|
“ПАН ТАДЭВУШ” АДАМА МІЦКЕВІЧА Ў ПЕРАКЛАДЗЕ
Б. ТАРАШКЕВІЧА НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ
Вячаслаў
ВЯРЭНІЧ
Да найбольш
выдатных твораў Адама Міцкевіча адносіцца паэма-эпапея “Пан Тадэвуш”, якая прасякнута любоўю паэта да
роднага краю, асабліва Навагрудчыны, дзе ён нарадзіўся і вырас. Гэты твор па
праву лічыцца шэдэўрам не толькі польскай, але і сусветнай літаратуры. У ім
творча выкарыстаны беларускія казкі і легенды, ужываюцца беларускія словы і
выразы. Мясціны і прозвішчы, названыя ў паэме, у пераважнай большасці існуюць
або існавалі на Навагрудчыне .
Ад моманту
першага выхаду ў свет “Пан Тадэвуш” быў перакладзены на 24 мовы і надрукаваны ў
76 асобных выданнях. Але
выдання поўнага перакладу на беларускую мову не было. З ХІХ ст. захаваліся
толькі фрагменты перакладаў “Пана Тадэвуша”, зробленыя
В. Дунінам-Марцінкевічам і А. Ельскім
.
Поўны
пераклад паэмы на беларускую мову з’явіўся толькі ў пачатку 30-х гадоў ХХ ст. Зрабіў яго Браніслаў Тарашкевіч
ва ўмовах турэмнага зняволення, да якога быў прысуджаны санацыйнымі ўладамі за
тое, што пасмеў выступіць у абарону культуры, роднай мовы і грамадзянскіх
правоў беларусаў у панскай Польшчы. Гэты выдатны прадстаўнік беларускай
інтэлігенцыі нарадзіўся на Віленшчыне ў сям’і беларускага селяніна-католіка і
не толькі добра ведаў рэаліі паэмы, але свабодна і дасканала валодаў польскай і
беларускай мовамі, іх народнымі
дыялектамі. Акрамя вялікага захаплення фальклорам і народнымі песнямі, ён
вызначаўся яшчэ аратарскім талентам і дасканалым стылем у публіцыстыцы. Таму,
як сцвярджаюць польскія даследчыкі г. Турская і С. Яновіч ,
перакладу Б. Тарашкевіча ўласціва дакладнасць у дачыненні да арыгінала,
якая спалучаецца з бясспрэчнай паэтычнасцю.
Лёс
арыгінала перакладу поўнага тэксту “Пана Тадэвуша” канчаткова не высветлены. У 1978 г. арыгінал адзінаццатай
і дванаццатай быліц тарашкевічаўскага перакладу, знойдзеных у Вільнюсе, і сем
сшыткаў яго копіі, перададзеных жонкай перакладчыка Н. А. Тарашкевіч
Дзяржаўнаму музею БССР, паступілі ў аддзел рэдкай кнігі і рукапісаў
Фундаментальнай бібліятэкі АН БССР. На аснове гэтых рукапісаў Інстытутам
літаратуры АН БССР была падрыхтавана першая поўная публікацыя твора на
беларускай мове: Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш / Пер. з
польскай Б. Тарашкевіча. Мн. : Навука і тэхніка, 1981. Прадмову,
падрыхтоўку тэксту і каментарыяў зрабіў А. І. Мальдзіс, рэдактар
Ю. С. Пшыркоў. Кніга прымеркавана да 160-годдзя напісання паэмы, 90-годдзя з дня нараджэння перакладчыка і 60-годдзя самога перакладу.
У пачатку
1984 г. у Польшчы выйшла з друку яшчэ адно выданне тарашкевічаўскага
перакладу паэмы: Адам Міцкевіч. Пан Тадэуш альбо апошні заезд на Літве. Шляхоцкая гісторыя з 1811 і
1812 г. у дванаццаці быліцах
вершам / Пер. Б. Тарашкевіча. Ольштын; Поезежэ, 1984. Навуковы рэдактар
А. Абрэмбска-Яблонска, рэдакцыйная калегія: А. Багроўска,
Т. Ясінска-Соха, З. Скібінска-Харыла, Э. Смулкова. Выданне
падрыхтавана на падставе ксераграфічнай копіі перакладу, які захоўваецца цяпер у Фундаментальнай бібліятэцы АН БССР.
Пры
падрыхтоўцы тэксту перакладу да Друку ў абодвух выданнях ставілася мэта ў
найбольшай ступені захаваць усе яго адметныя рысы. Праўкі зроблены толькі там,
дзе гэтага патрабаваў правапіс. Выпраўлены таксама (без агаворак) яўныя апіскі.
Зразумела, захаваны ўсе лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці
арыгінала. Як і сам тэкст перакладу, значную цікавасць для чытача і каштоўнасць
для навукі маюць зробленыя Б. Тарашкевічам каментарыі да паэмы і перакладзеныя
ім падрадковыя заўвагі самога Міцкевіча.
Патрэбнымі і карыснымі для сучаснага беларускага чытача аказаліся зробленыя
А. І. Мальдзісам дадатковыя растлумачэнні некаторых паняццяў і слоў,
асабліва паланізмаў, якія ў той час здаваліся перакладчыку зразумелымі. У мінскім выданні літаратурны
каментарый зведзены да мінімуму. Пры неабходнасці выдаўцы прапануюць звяртацца
за адпаведнымі тлумачэннямі да выдання паэмы на рускай мове 1949 г. або да
спецыяльнай літаратуры.
Гэтым
апошнім патрабаванням адпавядае падрыхтаванае варшаўскімі вучонымі ольштынскае
выданне, на 7 друкаваных аркушаў большае па аб’ёму, бо яно пашырана радам
важных дадаткаў. Сярод іх слова ад рэдакцыі, дзе высвятляюцца матывы выдання
беларускага перакладу “Пана Тадэвуша”; уступ (з моўным каментарыем да перакладу
Б. Тарашкевіча); табліцы супастаўлення абедзвюх версій копіі адзінаццатай
і дванаццатай кніг, заўвагі г. Турскай пра беларускі пераклад кнігі
першай “Гаспадарка”; водзывы ў перыядычным друку аб перакладзе “Пана Тадэвуша”
на беларускую мову; фотакопіі рукапісаў, бібліяграфія. Усё гэта надае
ольштынскаму выданню дадатковыя якасці, асабліва важныя для мовазнаўцаў і
літаратуразнаўцаў.
Беларускі
тэкст “Пана Тадэвуша” складаецца з 12 вершаваных быліц (кніг або глаў).
Абапіраючыся на ўступны артыкул праф. А. Абрэмбскай-Яблонскай , разгледзім моўныя і паэтычныя
асаблівасці гэтага перакладу. Правапіс беларускага перакладу захоўвае ў
асноўным тую лінію рашэнняў, якой прытрымліваўся сам Тарашкевіч у сваёй
“Беларускай граматыцы для школ”
Неабвержным доказам правільнасці выбранага напрамку ў развіцці беларускай мовы
служыць тое, што сучасная беларуская літаратурная мова адлюстроўвае ўсе
галоўныя асаблівасці і нормы, вызначаныя ў свой час Тарашкевічам .
У
перакладзе Б. Тарашкевіча назіраецца вялікая колькасць
фанетыка-арфаграфічных дублетаў, якія звязаны з розным месцам націску ў слове і
вынікаючым адсюль характарам акання (да
пояса — за па !!!! яс, шырокіх — ш !!!!! ырака, Сапліцова — у Сапл !!!!!! іцаве, дзіўн !!!!! ую — рыфма да сумую і г. д.). Ігнараванне
акцэнталагічнай нормы ў такіх маштабах не сустракаецца ў паэтычных творах іншых
беларускіх пісьменнікаў. Чаму ж
Тарашкевіч не прытрымліваецца правіл акцэнтуацыі, хоць вядома, што захаванне
месца націску ва ўсходнеславянскіх мовах вынікае з характару яго марфалагічнай
функцыі?
А. Абрэмбска-Яблонска
лічыць, што лібералізм у гэтых адносінах або, хутчэй за ўсё, свядомы стылістычны манеўр Тарашкевіча маглі вынікаць з яго арыентацыі ў ваганнях і
разнароднасці акцэнтуацыйных адносін у беларускіх гаворках. У яшчэ большай
ступені магла тут уздзейнічаць добра вядомая яму з практыкі з’ява перастаноўкі націску ў беларускіх народных песнях як вынік патрабаванняў рытму і
рыфмы. Гэта тым
больш праўдападобна, бо Тарашкевіч
быў добры спявак, а народная беларуская песня была яго стыхіяй. Таму
перастаноўку націску як стылістычны сродак, звязаны непарушна са спяваным народным тэкстам, ён мог перанесці і на глебу
рытмічна дэкламаванага паэтычнага апавядання. Гэта не быў адзіны элемент
народнай паэтыкі, які шырока ўжываўся перакладчыкам “Пана Тадэвуша”. Не без
значэння маглі тут быць яшчэ і апазіцыйныя ў адносінах да месца націску пары
польскіх і беларускіх слоў з аднолькавым гучаннем. Білінгвізм Тарашкевіча аблягчаў
яму прымяненне ўсялякіх магчымых сродкаў, якія дапамаглі лепшаму фарміраванню
рыфмы і рытму верша.
Да фактаў
менш выключных, прынятых і прызнаных у паэтычнай практыцы, можна аднесці поўнае
або скарочанае вымаўленне у/ў і і/й незалежна ад характару іх гукавога
акружэння (параўн.: й на месца назначана,
думаю, пэўне што стане; святло у раве разбіваецца ў дробныя іскры). Сюды ж
трэба аднесці шматлікія скарачэнні, адсячэнні канцовых, сярэдніх або (найбольш
рэдка) пачатковых частак слоў, узятых аўтарам перакладу з гутарковай мовы, з
дыялектных запасаў, з уласнай вынаходлівасці і ўключаных у рэквізіты
фарміравання структуры верша, павышэння яго стылістычных каштоўнасцей.
Ужыванне
названых вышэй стылістычных сродкаў абумоўлена мастацкімі прадпасылкамі
Тарашкевіча і яго захапленнем класічнай паэзіяй (пераклад “Іліяды”), каб
гучанне лексічнага матэрыялу падпарадкаваць вершаскладанню. І тут перакладчык
праявіў значную самастойнасць і наватарства. Замест трынаццаціскладовага верша (7+6, радзей 8+5), якім пісаў Міцкевіч
“Пана Тадэвуша”, ён прыняў для беларускага перакладу іншую, чым у польскім
тэксце, даўжыню радка — пятнаццаціскладовы (9+6 або 8+7). Выбар гэты не
выпадковы, ён мае абгрунтаванне ў рознай гукавой форме канчаткаў абедзвюх моў:
польскія формы больш кароткія, сцягнутыя (dziwnadziwnej, dziwną, to, znasz) у параўнанні з
несцягнутымі, больш доўгімі канчаткамі ў беларускай мове (дзіўная, дзіўнае, дзіўную, дзіўнаю, тое, ведаю, ведаеш).
Застасаванне радка, даўжэйшага на два склады, давала перакладчыку магчымасць
зрабіць лепшыя, больш дакладныя ў адносінах да арыгінала выбар і адбор лексікі
і лексічных структур. Рухомае месца націску ў беларускай мове дазволіла яму
ўвесці рытмічныя мадыфікацыі якія забяспечылі найбольш дакладную перадачу
зместу польскага трынаццаціскладовага верша ў рамках пятнаццаціскладовага.
У выкарыстаных
Тарашкевічам сродках вершаскладання назіраецца свядомы паралелізм з паэтыкай
польскага арыгінала. З гэтай мэтай перакладчык выкарыстоўвае багаты арсенал
дублетных граматычных форм, выразаў з гутарковай мовы, дыялектызмаў, а таксама
ўтвораных ім неалагізмаў. Вось, напрыклад, формы, якія ўспрымаліся на рубяжы
20–30-х гадоў як
нармальныя элементы тагачаснай граматычнай сістэмы: націскныя канчаткі -ох, -ёх, назоўнікаў пераважна муж. роду
ў мес. скл. мн. л. (па слядох, у
капелюхох, у мясцох сваіх, у грудзёх); націскныя канчаткі -ом, -ём у дав. скл. мн. л. (дае загады стральцом, пісаром, к гасцём);
побач з поўнымі формамі прыметніка ў якасці азначэння шырока выкарыстоўваюцца
скарочаныя або сцягнутыя формы (пакручаны
й схованы ў дробныя белы, стручочкі; стырчаць сыраежкі чырвоныя, жоўты, срабрысты);
паралельнае ўжыванне двух канчаткаў род. скл. адз. л. прыметнікаў і займеннікаў
жан. роду: -ое, -ае побач з -ой, -ай (злуе на сваволку
крыклівае жонкі с сябрамі; узняўся шум, гоман з такое да спораў манеры);
скланенне займенніка тая як тэй у род., дав., тв. і мес. склонах
адз. л.
Падобная ж
дублетнасць форм мае месца ў спражэнні дзеясловаў. Так, у інфінітыве
раўнапраўна ўжываюцца суфіксы -ць і -ці, а выбар гэтых фармантаў у тэксце
залежыць ад рытму верша або ад рыфмы (здаволіць : сваволіць, раўнаваці :
прызываці). Дзеясловы І і ІІ спражэння ў 3-й
асобе адз. л. маюць паўднёва-заходнебеларускі канчатак -е(-а): пахіле сваю галаву; прыходзе; гаспадарскае
вока каня добра туча. Спарадычна ўжытыя формы на -іць абумоўлены патрабаваннямі рыфмы: параўн. З ас. адз. л. пазволіць — да інфінітыва пасваволіць. Для 3-й асобы адз. л. дзеяслова быць побач з формай ёсць Тарашкевіч
дапускае таксама скарочаныя дыялектныя разнавіднасці ё і ёсь (а ё з чаго выбраць; то ёсь маладзік). У
І-й асобе мн. л. дзеясловаў загаднага ладу выступаюць канчаткі -ма (разгледзьмася,
пакіньма) або -ема, -ем (абодва
хадзема на пікі; хадзем, калі хочаш). Апрача формы будучага складанага часу
— з дапаможным дзеясловам буду+інфінітыў
— ужываецца спарадычна і дыялектная форма з дапаможным дзеясловам -іму (у доме маім яго памяць трываці-ме вечне).
Названыя
асаблівасці цяпер ужо лічацца дыялектнымі, але да рэформы беларускага правапісу
1933 г. яны былі пастаяннымі кампанентамі тагачаснай беларускай
літаратурнай мовы. Дзеля большай даступнасці твору і рэалізацыі пэўных
прадпасылак стылю перакладчык свядома ўводзіць у тэкст і формы, узятыя з
гутарковай мовы, народных гаворак або нават з паэтычнай
практыкі, г. зн. формы, не ўласцівыя літаратурнай мове.
Разам з
формай на -ся ў зваротных дзеясловах
з асновай на галосны ўжываюцца варыянты са скарочанай часціцай -сь (нахілялась,
білісь, не ўздымалась). Больш часта ў параўнанні са скарочанай формай -ва- выступаюць суфіксы -іва-
ў дзеясловах шматкратнага дзеяння (прышпільваў,
разгладжваў; павынашываць, паказываў, пасьпевываў, прытрымываў), вельмі
часта выкарыстоўваюцца дзеепрыслоўі на -шы,
-ўшы ў функцыі выказніка ў мінулым
часе (каб жыўжы даўжэй ён, то можа б яшчэ
і змяніўся; суддзя адказаўшы; ці ключык не ўцёкшы?), а таксама скарочаныя
формы дзеясловаў у З-й і 2-й
асобе адз. і 2-й асобе мн.
л. (пахваляйца, падабайца, кланяйца,
ведайш, ведайце — пахваляецца, падабаецца, кланяецца, ведаеш, ведаеце).
Назіраюцца эпізадычны пропуск суфікса -ну-
(для захавання размеру верша) у дзеясловах прошлага часу закончанага
трывання (выцяг, пацD выцягнуў,
пацягнуў), канчатак -мі ў тв. скл.
мн. л. назоўнікаў жаночага роду (галоўмі
ківаючы), рэлікты скланення назоўнікаў парнага ліку ў склонах род., мес. (вушшу, у ваччу, з ваччу) і тв. (вушыма, з вачыма). У мэтах рыфмавання
выкарыстоўваецца ў мес. скл. адз. л. прыметнікаў і займеннікаў муж. і ніяк.
роду канчатак -ом (-ам): ішоў... ён крокам: у маўчанні глыбокам;
ведаці меў бы аб гэтам: схаваўся прад светам. Формы -оі, -аі замест -ое, -ае
ў прыметнікаў і займеннікаў жан. роду род. скл. адз. л. (гэтай ціхаі сцэны; куртку, катораі полы
падняты на гузы); пераход е D і
сустракаецца ў наз. скл. мн. л. (у рыфме шыі
: даўгіі) і ў мес. скл. адз. л. (рыфма да
няволі : у стадолі), апошняя форма выступае на значным абшары беларускіх
гаворак; назіраецца непаслядоўнасць ва ўжыванні падоўжаных зычных пад уплывам
суфікса -j-
або наяўнасць гіпернарматыўных форм (збожа
і збожжа; струменняў, іменняў — ад струмень, імя).
Лексіка і
словаўтварэнне таксама ўдзельнічаюць у фарміраванні мастацкіх вартасцей
перакладу. З гэтай мэтай выкарыстоўваецца няўстойлівасць у беларускіх гаворках
сістэмы дэрывацыі дзеепрыметнікаў прошлага часу, залежнага стану на -н- і -т-, напр.: прывязаты (замест
прывязаны); грошы сабраты; у палон во забраты; уткнёны
рагач (замест уткнуты ад уткнуць); дыялектныя формы дзеясловаў ІІ спражэння на -эць: крычэць, рычэла, блішчэў,
замена іншамоўных запазычанняў з назоўнікавым суфіксам польск. -ist, руск. -ист праз
прыметнікавы суфікс -істы: мазурысты, лег’яністы, бэлетрысты.
Рэгіяналізмы, уласцівыя народным дыялектам або гутарковай беларускай мове,
звязваюць паэтычны бок твора з верагоднасцю
асяроддзя беларускага чытача. Гэта, напрыклад, прадуктыўны тып аддзеяслоўных
прыметнікаў з фармантам -к- са значэннем
‘схільны, здольны да таго,
што выражае корань асновы’ (гаваркія); экспрэсіўна афарбаваныя
ўтварэнні з суфіксамі -уха-, -ух- на:
грызуха, скакуха ‘вавёрка’, маланка-бліскуха, танцуха, смертухне сына;
народныя варыянты прыслоўяў як варыянты літаратурных форм: вельмі і вельма, тайма замест таемна, бягма замест бегма, сюдэма замест
сюды. Да магчымых неалагізмаў перакладчыка залічвае праф. Абрэмбска-Яблонска
такія словы, як паглёды, паглёд (побач
з даволі частым пагляд); хавае ў скрытулку; прыцяг ‘прывабнасць’; над
калатліўніцкім Возным; да жанімскае
справы; прыняў прапазыку; з хаоса (...) курапылу; срэбнарунны пярун; дождж
разіскрысты.
Вялікай
разнастайнасцю адзначаюцца часта сустракаемыя ў тэксце памяншальныя формы, якія
з’яўляюцца галоўным стылістычным сродкам у народнай паэзіі. Побач з дэрыватамі
ад назоўнікаў і прыметнікаў (лясным
пяюшкам, касулькі сонца, хмурынка, хвіліначка, халадочак; дарагенькі, прад
раднюсенькім сынам) выступаюць дэмінутывы ад прыслоўяў (крышачку, заўтрачка, столечкі, ніколечкі),
ад займеннікаў (усенька, нештачка, няма
нічагутка, над самюсенькім вухам) і нават ад лічэбнікаў (дзвенькі галовы). Займеннікі з элементам
-к- або -н- (гэткі, гэны, ягоны,
іхны), а таксама прыслоўі, часціцы і іншыя, пашыраныя ўзмацняльным
элементам -к, -ка (дык/ды, цяперака, тутка, ёсьцека,
нямашака), якія цяпер ужо лічацца дыялектнымі, але
працягваюць бытаваць у мастацкіх творах.
Да
дыялектных асаблівасцей у галіне марфалогіі і словаўтварэння можна дадаць яшчэ
некаторыя фанетычныя з’явы, такія, як наяўнасць пратэз в і г перад галоснымі (варганы,
вагністы, вагромністым
колам, загастрыць, поўна гострае галі); спрашчэнні або
ўпадабненні, характэрныя для гутарковага вымаўлення (ачыніў,
урэсьце/урэшце, пасьцівы ‘пачпівы’), скарачэнні слоў (трэ’ D трэба, мо D можа, нат’ D нават, як-га- D як мага, будзе до’ і на гэтым D досыць, датуль’ D дагэтуль); метатэзы і змены
спалучэнняў зычных у беларускіх словах, а таксама перастаноўкі гукаў і іншыя
змены ў іншамоўных запазычаннях (вядзьмедзь
замест мядзьведзь, клуста замест
тлуста, у клябаніі замест у плябаніі;
налпаю замест малпаю, некруты замест рэкруты, грап замест граф).
Для
беларускай лексікі перакладу Тарашкевіча характэрны запазычанні перш за ўсё з
польскай і часткова з рускай моў. Тлумачацца яны рознабаковым уплывам гэтых моў
на беларускую ў выніку іх працяглага суіснавання ў рамках супольнай
дзяржаўнасці, пісьменнасці і культуры. Такія словы, як палівода, луп, зухвальства, набел, у спадку ‘у спадчыне’, з
дзевяцьдзесятым рокам, з’яўляюцца яўнымі паланізмамі,
узятымі з тэксту польскага арыгінала. Сюды ж адносіцца значная колькасць толькі
часткова адаптаваных або цалкам запазычаных польскіх фразеалагізмаў: лабуддзя шыя, каня асадзіў, людзі ганору, з
гары плянаваў ‘планаваў загадзя’, ніхто
яго лёгка не важа (lekce go nie ważą ад lekceważyć) і
інш. Пры лексічнай аднолькавасці пэўных тэрмінаў у абедзвюх мовах Тарашкевіч
уводзіць часамі сінанімічную і лексічную разнастайнасць для адных і тых жа
паняццяў, змешчаных у польскім арыгінале. Напрыклад, польск. myśliwy, myśliwiec перадаюцца ў
беларускім перакладзе як мысліўцы,
паляўнічы(я), лаўцы; а для агульнай назвы адзення (польск. odzież, odzienieubranie, ubiór —
белар. адзежа, адзенне, убранне, уборы)
уводзіць яшчэ дадаткова тэрмін апрата (у польскай апраце), уласцівы для гродзенскіх
гаворак.
Пра іншы
напрамак моўных уплываў сведчаць прыведзеныя А. Абрэмбскай-Яблонскай
фразеалагічныя паралелізмы з польскага і беларускага тэкстаў “Пана Тадэвуша”. У
тарашкевічаўскім перакладзе існуе тры фразеалагічна-сінтаксічныя разнавіднасці,
якія датычацца тэрміналогіі, звязанай са збіраннем грыбоў: Ну ж у грыбы! побач
з хадзем па грыбы усе да бору! і за ёй на грыбы паспяшаўся. Дакладна тыя
ж самыя фразеалагічныя адпаведнікі знаходзім у тэксце польскага арыгінала: Dalej grzybyi na Дзве апошнія формы ўласцівы не толькі польскай літаратурнай
мове, але і іншым славянскім. Аднак iść w
grzyby адрозніваецца сваёй незвычайнай канструкцыяй, і гэта не дзіўна, бо
сам Міцкевіч ужыў гэты беларускі рэгіяналізм, шырока вядомы і сучаснай мове, а
ў старабеларускіх помніках засведчаны
ўжо з ХІV–ХV стст.
Блізкасць
беларуска-польскіх моўных кантактаў пацвярджаецца яшчэ і тым, што перакладчык
шырока выкарыстоўвае словаўтваральныя і граматычныя варыянты абедзвюх моў або
пераносіць іх элементы з адной граматычнай сістэмы ў другую. Так, побач з
прыназоўнікамі між, міжы, паміж у
перакладзе сустракаецца форма паміжы, якая з’яўляецца адпаведнікам польск. pomiędzy (паміжы сталом і між радамі;
паміжы палямі). Побач з беларускім
назоўнікам жаночага роду папера выступае
і яго польскі эквівалент у мужчынскім родзе папер.
Тое ж можна сказаць пра назоўнік грудзі,
які ў беларускай мове належыць толькі да множнага ліку, а ў перакладзе
сустракаецца яшчэ і ў адзіночным (А стан
яе гібкі і складны ды грудзі павабны; магутныя плечы і грудз),
што магло ўзнікнуць як пад уздзеяннем польскай, так і рускай моў.
Да ўплываў
рускай мовы ў перакладзе трэба аднесці рад лексічных запазычанняў, якія
ўзбагачаюць слоўнікавы запас у галіне сінанімікі, сродкаў экспрэсіўнага
выражэння і выкарыстоўваюцца галоўным чынам у мэтах вершаскладання, напрыклад: і вам аб’ясніць дужа рады ‘растлумачыць’;
аратар — тлумача ‘прамоўца’; ну, голасу толькі няма, ў астальным як жывыя
(фігуркі) ‘у астатнім’; чарнеецца бор
вараннёвы ‘канфітуровы’, рус. варенье; не
менш знамяніта ‘славутна, выдатна’; вялікі
падсоўнечнік, быццам пакрыты загарам ‘сланечнік’, руск. подсолнечник; у Польшчы ў парадачным доме з даунога звычаю
‘у прыстойным’; Ці ты ашалеў гэта, Рыкаў, з такім
прадлажэннем? ‘з такой прапановай’;
улада не бабскае дзела ‘справа’; што
горай не нада ‘не трэба’; завіхаліся
чынна і бойка ‘ладам, стройна, цырымонна’.
У адных
выпадках такія русізмы ўжо цалкам увайшлі ў слоўнікавы склад беларускай мовы (капітанскі аклад, быць дваранінам, (э)палеты),
у другіх жа — паслужылі асновай для беларускіх новаўтварэнняў (і садзіў яго міжы важоў у пачэсны тым коле; куды з боку Нёмана
сівух важароў прыбывала ‘правадыроў, военачальнікаў’, ад
рус. вождь, вожак; марожыну есці ‘марожанае’, рус. мороженое; ужо зблізу ўрукапаш б’юцца ‘урукапашную’, рус. врукопашную; шалавіла заўзяты
‘свавольнік, гарэза’, рус. шалун,
шалунишка. Русізм ваўна (рус. волна) замест белар. хваля выкарыстоўваецца, напрыклад, у мэтах рыфмы (... з другога
пакою : укацілася шпарка праз дзверы як быстрай ваўною), а ў сувязі з
патрэбамі рытму ў вершы белар. крокаў перакладчык
замяняе рус. шагоў (Аж глянуушы з боку, шагоў так на дваццаць,
пабачыў мужчыну). Відаць, тымі ж патрабаваннямі рыфмы трэба тлумачыць
наяўнасць рускай формы канчатка -я замест
беларускай -ю ў род. скл. адз. л. назоўнікаў муж. роду з асновай на мяккі зычны:
Дык знача,
такога дзіўнога быу граф абычая;
казалі ўсе, што чагосьці яму не хапае.
Пра
польскія і рускія ўплывы на беларускую мову перакладу Тарашкевіча можа сведчыць
таксама разнароднасць фанетычнай і графічнай перадачы іншамоўных запазычанняў.
Пры гэтым перавага польскай моўнай стыхіі ў гэтых уплывах была на мяжы 20–30-х гадоў такой жа відавочнай, як
перавага рускай мовы ў наш час. Такім чынам, іншамоўныя запазычанні з l сярэднім у
беларускім тэксце перадаюцца
праз л мяккае (пляны, плянуе, у залю,
лякай, галёпам і г. д.). Адпаведна да польскай
непалатальнай вымовы рада зычных перад галоснымі е, і ў тэксце перакладу
знаходзім: імпэратар, на пэргаміне, з
бэльгійскай правінцыі, тэатр, традыцыя, мэлёдыі, анэкдота. Найбольш
складанай у засваенні іншамоўных слоў у беларускай мове была справа акання.
Адсюль і ў перакладзе “Пана Тадэвуша” аканне ў іншамоўных словах пераведзена
непаслядоўна, напрыклад: для конфэдэратаў
але сканфэд’раваны, констытуаваці, фаворытны, эканомам, у
тэстамэнце. Формы. з яканнем сустракаюцца ў даўно запазычаных словах (ядвабнай, гярбоўныя клейнаты, Гядымін,
Гярвазы). Спалучэнне ол перадаецца ў форме баўгарызм, аўтар (цяпер балгарызм, алтар).
Такім чынам,
мова перакладу “Пана Тадэвуша” мае шмат дыялектных рыс, уласцівых для
заходнебеларускай тэрыторыі, з якой паходзіў Тарашкевіч. Найменш дыялектызмаў
выяўляецца ў марфалогіі, больш у фанетыцы, асабліва многа — у лексіцы.
Несумненна, што значная насычанасць мовы перакладу рэгіянальнымі элементамі
стварае для сённяшняга чытача пэўныя цяжкасці. Нельга, аднак, ацэньваць гэты
факт негатыўна, бо мову польскага арыгінала таксама характарызуе рад архаічных
або рэгіянальных элементаў, уласцівых для эпохі ўзнікнення паэмы і мовы родных
мясцін Міцкевіча, але невядомых сучаснай польскай літаратурнай мове.
Перакладанне “Пана Тадэвуша” рыгарыстычным спосабам на сучасную нам беларускую
літаратурную мову, без афарбоўкі яго архаізмамі і рэгіяналізмамі дало б
пераклад штучны, ненатуральны, бясколерны, не сугучны моўна-стылістычнаму
афармленню арыгінала .
Праф.
А. Абрэмбска-Яблонска адзначае, што пераклад “Пана Тадэвуша” на беларускую
мову зроблены дакладна, але разам з тым індывідуальна, з непаўторнымі
версіфікацыйнымі інавацыямі, з адчуваннем клімату эпохі і асяроддзя, людзей і
здарэнняў, з выкарыстаннем багатых запасаў лексікі беларускай літаратурнай мовы
перыяду “Нашай нівы” і свядомым ужываннем рэгіянальных дыялектызмаў, якія
быццам бы геаграфічна вызначаюць месца, дзе адбываліся падзеі міцкевічаўскай
паэмы. Натуральнасць і штодзённасць мовы глыбока перадае задуму Міцкевіча ў яго
паэме, адрасаванай да самых шырокіх мас чытачоў. Не кожны пераклад “Пана
Тадэвуша” на іншую замежную мову зможа справіцца з гэтым.
|