дзень ішлі, і два. Сяргей жа нёс тое голле. “Лес, толькі лес уратуе. Волат-дуб падкажа збавенне. Чакай, глядзі…” Міходзька з усяе сілы штурхануў Сяргея ў плечы. Хлопец распрастаўся, рассыпаўшы галіны, шчаку ўспарола зламаная папараціна. Кроў пырснула, апякаючы губы. Сяргей хацеў бы ўсхапіцца, ды Міходзька прыціснуў яго сабою. Кранаючы губамі вуха, шыпеў: “Ляжы і слухай зямлю. Палі карэнне крывёю, тады лес братам стане. Не шкадуй крыві, паі зямлю. Чуеш, голас?”
“А ўчарней жа ты, як учарнела я. Загубіў мяне, атруціў красу. І каму ж цяпер я патрэбная… А ты, татачка, мая мацічка, хто засутпіцца за маю красу? Ды ні братачка ні сястрыначка слёз не выцера мне, не ўлагодзіць. Крумкачы адны, верны дружачкі, а жаўты пяскі мне пасцелечка. Толькі ж як накласць на сябе руку? Як сысці з зямлі, не адпомсціўшы? Пайду ў велькі свет я бяду шукаць на тваю душу, цела ядрана. Ой, не бачыць вам шчасця краснага і не цешыцца, як галубчыкам. Панясу твой след я ды ў чорны свет. Каб, дзе ступіш ты. не было вады, а куды зірнеш, каб не бачыў меж. Заступіся ты, сіла згубная…”
— Слухай, Сяргейка,— шыпеў Міходзька,— то галосіць Каська ў дзень твайго вяселля. Лес адкрывае таямніцу.
— Дыхаць, мне няма чым дыхаць. Я паміраю, Міходзька, дзядзька, уратуй! — раскінутымі рыкамі Сяргей гарнуў пад сябе зямлю, аслізлае лісце, колкую гліцу. Варажбіт усхапіўся, штосілы пацягнуў Сяргея з уляжанага месца, выхапіў з кішэні паўпустую пляшку, булькнуў на далонь вады, пырснуў у хлопцаў твар.
— Не дурэй, Сяргейка. Трымайся яшчэ крупінку, і мы разаб’ём насланнё. Гэта душыць цябе Ён, але збавенне побач.
— Лес, родны, нязводны, згарніся сцяной, а сіла няўцямна разбіся пры ёй,— Міходзька паўколцамі разліў ваду з бакоў ля Сяргея.
— Ці лягчэй табе, хлопча? — прыпаў да Сяргея варажбіт.— Уставай, пайшлі.
Сяргей ішоў хістаючыся. Міходзька нёс абярэмак галін. Так перайшлі яны ручай, Бярозавую грыву і апынуліся на паляне сярод ельніку. Магутны дуб заспакоена драмаў. Ніводзін ліст не турбаваўся ветрам.
— Прыйшлі, Сяргейка.— Міходзька кінуў каля дуба абярэмак, зняў з пляча кайстру.
Шарэла. Неба выплёсквала першыя зоркі. Гняла тужлівая цішыня. Густа пахла верасам і хвояй.
Міходзька, гойдаючы галавой, як бусел, наблізіўся да дуба. Правёў далонямі па ім і прыпаў шчакою. Губы ягоныя зліліся з сівым імхом.
— Пазнаў, пазнаў, мой волат, мой брат і бацька. Я тут. Я да цябе з бядой і просьбай. Ці чуеш?
Дуб зашапацеў лісцём, і некалькі недаспелых жалудоў важкімі кроплямі тукнулі вобзем.
— Распранайся,— тузануў Міходзька Сяргея за плячо.— Крыху ачомаўся? Во і добра. Кажу, скідай адзежыны.
Сяргей выпусціў скрозь пальцы буйнога светляка і распрануўся.
— На, апрані,— Міходзька выцяг з кайстры зрэбную кашулю,— і вунь, з краю, ад алешніку каціся па расе да дуба.
Сяргей перакочваўся па пажарніку і верасе, купках святаянніку і багуну, абмываўся расою. Вільгаць халадзіла ягонае цела.
З апалага лісця дуба, з прынесеных галін і моху Міходзька збіраў вогнішча. Падыспад падторкнуў начасаныя з Сяргеевай галавы валасы, заблытаўшы іх у хлебны мякіш.
— Волат-дуб, карміцель і суддзя, не грэбуй паднясеннем.— Варажбіт паклаў пад дрэва тры маленькія, з прыгаршчу, боханы.— Ачысці кроў сына, згані насланнё. Дай шчасце бачыць, жыць і смяяцца. Нябёсы і зямля маюць яго расою. А ты, бацька наш, здымі закляцце чорнае. Прашу за сына зямлі сваёй, за жняца і касца, за маладую сілу, за прадаўжальніка роду дзяцей тваіх.
Дуб сцішана слухаў. Міходзька падвёў да дрэва змоклага Сяргея. Вочы ў хлопца запалі, на твары застылі кропліны, чорны пісяг на шчасцэ расплыўся.
Стаў Сяргей да дуба. За спіною ягонай успыхнула бяроста. Агонь кінуўся ў скокі па галінах, зачапіў лісце. Белы дым агарнуў хлопца, накрыў з ног да галавы. Млявасць паланіла. Скалелая цела торгалі, праціналі голкі. І ўчуў Сяргей голас, старэчы і надтрэснуты:
— Пройдзе тыдніца гэтая і яшчэ адзін дзень. Да нараджэння маладзіка, у ноч зацвітання дзівасілу ты з нажом і чорнаю курыцай стрэнешся з ім. Расчыні ўсе дзверы, усе закуткі, усе зашчэпы. Будынак кожны абыдзеш тры разы, пасля трэцяга — лязом крыж адзначай на ўваходзе. Ён скочыць аднекуль пад ногі. Глядзі, не зваліся, утрымайся на нагах. Калі ж толькі кранешся зямлі рукамі ці ўкленчыш,— значыць, ты слабы на гэтым свеце. І будзе твой век карацейшы за хвост куніцы.
Дым гусцей і гусцей ахутваў Сяргея. Невядомы голас паланіў:
— Мне шкада не народжаных Марынай дзяцей. Да прызначанага дня не кладзіся з ёю. Калі ж за сваім норавам пойдзем, дые тая ноч будзе апошняя для Марыны. Насланнё пакуль жыве ў табе. І жонка не ўцячэ ўжо. Твае пальцы сашчэпяцца на ейным горле. Памятай гэта. Тыдніца і адзін дзень. І ноч зацвітання дзівасілу. Чорная курыца, нож, расчыненыя дзверы і вароты. Ён і ты. Усё, ідзі.
Міходзька сцягнуў з хлопца кашулю, кінуў яе ў вогнішча. Агонь захліпнуўся.
Дамоў Сяргея варажбіт вёў іншай дарогай: рачною плынню, па ручаях і крыніцах, ірвах, кустах, па малінніку і журавінах.
І настаў той дзень. Прыйшла тая ноч.
“Я або ён. Чым болей Сяргей паўтараў гэтыя словы, тым мацнейшая сіла прарастала ў ім. “Вольна жыць і кахаць! Каб Марына не баялася маіх рук. Адчуць смак хлеба і квасу…”
Сяргей абышоў хляўчук. На прыступцы пакінуў нажом след. Страпянулася курыца. Сяргей пайшоў на трэці круг вакол хаты. Ногі пачыналі дранцвець. Але ішоў, ішоў наперад.
Усе спяць. Спяць сном раведнікаў. А ён блукае, шукае ачышчэння. Толькі б утрымацца. Чаму ногі не суцэльныя калоды?
Абыдзена хата. Цяпер паставіць меціну на ўваходзе. Мацней націснуць лязом. Рука дрыжыць. Эх ты! Ці ж гожа так?
Сяргей не паспеў накрэсліць рыску як зарыпелі адразу ўсе масніцы ў сенцах. Быццам па іх з маху катанулі вялізную бочку. У тое ж імгненне нешта суцэльна кудлатае бухнула Сяргею ў ногі. З такім напорам і моцай, што здалося, ногі рассыпаліся бітым шклом. З-пад пашкаў у Сяргея выпырхнула чорная курыца, з шалёным сакатаннем паляцела пад плот. Дзяцюк схапіўся за вушак. На вуліцы адзін за адным узвылі сабакі. Сяргей нібы прымёрз да ганка.
— А дзе ж?.. Выстаяў. Я выстаяў! Міходзька, дуб-волат, Марына, людцы! Я выстаяў!
Сяргей нема крычаў. Унутраны голас раздзіраў грудзі. Глыбокі выдых. Хлопец прысеў на парог. Кінуў у цемру нож. Лязо аб нешта цвінькнула. Ні думак, ні слоў.
Рыпнулі дзверы ў хату. Сяргей прыслухаўся. Няўжо не ўсё?
— Сяргей,— гукала яго жонка.
— Хадзі сюды,— супакоена прамовіў Сяргей.— Будзеш жыць, чуеш, Марына? Нічоаг страшнага. Зараз зацвіце дзівасіл. Пайду глядзець. Дзіўная сіла. Ты бачыла хоць раз тыя кветкі? Два кусты пад Петраковай хатай… Не бойся маіх рук. Усё мінула.
— Здаецца, адчуваю на горле твае пальцы.
— То быў не я, павер. Міходзька калі-небудзь табе скажа.
— Навошта? Я й так ведаю.
— Мо чула ты і пра Каську?
— Казалі.
Сяргей апусціў руку, угнуў голаў.
— Ідзі, Марына. Я пабуду, адпачну.
— Дык мо разам?
— Не, я адзін. Не крыўдуй. Яшчэ нге ўсё завершана. Ты ж адчуваеш. Трэба давесці да рысы. Так трэба. Ідзі кладзіся. Гэта мая ноч. Астатнія будуць нашы.
Бязмежжа і глыбіня ночы…
І вось хата Каські Петраковай успыхнула свечкай. Палкім слупам пратыкнулася цемрадзь. Усё ажыло, загаманіла, закрычала. Ноч гіне, ноч забітая. У водблісках агню каля хаты Каські курчацца лісты дзівасілу. Чарнее не пабачыўшы сонца, кволая квецень.
ВІКТАР КАЗЬКО
Віктар Казько нарадзіўся 23 красавіка 1940 года ў горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласці. Празаік.
Скончыў Кемераўскі індустрыяльны горны тэхнікум у 1962 годзе, Літаратурны інстытут імя М.Горкага ў Маскве ў 1970 годзе. Працаваў на шахце, праходчыкам у геолагаразведцы, у газеце "Красная Шория", карэспандэнтам абласнога радыё, літсупрацоўнікам абласной газеты "Комсомолец Кузбасса", літсупрацоўнікам газет "Чырвоная змена", "Советская Белоруссия", часопіса "Неман", сакратаром праўлення СП БССР.
Аўтар зборнікаў прозы "Високосный год" (1974), "Здравствуй и прощай" (1976), "Две повести" (1977), "Суд у Слабадзе" (1978), раманаў "Неруш" (1983), "Хроніка дзетдомаўскага сада" (1987).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміі БССР. Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны".
Сябра СП СССР з 1973 года, Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 года.
Апавяданне "Літары на мармуры" ўпершыню было апублікаванае ў часопісе "Полымя" (1977, №1).
ЛІТАРЫ НА МАРМУРЫ
Апавяданне
I
У горад яны прыспелі надвячоркам. Доўга хадзілі па вуліцах, выпілі па шклянцы газіроўкі, па пляшцы піва, з'елі па порцыі марожанага, але нарэшце знайшлі, што шукалі — камбінат бытавога абслугоўвання. За варотамі яго ім адразу ж кінулася ў вочы запусценне, брудны, закіданы пілавіннем і гнілымі дошкамі двор. Толькі што прайшоў вясёлы летні, як кажуць, сляпы дожджык. I зноў прыпарвала. Ад ракі несла прахалодай і водарам скошаных траў, а двор біў у твар смуткам і жалем загубленага ў неахайнасці дрэва, цяжкім пахам мазуту і перагорклага машыннага масла. Ахутаныя гэтым смуткам і пахам, у канцы двара стылі мармуровыя белыя, нібыта крыло лебедзя, помнікі. Помнікі стаялі на ўзгорку, шэрагам, адзін за другім, нібыта збіраліся ўзляцець.
Бацька і два яго сыны прьшынілі крок і змоўклі ў разгубленасці. Сэрца кожнага з іх уздрыгнула і напоўнілася тым чалавечым адчаем і крыху страхам, якія заўсёды прыходзяць да нас, калі мы сутыкаемся са смерцю. А вакол ішла звычайная работа. I рытм яе быў упэўнены, вывераны не адзіным днём. Натужна варочалі тоўстымі бакамі бетонамяшалкі, у паветры мільгацелі рыдлёўкі. У гэтай працы была, напэўна, і радасць, таму што праз расчыненыя дзверы бліжэйшага да трох мужчын доміка даносілася песня. Спявалі жанчыны, нябачныя знадворку, схаваныя паўзмрокам памяшкання. З таго месца, дзе стаялі мужчыны, відаць былі толькі жаночыя рукі, выразна белыя сярод рознакаляровай, хутчэй за ўсё прапарафіненай паперы, што ляжала на стале ля хваёвага зялёнага вецця. Жаночыя рукі плялі вянкі. Здалёк здавалася, што гэта матылькі кружаць там, над каляровай квеценню вясновага лугу,— такімі спрытнымі былі гэтыя рукі, няўлоўна паслухмянымі пальцы, так біла ў вочы з прыцемку іх бялюткая чысціня.
Стары патупаў на месцы. Сыны глядзелі на яго, але ён так і не адважыўся кудысьці рушыць, панурыўся і як бы паменшаў. А да трох постацей, што застылі ў варотах, ужо шыбаваў маленькі жвавы чалавек, адна рука карацей за другую і нерухомая, нерухомая і шыя, галава ўсё роўна як прыварана электразваркай да тулава. Але чалавечак лагодна ўсміхаўся і весела яшчэ здалёку загукаў:
— Дзень добры, вечар добры! Каго вам трэба? Стары штосьці буркнуў і пайшоў насустрач чалавечку.
— Нам патрэбен Баглай Іван Ахрэмавіч.
— Цю, Іван Ахрэмавіч, ды гэта ж я. — I падаў старому кароценькую, з усохлымі бліскучымі пальцамі руку: — Іван Ахрэмавіч Баглай, халера ясная!
— Помнік мы тут у вас заказвалі, пісалі вам, — пачаў стары. — Вы адказвалі нам. Жонка ў мяне загінула, жонка і маленькі хлопчык, у сорак чацвёртым. Вось сын ад яе жыве... Ён жывы, а брат яго...
— Памятаю, як жа, памятаю, — перабіў Іван Ахрэмавіч. — Вечка Лукер'я...
— Во-во, Лукер'я і Міхась Вечкі...
— Гатоў помнік. Добры помнік. Ой помнік! Першы такі на Палессі, і ваш. Эксперыментальны, халера ясная. Пашэнціла вам, пашэнціла. Во ён, халера ясная.
I Баглай радасна кінуўся да высокай, яшчэ не зманціраванай пліты, шурпатай пасярэдзіне, дзе павінна была стаць мармуровая дошка з надпісам.
— Дошка яшчэ не гатова... Праўдзівей, дошка гатова, ды надпісу няма... А яшчэ праўдзівей, дык і надпіс ёсць, высечаны і літары, толькі іх фарбай, золатам, пакрыць трэба... Мастак наш будуецца і на работу не кожны дзень выходзіць. Але прымусім, прымусім. Будзе, золатам будзе: В'ечка Лукер'я Авяр'янаўна, 1918–1944, Вечка Міхась Рыгоравіч, 1942–1944,— амаль з любоўю прапеў Баглай.— А помнік які, вы толькі паглядзіце на гэты помнік. Карцінка. Першы на Палессі, эксперыментальны...
I Баглай зноў кінуўся абмацваць і гладзіць помнік, песціць, як гаспадар кабанчыка перад пакупніком на базары. I яго сухая, маленькая рука з пакурчанымі бліскучымі пальцамі набыла спрытнасць, як бы ажыла, і амаль лётала па камені. I камень пад яго рукой таксама ажываў.
— Ды паглядзіце вы, толькі паглядзіце. Нідзе вам лепей не зробяць. Лепіць зараз помнікі той-сёй сам. Але што ў яго за работа. Душы няма, абы грошы. Халтура, адным словам. А тут... Вам дык наогул пашэнціла: хутка зрабілі, ані хвілінкі не марудзілі. Эксперыментальны помнік, эксперыментальны...
Баглаю, пэўна, падабалася гэтае «эксперыментальны», і ён усё імкнуўся зазірнуць Вечкам у вочы, убачыць там водгук на гэтае слова, хацелася, каб і Вечкі адчувалі тое ж, што адчувае ён. Але тыя стаялі моўчкі, быццам у рот вады набралі, і позірк іх быў няўлоўны яму, яны не падпускалі яго да сябе...
Старьт Вечка толькі палажыў, бы чорны хваёвы асмалак, руку на мармуровую пліту і адхіснуўся назад, нібыта дакрануўся да голых электрычных правадоў. Адхіснуўся, але рукі не адняў. Вялізная, нязграбная, яна ляжала на высечаных у мармуры літарах і амаль непрыкметна ўздрыгвала. Гэта бачыў, нават не бачыў, адчуваў яго старэйшы сын Антон, таму што сам хацеў пакласці на гэтыя літары руку, ды бацька апярэдзіў яго. I цяпер у бацькі непрыкметна ўздрыгвала рука, а ў сьша ў лад ёй білася павека.
Антону на якуюсьці хвіліну здалося, што яго рука ўвайшла ў мармур. I праз камень ён зноў адчуў цяпло рукі маці і не ўстояў на месцы, як толькі што бацька. Целу стала горача, у вочы ўсё роўна як сыпнулі дробненькага пяску, той самай белай каменнай мукі, у якую перапэцкаліся бацькавы пальцы. I неба адразу зацягнула хмарамі, на ім засталося толькі адно акенца, праз якое свяціла сонца. I здавалася, што сонца ўсё сваё цяпло, увесь свой жар накіравала на яго, Антона.
На сэрцы стала прыкра і горка. «Ты падманваеш сябе,— падумаў ён,— падманваеш. I ведаеш гэта. Ты не памятаеш цяпла рук маці, ты не ведаеш, што гэта такое. Камень мёртвы. I маці памятаеш ты толькі мёртвую...» Але ён быў удзячны каменю, які даў адчуць яму тое, чаго ён быў пазбаўлены, які захаваў і праз гады данёс да яго тое, чаго не змагла захаваць памяць, і ненавідзеў гэты камень. Да самага апошняга часу ў ім не-не дый успыхвала дзіцячая вера, абуджалася дзіцячае жаданне цуду: не можа быць ён так абдзелены ў жыцці. Ёсць у яго маці, будзе. Яна толькі забавілася дзесьці і зараз прыйдзе да яго. Так, ён верыў гэтаму. З гэтай верай у яго звязаны самыя лепшыя ранкі, самыя лепшыя сны, сны ў сне і наяву. Усё ў яго будзе, як у людзей. Ішоў час. Усё ў яго было, як у людзей, і толькі не было маці. А ён усё верыў, што будзе. Будзе! I вось... веры гэтай прыйшоў канец. Мёртвы камень паўстаў паміж ім і маці. I ніякая сіла не магла скрануць яго, што-небудзь перамяніць. Гэта Антон зразумеў толькі цяпер, на гэтым двары, дзе рабіліся помнікі і абуджалася неіснуючая памяць: няма маці. Няма і ніколі ўжо не будзе. Калі з таго свету не вяртаюцца, то і з-пад каменя не ўстаюць. I Антон адчуў, што з гэтага дня жыць яму будзе цяжэй, пашкадаваў бацьку.
А бацька стаяў каля пліты сам як помнік. I меншы яго сын, Алесь, таксама быў нерухомы. Жанчына і хлопчык, аб якіх сумавалі яго бацька і брат, былі невядомы яму. У яго былі маці, і яшчэ адзін брат быў у яго. Але і ён зведаў гора, таму што жыў і рос на такой вуліцы, дзе ўсе зведалі гора, дзе ў кожнага хтосьці загінуў у вайну. Але гэта было так даўно, калі яшчэ яго на свеце не было. Яму было шкада бацьку, і брата, і жанчыну, і хлопчыка, асабліва хлопчыка. Ён пражыў толькі два гады. А жанчына магла быць яго, Алесева, маці, яна таксама з васемнаццатага года. З другога ж боку, застанься жывой гэтая забітая жанчына, не было б на свеце яго. Быў бы хтосьці зусім іншы. А добра гэта было б ці не? Хто яго ведае. Але яго не было б, ясна.
А ў клубе сёння танцы. I ў кішэні Алеся ляжыць асвятляльная ракета, якую так зручна запускаць з танцавальнай пляцоўкі. Сёння ракеце, напэўна, не ўзняцца.
Мо гэта і лепш, а мо і не... Дзяўчаты так хораша палохаюцца ракет, так скрозь страх імкнуцца разгледзець, хто гэта там «адмочвае» такое...
Было Алесю крыху не па сабе яшчэ і ад таго, што мёртвая, помнік па якой ён прыехаў забіраць, так кранае яго бацьку, такая дарагая яму. Было сорамна за бацьку, нібыта ён, Алесь, падгледзеў штосьці ў шчылінку, недазволенае, нядобрае. I мёртвая жанчына паўставала паміж ім і бацькам. Таму маці сёння так і сцяла губы, калі бацька наладзіўся ехаць па помнік той, першай жонцы... Шкада бацьку, шкада маці, шкада тую жанчыну з хлопчыкам і сорамна. Сорамна, што ўсё так недарэчна складваецца на белым свеце. Чаго толькі гэтым людзям не хапае. Жылі б сабе ды жылі, дык не... I вось таму Міхасю было толькі два гады... I колькі часу прайшло, а бацька толькі зірнуў на пліту — счарнеў за хвіліну. I сум, сум у вачах, як па нябожчыку.
А Рыгор Вечка, бацька, у гэты час ужо не сумаваў. Сум-то быў у ім, і сляза, пякучая, горкая, мучылася і не магла прабіцца на волю. Але гэта былі прыемная сляза і прыемны сум. Рыгор быў зноў малады. I маладая яго рука абдымала не камень, а, здаецца, пяшчотна трымала другую такую ж маладую руку. I пяшчота ўваходзіла ў яго, і разам з ёю ўзнімалася на неба сонца. Надыходзіў час развітання. Рыгор не мог зразумець, навошта гэтае сонца, як перажыць гэты доўгі, доўгі дзень, як год, да новай сустрэчы. А трэба было яшчэ бегчы дванаццаць кіламетраў да сваёй вёскі і брацца за касу...
— Ну дык што будзем рабіць? — пачуўся голас Баглая.
— Забіраем мы помнік,— сказаў стары Вечка.
— Не,—сказаў Баглай,— не аддам я оёння табе помнік. Машыны няма, ды і мастака няма, ды і рабочы дзень заканчваецца... Зранку заўтра, зранку.— I Баглай зноў паспрабаваў заглянуць у вочы Вечку, але той зноў не даўся. Тады Баглай павярнуўся да Антона.
— Час у вас зараз ёсць? — спытаў яго Антон.
— Час-то ёсць,— зразумеў Баглай.— Але машыны ўсё роўна няма. I без мастака дошку я вам не магу аддаць, сумленне не дазволіць. Ды і верыш, хлопча, ці не, а шкада мне сёння аддаваць вам гэты помнік. Разумею, нядобра гэта, а шкада. Я яго амаль адзін, сам, адной сваёй рукой рабіў... А час ёсць, ёсць...
— Збегай,— падаў Антон пяцёрку Алесю.
— Гэта добра. Гэта трэба, каб пухам ім была зямля! — адобрыў Баглай.
I пакуль Алесь хадзіў у магазін, Баглай прынёс шклянку і напалову ўжо з'едзены гурок.
— Пойдзем вось туды, уніз, за гару. Мы заўсёды туды ходзім, каб вока лішняга не было. I рабочыя, і я. Зараз там нікога няма... Такая ўжо наша работа, мо крыху і зацягнулі, але не думайце, не крыўдуйце, помнік мы вам зрабілі добры...— Пад гэтую яго гамонку яны спусціліся ў роў, уладкаваліся пад кустом вербалозу. Баглай завалодаў пляшкай і спрытна адкаркаваў яе пакалечанай рукой.
— Толькі на гэта і прыгодна,— сказаў Баглай, прыкмеціўшы позірк Рыгора Вечкі.— Мне б абедзве рукі, дык ці сядзеў бы я тут, хоць і справа наша, скажу я вам, ой як патрэбна людзям... Але робім...
— Дзе? — спытаў Рыгор, нібы і не слухаў Баглая.
— Што дзе? — сумеўся тон.
— Руку дзе пакінуў?
— У Югаславіі.
— А я два рабры ў Аўстрыі... А жонка з дзіцем вось тут, дома... I хадзіць далёка не прыйшлося...
— А ў мяне бацька... Помнік яму толькі ніяк не збяруся паставіць, хоць і ўсе ў маёй руцэ.— I ён патрос перад Вечкам сваёй пакалечанай рукой.— Рабіў вось гэты, эксперыментальны, думаў: вазьму яго сабе. Але не выходзіць сабе паспрыяць, некалі ўсё...
— Памаўчым,— сказаў Рыгор Вечка.— Памаўчым. I ім успамінак будзе, і мы адзін другому не схлусім... А помнік не я стаўлю, а сын. I табе, чалавек, як сыну павінна сорамна быць... I мне сорамна. Увесь свой век з мазаля жыву. Мінуткі не маю вольнай, каб азірнуцца. Колькі перароблена гэтымі вось рукамі на гэтай вось зямлі. I ўсё на радасць, на радасць, на радасць, на шчасце, здавалася. А зараз чую: штосьці я прагледзеў за гэтай работай, аслеп і нічога не бачу, акрамя работы. Усё ў мяне ёсць, толькі радасці няма.
— Гэта так,— сказаў Баглай,— гэта бывае, калі на могілкі прыйдзеш. I ў мяне было, ды звыкся ўжо... Не ведаю, не ведаю... Колькі ўжо мы за гэтыя помнікі бяром, а грошы ўоё роўна браць не паспяваем. I часу колькі мінула з той вайны, а ўсё роўна... Раней — труна ды крыж, ды слёз літра. А зараз і не плачуць нібыта, а як бы ў сабе ўсё тояць, зірнеш на яго, а ён як у агні гарыць. Адкуль той агонь? А ці не ўсё роўна — пад помнікам ці пад крыжам ляжаць тым небаракам?.. Так я мяркую... Ці то зноўку якаясьці навала набліжаецца? Дык не сказаў бы... Вось ты, стары чалавек, чаму помнік сёння ўздумаўся ставіць?
— Не чаму, а каму,— сказаў Рыгор.— I не жонцы, і не дзіцяці, а сабе! Таму што жыў такі чалавек на свеце. Рыгор Вечка. I была ў яго жонка Лукер'я. Не з паноў, гарапашнікі. Каб ведалі гэта людзі, шчасцю іх мінуламу і пакутам маім без яе зайздросцілі, я і стаўлю помнік.
— Не-не, не тое ты гаворыш. Шчасце і няшчасце раней на Палессі людзі ў сабе хавалі, на свет не паказвалі. Палешукі — народ сціплы. А ты выхваляешся шчадротай і заможнасцю.
— Не выхваляюся я, а гора сваё над светам узнімаю, хай усе бачаць і пужаюцца. Вось цябе ўжо напалохаў і гэтым рад. Хоць і не разумееш ты яшчэ нічога, а ўжо баішся, то і добра.
Бутэлька апусцела. Па гары ўсе чацвёра, як гусі, нізка прысядаючы і перавальваючыся, палезлі наверх.
— Дык заўтра ў восем раніцы,— сказаў ім на развітанне Баглай.— Глядзіце, чакаць буду. Рабочага, вунь таго, нямога, возьмеце, калі яму што трэба сказаць, пісаць будзеце, ён па пісанаму разумее ўсё. Чарку яму паднесяце, калі скончыце,— добра, не — таксама добра. Як сумленне вам падкажа. Да заўтрага...
I доўга, пакуль не зніклі за горкай, глядзеў ім услед, памахваў рукой.
II
Ноччу была поўня. Змянялася надвор'е. I стары Вечка, як ні імкнуўся, ніяк не мог заснуць. Усё штосьці муляла пад бокам, і рукі, такія патрэбныя раней, былі лішнія, не маглі знайсці сабе месца. Ён клаў іх і за галаву, і пад галаву, і спускаў на падлогу, і ўкрываў коўдрай, але нідзе не было ім месца. «Ды паадрывала б лепей вас»,— раззлаваўся Вечка і не вытрываў, устаў, падышоў да акна, несучы перад сабой свае рукі, нібыта вёслы якія ці то ноч несучы перад сабой на выцягнутых сваіх руках, выставіў іх месяцу і са здзіўленнем пачаў разглядваць, як усё роўна дершы раз убачыў. Нічога цікавага, здаецца. Як шапкі перастаялых грыбоў — мазалі; мазалі — грыбы, выпхнутыя карэннем жыл, даўно загоеныя рубцы ад сякеры, касы, бярвення і куль, свежыя парэзы, у якіх шчыміць і бруіцца яшчэ боль... Усё зведалі гэтыя рукі, што даведзена зведаць рукам чалавечым — і гора, і радасць,— яны ўмелі любіць і ненавідзець, умелі прыласкаць жанчыну і забіць ворага. Цёплыя, нават гарачыя, і не такія ўжо вялізныя, як здавалася раней. Набрынялыя стомай, работай і сілай рукі. Не, дарэмна ён гэта на іх. Штб ён без іх. Але чаго яны ўсхадзіліся сёння — ці то прагультаявалі дзень, ці то адпачынку раней часу запрасілі. Не, не разумеў Вечка сёння сваіх рук.
— Што вам трэба? — сярдзіта спытаў ён у іх.— Будзе раніца, і будзе работа. А зараз адпачывайце. Хутка, хутка вам будзе доўгі-доўгі адпачынак.
Дзіўна, але рукі адазваліся на гэтыя яго словы болем у плячах.
— Глядзіце вы: і яны не без паняцця,— прамармытаў месяцу Вечка і прыпаў да акна, разглядаў прыціхлыя ўначы, абстаўленыя, як вартай, сумным сонечнікам хаты. I зноў паглядзеў на свае рукі, не верачы, што гэтыя хаты зроблены імі.
— А вы памятаеце іх? — спытаў ён у сваіх рук.— Я вось не памятаю ўжо...— Замоўк, прыслухаўся. Рукі лёгка ўзняліся да грудзей, і не было ўжо ў іх ні тугі, ні болю, як бы зусім не было ў яго рук. Рыгор Вечка засмяяўся, ціхенька так, сам сабе, быццам баяўся напалохаць сябе гучным смехам. Дакрануўся далонню да фарбаванага падаконніка. Праз фарбу дзе-нідзе прабівалася хваёвая смала — Вечка нядаўна перасьшаў хату, ставіў новыя падаконнікі,— і гэтая смала як бы звязала, з'яднала яго руку з дрэвам, і ў дрэве, і ў яго руцэ, здавалася яму, журчыць- струменіць адзіная кроў. Ён асцярожна адняў руку, пазногцем адкалупнуў кавалачак смалы, расцёр яе па далоні і адчуў радасць далоні, якая пахне смалой, здаецца, убачыў дрэва, з якога зрабілі падаконнік, адчуў яго пругкую моц, звонкі смех сякеры і нецярплівы грукат свайго сэрца.
I ўсе зробленыя Рыгорам па сведе хаты паўсталі перад ім. Цэлы горад ці вялікая-вялікая вёска. I ўсе яны ўсміхаліся яму вокнамі, ён бачыў іх усмешку, чуў, як тонка пастрэльвае, сохне ад сонца бярвенне, адчуваў, як прагна п'е цяпло, месячнае і сонечнае святло мох, і цяпло струменіць, струменіць па бярвенні, ахутвае радасцю сэрца. Ён глядзеў і не мог наглядзецца на свае хаты. Яны стаялі, як намаляваныя, перад ім, ладныя, жоўта-звонкія, і ішоў з комінаў іх дым... I раптам усё знікла. Месяц закрыўся хмарай, і з гэтай хмары адбілася на зямлю ценем маленькая хатка-сцёбачка і паўстала перад акном нядаўна перасыпанага Рыгоравага пяцісценка.
Ён пазнаваў і не пазнаваў гэтую сцёбачку. Яна была як сапраўдная, толькі ад гэтай сапраўднасці не пахла жыллём, чалавекам. Зноў выйшаў месяц, зноў быў перад ім пабудаваны яго рукамі горад ці вялікая-вялікая вёска, але Рыгор глядзеў толькі на сцёбачку, маленькую-маленькую хатку, з якой усё і пачалося, з якой пачаўся і ён сам. I так шкада было яму яе, так хацелася ўвайсці туды, схавацца і не выходзіць, што Рыгор застагнаў і кінуўся прэч ад акна, захутаўся коўдрай і прыціснуўся да жончынага мяккага пляча.
— Чаго? Чаго табе? — мармытнула тая спрасонку і працягвала спаць.
Рыгор адхіснуўся ад яе цёплага цела і зашаптаў:
— Ты прабач, прабач мне, Лукер'я...
А сцёбачка стаяла ўваччу, хоць ты вочы выдзірай. Ен успомніў, як ставіў гэтую сцёбачку. Употайкі ад усяго свету браў на станцыі шпалы, цягаў аполкі. I ў сцёбачцы заўсёды, колькі жыў ён у ёй, як ні мазаў сцены глінай, пахла крэазотам. Рыгор уздыхнуў, і здалося яму, што хапіў не паветра, а крэазоту, крэазотам дыхнула ў яго новай хаце. Рыгор усхапіўся, прыгледзеўся і толькі цяпер пачуў, як цяжка дыхае жонка.
— Ты не спіш? — ціха спытаў ён яе, больш за ўсё жадаючы, молячы яе, каб яна не адазвалася, нават калі і не спіць.
I яна не адазвалася, мо і сапраўды спала, а мо разумела яго, не хацела падаваць голасу. I Рыгор тую ж хвіліну забыў аб ёй, быццам ніколі яе і не было, загаварыў з той, мёртвай, для каго мёртвай, а для яго заўсёды жывой:
— Нічога, нічога, Лукер'я, спі, спі, нічога мне не трэба...— I, як бы баючыся парушыць яе сон, сам сабе: «Ты прабач мне, Лукер'я. Лепшай, чым ты, мне жонкі і не трэба было. Але што рабіць... Мо я і вінаваты перад табой, але што рабіць, калі тыдня, тыдня ты не дажыла да вызвалення, і за гэты тыдзень я пакутую ўсё жыццё... Перш думаў, што так адзін ужо і дажыву свой век, але што рабіць, што рабіць. Яна была такая ж, як і я, беспрытульная, знявечаная вайной. Я страціў цябе, яна страціла мужыка. I што нам было рабіць? Мо гэта і лепей, што мы сышліся і я на якісьці час забыў цябе... А я імкнуўся і ў чужой душы знайсці, адкрыць хоць часцінку цябе. А з гэтай жанчынай мы былі роўныя: у яе ад першага мужыка засталася дачка, у мяне — ад нас з табой — сын, я страціў цябе, яна страціла мужа. I абое мы былі страчаныя. А зараз у нас дзеці...»
Рыгор сціх і зноў прыслухаўся да дыхання жонкі. Яно было такім жа цяжкім, і няроўным, і чужым. Чужым, чужым. Такім, што ён адразу і не зразумеў, хто гэта ляжыць побач з ім, адкуль узялася гэтая жанчына. Яму стала сорамна і горача, нібыта ён ляжаў з ёю на вачах у Лукер'і. Рыгор ненавідзеў гэтую жанчыну, узненавідзеў за якуюсьці адну хвіліну. Яшчэ крыху — і ён скінуў бы яе з ложка. Ён ненавідзеў яе сапенне, яе цяжкае дыханне, яе любоў да яго і пакуты за яго. Нічога-нічога яму не трэба было ад гэтай жанчьшы, абы знікла яна, толькі ніколі не было б яе ў яго жыцці. I ён быў бы шчаслівы. Гэта яна, тая, што ляжыць разам з ім, цяпер вінавата ва ўсім.
Рыгор адчуў, што несправядлівы да сваёй жонкі, да сваёй другой жонкі, але з прабачэннем ён зноў звярнуўся да Лукер'і: «Дзе той справядлівасці назапасішся, Лукер'ечка...» Яму захацелася згінуць і ніколі-ніколі не бачыць вачэй жанчыны, з якой ён пражыў амаль трыццаць год. Трыццаць год прайшло, а Лукер'я, як жывая, перад вачыма. усё — як сёння...
I Рыгор зноў уголас застагнаў ад пякучага болю.
Другая жонка, якая нарадзіла яму траіх дзяцей, якая была яму цяпер зусім чужая, пачала клапатліва падхінаць пад яго збітую коўдру. А яму ад гэтай яе соннай клапатлівасці і пяшчоты было яшчэ ніякавацей, яшчэ цяжэй. Не мог ён у гэтую хвіліну нічога прыняць ад яе, нават такой дробязі, як коўдра, не хапала і сілы, каб адштурхнуць яе руку.
Ён пражыў з ёй каля трыццаці гадоў, але так і не ведаў: кахае яна яго ці не, не ведаў, ці кахае ён яе. Раней Рыгор баяўся такога пытання, а пазней яно стала лішнім. Жылі сабе, ды і ўсё. I яна, напэўна, маўчала аб гэтым, таму што берагла памяць аб сваім першым мужу і ўсё жыццё саромелася яго, Рыгора, а ён саромеўся яе. Жылі — як быццам укралі шчасце. А разабрацца, дык ці вінаватыя яны ў чым, ці вінаватыя ў тым, што былі шчаслівыя? I колькі такіх, як яны, на свеце?
«Ці гэта ва ўсіх так? — падумаў Рыгор.— Бедныя-бедныя людзі, за што вам такія пакуты? I ці ёсць вінаватыя? Прабач, прабач, Лукер'я, табе там не лягчэй, чым нам тут. I не зайздросць, не зайздросць мне, як не зайздрошчу я табе. Я ехаў дамоў з Германіі і вёз табе падушку з пер'я, добрую падушку. Я вёз яе, хаця ўжо і здагадваўся, што не трэба табе падушка, там, дзе ты, ужо спяць без падушак, але спадзяваўся... вёз. Падушку і стары веласіпед. Веласіпед разбілі браты мужа маёй будучай другой жонкі, напэўна, каб я ніколі больш не прыязджаў да яе.
Я бачыў, як яны ламалі яго. Разганялі і на ўсім хаду білі ў калоды, якія ляжалі пасярод вуліцы. Да крыві паразбіваліся самі, веласіпед хоць і старэнькі, але ўсё ж быў моцны. Я стаяў каля акна і наглядаў, як яны яго даводзілі да ручкі, і мне было зусім не шкада яго. Мне здавалася, што гэта разбіваецца мой успамін, мая памяць аб вайне. Хлопцы былі дужыя і злосныя, яны любілі свайго брата і разбілі мой веласіпед ушчэнт... А я любіў цябе, Лукер'я, я радаваўся, што яны любяць свайго брата, мо мы з ім дзе і сустракаліся на вайне, мо ён мне і выратаваў жыццё ў Аўстрыі... Мо ты там, на тым свеце, сустрэла яго і вы разгаварыліся адно аднаму, успомнілі тых, каго пакінулі, і зрабілі ўсё, каб мы сустрэліся з гэтай жанчынай, яго жонкай, бо трэба ж было гадаваць сірот, трэба ж было камусьці ставіць іх на ногі.
Я выйшаў на ганак, хлопцы ўжо чакалі мяне, яны паднеслі мне на руках тое, што засталося ад веласіпеда.
— Гэта мой вам падарунак, мае даражэнькія,— сказаў я ім.— Больш у мяне нічога няма.
А яны, дурні, нічога не зразумелі. Маладыя. Глядзелі на мяне і радасна, здзекліва пасміхаліся... Калі мне паднеслі веласіпед, я ўжо ведаў, што назаўсёды застануся ў гэтым доме. Калі браты мужа берагуць так нявестку, то яна павінна быць добрым чалавекам. А я шукаў не так жонку, як добрага чалавека, маці нашаму сыну.
Прабач, Лукер'я, што я не спытаў у той час дазволу ў цябе. Але я пытаў яго ў неба і ў ночы. З маёй будучай жонкай мы крыху пазней пайшлі на вечарынку ў пустую хату на ўскрайку сяла. Тады яшчэ былі пустыя хаты, хаты, у якіх баяліся жыць, якія чакалі сваіх гаспадароў. У той пустой хаце я разам з іншымі па чарзе крычаў у даўно не прапалены комін і слухаў рэха. Гэта так удовы і ўдаўцы пыталі лёс, што ён ім накануе, каго пашле, чыім імем адзавуцца ноч, комін, хата. Гэта была мая не першая вечарынка. I не першы крык у апаленую цемру. Але да гэтага разу я не чуў, каб мне хто адказаў. Акрамя цябе, Лукер'я, акрамя цябе, мне заўсёды выпадаў твой голас... А тады... Я крыкнуў, кінуў голас у неба і ноч і замёр. I ты, гэта быў твой голас, Лукер'я, ты азвалася ў.тую ноч імем маёй будучай жонкі. I па дарозе дамоў я сказаў ёй:
— У мяне ёсць сын. Яна адказала:
— А ў мяне расце без бацькі дачка.
Больш мы ні аб чым не гаварылі. Ды і аб чым было гаварыць? Хіба гэтага мала? Усё астатняе за нас сказалі стрэлы. Адзін па табе, Лукер'я, другі — па яе мужу. Што мы маглі дадаць да гэтых стрэлаў, ці маглі мы іх заглушыць, ці маглі мы адвесці кулі?.. Мы збудавалі новую сям'ю.
Вось і ўсё, Лукер'я, цяпер судзі мяне... Далей была работа, да сённяшняга дня я не разгінаўся. I зараз яе дачка і наш з табой, Лукер'я, сын выйшлі ў людзі, яны пажаніліся — жонка і муж. Жывуць спраўна... Спраўна жыву і я. У мяне ладны дом, карова, парсюк, але... лепей бы я жыў у нашай крэазотавай сцёбачцы... Прабач мне, што я даўно не праведваў цябе. Перш заходзіў часцяком, але потым яксьці стала не па дарозе... Ну, ды нічога, нічога, сёння ўжо сустрэнемся. Дзякуй сыну, што падрыхтаваў гэтую сустрэчу».
Рыгор падняўся і падышоў да сыноў. Тыя спалі на адным ложку, па-дзіцячы абняўшы адзін аднаго. Рыгор пастаяў над імі, хацеў паправіць ім падушку, але перадумаў, пагладзіў па галаве аднаго і другога і пайшоў да свайго ложка. Ужо развіднела, шэры золак ліўся ў акно. I можна было разгледзець твар жонкі, якая ляжала галавой к акенцу. Гэта быў змучаны твар, ля вуснаў, паміж броваў і на скронях стаіўся боль, ён маршчынкамі, як промнямі, рэзаў твар, перакошваў яго і збіваў дыханне і торкаў жанчыне ў павекі. Але зусім іншага шукаў у гэтым твары Рыгор, а чаго — і сам не ведаў. Ведаў толькі, што болю яе палегчыць сёння не зможа. Сёння ён быў жорсткі, як бывае жорсткім чалавек, які парывае са сваім каханнем. А гэты сонны і не сонны твар на світанні быў незнаёмы яму, зусім-зусім чужы. Рыгор раззлаваўся на яго і абурыўся на сябе за гэтую сваю злосць. I яму стала горка, што каля трыццаці гадоў пражыў з жанчынай, выгадаваў траіх дзяцей і не ведае яе, не можа вось цяпер палажыць ёй руку на плячо і расказаць усё-ўсё, мо і паплакаць...
Ад усёй жыткі з ёю толькі таго і ўспаміну: ноч, у якую крычаў у комін.
А што на сэрцы ў гэтай жанчыны, ці ляжыць яе сэрца да яго, ці ляжыць яго сэрца да яе... Горнецца, горнецца яна да яго часам, а ён... I ў яго штосьці адрывалася ад сэрца, калі чуў, як плакала яна іншы раз ноччу. Дык любіць ён яе ці не? Прабач, прабач, Лукер'я... а як бы ты хацела, а чаму ты больш радавалася б... Так вось, Лукер'я, няхай сёння маладыя разбіраюцца: любіць — не любіць. А яму і ёй трэба глядзець адно аднаго, колькі той жыткі засталося...
Вечка яшчэ крыху пастаяў, пастаяў і лёг ціхенька, каб не патрывожыць жонкі. I сэрца яго напоўнілася радасцю, той самай радасцю, якая больш за трыццаць год прыходзіць да яго кожны дзень, калі прыгадае, як вечарам бег дванаццаць кіламетраў ад сваёй вёскі да вёскі Лукер'інай.
У вокны ружова струменілася сонца.
Толькі закрыў вочы, здаецца, і не засынаў, а перад ім Лукер'я маладая, у вясельным адзенні і нейкая зусім засмучаная.
— А навошта ж ты мне, Рыгор, гэты камень ды на грудзі? Цяжка мне, цяжка, Рыгорка...
— Аб чым ты, Лукер'ечка, які камень? Вяселле, вяселле, коні вунь пад дугамі, у стужках, цуглі грызуць, бачыш?
Усхапіліся коні. Панеслі коні маладую ад жаніха.
— Стой, пачакай, Лукер'я, як жа я без цябе?
Куды там! Толькі конскі храп ды смех маладой і голас яе:
— Ра-а-на, рана табе яшчэ, Рыгорка, да мяне. Жыві, жыві, Рыгорка...
— Го-о-о-р-ка...
Рыгор падскочыў ад гэтага воклічу...
III
Яшчэ не было і васьмі гадзін, калі яны зноў прыйшлі на камбінат. У варотах іх стрэў Баглай, падхапіў старога Вечку пад руку і цавёў за сабой у хатку, у якой учора спявалі жанчыны, што плялі вянкі, зацягнуў у куток, адгароджаны фанерай, і заўвіхаўся каля стала, хаваючы ад Рыгора вочы. Той не ведаў, што і падумаць.
— Ну, дык падабаецца табе помнік? — спытаў нарэшце Баглай Рыгора.
— Помнік як помнік...
— Эксперыментальны, эксперыментальны,— падхапіўся Баглай.— А што ты мне параіш ставіць? Эксперыментальны ці лепш той стары, дзешавейшы?
— Стаў эксперыментальны.
— Во і я так думаю,— з палёгкай уздыхнуў Баглай.— Ну, давай тады выпі са мной, добры чалавек, каб зямля была там пухам. Прымі чарку за яго і мой спакой.
Баглай разліў гарэлку па шклянках, і яны выпілі. Памаўчалі.
— Ну як, яшчэ па адной? — спытаў Баглай, гледзячы не на Вечку, а на бутэльку.
— Не, хопіць...
— I я думаю, што зранку хопіць. А зараз я табе пачну мастака даставаць. Зноў не выйшаў на работу, халера ясная.— I ўзяўся за тэлефон.— Не, не магу я цябе за вароты выпусціць з дошкай без надпісу, сумленне не дазваляе. Не... надпіс — гэта ўсё...
— Калі ты такі сумленны, дай мне лепей машыну, з'езджу да швагра па жалеза пад пліту.
— От і добра, от і добра, і табе дзела, і мне справа. Жалеза трэба, трэба.— Баглай з радасцю шпурнуў на апарат маўклівую трубку і выбег на вуліцу.
Наконт жалеза Вечка дамовіўся са шваграм ужо даўно, толькі не выпадаў час забраць гэтае жалеза. А цяпер яму было' крыху ніякавата ехаць да швагра, па-першае, таму, што выпіў, па-другое... тое ж, што і па-першае. Швагер пачуе гарэлку і ўвяжыцца за ім. А старому Вечку не хацелася, каб нехта са знаёмых ці то родных, акрамя кроўных, ехаў з ім сёння на могілкі.
Але нічога не зробіш. Пад ніз помніка трэба было тоўстае жалеза, на камбінаце такога не было. Швагер паабяцаў нарэзаць на будоўлі, дзе рабіў зваршчыкам.
У швагра быў выхадны, і ён якраз збіраўся ў грыбы. Узрадаваўся Вечку:
— Добра, што ты пад'ехаў, а то і не ведаў, як дзень пражыць. Акурат паспеў, я з хаты яшчэ не сышоў. Праедуся па ветрыку з табой...— I скочыў да Рыгора ў кузаў.
— Зноў учора піў,— зірнуў на яго чырвоныя вочы Рыгор і не вытрываў, упікнуў: — Ох, Адаме, Адаме, нічога цябе не бярэ.
— А што мяне возьме? — узбуджана рагатнуў Адам, прынюхаўся да Рыгора.— Хіцёр Зміцёр, а з Івана дурня робіш. Сам ужо ўрэзаў зранку... Ці не маладую прадаўшчыцу завёў, што да дзесяці табе прадае?
— Ну, брат, не, нічога цябе не бярэ...
— А што мяне возьме? Сам Герынг па маю душу прылятаў і не змог яе ў мяне ўзяць. А гарэлка мне толькі на карысць ды на радасць. Вось мо і ты паднясеш чарку.
— Ды куды ад цябе дзенешся... Хату хоць дарабіў?
— Дарабіў... На які толькі ляд яна мне здалася. Васемнаццаць гадоў будаваўся і збудаваўся. А ў хаце пуста. Сын з'ехаў, дачка замуж выйшла. Я ды жонка засталіся, як сабака з кошкай... Ці то дзіця яшчэ на смех завесці, ці кабанчыка прыдбаць, каб весялей было? — I загрукаў па кабіне, калі машына параўнялася з разбітай, з чырвонай цэглы сцяной.— Стой тут,— загадаў шафёру, а сам саскочыў на зямлю, агледзеўся і знік у дзірцы ў сцяне. Адзін за адным прасунуў Рыгору праз гэтую дзірку чатыры жалезныя абрэзкі і вылез сам.
— Вось такія мне на грудзі,— пагладзіў бэлькі,— і ўжо ніколі галава з пахмелля балець не будзе. Так ці не?
Рыгор не адазваўся. I ўсю дарогу назад маўчаў. Ля помніка яшчэ здалёк ён прыкмеціў Баглая і двух сваіх сыноў...
— Няма мастака,— сказаў Баглай.— Халера ясная, няма, і ўсё. Як скрозь зямлю праваліўся. Усюды абзваніў... Ніхто не ведае, куды чалавек дзеўся...
— Трэба ехаць. Адклад не ў лад.
— Але ж... сумленне не дазваляе. Без надпісу дошка, халера ясная.
— Ідзі ты са сваім сумленнем,— з крыўдай і жалем у голасе сказаў Вечка.
— Як такіх толькі на рабоце трымаюць,— абурыўся і Адам. Але Вечка не падтрымаў яго. Не хацеў ён гэты дзень пачынаць са сваркі, дый шкада яму было Баглая.
— Ды я ж як лепей хачу,— разводзіў той рукамі.— Прыдумаў. Налью вам у шклянку лаку, ваткі дам, на могілках літары самі і пафарбуеце. Мастака цяпер тыдзень не будзе. Такі ўжо гэта чалавек, халера ясная...
Яны ўжо выехалі са двара, як раптам Вечка схамянуўся:
— Дошак, дошак не ўзялі. Стой...
— Абыдземся,— паспрабаваў угаварыць яго Адам.— Нельга вяртацца, няшчасце будзе.
— Адчапіся, што мы без дошак...
— Будзе няшчасце,— гаварыў Адам.— Будзе няшчасце, будзе...
I сапраўды. Толькі павярнулі на мост праз раку — з завулка выскачыў на добрай хуткасці нагружаны МАЗ. Якраз нацэліўся бокам у борт, дзе сядзелі стары Вечка і Адам. I здавалася, ужо ўсё, нідзе няма паратунку. Адама з Рыгорам асляпіў белы твар шафёра МАЗа, нібыта яго абсыпалі мукой, яны ўчапіліся адзін за аднаго і прыліплі да абабітага жалезам борта машыны.
«За што, Лукер'я?» — толькі і паспеў прамовіць сам сабе Рыгор, а МАЗ, якімсьці цудам не крануўшы іх машыны, прамільгнуў перад вачыма, ахінуў іх густым воблакам дыму і лёгка так пакаціўся з гары.
— Няўжо пранесла? — імкнучыся збіць з сябе страх, пачаў атрасацца Адам.
Рыгор паглядзеў на сыноў, тыя нічога і не зразумелі, напэўна. Сядзелі сабе і глядзелі на раку.
«Сыноў пашкадавала. Адвяла бяду ад сыноў,— падумаў Вечка.— Вось аб чым ты сёння ў сне папярэджвала мяне. Гэта добра, Лукер'я, і за гэта дзякуй табе. Не хочаш ты мяне бачыць. А што я магу зрабіць? Не толькі дзеля сябе жыву на гэтым свеце. Во як стрэнемся, тады іншая справа. Пачакай ужо, Лукер'я, пачакай. Толькі вось пастаўлю хатку апошняму сыну і тады свабодны я, можаш забіраць мяне да сябе... А цяпер не пужай мяне, не пужай, таму што дарэмна гэта. Усё роўна я сёння буду з табой. Калі я табе такі нямілы, прывязу да цябе тваю маці. Толькі ты прабач: я не ведаю, ці жывая яна, ці ўжо даўно з табой. Разышліся нашы дарогі. Страшна і падумаць, як раз'ядноўваюць людзей ці то жыццё, ці то смерць, чаго сцерагчыся на гэтым свеце трэба, Мо ты мне што-небудзь падказала б? Цяжка мне ехаць да цябе, каб ты толькі ведала, як цяжка. Чаму — і галавы не прыкладу. Не ведаю, дзе, калі і як правініўся я перад табой. Мо тым, што застаўся жыць? Дык ты павінна знаць, што я не бярог сябе, шукаў смерці, а смерць мяне не брала. I з гэтым МАЗам ты добра прыдумала, добра. Толькі пачакай ужо трошкі. Больш як чвэрць веку чакала, ну і яшчэ крышачку, я ад цябе нікуды не дзенуся. Я хачу пабачыць цябе, пакуль яшчэ жывы, пасядзець каля цябе, убачыць цябе маладой, успомніць, як добра ў нас з табой усё пачыналася».
А машьгаа тым часам вырвалася з гарадскога асфальту і затраслася па бруку. Па дне кузава пачалі раз'язджацца жалеза, мармур, пясок. Антон учапіўся за пліту. За яе баяўся найбольш. Яму здавалася, што, калі трэсне пліта, будзе тое ж самае, як маці загіне яшчэ раз. Яму здавалася, што вось у гэтую хвіліну ён ратуе не пліту, а маці. Пліта, камень, ператварылася для яго ў маці. I ад таго, што гэта быў маўклівы камень, мёртвы камень, пры кожным подкідзе машыны яму было больш балюча, чым тады, калі б замест пліты быў жывы чалавек. Антон амаль прасіў пліту вытрываць, не разбіцца, і, калі б можна было, ён лёг бы сам пад яе, толькі было б ёй мякка. А дарога была няўмольная. Яна кідала людзей і камень на адзін, на другі бок, то гнала наперад, то адсоўвала назад, то нібыта імкнулася пазбавіцца ад іх зусім, падкідвала іх высока ўгору. Была здзіўлена, што такія ўчэпістыя гэтыя людзі. Кончыўся брук, і стала яшчэ горш. Хвойнік і бярэзнік абапал дарогі парадзелі, пайшлі выжары, балоты, а потым замільгацелі белыя выспы пяску.
Набліжалася вёска. Непрыкметна да самай дарогі падбегла бульбяное поле. Захутаныя пад самы падбародак хусткамі, па полі хадзілі жанчыньт з бляшанкамі ў руках і раз-пораз нахіляліся і штосьці абіралі з бульбоўніку, напэўна, каларадскіх жукоў.
— Спыні! Спыні! — раптоўна ўгледзеўся ў гэтых жанчын і поле Адам, крычаў і махаў рукамі.
Машына стала. Ён лёгка скочыў на зямлю і накіраваўся да ўзгорка, да адзінокай, са ссечанай, высахлай вяршалінкай бярозкі на ўзгорку. Параўняўся з бярозкай, спыніўся, пакруціўся вакол яе і бягом, з усіх ног, кінуўся назад.
— Вось тут за мной і ганяўся той самы падлюка Герынг,— сказаў Адам Рыгору, калі яны ўжо кранулі далей.
Рыгор не першы раз чуў ад Адама пра Герынга і змоўчаў: цішыні, роздуму прасіла яго душа. I Адам, як зразумеў гэта, павярнуўся да хлопцаў, закрычаў на іх:
— Вы чаго тут сядзіце, як ёлупні, чаго? Трыманце помнік, такая дарога паб'е, патрушчыць усё. Не давезямо, добра трымайце.— I ўчапіўся ў абрэзкі стальных двухтаўровых бэлек, нібыта тыя маглі разбіцца. Алесь па яго прыкладу ўзяўся падтрымліваць дошкі. Яму ўжо даўно было крыху не па сабе. Маўклівасць бацькі, брата і гэтых мармуровых пліт ужо даўно гняла яго, быццам ён сапраўды ехаў у машыне разам з нябожчыкам, сядзеў каля труны. I ён баяўся дакрануцца да каменя, дошак, жалеза.
Алесь папракаў сябе за такія думкі, але і інакш думаць не мог. Да таго ж, ён баяўся, што гэтая мёртвая жанчына можа ўпікнуць яго за такія думкі, ён ніяк не мог пазбавіцца ад адчування, што жанчына тая знаходзіцца побач з ім, стаіць за яго спіной, і абрадаваўся выбуху энергіі Адама...
А сам Адам ужо забыў пра свой загад, устаў, абхапіў пліту і ехаў стоячы, не зважаючы на бясконцыя штуршкі. Рот яго быў скрыўлены ў нямым безгалосым крыку. Ён сапраўды крычаў, але ніхто не мог яго чуць, як ніхто не чуў і тады, каля трыццаці гадоў назад, калі па яго душу прылятаў той самы падлюка Герынг. Тады на гэтым полі не было яшчэ бульбы, нічога не было. Адам толькі араў яго, каб засяваць, рыхтаваў і сам не ведаў, пад што, бо не было чым засяваць поле ў тую далёкую вясну. Пара старых валоў рухалася паволі, Адам сцябаў іх і ўгаворваў і плакаў у разоры. А валы сабе хоць бы што, нават не аглядваліся на яго біццё і слязу, зрэдку пакручвалі абрэзанымі хвастамі і ішлі марудна.
Раптам яны ўзнялі галовы, навастрылі вушы і пайшлі самі па сабе спорным, добрым крокам. Адаму нават ужо прыходзілася бегчы за імі. А з-за лесу, з-за хмар выплывалі на поле, накіроўваліся да чыгункі чатыры нямецкія самалёты. Яны нізка праляцелі над Адамам з яго валамі. Адзін, а мо і два з іх сыпанулі па аратым з кулямётаў. I на чыгунцы загрымелі выбухі. Валы пайшлі яшчэ шпарчэй, і хлопчык ледзь паспяваў кіраваць імі, ледзь паспяваў выцягваць з зямлі цяжкі плуг і зноў заганяць яго ў зямлю. Тлустая зямля, даўно не араная, нібыта счарсцвелая луста хлеба, развальвалася пад плугам.
Выбухі сціхлі, самалёты адбамбіліся і вярталіся назад.
Яны зноў былі над Адамам з валамі. Дзіўна, але яму ў той час і ў галаву не прыйшло схавацца. Ды і дзе схаваешся — вакол голае поле, адзіная толькі бярозка пасярод узгорка. Самому яшчэ так-сяк, ці то пад бярозку, ці то сунуў галаву пад скібу зямлі, а валы? Куды дзяваць валоў? Гэтая лядашчая пара была амаль адзінай жывёлай у калгасе. Загінуць валы, то што ён мусіць сказаць старшыні, чым апраўдаецца. Не, лепш ужо што будзе, тое будзе.
I Адам ішоў па полі пад далёкія выбухі бомб, а потым і пад блізкія, прызначаныя яму кулямётныя чэргі. Лётчыкі, усе чацвёра, далі па чарзе па ім і па валах, але кулі мінулі іх. Тры самалёты паляцелі сваёй дарогай, зніклі ў небе, а чацвёрты развярнуўся і пайшоў на Адама. Ён быў адкрыты самалёту з усіх бакоў і бездапаможны. I нямецкі лётчык секануў вясновую зямлю кулямётнай чаргой перад самымі мордамі валоў. Тыя спыніліся, Адам што моцы ўрэзаў іх пугай і, захлынаючыся слязьмі, прыпаў да плуга:
— Пайшлі, ваўкарэзіны.
I валы пайшлі. А самалёт рабіў новы заход на яго. Адам ужо азіраўся, куды знікнуць, а знікаць не было куды, толькі ў зямлю, стаць самому насеннем, зернем. Голая, неўзараная зямля ляжала перад ім. На ёй ужо тры гады нічога не расло, акрамя пустазелля. I неба над яго галавой было ,чысцюткае, ні адзінай хмаркі, ні адзінай плямінкі. Сонца ды нямецкі самалёт — больш там нічога не было. I самалёт зноў густа сеяў па полі кулі, курэла толькі ўсохлая зверху зямля. I кожная з куль, здавалася Адаму, праходзіла праз яго цела. У яго ўжо не было сілы і баяцца. А нямецкі лётчык, напэўна, паставіў сабе за мэту знішчыць гэтага аратага. Спачатку ён думаў толькі напалохаць яго, пасмяяцца, як пойдуць наўскач валы, як зайцам заскача па полі гэты хлопчык. А яны, можа здавалася яму зверху, не звярталі на яго ўвагі. А ён, відаць, быў майстрам сваёй справы, гэты лётчык, добрым майстрам.
Самалёт, здавалася аратаму, пайшоў прама на яго. Пайшоў без стрэлаў, убіваючы яго гукам у зямлю. I пад гэтым нясцерпным гукам валы спыніліся, павярнулі адзін да аднаго морды. А Адам падняў галаву. Ён разгледзеў чорныя крыжы на баках самалёта, срабрыста-белы, як у шчупака, жывот яго. Разгледзеў схаваны пад цэлулоідам кабіны ў ахоўных вялізных акулярах твар лётчыка. Выскачыў з разоры і замахнуўся на самалёт пугай. Самалёт узмыў, ірвануўся ў неба, быццам гэтай дзіцячай пугай можна было збіць яго.
А лётчык як ашалеў, ён кідаў і кідаў самалёт на аратага. Сек зямлю кулямі. Араты і валы рабілі сваю справу. I спыніліся толькі тады, калі самалёт, завываючы, знік у небе. Адам кінуў плуг і валоў і, размахваючы пугай, секучы ёю паветра, пабег, пабег у той бок, куды паляцеў самалёт. Бег, падаў, ускокваў, зноў бег, згубіў пугу і не стаў яе пгукаць. Выставіў у неба сціснутую ў кулак правую руку, прыціснуў яе ў локці левай і памахаў услед самалёту:
— Вось што табе, падлюка Герынг... а не маю душу...
Вярнуўся, падняў пугу і пачаў аглядацца. Перад ім было ўсё тое ж, знаёмае яму да апошяяга каменя поле. Знаёма дыміла наводдаль комінамі вёска, і непаслухмяныя валы стаялі мёртва на ўзгорку, хоць ты іх і забі. I ён біў іх пугай, і кулакамі, і адсечанай кулямі вяршалінкай бярозы. Валы ні з месца. Тады ён заплакаў апошні раз у жыцці, упаў грудзьмі на зямлю, прыпаў да яе зарумзаным тварам, забіў зямлёю нос, рот, біў зямлю кулакамі.
А назаўтра пакінуў вёску, з'ехаў у горад.
I вось перад ім была зноў яго родная вёска. Ён уязджаў у яе, прыціснуўшыся грудзьмі да мармуровага помніка, па ўсё такой жа дарозе.
IV
Рыгор з болем і з радасцю ўглядаўся ў блізкую вясковую вуліцу. Ён пазнаваў яе і не пазнаваў і не мог зразумець, што здарылася ці то з ім, ці то з вуліцай. На ранейшых месцах стаялі калодзежы. Мо іх было крыху больш, але яны былі амаль такія ж і не такія, да якіх ён прывык. На імгненне ён убачыў адбітак свайго твару ў зялёным кабінным лаку машыны і адразу супакоіўся. Толькі зашчымела-зашчымела сэрца: гэта змяніўся ён, Рыгор Вечка, а вёска засталася нязменнай. Ён старэў, старэла ў яго памяці вёска, а яна амаладжалася. Усхапіліся зелянінай вакол хат сады.
I цешчына хата таксама памаладзела. Ён расчыніў веснічкі і амаль сутыкнуўся са старой. Разгубіўся і не знайшоў нічога лепшага, як толькі спытаць:
— А ці нельга ў вас тут вады папіць? — словы гэтыя вырваліся ў яго самі сабой, і ён тут жа пашкадаваў аб іх. Перахапіла дых, быццам ён бразнуўся вобземлю з каня. А старая нічога не разумела і не пазнавала яго. «Забыла, напэўна,— з ціхім смуткам падумаў Рыгор.— Колькі ўжо год прайшло, колькі год ужо ёй? Бог яго ведае, тут свае гады няма калі лічыць».
Следам за Рыгорам у двор забег Антон. Убачыў старую, стаў паблізу бацькі.
— А дзетка ты мая, і крошачкі матчыныя сабраў,— кінулася да яго бабуля, заабдымала, загладзіла.— Міхаська, Міхаська, родненькі...
— Антон я, Антон, бабуля! — Антон прыпаў да яе высахлага, лёгкага цела.
— Не, не, блытаеш ты, Міхаська, Міхаська — ты. Антось загінуў... Загінула дзіцятка...
Антон не пярэчыў ёй, і не таму, што не хацеў хваляваць старую, не таму, што перахапіла дыханне, а таму, што ён сапраўды не ведаў, як яго завуць. I ніхто гэтага не ведаў... Міхась і Антон — два браты-блізняты. Адзін з іх загінуў, ледзь навучыўшыся хадзіць. Хто? Хто? Бабуля гаворыць: Міхась, а ўсе астатнія — Антон. А ён сам, той, каго клічуць сёння Антонам?
— Ці ты не пазнала мяне, мама? — пытае ў старой Рыгор.
— Як жа, Рыгорка, цябе не пазнаць...
Выйшла на ганак на галасы старэйшая Лукер'іна сястра, амаль такая ж старая і без узросту, як і маці.
— Дзе тут у вас магазін? — спытаў у яе Рыгор, калі ўжо крыху нагаварыліся і паплакалі.
— Ды ты што,— абурылася дачка.— Ды ці я для сваёй сястры пашкадую чаго... Дзякуй богу, пакуль што ёсць свая, як ведала, прыдбала. Сын жэніцца, выгнала трохі... Прабачце, з вамі не паеду. Няхай там сястра не крыўдуе ўжо на мяне, картоплю абганяла, ухадзілася, ног няма. А гарэлкі знойдзем, пасядзіце там, усё каб як у людзей было... А ты, мама, паедзеш?
Старая паглядзела на яе з папрокам і пачала збірацца. Яна доўга, вельмі доўга ішла па двары якіхсьці дваццаць крокаў. Рыгор з Антонам потым доўга падсаджвалі яе ў кабіну. А Алесь кідаў у кузаў цэбрыкі, рыдлёўкі, насіў ваду. Нарэшце кранулі. Шафёр ехаў цяпер асцярожна, ціха, бярог старую. I Рыгор быў удзячны яму, бо ўсё імкнуўся аддаліць тую неймаверна страшную гадзіну сустрэчы.
I вось могілкі. Старыя, лясныя, неабгароджаныя, зарослыя ціпчаком і верасам. Машына спынілася. Пакуль у кузаве раздумвалі, прыходзілі ў сябе, старая хуценька расчыніла дзверцы і была ўжо на зямлі. Заламала рукі і загаласіла, залямантавала:
— Ох, донька, донька, ды хто ж гэта да цябе прыехаў? Ды адкрый ты вочы, ды паглядзі толькі. Хто ж топча цяпер твае сцежкі, хто па іх ходзіць, доню ты мая, доню...— I пайшла, як сляпая, натыкаючыся на крыжы і прыпадаючы да кожнага з іх.— Ды чаго ж табе, маладой, не жыць было, ды навошта ты маю кулю прыняла. Заступіла я твой век, заступіла, жыць бы табе ды жыць ды не бачыць бы і не чуць бы маіх слёз...
— Дзе? — не вытрываў Адам.
— Здаецца, вось гэта,— адказаў Рыгор.— Крайняя была. Як бег на паяздок колісь, дык заўсёды заглядваў.
— Ох не, Рыгорка, ох не. I магілку ўжо забыў. Ты чуеш, Лукер'я, ці ж ты чуеш?
Антону стала страшна: а што, калі не знойдуць магілы маці, што рабіць будуць?
Ён, Антон, ішоў па свеце, будаваў дамы і новыя гарады, не раз сядзеў у прэзідыумах і ўгінаўся ад радасці апладысментаў, а ў далёкім Палессі сярод хвой стаялі пры дарозе запушчаныя лясныя могілкі, неабгароджаныя. I ён, Антон, за ўсё сваё жыццё так і не зведаў, што ён у вечным абавязку перад маленькай вёсачкай, перад маленькай хаткай і яе могілкамі.
— Забыў, забыў, Лукер'я,— стагнаў сярод крыжоў бацька.
Адам глядзеў на яго з жалем і абурэннем.
— Старая знойдзе,— гаварьгў ён,— старая знойдзе, маці не забудзе...
— Вось ляжыць мая матка,— падбег Рыгор да адзінокага крыжа на ўскрайку.— Вось тут бацькава магіла. А дзе ж ты, Лукер'я? Вось, мама, вось тут павінна яна быць.
Старая моўчкі амаль паўзла паміж крыжоў, не зважаючы ні на зяця, ні на ўнука. Кранала крыжы кончыкамі пальцаў, як сляпыя людзі кранаюць галовы дзяцей. На некаторых крыжах былі падвязаны скаравелыя ўжо ручнікі, і старая падоўгу ўглядвалася ў кожны з іх.
— Маці па ручніках знойдзе, па матузках прызнае...— між тым гаварыў Адам. А Вечка і два яго сыны маўчалі. I нямы, дадзены Баглаем рабочы стаяў каля машьшы побач з шафёрам і таксама маўчаў.
— Вось тут... Вось ты дзе схавалася, донейка мая,— прамовіла нарэшце бабуля, зняла з крыжа і паднесла да кофты выцвілы, выбелены сонцам матузок.
— Аднаго ўзору! — пацвердзіў Адам.— Маці заўсёды знойдзе.
А старая ўжо ляжала на магілцы. Бачком нязграбна асунулася на зямлю і цяпер нібыта прыслухоўвалася да дыхання дачкі.
— Ой, чула ж маё сэрца, чула, што не на жытку нараджала цябе. За што яму такія пакуты, Лукер'ечка...
«А-аа-ааа» — падхапілі сосны і панеслі, панеслі па лесе.
— А ці ж яна была табе нядобрай жонкай, Рыгорка, што ты так забыў пра яе? Гора мне, гора.
Усё вакол ажыло, прыйшло ў рух, загаманіла, зашаргацеў камень, забілася ў цэбрыках вада, глуха пляскаліся на лясную дарогу сталёвыя бэлькі. А людзі замоўклі, нібыта саромеліся адзін аднаго, і кожны з іх хаваў вочы. Адышоўся ўбок і сціх Алесь. Гора, жывым увасабленнем якога была гэтая ціхая старая жанчына, увайшло і ў яго сэрца. Ён зразумеў, дзеля чаго яго брат і бацька ўзяліся ставіць помнік. Яны абуджалі сваю памяць, узрывалі яе гэтым белым мармурам. Узрывалі свой і яго спакой.
Ужо ўсё было падрыхтавана, і можна было брацца за абмуроўку помніка, але ніхто не адважыўся выцягнуць з магілы стары, спарахнелы крыж. Першы да яго кінуўся Адам, але толькі працягнуў руку і адышоў убок.
I нямы, інтэлігентна апрануты, у белай кашулі, пры гальштуку і ў моднай сінтэтычнай куртачцы сярэдніх год мужчына, паглядзеў на Рыгора.
— А чаму толькі адзін крыж? — спытаў у Рыгора Адам.— Тут жа ў цябе жонка і сын Міхась.
— Адзіны крыж,— сказаў Рыгор,— адзіны. Так ужо выйшла. Я быў далёка, калі ставілі яго. А таму, хто ставіў, не было часу... ужо ішоў яго час паміраць... Браценік яе ж, як людзі мне гаварылі, і хаваў.
— Ох, колькі іх тут ляжыць,— недачула, схапілася зноў за галаву, загаласіла бабуля.— Сынкі мае, сынкі. Ды прыгожыя ўсе такія, ды маладзенькія.— Яна паказала рукой на срабрысты помнік, дзе на бетонным пастаменце, схіліўшы галаву, стаяў каменны чырвонаармеец з аўтаматам.— А аднаго ж, маладзенькага... Ой, як уздумаеш, дык месца няма табе... I абапал дарогі вакол яго такія ж маладыя... Кругом, кругом сынкі, як грыбы падрэзаныя, на дарозе няма дзе нагу паставіць. Ой, людцы, жытку пражыла, а такога не бачыла.
— Гэ-эх,— разнеслася за спіной Алеся. Ён павярнуўся і ўбачыў, што бацька трымае на выцягнутых руках перад сабой крыж. Крыж быў двух колераў, палова, якая была ў зямлі, амаль чорная, другая палова — зялёная. Бацька глядзеў на гэты крыж і хістаўся, быццам ад непамернага цяжару.
— Спаліць трэба, спаліць,— раіў Адам.
Але бацька, не слухаючы яго, панёс крыж у лес. А нямы ўжо завіхаўся з рыдлёўкай каля машыны. Дзе толькі што стаяў крыж, ужо была раскідана сухая, як прысак, белая зямля. I Алесю, які не ведаў вайны, і тым, хто яе ведаў, здалося, што стаіць не летні мірны і цёплы дзень, а зноў студзень, той далёкі студзень 1944 года. I не помнік ставяць яны на даўняй магілцы, а толькі што выкапалі гэтую магілку, толькі што спусцілі ў яе труну. I надышла апошняя хвіліна развітання. Тая самая хвіліна, калі няўмольна прыходзіць адчуванне непазбежнасці таго, што здарылася, адчуванне, што асірацеў не толькі ты — на аднаго чалавека асірацеў і свет. I хочацца да болю біць кулакамі зямлю, да болю, да крыві кусаць сабе рукі.
— Вось тут, бачыце, сыны, вось тут пакладзяце — прыйдзе час — і мяне, — паказваў і паказваў сынам Вечка.— Тут мая зямля і маё месца.
— Ох і цяжка вам будзе пад гэтым мармурам,— як у забыцці, а можа, і сапраўды адчула ўвесь цяжар каменнага помніка, прагаварыла старая. — Цяжка, Лукер'я, цяжка, Антон.
I Антон адчуў, што цяжка, цяжка жыць на свеце і не ведаць, хто ты: ці то Антон, ці то Міхась.
Стагнаў растрывожаны ветрам стары хваёвы лес.