|
РЭПРЭСІРАВАНЫ “ПАН ТАДЭВУШ” — КОЛЬКІ АСТАЛОСЯ ЭКЗЕМПЛЯРАЎ?
Генадзь КІСЯЛЁЎ
У цікавай кніжцы польскай даследчыцы Малгажаты Штольцман
“Ніколі ад цябе, горад...”
(1987), пра культуру
Вільні ў перыяд паміж паўстаннямі 1831 і 1863 гадоў, пара старонак адведзена і
Дуніну-Марцінкевічу. І не дзіўна: Вільня заўжды была асяродкам беларускай
культуры, вельмі рухавы Навум Прыгаворка часта наязджаў у горад Гедыміна,
выдаваў там свае творы, сустракаўся з сябрамі. У 1859
годзе тут павінен быў выйсці яго пераклад міцкевічаўскага “Пана Тадэвуша”,
кніга была ўжо набрана і збрашурована, але ў апошні момант цэнзура забараніла
яе і ўвесь тыраж пайшоў пад нож. І ўсё ж некалькі экземпляраў удалося вынесці і
выратаваць. Але колькі менавіта? і колькі з іх дайшло да нашага часу? Штольцман
у сваёй кнізе сцвярджае: “Адзіны ацалелы паасобнік. знішчанага выдання мае
цяпер Ягелонская бібліятэка ў Кракаве...” Такая ж думка
сустракаецца часам і ў нашых даследчыкаў.
Сапраўды, беларускі “Пан Тадэвуш” у Кракаве ёсць. Дарэчы, не
лепшы экземпляр — без тытульнага ліста. У свой час звесткі аб ім падаў нястомны
працаўнік польскай кнігі, славуты бібліёграф К. Эстрайхер, які якраз быў
дырэктарам Ягелонскай бібліятэкі. У 189З годзе гэты
паасобнік (дарэчы, у адным канвалюце з “Люцынкай” ДунінаМарцінкевіча) зрабіў
падарожжа з Кракава ў Пецярбург. Сталася гэта па просьбе Б. Эпімах-Шыпілы,
які надзвычай акуратна скапіраваў (сваёй рукой перапісаў літара ў літару)
рэдкае выданне і з падзякай вярнуў арыгінал у Кракаў.
Паводле гэтай копіі пераклад Дуніна-Марцінкевіча быў
перавыдадзены ў 1907–1908 гадах выдавецтвам “Загляне сонца і ў
наша ваконца”, адным з кіраўнікоў якога быў Эпімах-Шыпіла. У характэрнай
кароценькай прадмове выдаўцы пісалі:
“Вось пускаем у свет шырокі дзве першыя быліцы “Пана
Тадэвуша”, пераложаныя на нашу мову. Цяжкая выпала, доля гэтай кнізе. Убачыла яна свет божы ў 1859
гаду. На грошы, што шмат людзёў злажылі, а паміж іх былі і мужычкі, пачалі яе
друкаваць у Вільні з дазвалення тагдышняга цэнзара Кукальніка. Трэба ж, што
акуратне, як толькі скончылі друкаваць дзве першыя быліцы, на месца Кукальніка
назначылі новага — некага Мухіна. Той вельмі строгі ўдаўся і зразу прысудзіў
“Пана Тадэвуша” ў свет не пусціць. Так і не паспелі гэтыя быліцы ўзірнуцца на
свет той ясны: іх арыштавалі і спалілі. Асталіся цэлымі толькі дзве-тры кніжкі.
З аднае, што хаваецца ў кніжніцы Кракаўскага універсітэту, мы і перадрукавалі
гэтае выданне.
Няхай жа ідзе гэта кніга прамеж людзёў, няхай пакажа, што і
ў нашай мове можна выгаварыць вялікія думкі, даці прыгожыя і слаўныя абразы”.
Можна ўдакладняць акалічнасці забароны “Пана Тадэвуша” 1859 года (галоўнае тут усё ж, мабыць,
не персанальныя якасці цэнзараў, а зігзагі імперскай цэнзурнай палітыкі), але
перавыданне 1907–1908
гадоў замацавала славу менавіта кракаўскага паасобніка.
Між тым існаваў пецярбургскі экземпляр першавыдання
беларускага “Пана Тадэвуша” — у знакамітай Публічнай бібліятэцы, дзе працавалі
ў свой час над старымі рукапісамі браты Каліноўскія. У 1940 годзе яго апісаў малады даследчык І. Кузьмін у лімаўскай публікацыі
пад характэрным загалоўкам “Выключна рэдкая кніга”. (Дарэчы, тады ж Кузьмін
надрукаваў і цікавы артыкул пра Ф. Багушэвіча; іншых яго прац я не ведаю — мабыць, загінуў у вайну.)
Пасля вайны кракаўскі экземпляр зноў патрымаў у руках і
сфатаграфаваў для ілюстрацыі беларускі даследчык у Польшчы Мацей Канапацкі,
змясціўшы адпаведную інфармацыю ў беластоцкай “Ніве” (1962).
Кракаў, Пецярбург... Паважныя, але далёкія асяродкі. А што ж
Вільня, дзе гэтае выданне рыхтавалася? Хіба кніжкі няма на радзіме? Як
аказалася, беларускі “Пан Тадэвуш” 1859 года ёсць
і ў Вільнюсе, у Аддзеле рэдкай кнігі Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы. Мяркуючы
па штампе, у 30-х гадах гэты
паасобнік знаходзіўся ў бібліятэцы Беларускага навуковага таварыства ў Вільні
і, відаць, трапіў у акадэмічную бібліятэку пасля вайны пры расфарміраванні
Беларускага музея. Паводле вільнюскага экземпляра ахарактарызаваў гэтае выданне
І. Крамко ў
“Гісторыі беларускай літаратурнай мовы” (1968), праўда,
не назваўшы яго адрас. Гэтым жа паасобнікам карыстаўся Я. Янушкевіч пры
падрыхтоўцы “Твораў” Дуніна-Марцінкевіча 1984 года,
адпаведныя звесткі прыведзены ў артыкуле даследчыка “Прыбраны ў мужыцкую
сярмягу” (Маладосць. 1984, № 12).
Гісторыю выратаваных ад знішчэння экземпляраў беларускага
“Пана Тадэвуша” я паспрабаваў раскрыць у кнізе “Спасцігаючы
Дуніна-Марцінкевіча” (1988). Я налічыў тады
тры ацалелыя паасобнікі.
І раптам высветлілася, што гэтыя звесткі няпоўныя.
Неяк пераглядаў бібліяграфічную картатэку інстытута
літаратуры імя Янкі Купалы, створаную пад кіраўніцтвам А. Мальдзіса для
капітальнага біябібліяграфічнага слоўніка беларускіх пісьменнікаў, і нечакана
натрапіў на звесткі пра яшчэ адзін экземпляр славутага перакладу. Звычайная,
можна сказаць, несамавітая бібліяграфічная картка, запоўненая характэрным
ломкім хуткім почыркам самога Адама Іосіфавіча,
засведчыла, што беларускі “Пан Тадэвуш” прытаіўся таксама ў Рэспубліканскай
бібліятэцы Літвы. Паколькі заняты іншымі клопатамі Мальдзіс неяк не надаў гэтай
сенсацыі значэння (мабыць, такіх бібліяграфічных сенсацый пад час падрыхтоўкі
слоўніка было шмат), я з яго блаславення ў першую ж камандзіроўку ў Вільнюс
агледзеў гэтае выданне.
Манументальны, урачысты будынак былой Рэспубліканскай
бібліятэкі ў цэнтры горада якраз побач з парламентам, месцам нядаўніх
палітычных бураў. Цяпер гэта Нацыянальная бібліятэка імя Марцінаса Мажвідаса,
названая ў гонар выдаўца першай літоўскай кнігі, малодшага сучасніка Ф. Скарыны. Аддзел літуаністыкі
збірае не толькі чыста літоўскія выданні, але і наогул усе старыя друкі, якія
з’яўляліся на тэрыторыі Літвы.
У каталогу ёсць спецыяльная скрыня для беларускіх выданняў.
Наш “Тадэвуш” значыцца там пад № 
Кніжка добра захавалася, калі не лічыць амаль адарванага
пераплёту, але гэта для бібліяфілаў не праблема. Галоўнае — тэкст.
Па ўсім відаць, кніга карысталася папулярнасцю, не
аставалася без чытачоў. На форзацы, пільна прыгледзеўшыся, можна разабраць
напаўсцёрты, яшчэ дарэвалюцыйны надпіс алоўкам: “какъ прочитаешь, то прошу
обратно”. Чатыры дзесяцігоддзі (1859–1899), здаецца, не пакінулі на кніжцы
іншых бачных слядоў. Датаваная гісторыя кніжкі, яе бытавання, пачынаецца з
дарчага надпісу чорным чарнілам на шмуцтытуле па-польску: “У бібліятэку
Ковенскага (?) рымска-каталіцкага семінарыума ў 1899
годзе ахвяруе кс. Паўлоўскі”. Хто гэты святар, сучаснік Багушэвіча, мы
пакуль не ведаем. Але кніжка заняла тады сваё
месца ў кніжніцы Ковенскай (Жамойцкай) семінарыі.
На тытуле ліловая авальная пячатка бібліятэкі Самагіцкай
семінарыі (Самагіція — лацінская назва Жамойці-Жэмайціі).
Аб такой жа прыналежнасці сведчыць і друкаваная наклейка на адвароце пераплёту
з тэкстам на латыні:
E. BIBIOTHEKA
SEMINARII SAMOGITIENSIS
ARMAR 29B
№ 65
На адвароце тытульнага ліста вялікая прамавугольная пячатка
больш позняга часу па-літоўску: “інвентар метрапольнай духоўнай семінарыі
[літаральна — семінарыі ксяндзоў. — г. К.
], № 10904” і круглая — Рэспубліканскай
бібліятэкі.
Такім чынам, у канцы мінулага стагоддзя кніга належала
асвечанаму ксяндзу, які падарыў яе ў семінарскую бібліятэку. Кніжка захоўвалася
ў бібліятэцы Каўнаскай каталіцкай семінарыі, потым разам з іншымі яе рарытэтамі
трапіла ў Рэспубліканскую бібліятэку Літвы, якая да 196З
года знаходзілася ў Каўнасе.
Выходзіць, кніга мела сваіх шанавальнікаў і ў літоўскім
асяроддзі. Гэта для нас не навіна. Нагадаем, што яшчэ ў 1861 годзе з перакладам Дуніна-Марцінкевіча
пазнаёміўся літоўскі пісьменнік-асветнік Мікалоюс Акялайціс, напісаў прыхільную
рэцэнзію, якая таксама не здолела прабіцца ў друк. Дарэчы, не выключана, што мы
маем якраз справу з экземплярам Акялайціса. Хаця не — на тым паасобніку бадай
што-небудзь накрэсліў бы, пакінуў бы свой прыязны аўтограф сам перакладчык, які
досыць блізка ведаў Акялайціса.
... На развітанне яшчэ раз гартаю рэдкую кнігу — калі яшчэ
прыйдзецца ўзяць яе ў рукі. Што звяртае асаблівую ўвагу? Несумненныя поспехі
беларускага кнігадрукавання. Беларуская кніжка ўсё больш упэўнена патрабавала
сабе месца пад сонцам. Нават тытульны ліст у яе аформлены па-беларуску. І “талкаванні” — дарэчы,
надзвычай цікавыя — таксама беларускія. Як зазначыў яшчэ І. Крамко,
гэта ці не першы такі выпадак у ХІХ стагоддзі. Праўда, невялікая прадмова і
зусім маленькая — у некалькі сказаў — інструкцыя, як чытаць, — усё ж пакуль што
па-польску. Цікавая графічная сістэма: для “ў” ужывалася курсіўнае “у”,
расстаўлены націскі, не абойдзена нават імя аўтара — Адам (не Адам, як
вымаўлялася па-польску) Міцкйвіч. У канцы
на чатырох старонках — спіс падпісчыкаў (сапраўды, ёсць і сяляне-“мужычкі”),
які завяршаецца нечакана шматзначнымі словамі — абяцанкай: “Dalszy ci№g
nast№pi” (працяг будзе). Вялікім аптымістам быў наш Навум Прыгаворка! Гэтага
працягу Беларусі давялося чакаць паўстагоддзя — да другога выдання кнігі. Дзве
першыя песні-быліцы нарэшце дайшлі да чытача. А пераклад астатніх песень так і
прапаў.
Такім чынам, сёння вядомы ўжо чатыры (хочацца сказаць — ажно
чатыры) паасобнікі рэпрэсіраванага ў 1859 годзе “Пана Тадэвуша”.
І ўсё ж
гэта на сённяшні дзень адна з самых рэдкіх беларускіх кніг. Нават многіх
выданняў вялікага першадрукара Скарыны — праз усю неймаверную далячынь часу —
дайшло болей.
|