БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś

М. ТАНК — ПЕРАКЛАДЧЫК ТВОРАЎ А. МІЦКЕВІЧА

Анатоль ВЕРАБЕЙ

Творы А. Міцкевіча загучалі на беларускай мове яшчэ ў ХІХ ст. Так, ужо ў 1859 г. у перакладзе В. Дуніна-Марцінкевіча былі выдадзены першыя два раздзелы “Пана Тадэвуша”. Гэта быў адзін з першых перакладаў вядомай паэмы А. Міцкевіча на славянскія мовы. Прыкладна ў той жа час А. Вярыга-Дарэўскі пераклаў “Конрада Валенрода”.

У 1892 г. у Львове “Пана Тадэвуша” выдаваў А. Ельскі. Да перакладаў твораў польскага паэта звярталіся ў мінулым стагоддзі беларускія паэты А. Гурыновіч і А. Абуховіч. Аднак нераспрацаванасць беларускай літаратурнай мовы, адсутнасць сталых традыцый у мастацкім перакладзе, многія іншыя прычыны не дазволілі міцкевічаўскаму слову ва ўсёй красе і сіле загучаць на беларускай мове ў ХІХ ст.

У пачатку ХХ ст. да творчасці А. Міцкевіча звярнуўся Я. Купала. У зборніку вершаў паэта “Шляхам жыцця” (1913) у раздзеле “Пераклады з польскай” былі змешчаны балады А. Міцкевіча “Тры Будрысы”, “Пані Твардоўская”, “Удагонку”, уступ да паэмы “Конрад Валенрод”, якія з’явіліся важнай і прыкметнай вехай у гісторыі беларускага паэтычнага перакладу.

У 30-я гады нашага стагоддзя ў былой Заходняй Беларусі за турэмнымі кратамі “Пана Тадэвуша” перакладаў Б. Тарашкевіч. Перакладалі А. Міцкевіча і такія беларускія пісьменнікі, як Я. Колас, К. Крапіва, А. Куляшоў, В. Таўлай, П. Пестрак, С. Дзяргай, Ю. Гаўрук, М. Лужанін, М. Аўрамчык, А. Вялюгін, Я. Семяжон і інш. Творы А. Міцкевіча атрымалі шырокую вядомасць і прызнанне на беларускай зямлі. Вялікая роля ў прапагандзе творчасці польскага паэта належыць цудоўнаму перакладчыку і шчыраму сябру польскай паэзіі М. Танку.

Тое, што творчасць А. Міцкевіча прыцягвала і прыцягвае ўвагу многіх беларускіх паэтаў, у тым ліку і М. Танка, зусім зразумела. Па-першае, традыцыі міцкевічаўскага рамантызму надзвычай моцныя не толькі ў польскай, але і ў беларускай літаратуры. Па-другое, А. Міцкевіч нарадзіўся на Навагрудчыне, ён пісаў пра гэты край, на яго творчасць зрабіла прыкметны ўплыў беларуская народная паэзія. Па-трэцяе, яго таленавітая лірыка дазваляе перакладчыку выверыць ступень уласнага паэтычнага майстэрства на агульнапрызнаных паэтычных узорах, дапамагае глыбей зразумець вобразна-выяўленчае багацце паэтычнага слова.

Першыя пераклады М. Танка з А. Міцкевіча з’явіліся ў 1940 г. Гэта былі “Акерманскія стэпы”, урывак з трэцяй часткі паэмы “Дзяды”, “Не дбаю, якое пракляцце” (“Полымя рэвалюцыі” № 11, 1940), “Бура” (“Вольная праца” ад 19 лістапада 1940 г.). У пасляваенныя гады паэт апублікаваў урывак з чацвёртага раздзела “Пана Тадэвуша” пад назвай “Звярыны лог” (“Літаратура і мастацтва” ад 2 снежня 1945 г.), пераклады з “Крымскіх санетаў” — “Гара Кікінеіс” (“Беларусь” № 12, 1948), “Выгляд гор са стэпаў Казлова”, з эпілога да “Пана Тадэвуша”, “Хор стральцоў” з паэмы “Дзяды” (“Полымя” № 12, 1948), “Да М... (Прэч з маіх воч!.. )” (Полымя № 10, 1953). У аднатомнік твораў А. Міцкевіча, выдадзены да стагоддзя з дня смерці паэта (1955), увайшлі новыя пераклады М. Танка — “Лілеі”, “Фарыс”, “Паліліся мае слёзы... ”

М. Танк выбірае для перакладу найбольш прыкметныя і характэрныя творы польскага паэта, якія былі напісаны ім у розныя перыяды творчасці і адрозніваюцца паміж сабой як ідэйна-вобразным сэнсам, так і рытма-інтанацыйным гучаннем. Так ствараецца своеасаблівая анталогія лірыкі А. Міцкевіча.

“Крымскія санеты” займаюць выключнае месца як у польскай, так і ў сусветнай паэзіі. Яны вызначаюцца дасканаласцю вершаванай формы і глыбокім ідэйным зместам. З васемнаццаці санетаў гэтага цыклу М. Танк пераклаў чатыры — “Акерманскія стэпы”, “Бура”, “Выгляд гор са стэпаў Казлова” і “Гара Кікінеіс”.

Спецыфічнасць, асабліва сцісласць і завершанасць санетнай формы, стварала пэўныя цяжкасці для перакладчыка. Справа часам ускладнялася і тым, што пераклады рабіліся з блізкай, роднаснай мовы, калі трэба было, не парушаючы тэксту, перадаць дух арыгінала, захаваўшы адначасова самыя тонкія адценні стылю і паэтыкі. Трэба мець на ўвазе і тое, што А. Міцкевіч настойліва і карпатліва, як ніякія іншыя свае творы, адшліфоўваў санеты, пакуль яны не набывалі сапраўдную мастацкую завершанасць і дасканаласць.

Аднак М. Танк, тонкі знаўца паэтыкі, літаратуры, культуры і гісторыі братняга народа, паспяхова справіўся з гэтымі цяжкасцямі. Сведчанне таму — пераклад вядомага санета “Акерманскія стэпы”.

У рускай літаратуры гэты санет А. Міцкевіча перакладалі такія вядомыя пісьменнікі, як А. Майкаў, А. Фет, І. Бунін, М. Асееў. З усяго цыклу “Крымскіх санетаў” ён больш чым іншыя перакладаўся на рускую мову. Упершыню на беларускай мове санет загучаў у перакладзе Ю. Гаўрука ў 1928 г. 1

“Акерманскія стэпы” з’яўляецца своеасаблівым уступам да “Крымскіх санетаў”. А. Міцкевіч перадаў у ім цесную і непарыўную сувязь маляўнічай экзатычнай крымскай прыроды з трывожнымі думкамі, пачуццямі і перажываннямі паэта-выгнанніка.


Stómy! jack cicho! słyszę ciągnące żurawie,
Których by nie dościigły źrenice sokoła;
Slyszę, kędy się motyl kołysa na trawie;

Kędy wąż ślizką piersią dotyka się zioła.
W takiej ciszy!
tak ucho natężam ciekawie,
że słyszałbym głos z Litwy,
Jedźimy, nikt nie woła! 2

         (I, 259).

Адпаведны ўрывак у перакладзе М. Танка:


Як ціха! Спынімся! Я журавоў лёт чую,
Якіх бы нават сокал быстры не ўгледзеў;
І
як матыль калыша кветку палявую,

Як з шорахам вуж прапаўзае недзе.
У гэткай цішыні так чутка ўсё лаўлю я,
Што чуў бы гук з Літвы. — Ніхто не кліча, едзем! 3

       V, 575).

М. Танк захаваў змест, вобразную сістэму і рытм арыгінала. Радкі верша, то запаволена меладычныя, то абрывіста імпульсіўныя, багатыя на алітэрацыі, ствараюць уражанне трывожнага чакання. І, як цяжкі працяжны ўздых, гучыць заключны радок. Перакладчык вельмі ўдала перадаў гэты заключны міцкевічаўскі радок, такі эмацыянальны і такі глыбокі па зместу. Характэрна, што ў перакладзе 1940 г. ён гучаў:


Што чуў бы з Літвы голас. Ніхто не кліча, едзем.

Цікавы ў гэтых адносінах пераклад заключных радкоў санета, зроблены Ю. Гаўруком:


Застыў і слухаю, напружыўшы аблічча.
Здаецца б голас чуў з Літвы?. .
Ніхто не кліча! 4

Пераклад Ю. Гаўрука ў параўнанні з перакладам М. Танка 1940 г., магчыма, лепш перадае музычнасць верша А. Міцкевіча, але ўступае яму ў рытма-інтанацыйных адносінах. Парная рыфма аблічча не кліча не адпавядае міцкевічаўскай перакрыжаванай zioła woła. М. Танк як у пачатковым, так і ў заключным варыянце захаваў дакладную перакрыжаваную рыфму недзе – едзем.

А калі слова голас замяніў пазней словам, гук, то кампенсаваў тым самым недахоп свайго ранейшага перакладу, узнавіўшы музычнасць міцкевічаўскага верша, захаваўшы надзвычайную глыбіню ў перадачы думак натхнёнага паэта, які “Літву сваю ўспамінаў” (Пушкін).

У іншым рытма-інтанацыйным ключы гучыць верш “Бура”. Трывожнае і парывістае гучанне, трапныя і вельмі ўдалыя параўнанні, асацыяцыі, метафары: енк насосаў; заходзіць сонца (у А. Міцкевіча — крывавае. — А. В.), з ім апошнія надзеі, шторм завыў; геній смерці і іншыя ствараюць грознае відовішча буры. І ў заключэнне — думкі пілігрыма:


Шчаслівы той, хто тут знясіліўся і паў
Ці ў гэткі час з кім развітацца мае

       V, 575).

Вельмі блізкі пераклад міцкевічаўскага:


... stczęśliwy, kto siły postrada,
Albo modlić się umie, lum ma z kim się żegnać

         (I, 262).

Гэтыя радкі выклікаюць глыбокі роздум і значныя абагульненні. Малюнкавасць і музычнасць верша АМіцкевіча адчуваецца таксама ў перакладах санетаўВыгляд гор са стэпаў КазловаіГара Кікінеіс”. Калі параўнацьКрымскія санетыз папярэдніміБаладамі і рамансамі”, то можна заўважыць, што ўКрымскіх санетахмастацкія вобразы і дэталі становяцца больш канкрэтнымі і рэальнымі. Гэтыя змены ў стылі паэта захаваны і ў перакладах М. Танка.

Іншыя патрабаванні да мастацкага перакладу прад’яўляе фальклорна-рамантычная балада “Лілеі”. Напісаная А. Міцкевічам у 1820 г., яна з’явілася апошнім звяном паэтычнай стылізацыі пад народную паэзію. Балада створана на аснове народнай песні. Але, як заўважыў Ю. Пшыбось: “Міцкевіч не апрацоўваў, не перарабляў, не развіваў зместу народнай песні. Песня ці народнае паданне былі для паэта толькі першым штуршком фантазіі, пачатковым подыхам натхнення, якія развівалі думку паэта свабодна, далёка аддаляючыся ад убогай асновы песні” 5 .

Цяжка пагадзіцца з асобнымі палажэннямі ў выказванні польскага крытыка. Аднак думка яго ў аснове сваёй правільная. Сапраўды, з песні “Stała sie nam nowina” узяты матыў забойства рыцара нявернай жонкай, вобраз сеяння лілеяў на магіле, а таксама асобныя радкі. Аднак у баладзе выразна адчуваюцца сінтаксічна-стылістычныя і рытмічныя асаблівасці, уласцівыя ўвогуле народнай песні, хоць паэт умела і дасканала іх прыстасаваў да свайго твора:


Выпадак нечуваны —
Забіла пані пана;
Забіла і хавае
Ля ручаю, ля гаю,
Лілеі там саджае,
Саджаючы, спявае:
“Расціце так высока,
Як пан ляжыць глыбока;
Як пан ляжыць глыбока,
Расціце так высока!”

       (ІV, 563).

Гэтыя радкі першай страфы з’яўляюцца як бы запевам да ўсяго далейшага апавядання. Сінтаксічная няўскладненасць паэтычнага радка, размоўная інтанацыя, паралелізмы і паўторы, якія так уласцівы народнай песні, музычнасць балады адчуваюцца ў перакладзе. Пацвярджэннем з’яўляюцца прыклады як з гэтага ўрыўка, так і з іншых месц балады: фальклорны паўтор ля ручаю, ля гаю, рэфрэн як пан ляжыць глыбока; як пан ляжыць глыбока, так і звычайны і па-народнаму просты зварот ды бог з табой, жанчына (у Міцкевіча — Niewiasto, Pan Bóg z tobą), трохкратнасць у апісанні — чакаюць бацьку дзеці і дзень, другі і трэці і інш. М. Танк данёс беларускаму чытачу і гукапіс балады:


З нажом крывавым нізка
Над ложам ён сагнецца,
І
сыпле з вуснаў іскры,
І
рве маё ён сэрца.

       V, 570).

Кароткія абрывістыя вершаваныя радкі тыпу Нябожчык? Дзе? Ваш тата?, гукаперайманні стук, стук! узмацняюць, нагнятаюць пачуццё страху і непазбежнасць трагічнай развязкі.

Для балады ўласціва частае ўжыванне такіх фразеалагічных спалучэнняў, як wygnać z myśli, na ustach śmiechu, snu na źrenicy. М. Танк замяняе іх дзеясловамі забыць, не смяецца, не спіцца, што ў некаторай ступені прызямляе рамантычны вобраз, аднак паэтычнасць вершаванага радка пры гэтым не страчваецца.

Баладзе характэрна поўная, багатая рыфма: to ja to – tato, trudno – nudno, grzechu śmiechu. МТанк часта выяўляе прыхільнасць як у арыгінальнай творчасці (асабліва сённяшняй), так і ў перакладной да рыфмы прыблізнай можа трывожна, сэрца смяецца і інш. У перакладзе, як і ў арыгінале, ужыты жаночыя і мужчынскія рыфмы. Міцкевічаўскі 7-складовік з яго асобнымі адхіленнямі заменены 3-стопным ямбам, што стварае рытма-інтанацыйны малюнак, блізкі арыгіналу.

Хочацца зрабіць адну прыватную заўвагу. Яна датычыць перакладу наступных радкоў А. Міцкевіча:


Wtem drzwi kościoła trzasły,
Wiatr zawiał, świece zgasly.

       (IV, 167).

У перакладзе М. Танка:


Ды вецер у касцёле
Тут дзверы расчыніў
. І свечкі пагасіў...

                        V, 573).

У А. Міцкевіча дзверы касцёла затрашчалі пад уздзеяннем таямнічай і невядомай сілы. А вецер толькі свечкі пагасіў, не больш. Думаецца, што вецер як стыхійная сіла і з’ява прыроды адыгрывае тут хутчэй службовую, падпарадкаваную ролю ў адносінах да таямнічага духу, а не адзінаўладную. А гэта немалаважна для раскрыцця зместу рамантычнага міцкевічаўскага твора.

Як вядома, у прадмове да свайго першага зборніка “Балады і рамансы” польскі паэт вылучаў тое, што ў іх дзейнічаюць звышнатуральныя, фантастычныя сілы. У гэтай баладзе таямнічымі з’яўляюцца лілеі, якія выкрываюць здраду жонкі, і муж, які ў вобразе духа вяртаецца, каб пакараць яе за здраду. Пераклад балады М. Танкам пакідае прыемнае ўражанне. У ім цудоўна захавана рытмічнае гучанне твора, дасканала ўзноўлены вобразы, матывы і асаблівасці міцкевічаўскага верша.

Прывабіла М. Танка і эпічнае гучанне паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Як вядома, падзеі, апісаныя ў ёй адбываюцца на тэрыторыі Беларусі. “Пан Тадэвуш” тыпалагічна блізкі “Новай зямлі” Я. Коласа. Блізкасць іх не столькі ў тым, што яны апісваюць адзін і той жа край, але перш за ўсё ў тым, што гэтыя высокамастацкія творы сталі своеасаблівымі энцыклапедыямі жыцця сваіх народаў. У паэме А. Міцкевіча побач з апісаннем жыцця польска-беларускай засцянковай шляхты дадзены цудоўныя карціны беларускай прыроды. Адно з гэтых апісанняў пераклаў на беларускую мову М. Танк. Гэта — урывак з чацвёртага раздзела “Пана Тадэвуша”, дзе даецца апісанне “матэчніка”, непраходных нетраў беларускай пушчы.

Ужо давераснёўская польская крытыка адзначала некаторае падабенства паэмы М. Танка “Нарач” з “Панам Тадэвушам”. Сапраўды, абодвум творам уласцівы не толькі высокамастацкія апісанні прыроды, але і своеасаблівае спалучэнне ў іх эпічнага, лірычнага і драматычнага пачаткаў, замілаванне і любоў да сваёй зямлі, свайго народа.

М. Танк перадаў эпічнае гучанне ўрыўка з паэмы “Пан Тадэвуш”, ён улавіў таксама светлы гумар, мяккі лірызм, якія адчуваюцца ў апісанні “звяроў і птушак царства, зелені сталіцы”. Лагодную ўсмешку выклікае сцвярджэнне А. Міцкевіча пра глыбіню балотных азёр, аб якіх “Мо не дарма гавораць, што жывуць там чэрці”. Натуральна і вельмі блізка да арыгінала перакладае М. Танк апісанне гэтых азёр:


Вада іржавая ў тых студнях шкліцца мутна,
З глыбі дыміць смурод удушлівы, атрутны
І ад яго губляюць дрэвы лісце, колер;
Трухлявыя, з карой падточанай і хворай,
Схіліўшы нізка вецце, звітае імхамі,
1 горбячы ствалы, пакрытыя грыбамі,
Сядзяць каля вады, як нейкія пачвары
Ля сагана свайго ў якім тут трупа вараць 6 .

Да гэтага ўрыўка з поўным правам можна аднесці словы М. Ф. Рыльскага, аўтара цудоўнага перакладу паэмы на ўкраінскую мову, які пісаў: “Міцкевічаўскія апісанні — прыроды, касцюмаў, абставін дзеяння і г. д. — уражваюць раскошным багаццем фарбаў, але ім уласціва пры гэтым натуральнасць і пераканаўчасць... Міцкевіч спалучае самыя разнастайныя тоны, не баючыся ўпасці ў дысгармонію, як не баіцца гэтага сама прырода, ставячы іншы раз побач зусім “проціпаказаныя” эстэтыкай колеры дасягаючы тым самым нечаканых і прыемных для вока эфектаў” 7 .

Або ўзяць пачатковыя радкі ўрыўка:


Хто зведаў пушч літоўскіх змрочныя абшары
Да непраходных нетраў, векавых гушчараў?
Рыбак на дно марское сеткі не запусціць
І
паляўнічы кружыць каля нетраў пушчы.
Ён толькі з большага знаём з яе абліччам,
Але не быў ніколі ў сэрцы таямнічым,
А што там — толькі казка ведае, гавораць... 8

У арыгінале:


K
tóż zbadał puszcz litewskich przepastne krainy,
Aż do samego środka, do jądra gęstiwny?
Rybak ledwie u brzegów nawiedza dno morza;
Myśliwiec krąży kolo puszcz litewskich łoża,
Zna je ledwie po wierzchu ich postać, ich lice,
Lecz obce mu ich wnętrzne serca tajemnice:
Wieść tylko albo bajka wie, co się w nich dzieje.

       (ІV, 116).

Класічны міцкевічаўскі 13-складовік МТанк перадаў 6-стопным ямбам, захаваўшы велічнае гучанне твора і яго метрычную блізкасць арыгіналу. Урывак выклікае ўражанне рытмічнай цэласнасці і кампазіцыйнай завершанасці.

Цудоўна гучыць на беларускай мове і паэма АМіцкевічаФарыс”. Перад намі, нібы жывы, праз пяскі пустыні імчыцца коннік:


Усё хутчэй, усё хутчэй,
Нібы яго ўздымаюць крылы;
Усё вышэй, усё вышэй
Нясецца над клубамі пылу

       V, 579).

Ездака не прываблівае адпачынак пад цяністай пальмай, не баіцца ён і грознай пагрозы скал. Не стрымліваюць конніка ні каршун, які бачыць у ім здабычу, ні шкілеты вярблюдаў і людзей з загінуўшага ў пясках пустыні каравана. Ён настойліва імкнецца наперад:


Рвіся ўдаль, мой беланогі!
Трупы, вецер, прэч з дарогі!

       V, 583).

Коннік пераадольвае пустыню, якая “век людскіх не чула крокаў”, дзе толькі “дрэмлюць дзікія стыхіі” і перамагае ўладара гэтых жудасных прастораў — афрыканскага ўрагана. У сцэне барацьбы з ураганам — надзвычай дынамічнай і экспрэсіўнай — услаўляецца мужнасць, смеласць і сіла чалавека.

Пераклад М. Танка пакідае ўражанне раўнацэннасці з арыгіналам. Перакладнык узнавіў дынамічны і зменлівы рытм верша, яго алегорыі, маштабныя вобразы, метафарычнасць, жывапіс словам і надзвычайную дакладнасць у дэталях. Вось, напрыклад, як апісваецца смерць урагана:


... і ён пераламаўся і рынуў
Пясчаным дажджом на пустыню,
Як вал гарадскі, лёг ля ног маіх трупам

       V, 584).

Веліч чалавека, трыумф яго волі адчуваецца ў заключных радках:


Як радасна ўдаль углядацца вачам!
Сёння бачыць маё вока
Так далёка! Так шырока!
Бачыць нават, што закрыла
Сінява за небасхілам.
Як радасна вольным, раскрытым рукам!
Я іх працягнуў, каб абняць свет бясконцы
Ад самага ўсходу да захаду сонца

       (IV, 584).

Бязмежная сіла творчасці, сіла чалавечай асобы знаходзіць сваё далейшае раскрыццё ў так званай “вялікай” імправізацыі з трэцяй часткі “Дзядаў”. Прызнанне Конрада “мая любоў... не на адным спачыла чалавеку” блізкая адчуванням героя “Фарыса”, калі той хоча “абняць свет бясконцы”.

Трэба адзначыць пры гэтым, што беларускі паэт выбірае для перакладаў тыя творы А. Міцкевіча, якія адпавядаюць яго ідэйным запатрабаванням і мастацкім густам. Так, напрыклад, рамантычны пратэст і актыўнае дзеянне героя “Фарыса” былі сугучны заходнебеларускай літаратуры. У прыватнасці, М. Танк, узброены марксісцка-ленінскім светапоглядам, пісаў у той час: “толькі молатам лепшая доля куецца”.

Як трапна заўважыла яшчэ заходнебеларуская крытыка 9 , шмат агульнага ёсць таксама паміж паэмай “Нарач” М. Танка і ІІІ часткай міцкевічаўскіх “Дзядаў”. Сапраўды, у новых гістарычных умовах беларускі паэт па-свойму ўзнаўляе ідэі рамантычнай паэмы А. Міцкевіча. Абодвум творам уласцівы маштабныя, манументальныя вобразы, пры паказе сваіх герояў і народа ў цэлым аўтары пазбягаюць дробязнай дэталізацыі і г. д.

Відаць, ёсць нейкая заканамернасць у перакладах М. Танка з А. Міцкевіча, калі побач з “Фарысам” мы знаходзім пераклад заключных радкоў так званай “вялікай” імправізацыі з паэмы “Дзяды” — “Не дбаю, якое пракляцце”.

Думка паэта ў “вялікай” імправізацыі дасягае ўзвышаных, метафізічных вяршынь. У заключным жа ўрыўку гэтай імправізацыі, у песні філарэта Фелікса Кулакоўскага, яна вяртаецца да палітычных падзей таго часу, становіцца больш прыземленай і рэальнай, што знаходзім мы і ў перакладзе М. Танка:


Не дбаю, якое пракляцце
Спадзе — ці Сібір, ці кайданы,
Заўсёды, як верны падданы,
Гатоў на цара працаваць я.

Я думаю ў шахце падземнай,
Узрываючы глыбы цяжкія:
З руды маёй зробяць, напэўна,
Сякеру на царскую шыю

       V, 585).

У арыгінале:


Nie dbam, jaka spadnie kara,
Mina, Sybir czy kajdany.
Zawsze ja wierny poddany
Pracować będę dla cara.

W minach kruszec kując młotem,
Pomyślę: ta mina szara
To żelazo, — z niego potem
Zrobi ktoś topór na cara

        (III,153).

Слова “цар” у вуснах свабодалюбівай польскай моладзі было напоўнена самым канкрэтным зместам. Зняволеныя філарэты гаварылі аб змаганні з царызмам прама і недвухсэнсава.

М. Танк замяніў апорныя і такія сэнсава-важкія міцкевічаўскія рыфмы kara — cara, szara — cara на пракляцце — працаваць я, цяжкія — шыю, што ў нейкай ступені расслабіла паэтычны радок. Але, ахвяруючы гэтым, як правільна адзначае В. І. Гапава, “ён цалкам захаваў паэтычную выразнасць і іранічны сэнс радкоў “як верны падданы, гатоў працаваць на цара я” 10 .

Зразумела, кожны пераклад нешта страчвае ў параўнанні з арыгіналам. Але адначасова ён нясе свае, адметныя якасці, таму і з’яўляецца ўдалым адпаведнікам афарыстычнаму z niego potem zrobi ktoś topór na cara пераклад зробяць, напэўна, сякеру на царскую шыю. Цікава, што слова ktoś у баладзе “Лілеі” абазначала дух мужа, таямнічую сілу. Тут жа яно напаўняецца новым, больш канкрэтным зместам.

М. Танкам перакладзены імклівы і жывы верш “Хор стральцоў”:


Гэй, ветры, нясіце
Гром стрэлаў да хмар!..
Ідзе паляўнічы —
Ваш друг і ўладар...
                              Далей жа па сцежках-дарогах, далей,
                              Па следзе за зверам хутчэй! 11

Думаецца, апраўданай з’яўляецца замена міцкевічаўскага król wiatrów i chmur на ваш друг і ўладар. Не парушыўшы вобраза, М. Танк надаў яму крыху іншае адценне.

М. Танк пераклаў на беларускую мову і вядомую мініяцюру А. Міцкевіча “Паліліся мае слёзы... ”


Паліліся мае слёзы, як дождж чысты і краплісты,
На маленства, што было анельскім, сельскім,
На юнацтва час мой шумны, неразумны,
А таксама на век сталы, век няўдалы;
Паліліся мае слёзы, як дождж чысты і краплісты...

       (ІV, 586).

У арыгінале:


Polały sie łzy me czyste, rzęsiste
Na me dzieciństwo sielskie, anielskie,
Na moją młodość górną i durną,
Na mój wiek męski, wiek klęski;
Polały się łzy me czyste, rzęsiste...

         (1,417).

Верш быў напісаны АМіцкевічам у канцы трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. Ён сугучны створаным у той жа час такім лірычным творам паэта, як “Калі мой труп”, “Над вялікай вадой”. М. Танк перадаў спалучэнне скрухі, адчаю і адначасова нейкага светлага міцкевічаўскага суму. Але музычнасць верша ў дастатковай меры не ўдалося захаваць перакладчыку.

У плане параўнання варта прывесці цудоўны пераклад гэтага верша на рускую мову, зроблены В. Звягінцавай:


Полились мои слёзы лучистые, чистые,
На далёкое детство безгрешное, вешнее,
И на юность мою неповторную, вздорную,
И на век возмужания — время страдания.
Полились мои слезы лучистые, чистые...