БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

 Сучасная беларуская проза. Традыцыі і наватарства. Анталогія.

МІХАСЬ СТРАЛЬЦОЎ

Міхась (Міхаіл Лявонцьевіч) Стральцоў нарадзіўся 14 лютага 1937 года ў вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Празаік, паэт, перакладчык, эсэіст, літаратуразнаўца.

Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў 1959 годзе. З 1959 па 1968 год працаваў у рэдакцыях газеты "Літаратура і мастацтва", часопісаў "Полымя" і "Маладосць". З 1983 года быў загадчыкам аддзела крытыкі часопіса "Нёман".

Памёр 23 жніўня 1987 года.

Аўтар кніг прозы "Блакітны вецер" (1962), “Сена на асфальце" (1966), "Адзін лапаць, адзін чунь" (1970), зборніка крытычных артыкулаў "Жыццё ў слове" (1965).

Сябра СП Беларусі з 1962 года.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы.

Апавяданне "Смаленне вепрука" ўпершыню было апублікаванае ў

СМАЛЕННЕ ВЕПРУКА
Апавяданне

Iдуць ужо халады, бяруцца прымаразкі – ападаюць інеем сырыя туманы. Чарсцвее зямля, і цёмным, ільсняна халодным зяленівам б’е ў вочы парадзелая пры дарозе трава. Ужо выпетрала зябліва, пасівела ў гародчыках і пазванчэла бадыллё, і панішчымнела паветра. Неба ўдзень ужо ніжэй прыпадае, цИснецца да зямлі. Яшчэ выганяюць на пашу кароў – далей ад вёскі, у лес. Пад вечар жывёла не хоча вяртацца ў хлеў, цаляе адбіцца ў прапахлае бульбоўнікам і сцюдзёным капусным водарам поле.

I вечарамі, і ўранку марозліва, хмельна, бы першаком, пахне ў наваколлі дымам.

Такою парою ў вёсках свяжуюць вепрукоў.

Мне даўно хацелася напісаць адно апавяданне і назваць яго так: «Смаленне вепрука». Цяпер я ведаю, што, бадай, не напішу: баюся, каб тое, пра што хацеў напісаць, не прыцішылася няўзнак, а то і не згубілася там, у здзейсненай пісаніне, а яно ж мне самае важнае. Дык навошта тады згадваю і навошта пішу? Мне проста падумалася, што, можа, усё ж абзавецца на астачу нейкай логікай тое, што тут раскажу.Паглядзім.

Я жыў тады ў нечапанай частцы горада, калі надумаўся пісаць, у старым раёне, забудаваным няўклюднымі цаглянымі, а найбольш драўлянымі дамкамі, што ўсцяж патаналі ў садах. Цяпер мала засталося ад таго раёна – адны лапінкі, астраўкі, заціснутыя кварталамі несамавітых бязверхіх дамоў. Засталіся ля новых будынін, побач з дзіцячымі пляцоўкамі, то крывая кашчавая яблыня, то вішня, што вырасла ў дрэва, – купчастая ў кроне і тоўстая ў камлі. I засталася яшчэ вуліца, хоць і старая, але шыракаватая і роўная, бо быў гэта некалі брукаваны тракт. Назву яму памянялі, адхрышчваючыся ад даўніны, але не памянялі і нават забыліся даць назву базару, што месціцца пры той вуліцы і завецца ён па-старому – Конскі базар.

Увосень, кожнай раніцы ў нядзелю, чуваць было, як парыпваюць на маёй асфальтаванай вуліцы вясковыя вазы, як цокаюць капытамі коні і як вішчаць і рохкаюць у драбінах падсвінкі. Пазней, калі ўстанеш, расходзішся ад сну, паснедаеш, а потым пойдзеш па цыгарэты ў блізкую краму – не прабіцца будзе да прылаўка праз чужых, негарадскіх дюдзей. Таўканіна, гармідар, і нетутэйшыя дзядзькі гукаюць нечага ад касы да цётак, што стаяць у чарзе, і для большай пэўнасці на мігах нешта паказваюць ім… А на пустцы ля крамы ўжо атабарыліся цыганы. Жанчыны сядзяць з дзецьмі; гарлапаняць, нібы ў полі, увелькі з сваёй модай кудлатыя дзецюкі. Конь, выпражаны з калёсаў, цягне сена з драбін, клыча яго ды матляе галавой, нібы: «так, браткі, так!» – хоча сказаць гаманкой кампаніі падпітых мужчын. Нібыта конь той ведае, што цыгагы ёсць цыганы, – ім усё можна…

Вось так было, а можа, бывае і цяпер на тым гарадскім лапіку, дзе застаўся Конскі базар, вось так было тою парою, калі ідуць халады, калі бяруцца ўранку прымаразкі – ападаюць інеем сырыя туманы.

Тою парою, калі ў весках свяжуюць вепрукоў.

I ў апавяданні павінна была згадвацца тая пара і павінна была чуцца вёска: пах падмерзлых трэсак на дрывотні, тарахценне трактарка ля фермы, і на шумавым фоне гэтым – гулкім ёкатам галасы людзей, спалоханы гэгат гусака на тарфянішчы, настылы звон калодзежнага вядра і нечакана – пругкі выпад ветру наўскасы, а над усім, а ва ўсім павінна была быць каменная, зацятая маўклівасць зямлі, травы і схаладнелага, шурпата-шызага неба. Вось што трэба было загнаць у падтэкст. А як загнаць, я не ведаў. Трэба было, каб адчувалася, як выходзіць на ганак чалавек, як ляскае за ім, а пасля дробна брынчыць клямка; ён чуе гэта, але і наваколле пачынае ўжо валодаць ім, і вось тут, на самай трэшчынцы ўвагі, услед за скавышлівым павевам ветру, сарока з-за пуні махнецца яму ў вочы тугою сваёй чарнатой, спалохаецца кульнецца ўгору, востра бліснуўшы гэткай жа тугою беллю, і саслізне, падламаўшы крылы, у агарод, і на плот сігане адтуль, і трывожна зачачэкае, закалышацца там… «Бач, як бы чуе ўжо», – раптоўна падумае ён і успомніць свой сённяшні клопат і знарок безуважную жончыну стараннасць, калі раніцой стаўляла ў печ вядзерныя чыгуны з вадой… Ён падманна, нібы нейкі другі знайшоўшы сабе клопат, прыпыніцца на ганку і твар падставіць ветру, і вочы яго трывожна будуць убіраць у сябе наваколле, і нябачна накрэсліць там яму гонкі вецер і сум палёў, і халодны вобмарак травы, і перадзімовае трыванне дрэваў…

Так ён будзе стаяць, і ў яго будуць варушыцца бровы. Ён пачуе, як зарохкае ў пуні вяпрук…

…есці яму сягоння дадуць чым пазней, каб так, угаладаўшыся, лягчэй абмінуў ён здагадку пра тое, што прызначана яму на гэты дзень. Але ж гэта, можа, і насцярожвае яго. Ён яшчэ і не здагадваецца ні пра што, адно трывожыць яго, чаму гаспадыня, выходзячы з сенцаў на двор, не хоча падаць на яго рохканне голас, чаму з дурным кэрханнем, з бязладным лопатам крылаў пазляталі з седала і раней часу кінуліся да ганка куры. Пах пракіслага хлеба і паранкі чуваць яму, чутно, як нямірна сакочуць, не падзяліўшы нешта, куры на двары і цвёрда шкрэбае аб ганак дзюбаю певень, як разладжана, роспачным нейкім голасам, злуецца на курэй гаспадыня. Але аціхае пасля ўсё, і зноўку трюба чакаць і нудзіцца. Ды вось, нарэшце, тое, што не можа быць падобным на падман: тупанне ў сенцах, знаёмы шоргат мешалкі і галасы, і другі, глушэйшы і спакайнейшы голас, – гэта гаспадар. I адчыняюцца сенцы, і бухаюць дзверы, прадракаючы міг нечакана хісткай, поўнай незразумелага сэнсу цішыні. У ёй і галасы інакш чуваць: таропка-сцішаны – гаспадынін і коратка-круглы, цёмны – гаспадароў. Тады зноў як бы рушыцца, абрынаецца ўсё, паглынутае новай, яшчэ больш незразумелай цішынёй. Гаспадара не чуваць (застаўся на ганку?), і ўсё бліжэй, бліжэй да пуні гаспадыніны крокі…

Ён пачынае хламкаць, сутаргава і рашуча, як бы напярэймы той няпэўнасці, што раптоўна пасялілася ўжо ў ім і гняце яго. I гэтак жа рашуча, як пачаў, у нейкі міг перастае ён есці і, злосна рохнуўшы, востра ўскідвае лыч і нюхае паветра, але хваравіта-няўцямна, тужліва глядзяць у пустату яго маленькія, кволыя вочкі, і ўжо чамусьці няможна даверыцца яму ні асцярожлівай ласцы ў гаспадыніным голасе, ні паспешлівай яе руцэ, што дрыготка казыча за вухам. Рашуча і злосна ён зарохкае зноў, а потым нечакана жорстка калыхнецца ўбок аграмадна-гладкім сваім і грузным тулавам і напружыць карак, адступаючы назад і перастаўляючы пад сабой недарэчна круглыя, кароткія ногі. Каб умеў, падзівіцца мог бы ён, як тое рохканне неспадзеўкі слаба і нудліва абзавецца ў ім, не прарочачы ўжо нічога, акрамя бяды, бо не так убачыць ён, як учуе, што гаспадарова постаць непазбежна і цёмна набліжаецца ўжо да варот і забірае, засланяе сабою светлы прахон на двор. Не будзе ўжо гаспадыні, і застанецца ён сам-насам з гаспадаром. I будзе ён кідацца па пуні, рохкаць і тужыць, і нерухома будзе стаяць гаспадар, мусіць, беспамылкова зазнаўшы, што цяпер непатрэбны И марны быў бы любы падман: трэба лепей набрацца цярплівасці і чакаць, можа, нават выйсці за вароты, на двор – набрацца цярплівасці і чакаць. Ён і зробіць гэтак, і ўжо з-за варот пачуе, як ураз аціхне, перастане рохкаць вяпрук, як потым будзе бэрсаць ён лычом падсцілку, то прыслухоўваючыся, то пачынаючы непакоіцца зноў, як аберне ён цэбар з мешанкай, і, нарэшце, рашыўшыся, пойдзе да варот. Гэта будзе самы трудны міг, калі трэба спакойна хіснуцца з-за вушака напярэймы яму і выставіць перад сабою дула ружжа, і старацца не чуць, як у грудзях цёмна чохкае, шырыцца сэрца, і цэліцца, блізка падставіўшы дула, ва ўяўную пляміну пад брывом, пад кароткімі, белымі пруткімі вейкамі, і бачыць тужлівую, амаль па-чалавечы асэнсаваную пакору ў тым, як, змірыўшыся з непазбежнасцю, усё чухае, чухае ён безабаронным каркам аб вушак… Вось і ўсё.

I далей ужо няцяжка будзе ўявіць працяг. Уявіць ладнаватыя санкі, ну тыя, і фасон, і памер якіх чалавек свядома ды з разлікам падладжваў пад сваю мажлівасць ды пад свой імпэт, каб выпадкам можна было і добрую вязанку дроў па шаранку прывезці з лесу, каб і малое магло ўправіцца з імі на зледзянелай горцы, каб і нядужага дзядка можна было прытарабаніць марозікам дамоў з суседавай лазні. Вось і абернуць тыя самыя санкі, і ўскоцяць яго на іх, і павалакуць па рэдкіх лапіках ранняга снегу ці па камлыжнай восеньскай зямлі куды-небудзь за пуню, у алешнікавы зацішак на лажку, і непарадак нейкі ўраз угледзіць сарока ў тамтэйшым гаспадарчым жыцці – застракоча, зашастае па алешніку ды па платах.

Вось і ўсё. Вось што, акрамя ўсяго іншага, павінна было адчувацца, трызніцца ў тым апавяданні.

А сама задума мыслілася так: ну, скажам, недзе ў нейкім горадзе, у вялікім свеце сярод людзей, жыве сын – магчыма, жанаты, а можа, і не. У дзяцінстве, у сваім вясковым дзяцінстве, гэта быў надзвычай уражлівы хлапчук – хударлявы, бледны, шыракароты; парывісты і адначасна ціхмяны, зацяты і ў той жа час быстры на слёзы. Можна сказаць, што душа ягоная ўбірала ў сябе многа, і можна сказаць, што яна была надзелена здольнасцю разумення і хацення дабра, і разумення людзей, але не таго хцівага, саманадзейнага разумення, заручанага з адным днём, а другога, журботнага і трохі безнадзейнага, без выгодаў для сябе: яно благога чалавека прымушала шкадаваць гэтак жа, як і добрага, – хаця б за тое, што ён благі. Але гэта – пасля. Пачаць трэба было б з ранняга юнацтва, з той пары, калі чалавек адчуваць сябе можа бадай што вясновай пупышкай; вось толькі што ўзарвала тугую сваю абалонку яна, – о, салодкі міг вызвалення, небяспечная ласка сонца ў трызненні далёкіх дажджоў! I навальніца прыйдзе, і сутаргава разарве неба маланка – не раз і не два, – і выблісне сонца, і ападзе цёплы дым над арэшынай, і не скажа маланка, для якой завязі згубны быў яе халодны зялёны прамень… Але вось – маладосць, і герой наш і жыць спяшаецца, і адчуваць жыццё прыспешвае сябе. «Бывай жа, родная засень, і родная хата, – думае ён, – і ты, маці, не глядзі так трывожна ўслед», – і галаву яшчэ не горача пячэ ранішняе сонца, і ў крыніцы, што так сцішна жыве пад засенню родных ліп, яшчэ так багата бруістай вады.

Расказаць трэба было пра юнака, які безразважна і смела рынуўся ў жыццё і не ашчаджаў сябе, шчыра беручы ад людзей і гэтак жа шчыра аддаючы ім сваё. Ды і што тут было ашчаджваць ці шкадаваць! Яму здавалася, што не можа быць на свеце чалавека, які, уведаўшы, не палюбіў бы яго: ну хаця б за гэтую ягоную прагу спагады і ласкі для сябе і для ўсіх! Толькі часам, у шумлівым разгары ягонай з людзьмі злагады і любові, нечакана задумлівым рабіўся ягоны погляд, і здавалася тады, што цішыня, высокая і сцярожкая, вырастала за ім, і адчуванне было такое, нібыта нехта ў яго стаяў за спіной. I час надышоў, і пабурылася за спіною цішыня, і бяда пастукалася ў дзверы, і зазнаў ён тое, што хоць аднойчы ў жыцці зазнае кожны чалавек: і расчараванне, і адчай, і нудліва-вінаваты позірк сяброў, і нетрывалую ласку жаночага сэрца.

I вось сядзеў ён аднойчы ў добрага знаёмага ў ягонай кватэры за на скорую руку, без жаночай помачы накрытым сталом. Гаварылі, маўчалі, бралі чарку і маўчалі зноў. Гаспадар, лысаваты, цыбаты, біты жыццём і разумны чалавек, доўга нешта – ламаліся запалкі – не мог прыкурыць цыгарэту. Нарэшце натрапілася добрая запалка, і ён прыкурыў, і нечакана, нейкай незразумелай горыччу, засмяяўся сам сабе, а потым сказаў:

– Ведаеш, быў я ў маці.. Зіма. Сумнавата. Вечарам старая паставіць чыгунок з бульбай на комінак: сядзім з ёю, глядзім на агонь, гаворым ці маўчым – во як зараз з табой… I хораша неяк, то бяздумна, то трывожна мне. Закуру крамную папяросу, а яна патухне зноў. I зноў я запалкай чырк ды чырк. А маці тады ціха так кажа мне: «Дык няможна так псаваць запалкі, сынок… Можа, ад вугольчыка прыкуры, га?» I, ведаеш, аж скаланула мяне ўсяго… Не тое каб сорамна стала перад ёй, – не запалак жа маіх шкадавала яна мне, – а падалося мне, браце… – ён легка, усмешліва зыркнуў на субяседніка і, нібы збаяўшыся сваёй той расчуленасці, зарагатаў: – Што скажаш, га? А каб жа ты ведала, думаю, колькі мы, такія харошыя, тых запалак рублёвых па рэстаранах ды піўных у адзін вечар кідаем, га?

I пасмяяліся, і памаўчалі, і ўзялі па чарцы яшчэ.

Пасля ўсталі яны з-за стала, і гаспадар хацеў праводзіць госця, але той адмовіўся, сказаў пра гэта прабачліва і ціха, і гаспадар зразумеў, што, можа, так і трэба, што пасядзелі і памаўчалі яны добра, а ў чым паразумеліся, здагадаецца кожны сам.

Тады госць наш развітаўся і памалу пайшоў на вуліцу. Вечарэла. Сонца нізка стаяла над горадам і лена, холадна біла ў вокны, у бляшаныя дахі дамоў залаціста-барвовым, безуважным святлом. Трамвай звінеў недзе, і пах, астываючы, нагрэты за дзень асфальт, і пахла, можа, чуйней за ўсё, прапыленай цэглай і фарбай. Была пустою вуліца; ёе ішоў, а даўгалыгі цень лажыўся на дарогу і соўгаўся паволі, нібы папіхаючы сябе, і раптам побач, ці не за драўляным плотам, у гародчыку, коратка і жаласна ціўкнула птушанё. Гэта як бы знак нейкі быў, і ён спыніўся і паглядзеў туды. Халаднаватая чырвань аблівала бэк, павеў скразняковага ветру калыхнуў лісцё, і цені ад яго затрапяталіся на жоўтай сцяне, і зноў прыцішна-жаласна ціўкала птушанё. Тады ён прыгледзеўся і ўбачыў яго. Ён бачыў яго блізка, тое сумна натапыранае, шэрае птушанё, гэтак бясконца, незразумела адзінокае ў знаёмай яму і, мусіць, не першы раз аблюбаванай засені падвечаровага куста. На сцяне, на лісці, на вялікіх прасцягах горада памірала сонца, і што адчуваў, каму і на што жаліўся ён, гэты жывы маленькі камячок, натомлены за дзень нейкім сваім, зразумелым яму, а мо зусім і незразумелым клопатам? Што гэта было: страх, натужнае чаканне непасільнага празарэння ці чуйна, вусцішна і раптоўна адчутая адасобленасць ад усяго і разлад з усім? I ці не так трывожыць, гняце незразумелым нейкім сэнсам і самога чалавека тужлівая палоска расхінутай на захадзе вечаровай зары?..

Так падумалася яму, і ён сцепануўся ад іншай, непрадбачна вострай думкі, што прыйшла разам з гэтай, але якая ўжо, мусіць, жыла ў ім з той пары, як сядзеў у гасцях і браў чарку, і слухаў сябе і ў самім сабе гаспадаровы словы. Гэта думка пра маці была, яна так увачавідкі падступілася да яго, што зусім невыпадковым, несумненна і адзіна значным падалося яму імгненне, у якое цень ад бэзавага лісця калыхнуўся на сцяне і неспадзеўна ціўкнула за плотам птушка. У маркотным, дзіўна запаволеным одуме ішоў ён дамоў, і разам з ім думка пра маці ішла, ці, дакладней, памяць аб нейкай віне перад ёй, успамін пра марна растрачаную сілу любові, якая, можа, не сагрэла нікога. Бруілася крыніца пад засенню родных ліп, і, прыклаўшы руку да вачэй, углядалася ўдалеч маці…

З таго дня неспакой і трывога пасяліліся ў ім.

Аднаго разу яму сасніўся сон. Напачатку то быў лагодны сон, то было панаванне прыцемку на мяжы святла, калі ўсё азначала і ясніла сабой не лінія, адно абрыс, няўлоўна пэўны, нібы вобраз птушкі, якая толькі што пераляцела дарогу перад табой. Высокім полем, бярозавым шляхам нібыта ехаў на веласіпедзе ён, захмарана-ціхай і цёплай чулася наперадзе далеч, і гулі ў бярозавым вецці хрушчы. I так расхіналася насустрач невядомасці душа, і так было добра. Куды, куды, чаго ехаў ён? Але такім знаёмым, хоць і не знаёмым дагэтуль, быў краявід, так даверліва лашчыла вочы супакойнае неба, што немагчыма не думаць было, што ўсё гэта было ўжо некалі з ім, калі не ў сапраўдным, дык у душэўна прыдуманым жыцці. «Ага, дык гэта ж я еду дамоў, – нечакана весела, радасна здагадаўся ён, – вунь там скончыцца шлях И зачарнеецца вёска». I далей ехаў ён, але чамусьці не канчаўся шлях, і знаёмае, пакутна знаёмае нешта, чым свіціўся, жыў і вабіў краявід, ніяк не магло акрэсліцца ні здагадкай, ні сэнсам. Азірнуцца захацелася яму, ён ужо і намерыўся, але не мог. I тады як бы парыў ветру нечакана напружыўся, ураз раскідаўся ў яго за спіной: зашалясцела, зашастала, невядома адкуль узяўшыся і асыпаючы долу, сіберна-калянае лісце. Стала ціха. Холад і спусташэнне чуў ён за сабой. Падалося на момант, што ён заплюшчыў вочы, адно чуючы, як іначылася, незразумела іначылася ўсё наўкол яго, а можа, і ў ім; і страх працінаў ягонае сэрца. I ён тады ўбачыў… О, ён убачыў усё так дакладна – у той кароткі міг, калі нехта, дачасна схаваны ім, адным балючым штуршком расхінуў яму вочы і грудзі! I тады ён убачыў сцены, якія адразу пазнаў: прапахлыя павуціннем, негабляваныя сцены, і тапчан у куце, закіданы старой вопраткай, і старыя начоўкі на ім, і лаву ля дзвярэй, і вёдры на ёй, і на падлозе кашы з бульбай, і чыгуны, і цэбар з мешанкай, і вузкае, на адно бервяно прарэзанае акенца ў сцяне, і нейкі слоік на ім, і шклянку з гусіным тлушчам на ім (ён гэта ведаў),і адно замурзанае (ці не поклад?) курынае яйка… О, навошта, навошта такое знаёмае ўсё гэта, і навошта стаіць перад лавай маці, і навошта чыгуны каля яе ног, навошта яна павярнула галаву да яго, – о, які цёмны, невідушчы, цяжкі, нібы плёскат вады ў вядры, у яе погляд! Ён хацеў ступіць да яе, але яна, засланяючыся, павяла рукой, і тады, нібы па хаценню яе, расхінуліся сцены, і трывожна, квола зашамацела, бліснула яму пад святлом ліхтара салома. То была пуня. Нейкая постаць стаяла на каленях, спіной да яго, і нешта хрыпела, трэпала па саломе за той спіной, і сцішана блішчэла параскіданая ўсюды салома, і шкрэбаліся на седале куры… I чыгуны стаялі ў сенцах, і цэбар з мешанкай, і кашы з бульбай!.. Так ён прачнуўся ўночы. А ўдзень яму прынеслі тэлеграму.

Ва ўсіх нас ёсць ці была некалі маці, і, на жаль, не заўсёды добрыя прыходзяць да нас тэлеграмы…

Вось і ўсё. Iзноў ідуць халады, бяруцца прымаразкі – ападаюць долу інеем сырыя туманы. Яшчэ выганяюць на пашу кароў – далей ад вёскі, у лес. Пад вечар жывёла не хоча вяртацца ў хлеў, цаляе адбіцца ў прапахлае бульбоўнікам і сцюдзёным капусным водарам поле. I вечарамі, і ўранку марозліва, хмельна, бы першаком, пахне ў наваколлі дымам.

Такою парою пішу я эпітафію апавяданню, якое магло б называцца «Смаленне вепрука». О, вядома, не шмат логікі ў ім, але ж не шмат логікі і ў стратах, што прыносяць нам лета ці вясна, зіма ці восень. Ёсць, на жаль, рэчы, непадуладныя нам, але ж ёсць і суцяшэнне, ёсць і надзея. У таго, хто бярэ ў рукі пяро, надзея ёсць таксама. О, паэт да таго ж бывае яшчэ крыху забабонным. Наіўны, ён хоча перамагчы сапраўднасць, ён хоча верыць: я засцярогся ад бяды – бо сказаў. Дабро і надзея тут накрэслілі свой круг.

1973

ВІКТАР СУПРУНЧУК

Віктар Супрунчук нарадзіўся 6 снежня 1949 года ў вёсцы Сялец на Бярозаўшчыне ў Брэсцкай вобласці. Празаік.

Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта ў 1976 годзе. Працаваў карэспандэнтам у газетах "Электрон" і "Сельской газете", на тэлебачанні, ў часопісе “Полымя”. З 1990 па 1998 год -- намеснік старшыні СП Беларусі. Пасля быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Всемирная литература”, стварыў і два гады кіраваў часопісам для аўтамабілістаў “Корвет”. У апошні час працуе намеснікам начальніка упраўлення інфармацыі Беларусбанка.

Аўтар кніг прозы «Страсці» (1983), «Недзе баліць ля сэрца» (1986), «Набат» і «Банальны дэтэктыў» (1989), раманаў «Жывеш толькі раз» (1988), «З плоці і крыві» (1990) і інш.

Сябра СП Беларусі з 1985 года.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.

Апавяданне "Антонаўка з пахам маліны" ўпершыню было апублікаванае ў штотыднёвіку "Літаратура і Мастацтва" 15 снежня 2001 года.

АНТОНАЎКА З ПАХАМ МАЛІНЫ
Апавяданне

Лета адстаяла халоднае, з дажджамі, ветрам. Я не здымаў з плячэй плашч, парасон увесь час быў у маіх руках. Твары ў людзей хмурыя, раздражнёныя. І адна гаворка: ні агуркоў, ні памідораў, бульба пагніе. Эх, каб на Чорнае мора пад ласкавае сонейка! Па тэлевізары штодня паказвалі разамлелых ад шчасця галапузых дзяцей, бранзаваскурых жанчын. Што казаць пра мужчын — ім усюды добра, а тым больш пад гарачым паўднёвым сонцам і калі побач столькі красунь, а віно таннае і смачнае.

Надышоў час і прырода злітавалася над намі. У пачатку верасня раптам парваліся ў бруднае шмаццё хмары, іх разнесла ва ўсе бакі, як курыны пух.

Амаль за ноч дрэвы, нібы абсыпала золатам. Блакіт неба, рыжае лісце, яшчэ зялёная трава. Вось ужо табе і залатая восень. Стала цёпла, зайграла сонца і на душы ад гэтай прыгажосці было вельмі спакойна і радасна.

Я ішоў нетаропка па алеі ад праспекту. Яркія промні сонца ліліся праз гушчу лістоты, засцілаючы перада мною залаты дыван з аксамітавымі фарбамі лета. Прэлы пах расліннасці мне не перашкаджаў. Я проста адчуваў дыханне прыроды і меў ад гэтага асалоду.

Спераду гаўкнуў сабака, зашаргацеў у кустах. Выскачыў ля мяне, ледзь не зачапіўшы за ногі, і паскакаў, маленькі, чорненькі і вясёлы, па вушы хаваючыся ў траве.

— Жоржык, Жоржык! — пачуў я мілагучны і ласкавы жаночы голас, нечым падобны на голас польскай спявачкі Ганны Герман, песні якой я тады вельмі любіў. Памятаеце: “Светит незнакомая звезда, снова мы оторваны от дома…” Хутка з гушчару дрэў і кустоў паказалася сама гаспадыня сабакі. Яна круціла ў руцэ жоўты нядоўгі раменьчык з бліскучымі жалезнымі цацкамі-фурнітурай. Я чуў, што гэткі ашыйнік каштуе нямала, але канкрэтна колькі — не цікавіўся, бо сабакі не маю і трымаць у кватэры жывёлу лічу здзекам з яе. Гэта мая думка і не значыць, што — ісціна ў апошняй інстанцыі. Можа, гэтая жанчына нават стаяць не захоча побач са мною, не тое што слухаць.

Яна была немаладзенькая. Прынамсі, значна старэйшая за мяне. Я нядаўна ж адгуляў трыццаць. Мусіць, гадкоў дваццаць ёй можна было накінуць зверху на мае.

Яе рыжыя валасы, колерам падобныя да гэтага восеньскага лісця, былі закручаныя на патыліцы ў тоўстую гулю. Ружовашчокі твар, паўнаватая постаць. На ёй быў светла-зялёны плашч.

Яна ўсміхнулася і затрымала мяне: «Прабачце, не маглі б вы дапамагчы мне…» Я спыніўся. Мне да працы было яшчэ некалькі гадзін, спяшацца няма куды. Дый зрэшты, калі жанчына просіць… Гэта я цяпер так думаю. Папрасілі, чаму не дапамагчы.

-- Слухаю…

-- Нешта зрабілася з раменьчыкам. Не магу адзець на Жоржыка.

Што з раменьчыкам? Я — не спецыліст па рамонту. Пакруціў нейкія жалезкі, шчоўкнуў колькі разоў замочкам і аддаў раменьчык гаспадыні.

Твар засвяціўся ад радасці, нібыта я зрабіў нешта неверагоднае. Мне было прыемна і няёмка ад яе ўдзячнасці.

-- Ведаеце, Жоржык такі ласкавы, вясёлы… Што я рабіла б , каб яго не было ў нас.

Я ўважліва яе слухаў, а яна расказвала і расказвала. Пра кошку Лісу і пудзеля Дзіка, пра спаніеля Освальда, якія раней жылі ў іх кватэры. Проста лавіна слоў. Нібыта год не размаўляла, а цяпер як прарвала. Я вырашыў яшчэ трошкі паслухаць і пайсці. Што мне да яе сабак і катоў. Я не паснедаў, і да пачатку працы можна было б перакусіць у кафетэрыі.

-- Мы так даўно размаўляем, — раптам сказала яна, — Як цябе зваць. Я — Галя.

-- Анатоль, — нічога не заставалася, як назваць сябе.

-- Мусіць, здзіўляецеся, што многа гавару. Увесь час адна дома. Муж і дачка на працы. З суседкамі не надта сябрую: такія ўсе пляткаркі. Хочацца калі-нікалі перамовіцца… Я часта бачу праз акно як вы ходзіце на працу, з працы… Вось знайшла момант і пазнаёміцца. Кавы ці чаю не хочаце?

-- Проста тут, пад гэтымі дрэвамі? — пажартаваў я.

-- Навошта. Унь у тым чырвоным доме я жыву, трэцяе акно ад кута.

Чаму б і не. Я ўспомніў, што ў кішэні грошай толькі на чай і булачку. Пап'ю кавы. Можа, і бутэрброды будуць. Цікава, а калі муж дома? Што б я сказаў сваёй жонцы, убачыўшы чужога мужчыну.

-- Дома нікога няма і да вечара не будзе, — сказала яна, нібыта прачытаўшы мае думкі.

І мы зайшлі да яе ў кватэру. Яна зняла плашч. Формы ў яе былі рубенсаўскія. Пры ўсіх размовах пра моду на высокіх і худых жанчын, думаю ніводзін мужчына не абмінуў бы сваім позіркам гэткую постаць. Яе вочы сутыкнуліся з маімі, і ўсмешка ажно зайграла на вуснах Галіны. У ёй былі радасць, жаданне, страсць і голад.

— Я ведаю цябе даўно, назірала за табою. Ты неяк ішоў… Высокі, здаровы. У мяне грудзі , бач, якія вялікія. Урач сказаў, каб у мяне быў мужчына. Інакш — рак… Я назірала за табою. Я вырашыла, што чым з абы-кім, дык лепш з табою… Я цябе заўважыла… Я … падумала. Ты мне вельмі спадабаўся. Мы ўсе жывем пад богам. Ты ішоў па вуліцы высокі, малады… Як бык! Я за табою назіраю з таго часу, як ты пачаў працаваць у сваёй канторы. Ты мяне, канечне, не ведаў… — яна ўшчыльную прыхілілася да мяне. — Не падумай, што я вар'ятка. Адной так сумна… А жыццё, здаецца, такое кароткае… Муж на дваццаць гадоў старэйшы за мяне. Ты ж бачыш якая я. Абы з кім не хацела. Пра цябе ўсё ведаю. Я — вар'ятка. Відаць… Мне ўсё роўна… Ты праводзіў некалькі разоў жанчын. Я так раўнавала. Я ўяўляла як вы ў ложку, як ядзіце, цалуецеся… Пацалуй мяне… Не бойся… Не ўкушу… Ідзі да мяне… Ты — як белы наліў, а я — ужо антонаўка… Не пераспелая, не гнілая?

Што мне казаць? Уцячы? Не на таго натрапіла. Помню, у студэнцкія гады да Лёшы Казака, які прыкінуўся хворым на туберкулёз і меў асобны пакой, а пасля стаў святаром, бегала амаль штодзень пяцідзесяцігадовая Валя. Яна абрыдла яму, і ён яе не пускаў у пакой. Валя крычала: « Лёшка, пусці! Хачу цябе!» Казак праз зачыненыя дзверы адказваў: « Пайшла, с…, л…, б!..»

— Ты — цуд, ты — маліна… — гавару я, — Ты — антонаўка з пахам маліны. Ты — смаката!..

Ад яе гарачай пульхнай грудзі несла жарам. Мы цалаваліся і цалаваліся. Зноў і зноў. Здалося, яна паглынула ўсяго мяне сваім вялікім прагным целам. Мільгалі думкі, пра якія ўспомніў пасля. А калі муж, дачка? Добра што першы паверх. Паспею выскачыць. О, божа… Яна нічога і нікога не баіцца. Але ж як смачна…

Я забыў наколькі Галіна старэйшая за мяне. Ці гэта важна. Яна абсыпала мяне пацалункамі. Я забыў пра ўсё. Хто я, дзе я. Я бачыў столь, падлогу, потым — падлогу, столь…

Гэтае шаленства доўжылася, здалося, вечна. Што мне вам расказваць. Нармальныя людзі мяне разумеюць. Хто не разумее, хай здагадаецца. Не здагадаецца яму ж горш. Мне было так добра. Як кажа адзін мой сябра, не я рабіў з ёй чорта, а яна са мною… Пасля, калі я зірнуў на гадзіннік, мінула толькі дваццаць хвілін, а здалося прайшла вечнасць. Мабыць, яна працалавала кожную маю клетачку. Усё-ткі я падумаў: няўжо яна не дурнаватая?.. Вось так думаюць мужчыны пра жанчын. Яна — табе ўсё, а ты… Ты — нішто…

Потым мы сядзелі за сталом акуратныя, трошкі расчырванелыя. Яна адзела шыкоўны зялёны халат, на шыі — калье з вялікіх каралаў. Мяне частавала бутэрбродамі з чырвонай рыбай і кілбасой, халоднай курыцай. Выпілі паўбутэльку гарэлкі. Больш ужываў я, а яна толькі мачыла вусны.

Яна расказвала пра сябе, сваіх дзяцей, мужа. На развітанне папрасіла не забываць яе. Праз тыдзень ёй у бальніцу. Калі б ідучы на працу, я заглядваў да яе, было б ёй свята… Пасля дзесяці заўсёды можна пазваніць… І падумаў я : нешта робіцца з нашымі жанчынамі? А, можа, з намі мужчынамі? Скажу адно: мне было добра!

Назаўтра ў мяне атрымалася нечаканая камандзіроўка ў Ерэван. Я ляцеў у самалёце і ўспамінаў сваё новае знаёмства. Перад вачыма ўзнікалі рубенсаўскія грудзі і бёдры, на вуснах адчуваў гарачыя пацалункі з пахам маліны. Ад гэтых малюнкаў у мяне быццам узнялася тэмпература. Цяпер я марыў, як хутчэй вярнуцца ў Мінск, зноў убачыць рыжыя доўгія валасы і прагную галодную усмешку на мяккіх салодкіх вуснах…

Але ж я апынуўся дома толькі праз некалькі тыдняў. Збіраючыся на працу, патрапіў вачыма ў запісной кніжачцы на нумар тэлефона, побач з якім было напісана: Галіна. Я пазваніў. Ніхто не падымаў трубку. На трэці ці чацверты раз пачуў дзіцячы голас.

-- Гэта хто, дзядзя Міша?

-- Не, не дзядзя Міша. Пакліч, калі ласка, Галіну… — як яе па-бацьку, не запісаў. — Пакліч Галіну…

-- А бабушка Галя памерла, — неяк нават амаль радасна паведаміла дзіця.

-- Хто гэта, хто пытае? — перахапіла трубку дарослая жанчына.

-- Проста знаёмы…

-- Мама памерла тры дні назад…

Я кінуў трубку і доўга-доўга сядзеў ля вакна, углядаючыся ў пачарнелае лісце дрэў, на сівое халоднае неба, мітусню машын на вуліцы. Чырвонае золата восені зрабілася ўжо ледзь прыкметным…

УЛАДЗІМІР СЦЯПАН

Уладзімір Сцяпан (Сцепаненка Уладзімір Аляксандравіч) нарадзіўся 22 студзеня 1958 года ў пасёлку Касцюкоўка Гомельскай вобласці. Празаік, паэт, кінасцэнарыст.

Скончыў Мінскую мастацкую вучэльню ў 1977 годзе і Беларускі тэатральна-мастацкі універсітэт ў 1983 годзе. Працаваў мастаком-афарміцелем, з 1987 па 2003 год – у творчым аб'яднанні "Тэлефільм" Беларускага тэлебачання.

Адзін з аўтараў зборнікаў «Жнівеньскі праспект» (1988), «Тутэйшыя» (1989). Аўтар кніг прозы «Вежа» і "Сам-насам" (абедзьве 1990).

Сябра СП Беларусі з 1991 года.

Навела “Півонія” была надрукаваная ў часопісе “Дзеяслоў” (2003, №4).

ПІВОНІЯ
Навела

Японскі паэт-валацуга Мацуа Басё ўбачыў півонію з малочна-белымі язычкамі пялесткаў і пчалу… Убачыў у сямнаццатым стагоддзі. Бурштынавая пчала з вялікай неахвотай выпаўзала з самага сэрца кветкі… Паэт напісаў верш з семнаццаці складоў – хайку. Півонія і пчала зрабіліся бессмяротным трохрадкоўем, якое ўваходзіць ці не ва ўсе анталогіі японскай паэзіі.

Кітайскі мастак, каліограф і паэт Цы Бай-Шы, хутчэй за ўсе ведаў хайку Басё пра півонію і пчалу. За сваё амаль стогадовае жыццё мастак шмат разоў маляваў півоніі на бамбукавай і рысавай паперы. Ружовыя, белыя, залацістыя кветкі Цы Бай-Шы здаюцца вільготнымі і духмянымі. Напрыканцы доўгага жыцця ў тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят шостым годдзе Цы Бай-Шы стварыў ці не апошні партрэт залаціста-ружовай півоніі з ярка-блакітнымі лістамі… Мастак быу зусім нямоглы, кепска бачыў, але здолеў лічанымі ўзмахамі пэнзля перанесці на паперу хараство кветкі…

Беларускі мастак-самавука з Давід Гарадка Барыс Сыса хайку Мацуа Басё пра півонію і пчалу не чытаў і не чуў, акварэльных кветак кітайца Цы Бай-Шы магчыма аніколі не бачыў. А вось намаляваў шольсій, ляўконій, аксамітак, акцыній да півоній на дыктавых прамакутнічках – не пералічыць. Руплівасць, стараннасць і талент мастака з берагоў Гарыні дадалі прыгажосці на белым свеце…

Тысяча дзевяцьсот семдзесят пяты год мінулага стагоддзя. Я займаюся на другім курсе мастацкай вучэльні.

Халодны сакавік. Менск шэры, як размытая па абгортачнай паперы, а потым размазаная туш. А Камароўка, акрамя таго, што шэрая, яшчэ і брудная.

Снег. Дождж. Вецер. Калюгі. Смецце…

Хаджу на Камароўку маляваць. Спынюся, дзе зацішней, накрэмзаю алоўкам колькі накідаў, пахукаю на чырвоныя пальцы і сунуся далей. Гамана. Няўтульнасць. Нарэшце прыціскаюся спінаю да парожніх скрыняў. Перад маімі вачамі жанчыны у чорных кажухах з кучаравымі каўнярамі – яны гандлююць насеннем кветак. Палатняныя торбачкі – шэрыя, і з кожнай вытыркаецца дыктавы прамакутнік з партрэтам кветкі. Сцёрліся з памяці твары гандлярак, а вось яркія партрэты кветак засталіся… Запамінальныя, як раны-апекі. Партрэты гваздзікоў, вяргіній, шольсій, аксамітак і півоній апяклі зрок, засталіся ў памяці.

Тады я не ведаў чаму прымітыўныя малюнкі мастака-самавука так кранаюць. Не ведаў… Хадзіў ад кветкі да кветкі і глядзеў. Захапляўся бессаромнай чырванню, блакітам, сінечай, бэзавасцю і ўяўляў штакетнік палісадніка, лета, пчол і пахі, салодкія-салодкія…

У той дзень ў мяне выцягнулі з кішэні пасьведчанне з круглымі пячаткамі і чорна-белым тры на чатыры фотаздымкам. У пасьведчанні былі грошы – пяць рублёў. Спахапіўся, калі адчуў голад і вырашыў з’есці гарачы піражок з мясам.

Крыўдна! Партрэты кветак пачалі расплывацца. Ледзь не расплакаўся. А ўсё таму, што хадзіў, як дурань з разяўленым ротам, дзівіўся.

У маім жыцці шмат што паўтараецца.

І падзеі семдзесят пятага ўсплылі далека-далека ад Менска, на беразе Міжземнага мора, аж праз чвэрць стагоддзя, на прыканцы жніўня двухтысячнага.

Звычайна я прыходзіў у той бар пасля гатэльнай вячэры, на пачатку дзесятай. Сыходзіў пад закрыцце, калі дзённая стома сцірала з твараў афіцыянтаў і бармэна стрыман-ветлівя ўсьмешкі.

Кава, цыгарэты, віскі з лёдам, разняволенная млявасць…

І абыякавы да усяго Клінт Іствуд на чорна-белым фотаздымку.

Але той вечар склаўся інакш.

Па-першае. У бары было шматлюдна як ніколі, і я ледзь знайшоў вольнае месца побач з парай гомікаў з Амстэрдама і мажным дзядзькам у белай прыліплай да спіны кашулі без каўняра і рукавоў. Грымела музыка. Клін Іствуд на фота выглядаў абыякавым да ўсяго. Афіцыянты, звычайна павольныя і стрыманыя, лёталі ад столікаў да стойкі, а калі і спыняліся, дык адно, каб перавесці дух.

Па-другое. Дзве англічанкі, якія сядзелі на высокіх крэслах каля барнай стойкі, маладыя, гадоў па дваццаць з нечым, паглядалі на мяне з бесаромнай неабыякавасцю.

Па-трэцяе. Каля аўтаматаў пры ўваходзе ішла гульня. Немцы, гішпанцы, зноў немцы, партугалец… Сыходзілі адны з расчараваннем на тварах – імгненна з’яўляліся іншыя. Аўтаматы з ненажэрнасцю глыталі і глыталі манеты, і колькасць тых, хто прайграў, павялічвалася.

Праз паўгадзіны я знаходзіўся ў тым стане, калі яшчэ не п’яны, але ўжо і не цьвярозы. Пачуцці абвастрыліся да колкіх мурашак у кончыках пальцаў, да болю ў патыліцы.

Амстэрдамскія гомікі бавіліся півам і мілаваліся. Старэйшаму за пяцьдзесят, ён выгалены да непрыемнай склізкасці, на целе з роўным арэхавым загарам ні валаска. Маладому за дваццаць: у яго падфарбаваныя вочы, чорныя валасы сцягнуты па патыліцы ў доўгі хвост. Гомікі спляталі пальцы на стале і пазіралі адзін на аднога.

Англічанкі п’юць “Марціні”. Пераміргваюцца і глядзяць на мяне запрашальна. У прыгажэйшай праколаты язык, на кончыку з’зяе бліскучы шарык, і тры шарыкі паблісківаюць вакол вільготнага пупа. У яе сяброўкі доўгі твар і кароткія ногі і рабацінне па ўсёй ружовай скуры.

Замаўляю яшчэ віскі з лёдам. Англічанкі глядзяць на мяне пытальна. Разумею, што час пазнаёміцца і пачаставаць іх “Марціні”. А потым будзе што будзе.

Месца каля аўтаматаў заняла старая немка ў бэзавым парыку і з ярка нафарбаваным на палову твара ротам. Побач з ёй сівавусы, ружоваскуры кавалер. Ён гуляў у карты.

Старая немка з вялізным ротам на драпежным твары ўпарта спрабавала раскласці на экране прамакутнікі з выявамі кветак. Ціскала кнопкі, звыкла цягнула на сябе гумовы рычаг – і чарговы раз прайгравала аўтамату. Яе калаціла ад злосці. Усмешка і паблажлівы выраз даўно згаслі, сцерліся.

Зачараваны гляджу на кветкі. Якія яны яркія ў задушлівых прыцемках бара. Яркія нават у сувоях тытуневага дыма і рознамоўнай гамане наведвельнікаў. Яркія! Яркія, як?.. Яркія, як на прылаўку Камароўкі. Тысяча дзевяцьсот семдзесят пяты год; слота, вецер, халодны сакавік.

Півонія Мацуа Басё з сэрца якой так неахвотна выпаўзае пчала... Півонія з блакітнымі лістамі кітайскага мастака Цы Бай-Шы, намаляваная ім на прыканцы жыцця... Півонія Давід-Гарадоцкага майстра-самавука Барыса Сыса...

Кветкі, пчолы, салодкі пах лета, бруд і сцюжа сакавіцкай Камароўкі...

Я падышоў,каб замовіць “Марціні” і пачаставаць англічанак.

Лезу ў кішэню, каб дастаць партманетку. Абмацваю сябе, абшукваю кішэні: тры манеты па сто песетаў, ключ ад гатэльнага нумара, насоўка і расклад электрычак на Барселону.

Алес! Згубіў! Выцягнулі! Сорамна. Здаецца, што вушы пачырванелі. Англічанкі адвярнуліся і перашэптваюцца. Потны таўстун у кашулі без рукавоў і каўняра пазірае нахабна-здзекліва...

Гляжу на стале, шукаю на лаве і на падлозе.

Адчуваю, што за мной пачынае сачыць бармэн і афіцыянт.

Сівавусы немец адыходзіць ад аўтамата, і прагна п’е піва з вялікага куфля. Яго фрау з драпежным выглядам душыць кнопкі і хапаецца за рычаг. Зноў пройрыш.

Іду ў прыбіральню. Там амстэрдамскія гомікі стаяць каля рукамыйнікаў і трымаюць адзін аднога за ворганы. Твары салодкія да ванітаў. На мяне нуль увагі, быццам я ім сябар. “Пардон” і працягваюць лашчыцца. Партманэткі ў прыбіральні не знайшлося...

Вяртаюся на сваё месца і спрабую супакоіцца. Лічу да сотні... Углядаюся ў твары наведвальнікаў, а раптам хто знаёмы, хоць і разумею, што такога шчасця мне не ўбачыць.

Немка прайграе ў чарговы раз. Бармэн, афіцыянты, англічанкі, колькі гішпанцау глядзяць на азартную старую без спачування, як на чалавека, які паслізнуўся пасярод вуліцы.

Немка хапае кіёк і б’е, б’е, калоціць у падлогу, лаецца тонкім голасам. Ёй карціць заехаць кійком па ненавісных аўтаматах, размалаціць, знішчыць, зруйнаваць...

Багатыя не любяць губляць грошы. Не любяць. Багатыя справядлівыя адно ў дробязях...

Вяргініі, акцыніі, шольцыі, гваздыкі, настуркі і півонія... Басё,

Цы Бай-Шы, палатняныя тобачкі з насеннем кветак, жывапіс мастака-самавука... Але не варта спяшацца. Трэба пераканацца, што не памыляюся... Глытаю слізкі кавалачак лёду. Ні на каго не гляджу, прыслухоўваюся да таго, што адбываецца не звонку маёй істоты, а ў сярэдзіне, ў пустаце. Там, ў цемры свядомасці плыве півонія з чуйнымі пялесткамі падобная на апёк. Гарачая кветка, гарачая, як рана-апёк.

У мяне на далоні тры манеты, па сто песетаў кожная. Падыходжу да таго аўтамата, за якім вар’яцела немка. Засоўваю ў шчыліну тры манеты. Запальваюцца лямпачкі – узнікаюць яркія прамакутнікі на блакітным экране. У кожным белым прамакутніку – кветка. Шапчу, як пароль: “Пі-во-ні-я”, націскаю тры кнопкі і цягну на сябе рычаг. Лямпачкі на імгненне згасаюць, каб потым пачаць сутаргова мігцець. Усе дзевяць прамакутнікаў запаўняюцца кветкамі.

Цішыня такая, што чуваць роўнае гудзенне вентылятараў...

Дзіньканне, грукат, звон...

З нетраў аўтамата пачынаюць сыпацца манеты.

Душа вяртаецца ў цела. Абалонка істоты напаўняецца крывёй.

“Майн Гот! Шайзэ!” – гучыць за маёй спінай крык немкі.

Амстэрдамскія гомікі пляскаюць і кідаюцца ў абдымкі. Яны прысмоктваюцца адзін да аднога. Англічанкі смяюцца і робяцца непрыгожымі. На твары бармэна адсутнасць поўная.

Выбіраю манеты і складаю слупкамі на барную стойку. У кожным слупку па тысячы песетаў, слупкоў семнаццаць.

Пакідаю сабе тры манеты, астатнія мяняю на папяровя грошы. Разлічваюся...

На душы ціха-ціха.

Англічанка з праколатым языком дакранаецца плячом да майго пляча і нешта прамаўляе. Мне чуецца: “Я – твая”

Сыходжу ў задушлівую цемру паўдневай ночы.

Ад’юс, англічанка з вільготным пупком, немка ў бэзавым парыку, амстэрдамскія гомікі, бармэн, афіцыянты, бутэлькі, попельніца з недапалкамі, шклянка з кропляй віскі на донцы...

Ад’еюс! Чорна-белы Клінт Іствуд, абыякавы да ўсяго.

Японец Мацуа Басё не ведаў кітайца Цы Бай-Шы, кітайскі мастак не ведаў беларускага мастака-самавука Барыса Сыса, а той не ведаў мяне...

Але была півонія.

У кожнага свая півонія...

Менск 05.02.2003 г.

АНДРЭЙ ФЕДАРЭНКА

Андрэй Федарэнка нарадзіўся 17 студзеня 1964 года ў вёсцы Бярозаўка Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Празаік.

Скончыў Мазырскі палітэхнікум ў 1983 годзе, бібліятэчна-бібліяграфічны факультэт Мінскага інстытута культуры ў 1990 годзе. Працаваў мулярам, транспартным рабочым. З 1990 года працуе загадчыкам аддзела навукі, культуры, грамадскага жыцця і публіцыстыкі часопіса "Полымя".

Аўтар кніг прозы "Гісторыя хваробы" (1989, 1990), “Смута" (1994), "Шчарбаты талер" (1999), "Тры талера" (2000), "Афганская шкатулка" (2002).

Сябра СП Беларусі з 1990 года.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.

Апавяданне "Гульба святых" ўпершыню было апублікаванае ў штотыднёвіку "Літаратура і Мастацтва" 21 верасня 2001 г.

ГУЛЬБА СВЯТЫХ
Апавяданне

Не ведаю, ці застаўся цяпер яшчэ дзе ў Беларусі гэты звычай -- кожнай вёсцы мець сваё рэлігійнае свята і адзначаць яго? Відаць, не ­­ каму цяпер да гуляў… А вось раней, гадоў дваццаць -- трыццаць назад такія святы лічыліся найважнейшымі. Прынамсі, не параўнаць было іх з рознымі "акцябрскімі" ці "майскімі", не кажучы ўжо пра ноч пераходу з трыццаць першага снежня на першага студзеня -- гэтае ўвогуле пазнавалі хіба па тым, што сваякі паштоўку з горада прышлюць, ці што каляндар на сцяне скончыўся і трэба памяняць на новы.

У нашай вёсцы гулялі Міколу-зімовага. Як цяпер помню той дзень, дзевятнаццатага снежня, калі "снег у ружовыя фарбы расквечаны// сонца дыміцца у стыні марознай// па-над платамі сумёты намецены// сцены патрэскваюць пошчакам грозным" (складалася ў пятым, ці што, класе. Цяпер бы сто разоў падумаў, перш чым пісаць такое; калі сумёты, калі многа снегу, пачало б аналізавацца цяпер, дык хіба такі мароз, каб аж сцены трашчалі? А вось і правільна тады, у дванаццаць гадкоў, пісаў! І снегу, бывала, наваліць па вокны, і вуглы ў хаце страляюць.).

Яшчэ Мікола, святы гэты заступнічак наш, запомніўся днём вялікага свінога пабоішча. З самай ранняй раніцы, з цямна яшчэ не сціхаў у дварах сабачы брэх, рэзалі вушы пранізлівыя парасячыя віскі, паветра насычана было пахам паленага шчаціння, басіста гулі паяльныя лямпы. Але самае моцнае, чым засталося ў памяці дзевятнаццатага сьнежня -- гэта крывёю, плямамі чырвонай крыві на белым снезе. У першы дзень -- крыві свінячай, у дварах, каля дрывотняў і паветак, а на другі, "пахмельны" -- чалавечай, якой пазначана была і стаптаная, слізкая, з жоўтымі пісюнамі на ўзбочыне дарога і асабліва "цэнтар", пляцоўка каля вясковага клуба, дзе ляжаў павалены, разварочаны штыкетнік і на крывавым снезе валяліся абломкі дошак.

Даўно тое было! Даўно ўжо зусім іншыя асацыяцыі выклікае чырвонае на белым, даўно ўжо забыты заступнік Мікола, даўно ўжо не адчуваеш радасці ні ў свята, ні ў будзень… Прачнешся, расчухаешся, планы на дзень прыкінеш, на працу ды назад з"ездзіш – вось табе і дня няма; і толькі засынаючы, здрыганешся раптам: ды гэта ж Мікола быў сёння! І празвініць у вушах нейкі далёкі адгалосак, ён жа прадвеснік, першы акорд будучага апавядання, расповеду пра часы, калі кароткі зімовы дзень здаваўся даўжынёю ў год, бо і ўбіраў у сябе столькі ўсяго, што хапала пасля на цэлы год успамінаў…

Было, было! Калі прачынаўся рана ад цішыні выключанага «радзьва», ад матчынага грукання ў меншай хаце, ад радасці, што хутка канікулы. Ад таго, што нядзеля сёння, заўтра ў школу, а ўрокі загадзя паробленыя. Ад таго, што раніца, а светла ад снегу за вакном. Ды яшчэ -- ад ціхага, да пустаты ў жываце прыемнага адчування сапраўднага свята, адчування такога знаёмага жыцця вакол і прысутнасьці сябе ў гэтым жыцці, і ад боязі праспаць, не паспець ухапіць нават аднаго дня гэтага жыцця -- а яго трэба ўвабраць без астатку, насыціцца кожнай хвілінай яго, кожным яго пахам, колерам, кожным яго эпізодам!

Першае, што робіш, лежачы ў цёплым ложку, -- гэта просіш святога Міколу, каб маці не здагадалася выцягнуць з пячуркі рукавіцы. У адной з іх дзве цыгарэты, якія выклянчыў учора ў свайго класнага кіраўніка Кацмана, паабяцаўшы яму ўвесну сажанцы чырвоных сліваў; такія на ўсю вёску чамусьці толькі ў нас і растуць. Што яшчэ? Паесці. Пакурыць з Сержыкам у кустах на рэчцы, дзе ў нас хакейнае поле. Дамовіцца, хто будзе красці з дому выпіўку, хто закуску… Праўда, сёння нам і так дазволена амаль ўсё -- сядай за стол, еж, выпівай, калі дурны і хочацца… Але што ж тады за кайф? Украсці ж цікавей.

Пра Сержыка размова асобная. Мы аднагодкі, але я вучуся ў сёмым класе, ён -- трэці год у пятым. Я без бацькі, радні няма, жывём з маці, канечне, бедненька. У яго бацька, матка, тры старэйшыя сястры, плойма дзядзькоў, цётак у вёсцы і ў горадзе. Я выдатнік, ён у вучобе не проста дуб, а дубалом, пень пнём, і даўно адправілі б яго ў спецшколу для разумова адсталых, каб не бацька. Бацька ў яго «хрантавік» («хрэнтавік», як сам Сержык жартуе), ваяваў разам з Гарасёвым, а Гарасёў самы большы начальнік горада і раёна. Калі-нікалі Гарасёў прызджае да франтавога сябра ў госці, Сержык кажа ­­ на "Волгі" (гучыць амаль як на "Вольві"), а часцей сам бацька Сержыкаў, напакаваўшы сумкі, цягнецца да яго ў горад. Так што чапаць Сержыка не пажадана нікому: ні дырэктару, ні завучу, і можна толькі ўявіць, што ён за падарунак, калі сам Гарасёў трэці год не можа выцягнуць яго з пятага класа! Адзіны ў сям"і сынок, позняе дзіця, з ім нянькаюцца і разбэшчваюць яго, як толькі можна. Расказвалі ­­ ды сама яго маці і расказвала – як тры сястры выстрайваліся адна за адной каля калыскі маленькага Сержыка і дзьмулі яму па чарзе ў голы пульхны зад; ілюстрацыя да раблеўскага Гарганцюа! Яму дазволена ўсё. Кожнае яго жаданне выконваецца без прамаруды. Захацеў раз Сержык мапеду -- калі ласка, назаўтра атрымоўвай, ды не звычайную "Рыгу", а "Верхавіну", дзве хуткасці, амаль матацыкл. Зажадаў стрэльбу -- на, сынок, бацькаву аднастволачку, "ды глядзі ж, беражыся, вочкі не павыбівай" (сабе, канечне, вочкі, не людзям). Канькі-"канадкі", клюшка за шэсць з нечым, шлем, шчыткі, накаленнікі -- во да чаго зайздрасць сапраўдная, да амуніцыі хакейнай, а не да "Верхавіны" нават і не да стрэльбы... Раз захварэў Сержык, зажадалася яму, як многім хворым, што часта самі не ведаюць, чаго хочуць, -- шахматаў. Лета, сенакос, бацька кідае ўсю работу, едзе на цэлы дзень у горад, прывозіць шахматы. Ды не простыя, не нашы лакіраваныя дзеравяшкі за тры шэсцьдзесят -- касцяныя, з пазалочанай інкрустацыяй, у скрыначцы, абабітай усярэдзіне карычневым аксамітам. На, сынку, папраўляйся! Сынку пагуляў сам з сабою ў Чапаева, пстрычкамі збіваючы пешкі, адламаў ферзю галаву і на тым скончылася.

Я люблю яго. Мы сябры. З ім лёгка, цікава і пляваць на тое, што ён двоечнік. Затое ён ўмее, як бядулеў Салавей, размаўляць рознымі галасамі, мужчынскімі і жаночымі. Да ўсяго ж у нас з ім аднолькавае адчуванне жыцця. Нам мала яго, гэтага, калі шчыра, даволі такі нудненькага рэальнага вясковага жыцьця, мала простага сузірання гэтых хат, людзей, настаўнікаў, школы; нам хочацца самім тварыць яго, хай сабе толькі ў марах, затое па-свойму.

Фантазіі ў нас бываюць смешныя, дасціпныя, бываюць банальныя і, вядома ж, далёка не заўсёды бяскрыўдныя Мы выдумляем-фантазіруем, перабіваючы адзін аднаго, устаўляючы розныя падрабязнасці, на тэму Сержыкавага суседа ­­ дзядзькі Міколы Піцерскага. Напрыклад, як ён мог служыць у войску? Прымітыўны, непісьменны, акрамя таго дылда пад два метры ростам -- усю форму, ад ботаў да пілоткі, яму шылі па спецзаказе, мы самі бачылі дакуманты, калі неяк залезлі да яго ў пограб і знайшлі кіпу пажоўклых лісткоў з выцвілымі, пад капірку напісанымі параметрамі. Чаму так не па­беларуску Піцерскі? -- неяк з жонкаю паехалі яны ў горад Ленінград (гэта не прыдумкі, а праўда), пачалі спускацца ў метро. Жонцы, вясковай цёмнай бабе, якая дасюль не была нават у райцэнтры, зрабілася блага -- яшчэ б, нейкі страшны чорт жывую апускае ў апраметную! Нема яна загаласіла і, задзіраючы ногі, пачала пералазіць на суседні эскалатар, які падымаўся ўверх, які мог уратаваць яе, вынесці з гэтага пекла… Мікола хапаў за спадніцу, сцягваў назад… Дарэчы, хутка пасля паездкі яна памерла, цалкам магчыма, што і ад стрэсу, а Мікола стаў Піцерскім. Дзякуючы Сержыку і папулярнаму тады "джэнцельменскаму" фільму.

А то мы ўкладваем майго класнага кіраўніка Кацмана, ціхмянага сарамлівага яўрэйчыка, які чамусьці баіцца жанчын, у адзін ложак з Кацяй, маладой і "ранняй" настаўніцай нямецкай мовы; цымус яшчэ і ў тым, што ў нашай інтэрпрэтацыі яны нават ў ложку размаўляюць на "вы".

Я: "Повернитесь, пожайлюйста, на бочёк, дорогая Катюшенька… Так мне будет удобнее…" Сержык (Каціным голасам): "Я вам чьто, гимнастка? Может, ещё мостик прикажете сделать?!" У мяне аж дрыжыкі бягуць па спіне, бо не толькі голас, і твар у яго робіцца падобным на Кацін, і міжволі мільгане думка: ды адкуль гэта ў цябе, двоечніка, невука, які ніводнай кніжкі ў жыцці не прачытаў?! Ды ці не прыдурваешся ты, пад прасцячка ламаючыся?! Каб рабіць усё, што хочаш?!

Мы з Сержыкам залезлі ў лазовы куст, што расце проста з лёду, адразу за варотамі хакейнай пляцоўкі. Куст вялізны, памяшчаецца ў ім чалавек дваццаць і можна сядзець на галінах, як на лаўках. Іншым часам тут наша раздзявальня. Цяпер мы пакурваем тут, ганяем "цыганачку"… Ах, тая першая ранішняя зацяжка! Той шум у вушах, салодкі транс, раптоўнае абвастрэнне зроку, слыху, нюху!.. Гэта пазней, пазней забухаюць кашлем лёгкія, пазней прыдзе расплата -- задышкаю, арытміяй… А пакуль што смялей! – давай, зацягвайся, каўтай дым, здароўя ж не мерана, скура гладзенькая, зубкі белыя, пальцы нікацінам не смярдзяць…

Сержык робіць доўгія зацяжкі і, выпускаючы дым, заплюшчваецца. Я падганяю: ды расказвай хутчэй! Пакуль я ўчора урокі рабіў, ён не спаў у шапку. Госці пачалі з”язджацца яшчэ з вечара. Да Гермачыхі-штунды прыехаў сын, імяніннік Мікола, таксама штунда (так у нас завуць баптыстаў), не адзін, а з дзеўкаю, нават з дзвюма дзеўкамі! Абедзьве гарадскія, бялявенькія, абедзьве, калі Сержыка паслухаць, у Бога веруюць. Мікола Гермачышын іх у малітоўным доме недзе і знайшоў.

Сержык расказвае ў ролях, разыгрывае цэлы спектакль. Гэта трэба чуць і бачыць. Канечне, ён яшчэ ўчора ўсё падгледзеў, усё выведаў.

-- …Коля на гітары іграе, дзеўкі параздзяваліся і таньчаць голыя, а Гермачыха на поліку сядзіць, у ладкі пляскае… Фу-у-у! -- шумна выдыхае ён дым з рота.

Трэба ж! Такі абыякавы голас, такая нявіннасць у сумленных вачах! Нават і ведаючы яго, як аблупленага, міжволі засумняваешся -- а мо праўда?

-- Дык а што ён ім іграў?

І на гэта ў Сержыка ёсць адказ. Словы, і нават мелодыю ўдалося яму запомніць. Ён перабірае, як па струнах, пальцамі па крысе новенькага свайго пальта і спявае рыхтык голасам Кабзона, на матыў колішніх "бамаўскіх" шлягераў:

Верце у Бога
Ісуса Хрыста,
І спамінайце
Ліхіе дзела!

Аднак хутка першы рэйс аўтобуса. Варушыцца трэба. А то засядзеліся тут, закурыліся ­­ так і галоўнае, чаго добрага, прапусціш.

Хуценька ідзем да клуба. Мароз, сонца, ружовы снег, які скрып-скрып пад чаравікамі. Здорава! Проста нейкая дурная радасць у душы. А на прыпынку ўжо людзі. І два Міколы-імяніннікі сярод іх. Адзін -- Піцерскі, двухметровая тычка, у новым кажусе, у хромавых ботах, якія блішчаць на сонцы халявамі; другі -- гадоў пад шэсцьдзесят інвалід па мянушцы Пісталет. Абодва чакаюць гасцей. Піцерскі -- свата, якога завуць Сідар (нам напярод, ад аднаго гэтага імені ўжо радасна), Пісталет ­­ сына з горада Варапаева.

-- Здароў, дзяды! З празьнічкам!

Сержык сама ветлівасць. Нават галаву пачціва схіліў, нават да шапкі дакрануўся. Але добра нас усе ведаюць тут. Мікола Піцерскі адварочваецца, не жадаючы не тое што гаварыць, а і пазіраць на нас.

-- Сына з Варапаева жджэце? -- мядовым голасам пытае Сержык у другога Міколы.

-- Якое тваё сабачае дзела, -- адказвае Пісталет, -- каго я жду?

Значыць, у настроі, раз так кажа. Звычайна замахваецца каменькаю і крычыць на ўсю вуліцу: "Пайшоў на …, паскуства-гадасць!" Апошнія -- самыя любімыя яго словы.

Скача Пісталецік з каменькаю, прытупвае, узяў ужо, канечне, пару “сотак” на грудзі. Паддзёўка на ім, афіцэрскім рамянём падперазаная. На адной назе валёнак у галёшы, на другой чаравік, падобны на артапедычны. Калі цёзку Піцерскага выгнала ў вышыню, дык гэтага ў шырыню -- квадратная такая на неаднолькавых ножках трансфарматарная будка, з якой расце галава, што таксама здаецца квадратнай, бо на ёй салдацкая шапка з апушчанымі вушамі.

Такога кадра яшчэ пашукаць. У дзядзькі Міколы Піцерскага, акрамя службы ў войску і паездкі ў Ленінград, нічога больш за душою і няма; пра гэтага ж можна расказваць па гісторыі на кожную літару алфавіта.

А) — стральба кабана. Справа ў тым, што наш Мікола баіцца, калі свіней рэжуць ці колюць (дарма што хлусіць, што ваяваў, нават з пісталета страляў -- адсюль мянушка), і заве на такія выпадкі лесніка са стрэльбаю, таксама, дарэчы, Міколу. Пісталетава хата роўненька праз вуліцу насупраць крамы. Аднойчы Мікола-ляснік прамазаў. Куля прабіла кабану лыч і ўляпілася ў магазінскія дзверы. Спрацавала сігналізацыя. Выхадны дзень, раніца, магазіншчыца ў нас з горада, а як у той горад паведаміць? Як туды дазваніцца, калі адзіны тэлефон стаіць у гэтай самай краме? Словам, сірэна выла больш за суткі, пакуль не прыехала ў панядзелак і не спыніла гэты кашмар прадаўшчыца… А заманліва, праўда, гэтую лінію развіць? Як з таго часу сігналізацыя пашкодзілася і пачала спрацоўваць самавольна, і да яе так прывыклі, што калі аднойчы ўночы да крамы ціха падруліла аўто з фургонам...

Б) -- халяўная выпіўка. Летні вечар, каля крамы змораныя за дзень мужчынкі п"юць "Праменнае" нуль восем. Паселі ў радок, як ластаўкі на правадах, на жэрдках. Закусваюць вахлямі. Пісталет, глытаючы слінкі, скача побач -- не завуць яго! Тады прыдумваецца наступнае. Мікола падчыльгіквае да дзядзькі Агуста, худзюшчага і з чорным ад жыцця і ад п"янкі тварам, і пачынае выціраць яму далоняю вусны. "То я ваклю еў", -- вяла адмахваецца Агуст. -- "Я не знаю, што ты еў! Мо ты мел еў! Стой смірна, паскуства ты, гадасць!" Ну, як пасля такога не аддзячыць чалавека? Не наліць "чарніла" паўшклянкі?

В) -- як жывога бацьку пахаваў. Рэвізія ў краме (чамусьці з крамаю гісторыі ўсе звязаныя, цяпер толькі заўважаю; нейкія ўсе “крамныя”, ці "крамольныя"?..). Рэвізія рэвізіяю, а піць жа трэба! Пісталет бярэ сваю Аксеню, якой яшчэ раней паленам адбіў мазгі і яна развучылася гаварыць, ідуць у магазін, так і так, бацька (на другім канцы вёскі жыве) памёр. Ну, раз так… Колькі будзеце браць? Скрынку "чарніла". Узяліся з Аксеняю з двух бакоў, перанеслі праз вуліцу. Да канца рэвізіі хапіла. А стары бацька перажыў сына гадоў на дваццаць.

Г) -- як бульбу капаў ("Аксеня, пасунь каша, паскуства ты, гадасць!" Д) -- як тавар пасвіў, на лісапеце, з будзільнікам у кішэні. Ж)… З)… Каму не смешна ці не цікава ўсё гэта, раю паслухаць у Сержыкавым выкананні… вось толькі, праўда, не скора такое стане магчымым. Сядзіць недзе ў “суворай” аршанскай турме Салавей наш, матчын сынок наш, анёльчык, якому ў задніцу дзьмухалі, тэрмін "цягне", трэцяя ходка -- і ўсё па дурасці, усё ад разбэшчанасці, інфантыльнасці, ад таго, культывуемага некалі намі стаўлення да жыцця як да нечага несапраўднага, несур"ёзнага!.. Першы раз па п”яне ўтапіў Сержык дзяржаўную машыну ў рэчцы -- год з паловай. Другі -- недзе ў Калінкавічах (Гарасёў па блату зрабіў яму там кватэру) пабіўся з нейкім дзедам, пенсіянерам нейкім, на трыццаць тры савецкія рублі , вызначыць суд, "знёс" яму ўстаўных зубоў -- два гады плюс кампенсацыя. І вось цяпер трэці раз, за штосьці, здаецца, зноў з нейкім пенсіянерам звязанае ­­ можа, і з тым самым.

Аднак Пісталета забылі. Е) -- вось хоць бы і гэты сын з Варапаева. Ніколі ніхто яго ў вочы не бачыў, як і ніхто не чуў, дзе гэтае таямнічае Варапаева?.. У тыя далёкія, дарагія гады я і падумаць не мог, што сам некалі буду мець да гэтага горада дачыненне. У 80­ыя з літсуполкаю "Тутэйшыя" выправіліся цягніком у Дрысу, каб адтуль на лодках плыць у Дзвінск, пратэставаць супраць будаўніцтва ГРЭС, ці што, не помню ("хто без чаўна, хто на чаўне мы шпацыруем па Дзвіне"), і вось ўночы, калі рабілі перасадку на глухой, пустой і цёмнай станцыі, раптам кінулася ў вочы -- Варапаева!

Аднак да-а-алёка яшчэ да начной перасадкі і да шпацыру па Дзвіне. Пакуль і без таго цікава. Вунь аўтобус ужо выплывае з-за павароту. Тармазнуў, праехаў юзам па слізкай шашы. Расчыніліся дзверы -- і вось нам першая ўзнагарода за чаканне. З пярэдніх дзвярэй вывальваецца, не выходзіць, не саскоквае, а акурат неяк бокам вывальваецца Міколаў сват дзядзька Сідар. Упаў на калена, падхапіўся і выдаў на ўсю вуліцу наступнае:

-- Э-эх, ты, у Госпада Бога душу Ісуса Хрыста краста маць перамаць тваю Прасвятую Багародзіцу… ў Пятра і Паўла рогі маць!..

Ашаломленыя, мы з Сержыкам нават не смяемся. Ну, калі такі зачын, сумна сёння не будзе!

-- Сват, а мо не гнявіце ў Бога? -- просіць Мікола, азіраючыся.

Яму сорамна за свайго госця перад людзьмі. За гэтыя брыдкія яго словы, за тое, што прыехаў паддаты і з пустымі рукамі. Што боцікі ў яго нячышчаныя, дзіравыя, і ў адзін калашына ўбілася. Што зялёнае пальточка расхлістанае, без гузікаў, шаліка няма, праз расшпіленую брудную кашулю свеціцца худая шыйка... Росту дзядзька Сідар нашага, падлеткавага. І калі сваты пайшлі па вуліцы ­­ Мікола далікатна падтрымліваў Сідара за локаць, вялікі з малым, дык ззаду здавалася, што дзед вядзе дамоў наравістага ўнука.

Астатнія пасажыры прывезлі хоць нейкае адчуванне свята. З гасцінцамі, з тортамі ў руках цэлай працэсіяй расцягнуліся па вуліцы. Апошнім сіратліва клыпае Пісталет. Зноў да яго так і не прыехаў сын з Варапаева. Нічога, будзем старымі гісторыямі жывіцца! Хай сабе клыпае, балазе, яму недалёка, вунь насупраць крамы хата, -- ды "квасіць" там са сваёй Аксеняю. А тое, што не пагаворыш з ёю, хай на сябе крыўдуе -- не трэба людзей біць паленам па галаве, тым больш жонку.

Бліжэй да абеда пад"ехаў яшчэ аўтобус. Ажыўленне, рух на вуліцы і ў дварах! Напаўняецца вёска людзьмі. Нарэшце, пад вечар, яшчэ навіна, самая важная -- музыкаў "пазік" прывёз! Да гэтага часу паспелі ўжо напіцца, наесціся, наспявацца, хто і пакімарыць, набіраючыся сілы перад другім таймам… Самы час пахмяліцца, асвяжыць халоднай вадою рыла -- і ў клуб, на танцы!

Мы з Сержыкам пабылі ў мяне, потым у яго. І там, і там сядзелі за сталом і ўсё адно ўмудрыліся застацца амаль галоднымі сярод гэтага банкетавання, гэтага багацця розных смажанняў, тушэнняў, марынадаў, грыбкоў-гуркоў-памідораў… Ну, не лезе дома! -- асабліва калі яшчэ госці, ды ў рот пазіраюць… Гэта за вуглом дзе-небудзь, у тых жа карчах на рэчцы, калі гаварыць трэба шэпатам, азіраючыся, піць з рыльца, закусваць якім-небудзь белым ад тлушчу кавалкам гусяціны, што толькі што выслізнуў з рук пад ногі, а ты падбіраеш, абдзьмухваеш -- і ў рот, "зубамі яго, зубамі"!

Можна было б і ў карчы, але ж часу шкада. Ужо нават у нашым канцы чутно, як у клубе наладжваюць інструменты, як зуммерыць бас-гітара, піліць, нібы скрыпка, сола-, пераліваецца іоніка, бохае барабан-"нажнік" і медна бразгочуць ударныя талеркі…. Вось-вось пачнецца першы этап гульбы; тут свая традыцыйная іерархія. Гадзінаў да дзевяці-дзесяці вечара будуць тупаць-шоргаць свае "падыспані" з "карапетамі" старыя, потым перапынак -- пакарміць-папаіць музыкаў -- і другая, маладзёва- "культурная" частка, танцы да ўпаду, гэта значыць, да бойкі.

Аднак нам з Сержыкам і на першую, "нямодную" частку трэба паспець кроў з носу. Бяжым ледзь не бягом. У меншай хаце Міколы Пісталета гарыць святло. Ну як тут не спакусіцца, як тут прайсці спакойна? Прабіраемся паўз сцяну да вакна, я з аднаго боку рамы, Сержык з другога прыліпаем насамі да халоднага, заінелага з сярэдзіны халоднай, няпаленай хаты шкла. Сёе-тое можна разгледзець. Аксеня, сухая, сівая і страшная, як смерць, сядзіць адна за сталом. Прыставіла да вуха будзільнік, той самы, з якім Пісталет Мікола кароў пасвіць... На твары -- жудкаватая ўхмылка шчасця. Цікае!

-- Ксеня, паскуства ты, гадасць! -- крычыць Сержык Пісталетавым голасам і барабаніць у шыбіну.

Бразкае аб стол будзільнік. Аксеня падскоквае і бяжыць за печ хавацца, а мы з лёгкасцю ў душах, з пачуццём выкананага абавязку, не забыўшы зачыніць за сабою веснічкі, спяшаемся ў клуб.

Яшчэ здалёк нас сустракаюць гукі "полькі". Усярэдзіне ў клубе пакуль чыста, не накурана, не наплёвана, падлога вымытая. Музыкі размясціліся на сцэне, збітай з новай дошак; паўз сцены – лавы. Парассядаўся народ, самае старыччо і тыя , хто не таньчыць ніколі, толькі назірае, запамінае, каб потым цэлы год абгаворваць, як хто Міколу гуляў.

Мы выбіраем месца, адкуль нам усё відаць, а самі мы і незаўважныя, ціхенькія, сарамлівыя, смірнененькія.

Ідуць танцы! Мужчыны мокрыя ад поту, але ніводзін не расшпіліць верхні гузік цеснай кашулі -- ён замест гальштука. Жанчыны ў хустках, у аднолькавых панчохах і ў аднолькавых дубаскурых тухлях, якія, раз у год надзетыя, націраюць ногі да крыві, адсюль і пакута ў вачах замест радасці… Зрэшты, і мужчыны такія ж самыя. Сур"ёзна, спаважна таньчаць людзі, як павіннасць адбываючы, туп-туп-туп, раз-два-тры, паварот, і ўсё гэта моўчкі, без усмешак, без ахвоты, з выглядам, што трэба ж неяк перабыць і гэты, раз на год патрэбны абавязак.

Пасіўны настрой іхні перадаецца і музыкам. Іграюць яны ляніва, неахвотна, знарок збіваюцца, фальшывяць… На тварах -- пагарда да "крастоў" з іхнімі "калхознымі" танцамі. Яшчэ і ўпрошваць музыкаў даводзіцца, каб сыгралі той жа "карапет" ці "рэчаньку". "Мы ж таксама грошы давалі!" -- нават да такіх аргументаў даводзіцца апускацца. Толькі чыхаць музыкам на вашыя праблемы. Ім што, цікава, як вы гэтага дня чакалі, як рыхтаваліся да яго, як прыбіралі клуб, сцэну рабілі, падлогу вышароўвалі; як яшчэ месяцы за два да свята хадзілі старэйшыя хлопцы па хатах, грошы на музыку збіраць, і як адрывалі ад сэрца скупаватыя людцы траячкі і пяцёркі -- у залежнасці ад таго, колькі танцораў у сям"і, і як дзівілся: "Чаго так многа, заўсёды ж па рублю было!", на што ім цярпліва, з разуменнем цемнаты іхняй адказвалі: "Дык цяпер жа ансамбль будзе!" Што там ужо за ансамбль, хоць бы глянуць адным вокам, паслухаць адным вухам… Глянулі? Паслухалі? Гэта вам не баян з бубнам (апетыя некалі мексіканцам нашым, Клімовічам Вовам з­пад Ліды), тут культура -- разумець трэба!

Аднак хоць так, хоць з горам папалам, а йдзе гульба. Падцягваецца памалу моладзь. Пайшлі ўжо ў танцах змешаныя пары-тройкі: стары з маладою, ці наадварот. Каму сапраўды тут весела, дык гэта Міколу Пісталету. Прыстроіўся да сцэны, бліжэй да музыкаў, знайшоў занятак -- танцы агучваць.

Выйду на рэчаньку
Гляну на сяло-о-о!

спявае ён, свецячы жалеззем у роце, трымаючы перад сабою, як мікрафон, каменьку. І не выцягвае, заходзіцца ў кашлі. Нічога -- з другога канца клуба Сержык яго голасам яму памагае:

Дзеўкі гуляюць --
А мне не весяло!

Эфэкт! Нават музыка на нейкі міг разладжваецца, нават танцоры застываюць у нямой сцэне: што такое?! Хто спявае? Два Пісталеты ў клубе, па розных кутках, ці што?!

-- Ідзі вон адсюль, паскуства ты, гадасць! -- крычыць Пісталет, не бачачы Сержыка.

А той штурхае мяне ў бок. "Вунь, глядзі, дзеўкі-штунды Гермачышыныя!" Гляджу. Дзеўкі як дзеўкі. Беленькія, прыгожыя. У джынсіках. Ні на якіх штундаў-цемрашалаў (так нас у школе вучаць) не падобныя. Адна нават пайшла "падыспань" таньчыць, з высокім Міколам і нізенькім Сідарам. Тры крокі ўперад, тры назад, перакрутка… Дзядзька Сідар у захапленні.

-- Э-э-эх, ты ж і дзеўка… я б табе яшчэ… у тваю Госпада Бога душу!..

-- Сват, не гнявіце ў Бога! -- крычыць Сержык. Мы з ім заходзімся ад рогату.

Дзеўка толькі рдзеецца і патупляе вочы…

Перапынак. Музыкі п"юць і закусваюць проста на сцэне. Народ вывальвае на двор -- перакурыць, таксама падзаправіцца… Нарэшце вось яна, кульмінацыя! Падняў бубнач над галавою палачкі, стукнуў тройчы -- панеслася! Расступіся, старыччо, хавайся пад лаўкі, да сцен туліся! Адэса-мама, гэта табе не дулі вераб"ям паказваць! Саступі, Пісталет, месца профі!

Спявае саліст. Не так спявае, як выкідвае з сябе словы, крыўляецца, манернічае, ніжнюю губу аттатурчвае. На твары -- адчуванне сваёй значнасці, ці нават так: месіянерскай важнасці носьбіта культуры ў масы.

…И если вам в Одессе выбьют глаз…

"А может два!!!" -- падхоплівае клуб.

…То этот глаз не вставит сам Филатов!..

Опа, опа, опа! Давай, давай! Вучыся, цемната на босу ногу, гэта табе не "карапет" з "падыспанем", тут "ансамбля", сам, бля! Гудзе клуб, стаіць тупат, звіняць шыбы, пагрозліва калываецца груба без коміну -- цагляная бандурына, паралелепіпед метры два ў сячэнні і тры ў вышыню…

Клуб, калідор поўныя народу. Але на дварэ яшчэ больш. Кучкуюцца, выпіваюць хто стоячы, хто на якіх бярвеньнях, на жэрдках, на выступе падмурка седзячы… Накаляецца патроху атмасфэра. Ужо нават лакальныя, лёгкія сутычкі сям-там. Але ўсё гэта пакуль пакуль несур”ёзна, так, размінка.

Мы з Сержыкам цягнемся ў самы дальні, глухі куток двара і натыкаемся на кампанію чалавек з дзесяці. Сярод іх і нашая бялявенькая “штунда”, што так зачаравала дзядзьку Сідара. У адной руцэ ў яе цыгарэта, у другой чарка. На нас ніхто не звяртае ўвагі. Толькі гэтая бялявая.

-- Вазьмі да сябе начаваць, -- просіць яна раптам Сержыка п”яным голасам.

Што такое!? Сябар мой, ды ты разгубіўся?! Не пазнаю цябе! Можа, ты нават пачырванеў? Шкада, не ўбачыць гэтага ў цемры…

-- У мяне сваіх, такіх, як ты, поўная хата, -- знаходзіцца Сержык нарэшце.

-- Якія вы шчаслівыя, што нарадзіліся хлопцамі, -- кажа яна з уздыхам. -- Як я вам зайздрошчу...

Мы нічога не разумеем.

А час ідзе. Пакрысе пусцее клуб, разбрыдаюцца па хатах старыя. Усё даўжэйшымі робяцца паўзы паміж танцамі. І ўсё прыбывае агрэсіўнага, гарэлкаю і адэскімі скокамі заведзенага народу ў двары.

Хутка фінал! Ужо нецікава. Як ні не ўвязваецца з хрысціянскім Святам усё папярэдняе, але канцоўка ў яго ўжо проста пачварная. І дзеўкі! -- нават малыя дзеўкі не разыходзяцца, а назіраюць -- з прагнасцю, з шалам у вачах, аблізваючы вусны… Крыкі, трэск платоў, удары, падзенне целаў, мацюкі, жаласлівыя просьбы не біць больш і жывёльнае мангола­татарскае гіканне пераможцаў… Гэта цяпер зразумела, чаму ўлады не толькі падобныя “святы” не забаранялі, а яшчэ і заахвочвалі ўсяляк; гэта цяпер думаецца, што калі б, дапусцім, была б імі прызначана якая прэмія за лепшую прафанацыю так нелюбімай імі "лерыгіі", за здзек з яе ­­ дык проста бяры, афармляй у сцэнар апісанне ўсяго, прыходзь у гаркам, абкам, ці дзе яны там тусаваліся, атрымлівай грошы ў зубы і на пяту (не забыўшы адлічыць ад сотак дзвяноста пяць у які-небудзь іхні "абшчак” ­­ Фонд міру, Фонд дапамозе Афрыцы…).

-- …Э-эх ты… тваю Госпада Пятра-Паўла-Камчацкую… маць перамаць Святую Дзеву!..

Вылятае з клуба на ганак спіною да людзей дзядзька Сідар -- і не ўстойвае на нагах. Пакаціўся па прыступках, як Чарлі Чаплін у кіне, стукаючыся задніцай. Пад ганкам лёд, цвёрды, бетон, а не лёд… Бух!

Тыя, хто бліжэй, выразна пачулі, як з трэскам сухой палкі хруснула костка.

-- Сват, я вас ж прасіў -- не гнявіце ў Бога!..

Мікола Піцерскі мітусіцца вакол шалапутнага сваяка, не ведаючы, што рабіць, чым памагчы.

Сідар падняўся сам. Пераламаная мёртвая рука вісіць, як пустое рукаво. Па няголеных шчоках коцяцца слёзы. Ад болю ён цверазее на вачах. Для яго свята скончана.

Ды і нам пара ўжо, уласна кажучы, па хатах… Да новай зімы, да новага снегу, да новага Міколы!

ІВАН ЧЫГРЫНАЎ

Іван Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Празаік, драматург, кінасцэнарыст.

Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў 1957 годзе. Працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва ў выдавецтве Акадэміі навук БССР, рэдактарам аддзела публіцыстыкі і нарыса ў часопісе "Полымя", намеснікам старшыні, сакратаром праўлення СП Беларусі, старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры, галоўным рэдактарам часопіса "Спадчына".

Памёр 5 студзеня 1996 года.

Аўтар кніг прозы "Птушкі ляцяць на волю" (1965), "Самы шчаслівы чалавек" (1967), "Ішоў на вайну чалавек" (1973), раманаў "Плач перапёлкі" (1972), "Апраўданне крыві" (1977), "Свае і чужынцы" (1984), "Вяртанне да віны" (1992), "Не ўсе мы згінем" (1996). Выйшлі Выбраныя творы ў 3 тамах (1984).

Сябра СП СССР з 1964 года. Народны пісьменнік Беларусі.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева. Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалямі.

Апавяданне "Маці" (друкавалася таксама пад назваю "У ціхім тумане") ўпершыню было апублікавана ў часопісе "Полымя" (1963, №1).

У ЦІХІМ ТУМАНЕ
Апавяданне

Сонца амаль на вачах пабольшала, зрабілася чырвонае. На зямлі, ужо як на дражджах, выросталі цені; на вадзе, на самай сярэдзіне возера, пераліваліся, бліскаючы пазалотаю лускі, быццам жыравалі там касякі маленькіх рыбак.

Над Бароўкай, двароў на сорак вёскай, якая падступалася паўкругам да возера (па адзін бок яго стаялі хаты, а па другі — лес), неўзаметку асядаў вечар.

3 бярозавага балота, што пачыналася за ніжнімі бароўскімі гародамі, выпаўз туман, і пацягнула яго, як заўсёды, па тарфяным полі на мост, перакінуты цераз роў, які падзяляў Бароўку на два канцы — канаплёўскі і канчанскі. Але сёння туман быў рэдкі, як дым.

Аднекуль з далёкіх заток раптам прыляцелі дзве качкі-мацярухі і закружылі ў пары над возерам. Штосьці трывожыла птушак. I яны доўга кружылі так, баючыся апусціцца на ваду.

Была тая зацішная пара перад заходам сонца, калі ў вёску яшчэ не вярнуліся з поля каровы, а людзі, прыйшоўшы з работы (якраз за доўгім логам кідалі ў гэты дзень стагі), паспелі ўгаманіцца.

У гэты час і прыйшла ў Бароўку старая Рэйдзіха.

Яе ўбачыла на гуцянскай дарозе Тараськова Ганна. Яна была за вёскай, у Чыкавых печах, зграбала там пад соснамі сухое шыгалле. Даўно ёй кінулася ў вочы адзінокая жаночая постаць на бязлюднай дарозе, але пазнаць, хто гэта, на ноч гледзячы, ішоў у Бароўку, доўга не ўдавалася. I толькі тады, калі Рэйдзіха павярнула на вузкую, утаптаную чалавечымі нагамі сцежку, каб паўз Чыкавы печы прайсці да выгану, па якім трапіш на бароўскую вуліцу, Ганна схамянулася.

-- Божа мой... Гэта ж Рэйдзіха!..— Яна адкінула ўбок граблі і ўтаропіла на яе свае здзіўленыя вочы, як на прывід які.

«I адкуль нясе старую нялёгкая»,— падумала яна яшчэ праз момант і адчула, як у сэрцы шавяльнулася штосьці падобнае на прыкрасць.

Рэйдзіха таксама заўважыла Ганну. Яна спынілася крокаў за дваццаць і пазірала на яе, сляпуючы, з-пад рукі. Потым, ужо, мусіць, пазнаўшы, падышла бліжэй.

-- Ганна!..— сказала яна ціха, амаль прашаптала, і раптам заплакала, схапілася за фартух і пачала выціраць слёзы.

Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая — ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі. Палаплены зялёны андарак ледзь не даставаў ёй да пятак. Не была асабліва новаю і доўгая сацінавая кофта, якую Рэйдзіха насіла навыпуск, так, што з-пад яе толькі звісаў вышываны фартух. Затое на галаву была павязана прыгожая, яшчэ амаль не паношаная гарусоўка — чырвоная, з чорнымі махрамі.

Рэйдзіха ціха ўсхліпвала, а Ганна стаяла, бы скамянелая, і не ведала, што рабіць. Надта ўжо нечакана выйшла гэта сустрэча ў Чыкавых пячах. I трэба ж было здарыцца якраз, што не каму-небудзь — ці мала ў Бароўцы людзей,— а ёй, Тараськовай Ганне, давялося спаткаць Рэйдзіху. Але першыя словы Ганна вымавіла, на здзіўленне самой сабе, спакойна, без прытворства, нават трохі з радасцю:

-- А я гляджу, хто гэта ідзе? Гляджу — і вачам не даю веры... Ажно гэта вы, цётка Матруна!

-- Ды гэта я, Ганначка, я!.. — Рэйдзіха паспрабавала ўсміхнуцца, але ўсмешка ў яе атрымалася палахлівая і вымушаная. — Вось, прывалакла свае косці,—дадала яна і тут жа нібы спахапілася, папраўляючы сябе. — У Забор'е іду. Памаліцца трэба, свечку паставіць...

-- Дык сёння ж, відаць, вы не паспееце туды.

-- Не паспею,— згадзілася Рэйдзіха і ўзняла на Ганну свае заплаканыя вочы.— Скажы-тка мне, а гэта, ці жывая, ці не, што каля Сёмкі Парашчынага хата стаяла? Ну, як яе? Дай бог памяць... Аўдотка Мялехава!

-- Не.

-- I даўно?

-- Пасля вайны адразу. Здаецца, на Пятра.

-- Скажы-тка, а чаму б гэта яна? Не вельмі каб і старая была...

-- Ды каб усё добра, то магла б яшчэ за комінам гадкоў пяць пасядзець. Але вайна, што зробіш...

-- А я спадзявалася... значую ў яе.

-- Ат, каб жа было толькі тае бяды, што начаваць дзе... У Бароўцы хат многа. Во колькі, глядзіце! — Ганна паказала рукой на вёску.— Ды хоць бы і да мяне зойдзеце. Хата вялікая і новая. На адну. Балазе, адбудаваліся нанова ўсе.

Пачуўшы гэтыя словы, Рэйдзіха апусціла галаву. Старая ніяк не чакала, што Ганна раптам пакліча яе да сябе. I яна прыціхла, быццам задумалася, як ёй паставіцца да неспадзяванага запрашэння. Нарэшце сказала:

— Хай табе шчасця дае бог... А што ж Іван твой?

-- Не вярнуўся Іван. Адна пяклуюся.

Рэйдзіха ўздыхнула. Ганна памарудзіла трохі, потым спытала:

-- Ну, а як вы, цётка Матруна?

— Дзякаваць богу, сыта, адзета. Не я пазычаюся ў людзей, а болей суседзі з добрым і благім да мяне. — Рэйдзіха гаварыла гэта і, здавалася, зусім не клапацілася, паверыць ёй Ганна на слова ці не; яна прайшлася хуценька да памшэлага пня, які вытыркаўся з-пад кучы шыгалля, і села там. — Дзіцёнка перабаблю, кашу на ксцінах паб'ю, на хаўтурках павыю — павыюць і па мне добрыя людзі,— старая зноў схапілася за свой фартух, але на гэты раз яна не заплакала. — Ну, дзякуй богу, што ты развязала маё сэрца... з начлегам. От, ужо ніколі не думала, што давядзецца напрасіцца да цябе. А гэта ты навошта? — яна капнула нагой шыгалле.

-- Трэба Ласюце пад бок паслаць, пакуль дажджоў няма.

-- У цябе яна даўнавата?

-- Не, пярвусцінка.

-- Малако ж хоць дае?

-- Трохі дае.

-- То і добра.

Жанчыны разгаварыліся. Рэйдзіха неяк адразу паспакайнела. Вярнуўся неспадзявана ўнутраны спакой і да Ганны. У душы ў яе ўжо чамусьці не было таго ранейшага пачуцця да Рэйдзіхі, якое яна адчула, калі ўбачыла яе на гуцянскай дарозе, — яго быццам рукой хто адвёў.

У Чыкавых печах тым часам пашарэла. За Бароўкаю зайшло сонца. I тут, паміж рэдкіх дрэў, пачаў распаўзацца сіні вячэрні змрок. На захадзе, там, дзе зусім нядаўна было відно сонца, ускочыла маленькае воблачка. Яно было падобнае нечым на белую авечку, якая адбілася ад чарады. Знізу на яго яшчэ кідала сваю чырвань нябачнае ўжо сонца, і таму здавалася, што яно крывавіць.

* * *

Тое, што Рэйдзіха нечакана заявілася ў Бароўцы, дзе яе ніхто ўжо не бачыў, можа, цэлых трыццаць гадоў, больш таго, дзе яе ніхто не спадзяваўся нават бачыць — пра яе даўно не ўспаміналі ў вёсцы, бо к слову неяк не прыходзілася, — дзівіла не толькі Тараськову Ганну: навіна за якую паўгадзіну абляцела ўжо сорак бароўскіх двароў, і ў кожнай хаце толькі і гаварылі пра гэта.

Начавала Рэйдзіха ў Ганны. Пасля вячэры на скорую руку — хлеб з малаком — яна яшчэ пасядзела трохі на лаўцы пад вокнамі: людзям лішні раз паказалася на вочы, потым папрасілася на спачын. Ганна палажыла яе за грубкай, на свежым, толькі што напханым сенніку. I Рэйдзіха варочалася на ім з боку на бок, шаптала замест малітвы ў падушку:

— Прытаміліся мае ножачкі, апускаюцца мае ручачкі, баліць маё ўсё цела... Пара спакой даць старым касцям...

Сёння ўвесь час — і тады, калі падышла ў Чыкавых печах да Ганны, і пасля, ужо ў вёсцы, калі сустракалася са сваімі былымі суседзямі, — яна чакала, што вось-вось людзі пачнуць гаварыць пра яе сына. Гэтага старая баялася больш за ўсё на свеце. Але бог літасці-вы быў, і ніводзін чалавек не напомніў пра яго. I цяпер яна, лежачы ў пасцелі, употай радавалася і, можа, першы раз за ўсё доўгае жыццё, як ведала бароўцаў, у душы ўдзячна была ім за іх кароткую памяць.

Але ці такая ўжо кароткая памяць у гэтых людзей?

...У Рэйдзіхі калісь быў муж — Лазар Рэйда, чалавек чорны і хмуры, як асенняе неба; быў таксама ў яе і сын — Яшка, такі ж чорны і хмуры, але ростам трохі ніжэйшы, ды і сілы ў ім было меней, чым у бацькі. Людзі казалі, што чарната ім перадалася ад дзеда, які быў смалакурам, а хмурасць... тут ужо можна было рабіць любыя здагадкі. I ўсё ж, відаць, самае першае, на што кожны ківаў, дык гэта тое, што Лазар Рэйда амаль усё сваё жыццё правёў у лесе. У пана ён служыў лесніком, пры савецкай уладзе таксама быў на той жа пасадзе. I праз усё сваё леснікоўства ён аставаўся жыць з сям'ёй на адным месцы — пад Круглым, там, дзе пасярод сасновага бору стаяла леснікова хата, якую збудаваў для сваёй службы яшчэ пан Сарока, здаецца, ажно ці не прадзед апошняга бароўскага пана. Гэта — кіламетры за тры ад Бароўкі, і, можа, столькі было ад Круглага да іншых вёсак. Абход быў якраз самы большы з усіх. За дзень Рэйда толькі і паспяваў прайсці яго ўздоўжкі, так што ў чалавека, нават калі б ён захацеў, усё роўна не хапіла б часу, каб пабываць у знаёмых на вёсцы. Ды і сама служба вымагала якраз таго, каб ляснік паменш вадзіўся з мужыкамі, бо гэта ж менавіта ад іх паны і трымалі яго ў лесе. А Рэйда службу знаў. I нёс спраўна. За гэта пан яму нядрэнна плаціў, а мужыкі — клялі і не адзін раз спрабавалі пацэліць з ружжа ў яго шырокую спіну.

Тым часам вакол лесніковай хаты, на лугах, на якіх стаяла некранутая трава, ад рання да позняга вечара бадзялася плойма кароў. Гэта была ўжо Рэйдзішына гаспадарка. Каровы пасвіліся амаль па ўсім Круглым адны, а ўвечары, як толькі ў лесе рабілася цёмна, яны вярталіся дамоў, ледзь не валакучы па зямлі вымі, прапахлыя малаком. I не знаходзілася на іх ні напасці якой, ні тых жа ваўкоў, што нападалі на худобу вяскоўцаў і быццам не мелі таго ж самага нюху на лесніковых кароў. Пану таксама не рупіла палічыць, колькі ў яго лесніка было кароў, ды і коней, якіх той кожнае лета прадаваў цыганам. Пана цікавілі адны свежыя пні ў лесе. А іх, свежых пнёў, дык якраз і мала бачыла яго вока ў Рэйдавым абходзе, бо той трымаў мужыкоў у чорным целе — не даваў ім з панскага лесу ні сена, ні палена.

I праўда ці не, а паміж людзей ужо хадзіла чутка, што Рэйда неяк вёў гаворку са сваім панам, каб купіць у яго маёнтак. Так гаварылі ў Бароўцы. Але нічога з гэтага торгу ў іх не выйшла. Тым больш што неўзабаве пачалася адна рэвалюцыя, потым другая, і пасля гэтай апошняй рэвалюцыі ніхто ўжо не збіраўся ні купляць, ні прадаваць зямлі. Пан раптам некуды падаўся ў губеранскі горад, а зямлю яго ў хуткім часе падзялілі мужыкі. Панскі лес адышоў дзяржаве. А лесніком у ім астаўся Рэйда. Яго не зачапілі, і ён нёс сваю службу, як і раней.

Змены ў лесніковым жыцці адбыліся гадоў праз дзесяць. Раптам у лясніцтве нехта дакапаўся, што Рэйда прадаваў дзяржаўны лес, і яго прагналі з Круглага. Тады ён прыйшоў у Бароўку і стаў шныраць па ўсёй вёсцы, выглядаючы месца, дзе лепш пабудавацца. Але месца яму не знайшлося — проста ніхто не захацеў дзеля такога выпадку пацясніцца, бо кожны меў на яго зуб за леснікоўства. I Рэйду нічога не аставалася, як паставіць сабе хату адразу за коўратамі, у канаплёўскім канцы, там, дзе да самых верхніх бароўскіх гародаў падыходзіць бальшак. Тут ён і дацягнуў да калгасаў. I калі сяляне пачалі ладзіць гаспадарку разам, ён пасміхаўся ўжо з іх, стоячы пасярод свайго двара, можа, самага ўпарадкаванага на ўсю Бароўку — кругом новай, на дзесяць акон, хаты была зроблена дашчаная агарожа, праз якую чужое вока не магло нават глянуць. У калгас Рэйда не хацеў ісці.

-- Баронь божа, — аднекваўся ён, — чужое піць і ад чужога карысць мець.

Ды, урэшце, Рэйду не вельмі і клікалі да сябе аднавяскоўцы, акрамя, вядома, начальства, якому патрэбны быў у калектывізацыі поўны працэнт. I вось гэты працэнт — ім цяпер стаў і Рэйдаў двор — не даваў выканаць план. Хто ведае, можа, якраз ён потым і вырашыў астатняе.

Аднойчы загарэўся калгасны кароўнік. Гарэў ён усю кароткую летнюю ноч, а раніцою, калі дым ужо рассеяўся, у Бароўцы паявіўся конны міліцыянер. Ён спачатку прагарцаваў па вуліцы на сваім вараным стаенніку, потым павярнуўся за коўраты, да Рэйдавай хаты. Там ён арыштаваў Рэйду і пагнаў яго пад наганам па пыльным бальшаку ў раён.

Роўна праз тыдзень пакідалі Бароўку і Рэйдзіха з сынам. Відаць, яны спалохаліся, што будуць «раскулачваць» іхнюю гаспадарку, і заспяшаліся пагрузіць свае куфры на калёсы.

3 таго часу Рэйдзіха ў Бароўцы не паказвалася.

Але ў сорак другім годзе паявіўся ў Бароўцы Якаў Рэйда. Ён наляцеў на вёску разам з карным атрадам, у чужой вайсковай форме з чарапамі на рукаве. Рэйдзішын сын, ціхі і непрыкметны чалавек, якога ніколі не было відаць з-за бацькавай спіны, апынуўся рап-там у немцах. Стаяў здраднік поплеч з нямецкім афіцэрам на высокім ганку былога калгаснага праўлення і зларадна пазіраў, як салдаты зганялі на пляц людзей з усяе Бароўкі. На гэтым пясчаным пляцы, дзе да вайны калгаснікі збіраліся пасля ўсходу сонца, каб атрымаць ад брыгадзіра нарад, цяпер была падрыхтавана вісельня. Каго надумалі немцы павесіць на ёй, бароўцы не ведалі аж да таго часу, пакуль не сышоў з ганка Якаў Рэйда. Ён падскочыў да старога Тараська і, штурхаючы аўтаматам у спіну, павёў яго да вісельні.

Тараська немцы павесілі. Але на гэтым яны не спыніліся. У той жа дзень згарэла ўся Бароўка. Рэйдзішын сын першы паднёс палаючы смаляк пад саламяную страху Тараськовай хаты. Потым яшчэ некалькі хат падпалілі нямецкія салдаты, якія хадзілі ўслед за ім. Астатняе дарабіў за іх вецер: якраз стаяў ветраны дзень, і полымя, пералятаючы, як жывое, з аднае страхі на другую, няшчадна зашугала па ўсёй вёсцы.

Пасля пажару Ганна, заходзячыся ў горы, хавала свайго бацьку. На папялішчы тым часам пагарэльцы пракліналі на чым свет стаіць і немцаў, і здрадніка, і маці, якая нарадзіла яго.

Якава Рэйду партызаны потым злавілі толькі на другое лета, калі быў разбіты пад Панькаўскай Будай карны атрад, у якім ён служыў з самага сорак першага года. Здрадніка прывезлі ў Бароўку і застрэлілі на краі бярозавага балота, там, дзе ледзь не круглы год цвякае пад нагамі іржавая вада.

* * *

Назаўтра, хоць ад стомы за ноч не ўляглася ламота ў касцях, Рэйдзіха ўсхапілася рана. Агледзеўшы з непрывычкі Ганніну хату, старая ўлезла ў свой шырокі андарак, потым асцярожна, каб не разбудзіць гаспадыню, прашмыгнула, як мышка, у сенцы, дзе на лаве стаяла кадка з вадой, апаласнула свой маршчыністы, рубцаваты твар і выйшла на ганак.

Туман яшчэ не паспеў зусім асесці, хоць на вёсцы яго і не было ўжо. Затое над возерам ён плаваў, як абястлушчанае малако: то паднімаўся, паказваючы цёмнае люстра вады, то апускаўся заслонаю, хаваючы ўсё ад вачэй. Лес, што падступаўся да возера з другога боку, здавалася, калыхаўся, стоячы на воблаках.

На ўсходзе па чыстым небе, толькі што адарваўшыся ад зямлі, узбіралася ўгору сонца. Але яно было нейкае цяжкое, бы перагружанае чым, і амаль не праменілася.

Вёска як бы драмала яшчэ. На вуліцы — ні душы. I толькі аднекуль здалёк далятала раз-поразу: лясь-лясь, лясь-лясь...

Хтосьці ладзіў касу.

Услед за Рэйдзіхай, праз колькі хвілін, на ганак выйшла з сенцаў гаспадыня. Ёй таксама не заспалася: як прагнала на ранкі за пастухом карову, дык ужо і не заплюшчыла ад таго часу вачэй.

-- Благадаць тута, — пачуўшы крокі, прамовіла Рэйдзіха, і ў голасе яе прагучалі адначасова ўсхваляванасць і зайздрасць. — Чыстая благадаць!

Ганна сцепанулася ад ранішняга халадку і, павярнуўшыся да Рэйдзіхі, можа, ўпершыню за ўвесь час, як давялося ім быць разам, уважліва паглядзела ёй у твар — зусім ужо стары, збляклы, з маленькімі вачмі, у пустэчы якіх правальваліся ўсе яе патаемныя думкі.

— А ў нас заўсёды так было, — азвалася Ганна і тут жа пашкадавала, бо падумала, што Рэйдзіха яе словы можа ўспрыняць як папрок.

Яна пачала лавіць сябе на той думцы, што ўжо каторую гадзіну, з самага ўчарашняга надвячорка, паводзіць сябе з гэтай жанчынай так, быццам у нечым была вінаватая перад ёй і цяпер аберагае яе ад усяго, што, крый божа, можа прычыніць знячэўку старой непрыемнасць.

Рэйдзіха не стала бавіцца ў Ганнінай хаце — праз які час пачала збірацца ў дарогу. Ганна не адгаворвала. Але перад тым, як пераступіць парог і выйсці на вуліцу, старая раптам затужыла моцна і, уздыхаючы, захадзіла босая па хаце з кутка ў куток, як падстрэ-леная варона.

Ганна маўчала. Па праўдзе кажучы, у апошні момант ёй чамусьці ўжо нават хацелася, каб Рэйдзіха як хутчэй сышла з яе двара. Ёй здавалася, што, прымаючы Рэйдзіху ў сваёй хаце, яна тым самым рабіла нешта нядобрае ў дачыненні да суседзяў, хоць і ведала — ніхто не будзе дакараць яе, бо кожны на яе месцы зрабіў бы тое самае. Ды ці заўсёды дойдзеш да згоды паміж тым, што адчуваеш у сэрцы і што робіш? Але яна, вядома, таксама не падумала, каб хоць намёкам прыспешыць старую. Яна толькі сказала напаследак, што ў Забор'і, куды тая хацела падацца, царква ўжо даўно закрыта, бо спіўся поп, і туды цяпер ці варта ісці — адно нагам лішняе работы задасі. Рэйдзіха насцярожылася, кінула кароткі збянтэжаны позірк на Ганну і раптам зноў, як і ўчора, без дай прычыны заплакала, пачала камячыць у руках сваю гарусоўку, якую не паспела павязаць на галаву. Плачучы так, яна падышла да Ганны за крок і загаварыла скрозь слёзы. Гаварыла яна доўга, блытана, нават спачатку цяжка было дайсці да сэнсу яе слоў. Але паступова Ганна ўсё ж зразумела, што хвалявала старую: тая на прамілуй бог, гатовая поўзаць ля ног, прасіла паказаць ёй... сынаву магілу.

...Да бярозавага балота Рэйдзіху павёў суседскі хлопчык, дзесяцігадовы Аўласаў Міцька. Яго ледзь угаварыла Ганна схадзіць туды з Рэйдзіхай. Рушылі яны па загароддзю, абыходзячы вёску з другога боку.

Гэту дарогу выбрала сама Рэйдзіха. Ідучы ўслед за Міцькам, вакол якога круціўся вялікі чорны пёс, старая горбілася і спатыкалася, але ўсё прыбаўляла кроку, быццам уцякала куды, чуючы за сваёй спіной буру. Неўзабаве яны падышлі да бярозавага балота. Міцька трохі патупаў каля кустоў, потым спыніўся і з хлапечай абыякавасцю паказаў на дзірван:

— Недзе тут...

Сабака, пачуўшы гэтыя словы, успрыняў іх па-свойму, як каманду шукаць, і скокнуў да таго месца, куды паказаў рукою Міцька. Павіскваючы ад якойсьці незразумелай сабачай радасці, ён зашкроб сваімі вялікімі белымі лапамі па зялёным дзірване, і хутка з-пад яго вострых кіпцюроў пасыпаўся, як руда, балотны пясок. Але Рэйдзіха не дала капаць далей. Яна нечакана падскочыла да сабакі, пхнула са злосцю босай нагой і павалілася, бы падкошаная, на дзірван, прыпала да яго сваімі высахлымі грудзьмі. Яна не плакала. Затое часта і трывожна цяпер білася ў грудзях, гатовае вылецець адтуль назусім, яе кволае старэчае сэрца. Удары яго, напэўна, чуваць было нават праз тоўсты, паточаны чарвямі дзірван. Рэйдзіха штосьці шаптала, варушачы сухімі вуснамі. Рукі яе, жоўтыя і слабыя, сутаргава і бездапаможна коўзаліся па мокрай, яшчэ не высушанай ад расы траве, быццам намагаліся награбці на гэтым роўным шматгадовым дзірване магільны курганок.

ІВАН ШАМЯКІН

Іван Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Празаік, драматург, кінасцэнарыст.

Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў у 1940 годзе. З 1946 года вучыўся ў Гомельскім педагагічным інстытуце, скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ у 1950 годзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў настаўнікам, старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха "Советская Отчизна". З 1954 года -- намеснік старшыні, сакратар, другі сакратар, першы намеснік старшыні, у 1976—1980 гадах – першы сакратар праўлення СП БССР. З 1980 года -- галоўны рэдактар выдавецтва "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя".

Аўтар кніг прозы "На знаёмых шляхах" (1949), "Дзве сілы" (1951), "Апавяданні" (1952), "Першае спатканне" (1956), "Матчыны рукі" (1961), "Вячэрні сеанс" (1968), "Лёс майго земляка" (1970), "Бацька і дзеці" (1971), "Сцягі над штыкамі" (1976), "Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч" (1976), "Браняпоезд "Таварыш Ленін" (1985), "У роднай сям'і" (1986), "Драма" (1990), цыкла з пяці аповесцей ("Непаўторная вясна" (1957), "Начныя зарніцы" (1958), "Агонь і снег" і "Пошукі сустрэчы" (1959), "Мост" (1965)) аб'яднаных ў пенталогію "Трывожнае шчасце" (1960, 1973, 1982), раманаў "Глыбокая плынь" (1949), "У добры час" (1953), "Крыніцы" (1957), "Сэрца на далоні" (1964), "Снежныя зімы" (1970), "Атланты і карыятыды" (1974), "Вазьму твой боль" (1979), "Петраград – Брэст" (1983), "Зеніт" (1987).

Сябра СП СССР з 1947 года. Народны пісьменнік БССР. Акадэмік НАН БССР. Член-карэспандэнт НАН БССР.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання. Герой Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ ступені, "Знак Пашаны", медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

Апавяданне "Панцеляймонава кіно" ўпершыню было апублікавана ў .

ПАНЦЕЛЯЙМОНАВА КІНО
З "Начных успамінаў"

Набыўшы машыну і трымаючы шафёра, я мала ездзіў у далёкія раёны, пра што шкадаваў пасля, ды і зараз шкадую: не ўсе нават райцэнтры наведаў. Але ўлетку 1953 года зрабіў добрае падарожжа. Дзіва што – адбыліся такія падзеі: смерць Сталіна, наш пленум ЦК партыі, на якім “чорныя” хацелі з’есці Патолічава, але не з’елі, бо ў адзін з гэтых дзён (пленум ішоў тры дні) у Маскве арыштавалі Берыя. Натуральна, што мне, маладому пісьменніку, лаўрэату Сталінскай прэміі, палітыку, які не закрываўся ў творчую шкарлупку, хацелася пабачыць, пачуць, як на ўсе гэтыя гістарычныя падзеі рэагуе народ, што гавораць простыя людзі, кіраўнікі ніжэйшага і сярэдняга звяна.

Паехаў на родную Гомельшчыну. Там займеў сваю “базу” – хату ў Церусе, не трэба прасіцца нанач. З’ехаў у Добруш, наведаў Карму, сустрэўся са студэнтамі Гомельскага педінстытута, якія, нягледзячы на экзамены, перапоўнілі залу, ламіліся, каб паглядзець на дзіва – “жывога пісьменніка”, паслухаць яго, нядаўняга студэнта-завочніка гэтага інстытута.

Потым пацягнула на Палессе – у глыбінку. Хацелася наведаць Артукі, дзе працавала Маша і дзе мы ўзялі шлюб – зарэгістрыраваліся ў сельсавеце. Але звярнулі з разбітай ушчэнт шашы і на грунтовай дарозе Рэчыца-Лоеў селі каля Засып ў лужыну. Ледзьве вылезлі. Шафёр Мікалай Чэрнік умольна папрасіў не ехаць па такой дарозе. “Шкада машыны”. Яму шкада маёй машыны? А мне не шкада?! Вярнуліся на шашу. “Уперад – на захад!” Пераможны дэвіз мінулай вайны.

Даехалі да вялікай вёскі Каравацічы. Адкуль пачаць вывучэнне жыцця? З цэнтра – з канторы калгаса. Але там было пуста – сенакос пачаўся. Школу нідзе і ніколі не мінаў. Заглянуў у школу, хоць і ведаў, што дзеці распушчаны на канікулы, ішлі апошнія экзамены ў старэйшых класах. Пашанцавала. Трапіў на пасяджэнне педсавета, на якім падводзілі вынікі года. Усе настаўнікі былі ў зборы – чалавек дваццаць. Прадставіўся – і твары засвяціліся здзіўленнем і радасцю.

-- Такі падарунак нам! – сказала настаўніца беларускай літаратуры.

Збянтэжылі такой радасцю: спусціўся Хрыстос з неба ашчаслівіць народ!

-- Куды вы ад нас?

-- Ды вось езджу. Вывучаю, як людзі жывуць...

Пазайздросцілі: во жыццё! Не тое, што настаўніцкае!

-- Заставайцеся ў нас. Лепшай школы і лепшага калгаса ў нашым раёне вы не знойдзіце. У нас сёння свята. Вы яго зробіце векапомным. Ніколі не забудзем.

Скараціўшы парадак дня педсавета (з паўгадзіны я паслухаў настаўнікаў, іх праблемы, хоць скаргаў і крыўд ніхто не выказваў), усе перайшлі ў суседні класны пакой, дзе ўжо быў накрыты стол, даволі багаты па тым часе і ў пачатку лета.

І пачалося свята. З кароткімі тостамі. Першы – за мяне. Збянтэжылі. Вымусілі адбіцца:

-- Давайце за партыю нашу вып’ем, - прапанаваў я, шчыры вернік партыі: верыў у Сталіна і ў Партыю, калі быў камсоргам дывізіёна, вучыўся ў партшколе, узначальваў партарганізацыю Пракопаўскага сельсавета, Саюза пісьменнікаў. Сталіна няма, Сталін чалавек, смяротна, але ж Партыя бессмяротная. Так, расшыраючы тост, прасвячаў я настаўнікаў палескай вёскі Каравацічы.

Хто адмовіўся б выпіць за партыю?! Асушылі гранёныя шклянкі пахучай самагонкі, якая пахла смаловым дымам. Мужчыны і дзве-тры жанчыны; астатнія прадстаўніцы слабога полу выпілі чорную (чарнічную ці што?) настойку. Хвіліну закусвалі моўчкі, пакуль пітво не “разабрала” – стукнула ў галаву, у ногі. Зашумелі весела і бязладна, хто пра што: пра Сталіна, Берыя, пра вучняў, пра сенакос, скланяючы старшыню калгаса, што настаўнікам выдзяліў дальнюю балоцістую дзялянку.

-- Здымай, мужчыны, штаны, падымай, бабы, спадніцы, каб вынесці тое сена з балота.

-- А што ты зробіш? Без каровы не пражывеш.

Калі хлебанулі па трэцяй ці чацвёртай шклянцы і застолле ператварылася ў разварушаны вулей, дзве настаўніцы ледзьве не ўчапіліся адна адной ў косы, высвятляючы свае даўнія адносіны. Добра, дырэктар быў мацак, умеў піць і пасля трох шклянак не згубіў галавы, развёў сварлівых баб.

-- Пасаромейцеся, жанчынкі. А то госць так распіша нас! Уся Беларусь смяяцца будзе.

-- Праўда, дзеўкі! Што мы агаляем свае пупы перад такім госцем!

Дайшло. Схамянуліся. Пра высокія матэрыі загаманілі і мужчыны і жанчыны, паказвалі: маўляў, мы зусім не такія, як гэтыя дзве дурніцы, мы – інтэлектуалы, выхавацелі народа. Здараецца, што і ў п’яных раптам надыходзіць такое працверазенне, і яны “выдаюць на гара” вялікія ісціны. У такі момант з’явілася дзяўчына з канторы калгаса, сказала:

-- У вас тут пісацель? Яго да тэлефона. З райкома.

Наступіла мёртвая цішыня. Райком ведае, дзе пісьменнік, у якой кампаніі, чым кампанія занятая.

Ашаломлены, я, мабыць, збялеў. Адкуль, праз каго райком даведаўся, што я ў іх раёне, у Каравіціцкай школе? Спалохала і тое, як настаўнікі глядзелі на мяне: як на самазванца, як на Хлестакова. Нават шафёр мой Мікалай, які сядзеў за бяседным сталом, спалохаўся, пасля, у дарозе, прызнаўся.

-- Паехалі, Коля, - сказаў я яму.

Нехта нагадаў, што кантора вось яна, рукой падаць, на другім баку вуліцы, чуць наўскось. Аднак усё роўна паехалі: каб на вуліцы не ўбачылі, што ногі мае заплятаюцца, і я хістаюся.

Руханкаводка колькі разоў круціла ручку апарата, што вісеў на сцяне, прасіла раённую тэлефаністку злучыць з райкомам. Нарэшце адгукнуўся строгі голас:

-- Лобан слухае.

-- Добры дзень, Я – Шамякін. Вы прасілі пазваніць...

-- А-а, Іван Пятровіч! – голас стаў добрым, амаль радасным. – Рады пачуць вас. Я той Лобан, што быў у Хойніках сакратаром райкома камсамола. Помніце? У пяцьдзесят першым вы прыязджалі да нас у творчую камандзіроўку.

Помню! Як не помніць, калі гэты Лобан аглушыў мяне адной шклянкай бацькоўскага самагона.

-- Як нашы Каравачіцы?

-- Добра. Наведаўся на сенакос. Паспрабаваў касіць. Развучыўся, - сачыняў я, дзякуй Богу, самагонны пах не перадаецца па дроце. – Як вы знайшлі мяне?

-- Дрэнныя былі б мы кіраўнікі, каб не ведалі, што да нас завітаў такі чалавек (Аднак і дагэтуль не магу ўцяміць, хто ўсё ж данёс райкому пра маё з’яўленне ў іх раёне. Ведаючы партыйную дысцыпліну, я ў Гомелі паведаміў у абкоме, што еду на Палессе, каб не прынімалі за рэвізора. Аднак жа да Караваціч я нідзе не спыняўся. Значыцца, сігнал паступіў адтуль? Ад каго? У школе тэлефона не было).

-- Дзякуй вам. Але да вас я заеду заўтра.

-- Ды я не з-за гэтага шукаю вас. У ЦК вас выклікаюць. Прыйзджайце. Дазвонімся: што ў іх там гарыць?

У такім стане з’явіцца ў райкоме? Не!

-- Калі выклікаюць, я паеду без затрымкі, сёння ж.

-- Шкада. Хацелася пабачыцца.

Выйшаўшы з канторы, я тут жа абвясціў шафёру, што выклікаюць у ЦК і трэба ехаць неадкладна.

-- Толькі развітаюся з гаспадарамі.

Мікалай мой загаласіў:

-- Іван Пятровіч! Не магу. Я выпіў. Ды і калі мы прыедзем? Пасярод ночы. Такая далеч!

Тады дарогі з Рэчыцы не было. Трэба вяртацца назад у Гомель і ехаць праз Доўск, Рагачоў. А дарога ад Бабруйска да Пухавіч – ой-ёй, багна на аб’ездах. Сюды ехалі – сядзелі. Мусіў пакарыцца волі шафёра.

Настаўнікам сказаў, што выклікаюць у ЦК. Больш не ўзяў і грама. Прымусу не было, хоць настаўнікі і нават мацак-дырэктар былі на добрым узводзе.

Начавалі ў новай хаце дырэктара, неашынкованай яшчэ. Прыемна пахла сасной. Мне не спалася. Нашто так тэрмінова выклікаюць? Таго страху, які перажыў два гады назад пасля нечаканага паўночнага выкліка Зімяніна, не было. Цікаўнасць грызла: з-за чаго выклікаюць? Новага ж, пасля “У добры час”, не надрукаваў, лішняга на сустрэчы ў педінстытуце, здаецца, не сказаў, хоць пра пленум ЦК КПБ расказваў. Можа, хацелі б прапанаваць пасаду? Пасады галоўнага рэдактара – грэшны! – хацелася.

Мікалай разбудзіў мяне – толькі пачало днець, не спалася і яму. Гаспадар хроп на ўсе застаўкі. Гаспадыня, настаўніца, апухлая пасля ўчарашняга “чарніла”, прачнулася, прапанавала ўчарашнія катлеты, што засталіся ад школьнага застолля. Ды я выпіў два кубкі смачнай прастаквашы – і досыць. У дарогу! Выціскалі з “Пабеды” найвышэйшую хуткасць па клінкеру на шашы Гомель-Доўск. Мікалай стагнаў:

-- Запарым матор.

Пасля абеда былі ў Мінску. Адразу ў ЦК. Размова з памочнікам сакратара кароткая:

-- Вас выклікае таварыш Панамарэнка.

Яшчэ адна загадка! Панамарэнка ў Маскве. Міністр культуры. Усяго. Але міністр культуры СССР. Нямала. А ў нас, у беларусаў, аўтарытэт яго трымаўся высока. У маёй свядомасці таксама. Помню, якое ўражанне зрабіў ён на першым пасляваенным пленуме Саюза пісьменнікаў у снежні 1945, куды мяне, аўтара “Помсты”, запрасілі. Сустрэча з вядомымі пісьменнікамі заваражыла, узяло творчае натхненне: вунь куды ўчарашні камсорг дывізіёна скочыў! Дух займала. А тут яшчэ Панамарэнка. Генерал! Начальнік партызанскага штаба! Для нас, беларусаў, бадай жа, другая асоба пасля Сталіна. Ён цэлы дзень слухаў прамовы пісьменнікаў-франтавікоў. Узарваўся адзін раз, калі Міхась Клімковіч назваў оперны тэатр перавернутым унітазам. Чаму так узлаваўся Панамарэнка, для мяне засталося загадкай. Клімковіч сядзеў збялелы. Як вытрымала сэрца немаладога ўжо чалавека, якога па загаду Панамарэнкі вывезлі з нямецкага тыла ў Маскву. Ратавалі. Панцеляймон Кандратавіч нагадаў яму гэта з не вельмі затоенай пагрозай праверыць, чым ён займаўся ў акупацыі.

На другі дзень першы сакратар выступіў перад пісьменнікамі з двухгадзіннай прамовай. І заваражыў ён не толькі мяне, галыша, але і патрыярха Якуба Коласа, самотнага Міхася Лынькова, бадзёрага Пятруся Броўку, на якіх я ледзьве не маліўся, як на багоў.

Па-першае, Панамарэнка гаварыў не па пісанаму, на рускай мове, але граматна і вобразна. Па-другое, смела – пра становішча ў гарадах, у вёсках, так смела ніхто з нас, летапісцаў часу, не адважываліся і пазней, да “адлігі”, напісаць: “Што можна Юпітэру, нельга быку”. І пра ваенную літаратуру – з веданнем яе, са “Сцяга брыгады” колькі радкоў прачытаў напамяць. Усё ведае! Сапраўды – як Сталін.

І пазней, калі я паступіў у партшколу, слухаў яго рады два – у партшколе, на пісьменніцкім з’ездзе, і ніколечкі не расчараваўся: Цыцарон! Ад калег сваіх не чуў пра яго ніводнага негатыўнага слова. Броўка і Павел Кавалёў, былыя памочнікі Панамарэнкі, літаральна малілся на яго, высока цэнячы яго ўвагу да літаратуры. Нейкі час Пантцеляймон занімаў цэлых дзве пасады – першага сакратара ЦК і старшыні Саўміна. Уся ўлада ў адных руках. Пасля на сакратара прыслалі дубінагаловага Гусарава, які быў вельмі далёкі не толькі ад нашай літаратуры, але ўвогуле ад жыцця. На шчасце, Гусараў быў нядоўга, у 1950 годзе яго змясцілі, прыехаў Мікалай Патолічаў, кіраўнік высокага ранга, гаспадар – яго палюбілі. Але нядрэнна займаючыся аднаўленнем зруйнаванай гаспадаркі, літаратурай ён мала цікавіўся.

Панамарэнка ў гэты час, па волі Сталіна і Бога, апынуўся ў Маскве. Але аўтарытэт яго ў Беларусі застаўся і захоўваўся. Не паехаць да такога міністра культуры СССР было немагчыма. Узняты Панцеляймонам да сакратара ЦК Цімох Гарбуноў прымусіў бы мяне. Але памочнік яго не ведаў, з якой нагоды мяне выклікаюць.

Была субота. Ехаць на выхадны няма сэнсу. Дзе жыць да панядзелка? Пра гасцініцу Спірідовіч нічога не ведаў. Каму была справа, дзе ты спынешся. Выклікаюць – з’явіся.

Машу ўстрывожыў такі нечаканы выклік. Страху не мела, як ад выкліку Зімяніна. Але ж паездка ажно ў Маскву, дзе нікога знаёмага няма! Дзе прытуліцца?

Выехаў я ў нядзелю днём, поезд тады ішоў доўга, ледзьве не суткі. Але ў Маскву прыходзіў гадзін у 10 раніцы.

На таксі ( у Маскве я і пазней іншага транспарту не прызнаваў) паехаў па дадзенаму мне адрасу, здаецца, на вуліцы Куйбышава, заехалі з тыла, пасля, ідучы пехатою, я выявіў, што гэта побач з Краснай плошчай. Стары дваранскі асабняк. Ручка дзвярэй медная – твор мастацтва.

Міліцыянер глянуў у спіс, што ляжаў на століку, прапусціў, не разгарнуўшы мой партбілет. У вялікай прыёмнай (зала!) сядзела адна сакратарка, больш нікога, пэўна ў міністра дзень быў непрыёмны. Жанчына націснула на кнопку, сказала адно слова:

-- Шамякін.

У адказ пачуўся знаёмы баскавіты голас:

-- Пусть заходит.

На той час такая сувязь здалася мне цудам тэхнікі, падумаў, што трэба выкарыстаць у будучым творы – навінка! (але так і не выкарыстаў нават у “Злой зорцы” праз трыццаць пяць гадоў).

Да прыёмнай не хваляваўся, перад кабінетам пачуў, як загрукала сэрца. Чаму? Трымайся, Іван!

І вось ён перада мной – забыты за кароткі час кумір, якім я захапляўся ў першыя пасляваенныя гады, толькі не ў “сталінскім” фрэнчы – у цывільным ладна пашытым касцюме, пры гальштуке. У такім адзенні міністр выглядаў памаладзелым.

Ён сядзеў за вялікім сталом. Падняўся, калі я наблізіўся, праз стол працягнуў руку.

-- Сядайце, -- заглянуў у паперу, -- Іван Пятровіч.

Калі селі, ён угледзеўся так пільна, што я збянтэжыўся.

-- Як жывецца?

-- Добра, Панцеляймон Кандратавіч. Раман во выдаў – “У добры час” – і паклаў кнігу яму на стол, не з пустымі рукамі ехаў. – Новы пачаў – пра сельскіх настаўнікаў.

Ён пачытаў аўтограф, пагартаў кнігу.

-- Раман ваш і зацікавіў нас. Хочам зрабіць фільм. Напішыце сцэнарый?

Ад кіно я быў яшчэ тады за сто вёрст, меў туманнае ўяўленне, як яно робіцца, з чаго пачынаецца. Але маладой самаўпэўненасці было ажно занадта:

-- Напішу.

-- Вось і добра. Не будзем адкладваць. Сёння ж паедзіце ў Дом творчасці кінематаграфістаў, там пачаўся семінар сцэнарыстаў. Добрыя майстры падвучаць вас.

Сарочка прыліпла да спіны – спацеў ад нечаканасці. Пачуцці раздваіліся. Ехаць не хацелася: дома жонка, дзеці... Што падумае Маша? Паехаў на дзень-два, а прабуду тры тыдні. Але як адмовіцца? Сам Панамарэнка прапануе! Гонар! Нельга замыкацца ў нейкіх Каравацічах. Новы свет! Свяцілы маскоўскія! І ўсяго Саюза. Ведаў, што два нашых драматургі – Губарэвіч і Маўзон – прасіліся на гэты семінар.

Выцер пот з ілба. Паспрабаваў далікатна адмовіцца.

-- Нечакана для мяне, - паспрабаваў пажартаваць: - Я і трусоў зменных не захапіў.

Жарт не дайшоў. Міністр сказаў без усмешкі:

-- Ну, трусы мы вам купім.

Для мяне словы яго прагучалі здзекам, і я нечакана для сябе згадзіўся:

-- Добра, паеду.

-- Во і добра, - і сказаў у той жа нябачны “тэлефон”: -- Скажыце ў аддзеле, каб выпісалі Шамякіну пуцёўку на семінар. І пяцьсот рублёў на... зубную шчотку, - Панцеляймон пасміхнуўся, але прагучала гэта зусім здзекліва – пяцьсот рублёў на шчотку. Добра, што не на трусы! Хапіла такту не паўтарыць мой дурны жарт, які не памог мне. А заблытаў у здзеклівыя цянёты.

Усё? Хацеў падняцца. Не, не ўсё!

-- Ну, як там жывуць Колас, Крапіва, Глебка?

-- Канстанцін Міхайлавіч у бальніцы...

-- Хто гэта?

-- Колас.

-- А, так. Я забыўся. Недаравальна. Я з ім меў самыя цесныя кантакты. Сяброўскія. Можна сказаць, адносіны. Мудрэйшы чалавек!

-- Я ведаю...

-- А ведаеце, як я іх у трыццаць восьмым ратаваў... Купалу, Коласа і групу маладзейшых?

-- Не, не ведаю.

-- О, гэта тэма для рамана.

І пачаў расказваць. Каля двух гадзін расказваў. Я слухаў заварожана. Гісторыя з першых вуснаў! Дзе яшчэ пачуеш такое? Шкадую, што тады, на семінары тым, не запісаў яго падрабязны расказ, які разгортваў, маляваў карціну трагічных перадваенных гадоў. Але галоўнае помню і зараз.

Ашаламіла скарга “другога пасля Сталіна” (у Беларусі) чалавека на тое, як з першых жа дзён свайго назначэння ён, першая асоба, адчуў, што за ім сочаць ганчакі органаў бяспекі, чакаюць, калі паступіць сігнал спусціць іх з вяроўкі. Прыклады, дэталі забыліся. Эпітэтаў для органаў таго часу Панамарэнка не шкадаваў. Мяне гэта шакіравала і заварожвала: дык вунь што тварылася! На Сталіна не ківаў: недалёка яшчэ адышлі ад яго смерці. Не называў і Берыя, не ён у 1938 годзе ўзначальваў НКУС.

Але расказ яго я ўспомніў, калі пазней увосень таго ж года нам, сакратарам партарганізацый, прачыталі ў райкоме абвінаваўчы акт супраць Берыя. Вунь калі выпрацоўваліся палажэнні абвінавачвання! (Нядаўна я прачытаў кнігі Сярго Берыя, сына Лаўрэнція, і Юрыя Мухіна, якія пераканаўча даказваюць, што Берыя быў забіты да ліпенскага пленума; судзілі мёртвага).

Далей пра тое, што асабліва ўсхвалявала мяне, - пра маіх настаўнікаў. Ён, Панамарэнка, рашэннем бюро ЦК вызваліў з турмы скатаванага Кузьму Чорнага, іншых арыштаваных (не пісьменнікаў, таму прозвішчы іх выпалі з маёй памяці). Але неўзабаве яму на стол паклалі спіс “мацёрых нацдэмаў”, якіх трэба неадкладна арыштаваць. У спісе тым – Купала, Колас, Крапіва, Броўка, Лынькоў, Глебка, Самуйлёнак...

“Глянуў я і за галаву схапіўся. З кім застануся? З кім працаваць?!” – яго, Панамарэнкі, словы. Трэба ратаваць! Але як? Ратаваць можа толькі Сталін. Ды як да яго дабрацца, калі за ім, Панамарэнкам, дзень і ноч сочаць чакісты? І пазваніць нельга – слухаюць.

“Разумеў, што рызыкую галавой. Але вырашыў ехаць у Маскву, дамагчыся прыёму ў Сталіна і сказаць: арышт такой групы ліквідуе нацыянальную літаратуру, навуку. З кім працаваць?”

Думаў, думаў Панцеляймон і прыдумаў, пазваніў наркому, што на другі дзень едзе ў Слуцк. А выехаў уначы з адным памочнікам. У Барысаў. Узялі білет у агульны вагон цягніка, які ішоў на Маскву. Так ашукалі агентаў Бермана. (Дэтэктыўны сюжэт! Я яго слухаў заварожана).

У Маскве спыніліся на прыватнай кватэры. Тры дні дажыдаўся прыёму ў Сталіна. Добра, што меў добрыя адносіны з Паскробышавым. Дамогся: прыняў Панцеляймона Сталін. І першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі сказаў правадыру: “Не будзе з кім працаваць, таварыш Сталін”.

Сталін пахадзіў па кабінеце, папыхкаў люлькай і выклікаў загадчыка аддзела Жданава. Яму сказаў: “Таварищ Пономаренко справедливо говорит: давно мы не награждали наших писателей. Подготовте списочек. Из всех республик. Человек на сто”.

“Так замест ордэраў завяліся ордэны. Я ратаваў Купалу, Коласа, іншых. Ды, скажу шчыра, і сабе памог: слежку за мной спынілі”, - расказваў мне Панамарэнка. І хіба мог я ўсумніцца ў праўдзівасці расповяда такога чалавека? Папярэджання, каб не разглашаў яго расказ, не было. І я, як толькі вярнуўся ў Мінск, перадаў пачутае Броўку, нават расказаў на нейкім пасяджэнні. Мне паверылі. Не мне – Панцеляймону Кандратавічу, аўтарытэт якога трымаўся высока і пасля яго ад’езда. Нават такі крытык сталіншчыны, як Андрэй Макаёнак, паверыў. На сустрэчах з чытачамі расказвалі: во які ён, наш Панамарэнка! Пры наведванні Якуба Коласа за партузносамі я расказаў і яму. Канстанцін Міхайлавіч здзівіў: без захаплення сказаў:

-- Я, братачка, чуў гэта з яго вуснаў.

Здзівіла, што чуў і нікому не расказаў, нават лепшаму сябру свайму Пятру Глебку, якога любіў больш чым каго.

Ішлі гады. Панамарэнка ўзнімаў цаліну ў Казахстане, рабіў паслом, здаецца, у Індыі. Але ў Беларусі аўтарытэт яго не блекнуў, нават у тых апаратчыкаў, якія, можа, і не слухалі яго, палымянага трыбуна, бо маладыя яшчэ былі, калі Панцеляймон кіраваў рэспублікай. Мінула, можа, гадоў дваццаць пяць, калі пахіснулася маё перакананне. Сядзелі ў Андрэя на дачы, пілі добры каньяк (разбагацелі! асабліва Макаёнак, камедыі якога ставіліся ў сотнях тэатраў Саюза). Здаецца, размова ішла аб “Пагарэльцах” – трагікамедыі, якую не пусцілі на сцэну; мы з Андрэем хадзілі да Машэрава, і той, уважлівы і чулы, параіў гадоў пяць-шэсць пачакаць (спадзяваўся, што з канцом царавання старога Ільіча будзе паварот?) Там, за сталом, я прыгадаў подзвіг Панамарэнкі, пра які ўжо пачалі забываць. І мяне ашаламіў тэатразнаўца Георгі Колас, які любіў п’есы Макаёнка, многа пісаў пра спектаклі па яго п’есах у тэатрах рэспублікі. Упершыню я пачуў:

-- Хлусня ўсё гэта! У партархіве, у спецфондзе, захоўваецца другі экземпляр пісьма Панамарэнкі Сталіну, у якім ён пісаў аб неабходнасці арышту нацдэмаў – Купалы, Коласа і ўсіх, каго ён “ратаваў”, як вы кажыце.

Я ажно падскочыў, як падпечаны. Такая легенда рушыцца!

-- Ты чытаў гэтае пісьмо?

-- Мне не далі. Але архівісты пераказалі яго змест.

-- Дрэнны ты, Жора, даследчык!

Не паверыў я Коласу. Але вожыка ён у маю мазгаўню загнаў. І ён калоўся, “вожык” гэты, хацелася праверыць самому, каб узнаць цану такім даследчыкам. Андрэй падтрымаў мой намер. Мне, члену ЦК, не праблема заглянуць у архіў.

І я дамовіўся з дырэктарам Партархіва Расціславам Платонавым, што ён дапусціць мяне ў спецфонд. Але Платонаў быў асцярожны партыйны артадокс. Без ЦК не вырашаў ніводнага сур’ёзнага пытання. Потым колькі ён папсаваў мне крыві, калі Галаўліт затрымліваў публікацыю другой і трэцяй часткі рамана “Петраград – Брэст”; усіх спалохаў вобраз Льва Троцкага. Пазваніўшы, каб спытаць, калі мне зайсці, я пачуў ад Платонава:

-- Пагаварыце з Кузьміным.

Я зразумеў, што сакратар ЦК па прапагандзе, з якім Платонаў параіўся, супраць майго знаёмства з сакрэтнымі дакументамі – ствару праблему! І я адступіў. Не паверыў Георгію, але легенду Панамарэнкі больш нікому не расказваў – ні калегам, ні чытачам.

Час ішоў. Заакіянскія “сябры”, якія валодалі міліярдамі і ўзялі курс на сусветнае панаванне, знайшлі спосаб, каб разваліць вялікую і магутную ў ваенным плане дзяржаву. Зруйнавалі партыю, якая цэментавала Саюз.

Ва ўмовах новай “дэмакратыі”, “свабоды” той жа артадаксальны Платонаў, які працягваў працаваць у Дзяржаўным архіве, не дырэктарам – радавым супрацоўнікам, выступіў з артыкулам у газеце па лісту Панамарэнкі Сталіну з просьбай дазволу на арышт групы Купалы-Коласа. Цытаваў пісьмо.

Глыбока расчараваны, мацюкнуў я і Панамарэнку, і Платонава, і ўсіх палітыканаў. Я здаўся. Хэндэ хох! Праз сорак гадоў дапяў. Да лямпачкі было Панцеляймону тое кіно, тым больш мой раман; ён шукаў магчымасці, як адмыцца. Знайшоў: выклікаць маладога беларускага пісьменніка, аўтарытэтнага (лаўрэат!), расказаць яму, які добры ён быў, безумоўна ж, пісьменнік раскажа яго легенду калегам, старым і маладым, нехта запіша яе... Але не лепшы ён быў сцэнарыст, забыўся пра адну істотную дэталь – пра архіў, які папоўніў сваімі пісьмамі...

Прабыў я ў тым падмаскоўным доме творчасці дзён дзесяць-дванаццаць. Больш не вытрымаў. У многіх дамах, санаторыях пасля адпачываў, тварыў. Але нідзе не бачыў такога зборышча, як у тым доме. Божа мой! Колькі пыхі, фанабэрыі, знявагі да нас, нацыяналаў, убачыў я там у асобах пасівелых зуброў. Выступілі два ці тры сцэнарысты. Пустата. Цікава выступалі вядучыя пастаноўшчыкі. Але расказвалі яны пра сваю працу – рэжысёрскую, часам краналі дапрацоўку сцэнарыяў у ходзе здымак. Хто з іх умеў напісаць сцэнарый? Гэтае іх “уменне” я ўбачыў пазней, калі пачалі экранізаваць мае раманы, аповесці. Успамінаю класіка, двойчы лаўрэата Самсона Самсонава. Мы з ім рабілі сцэнарый па маёй аповесці “Гандлярка і паэт”. Ён прачытаў аповесць у “Молодой гвардии”, сам прыехаў у Мінск (рэдкі выпадак!) і сядзеў тыдні тры – пакуль не сачынілі варыянт сцэнарыя, які ён павёз на “Масфільм”. Дык вось паважаны Самсон Іосіфавіч ашаламіў мяне глухатой да слова. Не мог лагічна звязаць дзве-тры рэплікі герояў, якія ў мяне былі напісаны, але не дыялогам – словамі аўтара. Я правіў пасля рэжысёра, ён згаджаўся:

-- Вам лягчэй, вы ўжыліся ў атмасферу, у характары.

А як жа інакш! Безумоўна, трэба стаць падпольшчыкам, каб напісаць падполле!

Пыху кінакласікаў адкрыта высмейваў адзін чалавек – наш Аркадзь Маўзон, асабліва калі на станцыі, дзе быў буфет, добра браў на губу. Хоць і быў ён свой, масквічы яго не любілі. Але, відаць, не за сарказм, больш за тое, што ён паспяшаўся падцерці нос тагачасным кан’юктуршчыкам і першы (ва ўсім Саюзе!) напісаў п’есу пра “врачей-отравителей”.

Пасля колькі рагаталі ў нашым Саюзе пісьменнікаў з такой аператыўнасці. Маўзон смяяўся разам з усімі і ставіў сабе ў заслугу, што літаральна праз тыдзень пасля смерці Сталіна забраў п’есу з тэатра і з рэдакцыі “Полымя”. Знішчыў? Вось бы надрукаваць яе зараз! Які дакумент таго часу! Аркадзь смяяўся. Але што было ў яго душы? Піць пачаў удвая больш. І напэўна ж гэтым злоўжываннем скараціў сабе жыццё. Вечная яму памяць.

Мы з Андрэем любілі гэтага вясёлага, вострага на язык чалавека.

Такая мая першая “кінатворчасць”!

УЛАДЗІМІР ЯГОЎДЗІК

Уладзімір Ягоўдзік нарадзіўся 14 лютага 1956 года ў вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Празаік, перакладчык.

Скончыў філалагічны факультэт Белдзяржунiверсiтэта ў 1978 годзе. Працаваў у брэсцкай абласной газеце “Заря” і на брэсцкім абласным тэлебачанні, быў супрацоўнікам штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Нёман”. З 1997 года — галоўны рэдактар часопіса “Бярозка”.

Аўтар зборнікаў прозы “Стронга”(1984), “Вочы Начніцы”(1989), “Белыя рысы на чорным полі”(1995), а таксамa кніг для дзяцей “Сонейка, свяці!”(1988), “Бабуліна варта”(1999), “Сем цудаў Беларусі”(1999), “Рэха турынага рога”(2002) і інш. Выдаў у пераказе для юных чытачоў “Аповесць мінулых гадоў”(1999).

Сябра СП Беларусі з 1985 года.

Апавяданне “Перадзім’ем” пад назвай “Жыць на зямлі” ўпершыню было апублікаванае ў штотыднёвіку “Літаратура і Мастацтва” 28 студзеня 1983 года.

ПЕРАДЗІМ’ЕМ
Апавяданне

Паправiўшы на галаве тоўстую сiнюю хустку, што ледзь не з’ехала на патылiцу, мацi стомлена прысела на табурэтку побач стала. Маленькi, сухiя, маршчынiстыя рукi сашчапiла на каленях, глядзела, як сын сёрбае капусту.

— А во!.. — нечакана спахапiлася. — Гаварыла тут абы-што табе, пераказвала ўсялякiя плёткi, а што трэба адразу было сказаць — забылася. Гэто ж два днi, як Салько стары памёр. Сённяка хаваць будуць. Сцяпана, сына, усё чакалi. А той маўчаў, маўчаў, а ранкам во прынеслi тэлеграму, што не можа прыехаць. Усё недзе па свеце гойсае. Месца нiяк сабе не знойдзе: мо з дваццаць адрасоў перайначыў, як з хаты выбраўся.

Сказала гэта i зноў змоўкла. Падперла кулачком галаву i задумалася. Пэўна, прыпомнiла таго адзiнага Салькавага сына, якi нiяк не знойдзе сабе месца ў свеце i не вельмi рупiцца дахаты. Нават калi аднаго з бацькоў — выпраўляюць у апошнюю дарогу, на могiлкi.

— Тупаў, тупаў ранiцою па гаспадарцы. Сечкi рэшата карове ўрэзаў, да вады зганяў... I на табе... Знайшла жонка ў хляве. Свiнням хацеў яшчэ ўлiць.

I скончыла пацiху, быццам пераказвала якую таямнiцу:

— Дакторка казала, што нейкi iнфаркт схапiў. З сэрцам гэта...

«Яшчэ на аднаго чалавека асiрацела вёска...» — падумалася Андрэю. Услых жа ён сказаў:

— Шкада чалавека...

Сказаў i адразу ж злавiў сябе на тым, што зрабiў гэта проста так, як кажуць, па завядзёнцы, нават не прыпомнiўшы як след самога нябожчыка. Падумалася, што лепш ужо было б памаўчаць.

Мацi паглядзела моўчкi на сына. Пiльна, бы штосьцi пыталася. Потым падхапiлася з табурэткi, узяла са стала мiску i, каб абмыць яе, падалася да печы па цёплую ваду. Ступiла разы два, але спынiлася сярод кухнi.

— Гэта ж я забылася... Трэба па ваду збегаць, а то ў хаце — нi цёплай, нi халоднай. Уся разышлася. Памыцца няма нават чым.

Яна паставiла мiску на прыпек i ўзялася за парожнiя вёдры, што стаялi пры сцяне на шырокай лаве.

— Во-во, — вылез з-за стала Андрэй. — Сама iдзi... А сыночак, смачна пад’еўшы, няхай адпачне. — I спытаў сур’ёзна: — Дзе ватоўка?

— На печы... Яна мне за падушку, — вiнавата адказала мацi. — Не хочацца пошву на падушцы пэцкаць. Цябе нямашака, дык падумала, што адна i на печы зiму перакiдаюся. Навошта ўсю хату апальваць, дровы адно пераводзiць?

Андрэй ускочыў на нiзенькi прымурак, адкiнуў фiранку i зазiрнуў на печ. З горбы дзяружак i старых неданоскаў выцягнуў пакамечаную, з надарванымi кiшэнямi ватоўку. Накiнуў яе на плечы. Ватоўка была цесная ў плячах, з кароткiмi, ледзь не па самыя локцi рукавамi.

Ужо ад дзвярэй, як на ягоны рост — нiзкiх, малых, кiнуў позiрк на гiравы гадзiннiк, што стрымана i аднатонна «цiктакаў» на сцяне. Бралася на трэцюю гадзiну дня.

«Во ажно дакуль праваляўся!.. А пёрся памагчы, зрабiць што-небудзь па гаспадарцы. Гэтулькi кiламетраў адбухаў ноччу пехатою, каб адно з самага ранку быць дома, не чакаць таго аўтобуса! Памог, называецца... Паўдня пралайдачыў у ложку!..»

Пераступiўшы праз высокi парог, Андрэй стаў на шырокi i пляскаты камень, што ляжаў тут, каб лацвей было ступаць у сенi, а таксама выходзiць з iх. Прыпынiўся. Ноччу, калi iшоў з чыгуначнай станцыi дамоў, неба было чыстае, высокае, поўнае калючых зiмовых зорак. Трымаўся добры марозiк. А зараз над вёскаю слалася нудная каламутная iмжа, чаплялася за вершалiны голых, змрочных таполяў i лiпаў, за абшарпаныя высокiя камiны.

Паветра было слотнае, сырое. Цяпер яно не бадзёрыла, не студзiла грудзi, як ноччу, а наадварот — настройвала на нейкi сонны, мiрны лад.

Усё наваколле ахутвала iмжыстая густая цiшыня. Толькi дзесьцi далёка-далёка, як усё роўна з-пад зямлi, чуўся роўны грукат трактара.

Андрэй ступаў па двары, кiруючыся добра ўтаптанаю, вузенькаю — у адзiн след — сцежкаю. Перад тым як выйсцi на вулiцу, прыпынiўся зноўку. На гэты раз у насцеж расчыненых старэнькiх веснiцах. Акiнуў доўгiм, гаспадарскiм позiркам увесь двор, пасля — малады, з дзесятак яблынь, садзiк, што рос перад хатаю.

«Трэба ўвесну прыехаць плот падправiць, штакецiны паадвальвалiся... I голле прарэдзiць на яблынях, а то, саджаючы бульбу, не падлезеш з канём...»

Па брукаванай шэрай вулiцы, цяпер нейкай занадта шырокай i няўтульнай, подбегам праставала насустрач некалькi чалавек.

«Напэўна, да Салькi... Хутка павiнны выносiць...» — падумаў Андрэй i азiрнуўся назад. Каля Салькавай хаты, тулячыся да плота, ужо стаялi людзi. Неяк нязвычна чарнела пройма расчыненых насцеж дзвярэй у сенцы, а збоку ад дзвярэй, каля самага ганка, строга бялеў пры сцяне высокi драўляны крыж.

Андрэй заспяшаўся. Яму чамусьцi не хацелася бачыць, як будуць выносiць з хаты нябожчыка, а пасля пад высокае шчымлiвае галашэнне жанчын несцi цi везцi праз усю вулiцу туды, дзе змрочнаю маўклiваю выспаю горбяцца на ўзгорку старыя могiлкi.

Непадалёку ад калодзежа, каля збiтага са шлаку мура пад рыжаю чарапiцаю, яго спынiў дзядзька Раманкевiч. Невысокага росту, сухенькi чалавек, праз усю правую шчаку якога выгнуўся падковаю белы рубец, альбо «пражскi пацалунак», як часам заве яго сам дзядзька.

— Во як... Прыбыў, значыцца, дахаты, — адразу ж, без прывiтання, быццам працягваючы даўно пачатую гаворку, першы загаварыў дзядзька i, як памiж iншым, падаў сваю шырокую, цвёрдую што камень далонь.

Андрэй палажыў у яе сваю — таксама ўжо, здаецца, не дзiцячую, адказаў:

— Ага, сёння ранкам прыехаў... Ну, як вы тут маецеся?

— Жывё-ом... — дзядзька выпусцiў хлопцаву руку, глыбока ўздыхнуў i абапёрся на гладкi, аж блiскучы тронак рыдлёўкi. Потым, крыху памаўчаўшы, усмiхнуўся нявесела, дадаў: — Як па той прымаўцы: добраму чалавеку — добра i ў запечку, а благой благаце — дрэнна й на куце. Праўда, што гаварыць. Вунь бачыш...

I не дагаварыў, кiўнуў галавою на Салькаву хату, пачаў шукаць па кiшэнях курыва.

А калi выцягнуў са сподняй кiшэнi ватоўкi пачаты пачак «Прымы», доўга не мог выкалупаць з яго сваiмi тоўстымi пальцамi цыгарэту. Пасля здагадаўся пастукаць пачкам аб далонь.

Прыкурыў толькi за трэцiм разам. Першыя два разы ламалiся ў пальцах запалкi. Моцна, ажно да глухой хрыпаты зацягнуўшыся, выдыхнуў праз хвiлiну разам з дымам:

— Яму во хадзiў нябожчыку ладзiць. Была абвалiлася на нет, цэлы бок аб’ехаў... Выкапаць выкапалi, а як аб’ехала, то не было каму i падправiць. Пэўна, пайшлi хлопцы загадзя памiнкi правiць.

— Глядзi ты... — паспрабаваў здзiвiцца Андрэй. — Зiма ж на дварэ... Новы год не за гарамi. А зямлю нават i не прыхапiла...

— Зiма-а... — скрывiўся ад дыму Раманкевiч. — Такая як сёння во... Ноччу крыху прышэрхне, падбелiць, а днём iзноўку да вечара iмжыць i iмжыць свiны дождж. Дзе там, зямля нават на палец не ўмерзла. Вось i абвалiлася яма. Трохi падладзiлi. Гнiлая зiма...

Насупраць Салькавай хаты, ашаляванай, пафарбаванай у цёмна-сiнi колер, спынiлася грузавая машына. Мужчыны, што тапталiся на панадворку, абступiлi яе, адкiнулi ўсе барты. Нехта спрытна ўскочыў на кузаў i пачаў завiхацца там, ладзячы пры кабiне невысокiя густыя елачкi. Адну, самую вялiкую, ён спiхнуў нагою на зямлю. Яе тут жа падхапiў нехта з сякераю ў руках i пачаў, спяшаючыся, церабiць i секчы лапкi. Потым прынеслi з хаты тры кашы i склалi туды пасечаныя лапкi.

З хаты ў адной бардовай сукенцы з чорнаю хусткаю на галаве выскачыла высокая худая жанчына. Яна подбегам кiнулася да машыны, падала таму, хто быў на кузаве, чорна-чырвоную горбу дзяружак i адразу ж заспяшалася назад у хату. А той, што ўзяў дзяружкi, хуценька стаў рассцiлаць iх на кузаве. Калi нарэшце ён справiўся з гэтым, саскочыў на зямлю i зноўку далучыўся да купы мужчын.

Яшчэ нейкi час мужчыны стаялi каля плота, гаманiлi, дымiлi цыгаркамi. Потым iх, напэўна, гукнулi з хаты, бо яны няспешна, але ўсе разам, адным гуртам пайшлi да сенцаў.

— Вiдаць, выносiць пайшлi... — сказаў дзядзька Раманкевiч i некалькi разоў коратка зацягнуўся. Пасля, зайшоўшыся вострым сухiм кашлем, сплюнуў акурак i доўга расцiраў яго ботам.

— Пэўне ж... — Андрэй зiрнуў на гадзiннiк. — Дый час ужо: яшчэ гадзiна, паўтары, i сцямнее. — I спытаў: — А што, без папа хаваць будуць?

— Адразу на могiлкi павязуць, — пацiху, ледзь не шэптам прамовiў дзядзька Раманкевiч, i пальцы ягонай правай рукi забегалi па шчацэ з рубцом.

«Хоча штосьцi сказаць, — падумалася Андрэю, — але нiяк не адважыцца. Мусiць, не ведае, з чаго пачаць...»

— Я нiчога не скажу... — быццам адгадаў Андрэевы думкi дзядзька Раманкевiч. — Я нiчога не скажу, але гэта вельмi нядобра, калi магiла абвальваецца... Не жыў ён, значыцца, нябожчык тут, сярод людзей, так як трэба... — На хвiлiну замоўк, як бы абдумваючы тое, што сказаў, i спытаў спакойным цвёрдым голасам: — А Салька хiба па-людску жыў? Хоць i нябожчык, але ўсё роўна скажу!.. Пры паляках — праўдамi-няпраўдамi зямлю ўсё скупляў. Столькi займеў, што аж не ўпраўляўся абсейваць, хоць i людзей наймаў. А яму ўсё мала было, зямлi тае. Каб мог, дык усю, што вочы бачаць, скупiў бы. Не раз з суседзямi бiўся, усё яму здавалася, што тыя перааралi цi перакасiлi межы. Каб не прыйшлi саветы — далёка заляцеў бы!.. А пры немцах? Таксама хiтраваў, як вуж той круцiўся, пацiху рабаваў людское...

Раманкевiч якую хвiлiну паўзiраўся туды, куды меўся iсцi — на Салькаву хату, потым нязграбна, усiм тулавам павярнуўся i хiсткаю хадою, нiбыта баючыся спатыкнуцца i ўпасцi, пайшоў назад.

Разгублены Андрэй доўга глядзеў яму ўслед. I толькi тады скiраваў да калодзежа, калi Раманкевiч павярнуў сценкаю да свае хаты.

«Во як яно бывае, — думаў хлопец. — Пражыў чалавек цэлае жыццё, i, выходзiць, марна. Нават успомнiць людзям няма чым добрым. А мо крыўду нейкую на нябожчыка дзядзька мае?..»

I ён успомнiў, як у канцы верасня адпасваў чаргу з Раманкевiчам. Ранiцаю, толькi выгналi кароў на пашу, недалёка ад вёскi сустрэлi Сальку, якi вёз аднекуль дровы. Выпрагшы мокрага каня, ён звязваў парваны гуж. Воз быў цяжка нагружаны.

«Цэлы тыдзень ужо цягае... — калi мiнулi Сальку з возам, азваўся Раманкевiч. — А ў самога кастры аж пазалеташнiя стаяць. Паглядзiш — галлё чалавек тарабанiць, лес чысцiць. Гэты пачысцiць... Конь ад галля так не ўзмакрэў бы. Камлi адныя ляжаць паднiзам. Нездарма ж цэлае лета вочы леснiку самагонкаю залiваў».

Андрэй падышоў да калодзежа з высокаю, ледзь не па самыя грудзi верхняю цымбравiнаю. Над iм нiзка чарнела гонтавая стрэшка, якую нехта па-гаспадарску прасмалiў, каб не гнiла ў непагадзь. Вiсклiва зайшоўся пад рукою слiзкi, выцерты далонямi тоўсты калаўрот. Цяжка бухнулася ў ваду калодзежнае вядро. Дробна задрыжаў у руцэ мокры халодны ланцуг.

На памяць прыйшлi сустрэчы з Салькам.

* * *

Ужо не раз, сышоўшыся дзе-небудзь вольнаю хвiлiнаю, мужчыны пагаворвалi, што трэба выкапаць калодзеж. Хадзiць да тых, што былi на старой вулiцы — усе згаджалiся — было далекавата. Улетку цi вясною яшчэ можна прывалакчы два вядры, а зiмою цi ў познюю восень, калi на дварэ балота або слiзгоцце, хоць ты плач?..

Гаварылi, гаварылi, але нiхто не хацеў браць на сябе клопат дамовiцца з майстрам, прывезцi з суседняй вёскi формы, расстарацца цэменту.

I ўсё-такi перад Вялiкаднем пайшоў нехта з мужчын па хатах збiраць грошы.

З усё вулiцы не аддала тых дваццацi рублёў толькi яго, Андрэева мацi. Яна тады якраз ляжала цяжка хворая ў Жыровiцкай бальнiцы, а сам ён — вучыўся ў школе-iнтэрнаце. Уладкавалi яго туды па рашэннi сельсавета, бо адзiн, без мацi, зусiм адбiўся ад рук, не стаў хадзiць нават у школу.

Памятаецца, неяк пасля майскiх святаў, мацi наказала, што хутка выпiшуць з бальнiцы. У першую ж суботу Андрэй адпрасiўся ў выхавацеля з’ездзiць дамоў.

Папалуднаваў на скорую руку разам з усiм класам i кiнуўся да аўтавакзала. Пашчасцiла: паспеў на аўтобус, што iшоў праз родную вёску.

Праз паўгадзiны ён выйшаў з аўтобуса каля высокага з чырвонай цэглы будынка магазiна, убачыў на вулiцы непадалёк ад сваёй хаты грамадку людзей i нейкiя рыштаваннi. Ад жанчын, якiя чакалi з полудня магазiншчыцу, даведаўся, што гэта капаюць калодзеж.

Потым, калi падышоў блiжай, i сам убачыў: мужчыны выцягваюць з глыбiнi вёдры з чырвонаю глiнаю, мокрым шызым пяском i глеем. Унiзе, пад нагамi таго, хто капаў i накiдваў у вёдры, хлюпала вада. Занепакоiўся: «А калi раптам хлыне яна? Цi паспее ўратавацца, выскачыць наверх?» З цiкаўнасцi вельмi захацелася зазiрнуць туды, усярэдзiну.

Прычакаў момант, калi вывалаклi чарговае вядро, падсунуўся блiжэй да мокрай запэцканай цымбравiны, узяўся аберуч за яе сыры край — i асцярожна нахiлiўся...

Але нiчога не паспеў разгледзець: ззаду хтосьцi сцiснуў за карак. Балюча-балюча, ажно пераняло дыханне i навярнула на вочы слёзы.

— А ты чаго тут, байстручанё, круцiшся?! Месца iншага няма табе... Усё роўна вады адсюль не нап’ешся!.. Прывыклi на дармавiну жыць...

Пальцы на шыi расчапiлiся.

Некалькi хвiлiн хлапчук стаў нерухома. Гарачыя слёзы пяклi шчокi, саланелi на губах: душыла крыўда. Ён нiчога не бачыў вакол сябе. Толькi прыглушана чуў, як быццам з-пад зямлi: «Навошта ты гэтак яго? Сiрату крыўдзiш... Выйдзе матка з бальнiцы, дасць на барыш — i ўвесь клопат. Няхай п`юць на здароўе».

Андрэй намагаўся азiрнуцца, паглядзець на свайго крыўдзiцеля. Намагаўся — i не мог, баяўся. Раптам ён адчайна кiнуўся да крамы: там стаяў аўтобус, што вяртаўся назад у горад. Ускочыў у яго, упаў на свабоднае крэсла i толькi тады зайшоўся ад глухога плачу.

Непрыкметна тая вясна павярнула на лета. Цэлыя днi навылёт пражыла сонца. Пачаўся сенакос. Андрэева мацi разам з iншымi жанкамi ездзiла пад Шчару грэбсцi сена. Ён жа, Андрэй, на цэлы дзень заставаўся адзiн пры хаце. Заганяў у полудзень карову ў хлеў, зваў суседку, цётку Юстыну, каб падаiла. Кожны вечар палiваў агарод, па ваду хадзiў, як i раней, на старую вулiцу: добра памятаў тыя «абцугi», нават снiў iх. Ды i мацi чамусьцi па-ранейшаму хадзiла да старога калодзежа.

Смылелi далонi, нылi плечы. Як-нiяк, а яму, пяцiкласнiку, тыя дзесяць вядзёр на дзень давалiся нялёгка.

Аднаго разу Андрэй загуляўся з хлопцамi ў лапту, а калi прыбег дамоў, глянуў на гадзiннiк, убачыў, што да таго часу, пакуль вернецца мацi, з агародам яму не ўправiцца. А вельмi ж не хацелася, каб яна, змораная за дзень на спякоце, цягала яшчэ i ваду. Тады ён адважыўся схадзiць да новага калодзежа, што быў усяго за якiх паўсотнi метраў.

I за першым жа разам, калi выцягваў абедзвюма рукамi вядро з вадою, як i тады, вясною, пачуў над самым вухам:

— Прынесла ўсё-такi!.. На гатовенькае захацелася... Дурняў знайшлi, галадранцы!..

Андрэй адчуў, як яго працялi дрыжыкi. Ён сцяўся ўвесь, уцягнуў у плечы галаву, а потым — з усяе сiлы кiнуўся ўцякаць.

Адбегшыся метраў з дваццаць, хлопец успомнiў, што каля калодзежа засталося яго вядро. Гэта прымусiла спынiцца i азiрнуцца.

Каля калодзежа горбiўся Салька.

Яны доўга глядзелi адзiн на аднаго, зацята маўчалi. Першы адвёў убок позiрк Салька. Ягоныя вочы забегалi, як бы нечага шукалi. У iх абсяг нарэшце трапiла Андрэева вядро. Салька схапiў яго i пачаў з усяе сiлы хвастаць iм аб камень, што ляжаў ля самага калодзежа.

— Што, грошы ў мяне былi лiшнiя?! А на! А на табе!..

* * *

Андрэй не заўважыў, што выцягнуў i налiў вёдры. У задуменнасцi трэцi раз ён пачаў нетаропка апускаць калодзежнае вядро. Але раптам яго працяў роспачны жаночы лямант.

На шырокiм, дагледжаным Салькавым надворку ўслед за крыжам i векам, на плячах мужчын высока плыла да вулiцы, крыху пагойдваючыся, доўгая чорная труна. За ёю нясмела цiснуўся натоўп людзей.

Нечакана ад натоўпу адлучылася некалькi мужчын. Яны абмiнулi труну з нябожчыкам, падышлi да машыны i па адным пачалi залазiць на кузаў.

Праз хвiлiну — уладкоўвалi там труну з нябожчыкам i побач яе века.

На нейкае iмгненне лямант ацiхнуў. Наперад машыны, сагнуты ў крук пад цяжарам вялiкага, пэўна, дубовага крыжа, цяжкiм поступам выйшаў сiвы мужчына. За iм, спяшаючыся, стала некалькi чалавек з жалобнымi вянкамi.

Усё было гатова. Але ўсе чамусьцi стаялi на месцы, быццам некага чакалi. Горбiўся пад крыжам, схiлены наперад усёю постаццю, высокi мужчына, круцiлi галовамi тыя, што стаялi з вянкамi, тапталiся за машынаю аднавяскоўцы.

Праз хвiлiну-другую, трымаючы з абодвух бакоў пад пахi, вывелi з чорнай проймы дзвярэй жанчыну. Падвялi яе да машыны, дапамаглi ўзлезцi на кузаў i пасадзiлi на табурэтку каля галавы нябожчыка.

Наперад выбегла некалькi дзяўчатак i хлопчыкаў. Яны папарна трымалi ў руках кашы, напханыя аж пад самыя дужкi яловымi лапкамi.

Бязгучна кранулася з месца машына. Дзецi асцярожна, па адной, пачалi кiдаць з кошыкаў на дарогу лапкi.

А з хатаў, што стаялi паабапал шырокай вулiцы, адна за адною пачалi выходзiць жанчыны. Кожная спынялася ў сваiх веснiцах, развiтальным доўгiм позiркам праводзiла ў апошнюю дарогу нябожчыка, далучалася да грамады. Следам за жанчынамi iшлi мужчыны, здымаючы на хаду з галоў шапкi.

Андрэй убачыў, як выйшла на парог сенцаў i ягоная мацi. Машына з нябожчыкам якраз параўнялася з iхняю хатаю. Мацi пастаяла крыху ў дзвярах, паўзiралася здалёк, а пасля, як i ўсе, падалася да вулiцы. Толькi паволi, няспешна, быццам абдумваючы, цi добра робiць...

Нарэшце дзецi з кошыкамi ў руках амаль параўнялiся з Андрэем. Ён убачыў iх разгубленыя тварыкi, шырока расплюшчаныя спалоханыя вочы, па-даросламу сур’ёзныя, цвёрда сцiснутыя губы. Дзецi асцярожна кiдалi з кошыка на брук яловыя лапкi.

Падумалася, што iм, напэўна, наказалi кiдаць так, каб хапiла аж да самых могiлкаў. Потым ягоны позiрк затрымаўся на панурай постацi мужчыны, якi з усяе сiлы прыцiскаў да пляча крыж, на цвёрдых, нейкiх нежывых тварах тых, хто нёс жалобныя вянкi.

Далей у вочы кiнулася чорная постаць жанчыны, якая сядзела на кузаве машыны каля галавы нябожчыка. Яе раз за разам моцна падкiдвала. Цi то ад няроўнай дарогi, цi то ад высокага плачу. Андрэй ледзьве пазнаў у жанчыне Салькаву жонку.

За машынаю iшла немалая грамада людзей. Жанчыны трымалi ў руках белыя хустачкi, часта падносiлi iх да вачэй, падтрымлiвалi адна адну. Мужчыны, якiя сунулiся апошнiмi, маўчалi або цiха размаўлялi. Андрэю здалося, пра нешта сваё, будзённае...

Ён хутчэй адчуў, чым убачыў, што машына параўнялася ўжо i з iм.

«Трэба ж развiтацца...» — падумаў хлопец i, перш чым глянуць на нябожчыка, праваю рукою, што сама пацягнулася ўгору, зняў з галавы шапку.

1982 г.

ФЁДАР ЯНКОЎСКІ

Фёдар Янкоўскі нарадзіўся 21 верасня 1918 года ў вёсцы Клетнае Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Празаік, мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут у 1939 годзе, філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута ў 1948 годзе, вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педагагічным інстытуце. Удзельнік руска-фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Працаваў настаўнікам у школе, адказным сакратаром раённай газеты, выкладчыкам беларускай мовы, загадчыкам кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага педагагічнага інстытута, з 1983 года – прафесарам гэтай кафедры.

Памёр 13 лістапада 1989 года.

Аўтар кніг прозы "Абразкі" (1975), “Прыпыніся на часінку" (1979), "І за гарою пакланюся" (1982), "Радасць і боль" (1984), "З нялёгкіх дарог" (1988).

Сябра СП Беларусі з 1968 года.

Заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Узнагароджаны ордэнамі Айчыйнай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, "Знак Пашаны", медалямі.

Абразок "І за гарою пакланюся" ўпершыню быў апублікаваны ў 1982 годзе.

I ЗА ГАРОЮ ПАКЛАНЮСЯ
Абразок

Пішуць — Навагрудчына, а ў Якуба Коласа, а ў Янкі Брыля — як і там, на іх роднай, на іх прыгожай, багацюшчай на ўсё зямлі, — Наваградчына. Там і Наваградак. Еду там... каля Завосся, каля Свіцязі, Шчорсаў, Загора-Загор'я не першы раз. На гэты раз не адзін. Не спяшаемся. Сябар — вялікі яму дзякуй! — чытае, мабыць, па мне, што не трэба ані яго пытанняў, ані яго падказак. Міша ведае, што дарогі мне тут знаёмыя, што ёсць родам адсюль сябры, яны паказвалі мне край і расказвалі пра яго; у мяне ў памяці — прачытанае пра Наваградак, Наваградчыну, ёсць ужо і накіданыя да часу запіскі, нататкі, пачутыя і пакладзеныя на паперу словы. Я ў палоне ўзораў, сцежак, у палоне новых і ранейшых уражанняў. Карціць запісаць.

Улетку 1964 года з тым самым Мішам едзем у Любч — Любчу, мястэчка над Нёманам. Усё яно ў садах і ў цішыні. Падгаварыў Міша завітаць і да яго цесця. Там яблык поўна. Цесць не пашкадуе, насыпле зяцю, насыпле госцю. I пад'ехалі. Пакуль я змахваў з вокнаў, з нумароў- знакаў дарожны пыл, Міша нырнуў у веснічкі. Чую несакрэтную размову на двары:

— З машынаю. Возьме й ён. Толькі казаў, каб за грошы. Смеючыся: «Першы раз і гасцінец? Госць такі?»

— За грошы? А каб здаровыя былі! Я рады, што з машынаю. Сыплюцца ж. Усё чысто: сад, двор, гарод... усё чысто завалілі яблыкі, грушы. Каля хлева поўныя цабрэ карове й цялушца. А што з машынаю, то гэто — во! За плату, кажаш? Плата... Душа баліць: прападае. То ўчорай дактарэ й сёстры бралі. Як з дрэва, як самі сваёю рукою любовая абіраюць, то дзесяць капеяк кілё, а як насыпацьму я сам — шэсць. Можна так: восем капеяк і пяць капеяк. Гэтак годно будзя?

Дзесяць, восем, пяць... Што? Жартачкі? Веснічкі расчыніліся. Паказаўся Міша, за ім — цесць.

— Ну й машына! — кінуў дзядуля.— Я думаў... Хоць бы тоны са тры. Машына...— і ацаніў яе Мішаў цесць так, што не паўторыш... Ацэньваў ён мой легкавічок-масквічок насмешліва. Як сейбіт і касец, як гаспадарны гаспадар тае багатае любчанскае зямлі.

А што восем і пяць за кілаграм — не якія жартачкі.

Завіталі і ў Радагошч, і ў Валеўку, і ў іншыя вёскі блізка ад Свіцязі. Знайшлі настаўніка, што казаў аднойчы, каб «не звалі яго па... бацьку, а толькі як дома, як у сям'і, як у нашых вёсках». I гэты раз Валодзя ўгаварыў нас падскочыць перад палуднем на Свіцязь. Просіць пачакаць хвілін пяць. Збіраючыся на возера, ён абавязкова павінен ногі памыць, шкарпэткі перамяніць. Пыл жа, пот... Свіцязь жа!..

I падумае нехта: «Дзіва?»

Такая настаўніку, краязнаўцу, філолагу Свіцязь. Бачыць чалавек па-над ёю сцяжынкі, чуе дыханне былых гадоў і стагоддзяў. Чуе свіцязянскі водар і пахі казачнага свіцязянскага лесу. Не забывае і, ведаю, не забудзе Міцкевічавага, самога Адама Міцкевіча, пра «найбогатшэ і найчыстшэ» беларускае слова Нёманскага краю.

Адна пры адной шматлікія багатыя вёскі. Між іх Заполле, Лозкі, Нягневічы, Скрышава... На бязлесіцы, на сытым, незабруджаным чыстаполлі.

Ну, хоць бы адзін лапік зямлі абсеяўся нейкім недарэчным выцадкам! Хоць бы адзін шматок — ну, хоць такі, што толькі дзіцяці сесці — абышоўся плугам. Узаруць шырокае поле трактарам, а потым падпраўляюць, падштукоўваюць на заваротах звычайным плугам, на парцы, што аж блішчаць, як і некалі, коней. Архітэктары, што вычэрчваюць на паперцы палеткі, ці што?!

Спыняўся паглядзець на рунь. Спыняўся паглядзець на толькі што пасеянае жыта. На толькі што зжатую і змалочаную пшаніцу... Глядзеў, любаваўся ў 1962, і ў 1963, і... 1967 гадах. Бачыў людскую любоў — не якую гаварыльню! — да зямлі, да зямелькі, да зямліцы. Дагледжаная, перабраная ў пальцах, ачышчаная, сагрэтая не толькі сонцам, урадлівая. Я ніводнага разу не бачыў у тым краі парослай на полі збажыны, не бачыў прыплясканых дажджом і пабялелых або пачарнелых пракосаў ні на полі, ні на лузе.

Калі сеў пісаць, нахлынулі адно за адным уражанні,— абразкі з Наваградчыны.

Стрымліваюся: баюся лішніцы. Хіба каб толькі лічаныя радкі. Да часу. А там — з часам?..

Ад Карэліч ехалі пад Нёман. Праязджалі вялікія Нягневічы (не вёска — мястэчка). Праязджалі дарагое сваім мінулым, вельмі даўнім і нядаўнім, мястэчка Шчорсы, якому так трэба (і ўжо даўно) стаць музеем Нёманскага краю, музеем нашай гісторыі, нашай культуры, нашага побыту, нашай прыгажосці, нашага хараства. I шумець бы каля яго, вакол яго, як і спрадвечна шумела, дуброве, прыгажэйшаму за казачны дубняку.

Завіталі ў гістарычнае Лаўрышава. Былі ў тым Скрышаве, дзе амаль пры кожным двары «свая вежа» — свая вяндлярня. Ці не сама выразная ацэнка? Ці не аб'ектыўная самаацэнка?

Ехалі. I калі адчулі, а потым і ўбачылі, што блізка Нёман: паветра, зеляніна, шырачэзная абалонь, на ёй вялізныя чароды пярэстых — спыніла нас нечаканае. На траве пры дарозе хлопчык. Ці то сядзіць згорбіўшыся, ці то ляжыць. Нават не зірнуў у наш бок. Маглі б праехаць, але затрывожыла. Дзіця і адно? Каля дзіцяці — не ў ручках — вудка. Побач — торбачка. Дзіця не толькі не ўскочыла, пачуўшы машыну, а галавы не ўзняло. Дзіця — а вудка не ў ручках? Спыніліся, паглядзелі, памацалі галоўку, ручку. Хворае, слабенькае, стагнала, і ручка на жывоціку. Калі неслі ў машыну, толькі нібы паказала, куды...

Сустрэла нас маці. Узяла з рук дзесяцігодачка. Стрымліваючы слёзы, сказала:

— Я й за гарою вам пакланюся. Які вам дзякуй! Вялікі вам дзякуй, людцы.

Нашай дапамогі дзіцяці, сям'і не трэба было: доктар і сястрыца — суседзі, багатая і дагледжаная сядзіба, сад пры ёй. Як стой прыбеглі дапамагатыя. У суседнім двары затарахцеў матор легкавічка.

З Нёманавых берагоў мы вярталіся праз чатыры дні. Завіталі ў двор, куды прывезлі таго рыбачка. Праз шырозныя вокны бачылі ў хаце два, амаль да столі, стажкі падушак. Матка пазнала нас і клікнула з хаты Алеська, паказаць яго.

Запрашала ў хату, у сад. I запрашала:

— Сваё ж усё ў нас. Захочаце на тыдзень — на тыдзень, на два — на два.

— А калі сядалі ў машыну, сказала зноў тое матчына, тое народнае, тое незабыўнае:

— Я й за гарою вам пакланюся.

Дадала тое — сваё і наша — шчырае:

— Гладкае вам дарогі. Хай будзе гладкая ваша дарога.

САКРАТ ЯНОВІЧ

Сакрат Яновіч нарадзіўся 4 верасня 1936 года ў мястэчку Крынкі Беластоцкага ваяводства (цяпер Польша). Празаік, перакладчык, публіцыст.

Скончыў Беластоцкі электратэхнікум у 1955 годзе, аддзяленне беларускай філалогіі Настаўніцкага інстытута ў Беластоку ў 1960 годзе, факультэт польскай і славянскай філалогіі Варшаўскага універсітэта ў 1973 годзе. Працаваў брыгадзірам электраманцёраў, перакладчыкам, потым журналістам у газеце "Ніва", загадваў арганізацыйным аддзелам Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Быў старшынёй Клуба Саюза польскіх пісьменнікаў ў Беластоку (1976—1981). З 1990 года -- старшыня партыі Беларускае дэакратычнае аб'яднанне.

Аўтар кніг прозы “Загоны” (1969), "Не пашанцавала" (1978), "Сярэбраны яздок" (1978),"Самасей" (19 ), "Доўгая смерць Крынак" (1993), "Дзённікі" (1997), "Не жаль пражытага" (2002) і інш.

Сябра СП Польшы з 1970 года.

Узнагароджаны Сярэбраным Крыжам заслугі.

Абразок "Як я стаў беларусам" ўпершыню быў апублікаваны ў 1982 годзе.

ЯК Я СТАУ БЕЛАРУСАМ
Апавяданне

Усяму пачаткам было тое, што ў Беластоку рушыліся «Ніву» выдаваць. А дакладней кажучы — згвалтаванне Бубнішынай Манькі ў ягадах, да якое ўпрысвятак дабраліся былі ў Чортавым балоце якіясьці лайдакі. Мне ж цэлая бяда счаўплася ад таго анекдота ў «Ніўцы» гумару ды сатыры, які акурат і падыходзіў да Маньчынай салодкае ганьбы, пра што раструбілі ў гміне. У нашым выселку Кашэчая Лапка адзін я выпісаў тады «Ніву», і таму ўсім стала ясна, хто гэта так бессаромна — падаў у газету наконт няшлюбнага жывата ў порсткае дачкі Бубніхі.

Ляснік Булава неяк сказаў мне:

— Ты гэта ці не ты, а ў суд дзеўка на цябе падасць.

— Няхай, калі яна гэткая дурная! — адрэзаў я п’яніцы.

— Хто тут з вас разумнейшы, час пакажа. — І Булава павалокся сабе, азіраючыся ў мой бок разоў колькі, быццам пакепліваючы з мяне.

Я не браў усяго таго ў галаву і, як ні ў чым не бывала, спакойна капаўся ў гаспадарцы. Столькі і падумаў быў: «Удаве, дык і вецер спадніцу задзірае. Не паспела Бубніха мужыка пахаваць, як прыблуды Маньку ёй зматлашылі...»

У панядзелак жа, на кірмашы на Сабачынцы ў Саколцы, — я падсвінка добра збыў варшаўскім спекулянтам, — неспадзеўна перапыняе мяне сама старая.

— Ты, што з маёю Маняю будзе? — гэтак яна да мяне.

— А я тут-ка пры чым? Не чапаў жа вашае Мані! — і, памятаю, набіраюся поўныя грудзі злосці.

— Эх ты, узяў і апісаў, адпомсціў ёй за тое, што на танцы ў Бабылёў Луг не хадзіла яна з табою, гэтакай брыдотаю, што жонку родную звёў на той свет, каб чужыя дубасіць. Абняславіў Маню, жыццё завязаў ёй, бедненькай...

— Не я гэта пісаў, і не я ёй завязваў! — выпаліў сухой бабе.

Бубніха ад таго ажно падскочыла, бы гумовая. Засакатала:

— Ага, не ты?!. А людзі што кажуць? Ты! І кожны тое скажа. Перастань мне выкручвацца задам дапераду, табе нічога не паможа, калі суддзя на вачах людскіх за справу возьмецца!..

— Ну чаго вам ад мяне трэба? — спрабаваіў я спакайней, як з мацеркаю Манькі.

— Чаго? — і Бубніха ўсё роўна што спатыкнулася. — Яшчэ і пытае, чаго!

— Ну, дык чаго? — ухапіўся я за слова, трохі разлічваючы на яе розум і сумленне. — Засудзяць, не засудзяць, і што далей? — як здавалася, выблытваўся я.

— Дочанька мая, а няшчасная ты!.. — тут плакнула Бубніха, умомант натоўп вакол сябе гэтым збіраючы.

«Калі ў радзіне бяда, дык аднае мала: трэба, каб была і другая», — смутна вяртаўся я дахаты. Па дарозе зайшоў быў дагледзець магілу нябожчыцы жонкі свае на цвінтары, што ўзбоч ад гасцінца і перад вёскаю.

Аднак жа нешта прадчувала мая душа.

Сені, калі я ўжо ўехаў на падворышча хаты і, урэшце, выпраг каня, аказаліся адамкнёнымі. Сабака, гэты ліслівы Рэксік, разваліўшыся, ляжаў нажорты, як падла якая, і нават хвастом дзеля прывету мне не варухнуў. У кухні, за сталом, а як жа, я ўгледзеў раскрасаваную святочным адзеннем Маньку. Яна адразу і ўселася на мяне, і то неяк па-жончынаму:

— Бачу, закарэў ты адзін, на Яна парадкі навядзем.

— Ты — гэта сюды як? — пралапатаў я.

— А, во, так! — І яна тыцнула мне ў рукі здымак з леташніх хрэсьбінаў у Булавы, на якім я, хоць і жартаўліва, ніштавата прыціскаў быў Маньку да вушака (была кумою). — Можаш рваць гэту фотку, — дадала, калі збольшага прасвятлілася ў маіх мазгах. — У мяне ёсць іх больш, а сведкі чаго горшага, на выпадак якой патрэбы, знойдуцца... Ну, беларусок, пара падумаць пра наша вяселле, пакуль нічога па маім стане не пазнаць!

Пагляд у Манькі, не на смех, шалёна пабліскваў.

Я так і не вылаяўся... Адумаўшыся потым, прыкінуў быў сам сабе: няважна, чые бычкі, абы цяляткі мае, а Манька, як-ніяк, працавітая, і не модніца, і не будзе лішняй, вось, яшчэ пара рук на маёй гаспадарцы, таксама і Бубніха спраўная ды і ў пасаг апіша мнё сее-тое...

Цяпер іншы раз засмяюся сабе ў кутку, каб яна, крый Божа, не згледзела таго або не ўчула: Маня, слухайце вы, прыхілілася чытаць "Ніву"!

У Кашэчай Лапцы празвалі яе Беларусіхаю, а блізнятаў — Ніўняткі.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія