БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі
      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў

  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Ніна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя - абаронца роднае мовы

1.9. Уласныя назовы

1.9.1. Імёны людзей

У летапісах, а часткова і ў этнаграфіі захаваліся інфармацыі аб пастры­жынах і перамене імёнаў пры пераходзе з аднаго ўзрос­ту ў дру­­гі[1]. Як піша Вацлаў Ластоўскі, пастрыжыны адбываліся тры ра­зы: на 8-м годзе жыцьця, калі сын з-пад апекі маці ўва­хо­дзіў пад апе­ку бацькі; на 18-19-м годзе перад жаніцьбай; і пры­блізна на 40-м го­дзе, калі жаніў свайго сына[2].

З пастрыжынамі зьвязаныя зьмены ў гучаньні імёнаў, таму што маці падбіраюць самыя ласкавыя формы імёнаў сваім дзецям: Антон будзе Анцікам, ЮрыЮрцікам, МіхайлаМісям ці Міхці­кам, ГаўрылаГаўрыкам і гэтак далей. Калі хлапец ставаўся муж­чы­нам і пачынаў езьдзіць у поле, пераставалі яго называць Анці­кам, Петры­кам ці Юрцікам. У той час больш адпаведнымі імё­на­мі ста­на­ві­ліся – Антук, Пятрук, Юрка. Калі хлапец станавіўся ка­ва­лерам і па­чынаў хадзіць на вечарынкі, дык у дзявочай кампаніі та­кія формы як Антук ці Пятрук трактаваліся як неадпаведныя, і ма­ладыя людзі па­між сабою замянялі Антукоў на Анатоляў, Петру­коў на Петрусёў, Юркаў на Юрасёў. Урэшче надыходзіў час жаніцьбы й разам з гэтым чарго­вая зьмена формы імёнаў: Арка­сю, Ігнасю, Кастусю, Місю трэ­ба было пераўтварыцца ў Арка­да, Ігната, Міхайлу, Кастуша[3].

„Але час ідзе. Падрасьлі дзеці. Міхайла, Ігнат і Пятро ажа­ніў сы­на. Нявестка, прышоўшы ў новую хату, стараецца быць да ўсіх ветлівай, уважлівай, а ў першы чарод да баць­коў мужа, і, вось, Аўгей становіцца Аўгіяшом, АстапАста­шом, БаўтрамейБутрымам, ГрыгорГрынём і ня толькі ў сваёй сям’і, але і ў су­седзяў”[4].

Такая градацыя – піша В. Ластоўскі – адбываецца і з жа­но­чы­мі імё­намі, адпаведна да ўзросту й грамадзкага становішча.

Аднак гэтае багацьце беларускай мовы – па словах Ластоў­ска­га – паддалося нівэлюючаму чужому ўплыву. Першымі пры­зна­камі зьме­наў сталася ўжываньне жаночага фарманту -ка ў муж­чын­скіх дэ­мі­нутыўных імёнах, як: Янка, Генка, Стаська. Раней, як паказвае гіста­рычная літаратура, выступалі формы Янусь, Ге­нюсь, Стасік, альбо Янцісь, Генцісь. Часта выкарыстоўваліся так­са­ма формы муж­чын­скіх імёнаў з націсным канчаткам : Янко, Станько, Грынько.

Усе гэтыя формы апраўданыя – адзначае В. Ластоўскі. У гра­ма­дзянаў узьнікае пачуцьцё адсутнасьці лёгікі, калі старых лю­дзей на­зываюць Алесь, Кастусь, Юстусь, а маладых хлапцоў – Альгерд, Антон, Тумаш.

Вацлаў Ластоўскі ў Крыўска-Беларускім Іменніку прывёў усе фор­мы для 219 беларускіх мужчынскіх і жаночых імёнаў. Най­боль­шую колькасьць складаюць дэмінутыўныя формы. Сярод ласкаль­ных фар­мантаў выкарыстоўваліся такія, як: -ась (Гарась), -асючок (Ста­сю­чок), -ік (Аўрык), -ісь (Кузьмісь), -ічак (Юзічак), -ка (Яхімка), -ок (Ва­­сілёк), -ось (Хвядось), -очак (Міхасёчак), -ук (Вінцук), -усь (Ва­ло­дусь), -чык (Івашчык), -эсь (Луцэсь); -іська (Ма­рыська), -іся (Маг­дзі­ся), -ка (Юлька), -уня (Аўгуня), -уся (Ва­ру­ся), -ута (Аксюта), -ця (Польця)...[5]

Варта працытаваць некалькі прыкладаў розных формаў жа­но­чых імёнаў:

Агафія – Агаська, Гапка, Гася, Агата;

Анастасія – Наська, Настка, Настуся, Наста;

Анна – Анця, Анка, Ганка, Гануся, Гануля, Ганна;

Варвара – Варця, Варка, Варуся, Барціся, Барбара;

Элена – Альця, Аліся, Алена, Гальця, Галька, Гальшка, Галя, Гэля, Гэлена.

Беларускім імёнам і прозьвішчам вялікую публікацыю пры­сьвя­­ціў Ян Станкевіч. Складаецца яня зь дзьвюх частак: ха­рак­та­рысты­кі імёнаў у дахрысьціянскі час і хрысьціянскі[6].

Імёны беларускага народу ў дахрысьціянскі пэрыяд аўтар па­дзя­­ляе на дзьве вялікія групы.

Адну складаюць назовы зьвяроў (Дзік, Ліс, Мядзьведзь, Воўк), пту­шак (Арол, Бусел, Зязюля, Ластаўка), статку (Бык, Ка­зёл, Вол), расьлі­наў (Хмель, Дуб, Клён, Краска, Ляшчына), рэчаў (Ска­рына, Дзе­жа). Надаючы сваім дзецям тыя ці іншыя імёны, баць­кі зычылі, каб сын быў дужы як мядзьведзь, хітры як ліс, адваж­ны як арол, цьвёр­ды як дуб; каб дачка была прыгожая як крас­ка, крамяная як ска­рынка. З прыняцьцем хрысьціянства такія імё­ны перасталі ўжы­вац­ца ў якасьці імёнаў, але сталі мянушкамі ды з часам пе­раўтва­ры­лі­ся ў прозьвішчы (Валовіч, Бычкоўскі, Ду­бо­вік і іншыя).

Другую групу імёнаў дахрысьціянскага пэрыяду складаюць імё­­ны, утвораныя зь дзьвюх частак: другой часткай было слова сла­ва (слаў для мужчынскага роду), а першая частка паказвала, якой славы зы­чылі дзіцяці (Зьвініслава, Прадслава, Расьціслава; Усяслаў, Вя­часлаў, Расьціслаў). У гэтую групу ўваходзілі таксама сло­вы з другой част­кай мер (Казімер, Валадзімер). Гэтыя імёны за­хаваліся й пасьля пры­няцьця хрысьціянства[7].

З прыняцьцем хрысьціянства паявіліся імёны грэцкія ды ўсход­нія, асабліва габрэйскія, але крыху зьмененыя грэкамі. Прыйшлі яны ў Беларусь праз пасярэдніцтва старабаўгарскае мо­вы ды ў некаторай ступені зьмененыя ў ёй. Разам з паяўленьнем хрысь­ціянства заходняга абраду прыйшлі таксама імёны з ла­цін­скай мовы ды, у меншай ступені, зь іншых заходніх моваў.

Розьніцы паміж імёнамі грэцкімі, перанятымі праз ста­ра­баў­гар­скую мову, і мёнамі грэцкімі, але перанятымі праз ла­цін­скую мо­ву, зводзяцца да наступных рысаў:

-              замест старабаўгарскага і выступае лацінскае е (Ісус – Езус),

-              замест старабаўгарскага с – лацінскае з (Пратас – Пратаз),

-              замест старабаўгарскай фіты, якая вымаўлялася як гук ф, што на беларускіх землях пераходзіў у х, хв, альбо п, вы­сту­па­ла лацінскае тх, вымаўлянае як т (Хведар, Апанас – То­дар, Апа­назы),

-              замест старабаўгарскага в – лацінскае б (Васіль – Базыль),

-              замест старабаўгарскага к – лацінскае ц (Купрыян – Цыпрыян),

-              замест старабаўгарскага зьмякчэньня зычнага перад е, і – ла­цін­скае цьвёрдае вымаўленьне (Венямін – Банямін, Сі­дар – Зыдор),

-              замест баўгарскага цьвёрдага л – лацінскае мяккае (Фёкла>Пёкла – Тэкля)[8].

Як адны, гэтак і другія формы зьяўляюцца часткай бе­ла­рускае мо­вы й нельга ад іх адрачыся. Калі б прыняць толькі за­ход­нюю вэр­сію, чужымі сталі б такія прозьвішчы, як Апанасовіч, Па­насюк ці Ва­сі­лёнак, Васілеўскі[9].

Я. Станкевіч адзначае, што ў беларускай мове, побач з фор­ма­мі звычайнымі, выступаюць памяншальныя, ласкальныя (у тэр­мі­на­лё­гіі Станкевіча – „любосныя”) і павелічальна-паважальныя.

Маюць яны своеасаблівыя суфіксы:

1. памяншальныя:

- мужчынскія імёны: -ік (Паўлік), -ут- (Максюта), -ок (Зьмітрок), -ец (Іванец), -чык (Іванчык), -ук (Міхалюк), -к- (Юрка);

- жаночыя імёны: -к- (Юлька, Тацянка);

2. любосныя:

- мужчынскія й жаночыя імёны: -сь, -усь (Алесь, Він­цусь; Але­ся, Таклюся), -ль, -уль (Ігналь, Януля; Антоля, Га­нуля);

- мужчынскія імёны: -к- (Лявонька);

3. павелічальна-паважальныя:

- мужчынскія імёны: , -уш (Адаш, Багуш, Януш, Іваш)[10].

Я. Станкевіч апрацаваў Іменьнік Вялікалітоўскі, у якім апра­ча звы­чайнай формы імя падаюцца таксама памяншальныя, лас­кальныя ды павелічальна-паважальныя, зразумела, калі такія ёсьць. Пры­во­дзяц­ца таксама крыніцы, адкуль імя ўзятае. Вось не­каль­кі прыкладаў дзе­ля ілюстрацыі:

Агапа. Ксл. 363. Гапа. ПНЗ., 15. Агата. Ар.; Касл. 363; Нсл., – Ага­фия. Бабка Агапа завойкала. Дудзіцкі (Бацьк. № 49-50 (435-436). Гу­ляй, Агата, заўтра сьвята. Прык. Рапан., 117. / Агапка. БГсл. Гапка. Растсл.; Ксл. 363. Агатка. Ксл.; Ар. Гапачка. Да клеці, Га­пач­ка, да клеці. Север. Сур. (Шэйн. 102, 500). / Гапуля, Ксл. 363. Га­пулька[11].

Апанас. Нсл.; Ксл. 363. За ім сьледам, як за дзедам, б’ець у бу­бен Апанас. Купала – Адвечная песьня. адг. прз. Апанасовіч. Бе­ля­ві­чы Аш. Хванас (з адпадам А). Прышчаўск. в. Росл. П. (Дабрсл. пад „Афа­насий”). Панас. Дабрсл.; Раст.-Северск.; БГсл. У Панаса на два­рэ зялёная елка. Крапіўнае (ПНЗ, 43), адг. прз. Па­насёнак. Дз. Апа­нас, Панас, Хванас – Афанасий / Панук. Лсл. / Па­нась, Панаська[12].

Ганна – Анна. Ар.; Косіч. 19; Растсл.; БГсл. / Ганя, Ганька. Ар.; Ксл. 363. Ганка. Тм. Ганначка. Во тож табе, Яначка, увя­дзёнка Ганначка. Нсл. 727 (пад „Яначка”). / Ганнуля. Ксл. 363. Га­нуля. Гсл. – р. Аннушка. Ганулька. Успомне Ганульку. Гарун – Варажба[13].

Наста. Ар.; Ксл. 365; БГсл. Настася. Ксл. 365, – Анастасия. Жандару ўдалося залучыць сабе ў вагенты нейкую паненку Наста­сю. Ва­сілеўскі – Арцём Вярыга (Полымя, 1929, VІ, 192). / Насту­ля. Ксл. 365. Чаму так позна, Настуля? Кулакоўскі – Даб­ра­сельцы. Настуль­ка – р. Настасьюшка, Настенька. Нсл. 320[14].

Станіслаў. / Станка, адг. прз. Станкевіч. / Стануль, адг. прз. Ста­­нулевіч. Равы, Гальшанск. в. Аш. Стань, адг. прз. Станевіч, Стась, Стаська, адг. прз. Стаськевіч. Стасюк. / Станіш, адг. прз. Ста­ні­шэўскі (пасярэдніцтвам наз. мсц. Станішэва)[15].

Тамаш. БГсл.; Ар., адг. прз. Тамашэвіч. Чухны Краўск. в. Аш. Ту­маш. Міх. Хама. Косіч 88; ПНЗ. 15; Смл. (Даль, LXIX). Хо­ма. Ліст 1388 г. (Карскі ІІ-1, 433), – Фома. Баба Еўка, дзед Ту­маш паехалі на кірмаш. Віцебшч. (у замест а пад уплывам вус­на­во­га м). / Хомка. Нк. – Очерки, 42; Ксл. 366. Як той Хомка няверны. ЗСД. 304. Та­маш­ка, адг. прз. Тамашчык[16].

У апрацаваным Іменьнік Ян Станкевіч раз­гля­­дае спосаб узьнікненьня некаторых імёнаў, утвораныя ад іх прозь­вішчы, а таксама формы скланеньня імёнаў.

1.9.2. Імёны Багоў, міталягічных істотаў ды ня­бесных сьвяцілаў

Адным са старажытных беларускіх Багоў зьяўляецца Бог Сотвар[17]. Бог Сотвар ‘жывіцель сьвету, душа сьвету’ ня меў асоб­ных сьвятыняў, як гэта было ва ўсёй паўночнай паганшчыне, а ахвя­ры атрымліваў у нядзелю. Сотвар – гэта адзін з многіх эпі­тэ­таў сон­ца, якімі надзяляла яго багатая фантазія першабытнага ча­лавека.

Іншыя дні тыдня прысьвячаліся другім Багам; пятніца – Ба­гі­ні Прыі (Фрэі, Дыяне, Іштар), а чацьвер быў днём Пяруна[18].

Нараўні з Пяруном выступаў Бог Дый (Дзій, Дзіў)[19]. Вэды на­зы­ваюць неба словам Д’яўс. Гэтыя Д’яўс і Дзiў, а таксама лі­тоў­скае Дзе­вас і лацінскае Дэус – імёны таго самага корня. Дзевас і Дэус зна­чаць ‘Бог’. Калісьці беларускі Дзіў меў такое ж зна­чэньне, але ў хрысьціянскія часы гэтае слова было выціснутае сло­вам Бог.

Характэрныя беларускія назовы маюць нябесныя сьвяцілы. Поў­нач можна пазнаць па групцы зорак, якую называюць Сіцо альбо Сітцо. Вячэрнюю зорку называюць Вячорка й Мілавіца, а раньнюю – За­ранка. Гаворыцца, што вячэрняя й раньняя зоркі гэ­та родныя сёстры. Сем зорак у форме каляскі – гэта Воз альбо Ста­жары. Млеч­ны Шлях называюць Станам і апавядаюць, што ней­кае войска ў небе стаіць на варце. Тры зоркі каля Млечнага Шля­ху называюць Прахамі альбо Папрадкамі, а яшчэ іншыя маюць свае назовы – Гняздо, Асілкі й Каруна[20].

Трэба браць пад увагу, што любая мітычная істота мела па не­каль­кі імёнаў. У беларускім фальклёры некалькі эпітэтаў да­ха­ва­ла мі­тычная істота, якая ўвасабляла постаць сьмерці й ня­бы­ту[21]. Да та­кіх эпітэтаў належаць: Баба-Юга альбо папросту Юга­ся, таму што пры­носіць ‘зіму й завеі, па-расейску вьюги’; Мара, Сьмерць – ‘ва­ла­дар­ка мораку, цемні, нябыту’; і ўрэшце – Касту­ся, якая ‘ня мела це­ла, а толькі адны косьці’. Можна параўнаць пры­казку: Баба-Юга – касьця­ная нага. Кожны з гэтых эпітэтаў акру­жаны ў народным фальклё­ры цэлым цыклем легендаў-мітаў альбо забабонаў. Падобна як страшнаму Лесавіку народ надаў з боязі, каб не ўгнявіць яго, эпі­тэт Дабрахот, гэтак і да эпітэту сьмерці Кастуся дадаў другое акрэсьленьне Ласкавая Ласкавая Касту­ся. Вера ў тое, што на­зва­ная сваім уласным імем мітычная істо­та можа помсьціць, прымушала ча­лавека ўласныя назовы за­мя­няць эпітэтамі, напрыклад: агоньсьвят­ло, цяпло, багач, ба­гацьце; іскразьнічка; чорттой, гэны, ня­чысьцік. Хаця, з дру­го­га боку, эпітэт сьмерці Ласкавая Кастуся сьвед­чыць і пра тое, што сьмерць не ўспрымалася як страх і зло, але як вышэйшая ласкавасьць.

1.9.3. Назовы сьвятаў

На старонках „Крывіча” Пагашчанін разважае пра най­важ­ней­шыя сьвяты крывічоў і пра паходжаньне іх назоваў[22]. Год кры­вічоў у даўнія часы заключаў 5 урачыстых сьвятаў, 4 зь якіх прысьве­чаныя сонцу:

Красьнік – сьвяткаваўся 2 лютага. У гэты дзень сучылі сьвечкі, а вечарам, пры святле сьвечак, адбываўся абрад „жа­ніць­бы коміна”, які бялілі, абвешвалі зеленьню ды кідалі ў нанава вы­кра­саны й рас­па­лены агонь скваркі й косьці ад вячэры. Слова красьнік мае ў сваёй асно­ве корань крэс ‘канец’. Вядома, што ра­ней у Масковіі год па­чы­наў­ся з 1 сакавіка. Магчыма, што калісьці ў крывічоў год пачынаўся з красьніка, дык тады красьнік быў крэ­сам – канцом альбо пачаткам го­ду, сьвятам, якое прысьвячалася сонцу[23].

Вялікдзень – паводле агульных прыкметаў, таксама сьвята сон­ца, але пры гэтым адначасова й сьвята сяўбы, пра што сьвед­чаць два мо­манты: першы – хадзьба валачобнікаў, якія, ходзячы ад хаты да ха­ты, сьпявалі валачобныя песьні, распавядаючы аб пра­цы гаспадара на зямлі; другі – стаўляньне на стол засеянай у якой-небудзь па­су­дзі­не збожжавай руні.

Купальле – таксама сьвята сонца, але адначасова й дзень ачы­шчэнь­ня. Продкі ачышчэньне прыпісвалі дзьвюм стыхіям: аг­ню й ва­дзе, і таму ў гэтае сьвята купаліся, акуналіся ў ваду й пе­ра­скоквалі це­раз агонь.

Каляды – гэта чарговае сьвята, прысьвечанае сонцу, аднак у асноў­­ным праяўлялася ў ім пашана каледзі ‘сьцюжы, зімы’, калі ўсё кру­гом мерзьне, калее, замірае.

Дзяды – гэтае сьвята ня зьвязвалася з сонечным культам і пры­па­дала на восень, на 1 дзень лістапада. З часам пачалі паяўляцца Дзя­ды і ў іншую пару году: веснавыя – Наўскі Вя­лік­дзень і асеньнія – Вя­лікія Дзяды. Царква, з аднаго боку, пад­тры­моў­вала ў народзе культ продкаў, але з другога – старалася за­ці­раць паганскія традыцыі, за­во­дзя­чы памінальныя дні пасьля кож­на­га важнейшага сьвята. У сувязі з гэ­тым паявіліся Троіцкія Дзя­ды, Масьленіцкія Дзяды ды іншыя, якія не зьвязаныя з тра­ды­цый­ным паганскім культам продкаў. Наўскі Вя­лік­дзень прысьвя­чаецца толькі наўцам ‘новапамерлым бацькам, бра­там, сёстрам, дзе­цям’, а Вялікія Дзяды прысьвячаюцца цэламу роду. Ра­ней абходзіліся яны не паасобнымі сем’ямі, але цэлымі родамі, у до­ме най­багацейшай з роду сям’і[24].

Да гэтай інфармацыі Вацлава Ластоўскага варта дадаць толь­кі тое, што на беларускіх землях дзедам называлі кожнага па­мерлага, не­залежна ад колькасьці пражытых ім гадоў, значыць: і ста­рога ча­ла­ве­ка, і немаўля.

Шмат увагі назовам беларускіх сьвятаў удзяляе таксама айцец Леў Гарошка[25]. Па ягоных словах, беларуская рэлігійная тэр­мі­на­лё­гія, падобным чынам як і гэткая ж тэрміналёгія іншых на­родаў, мае на сабе выразны адпячатак свайго першапачатку з да­даткам суседне-на­цыянальных уплываў. 

„Таму, што беларусы ёсьць двох абрадаў і перажывалі на са­бе дзьве рэлігійна-дэнацыяналізацыйныя тэндэнцыі, дык сёньня мы стаімо перад фактам, што беларусы ўсходняга абра­ду ка­рыстаюцца пераважна грэцкаю тэрміналёгіяю з ра­сей­скімі да­меш­камі, а беларусы лацінскага абраду – ла­цін­скаю з польскімі да­даткамі”[26].

Тым ня менш, незалежна ад названых уплываў, ёсьць і свае­асаблі­вая беларуская тэрміналёгія. Айцец Леў Гарошка пры­во­дзіць шэ­раг беларускіх назоваў сьвятаў, падаючы больш вядомыя зва­роты з кароткімі заўвагамі:

Багач (Багатнік) – гэта назоў сьвята Нараджэньня Пра­чыстае Дзе­вы Марыі (8 верасьня), называецца яшчэ Малой Пра­чыстай: Прыйшоў Багач, кідай рагач, бяры сявеньку й сей пама­лень­ку. Назоў, ві­даць, суадносіцца з асеньнім багацьцем: Увосень ба­гаты й верабей.

Вадохрышча – хрышчэньне Ісуса Хрыста (1 чэрвеня). Назоў гэ­ты ўтвораны не ад абраду асьвячэньня вады, але хутчэй ад зьместу са­мога сьвята – хрышчэньня Хрыста ў вадзе Ярдану.

Вялікдзень – назоў утвораны на аснове беларускае легенды аб тым, што ў дзень уваскрасеньня Хрыста сонца з радасьці стаяла два дні на ўсходзе, два дні на поўдні й два дні на захадзе, утва­раючы та­кім чынам адзін вялікі дзень.

Галаварэзы Сьценціян, Галавасячэньне сьв. Івана Хрысьці­це­ля (29 жніўня).

Дзевятнік (Дзевятуха) – сьвята Найсьвяцейшае Эўхарыстыі (ла­­цінскае Божае Цела), якое сьвяткуецца ў чацьвер па нядзелі Ўсіх Сьвя­тых (так называецца ва ўсходнім абрадзе першая ня­дзе­ля пасьля Сё­мухі). Гэты чацьвер заўсёды ёсьць на дзявятым тыдні пасьля Вя­лі­ка­дня, адкуль і паходзіць назоў.

Каляды – Ёсьць некалькі здагадкаў аб утварэньні гэтага сло­ва: альбо яно паходзіць ад старарымскіх Календаў, альбо ад ле­гендарнае ба­гіні Каляды, жонкі Пяруна. Ня выключана, што ў асно­ве ляжыць звы­чайнае слова кола – сонечнае ці нейкага ня­бес­на­га возу.

Купала – сьвята Н (24 чэрве­ня). Сло­ва ўтворанае не ад нейкае невядомае мітычнае постаці, але ад хры­шчэньня-купаньня ў адмысловых купелях.

Сёмуха – назоў паходзіць ад таго, што сьвяткуецца на сё­мым тыдні пасьля Вялікадня.



[1] Власт (псэўданім Вацлава Ластоўскага), Крыўска-Беларускі Іменнік, у: „Кры­віч”, № 6, Каўнас 1923, с. 34-43.

[2] Тамсама, с. 35.

[3] Тамсама, с. 34-35.

[4] Тамсама, с. 35.

[5] Тамсама, с. 37-43.

[6] Ян Станкевіч, Хрышчоныя ймёны вялікалітоўскія (беларускія), у: „Запісы”, кн. 2, Нью-Ёрк 1963, с. 95-127.

[7] Тамсама, с. 95-96.

[8] Тамсама, с. 96-97.

[9] Тамсама, с. 98.

[10] Тамсама, с. 100-101.

[11] Тамсама, с. 113.

[12] Тамсама, с. 103.

[13] Тамсама, с. 113.

[14] Тамсама, с. 115.

[15] Тамсама, с. 110.

[16] Тамсама, с. 111.

[17] А. Цл., Бог Сотвар, у: „Крывіч”, 12, Каўнас 1927, с. 113-114.

[18] Тамсама.

[19] К. І., Дзіў, у: „Крывіч”, 11, Каўнас 1926, с. 112.

[20] Андрэй Красьневіч, Крывічанскія назовы гвёзд, тамсама.

[21] С. Т., Эпітэт сьмерці „Кастуся”, тамсама, с. 107.

[22] Пагашчанін (псэўданім Вацлава Ластоўскага), Крывічанскія Дзяды, у: „Кры­віч”, 12, Каўнас 1927, с. 66-69.

[23] Тамсама, с. 66-67.

[24] Тамсама, с. 67.

[25] а. Л. Гарошка, Прычынкі да беларускае рэлігійнае тэрміналёгіі, у: „Божым Шля­хам”, № 6 (9), Парыж 1948, с. 10-11.

[26] Тамсама, с. 10.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія