БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі
      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў

  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Ніна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя - абаронца роднае мовы

1.5. Сынтаксіс

1.5.1. Катэгорыя адушаўлёнасьці / неаду­шаў­лё­насьці

Ян Станкевіч зьвяртае ўвагу на катэгорыю адушаўлёнасьці / не­­аду­шаўлёнасьці й адзначае, што ў беларускай мове назовы жы­вё­лы, а таксама дзяцей і жанчын маюць у вінавальным склоне множ­на­га ліку форму аднолькавую з назоўным склонам. І таму Стан­кевіч за­мест формаў тыпу: гадуюць малых птушанят, зьнішчаюць мышэй раіць выкарыстоўваць словазлучэньні га­дуюць малыя птушаняты, нішчаць мышы[1].

Адсутнасьць разрозьненьня катэгорыі адушаўлёнасьці / неаду­шаў­лёнасьці назіраецца ў паўднёва-заходнім беларускім дыя­лек­це[2], які вырашае аб самабытнасьці беларускае мовы, і да якога адклі­ка­лі­ся роз­ныя мовазнаўцы да часу рэформы беларускае мо­вы, пра­ве­дзе­най на­роднымі камісарамі ў 1933 годзе[3].

1.5.2. Прыназоўнікавыя словазлучэньні

Да іншых памылковых сынтаксічных канструкцыяў Я. Стан­ке­віч залічыў такія словазлучэньні, як:

-              вучыцца на каго? – на пастыра; павінна быць за пастыра;

-              здаваць экзамен па матэматыцы; павінна быць з ма­тэ­ма­тыкі;

-              спалучэньне прыназоўніка па з давальным склонам, тыпу – кліч па ўсяму царству; павінна быць зь месным склонам – кліч па ўсім царсьцьве.

Часопіс „Веда” зьмяшчае публікацыю пра адрозьненьні ў вы­ка­рыстаньні прыназоўнікаў да й у. Прыназоўнік да паказвае на мя­жу, да якой даходзіць дзеяньне ў прасторы: ад Любіча да Чар­ні­гава 50 кілямэтраў, альбо ў часе: рабілі да вечара. У сваю чаргу пры­назоў­нік у паказвае, што дзейнасьць кіруецца ў сярэдзіну, унутр: увайсьці ў склад арганізацыі[4].

У беларускай мове выступаюць дзьве розныя формы слова для: для й дзеля[5], зь якіх дзеля – форма старэйшая й больш ары­гі­наль­ная. Аўтараў часопіса „Віці” занепакоіў факт пашыранага ўжы­вань­ня гэтых словаў у тых канструкцыях, у якіх яны зусім не­па­трэб­ныя, напрыклад: даю гэта для вас замест даю гэта вам, на што, да­рэ­чы, ужо зьвяртаў увагу ў 20-х гадох ХХ стагодзьдзя Язэп Лёсік. Дру­гім выпадкам злоўжываньня словам для, пра што так­сама пісаў Лё­сік, зьяўляюцца словазлучэньні тыпу: вада для піцьця замест спа­лу­чэньня зь інфінітывам вада піць. Нельга вы­ка­рыстоўваць для й за­мест прыназоўніка на, напрыклад: жыта на на­сеньне, а ня жыта для насеньня. Для (або дзеля) ўжываецца ў бе­ларускай мове – па сло­вах Язэпа Лёсіка – толькі тады, калі трэ­ба выразіць пры­на­леж­насьць ці прычыну або мэту дзеяньня на чыю-небудзь карысьць ці на шко­ду, напрыклад: нарэзала многа ку­рэй і гусей для сваіх любых гасьцей.

Часапіс „Віці” зьвяртае ўвагу таксама на адсутнасьць у бе­ла­рус­кай мове прыназоўніка у ў значэньні каля (ля). Нельга ска­заць па-беларуску: яна стаяла ў вакна, ці – у яго ног сядзеў са­ба­ка. У або­двух выпадках можна ўжыць толькі словы каля (ля): яна стаяла ля вак­на, ля яго ног сядзеў сабака. Скарочаная форма ля часта ўжы­ваец­ца ў народнай мове[6].

Беларускай мове характэрная вялікая сынанімічнасьць пры­на­зоў­нікавых канструкцыяў, што выклікана істотнымі ад­розьненьнямі па­між усходнімі й заходнімі беларускімі га­воркамі[7].

1.6. Сынаніміка

Асабліва на старонках часопіса „Крывіч” зьмяшчалася ня­ма­ла арты­кулаў, якія датычыліся сынанімікі ў беларускай мове.

Вацлаў Ластоўскі ў артыкуле пад загалоўкам Беларускія ад­на­сло­вы[8] тлумачыць значэньне грэцкага слова сынонім, якое ў пе­ра­кла­дзе на беларускую мову значыць менавіта аднаслоў. Ад­на­сло­вы, з адна­го боку, прыносяць вялікую карысьць кожнай мове, та­му што на­даюць ёй гнуткасьць і вытанчанасьць, адзначаючы са­мыя дробныя ад­ценьні паняцьцяў, але, з другога боку, патра­буюць уважлівых да іх адно­сінаў, асабліва сярод людзей пяра, бо тое, што можа нядрэнна ўспры­мацца ў вуснай мове, вельмі часта рэ­жа вока й вуха чытача, ка­лі паняцьце няправільна выражанае на па­перы.

Вацлаў Ластоўскі прыводзіць шмат прыкладаў сынонімаў. Свае выказваньні падмацоўвае цытатамі з навуковых прац, ці спа­сы­лаец­ца на суседнія мовы. Зьвяртае ўвагу на сэмантычныя розьніцы, на­прыклад, у выпадку дзеясловаў ведаць і знаць піша, што можна ча­ла­века знаць па яго фізычных прызнаках: абліччы, па­ходцы, мове, але ня ведаць, хто й што ён такое ў сваёй душы[9].

Шмат ёсьць словаў дзеля адлюстраваньня працэсу маўленьня: ка­заць, гаварыць, гаманіць, галакаць, галёкаць, гу­та­рыць, раз­маў­ляць, гукаць, дудукаць, зюкаць, зяпаць. Усе яны ад­розьні­ваюцца зна­чэнь­нем ці стылістычнымі адценьнямі. Казаць вы­ражае паняцьце вы­казваньня не ўзаемнага, а ад першай, другой ці трэцяй асобы: яны прыйшлі й сказалі мне. Гаварыць могуць па­між сабою двое ці многа лю­дзей, прычым разумеецца, што мова іх мае спакойны характар: мы па­гаварылі й разышліся. Гаманіць, зна­чыць ‘гаварыць голасна, сяр­дзі­та, запальчыва, сварыцца’: га­манлі­вы быў сход – крыклівы, сварлі­вы. Галакаць – ‘гаварыць кры­кам, крычаць’ (польскае hałasować): ча­го ты галакаеш, як у карчме ці лесе? Галёкаць – ‘крычаць на ўвесь го­лас’: у лесе га­лё­каюць, склікаючыся. Гутарыць – ‘гаварыць спа­кой­на, разважна’ (ра­сейскае беседовать). Размаўляць – сярэдняе па зна­чэнь­ню – па­між га і гутарыць. Гукаць – тое, што й дудукаць – зна­­чыць, ‘весьці размову прыцішаным голасам, прыязную, спа­кой­ную’: старыя зыдуцца вечарам, пасядуць на прызбе й дудукаюць са­бе. Зюкаць – ‘гаварыць голасным сьвісьцячым шэптам’. Зяпаць – ‘бясьсіль­на крычаць, крыкліва й бяз сэнсу гаварыць’: не зяпай ты ўжо, ніхто цябе ня слухае[10].

Сярод іншых сынонімаў, прыведзеных В. Ластоўскім, варта зьвяр­нуць увагу на такі сынанімічны рад, як: жуда, журба, нуда, ту­га, сум, смутак, маркота. Жуда выражае ‘духовы стан смутку, зьме­ша­нага зь неспакоем і страхам’; слова блізкае да расейскага ужас: жу­да гложа сэрца. Журба – сходная з расейскім горест: ён усё жу­рыц­ца, усё бядуе. Туга адпавядае расейскаму тоска: ту­жыць па му­жу маладзіца. Сум, смутак адпавядаюць расейскаму скорб: не сму­цем­ся, зьвесялемся. Маркота – тое ж, што й ра­сейскае слова печаль: ча­го ты такі маркотны, чаго за­маркоціўся?[11]

Цікава піша В. Ластоўскі пра сынонімы марыць, крозіць, ля­ту­­цець, мроіць. Слова марыць – у значэньні расейскага мечтать – прыйшло ў беларускую мову пад уплывам польскае мовы, у якой маюц­ца словы marzyć, marzenie. У беларускай мове пад сло­вам мара ра­зумеецца мітычная істота, якая ў часе сну кладзецца на чалавека й ду­шыць яго, пра што ў працы Lud Białoruski піша Мі­хал Фэдэроўскі. Ма­ра паказваецца па начох як чорны прывід. Гэ­та хутчэй будзе адпа­вя­даць расейскаму призрак, кошмар, але ні ў якім разе слову мечта. Дзе­ля гэтага слова мара ў значэньні ра­сей­скага мечта, а польскага ma­rzenie раз назаўсёды трэба ад­кі­нуць, як нязгоднае зь беларускай мо­вай – раіць В. Ластоўскі. Крозіць – слова складанае з: крозь ‘скрозь’ і зеціць ‘узірацца’. Па эты­малягічнаму свайму складу яно адна­значнае з расейскім гре­зить, грёзы. Лятуцець, лятуценак не зу­сім выражае паняцьце меч­та. Яно мае нейкі іншы, няўлоўны адце­нак гэтага паняцьця. Мроя, мроіць ужываецца ў народнай мове па Со­жу ўверх да Мсьціслаўля ды на захад да Бярэзіны. Яно вельмі па­доб­нае да ўкраін­скага мр. Фіксуе паняцьце нечага здалёк сьве­ця­чага, не­ча­га ў памяці мільгаючага, што чуецца, але зь цяжкасьцю ўлаўлі­­ваецца: мроіцца мне ў[12].

Ніхто ня сумняецца ў выкарыстаньні словаў кахаць і лю­біць. Сло­ва кахаць ужываецца толькі ў стасунку да людзей, а лю­біць – да рэ­чаў і стварэньняў. Нельга, напрыклад, кахаць рэдзьку, бя­розу, ры­бу ці капусту з салам. Іх можна любіць, а кахаць ка­госьці зь людзей – баць­коў, радню, дзяўчыну. Ад слова кахаць ёсьць шмат вытворных сло­ваў, такіх агульна вядомых, як: ка­ханьне, каханак, каханка, ка­ха­ны, каханенькі ды менш рас­паў­сюджа­ных, як: кохаць, кохнуць, кох. Маюць яны некалькі зна­чэньняў: 1) ‘квактаць як курыца, што водзіць ку­ранят’; 2) пе­ра­носнае – ‘падобна курыцы каля пісклят клапаціцца, ту­ліць; стаг­наць’; 3) ‘мець пал да каго-колечы’: кохне па дзяўчыне, кохне па дзя­цёх; 4) ‘уздыхаць, смуціцца’: кохне па матцы, па мужу[13].

Іншыя сынонімы, на якіх засяроджвае сваю ўвагу В. Лас­тоў­скі, гэ­та: рубеж, граніца, мяжа, дукт. Паведамляе ён, што най­раней у бе­ларускай літаратуры выступае слова рубеж, пазьней мя­жа й гра­ні­ца, ды ўрэшце дукт. Слова рубеж, праўдападобна, агуль­на­сла­вян­скае. Паходзіць ад дзеяслова рубі, сячы. Часта ў ста­рой беларускай лі­таратуры ўжывалася ў значэньні расейскага пре­дел, польскае kres. Гра­ніца паяўляецца ў актавай мове не пазьней XVІ стагодзьдзя. Па­коль­кі ў старой літаратуры словы ру­беж і граніца азначалі ‘лінію, якая разьдзяляе зямлю’, то мяжа гэ­такага значэньня ня мела й азна­ча­ла ‘не заараную баразну зям­лі, як разьдзел паміж ральлёю’. Ла­цін­скага паходжаньня слова дукт у значэньні ‘граніцы, рубяжа’ па­чы­нае сустракацца ў актах XVІІ стагодзьдзя[14].

Чарговы багаты сынанімічны рад утвараюць словы: ба­роц­ца, ба­рукацца, змагацца, ходацца, доляцца, тузацца, дужацца. Ба­роцца, зна­чыць ‘сіліцца фізычна: валіць, ламаць, кідаць на зям­лю, про­буючы сілы й спрыту’. Барукацца – ‘старацца паваліць адзін на адзін пра­ціўніка’. Змагацца – ‘працівіцца ўсімі цялеснымі й духовымі сі­ла­мі супроць якога-колечы гвалту альбо ўплыву, сі­ліц­ца перамагчы, даць адпор’. Ходацца – ‘цягацца з праціўнікам, ме­раючыся сіламі’. До­ляцца – ‘тое, што й ходацца, толькі з ад­цен­кам сьвядомасьці сваёй сла­басьці’. Тузацца ‘цягацца з кім, тор­гаючыся’. Дужацца – ‘ме­рац­ца сіламі, выступае ў значэньні ба­рукацца[15].

Цікавасьць выклікае яшчэ адзін рад сынонімаў: ілгаць, хлу­сіць, ма­ніць, клюдзіць. Ілгаць – ‘гаварыць няпраўду, сьвядома пе­ра­круч­ваць праўду’. Хлусіць, маніць – ‘ілгаць жартуючы, насьмі­хаючыся, вы­думляючы няпраўду цікавую альбо забаўную, па­мы­ляць каго-ко­ле­чы маной’. Мана – ‘беспадстаўная няпраўда, ілганьнё, чыста зду­ма­нае здарэньне, фантазія’. Клюдзіць – ‘кры­віць, выкручвацца ня­праў­дай, памыляючы слухача фальшывымі альбо падтасаванымі да­ны­мі’; ужываецца таксама ў значэньні кры­вадушыць: клюдзіць дзеў­ка, праўды ня кажа[16].

Правільнае ўжываньне аднасловаў надае выразістасьці й ха­раства мове. Стыльнасьць мовы залежыць асабліва ад лягічнага ўжы­вань­ня тэхнічных словаў. Часта назіраецца зьмяшаньне лексэмаў рэ­заць і кроіць у дачыненьні да кроеньня хлеба. „Рэзаць хлеб”, „нарэж хле­ба” – брыдкі барбарызм, якога належыцца ўні­каць – цьвердзіць аўтар, падпісаны крыптонімам І. Рэзаць зна­чыць ‘пацягаць нож узад і ўперад, націскаючы на аб’ект рэзаньня’ – рэжуць барана на мяса, ці на­жом дрэва, робячы ў ім зарубіну. Кроіць – ‘цягнуць нож па нечым мяк­кім і гэтым аддзяляць лусту ад цэлага’ – крояць хлеб на лусты ці скі­бы, кісель на талерцы, нож­ні­цамі тканіну; словы крайчы й крав слу­жаць довадам таго, што хлеб і тканіну ня рэжуць, але крояць. Стру­гаць значыць ‘аддзяляць ад цэлага стружку, тоненькую час­тач­ку’ – стругаюць лу­чынку, палку, каб давесьці яе да пажаданай фор­мы ці таўшчы­ні; аловак, каб падрыхтаваць яго да пісаньня. Кружаць – ‘кроіць не­шта, што па адкроеньні дае кружкі’, прыкладам, баць­вінь­не, цы­булю, буракі кружаюць, а ня крояць ці рэжуць[17].

Пытаньне сынонімаў закранаецца таксама на старонках ча­со­пі­са „Віці[18].

„Чым багацейшая мова на сынонімы, тым яна дакладнейшая, гнут­чэйшая, тым яна багацейшая наагул. На­шая мова мае вель­мі вялікае багацьце сы­нонімаў, ды, на­жаль, мы вельмі мала ка­рыстаемся, і проста нат вельмі мала ве­даем з гэ­та­га багацьця, а та­му й часам вельмі-ж зьбядняем на­­шую мову, робім яе і не­дак­лад­най, і адна­стайнай, шэ­рай...”[19]

У беларускай мове назіраецца празьмернае выкарыстаньне злуч­­ніка і, што вынікае з забываньня пра яго сынонімы: ды, а так­са­ма дый. Ды значыць тое самае, што й і, толькі апрача сэнсу злу­чэнь­ня мае яшчэ адценьне й дадаваньня[20]. Яшчэ мацнейшым за ды ёсьць злучнік дый, які паявіўся ў выніку злучэньня ды зь і. На замену злучніка і часам можа ўжывацца а, якое мае значэньне ня толькі злу­чэнь­ня, але й лёгкага супрацьстаўленьня, напрыклад, ідуць а йдуць яны[21].

Часам сынонімы бываюць абсалютныя, гэта значыць, безь ніяка­га адценьня, розьніцы ў значэньні, як, прыкладам, шмат і мно­га. У такіх выпадках звычайна ўжываецца часьцей адзін зь іх, больш ары­гінальны, больш пашыраны. Каб пазьбегнуць паўтору, альбо калі па­дыктавана гэта паэтычнай мовай, могуць вы­ка­рыстоўвацца адны й дру­гія словы: радасьці і суму шмат, і натхненьня многа[22].

Вацлаў Ластоўскі зьвяртае ўвагу на багацьце таўталягічных зва­ротаў у беларускай мове ды прыводзіць вялікую іх колькасьць на ста­ронках „Крывіча”. Сярод таўталягізмаў, выбраных з за­піскаў Мі­ха­ла Раманава, Паўла Шэйна, Пятра Бяссонава й Юльяна Крач­коў­ска­га 1910-1914 гадоў, ёсьць, між іншым, наступ­ныя: бераг-бе­ра­жысты, вярба-вербяніца, гроб-магіла, дамоўка-труніца, журба-ту­га, зара-заранка, крыніца-вадзіца, ляпа-пашчэнка, мара-начніца, ні­вы-загоны, плачма плакаць, рана-раненька, стукун-грукун, траўка-му­раўка, хлеб-соль, чорт-нячысьцік[23]. Прыведзеныя таўталягізмы ня толь­кі зьяўляюцца чыс­тымі паўторамі, але характарызуюцца эма­цыя­наль­насьцю, дзя­куючы чаму выказваньне набывае вобразнае зна­чэньне.


[1] Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, № 34 (264), Мюнхэн, 21 жніўня 1955, с. 3.

[2] Э. Блінава, Е. Мяцельская, Беларуская дыялекталогія, Мінск 1969, с. 74-75.

[3] Ю. Ф. Мацкевич, А. Г. Мурашко, А. В. Орешонкова, Взаимодействие между бе­ло­рус­ским литературным языком и народными говорами, в: Вопросы обра­зо­вания восточнославянских национальных языков, Минск 1962, с. 143; N. Omeljaniuk (N. Bar­szczewska), Odialektyzmach w białoruskim języku literackim, w: Studia z Filologii Ro­syjskiej i Słowiańskiej. Białorutenika, t. 22, Warszawa 1995, s. 45.

[4] Із зборкі пазнаньня беларускае мовы; у: „Веда”, № 2 (7), Нью-Ёрк, люты 1952, с. 50-53.

[5] Культура мовы, у: „Віці”, 1 (7), Нью-Ёрк, студзень 1955, с. 13-15.

[6] Тамсама, с. 15.

[7] N. Barszczewska, J. Głuszkowska, Kilka przykładów wpływu języka polskiego na skład­nię gwar białoruskich i ukraińskich Białostocczyzny, w: Rozprawy Sla­wistyczne, 12, Lub­lin 1997, s. 171-174.

[8] Власт (псэўданім В. Ластоўскага), Беларускія аднасловы, у: „Крывіч”, 5, Каў­нас 1923, с. 29-32; В-т (крыптонім В. Ластоўскага), Беларускія аднасловы, у: „Крывіч”, 6, Каўнас 1923, с.43-46.

[9] Тамсама, № 5, с. 30.

[10] Тамсама, с. 30-31.

[11] Тамсама, с. 31.

[12] Тамсама, с. 31-32.

[13] Тамсама, № 6, с. 43.

[14] Тамсама, с. 44.

[15] Тамсама, с. 45.

[16] Тамсама.

[17] І., Рэзаць, кроіць, стругаць, кружаць, у: „Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 110.

[18] Культура мовы, у: „Віці”, 2 (8), Нью-Ёрк, жнівень 1955, с. 11-13.

[19] Тамсама, с. 11.

[20] Тамсама.

[21] Тамсама.

[22] Тамсама, с. 12.

[23] В. Л. (крыптонім В. Ластоўскага), Таўтолёгія, у: „Крывіч”, № 7, Каўнас 1923, с. 90-91.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія