Сем элінскіх гарадоў вялі спрэчку за гонар лічыцца месцам
нараджэння Гамера, хоць ён пры жыцці ні ў адным з іх не меў прытулку. Нешта
падобнае здарылася і з нашым Міцкевічам. Усе даўнейшыя ўспаміны аб ім, а
таксама апошні, напісаны А. Ходзькам для “Dictionnaire gйnйral de
biographie, d’histoire”, месцам нараджэння Адама вызначаюць Наваградак.
К. Вуйціцкі ў жыццяпісе, далучаным да Мэрцбахаўскага выдання твораў
Міцкевіча, а таксама ў дадатку да “Часу”, апіраючыся на пісьмо
Ул. Сыракомлі да Хэнцінскага, вызначае Асавец.
Іншыя ж, а сярод іх і я ў артыкуле пра Наваградак, падхапіўшы мясцовую
звестку, падаюць Завоссе. Дык дзякуй
Богу, што хоць не сем, а тры месцы нараджэння адной асобы, бо з часам, можна
спадзявацца, дабралі б і да сямі.
Але, здаецца, мы так далёка не пойдзем. Асавец і Завоссе
гэты гонар прысвойваюць сабе на аснове простага вуснага падання, якое заўсёды
з’яўляецца вартым увагі, аднак павінна адступіць перад больш важкімі довадамі.
Ды ні Завоссе, ні Асавец такіх довадаў не маюць.
З сямейных дакументаў, ласкава паказаных мне стрыечнымі
сёстрамі Адама, відаць, што Асавец ніколі не быў уласнасцю Міцкевічаў і што
паданне памылкова прычынілася да яго. Ва ўсіх паперах Міцкевічаў і
Стыпулкоўскіх, якія былі перада мной, няма ніякіх упамінкаў пра спадчыну гэтага
маёнтка. Інакш выглядае справа з Завоссем, хоць і тут, як
хутка ўбачым, паданне таксама памылілася. Для канчатковага высвятлення справы я
вымушаны крыху сягнуць у мінулае і закрануць радавод Міцкевічаў, што мне чытач
ахвотней прабачыць, калі возьме пад увагу, што нашы старыя генеалагісты, не
прадбачачы будучага з’яўлення вялікага чалавека і не маючы чаго ахвяраваць на
карысць езуітаў, ледзь упаміналі пра гэты дом Пораяў
.
Стрыйкоўскі паказвае на княскае паходжанне сям’і Міцкевічаў,
а Мікуцкі нядаўна вывеў яе прозвішча ад нейкага рускага імя. Усё гэта можа
быць, але пад архівялікай няпэўнасцю, прынамсі, для мяне. Са слоў Стрыйкоўскага
з поўным праўдападабенствам можна ўзяць адно толькі тое, што Міцкевічы ў яго
час, або незадоўга да таго, павінны былі адчуваць сябе добра і ўзвышацца над
натоўпам. Мы не ведаем, якім чынам гэтая сям’я прыйшла была да ўбоства, але з
уласнаручнага дакумента бацькі Адама відаць, што першы прыгаданы ў тых паперах
Ян Міцкевіч, прадзед паэта, меў “мізэрную маёмасць”, і то толькі рухомую. Пасля
яго смерці засталася ўдава Мар’яна з Лешчылоўскіх з пяццю сынамі: Якубам,
Адамам, Юзафам, Стэфанам і Базылём. Двое з іх, Адам і Стэфан, “будучы здольнымі
да зямляробства”, разам з маткаю трымалі спачатку арэнду, а пасля правам
закладу, “без мужыка і парабка”, фальварак Гарбатавічы (у Наваградскім павеце
за дзве вярсты ад Варончы); а трое “ў раннім юнацтве, бедна апранутыя падаліся
на службу”. Ім шанцавала на працу і сумленных людзей: за клапатліва сабраныя
грошы Міцкевічы набылі ў 1770 годзе
фальварак на вечнае карыстанне пад залог у 1000 злотых, і да сённяшняга дня
ён застаецца ўласнасцю іх нашчадкаў. Да таго ж яны сабралі значныя капіталікі.
Якуб, родны дзед паэта, хоць і непісьменны, павінен быў мець не абы-якія
душэўныя і разумовыя вартасці, калі змог заваяваць каханне і руку заможнай
панны Тадоры Пянкальскай, якая прынесла яму ў дом 4000 злотых пасагу і, акрамя таго, каштоўнасці, сярод якіх былі
і пярсцёнак з сямю дыяментамі, і бранзалетка, пранізаная рубінавымі перламі, і
сталовае срэбра.
Сынам Якуба быў Мікалай, бацька паэта, які нарадзіўся ў 1765 годзе. “Выгадна ажаніўшыся і маючы
такі маёнтак, што жыццё праходзіла ў дастатку”, бацька Мікалая меў магчымасць
забяспечыць патрэбы ў выхаванні сына, але смерць над распачатай справай закрыла
клапатлівыя вочы бацькоў — першай маці, а пазней, у 177З
годзе, і бацькі.
Пасланы на вучобу ў Наваградак, Мікалай распачаў яе ў
езуітаў. Пасля закрыцця іх ордэна ён скончыў навуку ў дамініканаў пад апекаю
аднаго з дзядзькоў. Стажыраваўся Мікалай таксама ў Наваградку і стаў нарэшце
адвакатам. Дагэтуль жыве шаноўная старэнькая Кацярына Гафовічава, вусная
хроніка даўнейшых часоў Наваградка, у бацькоў якой некаторы час кватараваў
Мікалай. Калі б мы не мелі ніякіх іншых сведчанняў, дастаткова было б ведаць аб
прызванні бацькі нашага паэта, каб заадно паведаміць, што ён павінен быў жыць у
горадзе пад бокам судовых палат, а не за некалькі міль. Бо што там было б
рабіць са сваёй адвакацкай кваліфікацыяй? Як бачым са службовых актаў, дзе
запісваліся нададзеныя яму грамадзянамі паўнамоцтвы, ён дзейсна вёў справы ў
наваградскіх судах.
У той час Завоссе — Калдычэва (у Наваградскім павеце
Сталавіцкай парафіі) належала двум братам — Міхалу і Юзафу Яновічам, спадчынным
уладальнікам трох валок зямлі і адной сялянскай хаты. Суцяжнікі і звадыяшы,
напэўна, павінны былі шумець па-юнацку, бо абодва былі павінны Міцкевічам,
дзядзькам Мікалая, і, не аддаючы ні грошай, ні працэнтаў, судзіліся з імі . Нарэшце Міцкевічы правам і сілаю
выйгралі ў 1784 і 1785 гадах, а потым адзін з іх — Базыль
— перадаў у 1787 годзе свайму
брату Юзафу правы ўладання адабраным у Яновічаў фальваркам. Гэтаму апошняму
Завоссе належала ажно да самай смерці, якая надышла 21
лютага 1798 года. Пасля
смерці брата Завоссе адышло да Базыля, які трымаў яго да 5 мая 1799 года, пакуль не перанёсся ў вечнасць.
Пасля смерці бяздзетнага Базыля Міцкевіча
на Завоссе атрымалі
права яго браты і іх дзеці, значыць, і бацька Адама. Было гэта вельмі на руку
Мікалаю, бо, пабраўшыся з небагатай паннай Барбарай Маеўскай, ён меў з ёю ўжо
двух сыноў, а на ўсе патрэбы вымушаны быў зарабляць. Узгадніўшы са сваякамі,
узяў ён на сябе кіраўніцтва ўсім фальваркам у верасні 1799
года і трымаў яго бадай два гады.
Як толькі прайшоў гэты час гаспадарання, якое пры
нявопытнасці вялося, відаць, няўдала, тым больш што мінтрэжыла адвакацкая
практыка, Міцкевіч спачатку, у 1801 годзе, пусціў Завоссе ў арэнду, а
затым, у 1806 годзе, аддаў яго цалкам Вінцэнту
Стыпулкоўскаму, мужу сваёй роднай сястры Барбары, у сям’і якіх яно засталося да
канца трэцяга дзесятка бягучага стагоддзя, а пасля перайшло ва ўласнасць казны.
Якраз у той час, г. зн. каля 1806 года, за ўзятыя, яе мне здаецца, ад
Стыпулкоўскага і з падзелу спадчыны ў Гарбатавічах грошы Мікалай набыў мураваны
дом у Наваградку і паднавіў яго. Дом гэты стаіць недалёка ад даўнейшай езуіцкай
калегіі, на левым баку завулка, што вядзе да Траецкай вуліцы. Атрымаў яго ў
спадчыну ад нейкага Філіповіча наваградскі бургамістр Фёдар Тычына, які
прыкупіў яшчэ і пляц побач. Дом, верагодна, быў змураваны або пры Тычыне, або
пры папярэдніку. Бо ў закладной на гэты дом, выдадзенай Тычынам у 1668 годзе Чаховічу, чытаем, што тыя
пляцы пераходзяць пад заклад за 2000 тагачасных злотых “з вялікай забудовай,
драўлянай і мураванай”. Ад Чаховіча, таксама пад заклад, у 167З годзе дом забраў Ул. Вольскі,
гродзенскі і наваградскі пісар, а пасля, у 1675
годзе, за даплату ў 400 злотых Тычыну “пляц
з часткай мураванага будынку” застаўся Вольскаму на вечнае карыстанне. З таго
часу дом заўсёды належаў сям’і
Вольскіх, і яшчэ ў 1780 і
1781 гадах знаходзім выразныя ўпамінанні ў
іх дакументах пра “камяніцу”. На гэтым канчаюцца звесткі, якія мог я пачэрпнуць
з папер, ласкава паказаных мне сённяшнім уладальнікам дома. Навейшыя
аўтэнтычныя дакументы павінны знаходзіцца ў іншых руках. У актах адшукаць іх не
ўдалося, і таму невядома нават, калі гэты пляц і забудова былі набыты
Міцкевічам. Адно толькі напэўна: паданне, распаўсюджанае ў Наваградку аб
нараджэнні Адама ў гэтым доме, зусім памылковае. Яго рашуча абвяргаюць рахункі
Мікалая Міцкевіча са Стыпулкоўскім: з іх відаць, што ў верасні 1798 года, за тры месяцы да нараджэння Адама,
Міцкевіч браў у швагра грошы “на задатак для Антона Камінскага, з якім заключаў
кантракт на кватэру”, а праз некалькі дзён “пазычыў грошы, каб заплаціць
Дабравольскай за кватэру, у якой жыў”. Несумненна, Адам павінен быў нарадзіцца
ў доме Камінскага. Але дзе той дом і чый ён цяпер — пра гэта я не мог
даведацца: хіба што з часам роспыты на месцы нешта памогуць высветліць, каб нам
не было сорамна, што толькі ў Германіі можа прайсці па шматлікіх выданнях такая
памятка, як выява доміка Шылера. Што б
там ні было, дом Міцкевічаў не застанецца для нас абыякавы ад таго, што не ў ім
нарадзіўся пясняр: тут пастарэлі і памерлі яго шаноўныя бацькі, тут ён сам з
братамі жыў да 16 год, увесь той час,
калі душа, як вясенняя кветка, убірае ў сябе акаляючую атмасферу дабра ці зла,
каб дыхаць ёю ўсё жыццё. Святая там была атмасфера, і сцены гэтага дома павінны
павяваць на нас ёю. Камянічка гэтая належала сынам яе набыўцы недзе да 18З2 года, пасля, перайшоўшы ва
ўласнасць казны, была перададзена ў 18З7 годзе
цяперашняму яе ўладальніку Юліяну Біёлту.
Калі мы цяпер прыгадаем, што Мікалай Міцкевіч як адвакат па
прызванні не мог жыць у Завоссі, за сем вёрст ад судовых палат, што Завоссе
яшчэ некалькі месяцаў пасля нараджэння Адама належала камусьці іншаму, што ў
той час бацька паэта пазычаў грошы ў швагра, каб заплаціць за старую і наняць
новую кватэру, і калі да гэтага дадамо, што ў той жа час Стыпулкоўскі дастаўляў
Міцкевічу ў Наваградак свініну і да таго падобнае, як відаць з рэестраў, змест
якіх ад верасня 1799
года, г. зн. ад пераезду Міцкевічаў у Завоссе, становіцца поўнасцю
гаспадарчым (тычыцца валоў, лыка, зямлі на засеў і г. д.), — то мы
павінны рашуча адмовіць Завоссю і аддаць Наваградку права гонару за нараджэнне
на свет Міцкевіча. Бо слушная мясцовая традыцыя і болей дакладныя за яе
касцельныя кнігі вельмі адзінадушна гэта сцвярджаюць.
У Наваградку ў 1796 годзе ў
Мікалая Міцкевіча, як сведчыць метрыка наваградскага касцёла пад № 1ЗЗ, нарадзіўся першы сын
Францішак-Браніслаў. У Наваградку з’явіўся на свет малодшы брат Адама
Юліян-Аляксандр — у 1801 годзе (№ метрыкі ў
кнізе 21). Тамсама ў 1804 годзе — Казімір-Ежы (№ метрыкі 193). Тамсама ў 1805 годзе —
астатні, Міхал-Антон, які памёр яшчэ немаўлём. У Наваградку 16 мая 1812
года ў 47 гадоў памёр
бацька Адама. Пахаваны ён на бернардынскім цвінтары (№ у кнізе 476). Тамсама 9
кастрычніка 1820 года перанеслася ў вечнасць маці
паэта. Пахавана яна побач з мужам (№ у кнізе 647). Дастаткова было б таго, што
я прывёў, каб прызнаць надзвычай слушнымі прэтэнзіі Наваградка. Але вось яшчэ
даставерная выпіска хроснай метрыкі самога Адама з кніг парафіяльнага касцёла
(кніга з 1799 г., № З15).
“Года Божага 1799 месяца
лютага 12 дня. Правелябны
ксёндз Антоні Постлет, канонік курляндскі, ахрысціў немаўля імёнамі Адам-Бярнард, сына народжанага Мікалая
Міцкевіча, каморніка мінскага, адваката наваградскага, і Барбары Маеўскай,
высакародных мужа і жонкі. Кумамі былі яснавяльможны Бярнард Абуховіч, земскі
суддзя мазырскі, з народжанай Анэляю Узлоўскай, жонкаю пагранічнага суддзі
Наваградскага павета”. Значыць, лічыць вырашаным прызнанне за Наваградкам таго,
што яму належыць па праву: ён родны горад вялікага песняра, а прэтэнзіі Завосся
і Асаўца спыніць назаўсёды. Мо занадта многа я пра гэта гавару, але памылка
настолькі вялікая, што патрэбна сіла слоў дзеля абвяржэння яе адной.
Са сціплай кніжачкі гісторыі Завосся ўсё-такі нельга
выдзіраць самую каштоўную старонку з імем Адама Міцкевіча. У гэтым маленькім
шляхецкім дворыку старажытнай структуры, цяпер зморшчаным і пахіленым да зямлі,
пясняр у юнацтве правёў амаль усе канікулы ў сваёй цёткі. У гэтым пакойчыку над
свірнам ён заўсёды з ахвотаю сядзеў і ўглядаўся ў цудоўныя ваколіцы засценка,
“збіраючы фарбы для вобразаў”, якія ў будучым з любоўю, як ніхто іншы, меўся
намаляваць. З гэтых аконцаў цудоўна глядзіцца згаданая ім Жарновая гара, самая
высокая ва ўсёй ваколіцы, якая па форме сваёй дзіўна нагадвае велізарныя
млынавыя жорны. Тут сцены і шыбы акон былі пазапісваны яго дзіцячай рукой. Але
дворык перайшоў у іншыя рукі. Сям’я рассыпалася па свеце, вецер паразбіваў
шыбы, і дзіркі пазаклейвалі папераю, шпалеры са сцен паападалі і ператварыліся
ў смецце. Акрамя намаляваных на ўнутраных сценах залы рукой падлетка Адама касцёлікаў,
ашчаджаных часам і непагаддзю, засталіся яшчэ толькі горкія ўспаміны ў сэрцах
самых блізкіх.
За вярсту да Завосся ў спадчынным фальварку Стыпулкоўскіх Белай жывуць дзве
дзядзькавыя сястры паэта, ветлівасці якіх і прыязнаму пасрэдніцтву п.
В. Клімовіча абавязана ўсё тое,
што я мог паведаміць пра Завоссе і сваякоў Мікалая Міцкевіча. Аднак рукапісаў
Адама, менавіта са школьнага і універсітэцкага часу, у іх не знайшлося ніякіх.
Паважаныя матроны гаварылі, што папер было нават многа, але як схавалі іх, то і
самі пасля не маглі адшукаць. Абяцалі ўсё-такі прыкласці намаганні, каб знайсці
гэтыя рукапісы. Можа, калі і ўбачым іх.
У ваколіцы Завосся жывуць яшчэ некаторыя школьныя калегі
Адама Міцкевіча, ды і ва ўсім Наваградскім павеце не аднаго з іх можна яшчэ
знайсці. Але ці мы ў нешчаслівую хвілю з некаторымі сустрэліся, ці, можа, час
юнацтва незваротна вылецеў як з іх памяці, так і з сучаснасці, бо на гэтай
дарозе амаль нічога дагэтуль сабраць не ўдалося. Пакуль пры спачуванні людзей,
добразычлівых да мяне і краёвай славы, я збяру пра юначыя гады Адама ўсё, што
ўдасца знайсці (гэты абавязак ляжыць на нас, наваградчанах), падам тут, што
ёсць у мяне для будучага біёграфа: праўдзівыя дэталі, якія ўзяты са школьных
кніг, што захоўваюцца цяпер у архіве наваградскай гімназіі.
З бацькоўскага дома і “за кошт бацькоў” 13 верасня 1807 года быў прыняты Адам Міцкевіч у
першы клас павятовай наваградскай школы, якою кіравалі тады мясцовыя ксяндзы
дамініканы ў сваім кляштары. Думкі настаўнікаў аб поспехах вучня выпісваю цалкам:
Год 1807, снежань 21
дня. Клас першы.
Узрост 8 год. Здароўе добрае. Стараннасці добрай. У латыні
добры. У арафметыцы добры. У маральнай (навуцы) добры. У чыстапісанні пасрэдны.
Паводзіны добрыя.
Год 1808, студзень 19
дня. Клас першы.
Узрост 10 год (так
напісана). Здароўя добрага. Стараннасці добрай. У латыні добры. У арыфметыцы
пасрэдны. У маральнай добры. У чыстапісанні
пасрэдны. Паводзіны добрыя.
Год 1809, студзень 2 дня. Клас другі.
Узрост 11 год. Здароўя
слабога. Стараннасці вялікай. У латыні добры. У маральнай добры. У чыстапісанні
пасрэдны. У паводзінах ураўнаважаны.
Год 1809, чэрвень 29 дня. Клас другі.
Узрост 11 год. Здароўе
здавальняючае. Стараннасць вялікая. У латыні добры. У арыфметыцы добры. У
чыстапісанні пасрэдны. У паводзінах ураўнаважаны.
Год 1809, снежань 20 дня. Клас трэці.
Узрост 12 год. Здароўе
здавальняючае. Стараннасць надзвычайная. У латыні пасрэдны. У геаметрыі добры.
У фізіцы і натуральнай гісторыі добры. У маральнай добры. У гісторыі добры.
Паводзіны добрыя.
Год 1810, чэрвень 29 дня. Клас трэці.
Узрост 12 год. Здароўя
добрага. Стараннасць надзвычайная. У латыні надзвычайны. У геаметрыі пасрэдны.
У фізіцы і натуральнай гісторыі добры. У маральнай добры. У гісторыі добры.
Паводзіны добрыя.
Год 1810, снежань 29 дня. Клас трэці.
Узрост 13 год. Здароўя
добрага. Стараннасці добрай. У латыні добры. У геаметрыі добры. У фізіцы і
натуральнай гісторыі добры. У маральнай добры. У гісторыі добры. Паводзіны
добрыя.
Год 1811, снежань 30
дня. Клас чацвёрты.
Узрост 13 год. Здароўя
здавальняючага. Стараннасці добрай. У геаметрыі добры. У фізіцы і натуральнай
гісторыі добры. У маральнай і праве добры. У гісторыі добры. У польскім
красамоўстве і латыні добры. Паводзіны добрыя.
Год 1812, снежань 30
дня. Клас пяты.
Узрост 14 год. Здароўя
слабога. Стараннасці добрай. У алгебры выдатны. У фізіцы і натуральнай гісторыі
добры. У маральнай і праве надзвычайны. У гісторыі надзвычайны. У польскім
красамоўстве і латыні выдатны. Паводзіны добрыя.
Год 1813, снежань 30
дня. Клас пяты.
Узрост 15 год. Здароўе
добрае. Стараннасці добрай. У алгебры добры. У фізіцы і натуральнай гісторыі
вельмі добры. У маральнай і праве вельмі добры. У польскім красамоўстве і
латыні добры. Паводзіны добрыя.
Год 1814, чэрвень 29 дня. Клас пяты.
Узрост 15 год. Здароўе
добрае. Стараннасць надзвычайная. У алгебры добры. У фізіцы і натуральнай
гісторыі добры. У маральнай і праве добры. У гісторыі добры. У польскім
красамоўстве і латыні добры. Паводзіны добрыя.
Год 1814, снежань 30
дня. Клас шосты.
Узрост 16 год. Здароўе
добрае. Стараннасць добрая. У логіцы добры. У фізіцы і натуральнай гісторыі
добры. У маральнай і праве вельмі добры. У гісторыі вельмі добры. У літаратуры
добры. Паводзіны добрыя.
Год 1815, чэрвень 20 дня. Клас шосты.
Узрост 16 год. Здароўе
здавальняючае. Стараннасць надзвычайная. У логіцы выдатны. У фізіцы і
натуральнай гісторыі выдатны. У маральнай і праве добры. У гісторыі добры. У
літаратуры добры. Паводзіны добрыя.
З пераходам Міцкевіча ў чацвёрты клас пачалі падавацца
рапарты аб выдатніках. З таго часу імя Адама побач з імем Яна Чачота заўсёды на
тых ганаровых старонках фігуравала. Застаючыся ў пятым і шостым класах, Адам
Міцкевіч два гады быў хатнім наглядчыкам вучняў, у чым выявіў, як прызнала за
ім школьнае начальства, “добрую здольнасць” і “стараннае выкананне сваіх абавязкаў”.
Са школы ён выбыў 29 чэрвеня 1815 года і
ўзнагароджаны дыпломам. Абагульняючае меркаванне пры ягоным звальненні было
наступнае: “здольнасць да навук добрая, поспехі добрыя, паводзіны добрыя”.
Даючы выпіску са школьных кніг, якая паказвае ступень
разумовага развіцця вялікага чалавека і з’яўляецца адначасна цікавай праграмай
рэфармаваных пазней духоўных школ, падкрэсліваю пару выразаў, каб пры зручным
выпадку выправіць адну са шматлікіх памылак, што знаходзяцца ў брашуры,
выдадзенай неўзабаве пасля смерці паэта пад назвай “Адам Міцкевіч”. Там
паведамляецца, што трынаццацігадовы
студэнцік у 1812 годзе прасіўся са сваімі калегамі ў аднаго камандуючага прыняць яго ў
дзеючую армію, а прыняты, як прымаецца капейка ўдавы, насіў карабін і нават
удзельнічаў у некалькіх сутычках. Не адзін з наваградчан яшчэ памятае падзеі 1812 года, але
дарэмна я дапытваўся аб гэтай дэталі: ніхто не згадвае ні пра дзіцячы гераізм,
ні пра большае яшчэ дзяцінства камандуючага, які прыняў бы трынаццацігадовых
хлапчукоў і ўзваліў бы ім на плечы карабін, калі, як вядома з праўдзівых
крыніц, нават дарослым не хапала зброі. Не ведаю, хто быў той камандуючы. Мне
вядома толькі, што галоўнакамандуючы правага крыла арміі Напалеона кароль
Геранім Банапарт, даганяючы князя Баграціёна, быў у Наваградку са сваімі
вестфальцамі і пакінуў аб сабе надта прыкры ўспамін рабаваннямі горада і
апаганьваннем святыняў (наваградская фара была ператворана ў ваенны склад).
Акалічнасці складваліся так, што трэба было не хлапечым розумам глядзець на
развіццё падзей, каб пакінуць у самоце толькі што аўдавелую маці і пайсці пад
цяжкі карабін. Са школьнай жа выпіскі мы бачым, што Адам Міцкевіч — слабога здароўя і добрай стараннасці — у 1812 годзе паспяхова вучыўся і ў снежні
быў пераведзены ў вышэйшы клас. Не мог ён удзельнічаць у некалькіх сутычках, бо
ў ваколіцах Наваградка адбылася толькі адна такая пад Мірам. Здаецца мне, што
ўвесь гэты дабрадушны анекдот вырас са слоў Адама пра тую “насычаную надзеяй
цудоўную мару ў сне, вясну ўраджаю, якую меў адну толькі ў жыцці”. Але
насычаная надзеяй вясна і плоднае на няўдачы для гэтага краю лета былі дзвюма
рознымі рэчамі для дзіцяці, якое хоць і мелася калі-небудзь стаць
дубам-веліканам, аднак было тады толькі маленькім парасткам.
Усё жыццё Адама Міцкевіча было такой цудоўнай паэмай, што ў
параўнанні з ім блякнуць і здаюцца смешнымі падобныя легенды, як гэтая, якую я
прывёў. Праўда ягонага жыцця так асвятляе сваім сонечным бляскам нашы вочы, што
яшчэ доўга і вельмі доўга мы не зможам адважыцца на адно толькі дакладнае адлюстраванне
гэтай праўды. А калі так, чаго мне ніхто не аспрэчыць, то якую ж можа мець
вартасць няўдалая спакуса паэтызаваць такое жыццё? Пясняр, надзелены творчай
фантазіяй Міцкевіча, з’яўляецца братам ідэалаў — дзяцей будучыні, і толькі
будучыня з далучанымі да яе братамі-ідэаламі паэта спляце карону, вартую яго
скроняў.
“Порай — княскі герб,
фон залаты і мітра,
Так Стрыйкоўскі піша густа”, — Міцкевіч крыкнуў.
(“Пан Тадзвуш”)