БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś

ЯНЫ НАТХНЯЛІ МІЦКЕВІЧА

Тамара ГАБРУСЬ

У творчасці Адама Міцкевіча, бы ў рамантычным люстэрку ляснога возера, адбілася шматпакутная гісторыя роднага краю, любай сэрцу Навагрудчыны. Ён добра ведаў і яе мураваны летапіс — старажытнае нацыянальнае дойлідства. У нашым нарысе гаворка пойдзе аб помніках архітэктуры, якія надаралася бачыць паэту ў дзіцячыя і юнацкія гады.

Перліна лірычнай паэзіі Міцкевіча — паэма “Гражына”, якая апавядае пра жорсткую барацьбу наваградчан супраць крыжакоў і пра гераічнуго самаахвярнасць іх княгіні, пачынаецца рамантычным апісаннем замкавых муроў:

Ля Навагрудка, на ўздыбленых

        горах —
Замак у месяца срэбным зіхценні;
Вал здзірванелы схаваўшы, сувора
Волатаў
-вежаў ламаныя цені
Падалі ў роў, дзе між вечнай

              
цясніны
Дыхалі воды, затканыя цінай 1.

         Пераклад С. Дзяргая

Паэтычны геній Міцкевіча ўзнаўляе з руінаў муры старога наваградскага замка і насяляе іх людзьмі і падзеямі.

У гады дзяцінства паэта, на пачатку ХІХ ст., на замчышчы былі відны рэшткі трох вежаў: Шчытоўкі, Касцельнай і Дазорцы, што можна ўбачыць толькі на тагачаснай гравюры А. Аляшчынскага. У нашыя дні ад самай магутнай і высокай вежы замка Дазорцы, якая мела падмурак 14x14 м і вышыню каля 20 м, не засталося і следу. У 1906 г. абвалілася Касцельная вежа, рэшткі яе з боку фарнага касцёла былі ўмацаваны падпорнымі сценкамі. Падчас І-й сусветнай вайны абрушылася павернутая да горада сцяна вежы Шчытоўкі, якая знаходзілася на самай высокай кропцы рэльефа замчышча. Яна і цяпер уражвае сваёй магутнасцю. Археалагічныя раскопкі паказалі, што на яе месцы ў другой палове ХІІІ ст. стаяла яшчэ больш старажытная вежа, якая была цалкам выкладзеная з прыроднага каменю і пазней стала падмуркам для Шчытоўкі, змураванай у канцы ХІV ст. ужо не з каменю, а з вялікапамернай цэглы-пальчаткі. Новая вежа ўзведзена ў гэтак званай лусковай тэхніцы, характэрнай для беларускага абарончага дойлідства ХІІІ–ХVІ стст.

Унутраныя і вонкавыя паверхні сценаў выкладалі з цэглы, а ў шчыліны паміж імі закідвалі бутавае каменне, бітую цэглу і ўсё змацоўвалі рошчынай. Агульная таўшчыня такой сцяны ў падмурку вежы дасягала 3 м. Вышэй яна пакрысе звужалася, дзякуючы чаму прызматычная “чацверыкавая” вежа здавалася не такой ужо масіўнай і важкай. У гістарычных крыніцах вежу Шчытоўку называюць таксама Цэнтральнай, таму што спачатку яна была адзіным мураваным збудаваннем замка, які абкружалі драўляныя сцены. Вежу прарэзвала брама. У перыяд кансалідацыі сіл супраць крыжакоў, напярэдадні пераможнага Грунвальда, у наваградскім замку драўляныя сцены замянілі мураванымі і ўзвялі тры новыя вежы, крыху меншыя за цэнтральную, але падобныя да яе прызматычнай формай. Ва ўсходнім кутку замчышча, над крутым схілам размясцілася вежа, названая Касцельнай; амаль насупраць Шчытоўкі — другая вежа з брамай (таму і назва яе — Малая брама) і на захад ад яе вежа, арыентаваная да рамеснага пасаду, названая Пасадскай. Дзве апошнія, павернутыя да горада вежы, былі злучаныя магутнай і высокай 70-метровай сцяной, таму што небяспека з гэтага боку была найбольшая. Паміж Малой брамай і Касцельнай вежай на ўсходнім схіле замкавай гары, дзе білі крыніцы, пабудавалі Калодзежную вежу, каб забяспечыць абаронцаў замка падчас асады пітной вадой. Гэтая вежа злучалася сцяной і патайным ходам з агульнымі ўмацаваннямі замка.

На тэрыторыі замка знаходзіліся харомы князя, мураваная праваслаўная царква, стайні, жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Архітэктурныя рэаліі былі апісаныя А. Міцкевічам у паэмах “Гражына”, “Мешка, князь Наваградка” і “Конрад Валенрод” (дарэчы, такое імя, сапраўды, меў магістр ордэна, які прывёў крыжакоў пад сцены наваградскага замка ў 1391 г., але напад гэты закончыўся беспаспяхова — замак не быў узяты, як і пазней у 1394 г., у апошні напад крыжакоў на Наваградак).

У канцы ХV – пачатку ХVІ стст. умацаванні наваградскага замка дапоўніліся яшчэ дзвюма вежамі, большымі за папярэднія і крыху іншай формы. Новы этап будаўніцтва быў звязаны ўжо з новай ваеннай небяспекай — набегамі перакопскіх татараў на нашыя землі. На паўночна-заходнім рагу замчышча паўстала вежа Дазорца. Ад яе ў розныя бакі — да Шчытоўкі і Пасадскай вежы — разышліся мураваныя праслы сценаў, якія замянілі апошнія драўляныя гародні. Малую браму з боку горада дадаткова прыкрыла яшчэ адна, сёмая па ліку вежа, названая Мескай, таму што ў той час на Беларусі горад значных памераў называўся “местам”. Гэтая вежа прарэзвалася брамай, да якой вёў пад’ёмны мост, перакінуты праз роў. Абедзве новыя вежы былі падобныя да вежаў славутага замка ў Міры, пабудаванага ў той самы час. Ніжнюю частку іх складалі масіўныя, квадратныя ў плане аб’ёмы “чацверыкі”, а верхнюю — васьмігранныя “васьмерыкі”, накрытыя шатровымі дахамі.

У наступным стагоддзі будаўніцтва на замку не вялося, наадварот, гады і войны паступова руйнавалі тое, што было раней. Асабліва моцна пацярпеў замак падчас руска-польскай вайны 1654–1663 гг. Пасля працяглай аблогі Меская, Пасадская, Калодзежная вежы, Малая брама і сцены, што іх злучалі, былі разбураныя амаль да падмурку, у выніку чаго замак канчаткова страціў абарончае значэнне, прыйшоў у заняпад і паступова ператварыўся ў руіны. На пачатку ХІХ ст. каменнем з умацаванняў замка вымошчвалі вуліцы Наваградка. Толькі праз стагоддзе, у 1921 г., пры панскай Польшчы рэшткі замка былі ўзятыя пад дзяржаўную ахову, і немалую ролю ў гэтым адыграла тое, што выдатны помнік нашай гісторыі цесна спалучаны з творчасцю Адама Міцкевіча. Па ініцыятыве Міцкевічаўскага камітэта, створанага ў студзені 1924 г., на тэрыторыі Замкавай гары ў маі 1924 г. адбылася закладка Кургана несмяротнасці ў гонар паэта. Скончылі яго насыпаць у 1931 г. Штучны пагорак апярэзвае сцежка-серпанцін з прыступкамі, якая вядзе на вяршыню, дзе зроблена пляцоўка, адкуль добра бачныя ваколіцы Наваградка. Каля падножжа Кургана пастаўлены памятны камень з надпісам-прысвячэннем.

З усходняга боку ля падэшвы Замкавай гары стаіць беласценны дзвюхвежавы храм пад высокім дахам з чырвонай чарапіцы. Гэта фарны касцёл (тут быў хрышчоны Адам Міцкевіч), адзін з самых старажытных касцёлаў у Вялікім княстве Літоўскім. Ен быу заснаваны ў 1395 г. вялікім князем Вітаўтам неўзабаве пасля афіцыйнага хрышчэння Літвы па каталіцкім абрадзе. Якім быў пёршы будынак касцёла — невядома, ёсць звесткі, што ён быў драўляным (ці часткова драўляным), таму што ад таго часу захаваліся ўсё ж мураваныя фрагменты.

У паўночную сцяну капліцы, асвечанай у гонар Божага Цела, у 1643 г. умуравана надмагільная пліта з чорнага мармуру і пясчаніку, выкананая паводле загаду кашталяна наваградскага Яна Рудаміны ў памяць пра брата і сяброў, якія загінулі ў баі з туркамі пад Хоцінам у 1621 г. Безумоўна, гэтае надмагілле і звязаныя з ім гераічныя падзеі добра ведаў Адам Міцкевіч. У гэтым жа касцёле на пачатку ХV ст. вянчаўся кароль Польшчы Ягайла з князёўнай Зоф’яй Гальшанскай, аб чым сведчыць мемарыяльная пліта на вонкавай сцяне капліцы.

На месцы старога фарнага касцёла ў 1712–1723 гг. быў змураваны новы, па фундацыі віленскага біскупа Мацея Анцата. Пры гэтым старыя мураваныя часткі былі захаваныя і арганічна ўвайшлі ў агульную кампазіцыю. Дзеля гэтага галоўны фасад нават крыху ссунуты з восі сіметрыі новага храма і засланяе ад недасведчанага гледача фрагменты старажытнай будовы.

Родны дом Адама Міцкевіча стаяў у цэнтры Наваградка і, па ўспамінах Ігната Дамейкі, “быў лепшым ва ўсім горадзе, дзе толькі кляштары і касцёлы былі мураванымі”. Ен быў змураваны ў 1807 г. пасля таго, як папярэдні драўляны дом, набыты бацькам паэта Мікалаем Міцкевічам у 1804 г., згарэў. Пасля смерці бацькоў дом перайшоў у спадчыну да чатырох сыноў: Францішка, Адама, Аляксандра і Георга. У Наваградку застаўся жыць толькі старэйшы з іх, Францішак, які працаваў натарыусам, але пасля паўстання 1830–1831 гг. быў вымушаны эміграваць у Прусію. Дом, які застаўся без гаспадароў, прадалі на аўкцыёне. У 1881 г. будынак быў моцна пашкоджаны пажарам, але адноўлены да 1887 г. У верасні 1920 г. былую сядзібу Міцкевічаў узяла пад ахову дзяржава. На доме ў 1931 г. устаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам: “Тут напачатку жыцця раскрыў крылы для паэтычнага ўзлёту Адам Міцкевіч”. У чэрвені 1934 г. у будынку быў заснаваны музей паэта, але ў Вялікую Айчынную вайну экспанаты музея, з цяжкасцю сабраныя, былі разрабаваны. У снежні 1955 г. музей зноў прыняў наведвальнікаў. У 1980 гг. з дапамогай польскіх спецыялістаў праведзена рэстаўрацыя дома-музея Адама Міцкевіча. У 1992 г. адчынена новая экспазіцыя.

Яшчэ адзін помнік манументальнай архітэктуры Наваградка цесна звязаны з імем А. Міцкевіча — гэта касцёл Міхаіла Архангела кляштара дамініканцаў, які стаіць у цэнтры горада, амаль побач з сядзібай, домам музеем паэта. Усе Міцкевічы былі яго прыхаджанамі. Храм гаты першапачаткова быў драўляны, заснаваў яго ваявода віленскі Хрыстафор Хадкевіч у 1624 г. Праз сто гадоў пасля заснавання, каля 1724 г., быў узведзены мураваны будынак касцёла — вялікая трохнефавая базіліка з бязвежавым плоскім фасадам у стылі сталага барока. Інтар’ер храма асвятляўся вокнамі, размешчанымі ў 2-x ярусах. Некалі ён меў надзвычай прыгожае ўнутранае ўбранне: скляпенні былі аздоблены ляпным дэкорам і размалёўкай. Прастору завяршалі багатыя ляпныя алтары ў цэнтральнай паўкруглай апсідзе і бакавых нефах.

У 1751 г. храм пацярпеў ад пажару, які ахапіў горад, але хутка быў адноўлены. У 1831 г. ён зноў гарэў, і пасля перабудовы яго архітэктура набыла рысы класіцызму: больш нізкі дах, спрошчаны трохвугольны франтон і г. д. З паўднёвага боку ад касцёла (ён арыентаваны алтарнай часткай на захад) у 1829 г. была ўзведзена мураваная двух’ярусная званіца, якую можна бачыць на старажытных літаграфіях. Да нашага часу яна не збераглася. З другога боку ад храма, стаяў двухпавярховы мураваны будынак кляштара дамініканцаў, пры якім у 1797–1831 гг. існавала школа. Пасля паўстання яна была зачынена. Тут у 1807–1815 гг. вучыўся Адам Міцкевіч.

Акрамя кляштара дамініканцаў, у тыя часы ў Наваградку існавалі таксама кляштары каталіцкіх ордэнаў францысканцаў, езуітаў і дамініканак. Касцёл Дзевы Марыі жаночага дамініканскага кляштара, змураваны ў 1648–1654 гг. на фундацыю кавалера мальтыйскага ордэна Міхала Дамброўскага, быў зачынены пасля паўстання 1863–1864 гг. і да нашага часу не збярогся. У стане архітэктурна-археалагічным (гэта значыць на ўзроўні падмуркаў) захаваліся рэшткі некалі велічнага касцёла езуітаў, крытага меднымі лістамі, з дзвюма стромкімі вежамі на галоўным фасадзе. Храм заснаваў у 1714 г. наваградскі харунжы Юры Галаўня. Унутры касцёла былі мармуровая падлога, барочныя штукаваныя алтары з гіпсу і алебастру і іншае начынне выдатнай сніцарскай работы. Сцены і скляпенні ўпрыгожвалі фрэскавыя роспісы. Будынак касцёла быў моцна пашкоджаны ў І-ю сусветную вайну, у 1930-я гг. вялася яго рэстаўрацыя, але новая вайна і пасляваенны час зруйнавалі помнік дашчэнту. Побач з касцёлам езуітаў знаходзіліся двухпавярховыя будынкі кляштара і аптэкі, якія выходзілі фасадам да гарадскога рынку. У Расійскім дзяржаўным архіве Старажытных Актаў захаваліся падрабязныя апісанні гэтых будынкаў, зробленыя пасля скасавання ордэна ў 1773 г.

Кляштар ордэна францысканцаў існаваў у Наваградку ўжо ў 1323 г., што вынікае з ліста князя Гедыміна да Папы рымскага. Увогуле гэты каталіцкі ордэн адзін з самых старажытных і першым прыйшоў на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага. Дата пабудовы драўлянага касцёла францысканцаў — 1434 г. На яго месцы ў 1780 г. на фундацыю Алены Радзівіл быў змураваны новы храм у стылі позняга барока, які ўяўляе трохнефавую базіліку з бязвежавым галоўным фасадам. Адначасова з касцёлам быў пабудаваны двухпавярховы мураваны будынак кляштара з лаканічнымі стрыманымі фасадамі, што кантраставалі з пышнай барочнай архітэктурай храма. У 1839 г. касцёл быў зачынены і да 1846 г. пераабсталяваны пад праваслаўную царкву, асвечаную ў гонар св. Міколы (у перыяд рэакцыі пераасвячэнне касцёлаў у праваслаўныя храмы, найчасцей за ўсё ў гонар святога — патрона расійскага імператара, было масавай з’явай на Беларусі). Пры перабудове барочны франтон на галоўным фасадзе заменены завяршэннем у псеўдарускім стылі.

У той час на тэрыторыі замчышча яшчэ існавала самая старажытная ў горадзе святыня — мураваная праваслаўная царква пачатку ХІV ст., ад якой захаваліся падмурак, частка сценаў і апорных слупоў. У ХVІІ ст. царква была перабудаваная ў стылі барока, да 1775 г. у ёй праходзілі пасяджэнні трыбунала Вялікага княства Літоўскага, у канцы ХІХ ст. яе ўжо не стала.

З праваслаўнымі храмамі Наваградка лёс абышоўся яшчэ больш жорстка, чым з касцёламі. У ХVІ ст. у горадзе было 10 праваслаўных цэркваў, у ХVІІ — 8, пазней усе яны былі перададзеныя уніятам. На наш час захаваўся адзіны помнік, ад пачатку пабудаваны як праваслаўны храм. Гэта царква св. Барыса і Глеба (Барысаглебская), заснаваная ў 1517 г. праваслаўным князем Канстанцінам Астрожскім, гетманам Вялікага княства Літоўскага, кашталянам віленскім і ваяводаю трокскім, пераможцам у бітве з маскоўскімі войскамі пад Воршаю ў 1514 г., хаця легенда адносіць яе заснаванне аж да часоў вялікага князя Міндоўга. Архітэктура Барысаглебскай царквы мае яскравы гатычны характар. Унутраная прастора храма перакрытая разнастайнымі нервюрнымі скляпеннямі, якія быццам накрываюць яго зорным дываном. Карункі нервюр апяразваюць таксама фасады будынка. З ХІV ст. тут існаваў манастыр. У 1620 г. царква перайшла да уніятаў, пры ёй быў заснаваны базыльянскі жаночы манастыр. На фундацыю Аляксандра Храптовіча ў 1624–1632 гт. Барысаглебская царква была часткова перабудаваная: гатычны фасад заменены на барочны, дзвюхвежавы. Да паўднёвай вежы была прыбудаваная званіца, што надало агульнай кампазіцыі храма асіметрыю.

У 1636 г. паводле загаду уніяцкага мітрапаліта Вельяміна Руцкага пры царкве заснаваны мужчынскі манастыр базыльянаў. Ордэн св. Васілія (Базыля) быў адзіным грэка-каталіцкім (уніяцкім) ордэнам і меў шырокую сетку манастыроў па ўсёй тэрыторыі Вялікага княства. У праваслаўных храмах алтарную частку аддзяляе іканастас, у каталіцкіх ён адсутнічае. Уніяты звычайна рабілі мураваную алтарную перагародку, менавіта такая парагародка была ўзведзеная ў Барысаглебскай царкве ў ХVІІІ ст. У 1839 г. унія на Беларусі была скасаваная. Пасля паўстання 1863–1864 гг. Барысаглебская царква зноў стала праваслаўнай і дзеля большай пераканаўчасці перабудавана ў псеўдарускім стылі. Так яна ўсё ж дажыла да нашага часу — бясцэнны помнік беларускай готыкі і наваградскай даўніны.

Але выйдзем за ваколіцы Наваградка. Напэўна, няма патрэбы гаварыць, якое месца займае ў паэзіі А. Міцкевіча возера Свіцязь — “куток чарадзейны”. Народныя паданні і балады пра Свіцязь пранізваюць рамантычную лірыку паэта. Бліжэйшая да возера вёска Валеўка — маляўнічы куток беларускага краю, дзе на высокім пагорку ўзвышаецца прыгожы драўляны храм. Цяпер гэта праваслаўная Петрапаўлаўская царква, а пры жыцці Міцкевіча — Троіцкі касцёл, заснаваны разам з кляштарам дамініканцаў берасцейскім ваяводаю Стэфанам Курчам у 1685 г. Для драўлянага будынка гэта надзвычай паважны ўзрост і, зразумела, яго неаднойчы рамантавалі і перабудоўвалі, але аснова архітэктурнай кампазіцыі захавалася старая.

Вельмі падобны да яго яшчэ адзін храм Наваградчыны — Успенская царква ў вёсцы Лаўрышава, дзе каля 1258 г. наваградскім князем Войшалкам, сынам Міндоўга, быў заснаваны славуты праваслаўны манастыр. Войшалк пэўны час быў тут манахам, а пазней сам стаў вялікім князем і пашыраў сваю ўладу на Віцебск і Полацк. Драўляная царква, што збераглася ў Лаўрышаве, была пабудаваная ў 1768 г. як уніяцкая і прыканцы ХІХ ст. прыстасаваная пад праваслаўную.

У мястэчку Любча, на высокім беразе Нёмана, стаў яшчэ адзін мураваны замак, што, як і ўсё мястэчка, належаў магнацкаму роду Кішкаў. Будаўніцтва пачалося ў 1581 г. і закончана на пачатку ХVІІ ст., калі замак перайшоў да Радзівілаў. Муры замка, ад якога ацалела толькі адна вежа, былі вельмі падобныя да наваградскіх. Сцены і вежы мелі некалькі ярусаў для вядзення бою — ружэйнага і гарматнага. З боку Нёмана замак умацоўвала падпорная сцяна, а з трох іншых бакоў абкружаў глыбокі і шырокі роў, злучаны з ракою. На замчышчы некалі размяшчаўся мураваны палац, разбураны ў ХVІІІ ст., на месцы якога ў ХІХ ст. пабудавалі новы, у стылі несапраўднай готыкі, які таксама не захаваўся да нашага часу.

Калі ехаць з Наваградка ў паўночным напрамку на Іўе, з тракту, які, здаецца, ляжыць уздоўж суцэльнага маляўнічага парку, мы ўбачым стромкі сілуэт Уселюбскага касцёла, аднаго з найстаражытнейшых у краі. У 1413 г. на сойме ў Гародні каля 50 беларуска-літоўскіх феадальных родаў паядналіся з польскімі ў так званыя “гербавыя браты”. Абавязковай умовай такога “брацтва” было прыняцце каталіцтва і актыўнае яго пашырэнне ў межах княства, а таксама будаўніцтва касцёлаў. Адзін з “гербавых братоў” Ян Неміровіч, які валодаў мястэчкам Уселюб з 1438 г., і заснаваў тут мураваны касцёл, рэшткі якога выяўленыя археолагамі ў структуры існуючага цяпер храма. У 1545 г. у час пашырэння рэфармацыйнага руху касцёл быў пераўтвораны ў кальвінскі збор, затым неаднаразова перабудоўваўся і ў выніку, пасля перабудовы 1879 г., набыў рысы несапраўднай готыкі. У ХVІІІ ст. Уселюб належаў роду Пацеяў, якімі закладзены рамантычны пейзажны парк, дзе на ўзгорку стаяў драўляны сядзібны дом у стылі ампір. Гэтыя мясціны былі добра знаёмыя Адаму Міцкевічу.

Яшчэ адзін помнік дойлідства, які, безумоўна, ведаў А. Міцкевіч, — мураваная уніяцкая царква ў мястэчку Шчорсы. Гэты храм, у архітэктуры якога спалучаліся рысы барока і класіцызму, пабудаваны ў 1776 г. пры ўдзеле архітэктара-француза Якуба Габрыэля. Ім жа паводле праекта дойлідаў-італьянцаў Дж. Сака і К. Спампані ў 1770–1776 гг. узведзены палац, які стаў цэнтрам кампазіцыі сядзібна-паркавага ансамбля, што належаў у той час падканцлеру літоўскаму графу Храптовічу. Уладальнік сядзібы Іяхім Літавор Храптовіч (1729–1812) быў надзвычай адукаваным і дзейным чалавекам. Ен загадваў дэпартаментам акадэміі і школ Вялікага княства Літоўскага, быў адным са стваральнікаў Адукацыйнай камісіі, кіраўніком каралеўскай групоўкі магнатаў і шляхты, з 1791 г. — міністрам замежных спраў, а з 1793 г. — канцлерам Вялікага княства Літоўскага. У сваім маёнтку ў Шчорсах ён сабраў выдатную бібліятэку, што налічвала каля 6 тысяч тамоў кніг, старажытныя рукапісы, геаграфічныя карты, каштоўны архіў. Для размяшчэння калекцыі быў пабудаваны асобны двухпавярховы будынак, пастаўлены крыху воддаль ад палаца на беразе сажалкі. Гэты будынак захаваўся да нашых дзён, бібліятэка ж перад І-й сусветнай вайной перададзена Кіеўскаму універсітэту. Некалі ў ёй працавалі славутыя нашы землякі, напрыклад, гісторыкі І. Даніловіч, І. Лелевель, Ю. Ярашэвіч; астраном М. Пачобут-Адляніцкі; паэты Я. Чачот, У. Сыракомля, а таксама і А. Міцкевіч. (Але нікому з гэтай плеяды славутасцяў, уключаючы і самога І. Л. Храптовіча, не пашчасціла быць ушанаваным у Шчорсах. Затое ў цэнтры вёскі пастаўлены помнік герою грамадзянскай вайны Мікалаю Шчорсу, па сугучнасці яго імені з назвай старажытнага мястэчка, дзе ён ніколі не быў.) У сядзібным парку каля старога дуба, пад якім паводле падання А. Міцкевіч пісаў паэму “Гражына”, у 1956 г. устаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар. Два леты, у 1819 і 1820 гг., паэт жыў і працаваў у Шчорсах — вывучаў крыніцы, натхняўся гераічнай гісторыяй роднага краю. Дарэчы, наваградскаму князю, мужу Гражыны, ён даў імя Літавор — адно з імёнаў графа Храптовіча.

Рамантычныя старасвецкія сядзібы... Як многа значылі яны ў жыцці паэта. За мяжой, у выгнанні, ён пісаў: “Нідзе на зямлі няма весялейшага жыцця, як у літоўскіх вёсках і засценках. Гэтулькі там радасці, любасці, чалавечага бясконцага шчасця... Такога жыцця шчодра ўжыў я паміж 1815–1820 гадамі, асабліва ў доме Верашчакаў (Туганавічы, Плужыны), дзе ў кампаніі Тамаша Зана і іншых я праводзіў вакацыі”. У гэтыя гады ў маёнтку Туганавічы ў свайго сябра па наваградскай дамініканскай школе Міхала Верашчакі падчас летніх вакацый гасцяваў малады А. Міцкевіч. (І хаця паводле сучаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення былая сядзіба адносіцца не да Наваградскага, а да Баранавіцкага раёна, у нашай свядомасці яна напэўна звязана з Наваградчынай Адама Міцкевіча. 

Калісь між тых палёў пры рэчцы
        
на пагорку,
Сярод бярэзніку, за плотам

       
панадворка,
Стаяў драўляны панскі дом і з

            
зеляніны
Свяціўся, як сувой кужэльнае

           
тканіны,
Тынкоўкай белай сцен н
ад дыванамі
                 
поля.
Ад непагод затулены сцяной таполяў 2.

         Пераклад Я. Семяжона.

Так апісваў паэт у “Пане Тадэвушы” сядзібу Сапліцова, прататыпам якой паслужыў маёнтак Верашчакаў. У параўнанні з шыкоўным палацам графа Храптовіча ў Шчорсах сядзібны дом у Туганавічах быў даволі сціплы — аднапавярховы, драўляны, на высокім падмурку, з мансардай, перад якой прасціралася тэраса з балюстрадай. Ва ўтульнай “мураванцы”, як называлі гэты дом, панавала атмасфера маладосці і гераічнай рамантыкі. Тут нарадзілася вялікае каханне паэта да Марылі Верашчакі, якое прайшло праз усё яго жыццё. Сустрэчы закаханых адбываліся ў маляўнічым пейзажным парку, дзе і сёння збераглася гэтак званая “альтанка Міцкевіча”, утвораная старымі, больш чым стогадовымі ліпамі. (У 1931 г. па ініцыятыве Міцкевічаўскага камітэту каля гэтай “альтанкі” была пастаўлена мемарыяльная калона, а парк узяты пад ахову і добраўпарадкаваны. )

Пазней, падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863–1864 гг., у туганавіцкай сядзібе была наладжана вытворчасць зброі для паўстанцаў. Тагачасны ўладальнік сядзібы К. Туганоўскі падтрымліваў цесныя сувязі з К. Каліноўскім. У 1-ю сусветную вайну сядзібны дом быў спалены, парк, з маляўнічымі купінамі дрэў, ціхімі сажалкамі і рамантычнымі альтанкамі, перарыты акопамі. Захаваліся выявы сядзібнага ансамбля на малюнках У. Дмахоўскага і Н. Орды другой паловы ХІХ ст. і фотаздымкі пачатку ХХ ст.

Такой у выдатных помніках дойлідства і паэтычных радках А. Міцкевіча паўстае перад намі Наваградчына — край, да якога вялікі паэт звяртаўся сціпла і шчыра:

Жыві ж ты ў шчасці, наднямонскі
                 
край,
Багатыя ўраджаі з ніў збірай,
Будзь знакаміты ўсім сваім народам,
Не толькі Верашчакаў слаўным
               
родам,
Не толькі графам шчорсаўскім
              
адным,
Які навукай робіць цуд зямны.
Няхай хтось іншы ўславіць вершам
             
звонкім.
Твае палацы, замкі і маёнткі,
Тваёй дзяржавы гістарычны ўзлёт,
Заможны твой і вольны твой народ.
Я ж — сын твой — з простых слоў
  
вянок сплятаю
Твайму працаўніку — касцу і аратаю. (26)

         Пераклад Хв. Жычкі



1 Міцкевіч А. Зямля навагрудская, краю мой родны. Мн., 1969. С. 36. У далейшым спасылкі на гэтае выданне з указаннем старонкі падаюцца ў тэксце.

2 Міцкевіч А. Пан Тадэвуш. Мн., 1985. С. 8.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія