1.
АСАБЛІВАСЬЦІ БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ
1.1.
Альфабэт
1.1.1.
Спробы рэфармаваньня кірыліцы
Вацлаў Ластоўскі піша на старонках „Крывіча” пра неабходнасьць
рэвізіі ўжываньня ў беларускай пісьмовасьці кірылаўскае азбукі, таму што забесьпячэньне
літаратурнай мове ўмоваў здаровага разьвіцьця ў значнай ступені залежыць ад
добрага дапасаваньня пісьмовых знакаў да гукаў жывой мовы і ўстанаўленьня
правапісу, згоднага з фанэтыкай і гісторыяй.
У артыкуле У справе рэформы кірылаўскае
азбукі В. Ластоўскі заўважае, што „паложаная ў аснову
крывічанскай (беларускай) пісьменнасьці кірылаўская азбука ў яе
«гражданскай», ці больш правільна рэнэсансавай стылізацыі, – пры рэформе, а
не рэволюціі, не вымагае замены на якую колечы іншую (скажам лацінскую) азбуку”, бо гэта магло б прывесьці да неаблічальных у скутках
ускладненьняў.
Затое рэформа – на думку аўтара – неабходная. Павінна яна йсьці ў напрамку
абмежаваньня (скарачэньня) колькасьці літар – згодна з прынцыпам, што на
працягу свайго разьвіцьця мова заўсёды спрашчалася.
Прапанаваныя зьмены:
-
замена ятаваных галосных (я, е,
ё, ю) спалучэннямі літары і
+ а, е, о, у, што пазволіла б лепш адлюстраваць
дыфтонгі, якія існуюць у жывой мове, а пры напісаньні адным знакам заціраюцца
(міера, ві, кліон);
-
адступленьне ад напісаньня нескладовых й і ў, паколькі ў становішчы пасьля
галоснага яны заўсёды вымаўляюцца коратка, гэта значыць, асымілююцца з папераджаючымі іх галоснымі гукамі, утвараюць дыфтонгі (ваіна, прыішоу, моі; мі, хаутуры, воук);
-
рэзыгнацыя з э, таму што кожнае е без папераджальнага і
чыталася б цьвёрда;
-
адступленьне ад плянаў
увядзеньня асобных знакаў дзеля адлюстраваньня на пісьме гукаў дз і дж;
-
рэзыгнацыя з напісаньня
выбухнога г`, які малахарактэрны
беларускай мове й вымаўляецца галоўным чынам у запазычаных словах (ганак, гузік), таму што можна заступіць яго напісаньнем
спалучэньня кг альбо й самім г, бо народная фанэтыка цэлы час
імкецца да замены чужога выбухнога г`
беларускім фрыкатыўным г[3].
На думку Вацлава Ластоўскага, зрэфармаваная беларуская мова павінна складацца з 6 галосных (а, о,
у, е, і, ы), 19 зычных (б, в, г, д,
ж, з, к, л, м,
н, п, р, с, т,
ф, х, ц, ч, ш)
і мяккага знаку (ь).
У сваю чаргу Ян Станкевіч зьвяртае ўвагу на неабходнасьць
зьмены парадку літар у альфабэце. У ягоным Беларуска-расійскім
(Вялікалітоўска-расійскім) слоўніку падаецца іншы альфабэтны парадак
ад агульнапрынятага ў кірылічных тэкстах. Паводле Яна Станкевіча, найбольшай заганай беларускага альфабэту зьяўляецца тое, што, у выніку
такіх характэрных рысаў беларускае мовы, як аканьне й яканьне, словы з
этымалягічным о, э у корані, але з розным націскам,
стаяць у слоўніку ў межах тае самае літары далёка адно ад аднаго, напрыклад: ноч і начаваць, начлег, начніца; воз, возьнік і вазіць; рэзаць і разьнік і гэтак
далей.
„Калі ж бы парадак літараў абэцады
быў такі, што о, а, э
стаялі беспасярэдна адна за аднэй, а е,
ё, я таксама, тады менаваныя й да іх падобныя словы стаялі б побач
або блізка адны да адных, што палягчыла б знаходжаньне слоў у слоўніку,
прыяла б лепшаму разуменьню паходжаньня й значаньня”.
Другой асаблівасьцю беларускае фанэтыкі, дзеля якой Я. Станкевіч убачыў патрэбу зьмены парадку
літараў, зьяўляецца пераход у і в у ў. Пры цяперашнім парадку літар аднакарэнныя словы з в і ў тыпу: галава, галоўка, трава, траўка стаяць у
слоўніку далёка адно ад аднаго. Калі б аднак
паставіць у альфабэце в, у і ў побач, дык падобныя словы таксама стаялі б у слоўніку побач альбо блізка адны да адных.
Меркаваньньем Я. Станкевіча, пажадана таксама, каб бралася пад увагу паходжаньне гукаў, каб побач сябе стаялі гукі, блізкія
па паходжаньні ды вымаўленьні. У сувязі з гэтым, запрапанаваны ім парадак літар у
беларускай кірыліцы мае быць наступны: о, а, э, б, г, г’,
х, д, е, ё, я, дз, дж, з, ж, і, й, к, л, м, н, ф, п, р, с, ш, т, в, у, ў, ь, ц, ч, ы, ю[6]. Такі
менавіта
парадак літар выкарыстаў Я. Станкевіч у Беларуска-расійскім (Вялікалітоўска-расійскім) слоўніку.
1.1.2.
Адносіны да лацінкі
Крытычны падыход да лацінкі праяўляе Гальяш, які гэтае пытаньне закранае ў артыкуле За чысьціню беларускага друку, зьмешчаным
на старонках „Голасу Беларуса”. Востра асуджае ён за карыстаньне той лацінкай, што ўзьнікла пры Рэчы Паспалітай. Гальяша зьдзіўляе, што амаль уся перапіска
Беларускага Цэнтральнага Прадстаўніцтва зь Міхельсдорфу вялася „на латыніцы”. Гэтую зьяву ўспрымае ён як мэтанакіраванае імкненьне, каб адмовіцца ад кірыліцы. На думку аўтара артыкулу, выкарыстаньне лацінкі спрычыніцца да
страты маладым пакаленьнем чысьціні мовы, таму што лацінка ня поўнасьцю перадае
мілагучнасьць беларускае мовы. Раіць ён мець на ўвазе, што беларускае насельніцтва ва ўсходняй частцы Беларусі ня ведае лацінкі.
У занатоўцы пад загалоўкам У кірыліцу
– латыніцу Гальяш напісаў:
„Так крывіцкія пісакі маскуюць
увядзеньне латынкі для беларусаў. Часопісы «Беларус на чужыне» – Англія і «Беларускі эмігрант» – Канада друкуюць так: загаловак і першы лісьцік на альфабэце кірыліца,
а далей (...) на штучна выдуманай латынцы, а апошні лісьцік бывае таксама
на кірыліцы.
Такая форма лягчэй будзе прыймацца
беларускім чытачом, бо каб яшчэ і загаловак надрукаваць на латыніцы, то
напэўна акрамя аўтара ніхто і чытаць яго ня будзе. Такім чынам, форма гэтых
часопісаў напамінае горкую ды шкодную пілюлю, закручаную ў прыгожую
паперку, каб увесьці штучна выдуманы альфабэт у арганізм беларускай літаратуры
і пісьма”.
Станіслаў Станкевіч палічыў мэтазгодным прыгадаць гісторыю
лацінскага шрыфту, які ў Беларусі мае багатыю традыцыю. Аўтар
публікацыі Сьвятая Эванэлія і
Апостальскія Дзеі адзначае, што лацінка была
выключнай для першых твораў беларускае адраджэнскае літаратуры: ёю
друкаваліся вершы Яна Чачота, творы Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, першыя выданьні Дудкі беларускай
і Смыка беларускага Францішка
Багушэвіча. І толькі ў нашаніўскі пэрыяд пачала пераважаць
кірыліца, хаця назіралася суіснаваньне абодвух шрыфтаў: напрыклад, калі першы
зборнік вершаў Янкі Купалы Жалейка
выйшаў у 1908 годзе кірыліцай, дык наступны ягоны зборнік Гусьляр паявіўся ў 1910 годзе лацінкай. Таксама газэта „Наша Ніва” ў некаторых гадох друкавалася асобна кірыліцай і асобна лацінкай.
Пасьля Рыскага трактату палажэньне
зьмянілася. Ва Ўсходняй Беларусі задэкрэтаваным стаўся шрыфт
кірылічны, хоць сярод многіх беларускіх культурных дзеячоў існаваў погляд, што для беларусаў больш карысным і
мэтазгодным зьяўляецца шрыфт лацінскі. Гэтак вялікая колькасьць удзельнікаў
Беларускай Акадэмічнай Канфэрэнцыі дзеля рэформы беларускага правапісу,
якая была скліканая ў Менску ў 1926 годзе, выказалася за пераход зь кірыліцы на
лацінку, як адзіны беларускі шрыфт, што ў 1929 годзе, з пачаткам першай хвалі перасьледу беларускай нацыянальнай
культуры ў БССР, было закваліфікавана бальшавікамі як шкодніцтва
й адна з многіх спробаў штучнага адарваньня беларускае культуры ад расейскае.
У заходняй частцы Беларусі, што апынулася ў межах ІІ Рэчы Паспалітай, лацінка сталася ў асноўным шрыфтам беларускіх каталіцкіх
выданьняў. Агульна пануючым шрыфтам была кірыліца. Гэтае пашырэньне
кірылічнага шрыфту за кошт лацінскага ў Заходняй Беларусісі, трэба – меркаваньнем Станіслава Станкевіча – тлумачыць абаронаю перад
пагрозай палянізацыі й тэндэнцыяй да ўніфікацыі з палажэньнем у БССР.
На думку аўтара, абодва беларускія шрыфты павінны
суіснаваць да моманту атрыманьня Беларусяй поўнай незалежнасьці,
калі здолее яна самастойна вырашыць усе свае пытаньні,
у тым ліку й моўныя.
С. Станкевіч уважае, што пашырэньне, раўналежна з кірыліцай, лацінкі, апрача практычнае
карысьці, – бо ў мовах краінаў расьсяленьня беларускае эміграцыі ўжываецца
толькі лацінка – мела б і вялікае нацыянальна-палітычнае значэньне. Гэта, з аднаго боку, у значнай
меры спыніла б ідэнтыфікаваньне беларусаў з расейцамі, а з другога боку, мацней засьведчыла б аб беларускай прыналежнасьці да заходняе культуры.
Пытаньне суіснаваньня на старонках
аднае газэты калі ня двух шрыфтаў, дык напэўна дзьвюх моваў, і сёньня
актуальнае ў Беларусі. Такі падыход вынікае з жаданьня прыцягнуць чытача як беларускамоўнага,
гэтак і расейскамоўнага. Адбіваецца аднак нэгатыўна на пашырэньні сфэраў
ужываньня роднае мовы, таму што пацьвярджае існуючае перакананьне аб тым, што,
жывучы ў Беларусі, неабавязкова ведаць беларускую мову, паколькі „няважна, на якой
мове хто размаўляе, а важна толькі тое, каб яго разумелі”.